Васіль Варонін. Вучоба немцаў на Беларусі ў 1-й палове XVI ст.
Наша гістарычная літаратура аддала нямала ўвагі праблеме навучання выхадцаў з беларускіх земляў Вялікага Княства Літоўскага за мяжой. Прыблізна такая ж сітуацыя назіраецца і ў гістарыяграфіях суседніх краін. Тамтэйшыя даследчыкі таксама прыклалі шмат намаганняў, высвятляючы розныя аспекты атрымання вышэйшай адукацыі мясцовымі ўраджэнцамі за мяжой у часы, калі сваіх вышэйшых навучальных устаноў у гэтых краінах не было. Ды нават калі такія ўстановы з’явіліся, паездкі юнакоў па навуку за мяжу па-ранейшаму былі вельмі пашыранай справай. Галоўнымі высновамі гэтых даследаванняў можна лічыць тое, што асаблівай папулярнасцю ў маладых людзей з Вялікага Княства Літоўскага карысталіся ўніверсітэты Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама Італіі і што там набывалі адукацыю пераважна прадстаўнікі шляхецкага саслоўя. Такія высновы грунтуюцца на вялікай колькасці фактаў, якія малююць дастаткова поўную і рознабаковую карціну разгляданай з’явы. Адваротнае пытанне – навучанне замежнікаў на Беларусі – здаецца, у навуцы нават не было пастаўлена. А яно, безумоўна, патрабуе разгляду. Уплывы, у тым ліку ўплывы ў галіне адукацыі і культуры, у гісторыі вельмі рэдка бывалі накіраванымі толькі ў адзін бок. У большасці выпадкаў яны былі ўзаемнымі. Зразумела, што ступень тых уплываў магла быць рознай: у нейкім кірунку яны маглі выяўляцца мацней, а ў нейкім слабей. Аднак у цэлым гэтыя працэсы выглядалі менавіта як двух- ці шматбаковыя, якія ўздзейнічалі на розныя народы.
Трэба зазначыць, што пра вучобу замежнікаў-немцаў на Беларусі ў 1-й палове XVI ст. мы ведаем не вельмі многа – ад той пары да нас дайшлі толькі адзінкавыя факты. (Зрэшты, ад ранейшага часу такіх фактаў увогуле не захавалася.) Паколькі гэтыя рэдкія факты яшчэ не ўведзены ў навуковы зварот, спынімся на іх больш падрабязна.
13 сакавіка 1538 г. полацкія бурмістры ірадцы накіравалі да рыжскіх ратманаў ліст (гл. Дадатак). Гэты ліст, сярод іншага, утрымліваў скаргі на трох маладых немцаў, якія прыехалі ў Полацк “на новуку”. Але, як высвятляецца з паслання, дзейнасць юнакоў не абмяжоўвалася толькі стараннай вучобай. Палачане скардзіліся на немцаў за тое, што яны “людеи на торгу покололи и поранили”, у дадатак уварваўшыся да некага з палачан у дом. Тыя ж маладыя немцы некалькі разоў збівалі замкавых вартаўнікоў і земскіх перавозчыкаў, прычым яны ганяліся за сваімі ахвярамі з кордамі. Прадстаўнікі гарадскіх уладаў Полацка адзначалі, што мясцовыя жыхары скардзіліся на гэтых немцаў за іх учынкі не адзін раз. На думку бурмістраў і радцаў, за тыя злачынствы немцы заслужылі смяротнае пакаранне. Сапраўды, у адпаведнасці з першым артыкулам сёмага раздзела Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г., за гвалтоўнае ўварванне ў чужы дом злачынца “шию тратить”. Праўда, у гэтым раздзеле Статута гаворка ідзе пра шляхецкія маёнткі. З іншага боку, пасланне наўпрост указвае на тое, што немцы “заслужили были горла” ў тым ліку за раны, якія яны нанеслі мяшчанам. Аднак у Статуце няма артыкула, які прадугледжваў бы смяротнае пакаранне за нанясенне цялесных пашкоджанняў. Таму палачане, магчыма, мелі на ўвазе не Статут Вялікага Княства, а нейкі іншы заканадаўчы кодэкс. Нельга выключыць таксама, што яны папросту хітравалі, перабольшваючы магчымае пакаранне. Палачане паведамілі ў Рыгу, што, нягледзячы на цяжкасць злачынстваў, яны, тым не менш, хадайнічалі перад тутэйшым ваяводам Янам Глябовічам, каб ён адмяніў смяротнае пакаранне немцам. Калі верыць лісту, полацкія бурмістры і радцы зрабілі гэта “для приязни изахованя здавных часов и суседства” паміж двума гарадамі.
Кім былі гэтыя “маладыя немцы” і што было прадметам іх навучання ў Полацку? Усе трое названы па імёнах: Індрых Гармонаў, Індрых Фанальтэн і Лаўрэнц. Апрача таго, палачане ведалі імёны іх працадаўцаў ці домаўладальнікаў у Рызе. Пра дваіх сказана, што яны ці раней, ці на той момант былі “служэбнікамі” іншых, больш багатых і ўплывовых рыжан. Трэці ж, Індрых Фанальтэн, “жи-веть у Гануса Шиперя у шлесарском ряду”. Гаворка тут ідзе пра месца жыхарства Фанальтэна ў Рызе, дзе дамы (яны ж адначасова былі і рамеснымі майстэрнямі) размяшчаліся па радах у адпаведнасці з прафесіяй іх гас-падароў. Хутчэй за ўсё, Індрых Гармонаў і Лаўрэнц былі слугамі багатых нямецкіх купцоў, якія мелі шчыльныя гандлёвыя сувязі з Полацкам. Праўдападобна, што гэтыя юнакі вучыліся ў Полацку гандлёвай справе. Такое навучанне, сярод іншага, прадугледжвала таксама засваенне старабеларускай (“рускай”) мовы і навязванне справавых сувязяў, якія маглі спатрэбіцца ім у будучыні. Трэці немец, Індрых Фанальтэн, належаў, найверагодней, да рамесніцкага асяроддзя і навучаўся ў Полацку рамяству. Мяркуючы па месцы яго жыхарства ў Рызе, гэта была слесарская справа.
З ліста вынікае, што паездкі нямецкіх юнакоў для навучання ў Полацк былі звычайнай справай і адбываліся рэгулярна: “А которые немци молодые з вашеи милости места до земли господарьское и до места нашего приежчают(ь) на новуку…”.
Мадэль паводзінаў, якую маладыя немцы прадэманстравалі ў Полацку, не была для іх нечым незвычайным. У Рызе такія здарэнні адбываліся дастаткова часта. На вялікі жаль, мы не ведаем працягу справы і не можам сказаць, якое пакаранне панеслі трое названых немцаў. Невядома таксама, ці спыніліся пасля гэтай непрыгожай гісторыі паездкі немцаў у Полацк “на новуку”, як таго хацелі раззлаваныя ваявода, палачане “и вся земля”.
Іншы выпадак паказвае другі канал адукацыйных сувязяў немцаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Гаворка ідзе ўжо не пра мяшчанскае, а пра княска-магнацкае асяроддзе. Як высвятляецца, немцы выступалі тут не толькі як найманыя слугі (цывільныя і ваенныя), але і ў іншай якасці.
10 лістапада 1551 г. князь Андрэй Сямёнавіч Адзінцэвіч падаў скаргу віленскаму намесніку Яну Навіцкаму на маладога немца, “которого хлопъца немъца на име Германа з Рыги дано было для звыкълости языку руского до мене”. Але немец уцёк, украўшы ў князя рэчы[1]. Такім чынам, нямецкі юнак прыехаў да двара князёў Адзінцэвічаў для навучання “рускай” мове. У дадзеным выпадку мы валодаем, на шчасце, і некаторымі дадатковымі крыніцамі, якія даюць важны матэрыял для далейшага вывучэння і гэтага факта, і праблемы ў цэлым.
Да нашых дзён дайшоў твор, які ў літаратуры атрымаў назву “Радавод князёў Адзінцэвічаў”[2]. Гэты невялікі па аб’ёме помнік складаецца з дзвюх частак. У першай выкладзена версія пра паходжанне роду Адзінцэвічаў ад вядомага князя – пакутніка XIII ст. Міхаіла Чарнігаўскага, кананізаванага Рускай праваслаўнай царквой. “Радавод” падрабязна распісвае нашчадкаў Міхаіла, адзін з якіх, Фёдар насіў празванне Адзінец – адкуль і прозвішча ўсяго княскага роду. Гэтая частка радаводу завяршаецца на асобе ўжо вядомага нам Андрэя Сямёнавіча Адзінцэвіча. Другая частка твора змешчана пад асобным падзагалоўкам “Нача княжити Русь” і не мае відавочнай сувязі з першай часткай. Зразумела, калі не лічыць таго, што абедзве яны прысвечаны генеалогіі роду Адзінцэвічаў. Другая частка пачынаецца з паведамлення пра тое, што “князь Иван Одинец приехал з Немец” і што “подаваны ему именя уво Друцку”. Гэтая версія радаводу найбольш падрабязна спыняецца на асобах і падзеях XV ст. Так, у прыватнасці, яна адзначае сваяцкія сувязі Адзінцэвічаў з вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Кейстутавічам і ад’езд двух прадстаўнікоў роду на службу ў Маскву.
Зыходзячы з таго факта, што першая частка радаводу Адзінцэвічаў заканчваецца на асобе князя Андрэя Сямёнавіча, лагічна дапусціць, што яна была напісана менавіта пры ім. Такім чынам, мы маем сур’ёзныя падставы лічыць А. С. Адзінцэвіча натхняльнікам стварэння гэтай часткі помніка. Што да другой яго часткі, дык тэарэтычна яна магла быць вынікам творчасці таго ж Андрэя Адзінцэвіча і яго госця, маладога рыжскага немца Германа. Праўда, гэтаму дапушчэнню супярэчыць пэўная храналагічная неадпаведнасць. Як ужо было адзначана, у другой частцы твора нічога не гаворыцца пра рэаліі XVI ст., яна цалкам засяроджаная на падзеях XV ст. Сярод іншага, там згадваецца той факт, што былую вотчыну Адзінцэвічаў сяло Рэпухава[3][] “тепер… дръжит пан Илинич”. Гаворка тут ідзе, хутчэй за ўсё, пра вядомага вяльможу Івана Ільініча, які памёр недзе ў канцы XV ст., а з 1481 г. сапраўды валодаў Рэпухавам[4].
Як бы там ні было, але Адзінцэвічы яўна мелі нейкія сантыменты да немцаў і старанна падтрымлівалі свой імідж германафілаў. Безумоўна, адсюль і спроба вывесці паходжанне роду “з Немец”. З гэтым жа было звязана і тое, што Адзінцэвічы прымалі на свой двор нямецкіх юнакоў для навучання. Пытанне пра рэальнае паходжанне роду Адзінцэвічаў у генеалагічнай літаратуры і сёння застаецца адкрытым. Тым не менш адзначым, што ў вачах іншых людзей знаходжанне немцаў пры двары Адзінцэвічаў магло дадаць іх сямейнай легендзе пераканальнасці.
Факты, якімі мы валодаем сёння, сведчаць пра тое, што ў 1-й палове XVI ст. немцы сапраўды прыязджалі вучыцца на беларускія землі. Мяркуючы па ўсім, гэтыя паездкі на той час мелі ўжо сваю традыцыю і насілі рэгулярны характар. Можна ўпэўнена гаварыць, што немцы праяў-лялі зацікаўленасць у навучанні і навязванні кантактаў у мяшчанскім і княска-магнацкім асяроддзі суседніх беларускіх земляў Вялікага Княства Літоўскага. Асаблівай актыўнасцю тут вылучаліся прадпрымальныя жыхары горада Рыгі.
[1] Российский государственный архив древних актов. Ф. 389. Оп. 1. Ед. хр. 240. Л. 219об.
[2] Родословие князей Одинцевичей // Полное собрание русских летописей. Т. 35. Москва, 1980. С. 282–283.
[3] Цяпер вёска Смальянскага сельсавета Аршанскага раёна Віцебскай вобласці.
[4] Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Metryka Litewska. Kn. 4 / Par. L. Anužytė. Vilnius, 2004. P. 112.
дадатак
1538 г. сакавіка 13. Полацк. – Пасланне полацкіх бур—містраў і радцаў да ратманаў г. Рыгі з просьбамі паведаміць дакладную інфармацыю пра эпідэмію ў Рызе, прытрымлівацца старых мер вагі і са скаргай на маладых немцаў, якія прыехалі ў Полацк “на новуку”, але паводзяць сябе неадпаведным чынам.
|| [2] Славутнымaпаном ратмоном словутного места Риги.
Єсть | үнас слышат, иж бы не єсть үвашом месте здорово, в нас ест | слышат, иж єсть үвашеи м(и)л(о)сти в Ризе поветрие. Прото пан | наш его м(и)л(о)сть и вси купци г(о)с(по)д(а)рѧн(а)ш(е)го товаров своих до места | вашего Риги пустити не смеют. Прото пишем до вас, абы в(а)ша | м(и)л(о)сть үместе своем Ризе достаточне доведали, єсли бы | было здорово, абы купци г(оспо)д(а)рьскии, ведаючи певность ѡт | вашеи м(и)л(о)сти, безпечно до Риги єхали.
А которые немци | молодые з вашеи м(и)л(о)сти мѣста до земли г(о)с(по)д(а)рьское и до места | н(а)ш(е)го приеж-чают на новукү, и ѡни в месте г(о)с(по)д(а)рѧн(а)ш(е)го | Полоцком кривды великие чинѧт. Яко ж и тыми разы моло|дыи люди з места вашеи м(и)л(о)сти на имѧ Индрих Гармоновъ, | Геизын служебник, а другыи Индрих Ѳанальтєнb, живет | үГанүсаc Шиперѧүшлесарском рѧдү, а третии Лавренць, | перед тым служивал үпана Гануса Дивел, прото тые верху|писаные з места вашеи м(и)л(о)сти Риги, бүдучи на новуце | үместе г(оспо)д(а)рѧн(а)ш(е)го Полоцкомъ, при бытности его м(и)л(о)сти пана | үместе г(оспо)д(а)рьском Полоцкомъ, тые үченики з места в(а)шои | м(и)л(ос)ти людеи на торгу покололи и поранили, и в комору үско|чивши. Прото за ѡными жалобами и за ранами тых | мещан г(оспо)д(а)рьских, водлуг вчинков их, заслужили были горла. | И мы жедали и просили пана н(а)ш(е)го, воеводүполоцкого | пана Яна Юрєвич Глѣбовича, моршалка г(о)с(по)д(а)рѧкоролѧего | м(и)л(о)сти, абы его м(и)л(о)сть горлами их корати не козал длѧприѧзни | и захованя з давных часов и суседства вашеи м(и)л(о)сти. А так еще || [3] потом кол-кокрот жалоба на них приходила, сторожов замко|вых и перевозников земских збито, и з добытыми кордыd | за ними гонили. Длѧтоковых их и иных вчинков, | вели-ких выступов вызволил пан его м(и)л(ос)т и место нашо Полоцкое | и всѧземлѧтаковых молодых з места вашеи м(и)л(о)сти Риги | на новуку брати не хотѧт.
А которыи купци г(оспо)д(а)рьскии пүщают | товары свои до места вашеи м(и)л(о)сти Риги, ино напротивку | своих товаровeвашеи м(и)л(о)сти купцов сол з гириf берут. Ино тот | ваш ваг в нас не заходит, как ѡт вашеи м(и)л(о)сти перед сим | хоживал. А которые товары ѡт нас до вашеи м(и)л(о)сти | приходѧт, ино тот наш ваг зуполно үвашеи м(и)л(о)сти заходит.
| Псан под лѣт Бѡжего нар(о)ж 1538 м(е)с(е)ца мар |13 ден, индик 11.
| Словутного места Полоц|ка бурмистры и рѧдци.
Адрас на арк. 2адв.: | Словутным паном ратмоном словутного | места Риги.
Дзяржаўны гістарычны архіў Латвіі (Latvijas Valsts vēstures arhīvs). Ф. 673. Воп. 4. Скр. 19. Адз. зах. 110. Арк. 2–3адв.
Арыгінал на 2 паўаркушах (аркуш, складзены роўна напалам), 21,0 (21,6) . 32,3 см. Дакумент быў складзены ў выглядзе канверта, на паперы сляды ад двух папярочных і двух падоўжных згінаў. У складзеным выглядзе папера мае 8 проразяў для падкладкі пячаткі. На арк. 2адв. архіўная адзнака XVI–XVIII ст.: Poloczker schreib(en), darinne sie bitt(en), inen, gob dieg | pestis zu Riga regiert, zu wiessen zu thuen. | It(em) eine klage uber die iung(en) gesell(en), die zu Polotzko die sprache lernen. | It(em) eine klage weg(en) der Rigisch wage, | datiert a(nn)o etc. 38 den 13. martii. На верхнім полі арк. 2 алоўкавая адзнака Г. Гільдэбранта: Cop. H. H. 104. 1538 Marz 13.
На сярэдзіне арк. 2адв., ля правага краю, рэшткі прыціснутай пячаткі зялёнага воску дыям. каля 3,5 см і яе падкладка.
Філігрань на арк. 2 – тыяра (выш. 11,2, шыр. 3,3, панцюзо 2,4 см, у Пікара адпаведных няма, падобныя сабраны ў яго ў аддз. V)*.
aс большая па памерах
bє перапраўлена з іншай літары
ү перапраўлена з іншай літары
d слова паўторана двойчы, другі раз у пачатку новага радка
eр перапраўлена з ш; усё слова товаров перароблена, праўдападобна, з слова вашеи
f слова перароблена з слова Риги
*Апісаў знешнія прыкметы рукапісу і расчытаў архіўныя адзнакі на нямецкай мове С. У. Палехаў, за што прыношу яму шчырую падзяку.
** напісана над двума ці трыма закрэсленымі неразборлівымі словамі