Жанна Некрашэвіч-Кароткая. Ульская бітва 1564 г. у помніках лацінамоўнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага
Адным з самых яркіх эпізодаў пачатковага перыяду Лівонскай (Інфлянцкай) вайны (1558–1882) стала бітва на Уле, або Чашніцкая бітва (26.01.1564), у якой войска Вялікага Княства Літоўскага нанесла паразу 24-тысячнай арміі маскоўскага ваяводы Пятра Шуйскага, што меў намер злучыцца каля Оршы з 50-тысячным войскам братоў Сярэбраных. Гэтая славутая перамога прыцягнула да сябе ўвагу як айчынных, так і замежных літаратараў.
На пачатку 60-х г. XVI ст. пры двары віленскага кашталяна Грыгорыя Аляксандравіча Хадкевіча ў яго радавым маёнтку Заблудаве жыў і працаваў высокаадукаваны нямецкі гуманіст, філолаг-класік Іаган Мюліус. Ён паходзіў з мястэчка Лібенродэ ў Цюрынгіі, а ў двор Грыгорыя Хадкевіча прыбыў у якасці хатняга настаўніка сыноў магната– Аляксандра і Андрэя Хадкевічаў. У 1564 г. у Вене ў друкарні Міхаэля Цымермана выйшаў з друку зборнік Іагана Мюліуса пад назваю “Divina gratia imperante Sigismundo Augusto <…> victoria de Moschis reportata a magnifico Domino Gregorio Chоdcievitio…” (“Перамога над маскоўцамі, здабытая з ласкі Божай у часы праўлення Жыгімонта Аўгуста яснавяльможным панам Грыгорыем Хадкевічам…”). Цэнтральную частку выдання складае аднайменны эпінікій (верш на перамогу) – 110 радкоў дактылічнага гекзаметра. Акрамя таго, у склад зборніка ўвайшла эпіграма “Ad bellicosam Lithuaniae gentem de Moschis” (“Да ваяўнічага народа Літвы, які ваюе з маскоўцамі”) (згодна з субскрыпцыяй, яна была напісана ў Вільні ў 1563 г.), ліст Грыгорыя Хадкевіча да сыноў Андрэя і Аляксандра, а таксама некалькі элегічных вершаў: “Ad magnificum D. Georgium Chodcievitium legatione Moschouitica perfunctum” (“Да яснавяльможнага П[ана] Георгія[1] Хадкевіча, які кіраваў маскоўскім пасольствам”), “Ad magnificum D. Ioannem Chodcie-vitium, Samogithiae praesidem” (“Да яснавяльможнага П[ана] Яна Хадкевіча, адміністратара Жамойці”), а таксама “Ad magnificum D. Philonem Cmitham strenuum et bellicosum equitem” (“Да яснавяльможнага П[ана] Філона Кміты, адважнага і ваяўнічага рыцара”).
Улітаратурных адносінах найбольшую цікавасць уяўляе эпінікій “Перамога над маскоўцамі”. Польскі вучоны Юльюш Новак-Длужэўскі лічыць, што ў гэтым творы ўслаўляецца перамога, здабытая войскам Грыгорыя Хадкевіча 7 лютага 1564 г. у бітве з войскам маскоўскага князя Сярэбранага пад Оршай[2]; да гэтага ж меркавання далучаецца С. Кавалёў[3]. Аднак падобная інтэрпрэтацыя не знаходзіць пацвярджэння ў тэксце твораў, уключаных у склад зборніка І. Мюліуса. Са зместу ліста Г. Хадкевіча, апублікаванага разам з эпінікіем, вынікае, што размова ў ім ідзе менавіта пра бітву пад Улай (пры Чашніках), якая адбылася 26 студзеня 1564 г. Такой жа думкі прытрымліваюцца і літоўскія даследчыкі Э. Ульчынайтэ і А. Ёвайша[4]. Як і эпінікій Мікалая Гусоўскага “Пра перамогу над туркамі”, прысвечаны перамозе пад Церабойляй у 1524 г., эпінікій І. Мюліуса быў напісаны па гарачых слядах падзей.
Магчыма, Ю. Новака-Длужэўскага, які вырашыў, што тут ідзе размова пра нейкую іншую бітву, увяла ў зман адсутнасць у паэтычным тэксце ў якасці ўдзельніка Ульскай бітвы гетмана Мікалая Радзівіла. Аднак тлумачэнне і гэтай акалічнасці даецца ўлісце Г. Хадкевіча. Аўтар паведамляе, што войска ВКЛ, якое рушыла 26 студзеня пад яго камандаваннем да месца бітвы, прабіралася вузкімі шляхамі па лясных дарогах. Маскоўцы паўсюдна чынілі перашкоды, кпілі з вайскоўцаў Хадкевіча ізаймалі самыя лепшыя пазіцыі. Хадкевіч мусіў нават крыху адкінуць маскоўцаў (“Moschos undique obstantes aliquantulum repuli”[5]) для таго, каб вызваліць месца для дыспазіцыі свайму войску. Далей Хадкевіч піша: “Acie itaque iam instructa, magnam esse hostium multitudinem animaduerti, contra quos vel cum reliquis copiis optassem adfuisse totius exercitus gubernatorem Nicolaum Radiuilum Troccensem Palatinum, qui Lithuaniae robur secum habebat. Verum cum non ita statim ad nos advolare propter magna in syluis impedimenta eumposse sentirem, paucis pro tempore militemhortatus, omnes ad pugnam incitatos produxi” (“Выставіўшы войска ў баявымпарадку, я заўважыў, што колькасць ворагаў надзвычай вялікая, і хацеў, каб супраць іх з астатнімі сіламі выступіў таксама гетман цэлага войска Мікалай Радзівіл,ваявода Троцкі, які меў з сабою вялікую літоўскую раць. Аднак калі я зразумеў, што ён не зможа так хутка прыбыць да нас з-за вялікай колькасці перашкод у лесе, то адпаведна з часам звярнуўся з кароткім словам да войска, узрушыў усіх і павёў у бітву”[6]).Такім чынам, ліст Хадкевіча, апублікаваны І. Мюліусам, пацвярджае дадзеныя гістарычныхкрыніц, што гетман Радзівіл не адыграў галоўнай ролі ўУльскай бітве. Пра гэта, прынамсі,піша Андрэй Янушкевіч уманаграфіі “Вялікае Княства Літоўскае іІнфлянцкая вайна 1558–1570г.”[7].Са зместу эпінікія І. Мюліуса і ліста Г. Хадкевіча вынікае, што на чале войска, якое здабыло перамогу на чашніцкіх палях, стаяў гетман Грыгорый Хадкевіч.
Вось чаму “Ласка Божая…” адкрываецца ўрачыcтай прэзентацыяй правадыра войска:
At tibi GREGORIO generosi Martis alumno
Inclyta CHODCONUM soboles, ac nobile germen,
Magnanimi titulos victoris grator abunde,
Atque tua in bello miror sat fortia facta[8].
Цябе, ГРЫГОРЫЯ, выхаванца радавітага Марса, о знакаміты прадстаўнік і знатны нашчадак ХАДКЕВІЧАЎ, я шчыра віншую са славаю мужнага пераможцы і дзіўлюся з тваіх такіх велічных спраў у вайне.
Аўтар падкрэслівае колькасную перавагу ворага: “Millibus hinc multis Litavum properanter ad arva / Moschi-cus accurrit variis exercitus armis” [9](“Шматтысячнае маскоўскае войска з рознай зброяй імкліва накіроўваецца ў землі ліцвінаў”). Ніжэй паэт нават назаве канкрэтную лічбу: “Millia namque simul viginti quinque fuerunt” [10](“Іхбыло [ўсіх] разам дваццаць пяць тысяч”). Але правадыр войска Хадкевіч дае нападнікам рашучы адпор: “His se Gregorius venientibus agmine longo / Fortiter opposuit parvo cum milite pugnax” [11](“Ваяўнічы Грыгорый мужна супрацьстаіць доўгаму шэрагу [ворагаў], якія да яго набліжаюцца, з невялікай колькасцю войска”).
Грыгорый Хадкевіч паказаны як вопытны ваенны камандзір і мудры правадыр войска, у якім – мужныя героі з ліку айчыннай арыстакратыі:
Quem penes in medio volitare Georgius audet
TYSCEVUS, pugnasque ciens exuscitat iras.
BURCULABAS iuxta properat vectusque caballo
Corsacos decorat, fulgenti et casside BACA,
Ductorem equitum, generosaque fulmina belli.NICOLEOS laeva ingreditur de parte Sapiha.A dextra veniunt acer ROMANUS in armis,Vivida Romanus SENDUSCAE gloria stirpis,BOGDAnusque gravem quatiens Solomirius hastam[12].
Разам з ім у цэнтры прагне ісці ў наступ Георгій ТЫШКЕВІЧ; уздымаючы на бітву, ён абуджае [у ваярах] гнеў. Побач, асядлаўшы каня, спяшаецца [у бітву] БАРКУЛАБ, краса Корсакаў, а таксама БАКА ў бліскучым шлеме, правадыр вершнікаў, – высакародныя героі вайны. З левага флангу ідзе ў наступ МІКАЛАЙ Сапега, з правага ідуць з войскамі суровы РАМАН – сапраўдны рымлянін – слава роду САНГУШКАЎ, а таксама БАГДАн Саламярэцкі, які ўздымае цяжкую дзіду.
Іаган Мюліус беспамылкова вызначыў тых асоб, якія былі вартыя ўслаўлення ва ўрачыстых гекзаметрах. Паказальна, што амаль праз 70 гадоў пасля апісаных падзей Мялецій Сматрыцкі ў “Верыфікацыі” менавіта Рамана Сангушку і Грыгорыя Хадкевіча, побач з Канстанцінам Астрожскім, “мужоў светлай памяці і невыказальнай у словах мужнасці”, называў “трыма найсмялейшымі рускімі Геркулесамі, Ганібаламі і Сцыпіёнамі”[13].
Пасля 1564г. чашніцкі рэгіён працягваў заставацца стратэгічна важнай тэрыторыяй як для Вялікага Княства Літоўскага, так і для Маскоўскага княства. Яшчэ ў 1563 г. па загадзе Жыгімонта Аўгуста на мысе пры зліцці рэк Дзвіна і Ула было распачата будаўніцтва Ульскага замка. Аднак праца так іне была завершана зпрычыны нечаканага нападу расійскіх войскаў:маскоўцызнішчылі недабудаванызамак іпа загадзе Івана IVсамі пачалі ўзводзіць умацаванні на здабытай пляцоўцы[14]. У пачатку 1568 г. Улу асаджала войска пад камандаваннем Яна Хадкевіча, але на гэты раз дасягнуць поспеху ліцвінам не ўдалося. На гэтую падзею адрэагаваў доктар абодвух праў, ураджэнец Алканізы Пётр Раізій. З 1552 г. ён стала пасяліўся ў Вільні, робячы тут духоўную і юрыдычую кар’еру. Пяру гэтага вельмі папулярнага ў свой час паэта належыць шэраг твораў, прысвечаных найбуйнейшым магнатам краіны, у тым ліку – Яну Геранімавічу Хадкевічу. Сярод іншых твораў, адрасаваных магнату, Пётр Раізій напісаў чатыры эпіграмы, у якіх сам тапонім Ула робіцца сродкам стварэння версіфікацыйных каламбурных вынаходніцтваў за кошт абыгрывання сугучча з лацінскім займеннікам ulla (‘нейкая’). Вось адна з гэтых эпіграм:
Ulam non ullam Lituania debuit armis
Efficere, ulla tamen non minus Ula manet.
Vires, quae fuerant magnae, discordia fecit
Parvas; haec causa est, Ula quod ulla manet[15].
Літва павінна была здабыць зброяй не нейкую там Улу, аднак жа Ула застаецца гэткай самай “нейкай”. Нязгода робіць мізэрнымі тыя сілы, якія былі вялікімі; у гэтым – прычына таго, чаму Ула застаецца “нейкай”.
Адсутнасць адзінства ў войску ВКЛ – цэнтральная тэма і іншых трох “ульскіх” эпіграм Пятра Раізія. А калі б, падкрэслівае паэт, стан ліцвінаў быў у згодзе, “ullam iam nullus Moschus haberet Ulam”[16](‘тады ўжо ніякі масковец не авалодаў бы Улай?’).
Яшчэ да сканчэння Лівонскай вайны Ульская бітва пачала ўспрымацца ў літаратурным дыскурсе Вялікага Княства Літоўскага як векапомная падзея, якая заслугоўвае таго, каб застацца ў памяці нашчадкаў. У 1580 г. у Падуі выйшаў з друку “Panegyricus in excidium Polocense”(“Панегірык на ўзяцце Полацка”) віленскага паэта Базыля Гіяцынта. У гэтым паэтычным творы распавядаецца пра адваяванне Полацка летам 1579 г.
З самага пачатку аўтар дэманструе сваю настроенасць на гуллівы лад, на крытычнае пераасэнсаванне канонаў гераічнай паэзіі. Як вынікае з нешматлікіх біяграфічных звестак, Базыль Гіяцынт вучыўся ў Падуі, дзе прыкладна ў гэты ж час выкладаў паэтыку Франчэска Рабартэла. Вучнем апошняга быў і славуты польскі паэт XVI ст. Ян Каханоўскі, які ў ранні (лацінамоўны) перыяд творчасці стварыў дастаткова вялікую колькасць панегірычных вершаў на лаціне, пазней жа праславіўся сваімі польскамоўнымі творамі, перадусім жартаўлівымі “Фрашкамі”. Магчыма, аўтар “Панегірыка на ўзяцце Полацка” вырашыў дасягнуць мастацкай арыгінальнасці шляхам спалучэння панегірызму, узнёсласці з ключавым для паэтычнай школы Рабартэла прыёмам – іроніяй. Гэтае імкненне заўважнае на працягу ўсяго твора.
Так, напрыклад, у паэме прысутнічае эпізод з апісаннем сяброўскай вячэры ў стане войска караля Стэфана, якая папярэднічала бітве за Полацк. Паэт, не называючы імёнаў яе ўдзельнікаў, як быццам бы канспектыўна натуе пачутыя ім гісторыі:
Hic narrat decies octo sub moenibus Orsae
Millia qua ratione suo uictore parente
Caesa virum fuerant, proprio ter denaque ductis
Vt fuerint superata suo, Magnumque Suiscum
Demissum nigras memorat Phlegetontis ad umbras
Nec reticent clari (qua laus sua) funera Tauri.
Ille fera quantum ualeat ui in maenibus hostis
Tutandis, pressae quondam infoeliciter Vlae
Monstrat ab exemplo, prodit Starodubus ab isto
In medium, laudatur Constantinus et alter
Victor, et excisor populi Tarnouius heros
Commemorant alii Vitoldi insignia gesta,
Olgerdumque alii laudant, aliique Iagellum[17].
Першы распавядае, як пад мурамі Оршы яго бацькам-пераможцам былі разбіты 80 тысяч мужоў, прычым яны былі адолены з трыма тысячамі падначаленых яму [вайскоўцаў]; успамінае, як ён адправіў вялікага Шуйскага ў чорны змрок Флегетонта. Ён не прамаўчыць іпра пагібель славутага Тарваста (асобная гісторыя). Другі на прыкладзе Улы, ганебна прыгнечанай калісьці, паказвае, наколькі мацнейшай была [гэтая] звяруга ва ўмацаваных варожых мурах. У трэцягаў цэнтры ўвагі – Старадуб; ухваляецца Канстанцін і другі пераможца, а таксама пагроза для ворагаў герой Тарноўскі. Адны ўспамінаюць слаўныя подзвігі Вітаўта, другія хваляць Альгерда, трэція – Ягайлу.
Як бачым, перамога ў бітве пад Улай і гібель ваяводы Пятра Шуйскага прыгадваецца на пачатку ўадным кантэксце з успамінам пра перамогу пад Оршай у 1514 г., а таксама пра паспяховую аблогу і захоп Тарваста (цяпер – Тарвасту ў Эстоніі) войскамі Мікалая Радзівіла Рудога ў 1561 г.
Чашніцкая бітва набывае значэнне мастацкага сімвала і ў гераічнай эпапеі Яна Радвана “Radivilias sive De vita et rebus praeclarissime gestis, immortalis memoriae, illustrissimi principis Nicolai Radivili” (“Радзівіліяда, або Пра жыццё і подзвігі бессмяротнай памяці, учыненыя з найвялікшай славай, найсвятлейшага князя Мікалая Радзівіла”), якая ўбачыла свет у складзе кнігі, выпушчанай віленскай друкарняй Яна Карцана ў 1592 г. Яшчэ ў экспазіцыі паэмы, у межах традыцыйнай інвакацыі (звароту да Муз), аўтар фармулюе сваюпросьбу аб дапамозе ў справе ўзвелічэння подзвігаў гетмана Мікалая Радзівіла Рудога наступным чынам:
О Каліопа з Эратай, да нас павярніцеся тварам,
Слаўце шматгучна цяпер ваяводы літоўскага подзвіг,
Ззяе ён славай да неба: герой той і ў міры, і з Марсам
Дбаў пра айчыну сваю; прыгадайце яшчэ навальніцу,
Што праз шматводную Улу па землях Іванска ляцела
[Радзівіліяда І, 22–26][18].
Згодна з традыцыямі эпічнай паэзіі, галоўнай задачай Яна Радвана было не столькі апісаць саму бітву, колькі ўславіць галоўнага пераможцу ў ёй, натхняльніка войска, які ў межах эпічнага аповеду становіцца дасканалымі героем (heros perfectus), паводле Сарбеўскага. Калі ў Іагана Мюліуса гэта Грыгорый Хадкевіч, то ў Яна Радвана – Мікалай Радзівіл.
Гетман войскаў Вялікага Княства Літоўскага выступае яскравым антыподам маскоўскаму валадару Івану Жахліваму. Калі ў першай кнізе “Радзівіліяды” распавядаецца пра гады вучобы Мікалая Радзівіла (прычым роля духоўнага натхняльніка прыпісваецца антычнаму песняру Мусэю), то другая кніга паэмы адкрываецца разгорнутай прэзентацыяй Івана IV. Паэт не шкадуе пеяратыўных эпітэтаў і метафар для характарыстыкі маскоўскага цара, які паказаны жорсткім разбуральнікам і забойцам не толькі для суседніх народаў, але і ў адносінах да сваіх уласных падданых. На думку Яна Радвана, Іван Жахлівы пераўзышоў жорсткасцю душы ўсіх тыранаў былых часоў. Паэт з жахлівым натуралізмам выяўляе разнастайныя спосабы катавання, да якіх звяртаўся маскоўскі цар, бясконцыя бедствы, якія ён прыносіў як свайму, так і суседнім народам:
Што я магу прыгадаць? Нечуваныя зверствы тырана?
Як мардаваў грамадзян і саноўнікаў першых сената?
Мноства распусных піроў, гранне трубаў, крывавыя стравы?
Што ж?.. Гарады без людзей, без аратага плодныя нівы,
Край неаглядны, які апусцеў ад бясконцых забойстваў?
Трупы на брамах сядзіб? Ён, шалёны, на звязаных бэльках
Мёртвых, забітых людзей пры ўваходах развешваў…
Дык гэтай
Дзікай задумай сваёй ён тыранаў усіх пераплюнуў
[Радзівіліяда ІІ, 23–30].
Апошні фрагмент даволі дакладна суадносіцца з гісторыяй, пераказанай Мікалаем Кастамаравым у ягонай “Рускай гісторыі”. Адзначыўшы той факт, што Іван Жахлівы выкрадаў прыгожых замужніх жанчын, забаўляўся з імі, а потым забіваў іх, гісторык прыводзіць прыклады: “Ходил в его время рассказ, что у одного дьяка <…> он таким образом отнял жену, потом вероятно, узнавши, что муж изъявлял за это свое неудовольствие, приказал повесить изнасилованную жену над порогом его дома и оставить труп в таком положении две недели; а у другого дьяка была повешена жена по царскому приказу над его обеденным столом”[19].
Наогул, трэба адзначыць, што Ян Радван вельмі добра абазнаны ў падзеях палітычнай гісторыі памежнага паміж Масковіяй і ВКЛ рэгіёна. Вядомы літоўскі літаратуразнавец Сігітас Нарбутас, аўтар некалькіх кніг, прысвечаных “Радзівіліядзе”, перакладчык паэмы на літоўскую мову, выявіў цесную фактаграфічную еднасць “Радзівіліяды” і “Хронікі” Мацея Стрыйкоўскага[20]. Заўважым, дарэчы, што сам аўтар “Хронікі” яшчэ раней уславіў перамогу 1564 г. у вершах: яго пяру належыць паэма на польскай мове “Пра паразу 30 000 маскоўцаў… над ракой Улай” (рукапіс гэтага неапублікаванага твора захоўваецца ў Пушкінскім Доме[21]). І ў першую чаргу сюжэтная блізкасць “Хронікі” Стрыйкоўскага і “Радзівіліяды” Радвана выяўляецца ў апісанні Ульскай бітвы. Так, у гістарыяграфічных крыніцах пададзена даволі разнастайная інфармацыя пра тое, дзе ж менавіта адбылася сутычка паміж войскам Шуйскага і войскам Радзівіла ды Хадкевіча[22]. Напрыклад, згодна з “Гісторыяй” Карамзіна, Мікалай Радзівіл “близ Орши, в местах лесных, тесных, напал на россиян”[23]. У сувязі з названай бітвай звычайна згадваюцца рака Ула або мястэчка Чашнікі, адкуль і паходзяць два вядомыя ў гістарыяграфіі варыянты назвы гэтай баталіі (Ульская або Чашніцкая бітва). Аднак толькі Мацей Стрыйкоўскі паведамляе наступнае:
“Położył się tedy obozem Srebrny dwie mili od Orszej nad rzeką Kropiwną, a Sojski na Czasznickich polach w sielisku Iwańskim Burkołabowim”[24]. Назва Іванск сустракаецца ў “Радзівіліядзе” двойчы: Ян Радван яшчэ ў экспазіцыі паэмы прыгадвае пераможную славу, якая праляцела “per Evanscia rura” (“па землях Іванска”, Радзівіліяда I, 26), а ніжэй пры непасрэдным апісанні Ульскай бітвы адзначае: “Hac pugnata tenus sub Evansci limite bella” (“Да яе [г. зн. ночы. – Ж. Н.-К.] доўжылася бітва ў раёне Іванска”; Радзівіліяда III, 594). У гэтым месцы тэкст арыгінала суправаджае глоса: “In campo Iuanscio nunc ingens aceruus ossium humanorum” (“На землях Іванска і цяпер [можна знайсці] вялізную колькасць чалавечых касцей”).
Калі мастацкая прэзентацыя Івана Жахлівага адрозніваецца імкненнем да гіпертрафіраванай дээстэтызацыі, то іншыя маскоўскія дваране выяўляюцца ў “Радзівіліядзе” зусім інакш. Ян Радван нідзе не супрацьпастаўляе гетману Радзівілу ваяводу Пятра Шуйскага, хоць менавіта апошні (а не Іван Жахлівы) быў рэальным правадыром маскоўскага войска ў Чашніцкай бітве. Гаворачы пра тое, што Пётр Шуйскі “illustri ferrugine clarus” (“вылучаўся выдатным рудым колерам”) [Радзівіліяда II, 787], Ян Радван, хутчэй за ўсё, мае на ўвазе колер валасоў. Гэта адначасова сродак і супастаўлення, і супрацьпастаўлення Шуйскага з галоўным героем паэмы – рудавалосым гетманам Мікалаем Радзівілам. Адносіны Яна Радвана да Пятра Шуйскага неадназначныя: паэт паважае яго за ваенныя заслугі, аднак з вялікай доляй іроніі апісвае ягоныя ўцёкі пасля паразы ў Чашніцкай бітве; яркімі фарбамі малюе этыкетную ў літаратурных адносінах сцэну забойства ваяводы адным з полацкіх сялян-лесарубаў, але глыбока лірычна, з выкарыстаннем вобразнага арсенала паэзіі Авідзія, выяўляе ягоны адыход з жыцця.
Сігітас Нарбутас лічыць пацыфісцкі настрой вызначальнай рысай мастацкай спецыфікі “Радзівіліяды”[25]. Так, легендарны пясняр Мусэй, выхавацель маладога Мікалая Радзівіла, не забываецца пажадаць свайму вучню:
Пільна не пніся, не лезь на вяршыні напышлівай славы:
Міру больш прагна жадай, чым трыумфаў любой перамогі
[Радзівіліяда І, 360–361].
У канцы першай кнігі паэт дэкларуе немагчымасць прыпадобніць свайго героя да ваенных правадыроў былых часоў, бо апошнія не здабывалі “nullos de pace triumphos”(“ніякіх перамог мірным шляхам”), а гетману Радзівілу гэта ўдалося: злітаваўшыся з ворага, ён пераканаў лівонцаў на чале з магістрам Вільгельмам Фюрстэнбергам падпарадкавацца ўладзе Жыгімонта ІІ Аўгуста і такім чынам захаваць жыццё сабе і сваім блізкім. У гэтых эпізодах закладзена антытэтычнае супастаўленне гетмана Радзівіла з царом Іванам Васільевічам. Супрацьлеглы бок гэтага супастаўлення (г. зн. неўтаймаваную прагу маскоўскага цара да ваеннай агрэсіі) паэт раскрывае ў другой кнізе. Ян Радван распавядае, што напярэдадні Чашніцкай бітвы ў душы Івана Жахлівага “insania Martis inarsit” (“разгарэлася шаленства Марса”; Радзівіліяда II, 744). Імкненне маскоўскага цара да вайны паэт выяўляе як сапраўднае вар’яцтва:
“Войнаў, – раве, –патрабую!” – аж крык па палацы нясецца;
Спаць перастаў, ды адно ўсё забойствамі, бітвамі трызніць,
Зыркае дзіка вачыма, крывёю налітымі, гнеўна,
Аж задыхаецца сам, калі мусіць марудзіць з вайною
[Радзівіліяда II, 745–748].
Галоўнае злачынства Івана Жахлівага, вынік яго сувязі з інфернальнымі сіламі (фурыямі) – імкненне да бясконцых захопніцкіх войнаў. Паэт-гуманіст з жахам ацэньвае шматлікасць ваенных ахвяр як з аднаго, так і з другога боку. Ён шчыра аплаквае маскоўскіх ратнікаў, якія палеглі на чашніцкіх палях, – Іосіфа Фёдаравіча Быкоўскага, Давіда Скунтарава, братоў Івана і Сямёна Палецкіх, Мікіту Раманавіча Адоеўскага, Сілу і Мікіту Кунтаровічаў ды іншых. Напрыканцы гэтага скрушнага пераліку аўтар з жалем падсумоўвае:
Так загадалі багі. Вам бацькі не закрылі гаротна
Згаслых вачэй у вялікай тузе ды ў страшэннай жалобе;
Горкія слёзы з вачэй вашых дзетак не пырснуць
над вамі… [Радзівіліяда III, 539–541].
У апісанні Чашніцкай бітвы дый іншых баталій Ян Радван імкнецца падкрэсліць неаднароднасць (а значыць, дрэнную арганізацыю) маскоўскага войска. Грамадзян суседняй дзяржавы аўтар “Радзівіліяды” не ўспрымае як адзіны народ: ідэнтыфікацыйны тэрмін Moschi (‘маскоўцы’) у паэме трэба ўспрымаць як палітонім. Ян Радван час ад часу прыгадвае назвы разнастайных плямёнаў (часцейза ўсё – мардву), прадстаўнікі якіх уваходзілі ў склад войска Івана Жахлівага. Абяцаючы каралю Жыгімонту ІІ Аўгусту ўславіць ягонае імя шматлікімі перамогамі, Мікалай Радзівіл у сваёй прамове стварае своеасаблівы рэестр гэтых плямёнаў:
Вось на вачах у цябе ваяры пераможаных рацяў
Пройдуць даўжэзнай чаргой, непадобныя зброяй і мовай:
Племя казанцаў і пераяслаўцаў, пазбаўленых зброі,
Дужых разанцаў і мурамцаў, моцна пускаючых стрэлы;
З імі – растоўцы, свавольныя цверцы, сяверцы таксама,
Строй астраханскіх мужоў, што аж дыхаюць сілай; з ускрайкаў
Людзі – яны ад Дзвіны да халоднага мора вандруюць, –
Словам, вялікіх народаў і іх ваяводаў шарэнгі!
[Радзівіліяда I, 507–514].
Варта адзначыць, што традыцыйны для гераічнага эпасу рэестр войскаў Ян Радван адмыслова арганізуе ў кам-пазіцыйным плане. Калі пералік войска ВКЛ паэт змяш-чае ў апошняй, чацвёртай, кнізе “Радзівіліяды”, то вышэй прыведзены рэестр маскоўскага войска – у першай кнізе. Хутчэй за ўсё, такім чынам аўтар на самым пачатку твора фармуе ў чытача ўяўленне пра маскоўцаў як разрознены, “рассеяны” народ. Успомнім, што адпаведнае этымалагічнае тлумачэнне назвы Russia (Rosseja) даецца ў трактаце Сігізмунда Герберштайна “Rerum Moscovitarum commentarius”: маскавіты, на думку аўстрыйскага дыпламата, “asserentes Rossejam antiquitus appellatam, quasi gentem dispersam, seu disseminatam: id quod nomen ipsum indicat, Rosseja etenim, Rutenorum linguā, disseminatio, seu dispersio interpretatur” («заяўляюць, што “Расея” – гэта старажытная назва, як бы “раскіданы” або “рассеяны” народ; гэта і ёсць тое, што азначае сама тая назва, бо слова “Расея” з мовы русінаў перакладаецца як “рассейванне” або “распырскванне”»)[26]. Аднак у Яна Радвана ўяўленне пра “рассеянасць” жыхароў Масковіі напоўнена палітычным сэнсам. Менавіта пра гэта пісаў і С. М. Салаўёў: “Во внешнем отношении земля была собрана, государство сплочено, но сознание о внутренней, нравственной связи человека с обществом было крайне слабо; в нравственном отношении и в начале XVII века русский человек продолжал жить особе, как физически жили отдельные роды в IX веке”[27].
У той самы час Ян Радван імкнецца падкрэсліць злучанасць войска Мікалая Радзівіла, аб’яднанага высакароднай мэтай – вызваліць народы ад лютага тырана. Апісваючы шлях войска ВКЛ, якое мусіла прабірацца ляснымі сцяжынамі, паэт уводзіць міфалагічны план, які дапамагае сфармаваць уяўленне пра радаснае і светлае пачуццё, якое напаўняла душы ваяроў:
Німфы, багіні лясоў, пачынаюць збірацца імкліва.
Што за прывабнасць у іх! Бездарожжам бягуць Рубаніды
Проста праз самы гушчар і глядзяць у вялікім здзіўленні. <…>
Сочаць цікаўныя панны, бо бачаць вялікае дзіва,
Прагна глядзяць на чужынцаў, узрушаных радасна.
Толькі Самым прывабным здаваўся дрыядам ды ўсім арыядам
Мужны ваяр Радзівіл, быццам ён быў у свеце адзіны
[Радзівіліяда ІІІ, 211–217].
У ноч перад бітвай правадыр войска атрымлівае добрае прадвесце. У сне да яго з’яўляецца Вітаўт Кейстутавіч. Вялікі князь прадказвае прыход новага караля (Стэфана Баторыя), які пашырыць межы дзяржавы “ад Балтыкі аж да Эўксінскага Понта”, а таксама ў пазітыўным рэчышчы абмалёўвае найбліжэйшыя перспектывы:
Заўтрашні дзень мае ўбачыць на полі пагібель
маскоўцаў. О як жа будуць тады спачываць мае косці прыемна!
Подзвігі вашы цяпер маю славу былую адродзяць,
Душы герояў пацешаць і продкаў хвалу узвялічаць
[Радзівіліяда ІІІ, 295–298].
Як Ягайла ў “Прускай вайне” (1516) Яна Вісліцкага, так і Мікалай Радзівіл у “Радзівіліядзе” – Боскі абраннік. Перад самым пачаткам Ульскай бітвы ён атрым-лівае шчаслівы знак: калі прывялі схопленага шпіёна маскоўцаў, конь гетмана схапіў яго зубамі за валасы і, заіржаўшы, падкінуў у паветра, быццам мяч [Радзівіліяда III, 223–231]. Гучны заклік правадыра ўздымае войска на бітву:
Вось жа ён вораг, смялей! Зараз, зараз той час, да якога
Гэтак імкнуліся вы ды прасілі ў малітвах; дык Марса
Слаўце правіцай, не вуснамі! Гэй, памагай, сіла продкаў!
Мілую ўспомнім Айчыну, сыноў і пяшчотную жонку!
Вось поле нашае славы, адно тут патрэбна – адвага!
[Радзівіліяда III, 326–330].
Рэакцыя ратнікаў на гэты заклік апісана, бясспрэчна, рукою таленавітага вучня Вергілія:
Гэтак сказаў Радзівіл. Вось сугучным ды радасным спевам
Трубы гучаць пачалі, да нябёсаў панеслася гранне,
Тут жа крылатае войска ўзнялося імкліва на бітву
[Радзівіліяда III, 331–333].
Такім чынам, многія аўтары лацінамоўных ліра-эпічных твораў XVI ст. паказвалі перамогу пад Улай знакавай і доўгачаканай падзеяй, якая абвергла ўяўленне пра непераможнасць войска маскоўскага тырана Івана Жахлівага і дазволіла па-новаму ацаніць перспектывы цэлай ваеннай кампаніі. Падобныя ацэнкі паэтаў-эпікаў сугучныя з меркаваннямі сучасных гісторыкаў. Так, на думку Г. Сагановіча, “перамога над Улаю сарвала буйную наступальную аперацыю цара, і пасля яе ваенныя дзеянні набылі ў асноўным лакальны характар”[28].
Прапаную чытачам “Беларускага Гістарычнага Агляду” ліст Грыгорыя Хадкевіча да сыноў, змешчаны ў вышэй згаданым выданні Іагана Мюліуса, а таксама фрагмент з “Радзівіліяды” Яна Радвана з апісаннем Чашніцкай бітвы ў нашым перакладзе з лацінскай мовы.
[1] Лацінская форма імя Georgius паслядоўна перадаецца як Георгій, хоць беларускім адпаведнікам можа быць як Георгій, так і Юрый. У прыватнасці, брат Грыгорыя Хадкевіча, які ўзначальваў пасольства да Івана Жахлівага (канец 1563 – пачатак 1564 г.), у беларускіх крыніцах называецца Юрыем.
[2] Nowak-Dłużewski J. Okolicznościowa poezja polityczna w Polsce: Czasy Zygmuntowskie. Warszawa: Instytut wydawniczy “Pax”, 1966. S. 206.
[3] Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія. Мінск: Кнігазбор, 2010. C. 109.
[4] Ulčinaite E., Jovaišas А. Lietuvių literatūros istorija: XIII–XVIII amžius. Vilnius: Lietuvių literatūros ir tautosakos Institutas, 2003. С. 138.
[5] Mylius, I. Divina gratia imperante Sigismundo Augusto Polonorum rege potentissimo, Magno Lithuaniae Duce etc. Victoria de Moschis reportata a Magnifico Domino Gregorio Chodcieuitio Castel lano Vilnensi, Capitaneo Grodnensi, stipendiarii militis supremo gubernatore. <…> Authore Ioanne Mylio Libenrodensi. Viennae Austriae ex officinal Michaelis Zimmermani, 1564. Р. 10 n.n.
[6] Тут і далей пераклад з лацінскай мовы зроблены аўтарам артыкула.
[7] Янушкевіч А. М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558–1570 гг.: манаграфія. Мінск: Медисонт, 2007. С. 83
[8] Mylius, I. Divina gratia… P. 3 n.n.
[9] Idem. P. 4 n.n.
[10] Idem. P. 5 n.n.
[11] Idem. P. 4 n.n.
[12] Mylius, I. Divina gratia… P. 5 n.n.
[13] [Smotrycki Meletiusz] Verificatia niewinności powtore wydana. <…>. [W Wilnie: Zakonnicy Monastera Bratskiego Wileńskiego, Cerkwie ześcia Świętego Ducha, 1621]. S. 13 n.n.
[14] Макараў М. Ула // Вялікае Княства Літоўскае: энцыклапедыя: у 2 т. Т. 2. 2-е выд. Мінск: БелЭн, 2007. С. 685–686.
[15] Petrus Royzius. Carmina selecta = Petras Roizijus. Rinktiniai eilėraščiai / Iš lotynų kalbos vertė Rita Katinaitė etc. Vilnius: Lietuvių literatūros ir tautosakos institutas, 2008. P. 162.
[16] Petrus Royzius. Carmina selecta… P. 162.
[17] Hyacinthius Vilnensis B. Panegyricus in excidium Polocense atque in memorabilem victoriam Stephani invictissimi PoloniarumRegis Magnique Ducis Lituaniae ex potentissimo Moschorum Principe III. Cal. Septemb. MDLXXIX reportatem. Basilii Hyacinthii Vilnensis adinclytum Nicolaum Georgii Radivillum Ducem Dubingae et Birzae in Lituania. <…> Patavii: Apud Laurentium Pasquatum, 1580. P. 16 n.n.
[18] Тут і далей “Радзівіліяда” Яна Радвана цытуецца ў нашым паэтычным перакладзе, які публікаваўся ў часопісе “Маладосць” (2011.№1–12;2012.№1–9). У дужках пазначаецца нумар часткі паэмы і паэтычных радкоў паводле навуковага перавыдання паэмы, падрыхтаванага С. Нарбутасам. Гл.: Joannes Radvanus.Opera = Jonas Radvanas. Raštai / iš lotynų kalbos vertė Sigitas Narbutas. Vilnius : Lietuvių literatūros ir tautosakos institutas, 2009.
[19] Костомаров Н. И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. Кн. 1. Москва, 1990. С. 473.
[20] Narbutas S. Tradicija ir originalumas Jono Radvano „Radviliadoje”. Vilnius, 1998. P. 27–54.
[21] Гл.: Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага… С. 162.
[22] Гл.: Янушкевіч А. М. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1158–1570 гг. Мінск, 2007. С. 78–83.
[23] Карамзин Н. М. История государства Российского: в 3 кн. Кн. III. Т. IX. 5-е изд. С.-Петербург, 1843. С. 32.
[24] Stryjkowski M. Ktora przed tym nigdy światła nie widziała Kronika Polska, Litewska, Żmodzka i wszystkiej Rusi… Warszawa, 1846. T. II. S. 414.
[25] Narbutas S. Jonas Radvanas and his heroic epos Radivilias // Radvanas Jonas. Radviliada. Vilnius, 1997. P. LVI.
[26] Herberstein S. Rerum Moscoviticarum commentarii… Basileae, 1571. P. 5 n. n.
[27] Соловьев С. М. Сочинения: в 18 кн. Кн. IV. Т. 7–8. Москва, 1989. С. 378.
[28] Сагановіч Г. Бітва на Уле // Вялікае Княства Літоўскае: энцыклапедыя. Т. 1. 2-е выд. Мінск: БелЭн, 2007. С. 335.
ліст
яснавяльможнага Пана Грыгорыя Хадкевіча, кашталяна Віленскага і г. д. сынам Аляксандру і Андрэю, [якія знаходзяцца] пры каралеўскім двары, пра шчаслівую перамогу над маскоўцамі*
* Mylius I. Divina gratia imperante Sigismundo Augusto Polonorum rege potentissimo, Magno Lithuaniae Duce etc. Victoria de Moschis reportata a Magnifico Domino Gregorio Chodcieuitio Castellano Vilnensi, Capitaneo Grodnensi, stipendiarii militis supremo gubernatore. <…> Authore Ioanne Mylio Libenrodensi. Viennae Austriae ex officinal Michaelis Zimmermani, 1564. [24] p.
Найдаражэйшыя сыны! Хоць я ніколькі не сумняваюся, што з шырокага розгаласу вы, канечне, ужо даведаліся пра нашу перамогу над маскоўцамі, аднак, паколькі чутка, бывае, часам крыху адыходзіць ад праўды, я ахвотна выканаю вашы пажаданні і коратка распавяду вам больш дакладна прагэтую бітву, бо навас, думаем мы, упершую чаргу распаўсюджваецца слава бацькоўскага імя. У Масковію, як вы ведаеце, былі выпраўлены паслы ад Яго Каралеўскай Вялікасці: мой брат Георгій Хадкевіч, а таксама Георгій Валовіч, каб лагодна пераканаць вялікага князя ў неабходнасці вяртання Полацкай крэпасці, якую ў мінулым годзе ён падманным шляхам, праз хітрыкі, захапіў. Яшчэ тыя паслы хацелі дамовіцца наконт заключэння міру, каб не пралівалася больш надарма хрысціянская кроў. Маскоўскі ж князь аж да таго часу іх у сябе затрымліваў, пакуль не сабраў вялікае войска, ды нарэшце, не завяршыўшы справу, загадаў вяртацца дадому, і адразу ж выправіў супраць ліцвінаў 60 000 войска пад камандаваннем Пятра і Васілія Сярэбраных, ды яшчэ ім на дапамогу выступіў татарын Каібул з моцнай конніцай. З гэтай арміяй хацела аб’яднацца 25-тысячнае войска, якое засталося ў Полацку для аховы, а камандаваў ім Пётр Шуйскі ды іншыя маскоўскія князі. Згэтай мэтай яны павінны былі сабрацца ўмястэчку Баран[ь], каб усім разам уварвацца ў Літву ды на шырокіх абшарах спустошыць агнём і мячом Барысаў, Мінск, Наваградак ды іншыя мясцовасці, каб нарэшце, узбагаціўшыся крадзяжом, вярнуцца ў Старадуб. І вось, калі ад разведчыкаў і паслоў стала вядома пра іх прыход, польская конніца вырашыла чакаць у Мінску. Я ж з наёмным войскам яшчэ далей вырушыў супраць ворага; на невялікай адлегласці ад мяне размясціўся ваявода Троцкі, гетман цэлай арміі, злітоўскімі войскамі. Між тым ад варожых разведчыкаў стала вядома, што войска, якое выступіла з Полацкай крэпасці, ужо стаіць паблізу. Для нападзення на яго я рушыў у той жа момант з маімі атрадамі 26 студзеня.
Паколькі дарога праз лес была больш вузкай, я паступова выправіў вершнікаў у мястэчка, і мы не мелі ў дарозе ніякіх благіх прыгодаў. Здавалася, што масковец паўсюдна перагарадзіў шляхі, заняў лепшыя месцы для бітвы, нахабна здзекаваўся з нашых вайскоўцаў ды з усіх бакоў расставіў конніцу і ў гэтым сэнсе меў перавагу. Вось так дзякуючы вялікім намаганням камандзіра конніцы Баркулаба Корсака спачатку 200 вершнікаў занялі месца ў полі, а следам за імі з такой жа колькасцю вершнікаў шчасліва прыйшоў Грыгорый Бака. Дзеля іх падтрымкі ятутжа выправіў князя Багдана Саламярэцкага з 250 вершнікамі, а таксама Мікалая Сапегу, ваяводзіча наваградскага, які ўзначальваў 300 вершнікаў. Нарэшце і я сам з астатняй дружынай і з некаторымі прыдворнымі Яго Каралеўскай Вялікасці выйшаў у поле ды крыху адкінуў маскоўцаў, што паўсюдна стаялі насупраць, учыніўшы напад з больш моцнай конніцай. Такім чынам, выставіўшы войска ў баявым парадку, я заўважыў, што колькасць ворагаў надзвычай вялікая, і хацеў, каб супраць іх з астатнімі сіламі выступіў таксама гетман цэлага войска Мікалай Радзівіл, ваявода Троцкі, які меў з сабою вялікую літоўскую раць. Аднак калі я зразумеў, што ён не зможа так хутка прыбыць да нас з-за вялікай колькасці перашкод у лесе, то адпаведна з часам звярнуўся з кароткім словам да войска, узрушыў усіх і павёў у бітву. Неўзабаве быў зроблены рашучы напад на ворага. Паколькі гарматы пры гэтым зусім на ўжываліся, вайскоўцы пайшлі ў атаку з дзідамі і мячамі. І ворагі не змаглі доўга даваць адпор націску літоўскага войска: атрымаўшы вялікую паразу, яны павярнуліся і кінуліся наўцёкі. Тады нашы вайскоўцы пачалі нападаць яшчэ больш актыўна, ціснулі ворага з тылу, паўсюдна сціналі ўцекачоў, тых, што засталіся, пераследавалі нават у цемрадзі ночы, так што і гукі трубы не маглі іх прымусіць вярнуцца назад у лагер. Такім чынам, з Божай дапамогай разбілі мы маскоўскае войска; не больш за 500 ваяроў уратаваліся ўцёкамі ў Полацк з ліку гэтулькіх тысяч. На наступны дзень быў учынены трыумфальны марш на дзве мілі. Шмат было разнастайных трафеяў, якімі ўзбагаціліся ваяры. Сярод целаў забітых былі знойдзены Пётр Шуйскі, Аляксандр Правазоўскі, Давід Гундароўскі, Тэадор Палезій, знатныя маскоўскія вяльможы. Жывымі трапілі да нас у палон Захарыя Пляшчэўскі, Іван Азлябіна, Мікіта Адоеўскі – прадстаўнікі баярскіх фамілій. Разам з іншымі быў захоплены і Сямён Палецкі, аднак, паколькі ў сутычцы ён атрымаў вельмі моцную рану, то не мог доўга заставацца жывым. Вось такім чынам цяпер вы маеце апісанне бітвы настолькі сціслае, наколькі гэта магчыма.
А тое, што датычыць другой часткі маскоўскага войска, якое рушыла пад камандаваннем Сярэбранага на Оршу, то, як вы ведаеце, супраць іх я быў выправіў Пана Філона Кміту, майго зяця, з 3000 конніцы, каб ён, хоць і не роўны вайсковай сілай, перашкодзіў ім, аднак, у дарозе. Здабыўшы перамогу, я тут жа выправіў да яго пасланца з лістамі. Прызначэнне гэтых лістоў было ў тым, каб з іх дапамогай вораг цвёрда пераканаўся ў нашым далейшым наступленні. Прачытаўшы гэтыя лісты, Кміта адправіў іх адтуль далей, астатнім аднавайскоўцам. Калі вораг, перахапіўшы пасланца, даведаўся пра паразу маскоўскага войска, то, забыўшыся нават на абозы, яны кінуліся наўцёкі. Але паколькі Дняпро яшчэ не быў скаваны моцным ільдом, большая частка варожага войска загінула, патануўшы ў рацэ. Такім чынам, хаця мы не змаглі схапіць іх усіх з прычыны імклівасці іх уцёкаў, аднак ворагі былі настолькі моцна ўражаны паведамленнем аб паразе, што здавалася, быццам бы яны цалкам пераможаны. У гэтай сітуацыі дапамагла нам ва ўсіх адносінах шчодрая ласка Божая, падараваўшы даўно жаданую перамогу над вельмі жорсткім ворагам. За гэта належыць нам бясконца дзякаваць найвышэйшаму моцнаму Богу, да якога адзіную малітву ўзношу: каб калі-небудзь прынёс Ён і вам, найдаражэйшыя сыны, падобную перамогу ды каб, крочачы слядамі бацькоўскай славы, мелі вы ад Яго шчодрую падтрымку. Напісана ў Заблудаве, нашым маёнтку, у 1564 г.
Ян Радван
Радзівіліяда
(фрагмент з трэцяй часткі паэмы)*
*Radvanus I. Radivilias sive De vita et rebus praeclarissime gestis, immortalismemoriae, illustrissimi principis Nicolai Radivili<…>libri quattuor Ioannis Radvani Lit[uani]<…>Vilnae metropoli Lituanorum: Ex officina Ioannis Kartzani, [1592]. [168] p.
Вечар пагоркі пакрыў, ды адкладу для бітвы не будзе1.
Мужны Зяновіч звярнуўся да тых, хто сабраў свой рыштунак:
“Гэй, хто са мною, сябры? Хто на ворага першы памчыцца?
Прагну цяпер, каб мяне гэтым першым у бітве лічылі!”
Рушыла войска крылатых; сышліся – і лівень жалезны
Хлынуў адразу, наўкол чуцен трэск – так ламаюцца дзіды.
340 Гэткім жа строем вялікім імкнуцца насустрач маскоўцы.
Тысячы грозных жаўнераў вядуць і наперад кіруюць2
Грозны Захарын3, Іосіф Быкоўскі4, падобны абліччам
Сам да айчынных дубоў і да соснаў, пакрыты жалезам;
Голаў вялізны яго пышным пер’ем аздоблены ладна;
Марса ўва ўсіх абуджае, вышэйшы за ўсіх, апантана
Скача праз войска віхураю, ажно за спінай лунае
Грыва яго валасоў ды аздобы цяжкія на шлеме.
Гэтак раз’ятрана ён налятае на войска ліцвінаў;
Букавай дзідай, аднак, працінае магутны Зяновіч
350 Волата цела, наскрозь пратыкае яго – і з крывёю
Ён ванітуе жыццём праз адтуліну чорнае раны;
Валіцца зверху, як сноп, лямантуе, з каня апаўзае, –
Рухнуў нарэшце ён, шырака рукі свае распасцёршы.
Так, Аквілонам эдонскім адолены, падае ніцма
Ясень стары, што калісь красаваўся на полацкіх землях.
Кажа з дакорам Ліцвін: “Што ж, ляжы й памірай: раз хацеў ты
З Марсам Літвы паспытаць, перамер яе лежачы зараз!”
Многіх паклаў там Ліцвін, пасяліўшы ў саюзніках сполах:
Чыняць натоўпы ды дзіды кідаюць, бягуць… Пачалася
360 Марсава сеча між тых, хто адзін на другога ўзняліся.
Бачаць цяпер ваяводы маскоўцаў: зусім нечакана,
Нават бяспечна Зяновіч вялікія страты ўчыняе;
Гуртам яго акружаюць тады, абступаюць натоўпам,
Збіліся ў кучу, як быццам калі талакою вялікай
Людзі выходзяць на льва, што на выганах быдла плюндруе,
Ён жа крывавую пашчу і дзікія вочы адводзіць, –
Гэткім жа чынам юнак быў прыціснуты зброяй жалезнай,
Мноства атак ён адбіў у няроўнай, бязлітаснай бітве,
Грознай навалай прымушаны, кідаўся ўлева і ўправа.
370 Раптам масковец, прыкмеціўшы месца для трапнага ўдару,
Спрытна падняўся з мячом, секануў – і чароды маскоўцаў
З крыкам пабеглі, аднак быў Зяновіч не ў сэрца працяты;
Гнеўна прамовіў герой: “З маёй раны, о вораг, не цешся!”
Сам вокамгненна ўздымаецца, меч свой узносіць – і раптам
Моцна шыбае ў чало апантанаму крыкам маскоўцу.
Тут жа – пачварны мардвін, велізарны, магутны і дужы –
Люты Іван Шарамет, – гэткім імем ад продкаў празваўся,
Марсавай славай сваёй ён узняўся надзвычай высока;
Побач – і Леў5 непахісны: ён часта змагаўся адважна
380 З дзікім ардынцам, – і вось смерць у вочы яму зазірае;
Трэба й Палецкіх назваць, і Давіда, нашчадка Скунтора:
Рухалі разам яны лёгкаўзброеных войскаў шарэнгі.
Што ж атрымалася? Глянь: яны разам з вялікаю сілай
Выйшлі на бітву, аднак іх бацькі не на шчасце прыдбалі.
Тыя здалёк забіваюць, а гэтыя б’юцца аберуч;
Войскі змяшаліся разам, і коні ляцяць грудзі ў грудзі,
Поўныя сполаху. Муж усутыч насядае на мужа.
Гэткі вялізны натоўп закіпае гарачаю бітвай,
Быццам калі ўсе вятры ў пераменных кірунках шчыруюць,
390 Быццам ад гневу Вултурна6 дубы векавечныя стогнуць,
Быццам густыя лясы пад парывамі ветру скрыгочуць.
Вось Шарамет нешчаслівы прыпаў да зямлі сваім тварам.
Тут паміраючы, ён пра Аку сваю родную ўспомніў.
Моцныя рукі яго не пацешацца болей ніколі
Дзюбаю вострай стралы чараміскай з айчынных сядзібаў:
Воіна палкага раптам спакойная куля спаткала.
Выпусціў хтосьці яе – а не спыняць браня, ні даспехі,
Шчыт не расплюшчыць; яна застанецца ў канаючым целе.
Выйшлі ў атаку браты – два Хадкевічы, войнаў маланкі,
400 З імі Сангушка, адметны ў вайне, вельмі спраўны, каб хутка
Ворага знішчыць; пры іх – самых лепшых ліцвінаў кагорта.
Грукат узняўся, і вось прыступаюць да Марсавай бітвы
Новыя сілы, як быццам ніколі раней між народаў
Войнаў ліхіх не было і ніякіх нападнікаў звонку.
Чорныя войны жадаюць крыві, ды прыгожая мэта
Сэрца мацуе ў грудзях і падвойвае ратныя сілы.
Вось перад войскам ліцвінаў выводзіць вялізныя раці
Колічаў7: пырснуў свінцом па радах Радзівілава войска;
Зноў аднаўляе вайну, палымяны й раз’ятраны; зманна
410 Злая Фартуна цяпер несупынна спрыяе няшчасцю.
Хтосьці шчыруе мячом, проста косіць супернікаў, хтосьці
Чорныя кулькі свінца выпускае з пачварнай хелідры8;
Іншыя маюць калчан, што пры боку цяжaрам звісае:
Хмары бязлітасных стрэл зацямняюць высокае неба.
Колічаў носіцца скрозь на ліхім скакуне: выдыхае
Конь з растапыраных ноздраў падрэзаных полымя гневу9;
Фыркае гучна, іржэ, уздымаючы голаў высока.
Мужны юнача, каму ж першы ўдар меч твой востры прызначыў?
Прагнучы подзвігаў ратных, ты горача ў бітву імкнешся…
420 Рушыў адважны Сангушка ў аздобе юначага веку,
Сіла магутнага войска яго адусюль атачае.
Болей не можа чакаць – насупор, велізарны, нясецца,
Кажучы: “Мноствам варожых трафеяў ці смерцю гвалтоўнай
Сёння магу ўзбагаціцца”. Акінуўшы вокам адлегласць,
Выпусціў вёрткі снарад: ён праз пушчу імкліва пранёсся
З жудасным гукам – ажно дуб магутны разбіўся дашчэнту.
З целам варожым, аднак, ён німала не судакрануўся.
Храбры Сангушка тады з похваў меч без затрымкі вымае:
Востры, блішчасты, праз шлем ён паўкруглым ударам праходзіць,
430 Чэрап рассёкшы, і вось – у адтуліне мозг паказаўся…
Стаў над забітым Сангушка і, мёртвае цела штурхнуўшы,
Гэтак прамовіў тады: “О ліхія маскоўцы, вазьміце
Гораваяку свайго!..Што за лёс ён абраў ад нябёсаў?
Птушак драпежных карміць? Але ж цела прызначана глебе.
Гэтай правіцай яго аддаю для дастойных пагрэбаў”.
Потым ён валіць мячом і Сямёна, Васільева сына10,
Фёдара-князя, ліхога Барыса, а з ім – Цімафея11.
Раптам заўважыў: наперад вядзе авангард Паразоўскі12.
“Ёсць у маскоўца адвага? Тады пачынайма!” Сангушка
440 Вострым бліскучым мячом валіць ніцма магутнага мужа:
Вочы яго патухаюць у жальбе смяротнай; спадае,
Валіцца вобзем – і кроў чужаземнае золата меціць.
Сполахам поўняцца душы маскоўцаў, паўсюдна на полі
Людзі няўцямна бягуць, але смерці выява – навокал,
Ногі зусім не даюць спадзявання на нейкі ратунак…
Шуйскі13 глядзіць: уцякаюць маскоўцы ад грозных ліцвінаў,
Зломлена войска… І вось, падбухторыўшы злобаю сэрца,
Крыкнуў сваім: “Вы куды? Што ж, адзін за адным
наўздагонку Будзем цяпер уцякаць? Пабяжым у Іванавы землі?
450 Прымем ганебную кару ад нашага грознага князя?
Стой, люд маскоўскі, куды? Да жыцця ці да смерці хвалебнай
Сёння імкнешся, – здабудзь іх належна на Марсавым полі!
Ногі – ратунак благі: пераследуе лёс незваротны
Тых, хто ўцякае, шчэ горш. Павярніце ж сцягі і харугвы!
Вораг нас цісне!..” І вось супынілася войска маскоўцаў,
Шчыльна становяцца ў шыхт, падзяляюцца хутка на роты, –
Так ля збаноў з малаком мітусяцца імклівыя мухі, –
Гэтак імгненна маскоўцы злучыліся ў новае войска.
Шэпча ім страх: “Уцякай”, але гонар высокі спыняе.
460 Бачыць герой Радзівіл: павярнулі назад маскавіты,
Нават малая затрымка каштуе цяпер перамогі.
“Вы, дзеці Марса, – усклікнуў, – напружыўшы сілы й пачуцці,
Скончыце справу цяпер: хай адорыць маскоўцаў паразай
Тая зямля, да якой так імкнуўся напышлівы вораг!”
Так ён сказаў – і, падобна вірлівым, віхурыстым водам,
Воіны крочаць з кіямі агністымі, градам пуляюць,
Шчодра кідаюць насенне – шчыруй, земляробе, да ночы!
Гэткі быў гнеў у душы ды нязгода ў нябёсах.
Крылаты, Рынуўся сам Радзівіл на суперніка; грукат пачуўся:
470 Кожны ўздымае цяпер гартаваны свой меч харалужны.
Зараз да трэцяй атакі ён цэлае войска збірае.
Ратнікі гібелі смак спазнаюць праз пякучыя раны –
Гэта звычайныя рэчы, жахлівай вайны пачастункі.
Трупы старых, юнакоў поле бітвы змяшала.
У цэнтры – Марс, упрыгожаны меддзю, жалезам, – забойца,
Толькі й руйнуе адно, ды сябе пакрывае крывёю
Многіх забітых, яго калясніца ляціць апантана,
Пырскае ўгору крывёй, а Дыскордыя14 колы кіруе
Проста па трупах палеглых, крываваю пугаю хвошча –
480 Ляскат ляціць ад яе – ды пуляе лятучым жалезам.
Землі навокал спустошыў тыран гаманкі15, у якога
Коні пачварныя ёсць – называюцца Страхам і Жахам16;
Мчацца на гукі вайны, ад крывавага поту іх целаў
Пара шыбае; яны з дзікім ржаннем да пана нясуцца
Тою дарогай, дзе шчыльна натоўп ваяроў напірае:
Страх цісне тых, хто баіцца, руйнуе іх душы няшчадна,
Жах падпільноўвае сэрцы, з’яўляецца жудасным монстрам
Чорнага сполаху, прыкрых уцёкаў ды боязі слізкай.
Побач – пачварныя Фурыі, люты Падман ды Падступнасць –
490 Войнаў любых спадарожнікі – смела ды ўпэўнена крочаць.
Вунь Ахеронта, глядзі, выхаванка ляціць, Тызіфона17,
З бледным абліччам, а з ёю на пару – сястрыца Белона18;
Вось Лібітына19 (яна не шкадуе нікога) і Морта20 –
Проста сапе ад забойстваў… Ну вось вам замест прыгажосці,
Праўды ды звычаяў добрых – смуродных багіняў абліччы,
Мноства ваенных ліхотаў замест дабрадатнага міру…
Зброя шыбае, мігціць… Хто адрозніць – дзе смерць, дзе забойства?..
Раптам з нябесных вышыняўВікторыя ясна заззяла
Пер’ем сваім залатым, стаўшы птушкай чароўна-прывабнай21,
500 Хутка нясецца на крылах, прыгожа лунае ў паветры,
Плаўна й няспешна ляціць, між зямлёю ды зоркамі кружыць,
Шлях выбірае адвольна: спярша да адных падлятае,
Потым імкнецца да іншых; як быццам дае перавагу –
Потым ізноў забірае, ды хіліцца ўбок… І не ўцяміш:
Хто ж з-пад крыла добры знак атрымае ад гэтай багіні?
Разам сыходзяцца войскі, фалангі сціскаюцца шчыльна,
Першых не бачаць апошнія, з цэнтра назад адступаюць.
Б’юцца – нага пры назе, меч на меч, з мужам муж – апантана.
Войска жахлівае медным дажджом засявае палеткі.
510 Вось і заключная Марсава бітва: якая адвага,
Сіла ў душы, дасканаласць у ратным майстэрстве!
Рукою Ратнікі раны наносяць, і чуецца лямант паўсюдна.
Целы мужоў напаўмёртвых, траскучымі ўдарамі сцятых,
Горкім стагнаннем сваім пра пагібель ліхотную сведчаць.
Вось памірае Іосіф, сын Фёдара22, слаўны масковец;
Скунтараў люты, Давід, разам падае скрушна да долу:
Страшны з аблічча, з вялізнай дубінай ды выгнутай дзідай,
Смела ён біўся, ды ў цэнтры, – аж куля натрапіла раптам,
Нават не свіснуўшы, гэтак знянацку, каб ён і не ўцяміў, –
520 Тут жа пранікла праз грудзі, спыніўшы адважнае сэрца.
Гэтак, Палецкія, й вы лежыцё на літоўскіх прасторах,
Мужны Іван разам з братам Сямёнам, падобныя з твару.
Лёс вас адрозніў гаротна: сармацкім мячом, о Сямёне,
Быў ты забіты, аднак галава твая з правага боку
Скрушна на шыі павісла; твая ж галава, о Іване,
Смерць напаткаўшы сваю, тваё цела гаротна згубіла…
Бачылі пушчы наўкола, як ты паміраў, о Мікіта,
Слаўны нашчадак Рамана23: здабыўшы смяротную кулю,
Падаеш сам на зямлю непрытомна, шаноўны баярын.
530 Стаўся цяпер ты здабычаю птушак, няшчасны Мікіта…
Ты, Селівон, да пачварных забойстваў прывычны, нязможны,
Ты, о Казьма, між маскоўцамі волат, магутнай правіцай
Вырваць у смерці душу не змаглі – ані вы, ані Дзмітрый24:
Моцным шырокім ударам адцята, яго галава спачывае…
Вас, Кунтаровы нашчадкі, Мікіта і Сіла магутны25,
Слаўныя ў бітвах абодва, выключныя ў справах ваенных,
Скіфскія стрэлы не сцялі, цяпер жа ў Літве прычакалі
Вашыя целы сканчэння вайны – але й жыццяў сканчэння.
(Так загадалі багі.) Вам бацькі не закрылі гаротна
540 Згаслых вачэй у вялікай тузе ды ў страшэннай жалобе;
Горкія слёзы з вачэй вашых дзетак не пырснуць над вамі…
Хто б толькі выказаў словам бязлітаснасць дзікага Марса,
Хто б да чаго прыпадобніў раз’ятранасць жорсткай Белоны?
Марсавы коні тады на ахопленых страхам маскоўцаў
Фыркалі грозна, і Шуйскі быў першы, хто ў страху сумеўся:
Кінуўшы войска сваё, ён пусціўся, як сарна, наўцёкі26.
Месяц празрысты святло выпускае спаміж вершалінаў,
Золатам конскае грывы гуляючы ў прыцемнай пушчы.
Ноч зацямняе, аднак, наваколле цяністай завесай:
550 Саван яна распасцёрла ахопленым страхам маскоўцам.
Тысячны раз прыгажуня-Селена ў лівійскія хвалі
Зноў апускаецца, прагнучы ўбачыць далёкія ўскрайкі;
Толькі ізноў надарма набывае карычневы колер,
Хочучы бегчы насустрач прывабнаму досвітку-брату,
Каб спачуваць разам з ім невымоўнаму гору людскому.
Німфы журботна бягуць, паўзвярыныя Паны імкнуцца,
Кроячы цемру лясную (глядзі, той, хто сэрцам відушчы!),
Потым далей пранікаюць пад покрывы шатаў зялёных.
Рэшткі маскоўскіх атрадаў, што хутка ад смерці марнелі,
560 Здацца жадалі ў палон, калі б лёс ім дазволіў такое.
Войска ліцвінаў цяпер пераслед несупынна чыніла,
Групкі разрозненых ворагаў ціснула зброяй жалезнай.
З войскам адборным сваім Радзівіл, ваявода вялікі,
Чыніць на полі жніво, хоць пры вельмі слабым асвятленні27:
Быццам бы жнец на раллі каласы, так сцінае жалезам
Целы хлапцоў-маскавітаў, прасекаю шлях сабе торыць.
<…> Аж да начы пад Іванскам кіпела гарачая бітва.
Нават цяпер навакольныя землі крывёю ільсняцца,
Часам з-пад плуга аратая пырскаюць косці людскія –
Памятка даўніх падзей, падзіўлення вялікага вартых28.
Шуйскі тым часам у пушчы густой і дрымучай хаваўся,
Блытаў сляды, уцякаў ад мячоў пераследнікаў спрытных,
600 Крочыў аблудна, праз стрэлы й клінкі прабіваўся, ды лёсам
Быў ён прызначаны стацца бясслаўнай ахвярай халопа.
Крочыў густым сасняком – чалавек туды рэдка заходзіў.
Церні, высокія дрэвы кругом разрасліся, і цяжка
Вызначыць нават дарогу між дзікіх сцяжынак: калісьці
Беднай сядзібы ўладар церабіў яе тут для патрэбы.
Шуйскі схаваўся сюды, прабіраўся маўкліваю пушчай,
Трэску галінкі любой ды павеву вятрыска баяўся.
Раптам пачуў недалёка людзей галасы, схамянуўся:
Падаў сякерамі ссечаны дуб велізарны дадолу.
610 Тут, асмялеўшы, звярнуўся і Шуйскі да тых лесарубаў:
“Добрыя людзі, прашу, пакажыце мне ў Полацк дарогу,
Шкоды жыццю не чыніце, бо мaю я грошай багата,
Срэбра ды золата ўдосталь, дык вам за жыццё заплачу я,
Толькі дазвольце бяспечна вярнуцца ў айчынныя землі,
Вам я жадаю ўраджаяў багатых ды шчодрых палеткаў;
З рога багацця няхай садавіна з гароднінай льюцца!”
Гэтак сказаў ён, аднак жа прамова не мела эфекту.
Хтосьці, зусім не звяртаючы ўвагі не гэтыя словы,
Зброю занёс абасечную, стаўшы на дыбачкі, кінуў,
620 Трапіўшы проста ў магутнае цела прамоўцы, каторы
Баяў прыгожа, ды й шчэ абяцанкамі сыпаў так шчодра29.“
Бач ты, табе, ліхадзею, прычыне няшчасцяў, – вярнуцца
Зноў у Айчыну? А ты ж папаліў нам бацькоўскія хаты!
Колькі разоў паліваў ты крывёю літоўскія землі!
Не, даражэнькі, пакінь сваім дзецям крывавыя грошы,
Зараз жа смерцю сваёй адплаці нам за ўсе папялішчы!”
Тут і другія сяляне наносяць удары, і Шуйскі
Падае; свежая кроў палілася… Вось гэтак
Большая сіла звычайна жахлівыя вынікі мае:
630 Гэта ліхая традыцыя, вопыт гаротны і стратны…
Гасне агонь у лампадах заўжды пры нястачы алею –
Шуйскі згасаў гэтаксама з аблічча ў смяротным зыходзе.
Бледна-мярцвяныя цені кладуцца на твар, і нарэшце
Вечны і жудасны змрок пакрывае рухавыя вочы.
З гонарам ды з пасмяротнай пашанай занеслі ліцвіны
Цела ў свой горад. Вось лёс: у Масковіі ён нарадзіўся,
Чашніцкі край захапіў, але ў Вільні спачыў назаўсёды30.
Лютую жорсткасць тым часам паўсюль дэманструюць
маскоўцы, Сілай вялізнаю войска пустошаць прыгожыя землі,
640 Полацкай арміі Шуйскага рэшткі злучаюцца з імі,
Зноў да нападу гатовыя, зноў павярнулі харугвы
Проста ў краіну ліцвінаў, да крэпасцяў гожае Вільні31.
Хто ж адвядзе гэты жах ад літоўскай краіны, о Музы,
Гэткі шалёны агонь хто адгоніць ад замкаў высокіх?
Толькі адзіны герой – Радзівіл, вынаходлівы й спрытны,
Ён выпраўляе адважнага хлопца ў кірунку, дзе вораг
З войскам стаяў, каб нібыта паведаміць добрую вестку
(Гэта прыдумаў Філон), і, захоплены ворагам, хлопец
Гэтак усё распавёў: ён паразу маскоўцаў пацвердзіў,
650 Сілу ліцвінаў падкрэсліў, сказаў, што загінула войска32.
Толькі дайшла тая чутка да слыху ахопленых страхам
Бледных маскоўцаў, што, бач, адбылася такая параза, –
Тут жа даюць лататы, уцякаюць куды толькі могуць:
Гэтак імкліва алень па пагорках спічастых імчыцца,
Чуючы рыканне льва, дзе Гірканскія стромкія горы;
Гэтак бягуць маскавіты: ні слава, ні гонар, ні нават
Страх перад лютым тыранам – нішто іх цяпер не спыняе.
Гэта бязглуздасць, аднак, каб нагам давяраць паратунак.
Вось Радзівіл згодна з планам тады ў непрыяцельскі лагер
660 Выслаў цябе, о Філон, з роду Кмітаў заможных, і разам
Госціка, спраўных дваіх у нападах ды марсавых войнах33.
Б’юць не шкадуючы; частка маскоўцаў узбочныя сцежкі,
Добра знаёмыя ім, тэрмінова шукаюць, другія
Бераг рачны Барысфена запоўнілі: гэтыя воды
Сталіся водамі Леты, бо, вадкую смерць напаткаўшы,
Трапілі раптам маскоўцы ў блакітныя гроты Нептуна.
Хвалі вірлівым кружляннем ды пенай вады паглынулі
Вусны з апошняй мальбою. Зацягвае вірам пурпурным
670 Коней і разам мужоў – без належных пагрэбаў, без плачу.
Самі ліцвіны цяпер забіраюць багата здабычы,
Лепшы ж трафей – перамога: яна даражэй за багацці34.
Будзь жа вітана, вялікая Маці, краіна ліцвінаў!
Мноствам трафеяў цябе пераможаны люд надзяляе.
Церпіць паразу маскоўскае войска, пыхлівае княства.
Гэта ўчыніў Мікалай: калі выйшла армада маскоўцаў
З лютай вайной на Літву, ён павёў ім насуперак войска –
Меншае толькі ўдвая… Пакараў ён пурпурнай крывёю
Ворагаў мноства… Таму Барысфен стаўся сведкам ды Ула,
680 Шчэ й берагі: іх паўсюль невычэрпная кроў аздабляла.
1 Глоса: “Бітва пачынаецца пад вечар”.
2 Глоса: “Правадыры маскоўцаў”.
3 Паводле “Хронікі” Мацея Стрыйкоўскага, Іван Захарын.
4 Стрыйкоўскі называе яго “Іосіф Фёдаравіч Быкаў” і піша пра яго так: “муж вялікага росту, паўтара вялікія сажні”.
5 У “Хроніцы” Мацея Стрыйкоўскага сярод маскоўскіх ваяводаў узгадваецца Якаў Леў.
6 Вултурн – паўднёва-ўсходні вецер у антычнай міфалогіі.
7 Глоса: “Масковец Колічаў”. Даніла Колічаў узгадваецца ў “Хроніцы” М. Стрыйкоўскага.
8 Хелідра – від вадзяной змяі; тут – метафарычнае пазначэнне агнястрэльнай зброі.
9 Глоса: “Коні маскоўцаў з падрэзанымі ноздрамі”.
10 С. Нарбутас ідэнтыфікуе яго паводле гістарычных крыніц як князя Сямёна Якаўлева.
11 На думку С. Нарбутаса, пад Фёдарам аўтар мог мець на ўвазе Фёдара Палецкага, пад Цімафеем – Цімафея Цяцерына-Пухава. Ваявода маскоўцаў пад імем Барыс не згадваецца ў гістарычных крыніцах.
12 М. Стрыйкоўскі згадвае правадыра маскоўскага войска Аляксандра Паразоўскага.
13 Глоса: “Шуйскі аднаўляе бітву”.
14 Дыскордыя – лацінская назва грэчаскай багіні звады Эрыды.
15 Тыран гаманкі… – тут: Марс.
16 С. Нарбутас лічыць створаныя Янам Радванам вобразы коней Марса – Страха і Жаха – аўтарскім наследаваннем Вергілію. Менавіта ў яго паэме “Георгікі” прыгадваюцца коні Марса, хаця і без імёнаў. Тым часам у Гамера сустракаецца згадка пра спадарожнікаў Марса Страха і Жаха, а ў “Тэагоніі” Гесіёда яны ўпамінаюцца як сыны Арэса і Афрадыты.
17 Тызіфона – адна з эрыній.
18 Белона – старажытнарымская багіня вайны.
19 Лібітына – старажытнарымская багіня пахавання.
20 Па звестках С. Нарбутаса, упамінанне Морты як багіні лёсу сустракаецца ў Лівія Андраніка і Цэцылія, а таксама ў Аўла Гелія.
21 Глоса: “Старажытныя паэты справядліва назвалі Вікторыю народжанай у небе”.
22 Іосіф Фёдаравіч Быкоўскі (або Быкаў) ужо прыгадваўся аўтарам вышэй (гл. Радзівіліяда III, 342).
23 Маецца на ўвазе Мікіта Раманавіч Адоеўскі.
24 Імёны з гэтага фрагмента цяжка паддаюцца ідэнтыфікацыі.
25 Мацей Стрыйкоўскі прыгадвае маскоўскіх князёў Сілу і Мікіту Кунтаровічаў.
26 Глоса: “Следам за князем-аленем уцякаюць зайцы ў шлемах”.
27 Глоса: “Трыццаць тысяч маскоўцаў былі забітыя пяццю тысячамі ліцвінаў”.
28 Глоса: “У полі пад Іванскам і цяпер [можна знайсці] вялікую колькасць чалавечых касцей”. Мацей Стрыйкоўскі называе гэтую мясцовасць “Іванскае Баркулабава”.
29 Глоса: “Селянін забівае Шуйскага сякерай”.
30 Глоса: “Шуйскі пахаваны ў праваслаўнай царкве Блаславёнай Ма
рыі ў Вільні”.
31 Глоса: “Другое войска маскоўцаў пад Оршай”.
32 Загінула войска… – маеца на ўвазе армія Шуйкага. Глоса: “Ваенная хітрасць Радзівіла, праз якую войска Сярэбранага кінулася наўцёкі”.
33 Глоса: “Філон Кміта з Георгіем Госцікам забіваюць уцекачоў-маскоўцаў”. Мацей Стрыйкоўскі распавядае ўсю гэтую гісторыю так: Другое, большае, войска [маскоўцаў], 50000 якога стаяла з Сярэбраным за дзве мілі ад Оршы, Філон Кміта, сённяшні ваявода смаленскі, стрывожыў з дапамогай такой авантуры: выправіў да Дуброўна [пасланцоў] з лістамі, паведамляючы пра нядаўна здабытую перамогу над маскоўцамі і пра забойства Шуйскага ў Іванску. Пры гэтым ён наўмысна загадаў тым пасланцам ехаць туды, дзе, як ён разумеў, іх мелі перахапіць маскоўскія вартавыя. Менавіта так і сталася: маскоўцы схапілі іх з гэтымі лістамі. Калі маскоўскі гетман Сярэбраны прачытаў іх, ён так напалохаўся, што, кінуўшы ўсе абозы, намёты і справы, супольна з цэлым войскам кінуўся наўцёкі, а Філон Кміта, стараста Аршанскі, з Юрыем Осцікам, ваяводам Мсціслаўскім, маючы не больш за дзве тысячы вершнікаў, гналіся за імі з крыкамі, б’ючы, секучы і хапаючы”.
34 Глоса: “Вялізны і багаты лагер быў захоплены ліцвінамі”. У Мацея Стрыйкоўскага чытаем: “Потым, калі маскоўцы былі такім чынам разгромлены, нашы захапілі 25 тысяч вазоў трафеяў ды вельмі вялікую здабычу: мноства шатаў, разнастайных убораў і фуражу, апроч гэтага, везлі за войскам зброі і даспехаў на 6000 асоб. І такім чынам тыя два маскоўскія войскі, якія меліся злучыцца на друцкіх палях, а потым супольнай сілай штурмаваць Вільню, былі тады расцярушаны дзякуючы дзівоснай сіле Божай і гераізму ліцвінаў, а тое другое [войска] было нагалаву разгромлена, разбіта і пазбаўлена абозаў”.