БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Міраслаў Грох. Нацыя як сапраўды еўрапейскі феномен

У 22 томе БГА (2015)

У гэтым дакладзе будзе абгрунтаванае меркаванне, што як тэрмін “нацыя”, так і нацыю ў сэнсе гістарычна сфармаванай вялікай сацыяльнай групы не трэба разглядаць як пабочную з’яву або нават прадукт “нацыяналізму”, а трэба даследаваць іх як самастойныя спецыфічна еўрапейскія феномены. Мне важна выразна адмежавацца ад скажэння, што паўстала праз “экспарт” тэрміна “нацыя” з Еўропы ў іншыя цывілізацыі і сістэмы каштоўнасцяў, каб урэшце – пад тэрмінам “нацыяналізм” – атруціць нашу тэрміналогію.

Дзеля гэтай мэты я пачну з банальнага метадалагічнага досведу, што любая гістарычная з’ява, любая падзея перадаецца праз словы, тэрміны. Такім чынам, у першай частцы свайго даклада я паспрабую асобна даследаваць і тэматызаваць, з аднаго боку, узровень слоў, а з другога боку – узровень рэальных падзей і структур.

Спачатку я хацеў бы згадаць добра вядомы ў нашай частцы Еўропы, але пераважна ігнараваны ў “вялікім свеце” англасаксонскай навукі гістарычны кантэкст, які надаў нацыі – зразуметай і як тэрмін, і як рэальнасць – яе еўрапейскую форму.

Найперш да тэрміна. Агульнавядома, што ўжо ў Сярэднявеччы слова “Nationes” выкарыстоўвалася як групавое абазначэнне, што часам вядзе да памылковай ілюзіі, нібы гаворка ідзе пра пачаткі сучаснай нацыі. Гэтая памылка можа пераканаўча пацвердзіць скажонае дзеянне перанесенага тэрміна “нацыяналізм”. Дзіўны сілагізм гучыць наступным чынам: людзі разумелі сябе як “natio”, г. зн. былі нацыяналістамі, а дзе ёсць нацыяналізм, там прадукуецца і нацыя. Як усё проста!

Але пакінем гэтыя тупікі навукі ўбаку. Яшчэ на пачатку Новага часу слова “natio” абазначала эліту, якая належала да адной дзяржавы або аднаго рэгіёна, і ў гэтым сэнсе цягам стагоддзяў ужывалася ў Венгрыі і Польшчы – у выразах Natio Hungarica і Natio Polonica, то бок было азначэннем палітычна прывілеяванага класа – арыстакратыі кожнага з каралеўстваў.

Гуманізм і развіццё новых “варварскіх” літаратурных моў прывялі ў выніку да таго, што лацінскае слова “natio” перайшло ў гэтыя новыя мовы (невыпадкова называныя сёння “нацыянальнымі мовамі”): the nation, la nation, die Nation; часам, што праўда, у даслоўным перакладзе – národ у чэшскай мове. Гэта, верагодна, з самага пачатку адбывалася з рознымі канатацыямі – у адпаведнасці з палітычнай сітуацыяй у канкрэтным макрарэгіёне Еўропы. Яшчэ з Новага часу, напрыклад, у англійскай мове тэрмін “nation” моцна звязаны з дзяржаўнасцю, у той час як у цэнтральнаеўрапейскай прасторы (у нямецкай і чэшскай мовах) гэты тэрмін перадусім звязаны з мовай і культурай.

Прыкладна ў той жа час, што і гуманізм, Рэфармацыя (і рэформа Каталіцкай царквы ў яе выніку) ды канфесіяналізацыя паспрыялі падтрыманню нацыянальных моў, распаўсюду “друкаванай мовы” (“printed language”) і навучанню грамаце.

Асветнікі публікавалі сур’ёзныя рэфлексіі пра “нацыянальны гонар” і вялі дыскусіі пра нацыянальныя дабрачыннасці ды спецыфічныя ўласцівасці асобных этнічных груп, якія яны называлі нацыямі. Узнік і інтарэс у вызначэнні “нацыянальных ворагаў”. Ранейшае пазітыўнае ацэньванне тэрміна “нацыя” дасягнула найвышэйшай ступені ў выглядзе рэгіянальнага асветніцкага патрыятызму адукаванай эліты. Перадусім гэта было пастулатам любові да бацькаўшчыны і яе жыхароў, што выражалася ў канкрэтных дзеяннях. Са свету ідэй асветніцкага патрыятызму паходзіць этычны імператыў да адукаваных людзей працаваць на карысць уласнага народа, уласнай радзімы (“Patria”).

Усё гэта адбылося за дзясяткі гадоў да Вялікай французскай рэвалюцыі, з якой – згодна з падручнікамі – пачалося ўзвышэнне нацыі, каб пасля распаўсюдзіцца па ўсёй Еўропе. Значэнне Вялікай французскай рэвалюцыі палягае ў іншым. У ёй тэрмін “нацыя” атрымаў новы сацыяльны змест у выглядзе вымярэння грамадзянскай супольнасці: нацыю мусілі ўтвараць усе раўнапраўныя і салідарныя грамадзяне. Адпаведна, усе мусілі быць носьбітамі прагрэсу і абаронцамі свабоды. І тут можна канстатаваць глыбокія гістарычныя карані: яны палягаюць у ідэі і рэальнасці грамадзянскай роўнасці гараджан, якая расла з эпохі Сярэднявечча. Нават больш за тое: нацыя тут персаніфікуецца, робіцца калектыўнай фігурай, да якой асобны чалавек звяртаецца ў пошуках абароненасці і бяспекі – прыкладна такую ролю выконвала для яго продкаў царква.

Цяпер – да тэрміналогіі. Я спадзяюся, што не памыляюся, калі кажу, што не толькі сам тэрмін, але і яго канцэптуалізацыя была сапраўды еўрапейскай, г. зн. што пазітыўнае ацэньванне нацыі ў гэтай комплекснасці можна знайсці толькі на еўрапейскай глебе. І больш за тое: усё гэта засталося часткай еўрапейскай гістарычнай свядомасці.

Цяпер пяройдзем ад тэрміналогіі да сацыяльнай рэальнасці. Несумненна, я не падзяляю ўяўлення [Ганса] Кона, што нацыя як вялікая сацыяльная група паўстала з ідэі нацыі (то бок з “нацыяналізму”). Але як мне інтэрпрэтаваць унікальнасць працэсу фармавання еўрапейскіх нацый, каб пазбегнуць падазрэння ў тэлеалагічнай аргументацыі?

Дзеля гэтага я дазволю сабе цяпер кароткую інтэлектуальную гульню. Давайце сыходзіць з таго, што ў XVIII ст. слова (і ідэі) “нацыя” яшчэ не было, што людзі яго не ведалі або не ўжывалі (і тым больш слова “нацыяналізм”). З гэтай перадумовай – без ужывання тэрміна “нацыя” – я акрэслю мадэль добра вядомых нам сацыяльных і культурных трансфармацый, якія тады суправаджалі мадэрнізацыю.

Уявім сабе наступнае: на пачатку Новага часу ва ўсіх еўрапейскіх рэгіёнах на захадзе і ўсходзе – прыкладна паміж сярэдзінай XVIII і канцом XIX ст. – можна вызначыць пэўны адрэзак часу, пэўны перыяд, калі распаўся свет познефеадальнага Старога рэжыму (фр. Ancien Régime). Няважна, паступова ці раптоўна, зверху ці знізу:

— старыя застылыя, абапёртыя на прывілеі сувязі і залежнасці былі аспрэчаныя або нават скасаваныя;

— стары свет патрыманіяльнай або сеньёральнай сістэмы страчваў усёахопнасць і рабіўся ўсё менш абмежавальным, саслоўныя бар’еры падаваліся больш пранікальнымі;

— традыцыйная вытворчасць у гарадскіх цэхах пацярпела ад мануфактурнай і прамысловай вытворчасці ды была вымушаная шукаць новыя шляхі, прымаць новыя рашэнні;

— рэлігійная легітымацыя прывілеяваных аўтарытэтаў, якія паходзілі з феадальнага часу, усё часцей ставілася пад пытанне, адпаведна ставіліся пад сумнеў таксама традыцыйныя сістэмы каштоўнасцяў;

— усё больш людзей пакідалі патрыярхальна і патрыманіяльна абмежаваны свет, у якім жылі пакаленні іх продкаў: з аднаго боку, у пошуках працы, з другога – дзеля атрымання лепшай адукацыі;

— паступова замацавалася ідэя роўнасці ўсіх людзей перад законам і  дзяржаўнымі ўстановамі.

Усе гэтыя працэсы (і можна назваць яшчэ некалькі іншых) працякалі ў розных рэгіёнах Еўропы ў розны час, то бок – асінхронна.

Што праўда, у выніку раней ці пазней паўсюль узнікалі крызіс ідэнтычнасці, няўпэўненасць і адпаведна – спачатку сярод адукаваных людзей – пошукі новых гарантый і прыналежнасцяў. Яны шукалі перадусім новасфармуляваныя гуманістычныя або грамадзянскія сістэмы каштоўнасцяў, якія надалей у канчатковым выніку і апасродкавана чэрпалі з хрысціянскай спадчыны.

Пасля таго як прыналежнасць да традыцыйнага вясковага, патрыманіяльнага або гарадскога грамадства (ці ідэнтыфікацыя з ім) зрабілася недастаткова моцнай або нават недасягальнай (напрыклад, таму, што ставілася пад сумнеў рэлігійная легітымнасць прывілеяў і манархіі), – узнікла пытанне, да чаго мусіць належаць асобны чалавек у гэтым “адчараваным свеце”?

Калі людзі больш не лічыліся няроўнымі ад нараджэння, то раней ці пазней рабілася відавочна, што яны не падданыя ў саслоўна і іерархічна падзеленым свеце, а раўнапраўныя члены грамадства, дыферэнцаванага паводле падзелу працы.

З ростам сацыяльнай мабільнасці і разгортваннем адміністрацыі ды бюракратызацыі вырасла таксама інтэнсіўнасць сацыяльнай камунікацыі, якая выходзіла далёка за межы традыцыйнай вясковай або гарадской супольнасці. Пры гэтым кожны на сваім штодзённым досведзе мог канстатаваць, што прасцей камунікаваць з тымі сучаснікамі, якія гавораць на зразумелым яму дыялекце, то бок, у адпаведнасці з сацыяльным статусам, паслуговаўваліся яго народнай або літаратурнай мовай.

Гэты досвед быў тым больш павучальны, што ўсё больш людзей дзякуючы (хуткаму або павольнаму) распаўсюду школ вучыліся думаць абстрактнымі катэгорыямі. Таму яны былі ў стане ўявіць вялікую колькасць людзей (у сэнсе “imagined communities” / анг. “уяўленых супольнасцяў” Б. Андэрсана), якія мелі пэўныя агульныя рысы, напрыклад тое, што яны падпарадкоўваліся аднаму ўладару, насялялі адну гістарычную тэрыторыю і таму мелі агульнае мінулае, або тое, што яны гаварылі на зразумелай адно аднаму мове (або дыялекце).

Гэтак паўстала або, магчыма, актывізавалася – спачатку ў галовах адукаванай меншасці – усведамленне, што адносіны і сувязі старога грамадства паступова распадаюцца, а прыналежнасць асобы робіцца няяснай, цьмянай. Гэты распад падаваўся ім пераўтварэннем або раздзяленнем застылых манархічных парадкаў на грамадства, арганізаванае паводле падзелу працы, члены якога маюць роўныя правы, лепш разумеюць адно аднаго, маюць агульны лёс, агульныя інтарэсы і могуць таксама дзеяць салідарна адно з адным.

Гэтае бачанне абапіраецца на ўжо існы асветніцкі канцэпт бацькаўшчыны, якой мусіць служыць кожны адукаваны чалавек. Гэтаму новаму аб’екту пазітыўнай ідэнтыфікацыі або, хутчэй, нейтральнай прыналежнасці патрэбна была назва – не канкрэтная, а абстрактная. На ўзроўні канкрэтыкі гучала пытанне: як называецца гэтая бацькаўшчына, гэтая “Patria”, з якой я ідэнтыфікую сябе? Ёй магла быць назва існай манархіі – дзяржавы. Гэтак было ў Англіі, Швецыі, Францыі і Нідэрландах. Але гэта толькі малая частка Еўропы. Што адбывалася ў іншых частках? І перадусім: дзе трэба было шукаць абстрактны тэрмін, абстрактнае азначэнне гэтай новай супольнасці?

Азначэнне “Patria” пасуе, магчыма, для гістарычнага рэгіёна (свецкага або царкоўнага паходжання), г. зн. да прасторавай адзінкі. А мы ведаем, што ў шматлікіх выпадках рэгіянальная ідэнтычнасць насамрэч мела моцную і нават часам дамінантную пазіцыю. Але гэтая дамінантная пазіцыя рэгіянальнай “Patria” ніколі не захоўвалася доўгі час: яна заўсёды падпарадкоўвалася дзяржаве або іншай вышэйшай інстанцыі, акрэсленай не толькі прасторава.

І тут інтэлектуальная гульня мусіць скончыцца: мы ж ведаем, што ў той час ва ўсіх літаратурных мовах ужо існавала такая вышэйшая інстанцыя (як абстракцыя з пазітыўнай канатацыяй) – нацыя. У некаторых мовах існаваў і альтэрнатыўны тэрмін – напрыклад, “das Volk” (“народ”) у нямецкай мове, што праўда, і ён разумеўся як пазітыўны тэрмін. Патрыятычна настроеныя адукаваныя людзі з поўнай упэўненасцю лічылі тэрмін “нацыянальны” найлепш прыдатным для акрэслівання аб’екта новай ідэнтыфікацыі пры пошуках выйсця з крызісу ідэнтычнасці. Гэта мела месца ва ўсіх дзяржаўных нацыях Новага часу. Аднак што адбывалася ў сітуацыі недамінантных этнічных груп, з якіх паходзіць большасць сучасных нацый у Еўропе?

Давайце сыходзіць з таго, што ў Еўропе не было жыццяздольнай альтэрнатывы новым формам сацыяльнай арганізацыі і культурнай перабудове грамадства – і няважна, назавём мы гэтыя змены капіталістычнымі, буржуазнымі, прамысловымі або мадэрнымі. Сёння мы не ведаем іншага варыянта структурызацыі сучаснага грамадства, чым тая, якая – раней ці пазней – разумела сябе як нацыю ды якую мы і сёння ведаем у Еўропе пад азначэннем “нацыянальная”.

Аднак нацыя не была загадзя падрыхтаванай праграмай, праектам, паводле якога належала рэарганізаваць грамадства. Вялікая сацыяльная група не рэарганізоўвалася згодна з “ідэяй нацыяналізму”. Наадварот, гэты тэрмін, які існаваў некалькі стагоддзяў і акрэсліваў групавую ідэнтычнасць, стаў найлепшым азначэннем той новай сацыякультурнай рэальнасці, якая – незалежна ад тэрміналогіі – сфармавалася падчас гэтай сацыяльнай перабудовы і “сустрэлася” пры гэтым з тэрмінам “нацыя”, які добра ёй пасаваў.

Чаму мне спатрэбілася так шмат часу, каб давесці, што я лічу гэтую сустрэчу гістарычнай тэрміналогіі і грамадскай буржуазнай перабудовы ўнікальна і спецыфічна еўрапейскай з’явай?

Я ўжо згадваў інфляцыю “нацыяналізму” ў сённяшняй навуцы – і не толькі ў сацыяльных навуках, але і ў гістарыяграфіі (з разбуральным эфектам).

Перадумовы гэтай інфляцыі палягаюць у глабальным распаўсюдзе еўрапейскай тэрміналогіі. Па ўсім свеце ў апошнія 60–80 гадоў паўсталі “nations” (і я свядома аддаю перавагу англамоўнай форме), якія аўтаматычна дэкларуюцца аб’ектамі аднаго класа з еўрапейскімі “нацыямі”. Аднак яны сфармаваныя зусім інакш: яны пераважна паўсталі ў выніку барацьбы за ўладу і вызваленчай барацьбы (рознага кшталту), больш ці менш адвольна і выпадкова, зусім па-іншаму, чым у Еўропе, і адпаведна таксама з цалкам іншымі прыкметамі. У некаторых іншых краінах нацыя як мадэль была мэтанакіравана імпартаваная з Еўропы (напрыклад, Сунь Ятсэнам – у Кітай) у якасці інструмента наўмыснай мадэрнізацыі зверху. У абодвух выпадках яны і насамрэч ёсць больш ці менш прадуктамі “нацыяналізму”, а не спадчынай мясцовай гісторыі, у якой не было Рэфармацыі, асветніцкага патрыятызму, ідэі гуманістычнага абавязку інтэлектуалаў і г. д.

Але калі сёння і еўрапейскія нацыі, і гэтыя новаствораныя “nations” па ўсім свеце размяшчаюцца пад недыферэнцаваным паняццем “нацыяналізму”, тады яны нібыта належаць да аднаго гатунку сацыяльных фармаванняў. Бо чым праводзіць складаныя і дыферэнцаваныя даследаванні працэсаў утварэння нацыі, нашмат прасцей у грубым абагульненні абвясціць “нацыяналізм” глабальнай з’явай і вырашальным фактарам у мадэлі нацыябудавання – у тым ліку для Еўропы.

Утрыравана кажучы, нацыя стагоддзе таму зрабілася еўрапейскім экспартным таварам і цягам апошняга дзесяцігоддзя вяртаецца як імпарт у выглядзе “nation”. Старыя еўрапейскія карані забытыя, як і гістарычныя асновы нацыянальнай супольнасці. Тым самым легітымуецца далейшае скажэнне: фармаванне еўрапейскіх нацый або нацыянальных рухаў, г. зн. іх гісторыя, агістарычна інтэрпрэтуецца праз сучасныя каардынаты ў кантэксце афрыканскага, азіяцкага і паўднёваамерыканскага “нацыяналізму”. Еўрапейскія ідэі крытычна ацэньваюцца паводле крытэрыяў (магчыма, постмадэрнісцкай) глабальнай сучаснасці.

Гэты працэс негістарычнага скажэння і палітызацыі неяк абмінуў рэгіянальныя даследаванні. Выпадкова? Наадварот, паказальна, бо мне здаецца, што як тэрмін, так і рэальнасць “рэгіёна” былі не прыдатныя да экспарту. Відавочна, магчымасць “быць рэгіёнам” не дае ні бліскучага прэстыжу, ні нагоды для прэтэнзій на ўладу. Гэтак, рэгіянальныя даследаванні ў сваім ядры – у адрозненне ад так званых даследаванняў нацыяналізму – засталіся мала закранутымі палітызацыяй і глабалізацыяй. Што праўда, гэта назіралася толькі да апошняга часу, калі ў Еўразвязе, на жаль, зрабілася палітычна карэктным супрацьпастаўляць нацыям рэгіёны як элементы еўрапейскай інтэграцыі. Але гэта, тым не менш, толькі пытанне акцэнтаў, а не скажэння.

Тым самым я прыходжу да раней адкрытага або недастаткова даследаванага пытання пра гісторыю фармавання нацый: чаму, пры якіх умовах некаторыя этнічныя супольнасці ператварыліся ў самастойныя нацыі, у той час як іншыя прадоўжылі існаванне толькі як рэгіянальныя супольнасці ў межах іншых нацый?

Рэгіён як аб’ект даследавання дзясяткі гадоў заставаўся ў цені нацыі. Цяпер ён выходзіць на першы план. Дзякуючы вышэй названым палітычным задачам гэта мае пад сабой падставы. Хоць нацыя разумеецца як базавая фармацыя эпохі мадэрну, нацыянальная ідэнтычнасць была не адзінай ідэнтычнасцю. Ужо ў рамках працэсу фармавання нацый рэгіянальная (або ў некаторых выпадках гарадская) ідэнтычнасць разглядалася як рэлевантная альтэрнатыва нацыі. Бо ў дамадэрны перыяд існавалі шматлікія рэгіёны, часта звязаныя з выразнымі ідэнтычнасцямі. Большасць і далей працягвалі існаваць, у некаторых, аднак, нацыянальная ідэнтычнасць прымалася як дамінантная – часам як зборны тэрмін для некалькіх рэгіянальных ідэнтычнасцяў. Што вырашала, у якіх рэгіёнах жыхары ператворацца ў прадстаўнікоў нацыі, а ў якіх – не?

Толькі ў некаторых рэгіёнах актывісты з самага пачатку акрэслівалі сваю этнічную супольнасць як нацыю. Гаворка ідзе найперш пра былыя дзяржаўныя адзінкі, напрыклад, Багемію, Венгрыю і Нарвегію. У некаторых іншых рэгіёнах спачатку сфармавалася рэгіянальная ідэнтычнасць, якая пазней ператварылася ў нацыянальную (напрыклад, у выпадку славакаў, фінаў, славенцаў, фламандцаў і каталонцаў). Часам, аднак, спробы ператварыць рэгіянальную ідэнтычнасць у нацыянальную не мелі поспеху, напрыклад, у выпадку Брэтані, Маравіі або Далматыі.

Сёння спрэчкі ХІХ ст. пра “гістарычныя” і “негістарычныя” нацыі ўжо засталіся ў мінулым; не асабліва складана атрымаць прызнанне як нацыі. Праблемы і канфлікты пачынаюцца толькі там, дзе гаворка ідзе пра ўласную дзяржаўнасць – пра “аддзяленне”, пра тое, каб з нацыі зрабіць “nation” – як волю да дзяржавы ў англійскім значэнні. У гэтых сітуацыях слова зноў даецца гісторыі: згадваюцца страчаныя правы, старыя раны, ваенныя перамогі або паразы – і гэта працуе… – як акурат можна назіраць на прыкладзе Шатландыі і Каталоніі.

Калі мы хочам інтэрпрэтаваць і зразумець фармаванне нацый, то трэба ўлічваць іх гістарычнае вымярэнне, гістарычную свядомасць і г. д. У выпадку рэгіёнаў гэта не ёсць перадумовай. Увогуле, у пачатках сучаснай нацыі нацыянальная гісторыя паўставала часам як мадыфікацыя рэгіянальнай гісторыі – гісторыі аўтаномных гістарычных адзінак.

Хоць у каталонскім і шатландскім выпадках важны акурат гістарычны аргумент, сёння адбываецца антыгістарычны паварот. Каб атрымаць прызнанне ў якасці нацыі, ужо не абавязкова патрэбная гісторыя, як у ХІХ ст. Ва ўмовах такога выразнага аслаблення гістарычнай свядомасці сёння нацыя можа існаваць і без гістарычнага вымярэння – тут Еўропа ідзе паводле мадэлі “nations” у глабальным маштабе. У выніку рэдка ставіцца пытанне пра развіццё гістарычнай свядомасці. А гісторыя фармавання ўласнай нацыі падаецца ўсё менш цікавай.

Тым самым я пераходжу да заключнай часткі сваіх назіранняў. Што значыць сёння нацыя, нацыянальная ідэнтычнасць у Еўропе, якую ролю выконвае нацыянальнае для ўсяго кантынента, на якім калісьці задавала тон?

У макрагістарычнай агульнаеўрапейскай перспектыве кідаецца ў вочы рэлевантнае адрозненне ад ХІХ стагоддзя. Сёння нацыянальная дзяржава зрабілася еўрапейскім стандартам. Мы знаходзім мала цалкам сфармаваных нацый з ХІХ ст. без сваёй дзяржавы – і амаль выключна на захадзе Еўропы.

Тым не менш, трэба згадаць, што большасць сённяшніх еўрапейскіх нацый фармаваліся без дзяржавы, то бок далёка не ўсе прадстаўнікі іх палітычных эліт марылі ў ХІХ ст. пра ўласную дзяржаву. Аднак гэта не адзінае адрозненне, якое можна канстатаваць у дачыненні да сацыяльнай групы “нацыя” з ХІХ ст.

Калі мы параўнаем гэтую супольнасць, што паўстала як сацыяльная група ў фармавальны перыяд ХІХ ст. і прызнаецца ў якасці “нацыі”, – калі мы параўнаем яе з тым, якая сацыяльная рэальнасць сёння ў глабальным маштабе акрэсліваецца тэрмінам “nation”, то знойдзем настолькі значныя адрозненні, што радыкальны скептык мог бы заявіць, што старая “класічная” нацыя (як супольнасць) існуе выключна ў выглядзе нацыянальных інстытуцый, якія засталіся, і як актуалізаваная памяць. Гэты тэзіс наўрад ці можна абгрунтаваць у такой радыкальнай фармулёўцы, але я ўсё ж бачу ў ім рацыянальнае зерне. Натуральна, у крызісныя перыяды нацыянальнае для часткі насельніцтва робіцца апошнім прытулкам; для іншай часткі, аднак, – улюбёным інструментам палітычнай прапаганды.

Нацыя сёння ўжо не разглядаецца як “каштоўнасць у сабе”, замест гэтага падкрэсліваецца (арганізаваная ў межах нацыянальнай дзяржавы) грамадзянская супольнасць. Пасля таго як большасць нацый атрымалі ўласную дзяржаву, пераход ад спецыфічнага, эмацыйна нагружанага тэрміна “нацыя” да халоднай, рацыянальнай адміністрацыйнай або сацыяпалітычнай рэальнасці нацыянальнай дзяржавы мае, імаверна, дэмабілізацыйны эфект для нацыі. Прадукцыйнай даследчай задачай было б высвятленне, ці застаецца эмацыйная прыцягальнасць грамадзянскай супольнасці ў наш час параўнальна такой жа моцнай, як прыцягальнасць нацыянальнай супольнасці ў ХІХ ст.

Інстытуцыяналізаваная рэальнасць нацыі перажыла на сваёй еўрапейскай радзіме паказальны паварот. Нацыянальнае існаванне ў выніку ўсеагульнага распаўсюду нацыянальных дзяржаў зрабілася дзяржаўным, і ў выніку нацыянальнае зрабілася прадметам палітычнай барацьбы за ўладу ды маніпулюецца і кантралюецца ў межах гэтай барацьбы. Каротка кажучы, мы часта маем уражанне, што нацыянальная супольнасць, дзеля якой людзі былі гатовыя працаваць і нават, магчыма, ахвяраваць сабой і якая лічылася centrum securitatis (лац. ‘цэнтр бяспекі’), – што гэтая супольнасць паступова перастае выконваць свае пачатковыя функцыі.

  1. Гуманістычны імператыў, што на службе нацыі трэба служыць чалавецтву, для сённяшняга неаліберальнага індывідуалізму даволі чужы.
  2. Тэрмінам “нацыянальныя інтарэсы” злоўжываюць – найперш як палітычным слоганам для мэтаў палітычнай агітацыі; аднак даказальным і прымальным лічыцца збольшага толькі інтарэс асобнага грамадзяніна.
  3. Калі людзі сур’ёзна гавораць пра нацыянальныя інтарэсы, то гэта датычыць дзяржаўнай канкурэнтаздольнасці ў гандлі і прамысловасці, а класічны прагрэсіўны аптымізм нацыянальна арганізаванай супольнасці сёння адкідаецца як старамодны або прынамсі ставіцца пад пытанне.
  4. Ад нацыянальных кодаў, якія абапіраліся на агульнасць гістарычных традыцый, мала што захавалася: гісторыя адыгрывае толькі маргінальную ролю, а гістарычная свядомасць збольшага абмяжоўваецца Найноўшым часам і служыць інструментам палітычнай барацьбы.
  5. Тыповая для “класічнага” часу нацый агульнасць высокай культуры і народнай культуры, на якую абапіраліся нацыянальныя культурныя коды, адышла ў мінулае: павялічваецца прорва паміж высокай культурай малой праслойкі інтэлектуальнай эліты і паміж моцна глабалізаванай (г. зн. не нацыянальнай) культурай, якая перадаецца праз масмедыя. Гэтая медыйна глабалізаваная (і амерыканізаваная) культура паступова выцясняе або маргіналізуе нацыянальныя культуры.
  6. У звязку з гэтым нацыянальная мова паступова таксама губляе сваю пазіцыю ў найвышэйшых сферах нацыянальных каштоўнасцяў і сімвалаў.
  7. Толькі часткова гэты дэфіцыт кампенсуецца новай, не вядомай у ХІХ ст. сілай, якая фармуе ідэнтычнасць: спортам як спектаклем для масаў.

Акурат апошні пункт сімптаматычны: нацыянальная ідэнтычнасць абапіраецца на спектакль для масаў, якія чакаюць ад прадстаўнікоў нацыі ўнёску ў нацыянальны поспех, не адчуваючы абавязку самім нешта рабіць для сваіх нацый.

Той факт, што нацыянальнае існаванне для грамадзян амаль усіх еўрапейскіх нацыянальных дзяржаў зрабілася натуральным, і заняпад нацыянальнага, які з гэтага вынікае, не выключае перажыткаў або трансфармаваных маніфестацый нацыянальнай ідэнтычнасці. Прычым як у пазітыўным, так і ў негатыўным сэнсе.

Пад пазітыўнымі перажыткамі я разумею найперш дэманстрацыю грамадска значнай нацыянальнай салідарнасці ў сітуацыі крызісу або катастрофы. Самым вядомым прыкладам можна назваць аб’яднанне Нямеччыны, аднак мы назіраем моцныя праявы салідарнасці, калі адбываюцца такія прыродныя катастрофы, як паводкі або землятрусы.

Пад негатыўнымі перажыткамі збольшага маецца на ўвазе раптоўны выбух нацыяналізму ў некаторых посткамуністычных краінах. Гаворка ідзе пра кароткае аднаўленне нацыянальных рухаў, што існавалі ва ўмовах, аналагічных тым, якія я акрэсліў як “класічныя” перадумовы крызісу ідэнтычнасці. Аднак цяпер гэта здарылася ва ўмовах высока развітай сацыяльнай камунікацыі і з больш моцным акцэнтам на палітычнай барацьбе.

З іншага боку, я не лічу, што да гэтай катэгорыі належаць (зноў заўважныя сёння) дэманстрацыі ксенафобіі. Гаворка ідзе хутчэй пра перажытак данацыянальных антрапалагічных канстант, які карыстаецца нацыяналістычнай тэрміналогіяй.

Бяздумнае выкарыстанне тэрміна “нацыяналізм” у навуцы – і, магчыма, у палітыцы – адкрыла дзверы для цэлай серыі непаразуменняў і памылковых тлумачэнняў, якія паўсталі з наіўнага атаясамлівання цалкам розных культурна ўкаранёных сацыяльных фармаванняў толькі таму, што яны маюць аднолькавыя назвы. Аўтахтонны еўрапейскі тэрмін “нацыя” (разам з нацыяналізмам) быў імпартаваны ў нееўрапейскія краіны як самавідавочная рэальнасць, толькі таму, што тыя называлі сябе нацыямі. Збольшага гэта суправаджалася свавольствам і медыйнымі маніпуляцыямі, а не культурай, агульнасцю і салідарнасцю.

І тут на прыкладах дэманструецца ўжо згаданая метадалагічная небяспека, якая ўзнікае ў выніку атаясамлівання паняцця і рэальнасці. Праз гэтае атаясамліванне тое самае слова ў розных сацыякультурных умовах азначае таксама зусім розныя сегменты грамадства або тыпы палітычна арганізаваных супольнасцяў, якія маюць таксама розны гістарычны досвед. Тое, што ў Еўропе называлася нацыяй яшчэ на пачатку ХХ ст., існуе ў сённяшняй Еўропе хутчэй як фон і памяць, у той час як тое, што я тут называю “nation”, ёсць зноў жа такі сацыяльнай і культурнай супольнасцю, якая цалкам адрозніваецца ад таго, чым нацыя была (і ў перажытках яшчэ застаецца) у Еўропе – і ў гісторыі свайго паўставання, і ў сённяшнім габітусе. Пры ўсім гэтым слова “нацыяналізм” цыркулюе як віньетка, якую можна наклеіць на любыя аб’екты – пераважна з падсвядомым асуджэннем.

Тым не менш, гэтае напружанне паміж імпартаванай з Еўропы тэрміналогіяй і афрыканскай або азіяцкай сацыяльнай рэальнасцю адносіцца адначасова да захапляльных даследчых задач на будучыню.

————-

Навошта, уласна кажучы, сённяшняй Еўропе патрэбная нацыя? Сапраўды, для Еўропы нацыя магла б быць карыснай як эмацыйны інструмент пазітыўнай ідэнтыфікацыі, як гарант прынцыпу адказнасці за надындывідуальную супольнасць, як свядомая салідарнасць з нацыянальным калектывам, як захаванне нацыянальнай культуры. Натхненнем можа служыць перакананне, што праз канструктыўную працу можна служыць адначасова і нацыі, і чалавецтву. Такі канцэпт нацыі ў многіх краінах больш не існуе або гібее як успамін, як (залічаная да старамодных) памятка, як “lieux de memoire” (фр. ‘месца памяці’). Тое, што сёння жыве як нацыя, ёсць мноствам сцэн палітычных выступленняў і барацьбы за ўладу, у якой гаворка ідзе пра індывідуальныя або партыйныя інтарэсы. Спецыфічна нацыянальнае ўсё больш выцясняецца на задні план у выніку дзеяння наднацыянальных сіл – ці то ў гандлі, ці то ў культуры. Я гатовы сцвярджаць, што такая нацыя для будучыні Еўропы не асабліва карысная. І яна мае мала агульнага з гістарычнай еўрапейскай нацыяй.

Аднак назад дарогі няма, класічныя нацыянальныя дабрачыннасці нельга ажывіць зверху, хіба што толькі як пакутлівы фарс. Адзінае, што дазваляе спадзявацца, – гэта іх частковая кансервацыя на найвышэйшым узроўні – як кампанента так званых еўрапейскіх каштоўнасцяў. Але ж гэта ўсяго толькі мара.

З нямецкай пераклала Алена Талапіла

Наверх

Тэгі: , ,