Новы нумар


Кароль Лапатэцкі. Злачынства здрады ў Вялікім Княстве Літоўскім XVI ст.


Гэты артыкул прысвечаны працэсу эвалюцыі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ўяўленняў пра злачынства здрады [1]. Аналізуюцца падзеі XVI ст., калі, з аднаго боку, з’явіліся тры рэдакцыі Статута ВКЛ (1529, 1566 і 1588 г.) [2], а з другога – вяліся працяглыя войны з Вялікім Княствам Маскоўскім. Калі параўнаць дзве дзяржавы пад панаваннем Ягелонаў, будзе відавочна, што праблема здрады куды вастрэй стаяла для Вялікага Княства, чым для Каралеўства Польскага, бо ў ВКЛ здаралася, што і цэлыя роды, і асобныя дзеячы пераходзілі на бок праціўніка або ўцякалі ў варожую краіну [3]. Мяне цікавіць, як на пагрозу страты незалежнасці, а таксама на неадназначную пазіцыю хоць і невялікай, але істотнай часткі грамадства рэагавалі дзяржаўныя інстытуты, адказныя за праваўтварэнне і правапрымяненне.

Адказ на гэтае пытанне вымагае даследавання многіх больш вузкіх аспектаў. Па-першае, якім быў статус гэтага злачынства ў прававой сістэме Вялікага Княства Літоўскага. Па-другое, якія менавіта дзеянні лічыліся здрадай і ці мянялася гэтае разуменне з цягам часу. Па-трэцяе, якія заканадаўчыя нормы ўводзіліся для процідзеяння такім учынкам. Нарэшце, якая была практыка ўжывання гэтых нормаў і чым яна адрознівалася ад парадкаў, заведзеных у суседняй Кароне. Асабліва цікавіць мяне балансаванне паміж традыцыйнымі шляхецкімі вольнасцямі і неабходнасцю захаваць бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць краіны, якая апынулася ў гэты час на вастрыі экспансіі ўсходняга суседа.

Спачатку варта больш дакладна акрэсліць прадметныя рамкі нашага даследавання. Аналіз, прапанаваны ў артыкуле, датычыць нормаў земскага права і не закранае пытанняў здрады сярод жаўнераў. Апошнія падпадалі пад дзеянне спецыяльных вайсковых артыкулаў, а гэтыя нарматыўныя акты ў дачыненні да XVI ст. былі ўжо падрабязна прааналізаваны [4]. Тут я толькі зазначу, што наёмнікі і прафесійныя вайскоўцы, ідучы на службу, у большасці выпадкаў прыносілі дзве прысягі – на вернасць манарху, а таксама на шанаванне вайсковых артыкулаў [5]. Тым самым здрада, пад якой меліся на ўвазе бунт, дэзерцірства, пераход на бок ворага, была парушэннем прысягі вернасці, дадзенай каралю, а таксама супярэчыла канкрэтным нормам ваеннага права [6]. У вайсковых артыкулах, ужываных у XVI ст., часам трапляюцца красамоўныя фармулёўкі: “Такі або такія, будучы здраднікамі і парушальнікамі прысягі, веры і абавязку свайго, павінны карацца смерцю і ганьбаваннем” [7].

Варта акрэсліць і тое, якія злачынствы знаходзяцца ў цэнтры ўвагі. Для людзей XVI ст. вельмі блізкімі былі злачынствы знявагі маястату (crimen maiestatis ‘знявага вялікасці’) і дзяржаўнай здрады (perduellio). У Каралеўстве Польскім да 1539 г. здрада лічылася адной з формаў знявагі каралеўскай вялікасці. Толькі пасля гэтага соймавая канстытуцыя абмежавала знявагу маястату дзеяннямі, скіраванымі непасрэдна супраць караля. На сойме 1588 г. было праведзена далейшае, яшчэ больш дакладнае размежаванне: да perduellio адносіліся такія дзеянні, скіраваныя супраць дзяржавы, як бунт, пераход на бок непрыяцеля, выдача сакрэтных звестак, здача замка, парушэнне міжнародных дагавораў [8].

Затое ў ВКЛ Статуты 1566 і 1588 г. адназначна аб’ядноўвалі абодва тыпы злачынстваў пад катэгорыяй crimen laesae maiestatis, што падкрэслівае Мажэна Дыякоўская: “Літоўскае заканадаўства, якое заставалася пад вельмі моцным уплывам рымскага права <…> бачыла, аднак, у perduellio адну з разнавіднасцяў знявагі маястату” [9]. Ці ёсць падставы раздзяляць два тыпы гэтых злачынстваў у выпадку ВКЛ? Адказ адназначна станоўчы – перш за ўсё таму, што асобнае злачынства здрады існавала да 1566 г., калі было сфармулявана вельмі шырокае паняцце знявагі маястату.

Найстарэйшы вядомы нарматыўны акт ВКЛ, які датычыць здрады, датуецца 1509 г., што яўна звязана з бунтам Міхаіла Глінскага, які ўспыхнуў годам раней, і масавымі пераходамі падданых на бок Масквы [10]. Гэта часовая (двухгадовая) устава, якая давала вялікаму князю права канфіскацыі маёмасці здраднікаў і вызначала прынцыпы такой канфіскацыі. Згодна з уставай, манарху адыходзіў маёнтак з усімі землямі, у тым ліку кандамініумамі, і толькі ад яго волі залежала перадача ўладанняў дзецям або братам, якія мелі права прэтэндаваць на долю [11]. Варта падкрэсліць, што гэты нарматыўны акт не ўводзіў чагосьці якасна новага, а толькі ўдакладняў права вялікага князя распараджацца далейшым лёсам канфіскаванага маёнтка. Характэрна, што гэты дакумент парушаў правы ўласнасці трэціх асоб (дзяцей, братоў), не датычных злачынства. Адной з яго задач было запалохванне – у мэтах стрымання нарастальнай хвалі ўцёкаў літоўскіх падданых у Маскоўскую дзяржаву [12]. Вядома, што гэты акт ахвотна выкарыстоўваўся на практыцы, і ўжо праз дзевяць дзён пасля яго ўхвалення – 18 лютага 1509 г. – Жыгімонт Стары распарадзіўся маёнткам здрадніка Якуба Івашэнцавіча. Аналагічным чынам у 1510 г. былі канфіскаваны і раздадзены ўладанні брата Міхаіла Глінскага Васіля [13].

Дакумент 1509 г. не ўдакладняў самога азначэння здрады, пакладаючыся ў гэтым на звычаёвае права. Трэба згадзіцца з меркаваннем Адама Літыньскага, паводле якога аднясенне тых ці іншых канкрэтных дзеянняў да дзяржаўнай здрады залежала не ад юрыдычных фармулёвак, а ад раскладу палітычных сіл (паноўнай грамадскай думкі) [14]. Асабліва датычыць гэта дастатутнага перыяду, калі яшчэ існаваў пэўны прававы вакуум у гэтай сферы. Такое меркаванне пацвярджае сітуацыя, якая ўзнікла ў час грамадзянскай вайны ў ВКЛ паміж нававыбраным князем Жыгімонтам Кейстутавічам і прыхільнікамі Баляслава Свідрыгайлы. Пасля пераможнай бітвы пад Ашмянамі (1432) у рукі літоўскага манарха трапіла шмат ваеннапалонных, якія фармальна заставаліся падданымі Жыгімонта Кейстутавіча. Кара за здраду была выбіральнай – толькі “двух апошніх, абвінаваціўшы іх у здрадзе, Жыгімонт адразу ж загадаў пакараць смерцю, пазбавіўшы іх усіх правоў” [15].

Для сучаснікаў здрада мела характар відавочнага дзеяння – як правіла, уцёкаў у варожую дзяржаву [16]; часам гэтаксама кваліфікаваліся кантакты з непрыяцелем або здача крэпасці варожым войскам у час аблогі. Неабавязкова дзеянне мусіла быць даведзена да канца – дастаткова было падрыхтоўкі да яго. Такая сітуацыя мела месца ў 1506 г., калі палітычны ўцякач з Крымскага ханства Сахмат разам са сваімі мурзамі быў абвінавачаны ў намеры вярнуцца на радзіму. Справу разглядаў Аляксандр Ягелончык сумесна з Радай ВКЛ. Сахмата прызналі здраднікам і прысудзілі да зняволення ў Коўне, дзе ён неўзабаве і памёр [17].

Варта падкрэсліць, што паняцце злачынства здрады з’явілася тады і ў міжнародных дагаворах. Асабліва гэта датычылася трактатаў, што заключаліся паміж вялікім князем літоўскім і малдаўскім гаспадаром, а таксама вялікім князем маскоўскім. У гэтых дагаворах (незалежна ад іх сумніўнай плённасці) бакі абавязваліся выдаваць здраднікаў, якія паспрабуюць знайсці сховішча ў суседняй краіне. Пры гэтым адбылося своеасаблівае пашырэнне паняцця “здраднік”. У XV ст. да здраднікаў залічалі толькі тых, хто спрабаваў забіць або скінуць з трона манарха, г. зн. здзяйсняў злачынства, якое яўна адносілася да катэгорыі crimen maiestatis [18]. Аднак ужо на пачатку XVI ст. (у 1504 г.) Аляксандр Ягелончык звярнуўся да Івана III з просьбай выдаць Яўстафія (Астафія) Дашкевіча, які, седзячы ў прыгранічным Крычаўскім замку, узбунтаваўся разам са сваімі людзьмі, забіў і абрабаваў многіх літоўскіх падданых, а потым уцёк у Маскву [19].

З часоў маштабнай ваеннай кампаніі Маскоўскай дзяржавы 1512–1514 г., у ходзе якой ВКЛ страціла Смаленск і многія драбнейшыя гарады [20], паходзяць звесткі пра спробы юрыдычнага пераследу шэрагу асоб, вінаватых у здачы крэпасцяў. Вынікам гэтых спроб сталі два судовыя працэсы, у час якіх былі апраўданы ваяводы гарадоў, што капітулявалі перад маскоўскімі войскамі. Першы працэс скончыўся 29 снежня 1514 г., калі Жыгімонт Стары выдаў дэкрэт, у якім зняў з князя Міхаіла Іванавіча Заслаўскага абвінавачанне ў здрадзе. Князь Заслаўскі кіраваў у 1514 г. абаронай Мсціслава, якая скончылася капітуляцыяй. Неадкладна пасля гэтага ён выслаў ліст да вялікага князя, у якім запэўніў гаспадара ў сваім нязменным паслушэнства ягонай уладзе і паспрабаваў растлумачыць свой учынак. Паводле слоў князя Заслаўскага, капітуляцыя была прадыктавана яўнай колькаснай перавагай праціўніка, а таксама тым, што “баяры і людзі мсціслаўскія яму ў справе абароны памочнікамі быць не хацелі”. Потым ён звярнуўся да вялікага князя з просьбай вызваліць яго ад адказнасці за гэты ўчынак, “каб да яго ніякіх закідаў праз гэта не мелі, каб надалей яго шанавалі і дзяцей яго тым не папікалі”. Справа, аднак, не была такой адназначнай, бо было вядома, што адзін з сыноў князя Заслаўскага здзейсніў здраду і перайшоў на бок праціўніка. Каб высветліць, як сапраўды разгортваліся падзеі пад Мсціславам, вялікі князь параіўся з тымі членамі Рады ВКЛ, якія асабіста ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях, найперш з гетманам Канстанцінам Астрожскім. Яны пацвердзілі слушнасць данясенняў Заслаўскага. У выніку вялікі князь выдаў дэкрэт, які вызваляў Заслаўскага ад адказнасці [21].

Другі працэс хоць і датычыўся той самай кампаніі, але адбыўся толькі праз два гады – 15 чэрвеня 1516 г. Жыгімонт Стары зняў абвінавачанне ў здрадзе і вярнуў гонар былому намесніку крычаўскаму Юрыю Неміровічу.

Той таксама здаў праціўніку замак у Крычаве, за абарону якога адказваў. Запэўніванні ў невінаватасці камандзіра гарнізона, відаць, супярэчылі іншым довадам. Сітуацыя была не такой адназначнай, як у князя Заслаўскага: бракавала ўплывовых асоб, якія маглі б засведчыць невінаватасць Неміровіча, затое былі людзі, якія сцвярджалі, што намеснік абараняў замак без вялікага энтузіязму. Толькі адваёва Крычава дазволіла правесці расследаванне. На велікакняжацкі суд прыбыў абвінавачваны, а таксама мяшчане і навакольнае насельніцтва. Іх паказанні супадалі толькі ў тым, што абаронцамі замка была прынесена ўрачыстая прысяга, у якой яны абяцалі бараніць горад і замак аж да смерці. Аднак жа потым, як сцвярджалі жыхары Крычава, Неміровіч уцёк, а гараджане вымушаны былі здаць крэпасць маскоўскім войскам. Каб высветліць сапраўдны ход падзей, на суд выклікалі старонніх крычаўскіх баяраў, якія ў той час таксама знаходзіліся ў замку. Удалося знайсці дзевяць чалавек, якія пацвердзілі: замак быў здадзены ўзбунтаванымі гараджанамі і сялянамі, што напалі на слуг намесніка, а яго самога выгналі з крэпасці [22].

Дапаўненнем да вышэйзгаданых працэсаў можа быць выпадак, разгледжаны ў Кракаве 27 кастрычніка 1526 г. Справа датычыла князя Івана Баратынскага, які ў час адной з войнаў трапіў у маскоўскі палон. Тым не менш яму ўдалося залажыць у ВКЛ адзін з маёнткаў і дзякуючы гэтаму заплаціць за сябе выкуп. Вярнуўшыся на радзіму, ён быў абвінавачаны ўцекачом з Маскоўскай дзяржавы Рыгорам Каргашам ва ўстанаўленні нелегальных кантактаў з уладамі варожай краіны і намеры ўцячы туды праз нейкі час. Пасля такога абвінавачання Баратынскі адразу ж быў прызнаны здраднікам, хоць ён настойліва прасіў караля аб справядлівасці і запэўніваў, што не планаваў ніякіх уцёкаў. Жыгімонт Стары па просьбе князёў, паноў і прыдворных выдаў глейт, паводле якога абвінавачваны да вынясення прысуду мог не баяцца, што да яго або да ягоных маёнткаў будуць ужыты санкцыі, прынятыя ў дачыненні да здраднікаў. Дакумент не паведамляе, як доўга працягваўся гэты стан няпэўнасці, аднак урэшце даносчык Каргаш здрадзіў каралю і ўцёк назад на сваю радзіму. Тым самым Жыгімонт Стары прызнаў, што галаслоўны абгавор падвойнага здрадніка – не надта пераканаўчы довад, тым больш што паводзіны Баратынскага ў палоне адназначна сведчылі пра яго адданасць уладзе Ягелонаў. У выніку падсудны быў вызвалены ад абвінавачання ў здрадзе, а яго гонар быў адноўлены [23].

Прыведзеныя прыклады сведчаць, што ў дастатутны перыяд некаторыя ўчынкі прызнаваліся злачынствам ipso facto (па факце), прычым клапаціцца пра сваё апраўданне мусіў сам абвінавачваны і акурат на ім ляжаў цяжар прывядзення доказаў. Адпаведнай пляцоўкай для разгляду справы быў у такіх выпадках суд вялікага князя і яго рады. На практыцы прызнанне здраднікам цягнула за сабой канфіскацыю маёмасці і пакаранне смерцю праз адсячэнне галавы [24].

Інакш сітуацыя выглядала ў Кароне, што можна ацаніць на прыкладзе вядомага працэсу 1520-х г. над Станіславам Радванкоўскім [25]. Абвінавачваны быў заможным шляхцічам, які ў 1520 г. у рангу ротмістра камандаваў атрадам кавалерыі на 200 чалавек, размешчаным у замку горада Арнета [26]. У час вайны з Тэўтонскім ордэнам яму ўдалося адбіць адзін штурм і вытрымаць амаль сем дзён аблогі, пасля чаго Радванкоўскі разам з бурмістрам Янам Гарсавам здалі горад. Гэты ўчынак выклікаў незвычайны розгалас у каралеўстве, тым больш што ротмістра пазней абвінавацілі яшчэ і ў крадзяжы каштоўнага срэбра з арнецкіх касцёлаў, а кароткі перыяд аблогі пазбаўляў ілюзій, быццам праблема была ў вычарпанні магчымасцяў абароны.

У Кароне, у адрозненне ад ВКЛ, віну шляхціча неабходна было даказаць. Працэс адбыўся на Пётркаўскім сойме 1521–1522 г. На сесіі была выбрана судовая калегія з 13 чалавек, якая мела на мэце высветліць, ці не была здача горада і замка вынікам змовы з ворагам і дзяржаўнай здрадай. Жыгімонт I адмовіўся ад удзелу ў судзе, і supremus iudex (вярхоўным суддзёй) быў выбраны Ян Фірлей – кашталян кракаўскі, а значыць, найвышэйшы ў іерархіі свецкі сенатар. Яму ў дапамогу было прызначана 12 асэсараў – восем ваявод, тры кашталяны і адзін пасол (стараста мальбаркскі Якуб Ражноўскі) [27]. Гэта быў пераломны працэс, бо ён парушыў ранейшую польскую традыцыю асабістага вызначэння справядлівасці каралём пры разглядзе злачынстваў crimen maiestatis або perduellio [28].

Пасля правядзення следства абвінавачваны 15 лістапада 1521 г. быў прызнаны вінаватым у прад’яўленых злачынствах і прысуджаны да пазбаўлення гонару і вечнай інфаміі (зганьбавання) – perpetuo infamem et sine honore [29]. Было вырашана, аднак, не ўжываць смяротнай кары, што мелася быць сімвалам каралеўскай ласкі. Тым самым асуджанаму ўдалося пазбегнуць найцяжэйшага прысуду – ён быў толькі пазбаўлены шляхецкага гонару, усіх правоў і маёмасці, а таксама выгнаны з краіны. Дадаткова інфамія была абвешчана дванаццаці шляхцічам, якія служылі ў арнецкім атрадзе. Адначасова быў складзены тэкст прысягі, якую жаўнеры маглі прынесці перад судом, каб адвесці ад сябе падазрэнні ў актыўным удзеле ў гэтых ганебных падзеях і тым самым вызваліцца ад кары [30].

Варта звярнуць увагу на тое, як сучаснікі ацэньвалі прысуд, вынесены на Пётркаўскім сойме. У Кароне пачало пашырацца перакананне, што смяротная кара – гэта далёка не найлепшая санкцыя за найцяжэйшыя злачынствы. Апалагеты шляхецтва заўважалі, што куды даражэй за сваё жыццё рыцары павінны цаніць гонар. Станіслаў Ажахоўскі падкрэсліваў, што Радванкоўскі быў пакараны інфаміяй для таго, каб “гэтым сваім крахам і зганьбаваннем навучыць нашых ваяроў, што трэба біцца, а не ўцякаць, што лепш памерці, чым адступіць” [31]. У падобным тоне каментаваў гэтую гісторыю і Лукаш Гурніцкі. Ён лічыў, што было вырашана адмовіцца ад смяротнай кары, абмежаваўшыся “толькі гонарам, відаць, для таго, каб даўжэй шкадаваў ён пра свой учынак і быў прыкладам рыцарскім людзям” [32]. Далей за ўсіх у ацэнцы здарэння пайшоў Марцін Бельскі, паводле якога Радванкоўскі пасля прысуду, “туляючыся ў Львове, ад адчаю сакрамэнт цела панскага ўкраў і прадаў, за што потым быў спалены” [33]. Трэба падкрэсліць, што навамоднае ўяўленне пра надзвычайную суровасць інфаміі ў XVI ст. было асабліва актуальнае сярод польскай шляхты; у ВКЛ падобнай яго папулярнасці не назіралася [34].

У ВКЛ першым крокам ва ўпарадкаванні юрыдычных нормаў, датычных здрады, быў першы раздзел Статута 1529 г. Ва ўступе манарх абавязваўся не караць нікога без рашэння суда, нават за найцяжэйшыя злачынствы (арт. 1), а таксама гарантаваў непрымяненне калектыўнай адказнасці (арт. 7). Гэта цягнула за сабой змяненне ўсяго парадку разгляду злачынстваў здрады. Апрача таго, тады ж пачаўся працэс раманізацыі літоўскага права, які, у прыватнасці, прадугледжваў аб’яднанне паняцця здрады з абразай каралеўскай вялікасці [35]. Пра гэта сведчыць арт. 2 першага раздзела, які мае назву “Пра знявагу гаспадарскага маястату”, хоць сам артыкул сфармуляваны вельмі агульна і закранае толькі выпадкі перабежніцтва, а ўсе астатнія злачынствы гэтай катэгорыі пакідае на вырашэнне згодна з воляй вялікага князя і тагачасным звычаем (арт. 2–4) [36].

Перыяд паміж першым і другім Статутамі ВКЛ характарызуецца запаўненнем наяўнай у тагачасным устаноўленым праве лакуны пры дапамозе канцэпцыі crimen laesae maiestatis, заснаванай на рымскім праве [37]. Першым выразным сігналам пра адпаведныя памкненні велікакняжацкага двара былі 1534–1535 гады, калі ішла Старадубская вайна з Маскоўскай дзяржавай. Жыгімонт Стары, канцлер Альбрэхт Гаштольд і гетман Юрый Радзівіл стараліся ў час гэтай вайны ўкараніць строгія нормы вайсковай дысцыпліны, што выявілася, аднак, вельмі няпростай задачай.

Галоўнай праблемай была з’ява масавага ад’езду рыцараўда заканчэння паходу, у чым значную ролю адыгрываліхаружыя. Разабрацца з гэтай праблемай даручылі Альбрэхту Гаштольду. Асабліва цікавай выглядае яго пазіцыя ў гэтай справе ў 1534 г., калі яшчэ не дзейнічалі вайсковыя артыкулы, уведзеныя ў 1535 г., а значыць, рыцарам неабходна было прад’явіць прэтэнзіі на аснове размытых фармулёвак Статута ВКЛ 1529 г.

Канцлер лічыў, што тыя, хто пакінуў поле бою да фармальнага роспуску войска, падлягаюць кары паводле артыкулаў Статута, прадугледжаных за абразу велікакняжацкага маястату. Сваю пазіцыю канцлер абгрунтоўваў тым, што ў час ваеннага паходу на чале з гетманам увесь гаспадарскі маястат пераходзіць у рукі военачальніка. Таму парушэнне загадаў гетмана павінна разглядацца як выступленне супраць вялікага князя і праява здрады. Зыходзячы з гэтага, разглядацца і карацца такія злачынствы павінны згодна з імперскім (нямецкім) правам [38]. Далей канцлер спасылаўся на абвешчаны ў 1532 г. Карлам V кодэкс “Constitutio Criminalis Carolina”, у якім былі выкарыстаны некаторыя нормы рымскага права [39].

Найбольш яскравай праявай гэтага падыходу былі падзеі 1535 г., калі адбыўся чарговы суд над шляхцічамі, якія самавольна пакінулі войска. Гэтым разам у дадатак да рэестра дэзерціраў, складзенага харужымі, быў праведзены надзвычайны попіс [40]. Вынікі яго кампраметавалі многіх харужых. Так, харужы упіцкі быў двойчы злоўлены камісарамі на хлусні: Добка Хршчановіч і Войцех Станевіч адсутнічалі, хоць “паведаміў харужы, што яны ёсць у абозе” [41]. Пад час гэтай праверкі мелі месца і даносы:

магчыма, асобы, якія іх пісалі, разлічвалі атрымаць землі, канфіскаваныя ў абвінавачаных баяр, пра што згадваў у лісце да Юрыя Радзівіла Альбрэхт Гаштольд [42].

Тым самым удалося выкрыць харужых, якія вызвалялі шляхту ад земскай службы. Праз некалькі дзён пасля ўзяцця Гомеля на велікакняжацкім двары разгарэлася дыскусія наконт жорсткіх захадаў Юрыя Радзівіла. Так, гетман арыштаваў і прад’явіў абвінавачанне харужаму земскаму, які “баяр са свайго павета з войска адпусціў”. Кароль прызнаў дзеянні вялікага гетмана цалкам слушнымі. Жыгімонт Стары падкрэсліў, што ў гэтых абставінах адзінае, што мусіў зрабіць гетман, – “таго харужага <…> загадаць вывесці перад усім войскам і за горла ўзяць, каб усе іншыя гэта бачылі”. Цяжар пакарання тлумачыўся, у прыватнасці, выключнай грамадскай шкодай такіх учынкаў. Харужага, заўважанага ў такіх паводзінах, кароль характарызуе як “здрадніка нам, які без волі нашай і гетманскае баяр адпускае і тым войска змяншае, і нас, і дзяржаву нашу ставіць пад удар” [43].

Варта памятаць, што ўзорам тут магло быць здарэнне 1457 г. у Каралеўстве Польскім. Тады адбыўся беспрэцэдэнтны выпадак – да смяротнай кары быў прысуджаны рыцар з всхоўскай зямлі Ян Кромна з роду Котвічаў.

Па яго ініцыятыве паспалітае рушанне, якое стаяла пад Гневам, дачасна разышлося. Гэты ўчынак быў прызнаны здрадай таму, што Ян Кромна быў папярэдне падкуплены абаронцам гнеўскага замка. Прысуд быў прыведзены ў выкананне [44].

Абвінавачанне харужага ў здрадзе – арышт, суд і пакаранне – мела вялікае прапагандысцкае значэнне і было чарговым крокам да паўсюднага прымянення ў ВКЛ рымскай канцэпцыі crimen maiestatis. На думку шляхты, аднак, гэта было празмерным умяшаннем у саслоўныя вольнасці. Мяркую, невыпадкова ў Статуце ВКЛ 1566 г. у арт. 18 другога раздзела было адназначна прапісана, што харужага, які наўмысна схаваў ад гетмана якія-небудзь звесткі, трэба караць толькі зняццем з пасады [45]. Цікава, што ў 1566 г. ад абвінавачвання ў знявазе маястату былі вызвалены і тыя, хто ўжыў сілу ў дачыненні да земскіх ураднікаў або каралеўскіх паслоў (арт. 6) [46].

Асабліва часта пасыпаліся працэсы аб знявагах маястату ў 1560-я г., напярэдадні прыняцця новай рэдакцыі Статута ВКЛ. Вялікі розгалас мела здрада нейкага Віктарына, які праз свайго слугу Ястржэмбскага выслаў ліст да Івана Жахлівага. Пасланца злавілі разам з лістомкампраматам. Абодвух абвінавацілі ў здрадзе і аддалі пад суд, які адбыўся ў 1563 г. у Вільні на чале з Жыгімонтам Аўгустам. Хоць Ястржэмбскі быў арыштаваны, Віктарын выпрасіў у манарха глейт, у якім атрымаў гарантыі бяспекі да вынясення прысуду [47]. Пад час судовых паседжанняў “весці расследаванне даручылі войту віленскаму – высакароднаму і адукаванаму чалавеку доктару Аўгусціну” [48]. Выбар у якасці абвінаваўцы войта віленскага Аўгусціна Ратундуса-Мялескага – юрыста, які атрымаў адукацыю на Апенінскім паўвостраве, прыхільніка моцнай каралеўскай улады і энтузіяста рымскага права – быў вельмі сімптаматычны і сведчыў пра тэндэнцыю да ўкаранення ў ВКЛ прынцыпаў Святой Рымскай імперыі [49].

Ратундус вельмі паспяхова давёў справу да пакарання вінаватага, перш за ўсё дзякуючы рэчаваму доказу, якім быў уласнаручна напісаны ліст да Івана Жахлівага. Станіслаў Ажахоўскі з гэтай нагоды заўважаў: “Што ўтым лісце напісана, страх не толькі гаварыць, але і чытаць”. Змест ліста быў вельмі супярэчлівы – “у памянёным лісце таму толькі веру, што Віктарын быў здраднікам свайму пану; пра іншыя рэчы няхай пан Бог судзіць, а я нічому там не веру” [50]. Тамаш Плаза, ухіліста апісваючы водгукі сучаснікаў на змест ліста, зазначаў, што ў ім былі, у прыватнасці, непачцівыя выказванні пра жанчын з дынастыі Ягелонаў [51]. Шмат хто быў перакананы, што гэта быў толькі адзін з многіх лістоў, напісаных Віктарынам [52].

Урэшце, “калі ўступіў у працэс Віктарын і сказаў, каб яго каралі, калі нявіннасці сваёй не пакажа, зрабілася ясна, што быў вінаваты, пішучы да непрыяцеля непрыстойныя лісты і з ім змаўляючыся, а таму быў пакараны смерцю і чвартаваны ў Вільні на рынку, а Ястржэмбскаму, слузе ягонаму, адсеклі галаву” [53]. З іншых справаздач вядома, што ў дадатак да гэтага Віктарына пакаралі і ганьбаваннем [54]. Былі ўжыты вельмі суровыя санкцыі, прычым прызнана, што слуга, які выконваў распараджэнні свайго гаспадара, не вызваляецца ад адказнасці.

Цікава, што ўсе сучаснікі, пішучы пра гэтага персанажа, які яўна паходзіў з заможнай шляхецкай сям’і, называлі яго проста Віктарынам, не згадваючы роду, да якога ён належаў [55]. Такая сітуацыя была характэрная для ўсяго перыяду аж да падзелаў Рэчы Паспалітай. Тлумачылася гэта тым, што ганебны ўчынак кідаў цень на ўвесь род [56]. Гэтак жа як і ў выпадку харужага ў 1535 г., у крыніцах не прыводзіцца звестак, якія дапамаглі б ідэнтыфікаваць пакаранага смерцю здрадніка. Праўда, пра Віктарына вядома, што ён быў “старастам з Мастоў” [57]. Адсюль можна зрабіць выснову, што да смяротнай кары быў прысуджаны прадстаўнік княскага роду Гедройцаў Ян-Віктарын Габрыэлевіч – брат Феліцыі Млекусаўны Гедройцавай. Ён трымаў нямала даходных пасад – быў намеснікам каралевы Боны (малавіцкім, пярстунскім, бярэжніцкім), старастам (мастоўскім і скідальскім), а з 1555 г. зрабіўся земскім суддзёй у Слоніме [58].

З постаццю Яна-Віктарына Гедройца звязана яшчэ адна падзея, датаваная 1561 г. У той час вёўся судовы працэс аб crimen laesae maiestatis супраць бельскага памешчыка Войціка. Ён, будучы пакрыўджаны ў ходзе валочнай памеры мернікамі, патрабаваў ад караля справядлівасці. Так і не дамогшыся яе, ён прыбіў да замкавай брамы ў Вільні шыльду, у якой пагражаў Жыгімонту Аўгусту смерцю. Праведзенае следства дазволіла вызначыць асобу падазронага, якога неадкладна арыштавалі і паддалі катаванням. У ходзе гэтага працэсу Войцік выдаў вышэйпамянёнага Гедройца, які нібыта вельмі негатыўна выказваўся пра караля. Невядома, ці быў Ратундус абвінаваўцам і ў выпадку Войціка, але так ці інакш яго прызналі вінаватым і прысудзілі да смяротнай кары праз адсячэнне галавы, з папярэднім валачэннем асуджанага па горадзе [59].

Важнасць двух апісаных прэцэдэнтаў з 1560-х г. у тым, што яны яўна паўплывалі на канцэпцыю здрады і знявагі гаспадарскага маястату, адлюстраваную ў Статуце ВКЛ 1566 г., пры падрыхтоўцы якога асноватворную ролю адыграў Аўгусцін Ратундус-Мялескі [60]. Статут 1566 г. у цэлым паўтараў юрыдычныя нормы, кадыфікаваныя 37 гадоў таму, аднак у арт. 1 першага раздзела дадаткова была ўнесена дэкларацыя, што ўсе ўчынкі павінны судзіцца выключна паводле пісанага права. З гэтага вынікала неабходнасць замены звычаёвай канцэпцыі знявагі маястату нормамі Статута. У агульных рысах гэтае пытанне закранаецца ў арт. 3, згодна з якім да найцяжэйшых злачынстваў адносіліся:

– змова, загавор або бунт (як даведзенае да рэалізацыі дзеянне, так і сам намер), выяўленыя ў форме замаху на ўладу вялікага князя (справа Войціка. – К. Л.);

– бунт, выяўлены ў форме парушэння грамадскага парадку, скіраваны супраць гаспадара або дзяржавы;

– падробка манет і ўрадавых каралеўскіх дакументаў;

– найманне войска з мэтай захопу або дапамогі ў захопе велікакняжацкага прастола;

– уступленне ў кантакт або перадача якіх-небудзь звестак, карысных праціўніку, асабіста або пры дапамозе лістоў ці паслоў (справа Віктарына. – К. Л.);

– здача замка непрыяцелю (вызваляў ад адказнасці ў гэтым выпадку павальны голад) (працэсы Заслаўскага, Неміровіча. – К. Л.);

– спрыянне нападу на землі ВКЛ варожых войскаў (бунт Глінскага. – К. Л.).

Усе пералічаныя злачынствы караліся смерцю, ганьбаваннем і канфіскацыяй усёй маёмасці, а з 1588 г. дадаткова ўводзіліся смяротная кара і ганьбаванне для паўналетніх сыноў, якія ведалі пра бацькавы намеры. Мякчэйшыя санкцыі прадугледжваліся за слоўную абразу, якая не павінна была цягнуць за сабой ніводнай з караў, пералічаных у арт. 3, а толькі пазбаўленне волі [61].

Злачынствам, якое было асобна вылучана ва ўсіх трох рэдакцыях Статута ВКЛ, былі ўцёкі велікакняжацкага падданага ў варожую дзяржаву [62]. Перабежчык ipso facto прызнаваўся здраднікам, што цягнула за сабой ганьбаванне і канфіскацыю ўсёй маёмасці на карысць манарха [63]. Тым самым, насуперак зафіксаваным у Статутах гарантыям, шляхціч без судовага прысуду пазбаўляўся маёмасці [64].

Дэкларавалася, што землі, прададзеныя або закладзеныя здраднікам, не будуць канфіскоўвацца ў трэціх асоб, калі тыя прысягнуць, што ў час куплі не ведалі пра злачынства. Затое дзеці і сваякі здрадніка трацілі ўсе правы на канфіскаваныя ўладанні; мала таго, забіраліся і непадзеленыя кандамініумы, за выключэннем выпадкаў, калі саўладальнікі пад прысягай пацвердзяць, што не ведалі пра планы злачынцы. У выпадку гэтага злачынства пад увагу бралася толькі даведзенае да рэалізацыі дзеянне, паколькі артыкул датычыў асоб, якія ўжо не знаходзіліся на тэрыторыі ВКЛ [65]. Новыя ўдакладненні прынёс Статут ВКЛ 1566 г., у якім дадавалася норма, згодна з якой злоўлены ўцякач падлягаў смяротнай кары [66]. Праўда, не ўдакладнялася, ці мусілі перад гэтым праводзіцца расследаванне і суд, ці рашэнне аддавалася на водкуп выканаўчага органа. Практыка паказвае на першы варыянт [67].

Статут ВКЛ 1588 г. увёў новыя нормы: па-першае, канфіскаваныя ўладанні павінны былі заставацца ў руках вялікага князя, “каб на ўсе наступныя часы здрада такога злачынцы была відаць” [68]; па-другое, у злоўленага і пакаранага смерцю паводле прыгавору суда здрадніка ўжо не адбіраліся землеўладанні, якія маглі застацца ягоным сваякам. На практыцы ў спадчыну ад здрадніка па-ранейшаму можна было атрымаць нерухомасць. Характэрнай выглядае дзейнасць Крыштафа Радзівіла Перуна, які ў 1600–1601 г. канфіскаваў уладанні жыхароў Інфлянтаў, што парушылі прысягу вернасці, дадзеную Жыгімонту III Вазу, і перайшлі на бок Карла IX Судэрманскага [69]. Канфіскацыю гетман ажыццяўляў з уласнай пячаткай і подпісам, але фармальна ў кожным дакуменце зазначалася, што лёс нерухомасці і прозвішча бенефіцыяра залежаць ад “волі і ласкі Яго Каралеўскай Мосці” [70].

Вельмі важныя і наватарскія нормы зафіксаваны ў арт. 7 першага раздзела. Заканадаўца пазычыў з ваеннага права, якое ўжывалася ў наёмных і прафесійных атрадах, такую разнавіднасць злачынства, як уцёкі з поля бою, і ўключыў яго ў земскае права [71]. З 1588 г. уцякач, які наважыўся перайсці на тэрыторыю варожай дзяржавы, мог быць забіты або злоўлены любым сустрэчным, і “дабрадзейнасці гэта шкодзіць не павінна, а наадварот, за гэта будзе той уганараваны нашай гаспадарскай ласкай”. У гэтым выпадку не патрабавалася санкцыя суда – пераследнік павінен быў толькі паведаміць пра свой намер любому дзяржаўнаму органу. Толькі пасля забойства або арышту пераследаванага неабходна было давесці, што той меў на мэце “здрадніцкія ўцёкі”. Калі здрадніка перадавалі ў рукі дзяржаўных органаў, ён падлягаў суду на сойме, “акрамя людзей простага саслоўя, якія і без сойма маюць быць асуджаны і пакараны тым органам, паблізу якога будуць злоўлены” [72]. Гэта было істотнай заўвагай, паколькі папярэдняя рэдакцыя Статута не давала прамых указанняў, паводле якой працэдуры караць здраднікаў нешляхецкага паходжання [73]. Варта дадаць, што на тэрыторыі Кароны здраднікаў можна было толькі лавіць, што пацвярджалі канстытуцыі 1588 і 1598 г. [74].

Асобнай разнавіднасцю здрады быў выезд у варожыя краіны з наступным паступленнем на вайсковую службу і ўдзелам у барацьбе супраць войскаў Каралеўства Польскага або Вялікага Княства Літоўскага. Такія асобы падлягалі ганьбаванню (яны атрымлівалі ярлык “hostes et perdeulles patriae” – ворагі і здраднікі радзімы), а ў дадатак да гэтага караліся “здароўем і маёмасцю”. Вядома, служба ў замежным войску дапускалася, але толькі ў тых краінах, якія былі нейтральнымі або саюзнымі Рэчы Паспалітай; забаранялася таксама складаць прысягу чужому манарху. Гэтая разнавіднасць злачынства не патрабавала ад абвінавачванага ў ім канчатковага або працяглага ад’езду з краіны – дастаткова было вайсковай службы ў непрыяцеля [75]. Такое злачынства было агаворана ў соймавай канстытуцыі 1601 г. з прычыны ўсё часцейшага выкарыстання польскіх і літоўскіх жаўнераў на службе ў шведаў. Пра гэта сведчыць “нямецкі” атрад, камандзірам якога ў 1600–1605 г. быў Ганс Фегсак (Фейзак) і які – што вынікае з рэестра, складзенага ў 1603 г., – быў фактычна польска-венгерскім. Сярод 144 яго зарэгістраваных членаў налічвалася аж 107 палякаў, 31 венгр і ўсяго тры немцы (у тым ліку камандзір, запісаны на слых як Фейзак). Можна амаль дакладна сцвярджаць, што шляхецкае паходжанне мелі харужы атрада Януш Глінскі і пісар Анджэй Рагускі [76].

Ключавым пытаннем, якое выклікала шмат непаразуменняў, была праблема судовай юрысдыкцыі пры разборы выпадкаў здрады. Ужо Статут ВКЛ 1566 г. непасрэдна гарантаваў, што тыя злачынствы, за якія прадугледжаны смяротная кара і ганьбаванне, павінны разглядацца “нідзе, апрача як тут у дзяржаве нашай, Вялікім Княстве Літоўскім, на соймах вальных тутэйшага панства; мы, гаспадар, з панамі-радай нашымі [павінны] судзіць” [77]. Адзначаюць неадпаведнасць гэтай нормы судоваму працэсу, учыненаму над шляхцічам Рыгорам Осцікам, які паза соймам быў прысуджаны каралём да смяротнай кары. Гэты прэцэдэнт неаднаразова разбіраўся; тут варта прыгадаць толькі асноўныя моманты. Рыгор Осцік з 1574 г. падтрымліваў перапіску з царом, а ў 1580 г. сустрэўся з маскоўскім паслом Нашчокіным, якому выдаў сакрэтныя звесткі. Пра сувязь Осціка з ворагам стала вядома дзякуючы яго пільнаму слузе; шляхціча арыштавалі, не зважаючы на прывілей neminem captivabimus. У ходзе следства высветлілася, што Осцік у дадатак падрабляў дакументы і манеты, а за кожнае з гэтых злачынстваў пагражала найвышэйшая мера пакарання. Абвінавачваны прызнаў сваю віну і быў прысуджаны да смерці, ганьбавання і канфіскацыі маёмасці; прысуд быў прыведзены ў выкананне 18 чэрвеня 1580 г. [78].

Марыя Лаўмяньская прызнала, што Осціка “павінны былі судзіць <…> выключна на вальным сойме”. Адступленне ад гэтай нормы яна тлумачыла пазіцыяй найбліжэйшых паплечнікаў Стафана Баторыя, якія, “кіруючыся меркаваннямі ўсеагульнай карысці, парушылі заканадаўства” [79]. Адам Літыньскі таксама падкрэслівае, што працэс вёўся з парушэннямі дзейнага заканадаўства; аналагічна глядзіць на гэты выпадак і Генрык Люлевіч [80]. Мар’ян Мікалайчык, падкрэсліваючы, што быў парушаны прывілей neminem captivabimus nisi iure victum, расцэньвае гэта як своеасаблівую неабходнасць:

“Па меры аслаблення Рэчы Паспалітай такія злачынствы рабіліся ўсё больш небяспечнымі для дзяржавы. Дык не дзіва, што на практыцы здараліся выпадкі адступлення ад прававых нормаў і прымянення арышту менавіта да палітычных злачынцаў” [81].

Прэцэдэнт 1580 г. можна, аднак, інтэрпрэтаваць і паіншаму. Варта ўлічыць, што праз тры гады пасля зацвярджэння другога Статута ВКЛ быў падпісаны акт Люблінскай уніі, 16-ы артыкул якога пастанаўляў: “Ніякіх іншых асобных соймаў каронных і літоўскіх з гэтага часу кароль Яго Мосць склікаць не будзе, а толькі заўсёды супольныя соймы тых абодвух народаў, як адзінага цэлага, у Польшчы склікаць будзе, там, дзе Яго Каралеўскай Мосці і радам каронным ды літоўскім гэта будзе найзручней” [82]. Тым самым акт Люблінскай уніі ўваходзіў у супярэчнасць з палажэннямі Статута: вымогу наконт судовых пасяджэнняў на соймах ВКЛ цяпер немагчыма было выканаць. Нельга было і, паводле аналогіі, прызнаць за вальным соймам усёй Рэчы Паспалітай права асуджэння літоўскіх злачынцаў: палажэнні Статута ВКЛ прадпісвалі судзіць іх на тэрыторыі Літвы. Такім чынам, выпадкі здрады і знявагі маястату, згодна з заканадаўствам, павінны былі разглядацца вялікім князем і панамі-радай таксама выключна на тэрыторыі ВКЛ. Для сучаснікаў гэта не выклікала сумненняў, пра што згадваў яшчэ ў 1585 г. ваявода віленскі Крыштаф Радзівіл, пішучы: “У той справе Осцікавай у свой час мы (паны-рада. – К. Л.) хутка згадзіліся з тым, каб яго пакараць” [83].

Суд у складзе вялікага князя і паноў-рады набыў форму не соймавага, а ваеннага суда, пра што сведчыць Рэйнхальд Гейдэнштэйн. “Паставілі яго [Рыгора Осціка. – К. Л.] перад судом, дзе доказы здрады і падробкі манет былі ўжо прыведзены; абаронца ягоны заявіў, што ніхто яго, згодна з правам, шляхце прыналежным, да адказу прымусіць не можа, бо пакуль яго законным спосабам не прыцягнуць да суда, датуль судзіць яго няможна.

Самыя розныя меркаванні гучалі. Былі тыя, хто не раіў парушаць прывілеі, дадзеныя шляхце, але многія іншыя <…> настойвалі на тым, каб яго не звычайным, а ваенным судом судзіць” [84]. У апошнім выпадку судовая працэдура выглядала іначай; у прыватнасці, ужывалася мера папярэдняга арышту. Зрэшты, як падкрэслілі працэсы Войціка і Гедройца, абвінавачваных у здрадзе зазвычай арыштоўвалі, што было зусім тыповым захадам у справах такога роду [85].

Справа Осціка была не адзінай, якая разглядалася ў той час; з часоў аблогі Пскова (1581) былі вядомы яшчэ тры працэсы супраць шляхцічаў, абвінавачаных у здрадзе, якая заключалася ва ўступленні ў кантакт з ворагам і спробах перайсці на яго бок. Першы выпадак адбыўся ў канцы чэрвеня, калі казакі на мяжы з Маскоўскай дзяржавай (у себежскім напрамку) злавілі Невянглоўскага, “які ехаў да маскавітаў уцячы і здацца ім”. У каралеўскі абоз здрадніка даставілі 4 ліпеня 1581 г., пасля чаго неадкладна было праведзена следства, у тым ліку допыт абвінавачванага, у час якога шляхціч прызнаў сваю віну: “Кажа, воля яго, чорт яго да гэтага прывёў” [86].

Ніхто не сумняваўся, што кара за такі ўчынак магла быць адна – смерць. Спрэчкі разгарэліся толькі вакол таго, які метад выбраць – пасадзіць на кол або чвартаваць (або іх камбінацыя). Імкнучыся змякчыць сваю долю, Невянглоўскі 6 ліпеня прыняў ад езуітаў каталіцызм і папрасіў пакараць яго менш вытанчанай і больш пачэснай карай – адсячэннем галавы мячом. Прысуду, аднак, не маглі выканаць, бо ў войску адсутнічаў кат і трэба было дачакацца яго прыезду. Нарэшце ў канцы ліпеня 1581 г. “таму здрадніку Невянглоўскаму адсеклі галаву, а потым чвартавалі, выпрасіў яму такую смерць Пасевін, бо спачатку яго або чвартаваць, або пасадзіць на кол хацелі” [87]. На жаль, невядома, якая кара была вызначана для жонкі і слугі; хутчэй за ўсё, аднак, як і ў справе Віктарына, іх таксама асудзілі на смерць.

Другі выпадак адбыўся ў ліпені, калі стараста вендэнскі Ёбст фон Фюрстэнберг злавіў Енджэя Маслоўскага [88]. Падазраваны таксама быў адразу ж арыштаваны, а пасля вобшуку ў яго знайшлі ліст маскоўскага ваяводы, зняволенага ў Гнеўскім замку на тэрыторыі Каралеўскай Прусіі. У лісце маскавіт рэкамендаваў Маслоўскага Івану Жахліваму як добрага слугу. 2 жніўня 1581 г. абвінавачванага даставілі ў вайсковы абоз, дзе канцлер Ян Замойскі дапытаў яго. Як і Невянглоўскі, Маслоўскі прызнаў сваю віну: “сказаў, што яго злы розум звёў; урэшце загадалі яго аддаць прафосу, чые слугі груба яго схапілі; [усе] чакаюць, што быць яму на калу… злітуйся, пане божа”, – пісаў з гэтай нагоды Ян Пятроўскі [89]. Фінал гэтай справы цьмяны; вядома толькі, што Маслоўскі вельмі доўга прабыў пад арыштам, прыкуты да воза прафоса. Прысуд, хутчэй за ўсё, быў вынесены 30 жніўня; відаць, гэта была смяротная кара, бо ніхто са шляхцічаў не заступіўся за абвінавачванага [90].

Пра трэці працэс вядома вельмі мала. З сакрэтнага ліста Яна Пудлоўскага да Яна Пятроўскага вынікае толькі, што пад канец ваенных дзеянняў, 29 снежня 1581 г., быў злоўлены царскі падданы, які намагаўся прабрацца ў Пскоў. “[Ён] паведаміў пану гетману, што яго таварыш адзін, ліцвін з роты пана Н., да князя Шуйскага з інструкцыямі паслаў”. Звяртае на сябе ўвагу спроба прыхаваць падзею: з меркаванняў асцярожнасці не называецца ні прозвішча гетмана, ні нават камандзір атрада, у якім служыў здраднік. Пудлоўскі падкрэслівае важныя для нас звесткі: “Злавілі таварыша і маскавіта пасадзілі”, – адсюль маем чарговы прыклад прымянення папярэдняга арышту ў дачыненні да асобы, абвінавачанай у здрадзе [91].

Калі абагульніць усе прааналізаваныя выпадкі здрады, можна зрабіць некалькі высноў:

1) папярэдні арышт, як правіла, ужываўся ў дачыненні да шляхцічаў, якіх падазравалі ў здрадзе, хоць нярэдка выдаваліся глейты, якія дазвалялі абвінавачваным знаходзіцца на волі да суда;

2) на фоне агульнай судовай практыкі прысуды здраднікам былі надзвычай суровыя, нярэдка ўжываліся спецыфічныя разнавіднасці смяротнай кары – саджэнне на кол і чвартаванне [92];

3) адказнасць за здраду ў роўнай меры неслі слугі, якія выконвалі злачынныя распараджэнні сваіх гаспадароў.

Звяртае на сябе ўвагу і падыход да пытання судовай юрысдыкцыі пры разборы выпадкаў здрады. Да 1588 г. грамадзяне як Літвы, так і Кароны маглі быць асуджаны па-за соймам, а ў час ваенных дзеянняў – нават не на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Прысуд выносіўся калегіяльна – каралём сумесна з панамі-радай. Статут ВКЛ 1588 г. наноў урэгуляваў гэтае пытанне ў арт. 4 першага раздзела, які гарантаваў шляхце, што “калі справа датычыцца ганьбавання ці пакарання смерцю <…> нідзе апрача як на Вялікім вальным сойме <…> караць загадваем” [93]. Аналагічная норма ў 1588 г. была ўведзена і ў Каралеўстве Польскім. Некаторыя адрозненні палягалі ў складзе суда: у ВКЛ судзіў манарх з сенатарамі, а ў Кароне ў склад судовай калегіі не ўваходзіў кароль (толькі калі гаворка ішла пра знявагу маястату – але калі разглядалася злачынства здрады, ён ужо прысутнічаў), затое ў працэсе ўдзельнічалі восем дэпутатаў, выбіраных з Пасольскай Ізбы [94].

* * *

Падсумоўваючы прыведзеныя разважанні, варта падкрэсліць дактрынальныя адрозненні, якія назіраліся ў юрыдычнай практыцы Каралеўства Польскага і ВКЛ. Так, у Каралеўстве Польскім з часоў асуджэння Станіслава Радванкоўскага сярод польскай шляхты панавала непрыхільнасць да ўжывання смяротнай кары (нават у дачыненні да здраднікаў). Намнога цяжэйшай карай лічылася інфамія – пазбаўленне гонару разам з канфіскацыяй маёмасці. У ВКЛ, дзе выпадкі здрады неслі куды большую пагрозу, ужывалася смяротная кара. Вялікую цікавасць уяўляюць у гэтым сэнсе фрагменты адказу Аўгусціна Ратундуса Станіславу Ажахоўскаму. Ажахоўскі падкрэсліваў вышэйшасць польскай шляхты, якая не здраджвала свайму манарху так часта, як гэта рабілі ліцвіны. Войт віленскі ў адказ запярэчваў, што “ўкожным грамадстве ёсць злыя між добрымі”, а таму “няхай нам Мусіля, Войціка і Віктарына Ажахоўскі не прыгадвае”, бо ўсіх здраднікаў караюць (“супраць гэтага выпала нам нібы божым наканаваннем працівіцца”), а таму пакаранне такіх асоб мае асаблівае значэнне, бо часткова здымае “грэх” з народа, з якога паходзіць здраднік [95].

Хацеў бы звярнуць увагу на розгалас, які выклікала ў асяроддзі польскай шляхты злаўленне Янам Замойскім у 1584 г. баніта Самуіла Збароўскага і яго абезгалоўліванне. Грамадскага асуджэння гэтага ўчынку не змяншаў нават той факт, што Збароўскі ў свой час зазнаў інфамію, а ў 1583 г. здзейсніў дзяржаўную здраду, атакаваўшы разам з казакамі Крымскае ханства, што магло прывесці да вайны [96]. У сваю чаргу, Крыштафа Збароўскага на соймавым судзе прызналі вінаватым у спробе замаху на жыццё караля і дзяржаўнай здрадзе (у час ваенных дзеянняў), аднак прысудзілі, як і Радванкоўскага, толькі да зганьбавання і баніцыі [97].

У гэтым кантэксце, параўноўваючы судовую практыку ў Каралеўстве Польскім і ВКЛ, варта прывесці выказванне Крыштафа Радзівіла, зробленае ім на сойме 1585 г.: “Рады буду пачуць тых, хто разумее польскае права, бо я яго не разумею, і мушу прызнацца, што законы тутэйшыя добра-такі адрозніваюцца ад нашых. Мы такога кожнага (здрадніка. – К. Л.), хто супраць радзімы сваёй з кім чужым змаўляецца, караем смерцю і ганьбаваннем; тут іначай, бо Граёўскі ўцёк, а яму за гэта нічога. А ў нас Віктарын за такі ўчынак быў чвартаваны, тое самае і Войцік” [98].

Злачынства здрады ў ВКЛ разглядалася асобна ад знявагі маястату як мінімум да 1529 г. У гэтым выпадку ўжывалася звычаёвае права, якое давала манарху магчымасць караць здраднікаў пазбаўленнем жыцця і маёмасці. Першы статут ВКЛ не быў у гэтым сэнсе пераломным, хоць ён урэгуляваў актуальнае тады пытанне пакарання перабежчыкаў, у першую чаргу працэдуру канфіскацыі іх маёмасці. У 1529–1566 г. пры разглядзе працэсаў здрады можна назіраць усё больш істотны ўплыў рымскага права і пашырэнне канцэпцыі crimen laesae maiestatis. Статут ВКЛ 1566 г. дазволіў упарадкаваць становішча і прадухіліць усё часцейшыя спробы вялікага князя адвольна інтэрпрэтаваць прагалы ў заканадаўстве. Хоць было ўведзена вельмі шырокае паняцце знявагі маястату (у якое была ўключана і дзяржаўная здрада [99]), у цэлым, як я лічу, улада вялікага князя была абмежавана. З гэтага моманту рымскае права адыгрывала толькі дапаможную ролю [100].

Статут ВКЛ 1588 г. унёс у гэтыя нормы толькі дробныя дапаўненні. Найбольшыя змены датычыліся санкцый у дачыненні да перабежчыкаў. Пачынаючы з панавання Жыгімонта III Вазы кожны мог такога ўцекача пераследаваць, арыштаваць і нават забіць без пастановы суда – што было запазычаннем з ваеннага права.

Ацэньваючы прааналізаваныя прававыя рашэнні, неабходна падкрэсліць уплыў, які яны зрабілі на фармаванне юрыдычнай культуры. Варта адзначыць, што падрыхтаваны ў 1811 г. праект заканадаўчай рэформы для Беластоцкай вобласці, які грунтаваўся на літоўскім, польскім, прускім і расійскім праве, у пунктах адносна здрады і абразы маястату капіяваў акурат нормы Статута ВКЛ 1588 г. [101].

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


[1] У гістарыяграфічным аспекце праблеме perduellio аддавалася не надта вялікая ўвага, больш вывучалася катэгорыя crimen laesae maiestatis. Падсумаванне даследаванняў, прысвечаных знявазе маястату, гл. у: Dyjakowska M. Crimen laesae maiestatis. Studium nad wpływami prawa rzymskiego w dawnej Polsce. Lublin, 2010. S. 243–254, дзе прыводзіцца спіс тэматычнай літаратуры, да якога варта дадаць працу Ю. А. Храсціцкага: Chrościcki J. A. “Crimen laesae maiestatis” // Podług nieba i zwyczaju polskiego. Studia z historii architektury, sztuki i kultury ofiarowane Adamowi iłobędzkiemu. Warszawa, 1988. S. 606 i n.
[2] Пры напісанні гэтага артыкула я карыстаўся наступнымі дакументальнымі крыніцамі: Pirmasis Lietuvos Statutas. T. II, d. 1: Tekstai senąja baltarusių, lotynų ir senąja lenkų kalbomis. Vilnius, 1991 (далей ISL); Pomniki Prawa Litewskiego z XVI wieku. T. I: Statut Litewski drugiej redakcji (1566) / wyd. F. Piekosiński. Kraków, 1900 (далей IISL); Statut Wielkiego Księstwa Litewskiego. Wilno, 1693 (далей III SL).
[3] Пар.: Augustyniak U. Potworne konspiracje, czyli problem zdrady w Rzeczypospolitej w czasach Wazów // Barok. 1994. № 1. S. 89–103; Kościelny R. Zdrajca, obcy, wróg w opinii polskiego baroku // CPH. 2002. № 54 (1). S. 317–335.
[4] Łopatecki K. Organizacja, prawo i dyscyplina w polskim i litewskim pospolitym ruszeniu (do połowy XVII wieku). Białystok, 2013; Ён жа. “Disciplina militaris” w wojskach Rzeczypospolitej do połowy XVII wieku. Białystok, 2012.
[5] У святле канстытуцыі 1601 г. прынясенне прысягі замежнаму манарху азначала здзяйсненне дзяржаўнай здрады: Volumina Legum. T. II / wyd. J. Ohryzko. Petersburg, 1859. S. 389.
[6] У XVIII ст. падрабязна прааналізаваў пытанне здрады на матэрыяле вайсковых артыкулаў, ухваленых на сойме 1609 г., тагачасны вайсковы аўдытар Самуіл Брадоўскі (Corpus Juris Militaris Polonicum. Elbląg, 1753. P. 58–72, 400–402).
[7] Artykuły dla puszkarzy, Lebiedziew 20 XI 1567 // Polskie ustawy i artykuły wojskowe od XV do XVIII wieku / oprac. S. Kutrzeba. Kraków, 1937. Art. 2. S. 139.
[8] Звяртае на сябе ўвагу ацэнка Тэадора Астроўскага, які адзначыў, што ў рымскім праве абодва злачынствы аб’ядноўваліся ў адно, а ў Каралеўстве Польскім “злачынства абражання маястату самой асобы манарха тычыцца, здрада ж – айчыны і мае на мэце падрыў ці звяржэнне ўрада”: Ostrowski T. Prawo cywilne albo szczegolne narodu polskiego. T. I. Warszawa, 1784. S. 293–303.
[9] Dyjakowska M. Crimen laesae maiestatis… S. 136–137; апроч таго, гл.: Taubenschlag R. Wpływy rzymsko-bizantyjskie w drugim Statucie litewskim. Lwów, 1933. S. 10 i n.; Bardach J. Statuty litewskie a prawo rzymskie. Warszawa, 1999. S. 122 i n.
[10] Plewczyński M. Wojny i wojskowość polska w XVI wieku. T. I: Lata 1500–1548. Zabrze, 2011. S. 170–180; Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmudzka i wszystkiej Rusi. T. II / wyd. M. Malinowski. Warszawa, 1846. S. 351.
[11] Za zdradę konfiskata opisana roku 1509 // Zbior praw litewskich od roku 1389 do roku 1529. Tudzież rozprawy sejmowe o tychże prawach od roku 1544 do roku 1563 / wyd. T. Działyński. Poznań, 1841. S. 114.
[12] Zygmunt I Stary poleca Andrzejowi Sanguszce, aby strzegł graniс przed Michałem Glińskim, który za Dniepr ma wysłać ludzi, celem zabrania żony, dzieci i skarbów, tak swoich, jako też innych zdrajców, Orsza 19 VII 1508 // Archiwum książąt Lubartowiczow Sanguszkow w Sławucie. T. III: 1432–1534 / wyd. B. Gorczak. Lwow, 1890. S. 60–61.
[13] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России. T. I: 1361–1598. С.-Петербург, 1863. № 49 (с. 37–38), 56 (с. 43–44), 60 (с. 47–48).
[14] Lityński A. Konfederacja i rokosz w polskim prawie karnym XVI– XVIII wieku // Studia Iuridica Silesianae 1977. № 2. S. 147, 150.
[15] Stryjkowski M. Kronika polska… S. 188.
[16] Цікавы выпадак канфіскацыі маёмасці Дрэмліка Ялюшковіча, які ў 1500 г. здзейсніў здраду, перабегшы ў Каралеўства Польскае, якое тады не знаходзілася ў персанальнай уніі з ВКЛ. Гл.: Акты Литовской метрики. Т. I. Вып. 2: 1499–1507 гг. / собранные Ф. И. Леонтович. Варшава, 1897. Док. 550, с. 64–65.
[17] Stryjkowski M. Kronika polska… S. 330; Bielski M. Kronika. T. II: Księga IV–V / wyd. K. J. Turowski. Sanok, 1856. S. 985. Пар.: Dyjakowska M. Crimen laesae maiestatis… S. 150–155.
[18] Гл., напрыклад, тэксты дагавораў паміж Казімірам Ягелончыкам і Ільёй I (1442 г.), а таксама Стэфанам II (1447 г.): Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. I. С.-Петербург, 1846. С. 53–54, 60–61.
[19] Тамсама. С. 336.
[20] Plewczyński M. Wojny i wojskowość polska… S. 180–192.
[21] Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. II: 1506–1544. С.-Петербург, 1848. № 92. С. 170–171; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 9 (1511–1518). Užrašymų knyga 9, parengė K. Pietkiewicz, Vilnius 2003, dok. 178, s. 156–157; Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 1 (1380–1584). Užrašymų knyga 1 / Parengė A. Baliulis, R. Firkovičius. Vilnius, 1998. Dok. 565. P. 117; пар.: Wolff J. Kniaziowie litewskoruscy od końca XIV wieku. Warszawa, 1895. S. 597–598.
[22] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 9 (1511–1518). Dok. 542. P. 299– 301; Pietkiewicz K. Metryka Litewska – księga wpisów za lata 1516–1518 // Lituano-Slavica Posnaniensia. 1995. № 6. S. 166.
[23] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 14 (1524–1529). Užrašymų knyga 14 / Parengė L. Karalius, D. Antanavičius. Vilnius, 2008. Dok. 820. P. 340.
[24] Stryjkowski M. Kronika polska… S. 190, 212, 373.
[25] Шырэй гл.: Łopatecki K. Zdrada Stanisława Radwankowskiego i jej wpływ na ukształtowanie przestępstwa poddania zamku // O prawie i jego dziejach księgi dwie. Studia ofiarowane Profesorowi Adamowi Lityńskiemu w czterdziestopięciolecie pracy naukowej i siedemdziesięciolecie urodzin. Ks. I / red. M. Mikołajczyk, J. Ciągwa, P. Fiedorczyk, A. Stawarska-Rippel, T. Adamczyk, A. Drogoń, W. Organiściak, K. Kuźmicz. Białystok – Katowice, 2010. S. 285–300.
[26] Rothmagistri ad bellum contra Alberum, Magistrum Cruciferorum in Prussia, scripti // Acta Tomiciana. T. V / wyd. T. Działyński. Poznań, 1855. S. 129.
[27] De Radwankowski, Rotmagistro, on proditionem in bello Prussiaco sententiis totius Conventus honore ac fama privato // Acta Tomiciana. T. VI / wyd. T. Działyński. Poznań, 1857. S. 12–14.
[28] Пра яго памяталі яшчэ ў 1585 г., калі на сесіі сойма Анджэй Апаліньскі згадваў, што Радванкоўскага судзіў не кароль, а “гетман ды з рыцарствам, бо я тое чытаўамаль перад выездам”. Гл.: Scriptores Rerum Polonicarum. T. XVIII: Dyaryusze sejmowe r. 1585 / wyd. A. Czuczyńki. Krakó, 1901. S. 212.
[29] Пар.: Łoziński B. Infamia. Studyum prawno-społeczne. Lwów, 1897. Увесь тэкст, найперш с. 98–99.
[30] De Radwankowski… S. 12–14; Hetman Florian Zebrzydowski o porządku wojennym / wyd. S. Bodniak // Przegląd HistorycznoWojskowy. 1931. № 2 (3). S. 302; Bielski M. Kronika. S. 1022.
[31] Orzechowski S. Wybór pism / oprac. J. Starnawski. Wrocław, 1972. S. 58.
[32] Górnicki Ł. O elekcyi, wolności, prawie i obyczajach polskich rozmowy Polaka z Włochem / wyd. K. J. Turowski. Sanok, 1855. S. 100–101. Аўтар дадае, што пасля вынясення прысуду аб ганьбаванні, «калі [Радванкоўскі] з памяшкання суда выходзіў, паж, які за ім корд насіў, кінуў яму яго пад ногі са словамі: “Ужо не варты, каб я табе прыслужваў”».
[33] Bielski M. Kronika. S. 1022. Пра суб’ектыўнасць гэтых сведчанняў піша Ігнацы Хшаноўскі: Chrzanowski I. Marcin Bielski: studium historyczno-literackie. Lwow – Warszawa, 1926. S. 123.
[34] У XVII ст. падзеі, звязаныя з Радванкоўскім, набываюць дадатковае значэнне, паколькі падаграюць ацэнку тых часоў праз прызму “залатога веку”, калі, маўляў, пазбаўленне гонару лічылася сапраўдным пакараннем, якое мела да таго ж выхаваўчыя функцыі. Пар.: Szujski J. Nieznany poemat satyryczny XVII wieku // Rozprawy i sprawozdania z posiedzeń Wydziału Historyczno-Filozoficznego Akademii Umiejętności. T. I. Kraków, 1874. S. 217; Nowak-Dłużewski J. Poemat satyrowy w literaturze polskiej w. XVI–XVII. Z dziejów inicjatywy artystycznej Jana Kochanowskiego. Warszawa, 1962. S. 115; Lubieniecki A. Poloneutychia / oprac. A. Linda, M. Maciejewska, J. Tazbir, Z. Zawadzki. Warszawa – Łódź, 1982. S. 104.
[35] Варта падкрэсліць, што першы трактат, прысвечаны злачынству знявагі маястату на землях ягелонаўскай манархіі, быў створаны яшчэ на пачатку панавання Жыгімонта Старога – у 1506–1510 г. Тады нараджэнец Іспаніі Гарсія Квадрас напісаў “Tractatus de crime laesae maiestatis”. Гл.: Uruszczak W. Zapomniany prawnik hiszpański Garsias Quadros z Sewilii // “Odrodzenie i Reformacja w Polsce”. 1977. № 22. S. 64 i n.
[36] Савченко Д. А. Литовский статут об “оскорблении величия” // Известия Уральского федерального университета. Сер. 2. 2014. № 1. С. 100–102.
[37] Dyjakowska M. Crimen laesae maiestatis… S. 17–112.
[38] А. Гаштольд да Ю. Радзівіла, без месца і даты // Archiwum Główne Akt Dawnych, Archiwum Radziwiłłów. XI. № 17. S. 28–29.
[39] Гл. прысуды, вынесеныя ў Святой Рымскай імперыі ў 1522–1534 г.: Corpus Juris Militaris. Bd. I / Hrsg. J. C. Lunig. Leipzig, 1723. S. 222– 234. Пар.: Sarnicki S. Księgi hetmańskie. Archiwum Główna Akt Dawnych, Archiwum Publiczne Potockich. 325. T. I. S. 283–287.
[40] А. Гаштольд да Ю. Радзівіла, Радунь, 23 ліпеня 1535 г. // Памятники истории Восточной Европы. Источники XV–XVII вв. Т. VI: Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки, первая половина XVI в. / сост. М. М. Кром. Москва – Варшава, 2002. С. 176.
[41] Biblioteka Książąt Czartoryskich w Krakowie. Rkps. 2893. S. 159.
[42] Так, у Ашмянскім павеце было зафіксавана некалькі такіх выпадкаў: “Андрэй і Вайцешка, якія сябе мянуюць Яновічы, спярша каня, якога павінны ставіць, не ставілі, гэта паведаміў Войцех Юрэвіч. Станіслаў Паповіч не выехаў, паведаміў Станіслаў Юрэвіч-Барада. Юхно Мартышэвіч пад Холхнам, а Анфор Пятровіч на вайне не былі. Паведаміў Ян Візгірд”. Biblioteka Książąt Czartoryskich w Krakowie. Rkps. 2893. S. 328.
[43] А. Гаштольд да Ю. Радзівіла, Радунь, 23 ліпеня 1535 г. // Радзивилловские акты… С. 175–176.
[44] Długosz J. Roczniki czyli Kroniki sławnego Królestwa Polskiego. Ks. 12: 1445–1461 / оprac. D. Turkowska z udziałem Cz. Pirożyńskiej, tłum. J.Mrukówna, red. J. Wyrozumski. Warszawa, 2004. S. 323– 324.
[45] IISL. S. 34–35.
[46] Dyjakowska M. Crimen laesae maiestatis… S. 133.
[47] Цікавыя формы абмежавальных мераў назіраліся ў працэсе супраць Рыгора Станіслававіча Осціка, абвінавачанага ў напісанні лістоў агрэсіўнага зместу да Альбрэхта Гаштольда і Яна Янавіча Забярэзінскага, у якіх ён пагражаў варожымі дзеяннямі. Па просьбе абвінавачванага, якому пагражаў папярэдні арышт, вялікі князь і паны-рада змянілі меру стрымання на “ручыцельства” і “клятву”, таму абвінавачваны мог перамяшчацца толькі з Вільні (меркаванае месца правядзення гаспадарскага суда) да свайго “судзярэўскага палаца”. Пасля чарговага перагляду справы Жыгімонт Стары скасаваў “клятву” і пакінуў “ручыцельства”: да суда Осцік не мог пакідаць ВКЛ, а вандраваць павінен быў выключна паміж сваімі маёнткамі. Гл.: Lietuvos Metrika. Knyga № 14 (1524–1529). Dok. 772 (Kraków 10 VII 1525). S. 317–318.
[48] Górnicki Ł. Dzieje w Koronie Polskiej / оprac. H. Barycz. Wrocław, 1950. S. 127; Baryczowa M. Augustyn Rotundus Mieleski, wójt wileński, pierwszy historyk i apologeta Litwy // Ateneum Wileńskie. 1935. № 10. S. 88.
[49] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 30– 33; Baryczowa M. Augustyn Rotundus Mieleski… S. 76–77.
[50] Orzechowski S. Polskie dialogi polityczne (Rozmowa około egzekucyjej i Quincunx) 1563–1564 / wyd. J. Łoś. Kraków, 1919. S. 202–203.
[51] Т. Плаза да М. Кромера, Кракаў, 20 жніўня 1563 г. // Starożytności historyczne polskie. T. II / wyd. A. Grabowski. Kraków, 1840. S. 444.
[52] Наконт гэтага значна пазней (у 1572 г.) выказаўся сам Іван Жахлівы, які запэўніваў, што на лісты Віктарына не адказваў. Гл.: Mowa Wielkiego Księcia Moskiewskiego Iwana Wasilewicza Groźnego, spisana przez gońca polskiego Teodora Woropaja Zienkiewicza // Jagiellonki polskie w XVI wieku. T. IV / wyd. A. Przeździecki. Kraków, 1868. S. 234–235.
[53] Górnicki Ł. Dzieje w Koronie… S. 128.
[54] Т. Плаза да М. Кромера, Кракаў, 20 жніўня 1563 г. // Starożytności historyczne… T. II. S. 443.
[55] Не ідэнтыфікуе гэтай постаці нават Генрык Барыч, выдавец твора Лукаша Гурніцкага “Гісторыя Кароны Польскай”: Górnicki Ł. Dzieje w Koronie… S. 154.
[56] Dubas-Urwanowicz E. O nowy kształt Rzeczypospolitej. Kryzys polityczny w państwie w latach 1576–1586. Warszawa, 2013. S. 139–140, 143–144.
[57] Т. Плаза да М. Кромера, Кракаў, 20 жніўня 1563 г. // Starożytności historyczne… T. II. S. 443.
[58] Boniecki A. Herbarz Polski. Cz. 1: Wiadomości historyczno-genealogiczne o rodach szlacheckich. T. VI. Warszawa, 1903. S. 16; пар.: Elementa ad fontium editiones. Vol. XXXIX: Documenta ex Archivo Regiomontano ad Poloniam spectantia. IX pars / еd. C. Lanckorońska. Romae, 1976. P. 204, 220.
[59] Górnicki Ł. Dzieje w Koronie… S. 115–117; Drozd Z. Miernicy w pomiarze włócznej w Wielkim Księstwie Litewskim w drugiej połowie XVI wieku // Lituano-Slavica Posnaniensia. 2008. № 13. S. 59.
[60] Bardach J. O dawnej… S. 30–33, 40.
[61] IISL. Art. 3–4. S. 2–4; IIISL. Art. 3–4. S. 3–5.
[62] Яшчэ Казімір Ягелончык у 1447 г. надаў літоўскім баярам прывілей на ад’езд з краіны і вандроўкі за мяжу. Але гэта, само сабой, не датычылася варожых дзяржаў. Гл.: Савченко Д. А. Литовский статут… С. 103.
[63] Lietuvos Metrika (1533–1535): 8-oji Teismų bylų knyga / Parengė I. Valikonytė, S. Lazutka. Vilnius, 1999. Dok. 347–350. P. 165; Lietuvos Metrika. Knyga №. 14 (1524–1529). Dok. 36, 820, 894. P. 89–90, 340, 386–387. Аналагічныя нормы прымяняліся ў Кароне, прыкладам можа служыць наданне Жыгімонтам Старым Яну Тарноўскаму 15 вёсак, канфіскаваных у здраднікаў, якія перайшлі на бок ваяводы малдаўскага (Пётркаў, 3 студзеня 1531 г.): Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. V: 1513–1547 / wyd. B. Gorczak. Lwów, 1897. S. 249–251.
[64] Падрабязней пра канфіскацыю шляхецкіх маёнткаў і іх размеркаванне вялікім князем гл.: Łopatecki K. Organizacja… S. 161 i n.
[65] ISL. Art. 2–4. S. 133–134. Характэрны ў гэтым сэнсе ўчынак князя Міхаіла Іванавіча Заслаўскага, які ў 1527 г. склаў тастамент, у якім усе свае ўладанні перадаваў пасля смерці Жыгімонту Старому. Такое рашэнне тлумачылася адсутнасцю нашчадкаў, “бо адзін з іх пакінуў гэты свет, а другі ў зямлю непрыяцельскую маскоўскую ўцёк”. Гл.: Lietuvos Metrika. Knyga №. 1 (1380–1584). Dok. 565. P. 117.
[66] IISL. Art. 6–7, 10. S. 5–8.
[67] Гл., напрыклад, ліст К. Радзівіла Перуна да сенатараў, замкавых і гарадскіх ураднікаў (Вільня, 22 чэрвеня 1600 г.): Российская национальная библиотека (С.-Петербург). Автографы Дубравскаго. 321/1, № 35. С. 1. У ім гетман паведамляе пра наём венгерскай, літоўскай і польскай пяхоты для вайны з Карлам IX Судэрманскім і патрабуе, каб усіх драбаў, якія будуць заўважаны па-за войскам і ў якіх не будзе пры сабе ротмістраўскага ліста, арыштоўвалі і дастаўлялі ў замкавыя суды, дзе судзілі б за здраду і каралі смерцю.
[68] Яшчэ ў 1581 г. Стафан Баторый надаў Балтазару Бекешу канфіскаваныя годам раней уладанні Рыгора Аскеркі: Księga batoriańska. Zbiór dokumentów ku uczczeniu 350-letniej rocznicy zgonu króla Stefana Batorego / оprac. R. Mienicki. Wilno, 1939. S. 21–24.
[69] Варта, аднак, дадаць, што на тэрыторыі Інфлянтаў сярод землеўладальнікаў да канца XVI ст. дамінавалі ленныя наданні, тады як поўнае права ўласнасці фігуравала рэдка. Праўда, пасля пераходу гэтых земляў пад юрысдыкцыю Рэчы Паспалітай доля другога варыянта расла. Гл.: Jeziorski P. Właściciele majątków ziemskich na terenie Inflant Polskich u schyłku XVI wieku // Stan badań nad wielokulturowym dziedzictwem dawnej Rzeczypospolitej. T. III: Inflanty Polskie / red. W. Walczak, K. Łopatecki. Białystok, 2012. S. 57–59.
[70] Российская национальная библиотека (С.-Петербург). Автографы Дубравскаго. 321/1, № 121 (с. 1), 123 (с. 1), 124 (с. 2). Апрача таго, прадстаўнікі войска, уносячы прапановы на галоўны соймік, скліканы ў Слоніме (на 23–26 красавіка 1607 г.), пісалі: “Што да вымаракаў па здрадніках, дык няхай навечна раздаюцца”: Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. II: Okresy panowań królów elekcyjnych XVI–XVII wiek / оprac. H. Lulewicz. Warszawa, 2009. S. 168.
[71] Гл.: Łopatecki K. Przestępstwo ucieczki z pola bitwy w Rzeczypospolitej szlacheckiej – z badań nad karą śmierci wymierzaną w trybie pozasądowym // Culpa et poena. Z dziejów prawa karnego / red. M. Mikuła. Kraków, 2009. S. 189–204.
[72] IIISL. Art. 6–8. S. 6–8.
[73] Напрыклад, ротмістр Марцін Яцыніч прасіў палявога гетмана Рамана Сангушку падказаць, што ён павінен рабіць з падданымі Сакаленскіх, якія перайшлі на бок Расіі – пастаўлялі непрыяцелю правіянт і шпіёнілі за літоўскімі войскамі: Archiwum książąt Lubartowiczow Sanguszkow w Sławucie. T. VII: 1554– 1572 / wyd. Z. L. Radzimiński. Lwów, 1910. S. 190–191.
[74] Volumina Legum. T. II. S. 255, 376.
[75] Volumnia Constitutionum. T. II. Vol. 2: 1587–1609 / oprac. S. Grodziski. Warszawa, 2008. S. 272.
[76] Regestr piechothny Węgrow i Polaków // Svenska Riksarkivet (Stockholm). Militaria. 1282. Непранумараваныя карты; пар.: Oversikt over infanteriet i Livland och Sverige 1601 // Sveriges Krig 1611–1632. Bd. I: Danska och Ryska Krigen. Stockholm, 1936. S. 577; Wimmer J. Historia piechoty polskiej do roku 1864. Warszawa, 1978. S. 153.
[77] IISL. Art. 4. S. 4.
[78] Heidenstein R. De Bello Moscovitico quod Stephanus Rex Poloniae gessit Commentariorum Libri VI. Basileae, 1588. P. 67– 68; Stryjkowski M. Kronika polska… S. 432; Łowmiańska M. Hrehory Ościk i jego zdrada w roku 1580 // Księga pamiątkowa Koła Historyków Słuchaczy Uniwersytetu Stefana Batorego w Wilnie: 1923–1933. Z. 3. Wilno, 1933. S. 32–51; Lityński A. Przestępstwa polityczne w polskim prawie karnym XVI–XVIII wieku. Katowice, 1976. S. 60.
[79] Łowmiańska M. Hrehory Ościk… S. 48.
[80] Lityński A. Przestępstwa polityczne… S. 60; Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569–1588. Warszawa, 2002. S. 332.
[81] Mikołajczyk M. Tymczasowe aresztowanie w polskiej myśli prawniczej XVI–XVIII wieku // Studia Iuridica Silesiana. 1986. № 11. S. 112–113.
[82] Пар.: Kutrzeba S. Unia Polski z Litwą // Polska i Litwa w dziejowym stosunku. Warszawa – Lublin – Łódź – Kraków, 1914. S. 638.
[83] Scriptores Rerum Polonicarum. T. XVIII. S. 183.
[84] Heidenstein R. Dzieje polski od śmierci Zygmunta Augusta do roku 1594. T. II / tłum. M. Gliszczyński, wyd. W. Spasowicz. Petersburg, 1857. S. 5; пар.: Ён жа. De Bello Moscovitico. P. 67–68.
[85] У 1544 г., пасля просьбы паслоў сойма не пазбаўляць шляхту свабоды без прыгавору суда, манарх рашуча падтрымаў гэтае пажаданне, якое грунтавалася на Статуце ВКЛ 1529 г., і не дапускаў адступлення ад правілаў. Гл.: Русская историческая библиотека. Т. XXX: Литовская метрика. Отд. 1–2. Ч. 3 (Книги публичных дел). Т. I / ред. И. И. Лаппо. Юрьев, 1914. С. 124.
[86] Российская национальная библиотека (С.-Петербург). Pol F. IV, 165. К. 181; Piotrowski J. Dziennik wyprawy Stefana Batorego pod Psków / wyd. A. Czuczyński. Kraków, 1894. S. 13; Дневник последнего похода Стефана Батория на Россию (осада Пскова) и дипломатическая переписка того времени, относящаяся главным образом к заключению Запольского мира (1581–1582 гг.) / изд. М. Коялович. С.-Петербург, 1867. С. 20–21.
[87] Российская национальная библиотека (С.-Петербург). Pol F. IV, 165. К. 176в, 181–181в, 187; Piotrowski J. Dziennik wyprawy… S. 13–14, 22; Дневник последнего похода… С. 21–22, 27, 248.
[88] Российская национальная библиотека (С.-Петербург). Pol F. IV, 165. К. 215–215в; Piotrowski J. Dziennik wyprawy… S. 42– 43; пар.: Urzędnicy inflanccy XVI–XVIII wieku. Spisy / oprac. K. Mikulski, A. Rachuba. Kórnik, 1994. S. 40. Пра абавязак старастаў пільнаваць прыгранічча з Маскоўскай дзяржавай гл. у: Artykuły pana Jana Zborowskiego kasztelana gnieźnieńskiego hetmana polnego ziemie inflanckiej // Российская национальная библиотека (С.-Петербург). Автографы Дубравскаго. 321/1, № 152. Арт. 1–3. К. 2–2в.
[89] Российская национальная библиотека (С.-Петербург). Pol F. IV, 165. К. 215в; Piotrowski J. Dziennik wyprawy… S. 43; Дневник последнего похода… С. 43.
[90] Piotrowski J. Dziennik wyprawy… S. 56, 68; Дневник последнего похода… С. 58, 68.
[91] Diariusz oblężenia Pskowa / оprac. J. Urwanowicz // Zeszyt Naukowy Muzeum Wojska. 1996. № 10. S. 162.
[92] Пар.: Organiściak W. Kara śmierci w prawie wojskowym Rzeczypospolitej szlacheckiej od XVI do XVIII wieku // “Problemy Prawa Karnego”. 1994. № 20. S. 79–91. Характэрна, што злачынства здрады ставілася на адну дошку з бунтам слугі супраць пана. Згодна са Статутам ВКЛ 1588 г., “такога трэба сурова смерцю караць, як здрадніка, чвартаваннем”: IIISL. Rozdz. XI. Art. 9. S. 325.
[93] IIISL. Art. 4. S. 4–5.
[94] IIISL. Art. 2–4. S. 2–4; Volumina Legum. T. II. S. 251–252; Lityński A. Przestępstwa polityczne… S. 55–59; Zdrójkowski Z. Teodor Ostrowski (1750–1802). Pisarz dawnego polskiego prawa sądowego. Warszawa, 1956. S. 121.
[95] Rozmowa Polaka z Litwinem (1564) / wyd. J. Korzeniowski. Kraków, 1890. S. 47; пар.: Orzechowski S. Polskie dialogi polityczne… S. 202–203.
[96] Dubas-Urwanowicz E. O nowy kształt Rzeczypospolitej… S. 114 i n.
[97] Тамсама. С. 146.
[98] Scriptores Rerum Polonicarum. T. XVIII. S. 183.
[99] Варта звярнуць увагу на аналогію з эвалюцыяй польскай юрыдычнай сістэмы, пра якую піша Рафал Таўбеншляг (Prawo karne polskiego średniowiecza. Lwów, 1934. S. 87 i n.). Ён мяркуе, што ў Каралеўстве Польскім у XV ст. існавала асобнае злачынства здрады, якое затым было атаясамлена з абражаннем маястату. У ВКЛ сітуацыя была ідэнтычнай, з той толькі розніцай, што ў выніку Львоўскага рокашу (1537 г.) у Польшчы ў 1539 г. была прынята канстытуцыя, згодна з якой дзве формы злачынства зноў пачалі разглядацца асобна.
[100] Dyjakowska M. Crimen laesae maiestatis… S. 226–233.
[101] Projekt prawa prowincjonalnego dla Obwodu Białostockiego od “Komitetu dla porównania praw koronnych z litewskiem” wyznaczonego ułożony // Biblioteka PANiPAU. Sygn. 1474. Tytuł X części III “O nieuszanowaniu monarchy i obrażeniu majestatu, zdradzie najwyższej”. § 848–857. K. 149–152v.

Наверх

Tags: