Мічыхіра Ясуі. Беларусы і яўрэі ў парламенце Польшчы ў 1922–1927 г. Супрацоўніцтва і разыходжанні паміж тэрытарыяльнымі і экстэрытарыяльнымі меншасцямі
Мэта гэтай працы – паказаць узаемаадносіны паміж беларусамі і яўрэямі ў парламенце міжваеннай Польшчы першага склікання (1922–1927). Нягледзячы на існаванне пэўнай літаратуры, прысвечанай Беларускаму пасольскаму клубу [1], – а ў выпадку Яўрэйскага парламенцкага кола (далей – Яўрэйскае кола) літаратуры нават даволі багатай [2], – гісторыкі мала ўвагі аддавалі ўзаемаадносінам паміж дзвюма названымі фракцыямі [3]. У гэтым артыкуле праз параўнанне дзейнасці Беларускага пасольскага клуба і Яўрэйскага кола я хацеў бы адлюстраваць спецыфіку стасункаў паміж прадстаўніцтвамі “тэрытарыяльных” і “экстэрытарыяльных” нацыянальных меншасцяў.
Першыя ўсеагульныя выбары ў Сейм і Сенат пасля зацвярджэння дзяржаўных межаў Польшчы – іх канчатковае міжнароднае прызнанне адбылося ў сакавіку 1923 г. – прайшлі ў лістападзе 1922 г. Выбары гэтыя адбываліся ў вельмі значнай ступені пад знакам міжнацыянальных канфліктаў, бо нацыянальныя меншасці складалі каля траціны ўсяго насельніцтва тагачаснай польскай дзяржавы. Апрача таго, выбарчае заканадаўства было распрацавана пад уплывам правых палітычных сіл, якія імкнуліся як мага больш абмежаваць прадстаўніцтва нацыянальных меншасцяў у парламенце. Склад парламента быў вызначаны ў колькасці 444 дэпутатаў, 372 з якіх выбіраліся паводле акруговых партыйных спісаў. У сваю чаргу, 72 мандаты, зарэзерваваныя для прэтэндэнтаў з агульнанацыянальных спісаў, дзяліліся толькі паміж тымі партыямі, якія па акруговых спісах правялі сваіх дэпутатаў як мінімум у шасці выбарчых акругах [4]. Меркавалася, што такі парадак дапаможа значна абмежаваць колькасць дэпутатаў, выбраных ад нацыянальных меншасцяў. Васіль Рагуля, адзін з палітычных лідараў беларускага насельніцтва, так успамінаў пра расчараванні і трывогі прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, звязаныя з выбарамі: «Гэтая выбарчая хітрыка была накіравана галоўным чынам супроць нацыянальных меншасцяў, з якіх ні адна, не вылучаючы і ўкраінцаў (Галіччына выбары байкатавала), не магла прыняць удзелу ў дзяльбе таму, што ні Валынь з Падляшшам i ні адна меншасць не маглі правесці дэпутатаў у 5-ёх (правільна “ў6”. – М. Я.) акругах» [5].
У такіх умовах лідары нацыянальных меншасцяў вырашылі скласці супольны выбарчы спіс. Аўтарам гэтай ідэі быў нямецкі дэпутат Устаноўчага сейма з Памор’я Эрвін Гасбах, але ролю арганізатара ўзяў на сябе Іцхак Грынбаўм – лідар сіяністаў з тэрыторыі былога Каралеўства Польскага, таксама адзін з дэпутатаў Устаноўчага сейма. Ужо 14 жніўня 1922 г. у Варшаве па ініцыятыве беларусаў адбылася сустрэча прадстаўнікоў усіх меншасцяў [6], а 17 жніўня было падпісана пагадненне пра стварэнне Блока нацыянальных меншасцяў (БНМ). Да БНМ, апрача яўрэяў і немцаў, далучыліся ўкраінцы з тэрыторый, якія перад Першай сусветнай вайной уваходзілі ў склад Расійскай імперыі, беларусы і рускія.
Высветлілася, аднак, што ўдзельнікам БНМ па шэрагу пытанняў не так і лёгка паразумецца, паколькі існавалі значныя адрозненні ў поглядах і памкненнях паміж так званымі “тэрытарыяльнымі” і “экстэрытарыяльнымі” меншасцямі. Пра такую атмасферу ўспамінаў аўтар яўрэйскай адозвы за студзень 1928 г., калі БНМ зноў быў утвораны перад выбарамі ў Сейм і Сенат другога склікання: «Ніхто ў той час (у 1922 г. – М. Я.) не верыў, што ўкраінскі ці беларускі селянін, яўрэйскі гарадскі або местачковы купец ці рамеснік, нямецкі каланіст ці рабочы стануць галасаваць за адзін і той жа спіс. Паўставала пытанне – што можа ўсіх гэтых людзей аб’яднаць? Што можа схіліць іх да супольнага галасавання, прымусіць забыцца на ўсе культурныя, моўныя, эканамічныя і палітычныя адрозненні ды супярэчнасці?» [7].
У яўрэйскай прэсе пашыраліся чуткі пра наяўнасць у беларускай частцы выбарчых спісаў генерала Станіслава Булак-Балаховіча, войска якога пад час вайны з бальшавікамі практыкавала гвалт і забойствы ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва. У адказ на гэта беларускі камітэт пры БНМ выступіў з афіцыйным абвяржэннем [8]. Цікава, што гэты інцыдэнт аказаў, як падаецца, моцнае ўражанне на Апалінарыя Хартгласа, аднаго з лідараў сіяністаў былога Каралеўства Польскага, бо праз амаль 30 гадоў ён так пісаў у сваіх успамінах: «Здарылася так, што беларусы ўключылі ў наш спіс, яшчэ перад яго падачай, у якасці свайго кандыдата нейкага генерала Краснова. Потым мы высветлілі, што гэта быў ніякі не беларус, а “белы” рускі вядомы казацкіатаман (Пётр. – М. Я.) Красноў, які пад час Грамадзянскай вайны ў Расіі ўчыняў там яўрэйскія пагромы. Грынбаўм запатрабаваў неадкладна выключыць яго са спіса, і беларусы зрабілі гэта без аніякіх пратэстаў» [9]. Аднак тут аўтар, падаецца, проста блытае Краснова з Булак-Балаховічам.
Паводле сведчання Рагулі, украінцы і беларусы атрымалі сродкі на правядзенне выбарчай кампаніі ад немцаў і яўрэяў. “Беларусы i ўкраiнцы давалi свае галасы, – пісаў ён, – а немцы i жыды, апрача галасоў, давалi на выбары i грошы” [10]. Гэта пацвярджае пратакол паседжання БНМ ад 5 верасня 1922 г., які захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў Львове [11]. Цікава, што немцы і яўрэі без вялікага энтузіязму рэагавалі на фінансавыя просьбы з боку славянскіх меншасцяў і не выдзялялі грошай без канкрэтных абгрунтаванняў. Абрагам Трускер, старшыня Асацыяцыі купецкіх саюзаў і адзін з яўрэйскіх дэлегатаў, заявіў на згаданым паседжанні: “Мы не можам даць усіх грошай за адзін раз, дый вы не патраціце іх за адзін дзень. Мы свае абавязацельствы выконваем, і вы можаце разлічваць на гэта” [12].
Палітычныя і сацыяльныя рознагалоссі існавалі не толькі паміж нацыянальнымі меншасцямі, якія ўвайшлі ў склад БНМ. Кожная меншасць сама па сабе вызначалася значнай палярызацыяй. У выпадку яўрэяў такія левыя партыі, як Бунд і Паалей-Цыён, устрымаліся ад уступлення ў БНМ. Затое ў ліку тых яўрэйскіх груповак, якія далучыліся да блока, апынуліся сіяністы (“агульныя сіяністы”), мізрахісты (рэлігійныя сіяністы), члены “Гітахдута” (Hitachduth – сіяністы памяркоўна сацыялістычнай накіраванасці), агудоўцы (члены артадаксальнай партыі “Агудат Ісраэль” – “Саюз Ізраіля”) і “народнікі” або “фалькісты” (члены Яўрэйскай народнай партыі). Гэтыя апошнія, аднак, з-за спрэчак адносна падзелу мандатаў урэшце выйшлі з блока. Апрача таго, крытычнае стаўленне да БНМ захоўвалі сіяністы Усходняй Галіччыны на чале з Леанам Райхам, якія разам з іншымі яўрэйскімі партыямі гэтага рэгіёна ўтварылі свой уласны аб’яднаны нацыянальны спіс. Затое сярод беларусаў, што ўвайшлі ў склад БНМ, былі прадстаўлены ўсе беларускія палітычныя арганізацыі – ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі да сацыял-дэмакратаў, але пераважалі ўсё ж тыя плыні, якія ў сваёй ідэалогіі апелявалі да сацыялізму.
Выбары ў Сейм і Сенат Польскай Рэспублікі, што праходзілі 6 і 12 лістапада, прынеслі сур’ёзны поспех спісу № 16 (БНМ), які атрымаў 66 мандатаў у Сейме (у тым ліку 11 паводле агульнанацыянальнага спіса) і 23 мандаты ў Сенаце (4 паводле агульнанацыянальнага спіса). Таксама гэтыя выбары – у першую чаргу дзякуючы іх байкоту большасцю ўкраінскага насельніцтва Усходняй Галіччыны – прынеслі “грандыёзную, безумоўную перамогу” спісу № 17 (Камітэт аб’яднаных нацыянальных яўрэйскіх партый). Гэты спіс атрымаў 15 дэпутацкіх і 4 сенатарскія месцы. Вось чаму апалагет Пілсудскага гісторык Уладыслаў Побуг-Маліноўскі ацэньваў вынікі выбараў у паўночнаўсходніх акругах наступным чынам: “Вынік выбараў на крэсах быў польскай дзяржаўнай паразай” [13]. Пры гэтым варта прыгадаць, што прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў, у прыватнасці яўрэйскай, не былі задаволеныя вынікамі ў гэтых акругах. На пленарным паседжанні Цэнтральнага выбарчага камітэта БНМ, якое прайшло 16 лістапада – адразу ж пасля выбараў у Сенат, Грынбаўм заявіў: “У Пінску мы пацярпелі паражэнне выключна з-за таго, што беларусы мелі там мізэрны ўплыў і не здолелі гэтага ўплыву павялічыць у перадвыбарчы перыяд. <…> Пацярпелі паражэнне мы на Гродзеншчыне, у Востраве, Ломжы, Лідзе – усюды праз недахоп арганізацыі ў беларусаў” [14].
Дэпутатамі Сейма сталі 35 яўрэйскіх, 25 украінскіх, 17 нямецкіх, 11 беларускіх і 1 рускі кандыдат, а сенатарамі – 12 яўрэйскіх, 6 украінскіх, 5 нямецкіх, 3 беларускія і 1 рускі кандыдат. Яўрэі ў парламенце – за выключэннем Ноаха Прылуцкага, які прадстаўляў фалькістаў, – згуртаваліся ў г. зв. Яўрэйскае кола, дзе адразу ж разгарнулася вострая барацьба за лідарства паміж Грынбаўмам (лідарам сіяністаў з колішняга Каралеўства Польскага) і Райхам (лідарам сіяністаў Усходняй Галіччыны). На працягу ўсяго перыяду, які мы разглядаем, спрэчкі паміж гэтымі двума палітыкамі не спыняліся.
Беларусы ўтварылі Беларускі пасольскі клуб, які ўзначаліў Браніслаў Тарашкевіч. Бернард Зінгер – яўрэйскі журналіст, вядомы сваімі парламенцкімі рэпартажамі, – так пісаў пра гэтага дзеяча: «Ніхто не ведаў украінскіх дэпутатаў з Валыні. Навічкамі былі беларускія дэпутаты [Васіль] Рагуля, [Міхаіл] Кахановіч, [Фабіян] Ярэміч. <…> Ва ўсёй гэтай грамадзе вельмі хутка асвоіўся дэпутат Тарашкевіч. Ён адразу займеў знаёмых, сяброў, прыяцеляў. Да яго добра ставіліся левыя дэпутаты, прадстаўнікі ўрада, афіцэры. Менавіта на яго з самага пачатку паклалі вока левыя. Праўда, ён называў сябе беларусам, хоць і быў католікам. Зрэшты, беларуская нацыянальнасць лічылася выдумкай рэвалюцыі 1905 года. Левыя карысталіся гэтым тэрмінам выключна з палітычных меркаванняў. Але Тарашкевіча яны лічылі сваім чалавекам, які выпадкова звязаўся з “блокам” (БМН. – М. Я.). Яшчэ ў Пецярбургскім універсітэце ён выступаў за незалежнасць Польшчы, у Кракаве займаўся рэпетытарствам у багатых палякаў, на Віленшчыне выкладаў польскую мову русіфікаваным памешчыкам. З нядаўняга ж часу ён кіраваў беларускім рухам антысавецкай скіраванасці і меў вольны доступ у Бельведэр, знаўся з [Аляксандрам] Прыстарам» [15].
На згаданым паседжанні Грынбаўм прапанаваў утварыць Пагаджальную камісію фракцый нацыянальных меншасцяў, у склад якой “меліся ўвайсці ад кожнай фракцыі па адным прадстаўніку кожнага кірунку”. Ад імя арганізатара БНМ ён даводзіў: “Хоць блок насіў выключна тэхнічны характар і меў на мэце часткова кампенсаваць несправядлівасць, учыненую ў адносінах да нацыянальных меншасцяў прыняццем штучна перакручанага выбарчага заканадаўства, усё ж існуе нямала спраў, якія ў роўнай ступені закранаюць інтарэсы ўсіх меншасцяў, што ўваходзяць у склад блока. Гэта і абранне прэзідэнта краіны, і вылучэнне прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў у прэзідыум Сейма і Сената, і ўплыў на фарміраванне будучага ўрада. З’яўляючыся другой па велічыні групоўкай пасля Хрысціянскага саюза народнага адзінства (ХСНА, кааліцыя правых. – М. Я.), мы маем у сваім распараджэнні (разам з яўрэямі Усходняй Галіччыны) 87– 88 дэпутатаў і 25–26 сенатараў. Такім чынам, мы можам на згаданыя справы аказаць адпаведны ўплыў. <…> Кожная нацыянальнасць утворыць у Сейме асобную фракцыю, будзе ажыццяўляць сваю ўласную палітыку, якая будзе адпавядаць яе патрэбам, жаданням і інтарэсам. Але застаецца яшчэ вялікі кавалак дарогі, які ўсе фракцыі нацыянальных меншасцяў мусяць прайсці разам. Нацыянальны прыгнёт прымусіў нас аб’яднацца ўблок. Гэта было неабходнасцю. Такой жа неабходнасцю будзе і каардынацыя дзейнасці дэпутацкіх і сенатарскіх фракцый у цэлым шэрагу пытанняў” [16].
Прадстаўнікі славянскіх меншасцяў паставіліся да такой прапановы насцярожана. Фабіян Ярэміч, адзін з беларускіх дзеячаў умерана сацыял-дэмакратычных поглядаў, заявіў “ад сябе асабіста, што беларусы заўсёды ўлічвалі тую акалічнасць, што тэхнічны блок, утвораны выключна ў выбарчых мэтах, пацягне за сабой далейшыя вынікі. Прапанову пана Грынбаўма, у прынцыпе, можна абмяркоўваць. Прысутныя на паседжанні беларускія прадстаўнікі, аднак, не маюць паўнамоцтваў для канчатковага вырашэння гэтага пытання”. Адносна наступнай прапановы Грынбаўма пра неадкладнае ўтварэнне Пагаджальнай камісіі і абвяшчэнне пра гэта ў прэсе Ярэміч выступіў з пярэчаннем. Ён запытаўся, ці не станецца так, што «заўчаснае абвяшчэнне пра ўтварэнне Пагаджальнай камісіі падштурхне Вітаса (лідара Польскай народнай партыі “Пяст”. – М. Я.) заключыць пагадненне з [Казімірам] Лютаслаўскім [прадстаўніком Народна-нацыянальнага саюза (ННС). – М. Я.]?» [17]
Як вядома, Пагаджальная камісія фракцый нацыянальных меншасцяў урэшце так і не была створана. На першым паседжанні Яўрэйскага кола, паводле сведчання міжваеннага даследчыка Аляксандра Гафткі, Грынбаўм прапанаваў канцэпцыю супрацоўніцтва з іншымі меншасцямі, у адпаведнасці з якой БНМ выступаў бы “ў якасці цэнтральнага палітычнага інстытута, які будзе займацца ўсімі пытаннямі меншасцяў і да якога зацікаўленыя будуць звяртацца па ўсіх справах, звязаных з нацыянальнымі меншасцямі” [18]. Але гэтая прапанова была адхілена большасцю членаў яўрэйскай фракцыі.
У ходзе выбараў прэзідэнта нацыянальныя меншасці галасавалі салідарна. 9 снежня 1922 г. сабраўся Нацыянальны сход. На ім было вылучана пяць кандыдатур на пасаду прэзідэнта Польскай Рэспублікі, у тым ліку ад імя нацыянальных меншасцяў – знакаміты мовазнавец Ян Бадуэн дэ Куртэнэ. Праз год Бадуэн дэ Куртэнэ прызнаў, што ініцыятыва яго вылучэння “паходзіла зусім не ад яўрэяў, а выключна ад беларусаў і ўкраінцаў” [19]. Аднак ягоная кандыдатура была толькі намінальнай. Як вядома, зусім нечакана прэзідэнтам быў абраны Габрыэль Нарутовіч – кандыдат ад Польскай народнай партыі “Вызваленне”, якога таксама падтрымалі дэпутаты і сенатары ад нацыянальных меншасцяў. Добра вядома і тое, якія трагічныя падзеі адбыліся ў сталіцы пасля гэтых выбараў; урэшце ўсё скончылася забойствам першага прэзідэнта Польскай Рэспублікі.
У Сейме і Сенаце фракцыі нацыянальных меншасцяў праводзілі самастойную палітыку. Беларускае прадстаўніцтва шчыльна супрацоўнічала з украінцамі і мела з імі супольную праграму, сярод асноўных пунктаў якой былі патрабаванні тэрытарыяльнай аўтаноміі, ліквідацыі асадніцтва, правядзення аграрнай рэформы і г. д. Трэба, аднак, прыгадаць, што ў выніку рэпрэсій – арыштаў, пазбаўлення мандатаў з-за адсутнасці польскага грамадзянства, а таксама вымушанай эміграцыі, каб пазбегнуць падобнага лёсу, – колькасць беларускіх дэпутатаў не была пастаяннай [20]. Яшчэ перад пачаткам працы Сейма і Сената першага склікання Грынбаўм прадказваў, што польскі ўрад будзе імкнуцца “пасварыць нацыянальныя меншасці, што ўвайшлі ў склад блока”. “Яны (палякі. – М. Я.) будуць намагацца ўбіць клін паміж тэрытарыяльнымі (украінцамі і беларусамі) і нетэрытарыяльнымі (яўрэямі і немцамі) нацыянальнасцямі. Мы павінны своечасова прадухіліць гэта” [21]. Гэтае прадказанне хутка спраўдзілася.
16 студзеня 1923 г. у праграмнай прамове ў Сейме старшыня Рады Міністраў Уладыслаў Сікорскі звярнуў увагу на пытанне нацыянальных меншасцяў, што было прыхільна сустрэта ўкраінцамі і беларусамі. Затое да яўрэяў у гэтай жа прамове Сікорскі выказаў прэтэнзіі, заявіўшы, што “яўрэйская меншасць на падставе згаданых прынцыпаў, зразумела, чакае, што добраахвотна нададзеныя ёй Польшчай правы будуць забяспечаны ўрадам.
Тут, аднак, варта выказаць перасцярогу. Надта ж часта яўрэйскі бок абарону сваіх законных інтарэсаў ператварае ў барацьбу за прывілеі. Некаторыя органы міжнароднай прэсы вельмі паспешліва выступаюць з абвінавачаннямі, у якіх роўнасць, што пануе ў Польшчы, называюць прыгнётам” [22]. Украінцы і беларусы пад час галасавання падтрымалі ўрад вотумам даверу. У сваю чаргу, яўрэйскія дэпутаты разам з правымі галасавалі супраць урада. Немцы галасаванне праігнаравалі. Юліюш Вурзель, яўрэйскі журналіст і сенатар, падкрэсліў: “Сярод фракцый нацыянальных меншасцяў адразу ж разабраліся ў сітуацыі толькі яўрэйскія дэпутаты. <…> У аб’яднаннях украінскіх, беларускіх і нямецкіх дэпутатаў запанавала, як сведчыць вынік галасавання, поўная дэзарыентацыя” [23].
Парламентарыі ад нацыянальных меншасцяў у многіх пытаннях выступалі скаардынавана. Напрыклад, пры разглядзе пытання пра ўвядзенне Numerus Clausus (колькасных квот на прыём яўрэяў у ВНУ) украінцы, беларусы і немцы поруч з яўрэямі выказваліся супраць гэтай меры, прапанаванай кааліцыйным урадам Вінцэнта Вітаса (г. зв. урад ХСНА / “Пяста”), які ў пытаннях нацыянальных меншасцяў не хаваў сваёй яўна нацыяналістычнай пазіцыі. Так, Антон Аўсянік, дэпутат і тагачасны сакратар Беларускага пасольскага клуба, разважаючы пра згаданую праблему ў шырэйшым кантэксце, у газетным інтэрв’ю сказаў: “Гэта згубная мера не толькі для яўрэяў, але і для іншых меншасцяў, да якіх належым і мы, беларусы. Калі беларускую моладзь не будуць прымаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, яна будзе ўцякаць, як і цяпер робіць, у Прагу і Берлін, а можа, нават і ў Мінск, дзе ёсць політэхнічны інстытут. Мы гэтага не хочам, і таму будзем да канца змагацца супраць увядзення Numerus Clausus” [24].
Тут варта адзначыць, што палітыкі ад нацыянальных меншасцяў у парламенце выказваліся не толькі па вузканацыянальных, але і па агульнадзяржаўных пытаннях. У камісіях і на пленарных паседжаннях яны выступалі з прамовамі, уносілі прапановы і рабілі дэпутацкія запыты. Можна з упэўненасцю казаць, што ўсе прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў не ставілі пад сумненне неабходнасць падтрымкі парламенцкай дэмакратыі і недапушчэння любых спробаў яе аслаблення, бачачы ў гэтым заруку абароны сваіх нацыянальных меншасцяў ад прыгнёту і забеспячэння іх правоў.
Эканамічная забастоўка, якая выбухнула ў лістападзе 1923 г., пасля грубага ўмяшання ўрада Вітаса перарасла ў палітычны страйк. Польская сацыялістычная партыя (ППС) абвясціла агульнанацыянальную забастоўку, пасля чаго ўрад загадаў задушыць усе выступленні з дапамогаю паліцыі і войска, што прывяло да крывавага канфлікту. Гэтыя падзеі адгукнуліся бурлівым рэхам у Сейме. 30 лістапада 1923 г. была ўхвалена прапанова камісіі па рэгламенце пазбавіць судовай недатыкальнасці дэпутатаў ад ППС Эміля Баброўскага і Яна Станчыка, якіх абвінавачвалі ва ўдзеле ў хваляваннях у Кракаве. Адольф Зільберштэйн, член Яўрэйскага кола і адзіны дэпутат ад нацыянальных меншасцяў, які выступаў у той дзень у дэбатах, заявіў, што “таксама і дэпутацкая недатыкальнасць – гэта выключна ўнутраная справа парламента, а не нешта, што рэгулюецца пастановамі ўрада. Ніводзін урад не мае права ўмешвацца ў тое, павінен быць выдадзены дэпутат ці не, бо аўтаномія парламента стаіць па-над урадам. <…> Бо парламентарызм – гэта адна з найважнейшых заваёваў дэмакратыі, вось чаму мы пратэстуем і мусім даць адпор дзеянням урада, накіраваным на тое, каб прымусіць фракцыі (праўрадавай. – М. Я.) большасці прагаласаваць у гэтым пытанні насуперак сваім перакананням. <…> А паколькі мы ставім прэстыж парламента вышэй за прэстыж урада, то супрацьпастаўляем дрэнна зразуметаму прэстыжу ўрада прэстыж парламента. Таму мы будзем галасаваць супраць выдачы дэпутатаў” [25]. Пазней, у студзені 1927 г., замах на дэпутацкую недатыкальнасць закрануў і беларускіх дэпутатаў, прычым у яшчэ больш радыкальнай форме – у выглядзе рэпрэсій і арыштаў, пра што пойдзе гаворка ніжэй.
Калі пачалося галасаванне, прадстаўнікі левых партый пакінулі залу, спяваючы рэвалюцыйныя песні “O cześć Wam, panowie” i “Czerwony Sztandar”. Затым, калі пасля двуххвіліннага перапынку паседжанне прадоўжылася, са спевам пакінулі залу ўжо дэпутаты ад нацыянальных меншасцяў. Яўрэі спявалі сіянісцкі гімн “Хатыква” (“Надзея”), украінцы – патрыятычную песню на словы Івана Франка “Не пора”, а беларусы – “Адвеку мы спалі” [26]. Паводле выказвання Б. Зінгера, згаданага вышэй парламенцкага рэпарцёра, Сейм першага склікання быў “спеўны”.
Пра гэта Зінгер напісаў у артыкуле “Сейм спявае!” [27]. Такая сцэна са спевамі паўтарылася і ў ліпені 1924 г., пад час разгляду Сеймам праекта т. зв. моўных законаў.
У снежні 1923 г., пасля адстаўкі ўрада Вітаса, фармаванне новага ўрада збіраліся даручыць Станіславу Тугуту, лідару Польскай народнай партыі “Вызваленне” – найбуйнейшай на той час апазіцыйнай партыі. У святле магчымага ўтварэння ўрада на чале з Тугутам, які меў рэпутацыю дэмакратычнага палітыка, фракцыі нацыянальных меншасцяў вярнуліся да працы ў парламенце і выступілі з шэрагам сумесных заяваў, якія тычыліся, у прыватнасці, поўнага ўвасаблення прынцыпу раўнапраўя, адмены дыскрымінацыйных законаў аб рэгістрацыі нацыянальных арганізацый і школ, а таксама стварэння пры Радзе Міністраў камітэта па справах нацменшасцяў з асобнымі сектарамі для кожнай меншасці [28]. Тугут, які хацеў атрымаць падтрымку з боку нацыянальных меншасцяў, вёў перамовы з Тарашкевічам. Старшыня Беларускага пасольскага клуба перадаў Тугуту патрабаванні беларускага боку, да якіх Тугут паставіўся “ў цэлым прыхільна”. У гэты час у кулуарах шырыліся пагалоскі, “што ён (Тарашкевіч. – М. Я.) узначаліць камітэт па справах нацменшасцяў” [29]. Аднак Тугуту не ўдалося заваяваць падтрымкі з боку хрысціянскіх дэмакратаў, без якіх тады немагчыма было ўтварыць кабінет. У выніку Тугут адмовіўся ад даручанай яму місіі, а замест гэтага быў утвораны непарламенцкі ўрад Уладыслава Грабскага.
Новы прэм’ер-міністр, аднак, заявіў прадстаўнікам Украінскага пасольскага клуба, што “ягоны ўрад, які мае на мэце выключна аздараўленне фінансаў, у пытанні нацыянальных меншасцяў будзе захоўваць стрыманасць”. “Больш-менш тое самае” Грабскі паведаміў і Тарашкевічу. Затое ў размове з лідарам нямецкага прадстаўніцтва ў Сейме прэм’ер Грабскі сфармуляваў сваю пазіцыю наступным чынам: “Задача майго ўрада палягае ў аздараўленні фінансава-бюджэтнай сістэмы, а таму я нічога не магу зрабіць для меншасцяў, бо гэта выклікала б напружанне ў (польскім. – М. Я.) грамадстве, чаго я мушу пазбягаць, каб не перашкодзіць справе аздараўлення эканомікі” [30]. У першай сеймавай прамове (20 студзеня 1923 г.), як заўважыў Анджэй Хайноўскі, Уладыслаў Грабскі аніяк не закрануў нацыянальнага пытання [31].
Нацыянальныя меншасці знаходзіліся ў адкрытай апазіцыі да ўрада Грабскага. Пасля першай прамовы прэм’ер-міністра Леан Райх, старшыня Яўрэйскага кола, заявіў пра недавер ураду, сказаўшы: “На нашую думку, аднак, ужо сам прынцып, абвешчаны прэм’ер-міністрам, цалкам хібны. <…> Ніхто не можа і не зможа палепшыць фінансавага стану дзяржавы, пакуль будзе захоўвацца цяперашняе становішча з падзелам грамадзян на гаспадароў і ілотаў, пакуль будзе весціся згубная палітыка, якая выклікае ўсё большую незадаволенасць вялікай часткі грамадзян. <…> Ужо сама прысутнасць у кабінеце міністра Саснкоўскага, нягледзячы на нашы пратэсты, дэманструе характар і памкненні гэтага ўрада. Генерал Саснкоўскі быў першым міністрам, які тайнымі цыркулярамі ўвёў у войску дыскрымінацыйныя абмежаванні для яўрэяў, які пад час бальшавіцкага нашэсця стварыў канцэнтрацыйны лагер у Яблонне для салдат і добраахвотнікаў з ліку яўрэяў…” [32]. З іншай аргументацыяй супраць урада выступіў Тарашкевіч: “Калі гаварыць далей пра склад сённяшняга кабінета, дык для нас цалкам ясна, што хоць гэта кабінет непарламенцкі, але яўна правай афарбоўкі. <…> Мы баімся, што і гэты непарламенцкі ўрад пойдзе шляхам прыгнёту беларусаў, прыгнёту ўскраін, наогул яшчэ далей, бо папярэдні ўрад меў той вялікі плюс, што быў урадам парламенцкім, а таму нёс пэўную адказнасць” [33].
Нягледзячы на згаданае вышэй стаўленне ўрада да нацыянальнага пытання, тая акалічнасць, што ў верасні 1924 г. павінен быў уступіць у сілу Закон аб самакіраванні ад 26 верасня 1922 г., прымусіла Грабскага звярнуць увагу на становішча жыхароў нацыянальных ускраін. У красавіку 1924 г. урадам была ўтворана так званая “Камісія чатырох”, у склад якой, разам з двума экспертамі, увайшлі: з боку правых – Станіслаў Грабскі, старэйшы брат прэм’ерміністра і лідар Народна-нацыянальнага саюза, а з боку левых – Тугут. Паводле сведчання Зінгера, Тугут хацеў – хоць і невядома, калі – “уцягнуць і Тарашкевіча” ў склад камісіі, але той “катэгарычна адмовіўся” [34]. Гэтая камісія распрацавала праекты трох законаў аб выкарыстанні нацыянальных моў – у адміністрацыйнай, судовай і адукацыйнай сферах [35]. У ліпені 1924 г. законапраекты былі накіраваны на разгляд Канстытуцыйнай камісіі. На паседжаннях гэтай камісіі выступілі прадстаўнікі сеймавых фракцый усіх асноўных нацменшасцяў. Выступленне ўкраінскіх і беларускіх дэпутатаў, г. зн. прадстаўнікоў “тэрытарыяльных меншасцяў”, характарызавалася вострай крытыкай гэтых законапраектаў. Тарашкевіч ад імя Беларускага пасольскага клуба заявіў: «Законапраекты былі распрацаваныя пад ціскам вонкавых фактараў, але прадугледжаная імі “рэформа” зусім недастатковая. Законапраектам уводзяцца двухмоўныя школы, на што мы не можам пагадзіцца» [36]. Негатыўнае стаўленне да гэтых законапраектаў з боку яўрэяў выказваў і дэпутат ад Яўрэйскага кола Давід Шрайбер: “Дык вось якім чынам – адмаўляючы яўрэям на ўскраінах у праве выкарыстання сваёй мовы – вы хочаце яўрэяў паставіць у тое гаротнае становішча, каб яны сталі там паланізатарамі і тым самым выклікалі да сябе заканамерную нянавісць з боку ўкраінцаў і беларусаў. <…> Таму мы лічым прапанаваныя праекты надзвычай абразлівымі для яўрэяў – не толькі з прычыны ўціску іх правоў, але і з прычыны немагчымай ролі, якую яўрэі мусілі б узяць на сябе” [37]. У далейшых дэбатах камісіі Тарашкевіч ад імя ўсіх меншасцяў заявіў, што “паколькіпры распрацоўцы прапанаваных законапраектаў пра думку прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў ніхто не пытаўся, фракцыі меншасцяў лічаць немагчымым удзельнічаць у абмеркаванні пытання, якое ўжо загадзя вырашана” [38]. Пасля гэтай заявы прадстаўнікі ўсіх нацменшасцяў пакінулі паседжанне.
Фракцыі нацыянальных меншасцяў вырашылі прытрымлівацца на пленарным паседжанні Сейма той самай тактыкі, якую яны абралі пры разглядзе законапраектаў у Канстытуцыйнай камісіі:
1) адмаўляць законапраекты ў прынцыпе без прадметнага абмеркавання іх зместу і без унясення ўласных правак;
2) крытыкаваць нацыянальную палітыку дзяржавы;
3) рабіць дэманстратыўныя жэсты, разлічаныя на вонкавы эфект [39].
9 ліпеня 1924 г. на паседжанні Сейма, якое праходзіла пасля ўхвалення законапраектаў у Канстытуцыйнай камісіі, ішло абмеркаванне г. зв. “крэсовых законаў”. Дэбаты гэтыя былі надзвычай вострымі. Калі пачалося галасаванне ў другім чытанні, украінскія і беларускія дэпутаты дэманстратыўна выйшлі з залы, спяваючы нацыянальныя гімны. Украінскія сацыялісты зацягнулі “Інтэрнацыянал”. У сваю чаргу, калі з залы выходзілі немцы і частка яўрэяў на чале з Грынбаўмам, група Грынбаўма спынілася каля дзвярэй і заспявала “Хатыкву”. Гэта прывяло да пэўнага інцыдэнта. Рэшта яўрэйскіх дэпутатаў засталася на сваіх месцах у адпаведнасці з рашэннем Яўрэйскага кола, якое прадугледжвала, што “яўрэі павінны пакінуць залу разам з іншымі меншасцямі, калі не адбудзецца спеўнай дэманстрацыі; у адваротным выпадку яны павінны дачакацца завяршэння спеўнай дэманстрацыі і асобна заявіць пра сваю адмову (ад галасавання. – М. Я.), але без спеваў” [40]. На адрас гэтых дэпутатаў Грынбаўм закрычаў: “Здраднікі яўрэйскага народа!” – пасля чаго адбыўся “спантанны абмен рэплікамі” паміж яўрэямі. Гэта абвастрыла напружанасць унутры Яўрэйскага кола, якая была ад самага пачатку існавання гэтай фракцыі паміж групай Грынбаўма і прыхільнікамі памяркоўнай пазіцыі Райха.
У той час пачала мяняцца атмасфера і ў Беларускім пасольскім клубе. На сеймавых паседжаннях вясны і лета 1924 г. Тарашкевіч пачаў займаць усё больш радыкальную пазіцыю і нават загаварыў у сваіх прамовах пра рэвалюцыю. Польскі даследчык Міхал Куркевіч слушна адзначае, параўноўваючы лексіку Тарашкевіча і іншых беларускіх дэпутатаў – Рагулі, Ярэміча і ксяндза Адама Станкевіча, – што ўсе яны хоць і востра крытыкавалі ўрад, але “не пагражалірэвалюцыяй накшталт бальшавіцкай” [41]. Тарашкевіч, аднак, – як сцвярджае Аляксандра Бергман – па-ранейшаму лічыў, што яшчэ не ўсе магчымасці паразумення з польскім левымі вычарпаныя і што не варта самаізалявацца ад жыцця ўсёй краіны, хоць сярод беларускіх дэпутатаў усё часцей гучалі заклікі аб пераходзе да непарламенцкіх метадаў барацьбы, г. зн. да арганізацыі масавых пратэстаў і кіравання імі [42].
4 ліпеня 1925 г. было абвешчана пра заключэнне пагаднення паміж прадстаўнікамі Яўрэйскага кола і ўрадам Грабскага. Гэтая так званая “польска-яўрэйская ўгода” стала адным з найвайжнейшых эпізодаў у гісторыі Яўрэйскага кола. Перагаворы наконт гэтага пагаднення пачаліся ў пачатку траўня 1925 г. па ініцыятыве міністра замежных спраў Аляксандра Скшыньскага. З яўрэйскага боку ў іх удзельнічалі Райх і Озія Тон – былы старшыня Яўрэйскага кола. Весткі пра перагаворы з урадам выклікалі вялікае абурэнне, у тым ліку ўнутры Яўрэйскага кола, асабліва з боку групы Грынбаўма і “Гітахдута”, бо ад імя ўрада перамовы вёў Станіслаў Грабскі – як мы ўжо згадвалі, старэйшы брат прэм’ер-міністра і старшыня Народна-нацыяльнага саюза, які займаў адкрыта антыяўрэйскую пазіцыю.
Дагавор яўрэяў з урадам пагражаў зруйнаваць адзінства меншасцяў, таму весткі пра перамовы ўстрывожылі прадстаўнікоў іншых народаў, у першую чаргу славянскіх. Пакуль ішлі перагаворы, украінская фракцыя асцярожна выказвалася на тэму польска-яўрэйскага пагаднення, але пасля апублікавання канчатковага дакумента не хавала свайго абурэння. “Яўрэйскае кола, паабяцаўшы стаяць на грунце непарушнасці сённяшніх межаў Польшчы і абароны польскай вялікадзяржаўнай палітыкі, якая ў адносінах да ўкраінскага народа заўсёды мела знішчальны характар, выйшла за рамкі абароны нацыянальных інтарэсаў яўрэйскага насельніцтва і заняло ў адносінах да ўкраінскага народа, які складае большасць на сваіх землях, варожую пазіцыю, замахнуўшыся на яго жыццёва важныя інтарэсы” [43].
У сваю чаргу, менавіта ў гэты час адбыўся раскол у Беларускім пасольскім клубе. Тарашкевіч і тры іншыя дэпутаты выйшлі з яго складу і 24 чэрвеня 1925 г. абвясцілі ў Сейме пра ўтварэнне асобнай фракцыі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У выніку ў Беларускім пасольскім клубе засталіся ўсяго тры дэпутаты – Рагуля, Ярэміч і ксёндз Станкевіч. Відаць, таму, што пад час польска-яўрэйскіх перамоваў беларускія дэпутаты больш звярталі ўвагу на ўнутраныя справы сваёй фракцыі, з рэакцыяй на “польска-яўрэйскую ўгоду” яны крыху спазніліся. Раздражненне беларускіх парламентарыяў, аднак, праявілася ў выступленні Валошына – дэпутата ад БСРГ. Яно прагучала 20 лістапада 1925 г., пад час абмеркавання дэкларацыі ўрада Скшыньскага, які быў утвораны ў якасці кааліцыйнага (у гэтую кааліцыю ўвайшлі пяць польскіх партый – ад ННС да ППС). Валошын выступіў з вострай крытыкай новага прэм’ер-міністра, згадаўшы пра “ўгоду”: «Сам граф Скшыньскі – вучань старой аўстрыйскай дыпламатычнай школы, якому, не зважаючы на ягоны ўяўны “дэмакратызм”, выдатна ўдаецца ў дачыненні да прыгнечаных Польшчай народаў праводзіць старую палітыку, практыкаваную Аўстрыяй, – “divide et impera”. На карысць гэтага сведчаць яго ўпартыя намаганні ўцягнуць у сферу ўрадавых уплываў буржуазнае Яўрэйскае кола, з якім папярэдні ўрад братоў Грабскіх заключыў ганебны пакт, хочучы тым самым аблегчыць сабе справу прыгнёту тэрытарыяльных славянскіх меншасцяў, якія ніколі не змірацца з польскім гвалтам» [44].
У адказ на крытыку з боку ўкраінцаў і беларусаў Озія Тон, адзін з асноўных перагаворшчыкаў, так абгрунтаваў заключэнне гэтага пагаднення: “Такім чынам, нашы дарогі – гэта не іх дарогі. У нас няма ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзій, мы не маем і не можам мець ніякіх ірэдэнтысцкіх схільнасцяў або тэндэнцый. Для нас адраджэнне польскай дзяржавы з першай хвіліны было гістарычным фактам, які мы шчыра віталі. <…> Па меры вызначэння межаў дзяржавы, як заходніх, так і ўсходніх, мы прызнавалі іх непарушнасць без аніякіх агаворак. <…> Інакш, ясная рэч, паставіліся да гэтага пытання ўкраінцы і беларусы. <…> Мы паважаем іх вольную волю. Але наўрад ці могуць яны ад нас патрабаваць, каб мы падтрымлівалі які б там ні было ірэдэнтызм” [45].
Пасля заключэння пакта з урадам яўрэйская грамадскасць пачала чакаць ад яго саступак, тым больш што прэм’ер-міністр Грабскі паабяцаў як найхутчэй аддаць распараджэнні, якія стануць першым крокам на шляху задавальнення яўрэйскіх патрэбаў у культурнай, эканамічнай і палітычнай сферах. Аднак у той самы час вялікую ўвагу беларускага і ўкраінскага насельніцтва прыцягнулі дыскусіі ў Сейме, прысвечаныя закону аб зямельнай рэформе. Дэпутаты ад Беларускага пасольскага клуба і БСРГ выступілі з вострай крытыкай гэтага закона. Ад імя Грамады Сымон Рак-Міхайлоўскі заявіў:
«Замест эканамічна і фізічна знішчанага беларускага насельніцтва там будзе затое насаджацца польскае насельніцтва. Гэта, вядома ж, адпавядае польскім імперыялістычным інтарэсам. “Крэсы Усходнія” для Польшчы адыгрываюць ролю калоніі…» [46]. У сваю чаргу, тагачасны старшыня Беларускага пасольскага клуба Ярэміч так выказаўся наконт новага закона: “Калі ў 1920 г. ішла гаворка пра вайсковае асадніцтва, дык сёння, у 1925 г., мы атрымалі закон аб асадніцтве цывільным” [47]. Рагуля, крытыкуючы законапраект, прыгадаў, як польскі кароль Жыгімонт Аўгуст непасрэдна перад падпісаннем Люблінскай уніі ў 1569 г. адарваў ад ВКЛ чатыры ваяводствы – Падляскае, Валынскае, Брацлаўскае і Кіеўскае – і далучыў іх да Кароны. Далей ён заявіў: “У 1925 годзе мы не паўторым памылак нашай шляхты з 1569 года.
Мы не ўкленчым перад вамі і не будзем прасіць вас так, як маліла, упаўшы на калені, караля Жыгімонта Аўгуста наша шляхта, просячы яго не аддаваць Польшчы беларускіх земляў. <…> Мы ведаем, што трэба не прасіць, а браць, і наш народ сваю зямлю забярэ…” [48]. Ад імя “работніцка-сялянскага блока” – утворанага з Незалежнай сялянскай партыі, Камуністычнай пасольскай фракцыі і Грамады – на трыбуне Сейма выступіў Тарашкевіч. Ён атакаваў у першую чаргу дэпутатаў ад левых партый: «Гэты закон, які служыць інтарэсам буржуазіі і памешчыкаў, прымаецца з найшчыльнейшым удзелам панскіх служак з “Пяста” і ППС, якія ўжо даўно і канчаткова паставілі сваёй мэтай абарону і ўмацаванне ўлады буржуазіі. Але і “Вызваленне”, якое дзеля прыліку ўжывае радыкальныя фразы, якое на працягу нейкага часу прыкідвалася ў Сейме апазіцыяй, таксама ўсё больш адкрыта ідзе панскай сцежкай, а заключыўшы дагавор з “Пястам”, і зусім яўна перайшло ў лагер, варожы працоўнаму люду» [49].
Атмасфера на паседжаннях Сейма зноў радыкалізавалася. 14 ліпеня галасаванне па законапраекце аб парцэляцыі і асадніцтве праходзіла “ў гармідары”. У такой абстаноўцы некаторыя ўкраінскія і беларускія дэпутаты зусім раз’юшыліся. Як паведамляла яўрэйская прэса, Тарашкевіч ускочыў на крэсла і дэманстратыўна зазваніў у званок. Ян Марвег, дэпутат ад ННС, употайкі падкраўся і сілаю сапхнуў Тарашкевіча [50]. Гэты інцыдэнт пацвярджаецца і ўспамінамі Уладыслава Канапчыньскага, дэпутата ад ННС, які пісаў: «Дэпутат Марвег быў выдалены (з паседжання старшынёй Сейма. – М. Я.] 14 ліпеня 1925 г., калі, не маючы сілы стрываць карчомную абструкцыю “Вызвалення” і нацменшасцяў, вырваў званок з рук Тарашкевіча…» [51]. Праз чатыры дні на чарговым паседжанні адбылося выступленне “абструкцыйнага аркестра”, у якім Тарашкевіч, вобразна кажучы, “іграў на гармоніку” [52].
Як можна меркаваць, пазіцыя Яўрэйскага кола наконт гэтага законапраекта была неадназначнай, аднак Эміль Замерштайн, які лідзіраваў сярод яўрэйскіх дэпутатаў пры абмеркаванні зямельнай рэформы, прагаласаваў разам з польскімі партыямі за яго прыняцце.
Травеньскі пераварот 1926 г. быў сустрэты нацыянальнымі меншасцямі з надзеяй на змену палітыкі ў адносінах да сябе. Ён выклікаў вялікі энтузіязм, асабліва сярод яўрэяў. Апалінарый Хартглас, старшыня Яўрэйскага кола, у інтэрв’ю з нагоды першай гадавіны перавароту сказаў: “Калі папярэднія ўрады мелі яўна пагромныя тэндэнцыі ў дачыненні да яўрэяў, а ў адносінах да іншых нацыянальных меншасцяў імкнуліся да прымусовай асіміляцыі і паслядоўна ўвасаблялі ў жыццё гэтую праграму, то паслятравеньскія ўрады хоць і спавядаюць моцныя асіміляцыйныя тэндэнцыі ў дачыненні да ўсіх меншасцяў, але ж не інспіруюць у адносінах да яўрэяў ні пагромаў, ні прымусовай асіміляцыі. <…> Увесь год мы стаялі на пазіцыях чакання, з больш ці менш прыхільным стаўленнем да ўрада. Але зразумела, што такое чаканне з нашага боку не можа доўжыцца вечна. А дзеянняў урада мы не бачым” [53]. Праўда, ранейшы старшыня Райх неаднаразова перасцерагаў новае кіраўніцтва кола ад празмернага даверу да паслятравеньскіх урадаў. У канцы 1926 г. ён пісаў: «Заўсёды і ўсюды Яўрэйскае кола пагаджалася, што да паслятравеньскага ўрада нельга ставіцца так, як да папярэднікаў, і хоць з часу травеньскіх падзей нічога пазітыўнага яўрэі не атрымалі, аднак кіраўніцтва кола ўвесь час заяўляла, што не выпадае таргавацца з урадам, бацькам якога было абурэнне насельніцтва, а маці – жаданне “маральнай санацыі”. Вось жа, хапіла пары ласкавых слоў на адрас яўрэяў з вуснаў тагачаснага прэм’ерміністра [Казіміра] Бартэля, каб кола вуснамі свайго прадстаўніка абвясціла свету з сеймавай трыбуны, што ў Польшчы ніколі раней не было такога спрыяльнага да яўрэяў урада» [54].
Сярод дэпутатаў Беларускага пасольскага клуба пераход улады ў рукі Юзафа Пілсудскага быў сустрэты больш-менш прыхільна. Аднак, напрыклад, ксёндз Станкевіч – адзіны дэпутат ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – гаварыў, што пад час дэбатаў наконт унясення зменаў у Канстытуцыю ў ліпені 1926 г. “травеньскія надзеі згаслі” [55]. У сваю чаргу, дэпутаты ад БСРГ паслядоўна выступалі супраць паслятравеньскага ўрада. 16 лістапада 1926 г. Тарашкевіч у сваёй апошняй прамове ў Сейме заявіў: “Вось жа, каліадбыўся травеньскі пераварот, ілюзій мы мелі менш чым калі, аднак і тут рэальнасць пераўзышла самыя песімістычныя прагнозы, выявілася горшай за іх. Ніколі мы не чакалі ад Пілсудскага – таго Пілсудскага, галаслоўнасць абяцанняў якога вывучылі яшчэ ў 1919–1920 гг., – што ён дасць нам надта дэмакратычны ўрад, але ж зусім не чакалі і таго, што праўленне Пілсудскага выльецца ў такую чорную, непрыхаваную рэакцыю, якую мы маем сёння. Мы не чакалі, што Пілсудскі зладзіць каранацыю гэтага свайго новага курсу – калі не сябе асабіста, дык свайго новага курсу – у Нясвіжы, тым Нясвіжы князя Радзівіла, у якім дагэтуль пануе сярэднявечная паншчына” [56]. Як пісаў Б. Зінгер, да таго часу Тарашкевіч выглядаў ужо зусім не так, як раней: “Змяніўся нават голас і выгляд. Калісьці бледны, з ружовымі шчокамі і тэнаровым голасам, досыць элегантна апрануты, цяпер ён аглушаў басам, насіў куртку з ботамі і трымаўся ў кампаніі крайне левых” [57].
У нейкі перыяд пасля травеньскага перавароту Грамадзе ўдалося значна актывізаваць сваю дзейнасць дзякуючы здранцвенню, якое ахапіла адміністрацыю і паліцыю ўсходніх ваяводстваў [58]. Гэта выклікала занепакоенасць ва ўрадзе, які пад канец 1926 г. ініцыяваў суровыя рэпрэсіі супраць Грамады. Было аб’яўлена пра прымусовую ліквідацыю партыі і роспуск яе дэпутацкай фракцыі. Пачаліся масавыя арышты членаў БСРГ. У студзені 1927 г. дэпутаты Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Пётр Мятла, Павел Валошын і Фелікс Галавач (дэпутат-беларус ад Незалежнай сялянскай партыі) былі арыштаваныя. Пытанне пра пазбаўленне арыштаваных дэпутатаў парламенцкай недатыкальнасці абмяркоўвалася на некалькіх сеймавых паседжаннях. Супраць прыняцця такога рашэння выказвалася не толькі рэшта беларускіх прадстаўнікоў у Сейме, але і дэпутаты ад іншых нацыянальных меншасцяў, у тым ліку яўрэі, а таксама польскія левыя.
У складзе сеймавай камсіі па справах дэпутацкай недатыкальнасці засталося ўсяго два дэпутаты, якія прадстаўлялі нацыянальныя меншасці, – Фабіян Ярэміч (Беларускі пасольскі клуб) і Давід Шрайбер (Яўрэйскае кола). У дэбатах гэтай камісіі Шрайбер абвясціў пра недавер старшыні Сейма, заявіўшы: «Я вельмі добра знаёмы са старшынёй (Мацеем. – М. Я.) Ратаем і ведаю, як высока ён цэніць статус дэпутата. Таму мне цяжка ўявіць сабе яго адмову ад бескампраміснай абароны дэпутацкіх правоў, якія ляжаць у аснове любой канстытуцыі. Тым не менш, ягоныя цяперашнія паводзіны ясна паказваюць на яго хісткую пазіцыю ў гэтым пытанні» [59]. На паседжанні Яўрэйскага кола, якое адбылося 25 студзеня 1927 г., пастанавілі галасаваць супраць выдачы арыштаваных дэпутатаў пракуратуры. Тут трэба дадаць, што адносна магчымага вотуму недаверу старшыні Ратаю – нягледзячы на прыведзеныя вышэй закіды Шрайбера – Яўрэйскае кола пастанавіла галасаваць супраць такой прапановы.
На паседжанні Сейма 4 лютага 1927 г. Шрайбер выступіў супраць выдачы дэпутатаў, заявіўшы, што пракуратура не прывяла парламентарыям ніякіх канкрэтных доказаў. Мы працытуем тут яго прамову паводле справаздачы яўрэйскай прэсы, бо, як выглядае, яна лепш перадае змест, чым афіцыйная стэнаграма паседжання Сейма:
“Нам не назвалі ні прозвішчаў сведак, ні месца іх працы, а каб прадэманстраваць, што гэта было неабходна нам для разумення сітуацыі, я прывяду Высокай Палаце толькі адзін аргумент. Трымаю перад сабой запыт Навагрудскага акруговага суда ад 18 чэрвеня 1925 г. аб выдачы дэпутатаў Галавача і Рагулі. У ім можна прачытаць, што абодва дэпутаты нібыта здзейснілі жахлівае злачынства супраць дзяржавы, а менавіта распаўсюджвалі сярод беларускага насельніцтва чуткі пра ўзброенае паўстанне, што мелася адбыцца ў траўні 1924 г., якое вызваліць беларусаў ад польскага ярма і так званую Заходнюю Беларусь уз’яднае з Расіяй. У запыце сцвярджалася, што дэпутаты Галавач і Рагуля, на той момант не арыштаваныя, былі завадатарамі гэтага бунту і рыхтавалі ўзброенае паўстанне на травень 1924 г. Паўстанне гэтае да гэтай пары так і не выбухнула, але пазней высветлілася, што рашэнні пракурора, а потым і навагрудскага суда грунтаваліся на паказаннях сведак, а менавіта агента Бераксы, пазней прысуджанага за крадзеж да шасцімесячнага зняволення, агента Бардзюка <…> Выключна на паказаннях гэтых сведак суд зляпіў абвінавачанне і запатрабаваў выдачы дэпутатаў. Камісія (па справах недатыкальнасці. – М. Я.) даследавала гэтыя акалічнасці і прыйшла да высновы, што на падставе такіх сведчанняў нельга выдаваць дэпутатаў, і яны не былі выдадзены. Сёння ж камісіі невядомыя ні прозвішчы, ні прафесіі сведак, а таму зусім незразумела, ці выступаюць на баку суда добрасумленныя і праўдзівыя сведкі, ці, як сцвярджае процілеглы бок, чыстыя правакатары. Вось на падставе чаго, Высокая Палата, нам давялося выносіць сваё рашэнне, і вось чаму мы пастанавілі не выдаваць пяцярых дэпутатаў Сейма суду” [60].
Тут варта дадаць, што ў гэты час у яўрэйскай прэсе з’явіўся каментарый, які праводзіў аналогію паміж Тарашкевічам і Сцяпанам Радзічам – харвацкім палітыкам у Югаславіі. “Харвацкі дэпутат Радзіч паехаў у Маскву, каб заручыцца савецкай дапамогай у барацьбе з сербскім урадам. Але ў адказ на гэтую яўную дзяржаўную здраду югаслаўскі ўрад не звярнуўся да рэпрэсій, а пачаў праводзіць у адносінах да харватаў палітыку інтэграцыі, і сёння той самы Радзіч мае партфель міністра. У нас лаяльнага нам Тарашкевіча пасля банкруцтва ягонай прапольскай ідэі абвінавачваюць у саветафільстве. Ці не з’яўляецца гэта доказам таго, што югаслаўская палітыка лепшая за эндэцкую (польскіх правых. – М. Я.)? Мы раім камісіі па справах нацыянальных меншасцяў глыбока над гэтым задумацца” [61].
У лістападзе 1927 г. Сейм і Сенат першага склікання былі распушчаны. Новыя выбары прайшлі ў сакавіку 1928 г., але, як вядома, ужо ў зусім іншых умовах. Ідэю пра паўторнае ўтварэнне БНМ Грынбаўм выказаў яшчэ ў чэрвені 1926 г. – ён ужо тады чакаў хуткага роспуску Сейма першага склікання [62]. Аднак тут ён не быў ініцыятарам. Першыя перагаворы на гэты конт правялі між сабой немцы і ўкраінцы [63] – не толькі з тэрыторыі былой Расійскай імперыі, але і галіцкія. Усходнегаліцыйскія сіяністы і іншыя яўрэйскія партыі Усходняй Галіччыны зноў вырашылі не далучацца да БНМ. Літоўцы падпісалі пагадненне аб далучэнні да БНМ у канцы лістапада 1927 г., але самі вырашылі не браць удзелу ў выбарах, бо беларусы адмовіліся пайсці ім на саступкі пры падзеле мандатаў паводле спісаў БНМ.
У выбарах у Сейм і Сенат другога склікання БНМ, а таксама спіс усходнегаліцыйскіх яўрэяў пацярпелі паражэнне. Яўрэі зноў утварылі Яўрэйскае кола (13 дэпутатаў і 6 сенатараў), але сур’ёзнае змяншэнне яўрэйскага прадстаўніцтва не дазволіла ім узяць на сябе лідарства сярод нацыянальных меншасцяў, як гэта было ў парламенце папярэдняга склікання. Затое ў новы Сейм прайшлі дзесяць беларусаў, не лічачы аднаго мандата з праўрадавага спіса. У Сенат жа трапілі двое беларусаў. Чатыры дэпутаты на чале з Ярэмічам належалі да г. зв. Украінска-беларускага сеймавага клуба [64], але ў лістападзе 1928 г. яны пакінулі яго і ўтварылі сваю фракцыю. Пяць беларусаў, выбраныя ад трох розных левых спісаў, згуртаваліся ў Беларускім сялянска-работніцкім пасольскім клубе. Адзін жа дэпутат – Ян Станкевіч – застаўся беспартыйным. У артыкуле, апублікаваным у жніўні 1929 г., Зінгер так ахарактарызаваў беларускае прадстаўніцтва ў Сейме (памыліўшыся пры ацэнцы яго колькаснага складу): “Зняволенне Тарашкевіча пазбавіла шанцаў памяркоўных прыхільнікаў Ярэміча. Урэшце яны прытуліліся да ўкраінскай фракцыі. Двое сышлі на крайні левы фланг. Іншыя нікому не вядомыя – без клуба, без стала ў буфеце” [65].
Падсумоўваючы, трэба падкрэсліць, што ў Сейме і Сенаце першага склікання нацыянальныя меншасці былі сур’ёзнай сілай паводле сваёй колькасці і, як падаецца, мелі магчымасць аказання пэўнага ўплыву на палітыку Польшчы. Аднак існавала як вялікая розніца паміж памкненнямі і інтарэсамі “тэрытарыяльных” і“нетэрытарыяльных” меншасцяў так івострая палярызацыя ўнутры кожнай меншасці. Нельга, аднак, забывацца, што ў некаторых выпадках “тэрытарыяльныя” і “нетэрытарыяльныя» меншасці спрабавалі супрацоўнічаць, пра што сведчыць – як паказана ў гэтай працы – рэакцыя беларусаў адносна справы “numerus clausus” ці выступленні яўрэяў супраць арышту беларускіх дэпутатаў. Нягледзячы на гэта, ім урэшце не ўдалося завязаць пастаяннага і цеснага супрацоўніцтва ў парламенце Польшчы.
Пераклад Сяргея Петрыкевіча
[1] Bergman A. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977; Stępień S. Działalność poslów białoruskich w Sejmie RP w latach 1922–1927 // Studia Historyczne. 1981. Z. 2; Gomółka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej // Zeszyty Naukowe Politechniki Gdańskiej. № 495. Gdańsk, 1992; Głogowska H. Białorusini w parlamencie II Rzeczypospolitej // Przemiany społeczne, kwestie narodowościowe i polonijne / pod red. A. Chodubskiego. Toruń, 1994; Drweski B. Le petit Parlement biélorussien. Le Biélorussiens au Parlement polonaise entre 1922 et 1930. Paris, 2002; Zaporowski Z. Białorusini w Sejmie Rzeczypospolitej Polskiej 1922–1939 // Na pograniczu kultur, języków i tradycji / pod red. M. Mądzika i A. Witusika. Lublin, 2004; Пашкевіч A. Парламенцкія формы змагання эа нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа ў міжваеннай Польшчы (1921–1930 гг.) (неапублікаваная кандыдацкая дысертацыя). Mінск, 2006.
[2] Jaworski W. Syjoniści wobec rządu polskiego w okresie międzywojennym. Sosnowiec, 2002; Rudnicki S. Żydzi w parlamencie II Rzeczypospolitej. Warszawa, 2004; Fałkowski J. Mniejszość żydowska w parlamencie II Rzeczypospolitej. Kraków, 2006.
[3] Выключэнне складае праца А. Пашкевіча, у якой разглядаюцца ўзаемаадносіны паміж славянскімі меншасцямі і яўрэямі ў парламенце Польшчы: Пашкевич A. Взаимоотношения представительств евреев и славянских национальных меньшинств в парламенте межвоенной Польши в 1922–1927 гг. // Материалы двенадцатой Ежегодной международной междисциплинарной конференции по иудаике. Ч. 2. Москва, 2005.
[4] Сенатараў жа было выбрана 111, у тым ліку 93 у акругах (кожнае ваяводства ў гэтым выпадку ўяўляла сабой асобную выбарчую акругу) і 18 – паводле агульнанацыянальнага спіса. Права на атрыманне мандатаў з агульнанацыянальнага спіса мелі тыя партыі, якім удалося правесці сваіх сенатараў як мінімум у трох акругах.
[5] Рагуля B. Успаміны. Мінск, 1993 (1-е выд. Нью-Ёрк, 1957). C. 12.
[6] Rudnicki S. Politycy żydowscy wobec idei Bloku Mniejszości Narodowych w 1922 roku // Problemy narodowościowe Europy Środkowo-Wschodniej w XIX i XX wieku. Poznań, 2002. S. 327.
[7] Nasz Przegląd. 12.01.1928. № 12. S. 5.
[8] Chwila. 29.09.1922. № 1284. S. 4.
[9] Hartglas A. Na pograniczu dwóch światów. Warszawa, 1996. S. 218–219.
[10] Рагуля B. Успаміны. C. 17.
[11] Центральний державний історичний архiв України, м. Львiв (ЦДIА, м. Львiв). Ф. 392. Оп. 1. Спр. 47. Аpк. 112–113.
[12] ЦДIА, м. Львiв. Ф. 392. Оп. 1. Спр. 47. Аpк. 112.
[13] Pobóg-Malinowski W. Najnowsza historia polityczna 1864–1945. T. II. Londyn, 1956. S. 412.
[14] ЦДIА, м. Львiв. Ф. 392. Оп. 1. Спр. 47. Арк. 122.
[15] Zynger [Singer] B. Klub Białoruski (цыкл пад назвай “Od Witosa do Sławka”) // Nasz Przegląd. 14.08.1929. № 222. S. 4. Названы артыкул не быў змешчаны ў кнізе, у якой апублікаваны іншыя артыкулы з гэтага цыкла (Singer B. Od Witosa do Sławka. Paryż, 1962.).
[16] ЦДIА, м. Львiв. Ф. 392. Оп. 1. Спр. 47. Аpк. 119.
[17] ЦДIА, м. Львiв. Ф. 392. Оп. 1. Спр. 47. Аpк. 120.
[18] Hafftka A. Działalność parlamentarna i polityczna posłów i senatorów żydowskich w Polsce odrodzonej // Żydzi w Polsce Odrodzonej. T. II. Warszaw, 1933. S. 322.
[19] Chwila. 12.12.1923. № 1704. S. 2.
[20] Bergman A. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. S. 81; Stępień S. Działalność posłów białoruskich w Sejmie RP w latach 1922–1927. S. 266; Głogowska H. Białorusini w parlamencie II Rzeczypospolitej. S. 130.
[21] ЦДIА, м. Львiв. Ф. 392. Оп. 1. Спр. 47. Аpк. 120.
[22] Sprawozdanie stenograficzne Sejmu (далей SSS) z 7 posiedzenia (19 stycznia 1923 r.). Ł. 12.
[23] Chwila. 26.01.1923. № 1395. S. 2.
[24] Chwila. 24.06.1923. № 1542. S. 5–6; Nasz Przegląd. 24.06.1923. № 88. S. 5.
[25] SSS z 83 posiedzenia (30 listopada 1923 r.). Ł. 48–49.
[26] Nasz Przegląd. 1.12.1923. № 245. S. 2.
[27] Singer B. Od Witosa do Sławka. Paryż, 1962. S. 34–36.
[28] Nasz Przegląd. 16.12.1923. № 260. S. 2.
[29] Zynger [Singer] B. Klub Białoruski. S. 4.
[30] Nasz Przegląd. 20.12.1923. № 264. S. 1.
[31] Chojnowski A. Koncepcje polityki narodowościowej rządów polskich w latach 1921–1939. Wrocław, 1979. S. 35.
[32] SSS z 90 posiedzenia (21 grudnia1923 r.). Ł. 10–11.
[33] Тамсама. Ł. 14.
[34] Zynger [Singer] B. Klub Białoruski. S. 4.
[35] Больш падрабязна гл.: Ogonowski J. Uprawnienia językowe mniejszości narodowych w Rzeczypospolitej Polskiej 1918–1939. Warszawa, 2000. S. 92–130.
[36] Nasz Przegląd. 4.07.1924. № 182. S. 2; Nowy Dziennik. 5.07.1924. № 149. S. 2.
[37] Chwila. 7.07.1924. № 1908. S. 2; Nasz Przegląd. 4.07.1924. № 182. S. 2.
[38] Nasz Przegląd. 5.07.1924. № 183. S. 2.
[39] Ogonowski J. Uprawnienia językowe mniejszości narodowych. S. 102.
[40] Nasz Przegląd. 10.07.1924. № 188. S. 2.
[41] Kurkiewicz M. Sprawy białoruskie w polityce rządu Władysława Grabskiego. Warszawa, 2005. S. 95.
[42] Bergman A. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. S. 91.
[43] Chwila. 5.07.1925. № 2263. S. 2.
[44] SSS z 255 posiedzenia (25 listopada1925 r.). Ł. 28.
[45] Nowy Dziennik. 9.07.1925. № 151. S. 1.
[46] SSS z 228 posiedzenia (6 lipca 1925 r.). Ł. 36.
[47] Тамсама. Ł. 42.
[48] SSS z 237 posiedzenia (17 lipca 1925 r.). Ł. 15.
[49] Тамсама. Ł. 24.
[50] Nasz Przegląd. 15.07.1925. № 193. S. 3.
[51] Konopczyńskі W. Sejm bez obsłonek 1922–1927. Kraków, 1928. S. 27.
[52] Nasz Przegląd. 19.07.1925. № 197. S. 3; Nowy Dziennik. 20.07.1925. № 161. S. 10.
[53] Nowy Dziennik. 16.05.1927. № 126. S. 5.
[54] Chwila. 13.12.1926. № 2778. S. 2.
[55] Trejdeński P. Białoruskie stronnictwa polityczne w Polsce i ich ideologia // Sprawy Narodowościowe. 1930. R. IV. № 5–6. S. 527.
[56] SSS z 307 posiedzenia (16 listopada 1926 r.). Ł. 77.
[57] Zynger [Singer] B. Klub Białoruski. S. 4.
[58] Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu Piłsudskiego. Białystok, 2007. S. 48.
[59] Chwila. 20.01.1927. Nr 2814. S. 3.
[60] Chwila. 7.02.1927. № 2832. S. 5–6.
[61] Nasz Przegląd. 17.01.1927. № 17. S. 2.
[62] Chwila. 10.06.1926. № 2595. S. 2.
[63] Rudnicki S. Żydzi w parlamencie II Rzeczypospolitej. S. 251.
[64] Падрабязней гл.: Zaporowski Z. Ukraińsko-Białoruski Klub Sejmowy (marzec – listopad 1928 r.) // Pogranicze. Studia z dziejów stosunków polsko-ukraińskich w XX wieku. Praca zbiorowa pod red. Z. Mańkowskiego. Lublin, 1992.
[65] Zynger [Singer] B. Klub Białoruski. S. 4.