In Memoriam Анатоль Грыцкевіч: 31.01.1927–20.01.2015
На самым пачатку года нас пакінуў Анатоль Пятровіч Грыцкевіч, выдатны беларускі гісторык і грамадскі дзеяч, працы якога даходзілі да самай шырокай публікі.
Анатоль Грыцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1927 г. у Мінску. У 23 гады ён скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, а потым Мінскі педагагічны інстытут замежных моў (1955). Завочна будучы даследчык адвучыўся і на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958), каб звязаць сваё жыццё з вывучэннем мінулага Беларусі. З 1959 г. ён быў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, пакуль у 1975 г. не перайшоў выкладаць у Мінскі інстытут культуры (цяпер – Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў), дзе да 2006 г. працаваў загадчыкам кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства, а потым заставаўся прафесарам. У 1986 г. атрымаў навуковую ступень доктара гістарычных навук, праз год – званне прафесара.
Анатоль Грыцкевіч даследаваў сацыяльна-эканамічнае развіццё прыватнаўласніцкіх гарадоў на землях Беларусі і Літвы ХVІ–ХVІІІ ст., канфесійную і ваенна-палітычную гісторыю ВКЛ, генеалогію і гісторыю шляхты, беларускую гістарыяграфію, а таксама нацыянальна-вызваленчы рух у Беларусі пасля І сусветнай вайны, і ў кожнай з пералічаных тэматык ён стаў прызнаным экспертам. Але адной з самых любімых тэм даследчыка была гісторыя Слуцка і Случчыны – яго малой радзімы. Як гісторык надзвычай шмат рабіў для гістарычнай асветы і папулярызацыі ведаў пра мінулае Беларусі – выступаў з публічнымі лекцыямі і пісаў для друку навукова-папулярныя артыкулы. Пры гэтым ён і ў савецкія часы мог і ўмеў пісаць і казаць тое, што не ўзгаднялася з афіцыйнай канцэпцыяй гісторыі краіны.
У асобе Анатоля Пятровіча мы мелі не проста выдатнага навукоўца – ён быў вялікім патрыётам Беларусі і яе актыўным грамадзянінам. Навуку яму ўдавалася плённа спалучаць з грамадска-палітычнай дзейнасцю. Невыпадкова ў гады перабудовы навуковец стаў адным з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту (1988) і Таварыства беларускай мовы (1989), пазней уваходзіў у многія грамадскія арганізацыі і з’яўляўся прэзідэнтам Згуртавання Беларусаў Свету “Бацькаўшчына” (2001–2005). У 1996–1997 г. ён уваходзіў і ў рэдакцыйную раду “Беларускага Гістарычнага Агляду”.
Анатоль Грыцкевіч быў адной з найбольш яркіх постацяў нацыянальнай гістарыяграфіі Беларусі – тым, каго ведалі ды паважалі і гісторыкі суседніх краін. У пачатку 1990-х, калі скончылася савецкая эпоха і знікла “жалезная заслона”, а Беларусь стала суверэннай дзяржавай, менавіта ён актыўна прадстаўляў беларускую гістарычную навуку ў замежжы – уваходзіў у міжнародныя борды і ўдзельнічаў у міжнародных навуковых праектах. Заслугі навукоўца адзначыў часопіс “Przegląd Wschodni”, узнагародзіўшы яго дыпломам Аляксандра Гейштара (2008). У адным з міжнародных праектаў з Анатолем Пятровічам пашанцавала працаваць аўтару гэтых радкоў: як член рэдакцыйнага камітэта па напісанні гісторый Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны ён быў навуковым рэдактарам беларускіх тамоў і ў 1992–1996 г. браў жывы ўдзел ва ўсіх этапах іх падрыхтоўкі – ад выпрацоўкі канцэпцый да супольнага абмеркавання тэкстаў. Назаўжды запомнілася яго шляхотная культура, яго ўменне бачыць галоўнае, здольнасць тонка жартаваць, смяяцца і пры гэтым не паддавацца ніякім кампрамісам у прынцыповых пытаннях.
Анатоль Грыцкевіч пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Беларусь страціла свайго руплівага гісторыка, які верыў у яе будучыню і працаваў дзеля яе да сваіх апошніх дзён.
Генадзь Сагановіч