Polen. Jubiläen und Debatten. Beiträge zur Erinnerungskultur / Hg. von Peter Oliver Loew und Christian Prunitsch .Wiesbaden: Harrassowitz, 2012. 208 S.
Кнігу складаюць даклады нямецкіх і польскіх навукоўцаў, прачытаныя ў рамках спецыяльнай серыі лекцый (Ringvorlesungen), што была арганізавана ў Тэхнічным універсітэце Дрэздэна і Універсітэце Ёгана Гутэнберга ў Майнцы ў зімовым семестры 2010/11 г. Усе яны прысвечаны славутым падзеям і асобам з гісторыі Польшчы, якія сталі важнымі для сучаснай польскай ідэнтычнасці і юбілеі якіх адзначаліся ў тым годзе. Такім чынам, усе тэксты яднае папулярная сёння тэма культуры памяці.
Том пачынаецца развагамі польскага гісторыка Яна М. Піскорскага “Успаміны як прымірэнне” (“Erinnerung als Aussöhnung. Vergangenheit als Quelle von Angst und Hoffnung”, 10–26), які разглядае абыходжанне з памяццю і забыццём на прыкладах грэцкай Антычнасці і паказвае важнасць адкрытых грамадскіх дыскусій пра мінулае. Даклад дырэктара Цэнтра гістарычных даследаванняў ПАН у Берліне Робэрта Трабы прысвечаны дыскурсу ахвяры, які сфармаваўся ў польскім рамантызме і застаецца цэнтральным для польскай культуры памяці (“Der Opferdiskurs als zentraler identitätsstiftender Faktor der polnischer Meistererzählung”, 27–36). Даследчык узняў актуальную праблему змены падыходаў да нацыянальнай гісторыі. У прыватнасці, ён правакацыйна паставіў пытанне, што застаецца без адказу: як пісаць нацыянальны наратыў, не ўпадаючы ў новую рэміфалагізацыю? Грунтоўны даклад нямецкага гісторыка Ганса Юргена Бёмельбурга прысвечаны памяці пра бітву пад Грунвальдам у нямецкай і польскай грамадскасці (“Vergessen neben Erinnern. Die brühige Erinnerung an die Schlacht bei Tannenberg / Grunwald in der deutschen und polnischen Öfentlichkeit”, 37–5). Даследчык пераканаўча паказаў адсутнасць кантынуітэту і транснацыянальны характар памяці пра названую падзею ў дамадэрную эпоху. Асабліва вартыя ўвагі акцэнтаваныя аўтарам прыклады пазітыўнай памяці пра яе сярод прускага мяшчанства ў ХVІІ–ХVІІІ ст. – тое, што можа ўспрымацца як інтэрпрэтацыйна нязручнае для нацыянальных гістарыяграфій нашай часткі Еўропы.
Некалькі наступных дакладаў прысвечаны знакавым польскім творцам, юбілеі якіх адзначаліся ў 2010 г. Так, нямецкі славіст Вальтэр Кошмаль паспрабаваў у новым святле паказаць Фрыдэрыка Шапэна (1810–1849), які лічыцца найважнейшым польскім кампазітарам усіх часоў (“Der eine und der andere Chopin?”, 56–72). Даследуючы мову кананізаванага польскага творцы, аўтар указаў на патрэбу бачыць жарты і гумар і ў музыцы Шапэна. Перыпетыі жыцця і творчасці іншага кампазітара, што таксама належыць да польскага пантэона герояў – Ігнацыя Яна Падарэўскага (1860–1941), сталі тэмай даклада Петэра Олівера Лёва (“Paderewski oder Wo liegt Polen. Nation und Erinnerungskultur zwischen dem 19. und 20. Jahrhundert”, 73–6). Гэты творца быўадначасова іпалітыкам, які шмат рабіў для ўзнаўлення польскай дзяржаўнасці, выкарыстоўваючы сваю папулярнасць на Захадзе. У прыватнасці, ён спрычыніўся да таго, каб урад ЗША падтрымаў незалежнасць Польшчы. Між іншага, у 1918 г. Падарэўскі выказаўся за ўтварэнне федэрацыі, у якой апрача Польшчы існавалі б аўтаномныя дзяржавы Літва, Беларусь і Украіна.
Ян Кузбэр звярнуўся ў сваім тэксце да “Цуда над Віслай” – перамогі палякаў над Чырвонай арміяй у бітве пад Варшавай у 1920 г. (“Das Wunder an der Weichsel oder Polens Nachbar im Osten”, 97–114). Гэта падзея, якая адразу заняла важнае месца ў гістарычным календары Польшчы, а ў апошнія часы памяць пра яе зноў стала актуалізавацца. Паказаўшы, як у польскай гісторыі бітва прэзентавалася вялікай перамогай, што спыніла пашырэнне камунізму ў Еўропу, а ў афіцыйнай савецкай гісторыі яна падавалася ў кантэксце барацьбы супраць замежнай інтэрвенцыі ў сітуацыі грамадзянскай вайны – змаганнем Чырвонай арміі супраць “белапалякаў”, аўтар прасочвае, якія функцыі гэтая міфалагізаваная падзея выконвае ў грамадскай памяці як для польскага, так і для расійскага боку.
Некалькі наступных дакладаў аб’яднаны тэмай ІІ сусветнай вайны, якая глыбока асела ў гістарычнай памяці палякаў. Нямецкі славіст Гайнрых Альшоўскі прысвяціў сваё даследаванне творчасці Бертольда Брэхта (1898–1956), разгледжанай скрозь прызму пачатку вайны (“Bertold Brecht, der Hitler-Stalin-Pakt und Polen”, 115–133). Уцёкшы ад нацыстаў, нямецкі паэт і драматург марксісцкіх перакананняў успрыняў падпісанне пакта Рыбентропа – Молатава як крок, што пакінуў сусветны пралетарыят, па яго словах, “без рашэнняў, надзеі і падтрымкі”. Аўтар аналізуе важныя дзённікавыя запісы і творчасць Брэхта з першага года вайны, ставячы ў цэнтр увагі контраверсійную баладу “Дзіцячы крыжовы паход”, напісаную пасля 1 верасня 1939 г. У тэксце Штэфана Гарштэцкага аналізуюцца падыходы польскай гістарыяграфіі і новыя стратэгіі памяці пра вайну (“Warschauer Aufstand und Zweiter Weltkrieg. Polnische Gedächtnispolitik zwischen nationaler Kanonbildung und europäischen Ansätzen”, 134– 156). Даследчык на прыкладах паказвае плюралізацыю наратываў і вобразаў вайны ў сучаснай Польшчы. Клаўдыя Крафт разважае пра траўматызаваныя перажытай вайной нямецка-польскія ўзаемаадносіны і ў палеміцы з некаторымі аднабаковымі трактоўкамі гістарычнай памяці аргументавана выступае за яе дынамічнае разуменне (“Blickwechsel oder Introspektion? Vertreibungsdebatten vor dem Hintergrund des Gedenkjahren 2010/2011”, 157–71).
Найважнейшыя аспекты шматграннай творчасціпольскага лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1980) Чэслава Мілаша (1911–2004) прасочаны ў эсэ паланіста Ганса Хрысціяна Трэптэ (“Zwischen Litauen, Polen, Europa und der Welt. Czesław Miłosz (1911–2004) – Ein Weltreisender”, 172–194). У апошнім тэксце тома Базыль Керскі разглядае польскую “Салідарнасць” і тыя рэвалюцыйныя змены, якія адбыліся пад уплывам польскага руху ў еўрапейскіх дзяржавах камуністычнага блока (“Solidarność, eine europäische Revolution”, 195–204). Аўтар даводзіць, што “Салідарнасць” закладвала падставы новай еўрапейскай культуры, таму яна разглядаецца ў кантэксце транснацыянальнай, агульнаеўрапейскай культуры памяці.
Шэраг юбілеяў і гадавін, тэматызаваных у дакладах тома, сталі падставай для дыскусій пра значэнне адпаведных гістарычных падзей і выявілі іх новае разуменне. Важна, што ў Польшчы актыўнымі ўдзельнікамі адкрытых дэбатаў пра значэнне мінулага з’яўляюцца гісторыкі. Бо, як адзначыў Ян Кузбэр, гаворачы пра ўспрыманне Варшаўскай бітвы (114), актуалізацыя досведу перажытага мінулага, пашырэнне стэрэатыпаў і эгацэнтрычная гістарычная палітыка з абодвух бакоў – кепскія памочнікі ў наладжванні добрых узаемаадносін паміж дзяржавамі. Задачай жа гісторыкаў павінна быць дэміфалагізацыя падзей, памяць пра якія выклікае канфлікты.
Мінск
Генадзь Сагановіч