БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Генадзь Сагановіч. Беларускі каляндар у гістарычнай асвеце ў 1910–1939 г.


Настольныя календары кніжнага фармату (сучаснага тыпу) былі вядомыя на землях Беларусі з часоў Рэчы Паспалітай, дзе яны пачалі выходзіць прыкладна з сярэдзіны ХVІІІ ст. Дзякуючы таму, што ў іх змяшчалася многа інфармацыі практычнага характару з розных галін жыцця – з сельскай гаспадаркі, медыцыны, ветэрынарыі, а таксама звесткі па гісторыі, такія кніжачкі карысталіся асаблівай папулярнасцю шырокіх колаў насельніцтва [1]. “Людская супольнасць не можа абысціся без календара” [2], – пісаў ананімны аўтар аднаго з кракаўскіх выданняў названай эпохі. Як адзначаюць даследчыкі, ужо ў апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай яны сталі своеасаблівай энцыклапедыяй не толькі для шляхты і мяшчан, але ў пэўнай меры і для сялян [3].

Эфектыўнасць выкарыстання кніжных календароў для данясення пэўнай ідэйнай праграмы да насельніцтва выразна выявілася ва ўмовах абвастрэння ідэалагічнай барацьбы на землях Беларусі і Літвы ў другой палове ХІХ ст. Менавіта каляндар як найбольш даступную і папулярную ў народзе кнігу, што займала тады другое месца пасля малітоўніка ў кожнай сям’і, расійская адміністрацыя Паўночна-Заходняга краю зрабіла адным са сродкаў русіфікацыі насельніцтва пасля Студзеньскага паўстання 1863–64 г. Пашыраныя ў краі польскія календары генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў лічыў асабліва шкоднымі для мясцовых людзей, таму іх забаранілі. У барацьбе з польскім уплывам вясной 1864 г. было вырашана выдаваць у Вільні праўрадавы расійскі каляндар, які павінен быў стаць “самым сильным проводником русских идей” [4]. Паказальна, што адна з ключавых роляў у гэтай справе ад самага пачатку адводзілася інфармацыі гістарычнага характару. Сярод галоўных мэтаў “Віленскага календара” адкрыта называлася данясенне да народа “правильных сведений” шляхам публікацыі “статей и очерков, преимущественно исторических” [5]. Праз чвэрць стагоддзя эфектыўнасць выкарыстання календара як самай народнай кніжкі для ўплываў на свядомасць насельніцтва была прызнана ідэолагамі і практыкамі заходнерусізму. У прыватнасці, цытаваны вышэй Аляксандр Мілавідаў, адзін з самых актыўных гісторыкаў Паўночна-Заходняга краю, які прыехаў у Вільню з мэтай сцвярджэння “русского дела”, з веданнем справы адзначаў, што менавіта каляндар выконваў найважнейшую ролю ў пазашкольнай асвеце і выхаванні насельніцтва “ў духу праваслаўя і рускай народнасці” на землях Беларусі і Літвы [6].

Сакрэты поспеху, якім вызначыўся “Виленский календарь” у пазашкольнай гістарычнай асвеце, вынікалі з уласцівасцяў самога выдання і яго прызначэння. Любы каляндар з пералікам датаў і святаў падтрымлівае пэўны вобраз агульных уяўленняў пра гісторыю і з’яўляецца, такім чынам, каркасам калектыўнай памяці пра “сваё” мінулае. З пункту гледжання сучасных сацыяльна-гуманітарных даследаванняў стварэнне календара святаў і гадавін – гэта адзін са спосабаў вызначэння контураў супольнай гісторыі, г. зн. канструявання калектыўнай памяці. Тыя элементы мінулага, якія найбольш істотныя для адпаведнай групы, у такім канструяванні аддзяляюцца ад усяго іншага як неістотнага і таго, што можа заставацца ў забыцці. Праз увядзенне ў каляндар памятных датаў і святаў адбываецца актуалізацыя пэўных момантаў мінулага: у выніку пераносу ў публічную прастору ў шырокім сэнсе яны ператвараюцца з элементаў мінулага ў элементы калектыўнай памяці. Усе тыя даты, што выбіраюцца для гістарычнага календара як дні памяці і святаў, артыкулююць культурную прыналежнасць сацыяльных груп – як малых, так і вялікіх супольнасцяў тыпу нацыі. Іншымі словамі, яны служаць справе канструявання самавобраза такой супольнасці. Усялякі каляндар памятных датаў, функцыянуючы на розных узроўнях калектыўнага жыцця, надае пэўным падзеям і адрэзкам часу сімвалічную вартасць, дзякуючы чаму яны становяцца сімваламі, якія выклікаюць аўтаматычнае атаесамленне і замацоўваюць адчуванне прыналежнасці да адной супольнасці [7]. Інакш кажучы, каляндар гістарычных датаў ці святаў, якія прызнае пэўная супольнасць, утварае своеасаблівы шкілет яе ідэнтычнасці.

Беларускамоўныя календары з’явіліся, як вядома, толькі ў пачатку ХХ ст. Піянерам у гэтай справе была рэдакцыя “Нашай Нівы”, якая з 1910 па 1913 г. выдавала беларускія календары кніжнага фармату кірылічным і лацінскім шрыфтам накладам па 6–20 тыс. [8]. Менавіта “Нашай Ніве” належыць і ўвядзенне практыкі змяшчэння ў календарах звестак з беларускай гісторыі ды спісу важных для народа падзей, – тых, якія заслугоўваюць памяці. Ужо з другога календара, прызначанага на 1911 год, рэдакцыя газеты пачала публікаваць свой пералік такіх гістарычных датаў, названы “Храналогіяй” [9].

Што магло стаяць за ініцыятывай такога новаўвядзення? Пра тое, чым канкрэтна быў матываваны гэты крок, пакуль можна толькі гадаць. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. зварот да гісторыі быў ужо звычайнай з’явай для большасці календароў, якія выходзілі ў культурных цэнтрах краю, не кажучы пра цытаваны вышэй “Виленский календарь”. Напрыклад, Аляксандр Слупскі, пачынаючы выдаваць у Мінску “Северо-Западный календарь” у якасці дадатку да газеты “Минский листок”, прэзентаваў сваё выданне як даведачную кнігу, “у якой былі б сканцэнтраваны неабходныя звесткі для жыхара Паўночна-Заходняга краю і з якой ён мог бы, хоць прыкладна, пазнаёміцца як з мінулым, так і з цяперашнім жыццём гэтай мясцовасці…” [10]. Сапраўды, у гэтым выданні, пакуль яно выходзіла, гісторыя Беларусі стала займала значнае месца [11], ды і літаратурны дадатак да названага календара змяшчаў нямала гістарычных матэрыялаў не толькі пра Міншчыну, але і пра іншыя рэгіёны Беларусі [12], хоць да табліцы памятных датаў справа яшчэ не даходзіла.

Асаблівай паслядоўнасцю ў выкарыстанні гісторыі вызначаліся польскія календары, выдаваныя ў той час як для Віленшчыны, так і для Міншчыны. Паказальна, што хоць першае выданне польскага “Мінскага календара” на 1907 год незалежна ад волі выдаўцоў атрымалася скарочаным, ён усё роўна змяшчаў для кожнага месяца “Гістарычны каляндарык”, а таксама “Кароткі гістарычны нарыс Мінскай губерні” і іншыя гістарычныя звесткі. Як тлумачылася ва ўступнай нататцы, рэдакцыя адразу планавала даваць у ім “шэраг артыкулаў, якія тычацца гісторыі гэтага краю і польскага культурнага даробку ў ім, а таксама біяграфіі слаўных мужоў, народжаных на Мінскай зямлі” [13]. Пазнейшыя выданні польскіх календароў у Вільні і Мінску таксама абавязкова змяшчалі матэрыялы па гісторыі Польшчы або спісы найбольш важных датаў польскай гісторыі [14]. Так што і яны, а не толькі афіцыйны расійскі каляндар для Паўночна-Заходняга краю, маглі стаць добрым прыкладам для “Нашай Нівы”. А дадатковым фактарам, які падштурхнуў рэдакцыю першай беларускай газеты да ўвядзення гістарычнай часткі, верагодна, было рэха пяцісотгадовага юбілею Грунвальдскай бітвы, які ўлетку 1910 г. гучна святкаваўся ў Кракаве і выклікаў польска-літоўскія спрэчкі ў Вільні [15].

Што б ні паслужыла штуршком, фактам застаецца тое, што менавіта стараннямі “Нашай Нівы” беларускі нацыянальны рух упершыню пачаў мэтанакіравана выкарыстоўваць каляндар як сродак уплыву на свядомасць шырокіх колаў насельніцтва, у тым ліку для гістарычнай асветы сваіх чытачоў, галоўным чынам беларускіх сялян. Пра вынікі каляндарнай працы нашаніўцаў і іх паслядоўнікаў у справе нацыянальнага абуджэння вясковага люду немагчыма сказаць нешта пэўнае без адмысловых даследаванняў, тым не менш нават папярэднія назіранні сведчаць, што яна не была бясплённай. Напрыклад, адзін з лідараў Беларускай сялянскай партыі “Зялёны Дуб” Уладзімір Ксяневіч (партыйны псеўданім Грач) адзначыў на судовым працэсе ў 1925 г., што беларусам ён усвядоміў сябе дзякуючы чытанню менавіта беларускага календара [16].

Вернемся, аднак, да гістарычнай часткі беларускіх календароў. Гістарычную храналогію, або спіс памятных датаў, апублікаваны ў нашаніўскім календары на 1911 год, без абнаўленняў і якіх-колечы зменаў паўтаралі аналагічныя выданні, што рыхтаваліся рэдакцыяй газеты да 1913 г. уключна [17]. Затым, яшчэ да пачатку Першай сусветнай вайны, ініцыяваная “Нашай Нівай” традыцыя перарвалася. Гэта адбылося пасля таго, як беларускімі календарамі ў Вільні пачало займацца Беларускае Выдавецкае Таварыства. Ужо ў календары на 1914 год, падрыхтаваным названай арганізацыяй, не было ні гістарычнай храналогіі, ні зваротаў да гісторыі наогул [18]. Ад гэтага часу і да канца існавання Расійскай імперыі беларускія календары, друкаваныя ў Вільні, не змяшчалі ніякіх гістарычных звестак.

Пасля заканчэння І сусветнай вайны віленскія беларусы ўзнавілі каляндарную справу. У міжваенны перыяд у Вільні выйшла больш за тры дзясяткі беларускіх календароў. Праўда, да гісторыі звярталіся далёка не ўсе іх складальнікі і выдаўцы. Першым пасля нашаніўскай ініцыятывы матэрыялы гісторыі актыўна выкарыстаў Вацлаў Ластоўскі, які склаў і выдаў каляндар “Сваяк” на 1919 год [19]. Асобны агляд у ім прысвечаны толькі развіццю асветы ў Беларусі, тым не менш аўтар апеляваў да гісторыі праз амаль увесь змест свайго выдання, апісваючы то незвычайныя з’явы, то герояў беларускага мінулага. Наступным стаў каляндар “Крыніца” на 1921 год, выдадзены Адамам Станкевічам. Апрача агульных геаграфічных і дэмаграфічных звестак ён змясціў і спіс “Важнейшых здарэнняў з жыцця беларусаў” [20], які ў асноўным паўтараў нашаніўскую храналогію. Адзін з найбольшых спісаў гістарычных датаў, вартых памяці народа, падаў каляндар на 1923 год – тут пералічана каля сотні імёнаў і падзей [21]. Затое ў выданні гэтага ж календара на наступны год даваўся толькі сціслы агляд гісторыі Беларусі з агульнымі звесткамі пра краіну (“Наша мінуўшчына”), а канкрэтных гістарычных падзей, важных для калектыўнай памяці, называлася няшмат [22].

Цягам пяці далейшых гадоў беларускія календары да гісторыі наогул не звярталіся, і толькі ў выданні на 1929 год, падрыхтаваным Беларускім Выдавецкім Таварыствам, якое ўзялося працягваць традыцыю “Нашай Нівы”, зноў з’явіўся гістарычны раздзел з “Кароткім аглядам гісторыі Беларусі” і спісам памятных датаў [23]. Каляндар на 1932 год, выдадзены ў Вільні Беларускім Рэлігійна-Грамадзянскім Саюзам, таксама звярнуў сваіх чытачоў да памяці пра мінулае: у ім публікавалася “Кароткая беларуская храналёгія”, у якую было ўключана 27 датаў. Услед за ім пералік важных падзей (“Беларускі гістарычны каляндар”) і асобны “Гістарычны аддзел” змясціў каляндар на 1933 год, выдадзены ў Вільні Янам Мялецкім.

Характэрна, што ў канцы 1930-х г. і тыя віленскія календары, якія адмыслова адрасаваліся сялянам, самым актыўным чынам апелявалі да гісторыі! Апрача разгорнутай табліцы памятных датаў (“Беларускі гістарычны каляндар”), пасля якой змяшчаліся аглядныя артыкулы пра даўняе мінулае Беларусі, выдаваныя Беларускай кнігарняй “Пагоня” кніжкі на кожны месяц падавалі кароценькі жыццяпіс якой-небудзь асобы з эпохі Полацкага княства – са “Слаўных людзей нашай старасветчыны” [24].

У плане выкарыстання звестак пра даўняе мінулае ледзь не поўнай процілегласцю названых віленскіх выданняў сталі календары міжваеннай БССР, якія былі таксама арыентаваныя на беларускіх сялян. Наогул, у савецкай Беларусі календароў выдавалася ў разы меней, чым у Вільні, а тыя, што ўсё ж выходзілі, амаль зусім не звярталіся да айчыннай гісторыі. Так, каляндар “Заранка” на 1919 год –першае адпаведнае выданне ўсавецкім Менску, быў насычаны дбайна падабранымі звесткамі па гаспадарцы і народнай культуры, змяшчаў нарыс па беларускай геаграфіі, але зусім абмінаў гісторыю [25]. Наступны, каляндар “Праца” на 1923 год, меў вялікі сельскагаспадарчы аддзел і асобныя нарысы пра сусветны рэвалюцыйны рух (“Як сяляне змагаліся за свабоду” і да т. п.), пры гэтым толькі ў адной публікацыі разглядалася ўласна беларускай мінулае – у артыкуле Змітра Жылуновіча “Беларуская пісьменнасць і этапы яе развіцця” [26]. На гэтым усе размовы пра сваю гісторыю сканчаліся. Праўда, пад месячнымі табліцамі дзён тыдня і святаў называліся памятныя дні (“Памятка рэвалюцыі”), аднак і яны звязваліся выключна з падзеямі і асобамі рэвалюцыі, у асноўным расійскай. У прыватнасці, для студзеня такой памятнай датай названы пачатак крывавых падзей у 1905 г. у Санкт-Пецярбургу, а для ліпеня – арышт цара Мікалая Раманава ў 1917 г.

Падобнай палітызацыяй вызначаліся і выпускі “Беларускага сялянскага настольнага календара”, якіз 1926 па 1929 г. масавым накладам выдавала ў Менску рэдакцыя газеты “Беларуская вёска” [27]. Марна было б шукаць у іх хоць які-небудзь спіс памятных датаў па гісторыі Беларусі. Сярод сціплых матэрыялаў пра мінулае, якія сустракаліся на яго старонках поруч з гаспадарскімі парадамі, звесткамі аб прыродзе, нататкамі пра фальклор і гульні, непадзельна дамінавала тэма сусветнага рэвалюцыйнага руху і дзейнасці бальшавікоў. Зусім рэдка ўкрапляліся эпізоды з мінулага Беларусі, але абавязкова ў кантэксце класавай барацьбы (напрыклад, “Як сяляне змагаліся з панамі. Першае казацкае паўстанне на Беларусі” або “Як змагаўся Кастусь Каліноўскі” [28]). З беларускіх тэмаў, не звязаных з класавай барацьбой, у гэтых выданнях краналася бадай толькі беларуская пісьменнасць ды Францішак Скарына [29]. Большасць жа гістарычных звестак нерэвалюцыйнага характару тычылася або сусветнай гісторыі, або расійскай, або ўслаўляла эпоху савецкай Беларусі, а ўся ранейшая гісторыя, у тым ліку эпоха ВКЛ, паслядоўна ігнаравалася. У гады сталінскіх рэпрэсій кволая каляндарная справа ў БССР была цалкам спынена. Толькі ў канцы 1930-х г. яна мусіла аднавіцца, але напад Гітлера на Савецкі Саюз не дазволіў ажыццявіць выдавецкія планы [30].

З усіх беларускіх кніжных календароў, якія ўбачылі свет ад 1910 г. да пачатку ІІ сусветнай вайны, у кнігазборах Беларусі ўдалося выявіць і апрацаваць больш за чатыры дзясяткі выданняў. Абсалютная большасць гэтых кніжачак была надрукавана ў Вільні (34), тады як у Менску – толькі 4, і яшчэ 2 беларускія календары выйшлі ў Рызе. Сярод аналізаваных выданняў гісторыю для асветы народа выкарыстала толькі прыкладна траціна, або 12 наяўных календароў, а спісы памятных датаў (так званы “шкілет ідэнтычнасці” беларусаў) змясціла яшчэ менш – толькі 6, г. зн. палова азначанай траціны.

Адразу адзначым, што з фармальнага пункту гледжання гісторыя ніяк не магла быць прыярытэтам для стваральнікаў народных календароў. Паколькі аналізаваныя выданні адрасаваліся найперш вясковаму насельніцтву, то сярод інфармацыі практычнага характару ў іх па вызначэнні дамінавалі рознага роду карысныя звесткі, падказкі і парады для гаспадароў на кожную пару і на любы месяц года. Між іншага, водгукі на першыя беларускія календары (нашаніўскія), якія ў 1911–1912 г. з’явіліся ў польскім, украінскім і расійскім друку, пазітыўныя па сутнасці, станоўча адзначалі менавіта ўдалую прыстасаванасць іх зместу пад патрэбы вясковага насельніцтва [31]. З іншага боку, дзякуючы сваёй папулярнасці ў народзе гэтыя кніжкі давалі выдатную магчымасць гістарычнай асветы, неабходнай для абуджэння нацыянальнага пачуцця, і прадстаўнікі беларускіх нацыянальных элітаў, здаецца, добра разумелі гэта. Аднак, як адзначалася вышэй, дзве траціны беларускіх календароў зусім не выкарысталі ніякіх матэрыялаў па гісторыі, што, вядома ж, не магло быць выпадковасцю.

Звернемся цяпер да зместу гістарычнай часткі тых выданняў, што ўсё ж знаёмілі сваіх чытачоў з беларускім мінулым. Як адзначалася вышэй, стварэнне спісаў ці табліц памятных датаў, г. зн. уласна гістарычных календароў, было па вызначэнні рацыянальным адборам фактаў, абумоўленым свядомай устаноўкай і светаглядам іх творцаў. Што ж складальнікі беларускіх календароў абіралі як найбольш важнае, каб акрэсліць сваю гісторыю? У гэтым сэнсе самы першы спіс памятных датаў, змешчаны ў календарах “Нашай Нівы”, заслугоўвае асаблівай увагі.

Пералічым выбраныя падзеі ў тым парадку, як іх падавала рэдакцыя: увядзенне славянскіх літар (862), раздзяленне царквы (870 і 1054), бітва пад Грунвальдам (1410), выхад “першай беларускай бібліі” (1517), выхад “першага календара па беларуску” (1587), друк Літоўскага Статута (1598), увядзенне уніі Брэсцкім царкоўным саборам (1596), далучэнне Беларусі да Расіі (яно звязвалася з трыма датамі: для ўсходняй і заходняй частак называліся 1772 і 1793 г., а затым падавалася далучэнне Беластоцкай зямлі ў 1807 г.), скасаванне уніі (1839), адмена прыгону (1861), забарона “друкаваць кніжкі па беларуску” (1865), маніфест аб скліканні дзяржаўнай Думы Расіі (1905) і выхад “Нашай Долі” – “першай беларускай газеты па беларуску” (1906).

Першае, што звяртае на сябе ўвагу, гэта адсутнасць хоць якой-небудзь даты з мінулага Полацкага княства і практычна поўнае “выпадзенне” палітычнай гісторыі ВКЛ. У гэтым можна бачыць або неўсведамленне патрэбы выбару нейкай падзеі і звязанай з ёй даты за пачатак беларускай дзяржаўнасці, або своеасаблівае ўхіленне ад такога вызначэння. Як бачым, за першую дату гісторыі ўзята падзея, далёкая ад дзяржаўна-палітычнага быцця – увядзенне азбукі, распрацаванай Кірылам і Мяфодзіем для пераводу грэцкіх рэлігійных тэкстаў на славянскую мову. Як вядома, 862 год быў толькі гіпатэтычнай датай прыняцця славянскай азбукі для пашырэння хрысціянства, аспрэчанай яшчэ ў другой палове ХІХ ст., калі гэтая падзея больш звязвалася з 1863 г. Але важней тое, што яна сімвалізавала адзінства ўсіх славян і, здавалася б, зусім не адпавядала інтарэсам выдзялення мінулага беларускага народа з майстар-наратыву расійскай гісторыі. Не выключана, што ідэя важнасці гэтай даты знайшла прыхільнікаў у рэдакцыі “Нашай Нівы” пад уплывам расійскага і польскага панславізму, які ў той час актуалізавала абвастрэнне супрацьстаяння з Нямеччынай [32]. Аднак узятая сама па сабе, без шырокага палітычнага кантэксту, дата ўвядзення алфавіта арганічна ўпісваецца ў шэраг іншых падзей, гады якіх уключаны ў храналогію, бо сярод іх абсалютна дамінуюць факты культурна-рэлігійнага характару. Зусім адасобленае месца сярод іх займае толькі Грунвальдская бітва, якая стала фактычна адзінай падзеяй з палітычнай гісторыі, уключанай у храналогію (калі не лічыць далучэнні тэрыторый Беларусі да Расіі і склікання расійскай думы).

Першы пералік гістарычных датаў для беларусаў, як бачым, досыць супярэчлівы і пакідае нямала пытанняў, у тым ліку загадку яго аўтарства. Лагічна было б дапускаць, што пасля публікацыі “Кароткай гісторыі Беларусі” Вацлава Ластоўскага ў 1910 г. падбор рэпрэзентацыйных матэрыялаў па гісторыі ў календарах “Нашай Нівы” будзе канцэптуальна ўзгадняцца з ёю. Аднак у разгледжанай храналогіі аказаліся тыя памятныя даты, якія зусім не акцэнтаваліся ў першым дапаможніку па беларускай гісторыі, хоць яго аўтар на той час ужо працаваў у рэдакцыі газеты [33]. Больш за тое, было цалкам абмінута Полацкае княства, з якога В. Ластоўскі пачынаў гісторыю Беларусі. Не знайшлося ў табліцы ні Крэўскай, ні Люблінскай уній, якія ў разуменні апошняга мелі важнае значэнне для лёсаў Беларусі. Наогул, з пазіцый гістарычнай свядомасці сённяшніх беларусаў спіс “Нашай Нівы” не можа не здзіўляць адсутнасцю многіх важных падзей і проста вузлавых пунктаў айчыннага мінулага.

Нібыта паспешліва складзеная храналогія нашаніўскіх календароў узору 1911 г., пры ўсёй яе – як на сёння можа падацца – непрадуманасці, засталася не толькі арыентацыяй для стваральнікаў наступных спісаў памятных датаў, але і іх непасрэднай асновай. Амаль усе даты з першага спіса (14 з 17!) былі перанесены ў календары 1920-х г. Больш за тое, захаваўся не толькі спіс тых жа самых падзей, – ім даваліся тыя ж назвы і ацэнкі [34]. Натуральна, з часам спіс папаўняўся новымі датамі. Так, у календары “Крыніца» на 1921 год дадаліся Усебеларускі з’езд 1917 г., абвяшчэнне незалежнасціБеларусіў1918 г., савецка-літоўскі дагавор 1920 г., які перадаваў Літве частку Беларусі [35], а таксама некаторыя іншыя падзеі. У календары на 1923 год ужо з’явіліся падзеі і асобы полацкай гісторыі, якіх так не хапала ў храналогіі “Нашай Нівы”, а таксама даты найноўшай палітычнай гісторыі, пачынаючы з абвяшчэння незалежнасці Беларусі актам 25 сакавіка 1918 г. Гістарычны агляд выдання на наступны год акцэнтаваў, сярод іншага, важнасць злучэння краю з Польшчай (уніі), адзначаў як падзею выданне першай кнігі Скарынам (1517) і вылучаў вайну з Масквой, з-за якой была падпісана унія 1569 г., а ў ХVII ст. край перажыў вялікія няшчасці [36]. Яшчэ больш прыкметныя абнаўленні ў спісах знамянальных падзей адбыліся ў выданнях канца 1920-х – 1930-х г. У прыватнасці, толькі тады пад 980 г. стаў паслядоўна падавацца Рагвалод як “першы гістарычна вядомы самастойны князь полацкі” [37], – так з’явілася дата і асоба, што магла атаесамляцца з пачаткам беларускай дзяржаўнасці. Тым не менш у агульным падборы фактаў захоўваўся галоўны трэнд, зададзены календарамі “Нашай Нівы”: як перад І сусветнай вайной, так і ў 1930-я г. абсалютная большасць называных падзей была звязана з рэлігіяй і культурай, а да падзей палітычнага жыцця і ваеннай гісторыі складальнікі практычна не звярталіся. Паказальна, што ў адрозненне ад першых календароў яны часам не ўключалі ў лік важных датаў беларускай храналогіі нават Грунвальдскую бітву [38].

Пра абыходжанне з бітвай пад Грунвальдам варта сказаць асобна. Як ужо адзначалася, яна была адзінай падзеяй ваеннай гісторыі, якая трапіла ў першыя беларускія календары і больш-менш стала ўтрымлівалася ў календарах міжваеннага перыяду. Толькі аднойчы – у віленскім календары на 1923 год [39] – спіс падаў усім вядомую цяпер перамогу гетмана Канстанціна Астрожскага ў бітве пад Оршай у 1514 г., але больш яна нідзе не сустракаецца. Яшчэ адной падзеяй ваеннай гісторыі, якая дадалася да Грунвальдскай бітвы, у канцы 1920-х г. стала “паўстанне на Беларусі 1649 г.” [40], уключэнне якога ў спісы можна звязваць з уплывамі гістарыяграфіі БССР. Праз амаль дзесяцігоддзе ў календары латышскіх беларусаў, складзеным Сяргеем Сахаравым, да памятных дат нацыянальнай гісторыі дадаліся бітва на Нямізе (1067) і заваяванне Масквою беларускага Полацка (1563), затое аказалася “забытай” бітва пад Грунвальдам [41]. На гэтым пералік бітваў ці падзей ваенна-палітычнага характару з уласна беларускага мінулага ў аглядах гісторыі і спісах памятных датаў сканчаўся.

Адзначаная ўстаноўка найбольш яскрава выявілася ў пазіцыі беларускага каталіцкага кола на чале з ксяндзом Адамам Станкевічам, які ў сваіх выданнях ад самага пачатку свядома не звяртаўся да ваеннай гісторыі. Так, у яго календары “Крыніца” на 1921 год паўтаралася амаль уся храналогія ўзору 1911 г., аднак – без Грунвальдскай бітвы. Гэта адпавядала той кансерватыўнай лініі, якой трымаліся беларускіх хрысціянскія дэмакраты: выступаючы супраць вайны і рэвалюцыі, яны прапагандавалі ідэю аб тым, што сіла народа палягае ў маральным удасканальванні, а не ў ваенных подзвігах. Характэрна, што ў парадах аб паляпшэнні жыцця, запісаных на кожны месяц у згаданым календары А. Станкевіча, гаварылася пра патрэбу спяваць свае песні, шанаваць сваю мову, важнасць мець нацыянальны гонар і нават краналася індывідуальная памяць (маўляў, добрая памяць аб чалавеку жыве ў пакаленнях) [42], але зусім па-за ўвагай аўтара засталася гісторыя як памяць калектыўная.

Устаноўка падбіраць для гістарычнага календара галоўным чынам падзеі культурна-рэлігійнага жыцця, а не ваенна-палітычнага мінулага, запачаткаваная ў свой час рэдакцыяй “Нашай Нівы”, пры зусім нячастых апеляцыях да мінулага характарызавала не толькі пазіцыю складальнікаў беларускіх календароў у Вільні. Такую ж тэндэнцыю можна назіраць сярод беларусаў, якія апынуліся ў міжваеннай Латвіі. Гэта добра ілюструе змест ужо згаданага выдання для латышскіх беларусаў, складзенага Сяргеем Сахаравым. Названы актывіст беларускіх арганізацый у Латвіі меў за плячыма юрыдычны факультэт Дэрпцкага ўніверсітэта і хаця б па-аматарску займаўся гісторыяй ды этнаграфіяй, так што яго можна па праву залічваць да той эліты, якая тады “канструявала” нацыянальную гісторыю. Вось жа ў календары на 1937 год, у якім паралельна з царкоўнымі святамі на кожны месяц пададзены “гістарычныя памяткі” са свецкага жыцця, у лік апошніх падабраны амаль выключна даты з культурнага жыцця і асветы. Менавіта ў гэтай сферы бачыліся з’явы, якія аўтар мог экспанаваць як дасягненні беларусаў і нават іх перавагі над суседзямі. Пісьменнасць беларусаў “старэйшая за польскую і расейскую”, – адзначаў, напрыклад, С. Сахараў, і дадаваў, што толькі чэхі пераклалі Біблію на сваю мову раней за беларусаў [43].

Вартымі ўвагі ўяўляюцца прапорцыі размеркавання памятных датаў па эпохах. Як вядома, чым больш падбіраецца датаў на пэўную эпоху, тым большая яе камемарацыйная шчыльнасць, што азначае яе большую важнасць для супольнасці [44]. З нашага аналізу атрымліваецца, што ў пяці паўнавартых табліцах памятных датаў беларускай гісторыі, змешчаных у заходнебеларускіх календарах канца 1920-х – 1930-х г., першае месца па камемарацыйнай шчыльнасці займае эпоха найноўшай гісторыі Беларусі: з перыядам пасля абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка 1918 г. (нягледзячы на тое, што гэта быў перыяд аднаго-двух дзесяцігоддзяў) звязваецца ад 26 да 51% усіх названых падзей. Другой стала эпоха даўняй гісторыі ад ІХ ст., праз перыяды ВКЛ і Рэчы Паспалітай, да канца ХVІІІ ст.: ёй прысвечана ад 30 да 48% падабраных датаў, з якіх ад чвэрці да паловы адводзілася на гісторыю Полацкага княства. А найменшая колькасць памятных імёнаў і датаў звязвалася з эпохай існавання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі: ад 19 да 26%. Адсюль добра відаць, якім эпохам лідары беларускага нацыянальнага руху прыпісвалі большае значэнне.

Што да канкрэтных падзей, якія найчасцей уключаліся ў пералікі, то сярод іх у беларускіх гістарычных календарах, як ужо было падкрэслена, абсалютна дамінавалі факты культурна-рэлігійнага жыцця. У нашаніўскіх табліцах амаль адзінай падзеяй палітычнай гісторыі стала Грунвальдская бітва, якая ўтрымлівалася затым у спісах памятных датаў у Заходняй Беларусі. Варта дадаць, што пры наогул рэдкіх зваротах да ваеннай гісторыі гэтая сфера цікавіла толькі свецкія арганізацыі беларусаў, тады як асяроддзе каталіцкай арыентацыі свядома адмаўлялася ад яе.

Папярэдні аналіз беларускіх календароў, што ўбачылі свет да пачатку ІІ сусветнай вайны, дазваляе вызначыць шэраг іх асаблівасцяў. Перш за ўсё, як ужо адзначалася, гісторыя ў беларускіх календарах выкарыстоўвалася менш, чым у аналагічных выданнях суседніх народаў. Гістарычныя нарысы і спісы знамянальных падзей або проста аглядныя матэрыялы па гісторыі змясціла толькі трэцяя частка аналізаваных выданняў. У недастатковай увазе да мінулага можна бачыць пэўную сувязь з даволі нізкім узроўнем гістарычнай свядомасці, характэрнай не толькі для простага насельніцтва, але і для саміх лідараў нацыянальнага руху. Сімвалічна, што да гісторыі ў свой час амаль ніяк не апелявалі і беларускія народнікі [45], – факт, які нядаўна трапна адзначыла Дарота Міхалюк [46]. З улікам гэтай спецыфікі беларускага руху ігнараванне гістарычнага матэрыялу большасцю беларускіх календароў для народа не такое ўжо і дзіўнае.

У календарах, якія ўсё ж звярталіся да мінулага, абыходжанне з гісторыяй моцна рознілася ў залежнасці ад таго, дзе яны выдаваліся – у Вільні або ў Менску. У першых канструявалася глыбокая і звязная гісторыя беларускай нацыі незалежна ад канфесійнай прыналежнасці жыхароў краю. Яны пастулявалі кантынуітэт развіцця Беларусі ад ІХ і Х ст. – ад прыняцця славянскай азбукі і Полацкага княства – да абвяшчэння БНР і апошніх падзей у абедзвюх частках раздзеленай Беларусі. З пункту гледжання самаідэнтыфікацыі выбар увядзення славянскай азбукі за першую памятную дату для беларусаў і яе стабільнае захаванне ўсімі календарамі Заходняй Беларусі, якія змяшчалі адпаведныя спісы, можна разумець як маніфестацыю прыналежнасці да славянства. У календарах, друкаваных у БССР, мінулае Беларусі пазбаўлялася тысячагадовай глыбіні: адлік гістарычнага часу ў іх звычайна пачынаўся з рэвалюцыйных падзей. У адрозненне ад віленскіх яны амаль не аддавалі ўвагі падзеям з жыцця Заходняй Беларусі, дэманстрацыйна ігнаруючы і дату, якая стала адной з галоўных у гістарычных спісах заходнебеларускіх календароў – абвяшчэнне незалежнасці Беларусі актам 25 сакавіка 1918 г. Затое беларускія календары віленскіх выдавецтваў у сваіх спісах знамянальных падзей найноўшай гісторыі не забываліся падаць 19 студзеня 1919 г. як дзень абвяшчэння БССР [47], а таксама называлі важныя факты дзяржаўна-культурнага жыцця савецкай Беларусі.

Як вядома, у еўрапейскіх працэсах нацыяўтварэння ў ХІХ–ХХ ст. важную ролю выконвала міфалагізацыя войнаў, таму бітвы належалі да абавязковых і найбольш частых элементаў рэпертуару календароў нацыянальнай гісторыі. Шляхам надання асаблівага значэння бітвам нацыянальныя рухі і маладыя нацыянальныя дзяржавы ўмацоўвалі сваю калектыўную ідэнтычнасць праз канфліктнае адмежаванне ад суседзяў і актуалізацыю вобраза ворага [48]. Бітвы звычайна займалі важнае месца ў нацыянальных наратывах, сімвалізуючы момант яднання ці пачатку народа (нацыі), акт абароны радзімы або эпічнай барацьбы розных культур [49], таму яны з’яўляліся абавязковым элементам нацыянальнага гісторыяпісання. У беларускіх жа элітаў, як паказвае матэрыял гістарычных календароў акрэсленага перыяду, адзначаная тэндэнцыя зусім не выяўляецца. Яшчэ раз падкрэслім: ва ўсіх аглядах гісторыі і табліцах памятных датаў акцэнтаваліся ў асноўным падзеі культурна-рэлігійнага жыцця, а не дзяржаўна-палітычнага. Сімптаматычна, што і ў згаданых вышэй водгуках на першыя беларускія календары ў польскім друку як пазітыўная з’ява адзначалася менаві та тое, што яны “не ўтрымліваюць ніякіх акцэнтаў ваяўнічага нацыяналізму” [50]. Адзначанае можна лічыць адной з найбольш прыкметных асаблівасцяў беларускага варыянта канструявання нацыянальнай памяці.

Сярод іншых характэрных рысаў ранняга этапу вызначэння контураў нацыянальнага мінулага ў беларускіх календарах можна назваць таксама захапленне эпохай Полацкага княства пры падкрэсленым дыстанцыяванні ад Кіева. Нярэдка пры гэтым падзеі з жыцця Беларусі нават у віленскіх календарах яшчэ недастаткова паслядоўна аддзяляліся ад гісторыі Расіі, не кажучы пра календары менскіх выданняў, якія хутчэй мэтанакіравана ўпісвалі Беларусь у агульную з Расіяй гісторыю, чым вылучалі яе.

Выкладзеныя вышэй вынікі вывучэння беларускіх календароў носяць пакуль папярэдні характар, тым не менш яны дазваляюць разглядаць гістарычны матэрыял гэтай самай “народнай кнігі” як дастаткова змястоўную крыніцу, што можа ўтрымліваць важныя сведчанні, датычныя канструявання нацыянальнай памяці беларускімі элітамі першай паловы ХХ ст. Асабліва каштоўнымі ў гэтых адносінах уяўляюцца віленскія выданні, якія не толькі ўтвараюць аснову калекцыі беларускіх даваенных календароў. Калі менскія календары ўвасаблялі афіцыйную сістэму камемарацыі, заідэалагізаваную і спушчаную “зверху”, то віленскія рэпрэзентавалі само беларускае грамадства. Той вобраз мінулага Беларусі, які канструяваўся ў іх праз памятныя даты і назвы, можна лічыць найбольш адпаведным светагляду беларускіх элітаў і натуральнай самагістарызацыі беларусаў.


[1] Пар.: Мальдзіс А. Календары, выдадзеныя ў Беларусі ў ХVІІІ ст. // Книговедение в Белоруссии: сборник статей. Минск, 1977. С. 65–68.
[2] Rok B. Kalendarze polskie czasów saskich. Wrocław, 1985. S. 3, 146–147.
[3] Rok B. Op. cit. S. 148.
[4] Калі да паўстання ў Вільні выходзіў “Месяцеслов хозяйственный” (або “Kalendarz gospodarski”) на рускай і польскай мовах, практычна пазбаўлены любых звестак па гісторыі, то з 1864 г. пачаў выдавацца “Западно-русский месяцеслов”, а з 1883 г. – “Виленский календарь”, і ў абодвух гісторыя заняла асаблівае месца. Гл.: Миловидов А. И. Русский календарь в Северо-Западном крае, его история и значение. Вильна, 1908. С. 7–9.
[5] Миловидов А. И. Русский календарь в Северо-Западном крае. С. 14.
[6] Тамсама. С. 19.
[7] Гл.: Napiórkowski M. Upamiętnienie // Modi memorandi. Leksykon kultury pamięci / red. M. Saryusz-Wolska, R. Traba, współpr. J. Kalicka. Warszawa, 2014. S. 509; Kwiatkowski P. T., Szpociński A. Przeszłość // idem. S. 414–415; Wolff-Powęska A. Rocznice historyczne jako medium polityki pamięci // Na obrzeżach polityki: praca zbiorowa / pod red. M. Kosmana. Cz. 7. Poznań, 2009. S. 34–35.
[8] Пар.: Саламевіч Я. Календары // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. Мінск, 1997. С. 25.
[9] Biełaruski kalendar “Našaje Nivy” na 1911 hod. Vilnia, 1911. S. 5.
[10] Северо-Западный календарь на 1888 год. Изд. газ. “Минский листок”. Минск, 1888. С. І (ненумараваная).
[11] Як прыклад гл.: Довнар-Запольский М. В. Очерки по истории Белоруссии: От начала до смерти Владимира Мономаха (1125) // Календарь Северо-Западного края на 1890 г. Москва, 1890. С. 16–36.
[12] Гл. літаратурны раздзел на 1893 г. : Северо-Западный календарь на 1893 год / под ред. А. И. Слупского. Минск, 1892.
[13] Kalendarz Miński na rok zwyczajny 1907. Mińsk, 1907. S. 123– 127, 148–151.
[14] Гл.: Kalendarz miński na 1910 rok. Wilno, 1910; Kalendarz miński na rok 1918. Mińsk, 1917; Kalendarz “Zorza” na rok 1924. Wilno, 1924.
[15] Падрабязней гл.: Kurier Litewski. 1910. Nr. 159; Petrauskas R., Staliūnas D. Die drei Namen der Schlacht. Erinnerungsketten um Tannenberg / Grunwald / Žalgiris // Verflochtene Erinnerungen: Polen und seine Nachbarn im 19. und 20. Jh. Hg. von M. Aust, K. Ruchniewicz und S. Troebst. Köln, 2009. S. 122–123; Szpoper D. Gente Lithuana, natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmunt (1851–1934). Gdańsk, 2009. S. 208–217.
[16] Стужынская Н. Беларусь мяцежная: з гісторыі ўзброенага антысавецкага супраціву ў 20-я г. ХХ ст. Мінск, 2012. С. 229.
[17] Беларускі каляндар “Нашай Нівы” на 1912 г. Вільня, 1912. С. 5; Беларускі каляндар “Нашай Нівы” на 1913 г. Вільня, 1913. С. 5.
[18] Гл.: Беларускі календар на 1914 г. Вільня, 1913.
[19] Biełaruski kalendar Swajak na 1919 hod. Wyd. W. Łastoŭskaho. Wilnia, 1918.
[20] Kalendar Krynica na 1921 hod. Wilnia, 1920. S. 25–26.
[21] Беларускі календар на 1923 год. Вільня, [б. г.]. Гл. на с. 26– 27 – “Беларускі гістарычны календар”.
[22] Беларускі каляндар на 1924 год. Вільня, 1923. С. 22–23.
[23] Беларускі календар на 1929 год. Вільня, 1928. С. 42–45.
[24] Беларускі Сялянскі Календар на 1939 год. Вільня, 1939. С. 36– 39, 44–51. Падобныя раздзелы мелі папярэднія выданні гэтага календара, падрыхтаваныя на 1937 і 1938 гады.
[25] Каляндар “Заранка” на 1919 год. Выд. Тав. “Заранка”. Менск, [1919].
[26] Праца. Беларускі работніцка-сялянскі каляндар на 1923 год. Менск, 1923. С. 47–51.
[27] Напрыклад, каляндар на 1929 год выйшаў 30-тысячным накладам.
[28] Беларускі сялянскі настольны каляндар на 1928 год / злажыў А. Матусэвіч. Менск, 1927. С. 23, 63; Беларускі сялянскі настольны каляндар на 1929 год / злажыў А. Матусэвіч (з удзелам супрац. газэты “Беларуская вёска”). Менск, 1928. С. 21, 53.
[29] Беларускі сялянскі настольны каляндар на 1929 год. С. 17.
[30] Саламевіч Я. Календары. С. 26.
[31] На першыя календары беларусаў пазітыўна адгукнуўся і нараджэнец Віцебска, праф. Харкаўскага ўніверсітэта Аляксандр Пагодзін, які быў ужо вядомым славістам. Гл. “Што пішуць расейцы, палякі і ўкраінцы аб беларускім календары» ў: Беларускі календар на 1915 год. Вільня, 1914. С. 54.
[32] Ініцыятарам і прапагандыстам святкавання даты ўвядзення кіріліцы як пачатку славянскай гісторыі і тысячагоддзя славянскага адзінства ў 1862 г. быў расійскі гісторык-публіцыст Міхаіл Пагодзін. Гл.: Погодин М. П. Слово на день памяти св. Кирилла и Мефодия // Кирилло-Мефодиевский сборник. Изд. М. Погодин. Москва, 1865. С. 441–448; Майорова О. Славянский съезд 1867 года: метафорика торжества // НЛО. 2001. № 5(51). С. 90.
[33] У даследаваннях адзначаецца, што В. Ластоўскі рэальна кіраваў газетай толькі з 1912 г., а перад тым кіроўныя функцыі захоўвалі А. Уласаў і браты Луцкевічы (гл.: Унучак А. “Наша ніва” і беларускі нацыянальны рух (1906–1915 гг.). Мінск, 2008. С. 33, 140). Магчыма, гэтая акалічнасць акурат і тлумачыць, прынамсі часткова, настолькі істотныя разыходжанні ў выбары вузлавых падзей гісторыі Беларусі ў кнізе В. Ластоўскага, з аднаго боку, і ў календары на 1911 год, з другога.
[34] Пар.: Kalendar Krynica na 1921 hod. Wilnia, 1920. S. 25–26; Беларускі календар на 1923 год. Вільня, [б. г.]. С. 26–27; Беларускі календар на 1929 год. Вільня, 1928. С. 42–45.
[35] Kalendar Krynica na 1921 hod. S. 26.
[36] Беларускі каляндар на 1924 год. Вільня, 1923. С. 22–23.
[37] Беларускі календар на 1929 год. С. 42.
[38] Беларускі календар на 1932 год. Выд. Беларускага РэлігійнаГрамадзкага Саюзу. Вільня, [б. г.]. С. ХХХІІ. Адной выразнай пазіцыі наконт важнасці Грунвальдскай бітвы яшчэ не існавала. Наступным разам яна зноў аказалася сярод датаў календара на 1933 год (гл.: Беларускі календар на 1933 год. Выд. Я. Мялецкага. Вільня, [б. г.]. С. 32), але потым неаднакроць зноў здымалася са спіса.
[39] Беларускі календар на 1923 год. С. 26.
[40] Беларускі календар на 1929 год. С. 43.
[41] Беларускі календар на 1937 год / склаў С. Сахараў. Daugavpils, [б. г.]. С. 17, 19.
[42] Гл.: Kalendar Krynica na 1921 hod. S. 12–13, 20–21.
[43] Беларускі календар на 1937 год / склаў С. Сахараў. Daugavpils, [б. г.]. С. 23.
[44] Пар.: Зерубавель Я. Динамика коллективной памяти // Ab Imperio. 2004. № 3. С. 83.
[45] Публицистика белорусских народников / сост. и подгот. С. Х. Александровича и И. С. Александрович. Минск, 1983.
[46] Michaluk D. Białoruska Republika Ludowa 1918–1920: u podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, 2010. S. 113.
[47] Гл. напр.: Беларускі календар на 1929 год. С. 44; Беларускі Сялянскі Календар на 1939 год. С. 38.
[48] Buschmann N., Langewiesche D. Krieg im Mythenarsenal europäischer Nationen und der USA. Überlegungen zur Wirkungsmacht politischer Mythen // Der Krieg in den Gründungsmythen europäischer Nationen und der USA / Hg. von Langewiesche D. Frankfurm a. M., New York, 2004. S. 13–22. Пар.: Kroener B. R. Kriegerische Gewalt und militärische Präsenz in der Neuzeit. Ausgewählte Schriften. Hg. von R. Pröve und B. Troß. Padeborn, 2008. S. 297; Mick C. Kriegserfahrungen und die Konstruktion von Kontinuität. Schlachten und Kriege im ukrainischen und polnischen kollektiven Gedächtnis 1900–1930 // Gründungsmythen – Genealogien – Memorialzeichen. Beiträge zur institutionellen Konstruktion von Kontinuität. Hg. von G. Melville und K.-S. Rehberg. Köln [u. a.]: Böhlau, 2004. S. 109–132.
[49] У якасці добрых прыкладаў можна назваць бітву ў Тэўтабургскім лесе 9 г. н. э., якая ў ХІХ ст. стала сімвалізаваць пачатак Нямеччыны, бітву Залатых шпораў 1302 г. як фламандскабельгійскі міф заснавання, а таксама Косаўскую бітву 1389 г., што заняла цэнтральнае месца ў сербскай нацыянальнай ідэнтычнасці. Гл.: Bendikowski T. Der Tag, an dem Deutschland entsatnd. Die Geschichte der Varusschlacht. München, 2008; Langewische D. Unschuldige Mythen // Kriegserfahrung und nationale Identität in Europa nach 1945: Erinnerung, Säuberungsprozesse und nationales Gedächtnis. Hg. von K. von Lingen. Padeborn, 2009. S. 36–37; Šuica M. The Image of the Battle of Kosovo (1389) Today: a Historic Event, a Moral Pattern, or the Tool of Political Manipulation // The Uses of the Middle Ages in Modern European States: History, Nationhood and the Search for Origins / ed. by R. J. Evans, G. P. Marchal. New York, 2011. P. 152–174.
[50] Гэта адзначаў “Dziennik Petersburski” за 1911 г. Гл.: Biełaruski kalendar na 1914 hod. Vilnia, 1914. S. 2; Беларускі календар на 1915 год. С. 54.

Наверх

Тэгі: , ,