Юры Гардзееў. Заўвагі наконт вывучэння гісторыі самакіравання на беларускіх землях
У 23 томе БГА (2016)
У 2013 г. убачыла свет манаграфія Сяргея Стрэнкоўскага, прысвечаная гісторыі гарадскога самакіравання на Беларусі ў канцы XIV – XVIII ст.[1]. Яе тыраж – адносна невялікі, 100 асобнікаў, што, магчыма, у выпадку навуковай працы апраўдана.
Рэцэнзаваная кніга (фактычна тэкст дысертацыі) складаецца з двух тамоў. У першай, аб’ёмнай па памеры (амаль 600 старонак), частцы аўтар змяшчае гістарыяграфічны агляд і тры раздзелы, у якіх асвятляюцца формы самакіравання беларускіх гарадоў, што не былі заснаваны на магдэбургскім праве ці гэтым правам валодалі. У апошнім раздзеле тома разглядаецца пытанне карпаратыўнай структураванасці гарадскога самакіравання. Зрэшты, у анатацыі да кнігі сцвярджаецца, што ў публікацыі праведзены аналіз розных відаў самакіравання (устаўнага, магдэбургскага), яго структуры. Другі том – гэта дадатак табліц, старанна апрацаваных аўтарам. Тэкст дапоўнены ілюстрацыйным блокам.
Ва “Уводзінах” аўтар фармулюе “мэты і задачы”, гаворачы пра факусаванне ўвагі на эвалюцыі самакіравання беларускіх гарадоў на храналагічным адрэзку чатырох стагоддзяў і яго арганізацыйна-функцыянальных праявах.
Некалькі заўваг наконт гістарыяграфіі і крыніц даследавання
Гістарыяграфічнаму аналізу ў манаграфіі прысвечана каля 80 старонак. Заўважым, што аўтар перадае асноўныя палажэнні асобных прац, аднак не заўсёды заглыбляецца ў аналіз гістарыяграфічнай думкі; дзе-нідзе аспрэчвае тыя ці іншыя высновы ці робіць трапныя тэрміналагічныя заўвагі (45–46), а часам абмяжоўваецца кароткай бібліяграфічнай інфармацыяй пра змест той ці іншай публікацыі.
Азнаямленне са зместам гэтага раздзела выклікае розныя пытанні. Напрыклад, чытачу было б цікава даведацца пра адрозненні паміж “прадстаўнікамі кансерватыўнай плыні расійскай гістарыяграфіі” і “прадстаўнікамі расійскай ліберальнай гістарыяграфіі” XIX ст. (11, 12). Чым адрозніваўся кансерватызм Яленева ад ліберальнай думкі Уладзімірскага-Буданава ці Любаўскага, калі тыя ў прынцыпе аднолькава ставіліся да пераймання нямецкага права? Ці, можа, гаворка ідзе пра палітычныя ці ідэалагічныя перакананні гісторыкаў? У любым выпадку трэба пазбягаць даніны тэрміналагічнай модзе савецкіх часоў.
На 25-й старонцы аўтар робіць рэверансы ў бок савецкага перыяду, выказваючы думку пра новыя магчымасці беларускай гістарычнай навукі “пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі” і што “ўсталяванне ўлады бальшавікоў” вызначыла фармаванне “новых метадалагчіных падыходаў”.
Вядома, аўтар мае права на сцвярджэнне, што радыкальныя палітычныя змены “выклікалі неабходнасць пераасэнсавання ранейшых даследаванняў”. Хоць куды прасцей было б адзначыць, што гістарычная навука, а таксама літаратура і кінамастацтва сталі заложнікамі ідэалагічнага дыктату камуністычнай партыі і яе ідэалогіі, у сувязі з чым былі вымушаны апераваць марксісцка-ленінскай метадалогіяй, робячы акцэнт на дзяжурны прынцып партыйнасці ў гістарычным пазнанні, класавы падыход, тэорыю фармацый ці матэрыялізм[2]. Як можна меркаваць, звужэнне метадалагічнай разнастайнасці гістарычнай навукі і ператварэнне яе ў сродак ідэалагічнай барацьбы не былі тоеснымі з “новымі магчымасцямі”.
У гэтай частцы працы сустракаюцца пэўныя лагічныя нестыкоўкі. Напрыклад, на с. 11 аўтар піша, што “вывучэнне гісторыі беларускіх гарадоў часоў ВКЛ і РП пачалося адразу пасля падзелаў апошняй”, аднак не прыводзіць аніводнага прыкладу. Усё ж такі кнігі братоў Яўстафія і Канстанціна Тышкевічаў, Міхаіла Без-Карніловіча ці Паўла Баброўскага, не кажучы пра Адама Кіркора, не з’явіліся адразу пасля падзелаў. Зрэшты, том “Живописной России”, падрыхтаваны пераважна Кіркорам і надрукаваны ў 1882 г., таксама нельга лічыць яго першай спробай пяра. У 1851 г. ён апублікаваў аб’ёмны артыкул пра гарады Віленскай губерні, пра які ў рэцэнзаванай манаграфіі нічога не сказана[3].
Трэба зазначыць, што перыяд пасля падзелаў нельга лічыць белай плямай у гарадской гісторыі. Першыя сціплыя апісанні беларускіх гарадоў былі складзены ў 70-я г. XVIII ст. Першай паловай XIX ст. датуюцца напрацоўкі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта і чыноўнікаў губернскіх статыстычных камітэтаў. У сваю чаргу, шмат артыкулаў па гісторыі гарадоў з’явілася ў другой палове XIX ст.[4], але яны з метадалагічнага пункту гледжання выходзяць за рамкі навуковага аналізу з прычыны выразна папулярнага апісальна-фактаграфінага зместу.
Прыведзеныя прыклады сведчаць, што магчымасці грунтоўнага аналізу гістарыяграфічнай думкі нельга лічыць вычарпанымі.
Некалі слоў трэба сказаць наконт крыніцазнаўчага аналізу, якому аўтар прысвяціў чатыры старонкі. Структура выкарыстаных крыніц, як відаць, нагадвае схему навучальнага дапаможніка Сяргея Ходзіна[5]. Да першага тыпу крыніц аўтар адносіць заканадаўчыя дакументы. Здзіўленне аўтара выклікае “практычна поўная адсутнасць адзіных гарадскіх законаў” (91). Можна меркаваць, што сумненні аўтара – беспадстаўныя, а фармулёўка пра “адзіныя гарадскія законы” тэрміналагічна не зусім трапная.
Цяжка гаварыць пра нейкую планамерную палітыку дзяржавы адносна гарадоў і мяшчанскага саслоўя, фармаванне якога ў Рэчы Паспалітай мела адметнасці. У Сярэднявеччы і ў перыяд Новага часу з-за палітычнай і эканамічнай нескансалідаванасці мяшчане не вылучаліся саслоўнай згуртаванасцю. Менавіта факт невысокай ступені ўсведамлення жыхарамі горада (гаворка не ідзе пра яўрэйскае насельніцтва ці шляхецкіх і духоўных уладальнікаў нерухомай маёмасці) сваёй прыналежнасці да стану доўгі час абумоўліваў імкненне асобных гарадоў атрымліваць прывілеі ў індывідуальным парадку і такім чынам пашыраць свае правы і вольнасці[6]. Варта дадаць, што заходнееўрапейскія гарады таксама валодалі шматлікімі прывілеямі (у Іспаніі – фуэрасамі, у Англіі, Францыі і ў нямецкіх землях – хартыямі). Аднак кожны горад мог пахваліцца ўласцівым толькі яму наборам правоў і вольнасцяў. Менавіта таму гарадское права ў Еўропе не магло быць кадыфікавана. Хоць, трэба адзначыць, толькі ў Швецыі ў XIV ст. быў падрыхтаваны звод гарадскіх правоў[7].
Парасткі мяшчанскай салідарнасці пачалі праяўляцца ў другой палове XVIII ст., супадаючы з працэсам дзяржаўна-прававой уніфікацыі ў Рэчы Паспалітай, пра што сведчыць ухваленне соймам канстытуцыі “Miasta nasze Krуlewskie wolne w państwach Rzeczypospolitey” ў 1791 г.
Такім чынам, у выпадку гарадоў манарх выступаў у якасці, калі так можна акрэсліць, саюзніка гарадскіх абшчын. Але ім не быў шляхецкі парламент, які ў Рэчы Паспалітай ухваляў заканадаўчыя акты. Інакш кажучы, саслоўны характар грамадства абумовіў тое, што ў адрозненне ад шляхты кожны горад валодаў комплексам уласцівых толькі яму прывілеяў і прававых актаў, што рэгулявалі яго жыццё, і атрымліваў іх ён ад караля, а не ад сойма. Менавіта таму адзіная нарматыўная база, якая ўніфікавала б гарадскі лад, проста не магла існаваць.
Працы ж польскіх юрыстаў XVI ст. Бартламея Граіцкага і Паўла Шчэрбіча, якія аўтар разглядае ў гэтай катэгорыі, можна аднесці да заканадаўчых актаў з вялікай нацяжкай, хоць менавіта ў час магістрацкіх паседжанняў яны маглі выкарыстоўвацца. Гэта быў пераклад з пераказам палажэнняў магдэбургскага права, адаптаваны да мясцовых польскіх умоў.
На 91-й старонцы аўтар зазначае, што, “як паказваюць гарадскія акты (sic! – Ю. Г.), найбольш папулярнымі былі выданні” Граіцкага і Шчэрбіча. Пасля чаго дапускае, што ў “Брэсце і Гродне карысталіся, відаць, кнігамі М. Яскера”. Выкарыстанне гэтых кніг у магістратах не выклікае сумнення, але праверка спасылак, змешчаных у бібліяграфічным спісе, змушае засумнявацца ў такіх высновах. Аўтар не прыводзіць аніводнага прыкладу, які паходзіў бы з актавых дакументаў пералічаных гарадоў. Згадваецца тут і нейкі пераклад зводаў магдэбургскага права “на польскую (лацінскую) мову” (?! – Ю. Г.). Мабыць, гаворка ідзе пра пераклад на польскую мову з лацінскіх тэкстаў Speculum Saxonum і Ius Municipale?
Да другой групы крыніц, названай гістарычнымі актамі, аўтар адносіць велікакняскія прывілеі, называючы іх “уставамі” (92). Натуральна, для рэцэнзаванага даследавання менавіта дараванні манархаў павінны займаць важнае і ў пэўным сэнсе сімвалічнае месца. Вядома, што вялікая частка фундацыйных і канфірмацыйных прывілеяў апублікавана ў разнастайных археаграфічных працах яшчэ ў XIX ст. ці надалей захоўваецца ў кнігах Метрыкі, актавых кнігах, музейных ці бібліятэчных рукапісных зборах (92). Аднак у дадзеным пункце разважанняў узнікае пытанне: зыходзячы з метадалогіі даследавання, ці можна абмяжоўвацца спасылкай на верагоднасць публікацыі прывілеяў у XIX ст., нават калі выдаўцы і карысталіся іх арыгіналамі, і ўлічваючы факт верыфікацыі прывілеяў у гродскіх ці магістрацкіх актах?
Для прыкладу можна ўзгадаць гарадзенскія прывілеі, якія ў XVIII ст. былі ўнесены ў гродскія кнігі, але не ў арыгінале, а ў перакладзе на польскую мову. Менавіта гэтыя пераклады пазней падрыхтавалі і апублікавалі супрацоўнікі Віленскай археаграфічнай камісіі. Арыгінальныя ж прывілеі, якія былі нададзены гораду, у XIX ст. вывезлі ў Санкт-Пецярбург і Вільню. Таму сталічныя археографы былі (калі можна так сказаць) у больш камфортнай сітуацыі.
Аналізуючы прывілей на магдэбургскае права, нададзены Брэсту (176), аўтар спасылаецца не на арыгінальны дакумент, а на свой артыкул. Чаму? Фармат падобнай працы – усё ж такі гэта тэкст доктарскай дысертацыі – прадугледжвае выкарыстанне арыгіналаў. Таму ў ёй цікава было б даведацца пра стан захаванасці арыгінальных прывілеяў іншых гарадоў.
У гэты ж від крыніц аўтар уключае прыватна-прававыя дакументы (акты куплі-продажу, дарэння, абмену, тэстаменты), якія фіксуюцца на старонках актавых кніг магістратаў. Трэцяя група крыніц акрэслена матэрыяламі справаводства, што “сфарміраваліся ў выніку дзейнасці органаў гарадскога самакіравання” (93). Аднак ці пералічаныя вышэй прыватна-прававыя акты не выходзілі з-пад пяра ўраднікаў органаў таго ж самакіравання? Ці яны не сфармаваліся ў выніку дзейнасці магістратаў? І хіба справаводчыя матэрыялы не гістарычныя крыніцы?
Хацелася б звярнуць увагу на яшчэ адзін тып крыніц – статыстычныя матэрыялы. Чаму аўтар прыводзіць толькі адзін прыклад, спасылаючыся на артыкул польскага даследчыка Пятра Чыжэўскага аб перапісах насельніцтва 1789 г.? Да гэта трэба дадаць, што апошні ў сваім артыкуле выкарыстаў перапісы перыяду Чатырохгадовага сойма, якія праводзіліся не гарадскімі ўладамі, а мясцовай павятовай адміністрацыяй, таму непасрэднай сувязі з дзейнасцю самакіравання не мелі.
З тэксту незразумела, ці ў беларускіх гарадах увогуле праводзіліся перапісы насельніцтва, хоць такіх крыніц існуе даволі шмат. Гэта гарадскія інвентары, рэвізіі, перапісы ўладальнікаў нерухомай маёмасці ці рамесных цэхаў, тарыфы падымнага падатку, якія даюць магчымасць аналізу статычнага вобраза гарадской папуляцыі і выступаюць каштоўнай крыніцай інфармацыі пра гарадскія супольнасці. Не выклікае сумнення, што гэтая разнавіднасць крыніц пры вывучэнні гісторыі гарадскога самакіравання мае другасны характар, але гэта не азначае іх поўнага ігнаравання.
Па разгледжаных прычынах крыніцазнаўчага ды лагічнага парадку класіфікацыю крыніц трэба прызнаць не зусім удалай.
Паміж вечам і Магдэбургам
Аўтар асобна вылучае раздзел, прысвечаны гісторыі гарадскога самакіравання, якое не было заснавана на магдэбургскім праве. Сваё рашэнне цалкам слушна тлумачыць тым, што дагэтуль асноўная ўвага даследчыкаў была засяроджана на вечавай і магдэбургскай форме самакіравання. Адсюль паўстае зусім заканамернае пытанне аб магчымасці існавання нейкага прамежкавага варыянта гарадскога ладу.
На пачатку аўтар праводзіць грунтоўны гістарыяграфічны і крыніцазнаўчы агляд, даводзячы, што дамагдэбургскі гарадскі лад характарызаваўся працэсам прававога і эканамічнага вылучэння гарадоў з воласці. Акрамя таго адзначае, што галоўная крыніца па гісторыі гэтых гарадоў – матэрыялы канцылярыі дзяржаўных устаноў (98–99).
Для поствечавага гарадскога ладу аўтар уводзіць тэрмін “устаўнае самакіраванне” (40), г. зн. нададзенае згодна з уставамі, якія захаваліся ў кнігах запісаў Метрыкі ВКЛ. Паводле праведзеных даследаванняў, устаўны рух быў запачаткаваны ў часы Вітаўта, атрымоўваючы лагічнае развіццё на працягу XV і XVI ст., калі мяшчане імкнуліся пацвердзіць даўнія вольнасці (100).
На думку аўтара, самакіраванне Полацка згодна з уставам 1486 г.[8] не было цалкам гарадскім, таму што ў дакуменце апрача мяшчан згадваюцца баяры, гарадскія дваране і чорныя людзі, якія не належалі да “сацыяльнай базы гарадскога самакіравання” (101). З гэтым палажэннем можна паспрачацца. Па-першае, нельга ацэньваць тагачасную саслоўную структуру Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку структуру гарадскога насельніцтва, як канчаткова сфармаваную, замкнёную ці “застылую”. Адсюль вынікае другая заўвага, якая тычыцца дынамікі саслоўнай структуры грамадства. Можна ж дапусціць, што незаможнае баярства магло прымаць удзел у фармаванні мяшчанскага саслоўя па прычыне свайго пераходнага статусу[9] і незавершанага працэсу фармавання саслоўяў. І, хутчэй за ўсё, такі ўдзел прымала. Напрыклад, у сярэдзіне XVI ст. у гродзенскіх крыніцах Мікалай Куніцкі быў названы “земянином господарьским” і “мещанином места Городенского”, а Івашка Андрэевіч – гаспадарскім баярынам і “мясником”, уладальнікам гарадской нерухомасці[10].
Рэзюмуючы, трэба адзначыць, што разнапланавы аналіз крыніц дазволіў аўтару зрабіць шэраг важных высноў аб тым, што працэс адасаблення беларускага горада ад воласці расцягнуся на стагоддзі. На ўсходзе ж гэты працэс доўжыўся аж да першай паловы XVII ст. Акрамя таго фактарам, які паскорыў гэты працэс, стала валочная памера.
На падставе аналізу крыніц аўтар вылучае розныя элементы ўстаўнага самакіравання, напрыклад, валоданне гарадамі пячаткамі, падаткавымі метамі і розрубамі і ўрэшце існаванне розных мадэляў устаўнай пасады войта, якога прызначаў гаспадарскі ўраднік са згоды ці па просьбе мяшчан (129–132). Згодна з уставамі войт узначальваў гарадское кіраванне, валодаў адміністрацыйна-судовымі і гаспадарча-падаткавымі паўнамоцтвамі. Акрамя таго да яго функцый належала засяленне горада, што вынікае з аналізу прывілея, нададзенага Пяшчатцы ў 1530 г. (135). Трэба зазначыць, што падобнай функцыяй валодалі войты магдэбургскіх гарадоў. Урэшце адным з найважнейшых крытэрыяў, які дазволіў вылучыць згаданы тып самакіравання, быў факт карыстання, а не валодання магдэбургскім правам да яго надання.
Заўважым, што заслуга аўтара заключаецца ў распрацоўцы чарговай “белай плямы” беларускай гісторыі поствечавага ўстаўнага самакіравання і эвалюцыі рэгіянальных сістэм самакіравання ў Падзвінні (віцебская рэгіянальная сістэма, распрацаваная Максімам Макаравым[11]), Падняпроўі (Магілёў і Орша) ці Палессі (Пінск – Лагішын).
Цікавым уяўляецца паралельнае асвятленне інстытутаў цівунов, старцаў, мужоў, дзясятнікаў, сарочнікаў, сотнікаў з войтамі і полацкімі “advocates” у XIV ст., “старэйшымі людзьмі” ў Мсціславе і “старэйшымі мяшчанамі” ў Віцебску (101, 144, 145, 153, 160) ці прыкладаў, якія сведчаць аб мяшчанскай абшчыне як суб’екце права (147).
На падставе крытэрыю падпарадкоўвання гарадскіх ураднікаў мясцовай адміністрацыі аўтар асобна вылучае разнавіднасць устаўнага самакіравання, акрэсліваючы яе псеўдамагдэбургскай (Моталь, Дзівін, Чэрыкаў) з выбарнымі ці прызначанымі войтам і бурмістрам (173). Праўда, у гэтым выпадку належала б удакладніць, якую адміністрацыю мае на ўвазе аўтар, бо мясцовая адміністрацыя на літоўска-беларускіх землях з’явілася толькі ў канцы XVIII ст. У тэксце прыводзіцца і выключны выпадак чэрыкаўскага самакіравання як “аналага магдэбургскага магістрата”, які, аднак, не карыстаўся магдэбургскім правам (167, 168).
Акрамя гарадоў з поствечавым самакіраваннем, якія былі часткай сістэмы дзяржаўнага кіравання, у ВКЛ атрымала развіццё магдэбургскае права.
Магдэбургскае права
Расповед пра эвалюцыю магдэбургскага права на Беларусі займае амаль палову аб’ёму асноўнага тэксту. Спрабуючы высветліць фактары, якія паспрыялі распаўсюджанню гэтага права, аўтар згаджаецца з думкай польскага гісторыка Вацлава Мацяёўскага пра “падабенства магдэбургскага права і славянскіх звычаяў”, дадаткова спасылаецца на меркаванні расійскага гісторыка Аляксандра Рагачэўскага пра агульныя рысы германскага і славянскага права (175)[12]. Аднак дадзенае сцвярджэнне характарызуецца нейкай спрошчанасцю і апрыёрнасцю.
Мацяёўскі сапраўды выказваўся на гэты конт. Вось як гучыць адзін з падзагалоўкаў яго кнігі: “Prawa germańskie różnej nazwy i barwy pojawiają się w Polsce, cierpiane obok prawa zwyczajowego, ktуrem się polskie miasta poprzednio rządziły”[13]. У першую чаргу трэба падкрэсліць: кніга пісалася ў XIX ст., што не магло не паўплываць на стылістыку мовы. У прыведзеным сказе выразна прасочваецца модус, г. зн. асабістае стаўленне аўтара да з’явы ці падзеі. Зрэшты, азнаямленне з тэкстам кнігі пацвярджае гэтую думку. Дух крытыцызму Мацяёўскага даволі суб’ектыўны. І гэта не павінна здзіўляць, зыходзячы хоць бы з часу і акалічнасцяў яе падрыхтоўкі. Працу Вацлава Мацяёўскага можна патрактаваць як каштоўны помнік грамадскай і гістарыяграфічнай думкі XIX ст., афарбаваны ў шматлікія эмацыйныя выказванні не заўсёды навуковага зместу.
Дадаткова пра гэта сведчыць асвятленне пытання супрацьстаяння магдэбургскаму праву. Манархі, маўляў, не рупіліся аб гарадах, глядзелі цераз пальцы на лютаванне чужых правоў. Літва “гарнулася” (“lgnęła”) да іх без усялякага супраціву. Мацяёўскі задае наступнае пытанне рытарычнага кшталту, ці магдэбургскае права, якое германізавала гарады, абуджала “ўсыпляльны дух славянскай народнасці”[14], падкрэсліваючы, што магдэбургскае права “схілялася да славянскіх звычаяў” (“ku słowiańskim nachylało zwyczajom”)[15]. Цяжка сказаць, што меў на ўвазе аўтар, калі пісаў пра звычаёвыя “схільнасці” права. Але несумненна тое, што да падобных здабыткаў свайго часу нельга ставіцца бескрытычна.
Завяршаючы аналіз гэтага прыкладу, заўважым, што выказванні Рагачэўскага, якія цытуе аўтар, грунтуюцца на высновах Мікалая Паўлава-Сільванскага аб падабенстве германскіх і славянскіх правоў. Але ж апошні параўноўвае “Рускую праўду” з раннесярэднявечнымі германскімі правамі[16]. Таму пытанне ўплыву варварскіх прававых кодэксаў на ўспрыманне нормаў магдэбургскага права застаецца адкрытым.
Не заглыбляючыся ў гісторыка-прававыя разважанні, але абапіраючыся на прынцыпы фармальнай логікі, хацелася б запытацца, чаму ў такім выпадку гэтая падобнасць ці агульнасць рыс не аблягчала мяшчанам знаёмства з нормамі магдэбургскага права ці не садзейнічала хутчэйшай рэцэпцыі права, пра што ідзе гаворка далей?
Разважаючы пра далейшыя этапы дараванняў магдэбургскага права, аўтар робіць абагульняльны аналіз характарыстычных рыс прывілеяў, іх тыпаў, асвятляе моўны бок. На падставе дыпламатычнага аналізу крыніц робіць выснову аб існаванні ўзорнага прывілея ў ВКЛ, якім, на яго думку, быў прывілей для Крынак, змест якога запазычаны з кнышынскага прывілея (186–192). Разам з тым гаворка, відаць, ідзе пра ўзор, які дзейнічаў у другой палове XVI – першай палове XVII ст.
Падраздзел “Прывілеі канца XIV – XVI ст.” больш нагадвае разгляд выбраных аспектаў. Яго змест пакідае ўражанне недапрацаванасці з-за адсутнасці глыбокага аналізу прывілеяў такіх гарадоў, як Полацк, Мінск ці Гродна, разбору іх тыпалагічных рыс. У ім перамяшаны розныя сюжэты: эканамічныя аспекты дзейнасці самакіравання з дыпламатычным аналізам тэкстаў прывілеяў ці атрыманнем прывілеяў прыватнаўласніцкімі гарадамі. Падаецца таксама, што можна было падзяліць нарацыю на асобныя храналагічныя адрэзкі, напрыклад, канец XIV ст. ці канец XV – першая палова XVI ст.
Звернем увагу на яшчэ адзін аспект. Аўтар адзначае: “…сапраўды, у берасцейскім прывілеі адсутнічаюць самі па сабе нормы магдэбургскага права” (177). Вядома, прывілей – гэта не Sachsenspiegel ці Weichbild. З іх зместу можна было б даведацца пра гэтыя нормы. Сутнасць жа прывілея – у іншым: кароль ці вялікі князь надаваў ці пашыраў правы і вольнасці гарадской абшчыне.
Можна згадзіцца з тым, што дараванні магдэбургскага права Вільні і Брэсту з’яўляліся пунктам адліку гарадскога права ў ВКЛ і што яны сталі асновай для фундацыйных прывілеяў іншых гарадоў (178). Падкрэслім, што такая пастаноўка пытання аб неабходнасці параўнальных гісторыка-прававых даследаванняў падаецца зусім лагічнай.
Спасылаючыся на разнапланавыя ацэнкі гістарычнай літаратуры, ва ўступнай частцы аўтар адзначае дыскусійнасць паняцця “магдэбургскае права” і ўвогуле ставіць пытанне, чым па сутнасці было магдэбургскае права гарадоў ВКЛ, ці яно “з’яўлялася часткай сістэмы дзяржаўнага кіравання”. Па-першае, наўрад ці саслоўнае самакіраванне можна аднесці да сістэмы дзяржаўнага кіравання, улічваючы ступень умяшальніцтва тагачасных уладаў у працэс кіравання, працэс выбараў магістрацкіх ураднікаў ці штодзённае жыццё горада.
Што ж тычыцца пытання дыскусійнасці, то замест аналізу навуковай літаратуры аўтар пераносіць расповед у іншую плоскасць, спрабуючы спаслацца на “аўтарытэтнае меркаванне”, якім лічыць думку В. Казлякова і Л. Крыштаповіча (8)[17]. Наўздагон прыводзіць меркаванні ананімных расійскіх гісторыкаў.
Па гэтай прычыне ўзнікае пытанне, ці навуковая дыскусія прадугледжвае цытаванне выразна ідэалагічна-публіцыстычных пасажаў тыпу “штучна перасаджанае на беларускую глебу”, “ушчамленне нацыянальнай самабытнасці беларускага народа” ці “выцясненне нацыянальнага права”? Магчыма, аўтар манаграфіі не падзяляе гэтых думак ці па нейкіх прычынах быў вымушаны на іх спаслацца? Хацелася б даведацца пра сэнс падобных рэверансаў і спасылак на сумніўныя разважанні суб’ектыўнага характару.
Гісторыя самакіравання
Разважаючы пра эвалюцыю гарадскога самакіравання і яе сувязь з урбанізацыйным працэсам, аўтар сцвярджае, што “ў гэтым плане гістарычныя заканамернасці ў значнай меры можна лічыць працягам заканамернасцей эвалюцыі арганічнага свету” (4) ці схіляецца да думкі аб генетычнай сувязі мясцовага самакіравання “з першаснай ячэйкай першабытнага грамадства – родавай абшчынай” (?!).
Не выклікае сумнення, што падобныя тэарэтычныя канструкты, якія, як можна дапускаць, з’яўляюцца адгалоскамі еўрапейскай філасофска-гістарычнай думкі, патрабуюць моцных доказаў. Вядома, што сацыяльныя эвалюцыяністы інтэрпрэтавалі гістарычны працэс па аналогіі з прыродным. Спробы “прывязкі” законаў прыроды да законаў гісторыі сустракаюцца ў французскіх пазітывістаў, напрыклад у Агюста Конта, прадстаўнікоў марбургскай неакантыянскай школы і ў Георгія Пляханава, які спрабаваў тлумачыць дыялектыку грамадскіх працэсаў, абапіраючыся на тэорыю эвалюцыі Дарвіна. Магчыма, аўтар меў на ўвазе тэорыю пасіянарнасці Льва Гумілёва? Нельга выключыць таго, што ў аналізаваным выпадку гаворка ішла пра самаарганізацыю першабытнага грамадства. Усё ж такі падаецца, што можна было б пазбегнуць такіх аналогій і даволі сумнеўных высноў апрыёрнага характару.
На 5-й старонцы аўтар працягвае свае разважанні наконт гісторыі самакіравання, зазначаючы, што рымскія civitates сталі падставай для развіцця заходнееўрапейскага самакіравання ў XII–XIV ст. і што бургунды, вестготы і франкі збераглі ў гарадах V–X ст. традыцыі рымскага самакіравання, якое развівалася на падставе рымскага права. Трэба прызнаць, што гэта вельмі смелая, але ўсё ж такі надзвычай спрошчаная выснова пра ўплыў рымскіх муніцыпальнай традыцый на свет Барбарыкум.
Можна сустрэць сцверджэнне, што ў раннім Сярэднявеччы ў Еўропе назіраўся заняпад сістэмы муніцыпальнай арганізацыі. Нягледзячы на тое, што адміністрацыйны досвед заможнай і адукаванай гала-рымскай арыстакратыі, як магло здавацца, быў выдатнай знаходкай для ўладароў новых варварскіх каралеўстваў, ранейшы муніцыпальны лад прыйшоў у заняпад[18]. Люсьен Мюсэ даволі вобразна ахарактарызаваў гэты працэс: “У момант з’яўлення варвараў муніцыпальная аўтаномія ўжо існавала толькі на паперы. <…> Дух старажытных інстытутаў цалкам памёр…”[19].
Германскія правадыры былі зацікаўлены не столькі ў развіцці самакіравання гарадоў, колькі ў размяшчэнні ў іх сваіх сядзіб. Равенна стала сталіцай остгоцкага караля Тэадорыха, Хлодвіг перанёс сваю рэзідэнцыю ў Парыж, а Карл Вялікі размясціў свой двор у Ахене. Падобныя функцыі выконвалі вестгоцкія Бардо, Тулуза, Барселона і Таледа[20].
Бясспрэчна, што паўночнаітальянскія гарады-камуны з антычнай традыцыі пазычылі назву самакіравання (консул і сенат). Але ж гэта не сведчыць пра тое, што гарадскі лад раннесярэднявечнай Еўропы, напрыклад, Фландрыі, Праванса ці гарадскіх рэспублік Аўсбурга, Любэка, Гамбурга, Нюрнберга капіяваў ці наследаваў традыцыі рымскіх муніцыпалітэтаў. Зрэшты, праблема рымскай прававой культуры ў эвалюцыі гарадскога ладу сярэднявечнай Еўропы заслугоўвае асобнага разгляду. Новая сацыяльная парадыгма Сярэднявечча дыктавала новыя сацыяльна-прававыя адносіны. Таму куды больш правільным будзе сцвярджэнне, што перанятае рымскае права разам з мясцовай традыцыяй, каралеўскімі хартыямі ды іншымі дакументамі складалі аснову гарадскога права ў Сярэднявеччы.
Не зусім зразумелая фармулёўка аб “стэрэатыпнай… форме гарадскога самакіравання” ў Польшчы. Але ў чым гэтая стэрэатыпнасць заключалася? Можна меркаваць, што гаворка ідзе пра ступені распаўсюджанасці гарадскога права ў Польшчы.
Трэба таксама заўважыць, што паняцце “нацыянальны склад” ці “нацыянальнае” ў дачыненні да XIV ці XVI ст. (176, 220, 417) не адпавядае канструктам тагачаснай ідэнтычнасці, якую лепш разглядаць праз прызму тагачаснай этнічнасці.
На 175-й старонцы аўтар сцвярджае, што дараванне самакіравання Вільні і Брэсту лічыцца вынікам дзейнасці qwerty-эфектаў у гісторыі. Што тут маецца на ўвазе? Калі зыходзіць з таго, што гэты тэрмін азначае распаўсюджанне ды жывучасць неэфектыўных, але ўстойлівых формаў, то як можна зразумець гэты сказ?
Некалькі слоў наконт пытання структуры і функцый органаў самакіравання. На думку аўтара, працы Граіцкага і Шчэрбіча былі свайго роду падручнікамі для гарадоў Польшчы і ВКЛ (с. 273). Трэба ўлічыць той факт, што Граіцкі не рабіў даслоўнага перакладу Вайхбільда ці “Саксонскага люстэрка”, а, хутчэй за ўсё, падаў на польскай мове сутнасць артыкулаў. Акрамя таго лічыў, што магдэбургскае права недастаткова разглядае розныя аспекты гарадскога жыцця, таму ўводзіў новыя нормы ці замяняў некаторыя магдэбургскія артыкулы, якія, на яго думку, не адпавядалі мясцовым рэаліям, нормамі тагачаснага польскага права.
У падраздзеле “Асноўныя органы самакіравання” разглядаецца пытанне функцыянавання пасады войта. На с. 284 аўтар адзначае, што войт выконваў судовую функцыю. І, калі працягваць гэтую думку, лагічным падаецца правесці аналіз “тандэма” войт – лава, а пазней бурмістр – рада. Аднак у кнізе гэтая класічная схема парушана. Пасля аналізу пасады войта на с. 295–297 аўтар пачынае расповед пра раду і толькі потым, на с. 297–298, лічыць патрэбным асвятліць пытанне лавы (288).
У падраздзеле “Другарадныя органы самакіравання” ідзе гаворка пра падвойскага, ці ката. Аднак з тэксту кнігі невядома, ці былі яны ў беларускіх гарадах, таму што аўтар спасылаецца на працу Граіцкага (302, 303).
Цікавым уяўляецца аналіз падаткава-павіннасных і гандлёвых вольнасцяў, якімі валодалі гарады. З пункту гледжання вывучэння метралогіі вельмі істотнымі падаюцца згадкі пра камень мінскай меры (103), віленскія меры ці аршын берасцейскай меры (184–185).
Карпарацыі ў горадзе
Азнаямленне з тэкстам працы выразна сведчыць пра тое, што аўтар правёў шмат часу ў архівах, збіраючы матэрыял, праглядаючы магістрацкія кнігі ці карпеючы над стужкамі Метрык. На гэта паказвае змест кнігі. Апошні раздзел – не выключэнне. У ім гаворка ідзе пра гарадскія карпарацыі.
У раздзеле разгледжаны пытанні заснавання, арганізацыі і функцыянавання рамесных цэхаў, брацтваў, купецкіх гільдый. Сярод іншага, аўтар падаў звесткі пра музычную кангрэгацыю ў Гародні, якая існавала ў XVIII ст., што сведчыць аб невычарпальным патэнцыяле архіўных сховішчаў. Істотныя разважанні наконт купецкіх гільдый Магілёва, Віцебска і Кейданаў, статуты якіх былі складзены на падставе ўзору, г. зн. віленскага прывілея 1511 г. (455).
Разам з тым змест разгляданага раздзела – прыклад пазітывісцкага падыходу да даследаванняў, які больш засяроджаны на сухім пераліку шматлікіх фактаў, чым на аналізе праблематыкі.
Не лішнім будзе праілюстраваць сказанае. На с. 417 на падставе аналізу берасцейскага кравецкага прывілея 1649 г., згадкі аб “скрынцы жыдоўскай цэхавой” і старшых рамесніках яўрэйскага паходжання аўтар дапускае магчымасць існавання яўрэйскага цэха гэтай жа прафесіі. Заўвага аўтара вельмі трапная. Больш за тое, яна паглыбляе нашы веды, накрэсліваючы новы даследчы накірунак. Адзначым, што такія яўрэйскія цэхі і брацтвы існавалі ў розных кутках Рэчы Паспалітай, што засведчана ў адпаведнай літаратуры. У сярэдзіне XVII ст. яўрэйскі кравецкі цэх функцыянаваў у Гародні, што пацвярджаюць згадкі аб цэхавай скрынцы і старэйшых цэха[21]. У XVIII ст. яўрэйскія рамесныя брацтвы фіксуюцца ў Шклове і Мінску[22].
Бясспрэчна, памянёны прабел варта было б запоўніць і, зыходзячы з метадалагічнай парадыгмы, вызначыць ступень распрацаванасці тэмы, азнаёміцца і крытычна ацаніць напрацоўкі і высновы папярэднікаў. Мабыць, гістарыяграфічны аналіз дазволіў бы лепш пераасэнсаваць пытанне яўрэйскіх рамесных карпарацый. Аднак аўтар тэму не працягвае, хоць у беларускай гістарыяграфіі яна не распрацавана, не згадвае і працы Маўрыцыя Горна[23].
Адзін з падраздзелаў працы названы “Роля дабрачынных брацтваў у гарадскім самакіраванні”. Магчыма, гэта фармулёўка не зусім удалая. Па-першае, яе сэнс прадугледжвае звужэнне спектра дзейнасці брацтваў, што з’яўляецца данінай савецкай гістарыяграфічнай традыцыі. У сувязі з чым узнікае пытанне: ці брацтвы мелі іншы профіль? Па-другое, з назвы вынікае нейкі ўдзел дабрачынных арганізацый у сістэме кіравання горадам. Прынамсі, так можна зразумець яе змест. Хоць функцыі брацтваў былі куды больш шырокімі, пра што аўтар слушна піша ўжо ў першым абзацы (458).
Услед за Зіновіем Капыскім аўтар звязвае станаўленне брацтваў з праваслаўнай царквой, фактычна тым комплексам праблем, з якімі тая сутыкнулася ў канцы XVI ст., слушна заўважаючы, што “брацтвы маюць больш старажытныя карані”. Вядома ж, з другой часткай нельга не згадзіцца, а вось першая выклікае пытанні. Ці іншыя канфесійныя супольнасці засноўвалі брацтвы? Калі так, то якія? І ці першыя вядомыя брацтвы былі заснаваны праваслаўнымі супольнасцямі? Якім быў іх сацыяльны склад і ці ён абмяжоўваўся толькі мяшчанскім саслоўем? Заўважым, далей аўтар згадвае, што членамі брацтваў былі святары і шляхта. І ўрэшце, якія фактары абумовілі іх станаўленне? Адным словам, цэлы комплекс пытанняў, на якія пажадана было б атрымаць адказы.
З тэксту вынікае, што ў беларускіх гарадах існавалі цэхавыя і царкоўныя брацтвы і што іх засноўвалі мяшчане праваслаўнага веравызнання (459, 463, 464). Аднак не зусім зразумела, у рамках якой канфесійнай супольнасці горада функцыянавалі брацтвы ў Вербалове і Янішках, хоць можна здагадвацца, што каталіцкай (465). Гэты сюжэт аўтарам не развіваецца, хоць, як вядома, каталіцкія брацтвы існавалі ў розных гарадах ВКЛ, у першую чаргу ў Вільні. Першыя звесткі пра іх паходзяць з XV ст. Згодна з крыніцамі, у перыяд Новага часу ў Гародні брацтвы былі заснаваны амаль што пры ўсіх касцёлах[24] у мэтах распаўсюджвання культу ружанца ці культу Панны Марыі. У працы, на жаль, зусім не закранаецца пытанне езуіцкіх Марыянскіх садаліцый[25]. Акрамя таго, малавывучанымі застаюцца яўрэйскія і нямецкія брацтвы[26], таму разгледжаны падраздзел выглядае незакончаным.
Цікавым падаецца разгляд пытання аб малавядомых мядовых брацтвах ці яўрэйскім самакіраванні, хоць куды правільней было б аднесці апошняе не столькі да ліку гарадскіх карпарацый, колькі да этнаканфесійных супольнасцяў.
Нязручнасці і недахопы
Хацелася б таксама звярнуць невялікую ўвагу на тэхнічны бок аналізаванай манаграфіі. Першая заўвага тычыцца выкарыстання ініцыялаў імя “С. П.”, за якім “хаваецца” аўтар рэцэнзаванай кнігі. Ініцыялы змешчаны ў пяці месцах кнігі, у тым ліку на вокладцы, чаго можна было б пазбегнуць, адмаўляючыся ад старой савецкай традыцыі “ананімнасці”. Па-першае, гэта можа ўспрымацца як непавага да свайго імя. Па-другое, такі падыход ускладняе працу бібліятэчных супрацоўнікаў, якія абавязаны каталагізаваць кнігу.
Праца даволі вялікая па аб’ёме. Аўтар прыводзіць значную колькасць фактаў, тапонімаў і антрапонімаў, уводзячы у зварот шматлікія новыя крыніцы. Натуральна, што чытач – навуковец, выкладчык ці студэнт – зацікаўлены ў хуткім і зручным азнаямленні са спасылкамі на крыніцы і літаратуру, якіх у спісе ажно 877. Але каб даведацца крыніцу інфармацыі, трэба кожны раз перагортваць кнігу. Ці не лепшым было б падрадкоўе? Знаёмства са зместам кнігі ўскладняецца і адсутнасцю паказальнікаў.
Бібліяграфічны спіс складаецца с дзвюх частак: “Спіса выкарыстаных крыніц” і “Спіса публікацый суіскальніка”, г. зн. што чытач мае справу з публікацыяй тэксту дысертацыі. За выразны недагляд ці нават метадалагічную хібу трэба прызнаць і тое, што “Спіс выкарыстаных крыніц” складаецца з друкаваных і архіўных крыніц, а таксама артыкулаў і манаграфій (506–578).
На 38-й старонцы праца А. Цітова “Вольныя беларускія месты” (1995) названа манаграфіяй, хоць змест гэтай брашуры (35 с.) мае выразна папулярны характар. На 39-й старонцы аўтар піша: “В. Б. Келер. Даследчык сцвярджае…”, хоць Вольга Келер – даследчыца[27].
Тэмпам публікавання аўтара і колькасці яго прац можна пазайздросціць. Сяргей Стрэнкоўскі інтэнсіфікаваў свае даследаванні ў 2009–2013 г., апублікаваўшы ажно 63 артыкулы. Атрымоўваецца па 12–13 публікацый штогод, што выклікае пэўныя пытанні аб прычынах такой паспешлівасці. Памянёныя публікацыі – гэта артыкулы і даклады, прачытаныя на расійскіх (Тамбоў, Краснадар, Стаўрапаль, Уфа і нават Ялабуга) ці беларускіх канферэнцыях. Шкада, вядома, што аўтар не апрабаваў вынікі сваіх даследаванняў у куды больш значных і аўтарытэтных даследчых цэнтрах той жа Расіі, не гаворачы пра асяродкі Літвы, Польшчы ці Украіны. Хоць, з іншага боку, можна меркаваць, што дзякуючы шматлікім дакладам будуць пашыраны веды пра беларускія традыцыі гарадскога самакіравання прынамсі ў Расіі.
У працы сустракаюцца адгалоскі марксісцкага дыскурсу. Напрыклад, аўтар згадвае паняцці грамадска-эканамічнай фармацыі (3), раннекласавай структуры старажытнай Русі (5) і феадальных вытворчых адносіны (11).
Заўвагі тэхнічнага плану тычацца ігнаравання прабелаў ці выкарыстання на некаторых старонках абзацаў, да функцыі якіх належыць фіксацыя пачатку і заканчэння акрэсленай думкі. У некаторых месцах тэкст публікацыі ўвогуле не падзелены на абзацы. Сустракаюцца і памылкі (на с. 89 цітулы замест тытулы).
Падсумаванні
Ва “Уводзінах” аўтар зазначае, што галоўная задача працы – комплексны разгляд гісторыі самакіравання гарадоў. Сапраўды, актуальнасць гэтай тэмы відавочная. Аўтар накрэсліў галоўныя кірункі развіцця і формы гарадскога самакіравання. Каштоўныя высновы аўтара. Гаворка, напрыклад, ідзе пра ўстаўнае самакіраванне ці развіццё лакальных сістэм гарадскога права.
Усё ж такі заяўленая на пачатку тэма па прычыне сваёй аб’ёмнасці, шматпрадметнасці ці шматпланавасці не магла не перарасці магчымасцяў адной манаграфіі. У кнізе асвятляецца вялікі спектр праблем, кожная з якіх заслугоўвае асобнага вывучэння. Гэтым, магчыма, тлумачыцца “няроўнасць” тэксту, нагрувашчанне матэрыялаў, іх факталагічная канстатацыя, часам пакінутая без адпаведнага аналізу. Некаторыя тэмы засталіся закранутымі, але не распрацаванымі. Напрыклад, не ўдалося змястоўна раскрыць праблему купецкіх гільдый ці брацтваў.
Мабыць, таму цалкам апраўданым можна палічыць запачаткаванне дыскусіі наконт праблемы мэтазгоднасці вывучэння такой шырокай, комплекснай праблемы і пазбягання тэматычнай гігантаманіі.
Дадзеная рэцэнзія не прэтэндуе на паўнату. Гэта толькі штрыхі, якія сведчаць аб неабходнасці далейшага вывучэння эвалюцыі гарадскога самакіравання ў Беларусі.
[1] Стрэнкоўскі С. П. Гарадское самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XIV – XVIII ст.). Ч. 1–2. Мінск, 2013. 590 + 546 с.
[2] Дубровский А. Историк и власть: историческая наука в СССР и концепция истории феодальной России в контексте политики и идеологии (1930–1950-е годы). Брянск, 2005. С. 10.
[3] Киркор А. Очерки городов Виленской губернии // Памятная книжка Виленской губернии на 1852 г. Вильно, 1852. С. 160–218.
[4] Карев Д. Белорусская и украинская историография конца XVIII – начала 20-х гг. XX в. Вильнюс, 2007. С. 89, 114, 121, 195–197.
[5] Ходзін С. Крыніцы гісторыі Беларусі (гісторыка-генетычнае і кампаратыўнае вывучэнне). Мінск, 1999. С. 191–192.
[6] Kowalenko W. Geneza udziału stołecznego miasta Wilna w sejmach Rzeczypospolitej // Ateneum Wileńskie. R. 3. 1925/1926. № 10–11. S. 337.
[7] Гнутова Е. Город, бюргерство и феодальная монархия // Город в средневековой цивилизации Западной Европы. Т. 4. Extra muros: город, общество, государство. Москва, 2000. С. 9.
[8] “Смотрели есмо с Паны Радою нашою бояр полоцъких з мещаны и з городъскими двораны, и чорными людьми, и сов всимъ посполствомъ” (Lietuvos Metrika. Kn. Nr. 4:1479–1491. Vilnius, 2002. S. 124).
[9] Kutrzeba S. Historia ustroju Polski w zarysie. T. 2. Lwów – Warszawa, 1921. S. 34, 40.
[10] Гардзееў Ю. Магдэбургская Гародня. Гародня – Wrocław, 2008. С. 255.
[11] Макараў М. Ад пасада да магдэбургіі: прававое становішча местаў Беларускага Падзвіння ў XIV – першай палове XVII ст. Мінск, 2008.
[12] Рогачевский А. Меч Роланда. Правовые взгляды немецких горожан XIII–XVII вв. С.-Петербург, 1996. С. 21.
[13] Maciejowski W. Historya miast i mieszczan w krajach dawnego państwa polskiego od czasów najdawniejszych aż do połowy XIX wieku // Roczniki Towarzystwa Przyjaciół Nauk Poznańskiego. T. XVII. Poznań, 1890. S. 152.
[14] Maciejowski W. Historya… S. 285–286.
[15] Idem. S. 153.
[16] Павлов-Сильванский Н. Феодализм в Древней Руси. Петроград, 1924. С. 47–51.
[17] Козляков В., Криштапович Л. Митрофанушки парламентаризма // Беларуская думка. 2010. № 10. С. 108.
[18] Сванидзе А. Город в средние века // Всемирная история. Т. 2. Средневековые цивилизации Запада и Востока. Москва, 2012. С. 55, 57.
[19] Мюссе Л. Варварские нашествия на Европу. Германский натиск. С.-Петербург, 2008. С. 250.
[20] Bebevolo L. Miasta w dziejach Europy. Warszawa, 1995. S. 26–31; Мюссе Л. Варварские… С. 248.
[21] Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. Т. V. Акты Брестского и Гродненского гродских судов с присовокуплением привилегий на землевладение в Брестской и Кобринской экономиях. Вильно, 1871. С. 281.
[22] Horn M. Żydowskie bractwa rzemieślnicze na ziemiach polskich, litewskich, białoruskich i ukraińskich w latach 1613–1850. Warszawa, 1998. S. 38.
[23] Horn M. Chronologia i zasięg terytorialny żydowskich cechów rzemieślniczych w dawnej Polsce // Żydzi w dawnej Rzeczypospolitej. Wrocław, 1991. С. 201–213; ён жа. Żydowskie bractwa rzemieślnicze na ziemiach polskich, litewskich, białoruskich i ukraińskich w latach 1613–1850. Warszawa, 1998.
[24] Jovaiša L. Bractwa // Kultura Wielkiego Księstwa Litewskiego: analizy i obrazy. Kraków, 2001. S. 94; Gordziejew J. Komisje Porządkowe Cywilno-Wojskowe w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie Sejmu Czteroletniego (1789–1792). Kraków, 2010. S. 167, 185; ён жа. Socjotopografia Grodna w XVIII wieku. Toruń, 2002. S. 314–315.
[25] Лявшук В. Процессия студентов Гродненского иезуитского коллегиума в 1664 г. как ритуал обозначения центра сакрального пространства города // Гістарычная ўрбаністыка: асновы метадалогіі і крыніцазнаўчая база: зб. навук. арт. Гродна, 2011. С. 95–109; ён жа. Марианская содалиция иезуитского коллегиума в Гродно (1630–1773): опыт реконструкции деятельности // Религиозное образование в России и в Европе в XVIII в. / под ред. Е. Токаревой, М. Инглота. С.-Петербург, 2013. С. 133–160.
[26] Jovaiša L. Bractwa… S. 101.
[27] Келлер О. Средневековое немецкое право на землях Центральной и Восточной Европы в XIII–XVIII вв. Минск, 2012.