БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Алена Маркова. Пакараць смерцю нельга злітавацца: беларускі нацыяналізм у даследаванні Пэра Андэрса Рудлінга*

У 23 томе БГА (2016)
У кнізе Пэра Андэрса Рудлінга “The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906–1931” (“Узлёт і падзенне беларускага нацыяналізму, 1906–1931”), якая выйшла летась у выдавецтве Пітсбургскага ўніверсітэта, паслядоўна аналізуюцца ўсе нацыянальныя ініцыятывы беларускіх інтэлектуальных элітаў, што вялі да стварэння і ўзнікнення беларускай дзяржаўнасці (як у форме БНР, так і ў форме БССР / ССРБ) і ў той ці іншай форме развіваліся далей па абодва бакі савецкай мяжы аж да 1931 г.

Гэтыя ініцыятывы ў савецкай БССР (т. зв. “беларускім доме”) прымалі форму нацыянальнай палітыкі (беларусізацыі), а на беларускіх этнічных тэрыторыях у складзе Польшчы, далучаных пазней да СССР у 1939 г., у той час праходзіла актыўная палітычная мабілізацыя беларускага насельніцтва ў выніку паспяховай дзейнасці беларускіх масавых палітычных арганізацый (Беларуская сялянска-работніцкая грамада).

Пераказваць змест асобных раздзелаў кнігі не мае сэнсу, бо яна прызначаецца для заходняй аўдыторыі і носіць характар хутчэй агляднай манаграфіі. У гэтым выпадку выданне дае чытачу, не знаёмаму з гісторыяй Беларусі, падрабязныя звесткі пра яе найноўшую гісторыю. У манаграфіі паслядоўна разглядаюцца такія падзеі, як абвяшчэнні БССР / ССРБ, стварэнне і існаванне БНР, падзел беларускіх тэрыторый у выніку заключэння Рыжскай мірнай дамовы, беларуская палітычная мабілізацыя на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1926 г., пры гэтым аналізуецца праграма Беларускай сялянска-работніцкай грамады і г. д. Аддаецца ўвага таксама праектам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, якія супернічалі паміж сабой. Адначасова ў даследаванні закранаюцца праекты развіцця яўрэйскай культуры ў рамках ідышызацыі (yiddishization) і г. д.

З такога пункту гледжання ўклад публікацыі ў развіццё беларускіх даследаванняў бясспрэчны. Тым не менш, галоўную ўвагу ў нашым аналітычным артыкуле мы засяродзім на найбольш, з нашага пункту гледжання, праблематычных і нават спрэчных момантах даследавання, якія патрабуюць больш пільнага разгляду.

Перш за ўсё неабходна адзначыць, што з многімі высновамі публікацыі Пэра Рудлінга можна пагадзіцца бясспрэчна (напрыклад, пра тое, што фармаванне беларускай дзяржаўнасці было вынікам узаемадзеяння знешніх фактараў і актараў, якія былі зацікаўлены не так у падтрымцы беларускай нацыі, як кіраваліся меркаваннямі Realpolitik[1] і г. д.), іншыя ж сцвярджэнні ўяўляюцца спрэчнымі і, па меншай меры, дыскусійнымі.

Перад тым як перайсці да канкрэтных заўваг і палемікі, неабходна пачаць з тэрміналогіі, якую выкарыстоўвае ў манаграфіі даследчык, і высветліць, каго менавіта ён мае на ўвазе пад “беларускімі нацыяналістамі”. Зыходзячы з тэорый Элі Кедуры і Бенедыкта Андэрсана, Пэр Рудлінг выкарыстоўвае гэтае азначэнне ў дачыненні да ўсіх прыхільнікаў ідэі стварэння і ўмацавання беларускай нацыянальнай дзяржавы[2].

Беларускі ж нацыяналізм аўтар аналізуе з пазіцый канструктывізму. Гэтую пазіцыю Рудлінг агучвае ўжо ў самым пачатку кнігі, гаворачы пра тое, што мэта яго даследавання – вывучэнне “вынаходніцтва Беларусі” (invention of Belarus), пачынаючы з моманту яе ўяўлення (imagination) на пераломе стагоддзяў і наступнай чарады абвяшчэнняў Беларускай рэспублікі ў той ці іншай форме ў міжваенны перыяд, заканчваючы канструяваннем (construction) нацыянальных традыцый, культуры і інстытуцый[3].

У якасці тэарэтычнай асновы для апісання беларускіх нацыянальных працэсаў Рудлінг выкарыстоўвае канцэпцыю трох фазаў нацыянальнага руху Міраслава Гроха. Пры гэтым, паводле Рудлінга, першая фаза “А” т. зв. навуковага інтарэсу займае перыяд 1906–1915 г., другая ж фаза “В” (актыўная нацыянальная агітацыя) прыпадае, галоўным чынам, на перыяд 1915–1926 г., які ахоплівае рост нацыянальных ініцыятыў па абодва бакі савецкай мяжы: палітычную мабілізацыю ў Заходняй Беларусі, станаўленне маладой савецкай рэспублікі і нацыянальную палітыку беларусізацыі, што праводзілася на яе тэрыторыі. Галоўнае ж ўвага аўтара засяроджваецца перш за ўсё на перыядзе 1915–1926 г.

Названае метадалагічнае дапушчэнне больш чым дакладнае, паколькі нацыянальная палітыка беларусізацыі ўключала ўсе аспекты нацыянальнай агітацыі, да якой належалі мерапрыемствы па інтэнсіўным развіцці і прасоўванні беларускай мовы ў публічны дыскурс, а таксама мерапрыемствы, накіраваныя на фармаванне новых інтэлектуальных і кіраўнічых элітаў беларускага паходжання (каранізацыя). Галоўная ўвага пры гэтым у манаграфіі Рудлінга, як ужо згадвалася, аддаецца вывучэнню фазы “В” беларускага нацыянальнага развіцця, у якую ўваходзяць “намаганні нацыяналістаў па ўкараненні нацыянальнай свядомасці сярод масаў па абодва бакі мяжы”[4].

Паводле Пэра Рудлінга, дзейнасць Беларускай сялянска-работніцкай грамады, адной з самых масавых беларускіх палітычных арганізацый, што дзейнічала ў той перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, спалучала ў сабе беларускую нацыянальную актыўнасць і радыкальны левы ўхіл[5]. Пры гэтым масавае аб’яднанне беларускага насельніцтва пад лозунгамі Грамады даследчык называе “урважальным узроўнем нацыянальнай мабілізацыі”[6].

Нельга не пагадзіцца з аўтарам аналізаванай публікацыі ў тым, што нацыянальны рух у Заходняй Беларусі на працягу вельмі кароткага перыяду існавання Грамады сапраўды дасягнуў небывалай масавасці і перайшоў у фазу “С” масавага нацыянальнага руху паводле Гроха.

Гэтая выснова яшчэ раз пацвярджаецца дапушчэннем згаданага тэарэтыка нацыяналізму пра тое, што ва ўмовах існавання нявыяўленай нацыянальнай ідэнтычнасці асноўная ўмова масавай палітычнай мабілізацыі – упор на надзённыя сацыяльна-эканамічныя праблемы насельніцтва, якi ажыццяўляецца ў рамках нацыянальнай агітацыі. Інакш кажучы, галоўную ролю пры масавай мабілізацыі выконвае існаванне вострага і нявырашанага нацыянальна-рэлевантнага канфлікту інтарэсаў (Nationally relevant conflicts of interest)[7]. З тэарэтычнага пункту гледжання тут будзе дарэчы пытанне аб тым, чаму масавая фаза, якая азначае, па сутнасці, кропку незвароту ў развіцці нацыянальнага руху, спынілася ў сваім развіцці разам з гвалтоўным разгонам Грамады польскімі ўладамі ў 1926 г. і нацыянальны масавы рух пры гэтым быў літаральна павернуты назад? З гэтай жа пазіцыі можна скептычна спытацца, ці быў у такім выпадку сапраўды дасягнуты масавы рух, які характарызуе фазу “С”? Тым не менш, відавочным пры гэтым застаецца той факт, што нацыяналізм – не самастойная палітычная ідэалогія, і ў такой якасці ён можа быць сумяшчальны з любым палітычным рухам, у тым ліку і з камуністычным.

Сітуацыя на ўсходнім, савецкім, баку беларускай мяжы была крыху іншай. Нагадаем, што разгляданы перыяд характарызаваўся правядзеннем нацыянальнай палітыкі беларусізацыі (1924–1929), пры якім, згодна з Рудлінгам, «маладая рэспубліка, у выніку рашэння ўладаў, накіраванага на кансалідацыю, запаўнялася “нацыянальным зместам”»[8]. У адрозненне ад Заходняй Беларусі на савецкай тэрыторыі нацыянальная агітацыя, разгорнутая ў рамках беларусізацыі, так і не перайшла ў актыўную масавую фазу “С”.

Савецкую нацыянальную палітыку міжваеннага перыяду Пэр Рудлінг разглядае і ацэньвае скрозь прызму несфармаванай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Сама інтэрпрэтацыя сутнасці нацыянальнай палітыкі Пэра А. Рудлінга не новая. Даследчык прытрымліваецца распаўсюджанай у навуковых колах думкі пра тое, што беларусізацыя была вынікам мэтанакіраванай стратэгіі бальшавікоў, якія выкарыстоўвалі нацыянальныя памкненні мясцовых элітаў у мэтах прадухілення развіцця цэнтрабежных тэндэнцый на нацыянальных ускраінах былой Расійскай імперыі (падобнага меркавання пра мэты разгортвання нацыянальнай палітыкі прытрымліваюцца таксама Рональд Г. Суні, Юры Слезкін, Тэры Марцін і шэраг іншых англамоўных даследчыкаў савецкай палітыкі ранняга перыяду)[9]. Палітыка нацыяналізацыі (беларусізацыі) пры гэтым суправаджалася палітыкай каранізацыі.

Беларусізацыя і каранізацыя, на думку Рудлінга, – дзве ўзаемазлучаныя нацыянальныя палітыкі, якія мелі на мэце пераўтварэнне дамадэрных (“каланіяльных”) народаў у савецкіх грамадзян, удзельнікаў савецкага праекта[10]. Пры гэтым каранізацыя (indigenization) была спробай “укаранення” палітыкі бальшавікоў у нацыянальных рэспубліках, а беларусізацыя (belarusization), пры дэфініцыі якой даследчык спасылаецца на працы беларускіх гісторыкаў Расціслава Платонава і Уладзіміра Коршука, была палітыкай, закліканай замацаваць прыярытэтнае месца беларускай мовы ў сістэме адукацыі і дзяржаўнага кіравання БССР. Адначасова беларусізацыя выступала складовай часткай спробы ажыццяўлення эканамічнай мадэрнізацыі і трансфармацыі, у рамках якой стварэнне беларускай “нацыі” (construсtion of a Belarusian nation) было часткай стварэння сацыялістычнай сучаснасці (socialist modernity)[11].

Паводле Рудлінга, бальшавікі верылі ў магчымасць стварэння (construct) новай нацыянальнай ідэнтычнасці, пры гэтым іх канцэпцыя нацыянальнай прыналежнасці грунтавалася на прымардыялістычных перадумовах. Бальшавікі таксама пераканаліся ў існаванні самастойнай беларускай нацыі (distinct Bеlarusian nation) нашмат раней, чым гэта ўсвядоміла большасць яе прадстаўнікоў – беларусаў[12].

На думку Рудлінга, каранізацыя і беларусізацыя прасоўвалі той тып ідэнтычнасці, які злучаў у сабе адначасова класавы і этнічны элементы[13]. Пры гэтым беларусізацыя разглядалася бальшавікамі не толькі як сродак умацавання савецкай улады сярод мясцовага насельніцтва нацыянальных ускраін, але і як палітыка, якая спрыяе шэрагу сацыяльных пераўтварэнняў.

Ва ўмовах адсутнасці ярка выражанай нацыянальнай ідэнтычнасці сярод шырокіх слаёў беларускага насельніцтва было прынята рашэнне ажыццявіць беларускае нацыянальнае будаўніцтва адміністрацыйна-бюракратычнымі метадамі[14]. Бальшавікі ў гэтым сэнсе кіраваліся гердэрыянскай тэорыяй пра тое, што нацыянальная мова – найважнейшы кампанент нацыянальнай культуры, і менавіта таму яе неабходна развіваць у першую чаргу[15]. Зыходзячы з канцэпцыі Френсін Хірш[16], Пэр Рудлінг сцвярджае, што “экспертная ацэнка” савецкіх этнографаў выконвала пры гэтым значна большую ролю, чым уласная ідэнтыфікацыя (self-identification) мясцовага насельніцтва, якое было часам збіта з панталыку (confused) тагачасным паняццем этнічнасці і не мела нацыянальнай самасвядомасці ў сучасным сэнсе гэтага слова[17].

Нагадаем, што нацыянальную палітыку Фрэнсін Хірш разумее як падтрымліваны дзяржавай эвалюцыянізм (state-sponsored evolutionism), заснаваны на тэорыі грамадска-эканамічных фармацый Карла Маркса і тэорыі культурнага эвалюцыянізму. Як лічыць Хірш, у рамках гэтага эвалюцыянісцкага падыходу бальшавікі меркавалі, што з актыўнай знешняй дапамогай дзяржавы можна штучна паскорыць гістарычнае развіццё асобных этнасаў. Пры гэтым бальшавіцкая ўлада дзейнічала пры моцнай падтрымцы інтэлектуальных і мясцовых элітаў, якія часта давалі ёй адсутныя на той момант этнаграфічныя веды (ethnographic knowledge), неабходныя для ўмацавання ўлады і ператварэння некаторых этнасаў у народнасці або нацыі[18]. Такім чынам бальшавікі ўзялі пад кантроль працэсы фармавання тых этнасаў, якім не хапала нацыянальнай свядомасці (national conciousness). Навукоўцы (а гэта былі найперш этнографы) і мясцовыя эліты ў супрацоўніцтве з савецкай уладай утваралі для гэтых этнічных груп нацыянальныя тэрыторыі, стваралі і кадыфікавалі афіцыйныя дзяржаўныя мовы разам з культурай і гісторыяй[19]. Вяртаючыся да савецкай нацыянальнай палітыкі ў даследаванні Пэра Рудлінга, варта адзначыць, што гэты даследчык сцвярджае: этнографы, якія вывучалі беларускую савецкую вёску, былі нават вымушаны пацвердзіць існаванне беларускай этнічнай групы[20].

У сувязі з тым, што, на думку Рудлінга, беларуская нацыянальнасць “прысвойвалася” (assigned) мясцоваму насельніцтву “зверху” намаганнямі чыноўнікаў, этнографаў і палітыкаў, якія кіраваліся выкананнем палітычных распараджэнняў і патрабаваннямі замежнай палітыкі больш, чым сапраўднымі інтарэсамі карэннага насельніцтва (асабліва на далучаных да БССР у рамках узбуйнення ў 1924 і 1926 г. тэрыторыях), беларусізацыя выклікала ў грамадстве апраўданы супраціў. Бальшавікі і поўныя энтузіязму беларускія нацыянальныя дзеячы, тым не менш, ставілі перад сабой агульную мэту перакрыцця (superimpose) рэлігійнай дамадэрнай ідэнтычнасці новай мадэллю этнамоўнай ідэнтычнасці[21]. Далей Рудлінг працягвае, што на падставе этнаграфічных ацэнак, зробленых пад уплывам палітычных інтарэсаў без уліку самаідэнтыфікацыі мясцовага насельніцтва, цэлыя рэгіёны былі проста перароблены (redesignated) пад беларускія[22].

На думку аўтара аналізаванай тут манаграфіі, большасць беларускага насельніцтва рэспублікі не была зацікаўлена ў нацыянальнай палітыцы, на што ўлады адказалі яшчэ больш жорсткімі метадамі яе правядзення[23]. Асабліва відавочным гэта стала пры ўзбуйненні БССР у 1924 і 1926 г., калі толькі нязначная частка новых грамадзян рэспублікі магла авалодаць нядаўна кадыфікаванай беларускай мовай. Нягледзячы на ​​гэта, “не ў меру руплівыя нацыянальныя камуністы” (overzealous national communists) часам нават прымушалі мясцовае насельніцтва памяняць мову супраць уласнай волі[24].

Узбуйненне БССР, на думку Рудлінга, азначала фактычна, што “адным росчыркам пяра мільёнам людзей была прыпісана новая этнічная і нацыянальная [г. зн. беларуская] прыналежнасць. Па гэтай прычыне ўрад меў намер таксама прыпісаць (assign) ім і новую [беларускую] мову ў адпаведнасці з гэтай новай ідэнтычнасцю”[25]. Той пераход праводзіўся без уліку жадання саміх жыхароў далучаных тэрыторый, і таму ўзбуйненне ў выніку вяло да значнага павелічэння масы незадаволенага насельніцтва, якое часта адчувала агіду (detest) да сваёй новай, прыпісанай “зверху” беларускай нацыянальнасці і масава супраціўлялася палітыцы беларусізацыі, якую праводзілі ўлады[26].

Не прызнаючы нават самога права на добраахвотную асіміляцыю, якой аддавала перавагу насельніцтва рэспублікі, савецкая ўлада наўмысна ўстанавіла і захавала дамадэрнае этналінгвістычнае дзяленне на тэрыторыі БССР. Вялікая колькасць рускамоўных гарадскіх жыхароў была “перайменавана” (redesignated) у беларусаў і трапіла пад тую ж самую прымусовую (forced) беларусізацыю, якая ўжо была навязана беларускамоўнаму насельніцтву ў наваколлі Мінска[27].

Шчырае хваляванне насельніцтва наконт таго, што гвалтоўная беларусізацыя можа прывесці да абмежавання камунікацыі і, такім чынам, паспрыяе іх нявыгаднаму становішчу, уладамі было праігнаравана і адзначана як праява велікарускага шавінізму. Большая частка насельніцтва БССР была вымушана змяніць мову і працаваць на незнаёмай мове, якая не адпавядала мове штодзённых зносін. Перавод школьнага навучання з рускай мовы на беларускую ці з рускай на ідыш прымушаў, на думку Рудлінга, адначасова змяняць і нацыянальнасць у адпаведнасці з патрабаваннямі уладаў, пры гэтым якія-небудзь асабістыя перавагі ў разлік, вядома ж, не прымаліся. Метады ажыццяўлення нацыянальнай палітыкі, якія даследчык называе дыктатарскімі, вялі да ўзнікнення раздробленага і няўклюднага грамадства (fractured and unwieldy society), у якім былі нацкаваны адна на адну (pitted against each other) розныя групоўкі інтарэсаў[28].

На працягу ўсяго даследавання Пэр Рудлінг неаднаразова падкрэслівае, што галоўнымі асобамі (beneficiaries), што атрымалі сапраўдную выгаду ад правядзення беларусізацыі, якая не мела нічога агульнага з інтарэсамі ўсяго насельніцтва рэспублікі, было не само грамадства, а апантаныя нацыянальныя актывісты, якія пад гэтым прыкрыццём маглі выканаць адразу некалькі сваіх мэтаў. Адной з іх была магчымасць ажыццяўлення праграмы БНР пад пратэкцыяй савецкай улады, другой – падтрымка прасавецкага сепаратызму на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Палітыка беларусізацыі заахвочвала іх займаць усё больш і больш агрэсіўную і адначасова незалежную ад Масквы пазіцыю. Менавіта яны лічылі канструяванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці сваёй мэтай.

Яшчэ больш радыкальную пазіцыю займае аўтар аналізаванай публікацыі пры апісанні вынікаў і наступстваў правядзення нацыянальнай палітыкі сярод нацыянальных меншасцяў БССР. На думку Рудлінга, дэспатыя ўладаў вяла да росту супраціву нацпалітыцы ў асяроддзі нацменшасцяў, якія асабліва востра і нават драматычна адчувалі дыскрымінацыю і звязаную з разгортваннем палітыкі беларусізацыі сацыяльную ізаляцыю (ghettoization) Сюды адносіцца, напрыклад, прымусовая адпраўка дзяцей нацменшасцяў у школы з іх роднай мовай навучання, насаджэнне нацыянальных моў (польскай і ідыш) супраць волі навучэнцаў, абавязковыя ўступныя іспыты на дзяржаўнай беларускай мове і г. д. Напрыклад, яўрэйскае насельніцтва турбавала нявыгаднае становішча іх дзяцей, якіх гвалтоўна накіроўвалі ў яўрэйскія школы[29] і г. д.

Як бачым, заявы і высновы Пэра Рудлінга вельмі катэгарычныя і нават безапеляцыйныя, як і абраны ім слоўнік апісання гістарычных падзей (“адчувалі агіду”, “дыктатарскія метады”, “гвалтоўны прымус”, “сегрэгацыя і гетаізацыя нацыянальных меншасцяў” і г. д.).

Пры гэтым трэба адзначыць, што даследчык ў манаграфіі (і асабліва ў частцы, прысвечанай нацыянальным ініцыятывам і савецкай нацыянальнай палітыцы ў БССР міжваеннага перыяду) выкарыстоўвае даволі нязначную для такога роду гістарычнага даследавання колькасць архіўных першакрыніц, абапіраючыся пераважна на другасную літаратуру, перш за ўсё на працы Тэры Марціна, Расціслава Платонава, неапублікаваную дысертацыю Бэт Б. Ёкум (Beth Baird Yocum) і г. д. Часткова спасылаецца на апублікаваныя архіўныя партыйныя матэрыялы, якія дазваляюць яму праілюстраваць тыя ці іншыя выказванні і высновы. Гэты момант, на нашу думку, адзін з праблематычных у даследаванні, паколькі зробленыя ў манаграфіі такія катэгарычныя абагульняльныя высновы патрабуюць вывучэння большага масіву першакрыніц.

Напрыклад, для ілюстрацыі сцверджання пра чужасць шырокім масам беларускамоўнага насельніцтва (native Bеlarusian speakers) беларускай літаратурнай мовы, сканструяванай нацыянальнымі інтэлектуаламі (language that was being constructed by national intellectuals), Пэр Рудлінг выкарыстоўвае заключэнні працы з архіўнымі матэрыяламі Бэт Б. Ёкум[30]. Тым не менш, у архівах можна знайсці яшчэ большую колькасць звестак, якія пацвярджаюць адваротнае. Гаворка ідзе пра тое, што часта пасля папулярнай у той час публічнай чыткі беларускай літаратуры, якая праводзілася ў рамках кампаній папулярызацыі беларускай мовы ў сельскай мясцовасці, сяляне ў “сканструяванай літаратурнай мове” нярэдка пазнавалі “сваю” мову паўсядзённых зносін і нават патрабавалі адкрыцця беларускіх школ. Вось тыповы прыклад рэакцыі сялян з Гомельскай губерні (ліст датуецца вераснем 1926 г.): “Выслухаўшы даклад т. Лапіцкага і чытанне беларускай літаратуры, актыў вёскі Сяроўка [далей пералік асобаў] пацвярджае, што жыхары нашай вёскі размаўляюць на беларускай мове, падобнай да той, на якой напісаны прачытаны нам верш і артыкулы, і што навучанне нашых дзяцей на роднай мове павінна быць нашмат лягчэйшым. Таму актыў лічыць патрэбным ажыццявіць перавод школы, пачынаючы з першага класа, на беларускую мову”[31]. Акрамя таго, вяскоўцы прасілі адчыніць хату-чытальню, якая б дзейнічала на беларускай мове і была б забяспечана беларускімі літаратурай і газетамі, а таксама прыслаць ізбача (г. зн. супрацоўніка хаты-чытальні), які б добра валодаў беларускай мовай.

У іншых паведамленнях таго ж перыяду, напрыклад, згадваецца, што “ў хаце-чытальні [вёскі В. Шчарбінічы] была праведзена гутарка з сялянамі на беларускай мове, а таксама былі прачытаныя два апавяданні з жыцця сялян. …Сяляне былі зацікаўлены размовай і чытаннем і сцвердзілі, што ім усё зразумела і што гэта напісана па-нашаму [курсіў аўтара артыкула. – А. М.]”[32]. Існуе таксама шэраг падобных звестак (заяў, лістоў і г. д.) з іншых вёсак і рэгіёнаў БССР[33].

Як паказваюць архіўныя крыніцы, часта здаралася так, што беларускамоўныя сяляне не разумелі “сканструяванай беларускімі інтэлектуаламі літаратурнай мовы”, бо рускамоўныя агітатары ці прадстаўнікі мясцовай улады самі часта не ведалі беларускай мовы і таму выклікалі недавер сялян да таго, што яны гаварылі пра беларускую мову. Напрыклад, пад час агітацыі за беларускую школу ў Рэчыцкім раёне, якая прадстаўнікамі ўлады вялася, як звычайна (!), на рускай мове, адзін з супрацоўнікаў мясцовага валаснога выканкама атрымаў ад сялян такое пытанне: “Што гэта за беларуская мова, скажы нам што-колечы па-беларуску”, – на што той адказаў, што сам не ведае нічога па-беларуску. Канец гэтай у выніку беспаспяховай кампаніі палажыла другое, ужо апошняе, лагічнае пытанне з боку сялян: “Як жа ты гаворыш нам пра тое, чаго і сам не ведаеш?”[34].

Часам прычынай фіяска агітатараў ці прадстаўнікоў мясцовай улады было непераканаўчае чытанне па-беларуску, перадусім няправільныя вымаўленне або націскі, выкліканыя няведаннем мовы і г. д.[35]. На гэтай аснове можна пры жаданні зрабіць вывад, што сяляне не разумелі “штучна сканструяванай мовы”. Прыведзеныя тут прыклады сведчаць, такім чынам, перш за ўсё пра тое, што часам варта і неабходна пазбягаць падобных катэгарычных і нават безапеляцыйных заключэнняў, характэрных для даследавання Пэра Рудлінга.

Што хаваецца ў тых першакрыніцах і літаратуры, да цытавання якіх звяртаецца аўтар манаграфіі? Перш за ўсё, знайсці спасылкі на цытаваныя ў тэксце арыгінальныя фрагменты нялёгка, бо вельмі часта названыя ў спасылках нумары старонак не адпавядаюць старонкам арыгінала. Напрыклад, у публікацыі Коршука і Платонава па спасылцы паказана с. 68, а цытаваная інфармацыя знаходзіцца на с. 65 (гл. спасылку 6 на с. 278 манаграфіі) і г. д. і да т. п.

Падобныя памылкі можна, з пэўнай доляй дапушчэння, аднесці да тэхнічных. Але сітуацыя змяняецца пры неаднаразовым выяўленні ў манаграфіі П. Рудлінга свядомых, сэнсавых скажэнняў у інтэрпрэтацыі звестак з крыніц (як з першакрыніц, так і з літаратуры). Разгледзім некалькі такіх прыкладаў, якія сведчаць не толькі пра некарэктнае цытаванне аўтарам выкарыстанай крыніцы, але і пра адвольную інтэрпрэтацыю фактычных заключэнняў, якая з гэтага вынікае.

Адзін з такіх прыкладаў можна знайсці ў раздзеле “Супраціў беларусізацыі”, дзе даследчык сцвярджае, што мноства жыхароў далучаных да БССР у 1926 г. тэрыторый (Рэчыцкі і іншыя раёны) не толькі не лічылі сябе беларусамі, але і аддавалі перавагу ў зносінах рускай мове, выступаючы супраць гвалтоўнай беларусізацыі[36]. Аўтар адзначае: “Няведаючы пра этнічную ідэнтычнасць, мясцовыя жыхары лічылі сябе небеларусамі па нацыянальнасці, бо тэрыторыя, на якой яны жылі, не была ўключана ў межы адноўленай у 1920 г. ССРБ” (“the local inhabitants thought of themselves as non-Belarusians since the territory in with they lived had not been included within the borders of the restored SSRB in 1920”)[37].

Робячы такую прынцыповую выснову, Пэр Рудлінг спасылаецца на публікацыю Міхаіла Касцюка, які аналізаваў матэрыялы камісіі Я. Петэрса, што ў верасні 1926 г. вывучала нацыянальны склад Гомельшчыны (Гомельскага і Рэчыцкага паветаў)[38]. Якія ж высновы робіць сам Касцюк? У яго манаграфіі можна прачытаць наступнае: «Насельніцтва Уваравіцкай воласці ў асноўнай сваёй масе беларускае, размаўляе на простанароднай беларускай мове з вялікай прымессю беларускіх слоў. У Чачэрскай воласці беларуская мова асабліва моцна русіфікавана. Пры даследаванні калектыву Добрушскай папяровай фабрыкі камісія ўстанавіла, што большасць рабочых складаюць мясцовыя сяляне, 60% з якіх беларусы, што яны гавораць пераважна на рускай мове і што тут асабліва далёка зайшоў працэс абрусення. На запалкавай фабрыцы “Везувій” была звернута ўвага на тое, што 1300 рабочых выпісвалі 900 газет, сярод якіх не было ні адной беларускамоўнай. Агульныя вывады камісіі зводзіліся да наступнага: у абследаваных мясцінах пераважае прастанародная беларуская мова з вялікай прымессю рускіх слоў і адсутнічае нацыянальная самасвядомасць. Большасць насельніцтва адмоўна ставіцца да палітыкі беларусізацыі, меншасць займае абыякавую пазіцыю. І толькі ў некаторых прадстаўнікоў насельніцтва адносіны станоўчыя»[39].

Грунтуючыся на працытаваным урыўку, нельга не заўважыць, што прыведзеная раней выснова Рудлинга пра тое, што “мясцовыя жыхары лічылі сябе небеларусамі па нацыянальнасці, бо тэрыторыя, на якой яны жылі, не была ўключана ў межы адноўленай ў 1920 г. ССРБ”, мякка кажучы, не адпавядае зместу цытаванай крыніцы і не з’яўляецца таксама яго перафразаваннем або лагічным заключэннем, зробленым на яго падставе. Характэрна, што на такога тыпу сцверджаннях грунтуюцца многія іншыя высновы часта прынцыповага напрамку, да якіх на працягу ўсяго даследавання неаднаразова прыходзіць Рудлінг.

Разгледзім іншыя прыклады. «Лічачы нацыяналізацыю неабходнай умовай мадэрнізацыі, на працягу 20-х г. савецкая ўлада займала бескампрамісную варожую пазіцыю ў адносінах нават да добраахвотнай асіміляцыі ў пераважную рускую культуру (Russian majority culture). …Перавод [гаворка ідзе пра далучэнне да БССР этнічна беларускіх тэрыторый у 1926. – А. М.] быў ажыццёўлены без уліку жадання ці згоды саміх будучых беларусаў. Павелічэнне тэрыторыі рэспублікі, такім чынам, вяло да росту незадаволенай масы насельніцтва, якое часта ўспрымала з агідай (detested) іх пераробліванне (redesignation) на беларусаў і супраціўлялася палітыцы беларусізацыі. Асабліва моцны супраціў сустракаўся на ўсходзе [БССР]. Насельніцтва Оршы скардзілася, што беларусізацыя абмяжоўвае іх сацыяльную мабільнасць. …Збыць мову (to market a language), на якой гаварылі пераважна непісьменныя сяляне, выявілася нялёгкай задачай”, – заключае даследчык[40].

Цікавасць тут ўяўляюць перадапошнія сказы, якія ілюструюць прыведзеныя перад гэтым высновы пра непрыняцце беларусізацыі. У тэксце манаграфіі паказваецца, што гэтыя звесткі аўтар узяў са зборніка апублікаваных архіўных матэрыялаў пад рэдакцыяй Уладзіміра Коршука і Расціслава Платонава, дзе можна знайсці перадрук артыкула старшыні ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова “У паездцы па Аршаншчыне”, апублікаванага раней у газеце “Савецкая Беларусь” 26–28 траўня 1926 г.[41].

Пры разглядзе першакрыніцы (артыкул Чарвякова) можна выявіць, што на с. 148, названай у манаграфіі па спасылцы, згадак пра насельніцтва Оршы няма і цытаваныя старонкі першакрыніцы не супадаюць. Але аднясем гэта чарговы раз да тых тэхнічных або выпадковых памылак, якія могуць паўстаць у тэксце даследавання па прыкрым непаразуменні.

Больш істотна, аднак, тое, пра што сапраўды пішацца ў арыгінале артыкула Аляксандра Чарвякова. У наступнай цытаце прыведзены найбольш важныя і рэлевантныя фрагменты першакрыніцы, з поўным тэкстам якой можна азнаёміцца ​​па пазначанай ніжэй спасылцы. Чарвякоў адзначае, што «ўсім добра памятна, якія адносіны да беларусізацыі былі на Аршаншчыне з боку апаратаў розных гатункаў. У пачатку гэтай працы беларусізацыя была “жупелам”, якім пужалі малых дзяцей. Апіралася ўсё гэта на злоснай агітацыі несвядомых і варожых Савецкай уладзе элементаў, якія спалі і марылі аб тым, каб у тым ці іншым выглядзе вярнуць “единую и неделимую Россию”. Кожны сумленны чалавек добра разумее, што “беларусізацыя” – гэта ў першую чаргу прыстасаванне партыйнага, савецкага, прафесіянальнага і іншых апаратаў да мовы самога жыхарства горада, вёскі, мястэчка, што гэта пытанне вынікае з патрэбы захапіць і ўцягнуць у працу па замацаванні Саветаў самых шырокіх і глыбокіх мас рабочых, сялян і наогул працоўных. Але страх перад гэтай новай пастаноўкай пытання пасля многіх вякоў прыгнечання і прывіўкі думкі, што без “русского языка” ў людзі не выйдзеш, былі таксама вельмі моцныя. Таму ў першыя дні з беларусізацыяй было тугавата. Трэба было пераходзіць на шлях беларусізацыі вельмі асцярожна. Пайшла Аршаншчына ціха і без шуму па гэтым шляху. Цяпер можна адзначыць ужо шэраг дасягненняў…»[42].

Відавочна, што абапіраючыся на артыкул Чарвякова, прыведзенае вышэй меркаванне Рудлінга пра тое, што “насельніцтва Оршы скардзілася, што беларусізацыя абмяжоўвае іх сацыяльную мабільнасць”, не можа быць зроблена ў такой, па меншай меры, катэгарычнай форме. Грунтуючыся на газетным артыкуле, які працытаваў аўтар разгляданай манаграфіі, пры жаданні можна гэтак жа катэгарычна сцвярджаць і пра поспехі беларусізацыі (“Пайшла Аршаншчына ціха і без шуму па гэтым шляху. Цяпер можна адзначыць ужо шэраг дасягненняў…”). Прычым у тым самым артыкуле Чарвякова можна знайсці згадку пра тое, што варожа да беларусізацыі ставілася не насельніцтва, а перш за ўсё “апараты розных гатункаў” і г. д.

Наступную неадпаведнасць высноваў манаграфіі і тэксту першакрыніц можна знайсці ў прыведзеным Рудлінгам фрагменце даклада першага сакратара ЦК КПБ (б) Вільгельма Кнорына ад 24 лістапада 1927 г.[43]. У стэнаграфіі даклада Кнорына можна прачытаць наступнае: «Але наша становішча ўскладняецца дзвюма акалічнасцямі: па-першае, значная частка беларускіх рабочых у горадзе русіфікавана, прайшла расійскую школу, з прычыны чаго не можа карыстацца кнігаю на роднай мове. Значная частка яўрэйскіх рабочых прывыкла карыстацца ў міжнацыянальных адносінах расійскаю моваю. Па-другое, значная частка сялян ведае расійскую грамату, але ведае мала расійскіх слоў, з прычыны чаго з’яўляецца паўпісьменнай»[44].

Для параўнання прывядзем высновы, да якіх прыходзіць Рудлінг на падставе працытаванага вышэй даклада Кнорына: “Беларусы ўмелі чытаць і пісаць на рускай мове, але часта мелі абмежаваны запас слоў. Беларускія яўрэі былі да значнай ступені русіфікаваныя і пераходзілі на рускую мову ў неяўрэйскамоўным асяроддзі (nonYiddish speaking environments), у той час як значная частка яўрэяў цалкам перастала выкарыстоўваць ідыш дзеля рускай мовы [вылучана намі. – А. М.]”[45]. Безумоўна, аналітычныя высновы на падставе вывучэння крыніц у даследаванні рабіць неабходна, але навошта пры гэтым прыпісваць першакрыніцы звесткі або фрагменты, якіх там няма? Магчыма, у нашым выпадку гэтае пытанне застанецца хутчэй рытарычным.

Пасля разгледжаных прыкладаў ужо досыць складана ўспрымаць без крытыкі, або, па меншай меры, без пільнай крытычнай ацэнкі іншыя высновы даследчыка, напрыклад, пра тое, што павелічэнне тэрыторыі БССР у выніку прывяло не да планаванага ўмацавання, а, наадварот, да паслаблення пазіцый нацыянальных камуністаў і г. д.

У некаторых выпадках мы маем справу з даволі аднабокім і, можна нават сказаць, крыху маніпулятыўным падыходам да праблематыкі, калі аўтар у сваіх высновах і фактах, якія прыводзяцца на іх карысць (як правіла, яны тычацца непрымання і супраціву гвалтоўнай беларусізацыі), разглядае ўсяго толькі адзін бок праблемы, у выніку чаго ўзнікае нейкая аднабаковасць у наступных сцвярджэннях і высновах. Прыклад такога інтэрпрэтацыйнага падыходу з мэтавай выбаркай звестак, якія падыходзяць для пэўных высноваў, мы ўжо прыводзілі (гл. пра ўспрыманне кадыфікаванай беларускай мовы сялянамі). У даследаванні Пэра Рудлінга такія прыклады не адзінкавыя. Напрыклад, у раздзеле “Супраціў беларусізацыі” сцвярджаецца, што ў некаторых абласцях БССР беларускія каталікі адмаўляліся пасылаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя школы, патрабуючы замест гэтага адкрыцця асобных школ з польскай мовай навучання[46]. Само па сабе такое сцвярджэнне цалкам слушнае, і пацвярджэнне яму можна знайсці ў шэрагу дакументаў і архіўных крыніц. Тым не менш, існуе і іншы бок дадзенага пытання, які ў даследаванні Пэра Рудлінга ўжо не згадваецца: а што ж часцей за ўсё адбывалася пасля адкрыцця падобных школ з польскай мовай навучання? Як сведчыць шэраг архіўных дакументаў (гаворка ідзе перш за ўсё пра рэгулярныя справаздачы школьнай інспекцыі Народнага камісарыята асветы БССР), вялікая частка такіх школ неўзабаве пераводзілася зноў на беларускую мову навучання, бо настаўнікі адзначалі, што навучэнцы не разумеюць польскай мовы (гл., напрыклад, справаздачы па Полацкай[47] і іншых абласцях за 1926 г.[48]. Падобныя выпадкі сустракаліся як у Полацкай, так і ў Гомельскай абласцях, г. зн. як ва ўсходніх, так і ў заходніх рэгіёнах рэспублікі).

Таму польскія школы для беларускіх каталіцкіх вучняў планавалася паступова перавесці на беларускую мову навучання з захаваннем абавязковых гадзін вывучэння польскай мовы[49]. З гэтай мэтай ствараліся спецыяльныя камісіі ў складзе інспектара сацыяльнага выхавання, інспектара польскай культуры і намесніка культурна-асветніцкай дзейнасці мясцовага райвыканкама[50]. Пры гэтым пераход на беларускую мову навучання павінен быў ажыццяўляцца паступова і негвалтоўна. Акрамя таго, з пераводам павінны былі пагадзіцца бацькі вучняў[51]. Пры гэтым аптымальным лічылася растлумачыць насельніцтву прычыну пераходу школы на родную (у дадзеным выпадку беларускую) мову навучэнцаў[52].

Аднабаковая падборка фактаў і матэрыялаў, якая назіраецца і ў іншых частках кнігі, часта складваецца аўтарам манаграфіі ў даволі маніпулятыўныя высновы. Пасля падачы фактаў, якія сведчаць пра шматлікія ганенні на носьбітаў рускай мовы ў “нацыяналізаваным” Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ), Пэр Рудлінг прыводзіць звесткі пра колькасны нацыянальны склад яго студэнтаў у 1922–1927 гадах. Пры гэтым адзначаецца, што у 1925 г. колькасць студэнтаў беларускай нацыянальнасці ў БДУ складала толькі 40% ад усёй колькасці студэнтаў. Такія працэнтныя суадносіны ўлады палічылі недастатковымі і перад пачаткам 1924/1925 навучальнага года з БДУ было выключана мноства студэнтаў, чыё веданне беларускай мовы было недастатковым. У выніку, адзначае Рудлінг, у 1925–1926 гадах колькасць беларускіх студэнтаў у БДУ, Сельскагаспадарчай акадэміі і Ветэрынарным інстытуце ўзрасла да 59%. У студзені 1927 г. задаволены (satisfied) сакратар ЦК КП (б) БССР Крыніцкі ўжо рапартаваў у ЦВК аб новай, цяпер прымальнай, колькасці беларускіх студэнтаў[53].

Пасля прачытання гэтага фрагмента ствараецца ўражанне, што пашырэнне складу беларускіх студэнтаў, да радасці ўладаў і задавальнення Крыніцкага, адбылося за кошт выключэння рускамоўных студэнтаў, што, у сваю чаргу, не можа не выклікаць пачуцця абурэння з-за несправядлівасці, праяўленай у дачыненні да рускамоўных студэнтаў, і нават ганенняў, якія лагічна сталі адным з планамерных вынікаў правядзення нацыянальнай палітыкі.

На жаль, Пэр Рудлінг не прыводзіць сапраўднай прычыны павелічэння колькасці беларускіх студэнтаў у складзе названых ВНУ. Гэтай прычынай была каранізацыя студэнцкіх шэрагаў ці, іншымі словамі, пазітыўная дыскрымінацыя абітурыентаў беларускай нацыянальнасці на ўступных іспытах у ВНУ[54]. Менавіта ўвядзенне пяцідзесяціпрацэнтных квот на колькасць прынятых студэнтаў сялянскага паходжання (а ва ўмовах БССР гэта амаль аўтаматычна азначала студэнтаў беларускага паходжання) дало магчымасць у згаданым 1925/1926 навучальным годзе дасягнуць павелічэння колькасці беларускіх студэнтаў у складзе ВНУ. Тое, што дадзеная сістэма выявілася неэфектыўнай з-за нізкага ўзроўню падрыхтоўкі прынятых студэнтаў, і таму неўзабаве ў большасці ВНУ (акрамя Камуністычных універсітэтаў) была афіцыйна адменена (хоць і працягвала негалосна выконвацца на практыцы), вядома ж, не сакрэт, але гэта ўжо тэма для іншага даследавання.

Можна таксама спытацца, чаму пры апісанні супраціву пранікнення беларускай мовы ў ВНУ і ў навучальныя дысцыпліны з боку выкладчыкаў[55] Рудлінг не згадвае прыватныя факты паспяховага супрацоўніцтва кіраўніцтва ўніверсітэта (пра-беларусізацыйнага рэктара У. Пічэту) і выкладчыкаў у пытанні пераводу навучання на беларускую мову, а таксама частыя сведчанні інтэнсіўнай падтрымкі выкладчыкамі беларусізацыі навучання? У гэтым выпадку гаворка ідзе, перш за ўсё, пра масавую падтрымку беларусізацыі на педагагічным факультэце БДУ, які колькасна нашмат перавышаў астатнія факультэты той самай ВНУ[56].

Далей Рудлінг робіць выснову, што «“нацыяналізацыя” БССР была больш паспяховай, чым у шэрагу іншых рэгіёнаў СССР»[57]. Дадзенае сцвярджэнне ўжо само па сабе досыць спрэчнае, паколькі нацыянальная палітыка ў БССР праходзіла на працягу больш кароткага перыяду, чым у некаторых іншых рэспубліках СССР (напрыклад, УССР). Пры гэтым даследчык спасылаецца на адну з галоўных публікацый Уладзіміра Коршука і Расціслава Платонава, прысвечаных беларусізацыі. Пры вывучэнні ж дадзенай спасылкі ў цытаванай крыніцы такую ​​інфармацыю пацвердзіць ці знайсці немагчыма, бо з мноства звестак на дадзенай і наступных старонках Платонаў і Коршук пішуць толькі пра тое, што беларусізацыя не была з’явай, уласцівай выключна БССР. “Такая ж палітыка праводзілася ва ўсіх нацыянальных рэспубліках і рэгіёнах СССР з улікам іх асаблівасцей”[58].

Падобныя прыклады ў манаграфіі Рудлінга, на жаль, нярэдкія. У публікацыі С. Крушынскага, цытаванай па спасылцы на с. 296, няма прыведзеных у тэксце манаграфіі звестак[59], цытаты з працы М. Касцюка[60] не адпавядаюць сцвярджэнню Рудлінга пра тое, што ГПУ ідэнтыфікавала 108 удзельнікаў дзейнасці Саюза Вызвалення Беларусі, – карэктней сказаць, што такой інфармацыі ў Касцюка наогул не змяшчаецца[61]. У манаграфіі прыводзіцца скажоная інтэрпрэтацыя даклада першага сакратара ЦК КП(б)Б А. Крыніцкага ў яго ацэнцы адносін партыі да дарэвалюцыйнага беларускага нацыяналізму і яго адлюстравання ў “Гісторыі Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.” У. Ігнатоўскага[62] і г. д.

Неабходна адзначыць, што колькасць падобных выпадкаў некарэктнай і часам нават адвольнай інтэрпрэтацыі першакрыніц перавышае колькасць прыведзеных тут прыкладаў, але рамкі часопіснага артыкула не дазваляюць прывесці іх у поўным аб’ёме.

Кніга “Узлёт і падзенне беларускага нацыяналізму, 1906–1931” Пэра Андэрса Рудлінга ўтрымлівае багатую фактаграфічную інфармацыю, што датычыцца адносна нядаўніх падзей беларускай гісторыі пачатку ХХ ст. і асвятляе паслядоўнае развіццё галоўных беларускіх нацыянальных праектаў згаданага перыяду. Тым не менш, у публікацыі не можа не застацца незаўважаным недазваляльная колькасць выпадкаў некрытычнай працы даследчыка з крыніцамі, якая вядзе да некаторых выпадкаў мэтавай маніпулятыўнай падборкі фактаў і частай дезынтэрпрэтацыі выкарыстаных крыніц.


[1] Rudling P. A. The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906–1931. P. 5.
[2] Тамсама. P. 16.
[3] Тамсама. P. 3.
[4] Тамсама. P. 17.
[5] Тамсама. P. 191.
[6] Тамсама. P. 197.
[7] Падрабязней гл.: Hroch M. European Nations: Explaining their Formation. London, 2015; Hroch M. Národy nejsou dílem náhody. Příčiny a předpoklady utváření moderních evropských národů. Praha, 2009; Hroch M. V národním zájmu. Praha 1999 (гл. беларускі пераклад гэтай кнігі ў часопісе “ARCHE”:  Грох М. У нацыянальных інтарэсах. Патрабаваньні й мэты эўрапейскіх нацыянальных рухаў ХІХ ст. у параўнаўчай пэрпэктыве // ARCHE. 2007. № 6 (57). С. 159–188; № 7–8 (58–59). С. 114–186;  № 10 (61). С. 146-203.
[8] Rudling, P. A. The Rise… P. 6.
[9] Liber G. Korenizatsiia: restructing Soviet nationality policy in the 1920s // Ethnic and Racial Studies. 1991. Vol. 14. № 3. Р. 15–23; Martin T. The Affirmative Action Empire. Nations and Nationalism in the Soviet Union, 1923–1939. Ithaca and London, 2001; Slezkine Y. The USSR as a Communal Apartment, or How a Socialist State Promoted Ethnic Particularism // Slavic Review 53. 1994. no. 2. P. 414–452; Smith J. The Bolsheviks and the National Question, 1917–23. Basingstoke, 1999; Suny R. G. The Revenge of the Past. Nationalism, Revolution, and the Collapse of the Soviet Union. Stanford, 1993; Suny R. G. The Soviet Experiment. Russia, the USSR, and the Successor States. New York, 1998; Vakar N. P. Belorussia. The Making of Nation. Cambridge, Massachusetts, 1956. і інш.
[10] Rudling, P. A. The Rise… P. 142–143.
[11] Тамсама. P. 143.
[12] Тамсама. P. 163.
[13] Тамсама. P. 309.
[14] Тамсама. P. 212.
[15] Тамсама. P. 125.
[16] Гл. Падрабязней: Hirsch F. Empire of Nations: Ethnographic Knowledge and the Making of the Soviet Union. (Culture and Society after Socialism.). Ithaca, London, 2005.
[17] Rudling, P. A. The Rise… P. 161.
[18] Асаблівае значэнне Фрэнсін Хірш надае тром уладным інструментам ці т. зв. “культурным тэхналогіям” (cultural technologies) улады, якія звязваюць этнографаў з мясцовым кантэкстам і дзяржаўнай уладай: гэта перапіс насельніцтва (the census), фармаванне тэрыторыі (the map) і музеі (the museum).
[19] Hirsch F. Empire of Nations… P. 7–9.
[20] Курсіў Пэра Рудлінга, гл.: Rudling P. A. The Rise… P. 307.
[21] Тамсама. Р. 161–162.
[22] Тамсама. Р. 221.
[23] Тамсама. Р. 209.
[24] Тамсама. Р. 210.
[25] Тамсама. Р. 217.
[26] Тамсама.
[27] Тамсама. Р. 162.
[28] Тамсама.
[29] Тамсама. Р. 210.
[30] Тамсама. Р. 216.
[31] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф. 42. Воп. 1. Спр. 275. Арк. 259.
[32] НАРБ. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 275. Арк. 272.
[33] НАРБ. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 275. Арк. 269адв., 273–273адв., 274, 278, 279–279адв., 281, 283; апрача таго, шэраг такіх лістоў з вёсак (Гомельскай і іншых абласцей) рэгулярна публікаваліся ў “Асвеце”, гл. напр.: Сьмігельскі В., Троська Я. Беларуская культурна-асьветная справа на Гомельшчыне // Асьвета. 1926. № 6. С. 174–177. Больш падрабязна гл. таксама: Marková А. Sovětská bělorusizace jako cesta k národu: iluze nebo realita? Praha, 2012.
[34] Сьмігельскі В., Троська Я. Беларуская культурна-асветная справа на Гомельшчыне // Асьвета. 1926. № 6. С. 175.
[35] Тамсама.
[36] Rudling P. A. The Rise… P. 213.
[37] Тамсама.
[38] Гл.: Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000. С. 44.
[39] Тамсама.
[40] Rudling, P. A. The Rise… P. 217.
[41] Гл. спасылку ў манаграфіі Рудлінга на: Беларусізацыя: 1920-я гады: Ддкументы і матэрыялы: зб. дак. / пад рэд. У. К. Коршука і інш. Мінск, 2001. С. 148; З артыкула старшыні ЦВК БССР А. П. Чарвякова “У паездцы па Аршаншчыне” // Савецкая Беларусь. 1926. 26–28 мая. (Беларусізацыя… С. 147–149.)
[42] З артыкула старшыні ЦВК БССР А. П. Чарвякова “У паездцы па Аршаншчыне” // Беларусізацыя: 1920-я гады: дакументы і матэрыялы: зб. дак. / пад рэд. У. К. Коршука і інш. Мінск, 2001. С. 147.
[43] С полным текстом доклада можно ознакомиться в сборнике: Беларусізацыя: 1920-я гады: дакументы і матэрыялы: зб. дак. / пад рэд. У. К. Коршука і інш. Мінск, 2001. С. 119–121.
[44] З даклада першага сакратара ЦК КП(б)Б В. Г. Кнорына “Справаздача ЦК ХІ З’езду КП(б)Б” // Беларусізацыя: 1920-я гады: дакументы і матэрыялы: зб. дак. / пад рэд. У. К. Коршука і інш. Мінск, 2001. С. 120.
[45] Rudling, P. A. The Rise… P. 225.
[46] Тамсама. С. 227.
[47] НАРБ. Ф. 701. Воп. 1. Спр. 19. Арк. 104.
[48] НАРБ. Ф. 701. Воп. 1. Спр. 19. Арк. 104; Ф. 42. Воп. 1. Спр. 275, Арк. 263–263адв.
[49] Резолюции Пленума ЦК КП(б)Б (25–29 января 1925 г.). Минск, 1925. С. 7.
[50] НАРБ. Ф. 701. Воп. 1. Спр. 6. Арк. 31адв.
[51] Аб нацполітыцы. Рэзолюцыя пленуму ЦК КП(б)Б. Кастрычнік 1925 году // Пастановы і рэзолюцыі УсеКП(б) і КП(б)Б па нацыянальным пытаньні. Менск, 1926. С. 62.
[52] НАРБ. Ф. 701. Воп. 1. Спр. 6. Арк. 31адв.
[53] Rudling P. A. The Rise… P. 234.
[54] О приёме в высшие учебные заведения БССР в 1925–26 учебном году: Постановление СНК БССР, 22 мая 1925 г. // Собрание Узаконений и Распоряжений Рабоче-крестьянского правительства БССР. 1925. № 27. Отд. 1. Ст. 235. С. 1–2.
[55] Rudling P. A. The Rise… P. 230.
[56] Гл. падрабязней напр.: Андрэева Е. Г., Лыч Л. М. Шляхі сталення. Да 70-годдзя Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску. Мінск, 2001; Marková А. Sovětská bělorusizace jako cesta k národu: iluze nebo realita? Praha, 2012. S. 52–95 і інш.
[57] Rudling P. A. The Rise… P. 229.
[58] Беларусізацыя: 1920-я гады: дакументы і матэрыялы: зб. дак. / пад рэд. У. К. Коршука і інш. Мінск, 2001. С. 13.
[59] Гл.: Krushinsky S. Byelorussian Communism and Nationalism: Personal Recollections. New York, 1953. Р.  30.
[60] Гл.: Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма… С. 43.
[61] Rudling P. A. The Rise… P. 297.
[62] Тамсама. Р. 237–238. Параўн. тэкст цытаванага арыгінала ў: Беларусізацыя: 1920-я гады: дакументы і матэрыялы: зб. дак. / пад рэд. У. К. Коршука і інш. Мінск, 2001. С. 117–118.

Наверх

Тэгі: ,