БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Юрый Мыцык. Інвентар і люстрацыі Лоева і Горваля XVII — сярэдзіны XVIII ст.

Да важных разнавіднасцяў гістарычных крыніц па гісторыі Беларусі і Украіны ХVІ–XVIII ст. варта аднесці люстрацыі і інвентары. Люстрацыі – гэта апісанні, якія ствараліся ў час перыядычных урадавых акцый, што праводзіліся па рашэнні сойма спецыяльнымі камісіямі з мэтай разліку даходнасці і далейшага падаткаабкладання каралеўшчын (дзяржаўных уладанняў) [1]
. Інвентары – апісанні, якія ўзніклі ў выніку правядзення аналагічных акцый спачатку ў дачыненні да царкоўных уладанняў (з ХV ст.), а пазней – каралеўскіх і прыватных. Інвентары часта складаліся пры змене асоб на адміністрацыйных пасадах, а рэгламентацыя правядзення апісанняў была прадугледжана соймавай канстытуцыяй 1602 г. [2]. У гэтых катэгорыях крыніц знаходзяцца важныя звесткі, якія тычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, дэмаграфічных змяненняў, гістарычнай геаграфіі і да т. п.

Калі гаварыць пра XVII ст., то першыя люстрацыі былі створаны ў 1616 і 1622 г. [3]. Наступнай была люстрацыя, якая да гэтага часу не прыцягвала да сябе ўвагі  навукоўцаў. Яна напісана на польскай мове і захоўваецца ў дзвюх копіях, у тым ліку ў фамільным архіве князёў Сангушкаў [4]. З-за адсутнасці першых аркушаў крыніцы дакладную дату яе стварэння вызначыць пакуль цяжка.

Адзначым, што ў люстрацыі згадваецца як уладальніца Корсуньскага староства Сафія Даніловіч – дачка вялікага кароннага гетмана С. Жулкеўскага і бабуля караля Яна III Сабескага. Яна памерла ў 1634 г., а атрымала ў спадчыну староства пасля смерці свайго мужа (Я. Даніловіча) у 1628 г. З улікам гэтай акалічнасці, а таксама згадкі ў люстрацыі пра нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1630 г. можна досыць дакладна вызначыць час складання люстрацыі: 1631–1633 г.

У названай крыніцы побач з іншымі апісваецца староства “Любецкае і Лоеўскае” (29–74), г. зн. адміністрацыйная адзінка Рэчы Паспалітай на чале з Любечам (цяпер райцэнтр Чарнігаўскай вобласці). Лоеў (сёння райцэнтр Гомельскай вобласці) разглядаўся як другі па значэнні горад староства (відаць, улічвалася, што гэтыя старажытныя гарады былі злучаны паміж сабой перавозам цераз Дняпро і складалі важныя пункты паабапал ракі). Апісанне падаецца ў параўнанні з папярэднімі люстрацыямі 1616 і 1622 г., што часам дае магчымасць прасачыць дэмаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя змены ў старостве за 10–15 гадоў; тут згадваюцца прывілеі на зямлю, дадзеныя яе ўладальнікам каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі ў XVI ст. Люстрацыя вызначае межы і галоўныя населеныя пункты староства, дае каштоўную інфармацыю пра засяленне ўкраінскага-беларускага памежжа, узнікненне тут новых паселішчаў (часам узрост шэрагу населеных пунктаў можна павялічыць на сотні гадоў), іх абараназдольнасць, колькасць дамоў і колькасць жыхароў. Тут на с. 46–74 ёсць апісанне Лоева і Лоеўскага замка, прадмесцяў (“места Лоева Гара”, “Стары Лоеў”) і навакольных вёсак, як лакалізаваных намі (Абакумы, Ісакавічы, Каменка, Мохаў), так і нелакалізаваных (“Папова”, “Ізбіны”).

У першай (Любецкай) частцы апісання староства названы, акрамя Любеча і Лоева, шэраг паселішчаў, у тым ліку тых, што знаходзяцца цяпер на тэрыторыі сучасных Брагінскага (Асарэвічы, Вялле, Грушнае, Жылічы, Савічы, Хракавічы; нежылыя Крукі, Піркі) і Лоеўскага (Глушэц, Дзяражычы) раёнаў Гомельскай вобласці. Да іх можна дадаць Хрысткавічы і Клікавічы, якія названы разам з Хракавічамі і Дзяражычамі і, відаць, зліліся з апошнімі. Усе яны стаяць на правым беразе Дняпра або ў непасрэднай да яго блізкасці. На жаль, не ўдалося лакалізаваць населены пункт “Бяльдзюбы” (магчыма, ён пазней знік або быў перайменаваны) і “Малечын” (магчыма, сучасны Малажын Брагінскага раёна). Тым не менш, іх існаванне ў першай трэці XVII ст. – лішні аргумент на карысць ранняга і досыць шчыльнага засялення ўкраінскага-беларускага памежжа.

Згадваюцца ў люстрацыі некаторыя значныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы Рэчы Паспалітай, у т. л. кароль Жыгімонт Аўгуст (панаваў у 1548–1572 г.), Валенці Аляксандр Каліноўскі – заснавальнік вядомага магнацкага роду, і інш. Гэты дакумент – важная крыніца для вывучэння сацыяльна-эканамічнай гісторыі Украіны і паўднёвай Беларусі, у ім знаходзім звесткі пра населеныя пункты, колькасць, склад і павіннасці насельніцтва, пра землеўладальнікаў, млыны, бровары, паташні, арэнду гарэлкі і піва, мядовую даніну, мытні, урэшце – пра дакументацыю, якая пацвярджала права ўласнасці і да т. п., пра памеры даходаў, а таксама пра розныя падаткі і павіннасці, якія плацілі або адпрацоўвалі мяшчане і іншыя катэгорыі насельніцтва; тут ёсць звесткі пра колькасць залежных сялян і мяшчан, пушкароў, баяраў і іншых, суадносіны коштаў.

У канцы апісання паказвалася сума агульнага даходу Любецкага староства, які штогод складаў больш за 4744 злотых. Калі адняць выдаткі на абараназдольнасць і ўтрыманне старасты (больш за 4294 злотых), то на “кварту” (за кошт яе ўтрымлівалася кварцянае войска Рэчы Паспалітай) заставалася больш за 858 злотых.

Інвентарныя вопісы тычацца ўжо Горваля – важнага ў свой час горада блізу ўпадзення Бярэзіны ў Дняпро, а цяпер сціплага населенага пункта Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У гістарычнай літаратуры знаходзім згадкі пра Горвальскі замак, спалены ў 1654 г. пад час яго штурму паўстанцамі І. Залатарэнкі. Горваль належаў Шалухам, потым каралю Жыгімонту I і каралеве Боне.

У лютым 1543 г. каралеўская пара абмянялася дабром: яны ўзялі сабе маёнтак князя Васіля Сангушкі пад Ковелем, а яму аддалі Горваль, Смаляны і замак Свіслач.

З тастамента літоўскага гетмана і “рэчыцкага ўладара» Рамана Сангушкі (1571) даведаемся, што ён завяшчаў Горваль сваім сваякам – князям Сангушкам-Ковельскім [5]. Такім чынам, не выпадкова інвентары Горваля захоўваліся ў фамільным архіве менавіта гэтых магнатаў. Першы з інвентароў дайшоў у копіі, створанай каля 1746 г., а яго арыгінал быў выкананы 8 сакавіка 1673 г. віленскімі канонікамі Войцэхам Казімірам Бейнардам (сакратар Віленскага капітула) і Бенедыктам Зухоцкім (“Inwentar miasta Horwola i włośći Horwolskiej w powiecie Rzeczyckim leżący…” [6]

). Яны падалі на польскай мове агульнае апісанне Горваля і паселішчаў яго ключа (у XVIII ст. гэта ўжо будзе “Горвальскае графства”!): Астроўчыцы, Берагавая Слабада, Баравікі, Васілевічы, Елізаравічы, Сведскае, Таўстыкі, Шоўкавічы, Шупейкі, “Якімовічы” (магчыма, Якімава Слабада) і іншыя, якія саступалі па колькасці насельніцтву Горваля. Згаданыя вёскі існуюць і сёння, гэта населеныя пункты Рэчыцкага, Светлагорскага і Жлобінскага раёнаў Гомельскай вобласці. Некаторыя вёскі (“Гавіновічы”, “Пакаёвічы” або “Рукаёвічы”) не ўдалося лакалізаваць, таму што яны або зніклі, або былі перайменаваны ці зліліся з іншымі населенымі пунктамі. Пры апісанні паселішчаў адзначаліся і імёны іх войтаў.

Пры апісанні Горваля адзначана, што “ў ім касцёл (царква. – Ю. М.) і замак дашчэнту спалены”. З цяглага насельніцтва налічвалася 18 гаспадарак, пазначаны імёны іх уладальнікаў (Яўлан Гушчанка, Пётр Прунічэнка, каваль, Ісак Прунічэнка, Луцка Міцкевіч, Ярмола Гацкевіч, Васька Мікалаенка, Грышка Шылін, Аляксей Мікалаенка, Грышка Шкадзенка, Іван Лятовіч, Іван Ушаковіч, Іван Грыченка, Яська Ушаковіч, Фёдар Мікалаенка, Сямён Ушаковіч, Якаў Казёл, Лаўрын Сунлоп, жонка Піндрыкава – удава) і павіннасці, якія ім трэба было выконваць. Кідаецца ў вочы даволі вялікая колькасць украінскіх прозвішчаў, што тыпова для насельніцтва шэрагу паселішчаў Горвальшчыны. Гэта тлумачыцца і блізкасцю ўкраінскіх земляў, і значнымі тагачаснымі міграцыямі (у інвентары гаворыцца пра заахвочванне перасяленцаў з Севершчыны), і тым, што Горвальшчына належала валынскім князям Сангушкам-Ковельскім, такім чынам, існавалі пастаянныя эканамічныя-гандлёвыя сувязі паміж украінскімі і беларускімі землямі гэтых магнатаў. Насельніцтва Горваля і яго ключа не абмяжоўвалася падданымі Сангушкаў. Тут жыў, напрыклад, святар (вызвалены ад падаткаў); купец Міна Наўроцкі, які меўся плаціць за месца і свабоду гандлю рознымі таварамі 4 літоўскіх капы, і інш. Усяго ў Горвальскім ключы жылі 82 гаспадары, якія павінны былі плаціць падаткі (усяго 463,5 коп). Да гэтага варта дадаць выплату за арэнду корчмаў і г. д. (усяго больш за 53 капы).

Складанне інвентару варта звязваць з размежаваннем горвальскіх маёнткаў, якія пераходзілі ў рукі Віленскага капітула, з маёнткамі Стрэшынскай воласці. У дадатку (“Про меморія”) згаданы і тры прывілеі 1648 г., якія тычацца Горваля. Яшчэ некалькі дакументаў больш позняга часу дадаліся пры зняцці копіі, відаць, гэта было неабходна пры стварэнні вялікага інвентару ў 1745–1749 г., што складае чатыры тамы, напісаныя на польскай мове [7]. Яго аўтары – барысаўскі пробашч Крыштаф Мантывід Белазор і віленскі канонік Ян Быхавец, якія, напэўна, займаліся гэтай справай яшчэ ў 1739 г. У гэтым інвентары спачатку ідзе апісанне “горвальскага двара” (адміністрацыйнага цэнтра горада) над Бярэзінай, з чаго вынікае досыць інтэнсіўная яго забудова ў 1735–1738 г. Далей апісанне рудні, дваровых палёў, сенажацяў, бровараў, паташняў, азёр “у Горвальскім графстве”, корчмаў; таксама спіс жыхароў Горваля, што пачынаецца з заможнага мешчаніна Міны Неваднічэнкі, які меў чатырох сыноў і столькі ж дачок, унукаў, значную гаспадарку (пара коней, чатыры валы). Ён плаціў чынш (23 зл. і 15 гр.). Агульны ж памер чыншу для Горваля з прадмесцямі складаў 500 злотых і 21 грош. Былі і іншыя павіннасці жыхароў, напрыклад, калі хто забіваў лася ці мядзведзя, то шкуру павінен быў здаць у двор, аддаць лапатку лася (з мясам) стральцам, а за мядзведзя заплаціць 10 шастакоў у скарб. Інвентар пералічвае вёскі Горвальшчыны, прычым акрамя згаданых бачым тут сяло Маскалі, вёскі “Астахавічы” (магчыма, сучасныя Асташкавічы), “Каковічы”, “Капіевічы”, “Отруб» і Чарнейкі). Даецца спіс уладальнікаў гаспадарак, сказана пра войта, пра памеры гаспадарак.

Інвентар называе імёны 11 горвальскіх яўрэяў, якія былі гандлярамі і дробнымі арандатарамі. Адзначана, што ў Горвалі тады налічвалася 420 коней, 484 валы, у т. л. “тры сівыя ўкраінскія”, сотні курэй і качак. Ёсць таксама імёны 17 горвальскіх падданых, якія пакінулі Горваль і жылі ў Рэчыцкай воласці, у прыватнасці ў Бронным, Глебаве (належала шляхцічу Халецкаму), Лісках, Смычку (належаў шляхцянцы Халецкай), пад Лоевам і г. д., а таксама “на Украіне”: у Кіеве, у Брусілаве, у Развадоўцы пад Брусілавам (тут жылі Сідар і Іван – сваякі Міны Неваднічэнкі з Горваля), у Ставішчах і “Карабачыне”.

У інвентары знаходзім унікальныя звесткі, якія тычацца царкоўнага жыцця. Так, у Горвалі існавала царква, адрамантаваная ў 1735 г., дзе служылі два святары (адзін быў прызначаны для “яхімаўскай” царквы, гэта значыць у Якімавай Слабадзе). Згадваюцца тут плябань (дом святара) і “школа для дзяцей, пастаўленая пры царкве”, ёсць кароткі пералік абавязкаў святароў і прыхаджан: духоўныя асобы павінны былі вучыць дзяцей і старэйшых гаспадароў малітве “Ойча наш”, рэгістраваць усіх вернікаў, прызначаць час іх споведзі і прычасця. У школе ў мястэчку меўся настаўнічаць царкоўны дзяк, які павінен быць паважным, не п’яніцам. Святару забаранялася даваць Юрый Мыцык. Інвентар і люстрацыі Лоева і Горваля шлюб без споведзі, за вянчанне ён павінен быў браць не больш за 2 злотыя, а за пахаванне браць паводле сродкаў; яму нельга было браць за трэбы зямлю або карову.

Звярталася ўвага на недапушчальнасць таго, што многія людзі ў вёсках Шупейкі, Елізаравічы, “Капцэвічы» памерлі без споведзі, а дзеці – без хрышчэння. Гэта тлумачылася аддаленасцю названых паселішчаў ад Горваля (5 міль), таму людзі прасілі дазволу пабудаваць новую царкву ў сябе і дом для святара, а горвальскі святар не павінен быў перашкаджаць. Прыхаджане абавязкова павінны былі хадзіць у царкву ў нядзелю і ў святы пад страхам кары ў 2 “чэхі”. Тыя, што не хадзілі ў царкву і не ведалі “Ойча наш”, плацілі 3 “чэхі”.

Інвентар сумешчаны з прыходна-расходнай кнігай, якая сведчыць пра трывалыя гандлёвыя кантакты Горваля з Рэчыцай і шэрагам іншых гарадоў (Быхаў, Бабруйск, Брагін, Гомель, Жлобін, Магілёў, Мазыр, Петрыкаў, Слуцк, Стрэшын, Талачын, Холмеч), нават украінскім – Сцяпань і Заслаў (Ізяслаў), што на Валыні, куды горвальцы пастаянна ездзілі па вадзе байдакамі, прычым весляроў наймалі з Рэчыцы і Холмеча. З дэталёвага пераліку тавараў можна зрабіць выснову, што прадметамі гандлю былі пшаніца, жыта, ячмень, грэчка, каноплі, быдла, рыба, у тым ліку марожаная, сала, хмель, сена, піва, гарэлка, соль (яе куплялі ў яўрэя Вульфа або везлі з Петрыкава, Стрэшына, нават са Сцяпані), жалеза (для вазовых шын), сталь, порах. Тут утрымліваецца ўнікальны матэрыял па вывучэнні коштаў на тавары і паслугі. У самім Горвалі займаліся рыбалоўствам (рыбу прадавалі на мясцовых кірмашах або везлі на продаж у Магілёў), выпальвалі цэглу, рабілі сёдлы, шкло і г. д.

Жыхары Горваля ездзілі на кірмашы ў Холмеч (на праваслаўнае свята Успення Багародзіцы), Жлобін (на Вадохрышча), на таргі ў Хойнікі. У Брагіне куплялі грэчку, у Стрэшыне было набыта французскае віно і аліўкі для прыняцця рэчыцкіх паноў. У інвентары адлюстравалася значэнне Горваля як цэнтра пасярэдніцкага гандлю.

Згаданы, напрыклад, рыбак, які ехаў праз Горваль з Быхава да Заслава (Ізяслава). Да гэтага інвентару прыкладаецца спецыяльная двухтамовая прыходна-расходная кніга “Горвальскага графства” на 1745–1749 г. [8]. У ёй зафіксавана па днях, колькі і чаго было набыта на патрэбы панскага двара ў Горвалі.

Перш за ўсё запісана колькасць жыта, узятага ў сялян (названыя пайменна!) канкрэтнай вёскі, пералічаны ўсе даходы, у тым ліку і штрафы, выдаткі, як грашыма, так і рэчамі, прадуктамі (жалеза, косы, сякеры, рукавіцы, шапкі, паўкажушкі, плахты, сярмягі, соль, гарэлка), названы розныя катэгорыі слуг і рамеснікаў, напрыклад весляры-“байдачнікі”, буднікі, баброўнікі, кушнеры, муляры і г. д. Тут згадваюцца выдаткі на судовыя справы, якія праводзіліся ў Рэчыцы і Мазыры, выдаткі на прыём значных асоб, такіх, як рэчыцкі губернатар Велановіч (27.07.1746).

Усё сказанае пераконвае ў значнай каштоўнасці люстрацыі і інвентароў Лоева і Горваля як гістарычных крыніц па сацыяльна-эканамічнай гісторыі паўднёвай Беларусі ХVІ–XVIII ст., гісторыі беларуска-ўкраінскіх сувязяў, таму даўно ўжо наспела неабходнасць у іх акадэмічным выданні.


[1] Люстрації королівщин українських земель ХVІ–ХVІІ ст. Киïв, 1999. С. 5.
[2] Ковальский Н. П. Источники по социально-экономической истории Украины (ХVІ – первой половины ХVІІ века). Днепропетровск, 1982. С. 22.
[3] Воссоединение Украины с Россией. Документы и материалы. Москва, 1953. Т. 1. С. 37–38; Мицик Ю. Малознана люстрація Корсунського староства першої половини ХVІІ століття // Корсунський часопис. 2009. № 21. С. 3–6.
[4] Дзяржаўны архіў у Кракаве, Польшча (далей ДА). Ф. “Архіў Сангушкаў”. Спр. 92. С. 139–151.
[5] Archiwum Sanguszków. Lwów, 1890. T. 4. С. 334, 339–340; Archiwum Sanguszków. Lwów, 1910. T. 7. С. 396–399.
[6] ДА. Ф. “Архіў Сангушкаў”. Спр. 193.
[7] ДА. Ф. “Архіў Сангушкаў”. Спр. 544.
[8] ДА. Ф. “Архіў Сангушкаў”. Спр. 574.

Наверх

Тэгі: ,