Юрась Бачышча. Польская школьная палітыка на Палессі: вядомае і невядомае.
*Smolarczyk, Andrzej. Szkolnictwo powszechne i oświata pozaszkolna w województwie Poleskim w latach 1919–1939. Warszawa, 2014. 560 s.
Кнігу Анджэя Смалярчыка можна назваць энцыклапедыяй сацыяльнага жыцця на Палессі ў міжваенны час. Аўтар вельмі шматгранна і дасканала разбірае самыя розныя аспекты, звязаныя са школьнай палітыкай на Палессі. Падае іх на добра прапісаным палітычным, культурным і побытавым фоне. Пад увагу даследчыка трапляе палітыка і цэнтральных, і мясцовых грамадзянскіх і школьных урадаў, пры гэтым добра паказана яе супярэчлівасць і непаслядоўнасць, з усёй багатай палітрай поглядаў як на саму сутнасць і перспектыву развіцця Палесся, так і на задачы адукацыйнай палітыкі на гэтай тэрыторыі. Аналізуецца багатая статыстыка, якая дазваляе прасачыць пэўную дынаміку ў розных характарыстыках вучняў, настаўнікаў, колькасці і якасці школьных будынкаў, дзейнасці розных арганізацый, што садзейнічалі асвеце і ажыццяўлялі яе разам са школай ці пазашкольна.Кніга налічвае 541 старонку тэксту з карыснымі дадаткамі (вытрымкі з дакументаў, статыстычныя табліцы і фотаздымкі), а таксама індэксам асабовых імёнаў. Нягледзячы на тое, што праца прысвечана адносна невялікай тэрыторыі, добра было б таксама мець і індэкс геаграфічных назваў, які, на жаль, адсутнічае.
Уступ да працы даволі вялікі (11–49), ён прысвечаны характарыстыцы Палесся як геаграфічнага, так і этнічнакультурнага, канфесійнага, палітычнага, сацыяльнага, прыроднага і побытавага рэгіёна. У аўтара атрымалася перадаць спецыфіку Палесся як незвычайнага рэгіёна для даследавання, які, нягледзячы на розныя не вельмі спрыяльныя ўмовы для жыцця, вылучаўся найбольшым прыростам насельніцтва ва ўсёй Польшчы. Рознабакова акрэсліўшы адметнасць абшару, аўтар спыняецца на тлумачэнні тых сэнсаў, якія ён будзе ўкладаць у назву Палессе, а менавіта – для абазначэння геаграфічнага краю і, акрамя таго, як сінонім назвы Палескае ваяводства. Сам уступ дэманструе, што аўтар глыбока разабраўся ў складанасці гісторыі і побыту Палесся. Напрыканцы ўступу даецца даволі падрабязная характарыстыка архіўных матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся аўтарам пры падрыхтоўцы манаграфіі. Аснову іх склалі матэрыялы Брэсцкага дзяржаўнага архіва і варшаўскіх архіваў (Archiwum Akt Nowych, Centralne Archiwum Wojskowe w Warszawie).
Аўтар адзначае слабадаследаванасць Палесся, паколькі архіўныя дакументы сталі даступнымі ў былых савецкіх архівах толькі з 1989 г. Даследчык таксама звяртае ўвагу на ўжо апублікаваныя зборнікі крыніц, успаміны і прэсу, што дазваляе яму ўпрыгожыць “каларытам штодзённасці” сухія фармалізаваныя адміністрацыйныя паведамленні. Папярэднія даследаванні па сваёй тэматыцы А. Смалярчык падзяляе на тры этапы: 1918–1939, 1945–1989, 1989 г. – сучаснасць.
За мэту даследавання аўтар вызначае рэканструкцыю сістэмы школьнай асветы, агульнай і пазашкольнай, у Палескім ваяводстве ў 1919–1939 г. Ужо ад пачатку даследчык акрэслівае шырокі спектр актуальных і дыскусійных пытанняў, якія ён спрабуе закрануць у сваёй працы.
Значная частка іх датычыць беларускага пытання, хоць комплексна разглядаецца і спадчына іншых этнасаў, якія жылі на Палессі. Варта адзначыць, што сфармуляваныя пытанні досыць паслядоўна і поўна ахопліваюць найбольш важныя аспекты вывучанай тэмы. Так, аўтар падымае пытанні, ці пашырэнне сеткі школ на Палессі з боку польскіх уладаў мела перадусім задачу пашырэння польскасці і ўмацавання польскай прысутнасці на ўсходніх землях, ці мела пашырэнне двухмоўных школ на мэце абмежаванне ўкраінскага і беларускага школьніцтва, ці дзяржаўныя ўлады выкарыстоўвалі школьніцтва ў барацьбе з камуністычнымі ўплывамі, ці існавала для беларускага насельніцтва Палескага ваяводства, акрамя камуністычнага руху, іншая палітычная нацыянальная альтэрнатыва і г. д.
Шэраг пытанняў закранаюць яўрэйскую меншасць – напрыклад, ці разумелі дзяржаўныя ўлады яўрэйскае школьніцтва толькі як школьніцтва меншасці і ці яўрэйская меншасць на тэрыторыі Палескага ваяводства была найбольш палітычна і культурна актыўнай супольнасцю?
Некаторыя пытанні скіраваны на агульнае высвятленне, ці выконвала створаная сістэма польскага школьніцтва сваю місію ўсеагульнай асветы, ці ідэі дзяржаўнага выхавання, пашыраныя санацыйнымі ўладамі, спрыялі яднанню народа ў межах адной дзяржавы і г. д.
Аўтар адкідае польскацэнтрычныя тлумачэнні гістарычных падзей і ўсведамляе, што бачанне падзей скрозь прызму тагачаснай польскай адміністрацыі – не зусім поўнае і аб’ектыўнае, часта змяншае ролю школьніцтва нацыянальных меншасцяў і перабольшвае дасягненні школьніцтва польскага.
Даследчык дае шырокі агляд навуковай літаратуры па тэме, найперш польскай, а таксама беларускай і ўкраінскай. Аналізуецца не толькі літаратура, наўпрост звязаная з тэмай, але і ўскосная, напрыклад, па палітыцы польскіх уладаў адносна ўсходніх земляў або па праблематыцы нацыянальных меншасцяў.
У храналагічных межах даследавання пытанне можа выклікаць ніжняя мяжа, якая бярэ адлік не з Рыжскай дамовы, а з 1919 г. Даследчык тлумачыць яе тым, што ўжо ў тым годзе польскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Палесся, была створана новая арганізацыйная структура – Цывільны Урад Земляў Усходніх (ЦУЗУ), а ў межах апошняга паўстаў асобны Аддзел Асветы, якому была даручана справа адукацыі на занятых тэрыторыях.
У аснову структуры працы пакладзены праблемна-храналагічны падыход, які, паводле самога аўтара, выклікаў некаторыя паўторы, але дазволіў найлепш паказаць узаемасувязь прычын і іх наступстваў паміж палітычнымі і школьнымі пытаннямі, з чым можна пагадзіцца.
Пачынаецца агляд школьнай палітыкі з часоў узнікнення Цывільнага Урада Земляў Усходніх. А. Смалярчык піша, што на пачатку 1920-х адукацыйная палітыка ў дачыненні да меншасцяў была даволі лагоднай і што Ю. Пілсудскі лічыў задачай ЦУЗУ арганізацыю школьнага навучання з улікам пажаданняў жыхароў падначаленых тэрыторый. Праўда, у рэальнасці сітуацыя ўскладнілася тым, што яўрэйскае насельніцтва схілялася да арганізацыі школ на рускай мове, а мясцовыя палякі і беларусы не хацелі рускай мовы ў школе. Як доказ прыводзіцца допіс Вацлава Іваноўскага “Мемарыял у справе беларускай” ад 16 сакавіка 1920 г. Таму польскія ўлады сутыкнуліся з дылемай – дазволіць навучанне па-руску ці пакінуць частку насельніцтва ўвогуле без адукацыі. Паколькі не хапала настаўнікаў, якія маглі б вучыць на польскай ці беларускай мовах, то для выкладання запрашаліся і былыя настаўнікі рускіх школ. Урэшце ўрад схіліўся да таго, што ў інтарэсах мясцовых жыхароў лепш мець школы хоць бы з рускай мовай навучання, чым не мець ніякіх.
Аўтар адзначае, што на ўсходніх землях існавала свабода выбару мовы навучання для кожнай нацыянальнай меншасці. Мясцовае насельніцтва выбірала рускія або польскія школы, не праяўляючы вялікай цікавасці да школ беларускіх, што, на думку А. Смалярчыка, было звязана з прагматычнымі жыццёвымі інтарэсамі бацькоў, бо польскія школы стваралі лепшыя кар’ерныя магчымасці а руская мова лічылася “мовай высокай культуры”. Узаемадачыненні ўладаў са школамі нацыянальных меншасцяў зводзіліся да магчымасці атрымання дзяржаўнай дапамогі тымі школамі, дзе прынамсі 2/3 вучняў належалі да пэўнай нацыянальнай меншасці, на чыёй мове вялося навучанне.
Распараджэнне Часовага камісара ўсходніх земляў ад 18 лістапада 1919 г. гарантавала нацыянальным меншасцям свабоду навучання на роднай мове, праўда, пазней гэта ставілася ў залежнасць ад згоды мясцовых гмінаў і грамад. Аўтар адзначае даволі хуткія тэмпы арганізацыйнага станаўлення школ у акрузе ў 1919–1920 г.
Прычым паведамляецца, што прыкладна з 600 наяўных школ у 1920 г. каля 455 было польскіх, 34 беларускія, 76 рускіх і 45 яўрэйскіх.
Па выніках агляду станаўлення школьніцтва ў першыя гады польскага кіравання даследчык прыходзіць да высновы, што ў гэты час беларускае школьніцтва не было ўцісканым і карысталася падтрымкай ЦУЗУ “нават коштам школьніцтва польскага”, але пазней сітуацыя пачала змяняцца і ўмовы для беларускіх школ пачалі пагаршацца.
Раздзел другі (67–74) завяршаецца паказам тэрытарыяльных трансфармацый акругі, звязаных з Рыжскім трактатам 18 сакавіка 1921 г., які падзяліў Палессе на дзве часткі – польскую і савецкую. На польскай частцы ўтварылася Палескае ваяводства, уключыўшы часткі тэрыторый Гродзенскай, Мінскай і Валынскай губерняў.
Трэці раздзел (75–110) прысвечаны аналізу палітыкі дзяржаўных уладаў адносна школьніцтва ў Палескім ваяводстве. Аўтар адзначае асаблівую зацікаўленасць уладаў у фармаванні структуры найперш польскай асветы на “крэсах”, засяродзіўшы асноўную ўвагу спачатку на элементарных (пачатковых) школах, якія найбольш масава ахоплівалі вучняў. Школьная палітыка ўсяляк узгаднялася з нацыянальнай палітыкай і мусіла спрыяць асіміляцыі нацыянальных меншасцяў і пашырэнню польскіх уплываў найперш сярод палешукоў, якія нацыянальна не вызначыліся.
Аўтар пазбягае спрошчанага погляду на адукацыйную палітыку і паказвае супярэчнасці ў стаўленні да гэтага пытання ўнутры польскіх палітычных колаў з боку прадстаўнікоў асіміляцыйнага і федэрацыйнага лагераў. Калі першыя выступалі за поўную ліквідацыю школ нацыянальных меншасцяў ці за моцнае абмежаванне іх, то федэралісты дапускалі свабоднае развіццё ўкраінскіх і беларускіх школ.
Даследчык адзначае, што палітыка прасоўвання і пашырэння польскіх школ за кошт памяншэння колькасці школ меншасцяў выклікала напружанне і пераўтварылася ў сапраўдную “бітву за школу”. ЦУЗУ выконваў функцыю недапушчэння і ўлагоджвання гэтых канфліктаў.
Сітуацыя беларусаў сярод усіх нацыянальных меншасцяў была найгоршай. Хоць яны і ўтваралі пераважную большасць насельнікаў краю, але складаліся з сялян і малаколькаснай інтэлігенцыі, мелі слабую нацыянальную свядомасць і найгоршы эканамічны стан.
На думку А. Смалярчыка, беларускае школьніцтва стала найбольшай праблемай для ЦУЗУ на паўночнаўсходніх тэрыторыях, дзе “нямецкая акупацыя абудзіла жаданне беларускай меншасці да адкрыцця нацыянальных школ”. Таму пасля заняцця гэтых тэрыторый польскія ўлады былі вымушаны пайсці на ліквідацыю беларускіх школ, утвараючы замест іх польскія. Беларускія дзеячы (аўтар мае на ўвазе В. Іваноўскага) вінавацілі ўлады, што тыя, баючыся ўзнікнення беларускіх школ, садзейнічалі існаванню школ рускіх. Даследчык піша, што хоць польскія ўлады сапраўды маглі бачыць у рускіх школах менш небяспекі, чым у беларускіх, яны ўсё ж захоўвалі рускія школы з прычыны часовых арганізацыйных цяжкасцяў –недахопу настаўнікаў і наяўнасці добра падрыхтаваных рускіх настаўнікаў.
З 1920 г. з-за пагрозы бальшавіцкай акупацыі ў польскай палітыцы перамагла інкарпарацыйная канцэпцыя, якая адкідала магчымасць федэральнага ўладкавання Рэчы Паспалітай. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да таго, што ў Варшаве схіліліся да забароны і ліквідацыі беларускіх і ўкраінскіх школ як неадпаведных польскім інтарэсам на “крэсах”. Апошнія прадугледжвалі пашырэнне польскасці на ўсходзе.
Аўтар адзначае непаслядоўнасць палітыкі ЦУЗУ, які, з аднаго боку, ліквідаваў беларускія школы (на Гродзеншчыне зачынілі 153), а з іншага – адкрываў курсы для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў. Так, даследчык згадвае арганізацыю адначасова пяцярых курсаў для 1500 беларускіх настаўнікаў у канцы 1919 г. (2 у Вільні і 3 у Слуцку), бальшыня выпускнікоў якіх не атрымалі працы з-за ліквідацыі саміх школ.
Сітуацыя паўтарылася ў 1922 г. Побач з паступовай ліквідацыяй беларускіх школ Браніславу Тарашкевічу было дазволена арганізаваць курсы для беларускіх настаўнікаў, у Кракаве таксама навучаліся 250 беларускіх настаўнікаў. Аднак выпускнікам гэтых курсаў не дазволілі працаваць на беларускіх землях, усіх іх накіравалі па правы бок Віслы.
У выніку такой палітыкі вясной 1923 г. у Палескім ваяводстве не засталося ніводнай беларускай школы. Далей на поўнач існавалі 36 беларускіх школ у Віленскім ваяводстве і адна ў Навагрудскім. Але даследчык зазначае: гэта не азначала яшчэ поспеху ў паланізацыі “крэсаў”, бо многія дзеці не разумелі польскай мовы і многія бацькі, асабліва праваслаўныя, байкатавалі польскую школу.
Пасля ліквідацыі нацыянальных школ мовы меншасці маглі дапускацца толькі як адзін з прадметаў ці ў якасці дапаможных. Стаўка была зроблена на павышэнне метадычнай і навуковай якасці польскіх школ, каб выйграваць канкурэнцыю з прыватнымі нацыянальнымі школамі. Адной з галоўных мэтаў школы станавілася нацыянальнае ўзгадаванне вучняў, якія мусілі стаць “апосталамі” польскай культуры на “крэсах”.
Праўда, у хуткім часе, каб зменшыць напружанне, улады былі вымушаны зноў перагледзець сваю палітыку, вынікам чаго стала ўстава С. Грабскага ад 31 ліпеня 1924 г.
Мэтай выхавання вучняў зрабілася падрыхтоўка добрых грамадзян Польшчы. Адказам на гэтую ўтраквістычную ўхвалу, якая распачала стварэнне двухмоўных польскабеларускіх і польска-ўкраінскіх школ, стала крытыка з боку беларускіх паслоў і збор заяў за адкрыццё беларускіх школ.
У Палескім ваяводстве, дзе былі ліквідаваны ўсе дзяржаўныя беларускія і ўкраінскія школы і адсутнічалі прыватныя школы гэтых меншасцяў, польскі ўрад карыстаўся канцэпцыяй стварэння “польскага кліна” на Палессі. Гэты рэгіён выявіўся найбольш спрыяльным для асіміляцыйнай дзейнасці з-за адсутнасці актыўнага нацыянальнага руху меншасцяў, і таму мэтай польскіх школ было пашырэнне польскасці сярод палескай моладзі. Нацыянальныя меншасці ўзамен за павышэнне супольнай адказнасці за лёс польскай дзяржавы мусілі атрымаць магчымасць свабоднага культурнага развіцця. У гэтым палягала розніца мэтаў у нацыянальным выхаванні эндэкаў і дзяржаўным выхаванні прыхільнікаў санацыі. Апошнія не адкідалі выхавання нацыянальнага, імкнучыся дамагчыся лаяльнасці да польскай дзяржавы з боку меншасцяў у супрацьвагу палітыцы папярэднікаў, якая супрацьпастаўляла меншасці дзяржаве і павялічвала варожасць. Асаблівая роля тут адводзілася асобе настаўніка. На пасады настаўнікаў, нягледзячы на дэкларацыю нацыянальнай роўнасці, звычайна браліся настаўнікі польскай нацыянальнасці з адпаведным прыхільным стаўленнем да дзяржавы, патрыятычныя, ураўнаважаныя і тактоўныя. У час панавання санацыйнага рэжыму ў цэнтр увагі ставілася выхаванне дзяржаўнага патрыятызму і грамадзяніна Польшчы. Вялікае значэнне надавалі асобе Ю. Пілсудскага, што прыводзіла да фармавання культу.
На думку аўтара, з 1933 г. адбыўся новы паварот у бок эндэцкай канцэпцыі нацыянальнага выхавання. 18 лістапада куратар акругі сфармуляваў заданне: “Палессе мусіць быць асімілявана для польскай культуры”. На гэты раз увага была звернута на выкладанне рэлігіі ў школах з мэтай пераводу яго на польскую мову. Даследчык змяшчае некаторыя статыстычныя звесткі, якія паказваюць пэўныя тэндэнцыі. Больш чым у палове школ – 638 з 1176 – рэлігія выкладалася на мясцовай мове, звычайна праваслаўнымі святарамі. У 250 школах выкарыстоўвалася польская мова і ў 118 школах – руская. Цікава, што рускамоўнае выкладанне рэлігіі канцэнтравалася ў Кобрынскім (68 рускамоўных школ і толькі 31 з мясцовай мовай) і Пружанскім паветах (43 рускамоўныя і 49 з мясцовай мовай выкладання рэлігіі). Яшчэ некалькі школ з рускай мовай выкладання было ў Косаве-Палескім і Косаўскім павеце (7 рускамоўных і 77 з мясцовай мовай). У той жа час у іншых гарадах і мястэчках руская мова ў выкладанні рэлігіі адсутнічала. Школы з мясцовай мовай выкладання былі сканцэнтраваны ў Брэсце і Брэсцкім павеце (178), Пінску і Пінскім павеце (147), Драгічыне і Драгічынскім павеце (87) і інш. Моўная статыстыка выкладання рэлігіі паказвае, што праваслаўнае духавенства і вернікі найбольш былі зрусіфікаваны на Кобрыншчыне. Праўда, з падобнай статыстыкай варта быць асцярожным, бо невядомы крытэрыі і спосаб вызначэння мовы выкладання, да таго ж падыходы саміх урадавых статыстаў маглі розніцца, ды і статыстыка наступнага года паказвае пэўную ўмоўнасць статыстыкі 1933 г.
Тым не менш статыстыка 1933 г. паказала, што польская мова шырока не ўжывалася. Ёю карысталіся толькі каталіцкія і евангельскія святары ў выкладанні. Таму была распачата акцыя па пераводу навучання праваслаўнай рэлігіі з рускай і мясцовай моў на польскую. Каб настаўнікі не праігнаравалі гэтага, на занятках рэлігіі мусіў прысутнічаць сам кіраўнік школы ці нехта з іншых наглядчыкаў. Ужо ў 1934 г. колькасць школ з выкладаннем праваслаўнай рэлігіі на мясцовай мове скарацілася амаль удвая (з 638 да 336), замест мясцовай мовы ўводзілася мова польская. Настаўнікаў, якія не згаджаліся з новымі патрабаваннямі, замянялі.
Паколькі Палессе межавала з савецкай тэрыторыяй, то вялікая ўвага ў школьным навучанні аддавалася ваеннай падрыхтоўцы. Даследчык згадвае, што вельмі часта настаўнікамі станавіліся былыя польскія афіцэры рэзерву. Ім аддавалі перавагу асабліва на памежных тэрыторыях.
Адначасова ўзмацненне небяспекі з боку суседніх дзяржаў прывяло да ўзмацнення аўтарытарных тэндэнцый і ў польскім урадзе, што ў школьнай палітыцы вяло да панавання нацыянальнай прапольска скіраванай канцэпцыі выхавання замест дзяржаўніцкай. На Палессі такі падыход умацаваўся ўжо на пачатку 1930-х. Ён прадугледжваў поўнае спыненне беларускіх ці ўкраінскіх уплываў, што вяло да палітычнай і культурнай маргіналізацыі нацыянальных меншасцяў у рэгіёне. У другой палове 1930-х у Палескім ваяводстве перад школьнымі ўладамі былі пастаўлены дзве задачы: “развіццё ў нацыянальна неўсвядомленым палешуку пачуцця прыналежнасці да польскага народа і адцягненне дзяцей і моладзі ад камуністычнай індактрынацыі”.
Дзяржаўніцкае выхаванне на Палессі трымалася вельмі коратка на пачатку 1930-х і потым змянілася на нацыянальнае з актыўнай асіміляцыйнай і паланізацыйнай палітыкай.
У раздзеле 4 (111–140) аўтар разглядае прававую, арганізацыйную і адміністрацыйную структуры школьнай сістэмы. Ужо на пачатку звяртаецца ўвага на розніцу ў школьніцтве на розных частках падзеленай Рэчы Паспалітай, якая заключалася ў тым, што пад прускай і расійскай уладай адукацыйная палітыка мела на мэце дэнацыяналізацыю палякаў, а ў аўстрыйскай частцы – на выхаванне дзяцей у духу лаяльнасці да аўстра-венгерскай манархіі. Цікава, што ў далейшым школьная палітыка польскага ўрада ў стаўленні да падначаленых тэрыторый Беларусі таксама вагалася ў межах гэтых парадыгмаў.
Асноўныя прававыя акты, якія вызначалі стварэнне і трансфармацыі школьнай сістэмы на працягу разгляданага перыяду, прааналізаваны ў першым падраздзеле 4-га раздзела (111–118). Другі падраздзел (118–140) засяроджаны на аналізе адміністрацыйнай структуры. Даследчык паказвае афармленне трохступеннай адміністрацыйнай структуры: міністэрства – кураторыум – інспектарат.
Звяртаецца ўвага на некаторых кіраўнікоў школьнай адміністрацыі акругі, падаюцца іх кароткія біяграфічныя звесткі. Характарызуюцца абавязкі розных службовых асобаў і вынікі некаторых візітацый школ палескага рэгіёна. Адсутнасць дарог і вялікія адлегласці ў Палескай акрузе значна ўскладнялі камунікацыю паміж школамі і адміністрацыяй. Далей апісваюцца тэрытарыяльныя змены Палескай навучальнай акругі (з 1932 г. Брэсцкай школьнай акругі), якая ўключала ў сябе не толькі школы Палескага ваяводства, але і часткова Навагрудскага ваяводства (Нясвіжскі, Баранавіцкі і Стаўпецкі паветы) да лютага 1927 г., а таксама Беластоцкага ваяводства (акрамя Аўгустоўскага, Гродзенскага і Сувалкскага паветаў) у 1932–1939 г. Згадваецца, што з 1923 г. кураторыум Палескай акругі выдаваў адмысловы “Дзённік” (звычайна каля 8 нумароў штогод). У ім друкаваліся асноўныя распараджэнні школьных уладаў і ён быў абавязковым да чытання для ўсіх настаўнікаў і школьнай адміністрацыі.
Пяты раздзел (141–250) цэнтральны ў працы, ён прысвечаны аналізу выканання задачы ўсеагульнасці адукацыі. Аўтар звяртае ўвагу на статыстыку, што гэтая задача была дасягнута ў Пазнанскай і Кракаўскай акругах, але Палеская навучальная акруга і ўвогуле ўсходнія землі мелі найменшыя паказчыкі. У прыватнасці, лічбы прыцягнення вучняў да навучання паступова раслі з 22% у 1921/1922 г. да 83% у 1928/1929 г. і потым зноў пайшлі ўніз да 71% у 1930/1931 г., адной з прычын чаго быў дэмаграфічны выбух. Аўтар вельмі добра прапісвае спецыфіку Палескай навучальнай акругі. Даследчык называе наступныя прычыны нізкага ўзроўню наведвання школ: закінутасць Палесся ў часы расійскага панавання і вялікія ваенныя страты. На малую наведвальнасць школ уплывалі таксама занятасць дзяцей у працы на гаспадарцы і ў полі; традыцыі царскай школы; кансерватызм жыхароў Палесся, звязаны з нізкім узроўнем агульнай культуры; умовы надвор’я з доўгімі паводкамі; клімат, што спрыяў хваробам; праваслаўныя традыцыі з вялікай колькасцю святаў. З-за акрэсленых прычын бацькі не бачылі вялікай патрэбы і матывацыі ў навучанні дзяцей, адпускалі іх ахвотней узімку, калі змяншаліся памеры гаспадарчай працы, часцей адпускалі ў школу хлопцаў і г. д. Такое стаўленне бацькоў да адукацыі дзяцей вымушала ўлады прыбягаць да грашовых пакаранняў (да 40 зл.) і нават арыштаў бацькоў (да 2 дзён), калі яны не пускалі дзяцей у школу.
Кепскае наведванне школ вяло да вялікага адсотка вучняў, якія заставаліся на другі год. Забяспечанасць палескіх школ настаўнікамі таксама была недастатковай.
Даследчык піша, што на аднаго настаўніка прыпадала да 71 вучня на Палессі і да 66 – на Беласточчыне. Лекары таксама рэдка траплялі ў школы, звычайна толькі раз на год.
У тэксце шмат статыстычных табліц, як створаных аўтарам на падставе дакументаў, збольшага з Брэсцкага дзяржаўнага архіва, так і ўзятых з іншых даследаванняў.
Яны дапамагаюць адчуць спецыфіку Палесся праз параўнанне лічбаў па розных навучальных акругах, а таксама прасачыць дынаміку зменаў па гадах у самой акрузе. Напрыклад, звяртаецца ўвага на дэмаграфічнае павелічэнне колькасці дзяцей школьнага ўзросту з 1928 да 1936 г., у той час як колькасць школ і настаўнікаў раслі вельмі павольна, што сведчыць пра непадрыхтаванасць школьных уладаў да такіх зменаў. Статыстыка паказвае таксама, што горш за Палессе сітуацыя з школьніцтвам была толькі на Валыні. На 1938/1939 г. толькі ў гэтых двух ваяводствах выкананне школьнага абавязку складала ніжэй за 80%, а менавіта – 79,9% у Палескім і 71,6% у Валынскім. Крыху лепшая сітуацыя была ў Навагрудскім і Віленскім ваяводствах – ад 80 да 85%. У самім Палескім ваяводстве сітуацыя была найлепшая ў Пружанскім павеце.
Другі падраздзел (170–199) пятага раздзела апавядае пра сітуацыю з усеагульнай адукацыяй сярод нацыянальных меншасцяў. Разглядаюцца пачаткі беларускамоўнага школьніцтва ў час нямецкай акупацыі. Аўтар пачынае з перадгісторыі, што пры царскай Расіі навучання па-беларуску не існавала і сама гэтая мова не лічылася за асобную. Пералом адбыўся ў час Першай сусветнай вайны пад нямецкай акупацыяй, калі на загад Паўля Гіндэнбурга ўводзілася навучанне на родных мовах і забаранялася выкладанне па-руску. Ужо перад тым Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны арганізаваў у Вільні курсы для настаўнікаў на беларускай мове, а ў канцы 1915 г. адкрыў першую агульнаадукацыйную школу ў Вільні. Свіслацкая настаўніцкая семінарыя з 15 кастрычніка 1916 да 15 лістапада 1918 г. падрыхтавала 144 настаўнікі для беларускіх школ. Хутка была створана сетка з больш чым 350 школ – 135 на Гродзеншчыне, 54 на Навагрудчыне і каля 150 на Віленшчыне.
Таксама аўтар разглядае сітуацыю з украінскім школьніцтвам, якое выглядала лепш арганізаваным за беларускае. Адзначаецца, што цэнтрам падрыхтоўкі настаўнікаў для рэгіёна стаў Брэст. Сярод меншасцяў найлепш і найбольш шырока адукацыя была арганізавана сярод яўрэяў.
Палітыку ЦУЗУ ў стаўленні да меншасцяў аўтар каментуе паводле фрагмента інспектара акругі Казіміра Вольбека, цытуючы: “У школе з польскай мовай выкладання па жаданні жыхароў можа быць уведзена мясцовая мова як прадмет, а таксама выкладанне рэлігіі на гэтай мове. У школе з выкладаннем на мясцовай мове выкладанне польскай мовы (як прадмета. – Ю. Б.) будзе абавязковым”. Нягледзячы на такое досыць ліберальнае стаўленне да меншасцяў новых грамадзянскіх уладаў, даследчык згадвае, што польскія вайсковыя ўлады ў 1919 г. рашуча і жорстка зліквідавалі большасць агульных беларускіх школ, у тым ліку і семінарыю ў Свіслачы.
Будынкі канфіскавалі і перадалі польскім школам, настаўнікаў інтэрнавалі і звольнілі з пасадаў. Аналізуючы статыстыку, гісторык адзначае, што ў снежні 1919 г. беларускіх школ не было, а ў сакавіку 1920 г. іх налічвалася 34 (з 1077 навучэнцамі і 72 настаўнікамі). Адзначаецца непаслядоўнасць і супярэчнасць школьнай палітыкі на гэтым этапе, што было выклікана няўзгодненасцю дзеянняў паміж цэнтральным і мясцовымі ўрадамі. Рэальная палітыка на месцах моцна залежала ад палітычных поглядаў мясцовых кіраўнікоў.
Аўтар аналізуе асноўныя дакументы – уставу 17 лютага 1922 г. і ўтраквістычную ўставу 31 ліпеня 1924 г., якія заклалі аснову для паяднання інтарэсаў польскай дзяржавы і нацыянальных меншасцяў праз стварэнне двухмоўных школ. Школы з мовай выкладання нацыянальнай меншасці маглі адкрывацца толькі ў мясцовасцях, дзе 25% жыхароў адносілася да гэтай меншасці. Бацькі ці апекуны мусілі пісаць спецыяльныя заявы школьнаму інспектару аб мове навучання дзяцей. Для выкладання на мове меншасці мусілі быць назбіраны не менш за 40 заяў у пэўным рэгіёне, інакш школа была б польскамоўнай.
Даследчык бачыць у такім падыходзе “глыбока несправядлівы і недэмакратычны характар” утраквістычнай уставы. Да таго ж, устава яшчэ заклікала пільна правяраць кожную заяву і ў выпадку, калі назбіраецца 40 патрэбных асобнікаў, дамагацца стварэння асобнага школьнага абходу для ўтраквістычнай школы, каб пры гэтым засталася і польская школа асобна. Для беларускага і ўкраінскага насельніцтва асобна тлумачыліся ўсе перавагі атрымання адукацыі ў польскай школе – лёгкасць паступлення ў школу вышэйшага ўзроўню і інш. Большасць заяў звычайна не прызнаваліся з розных прычын: то “падпісвалі не самі”, то “са зместам не былі азнаёмлены” і г. д.
У 1924/1925 навучальным годзе быў арганізаваны першы школьны плебісцыт, з мэтай абароны беларускай і ўкраінскай моў у школе. Вялася актыўная палітычная агітацыя. Беларускія дзеячы імкнуліся абаперціся на праваслаўнае духавенства, але не знайшлі падтрымкі, бо яно або было рускаскіраваным, або проста баялася за свае пасады. Плебісцыт паказаў, што ў Косаўскім, Пружанскім і Баранавіцкім інспектаратах больш як 60% выказалася за навучанне па-беларуску. Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, якія ствараліся мясцовымі ўладамі – у прыватнасці, некаторыя ўраднікі патрабавалі плату за пацверджанне подпісаў на заявах, аб чым пазней складалі інтэрпеляцыі беларускія паслы ў сойме. Часам паліцыя канфіскавала заявы ці арыштоўвала зборшчыкаў.
Згодна з утраквістычнай уставай, большасць беларускіх і ўкраінскіх школ былі зроблены двухмоўнымі ў 1925/1926 г. Напярэдадні гэтага ў Палескай навучальнай акрузе заставаліся дзве беларускія школы ў Снове і Клецку, а ў Палескім ваяводстве – ніводнай. Праўда, у акрузе былі яшчэ 6 двухмоўных польска-беларускіх школ. У 1928/1929 г. у Палескім ваяводстве была адна беларуская школа ў Пружанах (ніжэйшага ўзроўню, аднакласавая) і 9 двухмоўных польска-беларускіх школ. Яшчэ ў 18 польскіх школах ваяводства беларуская мова выкладалася як асобны прадмет.
Пад час пятага плебісцыту 1928 г. беларусы склалі 4939 заяў, з якіх улады прызналі толькі 1800. Школьныя плебісцыты адбываліся кожны год да 1930 г., калі з’явілася распараджэнне прэзідэнта, што мова можа змяняцца толькі праз 7 гадоў. Наступны плебісцыт адбыўся ўжо ў 1936 г.
Аўтар звяртае ўвагу і на прыватныя школы. Прыватная адукацыя была пашырана сярод яўрэяў, а таксама да 1927 г. існавалі адна прыватная ўкраінская школа і адна руская. Прыватныя школы ў 1923–1924 г. складалі ўсяго 4% ад усіх школ, але ў іх навучалася каля 10% вучняў і працавалі каля 12% настаўнікаў.
Далей даследчык грунтоўна разглядае справу забеспячэння звычайных агульных дзяржаўных школ настаўнікамі. Ён адзначае, што калі ў 1922 г. з 979 настаўнікаў 48 выкладалі па-беларуску ці па-ўкраінску, то ў 1924 г. засталіся толькі 17 настаўнікаў-украінцаў у Сарненскім павеце. Спачатку многія настаўнікі маглі не мець адпаведнай кваліфікацыі, але паступова патрабаванні дзяржавы ўзмацняліся – 15 студзеня 1925 г.
выйшла пастанова, якая вызначала дэдлайн (31 жніўня 1927 г.) для падачы дакументаў аб адпаведнай адукацыі. Той, хто не меў такіх дакументаў, мусіў пакінуць працу ў школе. Праўда, на практыцы атрымалася крыху інакш, бо недахоп настаўнікаў вымушаў і пазней даваць часовыя дазволы на выкладанне некваліфікаваным работнікам. Дэдлайн быў падоўжаны яшчэ на два гады. І толькі ў 1929/1930 навучальным годзе была дасягнута 100-працэнтная кваліфікаванасць настаўнікаў.
Аўтар прааналізаваў і іншыя сацыяльныя паказчыкі сярод настаўнікаў: пол, міграцыя, узрост, падзел на свецкіх і рэлігійных асобаў, працоўная нагрузка, забяспечанасць школ, колькасць вучняў на аднаго настаўніка і інш. Заўважна, што на Палессі загружанасць вучнямі настаўніка была большай, чым у сярэднім па краіне.
Часам месцамі яна даходзіла да 84 вучняў (і болей) на настаўніка.
Асобна А. Смалярчык разглядае справу забеспячэння школ будынкамі, а настаўнікаў – месцамі пражывання (251–293). У фокус увагі патрапіла таксама арганізацыя ў 1933 г. і дзейнасць Таварыства спрыяння пабудове публічных агульнаадукацыйных школ. У ім актыўны ўдзел прымалі настаўнікі школ. Даследчык высока ацэньвае дзейнасць таварыства, бо ў 1933–1939 г. яно спрычынілася да пабудовы ў межах Палескага ваяводства каля 300 новых школ з 980 будынкамі, што пацвярджаецца адпаведнай статыстыкай.
Хіба найбольшую цікавасць для нас уяўляюць раздзелы, прысвечаныя разгляду стаўлення польскіх інтэлектуалаў, палітыкаў і адміністрацыі да нацыянальных меншасцяў. Найперш гэта 7-ы раздзел “Нацыянальная палітыка польскіх уладаў адносна нацыянальных меншасцяў у Палескім ваяводстве” (295–320). Аўтар сцісла перадае дзве асноўныя канцэпцыі – інкарпарацыйную і федэрацыйную, тлумачачы іх сутнасць і адрозненні. У прыватнасці, прыхільнікі першай канцэпцыі выказваліся за стварэнне з Польшчы дзяржавы аднаго народа, да якога варта было далучыць толькі тэрыторыі этнічна польскія і тыя, якія можна было культурна асіміляваць. Прыхільнікі другой канцэпцыі лічылі, што ў межы дзяржавы варта запрашаць усе тэрыторыі, якія ўваходзілі ў дзяржаву да падзелаў, з адначасовай павагай да права самавызначэння беларускай, літоўскай і ўкраінскай меншасцяў. Федэратыўныя сувязі з краінамі на ўсходзе павінны былі спрыяць стварэнню буфера паміж Польшчай і Расіяй.
Большую папулярнасць, на думку даследчыка, мела асіміляцыйная канцэпцыя, асабліва адносна беларусаў, бо многія палякі не разглядалі іх усур’ёз з-за іх слабой нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. І хоць федэрацыйная канцэпцыя падтрымлівалася самім Ю. Пілсудскім і мела пэўнае пашырэнне ў час існавання ЦУЗУ, усё ж паступова перавага перайшла да прыхільнікаў інкарпарацыі.
Асабліва да гэтага падштурхнулі ваенныя поспехі бальшавікоў у 1920 г., якія выявілі пэўную нелаяльнасць да палякаў з боку беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў. У выніку дзяржаўныя ўлады прыйшлі да высновы, што адзіным спосабам развязання палітычнай сітуацыі на ўсходзе будзе паланізацыя нацыянальных меншасцяў і хуткае пашырэнне польскасці. Пад асіміляцыю найперш мусілі падпасці славянскія меншасці – беларусы і ўкраінцы як найбольш блізкія моўна і культурна, што мелі найменш сфармаваную нацыянальную самасвядомасць.
Аўтар звяртае ўвагу на існаванне некалькіх спецыяльных прац, у якіх распрацоўваліся погляды на магчымую палітыку ў дачыненні да меншасцяў. Адной з першых спробаў выпрацоўкі кірункаў нацыянальнай палітыкі адносна меншасцяў была публікацыя Канстанціна Сракоўскага “Нацыянальная справа на Крэсах Усходніх” 1924 г., створаная па замове прэм’ера Уладыслава Сікорскага.
Даследчык адзначае, што не мае звестак, як гэтая праца была скарыстана практычна, бо Сікорскі быў вымушаны сысці з прэм’ерства ў хуткім часе. У той жа час аўтар піша, што Сракоўскі адзначыў існаванне двух падыходаў да вырашэння пытання меншасцяў – ліберальнага і ўніфікацыйнага (што, на думку Смалярчыка, параўнальна з федэрацыйнай і інкарпарацыйнай канцэпцыямі). Гэтыя дзве канцэпцыі ўплывалі на ўжываныя метады. Ліберальная прызнавала права кожнай нацыі, якая сама сябе прызнае, да ўсебаковага развіцця, а ўніфікацыйная сцвярджала, што дзяржава павінна імкнуцца да нацыянальнай аднастайнасці і мусіць ужываць адміністрацыйныя сродкі, каб спыніць нацыянальнае развіццё іншых народаў на сваёй тэрыторыі і спрыяць іх зліццю з паноўнай нацыяй.
На практыцы, як мяркуе А. Смалярчык, ніводная з прыгаданых канцэпцый не магла быць ужыта ў чыстым выглядзе, бо першая рана ці позна ўваходзіла ў супярэчнасць з інтарэсамі дзяржавы, ведучы да тэрытарыяльных страт, а другая вяла да страты асіміляванымі народамі сваіх культурных здабыткаў, сацыяльных асяродкаў, тэрыторый і гаспадаркі. Паколькі ў чыстым выглядзе ўлады не маглі выкарыстоўваць гэтыя падыходы, то яны павінны былі пэўным чынам спалучацца ці змешвацца. Сракоўскі даволі крытычна ацэньваў нацыянальную палітыку на ўсходзе, бо яна ігнаравала эканамічныя і культурныя інтарэсы нацыянальных меншасцяў. Ён параўноўваў палітыку Польшчы з палітыкай Прусіі, Расіі і Венгрыі з усімі яе вынікамі.
Аўтар адзначае, што мясцовыя палескія ўлады патрабавалі ад Варшавы адметнага стаўлення да Палесся як да рэгіёна, які адрозніваецца ад іншых. У аснову такога падыходу ў нацыянальнай палітыцы дзяржаўных уладаў быў пакладзены праект палескага ваяводы Станіслава Даўнаровіча “Нарыс праграмы заданняўідзяржаўнай дзейнасці на Палессі” ад 1 сакавіка 1923 г. Згодна з ім крэсы ўсходнія не ўяўлялі цэласнасці, а складаліся з шэрагу адметных этнаграфічна, палітычна і культурна рэгіёнаў – Валыні, Палесся і Віленшчыны, да якіх мусілі ўжывацца розныя палітычныя захады. Вырашэнне праблемы крэсаў усходніх Даўнаровіч бачыў у падзеле іх на згаданыя часткі з усталяваннем новых межаў паміж імі. Паколькі на гэтых тэрыторыях, на думку Даўнаровіча, існавалі два інтэнсіўна нарастальныя нацыянальныя рухі – украінскі і беларускі, то “Палессе важна выкарыстаць для таго, каб убіць польскі клін паміж чыннікамі беларускім на поўначы і ўкраінскім на поўдні”, не даючы ім “падаць руку над Прыпяццю” адзін аднаму. Смалярчык адзначае, што прадбачанні Даўнаровіча пра магчымую супрацу беларусаў і ўкраінцаў не былі беспадстаўнымі.
На думку ваяводы, праваслаўнае насельніцтва Палескага ваяводства, якое складала каля 70%, не мела нацыянальнай тоеснасці. Таму для іх лаяльнасці важным было паляпшэнне гаспадарчага жыцця і дабрабыту праз пабудову дарог і меліярацыю і іншыя захады, якія маглі палепшыць жыццё мясцовых людзей. Выкананне гэтай задачы мусіла дазволіць “не толькі здабыць багацці з бясплодных сёння палескіх балот, не толькі дазволіць забяспечыць зямлёй мясцовых жыхароў, але і даць мажлівасць шырока каланізаваць Палессе польскім насельніцтвам і ў выніку стварыць з Палесся новую крыніцу, падставу для польскага панавання на ўсходзе…” – цытуе Смалярчык найбольш значныя думкі былога палескага ваяводы.
Даследчык лічыць планы Даўнаровіча (кампенсаваць горыч страты палешукамі пэўных нацыянальных чаканняў праз фінансавае і гаспадарчае развіццё рэгіёна) “найбольш рацыянальнай спробай развязання нацыянальнага пытання на Палессі”. Праўда, Смалярчык адзначае, што гэтыя намеры так і не былі практычна рэалізаваны, а Палессе заставалася ўвесь міжваенны час адным з найбольш занядбаных і недаінвеставаных краёў. Працэс жа асіміляцыі палешукоў адбываўся толькі метадамі рэпрэсіўнымі, што не магло даць станоўчага выніку.
Разглядаючы прапановы Даўнаровіча, даследчык звяртае ўвагу, што той акрэсліваў тыпова палескай тэрыторыяй рэдказаселены абшар з асаблівым гаспадарчым укладам і з насельніцтвам, якое не вызначылася нацыянальна. Тэрыторыі на поўначы з больш свядомым нацыянальна беларускім насельніцтвам ваявода прапаноўваў уключыць у Віленскае ваяводства, а тэрыторыі на поўначы з моцнай украінскай тоеснасцю – у Валынскае.
У той жа час тэрыторыі Віленшчыны і Валыні з маласвядомым насельніцтвам, што межавалі з Палессем, варта было далучыць да Палесся. Стварыўшы такім чынам вялікі рэгіён з насельніцтвам, якое не мела моцнага нацыянальнага ўсведамлення, неабходна было прыкласці намаганні ў адукацыйнай і культурнай працы, каб сфармаваць з тутэйшых людзей палякаў. Дзеля гэтага трэба было ўсяляк абмежаваць пашырэнне беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных рухаў на Палессі, ізаляваць гэты рэгіён і выбудаваць у ім адпаведную польскую працу. Асаблівую ўвагу варта было звярнуць на гаспадарчае жыццё, царкву і духавенства, каб аўтарытэт апошніх дзейнічаў на карысць польскай дзяржавы. Такім чынам, згодна з прапановамі Даўнаровіча, палешукі праз пэўны час мусілі стаць палякамі – у працэсе асіміляцыі, паляпшэння эканамічных і гаспадарчых умоваў, паслядоўнай палітыкі польскіх уладаў і адсутнасці культурна-палітычнай дзейнасці беларусаў і ўкраінцаў на тэрыторыі Палесся.
Адсутнасць станоўчых вынікаў нацыянальнай палітыкі адносна нацыянальных меншасцяў у першай палове 1920-х г. даследчык тлумачыць ліберальным і непаслядоўным стаўленнем польскіх уладаў да беларусаў і ўкраінцаў, частай зменай улады і сістэмы праўлення. Аднак улады бачылі прычыны няўдач не ў памылках асіміляцыйнай канцэпцыі, а ў залішнім лібералізме і непаслядоўнасці. Таму выйсце з сітуацыі бачылася не ў пошуку паразумення ў культурна-асветнай сферы, а ва ўзмацненні рэпрэсіўнай сістэмы. Назіралася няўзгодненасць дзеянняў уладаў, бо мясцовыя ўлады звычайна больш хіліліся да ўжывання асіміляцыйнай канцэпцыі. Найбольш пільная ўвага ўладаў на Палессі звярталася на беларускую нацыянальную меншасць, якая была найбольш колькаснай і мела моцныя камуністычныя сімпатыі. Аднак пэўная палітыка выпрацоўвалася і ў дачыненні да іншых меншасцяў – украінскай, яўрэйскай, рускай. Асаблівасці гэтых падыходаў таксама разглядаюцца ў працы. Адносна яўрэяў улады не столькі імкнуліся іх асіміляваць, колькі не дапусціць пашырэння сімпатый да камунізму ў іх асяродку.
Аўтар адзначае, што многія лідары меншасцяў спадзяваліся на магчымыя перамены пасля перавароту 1926 г., але санацыйныя ўлады не змянілі асноўных падыходаў да нацыянальнай палітыкі. Адбылася толькі падмена эндэцкага імкнення да асіміляцыі нацыянальнай на асіміляцыю дзяржаўную, якая мусіла весці да асіміляцыі культурнай, а потым і нацыянальнай. Праграма інтэграцыі розных народаў былога ВКЛ на чале з вялікадзяржаўнай Польшчай прадугледжвала паступовае падвышэнне лаяльнасці да дзяржавы розных народаў, якія апынуліся ў межах Рэчы Паспалітай.
У наступным раздзеле (321–376) разглядаецца палітычнае жыццё нацыянальных асяродкаў і іх узаемасувязь з асветай і школьніцтвам. Да такіх меншасцяў трапілі беларусы, украінцы, рускія і яўрэі. Найбольш нас цікавіць меркаванне аўтара пра беларускі асяродак, які, у сваю чаргу, найбольш турбаваў польскія ўлады з-за камуністычнай пагрозы. У манаграфіі глыбока разглядаецца дзейнасць БСРГ на Палессі і палітыка ўладаў адносна яе. Хуткая і плённая ліквідацыя БСРГ узмацніла, на думку аўтара, перакананне польскіх урадоўцаў аб слабасці беларускага руху. Праблема беларускай меншасці была зведзена да барацьбы дзяржаўных уладаў з камунізмам.
Паколькі ў савецкай частцы ў 1930-я беларускі рух пачаў вынішчацца, то беларускі рух на Палессі, які быў малаколькасным і не меў знешняй падтрымкі, таксама перастаў разглядацца ўладамі ў якасці суразмоўцы, да якога трэба ставіцца ўсур’ёз.
Палітыка ўладаў шмат у чым залежала ад асобы ваяводы. З верасня 1932 да верасня 1939 г. палескім ваяводам быў Вацлаў Костэк-Бярнацкі, які, на думку Смалярчыка, палічыў прагнозы свайго папярэдніка С. Даўнаровіча слушнымі і спрабаваў ажыццявіць яго прапановы.
Паколькі беларускую мову назвалі сваёй толькі 6,6%, а ўкраінскую – 4,8% жыхароў, то была зроблена спроба трактаваць Палессе як адметны рэгіён, а сама назва “паляшук” стала моцна прапагандавацца. Ваявода настойваў на неабходнасці асаблівай палітыкі адносна Палесся. У прыватнасці, на Палессі жыло шмат праваслаўных (77,6%) з моцнымі прарускімі настроямі і культам цара, а таксама з рускай мовай, таму ў мэтах польскай дзяржавы было надаць праваслаўнай царкве польскі характар праз пэўныя захады. Сярод апошніх найбольш важным бачылася ўвядзенне польскай мовы ў праваслаўнае набажэнства і навучанне рэлігіі ў школе. Такія змены не выклікалі вялікага супраціву, і таму наступным крокам уладаў стала патрабаванне вядзення метрычных кніг толькі па-польску.
Смалярчык адзначае, што Костэк-Бярнацкі быў праціўнікам пашырэння ўплыву ўніятаў, бо бачыў у грэкакаталіцкай царкве чыннік, які “русіфікаваў палешукоў і ўзмацняў украінскі сепаратызм”. На гэтай глебе ў палескага ваяводы ўзніклі пэўныя непаразуменні з каталіцкім біскупам на Палессі Зыгмунтам Лазінскім, які быў супраць выкарыстання рэлігіі з мэтай паланізацыі нацыянальных меншасцяў. Аднак наступны біскуп Казімір Букраба (1933–1939) падтрымаў палітыку ваяводы.
Яшчэ адной адметнасцю Палесся ў святле праводжанай палітыкі стала недакладнасць пашыранага ў іншых рэгіёнах штампа “паляк – каталік”, бо ён перашкаджаў інтэграцыі ў польскую дзяржаву пераважна праваслаўнага рэгіёна. У сувязі з гэтым не працавалі і стэрэатыпы “паляк – пан”, “паляшук (беларусін) – селянін”. Ваявода значную ролю надаваў мясцовай засцянковай шляхце, ва ўладаннях якой мусілі дзейнічаць школы, каб “уваскрэсіць даўнейшыя традыцыі і абудзіць пачуццё прыналежнасці да польскага народа”. З мэтай працы з мясцовай шляхтай утвараліся спецыяльныя асветніцкія арганізацыі. Пасля несуцяшальных для палякаў вынікаў перапісу 1931 г., які засведчыў паразу ў справе змагання з пашырэннем на Палессі беларускай і ўкраінскай свядомасці, узмацніліся галасы за неабходнасць каланізацыі Палесся і шырокага асадніцтва. Зямлю для гэтага планавалася атрымаць шляхам асушэння балот. Такія планы, у сваю чаргу, не падабаліся польскім вайскоўцам, бо балоты былі добрай абаронай ад ворага з усходу.
Важная асіміляцыйная роля адводзілася таксама войску. На Палессі быў створаны Корпус аховы памежжа, які займаўся барацьбой з пашырэннем камуністычных поглядаў і праводзіў шырокую культурна-асветніцкую дзейнасць сярод няпольскага насельніцтва. Аднак Смалярчык адзначае, што ў 1930-я г. паланізацыйная дзейнасць войска прынесла шмат негатыўных вынікаў, абвастрыла міжнацыянальныя канфлікты.
Пасля смерці Пілсудскага асіміляцыя меншасцяў узмацнілася і праводзілася ўсё тымі ж метадамі. Дэкларавалася патрэба ўцягнуць меншасці ў палітычныя і грамадскія працэсы польскай дзяржавы. Аднак даследчык піша, што такія дэкларацыі на практыцы разыходзіліся з рэаліямі, бо прадстаўнікі беларускай меншасці не дапускаліся да пасадаў у самаўрадах і дзяржаўнай адміністрацыі. Як доказ таму прыводзіцца пастанова ваяводы 1937 г., паводле якой на пасады леснікоў маглі прымацца толькі палякі, а беларусы мусілі выцясняцца. Гэта ж тычылася і настаўнікаў: “Не можа быць ігаворкі прынамсіўбліжэйшыя 10 гадоў, каб настаўнікам на Палессі мог быць рускі, украінец ці беларус”. Такое стаўленне да нацыянальнага пачуцця беларусаў вяло да адчування непрыязнасці да польскай дзяржавы.
Даследчык сцвярджае, што на працягу дваццаці міжваенных гадоў так і не была выпрацавана паслядоўная палітыка адносна Палесся. Кожны новы ваявода кіраваў на ўласны манер, што не спрыяла добраму стаўленню да дзяржаўнай улады з боку мясцовых жыхароў.
Восьмы раздзел (с. 321–376) апавядае пра палітычнае жыццё нацыянальных асяродкаў і іх сувязі з асветай і школьніцтвам. Матэрыял гэтага раздзела часткова ўжо трапіў на старонкі “Беларускага Гістарычнага Агляду”, дзе з ім можна азнаёміцца па-беларуску , таму адзначым толькі некаторыя найбольш важныя думкі.
Адзначаецца важная роля палітычных нацыянальных арганізацый, якія падтрымлівалі свядомасць і былі ініцыятарамі розных акцый па пашырэнні школ нацыянальных меншасцяў ці займаліся пазашкольнай асветай насельніцтва. На думку Смалярчыка, узаемазалежнасць нацыянальных рухаў і школьніцтва была адназначнай, бо нацыянальны рух атрымліваў з дапамогай школьніцтва свядомых і адукаваных прадстаўнікоў сваёй нацыянальнасці.
Аўтар лічыць, што да выбараў у сейм 1922 г. палітычная актыўнасць беларусаў на Палессі была нязначнай і праяўлялася толькі ў наяўнасці адзінкавых прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Напачатку інтарэсы меншасцяў імкнуліся абараняць Польская сацыялістычная партыя і Польская народная партыя “Вызваленне”, якія дамінавалі над беларускімі і ўкраінскімі партыямі. Апошнія ўтварылі Блок нацыянальных меншасцяў. У выніку выбараў ад блока прайшоў толькі адзін дэпутат – кіраўнік Беларускага сялянскага саюза беларус Фабіян Ярэміч. У той жа час Смалярчык піша, што Польская народная партыя “Вызваленне” дзейнічала больш як надзвычай радыкальная партыя беларуская, чым польская. Таму многія выбарцы ўспрымалі яе прадстаўнікоў як сваіх. Тэрыторыя Палесся характарызуецца дамінаваннем левых палітычных поглядаў, што звязана з беднасцю мясцовага насельніцтва і ваеннымі разбурэннямі, а таксама нізкай свядомасцю і палітычнай культурай палешукоў. Беларускія партыі, не знайшоўшы моцнага грунту, не мелі сваіх партыйных структур на Палессі ў 1922–1926 г. Гэты перыяд паспрыяў пашырэнню камуністычных ідэй, якія лёгка ўспрымаліся вясковым насельніцтвам, зрадыкалізаваным левымі партыямі. Незадаволенасць уладамі выкарыстала ў сваіх мэтах заснаваная ў снежні 1923 г. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). У 1923–1924 г. узніклі два акружныя камітэты ў Брэсце і Пінску і цэлая сетка супольнасцяў. Адначасова ўтварыліся баявыя дыверсійныя арганізацыі, кіраваныя ГПУ з Мінска. Іх мэтай было пашырэнне рэвалюцыйных настрояў і негатыўнага стаўлення да польскіх уладаў, падрыхтоўка мясцовага люду да беларускага паўстання, каб потым з дапамогай Чырвонай арміі далучыць да Савецкай Беларусі. Пашырэнню камуністычных ідэй значна спрыяла вяртанне з эміграцыі 250 тыс. рэпатрыянтаў.
У чэрвені 1925 г. пасля расколу Беларускага пасольскага клуба ўтварылася Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая стала надзвычай уплывовай палітычнай структурай. У 1926 г. яна пашырыла сваю дзейнасць і на Палессе, заклаўшы ў Пінску аддзяленне Віленскага беларускага кааператыўнага банка. Сярод палітычных абяцанняў партыі было і задавальненне патрэбаў беларускага насельніцтва ў народных школах.
У культурна-асветніцкай дзейнасці БСРГ актыўна супрацоўнічала з Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Супольна яны накіравалі ў польскае школьнае Міністэрства мемарыял, у якім дамагаліся стварэння сеткі публічных беларускіх усеагульных і сярэдніх школ, патрабавалі ліквідацыі двухмоўных школ і стварэння ў Віленскім універсітэце кафедры беларусазнаўства.
Адначасова частка беларусаў, якія не ўспрымалі радыкальныя погляды БСРГ і падначаленага ёй ТБШ, утварылі Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК) з мэтай пашырэння беларускай асветы. 15 ліпеня 1926 г. БІГіК звярнуўся ў польскае школьнае Міністэрства з патрабаваннем адкрыцця больш як 400 беларускіх школ (за што былі сабраны адпаведныя подпісы), ліквідацыі двухмоўных школ, арганізацыі трохмесячных курсаў для 400 беларускіх настаўнікаў, адкрыцця Беларускага педагагічнага інстытута, дзвюх настаўніцкіх семінарый і кафедры беларусазнаўства пры Віленскім універсітэце. Агучвалася таксама патрабаванне ўвесці беларускую мову ў праграму Пінскай і Віленскай духоўных семінарый.
Пасля ліквідацыі БСРГ у 1927 г. значная частка яе сяброў папоўніла структуры ТБШ, што, з аднаго боку, выклікала актывізацыю культурна-асветніцкай дзейнасці таварыства, а з другой – падштурхоўвала да палітызацыі. Апошняга патрабавалі клуб “Змаганне” і КПЗБ.
Моцная палітызацыя ТБШ паставіла яго пад пагрозу ліквідацыі і прывяла да ўнутранага расколу. Далейшая моцная залежнасць таварыства ад КПЗБ вяла да паступовай забароны яго дзейнасці і згортвання структур. Сама КПЗБ была ўніверсальнай камуністычнай партыяй і беларускасць мела толькі ў назве, а не ў сутнасці сваёй праграмы і дзейнасці. У выніку даследчык прыходзіць да высновы, што “ў Палескім ваяводстве беларускі народ не меў ніякай іншай нацыянальнай альтэрнатывы, акрамя камуністычнага руху” [2].
У дзявятым раздзеле (377–420) разглядаюцца культурна-асветніцкія арганізацыі розных меншасцяў – беларускай, украінскай, рускай і яўрэйскай. Сярод беларускіх пад увагу даследчыка трапляе Таварыства беларускай школы (ТБШ). Сярод украінскіх арганізацый даследчык найбольшую увагу звяртае на дзейнасць “Просвіты”, а сярод рускіх – Рускага таварыства дабрачыннасці, а таксама Саюза вольнага казацтва. Шмат увагі аддаецца яўрэйскім арганізацыям на Палессі, якія былі шматколькасныя і актыўныя. У сваіх грамадскіх, палітычных і культурных мэтах яны мала чым адрозніваліся ад агульнапольскіх арганізацый, акрамя пэўнай небяспекі іх русіфікацыі і камунізацыі. Аўтар вылучае некалькі плыняў, у межах якіх аб’ядноўвае вялікую палітру палітычных партый: артадаксальную (найперш гэта “Саюз Ізраіля”, які меў аддзелы ў Брэсце, Дамачаве, Кобрыне, Жабінцы, Пінску і Любяшове), сіяністычную (падзялялася на некалькі адметных ідэалагічных кірункаў), сацыялістычную (крытычна ставіліся да ідэй сіяністаў – Бунд і шэраг яўрэйскіх груп у Польскай партыі сацыялістаў і Польскай партыі камуністаў, а таксама Яўрэйская сацыял-дэмакратычная працоўная партыя “Паалей Цыён”, якая мела камітэт у Пінску, адзіны на тэрыторыі ваяводства), народную / фалькісцкую (яе прадстаўнікі лічылі яўрэяў аўтахтонным насельніцтвам, што стагоддзямі жыло на гэтых тэрыторыях і мусіла мець аднолькавыя правы з палякамі), а таксама асімілятарскую плынь (адмаўляла неабходнасць нацыянальнай самастойнасці, а прызнавала толькі рэлігійную адметнасць яўрэяў).
Апошні раздзел (421–481) прысвечаны вывучэнню пазашкольнай асветы ў ваяводстве. Яна была актуальнай, бо далёка не ўсе дзеці былі ахоплены школьным навучаннем, акрамя таго, было шмат зусім непісьменных жыхароў рознага ўзросту. Пазашкольнай асвеце адводзілася таксама пэўная роля ў культурнай і нацыянальнай асіміляцыі мясцовага люду. Асноўная ўвага ў гэтым сегменце адукацыі звярталася на вывучэнне польскай мовы і змяншэнне непісьменнасці.
Падсумоўваючы, А. Смалярчык сцвярджае, што за дваццаць міжваенных гадоў польскія ўлады так і не здолелі выпрацаваць паслядоўнай цэласнай палітыкі адносна ўсходніх земляў. У той жа час ён адзначае, што ўжо ў 1920-я г. перамагла інкарпарацыйная канцэпцыя, скіраваная на асіміляцыю беларускай і ўкраінскай меншасцяў, хоць абедзве гэтыя народнасці не прызнаваліся афіцыйна за нацыянальныя меншасці, а такім статусам, па сутнасці, карысталіся толькі яўрэі. Аўтар таксама звяртае ўвагу, што кіраўніцтва краю ўзяло на ўзбраенне ў сваёй нацыянальнай палітыцы праект С. Даўнаровіча, які прадугледжваў развіццё і замацаванне адметнага статусу Палесся, адлучэння яго ад уплываў беларускіх і ўкраінскіх элітаў з мэтай далейшай асіміляцыі і стварэння з маласвядомых палешукоў спачатку польскіх грамадзян, а пазней і палякаў па перакананні. Аднак стварыць такі “польскі клін” з Палесся на практыцы так і не атрымалася.
Паколькі, на думку аўтара, школьная і адукацыйная палітыка была цалкам залежнай ад нацыянальнай палітыкі, то школьніцтва стала адным з інструментаў дзяржаўных уладаў у працэсе асіміляцыі нацыянальных меншасцяў і пашырэння польскіх уплываў. Аўтара цяжка абвінаваціць у неаб’ектыўным стаўленні да падзей таго часу. Даследчык дастаткова крытычна разглядае польскую нацыянальную і школьную палітыку, паказваючы яе хібы і слабыя месцы, не забываючыся адзначыць і ахвярную працу многіх настаўнікаў, арганізатараў пазашкольнага навучання і культурна-асветнай працы, якія здолелі шмат зрабіць для адукацыі палешукоў і змагання з непісьменнасцю апошніх. Аўтар адзначае, што ўзятая на ўзбраенне нацыянальная палітыка польскіх уладаў не спрыяла свабоднаму развіццю школ нацыянальных меншасцяў на Палессі. Зварот уладаў да рэалізацыі канцэпцыі “польскага кліна” вёў да вострай барацьбы з усялякай палітычнай і культурнай дзейнасцю беларусаў і ўкраінцаў.
У сваю чаргу такой палітыцы польскіх уладаў спрыяла шчыльная сувязь шэрагу найбольш актыўных беларускіх арганізацый – КПЗБ, БСРГ, ТБШ – і ўкраінскай “Просвіты” з камунізмам, пашырэнне якога разглядалася як рэальная пагроза для існавання польскай дзяржавы і выклікала іх жорсткае супрацьдзеянне. Яшчэ адной пагрозай разглядалася існаванне рускай меншасці, але, на думку даследчыка, гэты страх быў больш звязаны з гістарычным мінулым і комплексамі польскіх уладаў адносна культурнай і палітычнай спадчыны царскай Расіі.
Таму аўтар лічыць расійскую праблему больш надуманай, чым рэальнай.
Падсумоўваючы агляд манаграфіі, варта сказаць, што яна стала яшчэ адной цаглінкай у даследаванні беларускага Палесся, а таму павінна трапіць пад увагу беларускіх навукоўцаў для падрабязнага вывучэння і аналізу. Перакананы, што многія знойдуць у прапанаваным даследаванні шмат новага і цікавага пра палескае жыццё ў міжваенны час і суіснаванне розных народаў на гэтай тэрыторыі. У прыватнасці, разумеючы тую палітыку, якой прытрымліваліся польскія ўлады ў міжваеннае дваццацігоддзе, робіцца больш зразумелай і сённяшняя часта неакрэсленая пазіцыя палескага насельніцтва адносна сваёй культурнай, моўнай, рэлігійнай і нацыянальнай прыналежнасці.
Смалярчык А. Таварыства Беларускай Школы ў Палескім ваяводстве ў 1926–1933 г. // БГА. 2015. Т. 22. Сш. 1-2.
Smolarczyk A. Szkolnictwo powszechne i oświata pozaszkolna w Województwie Poleskim w latach 1919–1939. Warszawa, 2014. S. 342.