БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ГРЕБЕНЬ, ЕВГЕНИЙ А. Гражданское население Беларуси в условиях немецкой оккупации (1941–1944 гг.): монография. Минск: БГАТУ, 2016. 496 с.

Падзеі Другой сусветнай вайны выклікаюць вялікі інтарэс даследчыкаў, што звязана не толькі з фармаваннем калектыўнай памяці ў Беларусі, але і з неабходнасцю грунтоўнага, усебаковага аналізу падзей на беларускіх землях. Традыцыйна айчынныя гісторыкі засяроджваюць увагу на высвятленні пытанняў, звязаных з баявымі дзеяннямі, рухам супраціўлення і калабарацыянізмам, характарыстыкай палітычнай сітуацыі на акупаванай тэрыторыі, “забываючыся” такім чынам на лёс простых людзей, якім трэба было не проста жыць, а выжываць у гады ваеннага ліхалецця. На гэтым фоне кніга Яўгена Грэбеня вылучаецца менавіта зваротам да простага чалавека і да арганізацыі яго жыцця ва ўмовах нямецкай акупацыі.

Адразу трэба зазначыць, што даследаванне напісана пераважна на архіўным матэрыяле (аўтар карыстаўся фондамі Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, Дзяржаўнага архіва Мінскай вобласці, Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці), што сведчыць, між іншага, пра высокую ступень навуковай навізны і ўнікальнасці праблемы.

Структурна манаграфія складаецца з уводзінаў, трох раздзелаў і заключэння. Ва ўводзінах Я. Грэбень дае кароткі гістарыяграфічны нарыс праблемы і адзначае, што нямецкі рэжым на Беларусі ён разглядае праз прызму сацыяльнай гісторыі. Зыходзячы з гэтага, аўтар паказвае сацыяльна-эканамічную і грамадска-палітычную сітуацыю, дае характарыстыку прадстаўнікам мясцовай адміністрацыі, робіць спробы рэканструкцыі сацыяльна-побытавых умоў жыцця насельніцтва, выяўляе крыніцы яго існавання і выжывання ва ўмовах акупацыі (5–6).

У першым раздзеле “Ідэйна-палітычныя мерапрыемствы акупацыйных уладаў, сістэма кантролю і рэгламентацыя жыцця грамадзянскага насельніцтва” (7–166) аўтар спыняецца на характарыстыцы сацыяльна-палітычных рэалій вайны, сістэме кантролю за жыхарамі падуладнай тэрыторыі, апісвае дзейнасць судовай і пенітэнцыярнай сістэм. Я. Грэбень прыходзіць да высновы, што ад пачатку акупацыі насельніцтва падвяргалася масаванай ідэалагічнай апрацоўцы, мэтай якой было выцясненне савецкай ідэалагічнай спадчыны. Для гэтага нямецкія ўлады актыўна выкарыстоўвалі дзеячоў беларускага нацыянальнага руху, праз якіх імкнуліся здабыць сімпатыі мясцовых жыхароў.

У манаграфіі неаднаразова падкрэсліваецца: ва ўмовах вайны насельніцтва было вымушана ў той ці іншай ступені ісці на кантакты з немцамі, да якіх ставілася пераважна негатыўна, што было выклікана палітыкай генацыду, вывазам на працу ў Германію, эканамічнай палітыкай і інш. Але былі і тыя, хто свядома пайшоў на супрацоўніцтва. Часта вызначальным фактарам на карысць гэтага было стаўленне да савецкай улады або жаданне звесці міжасабовыя рахункі з даваенных часоў.

Апісанне сацыяльна-побытавых умоў пражывання насельніцтва падаецца ў другім раздзеле даследавання (“Сацыяльна-побытавыя ўмовы жыцця насельніцтва”, 167–330). Аўтар звяртае ўвагу на працэс забеспячэння харчаваннем і ўмовы выплаты дапамогі з боку мясцовай адміністрацыі, на выкарыстанне матэрыяльных рэсурсаў людзей, на вырашэнне праблем жылля, аказання камунальных паслуг, медыцынскага абслугоўвання, на выжыванне ва ўмовах надзвычайных сітуацый. Даследчык прыходзіць да высновы, што нацысцкая акупацыя прывяла да рэзкага пагаршэння матэрыяльнага становішча насельніцтва. На яго думку, гэта было звязана з максімальным выкачваннем сродкаў на забеспячэнне патрэбаў III Рэйха і падтрыманне ваеннай моцы Вермахта.

У раздзеле “Крыніцы выжывання грамадзянскага насельніцтва” (331–490) даследчык справядліва адзначае, што нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі забароненае ў СССР прадпрымальніцтва, якое, аднак, падвяргалася жорсткай рэгламентацыі. Ва ўмовах вайны рамяство і гандаль сталі адным са сродкаў выжывання як гарадскіх, так і сельскіх жыхароў. Апошнія, акрамя гэтага, перажылі вайну, бо мелі зямельныя надзелы і скаціну. Гэта стала падставай для аналізу ўмоў землекарыстання і карыстання насельніцтвам прыроднымі рэсурсамі (торф, рыба, грыбы, ягады і г. д.), транспартам і камунікацыямі, для вывучэння ролі і значэння ветэрынарнай службы.

Трэба адзначыць, што ў разгляданым даследаванні асноўная ўвага аддаецца менавіта рэгламентацыі самых розных сфер жыцця насельніцтва ва ўмовах акупацыі, робіцца параўнанне сітуацыі ў тыле групы армій “Цэнтр”, на тэрыторыі рэйхскамісарыята “Украіна” і генеральнай акругі Беларусь. Аднак за сухімі лічбамі і цыркулярамі аўтар змог паказаць рэальныя жыццёвыя сітуацыі, геаграфія якіх дазваляе зразумець агульнае маральнае, палітычнае, сацыяльнае становішча на беларускіх землях.

Кніга Я. Грэбеня падштурхоўвае да рознага роду рэфлексій, параўнання. Аўтар неаднаразова падкрэслівае цяжкае матэрыяльнае становішча насельніцтва ў гады вайны (несумненна, факт аб’ектыўны). Але якім было становішча гэтых людзей да пачатку вайны? Якім чынам на дабрабыт, маральны і псіхалагічны стан грамадства паўплывала калектывізацыя, індустрыялізацыя і рэпрэсіі, што папярэднічалі ваенным дзеянням? Толькі ў адным выпадку, характарызуючы прадпрымальніцкую дзейнасць, аўтар згадвае даследаванне «За фасадом “сталинского изобилия”: Распределение и рынок в снабжении населения в годы индустриализации, 1927–1941» А. Асокінай (Масква, 1999). А падобнага роду параўнанні міжволі просяцца пад час чытання манаграфіі. Зразумела, што мэта аўтара была іншай, а таму яго нельга абвінавачваць у адсутнасці тых ці іншых звестак з ранейшага часу.

Варта дадаць, што пасля прачытання кнігі (нягледзячы на прысутнасць у тэксце дастаткова шматлікіх прыкладаў паводзін людзей у розных сітуацыях ва ўмовах акупацыі) застаецца ўражанне менавіта пра нямецкую сістэму рэгламентацыі жыцця грамадства. У сувязі з гэтым міжволі ўзнікае жаданне пачуць аповеды сведкаў апісваных падзей, тую жывую вусную гісторыю, якая, як нам падаецца, дадала б пэўныя фарбы ў змест працы.

Сярод момантаў, на якія трэба звярнуць увагу аўтара, адзначым функцыянаванне грашовай сістэмы. Я. Грэбень піша пра штрафы, заробкі, дапамогу, якія выплачваліся як у савецкіх рублях, так і ў нямецкіх марках. Але ў працы няма згадак пра тое, якім чынам рэгламентавалася грашовае абарачэнне, якім было суаднясенне рубля і маркі. На наш погляд, такое ўдакладненне дазволіла б чытачу лепш зразумець фінансавую сітуацыю як у рэгіёнах, так і на беларускіх землях у цэлым.

На заканчэнне зазначым, што манаграфія, несумненна, будзе цікавай і карыснай як для спецыялістаў па ваеннай гісторыі, так і для тых, хто займаецца гістарычнай кампаратывістыкай. Яна дазваляе выйсці за храналагічныя і геаграфічныя межы даследавання і даць ацэнку падзей Другой сусветнай вайны як мінімум на ўзроўні Цэнтральнай Еўропы.

Мінск

Любоў Козік

Тэгі: ,