БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

CТАРЧЕНКО, НАТАЛЯ. Честь, кров і риторика. Конфлікт у шляхетському середовищі Волині (друга половина XVI – початок XVII cтоліття). Киïв: Laurus, 2014. 510 c.


Напрыканцы 2015 г. у час побыту ў Кіеве галоўным аб’ектам майго прыпозненага “палявання” ў мясцовых кнігарнях стала даследаванне Наталлі Старчанкі пра валынскую шляхту. Праца ўкраінскай даследчыцы ўжо патрапіла ў Мінск, але літаральна ў некалькіх паасобніках. Да майго вялікага расчаравання, знайсці ў Кіеве кніжку ў продажы не ўдалося, а сама аўтарка пры сустрэчы несуцешна заўважыла, што наклад раскуплены. Адзначу, што раскуплена было навуковае даследаванне, досыць вялікае па памерах і дастаткова спецыфічнае па змесце. Што праўда, праз некалькі месяцаў мой “апетыт” быў задаволены, бо ў першай палове 2016 г. з’явілася яго другое выданне.

Паказнікам запатрабаванасці кнігі Наталлі Старчанкі стала не толькі яе папулярнасць сярод аматараў гісторыі, якія абіраюць гаманцом. У першую чаргу высока ацаніла майстэрства і выдатны густ гісторыка навуковая грамадскасць Украіны. З’яўленне даследавання заўважылі і замежныя інстытуцыі: у 2014 г. праца Н. Старчанкі была адзначана некалькімі ўзнагародамі – у Польшчы за найлепшую кнігу ў намінацыі замежнае даследаванне ад “Przegląu Polskiego” іадпаведна за найлепшую навуковую публікацыю па ўкраіназнаўчай тэматыцы ў галіне гуманістыкі і сацыяльных навук ад Канадскага інстытута ўкраінскіх штудый Альберцкага ўніверсітэта. Паўтаруся: кніга атрымала самую станоўчую ацэнку з боку найлепшых украінскіх навукоўцаў, бо сапраўды ёсць за што і чаму.

Структура працы адпавядае класічнай манаграфіі і складаецца з уступу, дванаццаці раздзелаў, высноваў, спіса выкарыстаных крыніц і літаратуры, імяннога і геаграфічнага паказальнікаў ды пераліку ілюстрацый. Асобна пра апошнія: уражанні ад тэксту дапаўняе густоўная мастацкая канцэпцыя выдання. Падабраныя і дарэчна ўстаўленыя ілюстрацыі не толькі адпавядаюць аповеду, але і выдатна візуалізуюць раннемадэрную эпоху.

Ва ўкраінскай гістарыяграфіі ўжо вядомы шэраг аб’ёмных прац па гісторыі шляхты Валынскага ваяводства (напр., М. Даўбішчанкі, І. Варанчук). Але абраны прадмет і ракурс даследавання ператвараюць працу Н. Старчанкі ў з’яву ўнікальную, паколькі нават выкарыстанне мадэлі манаграфіі на прыкладзе іншай тэрыторыі наўрад ці будзе магчымым з пункту гледжання наяўнасці адпаведнай архіўнай базы.

Несумненна, кніга “працуе” па дзвюх актуальных стратэгіях: аўтарка слушна даводзіць адметнасць Валыні ў межах Польскага каралеўства і паралельна тлумачыць мадэлі паводзінаў мясцовага насельніцтва пераважна ў агульнаеўрапейскім кантэксце. Чаго бракуе ў працы, дык нейкіх больш шырокіх геаграфічных і храналагічных паралеляў. Валынская шляхта як бы зніадкуль бярэцца як прадукт судовай практыкі і актавых кніг з ужо гатовай і ўласцівай ёй адметнай варажнечай і пачуццём гонару. У тэксце не хапае (памеры працы гэта дазваляюць) нават мінімальнага экскурсу ў гісторыю “насильства” на ўкраінскіх землях, хоць бы ў перыяд уваходжання ў склад Вялікага Княства Літоўскага ў першай палове XVI cт., калі ўласна і “даспела” такая сацыяльная група, як шляхта. Замест гэтага – цудоўныя метадалагічныя ўстаўкі, якія, тым не менш, не кампенсуюць фону. Ад кніжкі ўзнікае пэўнае “кулінарнае” ўражанне: калі з плода выядаецца і смакуецца самае смачнае, а рэшта пакідаецца, што, аднак, не заўсёды гарантуе разуменне таго, што ўяўляе ён у цэлым асартыменце “саду”. Пошукі элементаў гонару (зрэшты, паспяховыя) як важнага складніка шляхецкай культуры валынскай шляхты ці дастаткова звязваць толькі з рэцэпцыяй адпаведных уяўленняў з Італіі ці Польшчы? Узнікае пытанне: а што, у колах украінскай эліты, а дакладней, эліты ВКЛ да сярэдзіны XVI cт. паняцця гонару не існавала або кроў пад час гвалту лілася неяк іначай? Сыходзячы з асабістага, досыць сціплага досведу вывучэння крымінальнай штодзённасці ў першай палове XVI cт., магу адзначыць, што і судовай “рыторыкі” з нагоды абразы словам і чынам было больш чым дастаткова. Зразумела, што немагчыма патрабаваць усяго, чаго хочацца, але неяк вельмі не хапае паралеляў з канфліктамі ў асяроддзі іншых станаў грамадства Валыні, што б дадаткова дазволіла вылучыць адметнасць “шляхецкага асяроддзя” або, наадварот, падраўняць яго пад агульную сітуацыю з гвалтам у грамадстве. Няўжо ніякай гарызантальнай інтэрферэнцыі не было ўвогуле?

Агляд кожнага раздзела кнігі – справа заўсёды карысная, а ў выпадку гэтага даследавання нават неабходная, хоць сама аўтарка заўважае, што была вымушана ўводзіць некаторыя “тэхнічныя” раздзелы, дзе дададзена характарыстыка пэўных тэарэтычных падыходаў і гістарычных абставін ці інстытутаў. Такі першы раздзел “Про честь, кров і риторику. Попередні зауваги”. Абмінуць яго як “тэхнічны” не выпадае (асабліва тлумачэнні тэрмінаў, напр., сімвалічны капітал, культура варожасці), калі хочаш зразумець тэарэтычную частку кнігі і арыентавацца ў эпосе дамінавання шляхты. Дарэчы, назва даследавання можа падмануць пэўныя наіўныя чаканні: чытанне кнігі Н. Старчанкі – гэта дастаткова сур’ёзная праца, а не гартанне падборкі крымінальных апавяданняў. Па вялікім рахунку, агляд метадалагічных падыходаў, на якія абапіраецца пані Наталля, у большай ступені патрэбны тым, хто толькі пачынае цікавіцца гісторыяй Рэчы Паспалітай і гісторыяй права ўвогуле. Фактычна ж, усё даследаванне можна назваць своеасаблівым падручнікам па метадалогіі гісторыі з ілюстрацыяй магчымасцяў практычнага выкарыстання тэорыі. Для кожнага, хто толькі “даспеў” да жадання займацца шляхецкай культурай, асабліва ўсходняй часткі Рэчы Паспалітай, праца Н. Старчанкі павінна стаць своеасаблівым інтэлектуальным трэнажорам, дапаможнікам уваходу ў прафесію.

Такі ж тэхнічны характар мае, са слоў даследчыцы, і другі раздзел “Річ посполита воєводства Волинського”, дзе даецца агульная характарыстыка Валыні ў другой палове XVI – першыя десяцігоддзі XVII ст., яе судовай сістэмы, адметнасцяў шляхетскага карпаратывізму і культурных прыярытэтаў прывілеяванага стану. У пэўнай ступені гэты раздзел – скарочаная мадэль усёй кніжкі, бо тут у агульных рысах гаворка ідзе пра тое, што далей аўтарка аналізуе з вялікім даследчыцкім імпэтам. Гэта датычыцца праблемы патранальна-кліентальных сувязяў, якія складалі аснову сацыяльнага ўзаемадзеяння раннемадэрнай Рэчы Паспалітай, сваяцкіх і сяброўскіх адносінаў. Культурныя прыярытэты шляхты вывучаюцца аўтаркай з антрапалагічнага падыходу: тут вылучаецца праблема публічнага характару паводзінаў, пры гэтым заўважаецца, што для абранага перыяду фактычна немагчымае супрацьпастаўленне “прыватнага” і “публічнага”. Шмат месца ў аналізе адносінаў шляхты займае ілюстрацыя камунікацыйнай гульні, заснаванай на прынцыпе “падарунак, дар” – “падзяка”, дзе “гарантам бясперапыннасці ланцужкоў узаемнага абмену выступаў сімвалічны капітал, г. зн., капітал гонару ці пачэснасці, якім карпарацыя адорвала сваіх сяброў”. У межах гэтага ж пункта даецца агульная характарыстыка ўяўленняў пра “добрую славу”, якая была не толькі прадметам няспыннага клопату валынскай шляхты і прыкметай станавай адметнасці, але і сродкам дэманстрацыі як перавагі і пашаны, так і “аслаблення гонару канкурэнта”.

Натуральнае жаданне аўтаркі праілюстраваць дыстанцыянаванне валынскай шляхты ад ВКЛ і яго спадчыны, якая ў значнай ступені ляжыць у аснове украінскай адметнасці ў межах Кароны, выглядае крыху нацягнутым.

Справа ў тым, што праца ў значнай ступені пабудавана на цытатах з актавых кніг Валынскага ваяводства, цытатах на стараўкраінскай, або, як сказаў бы айчынны даследчык, на праўдзівай старабеларускай мове. Калі ж палітыка-прававыя ўмовы аддзялялі Валынь ад ВКЛ, то супольная мова, наадварот, яднала. Вядома ж, праўда ў тым, што нацыю фармуе не толькі мова, але і гістарычныя абставіны, але ў межах супольнай Рэчы Паспалітай Валынь усё ж не была такой чужаніцай для жыхароў ВКЛ.

Трэці раздзел кніжкі “Милість пана та вірність слуги” раскрывае спецыфіку адносінаў “патрон – кліент” на прыкладзе шляхецкай супольнасці Валыні. Гэты раздзел ілюструе, як можна ўдала спалучаць тэорыю з практыкай. Бадай кожнае абагульненне ў працы пацвярджаецца цытатай з першакрыніцы. Праблемы, якія асвятляюцца аўтаркай, вылучаны ў асобныя падпункты, дзе аналізуецца інфармацыя пра парадак афармлення адносінаў (шлюбу) паміж панам і слугой, іх узаемныя абавязкі, прычыны і акалічнасці, што суправаджалі скасаванне дамовы, памеры юрысдыкцыі пана ў адносінах да слуг і прыклады “эмансіпаваных” ліній паводзінаў слуг. Раздзел гэты, у цэлым, вельмі каштоўны для разумення  самой сутнасці стратыфікацыі ў фармальна роўным шляхецкім асяроддзі, а таксама ён дазваляе больш дэталёва патлумачыць сутнасць сімволікі, якая суправаджала афармленне адносінаў паміж гаспадаром і слугой. Названы раздзел дастаткова арганічна ўваходзіць у канцэпцыю кнігі, паколькі дазваляе паразважаць над пытаннем памераў залежнасці судовых ураднікаў, якія былі слугамі сваіх паноў.

Раздзел чацвёрты “Конфліктне повсякдення: зони конфлікту” закранае цікавую тэму ролі месца як фону і фактару ўзнікнення канфліктных сітуацый. Аўтарка адзначае, што ў аснове ці не ўсіх супярэчнасцяў “лежали вічні змагання за землю та владу”. Актавы матэрыял падабраны пад вылучаныя “канфліктныя зоны”, сярод якіх большасць нельга разглядаць як спецыфічна ўласцівыя шляхце. Бясспрэчна, шляхецкай тэрыторыяй канфлікту можа быць толькі соймік, магчыма, земскі суд. Усе астатнія “зоны” характэрны і для іншых грамадскіх станаў, па меншай меры, так было ў суседнім ВКЛ, і сумнеўна, каб на Валыні было іначай.

Пяты раздзел “Оголошення про помсту” ўтрымлівае апісанне практыкі і рытуалу афармлення пагрозы жыццю на прыкладзе судовых спраў. Аўтарка вельмі падрабязна агаворвае прававую тэрміналогію, звязаную з рытуалам абвяшчэння пагрозы, і на шматлікіх прыкладах ілюструе кампаненты, якія суправаджалі “отповеди и пофалки” як элементы рыцарскай культуры. Найважнейшай цэзурай у рэгуляванні практыкі абвяшчэння пагрозы стала соймавая канстытуцыя 1588 г., згодна з якой абвінавачаны мог паслаць “цедулу» з традыцыйнымі формуламі знявагі таму, хто яго пакрыўдзіў. З пункту гледжання аматарскага задавальнення гэты раздзел ці не найбольш цікавы, бо тут прыведзена мноства прыкладаў шляхецкай моўнай “культуры”.

Назва наступнага раздзела “Поєдинки як соціальний феномен” выклікае найбольш чаканняў, асабліва з улікам спецыфікі Валыні, але раздзел хутчэй утрымлівае матэрыял, які дазваляе сказаць, з чаго бярэцца двубой як з’ява і як магло б выглядаць спаборніцтва ў імя абароны годнасці. На пачатку даследчыца звяртае ўвагу на традыцыі двубояў у Заходняй Еўропе. Вытокі гэтай з’явы ў гістарыяграфічным парадку выводзяцца з так званых ардалій, ці Божых судоў. Увогуле, саму сутнасць дуэлі аўтарка ўслед за іншымі даследчыкамі прапаноўвае разглядаць як элемент гвалту ў кантэксце культуры варожасці праз антрапалагічнае “мір у вайне”. Пункт “Поєдинки в Польській Короне та Речі Посполитій” пераважна ўтрымлівае агляд юрыдычных нормаў што да двубояў і асобныя звесткі пра выпадкі дуэляў. Урэшце, аўтарка канстатавала: “Складана сказаць, наколькі былі пашыраныя паядынкі ад сярэдзіны XVI стагоддзя ў ВКЛ і Польскай Кароне”. У асобным пункце, прысвечаным паядынкам на Валыні, дэ факта прааналізаваны некалькі выпадкаў выклікаў на двубой. Даследчыца адзначыла, што валынская шляхта пільна сачыла за зменамі ў праве і ў адпаведнасці з імі фарматавала штодзённую практыку. Гэта датычылася прыватных паядынкаў, забароненых соймавай канстытуцыяй у 1588 г. Такім чынам, дуэлі як спосабу вырашэння канфлікту было супрацьпастаўлена права, таму выклікі на двубой трэба разглядаць пераважна як “канфліктную рыторыку”, якая ў пераважнай большасці выпадкаў не мела на мэце даводзіць супрацьстаянне да рэальнага кровапраліцця.

Сёмы і восьмы раздзелы працы Н. Старчанкі вылучаны для характарыстыкі такіх відаў крымінальнай штодзённасці шляхты, як забойства, наезд і грабеж. Вельмі характэрная назва сёмага раздзела – «“З живого мертвого учинили”: обставини та сприйняття вбивств». Ён складаецца з двух блокаў: у першым дадзена характарыстка забойстваў ва ўяўленнях і штодзённай практыцы шляхты (тут выкарыстана тэрміналогія саміх удзельнікаў судовых працэсаў), а таксама ў праве (Статуты ВКЛ і соймавыя пастановы); у другім пададзены пяць асобных судовых працэсаў, прычынай узнікнення якіх было забойства шляхціча. Дэталёвае вывучэнне прававых нормаў і судовай практыкі дазволіла зрабіць вельмі стасоўныя да агульнай канцэпцыі кнігі заўвагі пра прычыны дастаткова мяккай формы пакарання за забойства, якой была грашовая кампенсацыя. Апошняя мела месца таму, што фактычна не існавала аб’ектыўнай судовай працэдуры, якая павінна была выявіць злачынцу. Больш за тое, самі ўдзельнікі канфліктаў не былі ўпэўнены, хто вінаваты, а хто пацярпелы. Высветліць жа гэта з дапамогай судовых спраў, на думку даследчыцы, немагчыма. Заслугоўвае ўвагі выснова, што адкрытая, брутальная жорсткасць як адплата за крыўду сустракалася ў шляхецкім асяроддзі нячаста, а сілавы варыянт вырашэння канфлікту традыцыйна ажыццяўляўся з дапамогай слуг і кліентаў у той час, калі “нагары канкурэнцыя зазвычай набывала выгляд рытарычных баталій”.

Раздзел пра наезды і грабяжы ў цэлым змяшчае прававую характарыстыку гэтых “шляхецкіх” злачынстваў і ілюстрацыю практыкі на прыкладах з актавых кніг Валынскага ваяводства. Наезды і грабяжы, як і акт забойства, аўтарка паспрабавала паказаць як магчымую форму разрахункаў за шкоду, нанесеную гонару, своеасаблівым актам двубою за добрую славу ў супольнасці, асаблівым рыцарскім правам, з дапамогай якога аднаўлялася справядлівасць.

Дзявяты раздзел, які называецца “Плач на душу судейскую, што вас так судили”, змяшчае характарыстыкігродскага іземскага судоў іх кампетэнцыі, этапаў судовага працэсу, адметнасцяў валынскага права, спосабаў расследавання злачынстваў, судовых пастановаў і апеляцыйнай працэдуры ды парадку выканання выракаў. Усе гэтыя пункты пабудаваны на параўнанні нормаў права і практыкі дзейнасці судовых устаноў Валыні. Раздзел мае выключную каштоўнасць найперш для параўнальных даследаванняў па гісторыі судовага ладу Рэчы Паспалітай. Для айчыннай гістарыяграфіі, якая ў галіне вывучэнне гісторыі судоў на многа не прэтэндуе, праца ўкраінскай даследчыцы дае вартыя ўвагі арыенціры. Яна слушна адзначае, што шляхецкае судачынства ад самага пачатку будавалася як канвенцыйнае, бо было заснавана на ўліку інтарэсаў бакоў і груп, што стаялі за асобай, культурных прыярытэтаў, слабых месцаў культываванага гонару. Калі ж сыходзіць з канцэпцыі кнігі, то давядзецца пагадзіцца і з высновай, што добрае функцыянаванне прававой сістэмы не адпавядала шляхецкаму рыцарскаму ідэалу, згодна з якім судовы працэс меў усе прыкметы двубою.

У дзясятым раздзеле “Приятельське єднання” даследуецца механізм пераводу канфліктнай сітуацыі ў рэчышча замірэння, у чым была зацікаўлена шляхецкая супольнасць. Для беларускай гістарыяграфіі такія праблемы ўвогуле выглядаюць рэвалюцыйнымі, бо ў большасці сваёй метадалогія спалучаецца з гістарычным даследаваннем фармальна. У раздзеле акрэслены прычыны такой з’явы, як пазасудовыя дамоўленасці, падаецца іх класіфікацыя, падрабязна распісана кампетэнцыя палюбоўных судоў, дадзена адзнака ініцыятараў суда і суддзяў, акалічнасцяў звароту ў суд, месца і парадку яго правядзення, а таксама прыведзены прыклады пастаноў суда і варыянты стратэгіі яго ўдзельнікаў.

Нарэшце, апошнія раздзелы прызначаны абагульніць высновы і назіранні, зробленыя ў папярэдніх частках кнігі, і служаць ілюстрацыяй аўтарскай канцэпцыі. Адзінаццаты раздзел утрымлівае падрабязны разбор справы пра забойства князёў Чацвярцінскіх. У дванаццатым раздзеле разглядаюцца абставіны справы пра забойства каралеўскага сакратара Балтазара Гніваша, у якую было ўцягнута вялікае кола валынскіх шляхцічаў, у тым ліку і князь Канстанцін Астрожскі, памер уплыву якога на Валыні быў па-за канкурэнцыяй. Прааналізаваныя ў апошніх раздзелах справы ўкраінская даследчыца слушна лічыць толькі падмуркам для больш шырокага даследавання функцыянавання судавытворчасці, сацыяльнага фону грамадства і аксіялагічнай сістэмы яго прадстаўнікоў.

Разгледжаная праца прымушае больш абачліва і асцярожна ставіцца да мінулага, бо мы спазнаём яго праз крыніцы, якія далёка не заўсёды “рэпрэзентуюць рэальнасць”. Захапленне апісаннем дакументаў і іх выданнем дзеля доказу адзіна правільнага сведчання можа, у адпаведнасці з гэтай логікай, толькі нашкодзіць спазнанню гісторыі. Ад кнігі сыходзіць дух здаровага рэлятывізму, якога сапраўды бракуе гісторыкам, бо і яны, бывае, забываюцца, што самі часам пішуць “справаздачы” пра тое, чаго не было або насамрэч выглядала іначай.

Аб’ём і якасць праведзенай працы, вялікая колькасць трапных і разумных назіранняў, якія сталі вынікам вопыту “зжывання” з актавымі кнігамі, як і ўнікальная здольнасць “ажыўляць” гісторыю, прымушае схіліць галаву перад Наталляй Старчанкай і падзякаваць за кнігу, якая вучыць адмаўляцца ад прымітыўнасці, бачыць свае памылкі і новыя перспектывы ў развіцці навукі.

Горадня

Віталь Галубовіч

Наверх

Тэгі: , ,