БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

KAMUSELLA, TOMASZ. The Politics of Language and Nationalism in Modern Central Europe. Palgrave MacMillan, 2012. XXVIII + 1140 p.


Колішні выпускнік аддзялення англійскай філалогіі Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах, доктар палітычных навук (2001, Познань), доктар габілітаваны ў галіне культуралогіі (2011, Варшава), Томаш Камусэла апошнія дзесяць гадоў працуе пераважна ў Ірландыі і Шатландыі: з 2007 г. у Трыніты-каледж у Дубліне, а з 2011 г. – ва ўніверсітэце Сэнт-Эндрус у Шатландыі. Ён актыўна займаецца праблемамі моўнай палітыкі, нацыяналізму і этнічнасці, не замыкаючыся ў рамках якой-небудзь адной традыцыйнай (тыпу гісторыі) ці “напаўтрадыцыйнай” (тыпу паліталогіі ці культуралогіі) дысцыпліны. Паколькі ў яго працах значнае месца займаюць праблемы моў, то кнігі і артыкулы Т. Камусэлы ўтрымліваюць таксама значны элемент ведаў, якія могуць успрымацца як (сацыя)лінгвістычныя. Рэцэнзаваная кніга – другое выданне (першае выйшла ў 2008 г.), у ёй аўтар узяў на сябе амбіцыйную задачу выкласці пад адной вокладкай звязаныя з палітыкай мовы і нацыяналізмам падзеі, якія адбываліся ў краінах Цэнтральнай Еўропы на працягу двух апошніх стагоддзяў. Кніга мела вялікую колькасць станоўчых рэцэнзій у навуковым друку. У гэтай нататцы мы абмяжуемся толькі кароткім апісаннем структуры выдання і рэмаркамі пра некаторыя моманты.

Кнігу можна ахарактарызаваць як вельмі разгорнуты handbook аб працэсах крышталізацыі польскай, венгерскай, чэшскай і славацкай моў як важных нацыянальных і палітычных з’яў, а таксама станаўлення і сцвярджэння нацыяналізму ў Польшчы, Венгрыі, Чэхіі і Славакіі ў ХІХ і ХХ ст. Незвычайна тое, што кнігу такой шырокай задумы і памеру напісаў адзін чалавек. Найбольшую цікавасць кніга ўяўляе, бадай, для гісторыкаў.

Ва ўступным слове брытанскі гісторык Пітэр Бёрк сярод іншага зазначыў, што аўтар сваёй працай здзейсніў “манументальны ўклад у навуковы абмен паміж лінгвістамі і гісторыкамі (не кажучы пра палітолагаў)” (с. ХІ). Сярод іншага славуты навуковец аказаўся пад уражаннем ад некаторых сюжэтаў кнігі, прысвечаных мовам. У прыватнасці, ён станоўча ацаніў паказ аўтарам той акалічнасці, што ў працэсе польскага і венгерскага моўнага будаўніцтва вялікае значэнне мела германская мадэль, ухваліў прыведзеныя ў кнізе звесткі пра “трасянку” і “суржык» і інш. (с. ХІІ).

Складана адназначна ахарактарызаваць жанр кнігі Т. Камусэлы як падручніка або як манаграфіі. Каб быць добрым падручнікам, ёй варта было б быць намнога карацейшай, таксама патрабавалася іншае, больш канцэнтраванае выкладанне матэрыялу. Ад манаграфій кніга адрозніваецца тым, што яна далёка выходзіць за рамкі таго, што называецца “даследаваннем якога-небудзь пытання або тэмы”. Таксама ў кнізе незвычайная арганізацыя даведкавага апарату.

Спасылкі на выкарыстаную літаратуру, як правіла, падаюцца не ў тых месцах тэксту, дзе знаходзяцца патэнцыяльныя схаваныя цытаты ці пераказы чужых меркаванняў, а звычайна ў згрупаваным і абагульненым (і ў выніку “напаўананімным”) выглядзе пасля нейкіх больш ці менш завершаных частак канкрэтных параграфаў ці проста ў іх канцы. Нам здаецца, кнігу добра выкарыстоўваць як даведнік, з выразным усведамленнем таго, што гэты даведнік – аўтарскі, і не ўсе выкладзеныя ў ім меркаванні могуць быць прыняты безумоўна. Шматлікасць прафесійных “варштатаў”, на якіх адначасова працуе аўтар, не можа не ўплываць на тое, што дасягненні аўтара ў кожнай канкрэтнай спецыялізацыі могуць выглядаць неаднолькава.

Кніга складаецца з прадмовы аўтара, вялікай ненумараванай часткі (уключае тры раздзелы) і дзвюх нумараваных, першай і другой, частак: “Цэнтральнаеўрапейская палітыка і мовы ў доўгім ХІХ стагоддзі” (раздзелы 4–7) і “Нацыяналізмы і мова ў кароткім ХХ стагоддзі» (раздзелы 8–12). У дванаццатым раздзеле на пяцідзесяці старонках змешчаны агульныя высновы да кнігі.  Згодна з рэмаркай аўтара (с. ХХІ), асноўныя праблемы кнігі асэнсоўваюцца ў першай (займае каля 200 старонак) і другой (без высноў займае 330 старонак) частках. З увагі, аднак, на памер ненумараванай часткі (ахоплівае 363 старонкі) яна, відаць, таксама магла б лічыцца своеасаблівай “асноўнай”. Кнігу завяршаюць заўвагі (38 старонак), бібліяграфія (60 старонак), індэкс паняццяў, імёнаў, гістарычных падзей, назваў інстытуцый, моў і іх разнавіднасцей (75 старонак), а таксама паказальнік выкарыстаных слоўнікаў (12 старонак). Нават з простага апісання структуры і памеру падручніка відаць, што ён ўяўляе сабой плён вялікай, калі не сказаць тытанічнай, працы.

Ненумараваная частка – гэта разгорнуты ўступ да кнігі, яна складаецца з раздзелаў “Уводзіны”, “Мова ў Цэнтральнай Еўропе: агляд” і “Больш шырокі моўны і культурны кантэкст Цэнтральнай Еўропы”. У гэтай частцы тлумачыцца паняцце моўнай палітыкі, паняцце Цэнтральная Еўропа, акрэсліваюцца суадносіны паміж мовай, народам і дзяржавай, пазначаюцца шляхі ад “моўных” народаў да “моўных” народаў-дзяржаў, выкладаецца гісторыя чатырох аналізаваных моў да ХІХ ст. і інш. Натуральна, аўтара вельмі цікавіць карэляцыя паняццяў “народ” і “мова”, і ва ўводзінах ён змяшчае два амаль аднайменныя параграфы пад назвай “Нарматыўны ізамарфізм мовы, народа і дзяржавы”, трактуючы ў першым гістарычны ракурс суадносінаў гэтых паняццяў, а ў другім – сучасны. Ва ўступе Т. Камусэла коратка апісвае чатыры мовы, якія стануць яго галоўнымі “героямі” ў наступных частках кнігі – чэшскую, польскую, венгерскую і славацкую. Уступнай частцы кнігі ўласціва незвычайная шчодрасць. Аўтар не толькі падрабязна ўводзіць чытача ў сваю (вельмі шырокую) праблематыку, але і прапануе “шырокую панараму ўсіх іншых цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх моў ад іх пачаткаў да ХХІ стагоддзя” (c. XXI). Тут знаходзіцца месца для кароткіх апісанняў царкоўнаславянскай, беларускай і ўкраінскай, сербскахарвацкай і яе наступнікаў (баснійскай, харвацкай, чарнагорскай і сербскай; алфавітны, 322 згодна з англійскай мовай, парадак пералічэння захаваны), балгарскай, грэчаскай, албанскай, армянскай, эсперанта і інш. Т. Камусэла тлумачыць важныя калізіі ў моўным развіцці розных народаў і падае пэўныя агульныя і канкрэтныя лінгвістычныя веды, напрыклад, разважае пра фармаванне нямецкай літаратурнай мовы, апісвае эвалюцыю, якую зазнала царкоўнаславянская мова на яе шляху да “рускай”, пазначае важнасць праблемы назваў розных моў, больш як на дваццаці старонках разглядае разнастайнасць розных графік і алфавітаў і іх выкарыстанне ў палітыцы і г. д.

“Доўгае” ХІХ стагоддзе аўтар разглядае пад лозунгам “прыходу нацыяналізму” (такую назву мае ўступны параграф першай часткі кнігі). Частка структурна падзелена паводле канкрэтных моў і народаў: апісаны польская, венгерская, чэшская і славацкая сітуацыі. Гэтыя сітуацыі пададзены не столькі паводле строга ўніфікаванага падыходу, адпрацаванага на ўсіх чатырох сітуацыях, колькі выкладзены згодна з асаблівасцямі канкрэтных выпадкаў і прэферэнцыямі кола чытання аўтара. Спецыфіку кожнага выпадку можна назіраць ужо па тым, як аўтар сфармуляваў падзагалоўкі розных раздзелаў гэтай часткі. Напрыклад, калі для польскай сітуацыі аўтар выбраў падзагаловак “Ад Natio да народа”, то венгерскі выпадак зафіксаваны пры дапамозе азначэння “Ад Natio да эрзаца народа-дзяржавы”. Калі чэшская сітуацыя акрэслена формулай “Ад багемскага славянскамоўнага Populus да чэшскага нацыяналізму і чэхаславацкага народа”, то славацкі выпадак апісаны пры дапамозе дэфініцыі “Ад славянамоўнага Populus Верхняй Венгрыі да славацкага нацыяналізму і чэхаславацкага народа”.

Для аўтара гэтых радкоў праблематычным выглядае абазначэнне венгерскай дзяржавы канца ХІХ ст. пры дапамозе выразу эрзац і пастуляванне ў гэты ж час існавання “чэхаславацкага народа”. У рамках разгляду чэшскай сітуацыі ў кнізе змешчаны параграфы “У напрамку да Чэхаславакі .” і“Чэхаславакізм”, у славацкім раздзеле таксама ёсць параграф “Чэхаславакізм” – аднак гэтыя  параграфы пабудаваны не ў малой ступені з прыцягненнем матэрыялу ХХ ст. Параграф “Чэхаславакізм” славацкага раздзела ўвогуле адкрываецца апісаннем падзей 1916-га і пазнейшых гадоў, толькі потым аўтар вяртаецца ў ХІХ стагоддзе (аднак усё роўна пазней часам закранае ХХ стагоддзе). Прымяняльна да асэнсоўваных у кнізе тэм умоўную мяжу паміж ХІХ і ХХ стагоддзямі можна было б правесці, магчыма, не паміж 1899 і 1900-м, а хутчэй паміж 1917 і 1918 гадамі?

“Кароткае” ХХ стагоддзе аўтар разглядае пад лозунгам “трыумфу нацыянальнага”. Падобна да першай часткі кнігі для кожнай канкрэтнай сітуацыі аўтар імкнецца знайсці сваё асаблівае вызначэнне-вобраз. Так, калі вынікам дзяржаўна-этнічнага будаўніцтва ў Польшчы ў канцы ХХ ст. можа выглядаць “этнічна аднародны народ-дзяржава”, то ў венгерскім выпадку шлях у ХX стагоддзі зафіксаваны як “Ад Венгрыі да Magyarország”. Відаць, няўдала пазначана сучасная Венгрыя пры дапамозе яе венгерскамоўнай назвы – бо яна мала што гаворыць сучаснаму англа- ці беларускамоўнаму чытачу. Венгерскі раздзел гэтай часткі адкрываецца параграфам, у якім параўноўваюцца венгерская і польская сітуацыі. Лозунгам-падзагалоўкам для апісання чэшскай сітуацыі абраны “Паміж чэхаславацкім і чэшскім нацыяналізмам”, для славацкай – “Ад Чэхаславакіі да Славакіі”.

Як і папярэдняму выданню, насычанай багаццем фактаў і забяспечанай індэксамі, зручнай у карыстанні кнізе 2012 г. будзе наканавана на доўгі час стаць своеасаблівай настольнай кнігай як для студэнтаў, так і для многіх даследчыкаў-прафесіяналаў. Відавочна, кніга будзе карыснай і практычным дзеячам, тым, хто прымае рашэнні.

Мяркую, яшчэ няхутка знойдзецца чытач, які зможа прачытаць кнігу Т. Камусэлы цалкам, “od deski do deski”. Створаная адным аўтарам кніга такой шырокай праблематыкі і такога вялікага аб’ёму, бадай, не павінна падлягаць крытыцы ў прынцыпе. Тым не менш усё ж дазволім выказаць некаторыя прыватныя крытычныя меркаванні.

Жаданне выкласці кожны канкрэтны нацыянальнамоўны (польскі, венгерскі, чэшскі ці славацкі) выпадак згодна з яго спецыфікай дае вынікам неаднастайнасць апрацоўкі і падачы матэрыялу, што можа ўскладніць правядзенне кампаратыўнага даследавання і падвесці чытача да не цалкам адэкватных вывадаў.

Напрыклад, сюжэт “правапіс і палітыка” разглядаецца ў рамках самастойнага параграфа (са шматлікімі адступленнямі ў гісторыю станаўлення нямецкай, чэшскай, французскай, венгерскай арфаграфіі) толькі на прыкладзе польскай сітуацыі. Аўтар піша, што шэраг польскіх правапісных праектаў пачатку ХІХ ст. быў абумоўлены палітычнымі і адукацыйнымі рэформамі канца XVIII ст.

У цэлым, аднак, можна думаць, што ХІХ стагоддзю не былі ўласцівы бурныя правапісныя дэбаты, паколькі паўстанні, русіфікацыя і германізацыя “пераключылі ўвагу польскай інтэлігенцыі ад арфаграфіі да палітыкі” (425). Такая фраза здаецца нам неабачлівай – у тым ліку таму, што аўтар сам далей паведамляе пра бурныя дыскусіі канца ХІХ ст. З прычыны падзелаў існавала рызыка стабілізацыі на розных тэрыторыях трох розных арфаграфій, якія давалі б вынікам стварэнне трох варыянтаў літаратурных моў; гэта ўрэшце, піша аўтар, магло б прывесці да ўзнікнення трох “роднасных, але розных народаў” (426). Тут незразумела, ці аўтар проста пераказвае асцярогі палякаў ХІХ ст., ці сам сёння салідарызуецца з такімі страхамі? Пры тым, што аўтар зусім добра абазнаны ў канкрэтных арфаграфічных прапановах у дачыненні да польскай мовы і арганізацыйнай правапіснай дзейнасці ХІХ ст., ён, тым не менш, аддае перавагу бачыць палітычны фермент у арфаграфіі праз указанне на спробы ўзгадніць паміж сабой розныя тэрытарыяльныя правапісныя версіі, аднак, бадай, не карыстаецца выразамі тыпу “тэндэнцыя да дэмакратызацыі правапісу”, “тэндэнцыя да элітарнасці правапісу”, якія, несумненна, мелі месца ў працэсе правапіснага ўрэгулявання і сведчылі аб адлюстраванні ў правапісе палітычных пазіцый аўтараў такіх прапаноў.

У сувязі з “арфаграфічным” польскім параграфам паўстае пытанне: а ў выпадках венгерскай, чэшскай і славацкай моў правапіс хіба не меў палітычнага вымярэння?

Толькі ў рамках венгерскага раздзела спецыяльна вылучана тэма міфалагізацыі мовы як элемента нацыянальнага самаўсведамлення, аднак, натуральна, такая практыка была вядома не толькі венграм. Калі складаным дачыненням славацкага нацыяналізму з мадзьярызацыяй прысвечаны спецыяльны змястоўны параграф, то важная тэма чэшска-нямецкага (аўстрыйскага) спаборніцтва ў ХІХ стагоддзі ў рамках чэшскага раздзела асвятляецца “рассеяна”, без спецыяльнага структурнага вылучэння. Дарэчы, з пункту гледжання corpus planning чэшская мова зусім не менш падлягала ўплыву нямецкай мадэлі, чым польская і венгерская, што добра вядома і належным чынам адлюстравана ў літаратуры.

Параўнанні часам няпроста бывае зрабіць нават у тых выпадках, калі, як было ўказана вышэй, на такое параўнанне непасрэдна ўказвае загаловак. Так, кароткае чатырохстаронкавае венгерска-польскае параўнанне ў дзявятым раздзеле дае магчымасць зрабіць хіба пераважна толькі амбівалентныя высновы. Напрыклад, аўтар двойчы піша, маўляў, у Венгрыі і ў “Польшчы-Літве” ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. у сферы афіцыйнай мовы было “падобнае развіццё”; падобна да венграў, “польскалітоўскі natio імкнуўся да палітычнага адзінства ў культурнай супольнасці польскай мовы” (648, 649). Аднак статус польскай і венгерскай моў на пераломе XVIII–ХІХ ст. і іх суадносіны з іншымі мовамі, моўныя сітуацыі ў адпаведных рэгіёнах былі настолькі спецыфічнымі і абцяжаранымі рознымі нюансамі, што, бадай, даволі складана параўноўваць гэтыя сітуацыі з выкарыстаннем слоў тыпу падобна ці аналагічна. Так, польская мова ў Польшчы ўжо ў XVIII ст. паспяхова выцясняла лацінскую, а венгерскай давялося змагацца спачатку з лацінскай, а потым з нямецкай, такі працэс разгарнуўся пераважна ўжо ў ХІХ ст. У розных частках тэрыторыі сучаснай Польшчы ў канцы XVIII ст. польская мова па-рознаму страціла свой афіцыйны статус, у той час як у канцы XVIII ст. венгерская мова акурат стала такі статус набываць. Папраўдзе пры непасрэдным параўнанні нярэдка бывае даволі складана звесці ў адно цэлае ўсю разнастайнасць супастаўляных сітуацый, балазе аўтар заўсёды вельмі багата забяспечвае чытача рознымі фактамі.

Кнігай не заўсёды зручна карыстацца як навуковай крыніцай. Складаецца ўражанне, што прынамсі некаторыя з параграфаў асноўных частак уяўляюць сабой своеасаблівыя “рэфераты”-агляды прачытанай літаратуры, падрыхтаваныя з устаноўкай даць чытачу як мага большую колькасць фактаў. Не толькі асобныя параграфы, але нават і шматлікія канкрэтныя абзацы, бывае, даволі цяжка ўспрымаць, бо аўтар нярэдка, незалежна ад сюжэтнай лініі, “начыняе” іх, на нашу думку, празмерна багатай і стракатай інфармацыяй з вялікай колькасцю імёнаў, датаў і лічбаў. Частка гэтай інфармацыі часам мае толькі ўскоснае дачыненне да канкрэтнага параграфа ці абзаца або ўвогуле лішняя.

Аўтар гэтых радкоў не ўпэўнены, што ў кнізе трэба было падаваць падрабязную інфармацыю пра розныя слоўнікі розных моў, якія выходзілі ў розны час у розных краінах. Так, некаторыя лексікаграфічныя працы былі важнымі вехамі на шляху нацыянальнага будаўніцтва – але такімі былі далёка не ўсе з указаных у выданні. З прычыны своеасаблівай “некантраляванай” падачы ў кнізе разнастайнага матэрыялу, з якім давялося сутыкнуцца аўтару за доўгія гады работы над кнігай, часам бывае проста складана прасачыць за ходам аўтаравай думкі. Даследчык часам і сам не заўважае, пра што і як ён ужо напісаў, а пра што – яшчэ не. Кнізе яўна не пашкодзіла б рука ўважлівага рэдактара.

Найноўшай англамоўнай літаратуры ў кнізе аддадзены прыярытэт, што зразумела, калі мець на ўвазе месцы працы аўтара апошніх гадоў. Думаецца, аднак, што, прынамсі некаторыя “старыя” гістарычныя працы эпохі сацыялізму яшчэ не страцілі многіх сваіх прывабных вартасцяў. Некаторыя з аўтараў гэтых ранейшых прац зусім паспяхова адаптаваліся і ў нашым часе. Так, кідаецца ў вочы тое, што ў падручніку няма спасылак на некаторых вельмі вядомых польскіх і чэшскіх аўтараў тыпу  Г. Батоўскага (аўтара працы “Распад Аўстра-Венгрыі 1914–1918”), Г. Вэрэшыцкага (аўтара кнігі “Пад скіпетрам Гасбургаў” і інш.), В. Лазугі і І. Коржалкі (спецыялістаў у сферы нацыянальных адносін у позняй Габсбургскай манархіі), венгерскага спецыяліста ў справах Цэнтральнай Еўропы Ч. Дз. Кіша і інш.

На нашу думку, неверагодная шырыня ахопу матэрыялу не ва ўсіх выпадках ідзе кнізе на карысць. Як даследчыка-беларусіста, напрыклад, наяўнасць у кнізе, прысвечанай Цэнтральнай Еўропе, разваг пра “трасянку” мяне можа натхняць. Але дадзеная ў кнізе ацэнка “трасянкі» як крэольскай мовы не вытрымлівае навуковай крытыкі. Не быўшы спецыялістам у такой тонкай матэрыі, аўтар, відавочна, не меў магчымасці адрозніць сапраўды навуковыя веды ад уяўных. Не вылучаюцца дакладнасцю і некаторыя іншыя звесткі пра беларускую мову, напрыклад, сцверджанне пра тое, што ў 2006 г. А. Лукашэнка прапанаваў змены, скіраваныя на насычэнне “афіцыйнага савецкага правапісу” далейшымі русіфікацыйнымі элементамі (174). Развагам пра беларускую мову (тым больш такім неакуратным) у кнізе не абавязкова было даваць месца наогул. З іншага боку, некаторыя істотныя для праблематыкі кнігі сюжэты ў ёй закрануты толькі мімаходзь. Напрыклад, такая разнавіднасць чэшскай мовы як “кухонная чэшская” (ням. “Küchelböhmisch”, англ. “kitchen Czech”), мяркуючы па індэксе, згадваецца ў кнізе толькі аднойчы – ва ўступнай частцы пры апісанні чэшскай мовы ў XVII і XVIII ст. Між тым як мова-пасрэднік для камунікацыі паміж чэхамі і немцамі гэтая разнавіднасць бытавала яшчэ як мінімум да канца ХІХ ст. і была адным з элементаў чэшскай моўнай сітуацыі.

У цэлым кніга Т. Камусэлы пра моўную палітыку і нацыяналізм у краінах Цэнтральнай Еўропы ўяўляе сабой выдатнае дасягненне гістарычнай гуманістыкі і літаратуры ў галіне тэорыі нацый і нацыяналізму. Яна заслугоўвае ўважлівага прачытання шырокім колам спецыялістаў.

Мінск

Сяргей Запрудскі

Наверх

Тэгі: ,