БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Classics and Communism. Greek and Latin behind the Iron Curtain, eds. GYÖRGY KARSAI, GÁBOR KLANICZAY, DAVID MOVRIN and ELŻBIETA OLECHOWSKA. Ljubljana, Budapest, Warsaw: Ljubljana University Press, Faculty of Arts; Collegium Budapest Institute for Advanced Study, and the Faculty of “Artes Liberales”, University of Warsaw, 2013. 576 p. Classics and Class. Greek and Latin Classics and Communism at School, eds. DAVID MOVRIN and ELŻBIETA OLECHOWSKA. Warsaw, Ljubljana: Faculty of “Artes Liberales”, University of Warsaw; Ljubljana University Press, Faculty of Arts, 2016. 572 p.

У 2013 і 2016 г. у Будапешце, Варшаве і Любляне выйшлі два зборныя тамы артыкулаў, прысвечаных гісторыі класічнай філалогіі ў краінах савецкага блока. Гэтыя даследаванні – вынік гранта “Gnôthi seauton! Classics and Communism: The History of the Studies on Antiquity in the Context of the Local Classical Tradition in the Socialist Countries 1944/45–1989/90”, рэалізаванага праз Калегіум Будапешт у 2009–2010 г. пры ўдзеле вядучых навуковых асяродкаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Рэдактарамі зборнікаў сталі венгры класічны філолаг Дзьёрдзь Каршай і гісторык-медыявіст Габар Кланіцай, філолагікласікі са Славеніі і Польшчы Дэвід Моўрын і Альжбета Аляхоўская, якія заангажавалі выдатных прадстаўнікоў дысцыпліны з розных краін. Названыя зборнікі – выключныя паводле глабальнасці падыходу, шырыні геаграфічнага абсягу і сістэмнасці ў пастаноўцы пытанняў (да выдання рыхтуецца таксама трэці том, прысвечаны савецкай тэатральнай культуры, звязанай з антычнасцю). У геаграфічным плане зборнікі ахопліваюць многія краіны ўсходняга блока: Венгрыю, Чэхаславакію, Югаславію (Славенію, Сербію, Боснію і Герцагавіну, Харватыю), Польшчу, ГДР, Балгарыю, Румынію; Савецкі Саюз (РСФСР, Літву, Украіну); камуністычныя колы Вялікабрытаніі, а таксама апісваюць трансатлантычныя сувязі. Хоць ні ў адным з гэтых тамоў не прадстаўлена непасрэдна Беларусь (што звязана, напэўна, з адсутнасцю выкладання класічнай філалогіі ў БССР на ўніверсітэцкім узроўні), аднак наяўныя звесткі падаюцца вельмі важнымі для асэнсавання кантэксту, у якім існавала рэспубліка, а таксама даюць інфармацыю пра ўстановы, дзе вучыліся і нашы суайчыннікі. “Classics and Communism” прысвечана лёсам філолагаў-класікаў, “Classics and Class” накіравана на асвятленне гісторыі класічнай адукацыі, закранаюцца праблемы яе развіцця ў сучасным свеце, апісваюцца філолагі і настаўнікі. Артыкулы напісаны на англійскай мове, хоць даклад знакамітага неалацініста Вільфрэда Штроха гучаў на канферэнцыі ў Любляне ў 2013 г. на лаціне (“Classics and Class”: 113).

Праблема лёсу класічнай філалогіі і асобаў, з ёю звязаных, пачала прыцягваць увагу даследчыкаў адразу пасля распаду Савецкага Саюза, а навукоўцы ў першую чаргу прыкладалі намаганні для рэабілітацыі і асвятлення імёнаў, забытых у савецкі перыяд [1]. Важнасць даследавання гісторыі менавіта гэтай дысцыпліны абумоўлена яе выключным становішчам у Еўропе ХІХ – пачатку ХХ ст. і яе амаль поўным знікненнем ва Усходняй Еўропе адразу пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, сто гадоў таму. Тое ж тычыцца і Беларусі, дзе вывучэнне старажытных моў стала падмуркам школьнай адукацыі яшчэ ў XVI ст. з узнікненнем езуіцкіх калегіумаў, было пашырана ў гімназіях у часы Расійскай імперыі, працягвала функцыянаваць у Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд. Аднак у Савецкай Беларусі выкладанне класічнай філалогіі на ўніверсітэцкім узроўні спынілася – у СССР яно захавалася толькі ў Маскве, Ленінградзе, Львове, Вільнюсе і ў пэўны перыяд у Тбілісі. Тым не менш гісторыя Старажытнага свету выкладалася на ўсіх гістарычных факультэтах, рабіліся пераклады старажытных аўтараў на беларускую мову, выпускнікоў класічных аддзяленняў накіроўвалі на працу ў БССР, працягваліся даследаванні і ў нашай рэспубліцы. Пра разуменне важнасці антычнай старажытнасці для Беларусі сведчыць хоць бы праца Браніслава Тарашкевіча над перакладам “Іліяды” і звесткі пра тое, што ён здолеў скончыць поўны пераклад у вязніцы ў Бронках [2]. Таму лёс беларускай класічнай філалогіі яшчэ патрабуе дакладнага і падрабязнага даследавання, а разгляданыя тамы могуць быць падставай для пачатку гэтай працы.

“Classics and Communism” акрамя ўласна класічных філолагаў разглядае грамадскіх і навуковых дзеячоў, звязаных з класікай часткова, але важных з гістарычнага пункту гледжання – напрыклад, Ёзаф Мурал піша пра вядомага чэшскага філосафа, аднаго са спікераў Хартыі’77, Яна Патачку (107–128).

Як трапна заўважыла Ніна Брагінская ў “Classics and Class”, апісанне лёсу вучоных са свайго навуковага асяроддзя, “у адрозненне ад паэтаў і мастакоў, часта непасрэдна базуецца на агіяграфіях”, і яны падаюцца ў выглядзе мучанікаў і святых (41). Датычыць гэта і многіх артыкулаў аналізаваных тамоў. З іншага ж боку, такое апісанне дае магчымасць паказаць асобу настаўніка, дарагога для аўтараў даследавання, з той перспектывы, з якой гэтую асобу маглі бачыць толькі блізкія вучні. Так, Ежы Аксер знаёміць са сваім мэтрам Казімежам Куманецкім, прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта (“Classics and Communism”: 187–212), і Стэфаніяй Святлоўскай, настаўніцай лацінскай і грэчаскай моў у гімназіі Тадэвуша Рэйтана (“Classics and Class”: 329–336); Аляксандр Гаўрылаў – з вядомым маскоўскім неалаціністам Якавам Бароўскім (“Classics and Communism”: 19–36); пра знакамітага венгерскага рэлігіязнаўцу Кароя Керэньі піша яго дачка, класічны філолаг, Карнэлія Іслер-Керэньі (“Classics and Communism”: 45–54). Важную працу ў другім томе правёў Уладзімір Файер, які распытаў многіх сучасных філолагаў пра іх настаўнікаў і склаў архіў інтэрв’ю (“Classics and Class”: 65–74).

Важна таксама, што ў артыкулах ёсць інфармацыя пра асобаў іншага кшталту. Напрыклад, Дзьёрдзь Каршай апісвае Янаша Шаркады, які быў агентам дзяржбяспекі пад імем Вільмаса Шарандзі (“Classics and Communism”: 71 [3]–106). Альжбета Аляхоўская апавядае пра “беспартыйнага марксіста” Браніслава Біліньскага і яго кар’ерны ўздым, на вяршыні якога ён, аднак, здолеў зрабіць шмат карыснага для калег (“Classics and Communism”: 213–236). Здаецца, аўтары імкнуліся паказаць падобныя постаці без пагарды, акцэнтуючы тое, наколькі паламаным было жыццё асоб праз абставіны, у якіх яны апынуліся і з якімі не мелі сіл справіцца.

Агульны тон артыкулаў падкрэслівае, што савецкая сістэма была знішчальнай і неспрыяльнай стыхіяй, якая руйнавала звычайны ход жыцця чалавека і навуковай дысцыпліны. Тут хочацца заўважыць, што класічная філалогія перажывала крызіс функцыянавання ў ХХ ст. ва ўсім свеце, незалежна ад ступені дэмакратычнасці краін і выбранай ідэалогіі, гэта згадваюць і некаторыя даследчыкі ў названых выданнях. Працытуем Любара Кісучана: “Па праўдзе, гэтае павольнае выкараненне класікі ў 70-я і 80-я [у Чэхіі] было выклікана больш тэхнакратычным спосабам мыслення, чым камуністычнай ідэалогіяй, і ішло за трэндам, які не быў абмежаваны камуністычнымі дзяржавамі ўсходняга блока” (“Classics and Class”: 110). Быць можа, нават існаванне класічнай філалогіі ў a priori складаных варунках забяспечыла яе выжыванне, бо вучоныя ясна разумелі блізкую небяспеку і рабілі ўсё, каб яе адцясніць.

Для беларускага чытача найбольш карыснымі, напэўна, будуць артыкулы, прысвечаныя савецкім рэспублікам і Польшчы, бо яны закранаюць асобаў, часта звязаных з Беларуссю ці беларускімі вучонымі. Згадваюцца, напрыклад, Браніслава Віц-Маргулес (“Classics and Class”: 90) і Сяргей Шарыпкін (“Classics and Class”: 80, 96–97), якія выкладалі і ўдзельнічалі ў арганізацыі спецыялізацыі “Класічная філалогія” ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў 1994 г. Апісанне адукацыі ў міжваеннай Польшчы непасрэдна закранае Заходнюю Беларусь (“Classics and Class”: 213–228). З іншага боку, перспектыва Балгарыі, Румыніі ці Венгрыі паказвае падобнасць і ўзаемазалежнасць адукацыйнай палітыкі ў краінах савецкага блока, уплыў важных палітычных падзей на іншыя краіны ці падабенства ў разуменні “марксісцкай» антычнасці (“Classics and Class”: 158–160). Аднак перш за ўсё біяграфічны падыход – ён пераважае ў большасці артыкулаў – паказвае чалавека ў яго змаганні за ўласныя мары ці выжыванне ў складаных умовах, што не залежыць ад нацыянальнасці, мовы, рэлігіі ці блізкасці да цэнтра савецкага свету.

Зборнікі змяшчаюць таксама багаты ілюстрацыйны матэрыял, які звычайна ўключае фота асобаў, пра якіх ідзе гаворка, копіі дакументаў, фотаздымкі будынкаў гімназій і ўніверсітэтаў. Апошні артыкул другога тома прысвечаны Марыю Прэгелю, славенскаму мастаку, аўтару ілюстрацый да “Іліяды” і “Адысеі” Гамера. Юрэ Мікуж, аўтар артыкула, да цікавага аналізу твораў далучыў багаты візуальны матэрыял, змясціўшы рэпрадукцыі ілюстрацый і малюнкаў, якія яшчэ больш наблізілі мастака да чытача. У трэцім томе, які рыхтуецца да выдання, плануецца таксама артыкул пра антычнасць у беларускім тэатры 1920-х гадоў – БДТ-1 і БДТ-2.

Варшава – Горадня

Ганна Паўлоўская


[1] Напрыклад: Коржева К. П “Наша античность” в понимании А. И. Пиотровского // Античность и общечеловеческие ценности: сб. тезисов докладов, сообщений и методических рекомендаций членов казахстанской группы Всесоюзной ассоциации антиковедов. Вып. 1. Алма-Ата, 1990. С. 23–30.
[2] Тэкст поўнага перакладу дагэтуль не знойдзены. Пераклады фрагментаў першай песні надрукаваны ў “Беларускім звоне» яшчэ ў 1922 г. (за 11 і 25 сакавіка). Пераклад 22-й песні змешчаны ў часопісе “Полымя рэвалюцыі” ў 1935 г. (№ 3). Пар.: Тарашкевіч Б. Выбранае: Крытыка, публіцыстыка, пераклады / укл., уступ, камент. А. Ліса. Мінск, 1991.
[3] У змесце памылкова пададзена, што артыкул пачынаецца на с. 61 (Classics and Communism, vi).

Тэгі: , ,