KOLENOVSKÁ, DANIELA; PLAVEC, MICHAL. Běloruská emigrace v meziválečném Československu: Studie a dokumenty. Sociopolitický aspekt. Praha, 2017. 287 s.
Напрыканцы 2017 г. у выдавецтве Карлавага ўніверсітэта ў Празе выйшла калектыўная манаграфія Даніэлы Каленоўскай і Міхала Плавеца пад назвай “Беларуская эміграцыя ў міжваеннай Чэхаславакіі: Даследаванні і дакументы. Сацыяпалітычны аспект”.
Чэшскія навукоўцы і раней выяўлялі цікавасць да розных аспектаў беларускай прысутнасці ў міжваеннай Чэхаславакіі [1]. Асобнай увагі заслугоўваюць грунтоўныя артыкулы Д. Каленоўскай [2] і М. Плавеца [3], напісаныя перадусім на чэшскім архіўным матэрыяле. Акрамя таго, агульны агляд дзейнасці беларускай палітычнай эміграцыі ў Чэхаславакіі ў 1920–1940-я гады быў зроблены ў кнігах па гісторыі Беларусі, якія выйшлі па-чэшску [4].
Варта адзначыць, што ў чэшскай гістарыяграфіі склалася значная традыцыя вывучэння рускай і ўкраінскай эміграцыі ў міжваеннай Чэхаславакіі. Па гэтай тэме існуе вялікі даробак у выглядзе шэрагу канферэнцый, манаграфій, артыкулаў і зборнікаў дакументаў. Можна нават гаварыць пра дастатковую вывучанасць гэтай тэмы. Да беларускай жа эміграцыі ў міжваеннай Чэхаславакіі ў чэшскіх вучоных, як было паказана вышэй, інтарэс невялікі. Артыкулы па гэтай тэме публікуюцца зрэдку. Таму выхад у свет калектыўнай манаграфіі Д. Каленоўскай і М. Плавеца трэба лічыць сапраўды важнай падзеяй у чэшскай беларусістыцы і этапнай з’явай у даследаванні беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі паміж дзвюма сусветнымі войнамі.
Трэба адзначыць, што некаторыя беларускія даследчыкі ўжо паспрабавалі асэнсаваць падрыхтаванае Д. Каленоўскай і М. Плавецам выданне. У красавіку 2018 г. літаратуразнаўца М. Трус апублікаваў рэцэнзію на гэтую манаграфію [5].
Кніга Д. Каленоўскай і М. Плавеца складаецца з трох частак. Першыя дзве – гэта артыкулы ўкладальнікаў выдання, трэцяя – публікацыя дакументаў з чэшскіх архіўных сховішчаў. Пасля дакументальнай часткі ў якасці дадаткаў прыведзены формы (беларуская, чэшская таго часу, англійская, польская) напісання прозвішчаў і імён беларусаў, якія згадваюцца ў кнізе (236–240), выбраная бібліяграфія (241–242), іменны паказальнік з кароткімі звесткамі пра асоб (243–268), паказальнік геаграфічных назваў (269–272), фотаздымкі (274–287). Навуковымі рэцэнзентамі выдання выступілі доктар гісторыі Алена Маркава і магістр Францішка Сокалава.
Манаграфія пачынаецца з матэрыялу Д. Каленоўскай, які мае назву “Праект незалежнай Беларусі і міжваенная Чэхаславакія” (15–69) [6]. Артыкул складаецца з наступных частак: 1) міжнародныя ўзаемасувязі, 2) пазіцыя Чэхаславакіі, 3) беларусы ў Празе, 4) беларусы ў Чэхаславакіі пасля абвяшчэння беларусізацыі, 5) заняпад, 6) заключэнне.
Аўтар пачынае разгляд праблемы з агляду крыніц і гістарыяграфіі пытання. Наступная частка тэксту Д. Каленоўскай прысвечана развіццю беларускага нацыянальнага руху з канца ХІХ ст. да 1923 г. У цэнтры ўвагі аўтара знаходзіцца ў першую чаргу дзейнасць структур Беларускай Народнай Рэспублікі. Далей аўтар разбірае пазіцыю лідараў Чэхаславакіі (у прыватнасці, прэзідэнта Т. Г. Масарыка і міністра замежных спраў Э. Бенеша) адносна рэалізацыі беларускай дзяржаўнасці ў форме БНР. Тут Д. Каленоўска вельмі падрабязна аналізуе сустрэчу А. Луцкевіча з Т. Г. Масарыкам у красавіку 1919 г., апісвае арганізацыйнае афармленне беларусаў у Чэхаславакіі, спробы стварэння беларускіх вайсковых фармаванняў на тэрыторыі ЧСР.
Пішучы пра беларусаў у Празе, Д. Каленоўска закранае такія праблемы, як колькасць беларусаў у міжваеннай ЧСР; палітычныя погляды беларускіх эмігрантаў; стварэнне Беларускай грамады ў Празе і змест яе дзейнасці (атрыманне стыпендый, арганізацыя пераезду, уладкаванне студэнтаў, кантроль за навучальным працэсам і інш.); выданне часопісаў “Беларускі студэнт” і “Перавясла”; развіццё сакольскага руху сярод беларускіх студэнтаў у ЧСР; разглядае беларускую праблематыку на старонках чэхаславацкага друку; аналізуе анкетаванне cярод студэнтаў-эмігрантаў, праведзенае Чэхаславацкім чырвоным крыжам у 1924 г.; прасочвае працэс стварэння Беларускай рады ў Празе і Крывіцкага (Беларускага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны ў Празе, Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый; вызначае ўплыў Берлінскай канферэнцыі на беларускую Прагу.
Наступная частка тэксту Д. Каленоўскай, якая храналагічна адносіцца да другой паловы 1920-х г., мае назву “Беларусы ў ЧСР пасля абвяшчэння беларусізацыі”. У гэтай частцы разглядаюцца такія сюжэты, як выданне часопіса “Замежная Беларусь” і палітычныя погляды П. Крэчэўскага; дзейнасць беларуска-ўкраінскіх арганізацый у ЧСР; стварэнне і дзейнасць Саюза студэнтаў – грамадзян БССР; праца А. Чэрнага, З. Нэедлага і Я. Ляцкага па папулярызацыі беларускай культуры ў ЧСР; вывучэнне Беларусі ў пражскім Нямецкім універсітэце; дзейнасць беларускай дыяспары ў кірунку папулярызацыі беларускай культуры ў ЧСР; беларусы ў Сацыялістычнай Лізе Новага Усходу; акадэмічныя дасягненні беларускіх студэнтаў; пражскі перыяд жыцця дзеяча беларускай эміграцыі І. Ермачэнкі.
Аўтар таксама звяртае ўвагу на дзейнасць чэхаславацкіх беларусаў у 1930-я г. Д. Каленоўска паказвае, як паўплывала на становішча беларусаў у ЧСР савецка-чэхаславацкае збліжэнне. Акрамя таго, значная ўвага аддаецца аналізу ідэалагічнай пераарыентацыі і развіццю пранямецкіх настрояў сярод часткі беларускіх эмігрантаў у ЧСР у другой палове 1930-х г. Завяршаецца артыкул тэзісам пра “непаспяховасць чэхаславацкай часткі беларускага эміграцыйнага праекта” (69).
У матэрыяле М. Плавеца “Беларусы ў Чэхіі і Маравіі і чэхаславацкая палітыка ў 1921–1946 г.” [7] (70–109) можна вылучыць чатыры часткі: 1) беларускія арганізацыі ў Першай рэспубліцы; 2) беларускае пытанне ў чэхаславацкім парламенце; 3) беларускае пытанне на перамовах пра стварэнне чэхаславацка-польскай федэрацыі пад час Другой сусветнай вайны; 4) беларусы ў Пратэктараце Чэхіі і Маравіі.
Характарызуючы дзейнасць беларускіх арганізацый у Першай рэспубліцы, М. Плавец абмяжоўваецца згадкамі толькі пра чатыры арганізацыі: Беларускую грамаду ў Празе, Беларускую раду ў Празе, Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Саюз студэнтаў маларосаў і беларусаў “Адзінства рускай культуры”. Далей аўтар высвятляе, якое месца займала “беларускае пытанне” ў палітычным жыцці Чэхаславакіі і як часта яно гучала ў чэхаславацкім парламенце. М. Плавец прыводзіць вялікую цытату з выступлення Э. Бенеша перад чэхаславацкімі дэпутатамі ў кастрычніку 1919 г., дзе міністр замежных спраў ЧСР адназначна выказваўся за “адбудову вялікай, дэмакратычнай і канфедэратыўнай Расіі” (76). Акрамя таго, аўтар паказвае, як апазіцыйныя камуністычныя і судэтанямецкія дэпутаты і сенатары чэхаславацкага парламента, крытыкуючы кампрамісную афіцыйную пазіцыю Прагі ў адносінах да Варшавы, у сваіх выступленнях распавядалі пра асіміляцыйную палітыку палякаў у адносінах да беларусаў у Польшчы.
Наступны цікавы сюжэт, які падрабязна разглядае М. Плавец, прысвечаны разгляду “беларускага пытання» (у першую чаргу беларуска-польскай мяжы) на чэхаславацка-польскіх і чэхаславацка-савецкіх перамовах пад час Другой сусветнай вайны. Далей чэшскі даследчык падрабязна характарызуе дзейнасць беларусаў у Пратэктараце Чэхіі і Маравіі. Тут М. Плавец аналізуе ініцыятывы І. Ермачэнкі, В. Захаркі і іншых пражскіх беларусаў у кантэксце агульнага супрацоўніцтва беларускіх эмігрантаў з нацысцкай Германіяй у час Другой сусветнай вайны, раскрывае пытанні, звязаныя з дзейнасцю некаторых беларускіх пранямецкіх ваенных фармаванняў на тэрыторыі Чэхіі ў красавіку і траўні 1945 г., а таксама з падрыхтоўкай членаў Саюза беларускай моладзі ў Апаве (Opava) і Хэбе (Cheb) у якасці памочнікаў Люфтваффэ і СС. Завяршае свой тэкст М. Плавец абазначэннем вельмі важнай праблемы, а менавіта супрацоўніцтва некаторых чэхаславацкіх беларусаў у пасляваенны час з органамі дзяржаўнай бяспекі ЧСР.
Бачыцца, што найбольшую цікавасць для беларускіх даследчыкаў гэтай тэмы ўяўляе трэцяя, самая вялікая частка манаграфіі (110–235). Гэта 89 дакументаў з чэшскіх архіваў. Большая частка апублікаваных матэрыялаў упершыню ўводзіцца ў навуковы зварот. Пададзены дакументы з архіва Акадэміі навук Чэшскай рэспублікі, архіва горада Прагі, архіва Канцылярыі прэзідэнта рэспублікі, архіва Міністэрства замежных спраў Чэшскай рэспублікі, архіва інстытута Т. Г. Масарыка Акадэміі навук Чэшскай рэспублікі, архіва Карлавага ўніверсітэта ў Празе, Нацыянальнага архіва Чэшскай рэспублікі, Літаратурнага архіва Музея нацыянальнага пісьменства.
Такім чынам, укладальнікі выдання правялі грунтоўную эўрыстычную працу ў 8 чэшскіх архівах і выявілі цэлы шэраг дакументаў, якія маюць дачыненне да прысутнасці беларусаў у Чэхаславакіі ў першай палове ХХ ст.
Самы ранні з апублікаваных дакументаў датуецца 22 студзеня 1919 г., апошні – 4 лістапада 1950 г. Усе дакументы публікуюцца на чэшскай мове (калі арыгінал паруску ці па-французску, то ён друкуецца ў перакладзе на чэшскую мову) у храналагічнай паслядоўнасці. Семдзесят шэсць апублікаваных дакументаў ахопліваюць перыяд з 1919 да 1930 г., дзевяць дакументаў адносяцца да 1931–1945 г., а тры дакументы датуюцца 1950-м годам.
У зборнік трапілі дакументы, складзеныя беларускімі палітыкамі (А. Луцкевічам, П. Крэчэўскім, М. Вяршыніным і інш.) і беларускімі арганізацыямі ў ЧСР (Беларускай грамадой у Празе, Беларускай радай у Празе, Аб’яднаннем беларускіх студэнцкіх арганізацый і інш.), а таксама чэхаславацкімі палітыкамі (Т. Г. Масарыкам, У. Радзімскім і інш.) і арганізацыямі (Пражскім паліцэйскім упраўленнем, Краёвым палітычным упраўленнем Прагі, Міністэрствам унутраных спраў ЧСР і інш.).
Змешчаныя дакументы адлюстроўваюць розныя аспекты дзейнасці беларусаў у Чэхаславакіі: рэгістрацыя беларускіх арганізацый і ўстаноў (у прыватнасці, надрукаваны статуты Беларускай грамады ў Празе, Беларускай Рады ў Празе, Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый, Саюза студэнтаў маларосаў і беларусаў “Адзінства рускай культуры”); арганізацыі пераезду беларускай моладзі на навучанне ў ЧСР (перапіска паміж МЗС ЧСР і старшынёй Беларускай грамады ў Празе М. Вяршыніным па гэтым пытанні); здабыццё стыпендый для беларусаў і просьбы ў фінансаванні беларускіх арганізацый і ўстаноў (напрыклад, зварот рэдакцыі часопіса “Беларускі студэнт” аб выдзяленні сродкаў на друк у МЗС ЧСР; просьбы М. Вяршыніна аб наданні стыпендый беларусам, якія прыехалі ў Прагу нелегальна); палітычнае жыццё беларускіх эмігрантаў вачыма чэхаславацкіх органаў нагляду (у зборніку надрукаваны паліцэйскія справаздачы з паседжанняў розных беларускіх арганізацый у Празе); беларуска-чэхаславацкія навуковыя кантакты (напрыклад, лісты беларусаў М. Вяршыніна, М. Ільяшэвіча, А. Луцкевіча, Ф. Грышкевіча рэдактару часопіса “Slovanský přhled” А. Чэрнаму) і інш.
На нашу думку, акрамя іншага, беларускіх даследчыкаў павінны зацікавіць наступныя матэрыялы дакументальнай часткі манаграфіі: погляд Т. Г. Масарыка на беларускае пытанне пад час Парыжскай мірнай канферэнцыі, які ён сфармуляваў пасля сустрэчы ў Празе 29 красавіка 1919 г. са старшынёй Рады БНР А. Луцкевічам (дакумент № 2); звароты беларускай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі да чэхаславацкай дэлегацыі з просьбай аб падтрымцы будавання агульнага заходняга антыбальшавіцкага фронту і стварэння на тэрыторыі ЧСР беларускіх нацыянальных вайсковых фармаванняў з ліку ваеннапалонных беларусаў (дакументы №№ 3, 4, 6, 7); паліцэйская справаздача і іншыя дакументы пра працу Беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі, якая адбылася 26–29 верасня 1921 г. у Празе (дакументы №№ 14, 16, 17); пераход сямі “беларускіх стыпендыятаў” з Чэшска-ўкраінскага камітэта па аказанні дапамогі ўкраінскім і беларускім студэнтам у Камітэт па забеспячэнні адукацыі рускіх студэнтаў у ЧСР у 1922 г. (дакументы №№ 25, 26, 27); лісты працаўнікоў прадстаўніцтва ЧСР у Польшчы ў МЗС ЧСР з інфармацыяй пра дзейнасць беларускіх арганізацый у Польшчы (дакументы №№ 9, 10, 13, 37, 81); спіс удзельнікаў беларускай дэлегацыі з ЧСР, якія павінны былі прыняць удзел у Берлінскай беларускай канферэнцыі 1925 г. (дакумент № 53); інфармацыя пра стан Беларускага загранічнага архіва ў Празе (дакументы №№ 84, 85, 86).
Разам з тым хацелася б зрабіць і некаторыя заўвагі да манаграфіі Д. Каленоўскай і М. Плавеца, якія, аднак, не ўплываюць на безумоўна станоўчае агульнае ўражанне ад прачытанага.
У тэксце Д. Каленоўскай сустракаюцца факталагічныя памылкі. Так, у лістападзе 1927 г. старшынёй Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый быў выбраны не А. Клімовіч (46), а В. Лаўскі. Крывіцкае (Беларускае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны не мела адносін да выдання зборніка “Замежная Беларусь” (50). Прасавецкія беларускія студэнты арганізавалі Саюз студэнтаў – грамадзян БССР не ў лістападзе 1926 г. (52), а раней, яшчэ вясной 1925 г. як філіял Саюза студэнтаў – грамадзян УССР. Афіцыйна ж чэхаславацкія ўлады статут Саюза студэнтаў – грамадзян БССР зацвердзілі 23 чэрвеня 1926 г. Д. Каленоўска памылкова напісала Яўген (52), а не Яўхім Карскі. Я. Станкевіч не выкладаў беларусазнаўства ва Украінскім вышэйшым педагагічным інстытуце імя М. Драгаманава (56) (пра гэта толькі вяліся перамовы). М. Ільяшэвіч памёр у 1934 г., а ў кнізе гаворыцца, што ён пасля вайны быў арыштаваны савецкімі органамі ў Чэхаславакіі (66). Другі Усебеларускі з’езд у акупаваным нацыстаміМінску адбыўся не ў 1943 (67), а ў 1944 г.
Даніэла Каленоўска лічыць, што беларускія пражскія арганізацыі часткова капіявалі багатую палітычную палітру рускіх і ўкраінскіх эмігранцкіх арганізацый (50). На нашу думку, палітыка-ідэалагічны падзел сярод чэхаславацкіх беларусаў адпавядаў хутчэй палітычнай палітры беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.
Сярод супольных беларуска-ўкраінскіх арганізацый у тэксце Д. Каленоўскай не былі згаданы арганізацыя моладзі сацыялістычных поглядаў “Вольная грамада» (прадстаўнік беларускага боку ў арганізацыі – група эсэраў на чале з Т. Грыбам) і Украінска-беларускі саюз у Браціславе. Акрамя таго, Д. Каленоўска літаральна пару сказаў напісала пра Аб’яднанне беларускіх паступовых студэнтаў, а ў 1923 – першай палове 1924 г. гэта была вельмі ўплывовая арганізацыя і асноўны палітычны апанент Беларускага сялянскага саюза ў Празе. Тое самае адносіцца і да Беларускага навуковага кабінета ў Празе і Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый. Пра іх дзейнасць сказана занадта мала. Незразумела, чаму Д. Каленоўска, распавядаючы пра дзейнасць прасавецкіх беларускіх студэнтаў у Празе, прааналізавала змест часопіса “Наш прамень”, але не згадала часопіс “Прамень”, які выдалі годам раней гэтыя самыя студэнты.
Асноўнай крыніцай для напісання тэксту Д. Каленоўскай сталі ў першую чаргу дакументы з чэшскіх архіваў, а таксама кніжныя і дакументальныя зборы Славянскай бібліятэкі ў Празе. У гэтым, з аднаго боку, вялікая вартасць і значнасць працы Д. Каленоўскай, а з іншага – і крыніца недахопаў, названых вышэй, бо для максімальна поўнага раскрыцця тэмы неабходна таксама і выкарыстанне матэрыялаў з беларускіх (Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва), літоўскіх (Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Літвы) і расійскіх архіваў (Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі). Да таго ж, важная крыніца па разгляданай тэме – віленскія беларускія перыядычныя выданні 1920–1930-х гадоў.
Што тычыцца метадалагічных недахопаў, то ў гэтым плане Д. Каленоўска, разглядаючы беларускую дыяспару ў Чэхаславакіі, параўноўвае яе дзейнасць з рускай і ўкраінскай, робячы акцэнт на антысавецкіх ініцыятывах чэхаславацкіх беларусаў. На нашу думку, гэта не зусім правільна, бо крыніца фармавання беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі карэнным чынам адрознівалася ад рускай. У Прагу ехала пераважна моладзь з Заходняй Беларусі. Тыя беларускія юнакі і дзяўчаты, якія не мелі магчымасці трапіць у польскія ВНУ, і склалі нацыянальна актыўнае ядро беларускай дыяспары ў ЧСР, для якой у 1920‑я г. была характэрна ў першую чаргу антыпольскасць, а ўжо пасля антысавецкасць (якая напоўніцу праявілася толькі ў 1930-я г.). Такім чынам, аналізуючы дзейнасць чэхаславацкіх беларусаў у 1920-я г., немагчыма пакінуць па-за ўвагай іх антыпольскія ініцыятывы.
У тэксце М. Плавеца, які называецца “Беларусы ў Чэхіі .іМаравіі . чэхаславацкая палітыка ў 1921–1946 г.”, непасрэдна дзейнасці беларускіх арганізацый у ЧСР у 1920–1930-я г. прысвечана толькі 5 старонак з 40-старонкавага тэксту. Напэўна, аўтар не хацеў, каб ягоная інфармацыя перагукалася з тэкстам Д. Каленоўскай. На іншых 12 старонках свайго матэрыялу М. Плавэц распавядае пра тое, як пад час Другой сусветнай вайны чэхаславацкі эміграцыйны ўрад, ведучы перамовы з палякамі і СССР, ставіўся да праблемы вызначэння беларуска-польскай мяжы і прыналежнасці беларускіх тэрыторый, што паводле Рыжскага міру 1921 г. былі перададзены Польшчы. Тэма, безумоўна, вельмі цікавая, але, на нашу думку, яна не зусім упісваецца ў агульную праблематыку манаграфіі. Пэўны недахоп аповеду М. Плавеца пра беларусаў у Пратэктараце Чэхіі і Маравіі – абмежаванасць выкарыстанай крыніцазнаўчай базы. Для максімальна поўнага і глыбокага разумення тых працэсаў, якія адбываліся сярод чэхаславацкіх беларусаў пасля Мюнхенскай змовы (верасень 1938 г.), патрэбны грунтоўны аналіз захаваных і расцярушаных па розных краінах крыніц, а менавіта фондаў Нацыянальнага архіва Чэшскай Рэспублікі (на дакументы гэтага архіва М. Плавец спасылаецца), Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (№ 908 – асабісты фонд І. Ермачэнкі) і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі (№ Р5875 – асабісты фонд І. Ермачэнкі) [8].
Нягледзячы на тое, што калектыўная манаграфія Д. Каленоўскай і М. Плавеца напісана па-чэшску і адрасавана перадусім чэшскаму чытачу, хочацца верыць, што яна не застанецца па-за ўвагай беларускіх даследчыкаў. Дакументы, упершыню ўведзеныя ў навуковы зварот у гэтым выданні, павінны быць прааналізаваны айчыннымі гісторыкамі. Гэта дазволіць па-іншаму паглядзець на некаторыя аспекты дзейнасці не толькі беларускай дыяспары ў міжваеннай Чэхаславакіі, але і беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ ст.
Мінск
Андрэй Буча
[1] Сокалава Ф. Ларыса Геніюш і Прага: некалькі штрыхоў да гісторыі беларускай эміграцыі ў Чэхіі // Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый: матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый”, Мінск, 21–25 мая, 4–7 снежня 2000 г. / уклад. Т. Пятровіч; рэд. кал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) [і інш]. Мінск, 2001. С. 285–291; Sokolová F. Z memoárů Larysy Henijuš // Kde je domov: sborník k životnimu jubileu Raisy Machatkové. Praha, 2002. S. 215–217; Vacek J. Běloruské kulturní stopy zanechané v českem prostředí v první poloviné 20. Století // České vědomi Bělarusi / Věra Lenděrová (ed.), Jiří Marvan (ed.), Michal Vašíček. Praha, 2013. S. 122–127; Kolenovská D. Ceske snahi o porozumeni Beloruska mezi vědou a politikou // Sbornik Narodniho muzea v Praze. Rada – Historie. 2015. 69 (1-2). S. 25–31.
[2] Kolenovská D. Běloruská emigrace v Československu (1918–1939) // Soudobé dějiny. 2007. № 1. S. 78–93.
[3] Plavec M. Opatrné přešlapování: první kontakty československé a běloruské vlády 1918–1925 // Cesty k národnímu obrození: běloruský a český model: sborník přispěvkú z konference konané 4.–6.7.2006 v Praze / ed. A. Ivanova, J. Tuček. Praha, 2006. S. 361–372.
[4] Řezník M. Bělorusko. Praha, 2003; Plavec M. Česko-běloruské vztahy od dob nejstarších až po současnost // Dějiny Běloruska /Hienadź Sahanovič, Zachar Šybieka, Praha, 2006. S. 224–242.
[5] Трус М. Беларускія таямніцы чэшскіх архіваў // Полымя. 2018. № 4. С. 122–127.
[6] Гэты артыкул – дапрацаваная версія артыкула Д. Каленоўскай “Běloruská emigrace v Československu (1918–1939)”, надрукаванага ў 2007 г. у часопісе “Soudobé dějiny”.
[7] Гэты артыкул – дапрацаваная версія артыкула М. Плавеца “Opatrné přešlapování: první kontakty československé a běloruské vlády 1918–1925”, надрукаванага ў зборніку дакладаў “Cesty k národnímu obrození: běloruský a český model” па выніках канферэнцыі, якая ладзілася ў Празе ў 2006 г.
[8] У асабістым фондзе І. Ермачэнкі, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі, вялікую вартасць для даследавання дадзенай тэмы ўяўляюць матэрыялы спраў 11, 21, 27 і 31. М. Плавец у сваім тэксце спасылаецца толькі на справу № 27 названага фонду. Да гэтага часу па-за ўвагай даследчыкаў застаюцца матэрыялы справы № 31, у якой захоўваюцца заявы беларускіх эмігрантаў аб уступленні ў шэрагі Беларускага камітэта самапомачы ў Празе.