БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

СТУРЕЙКО, СТЕПАН. Беспокойные камни. 9 эссе о новом измерении архитектурного наследия. Гродно: “ЮрСаПринт”, 2017. 288 с.


Новая кніга Сцяпана Стурэйкі, культурнага антраполага і доктара гуманітарных навук у галіне этналогіі, выкладчыка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а сёння яшчэ і старшыні Беларускага камітэта ІКАМОС, прысвечана, як бачым, “турботным камяням”. Пра што ўвогуле ідзе гаворка? Што гэта за камяні, з якімі так шмат турбот: у дзяржавы, у навукоўцаў з розных гуманітарных сфер, у грамадскіх актывістаў і проста ў звычайных грамадзян? І яны не толькі турботныя, яны канфліктагенныя –вакол іх час ад часу ўзнікаюць канфлікты: экспертаў з дзяржавай, грамадскіх актывістаў з тымі ды іншымі, і г. д.

Аўтар такім чынам уяўляе сабе спадчыну, дакладней архітэктурную спадчыну, а мэта гэтай публікацыі –“показать и отрефлексировать феномен наследования и всех производных от него”. Пры гэтым у яго няма жадання “просто описывать или критиковать текущие процессы. Скорее, их хотелось бы взломать, вывести на повестку дня новое социальное измерение наследия” (5). Даволіамбіцыйная задача, улічваючы, што перад намі толькі кніга эсэ, аднак, трэба думаць, з прэтэнзіяй на крытычны аналіз.

У любым выпадку аўтар хоча правакаваць, выклікаць дыскусію, і трэба сказаць, яму гэта ўдалося. Прынамсі, дыскусіі час ад часу ўзнікаюць калі не вакол самой кнігі, то вакол выказванняў спадара Стурэйкі ў рэчышчы дадзенага даследавання ў сродках масавай інфармацыі і сацсетках.

Каму адрасавана гэтае выданне? Відаць, усё тым жа экспертам, чыноўнікам, грамадскім актывістам, якія або прафесійна, або з прычыны іх грамадскага і інтэлектуальнага інтарэсу займаюцца аховай культурнай спадчыны. Менавіта яны тыя самыя “акторы”, якія ў той ці іншай ступені адказныя за прыняцце рашэнняў як у дачыненні да спадчыны ў цэлым (у сэнсе выпрацоўкі спецыяльнай палітыкі), так і да асобных яе аб’ектаў. Адсюль і канфлікты, калі сутыкаюцца розныя інтарэсы. Спадар Стурэйка справядліва заўважае, што сёння на гэтай ніве з’явіўся новы актор, які ўсё больш гучна заяўляе пра сябе не толькі як назіральнік і спажывец, а як паўнавартасны ўладальнік і, магчыма, кіраўнік ці адзін з тых, хто павінен прымаць кіраўнічыя рашэнні. Так, аўтар адзначае: “…если раньше охрана памятников была прерогативой мобилизующего необходимые ресурсы государства, сегодня наоборот – граждане забирают у чиновников и экспертов права на управление и извлечение из наследия всевозможной пользы”. Далей падкрэслівае, што ў гэтай кнізе ён адназначна на баку супольнасцяў. Зрэшты, што гэта за супольнасці? Гэта паняцце, эквівалентнае паняццю “грамадства” ці толькі тым грамадзянам, якія імкнуцца перахапіць у чыноўнікаў іх права кіраваць спадчынай? Спадар Стурэйка часта аперуе гэтым тэрмінам у кнізе, але раскрывае яго значэнне толькі ў апошнім эсэ “Замкі і людзі”, абапіраючыся на меркаванне В. Мацкевіча і Т. Вадалажскай, выкладзенае імі ў публікацыі “Станаўленне і развіццё супольнасцей” [1]. Такім чынам, пад супольнасцямі разумеюцца “аб’яднанні, якія маюць волю і магчымасці для самастойнага рашэння пытанняў арганізацыі і ўладкавання жыцця, г. зн. у першую чаргу як самаарганізоўныя аб’яднанні” (251).

Між тым, канцэпт супольнасці ў дачыненні да спадчыны выглядае намнога складаней, чым у азначанай дэфініцыі. У розных выпадках гэта тэрытарыяльныя аб’яднанні людзей, часам – грамадства цалкам; у адносінах да нематэрыяльнай культурнай спадчыны гэта носьбіты той спадчыны і адначасова больш вялікія калектывы людзей (не заўсёды аб’яднанні), якія звязаны з ёю калі не наўпрост, то ўскосна ці толькі тэрытарыяльна.

Адказнасць грамадства за сваю спадчыну – не зусім новая ідэя, яна была прадэкларавана яшчэ ў ХІХ ст. у кантэксце фармавання нацыянальных дзяржаў, потым была прапісана ў нацыянальным заканадаўстве многіх краін, а з утварэннем пасля ІІ Сусветнай вайны такіх міжнародных арганізацый, як ААН і ЮНЕСКА – у міжнародных актах. Тым не менш, інструментарый для рэалізацыі гэтай насамрэч дэмакратычнай ідэі распрацаваны толькі ў наш час, як вынік выяўлення, аналізу і асэнсавання так званых “лепшых практык” кіравання спадчынай. Але і гэтыя методыкі не догма.

Дык хто ўрэшце адказны за прыродную і культурную спадчыну? Гэтае пытанне – краевугольны камень даследавання С. Стурэйкі (яго эсэістыкі). Яно хвалюе яго і як вучонага, і як выкладчыка, і як грамадскую асобу. Пад крытыку падпадаюць усе магчымыя стэйкхолдэры ці акторы: бюракраты, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца “не столько порывами патриотизма или утонченным вкусом, сколько распорядком рабочего дня и должностными инструкциями» (82), эксперты [2] (гісторыкі, археолагі, спецыялісты па ахове спадчыны), якія часта, па меркаванні аўтара, перавышаюць сваю долю адказнасці за помнікі, маніпулююць грамадскай думкай і ўплываюць на рашэнні, бо добраахвотна ўсклалі на сябе адказнасць за “историческую материю перед мифическими потомками” (18). Не могуць у поўнай меры раздзяліць гэтую адказнасць і грамадскія актывісты, праваахоўныя дзеянні якіх С. Стурэйка падрабязна даследуе ў 4-м эсэ (на мой погляд, вельмі цікавая ў навуковым і практычным сэнсе спроба параўнальнага аналізу грамадскіх рухаў у абарону спадчыны двух вельмі падобных па тыпалогіі гарадоў – Горадні і Львова). Аўтар на падставе свайго досведу і досведу сацыёлагаў Санкт-Пецярбурга і Амстэрдама лічыць, што ўрэшце такія “градозащитные проекты обречены на неудачу” (102). Тады хто ж сапраўды не проста адказны за спадчыну, але і можа рэалізаваць гэтае сваё права на яе карысць? Супольнасці? Але і тут сп. Стурэйка не ўпэўнены, бо супольнасці “не всегда действуют в режиме сохранения” (20). Найбольш распаўсюджаны прыклад у сусветнай і лакальнай практыках –некарэктнае (з пункту гледжання аховы спадчыны) абыходжанне некаторых мясцовых супольнасцяў з аб’ектамі сакральнай цірэлігійнай спадчыны.

Такім чынам, не спрабуйце знайсці ў кнізе прамога і разгорнутага адказу на гэтае ключавое пытанне пра адказнасць, бо яго проста няма; аўтар толькі ставіць пытанне, але не дае на яго адказу, магчыма, таму, што жанр эсэістыкі не абавязвае яго гэта рабіць, або таму, што тэарэтычны дыскурс спадчыны яшчэ не да канца сфармаваны і знаходзіцца ў развіцці, а пакуль усе пытанні адрасаваны, як прызнаецца сам аўтар, будучым даследчыкам у галіне heritage studies (36).

Тым не менш, праблема адказнасці за спадчыну, натуральна, хвалюе не толькі Сцяпана Стурэйку. Гэта эвалюцыйнае пытанне, якое развіваецца адначасова з развіццём самой канцэпцыі спадчыны як на тэарэтычным, так і на інстытуцыянальным узроўні. У сваёй кнізе сп. Стурэйка даволі падрабязна даследуе эвалюцыю канцэпту і матрыцу дыскурсу (а лепей – дыскурсаў) спадчыны, як яны актуалізаваны ў прадстаўнікоў розных школ (ад “папулізму” і “эсэнсіялізму” да “прыватызму” і “камерцыялізму”) у межах бінарнай дыскусіі аб аўтэнтычнасці, іманентнай каштоўнасці спадчыны і яе рыначнай вартасці. Пры гэтым, аднак, як заўважае амерыканскі даследчык і ўрбаніст Крыстафер Козел, застаецца незразумелым, як гэтыя ідэі паўплывалі на палітычныя спрэчкі і прыняцце канкрэтных мер па ахове. “Нягледзячы на тое, што шэраг вучоных актыўна абмяркоўваюць крытычны і рэфлексіўны паварот у ахове гістарычнай спадчыны, многія яе практыкі і распрацоўшчыкі па-ранейшаму знаходзяцца па-за рамкамі дэфініцый, праграм і традыцыйных падыходаў” [3].

Такім чынам, у агульным дыскурсе спадчыны тэарэтычны і інстытуцыянальна-функцыянальны ўзроўні могуць узаемадзейнічаць і ўплываць адзін на аднаго, а могуць развівацца рознымі шляхамі.

Стварыўшы “культ спадчыны”, чалавецтва стварыла і сацыяльны інстытут спадчыны, а таксама цалкам рэальную, наяўную тут і цяпер, сістэму кіравання спадчынай, якая відавочна базуецца на прынцыпах і догмах, што існуюць у канкрэтным грамадстве (нацыянальнай дзяржаве, рэгіёне і г. д.). У час ІІ сусветнай вайны былі загублены не толькі мільёны чалавечых жыццяў, каласальныя страты панеслі і культурныя каштоўнасці. Тады стала зразумела, што неабходна міжнародная сістэма аховы спадчыны, якая і была створана ў рамках ААН і ЮНЕСКА. Утварэнне міжнароднай сістэмы аховы спадчыны пры ўсіх яе недахопах – гэта ўсё ж такі найвялікшае дасягненне чалавецтва, якое не толькі сцвердзіла і ўвасобіла на практыцы ідэю агульначалавечага значэння спадчыны і калектыўнай адказнасці за яе, але адначасова ўзвяло на п’едэстал прынцып культурнай разнастайнасцііўнікальнасці культурных набыткаў асобных супольнасцяў у глабальным свеце. Стварэнне інстытута спадчыны і інструментаў кіравання ёю С. Стурэйка называе “менеджарскімі рэвалюцыямі”. Цалкам яго адносіны да гэтых падзей цяжка вызначыць на старонках кнігі, аднак іх наўрад ці можна назваць станоўчымі, зыходзячы з наступных аўтарскіх канатацый: “При этом сам аппарат управления – тягучая смесь власти и регламентации – будучи институциализированным, сам накапливает внутреннюю инерцию, осознает собственный интерес и не всегда делает то, ради чего задумывался” (гэта пра кіраванне ўвогуле, не прывязана да канкрэтнай дзяржавы) або: “Так светлая идея сохранения была рационализирована и превращена в производственный процесс” (82).

За гэтым відавочна праглядаецца гэтакая грэблівасць тэарэтыка-вучонага і выкладчыка ў адносінах да рэальнай практыкі і да тых, хто яе ажыццяўляе, а на думку сп. Стурэйкі – хутчэй вульгарызуе “светлыя ідэі”, спрабуючы іх матэрыялізаваць.

Як жа быць у такім разе з праблемай адказнасці, якая, як мы вышэй адзначылі, надзвычай хвалюе аўтара? Праўда, ён не можа знайсці на яе адназначнага адказу, падрабязна аналізуючы моцныя і слабыя бакі кожнага з магчымых актораў, але не знаходзячы ўрэшце дастойнага, нягледзячы на свае асаблівыя сімпатыі да супольнасцяў.

Ісціна, як водзіцца, дзесьці пасярэдзіне, а менавіта ва ўзаемадзеянні, у інтэграцыі як унутры самога інстытута спадчыны, розных яе відаў, так і ў падзеле адказнасці паміж рознымі стэйкхолдэрамі. Кагнітыўная эвалюцыя канцэпту спадчыны ўрэшце прывяла да з’яўлення ідэі “інтэгратыўнай кансервацыі”. У 1986 г. Бернар Філдэн сфармуляваў паняцце “захаванне спадчыны” наступным чынам: “Захаванне – гэта дынамічнае кіраванне працэсамі з мэтай памяншэння хуткасці распаду… Захаванне патрабуе інтэграцыі ўсіх магчымых дзеянняў на сацыяльна-эканамічным, юрыдычным і культурным узроўнях” [4].

Гэтая парадыгма сёння лягла ў аснову ўсіх міжнародных канвенцый і заканадаўчых актаў у галіне аховы спадчыны, у тым ліку такіх апошніх еўрапейскіх канвенцый, як Прынцыпы Валеты, ландшафтная канвенцыя, канвенцыя Фару і інш.

У сучасным свеце паняцце “спадчына” зведала значныя змены: ад асобных помнікаў-аб’ектаў да гістарычных гарадоў, культурных ландшафтаў і цэлых культурных рэгіёнаў. Змяніліся акцэнты і сама філасофія кансервацыі, якая разумеецца ў больш шырокім сэнсе як захаванне помнікаў разам з навакольным прыродным і культурным атачэннем. Такім чынам, інтэграцыйная кансервацыя –гэта кіраванне зменамі дзеля захавання значэння і сэнсаў спадчыны. Гэта добра распрацаваны навуковы прафесійны дыскурс і адначасова практычны інструмент па захаванні і кіраванні прыроднай і культурнай спадчынай. Яго тэарэтычныя карані ляжаць у аснове сфармуляванай Пьера Газола італьянскай канцэпцыі кансервацыі, якая склала ядро Еўрапейскай хартыі архітэктурнай спадчыны (1975), а таксама ў аснове шведскай канцэпцыі, якая выкладаецца ва ўніверсітэтах і рэалізуецца ў дзяржаўнай палітыцы гэтай краіны. У апошнія гады паняцце “інтэграцыйнай кансервацыі” ўсё часцей сустракаецца пад тэрмінам “устойлівая інтэграцыйная кансервацыя» (Sustainable Integrated Conservation, SIC), што ў практычным сэнсе накіравана на інтэграцыю намаганняў па захаванні спадчыны: ад агульнага планавання ўсіх працэсаў да кіравання. Яна садзейнічае ўстойліваму развіццю рэгіёнаў шляхам адаптацыі культурнай спадчыны да працэсаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця, да навакольнага асяроддзя і накіравана на паляпшэнне якасці жыцця мясцовых супольнасцяў.

Дзіўна, што сп. Стурэйка ў сваёй кнізе праігнараваў гэты дыскурс, які многае тлумачыць у разуменні сучасных працэсаў у дачыненні да спадчыны, у тым ліку раскрывае тэндэнцыі міжнароднай палітыкі і, што асабліва важна, дае больш чым недвухсэнсоўны адказ на пытанне “хто адказны за спадчыну”.

У рэчышчы інтэграцыйнага падыходу больш выразнай становіцца і роля супольнасцяў у працэсе захавання спадчыны, а таксама іх далучэнне да працэсу прыняцця рашэнняў у дачыненні да сваіх каштоўнасцяў. У кнізе С. Стурэйкі, які, як ён сам зазначае, “на баку супольнасцяў”, тым не менш, прысутнічае некаторая разгубленасць, калі гаворка заходзіць пра інструментарый: як далучыць мясцовыя супольнасці (і грамадства ў цэлым) да ўдзелу ў палітыцы захавання спадчыны, а галоўнае, як не толькі абудзіць іх інтарэс, але і забяспечыць актыўную прысутнасць. Канвенцыя Фару (Рамачная Канвенцыя Савета Еўропы аб значэнні культурнай спадчыны для грамадства [5]) – пра яе згадвае аўтар на старонках кнігі (90) –уводзіць паняцце “супольнасць спадчыны”, якое характарызуе людзей, аб’яднаных на платформе прызнання каштоўнасці культурнай спадчыны і якія хацелі б, у межах свайго грамадскага жыцця, захаваць і перадаць яе будучым пакаленням. У кнізе С. Стурэйкі пазначана, што з выхадам гэтай Канвенцыі “ўпершыню было не проста задэкларавана, але і абаронена права супольнасцяў на ўдзел у кіраванні спадчынай”, што, аднак, не зусім дакладна, бо яшчэ раней удзел супольнасцяў у прыняцці рашэнняў і кіраванні аб’ектамі спадчыны зафіксаваны ў Аперацыйным кіраўніцтве Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны (1972), а для Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (2003) гэта ўвогуле асноватворны прынцып [6].

Між тым, значэнне Канвенцыі Фару не толькі ў тым, што яна абараняе права супольнасцяў быць “актыўна» адказнымі за сваю спадчыну, але найперш у тым, што яна дае выразны кірунак, як узмацніць “партысіпацыйную” ролю мясцовых супольнасцяў і ўключыць іх у працэсы рэвіталізацыі, выкарыстоўваючы каштоўнасныя і функцыянальныя рэсурсы спадчыны. Супольнасць спадчыны – гэта не нейкая новая супольнасць, а тая, якая ўсвядоміла сябе ў ролі адказнага за спадчыну гульца (актора). Інтэграцыя грамадства ў працэсы захавання спадчыны, натуральна, – доўгі і складаны працэс, які мае на мэце не толькі змену стратэгій кіравання, але і змену ментальных установак (арт. 5 Канвенцыі Фару). На гэтым падмурку, дарэчы, засноўваецца і сучасная канцэпцыя цыклаў спадчыны Саймана Тэрлі, якія неабходна прайсці грамадству (асобным супольнасцям) для таго, каб спадчына стала часткай іх будучыні: праз усведамленне каштоўнасці спадчыны да жадання захоўваць яе; ад жадання захоўваць – да ўдзелу ў працэсах захавання, ад удзелу – да ўсведамлення захавання як сэнсу жыцця [7].

Практыкі часта не паспяваюць за развіццём навуковай думкі і міжнароднымі заканадаўчымі ініцыятывамі. Зрэшты, механізм імплементацыі Канвенцый ЮНЕСКА і іншых міжнародных актаў, пад якімі падпісваецца тая ці іншая дзяржава, накіраваны на паступовую ліквідацыю гэтага дысбалансу. У беларускім кантэксце, на які ўвесь час абапіраецца аўтар кнігі “Турботныя камяні”, на жаль, сапраўды, назіраецца відавочная адсталасць ад міжнародных тэндэнцый і працэсаў, як на канцэптуальным узроўні, так і ў рэчышчы рэальных практык. Гэта выразна праглядаецца, як справядліва адзначае і сам сп. Стурэйка, у крызісе нацыянальнай рэстаўрацыйнай школы (якая, магчыма, яшчэ знаходзіцца ў стадыі станаўлення) і ў сістэме кіравання спадчынай, а таксама на заканадаўчым узроўні (у Кодэксе аб культуры Беларусі, які базуецца на класічнай парадыгме аховы спадчыны, інтэграцыйны кантэкст не адлюстраваны нават на ўзроўні паняццевага апарату: няма паняццяў “супольнасць”, “культурны ландшафт”, “гістарычны горад” і г. д., як і не пазначаны ўдзел грамадства ў працэсе кіравання культурнай спадчынай) .

Кніга С. Стурэйкі закранае шмат разнастайных кантэкстаў, прыхаваных або яўных. Сам аўтар часта адрасуе іх на разгляд будучым даследчыкам, правакуе, задае пытанні і пакідае без адказу. А часам яго выказванні выглядаюць па меншай меры спрэчнымі: “А как же архитектура? Все дело в том, что нет никакого особого архитектурного наследия, есть наследие как таковое…” (6) ці“памятников становится слишком много…”, «“культурное наследие” по большому счету является синонимом слова “памятник”» (45) іг. д.

Іўсё ж, па вялікім рахунку, кніга С. Стурэйкі – вельмі карысная, хоць і досыць дыскусійная праца. Аднак на абсалютна зачышчаным полі нацыянальнага дыскурсу спадчыны (хочацца верыць, што ён існуе як самастойная з’ява, хай сабе і на эмпірычным узроўні), пры поўнай адсутнасці крытычнага аналізу ў гэтай сферы, разгледжаная кніга відавочна можа стаць платформай як для вузка прафесійных, так і для крос-культурных дэбатаў. Аўтар не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі, ён абраў для сябе літаратурна-крытычны жанр эсэ; можна пагаджацца з аўтарскай пазіцыяй або не, але гэтая праца ўжо заняла сваё месца ў агульным кнігазборы па праблематыцы спадчыны.

Мінск

Ала Сташкевіч


[1] Водолажская Т., Мацкевич В. Становление и развитие сообществ. Минск, 2007. С. 66.
[2] Выключэнне, на думку аўтара, сярод экспертаў складаюць рэстаўратары-праекціроўшчыкі, дзейнасці якіх замінаюць усе: і бюракраты, і астатнія эксперты, асабліва археолагі (146), што «“сжимают” идеал реставратора до реально возможного» (143).
[3] Koziol C. Historic Preservation Ideology: A Critical Mapping of Contemporary Heritage Policy Discourse // Preservation Education and Research. 2008. Vol. 1. P. 84.
[4] Fielden B. Conservation of Historic Buildings. 3d ed. Oxford, 2003. P. 30.
[5] The Framework Convention on the Value of Cultural Heritage for Society (Faro Convention, 2005) [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.coe.int/t/dg4/cultureheritage/heritage/Identities/default_en.asp#
[6] Канвенцыя аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА, 2003) [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://www.livingheritage.by/unesco/konventsiya-2003/
[7] Thurley S. Into the future. Our stategy for 2005–2010 // Conservation Bulletin [English Heritage]. 2005. P. 49.

Наверх

Тэгі: