БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

OKOŃ, JAN. Wychowanie do społeczeństwa. W teatrach szkolnych jezuitów w Rzeczypospolitej obojga narodów. Kraków: Collegium Columbinum, 2018. 500 s.


Прафесар Ян Окань – адзін з найлепшых знаўцаў езуіцкага тэатра Рэчы Паспалітай. Ужо ў 1970 г. ён выдаў грунтоўную працу пра тэатральныя праграмы і абстракты (sumariuszy) спектакляў, пастаўленых у калегіумах езуітаў Рэчы Паспалітай XVII ст. [1], у якой, апрача дакладнага аналізу праграм і агульнай характарыстыкі езуіцкага тэатра, змясціў каталог праграм і тэкстаў пастановак, пералічыў звесткі пра спектаклі, што адбыліся ва ўсіх гэтых навучальных установах абодвух правінцый цягам стагоддзя. Трэба звярнуць увагу, што гэтая праца была зроблена яшчэ перад публікацыяй вядомай бібліяграфіі езуіцкіх праграм, выдадзенай у 1976 г. пад рэдакцыяй Уладзіслава Каратая, Ядвігі Швэдоўскай і Магдалены Шыманьскай [2]. Пасля гэтага аўтар шмат працаваў над даследаваннем езуіцкага тэатра, звяртаючы ўвагу на ідэалогію спектакляў, іх фармальныя асаблівасці, спецыфіку функцыянавання тэатра ў студэнцкіх установах, выдаваў творы езуіцкіх аўтараў [3].

У сваёй апошняй публікацыі аўтар паставіў мэту сістэматызаваць веды пра ўсе тэатральныя пастаноўкі езуітаў, што адбыліся ў Рэчы Паспалітай, гэтым разам абапіраючыся на іх ідэйны змест і ролю ў выхаванні моладзі. У сувязі з тым, што даследаванне ахоплівае ўсе землі Рэчы Паспалітай, яно таксама ўключае калегіумы, што знаходзіліся ў Літоўскай правінцыі Ордэна, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Аналіз пастановак з гэтых калегіумаў, а таксама паказ становішча ва ўсёй краіне, робяць кнігу вельмі актуальнай для беларускага чытача [4].

Тытул працы падкрэслівае, што галоўным прадметам аналізу стаў змест тэатральных пастановак і іх уплыў на выхаванне моладзі. Сапраўды, аўтар вельмі шырока разумее выхаванне і ўключае як грамадзянскі, маральны, рэлігійны аспекты, так і больш сціслую перадачу ведаў –навучанне гісторыі, паэтыцы, музычнай культуры, урэшце, самому тэатральнаму мастацтву. Розным гэтым аспектам прысвечаны асобныя часткі працы.

Кніга мае разбудаваную структуру і складаецца з шасці частак, кожная з якіх падзяляецца на раздзелы і падраздзелы, а таксама мае дадатак з артыкулам Ванды Рашкоўскай пра тэатр піяраў (“Pijarska scena okazjonalna. Uwarunkowania retoryczne społcznego przekazu w teatrach pijarskich i jezuickich”, 419–38) ітэкстамі(іперакладамі некалькіх тэатральных праграм (439–459). Раздзелы працы прысвечаны агульным пытанням гісторыі адукацыі і культуры Рэчы Паспалітай, а таксама ўключаюць вывучэнне канкрэтных прыкладаў – асобных калегіумаў, аўтараў ці пастановак. Больш агульная праблематыка чаргуецца з дэталёвымі даследаваннямі, якія дазваляюць рабіць далейшыя высновы і служаць аргументамі выказаных тэзісаў. Гэтае чаргаванне ўзбагачае тэкст і робіць яго больш цікавым для чытання, праўда, часам за кошт празрыстасці структуры нарацыі. З гэтай прычыны, відаць, некаторыя ідэі і прыклады ў кнізе паўтараюцца (пар. 33–34 і 173, або 52 і 63).

Тэмы частак кнігі вельмі разнапланавыя. На самым пачатку аўтар распавядае пра феномен езуіцкага тэатра і яго рэвалюцыйную ролю ў змене сістэмы адукацыі ў Еўропе (ад хатняй да школьнай). Сцвярджаецца, што менавіта прывабнасць тэатральных пастановак прыцягнула моладзь у школы і забяспечыла фінансавую падтрымку мецэнатаў, што было спецыфікай Рэчы Паспалітай, асабліва ВКЛ (29 і далей). Першая частка кнігі прысвечана праблемам распаўсюджання лацінскай і польскай моў у культуры Рэчы Паспалітай і асабліва ВКЛ (43–65), а таксама выкладанню гісторыі ў школах і пастаноўкам спектакляў на гістарычную тэматыку (67–82). Другая частка знаёміць з некалькімі асобамі, былымі выхаванцамі езуіцкіх школ – Самуэлем Твардоўскім са Скшыпны (канец 1595 – 1661), Мацеем Казімірам Сарбеўскім (1595–1640), Янам Хрызастомам Паскам (перад 1636 – 1701). Трэцяя і чацвёртая часткі прысвечаны маральнаму і рэлігійнаму выхаванню студэнтаў. Пятая – музычнаму і танцавальнаму складнікам спектакляў. Шостая зноў змяшчае сase studies – на гэты раз яны прысвечаны Яну Дантышку (357–371) і Клеменсу Яніцкаму (373–379).

Вельмі важна, што кніга паказвае езуіцкі тэатр у больш шырокім кантэксце: культура Рэчы Паспалітай і Еўропы, гісторыя езуіцкай адукацыі і адукацыі ўвогуле, палітычная і сацыяльная гісторыя Рэчы Паспалітай. Перад чытачом паўстае карціна грамадства Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Аўтар не вылучае культуру нашага рэгіёна з еўрапейскага кантэксту, што абсалютна апраўдана з пункту гледжання функцыянавання езуіцкага Ордэна. Прыкладам для гэтага можа служыць аналіз прысутнасці матыву бітвы пад Венай (1683), калі войска Святой Лігі пад камандаваннем Яна ІІІ Сабескага перамагло войска Асманскай імперыі, у спектаклях езуітаў і іншых школ, у Рэчы Паспалітай і іншых краінах (91–134). Асобна аўтар аналізуе спосаб падачы бітвы ў нямецкіх школах (117–123) і нават прыводзіць тэкст абстракта пастаноўкі ў Кёльне ў 1684 г. (131–133). На гэтым прыкладзе аўтар паказвае, як фармавалася прапаганда ўлады ў еўрапейскім і айчынным кантэксце. Іншым прыкладам можа быць пералік пастановак, прысвечаных св. Станіславу Костку, здзейсненых у езуіцкіх калегіумах Еўропы, у якім фігуруюць Пінск і Вільня разам з Парыжам і Грацам (304–306).

Яшчэ адна важная асаблівасць кнігі заключаецца ў тым, што аўтар у пэўнай меры даследуе культуру моладзі Рэчы Паспалітай, працэс уваходжання яе ў грамадства. Героям case studies кнігі ў пераважнай большасці не больш за 25 гадоў. Я асабліва звяртаю ўвагу на гэты аспект, бо гісторыя дзяцінства і дарастання ў ВКЛ пакуль даследаваліся ў вельмі абмежаванай ступені, звычайна ў кантэксце адукацыі, дзе акцэнт ставіўся на інстытуты або калектыў выкладчыкаў, а не на рэцыпіентаў сістэмы выхавання. Окань жа, аналізуючы, напрыклад, біяграфію Крыштафа Завішы (1666–1721), паказвае: усяго праз некалькі гадоў пасля заканчэння Віленскай акадэміі, у 1688 г., юнак выдаў раманс “Miłość bez odmiany mocna jako śmierć”, што сведчыць пра чытацкія зацікаўленні студэнцкай моладзі і папулярнасць падобных тэкстаў. Сам Крыштаф ва ўспамінах падкрэсліваў ролю прафесара паэзіі ў яго выхаванні (227). Варта таксама адзначыць, што і выкладчыкі акадэміі, якіх згадвае Окань, у момант выкладання часта былі маладымі людзьмі, свежымі выпускнікамі акадэмій (189).

Аналізуючы тэатр, аўтар выкарыстоўвае разнапланавыя крыніцы. Асабліва прыемна, што шмат інфармацыі ён бярэ з хронік і гісторый калегіумаў і рэзідэнцый. У гэтым кантэксце таксама варта адзначыць ініцыятыву стварэння спіса крыніц, якімі карысталіся езуіты пры падрыхтоўцы тэатральных пастановак (141–167). Пры параўнанні гэтага спіса з інвентарамі бібліятэк калегіумаў складаецца дастаткова выразная карціна чытацкіх прыярытэтаў выкладчыкаў і навучэнцаў езуіцкіх школ. Гэта вялікая праца была зроблена разам з Яаннай Акунёвай, часткова на падставе матэрыялаў Кларынды Кальмы і Катажыны Гары. Аўтар папярэджвае, што публікуе незакончаную версію працы, і гэтым, напэўна, можна растлумачыць наяўнасць некаторых арфаграфічных памылак і абдрукаў.

У кантэкст рэлігійнага выхавання аўтар уключае нечаканы матыў праяў лібертынізму ў культуры Рэчы Паспалітай і прысутнасць герояў-каханкаў на езуіцкіх сцэнах. Гаворка ідзе пра пастаноўку “Антытэмій, або Смерць грэшніка” (“Antithemius seu Mors peccatoris”), што адбылася ў Познані ў 1618 г. Адным з грахоў Антытэмія было “спакушэнне мілымі шэптамі” (223). На прыкладзе гэтай пастаноўкі аўтар паказвае, наколькі распаўсюджаным быў матыў каханка ў тэатры Рэчы Паспалітай. Каханкам звычайна быў Парыс, ён параўноўваецца з Дон Жуанам і Казановай еўрапейскіх сцэн (231–232).

Варта згадаць праблему пашырэння лацінскай і польскай моў, якую закранае аўтар (51–65). Лаціну ён разглядае ў кантэксце фармавання шляхецкай рэспубліканскай культуры (55) і падкрэслівае ролю езуіцкай адукацыі ў распаўсюджанні абедзвюх моў. Окань, як і можна было спадзявацца, выкладае гэтую праблематыку з польскай перспектывы, падкрэсліваючы раннюю паланізацыю грамадства ВКЛ. Дзіўна, але ён ніяк не адзначае прысутнасць “простай” мовы ў пастаноўках ці дыялектныя асаблівасці тэкстаў. Так, напрыклад, у хроніцы віленскай акадэміі за 1705 г. пра пастаноўку з нагоды прыезду Пятра І сказана, што яна зроблена “w języku miejscowym”. Окань лічыць, што яна падрыхтавана “nie po litewsku czy białorusku, lecz po polsku” (56), кажучы пры аказіі пра ўплыў польскай мовы на Масковію. Аўтар спыняецца на дуалізме польскай і лацінскай моў, праводзячы паралелі з пазнейшымі перыядамі, цытуючы Міцкевіча (51) і Мілаша (64). Ніяк не згадваюцца інтэрлюдыі з элементамі “простай” мовы, так добра вядомыя беларускаму чытачу. Магчыма, з пункту гледжання статыстыкі гэтыя тэксты і праўда мелі невялікае значэнне, аднак такі спосаб апісання сітуацыі, на мой погляд, заклікае да дыскусіі беларускіх даследчыкаў.

Кніга змяшчае вялікую колькасць інфармацыі пра калегіумы, якія знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Вядома, аўтар разглядае далёка не ўсе выпадкі, але ён прыводзіць цікавыя прыклады і робіць надзвычай важны аналіз культурнага кантэксту Рэчы Паспалітай і Еўропы. На жаль, праца не мае індэксаў, таму цяжка сказаць дакладна, якую яе долю займае аналіз літоўскай правінцыі Ордэна. Індэксы, вядома, таксама значна палегчылі б працу з кнігай даследчыкам. Дзіўна, што ў выданні няма бібліяграфіі. Тым не менш, разгледжаная кніга – вельмі важнае падсумаванне ведаў пра езуіцкі тэатр, надзвычай істотнае для беларускага чытача.

Варшава – Горадня

Ганна Паўлоўская


[1] Okoń J. Dramat i teatr szkolny. Sceny jezuickie XVII wieku. Wrocław – Warszawa – Kraków, 1970.
[2] Dramat staropolski od początków do powstania sceny narodowej. Bibliografia. T. 2: Programy drukiem wydane do r. 1765. Cz. 1: Programy teatru jezuickiego / opr. Władysław Korotaj, Jadwiga Szwedowska, Magdalena Szymańska. Wrocław – Warszawa –Kraków – Gdańsk, 1976.
[3] Сярод асноўных прац апошніх гадоў можна назваць: Okoń J. Na scenach jezuickich w dawnej Polsce. Warszawa, 2006; Świat teatru – świat wartości. Wychowanie obywatelskie w teatrze szkolnym jezuitów w Rzeczypospolitej XVI–XVIII w., księga zbiorowa pod red. Jana Okonia. Kraków, 2017.
[4] Нагадаем, што да гэтага часу ў класічнага даследавання Т. Б. Бліновай па езуіцкай адукацыі (2002) з’явілася толькі некалькі паслядоўнікаў, сярод якіх у першую чаргу варта згадаць Уладзіміра Ляўшука, аўтара манаграфіі “Организационные аспекты образовательной модели иезуитского коллегиума” (Гродно, 2010).

Наверх

Тэгі: , ,