Генадзь Сагановіч. Украінскае казацтва, Масква і суперніцтва за Беларусь у кнізе расійскай даследчыцы*
* ТАИРОВА-ЯКОВЛЕВА, ТАТЬЯНА. Инкорпорация: Россия и Украина после Переяславской рады (1654–1658). Киïв: “Кліо”, 2017. 320 с.
Расійскую даследчыцу з Санкт-Пецярбурга Таццяну Таіраву-Якаўлеву гісторыкі ўжо ведаюць па цэлым шэрагу ранейшых прац па гісторыі раннемадэрнай Украіны [1]. Яе новая кніга, прысвечаная пачаткам інкарпарацыі Украіны ў склад Расійскай дзяржавы, як адзначана ва ўступе, стала натуральным працягам ранейшых распрацовак, у пэўным сэнсе вырасла з папярэдніх ведаў і ранейшага даследчыцкага вопыту. Гэтым разам яна паставіла за мэту разабрацца з тым, у якім сацыяльна-эканамічным стане знаходзілася казацкая Украіна на пачатку гэтага працэсу, г. зн. перад Пераяслаўскай радай 1654 г., затым як вырашаліся пытанні адміністрацыйнага і падатковага кіравання ўкраінскімі землямі і ўрэшце – звярнуцца да супярэчнасцяў паміж маскоўскімі ўладамі і казакамі з-за падпарадкавання тэрыторый паўднёва-ўсходняй Беларусі (с. 7).
Пастаўленым мэтам падпарадкавана і структура кнігі, якая складаецца з чатырох раздзелаў. У першым (“Взаимное непонимание”, 9–42) апісваецца розніца стандартаў палітычнай культуры элітаў Расіі і Украіны, што прычынілася да непаразуменняў паміж бакамі, у другім (“Украинское гетманство к 1654 г.: социально-экономическое положение”, 43–74) – сацыяльна-эканамічныя рэаліі ў казацкай Украіне і іх змены пасля паўстання, у трэцім (“Вопрос о воеводах: административная власть и налоги”, 75–180) разглядаюцца спробы царскага ўрада ўвесці ваяводскае кіраванне і падатковую сістэму на тэрыторыі казацкай Украіны, а чацвёрты (“Соперничество за Белоруссию”, 181–309) прысвечаны падзеям 1654–1658 г. на землях Беларусі, дзе сутыкнуліся інтарэсы маскоўскіх уладаў і Запарожскага войска. Праўда, знаёмства з тэкстам працы пераконвае, што яе апошні раздзел – гэта асобная, слаба інтэграваная частка манаграфіі, якая мала ўзгадняецца з асноўнай мэтай працы (калі такой лічыць вывучэнне згаданай інкарпарацыі казацкай Украіны). Пра адасобленасць апошняга раздзела сведчыць і кароткае заключэнне (310), у якім сцісла абагульнена толькі тое, што тэматызавана ў раздзелах 1, 2 і 3.
Асноўным корпусам крыніц, на якіх базуецца даследаванне (прынамсі першыя тры раздзелы), сталі дакументы з фондаў Расійскага дзяржаўнага архіва старажытных актаў (Масква), многія з якіх яшчэ не былі ўведзены ў навуковы зварот. Рукапісныя крыніцы значна дапоўнены актавым матэрыялам апублікаваных зборнікаў, так што ў гэтых адносінах манаграфія (за выключэннем часткі пра Беларусь, пра якую будзе сказана ніжэй) пакідае вельмі добрае ўражанне. А вось наконт літаратуры прадмета такога не скажаш. На жаль, Т. Таірава-Якаўлева пакінула па-за ўвагай мноства прац сваіх папярэднікаў, якія маюць адносіны да тэмы, і наогул адмовілася ад агляду гістарыяграфіі. Хоць яна піша пра свядомую ўстаноўку не кранаць знешнюю палітыку казацкай дзяржавы (7), а ў раздзеле пра “беларускае пытанне” кажа пра намер згадваць толькі галоўныя выданні і спасылацца на працы толькі “по мере необходимой полемики” (184), такія агаворкі не апраўдваюць фактычна адвольнага выбару публікацый пры ігнараванні вялікай колькасці важных пазіцый рэлевантнай літаратуры. Без ведання бягучай палітычнай сітуацыі і ўліку галоўных падзей проста немагчыма адэкватна апісваць і тлумачыць паводзіны розных бакоў супрацьстаяння, таму неразумна было пакідаць па-за ўвагай агульнапалітычны кантэкст і дыпламатыю. У гэтай сувязі можна толькі пашкадаваць, што нявыкарыстанымі засталіся многія працы багатага даробку ўкраінскіх гісторыкаў, у прыватнасці даследаванні Ю. Мыцыка, В. Смолія і В. Сцепанкова (з публікацый апошніх улічана толькі кніга пра Б. Хмяльніцкага), Я. Федарука, Т. Чухліба і В. Шчарбака і інш. Пытанняў, закранутых у кнізе, у той ці іншай ступені датычаць і працы шэрагу сучасных польскіх вучоных, найперш даследаванні К. Бабатыньскага, Я. Дамброўскага, К. Касажэцкага, П. Кроля, М. Матвіюва, М. Нагельскага і А. Рахубы. Што да “беларускага пытання”, то тут карыснымі былі б некалькі даўніх, але яшчэ актуальных публікацый: гэта артыкулы Л. Акіншэвіча і Д. Пахілевіча пра казацтва ў Беларусі [2], а таксама працы В. Мялешкі і М. Ткачова [3]. А з больш новых даследаванняў важна было б улічыць кнігу А. Латышонка, у якой шмат увагі аддадзена менавіта падзеям на землях Паўднёва-Усходняй Беларусі ў 1654–1656 г. і асобна разгледжана дзейнасць Канстанціна Паклонскага, Івана Залатарэнкі ды Івана Нячая [4].
І апошняе, каб скончыць з гістарыяграфіяй: наўрад ці карэктна папракаць ранейшых гісторыкаў у тым, што яны не аддалі ўвагі пэўным аспектам або сюжэтам (182), калі тыя проста не мелі такіх магчымасцяў або і не ставілі перад сабой падобных мэтаў. Напрыклад, даследчыца часта палемізуе з Амяльянам Тэрлецкім, востра крытыкуючы яго артыкул “Козаки на Білій Руси в 1654–1656 р.» (201, 212, 228, 235–236 і інш.), але ж варта ўлічваць, што згаданая публікацыя была напісана шаснаццацігадовым аўтарам яшчэ ў канцы ХІХ ст.! Падобна з Юзафам Можы: гісторык прысвяціў кнігу вызначэнню дэмаграфічных стратаў Літвы і Беларусі ў перыяд войнаў з 1648 па 1667 г., сціслы ж агляд ваенных дзеянняў у яго выконвае толькі ролю ўводзін у тэму асноўнага даследавання, таму не варта закідаць яму, што прапусціў падзеі першага года гетманства Выгоўскага (301) і да т. п.
Асобная ўвага ў кнізе аддадзена прычынам, з-за якіх адразу пасля заключэння Пераяслаўскай дамовы ўзніклі сур’ёзныя, і ў многім непераадольныя непаразуменні паміж царскай Расіяй і казацкай Украінай. Хоць у гістарыяграфіі пра згаданыя непаразуменні нямала напісана, Т. Таірава-Якаўлева ўпершыню разглядае іх як асобнае пытанне і, паслядоўна аналізуючы розныя аспекты адрозненняў, шмат праясняе. Як паказана ў даследаванні, традыцыі палітычнай культуры, сацыяльны ўклад і нават мова на сярэдзіну XVII ст. паміж Украінай і Масквой ужо так адрозніваліся, што ад самага пачатку абодва бакі мелі розныя погляды на пераход украінскіх земляў пад “высокую руку” цара Аляксея Міхайлавіча. Украінскія эліты арыентаваліся на мадэль адносін, характэрную для Рэчы Паспалітай, і мелі на ўвазе пратэктарат, тады як царскі ўрад – падданства, “вечнае халопства”. Таму тыя канкрэтныя крокі, праз якія Масква імкнулася ажыццявіць інкарпарацыю, – ваяводскае кіраванне, збор падаткаў і стварэнне рэестра казакоў, нягледзячы на некалькі спробаў (у кнізе падрабязна разгледжана кожная з іх), заставаліся нерэалізаванымі і праз чатыры гады пасля Пераяслаўскай дамовы. Казацкая старшына ўпарта працівілася такім захадам, а для маскоўскіх уладаў з 1654 г. прыярытэтам было не страціць Запарожскае войска як моцнага паплечніка ў пачатай вайне супраць Рэчы Паспалітай. Даследчыца высвятляе, што толькі пасля смерці Хмяльніцкага ў 1658 г. новы гетман Іван Выгоўскі таемна пагадзіўся на ўвядзенне ўлады царскіх ваяводаў і стварэнне рэестраў, спадзеючыся дзякуючы гэтаму атрымаць падтрымку Масквы, умацаваць сваю ўладу і вырашыць праблему ўнутранай смуты. Аднак Выгоўскі паспеў сам разбіць палкі казакоў, якія паўсталі, што і перашкодзіла ажыццявіць дамову, – сцвярджае Т. ТаіраваЯкаўлева (171–178). Пасля гэтага палітычная сітуацыя радыкальна змянілася і да наступнай спробы інкарпараваць казацкую Украіну дайшло ў зусім іншых умовах у 1659 годзе, які выходзіць за храналагічныя рамкі працы.
Пры ўсёй саліднасці даследавання названыя раздзелы не пазбаўлены рознага роду недапрацовак. Найперш адзначым недахопы тэрміналагічнага кшталту, характэрныя, зрэшты, для ўсёй кнігі. Так, гаворачы пра жыхароў Расіі і казацкай Украіны, даследчыца выкарыстоўвае сучасныя нацыянальныя азначэнні, затое для Рэчы Паспалітай пакідае тэрміны дакументаў царскай канцылярыі ці казацкага гетманату, у якіх усе неправаслаўныя называліся звычайна “палякамі” ці “ляхамі”. У выніку ў вайне, якую аўтарка па савецкай і расійскай традыцыі называе “руска-польскай”, на тэрыторыі даўняй Рэчы Паспалітай дзейнічаюць рускія, палякі, украінцы, часам літоўцы (71–73, 92, 100, 109, 177, 257 і інш.), і практычна няма беларусаў. У гетмана ВКЛ Януша Радзівіла толькі “литовская армия” (71, 188–89 іінш.), якую б’е “русское» і “украинское войско” (195 і інш.). Але ўсё ж найчасцей тут фігуруюць “поляки” – без усялякіх удакладненняў зместу гэтага тэрміна, у выніку ўзнікае нямала блытаніны, асабліва ў раздзеле пра Беларусь. Тут і на Пінск у 1648 г. нападаюць “польские полководцы” (187), і ў Магілёве дварамі валодаюць “поляки” (243), і ў Старым Быхаве сядзіць, аказваецца, “польский гарнизон” (280), а на с. 290 чытаем, што “поляки опасались присягать царю в Литве” (!?). Гэта прыклад скрайне некарэктнай тэрміналогіі ў дачыненні да Рэчы Паспалітай наогул і ВКЛ у прыватнасці. Падобныя тэрміналагічныя клішэ не могуць адпавядаць адэкватнаму апісанню мінулага. Наадварот, яны вядуць да яўнага скажэння гістарычнай рэчаіснасці нашай часткі Еўропы, таму практыка іх выкарыстання не раз справядліва крытыкавалася ў сучаснай акадэмічнай гістарыяграфіі [5].
Не дапамагае высвятляць пастаўленыя пытанні і выкарыстанне т. зв. модных тэрмінаў без азначэння іх канкрэтнага зместу. Відаць, самым таямнічым словам, якое дужа часта ўсплывае на старонках кнігі, можна лічыць “менталітэт”. Без усялякага азначэння тэрміна то сцвярджаецца, што ўкраінская эліта “унаследовала менталитет ВКЛ и Речи Посполитой” (15), але пры гэтым “менталитет ВКЛ доминировал среди населения (усяго? –Г. С.) Украины” (11), то што ў гэтым славутым “менталитете ВКЛ” уся шляхта была роўная (282), і да т. п. Другім падобным па загадкавасці тэрмінам стала “геапалітычная абстаноўка”, спасылкай на якую аўтарка тлумачыць ход многіх падзей (277, 282, 283 і інш.). Баюся, што для шырокага чытача апеляцыі да геапалітыкі мала што тлумачаць.
З перспектывы сучаснай гістарычнай навукі выглядае дзіўна, што ў складаным пытанні выяўлення прычын казацкіх паўстанняў сярэдзіны ХVІІ ст. даследчыца цалкам давярае аўтару летапісу Самавідца: “Початок и причина войни Хмельницкого ест едино от ляхов на православие гонение и козаком отягощение” (11). Выходзіць, даследчыца салідарызуецца з пазіцыяй аднаго з заангажаваных бакоў. А як жа элементарная крытыка крыніц? Гэта пры тым, што ў самым пачатку кнігі гаворыцца пра важнасць “понимания основополагающих явлений”, якое з’яўляецца “залогом объективной оценки событий” і нават дазваляе адкрыць іх унутраныя механізмы і логіку (10), у чым можна бачыць прыхільнасць аўтаркі да пазітывісцкай парадыгмы, якая абавязкова прадугледжвае этап крытыкі крыніц. Цікава, што далей, абапіраючыся на выказванні прадстаўнікоў казацкіх эліт, Т. Таірава-Якаўлева сама паказвае, што канфлікт з палякамі быў усё ж не толькі з-за веры (гл. с. 142).
У тлумачэнні ўзнятых пытанняў нярэдка сустракаюцца ідэалізацыі, спрашчэнні, непаслядоўнасці. Напрыклад, даследчыца сцвярджае, што лідарамі казацкіх паўстанняў рухала “стремление получить возможность управления своей страной” (34). Мякка кажучы, сумнеўна, каб у асяроддзі казацкіх эліт ужо была настолькі высокая палітычная свядомасць і панавала адна матывацыя. Т. ТаіраваЯкаўлева адмаўляе наяўнасць нацыянальнай і нават этнічнай самасвядомасці ў чалавека XVII ст. (21), але інтэрпрэтацыя многіх фактаў быццам прадугледжвае яе існаванне ў тую эпоху: складваецца ўражанне, што казацкія эліты кіраваліся ўкраінскімі нацыянальнымі інтарэсамі. Аргументацыя некаторых тэзісаў часам выглядае яўна недастатковай. Так, калі характарызаваць стаўленне да ўвядзення маскоўскіх ваявод у казацкай Украіне па грамадскім меркаванні (“общественное мнение”), то адзінай спасылкі на пазіцыю ігумена аднаго з манастыроў (173) не можа быць дастаткова. Бо такім спосабам можна абгрунтоўваць што заўгодна.
Выглядае, што Т. Таірава-Якаўлева не да канца разабралася з некаторымі рэаліямі, пра якія гаворыцца ў кнізе. Інакш як можна супрацьпастаўляць ВКЛ і Рэч Паспалітую (11, 13, 14)? Рэч Паспалітая ў манаграфіі, здаецца, часцей атаесамляецца з адным Польскім Каралеўствам. Няясна, як аўтарка разумее Люблінскую унію 1569 г., калі піша, што на момант паўстання Хмяльніцкага Украіна “уже почти триста лет” знаходзілася ў складзе ВКЛ (11). Напэўна, такое магло з’явіцца толькі па няўважлівасці, як і тлумачэнне выкарыстанага І. Нячаем тэрміна “пановане”: даследчыца неаднаразова сцвярджае, што маскоўскі бок няправільна перакладаў значэнне гэтага слова як “государствование”, а ў сапраўднасці па-ўкраінску, маўляў, пад ім разумелі “управление” (106, 254–255, 263). Але ж тут маем справу з празрыстай семантыкай: “панаваць” – быць “панам”, г. зн. уладарыць. І ў старабеларускай мове слова “панованне” (“панованье”) мела менавіта такое значэнне [6]. Не думаю, што на землях Украіны з гэтым словам звязваўся іншы сэнс. Даводзіцца прызнаць, што і пераклад з польскай мовы тэрміна “wolność» як “права”, а не як “свабода” (14), таксама некарэктны.
Натуральна, для беларускага гісторыка і чытача найбольшую цікавасць маюць сюжэты, звязаныя з падзеямі на землях Беларусі, таму асноўную ўвагу прысвецім апошняй частцы кнігі – “Соперничеству за Белоруссию”, якая займае амаль палову яе аб’ёму.
У пачатку раздзела, падзеленага на дзве часткі, лагічна разглядаецца перадгісторыя праблемы, дзе аўтарка звяртаецца да пашырэння паўстання на чале з Багданам Хмяльніцкім на землі Беларусі ў 1648–1651 г. (185–189). Далей прасочваюцца падзеі пачатку вайны (1654–1655) і дачыненні з царом наказнога казацкага гетмана І. Залатарэнкі, якія ўскладніліся пасля з’яўлення палкоўніка К. Паклонскага. Даследчыца дэталёва апісвае, як увосень 1654 г. абвастрылася суперніцтва маскоўскай адміністрацыі і палка Залатарэнкі за кантроль над Магілёўскім паветам, пакінуць які той усяляк адмаўляўся. У другой частцы падрабязна выкладзена далейшае развіццё ўзаемаадносін казакоў, што імкнуліся кантраляваць паўднёва-ўсходнюю Беларусь, з царскай уладай, мясцовай шляхтай і сялянамі ў 1657–1658 г., г. зн. пад час Віленскага замірэння, калі імі з Чавусаў кіраваў “беларускі палкоўнік” І. Нячай, які праводзіў адносна Беларусі палітыку Б. Хмяльніцкага. Звяртаючыся да сутнасці гэтай палітыкі, Т. Таірава-Якаўлева прыйшла да высновы, што казацкі гетман імкнуўся зрабіць паўднёва-ўсходнія раёны Беларусі часткай украінскага гетманату і актывізаваў гэтыя намаганні ў апошні год жыцця, дасягнуўшы ў беларускай палітыцы найбольшых поспехаў, якімі даследчыца лічыць авалоданне Старым Быхавам, урэгуляванне адносін Нячая са шляхтай Наваградскага ваяводства і спробу падпарадкаваць Пінскі павет (278–288).
Калі ў папярэдніх раздзелах Т. Таірава-Якаўлева выкарыстоўвала мноства новых архіўных матэрыялаў, дык тут пра адносіны паміж Канстанцінам Паклонскім, Іванам Залатарэнкам, а потым Іванам Нячаем ды прадстаўнікамі царскай улады яна піша пераважна на падставе апублікаваных дакументаў [7]. Паколькі да названых падзей не раз звярталіся ранейшыя гісторыкі (пра іх аўтарка, на жаль, калі і згадвае, то рэдка, аспрэчваючы іх асобныя погляды), якія выкарыстоўвалі тыя ж самыя дакументы, то ў гэтым раздзеле абазнаны чытач знойдзе намнога менш новага, чым у папярэдніх. Хутчэй можна сказаць, што ў кнізе прапанавана новая, канкурэнцыйная інтэрпрэтацыя вядомых падзей. Магчыма, больш паслядоўная, чым папярэднія, аднак з пункту гледжання абгрунтаванасці яна далёкая ад дасканаласці. І вось чаму.
Ад сціслага агляду падзей паўстання Б. Хмяльніцкага ў паветах ВКЛ, ясная рэч, і не чакалася грунтоўнасці, але ён, на жаль, на некалькіх старонках утрымлівае столькі спрашчэнняў, недакладнасцяў і памылак, што можа быць ацэнены як найслабейшы параграф кнігі. У прыватнасці, тут сцвярджаецца, што казакі ў 1648 г. захапілі Слуцк і Стары Быхаў (187), чаго ў сапраўднасці ніколі не было! Гаворыцца, што казакі кантралявалі (!) землі ВКЛ да Слоніма, Наваградка і Мінска, што насельніцтва паўднёвай Беларусі толькі актыўна падтрымлівала казакоў, бачачы ў іх “освободителей религии” (189), і да т. п. Гэта вельмі спрошчанае, шаблоннае трактаванне тых складаных падзей, характэрнае для савецкай гістарыяграфіі. Атрымліваецца, калі ў адносінах да Украіны даследчыца імкнецца абвяргаць шаблоны савецкага гісторыяпісання, то ў тлумачэнні падзей на тэрыторыі Беларусі цалкам іх паўтарае. Шкада, што яна абмежавалася тут толькі старой, савецкай літаратурай прадмета. З новых публікацый, у тым ліку з прац беларускіх гісторыкаў, звяртацца да якіх аўтарка, відаць, не палічыла патрэбным, можна было б больш даведацца пра падзеі тых гадоў на землях Беларусі, дзе мясцовыя жыхары не толькі падтрымлівалі казакоў, але змагаліся і на баку Януша Радзівіла [8].
У гэтым раздзеле замест пажаданай для даследчыка нейтральнасці выразней заўважаецца схільнасць да фаварызавання сваіх герояў, якімі для Т. Таіравай-Якаўлевай сталі казакі з іх лідарамі, і асіметрычнай ацэнкі тых, хто быў супраць іх. Вось некаторыя прыклады такіх кантрасных характарыстык.
Казакі І. Залатарэнкі, што занялі паўднёва-ўсходнія раёны Беларусі, паўстаюць у самым пазітыўным вобразе –параўнальна і з царскімі ратнікамі, і з мясцовымі жыхарамі. Калі шляхта і сяляне Беларусі “только жаловались» на новую ўладу, то ўкраінскія казакі не баяліся ўступаць у канфлікт з маскоўскімі ваяводамі (224). У адрозненне ад мясцовай шляхты, яны “кровью защищают Могилевский уезд” (243), “проливают кровь” за беларускія землі, таму, маўляў, і патрабаванне цара пакінуць Магілёўшчыну несправядлівае (260). Даследчыца звяртае ўвагу на незадаволенасць жыхароў Беларусі дзеяннямі царскіх войскаў і ўладай іх ваяводаў, але абмінае такія прыклады ў адносінах да казакоў. Аўтарка даводзіць, што беларускія сяляне ахвотна пісалася ў казакі, актыўна далучаліся да палка І. Нячая, а звесткі пра факты выкарыстання сілы для іх “паказачвання” схільная лічыць або непраўдзівымі, або неістотнымі (290–291, 295–296). Словам, украінскія казакі “вызваляюць” праваслаўнае насельніцтва Беларусі (202), абараняюць манастыры (236) і г. д. Але ў тых жа крыніцах, якія цытуюцца ў кнізе, пры жаданні можна знайсці сведчанні таго, як казакі І. Залатарэнкі рабавалі праваслаўныя манастыры на Беларускім Падняпроўі (напрыклад, Баркулабаўскі і Буйніцкі), як яны вывозілі з Беларусі да сябе палонных і да т. п. Цікава, што нават прыведзеныя ў кнізе нараканні цара на жорсткасць казакоў Залатарэнкі, якія палілі пасяленні, забівалі жанчын і дзяцей, аўтарка пракаментавала вельмі своеасабліва: “Это было нормой ведения войны эпохи раннего Нового времени”. І дадала, што так рабілі ўсе, а скаргі царскіх ваявод на “зверствы” казакоў (так, слова ўжыта ў двукоссі!) мелі, маўляў, адну мэту – дыскрэдытаваць казакоў у барацьбе за ўладу над захопленай тэрыторыяй (238).
Што да “нормы”, то варта нагадаць пра існаванне ўжо ў тыя часы тэндэнцыі падпарадкоўваць усё больш прафесійныя арміі вайсковай дысцыпліне, хоць на практыцы абыходжанне войска з цывільным насельніцтвам у розных краінах магло адрознівацца. У ВКЛ найманае войска, а з канца XVI ст. і шляхецкае рушанне падпарадкоўваліся спецыяльна выдаваным гетманскім артыкулам, у якіх сурова забаранялася прафанаванне і пусташэнне цэркваў, рабаванні і знішчэнні, здзек з простага люду і да т. п. [9]. Ніякіх падобных дакументаў мы не сустракаем з маскоўскага ці казацкага боку. Вядома, цар выдаваў ахоўныя граматы некаторым беларускім гарадам, але пры гэтым загадваў сваім ваяводам “места… воевать села и деревни, и хлеб и сено жечь, и людей побивать и в полон имать”.
Старонні падыход яшчэ выразней заўважны ў характарызаванні галоўных герояў, найперш Івана Залатарэнкі і яго суперніка Канстанціна Паклонскага. На старонках кнігі Паклонскі – гэта наогул “авантюрист, преследовавший собственные корыстные цели”, які адно скардзіцца на Залатарэнку, але многія яго скаргі на наказнога гетмана “вообще безосновательны” (202, 204, 229). Ён панікуе, выпрошвае ў цара ўзнагароды, а казакі Залатарэнкі тым часам “спокойно готовятся” да чарговай ваеннай кампаніі (226–227). Захапіўшыся Залатарэнкам, Т. ТаіраваЯкаўлева выказвае здзіўленне, што Януш Радзівіл у адным са сваіх пасланняў назваў таго “добрым юнаком и добрым человеком” (282), як быццам гэта прыніжальная характарыстыка. Але, па-першае, цытаваны дакумент –пераклад на афіцыйную мову царскай канцылярыі з польскай, і мы не ведаем, як было ў арыгінале. А па-другое, у тым жа пасланні Радзівіл адзначае і іншыя, выразна пазітыўныя якасці наказнога гетмана: піша, “имеешь добрый разум и военный” і інш. [10].
Асобнай увагі заслугоўвае тэзіс пра рэлігійны характар вайны 1654–1667 г. Абапіраючыся на працу Сяргея Лабачова “Патриарх Никон” (СПб., 2003), Т. Таірава-Якаўлева сцвярджае, што тая вайна пачыналася як “рэлігійная”, і падкрэслівае, што менавіта такі тэрмін выкарыстоўвалі сучаснікі (26–27, 183, 216, 310 і інш.). У гэтым кантэксце аўтарка крытыкуе мой погляд на згаданую вайну як на дзеянні прагматычнага характару, указаўшы, праўда, толькі на тое, што я называў «русские войска “агрессором”« (183). Сапраўды, у маёй даўняй навукова-папулярнай кнізе царскія войскі фігуравалі як акупанты [11]. Па-ранейшаму лічу, што гэта была ваенная агрэсія і акупацыя, – мы з Беларусі і не можам трактаваць дзеянні арміі цара Аляксея Міхайлавіча іначай. “Вызваленчы” характар ёй, як і іншым экспансіянісцкім войнам расійскіх цароў, пачалі прыпісваць у савецкай гістарыяграфіі з часоў Сталіна, калі сцвярджалася ідэя гістарычнага адзінства ўсходнеславянскіх народаў і да т. п. Мы ўжо ведаем Т. Таіраву-Якаўлеву як крытыка падобных міфаў у трактаванні гісторыі Украіны. Але пра землі Беларусі чытаем, што яны ў гады той вайны былі “освобождены русскими войсками” (258). Складана зразумець. Выходзіць, даследчыца непаслядоўная і на мінулае Беларусі глядзіць з перспектывы велікадзяржаўніцкай расійскай гістарыяграфіі. У гэтай сувязі не можа не трывожыць адна з заключных заўваг Т. Таіравай-Якаўлевай: у падсумаванні апошняга раздзела яна сцвярджае, што вынік суперніцтва Масквы і ўкраінскага казацтва за беларускія землі быў “весьма плачевный”, бо іх страцілі абодва бакі, і ажно да канца XVIII ст. Беларусь засталася ў складзе Рэчы Паспалітай (309). Атрымліваецца, калі б нехта з названых супернікаў не страціў занятыя землі Беларусі, то было б лепш? Але каму? Такія спекулятыўныя і далёкасяжныя развагі наўрад ці да твару гісторыкам-даследчыкам.
Наконт рэлігійнага характару вайны мушу сказаць, што прыведзеныя ў кнізе довады не пераконваюць. Факт актыўнага выкарыстання рэлігіі як аргумента ў агітацыі насельніцтва Беларусі на свой бок перад агрэсіяй і на пачатку ўварвання ў ВКЛ (1654 г.) добра вядомы, у гістарыяграфіі пра гэта шмат пісалася, але ж падобная аргументацыя назіралася і ў войнах XVI ст. Ці сапраўды рэлігія была асноўнай прычынай вайны? Ці ў гэтым сэнсе вайна 1654–1667 г. параўнальная з рэлігійнымі войнамі XVI ст. у Еўропе або з Трыццацігадовай вайной? Мне здаецца, што не. На практыцы тут лёс мясцовых жыхароў ад пачатку вайны залежаў не столькі ад канфесійнай прыналежнасці, колькі ад таго, прымалі яны новую ўладу ці супраціўляліся. Зрэшты, Т. Таірава-Якаўлева далей сама на прыкладах паказвае, што праваслаўная вера, як і этнічнае паходжанне, не аберагала ад палону і гвалту (196, 200). Цар жа, як вядома, адразу пасля захопу Вільні пісаў, што збіраецца ісці “к Оршаве”, а далей іна Кракаў Хіба і там можна было “вызваляць” праваслаўных хрысціян? З іншага боку, ад восені 1655 г. царскі ўрад абяцаў свабоднае спавяданне сваёй рэлігіі ўсім магнатам і шляхце занятых паветаў ВКЛ, якія прысягнуць Аляксею Міхайлавічу [12]. Так што вера была справай другараднай, а галоўнай – прызнанне царскай улады.
Сама палітыка маскоўскага ўрада да насельніцтва занятай Беларусі, у тым ліку да вызнаўцаў хрысціянства заходняга абраду, не вызначалася стабільнасцю. І стаўленне мясцовых жыхароў да новых уладаў ад пачатку істотна рознілася, змяняючыся затым у залежнасці ад вопыту перажыванай вайны. Хапала як прыкладаў вітання цара хлебам-соллю, так і ўпартай абароны сваіх гарадоў ды партызанскай барацьбы супраць царскіх ратнікаў. Пазіцыю мясцовага насельніцтва звычайна вызначала найперш актуальная ваенная сітуацыя. Хоць на пачатку вайны ў многіх гарадах Беларусі з праваслаўных жыхароў утварыліся прамаскоўскія партыі (што можна лічыць вынікам эфектыўнай прапаганды), сама прыналежнасць да праваслаўнай ці каталіцкай царквы ўсё ж не вызначала лініі падзелу на “сваіх” і “чужых” [13]. Вядома мноства фактаў панічных уцёкаў праваслаўных вернікаў і нават духавенства ад царскага войска далёка на захад [14]. Усё гэта не хочуць улічваць адэпты ідэі пра “вызваленне” Беларусі ад “палякаў”.
Крыху спрошчаным выглядае прэзентаванне Багдана Хмяльніцкага як пратэктара праваслаўя на тэрыторыі ВКЛ і яго супрацьпастаўленне Янушу Радзівілу, з якім у казацкага гетмана, як сцвярджае Т. Таірава-Якаўлева, існавалі “даўнія рахункі” (189). Па-першае, хацелася б звярнуць увагу на факты, якія не зусім укладваюцца ў такую схему. Зрэшты, аўтарка сама згадала той універсал казацкага гетмана з ліпеня 1657 г., якім шляхце Пінскага павета гарантавалася спавяданне хрысціянства заходняга абраду. Што да Януша Радзівіла, то хоць у савецкай гістарыяграфіі яго называлі “душыцелем беларускага народа”, у дачыненні да праваслаўных ён не вызначаўся ніякімі дыскрымінацыйнымі дзеяннямі. Хутчэй працягваў тую канфесійную палітыку, якую праводзілі яго продкі па кальвінскай лініі, у прыватнасці яго бацька Крыштаф Радзівіл, які падтрымліваў праваслаўных і меў прыязныя адносіны з запарожскімі казакамі [15]. Сапраўды, казацкае паўстанне ў 1649 г. Я. Радзівіл падаўляў жорстка, аднак яго пазіцыя была па-свойму справядлівай: загадзя абвяшчаў, што карае толькі саміх рэбеліянтаў, а тым, хто адмовіцца ад удзелу ў бунце, гарантуе недатыкальнасць. На папрокі Б. Хмяльніцкага аб пакаранні “людзей нявінных хрысціянскай нашай веры” з Бабруйска адказаў, што “нявінных хрысціян грэцкай рэлігіі тое не датычыла, а толькі герштаў, якіх паны і сама чэрнь выдала” [16]. У 1652–53 г. Януш Радзівіл неаднаразова спрабаваў адгаварыць караля ад працягу вайны супраць Хмяльніцкага, імкнучыся памірыць казакоў з уладамі Рэчы Паспалітай, ды і пасля Пераяслаўскай рады не кідаў сваіх пасярэдніцкіх намаганняў [17]. Магчыма, аўтарка не заўважыла, што ў гады вайны Януш Радзівіл таксама выступаў з дэкларацыямі ў абарону праваслаўнай веры. Нават у цытаваным у кнізе пасланні да Залатарэнкі (1655) ён выкрываў палітыку царскага ўрада, які толькі прыкрыўся лозунгам абароны праваслаўнай Русі, на справе ж яе “ни во что изгубил” і, заклікаючы таго парваць з Масквой і вярнуцца на бок Рэчы Паспалітай, абяцаў, што пасля прымірэння “уже вечный и неразорваный покой будет при всяких волностях, как всей вере православной и народу тому, також и всему Войску Запорожскому” [18].
Паколькі некалькі палемічных заўваг даследчыцы скіравана і ў мой адрас, то выкарыстаю магчымасць, каб адказаць і ясней патлумачыць уласныя пазіцыі. Спачатку наконт К. Паклонскага, якога я, па словах даследчыцы, залічыў у каталікі (191). Напэўна, Т. Таірава-Якаўлева недастаткова ўважліва знаёмілася з маёй кнігай, бо там нідзе не сцвярджаецца, што той быў каталіком. Гаворыцца толькі, што з канфесійнай арыентацыяй Паклонскага яшчэ варта разбірацца, бо пазней, у дакументах 1655 г., ён фігураваў як Вацлаў Канстанцін – пад двума імёнамі, а гэта было характэрна для каталікоў. Аднак яго першапачатковая прыналежнасць да праваслаўнай веры мной не адмаўлялася: у кнізе ясна сказана і пра паходжанне Паклонскага з праваслаўнага роду, і пра яго ролю як лідара праваслаўнай шляхты [19].
Далей, шмат пішучы пра паказачванне беларускіх сялян, аўтарка папракае мяне ў тым, што я неабгрунтавана лічу паказачванне партызанскім рухам (270). Але ў маёй кнізе партызаны не атаясамляліся з тымі жыхарамі, якія “казачыліся” і далучаліся да ўкраінскіх казакоў.
Партызанамі там названы аддзелы самаабароны, якія ў маскоўскіх дакументах звычайна фігуравалі пад азначэннем “шышы” [20]. Яны з’яўляліся з першых месяцаў вайны, прычым у тых раёнах, дзе казакоў тады і не было – у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Смаленскім ваяводствах [21].
Трэба сказаць, што ў кнізе, акрамя адзначаных недахопаў ці спрэчных момантаў, сустракаецца нямала недарэчных памылак, якія сведчаць або пра дрэннае веданне рэалій ВКЛ і Беларусі ў прыватнасці, або пра банальную няўважлівасць. Прывяду найбольш характэрныя. Вось, напрыклад, пішацца, што па Статуце ВКЛ 1529 г. шляхта ўдзельнічала ў выбарах суддзяў (14), але тады яшчэ не было шляхецкіх судоў! Сказана таксама, што ў ВКЛ у сялян адабралі права звяртацца ў суды (12), але ў якія? Бо ў некаторых архівах ёсць сялянскія справы, і застаецца таямніцай, які ж заканадаўчы акт аўтарка мела на ўвазе. Нельга ў адносінах да Украіны аднолькава трактаваць ІІ і ІІІ Статуты ВКЛ (12), паколькі пасля ўключэння ўкраінскіх ваяводстваў у склад Кароны там захоўваў сілу толькі першы. Пад канец раздзела зноў сцвярджаецца, што казакі яшчэ ў 1648 г. захапілі Стары Быхаў (278), але ў сапраўднасці гэтага не было. Наадварот, пад Старым Быхавам яны тады былі разбітыя. Сказана таксама, што ўвосень 1656 г. Б. Хмяльніцкі браў пад абарону радзівілаўскі Слуцк, якому “грозила опасность от войск Павла Яна Сапеги” (276). Тут нейкая недарэчнасць. На справе згаданым універсалам Хмяльніцкі браў пад пратэкцыю ўладанне Багуслава Радзівіла ад казацкіх аддзелаў: ён сурова забараняў казакам Запарожскага войска хадзіць пад Слуцк, чыніць там якія-небудзь крыўды і спусташэнні. Урэшце пра “мешчаніна” на царскай службе: у кнізе гаворыцца, як нейкі “мещанин Давыд Захарьевич Протасов» служыў у ваяводы Васіля Шарамецьева і ў 1656 г. скардзіўся цару на тое, што яго сяляне, у тым ліку быццам і з беларускіх уладанняў, уцякалі да нежынскага палкоўніка (251). Паколькі ў Маскоўскай дзяржаве не было мяшчан, то мяне зацікавіла гэтая скарга. Аказалася, у цытаваным дакуменце гаворыцца не пра мешчаніна, а пра “мецнянина” (!) Пратасава, і да Беларусі гэтае паведамленне не мае непасрэдных адносін [22]. Урэшце, чытача здзівіць і нейкі “Валакаламскі павет” у Наваградскім ваяводстве (292).
Пералічаныя памылкі сведчаць, што выданню не хапіла дбайнага навуковага рэдактара. Магчыма, ад уважлівага рэдагавання выйграў бы і стыль, сама манера выкладання. А то спакойны навуковы разбор часам пераходзіць у заангажаваны аповед з выкарыстаннем публіцыстычнай лексікі, а працяглых цытат з дакументаў ХVІІ ст. і асобных сведчанняў часам так многа, што яны ажно замінаюць сачыць за логікай і ўяўляць агульную карціну таго, што адбывалася.
У цэлым жа новую кнігу Т. Таіравай-Якаўлевай можна лічыць важным унёскам у далейшую распрацоўку складанага комплексу праблем гісторыі казацкай Украіны і яе ўзаемаадносін з расійскай дзяржавай у ХVІІ–ХVІІІ ст. Дапаўняючы і ўдакладняючы ўжо наяўныя веды, гэтая цікавая праца вопытнай даследчыцы прапануе шэраг новых трактовак тых непаразуменняў і канфліктаў, што рэгулярна адбываліся паміж Маскоўскай дзяржавай і казацкай Украінай у перыяд ад першага дагавора аб царскай пратэкцыі да яго разрыву ў 1658 г. Праўда, непрыемнай нечаканасцю сталі некаторыя выказванні Т. Таіравай-Якаўлевай пра мінулае Беларусі, якія выдаюць жывучасць велікадзяржаўніцкіх поглядаў, – хоць тэзіс аб “братніх народах” і сама ідэя аб этнічным і праваслаўным адзінстве рускага і ўкраінскага народаў у кнізе абвяргаецца. Наогул прафесійная і грамадзянская мужнасць расійскай даследчыцы, якая адважылася адкрыта выступіць супраць шэрагу імперскіх ідэалагем, уласцівых расійскай гістарыяграфіі, не можа не выклікаць павагі. Такая кніга несумненна паслужыць на карысць гістарычнай навуцы.
[1] Гл.: Яковлева Т. Гетьманщина в другій половині 50-х років століття: причини і початок Руïни. Киïв, 1998; яна ж. Руїна Гетьманщини: від Переяславської ради-2 до Андрусівської угоди (1659–1667 рр.). Киïв, 2003; Таирова-Яковлева Т. Иван Мазепа и Российская империя. История “предательства”. Москва, 2011; яна ж. Гетманы Украины. С.-Петербург, 2011.
[2] Паколькі беларуская гістарыяграфія для расійскай даследчыцы, як выглядае, найменш вядомая, падаю поўныя назвы згаданых публікацый: Акіншэвіч Л. Казацтва на Беларусі (гістарычна-юрыдычны аспект) // Полымя. 1927. № 1. С. 172–190; Похилевич Д. Белорусское козачество // Наукові записки Львівського держ. ун-ту ім. І. Франка. Сер. історична. 1957. Т. 43. Вып. 6. С. 145–172.
[3] Мялешка В. Грамадзянская вайна на Беларусі // Profesor Henryk Łowmiański – życie i dzieło / Materiały z sesji naukowej poświęconej dziesiątej rocznicy śmierci uczonego / red. A. Kijas, K. Pietkiewicz. Poznań, 1994. S. 135–154; Ткачоў М. Замкі і людзі. Мінск, 1991.
[4] Łatyszonek O. Od Rusinów Białych do Białorusinów. U źródeł białoruskiej idei narodowej. Białystok, 2006. S. 199–233. Тое ж у беларускім перакладзе: Латышонак А. Нацыянальнасць –Беларус. Менск, 2009. С. 237–266.
[5] Гл. напрыклад: Федорук Я. Віленський договір 1656 року: Східноєвропейська криза і Украïна у середині XVII cт. Киïв, 2011. С. 9–10.
[6] Гл.: Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 23 / пад рэд. А. Булыкі. Мінск, 2003. С. 429–431.
[7] Гэта галоўным чынам адпаведныя тамы “Актов, относящихся к истории Южной и Западной России” (АЮЗР) і “Актов Виленской археографической комиссии” (АВАК).
[8] Пар.: Сагановіч Г. Хмяльніччына і землі Беларусі // Studia Białorutenistyczne. T. 1 (2007). C. 119–126; Чаропка С. Адносіны насельніцтва Беларусі да казакоў падчас вайны 1648–1651 гг. // Славянский мир и славянские культуры в Европе и мире: место и значимость в развитии цивилизаций и культур: История, уроки, опыт, современность: Материалы междунар. науч.-практ. конф. / гл. ред. В. А. Космач. Ч. 1. Витебск, 2002. С. 97–99; ён жа. Казацка-сялянская вайна ў Беларусі, 1648–1651 гг.: аўтарэф. дыс. … канд. гіст. навук. Мінск, 2009.
[9] Пар.: Janusza Radziwiłła hetmana polnego W. Ks. Litewskiego artykuły wojskowe // Kutrzeba St. Polskie ustawy i artykuły wojskowe od XV do XVIII wieku. Kraków, 1937. S. 261, 263. Падрабязна гл.: Łopatecki K. Organizacja, prawo i dyscyplina w polskim i litewskim pospolitym ruszeniu (do poіowy XVII w.). Białystok, 2013. S. 203–233.
[10] АЮЗР. Т. 14. № 17. С. 547.
[11] Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654–1667 г. Мінск, 1994.
[12] Заборовский Л. В. Великое княжество Литовское и Россия во время польского Потопа (1655–1656). Документы, исследования. Москва, 1994. С. 56, 70 і наст.
[13] Падрабязней гл.: Бабятыньскі К. Адносіны жыхароў ВКЛ да маскоўскага войска ў 1654–1655 г. // БГА. Т. 14 (2007). С. 55–60 і наст.; Касажэцкі К. Стаўленне шляхты ВКЛ да шведскага і маскоўскага панавання ў 1655–1656 г. // БГА. Т. 15 (2008). С. 175–208; Сагановіч Г. Стаўленне насельніцтва Беларусі да расійскай арміі ў ХVІІ ст. // Беларусь і беларусы сярод суседзяў: гістарычныя стэрэатыпы і палітычныя канструкты: матэрыялы міжнар. канф. / рэд. А. Лагвінец, Т. Чуліцкая. Варшава, 2013. С. 32–38.
[14] Гл. прыклады: Гардзееў М. “Под час небеспеченства од Москвы…” (актавая кнiга полацкага магiстрату за 1656–1657 гг. як крынiца па вывучэнні вайны 1654–1667 гг.) // БГА. Т. 6 (1999). С. 202–221; Sahanowicz H. Wychodźcy z Wielkiego Księstwa Litewskiego w Prusach 1656 r. // Lituano-Slavica Poznaniensia. Studia Historica. T. IX. Poznań, 2003. S. 244.
[15] Wisner H. Rozróżnieni w wierze. Szkice z dziejów Rzeczypospolitej schyłku XVI i połowy XVII wieku. Warszawa, 1982. S. 120–122. Пар.: Degiel R. Protestanci i prawosławni. Patronat wyznaniowy Radziwiłłów birżańskich nad Cerkwią prawosławną w księstwie słuckim w XVII wieku. Warszawa, 2000.
[16] Ліст Я. Радзівіла да Б. Хмяльніцкага. Бабруйск, 19.02.1649. PAN, Kraków. Nr. 1017. K. 51.
[17] Гл.: Matwijów M. Próba mediacji hetmana litewskiego Janusza Radziwiłła w konflikcie poslko-kozackim w latach 1653–1655 // Wrocławskie Studia Wschodnie. T. 5 (2001). S. 9–32.
[18] АЮЗР. Т. 14. № 17. С. 547.
[19] Сагановіч Г. Невядомая вайна. С. 20, 142.
[20] Партызанамі шышоў называў і А. Мальцаў. Гл.: Мальцев А. Н. “Шиши” на Смоленщине и в Белоруссии в середине ХVІІ в. // Новое о прошлом нашей страны. Памяти академика М. Н. Тихомирова. Москва, 1967. С. 277–280.
[21] Гл.: Сагановіч Г. Невядомая вайна. С. 75–76.
[22] АЮЗР. Т. 3. 1861. С. 513.