БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Юры Грыбоўскі. Удзел беларусaў у парламенцкіх выбарах у Латвіі (1922–1931)

Адным з найбуйнейшых асяродкаў беларускага нацыянальнага жыцця ў міжваенны час была Латвійская рэспубліка. Латвійскія беларусы кампактна жылі ў паўднёва-ўсходняй Латгаліі і часткова Земгаліі. Яны былі пятай па колькасці групай сярод нацменаў (пасля рускіх, яўрэяў, немцаў і палякаў). Колькасць жыхароў Латвіі, якія дэкларавалі сябе беларусамі, змянілася ад 79 529 чал. (у 1920 г.) да 26 867 (у 1935 г.). Такая значная розніца ў лічбах не была вынікам міграцыйных ці натуральных працэсаў. Галоўная прычына хавалася ў саміх беларускамоўных жыхарах Латгаліі, нацыянальная самасвядомасць якіх тады яшчэ знаходзілася ў стадыі фармавання. Маючы праблемы з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй, адны і тыя ж людзі ў розны час і пад уплывам разнастайных сацыяльных і палітычных чыннікаў дэкларавалі розную нацыянальнасць. Несвядомая і маласвядомая ў нацыянальным сэнсе беларускамоўная латгальская вёска на пачатку ХХ ст. стала прадметам нацыянальнакультурнай экспансіі з боку мясцовых нацыянальных рухаў. За душы і сэрцы “тутэйшых” змагаліся рускія, польскія, латгальскія і беларускія дзеячы. Ліберальнае заканадаўства Латвійскай рэспублікі (да 1934 г.) спрыяла нацыянальнакультурнаму развіццю прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў. Дэмакратычная канстытуцыя давала нелатышам шырокія магчымасці нацыянальна-культурнай аўтаноміі, аналогію якой цяжка знайсці на карце тагачаснай Еўропы. Гэта выкарысталі таксама беларусы. Пачаткам арганізацыі беларускага нацыянальнага руху ў Латгаліі было стварэнне Культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына”, якое распачало працу ў Дзвінску ў красавіку 1921 г. Пазней узніклі іншыя беларускія арганізацыі (таварыствы “Беларуская Хата”, “Рунь”, “Прасвета”, Таварыства беларускай моладзі Латвіі, Беларускае пазычкова-ашчаднае таварыства; кааператыў “Культура і праца” і інш.). Мэтай названых структур было гуртаванне вакол сябе беларускамоўнага жыхарства Латвіі, нацыянальна-культурная праца, накіраваная на фармаванне і ўмацаванне ў яго беларускай нацыянальнай ідэнтыфікацыі. У Латвіі існавала беларускае школьніцтва, якое ў перыяд свайго найвышэйшага ўздыму налічвала 2 гімназіі, 1 сельскагаспадарчую сярэднюю і 51 пачатковую школу. Менавіта школьніцтва стала асноўнай кузняй беларускасці, а настаўнікі – галоўным рухавіком мясцовай беларускай інтэлігенцыі. У 1920 і 1930-я г. Латвія была таксама месцам, дзе выдаваліся беларускія газеты і друкаваліся кнігі на беларускай мове. Сярод арганізатараў і актыўных дзеячоў беларускага жыцця ў Латвіі варта назваць Кастуся Езавітава, Сяргея Сахарава, Мікалая Дзямідава, Андрэя Якубецкага, Уладзіміра Пігулеўскага. Беларуская культурна-асветная і выдавецкая справа ў Латвіі ўжо была прадметам даследчыцкай увагі [1].

У нашай публікацыі засяродзімся на разглядзе палітычнай дзейнасці беларускай меншасці. Адной з асноўных формаў палітычнай актыўнасці латвійскіх беларусаў быў удзел у выбарах у дзяржаўны Сойм (Saeima). Перш чым перайсці да разгляду гэтага пытання, неабходна больш падрабязна пазнаёміцца з асноўнымі выбарчымі механізмамі міжваеннай Латвіі і тагачаснай латвійскай палітычнай сцэнай. Упершыню Сойм быў абраны ў 1922 г., а да таго часу ролю вышэйшай заканадаўчай улады выконваў Устаноўчы сход. Аднапалатны парламент абіраўся на тры гады ва ўсеагульных, непасрэдных, прапарцыйных і роўных выбарах. Выбарчае заканадаўства не было пазбаўлена пэўных заганаў. Так, характэрная рыса латвійскай выбарчай сістэмы ў міжваенны час – адсутнасць працэнтнага бар’еру ў дачыненні да партый, якія ўдзельнічалі ў выбарах. Гэта давала магчымасць трапіць у парламент нават нешматлікім і нядаўна створаным палітычным рухам. Наступствам было тое, што палітычны склад Сойма характарызаваўся наяўнасцю шматлікіх дробных партыйных фракцый, якія былі новымі і пазбаўленымі адпаведнага палітычнага досведу. Нярэдка дэпутаты пакідалі ўласныя партыі і пераходзілі да іншых ці засноўвалі новыя. У выніку чарговыя выбары прыносілі ўсё большую колькасць выбарчых спісаў. Павялічвалася колькасць партый, якія маглі правесці ў парламент толькі аднаго-двух сваіх дэпутатаў. Гэта ўскладняла стварэнне ўрада або прадвызначала яго кароткае існаванне, бо партыйныя кааліцыі былі кволымі і хутка распадаліся [2].

У 1920-я г. на латвійскай палітычнай сцэне дзеялі партыі, якія належалі да шырокага ідэалагічнага спектра, аднак найбольш уплывовых і вядучых было некалькі. На левым флангу знаходзілася Латвійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (ЛСДРП – Latvijas sociāldemokrātisko strādnieku partija). Сярод правых сіл найбольшай папулярнасцю карыстаўся Латвійскі сялянскі саюз (ЛCC – Latviešu Zemnieku Savieniba). Абедзве палітычныя сілы мелі назапашаны досвед палітычнай барацьбы, а ў іх шэрагах працавалі людзі, якіх трэба лічыць бацькамі латвійскай дзяржаўнасці. Нягледзячы на тое, што абедзве партыі цвёрда стаялі на грунце незалежнай і дэмакратычнай Латвіі, яны адрозніваліся па шэрагу ключавых пытанняў адносна сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця краіны. Сялянскі саюз надаваў прыярытэтнае значэнне развіццю сельскай гаспадаркі, тым часам як ЛСДРП бачыла патрэбу значных інвестыцый прамысловасці. Разыходжанні тычыліся таксама прыярытэтаў знешняй палітыкі.

Стаўленне палітычных партый да беларусаў было розным і залежала ад адносін той ці іншай партыі да ўсіх нацыянальных меншасцяў. Да супрацоўніцтва з нацменамі былі схільныя перадусім сацыял-дэмакраты, якія ў першыя гады незалежнасці складалі большасць у парламенце, дзякуючы чаму блакавалі розныя ініцыятывы, скіраваныя супраць нелатышоў. Вельмі прыхільна да беларусаў ставіўся сацыял-дэмакратычны дзяяч Яніс Райніс, які лічыў, што беларусы ў Латвіі павінны атрымаць культурную аўтаномію, якой яны пазбаўлены ў іншых краінах [3]. Больш насцярожанымі да нацменаў былі правыя сілы. Некаторыя палітыкі разглядалі шматнацыянальны склад Латгаліі як патэнцыйную пагрозу страты гэтай тэрыторыі і бачылі патрэбу ўніфікацыі грамадства на базе латышскіх нацыянальных каштоўнасцяў. Нізкі працэнт пісьменнасці і несфармаванае пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці беларускамоўных жыхароў Латгаліі давалі латвійскімі палітыкам вялікае поле інтэрпрэтацыі. У тагачаснай латвійскай прэсе словы беларус і беларускі нярэдка пісаліся ў двукоссі, і гэта можна лічыць доказам таго, што аўтары ставілі пад сумнеў самастойнасць беларускай нацыі. На думку некаторых палітыкаў, беларусы былі “псеўданародам”, які намагаецца атрымаць грашовую падтрымку ад дзяржавы на свае школы і адукацыю. Адмоўна да беларускага руху ў Латвіі ставіліся некаторыя латгальскія палітыкі, якія выступалі за захаванне культурнай, моўнай і гістарычнай асаблівасці Латгаліі, але іх праграмы не прадугледжвалі існавання беларусаў на мясцовым краявідзе. Непрыхільную пазіцыю да беларусаў займаў вядомы латгальскі палітык Францыс Кэмпс, які ў латгальскіх беларусах бачыў нашчадкаў зрусіфікаваных латгальцаў, а іх беларускасць лічыў штучнай з’явай. Ён разглядаў беларусаў як вынік чужога панавання, шкодны для латгальскай нацыянальнай свядомасці [4].

Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў мелі магчымасць абароны ўласных правоў, у тым ліку пры дапамозе дэпутацкіх мандатаў. Пад час выбараў ва Устаноўчы сход (1920–1922) беларускі рух у Латвіі яшчэ не набыў арганізацыйных формаў, таму беларуская меншасць не мела ў гэтым органе свайго прадстаўніка. Па просьбе кіраўніцтва Таварыства “Бацькаўшчына” інтарэсы беларускай меншасці восенню 1921 г. згадзіўся прадстаўляць Я. Райніс. Менавіта дзякуючы падтрымцы гэтага палітыка беларусам у 1921 г. удалося стварыць сетку беларускіх пачатковых і сярэдніх школ, а ў складзе Міністэрства асветы быў арганізаваны Беларускі школьны аддзел. Тым не менш гэта не магло цалкам кампенсаваць адсутнасці ўласнага дэпутата ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны. У хуткім часе беларусы атрымалі шанец пазмагацца за месца ў латвійскім Сойме. На 7 і 8 кастрычніка 1922 г. былі прызначаны выбары ў Сойм І склікання (1922–1925). Мясцовы беларускі актыў не збіраўся стаяць убаку ад гэтай падзеі. Але перадвыбарчая кампанія патрабавала адпаведных грашовых сродкаў, недахоп якіх заўсёды адчуваўся ў асяроддзі латвійскіх беларусаў. Пераважную большасць беларусаў у Латвіі складалі беззямельныя і малазямельныя сяляне, якія не маглі падтрымаць сваю інтэлігенцыю. Правадыры латвійскіх беларусаў былі вымушаны шукаць грошы за мяжой. Яшчэ 9 жніўня 1921 г. К. Езавітаў прасіў у прэм’ера БНР грошай на перадвыбарчую кампанію, а таксама дазволу на выхад з беларускага грамадзянства, каб мець магчымасць балатавацца як латвійскі грамадзянін [5]. Невядома, аднак, ці ўрад на выгнанні падтрымаў латвійскіх беларусаў, бо сам знаходзіўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

У 1922 г. быў створаны Беларускі выбарчы камітэт (БВК) на чале з настаўнікам Міколам Івановым. Сярод пяці выбарчых акруг Латвіі беларусы выставілі ўласны спіс толькі ў адной – латгальскай. Беларускі спіс № 21 (Baltkrievu sarakst) складаўся з 14 кандыдатаў. Паводле сацыяльнага паходжання гэта былі: 10 сялян, 3 настаўнікі і фельчар [6]. З практычных меркаванняў БВК хацеў уключыць у свой спіс таксама духоўную асобу. Езавітаў звярнуўся да кс. Язэпа Гайлевіча, але духоўнік адмовіўся з прычыны адсутнасці латвійскага грамадзянства [7]. Выбарчая праграма мела наступныя патрабаванні: 1) перагляд аграрнай рэформы з наданнем права на абавязковы зямельны надзел без перасялення жыхароў Латгаліі ў Курляндыю і наадварот; наданне арандатарам права на атрыманне той зямлі, на якой яны працавалі; наданне права ўсім, хто перасяляецца на хутары, на атрыманне бясплатнага лесу на новыя будынкі; наданне ўсім гаспадарам, якія пацярпелі ад вайны, доўгатэрміновай дзяржаўнай пазыкі на поўнае адраджэнне гаспадаркі, 2) аддзяленне рэлігіі ад дзяржавы, 3) права выкарыстання роднай мовы ў школьніцтве і дзяржаўных установах паўсюль, дзе жывуць беларусы, 4) замена падушнага падатку падаходным, 5) рэформа школьнай праграмы з мэтай прыстасавання асветы да патрэб насельніцтва з увядзеннем у вясковыя школы прадметаў па рамесніцтве, каб кожны вучань атрымліваў прафесійныя веды і ва ўмовах недахопу зямлі не мусіў эміграваць “у Амерыкі і Бразілію”, а мог зарабляць на хлеб на радзіме [8]. Аўтары звярталі ўвагу на сацыяльны характар беларускага спіса, падкрэсліваючы, што ён складаецца “толькі з прадстаўнікоў працоўнай інтэлігенцыі, сялянства і гарадскіх рабочых” [9]. Акцэнтаванне ўвагі на сацыяльна-эканамічных патрэбах было невыпадковым. Беларускія сяляне не выяўлялі вялікай цікавасці да палітыкі, а змагаліся з паўсядзённымі цяжкасцямі, якія былі наступствам матэрыяльнай галечы. Праведзеная ў першыя гады незалежнасці Латвіі аграрная рэформа не вырашыла ўсіх праблем, звязаных з недахопам зямлі. У сярэднім надзелы, якімі распараджаліся сяляне-латышы, былі большымі (14 га) за тыя, якія атрымалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў, паколькі рэформа ставіла перад сабой не толькі сацыяльна-эканамічныя, але і палітычныя мэты. Ліквідуючы буйныя зямельныя ўладанні, рэформа брала пад увагу ў першую чаргу інтарэсы латышоў. Даследаванні даводзяць, што сярэдні памер надзелу беларускага селяніна складаў 10,36 га, што было значна менш за сярэднестатыстычны (19,39 га) [10]. З праграмы спіса № 21 бачым: яе адрасатам было перадусім сялянства, а інтарэсы гараджан практычна не ўлічваліся, што тлумачылася нязначным працэнтам беларусаў сярод гэтай сацыяльнай катэгорыі. Так, у адной з адозваў БВК адзначалася, што спіс № 21 складаецца не “з гарадскіх панкоў, а прэдстаунікоу беларускага селянства з воласьцеу” [11].

Беларускі выбарчы камітэт выдаў асобную адозву да настаўнікаў, у якой падкрэслівалася прысутнасць педагогаў сярод кандыдатаў спіса № 21 [12]. Агітацыя на месцах праводзілася праз сетку рэгіянальных аддзелаў Таварыства “Бацькаўшчына” і беларускіх школ. 25 верасня 1922 г. БВК выслаў сябрам таварыства і настаўнікам рэкамендацыю: 1) накіраваць у выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў, 2) правесці агітацыю сярод сялянства, 3) у дзень выбараў прасачыць, каб сяляне выканалі свой грамадзянскі абавязак [13]. Беларускі актыў разлічваў, што “пры дружным галасаванні” беларусы могуць правесці ў парламент двух кандыдатаў [14].

Вядзенне перадвыбарчай агітацыі ўскладняла адсутнасць беларускай газеты ў Латвіі. Не маючы ўласнай прэсы, БВК звярнуўся да віленскіх беларускіх газет з просьбай надрукаваць інфармацыю пра выбарчую кампанію беларусаў, каб потым гэты матэрыял можна было распаўсюдзіць у Латгаліі [15]. Акрамя таго, перадвыбарчую агітацыю на рускай мове надрукавала руская газета “Маяк” [16].

Нягледзячы на высілкі БВК, выбары скончылася паразай беларусаў. За беларускі спіс прагаласавала 1548 чал. Гэтым самым вынік беларусаў быў адным з найгоршых у Латгаліі [17]. Ніводзін беларускі кандыдат не трапіў у Сойм. Прычыны гэтай паразы былі прадметам аналізу мясцовых беларускіх дзеячоў. Езавітаў лічыў, што галоўную віну нясуць самі беларусы. Ён сцвярджаў, што мясцовая беларуская інтэлігенцыя не ўсвядоміла важнасці выбараў і не прыклала намаганняў, каб належным чынам падрыхтаваць перадвыбарчую кампанію, якая абмежавалася выданнем згаданай улёткі і праграмы накладам 9 тыс. асобнікаў. Кандыдаты не зладзілі ніводнага мітынгу з выбаршчыкамі [18].

Галоўнымі канкурэнтамі беларусаў у Латгаліі былі кандыдаты – прадстаўнікі агульналатвійскіх, латгальскіх, польскіх і рускіх партый і выбарчых камітэтаў. Паказальны ў гэтым сэнсе прыклад дзейнасці Польскага выбарчага камітэта, за кандыдатаў якога ў Латгаліі прагаласавала 9541 чал. Тым самым палякі атрымалі 6-разовую перавагу над беларусамі. Паводле ж перапісу насельніцтва ў 1920 г. у трох латгальскіх паветах жыло 55 132 беларусаў і 27 220 палякаў. Вынікі выбараў былі па-рознаму інтэрпрэтаваны польскім і беларускім бокам. Паводле беларускіх актывістаў, мясцовыя сяляне з нізкім пачуццём нацыянальнай ідэнтыфікацыі з большым жаданнем галасавалі за польскіх кандыдатаў, якія абяцалі ім больш, чым беларускія. З гледзішча польскіх дзеячоў палітычная дэкларацыя сведчыла пра прыналежнасць гэтага насельніцтва да польскай нацыянальнасці і пра тое, што латвійскія ўлады штучна запісвалі палякаў беларусамі. Няўдачы беларусаў у выбарчых кампаніях польскі бок разглядаў як доказ таго, што колькасць беларусаў у Латвіі значна завышана, а мясцовы беларускі рух – гэта “штучная з’ява” [19]. Польскі дзеяч Ян Вяжбіцкі, які трапіў у Сойм, лічыў, што выбары расставілі ўсе кропкі над “і” ды паказалі, што значную частку латвійскіх беларусаў складаюць “не сапраўдныя беларусы, а толькі запісаныя беларусамі ў пашпартах, якія аддалі свае галасы палякам і латгальцам” [20].

Бясспрэчна, што частка беларускамоўных латгальскіх каталікоў падтрымала польскіх кандыдатаў. Але трэба з вялікай асцярожнасцю ставіцца да сцверджання, што палітычная дэкларацыя пад час выбараў сведчыла пра нацыянальную самаідэнтыфікацыю. Па-першае, большасць “тутэйшых» прагаласавала не за польскі ці беларускі спіс, а за латвійскія партыі (агульнадзяржаўныя і мясцовыя латгальскія), якія ішлі на выбары не з нацыянальнымі, а сацыяльнымі і рэлігійнымі лозунгамі. Гэта, аднак, не значыла, што беларускамоўныя жыхары Латгаліі лічылі сябе латышамі ці латгальцамі. За агульналатвійскія і латгальскія партыі галасавала таксама шмат палякаў. Па-другое, польскія дзеячы мелі значна большыя магчымасці і сродкі на падрыхтоўку належнай перадвыбарчай кампаніі. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова параўнаць стан тагачасных польскага і беларускага выдавецкіх рынкаў. Па-трэцяе, шукаючы адказу на пытанне, чаму гміны, якія па нацыянальным складзе лічыліся беларускімі, галасавалі за польскіх кандыдатаў, варта памятаць, што шмат залежала ад арганізатарскіх здольнасцяў і актыўнасці выбарчых штабоў. За некалькі дзён да выбараў Польскі выбарчы камітэт выдаў улётку на рускай мове, адрасаваную беларусам [21]. Гэты дакумент не толькі ўтрымліваў заклік галасаваць за польскі спіс, але і зневажаў беларускіх дзеячоў: “І так, браты беларусы, ідзем жа разам, слухайце сябе і нас, а не правадыроў са спіса № 21, якія дзякуючы вашым галасам хочуць займець сабе цёплыя месцы, стаць вашымі гаспадарамі, насадзіць вам праваслаўе і загнаць вашых дзяцей у руска-кацапскія школы” [22].

Тым не менш памылкова было б лічыць, што большасць беларускамоўных жыхароў Латгаліі аддала перавагу польскім кандыдатам. Сапраўдным пераможцам сталі агульналатвійскія і мясцовыя латгальскія палітыкі. У невялікіх мясцовасцях істотны ўплыў на выбарчы густ сялян мела агітацыя, якая ажыццяўлялася з амбона. У выніку частка беларускамоўных латгальскіх каталікоў галасавала за кандыдатаў, якія праходзілі па клерыкальным спісе (№ 9). Духоўнікі карысталіся падтрымкай перадусім вясковых выбаршчыкаў старэйшага пакалення. Найбольшую колькасць галасоў (47 202) у Латгаліі атрымалі Латгальскія хрысціянскія сяляне (ЛХС) [23]. Тым часам сярод моладзі назіраліся значныя ўплывы латвійскіх сацыял-дэмакратаў (спіс № 3), якія апынуліся на другім месцы па колькасці галасоў, атрыманых у Латгаліі (35 740) [24]. ЛСДРП атрымала 30% галасоў вясковага насельніцтва. Нягледзячы на тое, што сацыял-дэмакраты не дэманстравалі варожасці да беларускіх кандыдатаў, аднак іх выбарчая агітацыя, якая мела выразную сацыял-эканамічную афарбоўку, ускосна шкодзіла спісу № 21, бо была вельмі прывабнай для незаможнай латгальскай вёскі [25]. У параўнанні з выбарамі ва Устаноўчы сход абедзве сілы – хрысціянскія сяляне і сацыял-дэмакраты – атрымалі найлепшыя вынікі. Значную падтрымку займелі таксама мясцовыя Латгальская працоўная партыя (27 679 галасоў), Латгальская сялянская партыя (8 522) і Латгальскае народнае аб’яднанне (6 422) [26]. Усе вялі перадвыбарчую актыўную агітацыю сярод беларускамоўнай часткі Латгаліі.

Варта таксама адзначыць значную пасіўнасць латгальскага сялянства пад час выбараў. У выніку многія сяляне ўвогуле ўхіліліся ад удзелу ў галасаванні. Асабліва гэта тычылася невялікіх мясцовасцяў, якія знаходзіліся далёка ад выбарчых участкаў. Грамадзянская адукацыя і палітычная свядомасць значнай часткі тутэйшага сялянства былі на вельмі нізкім узроўні. Сярод беларусаў адзначаўся найбольшы працэнт непісьменных па краіне.

Пасля паразы на выбарах у Сойм І склікання беларускія дзеячы не адмовіліся ад наступных спробаў трапіць у латвійскі парламент. Наадварот, падзеі, звязаныя з беларускім працэсам (1924–1925), калі на лаве падсудных апынуўся амаль увесь кіраўнічы склад латвійскіх беларусаў, яскрава паказалі нацыянальным дзеячам, што толькі прысутнасць уласных прадстаўнікоў у органах дзяржаўнай і мясцовай улады забяспечыць інтарэсы беларускай меншасці. У № 1 першай беларускай газеты ў Латвіі “Голас Беларуса” (1925) К. Езавітаў заклікаў суайчыннікаў як мага хутчэй распачынаць палітычную працу: “І вось у 4-я ўгодкі нашае нацыянальна-адраджэнчае працы ў Латвіі мы павінны даць сабе ясную справаздачу ў тым, што мы далей не можам абмяжоўвацца выключна працаю культурна-прасьветнаю, што само жыцьцё і асабліва самыя ворагі нашыя прымушаюць нас выйсьці і на шлях працы нацыянальна-палітычнае, а за ёй і працы эканамічнае. Гэткім чынам рух наш у Латвіі перастае быць аднабокім” [27].

За словамі пайшлі дзеянні. У 1925 г. пачалася падрыхтоўка да выбараў у Сойм ІІ склікання. 24 красавіка ў Рызе адбыўся сход групы беларусаў, на якім было прынята рашэнне пра стварэнне Таварыства беларусаў – выбаршчыкаў у Дзяржаўны Сойм, гарадскія, павятовыя і валасныя самаўрады ў Латвіі (Latvijas Saeimas, pilsetu, aprinku un pagastu pasvaldibu baltkrievu veletaju biedriba). Мэты таварыства акрэсліваліся ў статуце наступным чынам: “З поваду таго, што беларуская нацыянальная меншасьць у Латвіі дае найбольшы працэнт няграматных сялян і рабочых выбаршчыкаў, якія дужа часта – па сваёй несьвядомасьці, неарганізаванасьці, няграматнасьці і адсутнасьці добра нарыхтаванае інфармацыі – ня толькі зусім па выпадковым пабуджэньням галасуюць за той ці іншы сьпісак, але нават і зусім адхіляюцца ад удзелу ў выбарах, – Таварыства ставіць сабе мэтай аб’яднанне беларусаў выбаршчыкаў у Дзяржаўны Сойм, у гарадскія, павятовыя і валасныя самаўрады, каб даць беларускай меншасьці магчымасьць папярэдняга абмену думак, абгаворваньня сваіх эканамічна-сацыяльных і нацыянальна-культурных патрэбаў, выстаўлення адпаведных беларускіх кандыдатур” [28]. Дзеля здзяйснення гэтай мэты арганізацыя мела намер ладзіць публічныя даклады, лекцыі, сходы і дыскусіі; склікаць кангрэсы, з’езды і нарады; выдаваць газеты, адозвы, праграмы, інструкцыі і іншую літаратуру; выстаўляць уласных кандыдатаў на парламенцкіх і мясцовых выбарах; дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у камісіі і камітэты па выбарах; арганізоўваць вечарыны, шэсці, культурныя мерапрыемствы, латарэі, курсы, бібліятэкі, спартовыя секцыі, хоры, драматычныя, музычныя і навуковыя гурткі [29].

Стварэнне арганізацыі знайшло разуменне ў правінцыі, што засведчылі заявы на ўступленне ў суполку ад жыхароў Дзвіншчыны [30]. У 1925 г. былі створаны філіялы ў 16 мясцовасцях. Арганізацыя пазіцыянавала сябе як сіла сацыял-дэмакратычнага напрамку. Праграма Таварыства шмат у чым дублявала праграмныя пастулаты латвійскіх сацыял-дэмакратаў, але ў ёй больш месца аддавалася нацыянальнаму пытанню. Згодна з праграмай, Таварыства падтрымлівала латвійскую дэмакратычную дзяржаву, якая гарантавала правы і свабоды нацыянальным меншасцям. Падкрэсліваўся пастулат роўнасці беларускай меншасці з астатнімі нацыянальнымі групамі ў Латвіі. Акцэнтавалася ўвага на ўзаемнай павазе паміж беларусамі і латвійскай дзяржавай па прынцыпе: беларуская меншасць выконвае свае грамадзянскія абавязкі ў адносінах да дзяржавы, а дзяржава забяспечвае гэтай меншасці роўныя правы. У праграме знайшлі адлюстраванне пытанні, звязаныя з асветай, працай і зямлёй [31].

2 жніўня 1925 г. у Дзвінску адбыўся агульны з’езд Таварыства, у якім удзельнічалі 46 дэлегатаў ад 9 рэгіянальных аддзелаў. Абралі ўправу арганізацыі ў складзе: К. Езавітаў (старшыня), А. Булат, Янка Шчорс і Ніна Пінская (сябры), Рыгор Плыгаўка (скарбнік), кандыдатамі сталі М. Дзямідаў, Я. Тэтар і Л. Клагіш [32]. Аднак галоўнае рашэнне, прынятае дэлегатамі, тычылася ўдзелу ў парламенцкіх выбарах з асобным беларускім спісам пад назвай “Аб’яднаны сьпісак беззямельных, рабочых і малазямельных грамадзян беларусаў”. У выбарах у Сойм былі выстаўлены два беларускія спісы: № 30 у Латгаліі i № 19 у Земгаліі. У перадвыбарчай улётцы падкрэслівалася, што ў спіс трапілі толькі “працоўныя беларускія элементы і нацыянальна-сацыяльныя дзеячы”. На першых месцах знаходзіліся К. Езавітаў і С. Сахараў, трэцяе месца займалі: па Латгаліі – М. Байкоўскі, па Земгаліі – М. Савіцкі [33]. Планаваўся таксама беларускі спіс па Рызе (К. Езавітаў, С. Сахараў, А. Булат, М. Дзямідаў, Р. Плыгаўка, М. Байкоўскі, Д. Мяжэцкі), аднак ад яго было вырашана адмовіцца з-за невялікай колькасці беларусаў у сталіцы [34].

Асноўныя лозунгі кампаніі гучалі так: 1) змаганне з беспрацоўем у гарадах (адбудова прамысловасці, развіццё замежнага гандлю, у тым ліку з СССР); 2) перагляд аграрнай рэформы, 3) скарачэнне выдаткаў на войска і ВМФ, 4) барацьба з бюракратыяй у дзяржаўных установах, 5) зніжэнне падаткаў і збораў, 6) забеспячэнне правоў на фабрыках і заводах пры дапамозе страхавой сістэмы і адпачынкаў, 7) забеспячэнне рабочым грамадзянскіх свабод, 8) затрыманне асіміляцыі нацыянальных меншасцяў і абарона школьніцтва з роднай мовай навучання [35]. Наогул жа беларускія кандыдаты ішлі на выбары, выкарыстоўваючы досыць радыкальную рыторыку левага ўхілу. Гэта яскрава засведчыла выдадзеная на патрэбы спісаў № 19 і № 30 брашура “Чего должны добиваться крестьяне и рабочие в Сейме?”. У дакуменце звярталася ўвага на гаротнае эканамічнае становішча (застой прамысловасці, рост беспрацоўя), хібы сацыяльнай палітыкі (несправядлівыя заробкі), празмерны бюракратызм улады, а таксама рэпрэсіі дзяржавы супраць іншадумцаў. Асобны параграф тычыўся ўціску нацыянальных меншасцяў (дыскрымінацыя ў дзяржаўных установах і банках, закрыццё школ, імкненне да латышызацыі). Прычына нядолі бачылася ў тым, што краінай кіруе буржуазія, якая не разумее патрэб працоўных [36].

У адрозненне ад кампаніі 1922 г. беларускія кандыдаты правялі шэраг перадвыбарчых мітынгаў і сустрэч з выбаршчыкамі, пад час якіх пашыраліся выбарчыя плакаты [37]. Асаблівай нагодай да вулічнай агітацыі былі кірмашы ў мястэчках, на якія высылалі агітатараў. Перадвыбарчая агітацыя адбывалася таксама праз улёткі. Часам перадвыбарчыя мітынгі спалучаліся з культурнымі мерапрыемствамі. Напрыклад, 27 верасня 1925 г. у маёнтку Альмборн (Ілукшскі павет Земгаліі) адбыўся канцэрт-баль, які зладзіла Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў. Адбылася пастаноўка спектакляў “У кавалёвай хаце» і “Збянтэжаны Саўка”, п’ес “Паклаўшы на Бога надзею” і “Дзіўныя вочы” [38]. Вядома, што на патрэбы агітацыі спіса № 30 была надрукавана 1 тыс. асобнікаў адозвы да выбаршчыкаў. Праўда, узнікла праблема з дастаўкай літаратуры ў вёскі, якія былі найбольш аддалены ад Дзвінска [39]. Езавітаў раіў адразу расклеіць у Дзвінску 100–150 штук адозвы, а потым штодня даклейваць, “бо напэўна расейцы і палякі будуць зрываць іх” [40]. Напярэдадні выбараў на старонках газеты была змешчана падрабязная інструкцыя наконт працэдуры галасавання [41]. У перадвыбарчай агітацыі беларускі бок карыстаўся як беларускай, так і рускай мовамі.

Беларускія дзеячы заклікалі сялян не галасаваць за чужых кандыдатаў, якія, засланяючыся рэлігійнымі і нацыянальнымі лозунгамі, імкнуцца адцягнуць увагу выбаршчыкаў ад сапраўдных праблем і патрэб сялян і рабочых [42]. Разам з тым рабіліся спробы пошуку саюзнікаў. Галоўная ўправа таварыства даручыла К. Езавітаву распачаць перамовы з латвійскімі сацыял-дэмакратамі з мэтай заключэння палітычнага пагаднення [43]. У жніўні 1925 г. была дасягнута дамоўленасць, згодна з якой сацыял-дэмакраты пагадзіліся, каб беларусы – сябры ЛСДРП –былі кандыдатамі беларускага спіса [44].

Належную падрыхтоўку кампаніі ўскладняў хранічны недахоп грашовых сродкаў. Адчуванні беларускага актыву яскрава адлюстроўвае ліст (5 жніўня 1925 г.) С. Сахарава да К. Езавітава: “Пачынаецца прэдвыбарчая праца, а грошай няма. Патрэбна знайсьці ня мэнш як 25–30 тыс. руб. На наша вучыцельства разлічваць нельга: яно зусім індэферэнтнае, апроч некалькіх асоб. Дажэ спэктакля і таго зрабіць ня могуць. Ці не дапаможа нам Амэрыка?

Бо выбары ў Сойм наша агульная стаўка. І тут трэба праявіць максімум энергіі” [45]. Але старшыня Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў быў бездапаможны. У адказ на ліст Сахарава ён пісаў: “З грашовымі выдаткамі пакульшто цяжкавата, але ёсьць пэунасьць што на гэтых днях мне надышлюць дапамогу-пазыку” [46]. Цяжка меркаваць, якую пазыку меў на ўвазе К. Езавітаў. Вядома, што лідар латвійскіх беларусаў трымаў сувязь з чыкагскімі беларусамі – Язэпам Варонкам і Янкам Чарапуком, якія грашова дапамагалі яму выдаваць газету “Голас Беларуса”. Акрамя таго, нельга выключыць, што Езавітаў разлічваў на фінансаванне з Мінску, бо ўжо тады ён наладзіў кантакт з савецкім бокам. Аднак да гэтага эпізоду дзейнасці беларускага дзеяча звернемся пазней.

Беларускія кандыдаты мусілі весці барацьбу за месцы ў парламенце ва ўмовах значнай канкурэнцыі. Сярод галоўных праціўнікаў былі рускія спісы: № 6 – Праваслаўныя выбаршчыкі і рускі блок (кіраўнік архіепіскап Іаан); № 14 – Рускі спіс валасных і грамадскіх дзеячоў (А. Багачоў); № 25 – Польскі спіс (Яраслаў Вільпшэўскі). Рускія кандыдаты не хавалі, што разлічваюць на падтрымку праваслаўных беларусаў. Кандыдаты спіса № 14 разглядалі беларусаў як частку адзінага рускага народа і лічылі, што “нацыянальныя асаблівасці (вялікаросы, маларосы, беларусы) не мяняюць прынцыпу адзінства” [47]. На падобных пазіцыях стаялі кандыдаты Польскага спіса з той розніцай, што яна тычылася веравызнання. Агітатары спіса № 25 выступалі супраць таго, каб “паляка перараблялі ў беларуса-каталіка” [48].

Пагрозу стваралі таксама латгальскія сілы: № 1 –Латгальская дэмакратычная партыя (Францыс Трасунс); № 2 – Саюз латгальскіх аратых (Марцін Абул); № 4 –Латгальская працоўная партыя і Саюз малазямельных і беззямельных сялян Латгаліі (Езупс Трасунс); № 7 –Латгальская працоўная народная група (па гэтым спісе ішоў Ф. Кэмпс); № 9 – Латгальскія хрысціянскія сяляне (епіскап Язэп Ранцанс) [49]. Гэтыя партыі вялі агітацыю на рускай мове і запэўнівалі, што будуць абараняць правы “ўсіх рускіх, палякаў, беларусаў і іншых” [50]. Рускамоўнае выданне спіса № 4 заклікала латгальскіх сялян не аддаваць сваіх галасоў за беларускі спіс, які, паводле іх, выставілі сацыял-дэмакраты, каб завабіць больш галасоў [51].

Атмасферу перадвыбарчага змагання ў беларускай латгальскай вёсцы і настрой, які там панаваў, часткова можа перадаць ліст сябра валасной управы ў Пустыні А. Мірановіча да К. Езавітава: «6/ІХ, у нашую Пустыню было заглянуўшы цэлых пяць агітатараў. Быў ад № 1 –адзін, хваліў сваяго кс. Трасуна – праваліў. Далей ад № 2, было цэлых два “рыбакі”, тыя яшчэ туды сюды. Далей ад № 3, але той наехаў з сваей літэратурай і сам з носам і на канец ад № 25, але таму прышлось пабрыцца, лепі ад усіх, досыць таго што яго добра крытыкавалі чуць ня усе, апроч некалькі яго шлятаў [52], якія маўчалі, дагаварыўшыся да таго, што трэба хлусьціць (махляваць), каб папасьць у Сейм. “Jeżeli nie skłamiesz to i nie popadniesz”, па гэтых словах усе жыхары рассьмяяліся да упаду і прышлось яму канчаць. Так што з усіх гэтых агітатараў на жыхарах ня было зроблена ні якага вражэньня, а тым больш што пагода была дрэнная і люднасьці было сусім гарстка. Пав. К. Барысавіч! Трэба раз’ежаць абавязкова; гэта мае бальшое значэньне у нас напр.: жыхары цэлы час пытаюцца “а каліж будзе наш агітатар, трэба было яго паслухаць”, а таму трэба абавязкова свае куткі каму нібудзь аб’ехаць хоць па разу. Толькі патрэбна зараньня надрукаваць праграмы і адозвы да жыхарства» [53].

Выбары ў Сойм ІІ склікання (1925–1928) адбыліся 3 і 4 кастрычніка 1925 г. Беларусам удалося ў некаторых мясцовасцях займець значную падтрымку. Так, спіс № 30 перамог у Прыдруйскай воласці Дзвінскага павета, дзе за яго прагаласавала 695 чалавек 54. Але гэта можна лічыць адзіным поспехам беларускіх кандыдатаў. Агульны вынік выбарчай кампаніі быў несуцяшальны. Вядома, што за спіс № 30 агулам было аддадзена толькі 1900 галасоў [55]. На жаль, невядома, колькі галасоў атрымаў беларускі спіс у Земгаліі. Падсумоўваючы агульныя вынікі, трэба адзначыць, што ў Земгаліі спіс № 19 атрымаў 4942 выбарчыя талоны, а спіс № 30 у Латгаліі – 39 376 [56]. Чарговы раз спроба правесці ў Сойм беларускага прадстаўніка скончылася паразай. Значна лепшых вынікаў дасягнулі іншыя партыі і выбарчыя камітэты. Напрыклад, за польскі спіс прагаласавала 12 497 чал., у тым ліку 6808 у Латгаліі i 4932 у Земгаліі. У Сойм трапілі два польскія прадстаўнікі [57]. Па Латгаліі ў парламент прайшлі чатыры рускія кандыдаты. Добрага выніку дасягнулі мясцовыя партыі: Латгальскія дэмакраты (2 дэпутаты) і Латгальская хрысціянска-сялянская партыя (4 дэпутаты). Найлепшае выбарчае жніва сабралі, аднак, сацыял-дэмакраты, праводзячы па Латгаліі ў парламент 5 дэпутатаў [58].

Беларускі бок вінаваціў у паразе канкурэнцыю, якой закідваў “лоўлю беларускіх душ” [59]. Аналізуючы прычыны паразы беларускіх спісаў, варта звярнуць увагу на пазіцыю праваслаўнага і каталіцкага духавенства. Латгальскія беларусы былі традыцыйным грамадствам, сярод якога духавенства карысталася значным аўтарытэтам. На гэтым полі латгальскія, польскія і рускія кандыдаты мелі істотную перавагу над беларускімі, бо праваслаўнае духавенства вяло агітацыю на карысць рускіх кандыдатаў, а каталіцкае агітавала за латгальскія і польскія спісы [60]. Тым часам стаўленне большасці мясцовага клеру абодвух веравызнанняў да беларускай дзейнасці было ў лепшым выпадку абыякавым, а ў горшым – адмоўным. Выпадкі пэўнага супрацоўніцтва святароў з беларускімі арганізацыямі здараліся, але яны мелі эпізадычны характар. Невыпадкова К. Езавітаў у лісце да амерыканскіх беларусаў наракаў на стаўленне святароў: “У Латвійскі сойм прайсьці мне не ўдалося <…> Дужа пашкодзілі нам нашы папы і ксяндзы, якія пайшлі па клерыкальным сьпіскам і лаялі нас на беларускай жа мове. Зразумела, самі яны не прайшлі і нас правалілі. Ліха ведае што” [61].

Насамрэч не канкурэнцыя з боку іншых груповак і стаўленне духавенства былі галоўным ворагам беларускіх кандыдатаў. Трэба цалкам пагадзіцца з К. Езавітавым, які галоўную прычыну няўдачы бачыў у непісьменнасці, нізкай нацыянальнай і палітычнай свядомасці латгальскіх беларусаў. Незаможнае мясцовае сялянства, якое змагалася з наступствамі вайны і было занята штодзённымі клопатамі, не разумела сутнасці беларускай нацыянальнай ідэі. Мясцовы беларускі рух толькі рабіў свае першыя крокі і быў невядомы пераважнай большасці сялянства. Тым часам сацыяльна-эканамічныя лозунгі беларусаў былі шмат у чым падобныя да тых, якія высоўвалі агульналатвійскія партыі, што мелі непараўнальна большы досвед і матэрыяльныя магчымасці на падрыхтоўку і вядзенне перадвыбарчай кампаніі [62].

Нягледзячы на паразу ў 1925 г. беларускі актыў Латвіі не склаў зброі і ў наступныя гады рыхтаваўся да чарговых парламенцкіх выбараў. Працягвала сваю дзейнасць Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў. Арганізацыя мела амбіцыі, каб з цягам часу ператварыцца ў галоўную арганізацыю беларускай меншасці ў Латвіі. Езавітаў разглядаў Таварыства як будучы плацдарм для сваёй палітычнай дзейнасці, якой разлічваў ахапіць як мага шырэйшыя слаі беларускага грамадства. У прамове да дэлегатаў ІІ з’езда арганізацыі ў 1926 г. К. Езавітаў адзначаў, што ніякая іншая праграма, акрамя сацыялістычнай, не мае шанцаў прабіцца да сэрцаў беларускай меншасці [63]. На згаданым з’ездзе было вырашана працаваць над нацыянальным выхаваннем беларускага насельніцтва Латвіі, а таксама імкнуцца да кансалідацыі ўсіх нацыянальнасвядомых сіл вакол аднаго цэнтра. Але практыка паказала, што стварэнне адзінага беларускага палітычнага фронту ў Латвіі было задачай невыканальнай. Перашкодай да кансалідацыі сіл у значнай ступені сталі асабістыя амбіцыі дзеячоў беларускай меншасці. Напрыканцы 1920-х і ў пачатку 1930-х г. лагер латвійскіх беларусаў канцэнтраваўся вакол двух лідараў: К. Езавітава і У. Пігулеўскага. Суперніцтва тлумачылася не толькі амбіцыямі, але і пэўнымі разыходжаннямі адносна тактыкі беларускай працы і выбару саюзнікаў. Пігулеўскі належаў да ЛДСРП і бачыў будучыню беларусаў у супрацоўніцтве з гэтай палітычнай сілай, бо яна найбольш спрыяла меншасцям. К. Езавітаў схіляўся штораз больш улева. Як “сацыяліст са стажам” ён не ўяўляў сабе працы на карысць нацыянальных правоў беларусаў без класавай барацьбы. За свае радыкальныя погляды і станоўчае стаўленне да БССР К. Езавітаў зазнаў крытыку з боку больш памяркоўных беларускіх дзеячоў. Ён лічыў беларусаў за найбольш “пралетарскую” групу ў Латвіі, бо яны амаль цалкам складаліся з сялян і рабочых. У сувязі з гэтым ён сцвярджаў, што беларуская меншасць павінна адстойваць не толькі свае нацыянальныя правы, але і сацыяльныя, якія ён лічыў прыярытэтнымі. На яго думку, беларускі селянін і рабочы здольныя будуць успрымаць нацыянальную агітацыю толькі пасля вырашэння сацыяльна-эканамічных праблем [64]. Беларускі дзеяч крытычна ставіўся да аграрнай рэформы, абвінавачваючы яе рэалізатараў у несумленнасці і дбанні пра інтарэс сярэдніх гаспадароў з адначасовым ігнараваннем патрэб найбяднейшых сялян. Заганы ў правядзенні рэформы былі адной з прычын, па якіх К. Езавітаў адмаўляўся ад супрацоўніцтва з сацыял-дэмакратамі [65]. Ён лічыў недапушчальным супрацоўніцтва з ЛСДРП і сцвярджаў, што К. Пігулеўскі “цягне беларусаў у балота”. Знаходзячыся ў зацятай апазіцыі да У. Пігулеўскага і сацыял-дэмакратаў, К. Езавітаў наладзіў сувязь з Латвійскай партыяй незалежных сацыялістаў (ЛПНС – Latvijas neatkarīgo sociālistu partija). У лісце да Аляксандра Чарвякова ён пісаў: «Каб беларуская маса, кінутая бяз прэсы і кіраўніцтва не пайшла за с.-д., куды яе цягне Пігулеўскі <…> дык я ўвайшоў у партыю незалежных сацыялістаў, якая зьяўляецца партыяй тыпу “Грамады”, а знача і самай левай партыяй у Латвіі» [66].

З цягам часу разыходжанні паміж У. Пігулеўскім і К. Езавітавым рабіліся больш відавочнымі. Але набліжаліся выбары ў Сойм, і беларускія дзеячы мусілі выпрацаваць стратэгію ўдзелу ў іх сваіх кандыдатаў. Сярод беларускай грамадскасці дамінавала меркаванне пра немэтазгоднасць выстаўлення чарговы раз уласнага спіса, а як альтэрнатыва бачылася ўнясенне сваіх прадстаўнікоў у спісы агульналатвійскіх партый [67]. З мэтай выпрацоўкі далейшай стратэгіі склікалі дзве беларускія канферэнцыі – 28 красавіка i 8 ліпеня 1928 г. [68]. Ужо на I канферэнцыі пазначыліся пэўныя рознагалоссі. Сімпатыі ўдзельнікаў вагаліся паміж выбарам палітычных хаўруснікаў – ЛСДРП і ЛПНС. Каб пераадолець крызіс, стварылі камісію па выбарах у Сойм у наступным складзе: Пятро Масальскі (старшыня), Якуб Кастылюк, С. Сахараў і Алесь Сальцэвіч (сябры), Уладзімір Ціхаміраў (сакратар) [69]. Новы орган павінен быў заняцца падрыхтоўкай праекта агульных прынцыпаў выбарчай стратэгіі. Тон працы камісіі задавалі прыхільнікі К. Езавітава, таму яна падрыхтавала праект ухвалы з заклікам, каб беларусы падтрымалі ЛПНС [70]. Каб схіліць беларускую інтэлігенцыю на свой бок, “езавітаўцы” напярэдадні склікання II беларускай канферэнцыі выдалі аднаднёўку “Праца”, на старонках якой моцна крытыкавалі сацыял-дэмакратаў, падкрэсліваючы, што стаўка на іх скончыцца для беларусаў згубай. Адначасова аўтары пераконвалі, што для беларусаў адзіным слушным выбарам хаўрусніка будзе аб’яднанне сіл з незалежнымі сацыялістамі [71].

Што маглі прапанаваць беларусам незалежныя сацыялісты? Незалежныя сацыялісты займалі крайне радыкальныя пазіцыі на левым флангу палітычнай сцэны. Партыя была створана на пачатку 1928 г. па задуме Камінтэрна як легальнае крыло камуністаў. Апошнія дзякуючы ЛПНС маглі змагацца за месцы ў латвійскім парламенце. Партыя мела чыста папулістычны характар і засяроджвалася на вострай крытыцы апанентаў. Галоўнае вастрыё партыйнай агітацыі было скіравана супраць памяркоўных левых сіл, перадусім сацыял-дэмакратаў, электарат якіх “незалежнікі” намагаліся захапіць сабе [72]. Партыя экспанавала сябе як змагара за “сапраўдны сацыялізм”. У пытаннях замежнай палітыкі партыя дэкларавала нейтральнасць, скасаванне арміі і ўсеагульнае раззбраенне. Незалежныя сацыялісты не абмінулі ў сваёй дзейнасці нацменаў. У чэрвені 1928 г. кіраўніцтва гэтай партыі прыняло рашэнне ствараць секцыі пры рэгіянальных аддзелах партыі ў мясцовасцях, дзе жыла тая ці іншая нацыянальная меншасць. Нацыянальныя секцыі павінны былі на сваіх родных мовах праводзіць агітацыю сярод прадстаўнікоў свайго народа на карысць ПНС. Прадстаўнікі нацыянальных секцый удзельнічалі ў працы мясцовых аддзелаў партыі, а таксама ЦК. На патрэбы агітацыі сярод нацменаў партыя выдала сваю праграму на розных мовах, у тым ліку – па-беларуску [73].

Варта падкрэсліць, што зацікаўленне ЛПНС беларускімі справамі і супрацоўніцтва з партыяй К. Езавітава было невыпадковым. Гэта была частка стратэгіі, якую абралі ўлады ў Мінску ў дачыненні да беларусаў замежжа, у тым ліку Латвіі. Яшчэ ў кастрычніку 1925 г. ЦК КП(б)Б прыняло наступнае рашэнне: “Наша палітыка ў гэтых краінах павінна заключацца ў развіцці нацыянальнага беларускага руху, каб ахапіць яго і ператварыць у рэвалюцыйны рух пад лозунгам аб’яднання беларускага народа, стварэння адзінай Беларусі і ўстанаўлення ў ёй рабоча-сялянскай Савецкай улады” [74]. Арганізацыя працы з беларусамі замежжа вялася супольна НКЗС і ЦК КП(б)Б, а рашэнні прыводзіліся ў выкананне па лініі савецкіх дыпламатычных прадстаўніцтваў. Цэнтрам гэтай акцыі быў Мінск, а прадстаўнікі Савецкай Беларусі трымалі непасрэдную сувязь з упаўнаважаным НКЗС пры ўрадзе БССР [75]. У выпадку беларускага руху ў Латвіі было вырашана выкарыстаць яго у барацьбе з латвійскай дзяржавай, накіроўваючы ў бок збліжэння з БССР. Дзеля ажыццяўлення гэтай задачы неабходна было знайсці беларускіх дзеячоў, схільных да супрацоўніцтва з СССР. У поле бачання савецкіх дыпламатаў трапіў К. Езавітаў. Гэты беларускі дзяяч, як і многія яго паплечнікі па адраджэнскім руху ў той час, знаходзіўся пад значным уражаннем ад поспехаў палітыкі беларусізацыі ў БССР. Самаахвярны і бязмежна адданы беларускай нацыянальнай справе дзяяч шчыра паверыў у тое, што Савецкая Беларусь пры адсутнасці лепшых альтэрнатываў можа сапраўды стаць здзяйсненнем нацыянальнакультурных і эканамічных імкненняў беларускага народа. Яго не бянтэжыла ідэалагічная афарбоўка БССР, бо яна ўспрымалася хутчэй як праява сацыялістычнай ідэі, якая не была ні чужой, ні варожай для беларускіх дзеячоў на пачатку ХХ ст. Больш за тое, у 1924–1925 г. Езавітаў быў адным з галоўных падсудных на беларускім працэсе і амаль год праседзеў у латвійскай турме, што не магло не паўплываць на яго стаўленне да латвійскай дзяржавы. Савецкай краіне было вельмі важна перацягнуць Езавітава на свой бок, паколькі ён быў адным з кіраўнікоў беларускага руху ў Латвіі і карыстаўся значным аўтарытэтам, асабліва сярод моладзі. Праўда, бээсэсэраўскім палітыкам не падабалася палітычная афарбоўка “групы Езавітава”, якая ацэньвалася як “нацыянал-дэмакратычная”. Відавочна, што савецкі бок хацеў мець адносіны з паслухмянай марыянеткай, якая будзе слепа выконваць дырэктывы партыі. Тым часам К. Езавітаў ніколі такім не быў. Ён лічыў сябе саюзнікам СССР, бо быў перакананы, што гэта прынясе карысць беларускай нацыянальнай справе. У Мінску лічылі, што да працы і дэкларацый К. Езавітава трэба ставіцца вельмі асцярожна і імкнуцца ахапіць сваім кантролем выбарчыя камітэты, створаныя гэтым дзеячом, звязваючы іх з Кампартыяй Латвіі, каб праз іх уплываць на настроі беларусаў Латгаліі. Адначасова вёўся пошук сярод латвійскіх беларусаў адпаведных кандыдатаў з прасавецкай арыентацыяй, якія маглі б з часам замяніць К. Езавітава ў арганізацыйнай працы [76].

Мінск намагаўся выкарыстаць К. Езавітава ў супрацьстаянні з “кансерватыўнымі” беларускімі дзеячамі (У. Пігулеўскі, Я. Шчорс, С. Сахараў, М. Дзямідаў) і іх арганізацыямі (таварыствы “Прасвета” і “Беларуская хата”). Савецкі бок вылучаў на гэтую мэту пэўныя сродкі. Вядома, што ў значнай ступені дзякуючы гэтаму К. Езавітаў мог выдаваць газету “Голас Беларуса” [77]. Дапамога ішла па лініі савецкага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Рызе, з якім беларускі дзяяч трымаў сувязь з 1925 г. Ён нават быў інфарматарам па мянушцы “Озалс” [78]. У студзені 1928 г. з мэтай кантралявання і пашырэння савецкіх уплываў сярод латвійскіх беларусаў было вырашана падпарадкаваць працу К. Езавітава кіраўніцтву Кампартыі Латвіі праз уцягненне яго ў шчыльнае супрацоўніцтва з незалежнымі сацыялістамі. У выпадку правядзення ў латвійскі Сойм беларускіх дэпутатаў планавалася арганізаваць іх па прынцыпе Беларускай сялянска-рабочай грамады ў польскім парламенце [79].

Савецкія разлікі, аднак, не спраўдзіліся. 8–9 ліпеня 1928 г. у Дзвінску адбылася ІІ беларуская канферэнцыя, на якой беларуская супольнасць канчаткова вырашыла пытанне выбару саюзніка. Пасля вострай дыскусіі перамогу атрымалі прыхільнікі супрацоўніцтва з сацыял-дэмакратамі. Спроба Езавітава і яго прыхільнікаў пераканаць беларускае настаўніцтва ісці на выбары “адзіным пралетарскім фронтам з Латвійскімі сацыялістычнымі партыямі” скончылася паразай. Канферэнцыя завяршылася прыняццем рэзалюцыі аб кансалідацыі беларусаў вакол ЛСДРП [80].

Пасля згаданай канферэнцыі стала зразумела, што лідары латвійскіх беларусаў пойдуць на выбары рознымі сцежкамі. Частка беларускіх актывістаў, якая падтрымала К. Езавітава, гуртаваліся вакол Таварыства беларусаўвыбаршчыкаў. Улетку 1928 г. была створана беларуская секцыя ЛПНС, якую ачолілі А. Сальцэвіч, У. Ціхаміраў, А. Райко і К. Езавітаў. Апошні быў запрошаны на І з’езд ЛПНС, які адбыўся 1 ліпеня 1928 г. у Дзвінску. Беларускі дзяяч вітаў удзельнікаў ад імя латвійскіх беларусаў [81]. У Дзвінску і Краслаўцы былі створаны аддзелы беларускай секцыі ЛПНС. У сваіх выступах яе сябры заклікалі беларускія масы ў Латгаліі арыентавацца “ўлева і на ўсход”, а латвійскі ўрад называлі “рэакцыйным” і “буржуазным” [82]. Вось як працу беларускай секцыі ЛПНС у Дзвінску характарызаваў адзін з яе сяброў: “Нашы незалежнікі працуюць ува ўсю: не праходзіць ні аднаго мітынгу, каб там не было беларускіх прадстаўнікоў. Аб беларусах загутарылі. Незалежнікі іншых нацыянальнасьцяў глядзяць на нас з пашанай і надзеямі. Стараемся падтрымаць і пашану і надзеі. Цяжка зараз, калі вучыцельства разбрылося, наладзіць сувязі з вёскай, – а без яе мы – нуль. Зьмянілі кіно-фільмы і на будучым тыдню усё-ж-ткі думаем махнуць на дні тры па вёсках. Сродкаў у камісіі няма, а таму мы і прыдумалі кіно” [83]. Немалую актыўнасць праяўляў К. Езавітаў. Яго прозвішча апынулася на чацвёртым месцы ў Рыжскім выбарчым спісе ЛПНС [84]. Як прадстаўнік гэтай партыі ён узяў актыўны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі. 8 ліпеня 1928 г. пад час партыйнага мітынгу К. Езавітаў выступіў з дакладам «Рэакцыя ў Польшчы і разгром “Грамады”». Па яго ініцыятыве ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю, якая ўтрымлівала пратэст супраць ліквідацыі БСРГ і патрабаванне спыніць пераслед грамадоўцаў. Гэтая рэзалюцыя была апублікавана ў партыйнай газеце незалежных сацыялістаў “Vards” [85]. Акрамя таго, беларускі дзяяч быў абраны сябрам Управы Саркандаўгаўскага аддзела партыі і стаў старшынёй камітэта гэтага аддзела. На сходзе прыхільнікаў ЛПНС, які адбыўся 21 ліпеня 1928 г., К. Езавітаў агучыў даклад “Латвійскія працоўныя і нацыянальныя меншасці”. Пасля гэтага была прынята партыйная рэзалюцыя аб тым, каб звярнуць пільную ўвагу на працу партыі сярод беларускіх, рускіх, польскіх і латгальскіх рабочых [86]. З мэтай перадвыбарчай агітацыі К. Езавітаў меў намер выдаць аднаднёўку “Незалежны сацыяліст”, але гэтая задума засталася няздзейсненай [87].

Тым часам апаненты К. Езавітава па беларускім лагеры таксама не марнавалі часу. Прыхільнікі супрацоўніцтва з сацыял-дэмакратамі гуртаваліся вакол Таварыства “Рунь” іБеларускага пазычкова-ашчаднага таварыства. Сваю агітацыю яны вялі на старонках газеты “Гаспадар» (галоўны рэдактар Я. Шчорс), а таксама партыйнай прэсы сацыял-дэмакратаў. Ідучы насустрач памкненням беларускіх дзеячоў, ЦК ЛСДРП унесла У. Пігулеўскага ў свой партыйны выбарчы спіс.

Па меры набліжэння выбараў напружанне ўзрастала. І “езавітаўцы”, і “пігулеўцы” не вагаліся перад бруднымі захадамі, каб толькі скампраметаваць апанентаў. Езавітаў называў Пігулеўскага “наймітам-чынушай”, які дзеля ўласных амбіцый ахвяраваў агульнабеларускім інтарэсам і будуе свой палітычны капітал на барацьбе “з левізной Езавітава”. У. Пігулеўскі публічна абвінаваціў К. Езавітава ў распаўсюджванні радыкальных поглядаў сярод памяркоўных беларускіх мас [88]. Як доказ гэтага ён звярнуў увагу на кантакты Езавітава з савецкім прадстаўніцтвам у Латвіі. Пігулеўскі даводзіў, што Езавітаў па загадзе Камінтэрна імкнецца знішчыць беларускую справу ў Латвіі [89]. Пра канфлікт стала вядома не толькі латвійскім беларусам, бо К. Езавітаў інфармаваў пра сваё змаганне з “рэакцыяй” прэсу ў БССР, а яго апаненты карысталіся перыядычнымі выданнямі латвійскіх сацыял-дэмакратаў. Сітуацыя была настолькі сур’ёзная, што К. Езавітаў збіраўся падаць у суд на галоўнага рэдактара адной з сацыял-дэмакратычных газет, абвінавачваючы яго ў паклёпніцтве. Гаворка ішла пра артыкул М. Дзямідава (пад псеўданімам “Раб. К. Я.”) у газеце “Латгальская мысль”, у якім аўтар адзначаў, што К. Езавітаў у 1919 г., будучы камандзірам 1-га Беларускага пяхотнага палка ў Горадні, выдаў загад страляць у групу рабочых [90]. Езавітаў палічыў публікацыю праявай палітычнай правакацыі з боку нядобразычліўцаў, якія помсцілі яму за супрацоўніцтва з незалежнымі сацыялістамі [91]. Ён хацеў абскардзіць аўтара зацемкі ў судзе, а на працэс у якасці сведкаў запрасіць беларускіх дзеячоў з Дзвінска, Прагі, Вільні, Коўна і Мінска. У лісце К. Езавітава да З. Жылуновіча чытаем: “Я з групай маладых пайшоў з партыяй незалежных соцыялістаў, а Пігулеўскі з с-д. Пры чым с-д. выступалі і на канфэрэнцыі і ў прэсе самым ганебным чынам. Асабліва наваліліся на мяне, бо мая рашучая пазыцыя захоплівае моладзь, а таксама і таму, што выступленьні маі на мітынгах у Дзьвінску мелі вялікі посьпех у рабочых масах. Дык, каб скампраметаваць мяне і партыю, цяпер Дзямідаў і Пігулеўскі распушчаюць аба мне ўсялякія нягодныя плёткі <…> справа ў тым, што і самі яны добра ведаць усю абсурднасьць сваіх заяў, але зрабілі іх цяперака таму, што складаюцца сьпіскі ў Сойм і яны сваімі лістамі дапамагаюць стварыць такую атмасфэру, каб партыі незалежных немагчыма было паставіць маю кандыдатуру” [92].

Выбары Сойма ІІІ склікання (1928–1931) адбыліся 6 і 7 кастрычніка 1928 г. Вынікі галасавання задаволілі тых беларусаў, якія паставілі на супрацоўніцтва з сацыял-дэмакратамі. Сярод кандыдатаў гэтай партыі, якія ў 1928 г. трапілі ў Сойм, апынуўся У. Пігулеўскі. Ён стаў першым і адзіным беларускім дэпутатам у латвійскім парламенце, дзякуючы чаму ў наступныя гады з дэпутацкай трыбуны мог абараняць правы беларускай меншасці. У 1929–1932 г. сацыял-дэмакраты ўваходзілі ва ўрадавую кааліцыю, таму дэпутат-беларус удзельнічаў у дзяржаўным кіраванні. Як дэпутат латвійскага Сойма ў лютым 1930 г. ён быў кааптаваны ў склад прэзідыума Таварыства нацыянальных меншасцяў спрыяння Лізе народаў [93]. Праўда, не ўсе латвійскія беларусы лічылі, што ён апраўдаў іх давер, і нават закідалі яму занядбанне беларускіх інтарэсаў на карысць партыйных абавязкаў (ён рэдагаваў рускамоўнае выданне ЛДСРП “Трудовая мысль”). Тым не менш неабходна сцвердзіць, што стаўка беларускіх дзеячоў на тактычны саюз з сацыял-дэмакратамі сябе цалкам апраўдала. Поўным фіяска скончылася кампанія тых беларусаў, якія звязвалі свае надзеі з супрацоўніцтвам з радыкальнай ЛПНС. Незалежныя сацыялісты атрымалі 9511 латгальскіх галасоў. Па краіне ім удалося правесці ў парламент шэсць прадстаўнікоў, але сярод іх не было беларусаў. Спроба К. Езавітава трапіць у парламент з камуністычнага спіса скончылася поўнай паразай. Гэтая падзея паўплывала на змену стаўлення Мінска да беларускага дзеяча. Кіраўніцтва КП(б)Б зразумела, што супрацоўніцтва з К. Езавітавым неэфектыўнае. Беларускі дзяяч абвінавачваўся ў адсутнасці рашучасці і радыкалізму ў працы, а таксама ў “палітычным авантурніцтве і шкурніцтве” [94]. Пад уплывам няўдачы на выбарах страціла сэнс далейшая дзейнасць Таварыства беларусаў-выбаршчыкаў. Праўда, у 1930 г. Езавітаў хацеў на базе гэтай арганізацыі стварыць Беларускую сацыялістычную партыю, але гэтая ідэя не знайшла падтрымкі сярод іншых беларускіх дзеячоў [95]. У наступныя гады Таварыства не праяўляла ніякай актыўнасці.

У другой палове 1920 – пачатку 1930-х г. на латвійскай палітычнай сцэне адбыліся пэўныя змены. Пачаў назірацца выразны ўхіл управа. У пэўнай ступені гэтыя змены абумоўліваліся падзеямі на міжнароднай арэне. Грамадства адчувала наступствы сусветнага эканамічнага крызісу, якія паглыблялі палітычны крызіс. На пачатку 1931 г. аслабла пазіцыя сацыял-дэмакратаў, месца якіх пачалі займаць партыі цэнтра (Саюз прагрэсістаў, Дэмакратычны цэнтр, Партыя новых гаспадароў і дробных сельскагаспадарчых уласнікаў), якія распачалі папулістычную выбарчую кампанію. Палітыкі крытыкавалі сацыял-дэмакратаў, якіх вінавацілі ў палітычных праліках і злоўжываннях. Змены палітычных настрояў не маглі не закрануць стаўлення да нацыянальных меншасцяў. Пад уплывам сусветнага эканамічнага крызісу разам з ростам папулярнасці правых палітыкаў узмацняліся непрыхільныя настроі да нелатышоў. У такой атмасферы пачалася перадвыбарчая кампанія ў Сойм IV склікання [96].

Па меры набліжэння выбараў назіралася палітычная актыўнасць сярод беларусаў. У снежні 1930 г. была створана Беларуская дэмакратычная партыя Латвіі (БДПЛ – Baltkrievu demokratiska partija Latvija). Старшынёй новай фармацыі стаў С. Сахараў, а сярод актывістаў былі Аўгуст Дварэцкі, Міхась Барткевіч, Сяргей Казека і інш. Партыя ставіла за мэту абарону духоўных, юрыдычных і матэрыяльных правоў беларускай меншасці, узмацненне нацыянальнай свядомасці беларускіх мас, матываванне суродзічаў да ўдзелу ў грамадскім жыцці шляхам выстаўлення ўласных кандыдатаў на парламенцкіх і мясцовых выбарах [97]. БДПЛ магла дзейнічаць на тэрыторыі ўсёй Латвіі, але яе кіраўнікі падкрэслівалі, што будуць аддаваць асаблівую ўвагу працы ў Латгаліі і Ілукшчыне. Агульнапалітычныя прынцыпы партыі ахоплівалі падтрымку дэмакратычнага ладу латвійскай дзяржавы, роўных правоў для ўсіх грамадзян незалежна ад нацыянальнасці ў форме нацыянальна-культурнай аўтаноміі, абарону грамадзянскіх правоў, шырокія кампетэнцыі органаў мясцовага самакіравання, свабоду сумлення і рэлігіі. Эканамічная праграма партыі прадугледжвала правядзенне аграрнай рэформы шляхам падзелу буйных зямельных надзелаў і раздачы іх сялянам з аднолькавымі магчымасцямі для ўсіх нацыянальных груп. Дзеячы БДПЛ дамагаліся дзяржаўнай дапамогі ў выглядзе даступных пазык і крэдытаў для беззямельных і малазямельных сялян. Высоўвалася патрабаванне эксплуатацыі лясных рэсурсаў Латгаліі выключна на патрэбы гэтага рэгіёна. Актыўна прапагандавалася кааператыўная дзейнасць сярод сялян. У сферы культуры і асветы падкрэслівалася права ўсіх грамадзян на бясплатную абавязковую асвету, прыстасаванне школ да патрэбаў сацыяльна-эканамічнага жыцця. БДПЛ абараняла права беларускай меншасці на атрыманне ад дзяржавы і органаў самакіравання грашовых сродкаў на развіццё і функцыянаванне школ з роднай мовай навучання. Партыя таксама абараняла правы беларусаў на атрыманне ад дзяржавы сродкаў на развіццё тэатра і друкаванай прадукцыі [98].

Партыя мела некалькі рэгіянальных філіялаў на Дзвіншчыне і Люцыншыне. Друкаваным органам БДПЛ стала газета “Думка Беларуса”, першы нумар якой убачыў свет 1 чэрвеня 1931 г. Няма сумневу, што арганізацыя была створана з разлікам на ўдзел у парламенцкіх выбарах. Неўзабаве ў адным з нумароў партыйнай газеты даваўся агляд і ацэнка сітуацыі латвійскіх беларусаў у аспекце новых выбараў. Беларускія дзеячы з жалем канстатавалі, што замест аб’яднання сіл перад выбарамі ў беларускім асяроддзі наадварот паглыбляюцца падзелы, якія значна зніжаюць шанцы на поспех. Дзеячы партыі заклікалі суродзічаў пакінуць убаку ўнутраныя сваркі і аб’яднацца дзеля дасягнення агульнай мэты [99].

Кіраўнікі БДПЛ разумелі, што неабходна таксама шукаць саюзнікаў на латвійскай палітычнай сцэне. У сувязі з гэтым была зроблена спроба ўвайсці ў саюз з Партыяй прагрэсіўных сялян (ППС). У ліпені 1931 г. дзеячы БДПЛ прапанавалі прагрэсістам супрацоўніцтва ў абмен за ўнясенне прадстаўнікоў партыі ў выбарчы спіс кандыдатаў ППС. Беларусы дамагаліся для сябе 3 месцаў у Латгаліі і 6 – у Земгаліі. Акрамя таго, беларускі бок разлічваў на атрыманне ад латышскіх саюзнікаў матэрыяльнай дапамогі на выданне прэсы, скліканне перадвыбарчага з’езда і іншыя выдаткі. Узамен БДПЛ абяцала ў выпадку правядзення свайго дэпутата, што ён будзе належаць да фракцыі ППС. Па Латгаліі прапанавалі выставіць кандыдатуры С. Сахарава і Міхала Клагіша, а па Земгаліі – С. Сахарава і А. Базновіча [100]. Але прагрэсісты не пагадзіліся на такія ўмовы, бо ведалі, што беларускія палітыкі не валодаюць вялікім выбарчым патэнцыялам [101]. Нягледзячы на няўдалы пачатак перамоў, беларускі бок не пакідаў надзеі на наладжванне супрацоўніцтва з ППС. 20 верасня 1931 г. у Дзвінску адбыўся з’езд дэлегатаў БДПЛ. У якасці госця ў мерапрыемстве ўзяў удзел прадстаўнік прагрэсістаў, які падкрэсліў, што яго партыя будзе абараняць правы беларусаў у галіне культуры і асветы. Дэлегаты прынялі рашэнне, што пад час выбараў трэба галасаваць за кандыдатаў ППС, а ў далейшай грамадска-палітычнай дзейнасці БДПЛ будзе абапірацца на супрацоўніцтва з прагрэсістамі. Выпрацоўку канчатковай дамовы паміж партыямі дэлегаты даручылі кіраўніцтву партыі [102].

Менш клопатнымі былі перамовы з літоўскай меншасцю ў Земгаліі. У выніку зарэгістравалі супольны літоўска-беларускі спіс № 20 (“Спіс літоўцаў-каталікоў і беларусаў”), які складаўся з 14 кандыдатаў, у тым ліку 3 беларусаў: С. Сахарава (№ 5), Даната Далецкага і Ігната Завадскага. Выбар літоўцаў у якасці саюзнікаў беларускія дзеячы абгрунтоўвалі наступным чынам: “Мы пайшлі з ліцьвінамі ня толькі таму, каб быць больш моцнымі на выборах, а і таму, што тут, у Латвіі, з нацыянальных меньшасьцяў нас і нашы патрэбы больш усяго могуць зразумець ліцьвіны – гэтыя старадаўнія нашы сябры на гістарычным шляху, для нас зусім аднолькава – хто пройдзе па сьспіску № 20 – літовец ці беларус, бо як адзін, так і другі будзе аднолькава бараніць інтарэсы ліцьвінаў і беларусаў” [103]. Выбарчая праграма гэтага спіса складалася найперш з сацыяльна-эканамічных пастулатаў. Толькі ў апошнім пункце згадвалася, што спіс выступае за пашырэнне беларускай і літоўскай пачатковай, прафесійнай і пазашкольнай асветы [104]. У прэсе выказвалася надзея, што спіс № 20 можа атрымаць падтрымку блізу 6 тысяч выбаршчыкаў, а гэта давала б магчымасць правесці ў Сойм 1–2 дэпутатаў [105]. Разам з тым беларускія дзеячы цвяроза ацэньвалі сітуацыю і разумелі, што, хутчэй за ўсё, не правядуць свайго кандыдата ў Сойм, але дамова з літоўцамі давала ім гарантыю, што калі ў парламент трапіць літоўскі прадстаўнік, ён будзе абараняць правы беларускай меншасці [106].

Разам з набліжэннем галасавання на старонках партыйнай газеты БДПЛ усё больш месца аддавалася выбарчай агітацыі [107]. У перадвыбарчай адозве ЦК партыі гаварылася: «Дужа часта адзін голас дае перавагу варожым партыям, а таму ніхто з беларусаў не павінен казаць: “Абойдзецца і без мяне. Што тамака адзін голас”. Памятайце, што кожны голас, пададзены за аб’еднаны літоўскабеларускі сьпісак № 20 па Земгаліі, умацовывае становішча беларусаў у Латвіі. А таму – усе да урнаў! Усе – на выбары! Усе галасуйце толькі за свой сьпісак № 20 па Земгаліі! Не чакайце ад нас крыклівых мітынгаў: мы іх рабіць не зьбіраемся, бо яны ўсім сталі брыдкімі! Не давайце абдурваць сябе чужацкім агітатарам, а дружна падавайце свой голас за беларуска-літоўскі сьпісак № 20» [108].

БДПЛ была не адзінай беларускай сілай, якая ўдзельнічала ў выбарах у Сойм IV склікання. Улетку 1931 г. утварылася беларуская секцыя ў складзе выбарчага спіса “Хрысціянскія сяляне і каталікі” (№ 9) ад Латгальскай партыі хрысціянскіх сялян і каталікоў на чале з епіскапам Я. Ранцансам. Органам беларускай секцыі была газета “Беларускае Слова”, першы нумар якой выйшаў 10 жніўня 1931 г. Галоўным арганізатарам секцыі і рэдактарам “Беларускага Слова” быў Пятро Журкоўскі, школьны інспектар беларускіх школ. Гэтая нешматлікая групоўка мела выразна антыкамуністычныя і клерыкальныя погляды. Секцыя ставіла за мэту пераканаць беларускае сялянства, каб яно падтрымала на выбарах латгальскіх хадэкаў. Журкоўскі фігураваў у спісе кандыдатаў на дзявятым месцы [109]. Гэты дзеяч акцэнтаваў увагу на патрэбе перакідання беларусамі мосту супрацоўніцтва да латгальскіх суседзяў. Свой удзел у саюзе з латгальскімі хадэкамі беларус тлумачыў сацыяльнымі матывамі [110]. Прычыны гаротнага стану вёскі П. Журкоўскі бачыў у неашчаднай палітыцы левых партый (найперш сацыял-дэмакратаў). Беларус заклікаў таксама не галасаваць за прадстаўнікоў рускай і польскай меншасці [111]. Выдаўцы “Беларускага Слова” апелявалі: “Беларусы! Не паддамося ўгаворам і хітрыкам тых, якія зараз з мягкімі і салодкімі словамі выдаюцца за дабражадальнікаў і нашэптываюць у вушы ня хітраму народу рожную ману і абяцанкі, а пасьля – на здабыцьці таго, што ім трэба, пакажуць свой запраўдны твар. Ганіце ўсіх, хто робіць замахі на родную мову і школы вашы: моцна стойце на сваім нацыянальным грунце і бараніце тое, чым жыў народ і што дае яму права на духовае істнаваньне. Усі памятайце, што вы беларусы, што назова гэтая мусіць быць сьвятая кожнаму з нас, якой зрачыся – ёсьць зрабіць праступак перад сваім сумленьнем і будучыней дзяцей” [112]. Беларускія матывы з’яўляліся, аднак, толькі на старонках цытаванай газеты. Тым часам праграма спіса № 9 не ўтрымлівала беларускіх пастулатаў. У ёй дамінавалі лозунгі сацыяльнага (паляпшэнне дабрабыту і асветы сялян) і рэлігійна-маральнага характару (рэлігійнае выхаванне і абарона ад бязбожніцтва) [113]. Крытыкавалася палітыка сацыял-дэмакратаў і прагрэсістаў, якім закідваліся “антыкаталіцкасць” і “бязбожніцтва” [114]. Большасць агітацыйнага матэрыялу на старонках “Беларускага Слова” друкавалася на рускай мове, а яго адрасатамі былі “сяляне-каталікі” [115].

Адносіны паміж БДПЛ і групай П. Журкоўскага не былі партнёрскімі. Дзеячы Беларускай дэмакратычнай партыі Латвіі небеспадстаўна называлі акцыю П. Журкоўскага “мыльнай бурбалкай”, створанай на патрэбы перадвыбарчай агітацыі. Сахараў лічыў, што беларусы павінны гуртавацца вакол уласных арганізацый, а не выступаць “пад чужымі сцягамі” [116].

3 і 4 кастрычніка 1931 г. адбыліся выбары Сойма ІV склікання (1931–1934). Не прынеслі яны чаканых вынікаў ніводнай беларускай палітычнай групоўцы. Аналіз вынікаў выбараў дазваляе зрабіць выснову, што як і ў час папярэдніх выбараў беларускамоўныя жыхары правінцыі ў асноўным аддалі свае галасы агульналатвійскім і латгальскім групоўкам, а часткова рускім і польскім кандыдатам. Літоўска-беларускі спіс у Земгаліі здолеў атрымаць толькі 3105 галасоў, таму не правёў у Сойм ніводнага дэпутата. Выбары прадвызначылі далейшы лёс БДПЛ. Няўдалая спроба правесці свайго прадстаўніка ў Сойм азначала адсутнасць перспектыў на шырокую партыйную дзейнасць у будучыні. Больш за тое, партыя не выйшла за межы арганізацыйнай стадыі, а не маючы дастатковай колькасці грашовых сродкаў, не магла разгарнуць паўнавартаснай дзейнасці. З прычыны матэрыяльных цяжкасцяў партыйны орган “Думка Беларуса” таксама не меў доўгага жыцця. Яшчэ перад выбарамі, 26 верасня 1931 г., выйшаў апошні нумар газеты. Паразай скончылася таксама спроба П. Журкоўскага дасягнуць беларускай выбарчай карысці пры дапамозе латгальскіх хадэкаў. Трэба адзначыць, што ім удалося атрымаць найбольшую колькасць галасоў у Латгаліі (67 413), і гэта дало восем месцаў у Сойме [117]. Але беларус не трапіў у іх лік. Існаванне беларускай секцыі аказалася з’явай часовай. Амаль адразу пасля выбараў гэтая група знікла з палітычнага далягляду.

Тыя, хто ў 1931 г. удзельнічаў у выбарах у латвійскі Сойм, тады яшчэ не ведалі, што робяць гэта апошні раз. Наступныя парламенцкія выбары павінны былі прайсці ў кастрычніку 1934 г. Аднак гісторыяй было наканавана ім не адбыцца. У траўні 1934 г. у Латвіі быў здзейснены дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўсталяваўся аўтарытарны рэжым на чале з Карлісам Ульманісам. Парламент быў расфармаваны, а дзейнасць дэмакратычнай канстытуцыі і палітычных партый спынена. У змене палітычнага ладу краіны змоўшчыкі бачылі сродак вырашэння палітычнага і эканамічнага крызісу. Такім чынам, у гісторыі латвійскай дзяржавы скончыўся перыяд парламенцкай дэмакратыі.

Падсумоўваючы ўдзел беларусаў у выбарах у Сойм Латвіі, можна зрабіць пэўныя высновы. Удзел у змаганні за дэпутацкія мандаты быў неад’емнай часткай грамадска-палітычнай дзейнасці беларускага актыву ў латвійскай дзяржаве. Лідары мясцовага беларускага руху добра ўсведамлялі факт, што толькі дэпутат-беларус можа паспяхова абараняць нацыянальна-культурныя і эканамічныя інтарэсы беларускай меншасці. Характэрнай рысай беларускай палітычнай сцэны ў міжваеннай Латвійскай рэспубліцы была левая арыентацыя. Гэта не павінна здзіўляць, калі ўзяць пад увагу як сацыяльна-эканамічнае становішча беларускага насельніцтва, так і ўнутрана (правы сектар латвійскай палітычнай сцэны не быў схільны да супрацоўніцтва з беларусамі) і знешнепалітычны (існаванне БССР) фактары. Больш за тое, стрыжань мясцовага беларускага актыву складалі даўнія прыхільнікі сацыялістычнага руху. Гэтая акалічнасць давала ўладам Савецкай Беларусі магчымасць умяшання ў справы беларускага руху з мэтай падначалення яго савецкім інтарэсам, а таксама выкарыстання некаторых яго дзеячоў у змаганні з латвійскай дзяржавай. Яскравы прыклад –выпадак К. Езавітава, які не прынёс, аднак, савецкаму боку пажаданых вынікаў.

Нягледзячы на намаганні ў 1922 і 1925 г. у латвійскіх беларусаў не атрымалася самастойна правесці ў Сойм свайго рэпрэзентанта. Паразы беларускіх спісаў у выбарах давалі нагоду нядобразычліўцам беларускага руху ў Латвіі казаць пра тое, што мясцовыя беларусы – гэта “штучная з’ява”. У параўнанні з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў беларусы былі значна горш арганізаваны і пазбаўлены знешняй падтрымкі. Беларускія актывісты валодалі вельмі сціплымі матэрыяльнымі сродкамі, каб самастойна весці актыўную палітычную кампанію і эфектыўна канкураваць з непараўнальна больш заможнымі і лепш арганізаванымі як агульналатвійскімі, так і нацыянальнымі (латгальскімі, рускімі і польскімі) сіламі. Аднак найважнейшая прычына выбарчых паразаў беларусаў вынікала з “няспеласці” патэнцыйнага электарату. Адрасатамі нацыянальна-культурнай і палітычнай агітацыі беларускіх дзеячоў у Латвіі былі малаадукаваныя і незаможныя сяляне, нацыянальная самасвядомасць якіх яшчэ знаходзілася ў стадыі фармавання. Беларускамоўная латгальская вёска ў сваёй масе была глухой да нацыянальных лозунгаў і пад час выбараў не ідэнтыфікавалася з дэпутатамі толькі таму, што яны пазіцыянавалі сябе як беларусы. У дадзенай сітуацыі беларускія палітыкі маглі трапіць у Сойм, дзейнічаючы ў саюзе з агульналатвійскімі сіламі, якімі маглі быць левыя партыі. Аднак і яны, ведаючы нязначны палітычны патэнцыял беларускага актыву, нярэдка разглядалі яго інструментальна. Нягледзячы на гэта, тактыка кааперацыі з латвійскімі палітыкамі ўсё ж прынесла пэўныя вынікі. Плёнам супрацоўніцтва з ЛСДРП быў факт, што дзякуючы галасам прыхільнікаў гэтай партыі ў Сойм трапіў У. Пігулеўскі, які быў адзіным беларусам у міжваенным латвійскім парламенце.


[1] Першую спробу сінтэтычнага аналізу сітуацыі беларусаў у Латвіі зрабіў К. Езавітаў у кнізе: Беларусы ў Латвіі. Рыга, 1927 [перадрук: Нью-Ёрк – Mінск, 2013]. Сярод сучасных даследаванняў трэба назваць: Apine І. Baltkrievi Latvijā. Rіga, 1995; Екабсонс Э. Белорусы в Латвии в 1918–1940 годах // Беларуская дыяспара як пасярэднiца ў дыялогу цывiлiзацый. Матэр. III Мiжнар. кангрэса беларусiстаў. Мінск, 2001. С. 47–71; Казачёнок К. “Белорусский процесс” в Латвии: обвинение, оправдание, наказание // Латыши и беларусы: вместе сквозь века: сб. научн. статей / ред. М. Г. Королев. Минск, 2012. С. 29–2; Грыбоўскі Ю. Савецкая рэчаіснасць на бачынах беларускай газеты ў Латвіі “Голас Беларуса” (1925–1929) // “Światła masz tyle w sobie…”. Ze studiów wschodniosłowiańskich. Księga pamiątkowa dedykowana Prof. A. Barszczewskiemu w osiemdziesiątą piątą rocznicę urodzin / red. М. Kaczmarczyk, А. Nowacki, М. Sidor, В. Siwek. Lublin, 2015. S. 207–222.
[2] Łossowski P. Kraje bałtyckie na drodze od demokracji parlamentarnej do dyktatury: 1918–1934. Wrocław, 1972. S. 53.
[3] Екабсонс Э. Белорусы в Латвии в 1918–1940 годах. С. 51.
[4] Голдманис М. “Белорусский” дискурс в латышской прессе (1920–1934): эволюция представления о белорусах как о самостоятельном национальном меншинстве // Латыши и беларусы: вместе сквозь века. Вып. 5. Минск, 2016. С. 69–72.
[5] Архіў Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1. Кн. 2. Вільня –Нью-Ёрк – Прага – Менск. Мінск, 1998. С. 1173.
[6] Склад спіса быў наступны: К. Езавітаў, С. Сахараў, Яўстафі Хруцкі, Дамінік Мяжэцкі, Рыгор Чаркоўскі, Віталь Платач, Мікола Стэймакоў, Міхал Сотчанка, Іван Паўловіч, Павел Блажэвіч, Уладзімір Ціханенка, Клімент Харчэнкаў, Павел Крупенкаў, Фрол Мітрошчанка. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), ф. 458, воп. 1, спр. 78, арк. 2.
[7] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 78, арк. 44.
[8] Biełarusy u Łatwii // Krynica. 1922. № 4. S. 7.
[9] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 78, арк. 33.
[10] Sworakowksi W. Polacy na Łotwie. Uwagi o ich liczbie i rozmieszczeniu, składzie wyznaniowym, podziale według płci i wieku, analfabetyzmie i strukturze społeczno-gospodarczej na podstawie łotewskiego spisu ludności 1930 r. Warszawa, 1934. S. 43.
[11] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 78, арк. 35.
[12] Тамсама, арк. 15.
[13] Тамсама, арк. 17.
[14] Тамсама, арк. 34.
[15] Тамсама, арк. 50.
[16] Тамсама, арк. 12, 13.
[17] Latvijas Republikas Saeimas vēlēšanas 1922 gadā, tekst un redakcija M. Skujenieka. Rīgā, 1923. S. 10.
[18] По поводу статьи “Белорусския похоронныя дроги” // Рижский курьер. 1923. № 632. С. 2.
[19] Gierowska-Kałłaur J. Stosunek państwa łotewskiego do miejscowych Polaków i Białorusinów w początkach niepodległości łotewskiej // Studia z Dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej. 2011. Т. 46. S. 214–215.
[20] Вержбицкий Я. Еще о латвийских белоруссах // Рижский курьер. 1923. № 642. С. 2.
[21] Albin J. Polski ruch narodowy na Łotwie w latach 1919–1940. Wrocław, 1993. S. 70.
[22] Письмо в редакцию // Рижский курьер. 1923. № 654. С. 3; НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 78, арк. 57.
[23] Latvijas Republikas Saeimas vēlēšanas 1922 gadā, tekst un redakcija M. Skujenieka. Rīgā, 1923. S. 10.
[24] Gierowska-Kałłaur J. Stosunek państwa łotewskiego… S. 214.
[25] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 78, арк. 5.
[26] Latvijas Republikas Saeimas vēlēšanas 1922 gadā, tekst un redakcija M. Skujenieka. Rīgā, 1923. S. 10; Итоги выборов в Сойм // Свободная Мысль. 1922. № 18. С. 2.
[27] Езавітаў К. 1921–1925 // Голас Беларуса. 1925. № 1. С. 1.
[28] Статут Таварыства беларусаў – выбаршчыкаў у Дзяржаўны Сойм, гарадскія, павятовыя і валасныя самаўрады ў Латвіі // Крывіцкія руны. Вып. ІІ: Беларускі культурны мацярык у Латвіі / рэд. М. Казлоўскі, С. Панізнік. Мінск, 2017. С. 356.
[29] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 83, арк. 11–12.
[30] Latvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA), f. 3235, аpr. 6, l. 196.
[31] Праграма Т-ва беларусаў – выбаршчыкаў у Дзяржаўны Сойм, павятовыя, гарадзкія і валасныя самаўрады ў Латвіі // Голас Беларуса. 1925. № 10. С. 2; НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 83, арк. 18–18адв.
[32] LVVA, f. 3009, аpr. 1, lpp. 31.
[33] У спісе № 30 былі прозвішчы 11 кандыдатаў: K. Езавітаў, С. Сахараў, Мікалай Байкоўскі, Miхал Клагіш, Эдвард Вайводзіш, Лявон Квест, Дамінік Мяжэцкі, Баляслаў Сітнік, Aнтон Ворсаў, Станіслаў Красневіч, Рыгор Плыгаўка. Спіс № 19 складаўся з 10 кандыдатаў: K. Езавітаў, М. Дзямідаў, С. Сахараў, Мікалай Савіцкі, Язэп Пятроўскі, Антон Ворсаў, Аўгуст Дварэцкі, Уладзімір Васілёнак, Дамінік Мяжэцкі, Міхал Байкоўскі.
[34] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 81, арк. 1.
[35] Чего должны добиваться крестьяне и рабочие в Латвийском Государственном Сейме // Голас Беларуса. 1925. № 13. С. 1.
[36] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 82, арк. 15–16.
[37] Беларускі мітынг у Посіне // Голас Беларуса. 1925. № 13. С. 4; Беларускі прэдвыбарчы сход у Дзьвінску // Голас Беларуса. 1925. № 14. С. 4; Беларускі перадвыбарчы сход у Тартаку // Голас Беларуса. 1925. № 15. С. 2; Беларускі сход у Коплаве // Голас Беларуса. 1925. № 15. С. 2; Беларусы на кірмашу ў Пустыні // Голас Беларуса. 1925. № 15. С. 3; Беларускі сход у Люцыне // Голас Беларуса. 1925. № 15. С. 3; Беларусы на кірмашу ў Бароўцы // Голас Беларуса. 1925. № 15. С. 3; НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 32, арк. 22–24.
[38] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 82, арк. 1–5.
[39] Тамсама, спр. 51, арк. 31.
[40] Тамсама, спр. 80, арк. 30.
[41] Сяляне, беззямельныя і малазямельныя, рабочые і працоўная інтэлігенцыя, 3 і 4 кастрычніка ўсе галасуйце ў Латгаліі за свой сьпісак № 30 // Голас Беларуса. 1925. № 14. С. 1; Да урнаў! // Голас Беларуса. 1925. № 14. С. 4.
[42] Беларусы рыхтуймося да выбараў у Сойм // Голас Беларуса. 1925. № 9. С. 3.
[43] LVVA, f. 3009, аpr. 1, lpp. 31.
[44] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 80, арк. 16.
[45] Тамсама, спр. 35, арк. 3.
[46] Тамсама, спр. 80, арк. 19.
[47] Тамсама, спр. 85, арк. 55.
[48] Тамсама, арк. 63.
[49] Тамсама, спр. 86, арк. 7.
[50] Тамсама, спр. 85, арк. 40.
[51] За кого не следует голосовать // Трудовик. 1925. № 4. С. 3.
[52] Тэрмін аўтара. – Ю. Г.
[53] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 33, арк. 31–32.
[54] Вынікі выбараў у Прыдруйшчыне // Голас Беларуса. 1925. № 15. С. 3.
[55] Różycki J. Polacy na Łotwie. Warszawa, 1930. S. 5.
[56] Окончательный состав нового Сейма // Сегодня. 1925. № 233. С. 4.
[57] Albin J. Polski ruch narodowy na Łotwie w latach 1919–1940. Wrocław, 1993. S. 71.
[58] Окончательный состав нового Сейма // Сегодня. 1925. № 233. С. 4.
[59] Езавітаў К. Крызіс Латгальскіх партыяў // Голас Беларуса. 1926. № 37. С. 2.
[60] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 180, арк. 1.
[61] LVVA, f. 3235, аpr. 6, l. 196.
[62] Адраджэнец. Чаму беларусы прайгралі выбарчую кампанію ў Латвіі // Голас Беларуса. 1925. № 17. С. 2.
[63] 2-гі Зьезд дэлегатаў “Т-ва беларусаў-выбаршчыкаў у Латвіі” // Голас Беларуса. 1926. № 39. С. 1–2.
[64] На парозе // Праца. Аднаднёўка сялянска-работніцкая. 1928. № 1. С. 2.
[65] Езавітаў К. Беларусы ў Латвіі. Рыга, 1927. С. 45.
[66] LVVA, f. 3235, аpr. 6, l. 196.
[67] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 35, арк. 7.
[68] LVVA, f. 3009, аpr. 1, l. 3, lpp. 116.
[69] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 88, арк. 4.
[70] Праца Беларускае Выбарчае Камісіі // Праца. Аднаднёўка сялянска-работніцкая. 1928. № 1. C. 3.
[71] Сальцэвіч А. Перад выбарамі // Праца. Аднаднёўка сялянска-работніцкая. 1928. № 1. С. 1.
[72] Łossowski P. Kraje bałtyckie na drodze… S. 53.
[73] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 88, арк. 6.
[74] Знешняя палітыка Беларусі: зб. дак. і матэр. Т. 2. 1923–1927 / пад рэд. У. Miхнюка i iнш. Мінск, 1999. С. 190.
[75] Тамсама. С. 191.
[76] Тамсама. С. 203.
[77] Тамсама. С. 214, 215.
[78] Екабосонс Э. Белорусы в Латвии в 1918–1940 годах. С. 52.
[79] Знешняя палітыка Беларусі: зб. дак. і матэр. Т. 3. 1928–1941. Мінск, 2001. С. 14–15.
[80] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 88, арк. 4; Тамсама, спр. 97, арк. 1–2.
[81] У независимых социалистов // Двинский голос. 1928. № 35. С. 1.
[82] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 29, арк. 10–11адв.
[83] Тамсама, спр. 38, арк. 33.
[84] LVVA, f. 3235, аpr. 6, l. 196.
[85] Беларускае жыцьцё ў Латвіі // Голас Беларусa. 1928. № 59. С. 4; НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 15, арк. 23.
[86] Екабсонс Э. Белорусы в Латвии в 1918 – 1940 годах. С. 55.
[87] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 37, арк. 4.
[88] LVVA, f. 3235, аpr. 6, l. 196.
[89] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 111, арк. 1–5.
[90] Раб. К. Я. Кто руководит “независимым” движением (Открытое письмо лидеру независимых Езовитову) // Латгальская мысль. 1928. № 28. С. 3.
[91] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 90, арк. 4.
[92] LVVA, f. 3235, аpr. 6, l. 196.
[93] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 181, арк. 18.
[94] Знешняя палітыка Беларусі: зб. дак. і матэр. Т. 3. 1928–1941. Мінск, 2001. С. 14–15.
[95] LVVA, f. 3009, аpr. 1, l. 3, lpp. 116.
[96] Łossowski P. Kraje bałtyckie na drodze… S. 76.
[97] Статут Беларускай дэмакратычнай партыі ў Латвіі // Крывіцкія руны. Вып. ІІ: Беларускі культурны мацярык у Латвіі / рэд. М. Казлоўскі, С. Панізнік. Мінск, 2017. С. 382–389.
[98] Праграма Беларускай дэмакратычнай партыі ў Латвіі // Крывіцкія руны. Вып. ІІ: Беларускі культурны мацярык у Латвіі / рэд. М. Казлоўскі, С. Панізнік. Мінск, 2017. С. 389–391.
[99] Выборы ў Сойм і беларусы // Думка Беларуса. 1931. № 3. С. 1.
[100] НАРБ, ф. 458, воп. 1, спр. 101, арк. 4.
[101] Выборы ў Сойм і беларусы // Думка Беларуса. 1931. № 3. С. 1.
[102] Зьезд дэлегатаў Беларускай Дэмакратычнай партыі // Думка Беларуса. 1931. № 5. С. 1.
[103] № 20. Беларусы! № 20 // Думка Беларуса. 1931. № 4. С. 1.
[104] Чаго будуць дамагацца кандыдаты літоўска-беларускага сьпіску № 20 у Сойме // Думка Беларуса. 1931. № 5. С. 3–4.
[105] Сахараў С. Ці мае шансы на правядзеньне свайго кандыдата ў Сойм Літоўска-Беларускі сьпісак № 20 па Земгаліі? // Думка Беларуса. 1931. № 4. С. 3.
[106] Mačiulis D. Lietuvos pasiuntinybės pastangos konsoliduoti lietuvių bendruomenę tarpukario Latvijoje // Lietuvos istorijos metraštis. 2007. № 2. LII. P. 42.
[107] К победе // Думка Беларуса. 1931. № 5. С. 1.
[108] Як трэба галасаваць на выборах у Сойм // Думка Беларуса. 1931. № 5. С. 2–3.
[109] Журкоўскі П. Разнагалосьсе і разыходжаньне // Беларускае Слова. 1931. № 1. С. 1.
[110] Мы пачынаем // Беларускае Слова. 1931. № 1. С. 1.
[111] Чаму мы ідзём з Латгальскай Хрысьціянска-Сялянскай партыяй // Беларускае Слова. 1931. № 1. С. 2.
[112] Беларусы! // Беларускае Слова. 1931. № 1. С. 1.
[113] Католики! Голосуйте за № 9 // Беларускае Слова. 1931. № 1. С. 3–4.
[114] Пастор А. Как прогрессисты обманывают народ // Беларускае Слова. 1931. № 2. С. 1–2.
[115] Журковский П. Все Крестьяне-Католики // Беларускае Слова. 1931. № 2. С. 1.
[116] Дземенскі. Думкі беларуса аб новай беларускай часопісі // Думка Беларуса. 1931. № 4. С. 3–4.
[117] Latvijas Republikas Saeimas vēlēšanas 1931 gadā, tekst un redakcija M. Skujenieka. Rīgā, 1933. S. 18–19.

Наверх

Тэгі: