БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

ЯРМУСІК, ЭДМУНД С. Канфесійная гісторыя Беларусі: вучэбны дапаможнік. Мінск: РІВШ, 2016. 200 с.

У сучаснай Беларусі востра адчуваецца запыт на новае пакаленне падручнікаў па сацыяльна-гуманітарныхдысцыплінах. Абумоўлена гэта пераважна тымі працэсамі трансфармацыі, якія адбываюцца ў краіне. У маладога пакалення светапогляд сфармаваўся ўжо ва ўмовахплюралістычнага грамадства, у якім адсутнічае афіцыйная ідэалогія. Таму ў студэнтаў існуе рознае стаўленне да рэлігіі, і гэта трэба ўлічваць пры выкладанні ведаў пра яе.

На наш погляд, неабходна вырашыць дзве якасна розныя задачы. Па-першае, у рэлігіязнаўстве варта адмовіцца ад старых марксісцкіх схем. Зрабіць гэта не так проста, бо сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны ўтрымліваюць ў сабе выразны светапоглядны кампанент. Марксізм даваў стройную і лагічна несупярэчлівую карціну свету, якой і цяпер карыстаецца значная частка насельніцтва краіны, у тым ліку і ў дачыненні да рэлігіі. Адразу ж адзначым, што гэтая справа запатрабуе шмат часу, бо светапоглядныя сістэмы, пабудаваныя на іншых у параўнанні з марксізмам падставах, у нашым грамадстве яшчэ не атрымалі пашырэння.

Другая задача – асвятленне гісторыі рэлігіі менавіта з беларускага пункту гледжання. Раней мы ўваходзілі ў каласальную супердзяржаву. Таму і наша гісторыя, у тым ліку і канфесійная, разглядалася як частка агульнасаюзнай. Напрыклад, пры выкладанні гісторыі хрысціянства спачатку гаварылася пра хрышчэнне кіяўлян, а потым пункт погляду неяк плаўна перасоўваўся ў Маскву, і далей падзеі асвятляліся менавіта адтуль. Між тым, Беларусьмае сваю рэлігійную традыцыю, якая істотна адрозніваецца ад расійскай. Напрыклад, у нас існавала поліканфесійнасць, была Рэфармацыя і контррэфармацыя, суперніцтва паміж праваслаўем і каталіцтвам.

Таму сам факт выхаду навучальнага дапаможніка Эдмунда Ярмусіка, у якім асвятляецца гісторыя канфесій у Беларусі, трэба толькі вітаць. Гэта важна для працэсу фармавання нашай краіны як самастойнай дзяржавы. Ніжэй выкажу свае меркаванні наконт выкладзенага ў ім матэрыялу. Адразу адзначу, што мы з аўтарам дапаможніка належым да розныхспецыяльнасцяў. Па адукацыі я філосаф і, безумоўна, маё бачанне адрозніваецца ад падыходаў прафесара Ярмусіка – вядомага даследчыка гісторыі рэлігій у Беларусі.

Мяркую, што дапаможнік будзе вельмі карысны для студэнтаў. Матэрыял у ім выкладзены паслядоўна і лагічна, прыведзена шмат фактычных звестак. Яны могуць быцьвыкарыстаны іншымі даследчыкамі пры напісанні сваіх дапаможнікаў.

Ва уводзінах трэба было б акрэсліць тыя метадалагічныя пазіцыі, з якіх падаецца матэрыял, што зарыентавала б студэнтаў і дапамагло б ім сфармаваць сваё стаўленне да праблем. Як паказвае мой вопыт выкладання рэлігіязнаўства і гісторыі рэлігіі, гэта вельмі спрыяе засваенню курса. Таксама надзвычай добра, калі пазіцыя студэнтаў не супадае з пазіцыяй выкладчыка, і яны выказваюць свае меркаванні, што сведчыць пра спробы самастойнага мыслення.

Добра было б, каб ва ўводзінах аўтар даў азначэнні такіх паняццяў, як “рэлігія” і “канфесія”. Тады было б папярэдне зразумела, што разглядаецца ў дапаможніку.

Выданне прызначана для студэнтаў ВНУ, якія вучацца на спецыяльнасцях “Гісторыя” і “Сацыялогія”. Таму ў метадычным плане варта выкарыстоўваць напрацоўкі такіх класікаў у галіне сацыялогіі рэлігіі, як Э. Дзюркгейм, М. Вэбер, Г. Зімель, што надасць матэрыялу больш сістэматызаваны характар.

Таксама пры асвятленні атэістычнай палітыкі ў Савецкім Саюзе трэба ўлічваць, што яна грунтавалася на філасофскіх палажэннях, распрацаваных класікамі марксізму. Рэлігія разумелася імі як форма свядомасці, якая дае ілюзорную карціну рэчаіснасці. Таму вызваленне ад яе разглядалася як адзін з фактараў прагрэсіўнага развіцця. Гэта было б для студэнтаў нагодай задумацца пра парадаксальныя вынікі сацыяльных утопій. Усе яны з’явіліся як імкненне прапанаваць праект справядлівага і шчаслівага грамадства, але ў выніку атрымлівалася нешта накшталт казармы.

Сёння актуальным з’яўляецца выкарыстанне розныхпадыходаў пры тлумачэнні рэлігіі ў навучальнай літаратуры. Але трэба сказаць, што гэта задача філосафаў, якія працуюць ў галіне рэлігіязнаўства. І яе толькі нядаўна пачалі ставіць.

Слушным, на мой погляд, было б прывядзенне ў дапаможніку тыпалогіі рэлігій. Гэта задало б схему разгляду гісторыі кожнай з іх. Так, хрысціянства як сусветная рэлігія звяртаецца да ўсіх людзей, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. І таму карысна выявіць сэнс схемы “праваслаўны – рускі, каталік – паляк”, якая выкарыстоўваецца і да цяперашняга часу і пра якую гаворыцца ў дапаможніку. Яна абумоўлена палітычнымі прычынамі. Доўгі час ва ўмовах страты ўласнай дзяржавы ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай для палякаў прыналежнасць да каталіцтва была сродкам самаідэнтыфікацыі. Таксама трэба ўлічваць і тую ролю, якую ў ХХ ст. польскае каталіцтва выканала ў супрацьстаянні камуністычнаму рэжыму.

У Расійскай імперыі праваслаўе было афіцыйнай ідэалогіяй, а на нашых землях – адным з галоўных сродкаў русіфікацыі. Руская праваслаўная царква заўсёды дэманстравала лаяльнасць у дачыненні да дзяржавы. Апошні яскравы прыклад – яе патрыятычная пазіцыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і гэта нягледзячы на страшны пераслед з боку атэістычнай дзяржавы ў 20–30-я гады.

Вельмі падрабязна ў дапаможніку разгледжана рэлігійная сітуацыя ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 г. Тут каталіцтва і праваслаўе памяняліся ролямі. Калі ў Расійскай імперыі праваслаўе выкарыстоўвалася ўладамі для русіфікацыі беларусаў, то ў міжваеннай Польшчы каталіцтва стала сродкам паланізацыі.

І ў гэтым плане сёння актуальная праблема пошуку дзвюма названымі хрысціянскімі канфесіямі свайго месца ў незалежнай Беларусі. Кожная з іх імкнецца яе вырашыць, але адбываецца гэта пры дапамозе розных метадаў.

Асобнае месца ў гісторыі рэлігій на тэрыторыі Беларусі займае ўніяцтва. Яго асвятленне – прадмет спрэчак, таму важна заняць неангажаваную пазіцыю. Трэба, каб студэнты ведалі прычыны і ўмовы заключэння Берасцейскай уніі, а таксама асноўныя факты з гісторыі ўніяцтва на нашых землях. У дапаможніку гэта зроблена.

Што да неапратэстанцкіх канфесій, то, на мой погляд, гісторыю кожнай з іх трэба разглядаць асобна. На гэтую частку вернікаў узведзены найбольшы паклёп. Вельмі добра, што пры апісанні іх становішча ў сучаснай Беларусі ў дапаможніку не ўжываецца тэрмін “секта”.

Належнае месца ўкнізе адведзена гісторыі іўдаізму, але пажаданы больш падрабязны разгляд. У прыватнасці, студэнтам карысна было б даведацца пра асноўныя палажэнні хабада, а таксама пра сістэму іўдзейскай адукацыі, у прыватнасці, пра знакамітую Валожынскую ешыву. Паколькі іўдаізм – нацыянальная рэлігія яўрэяў, вельмі цікава было б прасачыць дынаміку іх колькасці на тэрыторый Беларусі. Асабліва гэта тычыцца ХХ ст. У сучаснай Беларусі колькасць яўрэяў пастаянна памяншаецца за кошт эміграцыі, такім чынам знікае цэлы пласт нашай культуры, у тым ліку і рэлігійнай.

Іслам, гісторыя якога на Беларусі таксама падрабязна разгледжана ў дапаможніку, – адна з сусветных рэлігій. На нашых землях яго носьбітамі традыцыйна выступаюцьтатары. У кантэксце падзей апошняга часу ўзнік вобраз “ісламскага тэрарызму” актуальна, але нашай краіны гэта не датычыць. Беларускія мусульмане заўсёды мелі добрыя адносіны з мясцовым насельніцтвам, а таксама займалі патрыятычную пазіцыю.

У дапаможніку каротка разгледжаны нетрадыцыйныя рэлігіі. Ім даецца адмоўная характарыстыка, якую, на наш погляд, у сучасных умовах трэба змякчыць. Яны надзвычай разнастайныя. Сярод іх ёсць і тыя, якія сапраўды ўяўляюць небяспеку для грамадства, аднак пра большасць такога не скажаш. Проста яны ўзніклі на падставе элементаў, запазычаных з іншых культур, і таму для нас незвычайныя. Сёння на Беларусі зарэгістраваны арганізацыі чатырох кірункаў, якія можна аднесці да нетрадыцыйных. Гэта крышнаіты, бахаі, мармоны і будысты (суполка “Шэн Чэн Лінг”). Вялікіх праблем у грамадстве яны не ствараюць.

На наш погляд, сам феномен нетрадыцыйнай рэлігійнасці для студэнтаў-гісторыкаў і сацыёлагаў павінен быцьвыкладзены больш падрабязна. Магчыма, гэта зроблена ў іншых курсах.

Беларускае язычніцтва – істотная частка нашай рэлігійнай традыцыі. Яго асвятленню прысвечаны шэраг сучасных даследаванняў, пераважна ў галіне этнаграфіі. У дапаможніку ахарактарызаваны такія формы язычніцкіх вераванняў, як фетышызм, татэмізм і анімізм. Не разгледжана магія. Між тым, магічныя абрады займалі важнае месца ў штодзённым жыцці беларусаў. Частка іхвыконваецца моладдзю і цяпер як элемент гульні, дастаткова згадаць Каляды і Купалле.

Ва ўмовах сучаснай Беларусі актуальны аналіз узаемаадносін канфесій з дзяржавай і паміж сабой. Таму варта гаварыць не толькі пра асаблівасці беларускага заканадаўства ў сферы рэлігіі, але і пра міжканфесійны дыялог, а таксама пра дзяржаўную канфесійную палітыку.

На завяршэнне лічу неабходным падкрэсліць, што навучальны дапаможнік прафесара Э. Ярмусіка карысны для сістэмы адукацыі. Добра, што студэнты атрымліваюць веды пра гісторыю канфесій у Беларусі. Менавіта на гэтай падставе магчыма яе суаднясенне з рэлігійнымі традыцыямі нашых суседзяў, перш за ўсё Расі і Польшчы.

Гомель

Віктар Адзіночанка

Наверх

Тэгі: ,