Аляксандр Казакоў. Новая вокладка – ранейшыя заганы. Другая версія кнігі пра Аршанскую бітву і вайну 1512–1522 г.*
У 2011 г. выйшла манаграфія расійскага гісторыка Аляксея Лобіна пра Аршанскую бітву 1514 г. [1] У ёй аўтар прапанаваў новае бачанне гэтай падзеі, перагледзеўшы некаторыя старыя палажэнні, галоўным чынам датычныя колькасці войскаў з абодвух бакоў, велічыні маскоўскіх страт і міжнароднага значэння бітвы. Кніга выклікала інтарэс не толькі сваёй навізной, але і тым, што яна стала самай поўнай працай па тэме. Хоць бітва займала цэнтральнае месца ў манаграфіі, там разглядаліся і іншыя падзеі вайны 1512–1522 г. Усё гэта рабіла кнігу Лобіна абавязковай для кожнага, хто звяртаўся да адпаведнай тэматыкі. Але разам з вартасцямі манаграфія мела і сур’ёзныя недахопы, перш за ўсё тэндэнцыйнасць, якая праявілася галоўным чынам у імкненні аўтара мінімізаваць маштаб і значэнне бітвы пад Оршай. Акрамя таго, ён дапусціў шэраг памылак, некаторыя з якіх паўплывалі на высновы. У 2012 г. выйшла мая крытычная рэцэнзія, напісаная ў выніку першага знаёмства з манаграфіяй [2]. Працуючы далей з тэмай Аршанскай бітвы, я знаходзіў у працы Лобіна ўсё больш і больш памылак, якія адзначаў у сваіх наступных публікацыях.
На пачатку 2022 г. убачыла свет новая кніга аўтара пад назвай “Смаленская вайна 1512–1522 гг.”, якая фактычна з’яўляецца абноўленай і дапоўненай версіяй першай кнігі. Ад новага выдання чакаецца, што яно будзе лепшым за папярэдняе, прынамсі ў тым, што тычыцца ўліку новых даследаванняў і крытычных заўваг. А ўлічыць у гэтым выпадку было што. За 11 гадоў паміж выхадам першай і другой кнігі з’явілася нямала публікацый і адбыўся шэраг навуковых мерапрыемстваў, прысвечаных бітве пад Оршай, балазе на гэты прамежак прыпалі яе 500-я ўгодкі [3]. Ніжэй я прапаную ацэнку новай манаграфіі аўтара на фоне развіцця нашых ведаў пра бітву пад Оршай і, больш шырока, вайсковасці раннемадэрнай Усходняй Еўропы за апошняе дзесяцігоддзе. Для мяне гэта таксама магчымасць выказаць шэраг думак і працягнуць дыскусію, у прыватнасці адказаць аўтару на яго крытычныя заўвагі.
Пачнем з агульнай характарыстыкі працы. Яна складаецца з уводзінаў, некалькіх раздзелаў, заключэння і спасылак. Адсутнасць пастаронкавых спасылак, агульнага спісу выкарыстаных крыніц і літаратуры, а таксама паказальнікаў стварае вядомыя цяжкасці пры рабоце з выданнем. Паводле структуры, як, зрэшты, і паводле метадалогіі, гэта класічная праца па мілітарнай гісторыі і гісторыі войнаў. Назвы раздзелаў кажуць самі за сябе: I “Напярэдадні вайны і casus belli”, II “Тры аблогі Смаленска 1512–1514 гг.”, III “Бітва пад Оршай”, IV “У пошуках саюзнікаў”, V “Апочка, Полацк і іншыя бітвы Смаленскай вайны”.
Ва ўводзінах аўтар абмяркоўвае важнасць праблематыкі, робіць заўвагі метадалагічнага характару, а таксама дае агляд крыніц і гістарыяграфіі. Ужо першыя старонкі кнігі прымушаюць здзіўляцца. У раздзеле “Пытанні ідэалагічныя: вайна і «бітва еўрапейскага значэння»” (6–9) Лобін дыскутуе са сваімі крытыкамі, у асноўным негісторыкамі ці неспецыялістамі па тэме. Тут знаходзім словы, вартыя цытаты: “Но в современном обществе случается и так, что небольшое сражение или временный тактический успех могут подниматься на щит политиками и, как следствие, отмечаться как величайшее событие в истории государства. Подобное явление получило распространение особенно после развала СССР. Процесс формирования образа “врага” для “консолидации нации” стал наиболее актуальным в бывших республиках Советского Союза” (6) [4]. Гэты пасаж уражвае не столькі дылетанцтвам разважанняў пра нацыябудаўніцтва і палітыку памяці ў “былых рэспубліках”, колькі дэфіцытам элементарнай рэфлексіі. З улікам знешняй палітыкі Расіі, асабліва пачынаючы з 2014 г., можа ўзнікнуць пытанне: а ці сапраўды ёсць неабходнасць штучнага фармавання нейкага “вобраза ворага”?
Але Лобін на гэтым не спыняецца і ўчыняе поўны разгром, як ён сам выказваецца, “нацыянальным школам”: “Однако за почти 30-летнюю историю независимости республик так и не появилось серьезных исследований. За всеми этими политическими спорами о праздновании годовщин Оршанской битвы как-то в стороне осталось научное изучение сражения (тут і далей вылучана мной. – А. К.)”. Не спыняючыся на гэтым, аўтар працягвае: “Приходится вновь и вновь констатировать: вместо тщательного изучения источниковой базы появляется большое количество популярных и научно-популярных работ, не лишенных поверхностных эмоциональных оценок”. Як аўтару некалькіх навуковых прац па Аршанскай бітве, мне хацелася б пачуць канкрэтныя аргументы, чаму ніводную з іх, а таксама ніводную з публікацый калег, нельга прызнаць сур’ёзнай. Лобін, аднак, не абцяжарвае сябе якой-небудзь аргументацыяй. У раздзеле “Пытанні гістарыяграфічныя” некаторыя працы названыя, але характарыстыка ім або не даецца, або зводзіцца да пары агульных фраз. Агляд гістарыяграфіі заняў меней за дзве старонкі супраць трох старонак абмеркавання выказванняў краязнаўцаў і пісьменнікаў [5]. Маю (адзіную крытычную) рэцэнзію на сваю першую кнігу Лобін не палічыў патрэбным нават згадаць ва ўводзінах.
Гэтыя заўвагі завяршаюцца высновамі пра “зарубежную историографию постсоветского периода”, вядома ж, несуцяшальнымі, што пасля ўсяго сказанага вышэй ужо не здзіўляе. У самым канцы знаходзім такі пасаж: “Можно и далее приводить до бесконечности заявления отдельных представителей «исторических национальных школ», государственных органов и общественных движений Украины, Белоруссии, Польши и Литвы. Для нас главное зарегистрировать сам процесс идеологизации одного из знаковых сражений Смоленской войны”. Па-першае, ніводнага слова пра заявы з Польшчы на самай справе не сказана. Па-другое, цалкам абыходзіцца ўвагай аналагічны працэс у Расіі. Ці не хацеў бы аўтар дзеля аб’ектыўнасці “зарегистрировать”, напрыклад, выказванне пра Аршанскую бітву “представителя государственных органов” Расіі – пасла ў Літве Аляксандра Удальцова – які заявіў, што, аказваецца, “речь шла о локальном конфликте князей, не сыгравшем практически никакой роли в событиях того времени” [6].
Раздзел, прысвечаны крыніцам, выглядае куды лепей (9–19). Варта адзначыць, што геаграфія выкарыстаных матэрыялаў даволі шырокая і не абмяжоўваецца помнікамі, створанымі ў краінах – удзельніцах вайны 1512–1522 г. Напрыклад, тут знаходзім згадкі пра рэляцыі, якія адклаліся ў дакументах і наратывах Венецыі, Даніі, Швецыі і інш. Гэта, безумоўна, галоўная вартасць кнігі. Зрэшты, тое самае было характэрна і для першага выдання. Пры гэтым аўтар не спыняў пошукі матэрыялаў, і новы варыянт кнігі базуецца ў тым ліку на некаторых крыніцах, якія раней для вывучэння маскоўска-літоўскіх войнаў не выкарыстоўваліся. Напрыклад, важным дадаткам выступае апісанне бітвы пад Оршай італьянскага гісторыка Паала Джовіа, хоць яно прынцыпова нічога не змяняе ў карціне падзей.
Аднак ужо ў аглядзе крыніц можна заўважыць “хваробу”, якая шматкроць праяўляецца ў кнізе: розныя яе часткі, калі-нікалі нават абзацы на адной старонцы, не ўзгоднены паміж сабой. Напрыклад, рускі пераклад аповеду Джовіа названы неапублікаваным, тады як спасылка на публікацыю даецца абзацам вышэй (13, сп. 59).
Гаворачы пра метадалогію вывучэння “войнаў сярэднявечча”, Лобін катэгарычна сцвярджае: “Если историк берется за написание военного очерка, то он должен в буквальном смысле погружаться с головой в вопросы вооружения, тактики, войсковых операций, состава и численности противоборствующих войск” (5). Што ж, у нас ёсць цудоўная магчымасць ацаніць, наколькі сам аўтар адпавядае гэтаму патрабаванню.
Аповед пра канфлікт 1512–1522 г. пачынаецца з яго прычын і з прапановы называць вайну “Смаленскай” на той падставе, што авалоданне Смаленскам было галоўнай мэтай вялікага князя маскоўскага Васіля III. Такое тлумачэнне выглядае даволі сумнеўным у кантэксце войнаў паміж Вільняй і Масквой канца XV – 1-й трэці XVI ст. Відавочна, захоп Смаленска быў толькі этапам экспансіі на захад. Адразу пасля падзення горада маскоўскія войскі захапілі Крычаў, Дуброўну і Мсціслаў, што не выглядае выпадковасцю. Вядома, што сілы, якія падышлі пад Мсціслаў у жніўні, мелі гарматы, г. зн. былі гатовыя яго здабываць (63). Хутка пасля аршанскай кампаніі ў Крычаве было зафіксавана сем “маскоўскіх” гармат і столькі ж бочак “маскоўскага” пораху (33) [7]. Відаць, яны былі дастаўлены туды маскавітамі пасля авалодання горадам, што сведчыць пра намер яго доўгатэрмінова ўтрымліваць. Цяжка меркаваць пра агульны стратэгічны план Васіля III, але параза пад Оршай яго відавочна змяніла.
Першы раздзел працягваецца характарыстыкай войскаў абодвух бакоў. Фрагмент пра Вялікае Княства Літоўскае стракаціць памылкамі. Напрыклад, сцвярджаецца, што корпус гаспадарскіх дваран складаўся са знатных асоб (27). На самай справе ў артыкуле, на які аўтар спасылаецца, гаворыцца адваротнае: дваране ў асноўнай сваёй масе паходзілі з дробнай шляхты [8]. Кажучы пра замежных наймітаў у войску ВКЛ, Лобін сцвярджае, што гусары насілі “зброі бляховыя”, г. зн. пласцінавы даспех (31). Гэта было б слушным, калі б гаворка ішла пра гусарскую мадэль узбраення другой паловы XVI ст. і пазнейшага часу. На пачатку ж стагоддзя гусары былі ў лепшым выпадку ўзброеныя кальчугамі [9].
Непаразуменнем выглядае заўвага пра механізм правядзення попісу войска 1528 г. На думку Лобіна, перапісчыкі аб’язджалі “имения державцев”, дзе фіксавалі колькасць сялян (34). На самай жа справе шляхта і іншыя землеўласнікі самі падавалі звесткі пра памеры сваіх уладанняў, а дзяржаўцы ўваходзілі ў склад камісій, якія гэтыя звесткі прымалі. І толькі перапіс баяр і слуг у гаспадарскіх уладаннях праводзіўся шляхам агляду на месцы [10].
Гэтыя заганы могуць падацца нязначнымі ў параўнанні з тым, што сустракаем у апісанні гармат (тым цікавей, што гісторыя артылерыі – гэта спецыялізацыя Лобіна): “Великое княжество Литовское в полевых сражениях стало активно применять полевые орудия – фельдшланги. Известно, что на начало 1503 г. в войске ВКЛ было 20 полевых орудий (фельдшлангов)”. Гэта цытата завяршаецца спасылкай на артыкул Кшыштафа Пяткевіча пра двор вялікага князя літоўскага Аляксандра [11]. Па-першае, калі б аўтар зрабіў агляд палявых бітваў за пачатак XVI ст., ён наўрад ці змог бы падмацаваць свой тэзіс прыкладамі акрамя ўласна Аршанскай бітвы. Нават у Заходняй Еўропе – адным з галоўных рэгіёнаў інавацый у тактыцы з агняпальнай зброяй – якасныя змены ў выкарыстанні артылерыі ў полі толькі пачыналіся [12]. Па-другое, ніякія фельдшлангі Пяткевіч не згадвае, а колькасць гармат ён падае не на пачатак 1503 г., а за час усёй вайны.
Гэта далёка не адзіны прыклад няздольнасці аўтара зразумець, што напісана ў іншамоўным тэксце, які ён цытуе. Акрамя таго, Лобін паказвае ў цэлым слабое знаёмства з гістарычнымі рэаліямі Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы [13]. Абедзве гэтыя заганы праявіліся яшчэ ў першым выданні, хоць некаторыя моманты ў другім варыянце кнігі выпраўлены (гл. ніжэй).
Куды лепшыя веды Лобін дэманструе па вайсковай сістэме Масковіі. Ён дае агульную характарыстыку ўзброеных сіл і сцвярджае, што разам з гарнізонамі яны не маглі перавышаць 20–30 тыс. чалавек [14]. Завяршае другі раздзел апісанне трох паходаў на Смаленск: зімой 1512/1513 г., летам – восенню 1513 г. і вясной – летам 1514 г. Паміж іншага, аўтар спрабуе вызначыць прычыны капітуляцыі горада (60–62). Спалучэнне перамоваў з эфектыўнай бамбардзіроўкай як галоўная прычына губляецца ў экстэнсіўных разважаннях аўтара пра невыкананне Жыгімонтам сваіх прывілеяў Смаленску. Маўляў, ён паказаў няздольнасць абараніць месцічаў не толькі ад непрыяцеля, але і ад сваволі ўласных войскаў. Пры гэтым згадваецца скарга смалян на рабункі наймітаў аж 1502 г [15].
Спекуляцыі пра тое, наколькі месцічы стаміліся ад пастаянных аблогаў, наўрад ці наблізяць нас да ісціны. Ні ў першую, ні ў другую спробу захопу горада Васілём не відаць і намёка на ваганні смалян. Прапановы капітуляваць, на якія акцэнтуе ўвагу аўтар як на адзін з фактараў паспеху, рабіліся і ў час другой аблогі, але тады чамусьці выніку не далі [16]. Куды больш прадуктыўным будзе параўнаць паспяховую аблогу з папярэднімі і паспрабаваць знайсці адрозненні. У выніку можна заўважыць змену тактыкі маскоўскіх войскаў у прымяненні артылерыі. Улетку 1513 г. агонь гарматаў быў сканцэнтраваны на ўмацаваннях, і гэта давала пажаданы эфект. Аднак смаляне за ноч аднаўлялі фартыфікацыі, якія маскавітам удавалася знішчыць за дзень (што пацвярджае актыўны ўдзел месцічаў у абароне). У час жа трэцяй аблогі, прынамсі часткова, агонь вёўся праз сцены ўнутр горада, у т. л. запальнымі снарадамі (“огнеными пушками в град бити”), што непасрэдна пагражала яго жыхарам, іх дамам і маёмасці. Відаць, смалянам не было чаго супрацьпаставіць такой тактыцы, што і прывяло іх да рашэння здацца [17]. Цікава, што аўтар цытуе адпаведныя крыніцы (60–61), але да падобнай высновы не прыходзіць.
Як ужо адзначалася, вартасцю работы з’яўляецца актыўнае выкарыстанне еўрапейскіх рэляцый пра вайну. Але аўтар мае цяжкасці ў прачытанні іншамоўных тэкстаў, як крыніц, так і літаратуры, што прыводзіць да памылак, часам крытычных. Памятаючы пра гэта, я звярнуў увагу на згадку паведамлення Хенрыка Стэнсана ў Стакгольм з навінамі пра першы паход на Смаленск (52). Выявілася, што ў аўтарскім пераказе крыніцы сэнс перакручаны да адваротнага. Лобін піша: “Однако по первой траве великий князь (маскоўскі. – А. К.) вновь хочет атаковать польского короля и великого князя литовского, сохранив мир на границе с Ливонией”. На самай жа справе, паводле Стэнсана, гэта польскі кароль намерваўся ўдарыць па ворагу, а мір з вялікім князем (маскоўскім) хацеў захаваць магістар Лівонскага ордэна [18].
Трэці раздзел “Бітва пад Оршай” пачынаецца з абмеркавання праблемы колькасці войскаў. Аўтар дыскутуе са сваімі апанентамі і крытыкуе (цалкам справядліва) ацэнкі, не падмацаваныя адпаведнай аргументацыяй. Па маім перакананні, пры сучасным стане крыніц ніякая рэканструкцыя колькасці маскоўскага войска не дае валіднага выніку. Аднак я знаходжу магчымым гаварыць пра прапарцыйныя суадносіны і раней ужо выказваў меркаванне, што хутчэй маскоўскае войска пераўзыходзіла польска-літоўскае, а не наадварот, як прапануе Лобін. Мая аргументацыя зводзілася да наступнага: Канстанцін Астрожскі вырашыў абараняцца, частку войска пакінуўшы ў засадзе (чакаў атакі ворага); маскоўскае камандаванне ўпарта атакавала, прычым ваяводы Міхаіл Булгакаў і Іван Чаляднін маглі дазволіць сабе раскошу рабіць гэта паасобку; частку войска яны паслалі ў абыход варожага фланга, г. зн. не баяліся такім чынам крытычна аслабіць асноўныя сілы. Лобін аспрэчвае гэта, адрываючы адзін з тэзісаў ад іншых, тады як трэба разглядаць усю аргументацыю ў комплексе. “Логические построения А. Казакова разбиваются примерами сражений XVI в. – получается, что под Ведрошью в 1500 г. и под Улой в 1564 г. (можно добавить сюда и Венден 1578 г.) польско-литовских войск было больше, чем русских, раз они первые атаковали?” (67) – піша аўтар. Я, аднак, ніколі не сцвярджаў, што адна толькі колькасная перавага гарантуе выбар наступальнай тактыкі.
На думку Лобіна, гетман заняў абарончую пазіцыю, бо нібыта траціна яго сіл складалася з пяхоты, а “рыцарская конница не могла применяться на пересеченной местности” (68). Паколькі маскоўскае войска мела перавагу над непрыяцелем у кавалерыі, то выгадна было атакаваць. “Как может обороняться конница, вооруженная исключительно холодным оружием, против “европейской” армии?” – задаецца пытаннем аўтар. Гэтыя разважанні заканчваюцца высновай, што “у воевод был только один шанс… маневрировать и атаковать прижатого к Днепру врага и сбросить его в реку”. Аднак чатырма радкамі ніжэй чытаем: “у воевод не было иного выбора, кроме как навалиться всей массой на одно из построений противника, пробиться в тыл и охватить остальную часть войска”. Як бачым, аўтар так і не змог вызначыцца, што было адзіна магчымай тактыкай для маскавітаў.
На жаль, аўтар не тлумачыць, што менавіта ён мае на ўвазе, супрацьпастаўляючы “еўрапейскую” армію конніцы з халоднай зброяй. Выглядае на тое, што гаворка ідзе пра ваенна-тэхнічную перавагу. На самай справе тагачасны ўзровень тэхнічнага развіцця і тактычныя магчымасці як артылерыі, так і рушніц не давалі самі па сабе перавагі на полі бою супраць конных лучнікаў. Як паказаў Кенэт Чэйз, агняпальная зброя еўрапейскіх узораў развівалася ў тых рэгіёнах, дзе варожыя арміі складаліся ў асноўным з пяхоты [19]. Менавіта супраць шчыльных і павольных пяхотных фармацый рушніцы і гарматы былі найбольш эфектыўнымі. Найменш яны прыдаваліся ў адкрытай бітве супраць мабільнай сілы конных лучнікаў, а маскоўскае войска пад Оршай амаль цалкам з іх і складалася. У руках спрактыкаванага жаўнера рушніца з кнотавым замком перазараджалася каля паўхвіліны [20], але ў рэальных баявых умовах тэмп стральбы мог значна памяншацца – да 2–3 хвілін [21]. Па хуткасці і, што вельмі важна, далёкасці стральбы рушніца безнадзейна саступала рэфлексійнаму луку [22].
Вышэйсказанае, аднак, не значыла, што аркебузіры былі безабароннымі перад коннымі лучнікамі. Шмат залежала ад канкрэтных умоваў і акалічнасцей на полі бою, і Лобін мае рацыю ў тым, што наяўнасць пяхоты ў войску падказвала выкарыстанне яе пад прыкрыццём нязручнага для кавалерыі ландшафта. Як падаецца, менавіта гэта і было паспяхова зроблена пад Оршай. З іншага боку, паводле Лобіна, такая мясцовасць не спрыяла атацы “рыцарскай конніцы” – трэба думаць, капійнікаў у пласцінавым даспеху. Можна пакінуць убаку пытанне пра колькасць гэтых самых “рыцараў” у войску Астрожскага, а задаць наступнае: як аўтар сабе ўяўляе дзеянні цяжкой кавалерыі ў абароне? Рацыянальным было высунуцца насустрач ворагу і сустрэць яго, набраўшы сілу ўдару, а не заставацца статычным аб’ектам атакі. Для гэтага “рыцарам” патрабавалася нейкая мінімальная прастора. Мяркуючы па апісанні бітвы ў самога аўтара, яны пад Оршай усё ж былі паспяхова прыменены. Варта заўважыць, што пытанне дакладнага месца бітвы застаецца дыскусійным, але Лобін безапеляцыйны ў адстойванні сваёй версіі.
Узнікае яшчэ адно пытанне: ці быў ландшафт, неспрыяльны для ўдарнай кавалерыі, выгадным для конных лучнікаў? На перасечанай мясцовасці дзейнічаць цяжка любым вершнікам, і маскавіты гублялі сваю галоўную перавагу – мабільнасць. “Маневрировать и атаковать” войска, якое на трэць складаецца з пяхоты, варта на адкрытай мясцовасці, дзе конныя лучнікі будуць найбольш эфектыўнымі. Пад Оршай жа нявыгадны ландшафт акурат і спрычыніўся да паразы маскавітаў, якія аказаліся заціснутымі ў нейкім вузкім месцы і былі, як можна ўявіць, расстраляныя варожай пяхотай і гарматамі.
Усе гэтыя разважанні пра “еўрапейскую” армію і “рыцарскую конніцу” дэманструюць сімплістычны погляд на важныя аспекты тактыкі і ўзбраення, а таксама ствараюць у чытача ўражанне, што маскоўскае войска саступала непрыяцелю якасна. Правільней жа было б сказаць, што пад Оршай сутыкнуліся дзве розныя мілітарныя культуры, а Астрожскаму ўдалося выкарыстаць патэнцыял войскаў пад ягоным камандаваннем у канкрэтных умовах бою на канкрэтнай мясцовасці.
Кніга працягваецца ацэнкай колькасці войска з абодвух бакоў. У выпадку з маскоўскімі сіламі надзейныя крыніцы адсутнічаюць, і аўтар спрабуе рэканструяваць іх колькасць пры дапамозе трох методык, якія прымяняліся ім у першым выданні, а таксама ў сумесным з Міхаілам Бенцыянавым артыкуле [23]. У выніку аўтар прыходзіць да высновы, што Чаляднін меў пад сваім камандаваннем максімум 11–12 тыс. чалавек. Я выказваў дэталёвую крытыку ўсіх трох метадаў падліку ў ранейшых публікацыях, таму дазволю сабе спыніцца толькі на асобных момантах, у прыватнасці на тым, як аўтар вядзе дыскусію. Крытыка не была ўспрынятая, і Лобін працягвае сыходзіць з труізму, што спісы палонных маскавітаў (193 асобы), дапоўненыя спарадычнымі дадзенымі з іншых крыніц, дакладна адлюстроўваюць тэрытарыяльную структуру ўсяго войска. Агулам аўтары (Лобін і Бенцыянаў) ідэнтыфікавалі 18 тэрытарыяльных груп (памешчыцкіх карпарацый). Прычым некаторыя з іх прадстаўлены ўсяго 1–3 асобамі. Здавалася б, гэта павінна прывесці даследчыкаў да відавочнай думкі: а што, калі б тыя пару чалавек пазбеглі палону, і, адпаведна, іх імёны не адклаліся б у рэестрах вязняў? І колькі тэрытарыяльных груп выпадае такім чынам з даследавання? Крытыкуючы гэты падыход, я пісаў: “працу расійскіх калег можна разглядаць як узорны прыклад т. зв. памылкі выжылых (survivorship bias), калі частка аб’екта даследавання не вывучаецца па прычыне недаступнасці… У нашым выпадку «не выжылі» тыя, хто не патрапіў на старонкі пісьмовых крыніц”. “А. Казаков, однако, не привел ни одного (хотя бы одного!) примера т. н. «ошибки выжившего», характерного для сражения 1514 г.”, – абураецца аўтар (78), які ці то наогул не зразумеў, што такое survivorship bias, ці проста няўважліва чытае напісанае апанентам.
Лобін працягвае сцвярджаць, што ў выніку разгрому адбылося змяшэнне масы маскавітаў, а таму набор палонных уяўляе сабой выпадковую, а значыць, рэпрэзентатыўную выбарку. Памешчыкі з паўночна-заходняй часткі краіны складаюць не менш за 33,2% палонных, прычым 22,8% паходзяць з Дзераўскай і Водскай пяцін Наўгародскай зямлі. Ведаючы колькасць памешчыкаў з гэтых пяцін па пісцовых кнігах пачатку XVI ст. – 1250 чалавек, – можна праз прапорцыю вывесці колькасць памешчыкаў ва ўсім войску, лічыць аўтар. У выніку атрымліваецца 5500 памешчыкаў, што з разліку 1 баявы халоп на аднаго памешчыка дае ў суме 11 тыс. чалавек.
Якімі аргументамі Лобін падмацоўвае сваё перакананне, што вядомы па крыніцах пул вязняў Аршанскай бітвы дакладна адлюстроўвае тэрытарыяльны склад войска? Дамо слова аўтару: “…известно, что разбиты были все русские полки, захвачены или убиты воеводы почти всех соединений, участвовавших в сражении. Следовательно, в результате бегства произошло смешение полков”. Чаму разгром “амаль усіх злучэнняў” непазбежна вядзе да іх змяшэння – чарговае рытарычнае пытанне да аўтара. Крыніцы ясна кажуць, што розныя часткі войска напаткаў розны лёс. Адпаведна Усцюжскаму летапісцу, сілы Булгакава працягвалі супрацьстаяць непрыяцельскай арміі, калі Чаляднін ужо збег з поля бою, у выніку чаго моцна пацярпелі. Пры гэтым акцэнт зроблены менавіта на стратах палоннымі: “И Иван Андреевич [Чаляднін] в ту пору князя Михаила выдал, а сам побеже, а литва начаша одоляти князю Михаилу, и одолеша, и многих воевод и князеи и бояр поимаша, а иные на бою убиша. А за Иваном Андреевич погнаша, да и того догнавше и поимавше. И в Литву всех воевод и князеи и боляр сведоша, а иные утекоша к Смоленску ранены” [24]. Пскоўскі летапіс кажа, што адны пабеглі ў бок Смаленска, а іншыя “в реки непроходимые забегоша” [25]. Факт гібелі мноства маскавітаў у р. Крапіўне пацвярджаецца і іншымі крыніцамі, напрыклад аповедам Сігізмунда Герберштэйна і Станіслава Гурскага [26]. Працытаваных фрагментаў дастаткова, каб упэўніцца ў неаднолькавасці лёсу розных частак маскоўскага войска. Сюды можна дадаць меркаванні агульналагічнага плана. Няцяжка здагадацца, што ў ваяроў старажавога палка (калі ён існаваў) шанцаў пазбегнуць смерці і палону было болей, чым у перадавога.
Агульная колькасць маскоўскага войска залежала ад таго, колькі баявых халопаў прыводзілі з сабой памешчыкі. Ніякіх палявых попісаў з таго часу не захавалася. Агульназемскія нормы службы, г. зн. суадносіны памеру зямлі ў трыманні аднаго памешчыка і колькасці яго баявых слуг, вядомыя толькі за другую палову XVI ст [27]. Гэта пакідае шырокае поле для спекуляцый. Як ужо адзначалася, Лобін лічыць суадносіны адзін памешчык / адзін баявы халоп максімальнымі. Дзіўна, што пры такім дэфіцыце крыніц рэдкія звесткі за першую палову XVI ст. аўтар ігнаруе. У 1535 г. палонны з Вялікіх Лук Васіль Хрушчоў сказаў на допыце, што яго аддзел налічваў 300 чалавек, з якіх 90 – дзеці баярскія, а 210 – іх людзі [28]. Такім чынам, атрымліваем прапорцыю 2,33 баявыя халопы на аднаго памешчыка [29].
Адзін з метадаў падліку маскоўскага войска грунтуецца на максімальнай колькасці “галоў” у падначаленні аднаго ваяводы (5) і на максімальнай колькасці ваяроў у падначаленні аднаго галавы (200). Адсюль у войску з 14 ваяводамі не магло быць болей за 14 тыс. чалавек і меней за 4000. І зноў аўтар абапіраецца на сведчанні другой паловы XVI ст., калі ў выніку соценнай рэформы з’явіліся соценныя галовы. Аднак, як аўтар сам адзначае, у эпоху Аршанскай бітвы галовы толькі пачыналі спарадычна згадвацца ў крыніцах, і прыводзіць пару прыкладаў. Пры гэтым звесткі за 30-я гады XVI ст. зноў выпадаюць з-пад увагі даследчыка. У 1534 г. перабежчыкі з Пскова распавялі, што пад камандаваннем пскоўскага намесніка Дзмітрыя Варанцова было 300 дзяцей баярскіх і ажно 8 галоў, пры гэтым усе яны названы пайменна [30]. Ніякіх ваяводаў акрамя Варанцова не згадана. Такім чынам, на яго аднаго прыпадала 8 галоў, тады як Лобін прапануе максімум 5. Прычым няясна, ці магло іх быць больш за 8. З іншага боку, калі мы не ведаем, колькі людзей магло быць пад камандаваннем аднаго галавы ў пачатку XVI ст., задоўга да соценнай рэформы, ці мае шмат сэнсу такі падыход наогул?
У выніку ўсіх падлікаў колькасць маскоўскага войска атрымалася ў дыяпазоне 4–16 тыс. чалавек, але з-за адсутнасці многіх ваяроў на момант бітвы максімальную планку варта апусціць да 11–12 чалавек, лічыць Лобін (78).
Спроба высветліць памер і склад войска Астрожскага куды больш паспяховая, балазе сітуацыя з крыніцамі тут зусім іншая. Яны дазваляюць усталяваць агульную колькасць у 16–17 тыс. чалавек, ствараючы больш імаверную альтэрнатыву знакамітым 30–35 тысячам. Гэта, бадай, галоўны пазітыўны вынік даследаванняў Лобіна. Аднак, калі гаворка заходзіць пра рэканструкцыю колькасці асобных частак войска, то не абыходзіцца без грубых памылак і аблудаў.
Найміты з Польшчы найлепей задакументаваны крыніцамі, і тут да новых высноваў аўтар не прыходзіць. Аднак ён робіць важнае ўдакладненне: рэальная колькасць жаўнераў у ротах заўсёды была меншай за намінальную. Таму агульную лічбу ў 6660 неабходна паменшыць на 30%, што дае 4660 чалавек. Гэта грунтуецца на даследаванні польскага гісторыка Аляксандра Болдырава пра польскую найманую пяхоту, але Лобін пераносіць яго выснову таксама і на конніцу. У чарговы раз аўтар проста не разумее, пра што ідзе гаворка ў працы, на якую спасылаецца. Лобін піша: “Александр Болдырев… отметил, что… по факту на службу выходили 60–84% от «штата»” (83). На самай справе, паводле Болдырава, розніца ў намінальнай і рэальнай колькасці пяхотнікаў была выклікана ў першую чаргу тым, што капійнікі і павезнікі атрымлівалі падвойныя стаўкі [31]. Вядома, гэта нельга экстрапаляваць на конныя роты. На жаль, аналагічных падлікаў для кавалерыі ў гістарыяграфіі пакуль няма.
Вельмі праблематычны ўдзел у бітве аддзела польскіх добраахвотнікаў. Пазнейшая гістарыяграфічная традыцыя кажа пра асобны “гуф” з польскай моладзі, які нібыта ўзначальваў вядомы ў будучым военачальнік Ян Амар Тарноўскі. Раней Лобін ацэньваў колькасць гэтага аддзела ў 2000 чалавек, грунтуючыся на памылковым прачытанні Станіслава Сарніцкага. І хоць я паказаў на гэтую памылку [32], аўтар не стаў мяняць сваёй высновы, элегантна вырашыўшы праблему: цяпер ён ні на што не спасылаецца (83–84).
Наратыўныя крыніцы захавалі імёны знатных палякаў, якія біліся пад Оршай, і аўтар дае іх пералік, называючы добраахвотнікамі. Але ўважлівы разгляд іх біяграфій кажа, што большасць была каралеўскімі дваранамі [33]. Некаторыя, як Тарноўскі, атрымалі выплаты за ўдзел у кампаніі 1514 г [34]. Гэта, вядома, не выключае, што нейкія валанцёры ў войску былі, але іх колькасць застаецца невядомай і наўрад ці была высокай. У любым выпадку, няма ніякіх падставаў ацэньваць яе ў 2000 чалавек. У гэтай сувязі роля дваццацішасцігадовага Тарноўскага як камандзіра аддзела такой велічыні выглядае больш чым сумнеўнай.
Не вытрымліваюць крытыкі высновы пра велічыню польскай надворнай харугвы. Каб паказаць, колькі ваяроў яна налічвала ў іншыя гады, прыцягваюцца дадзеныя з рахункаў вялікага князя Аляксандра за час, калі той яшчэ не быў польскім каралём (84). Велічыня польскай надворнай харугвы вызначаецца на падставе… рэестра літоўскіх гаспадарскіх дваран 1514 г. (84). Анджэй Гладыш налічыў 153 ваяры ў 1513 г., але, імаверна, гэтыя дадзеныя няпоўныя. Абапіраючыся на сярэднія паказчыкі, ён дапускае, што ў кампаніі 1514 г. надворная харугва магла складацца з 440 чалавек [35]. Цікава, што гаспадарскіх дваран паводле двух захаваных рэестраў Лобін налічвае 1200 (памылкова), але пры падсумаванні складу войска ён іх апускае.
Няма ніякіх крыніц, каб усталяваць колькасць велікакняскай земскай службы. Лобін спрабуе ацаніць яе на аснове адрасатаў ваенных лістоў аб зборы войска, а таксама памеру вайсковай службы па дадзеных попісу 1528 г. У выніку атрымалася, што на вайну мусіла б ехаць 14–16 тыс. чалавек. Далей аўтар адвольна абніжае гэтую лічбу ўдвая на падставе нізкіх тэмпаў збору шляхты. Падсумаваўшы вынікі ўсіх падлікаў – ад 4660 да 6663 наймітаў, 500 чал. польскай надворнай харугвы, 2000 чал. добраахвотнікаў, да 8000 земскай службы, – Лобін атрымаў 17 000 чалавек на момант агляду і попісу войска пад Барысавам (84–85). Далей адзначаецца, што на аглядзе адсутнічалі некаторыя аддзелы, пасланыя супраць непрыяцеля раней, таму агулам усіх сіл будзе… – не, не болей, а меней за 17 000, усяго 15 000 чал. У выніку цяжка зразумець, якую ж колькасць аўтар лічыць выніковай.
Але тут дзівосы калькуляцыі толькі пачынаюцца. Ужо на наступнай старонцы чытаем, што пад Оршай войска Астрожскага магло налічваць максімум 12 000 чал. (86). Відаць, мелася на ўвазе, што частка войска засталася ў Барысаве разам з Жыгімонтам, аднак яе памер аўтар ацэньвае ў 4000 і дапускае завышанасць гэтай лічбы. У такім выпадку мусіла б атрымацца мінімум 13 000 замест максімум 12 000 (17 000 – 4000 = 13 000). Яшчэ ніжэй напісана, што “из Борисова выдвинулось войско общей численностью не более 12–13 тыс. чел.” (87).
Асобным пытаннем выступае склад атрада, які застаўся ў Барысаве. Дагэтуль аўтар беспадстаўна лічыў, што гэта былі почты літоўскіх магнатаў [36]. Ён імкнуўся паказаць, што перамогу пад Оршай здабылі ў асноўным палякі. Цяпер жа Лобін прыцягвае звесткі з нямецкай улёткі, паводле якой разам з Жыгімонтам у Барысаве засталіся некаторыя “князі і паны” (“furste und hern”), а таксама “16 соцень выбраных польскіх жаўнераў” (“Sechczehen hundert auβgeleβener Polischer soldner”) [37]. Аўтар, аднак, не хоча развітвацца з ранейшай памылковай высновай: гэтых “князёў і паноў” ён інтэрпрэтуе як почты літоўскіх магнатаў (цікава, чаму, напрыклад, паны не маглі быць польскія?). Такім чынам, пры Жыгімонце засталося да 4000 чалавек (памятаем, што лічба можа быць завышанай), з якіх 1600 былі польскімі жаўнерамі, а рэшта земскай службай, – заключае гісторык.
На самай справе няма падстаў бачыць на месцы “князёў і паноў” наогул нейкія войскі. Акрамя таго, Лобін працягвае ігнараваць звесткі з ліста Жыгімонта да Мацея Джэвіцкага, дзе кароль кажа, што пры ім засталіся конныя і пешыя найміты. На гэты ліст звяртаў увагу яшчэ Канстанты Гурскі ў канцы XIX ст., пра што я пісаў раней [38]. Такім чынам, маем дзве крыніцы – ліст Жыгімонта і нямецкую ўлётку, – якія наўпрост кажуць, што ў Барысаве засталіся польскія жаўнеры, прычым адна з іх называе колькасць. Калі ж ісці ў рэчышчы разважанняў аўтара, то пры каралі разам з 1600 польскімі жаўнерамі мусіла застацца максімум 2400 чалавек земскай службы (4000 – 1600 = 2400). Памятаючы, што яе агульную колькасць Лобін ацэньвае ў 7–8 тыс., пад Оршу мусіла б пайсці мінімум 4600–5600 чалавек. Аднак, калі перад апісаннем самой бітвы аўтар зноў вяртаецца да колькасці асобных частак войска, то раптам высвятляецца, што земскай службы было ўсяго 4000, а польскіх наймітаў – 4660–6663. Аўтар забыўся адняць ад апошняй лічбы 1600 і чамусьці вырашыў паменшыць колькасць земскай службы з магчымых 4600–5600 да 4000. Ён упарта працягвае сцвярджаць, што палякі складалі большасць войска (98).
Як бачым, аўтар зусім заблытаўся з лічбамі і застаўся ў палоне ўласных фантазій. Што ж, дапаможам яму з падлікамі. У агульных рысах войска Астрожскага мела наступны выгляд. Розніцу паміж рэальнай і намінальнай колькасцю жаўнераў вельмі ўмоўна можна прыняць у 20% агулам для конных і пешых рот. Разам з жаўнерамі, якія выступілі супраць непрыяцеля раней за асноўныя сілы, атрымліваем 6000. Ад гэтай лічбы адымаем 1600 – столькі палякаў засталося ў Барысаве – што пакідае 4400 наймітаў. Услед за А. Гладышам дапусцім, што польская надворная харугва мела 440 вершнікаў. Разам гэта дае каля 4800 палякаў, пры гэтым колькасць добраахвотнікаў павісае ў паветры. Рэшта войска мусіла складацца з велікакняскай земскай службы і корпуса гаспадарскіх дваран (каля 1000 чалавек). Калі прыняць агульны памер войска ў 17 000, то пад Оршай было максімум 17 000 – 1600 = 15 400, дзе палякі складалі менш за трэць. Гэты разлік не бярэ пад увагу артылерыйскую абслугу і аддзел інжынераў [39].
Нельга пагадзіцца з тым, як паказаны падзеі незадоўга да бітвы. Аўтар працягвае настойваць, што маскоўскія ваяводы распусцілі сваіх людзей па варожай тэрыторыі “на сотни верст”, бо яны нібыта не ведалі ані планаў непрыяцеля, ані яго колькасці, ані напрамку яго руху. І толькі са злаўленнем Глінскага 5 верасня ім стала канчаткова ясна, што супраць іх ідуць вялікія варожыя сілы. У выніку маскоўскія палкі так і не здолелі сабрацца да бітвы ў поўным складзе. Як пацверджанне гэтага прыводзяцца цытаты з летапісаў “а инии в отъезде были” і “сила ненарядна была”.
У сваім артыкуле “Оправдывая поражение: битва под Оршей 1514 г. глазами летописцев” я падрабязна разгледзеў апраўдальныя матывы паразы ў маскоўскім летапісанні. Пра адсутнасць многіх людзей у войску на момант 8 верасня кажа толькі адзін летапіс (а таксама залежныя ад яго зводы), многія ж іншыя паведамляюць, што непрыяцеля на маскоўскіх ваяводаў нібыта навёў здраднік Глінскі. Дзякуючы гэтаму ворагі нібыта падышлі нечакана, і маскоўскае камандаванне не змагло сабраць усё войска для бітвы. Паведамленне пра нечаканы падыход Астрожскага можа быць слушным толькі тады, калі гаворка ішла б пра тактычны ўзровень: напярэдадні бітвы гетман сапраўды здолеў пераправіцца цераз Днепр там, дзе яго не чакалі маскавіты. Аднак у летапісах гаворка, відавочна, пра аператыўны ўзровень.
Аналіз звестак з крыніц не пакідае сумневу, што маскоўскія ваяводы проста не мелі шанцаў не ведаць пра рух непрыяцеля. Па-першае, маскоўскія сілы сапраўды былі размеркаваны па тэрыторыі, але ў адным напрамку – уздоўж шляху Орша – Барысаў – Менск, пра што наўпрост кажуць крыніцы (“а в Борисове, и к Менску, и на Друцких полях стояли великого же князя воеводы”). Гэта дыктавалася тым, што пунктам збору непрыяцельскіх сіл быў Менск, а імавернай мэтай кампаніі – Смаленск. Толькі ў канцы жніўня войска на чале з Жыгімонтам дасягнула Барысава, там некалькі дзён стаяла, пасля чаго пачало рух на Оршу. Па меры прасоўвання на ўсход адбываўся баявы кантакт з непрыяцелем. 27 жніўня быў бой “на Бобрэ рецэ”, а 28 жніўня – “на Малявицы”, якая атаясамляецца з сучаснай вёскай Маляўка Талачынскага раёна. Гэтыя аб’екты знаходзяцца бліжэй да Барысава, чым да Оршы. Ужо 1 верасня адбыўся бой “на Дрови”, г. зн. на рацэ Адроў. Яна працякае блізу Оршы і ўпадае ў Дняпро за пяць кіламетраў ад горада [40]. Гэтыя падзеі даюць уяўленне пра дынаміку руху войска Астрожскага.
Такім чынам, размеркаваныя паміж Оршай і Менскам маскоўскія войскі мелі магчымасць адступаць перад непрыяцелем, трымаючы з ім візуальны і баявы кантакт, і канцэнтарвацца для наступных дзеянняў, каб урэшце сабрацца ў раёне Оршы на левым беразе Дняпра. Лобін не падзяляе такой карціны падзей, але, замест аргументаванай крытыкі маёй рэканструкцыі, дапускае рэпліку: “Создается впечатление, что А. Казаков исходит из современных ему представлений об оповещении и сборе войска и не рассматривает альтернативных трактовок цитат из летописей” (88).
Што ж прапануе сам аўтар? “Тот факт, что 27–28 августа на Бобре, Дровне и Малявицах были разгромлены русские отряды, говорит о том, что к моменту движения королевской армии русское войско было не собрано”, – маніпулятыўна заяўляе гісторык. Мала таго, што ён не лічыць патрэбным нават згадаць пра лакалізацыю гэтых геаграфічных аб’ектаў, дык яшчэ і зблытвае храналогію, памяшчаючы бой на Дрові ў прамежак 27–28 жніўня. Але далей – болей: “М. Глинский был пойман на заре 5 сентября, за три дня до сражения (“triduo ante conflictum”). Следовательно, рать Челяднина могла быть собрана и направлена на помощь М. И. Булгакову после получения известия о поимке Глинского… т. е. после 5 сентября. В это время Михаил Булгаков «зжидаяся с теми людми… которые были от них посланы на Дрюцкие поля, и к Борисову, и к Менску», т. е. собирал свою рать, рассредоточенную по литовской территории” (89).
Па-першае, 5 верасня як дата злаўлення Глінскага памылковая. На самай справе крыніца кажа, што ў гэты дзень ён быў адасланы ў Маскву [41]. Глінскі спрабаваў збегчы ў Оршу, а не паехаў насустрач польска-літоўскаму войску. Значыць, яно было далёка, верагодна, яшчэ пад Барысавам [42]. Па-другое, на момант няўдалых уцёкаў Глінскага Чаляднін ужо быў пад Оршай, пра што кажа Усцюжскі летапіс у сваім падрабязным і ўнікальным аповедзе [43]. Па-трэцяе, Булгакаў ніяк не мог 5 верасня збіраць пасланыя на Друцкія палі, а пагатоў да Барысава і Менска, загоны, бо ўжо 1 верасня Іван Сапега разбіў маскоўскі атрад на Адрове, г. зн. даволі блізка ад Оршы. Паводле Сарніцкага, усё войска Астрожскага ўжо было пад Оршай за два дні да пераправы цераз Дняпро. Значыць, яно мусіла туды падысці не пазней як 6, а хутчэй 5 верасня, пакінуўшы Друцкія палі за спінай. Нарэшце, нонсэнсам выглядаюць “представления об оповещении и сборе войска” самога аўтара. Ён лічыць, што за 3 дні, з 5 да 7 верасня, Чаляднін паспеў атрымаць навіны пра Глінскага, сабраць палкі і прывесці іх пад Оршу [44].
Завяршаючы гэты сюжэт, варта падкрэсліць: няма аніякіх звестак, што маскоўскія сілы былі размеркаваны на нейкай іншай тэрыторыі, чым лінія Орша – Барысаў – Менск, а таму праблем са своечасовым зборам войска ў ваяводаў не павінна было ўзнікнуць.
У першай кнізе аўтар пазбег абмеркавання праблемы дакладнага месца бітвы, хоць у гістарыяграфіі існуе некалькі версій: на паўночны ўсход ад Оршы ў лукавіне Дняпра, замацаваная ў польскай гістарыяграфіі; паміж Оршай і Крапівенкай, якую можна назваць левабярэжнай (адносна берагоў Крапівенкі); на правым беразе Крапівенкі, г. зн. паміж Крапівенкай і Дуброўнай. У новай кнізе знаходзім абгрунтаванне лакалізацыі поля бітвы на аснове левабярэжнай версіі, а таксама крытыку прац, у тым ліку і маіх, якія аргументуюць правабярэжную. Апошняя версія грунтуецца на меркаванні, якое я падзяляю, што ва Усцюжскім летапісе Дняпро памылкова названы Бярэзінай: “Они же сретошася о реце о Березене и стояша долго время: ни Литва за Безыню не лезет к москвичем, ни москвичи к Литве. И начаша литва льстити к москвичем, глаголющее «Разоидемся на миру». А сами литва вверх по Березине за 15 верст выше перевезошася к москвичем, и приидоша литва сторонь безвестно на москвич” [45].
Словы пра перамовы на Бярэзіне парушаюць храналогію падзей, бо ідуць пасля аповеду пра няўдалыя ўцёкі Глінскага і адразу перад уласна апісаннем бітвы, якое пачынаецца са слоў “И нача с литвою первое битися Михаило со своим полком…”. Усё, аднак, становіцца на свае месцы, калі прыняць, што летапісец памылкова назваў Дняпро Бярэзінай. Пра перамовы на Дняпры з мэтай адцягнуць увагу маскавітаў ад таемнай пераправы кажа С. Гурскі. Ён жа, Дэцый і Жыгімонт у лісце да папы апісваюць падзеі на Бярэзіне, але пры гэтым не згадваюць ані перамоваў, ані таемнай пераправы [46]. Калі ж прыняць, што памылкі няма, то Усцюжскі летапіс робіцца адзінай крыніцай, якая апавядае пра перамовы на Бярэзіне. Правабярэжная версія грунтуецца на тым, што замест Бярэзіны трэба чытаць Дняпро, а таксама на ўказанні месца таемнай пераправы – 15 вёрст вышэй па цячэнні [47].
Лобін, аднак, працягвае сцвярджаць, што Усцюжскі летапіс не памыляецца ў назве ракі. Застаецца толькі здзіўляцца настойлівасці, з якой аўтар хоча ўбачыць у крыніцах тое, чаго там няма. “Между тем, именно противостояние на Березине и показано в польских латиноязычных источниках”, – піша ён, у той час як ніякага супрацьстаяння, а пагатоў перамоваў, у гэтых крыніцах няма (92). Наадварот, яны малююць вельмі дынамічную карціну падзей. Толькі заўважыўшы непрыяцеля на тым беразе, каралеўскія войскі пераправіліся цераз раку, каб уступіць з імі ў бой. Маскавіты ад сутыкнення ўхіліліся і адышлі [48].
Непаслядоўнасць падзей ва Усцюжскім летапісе аўтар тлумачыць тым, што падобная блытаніна ў цэлым характэрна для такога кшталту крыніц. Ён таксама заўважае, што іншыя летапісы наогул нічога не кажуць пра падзеі на Бярэзіне і сутычкі канца жніўня – пачатку верасня, а ўслед за злаўленнем Глінскага ідзе апісанне бітвы пад Оршай (92). Агульная заўвага адносна летапісання пярэчанняў не выклікае, але тут не ўлічваецца важная акалічнасць. Аднак жа паведамленне Усцюжскага летапісу пра ўзяцце Смаленска, спробу ўцёкаў Глінскага, бітву пад Оршай і рэйд Сабурава на Браслаў вылучаецца надзвычайнай падрабязнасцю і ўнікальнасцю. Можна даведацца, напрыклад, пра такія дробязі, як час уцёкаў Глінскага (“в четвертую стражу нощы”) [49]. Аповед пра нібыта “стояние” на Бярэзіне не проста парушае храналогію. Застаецца няясным, што адбывалася паміж гісторыяй з Глінскім і ўласна бітвай 8 верасня.
“Не странно ли, что три раза Березина перепутана с Днепром”, задаецца пытаннем гісторык. Яму, аднак, не падаецца дзіўным, што ў аповедзе таго ж Усцюжскага летапісу пра рэйд пскоўскага намесніка Сабурава на Браслаў узімку 1514/1515 г. гэты горад памылкова названы Рославам аж сем разоў і яшчэ тры разы яго жыхары названыя раслаўцамі (154–155). Відавочна, у выпадку з Бярэзінай / Дняпром, як і ў выпадку з Рославам / Браславам, зробленая адзін раз памылка была мультыплікаваная.
Далейшае абмеркаванне дакладнага месца бітвы ўтрымлівае крытыку, з якой нельга пагадзіцца. “А. Казаков приводит далеко не все источники, в которых присутствует локализация сражения” (92). Аднак крыніцы, якія я нібыта абмінаю ўвагай, не названыя. І гэта пры тым, што сам аўтар не выкарыстоўвае, напрыклад, паведамленне Вапоўскага, якое я цытую [50]. Далей сцвярджаецца, што я ігнарую паведамленні крыніц у той час, як я іх абмяркоўваю. Адносна маёй крытыкі блытаных паведамленняў Герберштэйна пра месца бітвы заўважаецца: “Причины, по которым А. Казаков отбрасывает свидетельство имперского дипломата, непонятны”. Недарэчнасць такой заявы тым большая, што аўтару цудоўна вядомыя мае публікацыі, дзе я абгрунтоўваю свой скепсіс адносна гэтых сведчанняў [51]. Дазволю сабе не паўтараць тут сваю аргументацыю, але звярну ўвагу на іншыя акалічнасці.
Акрамя звестак імперскага дыпламата, у сваёй лакалізацыі бітвы паміж Крапівенкай і Оршай Лобін абапіраецца яшчэ на дзве крыніцы: Тыпаграфскі летапіс і С. Гурскага. У першым апавяданне пра бітву вельмі сціслае, што характэрна для крыніц такога кшталту, але нечакана там згадваецца адлегласць ад Оршы, на якой яна адбылася – 5 вёрст. Лобін карыстаецца варыянтам вярсты, якая роўная прыблізна 1,5 км. Атрымліваецца 7,5 км ад Оршы на усход (95). На самай жа справе летапіс нічога не кажа пра накірунак. У С. Гурскага ж чытаем: “Sed etiam in flumine Kopriwna limoso ac riparum preruptarum in quatuor milliariis a loco pugne tantus in illa fuga Moscorum numerus una cum equis submersus est…” (“Таксама і ў рацэ Крапіўне, ілістай і з абрывістымі берагамі, за чатыры мілі ад месца бітвы разам з коньмі пры гэтых уцёках патапілася так шмат москаў…”) [52].
Гэтыя “за чатыры мілі ад месца бітвы” традыцыйна чыталася як чатыры мілі на захад ад Крапівенкі, што робіць і Лобін. Аднак ён ігнаруе важнае назіранне выдатнага знаўцы сярэднявечнай і раннемадэрнай лаціны Марка Яніцкага, які прапануе іншае разуменне гэтага фрагмента: целы маскавітаў запаланілі рэчышча Крапівенкі на працягу 4 міляў яе бегу [53]. Але і ранейшае прачытанне на самай справе не паказвае на тое, што бітва адбылася на адлегласці 4 міляў ад ракі. Яна магла адбыцца і ў непасрэднай блізкасці ад Крапівенкі, а “москі” маглі ратавацца ўцёкамі ўздоўж яе і тануць на працягу 4 міляў ці за 4 мілі ад поля бою.
Аргумент, што калі бітва адбылася бліжэй да Дуброўны, то “она должна называться Дубровенской”, гучыць непераканаўча (92). Часта бітвы атрымліваюць імёны насуперак нейкім фармальным крытэрыям кшталту блізкасці да пэўных геаграфічных аб’ектаў. Няма нічога дзіўнага, што бітва стала называцца па імені больш буйнога і больш значнага ва ўсіх адносінах пункта [54]. Як адзначае сам аўтар, крыніцы падаюць і альтэрнатыўную, больш рэдкую назву – бітва на Крапіўне (92).
Падсумоўваючы дыскусію па лакалізацыі, варта падкрэсліць: пытанне дакладнага месца бітвы застаецца на сёння нявырашаным і наўрад ці можа быць вырашана без прыцягнення новых крыніц і правядзення сістэматычных палявых даследаванняў.
Кідаецца ў вочы непаўната карціны дзеянняў абодвух бакоў напярэдадні бітвы. На думку Лобіна, таемная пераправа была ўдалай, бо асноўнай частцы польскай кавалерыі ўдалося даволі хутка перайсці раку, а пераправу астатняга войска “надежно прикрыли польские латники”. Пры гэтым аўтар не кажа, якім жа чынам войска Астрожскага змагло пасля адысці на некалькі кіламетраў ад Дняпра. Што пры гэтым рабілі маскавіты і чаму яны дазволілі непрыяцелю выбраць месца для бітвы, заняць там выгадную пазіцыю, размясціць у зручных месцах артылерыю і памясціць у засаду пяхоту?
Падзеі дня 8 верасня апісаны ў крыніцах няпоўна і супярэчліва, што робіць рэканструкцыю ходу бітвы няпростай задачай. Спроба рэканструкцыі аўтара прынцыпова не адрозніваецца ад ранейшай і ўтрымлівае шэраг памылак. Што тычыцца дыспазіцыі, то Лобін трымаецца старой высновы: палякі занялі цэнтр і левы фланг, ліцвіны – правы (98). Гэта выкарыстоўваецца як пацверджанне колькаснай перавагі ў войску першых над апошнімі, памылковасць чаго была паказана вышэй. Акрамя таго, аўтар няправільна чытае план бітвы ў Сарніцкага. Пад літарай “D” на плане маскоўскі атрад, які спрабаваў абысці непрыяцельскія пазіцыі з фланга, але Лобіну чамусьці бачыцца агнявая засада польскай пяхоты і артылерыі (96). Сарніцкі, услед за Джовіа, змяшчае пяхоту за першай лініяй. Лобін жа са спасылкай на Сарніцкага сцвярджае, што пяхота стала ў цэнтры ў першай лініі, і пры гэтым кажа, што Джовіа “что-то напутал”.
Часам цяжка размежаваць аўтарскую рэканструкцыю і звесткі з крыніц. Напрыклад, са спасылкай на Сарніцкага сцвярджаецца, што атаку палка Булгакава на левы фланг дапамог адбіць удар кавалерыі пад камандаваннем Свярчэўскага з цэнтра (102). На самай жа справе Сарніцкі (зноў жа, запазычваючы звесткі ў Джовіа) проста кажа пра сутыкненне Булгакава з 2000 кавалерыі Свярчэўскага, якая паводле яго плана бітвы стаяла ў цэнтры. Пры гэтым трэба памятаць, што ў Сарніцкага гэтыя 2000 і была ўся польская конніца. Сарніцкі піша, што Булгакаў меў 12 000 чалавек, і Свярчэўскаму давялося біцца “шэсць на аднаго”. Калі Свярчэўскі ўдарыў з цэнтра з усёй польскай кавалерыяй на Булгакава, то што за сілы былі на левым флангу, якія, паводле Лобіна, таксама складаліся з палякаў, а польская пяхота пры гэтым стаяла ў цэнтры? У актыў аўтару можна запісаць хіба што выпраўленне памылкі пра прычыны самавольнай атакі Булгакава (102).
Раздзел, прысвечаны ацэнцы страт, пачынаецца з крытыкі майго артыкула “Апраўдваючы паражэнне…” (105–106) [55]. Лобін лічыць, што сама назва некарэктная, бо з пункту гледжання летапісцаў апраўдваць ваенную няўдачу перад чытачом – “дело небогоугодное”. Іх цікавілі грахі, пакараннем за якія стала параза. У сувязі з гэтым хочацца спытаць аўтара: калі прывядзенне надуманых прычын разгрому – гэта не спроба яго апраўдання, то што тады? Лобін таксама закідвае мне, што я супастаўляю звесткі з маскоўскіх летапісаў “с другим корпусом тенденциозных источников польско-литовского происхождения”. Аднак чарговы раз заўвага не суправаджаецца аніякай канкрэтыкай. Якія менавіта звесткі, што я прымаю як слушныя, з’яўляюцца тэндэнцыйнымі, і як гэта ўплывае на высновы, застаецца няясным.
Нягледзячы на крытыку, падыход да ацэнкі стратаў бакоў у бітве пад Оршай не змяніўся: па-ранейшаму назіраецца імкненне мінімізаваць маштабы разгрому. Наконт забітых з абодвух бакоў няма ніякіх надзейных звестак, чаго нельга сказаць пра палонных. Як і раней, аўтар лічыць, што агульная колькасць палонных складала 600 чалавек, з якіх 380 – дзеці баярскія і больш знатныя асобы, а астатнія – людзі простага стану (111). Першая лічба (596, калі быць дакладным) утрымліваецца ў “Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай” [56], другая – у летапісе Рачынскага [57]. Але ж абедзве крыніцы ясна кажуць, што названая колькасць датычыць толькі дзяцей баярскіх, а людзей простага стану “нельзе и выписати множества для” [58]. Праўда, крокам наперад стала тое, што Лобін цяпер улічвае ігнараванае раней сведчанне: “А иных многих детеи боярских не писано, которыи без ведома повезены по иманях князских и панских, тых кнзю гетману его млсти не звещали и в еестр не хотели писати” [59].
Відавочна, колькасць палонных, якія засталіся ў руках шляхты і не патрапілі ў рэестры, немагчыма ацаніць нават прыблізна. Аднак аўтар гэта робіць, ідучы супраць здаровага сэнсу. Ён звяртае ўвагу на амаль двухразовую розніцу паміж колькасцю аршанскіх палонных, што сядзелі ў гаспадарскіх замках у пазнейшыя гады – каля 200 – і колькасцю прыведзеных да Жыгімонта дзяцей баярскіх – 380. На думку Лобіна, 380 – гэта лічба палонных разам з тымі, каго шляхта пакінула сабе. Крытыкуючы мяне, ён піша: “Но автор не задается вопросом: может быть, значительную часть пленных шляхта привела к королю как раз с целью получить денежные выплаты за трофеи и, таким образом, мы имеем количество невольников, приближенное к общей цифре?” І праз абзац дадае: “…около двух сотен человек – это, очевидно, те, кто остался в качестве пленников в замках короля. Остальные пленные были разобраны шляхтой”. Такім чынам, шляхта прывяла “значную частку” палонных, каб атрымаць нейкія няўцямныя “выплаты за трафеі”, але ў выніку ўсё адно пакінула гэтых палонных сабе. Мушу прызнацца, такая фантазія мне сапраўды ў галаву не прыходзіла.
Памяншэнне з 380 да 200 можа быць лёгка патлумачана акалічнасцямі, якія самому аўтару цудоўна вядомыя: рэестры вязняў гаспадарскіх замкаў дайшлі да нашага часу не цалкам [60], невядомая колькасць палонных была паслана да еўрапейскіх двароў як жывое сведчанне перамогі [61], некаторыя былі раздадзены прыватным асобам [62], частка палонных магла памерці ці збегчы хутка пасля бітвы [63].
Каб давесці нязначнасць маскоўскіх страт у бітве, Лобін звяртаецца да звестак пісцовых кніг Водскай і Дзераўскай пяцін Наўгародскай зямлі. Паводле яго, паміж двума перапісамі – пачатку XVI ст. і 1538/9 г. – “фамильный состав” мясцовых памешчыкаў амаль не змяніўся, а іх колькасць толькі расла. Калі б яны панеслі вялікія страты ў Аршанскай бітве, карціна мусіла б быць іншай. Гэта чарговыя хітрыкі аўтара, бо ён не можа не ведаць пра такую рысу памеснай сістэмы, як цыркуляцыя памесцяў у коле сваякоў [64]. Пры гібелі памешчыка ці выбыцці са службы па іншай прычыне памесце часта пераходзіла яго сынам ці іншым родзічам. Гэтага магло і не адбыцца, але ўсё адно гібель 1–2 чалавек з роду не азначала яго знікнення са службы. Напрыклад, сам Лобін (разам з М. Бенцыянавым) згадвае, што памесці братоў Кузьмы і Фёдара Іванавічаў Чортавых, памерлых у палоне [65], пазней трымалі іх сыны [66]. Такім чынам, гібель двух братоў не прывяла да знікнення іх “фаміліі” са спісу водскіх памешчыкаў. Нікуды не падзеліся і шматлікія Пуцяціны, нягледзячы на смерць у палоне двух сваіх родзічаў – Пятра Нікіціча і яго пляменніка Сямёна Іванавіча [67].
У сувязі з абмеркаваннем маштабаў маскоўскай паразы аўтар ніяк не каментуе красамоўны факт гібелі дваіх і палону амаль усіх астатніх маскоўскіх ваяводаў. Як так сталася, што войска страціла няшмат людзей, а яго камандзіры паздаваліся ў палон, застаецца невырашальнай загадкай.
Калі страты маскавітаў аўтар імкнецца мінімізаваць, то са стратамі пераможцаў адбываецца супрацьлеглае. Лобін цытуе Станіслава Гурскага, які называе лічбу ў 500 чалавек забітымі і нашмат больш параненымі, і каментуе: “Может быть, С. Гурский и другие хронисты упомянули только рыцарей, судьба же «почтовых» и рядовых воинов их не интересовала” (111). Пры гэтым аўтар ніяк не тлумачыць, чым абумоўлена такое меркаванне [68].
Чацвёрты раздзел пераносіць нас у гісторыю міжнародных адносін, што стала галоўным адрозненнем новага выдання. Калі раней былі падрабязна разгледжаны стасункі Масковіі са Святой Рымскай імперыяй, то цяпер з’явіліся яшчэ і нарысы яе адносінаў з Даніяй, Тэўтонскім ордэнам і Святым прастолам. Не будучы спецыялістам па гісторыі дыпламатыі, ацэнку зместу гэтай часткі кнігі я пакіну іншым. Адзначу толькі, што аўтар працягвае настойваць на старой выснове: бітва пад Оршай не адыграла ніякай ролі ў пазіцыі імператара Максіміліяна I адносна саюзу з Масковіяй, інтарэс да якога быў ім страчаны яшчэ раней. Гэты тэзіс ужо крытыкаваўся такім знаўцам прадмета, як Геронім Граля [69]. Між іншым, ён адзначае, што аршанская перамога і звязаная з ёй прапагандысцкая кампанія мелі вялікае значэнне для ходу Венскага кангрэса 1515 г., які “канчаткова пахаваў ідэю аб’яднання ворагаў Жыгімонта I пад эгідай Вены і Масквы” [70].
Апошні, пяты раздзел прысвечаны падзеям наступных гадоў вайны. Гэтая частка кнігі не спазнала істотных зменаў. Можна заўважыць, напрыклад, выпраўленне памылкі пра аб’ект маскоўскай атакі зімой 1514/1515 г. [71] Аўтар паслядоўна апісвае баявыя дзеянні ў 1515–1522 г., дзе буйнымі акцыямі былі паход Астрожскага на Апочку 1517 г. і аблога Полацка маскавітамі ў 1518 г.
На заканчэнне нельга не адзначыць катастрафічную неахайнасць падачы выходных дадзеных іншамоўных выданняў. У асноўным гэта датычыць польскай мовы, дзе замест характэрных для яе літар кшталту ł, ę, ą ідуць l, e, a і да т. п. [72]
На сёння манаграфія Лобіна застаецца самым шырокім даследаваннем па Аршанскай бітве і вайне 1512–1522 г. Прычым новая версія дапоўнена як за кошт прыцягнення новых крыніц, так і дзякуючы пашырэнню прадмета (дыпламатычная частка). Гэтым, аднак, асноўныя вартасці другога выдання вычэрпваюцца. Шмат у чым яно атрымалася горшым за папярэдняе. Выправіўшы пару другасных памылак, аўтар нарабіў новых, у цэлым застаўся глухім да крытыкі і праявіў яшчэ больш тэндэнцыйнасці. Безумоўна, кніга закладае грунт, на які могуць абапірацца наступныя даследаванні. Разам з тым, ігнараванне адных крыніц і тэндэнцыйнасць у інтэрпрэтацыі іншых, маніпуляванне матэрыялам з мэтай дапасавання да ключавых тэзаў, нежаданне развітвацца з уласнымі аблудамі нягледзячы на іх відавочную памылковасць, брак увагі да літаратуры прадмета, галаслоўная крытыка апанентаў, няяснасць думкі (чытач раз-пораз мусіць здагадвацца, што ўласна мелася на ўвазе) і, нарэшце, процьма памылак шырокага спектра – ад банальнага неразумення тэксту цытаванай крыніцы да няўзгодненасці розных частак кнігі паміж сабой – рэзка зніжаюць навуковую вартасць працы. Карыстаючыся ёй, трэба быць вельмі асцярожным і правяраць кожную спасылку. З іншага боку, такая палітра заганаў робіць кнігу карыснай як антыўзор навуковай працы, прыдатны для разбору са студэнтамі на семінарах. Тым не менш, аўтара можна павіншаваць – ён дадаў яшчэ адну манаграфію да спіса сваіх публікацый. А бітва пад Оршай, як і ўся вайна 1512–1522 г., патрабуюць новага даследавання.
*ЛОБИН, АЛЕКСЕЙ. Смоленская война 1512–1522 гг. Москва, 2022. 223 с. Артыкул з’яўляецца пашыранай версіяй рэцэнзіі, апублікаванай у БГА Т. 30 (2023), с. 280–303.
[1] Лобин А. Н. Битва под Оршей 8 сентября 1514 г. С.-Петербург, 2011.
[2] Казакоў А. Паляванне на “Аршанскі міф” // Arche. 2012. № 5. С. 88–97.
[3] Пад юбілей адбыўся выхад некалькіх тэматычных нумароў часопісаў і штогоднікаў: Герольд Litherland. 2014. № 20; Mówią wieki. 2014. № 9 (выйшаў таксама ў перакладзе на беларускую мову); Arche. 2014. № 12; Biblioteka Epoki Nowożytnej. T. III. Bitwa pod Orszą. Warszawa, 2015. Некаторыя публікацыі па-за названымі выданнямі: Bołdyrew A. Obraz “Bitwa pod Orszą” i badania nad jego przydatnością do dziejów uzbrojenia. Przyczynek do legendy historiograficznej // Mity i legendy w polskiej historii wojskowości / red. W. Caban, J. Smoliński. T. 1. Kielce, 2014. S. 71–77; Hucul V. Obraz Bitwa pod Orszą – propaganda dworska czy epos rycerski? // RIHA Journal 0092 (3 July 2014): http://www.riha-journal.org/articles/2014/2014-jul-sep/hucul-orsza-pl. Дата доступу: 2.11.2023; Казакоў А. Гістарыяграфія Аршанскай бітвы 1514 г.: дасягненні і праблемы // БГА. 2015. Т. 2. С. 3–28; Ён жа. Аршанская бітва 1514 г.: пра што спрачаюцца гісторыкі? // Беларускі гістарычны часопіс. 2017. № 11. С. 16–25; Ён жа. Оправдывая поражение: Оршанская битва 1514 г. глазами летописцев // Україна в Центрально-Східній Європі. Т. 18. Київ, 2018. С. 315–334; Ён жа. Польска-літоўскія паведамленні пра бітву пад Оршай 1514 г.: дзве гісторыі адной падзеі // Актуальные проблемы источниковедения: материалы V междунар. науч.-практ. конф. к 110-летию Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 2019. С. 163–164.
[4] Калі б аўтар меў на ўвазе такую былую рэспубліку, як РСФСР, то з ім можна было б пагадзіцца. У Расіі існуе замацаваны федэральным законам спіс дзён вайсковай славы. Там мы сапраўды можам знайсці падзеі, што не адыгралі той гістарычнай ролі, якую ім усяляк прыпісваюць, напрыклад, Кулікоўскую бітву 1380 г.
[5] Для прыкладу, цытаты папулярызатара Аляксандра Рычкалава і астрожскага краязнаўцы Міколы Бендзюка займаюць агулам каля паўстаронкі тэксту.
[6] Kazakou A. The battle of Orsha in 1514 as a place of memory in Poland, Lithuania, Ukraine, Belarus and Russia: is understanding possible? // Places of memory: a European perspective on overcoming past trauma. Еd. by K. Atamanchyk, A. Lastouski and I. Ramanava. Wilfried Martens Centre for European studies, 2022. Р. 111.
[7] Русская историческая библиотека. Т. XX. С.-Петербург, 1903. Стб. 1173. Дакумент не датаваны. Суседнія акты датуюцца 1515 і 1516 г. Лобін датуе яго то 1519, то 1515 г. (33, сп. 182).
[8] Kazakou A. Wojsko Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce bitwy pod Kleckiem // Rocznik Lituanistyczny. T. 6. 2020. S. 60–62.
[9] Plewczyński M. Wkład Serbów w rozwój staropolskiej wojskowości (1450–1570) // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. Т. 36. 1994. S. 4–9.
[10] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 г.: Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кн. публічных спраў 1 / падрыхт. А. I. Груша, М. Ф. Спірыдонаў, М. А. Вайтовіч. Мінск, 2003. С. 33–35.
[11] Pietkiewicz K. Dwór litewski wielkiego księcia Aleksandra Jagiellończyka (1492–1506) // Lietuvos valstybė XII–XVIII a. / red. kol.: Z. Kiaupa, A. Mickevičius, J. Sarcevičienė. Vilnius, 1997. S. 85–87, 100–104.
[12] Аналіз развіцця тактыкі з выкарыстаннем агняпальнай зброі ва Усходняй Еўропе у параўнаўчай перспектыве гл.: Kazakou A. Gunpowder Revolution in the East of Europe and the Battle of Orsha, 1514 // The Military Revolution and Revolutions in Military Affairs / ed. by M. Ch. Fissel. Berlin – Boston, 2023. P. 65–112. Электронная версія гэтага зборніка выйшла ў канцы 2022 г. На момант азнаямлення з кнігай Лобіна я ўжо не мог уносіць значных зменаў у артыкул, таму яна не была ўлічаная.
[13] Колькі прыкладаў чытач знойдзе ніжэй, тут жа я прывяду яшчэ два. Так, Міхалон Літвін названы “літоўскім агентам”, а яго трактат – “данясеннем” (35). Перыяд 1512–1535 г. – гэта час кіравання Жыгімонта Старога і Жыгімонта ІІ Аўгуста (10).
[14] Гэтая лічба падаецца моцна заніжанай. З-за адсутнасці рэпрэзентатыўных крыніц кшталту попісу войска ВКЛ 1528 г. пытанне мабілізацыйных магчымасцяў Масковіі да другой паловы XVI ст. застаецца надзвычай дыскусійным. Прыхільнікі мінімальных лічбаў акцэнтуюць увагу на тым, што большасць памесцяў (па фрагментарных звестках) мела няшмат зямлі, што не дазваляла памешчыкам выставіць у сярэднім больш за 1 баявога халопа. Пры гэтым робіцца спасылка на нормы мабілізацыі сярэдзіны XVI ст. (41–42).
[15] Лобін спасылаецца на тэндэнцыйны артыкул Ірыны Міхайлавай, якая імкнецца паказаць прамаскоўскія настроі сярод смалян (Михайлова И. Б. К вопросу о смоленском взятии 1514 г. // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana: Петербургские славянские и балканские исследования. 2011. № 2 (10). С. 41–54). Куды больш цвярозы погляд на пазіцыю смалян у сувязі са спробамі захопу горада маскавітамі дэманструе Міхаіл Кром (Кром М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV – первой трети XVI в. Москва, 2010. С. 213–220).
[16] Прапанаваць капітуляцыю на выгадных умовах, як правіла, захавання жыцця і маёмасці, перад пачаткам актыўных дзеянняў было вельмі распаўсюджанай практыкай. У выпадку са Смаленскам гаворка яшчэ ішла пра захаванне прывілеяў, якімі карысталіся месцічы пад уладай Жыгімонта.
[17] Kazakou A. Gunpowder Revolution. P. 88. Паводле распаўсюджанай у польскіх наратыўных крыніцах і літаратуры версіі, Смаленск быў узяты дзякуючы здрадзе (часткі) гарнізона. Ніякіх надзейных звестак да пацвярджэння такой версіі няма. Здрада – гэта, безумоўна, вельмі зручнае апраўданне любога правалу.
[18] “ok i somar met fförste gräs akttar kwngen aff Polen ok hertugen j Lätogen at slo j Ryzseland met al then makt the kwnne aff stad koma ok mestaren aff Liffland han vil ok ändelige halda en rogang nw j somor met then store fförste”. Лобін цытуе крыніцу па арыгінале з Riksarkivet у Стакгольме (Sturearkivet 408, RA 0103) і не згадвае, што дакумент двойчы публікаваўся (Grönblad E. Nya källor till Finlands medeltidshistoria. Köpenhamn, 1857. 569-571, #313; Finlands medeltidsurkunder. Band VII. Helsingfors: Finlands Statsarkiv 1933, 227–228).
[19] Chase K. Firearms: a global history to 1700. Cambridge / New York, 2015.
[20] Hall B. Weapons and warfare in Renaissance Europe. Baltimore, 1996. P. 149.
[21] Rogers C. J. Tactics and the face of battle // European warfare, 1350–1750 / ed. by F. Tallett and J. B. Trim. New York, 2010. P. 213.
[22] Ostrowski D. The replacement of the composite reflex bow by firearms in the Muscovite cavalry // Kritika: Explorations in Russian and Eurasian History. 2010. Vol. 11. No. 3. P. 519–521.
[23] Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре русской армии в битве при Орше 1514 г. // Studia Slavica et Balcanica Petropolitana. 2013. № 2. C. 155–179.
[24] Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). Т. XXXVII. Ленинград, 1982. С. 106.
[25] Тамсама. Т. IV. С.-Петербург, 1848. С. 290.
[26] Герберштейн С. Записки о Московии. Т. 1. С. 83; Acta Tomiciana. T. III. Posnaniae, 1853. P. 5.
[27] У кнізе прыводзяцца летапісныя звесткі пра нормы службы ў Ноўгарадзе і Пскове.
[28] Памятники истории Восточной Европы (далей – ПИВЕ). Т. VI. Радзивилловские акты из собрания Российской национальной библиотеки (первая половина XVI в.) / сост. М. Кром. Москва – Варшава, 2002. С. 137.
[29] Менавіта з такой прапорцыі сыходзіць у сваіх падліках Дзмітрый Селіверстаў: Селиверстов Д. И. Московское войско в битве под Оршей 1514 г. // Военная археология. Вып. 3. Москва – Тула, 2014. С. 317–338.
[30] ПИВЕ. Т. IV. С. 115–116.
[31] Bołdyrew A. Piechota zaciężna w Polsce w pierwszej połowie XVI wieku. Warszawa, 2011. S. 68–69.
[32] А. Казакоў. Аршанская бітва… С. 17.
[33] Дваранамі былі Ян Амар Тарноўскі і яго брат Станіслаў Спытэк (Станіслаў і Спытэк у Лобіна – розныя асобы), Анджэй, Ян і Станіслаў Тэньчыньскія, Ян, Станіслаў і абодва Мікалаі Пілецкія, Пётр і Станіслаў Кміты, Геронім Яраслаўскі, Збігнеў Слупецкі і яго брат. Хутчэй за ўсё, дваранамі на 1514 г. былі Марцін і Пётр Збароўскія (у 1515 г. Пётр быў ужо крайчым надворным): Gładysz A. Służba wojskowa dworzan Zygmunta I Starego. Rozprawa doktorska. Lublin, 2014. Cz 2. Aneksy. S. 380, 386–387, 429–431, 450, 464–467, 482–483.
[34] Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Skarbu Koronnego. Dz. I. Rachunki królewskie. Sygn. 38. K. 62.
[35] Gładysz A. Służba wojskowa… S. 194.
[36] Казакоў А. Гістарыяграфія Аршанскай бітвы… С. 19.
[37] Warhafftiger anfa[n]g vnd vndericht der schlacht ßo der König yn Poln [et]c. ytzundt mit dem obersten Hertzoge[n] yn Moscouia am tag der yu[n]ckfraw Marie geburt ym viertzenden yar gehabt. [Leipzig], [1514].
[38] Казакоў А. Аршанская бітва… С. 17.
[39] Kazakou A. Gunpowder revolution… P. 92–94. Падлікі ў гэтай працы крыху адрозніваюцца ад прадстаўленых тут. Я быў менш скептычны наконт польскіх добраахвотнікаў і больш – адносна надворнай харугвы.
[40] Дэтальную рэканструкцыю са спасылкамі на крыніцы гл.: Казаков А. Оправдывая поражение… С. 319–322.
[41] Лобін паўтарае памылку Яўгенія Кашпроўскага.
[42] Паводле Дэцыя, Глінскі быў схоплены да 1 верасня: Decii L. J. De Sigismundi Regis temporibus liber 1521. Kraków, 1901. P. 75–76.
[43] Пра абедзве гэтыя акалічнасці я ўжо пісаў: Казаков А. Оправдывая поражение…. С. 324, спасылка 32; с. 332, спасылка 66.
[44] Варта асобна сказаць пра тое, як Лобін абыходзіцца з адлегласцямі і плошчамі. Паводле яго, маскоўскае войска было раскідана “на сотни верст” і “на территории в 1000 кв. км” (89). Калі ўявіць сабе 1000 кв. км у выглядзе акружнасці, то атрымліваем радыус усяго блізу 18 км, што з сотнямі вёрст аніяк не стасуецца.
[45] Вологодские и Устюжские летописи. С. 101.
[46] Acta Tomiciana. T III. P. 4
[47] Падрабязнае абмеркаванне гэтай і іншых версій лакалізацыі Аршанскай бітвы гл.: Казакоў А. Дзе адбылася Аршанская бітва 1514 г.? // Герольд Litherland. № 20, 2014. С. 4–29. Скарочаная тэкстуальна, але дапоўненая па змесце версія гэтага артыкула: Kazakou А. Bitwa pod Orszą 1514 r.: kwestia lokalizacji // Biblioteka Epoki Nowożytnej. Warszawa, 2015. T. III / pod red. M. Nagielskiego. S. 127–141.
[48] Acta Tomiciana. T. III. P. 4, 182; Decii L. J. De Sigismundi… P. 75.
[49] Вологодские и Устюжские летописи. С. 101.
[50] Kazakou A. Bitwa pod Orszą… S. 137, przyp. 43. Мне застаўся невядомым Чарткоўскі спіс Халмагорскага летапісу, які ўтрымлівае ўнікальны аповед пра бітву, але яго не выкарыстоўвае і сам аўтар.
[51] Kazakou A. Bitwa pod Orszą… S. 136–138; Казакоў А. Дзе адбылася Аршанская бітва… C. 11–12; Казакоў A. Аршанская бітва… С. 20.
[52] Acta Tomiciana. T. III. Posnaniae, 1853. P. 5. Пераклад А. Жлуткі: Казакоў А. Лацінамоўныя наратыўныя крыніцы пра бітву пад Оршай // Arche. 2014. № 12. C. 476.
[53] Janicki М. Obraz Bitwa pod Orszą – geneza, datowanie, wzory graficzne a obraz bitwy “na Kropiwnej” i inne przedstawienia batalistyczne w wileńskim pałacu Radziwiłłów // Biblioteka Epoki Nowożytnej. T. 3. S. 209.
[54] Сцвярджэнне, што Дуброўна была роўнай Оршы, не адпавядае рэчаіснасці (с. 92). Умацаванні вакол Дуброўны ў выглядзе адной драўлянай вежы і тыну з’явіліся недзе незадоўга да 1514 г. – менавіта тады яна ўпершыню названа “горадам”. У Оршы ж яшчэ з часоў Вітаўта (магчыма, нават раней) існаваў часткова каменны замак: Левко О. Средневековые территориально-административные центры северо-восточной Беларуси: формирование и развитие. Минск, 2004. С. 104–106, 110–111.
[55] Казаков А. Оправдывая поражение…
[56] ПСРЛ. Т. XXXII. Москва, 1975. С. 105–106.
[57] Тамсама. Т. XVII. С.-Петербург, 1907. Стб. 348.
[58] Тамсама. Стб. 348; Граля І. Палонныя з-пад Оршы: паміж ягелонскай “прапагандай поспеху” і дзяржаўнымі інтарэсамі Масковіі (1514–1522) // Arche. 2014. № 12. С. 666, заўв. 38.
[59] ПСРЛ. Т. XVII. Стб. 188.
[60] Непаўната звестак відаць, напрыклад, па адсутнасці сядзельцаў Пянянскага двара ў ранніх рэестрах палонных. Яны былі ўключаныя толькі ў апошні рэестр – 1538 г. На той час там было 15 палонных пасля Аршанскай бітвы. Пры гэтым, насуперак звычайнай практыцы, пісар не зафіксаваў імёны памерлых ці выбылых па іншых прычынах. На 1538 г. у Берасці памерла 22 з 34 аршанскіх палонных, у Драгічыне – 20 з 37. Калі экстрапаляваць гэтыя прапорцыі на Пяняны, то там мусіла памерці блізу 20 маскавітаў. Іх імёны крыніцы не захавалі.
[61] Граля І. Палонныя з-пад Оршы… С. 654–655.
[62] Паводле Дэцыя, невядомая колькасць маскавітаў дасталася буйному польскаму гандляру і банкіру Яну Бонеру: Decii L. J. De Sigismundi… P. 79.
[63] У 1517 г. з Жамойці на тэрыторыю Тэўтонскага ордэна збег нейкі Булгак з сынамі (с. 140). Паказальна, што ў рэестрах палонных ён не згадваецца.
[64] Бенцианов М. “Князья, бояре и дети боярские”. Система служебных отношений в Московском государстве в XV–XVI вв. Москва, 2019. С. 119–120.
[65] На 1538 г. Кузьма названы сярод памерлых у Коўне. Фёдар, што сядзеў у Горадні, на 1525 г. быў “велми немоцон”, а рэестр 1538 г. пра яго нічога не кажа. Найімаверней, як і брат, ён памёр у палоне (Антонов А. В., Кром М. М. Списки русских пленных в Литве первой половины XVI века // Архив русской истории. Вып. 7. Москва, 2002. С. 166, 172).
[66] Бенцианов М., Лобин А. К вопросу о структуре… С. 166.
[67] Тамсама. С. 166; Антонов А., Кром М. Списки русских пленных… С. 163.
[68] Ускосным сведчаннем невысокіх страт сярод наймітаў служыць загад Жыгімонта пакінуць на службе па заканчэнні кампаніі 5000 польскіх жаўнераў, што добра карэлюе з іх агульнай колькасцю да бітвы (Acta Tomiciana. T. III. Posnaniae, 1853. P. 251). Безумоўна, да гэтай лічбы варта ставіцца як да прыблізнай.
[69] Граля І. Палонныя з-пад Оршы… С. 648–649, заўв. 4.
[70] Тамсама. С. 648.
[71] Аўтар ішоў услед за летапіснай памылкай пра рэйд на Рослаў, тады як атакаваны быў Браслаў.
[72] Так, пад спасылкай 82 “Działo orszańskie” ператварылася ў “Dzialo orszanskie”. Падобнае гл. пад спасылкамі 184, 185, 193 і інш.