Дневник переводчика Посольского приказа Кристофа Боуша (1654–1664) / сост., вступ. статья, пер. с нем., научн. ред. и коммент. ОЛЕГА В. РУСАКОВСКОГО. Москва: Изд. дом Высшей школы экономики, 2024. 254 c. (Новые источники по истории России = Rossica Inedita)
Гістарыяграфія трагічнай для народаў Рэчы Паспалітай вайны сярэдзіны XVII ст. папоўнілася вельмі каштоўнай крыніцай – раней недрукаваным дзённікам за 1654–1664 гады, атрыбутаваным як твор перакладчыка Пасольскага прыказа Маскоўскай дзяржавы Крыстафа (Васіля) Боўша. Гэта адзін з першых вядомых нам наратыўных помнікаў, напісаных у Масковіі ў сярэдзіне XVII ст. У адрозненне ад Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага [1], там не дазвалялася ствараць розныя “дзённікі”, “мемуары”, “аўтабіяграфіі”, ды і не было інтэлектуальнага патэнцыялу для іх напісання. Адзіным жанрам, распаўсюджаным у Маскоўскім царстве, былі разнастайныя дзяржаўныя, гарадскія і царкоўныя летапісы, якія ствараліся пад моцным кантролем дзяржаўнай улады, а напісаныя творы пра Масковію да канца XVII ст. належаць выключна замежнікам, як і ў выпадку з рэцэнзаваным “Дзённікам”.
Праўда, з ім не ўсё так проста. У адзінай вядомай копіі гэтага “Дзённіка” не названа імя аўтара. У выніку даследавання, якое правёў складальнік, перакладчык і навуковы рэдактар выдання Алег Русакоўскі, было вызначана, што найбольш верагодным аўтарам дзённіка з’яўляецца Крыстаф Боўш (Bousch) (24–42). Праўдападобна, ён быў курляндцам, які ў канцы ліпеня 1654 г. трапіў у маскоўскі палон пасля захопу Оршы войскамі Якава Кудзентавіча Чаркаскага. Пазней яго трымалі ў Мікольскім манастыры пад Валакаламскам (падобныя абыходжанні ў Маскоўскай дзяржаве з іншаземцамі практыкаваліся з мэтай прымусіць іх да пераходу ў праваслаўнае веравызнанне). З лета 1655 г. Боўш пачаў выконваць абавязкі перакладчыка ў Пасольскім прыказе. Пра гэта ён напісаў у сваёй чалабітнай у сакавіку 1658 г.: “А я, холоп твой, немецкой и польской языки и всякие латинские мудрые речи перевожу один” (34), дзе падпісаўся ўжо як Васіль Баўша (Боўша). Падчас Маскоўскай вайны Боўш быў адзіным з 16 перакладчыкаў у названым прыказе, які на дастаткова добрым узроўні валодаў адначасова трыма мовамі: нямецкай, польскай і латынню. Дарэчы, гэтыя яго здольнасці адбіліся на памерах заробку. Калі на пачатку сваёй службы ён зарабляў 22 рублі, дык у 1667 г., пасля заканчэння выканання абавязкаў, – ужо 120 рублёў, больш за ўсіх іншых перакладчыкаў. Крыстаф (Васіль) Боўш быў таксама адзіным за увесь час царавання Аляксея Міхайлавіча перакладчыкам, які атрымаў двор (30 м у даўжыню і 15 м у шырыню) у Кітай-горадзе, у непасрэднай блізкасці да Крамля. Ён быў жанаты з Юльянай, дачкой Фёдара Абразцова, удавой Івана Брызгалава. Канкрэтны склад яго сям’і навуковаму рэдактару высветліць не ўдалося. Вядома, што жонка перажыла яго больш чым на 20 гадоў. У яго засталося прынамсі трое дзяцей. Па імені вядомы толькі адзін сын – Грышка. Памёр Крыстаф Боўш 30 снежня 1667 г. у Мітаве (Курляндыя), вяртаючыся са сваёй апошняй дыпламатычнай місіі з Берліна.
Рукапіс адзінай копіі “Дзённіка” захоўваецца ў Навукова-даследчым аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу (Собрание иностранных рукописей, F 15). Гэта манускрыпт in folio, аб’ёмам 189 аркушаў. Ці захаваўся арыгінал, невядома. На думку А. Русакоўскага, знойдзеная копія “Дзённіка” Боўша была створана ў 30-я гады XVIII ст. Яна напісана на нямецкай мове, якая была роднай для аўтара. Структурна тэкст складаецца з дзвюх частак: а) уласна дзённікавыя запісы за час ад жніўня 1654 да канца 1664 г.; б) пагадовыя Supplementa (дапаўненні). Калі ў першай частцы падаецца інфармацыя з дзённай фіксацыяй, дык у другой без выразнай храналогіі апісваюцца найбольш значныя падзеі ваеннага характару, тэрор маскоўскіх войскаў і ўкраінскіх казакоў супраць насельніцтва ВКЛ, а таксама час ад часу факты маскоўскай штодзённасці: пажары, эпідэміі, фінансавая сітуацыя і кошты.
Навуковы рэдактар А. Русакоўскі на падставе тэксту “Дзённіка” грунтоўна апісаў светапогляд і жыццёвую пазіцыю Крыстафа Боўша, назваўшы яго “свой сярод чужых, чужы сярод сваіх” (42–45). І сапраўды, калі чытаеш тэкст, адчуваеш, што аўтар – замежнік, былы палонны, вымушаны служыць чужой дзяржаве. Таму часта на старонках свайго “Дзённіка” Боўш нядобразычліва, негатыўна характарызуе маскавітаў. Звяртае ўвагу на іх жорсткасць, здрадлівасць і фанабэрыстасць. Некалькі разоў ён заўважае, што для іх характэрна пагарда да хрысціянскіх шлюбаў і сексуальная разбэшчанасць. Зусім іншымі словамі Боўш выказвае свае пачуцці да насельніцтва Рэчы Паспалітай, ахвяр вайны, асабліва тых, хто апынуўся ў маскоўскім палоне. Пры гэтым ён не шкадуе слоў на адрас здраднікаў з асяроддзя польскай i беларуска-літоўскай шляхты, якія пакінулі свайго караля і пачалі аддана служыць маскоўскаму цару. Прывядзем адну цытату:
“Московитской стороне сдались многие пустые и бесчестные люди, как, например, Масальский, воеводич бресткий [2], который, присягнув московитам, собрал отовсюду безбожный сброд и с ним разорял, грабил и жег то тут, то там в Литве, и наконец завоевал с помощью московитов Тыкоцин и отправил в Москву в качестве великого подарка знамена, сабли и рабов, а также украшения, найденные им на теле умершего генерала Радзивилла. Также поступал и Кароль Лисовский со своими безбожными сообщниками – Менжинским, Рудоминой, Сухтицким, отчаянным мерзавцем Слонским и многими другими. Ведь поляки, стекавшиеся главным образом в Москву из завоеванных и незавоеванных мест, презрели собственный народ и поклялись Его Царскому Величеству верно служить против своей страны и государя, будучи пожалованы за это высокими чинами и великими дарами. Они были так этим ослеплены, что не было достаточного средства удержать их от пролития крови своих братьев и разорения своего безвинного отечества. За плату, приличествующую мерзавцам, и ради того, чтобы угодить московитам, они совершили больше жестокостей и непотребств, чем обыкновенно творят татары и язычники, надругались над честными женщинами и девушками, до смерти мучили и пытали всех, кто попадал в их руки, и не выказывали сострадания даже единоутробным братьям” (70–71) [3].
Звесткі, якія прыводзяцца на старонках “Дзённіка” Боўша, будуць вельмі карысныя ў першую чаргу для спецыялістаў па гісторыі дыпламатыі Рэчы Паспалітай, Маскоўскага царства, Святой Рымскай Імперыі, Шведскага, Дацкага і Англійскага каралеўстваў у перыяд вайны 1654–1667 гадоў. Шмат новай фактаграфіі атрымаюць даследчыкі, якія займаюцца вывучэннем ваенных дзеянняў у ходзе гэтага канфлікту з удзелам войскаў Рэчы Паспалітай, Маскоўскага царства, украінскіх казакоў, Швецыі і татараў. Асаблівую каштоўнасць рэцэнзаваная крыніца мае для вывучэння ўдзелу і ролі казакоў у гэтай вайне. Аўтар “Дзённіка”, відаць, нават гэтага не ўсведамляючы, яскрава паказаў неаднатыпнасць і разнастайнасць казацтва Запарожскага Войска і палітыкі, якую праводзілі гетманы і палкоўнікі, – ад татальнага падпарадкавання маскоўскаму цару да спробаў самастойных вайсковых і дыпламатычных дзеянняў. Гвалт і рабункі казакоў у дачыненні да беларускага насельніцтва ім таксама зафіксаваны.
Найважнейшая рыса гэтай наратыўнай крыніцы – вельмі грунтоўнае і эмацыйнае апісанне трагедыі насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў гады той вайны. Аўтар паказаў, з аднаго боку, сапраўднае аблічча захопнікаў (маскоўскіх і казацкіх войскаў) і тутэйшых здраднікаў, а з іншага – штодзённыя, расцягнутыя на доўгія гады пакуты і гераізм беларускай шляхты, месцічаў і сялян. Кажучы сучаснай мовай, мы маем справу з “антрапалогіяй вайны”. Вось як, напрыклад, гэта апісваецца ў 1657 г.: “Голод же, свирепствовавший в Литве, нанес намного больший ущерб, особенно в местностях, завоеванных и разоренных московитами, как например в окрестностях Минска, Новогрудка, Бреста, Борисова и на Березине. Он был так ужасен, что несчастные крестьяне принуждены были, дабы утолить голод, жрать кошек и мышей. <…> В конце концов, когда голодные люди возобладали над этими тварями, полностью сожрав и истребив их, один вынуждаемый голодом вцеплялся в глотку другому, сильнейший убивал слабейшего” (96).
Працытуем яшчэ некалькі фрагментаў апісання тагачаснай жудаснай рэчаіснасці, гвалтаў і пакут беларускага народа. “Русские, однако, восполнили эти тяжелые потери своих подданных (маюцца на ўвазе наступствы чумы 1654–1655 г. у Маскве і ваколіцах. – Г. С.) – в польских землях, откуда они вывели в этом году многие тысячи пленных мужчин и женщин, благородных и неблагородных, сделав их рабами взамен умерших. Видит Бог, людей в Москве продавали много дешевле, чем неразумную скотину…” (57). Фактаў прымусовых перасяленняў беларусаў у Масковію на старонках “Дзённіка” дзясяткі, і яны былі адной з прычын дэмаграфічнага крызісу ў ВКЛ у другой палове XVII ст.
На с. 131 апісваецца напад часткі войска князя Івана Андрэевіча Хаванскага на Заблудаў і Орлю ў студзені 1660 г.: “Хованский отправил сильный отряд на Заблудов и Орлю, куда собрались польские беженцы со всего края, чтобы отпраздновать под защитой перемирия святой праздник Рождества, приказал вырезать всех мужчин, которых там было совсем немного, поскольку большинство присоединились к войскам, и захватил пленными около десяти тысяч дворянских жен, девиц и детей, с которыми обошлись самым бедственным образом”.
Прачытаўшы “Дзённік” Крыстафа Боўша, усведамляеш, што сучасным расійскім гісторыкам, якія даследуюць вайну 1654–1667 г., будзе ўжо складаней ігнараваць рэальныя мэты і дзеянні Маскоўскага царства ў адносінах да ВКЛ і яго насельніцтва. Заўважым, што Крыстаф Боўш – непасрэдны сведка і ўдзельнік (на дыпламатычнай працы) тых падзей, своеасаблівай першакрыніцай з маскоўскага боку.
На заканчэнне звернем увагу на адну важную акалічнасць, якая датычыць беларускай, літоўскай, украінскай, польскай і расійскай гістарыяграфіі. Алег Русакоўскі ў прадмове неяк не заўважае існавання ў Рэчы Паспалітай апрача палякаў і літоўцаў іншых народаў, калі піша: “литовская шляхта и часть запорожского казачества встали на польскую сторону” (14), “судьба польских пленных в России” (14), “сочувствие к польским пленным” (44), “русско-польский канфликт” (47). На жаль, працягваецца сумная гістарыяграфічная традыцыя, якая сыходзіць яшчэ ў ХІХ ст., калі лёсавызначальныя падзеі для нашага рэгіёну надалей характарызуюцца з дапамогай тэрміналогіі тагачасных палітыкаў і гісторыкаў, і гэта асабліва характэрна для расійскай і польскай гістарыяграфіі. Абапіраючыся на крыніцы яшчэ тых часоў, калі ў Маскве Рэч Паспалітую называлі “польскай”, расійскія гісторыкі вызначалі як польскую і саму гэтую федэратыўную дзяржаву. З іншага боку, і для польскіх палітыкаў ды гісторыкаў, пачынаючы з XIX ст., падобнае азначэнне зрабілася нормай. Ні ў Маскве, ні ў Варшаве не заўважалі беларусаў і ўкраінцаў, таму і не ўключалі іх у спадчыну Рэчы Паспалітай. Вайна 1654–1667 г., пра якую расказвае “Дзённік” Боўша, вялася паміж Маскоўскім царствам і Рэччу Паспалітай Абодвух Народаў як дзяржавай федэратыўнай, шматэтнічнай. Не выпадкова галоўнымі ахвярамі Маскоўскай вайны 1654–1667 г. былі беларускі, украінскі, літоўскі, а таксама латышскі народы. Але федэратыўнасць і шматэтнічнасць даўняй Рэчы Паспалітай не схільныя заўважаць гісторыкі Расіі, а ў значнай ступені – і польскія. Таму нацыянальным гістарыяграфіям гэтых народаў застаецца чарговы раз даказваць сваю прысутнасць у гісторыі і канкрэтна ў падзеях вайны 1654–1667 г.
Гродна
Генадзь Семянчук
[1] Гл.: Sajkowski A. Nad staropolskimi pamiętnikami. Poznań, 1964; Bauer M. Z dziejów batalistyki Polskiej. Studia nad pamiętnikami wojennymi z XVII w. Kraków, 2007.
[2] Станіслаў Масальскі, старэйшы сын берасцейскага ваяводы Андрэя і яго першай жонкі Альжбеты з Вейгераў (гл.: Wasilewski T. Massalski Stanisław // Polski Słownik Biograficzny. T. XX. Wrocław etc., 1975. S. 143–144).
[3] Тэкст у публікацыі падаецца ў перакладзе з нямецкай мовы на рускую. Тут і далей прыводзім цытаты на мове выдання.

