БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Аляксандр Пагарэлы. Нацыя як неэфектыўны інструмент захавання імперыі*


Праблема ўзаемадзеяння імперыі і нацыі даволі складаная і шматпланавая. Расійская імперыя ў гэтым сэнсе ўтрымлівае ў айчыннай гістарыяграфіі статус цэнтральнай тэмы і ў такой якасці наўрад ці знікне з радара [2]. Таму можна не сумнявацца, што новая калектыўная праца пад рэдакцыяй Даруса Сталюнаса (Darius Staliūnas) і Ёка Аашымы (Yoko Aoshima) не застанецца без увагі беларускіх даследчыкаў. Кніга “Цар, імперыя і нацыя: дылемы нацыяналізацыі заходняга памежжа Расіі, 1905–1915” – пяты том у серыі “Гістарычныя даследаванні Усходняй Еўропы і Еўразіі”.

Сярод аўтараў тома ўжо знаёмыя беларускім чытачам Дарус Сталюнас і Вольга Масцяніца (Olga Mastianica). Таксама сярод іх і Уладзімір Левін (Vladimir Levin). Але гэтым разам да іх далучыліся даследчыкі з Літвы Вілма Жалтаўскайтэ (Vilma Žaltauskaitė), Яліта Мулевічутэ (Jolita Mulevičiūtė) і Вітаўтас Пятроніс (Vytautas Petronis), японскія даследчыкі Чыха Фукусіма (Chiho Fukushima), Кімітака Мацузата (Kimitaka Matsuzato) і Ёка Аашыма, украінскі Антон Катэнка. У ліку аўтараў таксама прафесар Альдэнбургскага ўніверсітэта Мальтэ Рольф (Malte Rolf) і выкладчык эстонскай і ўсеагульнай гісторыі Талінскага ўніверсітэта прафесар Карстэн Бругеман (Karsten Brüggemann). Гэты том – яскравы прыклад міжнароднага супрацоўніцтва даследчыкаў, якіх аб’ядноўваюць агульная навуковая праблематыка і падыходы.

Выданне складаецца з 12 тэкстаў, якія згрупаваны паводле такіх праблемных блокаў, як трансфармацыя імперскай нацыянальнай палітыкі пасля 1905 г., канфесійная палітыка, змены ў адукацыі і праблема правага расійскага палітычнага спектра ў пострэвалюцыйны перыяд. Трэба прызнаць, што такі выбар блокаў вельмі ўдалы і паказвае тэматыку ўзаемаадносін імперскага і нацыянальнага ў шырокім кантэксце. Артыкулы зборніка дазваляюць скласці даволі цэласны вобраз розных аспектаў праблемы імперыі і нацыі ў апошнія дзесяцігоддзі існавання дзяржавы Раманавых на тэрыторыі Польшчы (т. зв. Прывіслінскі край) і 12 заходніх губерняў: Кіеўскай, Валынскай, Падольскай, Гарадзенскай, Менскай, Магілёўскай, Віцебскай, Віленскай, Ковенскай, Курляндскай, Ліфляндскай і Эстляндскай. Названыя тэрыторыі больш ці менш адпавядаюць сённяшнім Эстоніі, Латвіі, Літве, Беларусі і значным часткам Польшчы і Украіны. Прычым частка гэтых тэрыторый, паводле Аляксея Мілера, разумелася як “нацыянальныя”, а рэшта – як землі, якімі Раманавы валодалі (5, 11).

Агулам у сэнсе метадалогіі аўтары трымаюцца прынцыпаў, сфармуляваных Штэфанам Бергерам і Аляксеем Мілерам у калектыўнай манаграфіі “Нацыяналізацыя імперый”, дзе яны сцвярджаюць, што “нацыі ўзнікаюць унутры імперый” [3]. Галоўным жа матывам тома пад рэдакцыяй Д. Сталюнаса і Ё. Аашымы з’яўляецца дылема, якая існавала ў перыяд паміж рэвалюцыяй 1905–1907 г. і Першай сусветнай вайной, а менавіта патрэба ўніфікацыі імперыі, а з іншага боку – захаванне яе стабільнасці і надзейнага кантролю за заходнімі рэгіёнамі. Апошняе ў сувязі з рэвалюцыяй было надзённым пытаннем імперскай бюракратыі. Але не толькі яна была галоўным дзейным гульцом у сувязі з адноснай дэмакратызацыяй палітычнага жыцця і бурлівым развіццём публічнай сферы пасля 1905 г.

Адразу можна адзначыць, што спробы ўцягнуць розныя этнасы заходніх рэгіёнаў імперыі ў працэс “нацыяналізацыі” аўтары зборніка прызнаюць няўдалымі. Спробы стварэння імперскай “расійскай нацыі” не спрыялі ні інтэграцыі літоўцаў, беларусаў, палякаў, эстонцаў і іншых, ні забяспечвалі стабільнасці імперыі. Стабільнасць таксама бачылася як важнейшая за расійскі нацыяналізм (353), які праяўляў сябе не як этнічна інклюзіўны, а як эксклюзіўны. Тут важна тое, што артыкулявалі такі нацыяналізм пераважна мясцовыя бюракраты, службоўцы, якія мелі кантакты з прадстаўнікамі высокіх уладных колаў у імперскім цэнтры (96–97, 103, 319–320, 348–349).

Існавала разыходжанне паміж імперскай адміністрацыяй і тымі групамі, якія ўзялі на сябе артыкуляцыю таго, што ўяўлялася як “рускі нацыянальны інтарэс”. Прыкладам гэтага можа служыць актыўная антыпольская і антыкаталіцкая агітацыя, якую праводзілі прадстаўнікі Пачаеўскай лаўры. Ва ўмовах рэвалюцыі 1905–1907 г. яна падрывала высілкі адміністрацыі, скіраваныя на стабілізацыю сітуацыі і агульную этнаканфесійную раўнавагу і мір (27–28, 135).

Заставаўся важным стары канфлікт імперыі з палякамі і польскамоўнымі традыцыйнымі элітамі на тэрыторыі заходніх губерняў. На працягу пэўнага часу царскі ўрад вагаўся ў сваіх адносінах да іх (36–38). Але гарадзенскі губернатар у 1907 г. падкрэсліваў, што палякі не пакінулі спробаў паланізаваць беларусаў (40, 43). Урэшце палякі паступова “вярнулі” сабе статус галоўных ворагаў імперыі (43). Імперскія эліты з падазронасцю глядзелі на Гарадзенскую губерню як на тэрыторыю пад яўным уплывам палякаў, бо там было дастаткова шмат беларусаў-каталікоў, якія знаходзіліся, паводле іх, пад уплывам паланізацыі (45). Тым не менш назіраўся і прагматычны, а не “нацыяналістычны” падыход імперскіх уладаў да палітыкі ў т. зв. Паўночна-Заходнім краі (39–40).

Такі ж прагматызм назіраўся і ў палітыцы адносна ўкраінцаў. Вышэйшае чынавенства (кіеўскія губернатары ці ўлады ў Пецярбургу) былі, калі верыць А. Катэнку, абыякавыя да таго, якую назву ўжываць – “маларосы” ці “ўкраінцы” (24–25). Ён таксама ўказвае на памылковасць погляду, што пачынаючы з 30-х г. ХІХ ст. і да Першай сусветнай вайны назіралася паслядоўная нацыяналізацыя імперыі. Сцвярджаецца, што не было паслядоўнай антыўкраінскай палітыкі (што ўсё ж спрэчна), а таксама сістэматычнага плана ператварэння ўкраінскіх вяскоўцаў у расійцаў (20), а калі ўсе ж разглядаць імперыю Раманавых як такую, якая нацыяналізавала, то трэба прызнаць яе непаслядоўнай у гэтым (31). Украінскі рух (прыхільнікаў якога Катэнка называе “ўкраінскімі нацыяналістамі”) атакавала не імперская адміністрацыя, а расійскія нацыяналісты ва Украіне (23).

Адносна ж беларусаў імперыя не магла распрацаваць нейкіх новых палітычных рэцэптаў. Падыходы, якія разглядаліся прадстаўнікамі імперскіх бюракратычных эліт, ні ў чым не ішлі далей за тыя, якія абмяркоўваліся ці ўжываліся ў перыяд пасля паўстання 1863–1864 г. Прапановы дыскрымінацыйных мер або метадаў мяккай сацыяльнай інжынерыі былі немагчымыя ў перыяд пасля 1905 г., калі кансалідаваліся і ўмацоўваліся нацыянальныя рухі, існаваў больш ліберальны палітычны рэжым (66). Агулам у царскай бюракратыі не было яснай стратэгіі нацыянальнай палітыкі, якая гарантавала б лаяльнасць да імперыі насельніцтва ў Паўночна-Заходнім краі, таксама як і ў іншых яе заходніх рэгіёнах (33).

Важную ролю ў разуменні падыходаў, што існавалі ўнутры імперскай бюракратыі адносна беларусаў, адыграла сустрэча царскіх чыноўнікаў вышэйшага рангу 18 красавіка 1914 г. у Пецярбургу. На ёй фармуляваліся і агучваліся прапановы аб мерах па абароне “рускіх” і літоўцаў ад польскіх уплываў (46, 64). Абмяркоўваліся сярод іншага крокі па развіцці нацыянальнай свядомасці сярод беларусаў, якія фармуляваліся яшчэ віленскім генерал-губернатарам Канстанцінам Кршывіцкім (1905–1909). Прапаноўвалася адкрыццё школ з беларускай мовай як прадметам навучання, фармаванне групы мясцовых святароў, лепшыя ўмовы набыцця зямлі, спажывецкія кааператывы і танныя кніжкі на “мясцовым дыялекце” (56). Прапаноўвалася ўвядзенне дадатковага набажэнства на беларускай мове ў касцёлах. Аднак праваслаўныя епіскапы баяліся, што ўвядзенне беларускай мовы прывядзе да пераходу ў каталіцтва праваслаўных вернікаў, што ўжо мела месца ў рамках Указа аб верацярпімасці ад 17 (30) красавіка 1905 г. (113–139) і, у іх вачах, такі пераход мог паскорыцца. Пры гэтым, аднак, можна меркаваць, што царская бюракратыя разглядала беларускую мову толькі як пераходны этап перад увядзеннем расійскай мовы ў каталіцкае набажэнства (57–58). Характэрна таксама тое, што беларуская мова разам з ідыш разглядалася як “жаргон” (57).

Прапановы адносна беларусаў-каталікоў уключалі выкладанне асноў каталіцкай веры на расійскай мове і на ёй жа дадатковыя малітвы. Праграма “нацыяналізацыі” беларусаў агулам таксама ўключала ўзмацненне патрыятычнай адукацыі ў настаўніцкіх семінарыях, адкрыццё бібліятэк і чытальняў з кнігамі і часопісамі на расійскай мове, сельскагаспадарчыя выставы і лекцыі, выданне газеты для беларусаў. Што датычыць апошняга, то ў красавіку 1914 г. было вырашана выпускаць такую газету па-расійску (64). Аднак ваганні і непаслядоўнасць не заміналі імперскай бюракратыі працягваць лічыць беларусаў разам з украінцамі часткай “трыадзінай” рускай нацыі таксама ва ўмовах, калі вялікая колькасць беларускіх праваслаўных вяскоўцаў была “эвакуявана”, а дакладней – дэпартавана ўглыб імперыі ў час нямецкага наступу 1915 г. [4]

У частцы пад досыць красамоўнай назвай “Канфесіі пад скрыжаваным агнём” аналізуюцца крокі царскага ўрада ў галіне канфесійнай палітыкі. Тут у т. л. разглядаецца прыклад Літвы, пад якой разумеюцца тры губерні – Гарадзенская, Віленская і Ковенская (116), а таксама Холмска-Падляшскі край, які ў адміністрацыйным сэнсе быў вылучаны ў асобную адзінку з палітычных прычын значна пазней, у 1912–1915 г. (157) як Холмская губерня. У выпадку апошняга трэба сказаць, што гаворка ідзе не столькі нават пра канфесійнае пытанне, колькі пра суперніцтва некалькіх нацыянальных праектаў. Апрача царскага імперскага свой погляд на гэтыя землі мелі ўкраінскі (148, 162–164) і польскі нацыянальныя рухі (160–162). Гэты рэгіён, дзе царкоўная унія была ліквідавана ў 1874–1875 г., быў адметны тым, што пасля 1905 г., і асабліва ў кантэксце Указа аб верацярпімасці, адносна яго гучалі прапановы пра адраджэнне уніі. З імі выступалі прадстаўнікі ліберальнай расійскай грамадскасці, якія бачылі ў гэтым супрацьвагу масаваму пераходу былых уніятаў у рымскае каталіцтва (164–165).

Змена курсу ў канфесійнай палітыцы ў 1905 г. у кантэксце рэвалюцыйнага выбуху патрабавала крокаў па змякчэнні папярэдніх рэпрэсіўных захадаў адносна каталіцкага духавенства і вернікаў. Апошнія імкнуліся атрымаць прызнанне царскім урадам сябе ў якасці рымскіх каталікоў. Напружанасць у рэлігійным пытанні і праблемы з гэтым звязаныя стварыў урад Аляксандра ІІ, калі ў рамках кампаніі па “дэпаланізацыі” 1863–1867 г. прымусова перавёў у праваслаўе 16 267 каталікоў у Гарадзенскай, 18 774 у Віленскай і 466 у Ковенскай губернях [5] (113–114). Стабільнасці ні да 1905 г., ні тым больш пасля яго не спрыяла тое, што існавала катэгорыя т. зв. “непакорлівых” (“упорствующих”). Гэта былі фармальна пераведзеныя ў праваслаўныя, якія не лічылі сябе такімі (114).

Выпадае пагадзіцца з літоўскай даследчыцай В. Жалтаўскайтэ, што магчымасць пакінуць навязанае зверху сілай праваслаўе ў сувязі з Указам аб верацярпімасці была радыкальным наватарствам у Расійскай імперыі (115). Але даследчыца магла б пайсці далей, калі б паказала, наколькі сапраўды гэта было новым рашэннем у параўнанні з антымадэрнай і архаічнай палітыкай рэлігійных ганенняў у час і пасля задушэння паўстання 1863–1864 г. Шчырая рэлігійная канверсія не мела нічога супольнага ні з гвалтам, ні з мірскімі матывамі ці з палітычным ціскам [6]. У гэтым царская кампанія, якую некаторыя сучаснікі ў Расіі спрабавалі прадставіць у катэгорыях мадэрных уяўленняў, на самай справе была звязана са старымі, яшчэ раннемадэрнымі падыходамі і метадамі [7]. Асноўны матыў тут быў якраз канфесія як палітычная лаяльнасць і вернасць манарху [8]. Гэтая кампанія, скіраваная, паводле слоў Міхаіла Далбілава, на непісьменных былых прыгонных [9], не была звязана ні са шчырасцю, ні з аўтэнтычнасцю жэста рэлігійнай канверсіі, якія можна лічыць крытэрыямі мадэрнага ўспрымання гэтай з’явы [10].

Трэба пагадзіцца, што рэлігійная напружанасць, якая ўтварылася пасля абвяшчэння ўказа, не была яго вынікам, а была звязана з папярэднімі дзесяцігоддзямі дзяржаўнай антыкаталіцкай прапаганды. Тут варта прыгадаць і асобныя эксцэсы, напрыклад, крывавыя падзеі ў Крожах 1893 г., якія толькі падкрэслівалі агульную тэндэнцыю і выклікалі абурэнне ў сучаснікаў жорсткасцю і празмернасцю рэакцыі з боку царскіх уладаў. Зрэшты, такія выпадкі падкрэслівалі не столькі нацыянальную ці этнічную, колькі агульную канфесійную ідэнтычнасць [11]. Гэта толькі яшчэ больш адчужала і выключала каталіцкае насельніцтва, што размаўляла на дыялектах беларускай і літоўскай моў, з пабудовы нейкага агульнага панадканфесійнага нацыянальнага праекта.

Вяртанне ў рымскае каталіцтва тых, хто за чатыры дзесяцігоддзі да гэтага быў гвалтоўна пераведзены ў праваслаўе (або іх нашчадкаў), таксама трэба разглядаць у катэгорыях уяўленняў пра веру продкаў ці як дадзеную ад нараджэння [12]. У сувязі з гэтым віленскі біскуп Эдвард фон дэр Роп настойваў, што тыя, хто пераходзіў у каталіцтва, заўжды лічылі сябе каталікамі (124).

Дамінавальнае становішча зусім не забяспечвала праваслаўнай царкве высокі статус у вачах як яе вернікаў агулам, так і сярод тых, каго яна фактычна гвалтам трымала пры сабе. Сярод жыхароў трох літоўскіх губерняў яна мела якраз досыць нізкі сацыяльны прэстыж (115). Наадварот, каталіцтва звязвалася з вышэйшым сацыяльным статусам. Паводле ўяўленняў тагачасных жыхароў вёсак і мястэчак, яго выбіралі “разумныя” і “ўплывовыя” людзі (129).

Пры гэтым трэба ўсё ж удакладніць, што ні нізкі сацыяльны статус праваслаўя, ні забарона каталіцкаму духавенству ўтрымліваць кантакты з прадстаўнікамі іншых канфесій (122–123) не перашкаджалі аднаму феномену, на які літоўская даследчыца магла б звярнуць увагу. Гэта ўсталяванне рыма-каталіцкім духавенствам больш блізкіх адносін са сваімі парафіянамі па прыкладзе праваслаўных [13]. Такая з’ява несумненна магла мець уплыў на справу выхаду з праваслаўя. Гэта тым больш цікава ў сувязі з тым, што каталіцкія святары, паводле В. Жалтаўскайтэ, былі лепей падрыхтаваныя да Указа аб верацярпімасці (126–127).

Праваслаўнае духавенства ў асноўным толькі рэагавала на актыўныя дзеянні каталіцкіх святароў пасля ўступлення ўказа 1905 г. у сілу. Архіепіскап гарадзенскі і берасцейскі Міканор лічыў, што ўлады павінны былі распаўсюдзіць друкаваныя абвесткі аб сутнасці згаданага ўказа. Даследчыца заўважае, што гэта было б паўтарэннем кроку ўрада Аляксандра ІІ, які ў 1867 г. распаўсюдзіў прамову імператара з нагоды пераходу жыхароў Менскай і Віленскай губерняў у праваслаўе (138–139). Праўда, тут Жалтаўскайтэ зноў упускае вельмі важны культурны параметр, а менавіта тое, што сярод каталікоў было патэнцыяльна больш здольных прачытаць такі указ, чым сярод праваслаўных [14]. Пры гэтым у таемных польскіх школах маглі вучыць не толькі польскай, але і расійскай мове [15], на што ў зборніку ў сваім тэксце ўказвае К. Мацузата (227).

Са спасылкай на гарадзенскага губернатара Пятра Баярскага В. Жалтаўскайтэ называе колькасць тых, хто перайшоў ў каталіцтва ў праваслаўных дыяцэзіях трох літоўскіх губерняў: у Віленскай – 16 286, у Гарадзенскай – 3625 і ў Ковенскай – 900 чалавек (120–121, 138). У якасці прычыны, чаму ў Гарадзенскай губерні найменш тых, хто пакінуў праваслаўе, літоўская даследчыца называе тое, што там было колькасна больш праваслаўных сярод насельніцтва з усіх трох губерняў (125).

Аднак эфект указа аб верацярпімасці быў значна большы ў выпадку Холмшчыны і Падляшша. Там колькасць былых уніятаў, якія перайшлі ў каталіцтва ў 1905–1909 г., дасягнула 150 000 чалавек (150). Японскі даследчык Ч. Фукусіма, звяртаючыся да тэмы таго, чаму не адбылося адраджэння ўніяцкай царквы, на якое частка расійскай публікі глядзела добразычліва, называе тры ключавыя прычыны: адсутнасць уніяцкай інтэлігенцыі (духавенства), адсутнасць кляштараў і цэркваў, але самае важнае – адсутнасць жадання саміх вернікаў адраджаць усходні каталіцкі абрад (165–167). Пры гэтым паміж 1875 г. і Указам аб верацярпімасці 1905 г. былыя ўніяты падтрымлівалі сувязь з Галіцыяй у Аўстра-Венгрыі. Туды ездзілі, каб уступаць у шлюбы (вядомыя як “кракаўскія”), законнасць якіх царская адміністрацыя не прызнавала. Дзеці ад такіх шлюбаў лічыліся незаконнымі (145) [16]. Пасля ўказа, у 1907 г., расійскі ўрад прыняў рашэнне, якое прызнавала як законнасць саміх такіх шлюбаў, так і дзяцей, якія нарадзіліся ў іх (153).

Калі ў канфесійнай палітыцы расійскім уладам даводзілася лічыцца са стратамі, то ў моўнай і адукацыйнай яны стараліся асцярожна шукаць баланс паміж патрабаваннямі розных этнічных груп і прэтэнзіямі хоць і невялікіх колькасна, але вельмі гучных у сваіх патрабаваннях расійскіх нацыяналістаў, якія ўсё больш артыкулявалі іх у катэгорыях разумення імперыі як нацыянальнай дзяржавы, што належала выключна расійцам. Так было ў выпадку моў навучання ў заходніх памежных губернях імперыі (201–202).

Некаторыя ж нацыянальныя меншасці – такія, напрыклад, як палякі Правабярэжнай Украіны, – у вачах расійскай бюракратыі і паліцыі ўсё ж імкнуліся падарваць крокі па стабілізацыі сваімі адукацыйнымі ініцыятывамі ў выглядзе перш за ўсё таемнага школьніцтва. Як сцвярджае Мацузата, выпадае гаварыць, што выкладанне ў таемных школах не ішло па-за рамкі рэпрадукавання польскай нацыянальнай і каталіцкай рэлігійнай ідэнтычнасці (228). Але менавіта гэта і было прадметам заклапочанасці мясцовых царскіх бюракратаў. Найбольшую іх заклапочанасць выклікала, што гэтыя школы ўцягвалі ў арбіту сваёй дзейнасці праваслаўных украінскіх (226, 228) ці беларускіх сялян [17]. Пры гэтым прадметы, якія выкладаліся ў такіх школах, не ішлі далей за курс царкоўнапарафіяльных (227). Бацькі польскага паходжання і іншыя прадстаўнікі “нятытульных” нацыянальнасцяў, дзеці якіх наведвалі таемныя школы, маглі адначасова пасылаць іх у царкоўнапарафіяльныя (223). Апошнія мелі даволі дрэнную рэпутацыю нават на ўзроўні царскага міністэрства асветы (222–223). Аднак нават не зважаючы на сітуацыю з польскімі таемнымі школамі, урад быў вымушаны ісці на кампрамісы з мясцовымі інтарэсамі ў Правабярэжнай Украіне, якія былі прадстаўлены земствамі, праваслаўнай царквой і мясцовымі супольнасцямі. Але і царскае міністэрства асветы выкарыстоўвала сітуацыю з развіццём сеткі ўсеагульных пачатковых школ і таемным польскім навучаннем у бюракратычнай барацьбе з мэтай павелічэння свайго фінансавання (230).

Артыкулы, прысвечаныя пытанням адукацыі, закранаюць таксама такія цікавыя праблемы, як пачаткі масавага турызму, пра што піша Яліта Мулевічутэ (233–257), і фармаванне лаяльнасці да імперыі ў сістэме адукацыі ў перыяд 1905–1915 г., чаму прысвечаны тэкст Вольгі Масцяніцы (259–284).

Беларускія і літоўскія землі (“Паўночна-Заходні край” у імперскім расійскім разуменні) заставаліся найбольш праблематычнымі ва ўяўнай імперскай прасторы (235). Нават сама назва “Паўночна-Заходні край” мела амбівалентны характар. Паводле Мулевічутэ, імперыі ўвесь час трэба было даводзіць геапалітычную і культурную залежнасць гэтых тэрыторый ад сябе (254). Паводле пісьменніка Васіля Сідарава, Вільня была часткай “старажытных рускіх зямель”. Але гэтую “рускасць” было цяжка знайсці (255). Да Першай сусветнай вайны т. зв. паўночна-заходнія тэрыторыі працягвалі лічыцца “спрадвечнымі рускімі”, але іх месца не было адназначна артыкулявана, яно было глыбока супярэчлівым (256–257).

У сувязі з гэтым культурныя і адукацыйныя метады, якія пачалі выкарыстоўвацца з 80-х г. ХІХ ст., павінны былі дапамагчы царскай адміністрацыі ў барацьбе з цэнтрабежнымі тэндэнцыямі. У гэтым яна магла абаперціся на заходнееўрапейскія (у дадзеным выпадку нямецкія) ідэі і канцэпцыі, якія пазычаліся імперыяй у рамках культурнага трансфера (236) і адпавядалі нарматыўным уяўленням пра еўрапейскую мадэрнасць як яна разумелася яе элітамі [18]. Важна тое, што спроба прасоўвання імперскага патрыятызму сярод навучэнцаў гімназій праз арганізаваны турызм супадала па часе са з’яўленнем эксперыментальнай педагогікі (257).

Праблематычнасць для расійскай імперскай свядомасці беларускіх і літоўскіх земляў у рамках дзяржавы Раманавых праявілася між іншым у тым, што перад Першай сусветнай вайной не было апублікавана ніводнага падручніка геаграфіі, які б уключаў усе тэрыторыі заходніх губерняў (243, 254), а таксама ў адсутнасці турыстычнага даведніка па гэтых тэрыторыях (254). Расійскія бюракратыя мела падставы сумнявацца ў жаданым эфекце турыстычных паездак вучняў з беларускіх і літоўскіх земляў у іншыя рэгіёны імперыі, паколькі ўспрыняты імі яе вобраз як шматстайнай і разнароднай наднацыянальнай супольнасці разыходзіўся з уяўленнем, якое здабывала сабе пазіцыі, што Расія – гэта аднастайная ў нацыянальным сэнсе імперыя (246). У гэтым жа святле таксама трэба разглядаць адсутнасць падтрымкі для ініцыятывы Яўстафія Арлоўскага (1863–1913) і Аляксандр Пігулеўскага аддаваць больш увагі выкладанню гісторыі і геаграфіі т. зв. Паўночна-Заходняга краю. Матывавалася гэта не толькі “вандроўным” характарам гімназічных вучняў, чые бацькі рабілі кар’еры і перамяшчаліся па самых розных частках імперыі на працягу жыцця. Дадатковым матывам было тое, што выкладанне такіх прадметаў стварала і падкрэслівала небяспечную адасобленасць літоўскіх і беларускіх тэрыторый (266–267).

Турыстычныя паездкі прызнаваліся ў якасці важнага інструмента выхавання імперскага патрыятызму ў вучняў гімназій (274–278). Але турызм па беларускіх і літоўскіх землях прыцягваў пераважна жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага, а не жыхароў іншых частак імперыі (251). Вільня і Коўна рэдка былі месцам прызначэння ў турыстычных паездках. У брашурах і даведніках для падарожнікаў беларускія і літоўскія гарады паказваліся не больш як транзітнымі прыпынкамі (252). Таксама існавалі абмежаванні ў тым, якія рэгіёны вучням нельга было наведваць у турыстычных паездках. У спісе забароненых былі ўсе заходнееўрапейскія краіны, Царства Польскае, а таксама Вялікае Княства Фінляндскае і балтыйскія губерні (246–247).

Пры гэтым пасля рэвалюцыі рабіліся спробы перагледзець “вобраз ворага”, замацаваны папярэднімі дзесяцігоддзямі імперскай прапаганды ў падручніках і адукацыі агулам. Польская інтэлігенцыя і гарадскі галава Вільні Міхал Венслаўскі звярнуліся да адукацыйных уладаў і куратара Віленскай навучальнай акругі Барыса фон Вольфа, каб прыбраць падручнік Арсеня Турцэвіча з навучальнай праграмы, паколькі той абражаў нацыянальныя і рэлігійныя пачуцці польскіх вучняў (269). Аднак і высілкі саміх прыхільнікаў ідэі “трыадзінай рускай нацыі” не маглі разлічваць на пажаданы для сябе эфект. Фядот Кудрынскі, настаўнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, заахвочваў студэнтаў цікавіцца беларускім фальклорам, ладам жыцця, звычаямі і вывучаць іх. Гэта павінна было пераканаць будучых настаўнікаў [19], што беларусы былі папросту часткай “трыадзінай рускай нацыі”. Але вывучэнне беларускіх песень і апавяданняў Канстанцінам Міцкевічам (Якубам Коласам) пераканала яго, што беларуская мова была мовай яго продкаў (283–284).

Аналізуючы расійскія правыя арганізацыі ў Вільні і ў т. зв. паўночна-заходніх губернях, Вітаўтас Пятроніс прыйшоў да высновы, што ў іх не было яснай ідэалогіі і стратэгіі, якая б уключала “нярускія” нацыяналізмы. Прыкладна пасля 1913 г. расійскі правы рух у т. зв. паўночна-заходніх губернях страціў папулярнасць і ўплыў, асабліва ў пераважна этнічна літоўскіх губернях (325). Мясцовыя імперскія ўлады імкнуліся быць арбітрамі ў адносінах да розных нацыянальных і рэлігійных груп, таму масавы правы нацыяналізм быў не партнёрам, а інструментам. Падкрэсліваецца, што правыя арганізацыі ў Віленскай і Ковенскай губернях адрозніваліся ад тых, што існавалі ў заселеных пераважна беларусамі: першыя з іх былі менш радыкальнымі і прадстаўлялі больш памяркоўную форму манархізму (289). Няма падстаў лічыць, што віленскія губернатары падтрымлівалі правы нацыяналізм. Але менскі губернатар супрацоўнічаў з нацыяналістамі. Тлумачэннем можа быць тое, што першыя больш клапаціліся аб стабільнасці ў пострэвалюцыйны перыяд (303, 318).

Да фінансавых праблем правых нацыяналістычных арганізацый дадавалася адсутнасць шырокай грамадскай падтрымкі. Пры гэтым Пятроніс звяртае ўвагу на тое, што сярод беларускага праваслаўнага сялянства Гарадзенскай і Менскай губерняў гэтыя арганізацыі мелі большы водгук, чым у Віленскай ці Ковенскай (312–313). Літоўскі даследчык ілюструе гэта прыкладам такой арганізацыі, як “Веча”. Яе газета “Белая Русь” існавала ў Вільні кароткі час з сакавіка да пачатку ліпеня 1906 г. Сама ж арганізацыя дэкларавала поўную талерантнасць і павагу да розных меркаванняў. Гэта тлумачылася як наяўнасцю іншых мясцовых нацыяналізмаў, так і яе сацыяльным складам (сярэдняе і вышэйшае чынавенства).

Не дапамагала правым арганізацыям і эндэмічная праблема расійскай імперскай эліты і бюракратыі, якой была карупцыя. У гэтым, а канкрэтней у растраце, абвінавацілі дзеяча віленскага аддзялення “Саюза рускага народа” памешчыка Грыгорыя Гнатоўскага (299–300). Сам ён пры гэтым меў вельмі добрыя адносіны з ковенскім губернатарам Пятром Вяроўкіным (297). Менавіта антысемітызм расійскіх правых арганізацый, які выразна праяўляўся ў дзейнасці некаторых з іх на беларускіх і літоўскіх землях (315), быў, як указвае Уладзімір Левін, перашкодай для супрацоўніцтва паміж гэтымі арганізацыямі і яўрэямі з кансерватыўнымі і правымі поглядамі (380–381).

Пры ўсёй нянавісці ці недаверы да “іншага” прадстаўнікі расійскага нацыяналізму не маглі давяраць таксама і “сваім”. Так было з тымі “рускімі” ў балтыйскіх губернях (т. зв. Прыбалтыйскі край), якім нельга было давяраць, паколькі тыя галасавалі за нямецкіх кандыдатаў у Дзяржаўную думу (348). І тут мясцовая царская бюракратыя выбірала стабільнасць, а не патуранне нерэалістычным і скрайнім патрабаванням нацыяналістаў. Падазронымі для апошніх былі нават стараверы, якіх падтрымаў на выбарах у Думу часовы прыбалтыйскі генерал-губернатар Аляксандр Мелер-Закамельскі (353). Пры гэтым мясцовыя расійскія нацыяналісты падрыхтавалі нават мемарандум, які прадугледжваў русіфікацыю балтыйскіх губерняў. Ён быў складзены расійскім нацыяналістам Іванам Высоцкім і шэфам рыжскай паліцыі Мікалаем Балабіным і пазней знойдзены ў паперах прэм’ер-міністра Пятра Сталыпіна (348–349).

Аўтары зборніка спасылаюцца на пэўныя пазіцыі і кірункі беларускай гістарыяграфіі. Некаторыя з іх, напрыклад, працы даследчыкаў Канстанціна Бандарэнкі і Дзмітрыя Лаўрыновіча пра правыя і манархічныя партыі ў Беларусі на пачатку ХХ ст., шырока цытуюцца ў зборніку ў адпаведным тэксце аўтарства Вітаўтаса Пятроніса (287–325). Іншыя ж, як працы Аляксандра Бендзіна, атрымалі заслужаную ацэнку як апалагетыка царысцкай этнарэлігійнай палітыкі (60, сп. 88) ці як тыя, што некрытычна рэпрадукуюць і рэтранслююць рыторыку, сацыяльныя стэрэатыпы і антыкаталіцкія наратывы крыніц аналізаванага перыяду (119–120).

Тут хацелася б перайсці да крытычных заўваг і выказвання нязгоды з аўтарамі і рэдактарамі рэцэнзаванага выдання. На пачатку нашага агляду ўжо было сказана, што метадалагічнай падставай зборніка выступае праца “Нацыяналізацыя імперый” пад рэдакцыяй Ш. Бергера і А. Мілера. Між іншым, А. Мілер уваходзіў у рэдакцыйную калегію серыі, у якой выйшла разгляданая манаграфія. Аднак ва ўводзінах яшчэ ўказваецца часопіс “Ab Imperio” і кірунак т. зв. “новай імперскай гісторыі” (3). У іншым месцы Я. Мулевічутэ дастаткова выразна асуджае тое, што яна называе “этнацэнтрызмам”, звязаным з нацыянальнымі наратывамі (234), які, маўляў, звужае магчымасці даследчыкаў. Але трэба сказаць, што таксама “метадалагічны імперыялізм”, які рэдактары гэтага выдання прымаюць некрытычна і нерэфлексіўна, таксама далёка не бяскрыўдны і нейтральны. Яшчэ ў пазамінулым дзесяцігоддзі ўкраінскі даследчык Андрэй Партноў заўважыў тэндэнцыю эсэнцыялізацыі імперскага дыскурсу і наратываў з адначасовай тэндэнцыяй залішне дробязна “дэканструяваць” нацыянальныя наратывы і антыімперскія ідэалогіі. Пры гэтым новыя падыходы, у тым ліку “новая імперская гісторыя”, маглі актыўна інструменталізавацца ў далёкіх ад палітычнай і ідэалагічнай нейтральнасці праектах па пастаноўцы пад пытанне не проста нацыянальных гістарыяграфій, а нацыянальных дзяржаўнасцяў постсавецкіх краін з боку сучаснай Масквы. [20]

У адным з выданняў [21], якое выйшла з асяроддзя “Ab Imperio”, ужо быў зроблены досыць выразны крок ад “метадалагічнага імперыялізму” наўпрост да праімперскага гістарыяграфічнага рэвізіянізму. Але ўкладальнікаў калектыўнай манаграфіі гэта ніякім чынам не натхніла на рэфлексіі. З яе тэкстаў можа вынікнуць вобраз (прынамсі такое ўстойлівае ўражанне мае аўтар гэтага агляду), што Расійская імперыя была хоць і не “добрай”, але дастаткова “аслабленай” ці гатовай на саступкі ці кампрамісы. Сапраўды, новая сітуацыя пасля 1905 г. на некаторы час вызначыла межы, за якія імперыя не магла пайсці (ці магла не ісці) у пытаннях захавання свайго адзінства і ўніфікацыі. Аднак, як паказалі падзеі 1914–1915 г., Расійская імперыя магла пайсці даволі далёка ў вызначэнні таго, хто “свой”, а хто “чужы”, як у выпадку кампаніі супраць нямецкіх і іншых “варожых элементаў” [22].

Выданне можа ствараць скажонае ўяўленне пра больш ліберальную імперскую палітыку Расіі адносна яе заходніх губерняў. Гэта звязана не толькі з тым, што быў выбраны дастаткова невялікі перыяд, але і з тым, што параўнанням з іншымі рэгіёнамі было адведзена мала месца (6, сп. 20; 12, 65). Калі разглядаць дынаміку імперскай палітыкі з улікам іншых рэгіёнаў і ў больш працяглым храналагічным кантэксце, то становіцца зразумелай не толькі асаблівасць і нетыповасць падыходу да нацыянальнай палітыкі пасля 1905 г., але і спецыфіка заходніх губерняў імперыі Раманавых на фоне іншых.

Аднак у рэцэнзаванай кнізе няма адсылак да нават добра вядомых прац, якія дэманструюць такія праявы імперскай палітыкі Расіі, як рэпрэсіі, генацыд ці дэпартацыі пры заваяванні імперыяй новых тэрыторый і пры задушэнні супраціву на ўжо падпарадкаваных землях [23], – прац, якія яшчэ выразней падкрэслілі б гэтую спецыфіку, а таксама збалансаваны падыход аўтараў і рэдактараў манаграфіі. Пры тым у ёй так ці інакш аддаецца перавага менавіта імперыі і погляду з перспектывы яе інтарэсаў. У гэтым кантэксце таксама зусім не падаецца метадалагічна нейтральным выбар аўтарамі і рэдактарамі зборніка назвы “Belorussians” у дачыненні да беларусаў. Яны матывуюць гэта тым, што том прысвечаны імперскаму ўраду і масаваму расійскаму нацыяналізму (7, сп. 22). Але там жа паралельна ўжываюцца этнонімы “Ukrainians” і “Little Russians”, г. зн. “украінцы” і “маларосы” (7). Таксама назва “Belorussians” ужываецца ў дачыненні да міжваеннага перыяду і бярэцца ў двукоссе (згадка пра спробу аднаўлення ўніяцкай царквы ў гэты час) (167). Запэўненні, што такі выбар не мае ідэалагічнага характару, не падаюцца пераканаўчымі (7, сп. 22). Аўтар гэтага агляду не падзяляе меркавання аб поўнай нейтральнасці такіх паняццяў, якія ўжываліся ў афіцыйнай катэгарызацыі насельніцтва, але не абавязкова пры гэтым поўнасцю прымаліся на беларускіх ці ўкраінскіх тэрыторыях як саманазвы. Пры спробах сучаснай расійскай гістарыяграфіі давесці і замацаваць менавіта нейтральнасць гэтых катэгорый як паняццяў, характэрных для імперскага перыяду [24], пытанне застаецца дыскусійным.

У зборніку можна было б лепш і значна больш глыбока разгледзець пытанне актывістаў расійскіх нацыяналістычных партый і арганізацый, параўнаўшы досвед Расійскай імперыі з той жа Аўстра-Венгрыяй. Там таксама невялікія, але дастаткова шумныя і канфліктныя, а часам схільныя да праяў гвалту групы нацыяналістаў (у т. л. і нямецкіх) у сваім жаданні быць “абаронцамі нацыі” выбіралі для сваёй дзейнасці і гучных акцый памежныя і этнічна змяшаныя рэгіёны імперыі [25]. Актывісты ж расійскіх нацыяналістычных арганізацый таксама часта былі немясцовага паходжання (асабліва па-за населенымі ўкраінцамі і беларусамі тэрыторыямі), іх было колькасна мала. Важнымі, аднак, былі іх палітычная вага і кантакты з прадстаўнікамі імперскага цэнтра.

Падыходы А. Мілера заслугоўваюць крытыкі, тым не менш, ён прапанаваў новую праблему даследавання імперыі і нацыі ў позні перыяд існавання дзяржавы Раманавых. Ва ўводзінах да тома пра нацыяналізацыю імперый ён разам з Ш. Бергерам звярнуў увагу на афіцэрскі корпус як перспектыўную праблему ў сувязі з сутыкненнем імперскіх і нацыянальных ідэнтычнасцяў [26]. Аднак у рэцэнзаваным выданні няма прапаноў новых кірункаў для будучых даследаванняў, няма там і згадкі тэмы афіцэрства. Вядома, афіцэрства імперый у мадэрны перыяд нельга разглядаць толькі з пункту гледжання нацыяналізму і нацыянальных ідэнтычнасцяў [27]. Але пытанне апошніх выразна праяўлялася ў выпадку Расійскай імперыі. У канцы ХІХ ст. былі вядомыя прыклады, калі расійскія афіцэры нават змянялі ідэнтычнасць з расійскай на ўкраінскую, мелі глыбокую сімпатыю да Украіны і ўкраінскага нацыянальнага руху [28].

У выданні дастаткова падрабязна асвятляюцца скрайнія праявы імперскай палітыкі, абсурдныя прэтэнзіі расійскіх нацыяналістаў на новыя тэрыторыі. У ім справядліва ўказваецца, што імперская нацыянальная палітыка выклікала рэакцыю ў выглядзе росту нацыянальнай свядомасці ў падпарадкаваных народаў заходніх рэгіёнаў імперыі Раманавых (11, 283–284). Гэта, аднак, было заўважана яшчэ раней, як мінімум чатыры дзесяцігоддзі таму [29].

Пры выказанай крытыцы трэба асабліва адзначыць тэксты М. Рольфа, В. Масцяніцы, К. Бругемана і Я. Мулевічутэ як найболей арыгінальныя ў пошуках новых падыходаў і матэрыялу, які яны аналізуюць. Том пад рэдакцыяй Д. Сталюнаса і Ё. Аашымы ўносіць шмат новага і цікавага  фактычнага матэрыялу ў вывучэнне ўзаемаадносінаў грамадстваў заходніх рэгіёнаў імперыі Раманавых і імперскіх бюракратый на месцах і ў цэнтры ў вельмі важны перыяд паміж рэвалюцыяй 1905–1907 г. і першымі гадамі Першай сусветнай вайны, калі там адбываўся ўсплёск развіцця нацыянальных рухаў. Зрэшты, “нацыяналізацыя” імперыі, падкрэсленая ў падзагалоўку кнігі, сапраўды не спрыяла яе захаванню. Гэтая “нацыяналізацыя” паказала яе слабасць і няўстойлівасць [30].

Робячы высновы, хацелася б падкрэсліць патрэбу сённяшняй гістарыяграфіі не ў імперыяцэнтрычным, а ў больш збалансаваным падыходзе. Можна крытыкаваць нацыянальныя наратывы ў гістарыяграфіі, але поўнае іх адмаўленне не прывядзе да пазітыўных вынікаў. Яно можа прывесці да маўклівага спрыяння калі не апалагетычным, то праімперскім рэвізіянісцкім тэндэнцыям.


[1]* The Tsar, the Empire, and the Nation: Dilemmas of Nationalization in Russia’s Western Borderlands, 1905–1915 / eds. DARIUS STALIŪNAS and YOKO AOSHIMA. Budapest – New York: Central European University Press, 2021. 400 p. (Historical Studies in Eastern Europe and Eurasia. Vol. V).

[2] Радзюк А. Вобраз Расійскай імперыі ў гістарычнай памяці сучаснай Беларусі (на прыкладзе афіцыйных сайтаў мясцовых органаў улады) // Homo Historicus 2023: гадавік антрапалагічнай гісторыі. Беласток, 2023. С. 280–295.

[3] Berger S. and Miller A. Introduction: Building Nations In and With Empires – A Reassessment // Nationalizing Empires / ed. by S. Berger and A. Miller A. New York – Budapest, 2015. P. 1–30, цытата – р. 30.

[4] Gatrell P. A Whole Empire Walking: Refugees in Russia during World War I. Bloomington – Indianapolis, 1999. P. 18, 141, 165–168; Utgof V. In Search of National Support: Belarusian Refugees in World War One and the People’s Republic of Belarus // Homelands: War, Population, and Statehood in Eastern Europe and Russia, 1918–1924 / eds. N. Baron and P. Gatrell. London, 2004. P. 53–73; Карнялюк В. Р. Міграцыя беларускага насельніцтва, выкліканая Першай сусветнай вайной. Гродна, 2019.

[5] Гл. таксама: Пятчыц А. Пашырэнне праваслаўя ў Беларусі ў сярэдзіне – другой палове ХIХ ст. // БГА. Т. 7. Сш. 2. 2000. С. 327–350; Яноўская В. В. Хрысціянская царква ў Беларусі 1863–1914 гг. Мінск, 2002; Долбилов М. Русский край, чужая вера. Этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II. Москва, 2010.

[6] Luria K. P. The Politics of Protestant Conversion to Catholicism in Seventeenth-Century France // Conversion to Modernities. The Globalization of Christianity / ed. by P. van der Veer. New York – London, 1996. P. 23.

[7] Ibidem. P. 28–29, 40.

[8] Luria K. P. The Politics of Protestant Conversion… P. 33–38.

[9] Долбилов М. “Царская вера”: массовые обращения католиков в православие в Северо-Западном крае Российской империи (1860-е гг.) // Аb Imperio. 2006. № 4. С. 242, 251.

[10] Van der Veer P. Introduction // Conversion to Modernities… P. 2.

[11] На згаданую падзею адгукнуўся таксама Францішак Багушэвіч, які адрасаваў вяскоўцам сваё апавяданне. Гл.: [Багушэвіч Ф.] Haspadary, dla Was piszym heta apawiadannie. [Б. м.], 1894.

[12] Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. IV. Warszawa, 1935. S. 332 (“У якой веры радзіўсе, у такой умірай”).

[13] Stomma L. Antropologia kultury wsi polskiej XIX w. Warszawa, 1986. S. 74.

[14] Терешкович П. В. Украинцы и белорусы: сравнительный анализ на фоне истории Центрально-Восточной Европы ХІХ – начала ХХ в. // Перекрёстки. № 1–2. 2004. С. 29; Токць С. М. Беларуская вёска на мяжы эпох. Змены этнічнай самасвядомасці сялянства ва ўмовах распаду традыцыйнага аграрнага грамадства (па матэрыялах Гарадзеншчыны XIX – першай трэці XX ст.). Гродна, 2003. С. 55–56.

[15] Токць С. М. Беларуская вёска на мяжы эпох. С. 57.

[16] Падобная з’ява мела месца і на поўнач ад Холмска-Падляшскага краю – каля Сапоцкіна ў Аўгустоўскім павеце Сувалкаўскай губерні, гл.: Вашкевіч А., Нарэль Д. Паміж Ласоснай і Чорнай Ганчай: гісторыя каталіцкіх парафій у паўднёва-ўсходняй частцы Аўгустоўскай пушчы. Мінск, 2006. С. 36–37.

[17] Сяркоў А. У. Палітыка мясцовай адміністрацыі ў дачыненні да польскіх культурна-асветніцкіх таварыстваў у Беларусі ў 1905–1914 гг. // Працы гістарычнага факультэта БДУ. Вып. 9. Мінск, 2014. С. 126.

[18] Kotsonis Y. Introduction: A Modern Paradox – Subject and Citizen in Nineteenth- and Twentieth-Century Russia // Russian Modernity: Politics, Knowledge, Practices / eds. D. L. Hoffmann, Y. Kotsonis. New York, 2000. P. 1–16.

[19] Роля настаўнікаў у развіцці нацыянальнага руху і абуджэнні нацыянальнай свядомасці застаецца слаба вывучанай тэмай у айчыннай гістарыяграфіі, гл.: Терешкович П. В. Этническая история Беларуси ХІХ – начала ХХ в. в контексте Центрально-Восточной Европы. Минск, 2004. С. 119–120; ён жа. Украинцы и белорусы: сравнительный анализ… С. 25–26; Syn gospodarza na 10 ha (z pow. mołodeckiego) // Wiejscy działacze społeczni. T. I. Życiorysy włościan. Warszawa, 1937. S. 333; Грабінскі Б. Сакольшчына – Горадня – Вільня // Arche. 2000. № 5. С. 195.

[20] Портнов А. Вісті з хорошої імперії // Критика. Р. XI. 2007. Чісло 9. С. 10–15.

[21] Новая имперская история Северной Евразии. Т. 2. Балансирование имперской ситуации XVIII–XX вв. / под ред. И. Герасимова и др. Казань, 2017.

[22] Lohr E. Nationalizing the Russian Empire: The Campaign against Enemy Aliens during World War I. Cambridge – London, 2003.

[23] Holquist P. To Count, to Extract, and to Exterminate: Population Statistics and Population Politics in Late Imperial and Soviet Russia // A State of Nations: Empire and Nation-Making in the Age of Lenin and Stalin / ed. by R. G. Suny and T. Martin. Oxford – New York, 2001. P. 111–144; Jersild A. Orientalism and Empire: North Caucasus Mountain Peoples and the Georgian Frontier, 1845–1917. Montreal & Kingston – London – Ithaca, 2002. P. 12–37; Slezkine Y. Arctic Mirrors: Russia and the Small Peoples of the North. Ithaca – London, 1994. P. 102, 227, 290–291.

[24] Гл.: Старченко Л. А. Положение пленённых малороссов в Германии и Австро-Венгрии во время Первой мировой войны // Славяноведение. 2017. № 3. С. 65–70; Лескинен М. В. Историко-этнографические и лингвистические исследования ХІХ в. и их влияние на эволюцию представлений о “едином русском народе”: история племенных классификаций и научная аргументация // Малороссы vs украинцы. Украинский вопрос в науке, государственной и культурной политике Российской империи и СССР. Очерки. Коллективная монография. Москва, 2018. С. 205–252.

[25] Judson P. M. Nationalizing Rural Landscapes in Cisleithania, 1880–1914 // Creating the Other. Ethnic Conflict and Nationalism in Habsburg Central Europe / ed. by N. M. Wingfield. New York – Oxford, 2003. P. 127–148; Idem. Guardians of the Nation: Activists on the Language Frontiers of Imperial Austria. Cambridge – London, 2006.

[26] Berger S., Miller A. Introduction: Building Nations In and With Empires – A Reassessment. P. 28–29.

[27] Deák I. Beyond Nationalism: A Social and Political History of the Habsburg Officer Corps, 1848–1918. New York – Toronto, 1990.

[28] Wasilewski L. Wspomnienia 1870–1904 (1914). Fragmenty dziennika 1916–1926. Diariusz podróży po kresach 1927. Warszawa, 2014. S. 65–66.

[29] Russification in the Baltic Provinces and Finland, 1855–1914 / ed. by E. C. Thaden. Princeton, 1981; Saunders D. The Ukrainian Impact on Russian Culture 1750–1850. Edmonton, 1985.

[30] Lohr E. Nationalizing the Russian Empire.

Наверх