БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы (Юры Грыбоўскі)

Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы… / Отв. ред.–сост. Р.П. Платонов, В.В. Федосов. Минск, 2001. 145 с.

Гэта зборнік матэрыялаў „круглага стала“, прысвечанага 60–годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, што быў праведзены ў чэрвені 2001 г.  Ён складаецца з шаснаццаці дакладаў удзельнікаў „круглага стала“, якімі сталі супрацоўнікі БелНДІДАС, гістарычнага факультэта БДУ, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, МДПУ імя М.Танка і інш. Заўважна, што аўтары намагаліся адлюстраваць як мага больш аспектаў, звязаных з пачаткам нямецка–савецкай вайны, шмат з якіх па пэўных прычынах дасюль абміналіся ўвагай айчынных даследчыкаў. У гэтым сэнсе можна звярнуць увагу на наступныя даклады: Аляксандра Жайваронка („Аб ваенна–эканамічнай гатоўнасці СССР да адбіцця фашысцкай агрэсіі“), Ігара Валахановіча („Дзейнасць НКДБ БССР па стварэнні аператыўных груп і партызанскіх аддзелаў у чэрвені–жніўні 1941 г.“), Юрыя Зверава („Становішча савецкіх ваеннапалонных у першыя месяцы вайны: адлюстраванне ў дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь“), Таццяны Рахманько („Пачатак Вялікай Айчыннай вайны: фотаздымкі распавядаюць“), Міхася Шумейкі („Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і беларускія архівы“). Апошні падрыхтаваў звесткі не толькі пра стан архіваў БССР пасля нямецкага нападу, але і пра непасрэдныя страты архіўных матэрыялаў. Шумейка адзначае, што за вайну цэнтральныя і абласныя архівы Беларусі ў гады вайны страцілі не менш за 58% свайго даваеннага аб’ёму. Матэрыял Валахановіча падрыхтаваны пераважна на аснове дакументаў з фондаў архіва КДБ РБ.

Асаблівую цікавасць чытача павінны выклікаць звесткі, падрыхтаваныя на матэрыялах нямецкіх архіваў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра даклады Сяргея Новікава („«Зялёная тэчка»: да гісторыі з’яўлення, выкарыстання і крытычнага асэнсавання“) і Сяргея Курбекі („Лета 1941 г.: старонкі ваеннай гісторыі Беларусі ў адлюстраванні нацыянальнай калекцыі «Александрыйскіх мікрафільмаў»“). Тэме абарончых баёў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі прысвечаны працы Анатоля Валахановіча („Абарона Мінска: Мінскі ўмацаваны раён“), Паўла Журкевіча („Абарона Барысава ў 1941 г.“), Расціслава Платонава („Аб прычынах паражэння войскаў Заходняга фронта ў першыя месяцы вайны“). Сярод асноўных прычын, якія выклікалі буйныя страты з боку Чырвонай Арміі, аўтар вылучае сталінскія рэпрэсіі супраць каманднага складу ўзброеных сіл у 1937—1938 г. Платонаў пагаджаецца з выказваннем: „Без 1937 года не было б і лета 1941–га“. Абапіраючыся на айчынныя архіўныя матэрыялы і апелюючы да нямецкіх трафейных дакументаў, аўтар звяртае ўвагу на малавядомыя старонкі з падзей на Заходнім фронце ўлетку 1941 г. Каштоўныя звесткі ёсць у матэрыялах Аляксандра Кавалені („Міждзяржаўныя адносіны напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў дакументальных крыніцах“), Эмануіла Іофэ („Генацыд з першых дзён“) і Яўгена Бараноўскага („Асаблівасці зара­джэння ў Беларусі ў 1941 г. антыфашысцкага падпольнага руху“). У дакладзе Кузьмы Козака „Усталяванне германскага акупацыйнага рэжыму на Беларусі ў 1941 г.“ прыве­дзены пералік асноўных акупацыйных ведамстваў і структур, якія дзейнічалі на Беларусі — ад вайсковых (Вермахт) і вайскова–паліцыйных фармаванняў да вайскова–эканамічных (гандлёвыя таварыствы, фірмы) і цывільных органаў. Калі вышэйзгаданыя аўтары карысталіся айчыннымі і замежнымі матэрыяламі з архіваў, а таксама апублікаванымі дакументамі, то даклад Ірыны Варанковай („Мінск 22—28 чэрвеня 1941 г.“) падрыхтаваны па матэрыялах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У якасці дадатку складальнікі зборніка надрукавалі частку ўспамінаў першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі пра пачатак вайны, дзе апошні распавядае аб разгортванні савецкай партызанкі ўлетку 1941 г. Нагадаем — напісаў чалавек, што быў членам Ваеннага савета Заходняга фронта, і яго абмінула пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны (ДКА) ад 10 ліпеня 1941 г., паводле якой шэраг вышэйшых камандзіраў і палітработ­ні­каў былі перададзены суду вайсковага трыбунала, а пазней атрымалі смяротны вырак.

Юры Грыбоўскі

Мінск

Тэгі: ,