Новы нумар


Александров Д., Володихин Д. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII-XVІ в. (Генадзь Сагановіч)


АЛЕКСАНДРОВ, Д., ВОЛОДИХИН, Д. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII-XVI веках. Отв. ред. В. Янин. — Москва, 1994. — 134 С.

Кнігу расейскіх гісторыкаў складаюць уводзіны, пяць разьдзелаў i дадатак у выглядзе імяннога паказальніка. На самым яе пачатку аўтары адзначылі, што выданьне «заклікана зьліквідаваць лакуну ў палітычнай гісторыі Полаччыны». I сапраўды, у нас не было яшчэ асобных манаграфічных дасьледаваньняў палітычных аспэктаў мінулага ня толькі Полаччыны, але й іншых земляў сярэднявечнай Беларусі. Шкада толькі, што ў працы гэтая гісторыя зьведзена адно да «найболып вострых момантаў полацка-літоўскіх адносін», або нават да агульных сюжэтаў «адносін літоўска-рускіх». Затое дасьледчыкі паабяцалі рэканструяваць ix «з максымальна магчымай (!) дакладнасьцю» (С.7).

Уражаньне ад кнігі супярэчлівае. Бачна, што аўтары апрацавалі салідны корпус крыніцаў i літаратуры, нават беларускія выданьні, на якія ў Маскве ўвага зьвяртаецца наогул ня часта. Здаецца, зьяўленьне такой працы па гісторыі Полаччыны трэба было б толькі вітаць. Аднак тое, як патрактаваны ў ёй шэраг фактаў i эпізодаў, як расейскія дасьледчыкі падыходзяць да праблематыкі беларускай гісторыі ўвогуле, штурхае да палемікі. Паказваючы гэта, выпадае прайсьціся ўсьлед за аўтарамі па цэлай кнізе, хоць, адзначу, рамкі рэцэнзіі абмяжоўваюць, таму ўвага тут будзе зьвернута далёка не на ўсё тое, што належала б аспрэчыць.

Першы разьдзел «Полацак i Літоўска-Руская дзяржава ў XII — пачатку XV ст.» (у назве некарэктнасьць нават дзеля таго, што ў XII ст. такой дзяржавы не існавала) пачаты аглядам княжаньня Ўладзіміра Полацкага i адносінаў Полацка з Ордэнам. Адразу паўстае пытаньне пра адпаведнасьць гэтай часткі разьдзелу, сфармуляванай на тытуле тэме кнігі. Як i пра назву наогул. Праблема, закранутая фармулёўкай тытулу, вымагае асобнай размовы. На жаль, аўтары нідзе не акрэсьлілі, што яны разумеюць пад Русьсю i што пад Літвой, таму няма як нешта казаць, наколькі правамерная можа быць падобная фармулёўка наогул. А што да «барацьбы за Полацак паміж Літвой i Русьсю», дык для XII — пачатку XIII ст. гаварыць пра яе абсурдна. Гэты пэрыяд аўтары захапілі, здаецца, проста так, «для паўнаты». Асьветлены ён даволі павярхоўна. Сымптаматычнай выглядае спасылка на полацкага краязнаўцу Л.Данько[1], абсалютна недарэчная, якая можа сьведчыць толькі пра дылетантызм аўтараў у пытаньнях адносінаў Полацка зь біскупам Альбэртам i Ордэнам. Ніяк не выпадае лічыць «максымальна магчыма дакладнымі» агульныя словы пра барацьбу, пра тое, што паміж Полацкам i рыцарамі «пастаянна адбываліся сутычкі з-за дані» (С.19). Бо, па-першае, адкрыта канфрантавалі яны зусім не пастаянна. А па-другое, для Полацка важнай была ня толькі даніна, але й Дзьвіна як магістраль. Яна, я б сказаў, i зьяўлялася вышэйшым інтарэсам Полацка. Пра гэта ў кнізе ні слова. Як ні слова й пра дамову 1212 г., хоць яна адлюстравала новую расстаноўку сілаў i была ня менш важная, чым папярэдняя. Сама праблематыка полацка-інфлянцкіх стасункаў разглядаецца ca спасылкай адно на Генрыха Латыша, гэта значыць, што ўвесь актавы матэрыял застаўся па-за ўвагай аўтараў.

Трактоўка дачыненьняў Полацка зь Літвой шмат дзе контравэрсійная, бяздоказная. Прыкладам, аўтары бяруць напавер вэрсію пра сілавое ўкняжаньне Мінгайлы ў Полацку ў першай палове XIII ст., спасылаючыся адзіна на паведамленьне летапісу Рачынскага, якое, на ix думку, «пацьвярджаюць больш позьнія крыніцы: М.Стрыйкоўскі i Хроніка Быхаўца» (C.21). Але ці пацьвярджаюць? З пункту гледжаньня крыніцазнаўчага такія позьнія творы зусім не абавязкова могуць утрымліваць верагодныя паведамленьні пра падзеі XIII ст. Хутчэй наадварот.

Тэза пра тое, што аб’яднаньне «любых рускіх земляў, якія не плацілі даніну Ардзе», вакол галіцка-валынскага цэнтру было немагчымае (С.33), нічым не падмацаваная і, мякка кажучы, спрэчная. Паход жа 1262 г. на Юр’еў быў не «манэўрам Таўцівіла», a вынікам дамовы Міндоўга л Аляксандрам Неўскім.

Калі на пачатку кнігі без патрэбы разглядаліся адносіны Полацка з Ордэнам, дык пры асьвятленьні падзей часоў Міндоўга i Трайдзеня гэты моцны сусед Літвы i Русі, які бясспрэчна ўплываў на сытуацыю ў беларуска-літоўскім рэгіене, застаўся зусім па-за ўвагай.

Далей, кранаючы падзеі часоў Крэўскай вуніі, аўтары пішуць, што Ягайла не пайшоў на саюз з Масквою «хаця б таму, што тут давялося б саступіць месца іншаму» (маецца на ўвазе Андрэй Полацкі). Як можна тут абмінаць цэлы комплекс нашмат больш важных, аб’ектыўных фактараў, што абумовілі выбар Ягайлы?

Ня ведаю, адкуль бярэцца, што Андрэй Альгердавіч у 1386 г. плянаваў «захапіць Вільню»? Ён туды нават не накіроўваўся. I чаму землі Беларусі ды Літвы ў гэты час ваявалі «прускія рыцары», калі на самай справе — інфлянцкія?

Зьвяртаючыся да наступстваў паразы Андрэя Полацкага ў вайне супраць Ягайлы, аўтары пішуць, што гэта «азначала канец незалежнаму разьвіцьцю рускіх земляў у складзе Літоўска-Рускай дзяржавы i Літоўска-Рускай дзяржавы як такой у цэлым. Пасьля 1386 г. Літоўска-Руская дзяржава ператварылася ў Вялікае Княства Літоўскае з цэнтрам у Вільні». I дадаюць: «Дамінаваньню Полацкай зямлі ў гэтай дзяржаве ў дачыненьні да іншых рускіх земляў прыйшоў канец» (С.43).

Падобныя развагі сьведчаць пра тое, што Д.Валадзіхін i Д.Аляксандраў недастаткова арыентуюцца ў дзяржаўна-палітычнай гісторыі ВКЛ. Крэўская вунія і палон Андрэя Полацкага не выклікалі падобных унутраных пераўтварэньняў. A Вільня, як вядома, задоўга да таго стала цэнтрам, сталіцай ВКЛ. Калі ж маецца на ўвазе трансфармацыя дзяржаўнага тытулу пры Ягайлу (dux magnus Litvanorum Rusiaque dominus et heres naturalis), дык, па-першае, ён разьвіваўся да сярэдзіны XV ст. i ня меў дыскрымінацыйнай для Русі фармулёўкі, па-другое, зьмены ў тытуле ня можна лічыць адлюстраваньнем рэальных пераменаў у грамадзка-палітычным жыцьці. У гэтым пляне нашмат важнейшы быў, прыкладам, акт, прыняты ў 1413 г. у Горадні.

Аўтары перабольшваюць палітычную ролю Полацка ў манархіі Гедымінавічаў. «Незалежнае разьвіцьцё рускіх земляў» — якіх i што значыць незалежнае? Нават Полацкая зямля, якая ў XIV ст. захоўвала статус удзельнага княства, не магла разьвівацца незалежна (што ўжо казаць пра Русь Падняпроўскую). Толькі пры павярхоўным поглядзе (ды й то ўмоўна) можна часы з 1307 па 1399 г. называць «пэрыядам незалежнасьці» Полацка на той падставе, што яны, маўляў, зьвязаныя зь дзейнасьцю Андрэя Полацкага, які быў «за поўны сувэрэнітэт (?) сваёй зямлі» (С.119). Статус Полацка ў XIV ст. неаднаразова мяняўся. Прыкладам, у 1387 г. ён, як i Трокі, стаў асабістым удзелам Скіргайлы, а пасьля Востраўскага пагадненьня Полаччына, як i іншая Русь, перайшла пад уладу Аляксандра Вітаўта i канчаткова страціла правы удзельнага княства. Захаваўшы значную аўтаномію, яна, тым ня менш, зрабілася правінцыяй дзяржавы Гедымінавічаў. Зрэшты, тады ня раз зьмяняўся й прававы статус цэлай дзяржавы ВКЛ (у дачыненьні да Кароны).

Другі разьдзел «Полацак i грамадзянская вайна 30-х гадоў XV ст. у ВКЛ» пакідае лепшае ўражаньне. Аднак i тут шэраг канстатацыяў выклікаюць пярэчаньні. Дзіўна, прыкладам, чытаць, што ў 1432 г. пачалася «адна з самых працяглых i крывавых унутраных войнаў за ўсю гісторыю гэтай дзяржавы» (С.49). Быццам Вялікае Княства Літоўскае проста распадалася ад грамадзянскіх войнаў. Апраўдваючы сябе за тое, што ў кнізе ясна ня вызначана расстаноўка сілаў пад час згаданай вайны, аўтары кажуць, што гэта ім не дазволіла зрабіць «разнастайнасьць меркаваньняў» гісторыкаў (С.51). Але ж падобныя вызначэньні робяцца на фактаграфіі крыніцаў, а не на меркаваньнях гісторыкаў, няхай сабе самых аўтарытэтных.

Расейскія дасьледчыкі палічылі вартым адзначыць, што ў беларускіх гісторыкаў ёсьць «асобная канцэпцыя этнагенэзу беларусаў», згодна зь якой дапускаецца існаваньне беларусаў «у якасьці асобнага этнасу ўжо ў эпоху раньняга сярэднявечча», i што гэты этнас «меў этнонім “літоўцы”, “ліцьвіны”» (С.53). У якасьці прыкладу аўтары спасылаюцца на Я.Юху, але ў кнізе апошняга я не знайшоў такога, каб назва «літоўцы» выдавалася за этнонім беларусаў. Далей, палемізуючы з «асобнай канцэпцыяй», аўтары дадаюць: «Г.Сагановіч i М.Піліпенка адносяць утварэньне беларускага этнасу да канца XVI-XVII ст.» (С.71). Але ніжэйпадпісаны ніколі нічога падобнага не сьцьвярджаў! У згаданым маім артыкуле размова йдзе толькі пра назву «Белая Русь», «беларусцы»[2]. А назва этнасу й яго рэальны зьмест — зьявы далёка ня тоесныя. Этнонім можа выконваць ролю маркера этнатворчага працэсу, аднак яго адсутнасьць яшчэ ня ёсьць сьведчаньнем неіснаваньня этнасу.

Калі ў цэлым з трактаваньнем грамадзянскай вайны ды яе прычынаў можна пагадзіцца, дык у шэрагу канкрэтных пытаньняў цяжка акцэптаваць пазыцыю аўтараў. Прыкладам, наўрад ці можна праваслаўных адназначна атаясамляць толькі з русінамі (С.60). У XV ст. «Русь» мела яшчэ ня столькі нацыянальныя, колькі канфэсійна-тэрытарыяльныя канатацыі. Стаўленьне Сьвідрыгайлы да плянаў уніі для аўтараў чамусьці «не зусім яснае». Больш таго, дапускаецца, што ідэя аб’яднаньня цэркваў была «непапулярнай сярод прыхільнікаў Сьвідрыгайлы» (С.61). Між тым, як сьведчаць дакумэнты, у 1433 г. грамадзкая эліта падуладных Сьвідрыгайлу беларускіх земляў зь Віцебска накіравала на Базэльскі сабор ліст, у якім выказвалася за унію з рымскім касьцёлам, а Сьвідрыгайла зрабіў ордэнскага дыплямата Пфафэндорфа сваім уласным прадстаўніком на саборы[3]. Аб’яднаньне каталікоў i праваслаўных істотна ўмацавала б ягоныя пазыцыі, але Жыгімонт Кейстутавіч пасьпеў выбіць у суперніка гэты козыр, даўшы апошнім палітычныя правы сваім прывілеем у 1434 г.

Дарэчы, прывілеі 1432 i 1434 г. не выпадае разглядаць як адзін, ці як раўназначныя. З кнігі да таго ж вынікае, што абодва яны Полацка ня тычыліся, i Полацак ад ix «нічога не атрымліваў» (С.63). Але такое тлумачэньне гэтых важных актаў было б занадта спрошчаным, не гістарычным.

У канцы разьдзела замест ясных высноваў прапануюцца развагі на ўзроўні агульных слоў. Аўтары папракаюць згаданага ўжо прафэсара Я.Юху за расплывістасьць такіх паняцьцяў, як «адасобленасьць», «аўтаномнасьць» у ягонай кнізе, але ix уласныя фармулёўкі нічым ня лепшыя. Напісана, напрыклад, што пасьля Сьвідрыгайлы свабода Полацка «усё больш скарачалася», што яго аўтаномія выйшла з вайны «у патрапаным выглядзе» i апынулася «на мяжы поўнага зьнікненьня» (С.69). Ніжэй гаворыцца нават пра спробы «узнавіць сувэрэнітэт Полацкага краю» (С.118). Аб чым рэч? Сувэрэнітэт краю ў манархіі XV ст. — нонсэнс. У дасьледаваньні трэба ўсё ж трымацца навуковага стылю i дакладных азначэньняў, а не зьбівацца на публіцыстыку.

З трэцяга разьдзелу («Лёс Полацка зь сярэдзіны XV ст. да часоў Івана Жахлівага ў кантэксьце маскоўскалітоўскіх войнаў») мацней адчуваецца палітычная заангажаванасьць аўтараў. Пачатак сэрыі войнаў (паход маскоўскага войска на Любуцк у 1492 г.) разглядаецца імі як крок зусім натуральны, справядлівы. У іхняй трактоўцы, ня гледзячы на тое, што на справе праз «вечны мір» пераступіў вялікі князь Іван III, адказнасьць за парушэньне міру ўскладзена на процілеглы бок: гэта вялікі князь Аляксандар Казіміравіч вінаваты, бо «прыняў захады. якія ў выніку прывялі да самых сумных наступстваў» (С.78). У чым жа віна Аляксандра?

Паводле Аляксандрава i Валадзіхіна, вялікі князь спрабаваў «прымусова ўвесьці унію сярод усяго праваслаўнага насельніцтва, а таксама націскаў на сваю жонку Алену, каб яна пакінула праваслаўе», што i справакавала вайну. У падмацаваньне гэтай тэзы — спасылкі на Васкрасенскі летапіс i манаграфію К.Базілевіча, што можа пераканаць хіба толькі неабазнанага чытача. Бо, як вядома, вялікі князь Аляксандар у канцы XV ст. падтрымаў i праваслаўную царкву (у Полацку ды Смаленску), a княгіня Алена ў лістох да Івана III ніколі ня скардзілася на ўціск; наадварот, яна прасіла бацьку спыніць распачатую вайну, апэлявала да хрысьціянскае маралі. А вось аўтары кнігі цалкам апраўдваюць інтэрвэнцыю Івана III тым, што трэба было бараніць праваслаўе. Маўляў, калі б маскоўскі князь не прыняў падобных захадаў, моцна пацярпеў бы ягоны аўтарытэт, — сцьвярджаюць яны (С.79).

Далей. Спроба зьвязаць прывілеі на магдэбурскае права зь імкненьнем дзяржаўных уладаў ВКЛ паўплываць на пазыцыю беларускіх гарадоў у войнах выглядае фантазіяй. Бо ні «масавай раздачы» прывілеяў на самакіраваньне, ні шматлікіх капітуляцыяў беларускіх гарадоў, пра што пішуць аўтары, не было. Да таго ж, у разгляданы час магдэбурскае права атрымлівалі галоўным чынам гарады Цэнтральнай ды Заходняй Беларусі.

Нямала ў разьдзеле i фактаграфічных недакладнасьцяў. Пасьля публікацыяў Е.Ахманскага неапраўдана атаясамляць Міхалона Ліцьвіна з Міхайлам Тышкевічам. А ці можна ў навуковай працы прыводзіць фантастычныя лічбы (100 000 жыхароў, захопленых татарамі ў 1506 г.), хоць сабе й спасылаючыся на Кромэра (С.78)? Полацкую магдэбургію ніяк не выпадае называць «адной зь першых» (С.76), бо яна была шостай. Гэтаксама памылкова прывілей на магдэбурскае права лічыць «актам уніфікацыі беларускіх i польскіх гарадоў», бо ён вызначаў толькі агульныя рысы самакіраваньня. У Беларусі жыхары кожнага прывілеяванага гораду на практыцы імкнуліся па-свойму рэалізаваць атрыманыя правы, прыстасоўваючы ix да ўласных інтарэсаў. Таму працэс выпрацоўкі самакіраваньня тут быў вельмі працяглы. Гэта пераканаўча паказаў яшчэ В.Дружчыц.

Самым грунтоўным выглядае чацьверты разьдзел кнігі «Узяцьце Полацка войскам Івана IV у 1563 г.». Адчуваецца, што для аўтараў ён галоўны, стрыжнёвы. Аднак i тут не бяз хібаў. Напісана, напрыклад, што кампаніі 1561 i 1562 г. не прынесьлі вырашальнага посьпеху «ні Польшчы, ні Маскоўскай дзяржаве» (С.86). Прабачце, польскае войска з Масквой тады яшчэ наогул не ваявала. Выглядае, што ў Д.Аляксандрава й Д.Валадзіхіна даволі цьмянае ўяўленьне пра ўдзельнікаў той вайны, бо ў апісаньні штурму Полацка (1563 г.) яны зноў падаюць, быццам царскім ратнікам супрацьстаялі «палякі» (С. 102).

Аблога i захоп Полацка даволі падрабязна апісаны ў многіх крыніцах, добра апрацаваных аўтарамі. Навуковы мэтад гістарычнай рэканструкцыі патрабуе ўліку ўсёй даступнай фактаграфіі. Калі ж выкарыстоўваць крыніцы выбарачна i выдзяляць толькі патрэбныя дэталі, можна стварыць самыя розныя карціны аднаго эпізоду. Акурат гэта часам добра ілюструюць аўтарскія трактоўкі пэўных падзей полацкай мінуўшчыны. Вось адзін з прыкладаў. З крыніцаў вядома, што 5 лютага 1563 г. маскоўскія стральцы захапілі адну зь вежаў Полацка i нават уварваліся ў астрог, але былі выбітыя. А вось маскоўскія гісторыкі схільныя больш верыць Лебедзеўскаму летапісу, паводле якога стральцоў не выбілі, а яны проста былі адкліканыя назад. Тая ж крыніца падае, што тысячы простага люду з пасаду выйшлі да царскага войска дабраахвотна ды паказалі ямы з запасамі правіянту, — i гэта таксама адразу акцэптуецца аўтарамі (С.102).

Лебедзеўскі звод рэпрэзэнтуе афіцыйнае маскоўскае летапісаньне, што добра вядома Аляксандраву й Валадзіхіну. Таму дзівіць зусім некрытычнае стаўленьне дасьледчыкаў да гэтай крыніцы. Яно абумоўлена, думаю, ix небесстароннасьцю. Пра тое ж сведчыць нічым не падмацаваная тэза аб «партыі добразычліўцаў» Івана Жахлівага ў Полацку (C.100), — нельга ж лічыць аргумэнтам спасылку на ўскосныя, неадназначныя згадкі Одэрборна.

Аўтарскую ўстаноўку на апалягізацыю маскоўскага боку добра выяўляе апісаньне дзеяньняў цара ў занятым Полацку. Вось толькі адзін з прыкладаў.

Як вядома, у Полацку пасьля абяцаньня «казней не учинить» Іван Жахлівы загадаў пасекчы бэрнардынаў, а жыдоў — патапіць у Дзьвіне. Увесь горад быў абрабаваны, а тысячы яго жыхароў апынуліся ў маскоўскім палоне. Пра гэта ёсьць сьведчаньні ў Мацея Стрыйкоўскага, Марціна Бельскага, Аляксандра Гвагніні, Одэрборна, у Хроніцы Літоўскай i Жамойцкай, у Пскоўскім летапісе 1567 г. i інш. Апавядаючы пра лютасьці непрыяцеля, Рэйнгальд Гейдэнштэйн прыгадваў i зьнявечаныя трупы палачанаў, спусканыя маскоўскімі ратнікамі па Дзьвіне ў 1579 г. Толькі афіцыйны маскоўскі летапісец, ясная рэч, паказваў Івана IV ў найлепшым сьвятле. Аўтары разгляданай кнігі на момант быццам завагаліся: «…ці верыць Стрыйкоўскаму, які меў у якасьці крыніц апавяданьні відавочцаў, ці ня верыць, спасылаючыся на яго тэндэнцыйнасьць?» (С.103), але затым аддалі перавагу аўтарытэту Джавані Тэдальдзі, дакладней, зьвесткам, атрыманым ад таго i занатаваным пад час размовы ў 1581 г. у Дзісьне Антоніем Пасэвінам. Спасылка на гэтага флярэнтыйскага купца ўважаецца імі за дастатковы аргумэнт дзеля таго, каб наогул закрыць пытаньне: «Відаць, ніякіх масавых, арганізаваных самым царом перасьледаў бэрнардынаў не было», проста «пасьля захопу горада войска зусім не абавязкова павінна вытрымліваць парадак… Па ходзе справы маглі й зарэзаць каго-небудзь з каталіцкага духавенства» (С.106). Вось такі публіцыстычны пасаж.

Тэдальдзі, паводле Пасэвіна, адмаўляў тое, што Іван IV «пасьля захопу Полацка ўтапіў, як кажуць, манахаў Сьвятога Францішка», i адносна жыдоў дапускаў забойства «усяго толькі двух ці трох»[4]. Нават публікатар гэтай крыніцы Е.Шмурло адзначаў, што аповяд Тэдальдзі «вельмі спачувальны Расеі i асабліва цару Жахліваму», мае «апалягетычны тон». Пазьней расейскі гісторык В.Навадворскі яшчэ больш выразна падкрэсьліў, што «ў апавяданьні Тэдальдзі заўважаецца жаданьне паказаць Івана лепшым, чым ён быў на самай справе»[5]. Імкненьне Тэдальдзі абяліць маскоўскага цара можна праілюстраваць канкрэтным прыкладам. Так, у яго аповедзе цалкам адмаўляюцца чуткі пра жорсткае абыходжаньне з пасламі Вялікага Княства ў Маскве ў 1570 г., але зьдзекі з гэтых дыпляматаў пацьвярджаюцца дакумэнтальна[6]. Пра тое ж казаў Альбэрт Шліхцінг, які акурат тады знаходзіўся ў маскоўскім палоне i бачыў усё на свае вочы.

Фларэнтыец Тэдальдзі як «свой чалавек» у Маскве (бо больш за дзесяць разоў там бываў) адкрыта палемізаваў з вэронцам Гваніні, які пісаў пра Маскву зусім без сымпатыяў. Падобна, што Тэдальдзі нават кепска ведаў падзеі, якія ўзяўся аспрэчваць, бо адмаўляў утапленьне францішканаў, тады як паводле іншых крыніцаў тапілі адно жыдоў, a манахаў секлі. Што да расправы над жыдамі, дык на Полаччыне захавалася народнае паданьне, у якім дэтальна пераказана трагедыя 1563 г., i ўсталяваўся мясцовы звычай ушанаваньня памяці патопленых з багаслужбай на месцы ix пахаваньня[7]. Ня ведаю, чым можна апраўдаць ігнараваньне ўсяго гэтага. Аўтары кнігі проста адкрыта фаварызуюць цара Івана IV.

Пасьлядоўныя ў апалягізацыі Масквы, Д.Аляксандраў i Д. Валадзіхін лічаць няпраўдай i паведамленьне Штадэна пра тое, што палонных палачанаў пазьней панішчылі Іванавы апрычнікі. Маўляў, вярнуліся ж Давойна i частка шляхты (С.108). Так, але менавіта Давойна i частка шляхты. A вывелі з Полацка паводле розных крыніц ад 11 да 50 тысяч!

У падсумаваньні дасьледаваньня чытаю: «галоўная трагедыя палачан» ня ў карах, ня ў стратах ад маскоўскага войска. Яна ў тым, што з XV ст. «не магло быць ніякай мовы пра самастойнае дзяржаўнае існаваньне беларускай зямлі», i лепшым выйсьцем з той сытуацыі зьяўлялася «трывалае замацаваньне гэтага рэгіёна за Літвой ці за Маскоўскай дзяржавай» (С.120). Калі йдзе пра Полацкую зямлю, то яна яшчэ ў XIV ст. трывала ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Але справа нават ня ў гэтым. Уражвае не недакладнасьць i шматзначнасьць, а навуковая некарэктнасьць падобнага заключэньня.

Шкада, што ўнікнуць згаданых недахопаў не дапамог маладым расейскім дасьледчыкам i адказны рэдактар кнігі вядомы акадэмік В.Янін. Выглядае нават, што шаноўны вучоны й сам на падобных пазыцыях. Мінулае Полацка — «супярэчлівы сюжэт» гісторыі Русі, піша ён у прадмове да разгляданай працы. У чым жа сутнасьць гэтай «супярэчнасьці»? «Зьвязаны з астатняй Русьсю супольнасьцю пачатковых лёсаў, спавяданьнем праваслаўя, мовай i пісьменнасьцю, Полацак у пераломны момант свайго разьвіцьця стаў на доўгія вякі часткай ня Рускай, а Літоўскай дзяржавы», — цьвердзіць В.Янін (С.5). А я б наконт гэтага сказаў, што мінулае Полацка супярэчлівае толькі ў падобнай тэндэнцыйнай падачы гісторыі Русі. «Ідэя ўзьяднаньня Русі, — кажа далей акадэмік В.Янін, маючы на ўвазе войны Масквы, яўна дамінавала «над праявамі агрэсыўнасьці». I дадае, што ў гэтым пераконвае гісторыя падзелаў Польшчы пры Кацярыне II. Маўляў, Расея не дамагалася ні каліва польскай зямлі (С.6). Тут акадэмік, мякка кажучы, зноў ня мае рацыі. Бо гістарычныя факты пераконваюць акурат у адваротным. Дастаткова згадаць паходы i пляны Аляксея Міхайлавіча, заклікі патрыярха Нікана, праграму Пятра I або «балканскі праект» імпэратрыцы Кацярыны II.

Генадзь Сагановіч (Менск)


[1] Гл. на С.18: «В связи с этим… Л.Ф.Данько отметил: “Борьба с ливами, литовцами и полоцкими князьями требовала у немцев большого количества сил”».

[2] Гл.: Старонкі гісторыі Беларусі. — Менск, 1992. С.69-71.

[3] Forstreuter К. Preussen und Russland von den Anfangen des Deutschen Ordens bis zu Peter dem Grossen. — Göttingen, 1956. S.52.

[4] Шмурло Е. Известия Джиованни Тедальди о России времен Иоанна Грозного // ЖМНП, 1891. 5-6, С.129.

[5] Новодворский В. Борьба за Ливонию между Москвою и Речью Посполитою (1570-1582). — Санкт-Петербург, 1904. С.4.

[6] Гл. напр. Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т.З. С.723.

[7] Берлин И. Сказание о Иоанне Грозном и о разгроме еврейской общины в Полоцке // Еврейская старина. Вып.2. 1915. С.174-175.

Наверх

Tags: , ,