MÜHLE, EDUARD. Słowianie. Rzeczywistość i fikcja wspólnoty, VI–XV wiek. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN SA, 2020. 473 s.
Польскі пераклад манаграфіі вядомага спецыяліста па гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы прафесара Эдуарда Мюле выйшаў адначасова з яе арыгінальным нямецкамоўным выданнем [1]. Аператыўнасць стала ўжо звычайнай для польскага рынка навуковай літаратуры. Многія міжнародныя кніжныя навінкі, асабліва канцэптуальна значныя, выходзяць у польскім перакладзе на працягу некалькіх гадоў пасля дэбютнай публікацыі – ці ўвогуле адначасова з ёй. І, вядома ж, асаблівая ўвага аддаецца тут даследаванням, якія ў той ці іншай ступені звязаныя з гісторыяй Польшчы.
У кнізе разглядаецца ўсё славянства – а значыць, вялікія абшары еўрапейскага кантынента ад узбярэжжа Адрыятыкі да Волгі і ад Балтыйскага мора да Радопаў. Даследаванне прысвечана галоўным чынам Сярэднявеччу, але ў ім знайшоў месца таксама шэраг сюжэтаў з новай і найноўшай гісторыі славянскіх народаў. Такі шырокі падыход да тэмы дазваляе рабіць параўнанні і абагульненні, важныя для гісторыі не толькі славянскіх краін, але і ўсёй Еўропы, бо славяне складаюць сёння больш як трэць яе насельніцтва. Аўтар нідзе не дае канкрэтнага і дакладнага вызначэння, каго ён лічыць славянамі. Але з заўваг, якія не раз сустракаюцца ў тэксце кнігі, можна зразумець, што славяне для яго – гэта народы, якія размаўляюць на славянскіх мовах. Увогуле, моўнай праблематыцы ў працы аддадзена вялікая ўвага.
Галоўныя даследчыцкія пытанні выглядаюць наступным чынам. Ці былі “славяне” (агульнаславянская супольнасць) у Сярэднявеччы канструктам, а калі былі, дык у якім сэнсе? У якой ступені “славянства” адначасова ўяўляла сабой рэальную з’яву? (49). У адпаведнасці з гэтым навуковы наратыў распадаецца на дзве вялікія плыні: адна прысвечана гісторыі ідэі славянскай еднасці, а другая – фактычнаму стану спраў у гэтай сферы.
На пачатку працы ў больш агульных рысах выкладзена ўся гісторыя ідэі еднасці славянскіх народаў. У славянскіх краінах яна ўпершыню была зафіксавана ў творах, якія адносяцца да эпохі высокага Сярэднявечча. Праўда, яшчэ раней пра супольнае паходжанне і супольную гісторыю славян пісалі і замежныя аўтары. Але самага поўнага і грунтоўнага развіцця славянская ідэя дасягнула ў XIX–XX ст. Менавіта ў гэты час акрэсліўся стэрэатыпны вобраз і найважнейшыя рысы ідэалогіі славянскай еднасці. Акурат з гэтымі ўяўленнямі Э. Мюле параўноўвае тое, як выглядала славянская супольнасць у Сярэднявеччы.
Уласна кажучы, манаграфія і пачынаецца з разгляду таго, як адбывалася афармленне славянскай ідэі ў канцы Новага і ў Найноўшы час. Нягледзячы на тое, што сама думка пра еднасць славян была прывабнай для многіх, у розных краінах гэтая еднасць бачылася вельмі па-рознаму. Калі аўстраславізм вёў да прызнання таго, што ўсе братэрскія славянскія народы павінны быць роўнымі і свабоднымі, дык сярод расійскіх славянафілаў (а фактычна русафілаў і велікарускіх нацыяналістаў) былі і тыя, хто заклікаў стварыць адзіную вялікую славянскую дзяржаву, дзе лідарам будзе Расія, а абавязковай умовай славянскай еднасці павінна стаць прыняцце ўсімі славянамі праваслаўя і рускай мовы. Актыўна выкарыстоўваў славянскую ідэю і Савецкі Саюз – асабліва ў час Другой сусветнай вайны і ў першыя пасляваенныя гады. Аднак у сувязі з пагаршэннем савецка-югаслаўскіх адносінаў і пачаткам халоднай вайны (умоўна – пасля 1948 г.) славянская тэматыка хутка страціла свае пазіцыі ў міжнароднай палітыцы і перайшла ў сферу навукі. Тут славістычныя даследаванні даволі інтэнсіўна праводзяцца і сёння.
Аўтар не пакінуў па-за ўвагай і нялёгкае пытанне пра ролю нямецкага фактара ў новай гісторыі славянства. Наадварот, ён прысвяціў яму параграф “Славянская супольнасць і нямецкі антыславізм” са змястоўным экскурсам у гісторыю антыславянскіх настрояў сярод нямецкіх палітыкаў і інтэлектуалаў. Да іх ліку сапраўды належала нямала вядомых асоб, у тым ліку Фрыдрых Энгельс. Увогуле ж шматлікія элементы антыславізму можна было заўважыць у грамадска-палітычным жыцці ФРГ ажно да канца 60-х гадоў XX ст.
Размова непасрэдна пра Сярэднявечча пачынаецца з раздзела “Раннеславянскі свет”, які прысвечаны дадзяржаўнаму перыяду ў гісторыі славянства. Аўтар адмаўляецца ад пошукаў славянскай прарадзімы, лічачы састарэлай саму тэарэтычную схему, згодна з якой раннесярэднявечныя народы (gentes) былі супольнасцямі аднаго біялагічнага паходжання, якія мелі нейкую прарадзіму, дзе ўзніклі і адкуль потым рассяляліся па іншых землях (51–52). Замест гэтага ён намераны высветліць, як і чаму вялікія групы людзей стваралі пэўную ідэнтычнасць – этнічную, палітычную, грамадскую, культурную.
Як вядома, першыя пісьмовыя звесткі пра славян паходзяць з VI ст. А ўжо ў VII–VIII ст. амаль што ўся Цэнтральна-Усходняя Еўропа, за выключэннем хіба толькі Вялікай Венгерскай нізіны, была заселена славянамоўнымі жыхарамі, і на ўсіх гэтых абшарах панавала раннеславянская культура. Такі хуткі працэс яе пашырэння не мог быць вынікам выбуховага росту насельніцтва ў славян – ён быў занадта імклівым, каб яго можна было звесці толькі да дэмаграфіі. Найноўшыя даследаванні паказваюць, што гэты працэс выглядаў значна больш складана і прадугледжваў, у большай ступені, асіміляцыю і акультурацыю, перамешванне розных этнічных элементаў: аўтахтонных і прышлых славянскіх. Таму поспех экспансіі “славян” на гэтай вялізнай тэрыторыі быў абумоўлены не іх колькасцю і вайсковым ціскам, а вельмі прывабнай культурнай мадэллю, якую яны прапанавалі. Паводле аўтара, гэтую яе прывабнасць абумовілі такія рысы, як простасць (існавалі толькі базавыя формы гаспадаркі, грамадства было слаба дыферэнцыянавана і інш.), эластычнасць (здольнасць прыстасоўвацца да канкрэтных мясцовых умоў), адкрытасць у адносінах да чужынцаў (славяне лёгка прымалі іх да сябе). Трэба сказаць, што ў сучаснай літаратуры можна сустрэць вельмі падобныя назіранні і высновы [2]. Раннія славяне вылучаліся таксама і самымі простымі формамі арганізацыі ўлады. Іх свет уяўляў сабой збор дробных абшчын, іх патэстарныя структуры былі яшчэ нестабільнымі, а славутая славянская “дэмакратыя”, пра якую пісаў Пракопій Кесарыйскі, азначала проста адсутнасць манаршай улады. Першыя (VI ст.) славянскія правадыры заўсёды былі вайсковымі камандзірамі, яны атрымлівалі ўладу толькі на час ваенных дзеянняў. Падобна, што раннія славяне ўвогуле не ведалі антрапаморфных багоў. Яны, а таксама жрацы і адмысловыя месцы выканання культу – капішчы – з’явіліся ў іх пазней, толькі ў IX–X ст., і сталі рэакцыяй на выклік хрысціянства і дзейнасць лацінскіх і грэцкіх місіянераў.
Самыя першыя славянскія дзяржавы – Протабалгарская, заходнебалканскія княствы, Карынтыя, Старая (Вялікая) Маравія – аказаліся недаўгавечнымі і не мелі гістарычнага працягу. Выключэннем тут стала толькі дзяржава, якую ўтварылі качэўнікі-булгары. На прыкладзе Карынтыі аўтар паказвае, як паступова, але даволі хутка (на працягу IX–X ст.) пад уплывам палітычна-адміністрацыйных рэформ мянялася ідэнтычнасць мясцовых жыхароў, у першую чаргу знаці.
Такім жа буйным тэматычным блокам, як дзяржаўнасць, з’яўляецца ў манаграфіі складванне сярэднявечных нацый. Дзве гэтыя праблемы разглядаюцца ў шчыльнай сувязі паміж сабой і з пункту гледжання агульнаславянскай ідэі. Балгарыя, Чэхія, Харватыя, Кіеўская Русь, Польшча і Сербія, якія аформіліся ў раннім і высокім Сярэднявеччы ў буйныя самастойныя дзяржавы, тым не менш, прайшлі вельмі розныя шляхі развіцця. Да супольных рысаў можна аднесці хіба што вельмі вялікую інтэграцыйную ролю хрысціянства ў працэсе дзяржаўнага будаўніцтва. Па-іншаму выглядала роля славянскай мовы – для аб’яднання насельніцтва дзяржаў яна была вельмі сціплай. Але адначасова менавіта царква станавілася захавальнікам царкоўнаславянскай мовы і пісьменства, у тым ліку ў літургіі. Ні ў назвах гэтых дзяржаў, ні ў тытулах іх манархаў не фігуруе тэрмін “славянскі” – ужо на вельмі раннім этапе там былі замацаваны геаграфічныя назвы тэрыторый, на якія распаўсюджвалася ўлада адпаведных дзяржавы і манарха. Прадстаўнікі мясцовых эліт таксама не выкарыстоўвалі як саманазву этнонім “славянін”, іх эндаэтнонім утвараўся ад назвы краіны – ці, дакладней, ужо дзяржавы. Тэрміны “славянін”, “славянскі” выступалі толькі ў вельмі спецыфічных кантэкстах. Напрыклад, так называлі паганцаў – у адрозненне ад хрысціян. Пад гэтай назвай фігуравала вясковае насельніцтва – і гэтым адрознівалася ад мясцовых дзяржаўна-палітычных эліт. На памежных тэрыторыях названы этнонім быў ва ўжытку ў суседзяў славян – напрыклад, яго выкарыстоўвалі раманамоўныя жыхары гарадоў на ўзбярэжжы Далмацыі для абазначэння сербаў. Ва ўнутраных жа раёнах Сербіі азначэнне “славянін” ніколі не выступала. Аўтар увесь час падкрэслівае, якую велізарную ролю адыграла дзяржаўнасць для станаўлення адпаведных славянскіх нацый у высокім Сярэднявеччы. Менавіта дзякуючы ёй у іх сфармавалася ўласная самасвядомасць сярэднявечных нацый, якая аказалася вельмі трывалай і не знікла нават пасля ранняй страты дзяржаўнай незалежнасці, пра што яскрава сведчаць прыклады Балгарыі і Харватыі (283).
Наадварот, тыя славянскія супольнасці, якія па нейкіх прычынах не здолелі стварыць свае дзяржавы ці дзяржавы якіх мелі кароткую гісторыю, не змаглі ператварыцца і ў нацыі. Менавіта пра іх ідзе гаворка ў раздзеле “Перарваныя працэсы ўзнікнення славянскіх дзяржаў і фармавання нацый”. Гэта былі палабскія і прыбалтыйскія славяне, памаране, некаторыя балканскія славяне. Аўтар знарок спыніўся на лёсе славян у Святой Рымскай імперыі германскай нацыі, для якіх ён выкарыстоўвае назву “Славянская Германія” (Germania Slavica). У адных выпадках гэта было хуткае анямечванне, а ў іншых – як, напрыклад, у гановерскім Вендландзе і Сербскай Лужыцы – славянскі этнічны элемент захоўваўся яшчэ доўгі час або існуе нават і сёння.
Свае разважанні пра ранняе Сярэднявечча аўтар падагульняе высновай, што такія катэгорыі, як славянскасць і славянская агульнасць не адыгрывалі ў тагачасных славянскіх дзяржавах ніякай ролі. Не існавала нічога падобнага на агульнаславянскую ідэнтычнасць. Палітычныя эліты славянамоўных дзяржаў ішлі зусім іншым шляхам – яны выпрацавалі ўласную дамадэрную нацыянальную тоеснасць. У той час на характар узаемаадносін паміж славянамоўнымі “нацыямі” ў большай ступені ўплывалі палітычныя і ваенныя супярэчнасці і канфлікты, а не зацікаўленасць у “славянскай агульнасці”.
Аўтар даводзіць, што ў славянскіх краінах “славянская ідэя”, якая грунтавалася на супольным паходжанні і супольнай мове, набыла нейкае значэнне толькі ў часы высокага Сярэднявечча. Упершыню яна была зафіксавана ў Кіеўскай Русі (“Аповесць мінулых гадоў”, 10-я гады XII ст.), а крыху пазней – у вобласці Дукля, на тэрыторыі сучаснай Чарнагорыі (т. зв. “Летапіс папа Дукляніна”, сярэдзіна XII ст.). Пасля прыкметнага перапынку гэты працэс знайшоў працяг у апошняй чвэрці XIII ст., і ініцыятарам тут выступіла Чэхія. Блізу 1278 г. у атачэнні мясцовага караля Пшэмысла II Атакара, які вёў зацятую барацьбу з Рудольфам I Габсбургам, упершыню была выказана ідэя пра тое, што чэхі і палякі роднасныя народы, якія павінны трымацца разам і дапамагаць адзін аднаму. Тут жа быў пастаўлены і яшчэ адзін важны акцэнт у ідэалогіі гэтага братэрскага саюза – антынямецкі. Канцэпцыя мела свой працяг у чэшскай храністыцы XIV ст., калі яна была шырока разбудавана і дапоўнена некалькімі новымі сюжэтамі. Да іх адносіліся, напрыклад, легенда пра паходжанне чэхаў з Харватыі, асаблівае шанаванне культаў некаторых святых, якіх лічыліся спецыфічна славянскімі (Еранім, Кірыл і Мяфодзій, Войцех, Пракоп), падтрымка літургіі на славянскай мове, у тым ліку выкарыстанне глагалічнага пісьма. У канцы XIV ст. славянскую ідэю падхапілі польскія аўтары, дадаўшы ў яе свае матывы. Што ж тычыцца балканскіх славян і Русі, дык, згодна з назіраннямі Э. Мюле, у познім Сярэднявеччы ідэя агульнаславянскай еднасці была там прадстаўлена даволі слаба. Як і ў выпадку з Чэхіяй і Польшчай, яна актуалізоўвалася толькі на фоне палітычных праектаў – як правіла, міждзяржаўных саюзаў. Ды нават у такіх выпадках яна адыгрывала толькі дапаможную ролю. Асобна тут стаяла Харватыя, дзе этнонім “славянін” і азначэнне “славянскі” аказаліся вельмі жывучымі. Праўда, яны мелі вельмі спецыфічны сэнс, і ў розных пластах грамадства да іх было рознае стаўленне. Напрыклад, тутэйшыя шляхецкія роды выкарыстоўвалі ў перапісцы не сваю народную, а лацінскую мову, і многія з іх з большай ахвотай выводзілі легендарнае паходжанне сваіх сем’яў не ад славян, а ад рымлян і з Італіі.
“Руская дзяржава”, пад якой аўтар разумее ўсе землі былой Кіеўскай Русі, пасля мангольскага нашэсця была гетэрагеннай і вельмі разрозненай. У мясцовых княствах панавалі рэгіяналізмы. Яны знайшлі сваё адлюстраванне, напрыклад, у мясцовых летапісах, якія, сярод іншага, зафіксавалі развітую рэгіянальную ідэнтычнасць. Нягледзячы на тое, што легенда пра паходжанне славян з “Аповесці мінулых гадоў” увайшла ў многія рэгіянальныя летапісы познесярэднявечнай Русі, яна мела зусім невялікі ўплыў на мясцовую гістарычную памяць і мясцовую самасвядомасць, бо ўяўляла сабой проста механічныя веды і заставалася “замарожанай”.
Агульная выснова Э. Мюле выглядае наступным чынам. Ідэя славянскай еднасці склалася і была выразна артыкулявана толькі ў перыяд Новага часу, і асаблівая роля тут належыць далмацкаму гуманісту Вінку Прыбоевічу, які ў 1525 г. выступіў на харвацкім востраве Хвар з пахвальнай прамовай у гонар славянства, якая праз сем гадоў была апублікавана (13–14, 420). Гэтая мадэрная славянская ідэя была ўяўленай ідэяй, а “славяне” і “славянства” былі ўяўленай супольнасцю. Праўда, гэта не значыць, што ідэя была ілжывай, непраўдзівай. Тут гаворка павінна ісці, хутчэй, пра стварэнне “ідэйнай супольнасці” як прадукту рэальнага палітычнага, грамадскага і культурнага дыскурсу на тэму ідэнтычнасці і нацыянальнай ды пазанацыянальнай прыналежнасці (413–414). Разам з тым, праведзенае аўтарам даследаванне сведчыць пра тое, што Прыбоевіч зусім не быў аўтарам-стваральнікам славянскай ідэі. Хутчэй, ён упісваўся у працяглы дыскурс, які сягаў глыбока ў Сярэднявечча. Але і тады славянства было перш за ўсё “ўяўленай супольнасцю”. Нягледзячы на гэта, ужо ў Сярэднія вякі розныя сілы, галоўным чынам палітычныя, перыядычна актуалізавалі і інструменталізавалі ідэю славянскай еднасці – зразумела, кіруючыся сваімі інтарэсамі (420). На завяршэнне аўтар выказаў думку, што тэма заслугоўвае храналагічнага працягу, і лёс славянскай ідэі ў мадэрныя часы патрабуе асобнага даследавання, храналогія якога можа быць даведзена аж да нашых дзён.
Беларускі акцэнт з’яўляецца на старонках кнігі толькі два разы. Першы раз ён гучыць у сувязі з падзеямі 1939 г., калі Савецкі Саюз здзейсніў напад на Польшчу пад сцягам вызвалення братэрскіх украінскага і беларускага народаў (40). Апрача таго, у працы адзначаны факт існавання вельмі спецыфічных ранніх славянскіх умацаваных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. На жаль, тут не абышлося без крыўднай памылкі – аўтар змясціў гарадзішча Хотамель ва Украіне (124), хоць на самай справе яно знаходзіцца ў Столінскім раёне Беларусі.
Пры ўсіх высокіх вартасцях манаграфіі некаторыя тэзы аўтара ўсё ж выглядаюць дыскусійна. Так, напрыклад, ён сцвярджае, што ніводны з ранніх помнікаў, у якіх адлюстравана славянская ідэя, не ахоплівае ўсяго славянства, а толькі пэўныя яго часткі (420). Але руская “Аповесць мінулых гадоў” на адпаведных старонках якраз пералічвае практычна ўсе тагачасныя славянскія народы. Не аспрэчваючы таго факта, што ў легендарнай частцы “Аповесці” прасочваюцца пэўныя палітычныя тэндэнцыі, усё ж не так лёгка вызначыць тую адзіную ідэйна-палітычную накіраванасць, якой адпавядае ўвесь гэты тэматычны блок. У ім можна прасачыць прынамсі некалькі тэндэнцый. Некаторыя з іх сапраўды можна звязаць з палітычнай замовай, а некаторыя – не. Калі пералік усходнеславянскіх племянных саюзаў яшчэ неяк можна звязаць з імкненнем вялікіх кіеўскіх князёў – напрыклад, таго ж Уладзіміра Манамаха – замацаваць над імі сваю ўладу, дык згадка тых ж мараваў, чэхаў, палякаў і іншых славянскіх народаў наўрад ці можа быць звязана з планамі іх падпарадкавання Кіевам.
Аўтар манаграфіі называе натхняльнікам славянскай ідэі ў мадэрную эпоху Вінка Прыбоевіча. Магчыма, яго прамова насамрэч пакінула ўражанне на тагачаснае грамадства, але ці будзе карэктнай настолькі дакладная персаніфікацыя? Літаральна ў тыя самыя гады вельмі падобным чынам выказваліся інтэлектуалы і з іншых славянскіх краін. Сапраўдны панегірык славянам мы сустракаем, напрыклад, у “Хроніцы палякаў” Мацея Мяхоўскага (1-е выд. 1519 г., 2-е выд. 1521 г). Яе аўтар не пашкадаваў узнёслых слоў і найлепшых характарыстык для гэтага “вечнага народа” (Slaui, gens perpetua). Асабліва падкрэслім факт, які згадвае і Э. Мюле, – Прыбоевіч некалькі гадоў правёў у Польшчы. Таму ён мог не толькі ведаць твор Мяхоўскага, але і асабіста быць з ім знаёмым, бо яны абодва мелі вельмі падобныя сферы дзейнасці і прафесійных інтарэсаў: Мяхоўскі – прафесар і рэктар Кракаўскага ўніверсітэта, а Прыбоевіч – прафесар тэалогіі.
Манаграфія Э. Мюле – выдатны ўзор даследавання ў галіне гісторыі ідэй, і не толькі. Аўтар прадэманстраваў бліскучую эрудыцыю па самых розных аспектах сваёй шырокай тэмы – ад археалогіі да сітуацыі ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны, а разнастайная шматмоўная бібліяграфія працы па-сапраўднаму ўражвае. Яго назіранні і высновы ўносяць у навуку шмат новага і будуць цікавымі для спецыялістаў самага рознага профілю. Усё гэта, а таксама абагульняльны характар кнігі, дазваляе гаварыць пра тое, што яна стане абавязковай для прачытання ўсімі, хто займаецца славянскай праблематыкай.
Варшава
Васіль Варонін
[1] Mühle E. Die Slawen im Mittelalter zwischen Idee und Wirklichkeit. Wien – Köln – Weimar: Böhlau Verlag, 2020.
[2] Гл.: Urbańczyk P. Myśli o średniowieczu. Wodzisław Śląski, 2013. S. 140–142.