БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Том 29, Сшыткі 1-2 (56-57) (Снежань 2022)

Артыкулы

Роберт Калодзей. Лімітацыя на сойміках Вялікага Княства Літоўскага ў часы Яна III Сабескага (1674–1696). C. 3-18.

Аляксандр Доўнар. Фінансавая справаздачнасць органаў самакіравання гарадоў Беларусі другой паловы XVI – XVIII cт. C. 19-56.

Раіса Зянюк. Традыцыі спажывання і вырабу алкаголю ў рымска-каталіцкіх манастырах і семінарыях на беларуска-літоўскіх землях (1772–1914). C. 57-74.

Генадзь Сагановіч. Шматаблічнасць Крычаўскага паўстання, або Патрэба новага погляду на сацыяльныя канфлікты. C. 75-100.

Аляксандр Пагарэлы. Да праблемы суадносін катэгорый “прырода” і “культура” ў друку Заходняй Беларусі. C. 101-146.

Сяргей Новікаў. У пошуках дакладнай колькасці нацысцкіх ахвяр у Беларусі (на прыкладзе Трасцянецкага лагера смерці). C. 147-174.

Рышард Радзік. Палякі і ўсходнія славяне: сацыяльныя ўмовы фармавання ідэнтычнасці і ментальных рысаў. C. 175-202.

Міраслаў Грох. Пра еўрапейскія карані нацыі, нацыяналізм і патрыятызм. C. 203-225.

 

Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі

Віктар Якубаў. Да праблемы месца ВКЛ у знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай першай трэці XVII ст. C. 226-243.

Ірына Раманава. Выйсці з ценю прывідаў. C. 244-256.

Эда. Песні пра багоў / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. Я. Папакуля. Мінск, 2021; Эда Сноры Стурлусана / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. Я. Папакуля. Мінск, 2021; Эда. Песні пра герояў / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. Я. Папакуля. Мінск, 2022 (Сяргей Емяльянаў). C. 257-259.

Mühle, Eduard. Słowianie. Rzeczywistość i fikcja wspólnoty, VI–XV wiek. Warszawa, 2020 (Васіль Варонін). C. 260-268.

Тимошенко, Леонід. Руська релігійна культура Вільна. Контекст доби. Осередки. Література та книжність (XVI – перша третина XVIІ ст.). Дрогобич, 2020 (Юрась Лаўрык). C. 269-280.

Романова, Ирина Н. Клеймение Красного Дракона: 1937–1939 гг. в БССР. Москва, 2021 (Ірына Махоўская). C. 281-286.

Романова, Ирина Н. Клеймение Красного Дракона: 1937–1939 гг. в БССР. Москва, 2021 (Вячаслаў Мянькоўскі). C. 287-292.

Кісь, Оксана. Українки в ГУЛАГУ: вижити значить перемогти. Львів, 2017 (Таццяна Астроўская). C. 293-300.

Аstrouskaya, Tatsiana. Cultural Dissent in Soviet Belarus (1968–1988). Intelligentsia, Samizdat and Nonconformist Discourses. Wiesbaden, 2019 (Фелікс Акерман). C. 301-305.

Kamusella, Tomasz. Words in Space and Time: A Historical Atlas of Language Politics in Modern Central Europe. Budapest and New York, 2021 (Сяргей Запрудскі). C. 306-312.

 

In memoriam

Чарадзеі не паміраюць. Слова пра Адама Мальдзіса (1932–2022) (Захар Шыбека). C. 313-317.

Памяці Янкі Запрудніка (1926–2022) (Віталь Зайка). C. 318-325.

Аўтарэфераты дысертацый па гістарычных навуках (2022). C. 326.

 

Аўтары нумара.

Contents.

(PDF)

Роберт Калодзей. Лімітацыя на сойміках Вялікага Княства Літоўскага ў часы Яна III Сабескага (1674–1696)


Соймікавая лімітацыя, або перанос даты з’езда, каб шляхта магла зноў сабрацца без новага ўніверсала, у другой палове XVII – пачатку XVIII ст. зрабілася сталым элементам палітычнага жыцця ў шмат якіх рэгіёнах даўняй Рэчы Паспалітай. Гэтае пытанне трапіла ў поле зроку гісторыкаў даволі рана. Так, яшчэ Адольф Павінскі звяртаў увагу на імкненне шляхты дабіцца магчымасці склікання сойміка незалежна ад жадання манарха [1]. Іншыя даследчыкі таксама закраналі праблематыку, звязаную з узнікненнем і развіццём гэтай з’явы [2]. Адным з тых, хто найбольш комплексна даследаваў названую тэму, быў, несумненна, Генрык Альшэўскі [3]. Важныя высновы ў дадзенай сферы зрабіў яшчэ адзін знаўца соймікавага жыцця Войцех Крыгсайзэн [4]. Цікавыя назіранні можна знайсці таксама на старонках манаграфій, прысвечаных паасобным соймікам [5]. Тым не менш, па-ранейшаму не хапае вычарпальнага і ўсебаковага даследавання з’явы соймікавай лімітацыі, у якім былі б раскрыты яе зараджэнне, прычыны, а таксама тэрытарыяльны ахоп. Чытаць далей →

Аляксандр Доўнар. Фінансавая справаздачнасць органаў самакіравання гарадоў Беларусі другой паловы XVI – XVIII cт.


Гарады на тэрыторыі Беларусі на працягу XVI– XVIII ст. як цэнтры рамяства і гандлю выконвалі важную ролю ў сацыяльна-эканамічным жыцці [1]. Вызначальную ролю ў гэтым мела тагачасная сістэма гаспадарання, традыцыі і заканадаўчая база. Адзін з феноменаў жыцця гарадоў Беларусі ў часы ВКЛ – іх самакіраванне. Самакіраванне ў гарадах Беларусі ў XVI–XVIII ст. мела розныя формы і варыянты [2], але асноўнай яго формай у той час было самакіраванне паводле магдэбургскага права. Чытаць далей →

Раіса Зянюк. Традыцыі спажывання і вырабу алкаголю ў рымска-каталіцкіх манастырах і семінарыях на беларуска-літоўскіх землях (1772–1914)


Каталіцкія кляштары традыцыйна былі цэнтрамі вялікіх гаспадарак. Прадукцыя манастырскіх гаспадарак перапрацоўвалася, у тым ліку і ў разнастайныя алкагольныя напоі. Пры згадцы пра алкаголь у каталіцкай традыцыі на думку перш за ўсё прыходзіць выкарыстанне віна ў літургічных мэтах: у час адпраўлення імшы. Аднак і іншыя алкагольныя напоі выконвалі значную ролю ў жыццядзейнасці каталіцкіх манастыроў і духоўных навучальных устаноў ды іх насельнікаў. Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Шматаблічнасць Крычаўскага паўстання, або Патрэба новага погляду на сацыяльныя канфлікты


Вядомае сёння нават школьнікам Крычаўскае паўстанне далёка не адразу заняло важнае месца ў гісторыі краіны. У ХІХ ст. у першых вопытах апісання мінулага Беларусі яно або фігуравала як бунт і паўставала хутчэй у іпастасі эпізоду крымінальнай гісторыі, а не народнай барацьбы, або зусім не згадвалася [1]. Далёкі ад гераізацыі вобраз паўстання адпавядаў духу найбольш ранняга звязнага аповеду пра тыя падзеі, змешчанага ў апісанні Крычаўскага стараства [2], якое не пазней за 1786 г. склаў Андрэй Казіміравіч Меер, ад’ютант артылерыйскага палка расійскай арміі. Па версіі названай крыніцы, завадатарамі “народнага бунту” былі Карпач і Вашчыла, якія настроілі сялян супраць уладальнікаў і яўрэяў, а галоўнай падставай выбуху насілля сталі “водкупы” яўрэяў і “прыцясненне народа”. У гэтай сувязі, як тлумачыў аўтар трактата, у Вашчылы быў намер “знішчыць усіх яўрэяў” стараства, аднак далей падзеі апісваліся як звычайны разбой, скіраваны і супраць апошніх, і супраць мяшчан ды шляхцічаў. Чытаць далей →

Аляксандр Пагарэлы. Да праблемы суадносін катэгорый “прырода” і “культура” ў друку Заходняй Беларусі


Праблема прыроды, якая закраналася ў беларускім хрысціянска-дэмакратычным друку ў сувязі з сацыялдарвінізмам, вельмі важная для разумення яго шырокага ідэалагічнага кантэксту. Яна звязана не толькі з фальклорам і вясковымі традыцыямі як крыніцамі нацыянальных сімвалаў, прыродай як пагрозай і мадэллю ў кантэксце сацыял-дарвінізму, але можа быць добрым сродкам раскрыцця працэсаў сацыяльных змен, якія адбываліся ў заходнебеларускім грамадстве. Неабходна канкрэтызаваць тыя суадносіны, якія існавалі ў канцэпцыях “прыроды” і “культуры”, прычым агульны характар такіх суадносін у міжваенны перыяд ужо быў намі адзначаны [1]. Мэта даследавання – развіццё тэм папярэдняга артыкула, але пры гэтым важней засяродзіцца на тым, каб паказаць у тым ліку магчымыя кірункі будучых даследаванняў, а не прэтэндаваць на поўнае раскрыццё разгляданай праблематыкі. Пры гэтым можна заставацца ў рэчышчы даследавання адной крыніцы (прэсы міжваеннай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі), але прыцягваць іншыя, больш разнастайныя паводле свайго характару матэрыялы, што дапамогуць лепш зарыентавацца ў кірунках змен, якія ішлі ў грамадстве, культуры і знайшлі адлюстраванне ў друку. Апошні ж можа якраз абмяжоўваць кола праблем тымі, якія непасрэдна ў ім закранаюцца. Чытаць далей →

Сяргей Новікаў. У пошуках дакладнай колькасці нацысцкіх ахвяр у Беларусі (на прыкладзе Трасцянецкага лагера смерці)


Гісторыя нацысцкага знішчэння беларускага народа – вялікая, грунтоўна вывучаная і добра вядомая галіна даследаванняў у сучаснай айчыннай і замежнай навуцы. Аднак у ёй дагэтуль з прычыны недахопу крыніц, адсутнасці дакладных звестак ці нераспрацаванасці практычных методык вывучэння такіх тэм застаюцца некаторыя белыя плямы. У той жа час у цяперашняй публічнай дыскусіі шырока ўкараняюцца новыя звесткі, прычым без грунтоўнага даследавання самога прадмета. На наш погляд, прапрацоўка гэтых важных аспектаў магчымая выключна пры правядзенні ўсебаковай навуковай дыскусіі аб трагедыі мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 г. Чытаць далей →

Рышард Радзік. Палякі і ўсходнія славяне: сацыяльныя ўмовы фармавання ідэнтычнасці і ментальных рысаў*


Палякі і расійцы, пачынаючы ад часу ўзнікнення сваіх дзяржаў, выразна адрозніваліся адзін ад аднаго культурна. У сваю чаргу, украінцы і беларусы, якія спачатку ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі, потым Рэчы Паспалітай, а ў апошнія стагоддзі – Расіі (СССР), у значнай ступені знаходзіліся ў зоне культурнага памежжа, спалучаючы некаторыя элементы культуры сваіх суседзяў як з усходу, так і з захаду. Гэта, відавочна, паспрыяла фармаванню іх уласнай ідэнтычнасці і ментальных адметнасцяў, характарыстыка якіх, аднак, не з’яўляецца мэтай гэтых разваг. Мяне цікавяць перш за ўсё гістарычна абумоўленыя адрозненні ў кантэксце ўзнікнення такіх адметнасцяў, асабліва ў культурным (рэлігійным) і структурным (класава-станавым) вымярэннях, а таксама ў функцыянаванні дзяржаўнага інстытута (улады). Асаблівую ўвагу выклікаюць апошнія два стагоддзі, калі фармаваліся сучасныя грамадствы і нацыі ў Еўропе, у тым ліку – у гэтай частцы кантынента [1]. Палякі і расійцы былі тады (як і цяпер) прадстаўнікамі асобных культурных колаў, мелі цалкам развітую вышэйшую культуру, эліту, нягледзячы на тое, што падзелы Рэчы Паспалітай пазбавілі палякаў інстытутаў уласнай дзяржавы. Зусім іншая сітуацыя склалася ва ўкраінцаў і беларусаў, якія з часам пачалі імкнуцца здабыць уласную суб’ектнасць, незалежна ад таго, як яе разумець. Для беларусаў гэта быў перыяд пераходу ад заходняй (лацінскай) цывілізацыі да расійскай (праваслаўнай). У выпадку з украінцамі сітуацыя была больш складаная, што абумоўлена першапачатковым падзелам украінскіх земляў паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй ды пазнейшым пераходам часткі гэтай тэрыторыі да Габсбургскай манархіі ў выніку першага падзелу. Чытаць далей →

Міраслаў Грох. Пра еўрапейскія карані нацыі, нацыяналізм і патрыятызм


Нацыяналізм – адзін з тых тэрмінаў, якія, як і тэрміны камунізм, гуманізм, правы чалавека, сёння жыве сваім жыццём, незалежна ад таго, што ён у рэальнасці азначае (ці павінен азначаць). Больш за тое, сёння нацыяналізм з’яўляецца глабальным феноменам, бо гэты тэрмін можна сустрэць усюды ў свеце. У той жа час гэта тэрмін няпэўны і неадназначны, які часцей за ўсё выкарыстоўваецца для дыскрэдытацыі і нават як абразлівае слова, часам як нейтральны інструмент аналізу, але ў некаторых мовах (напрыклад, у іспанскай) – для азначэння пазітыўнай каштоўнасці. Такім чынам, мы назіраем дыяметральна розныя погляды як на змест самога тэрміна, так і на яго ацэнку. У гэтай працы я хачу прывесці прыклады некалькіх кантэкстаў, якія неабходна ўлічваць, калі мы хочам зразумець і крытычна ацаніць блытаніну вакол названага тэрміна. Чытаць далей →

Віктар Якубаў. Да праблемы месца ВКЛ у знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай першай трэці XVII ст.*


Манаграфія Алены Дземідовіч, выдадзеная восенню 2021 г., уяўляе з сябе мінімальна перапрацаваны тэкст дысертацыі, абароненай аўтаркай у 2012 г. Даследчыца выдаліла ўводзіны і тэзісы, гіпотэзу і задачы працы, якія звычайна выносяцца на абарону, пры гэтым дысертацыйныя высновы пакінуты.

Гэтая кніга – першая айчынная манаграфія, прысвечаная знешняй палітыцы Вялікага Княства Літоўскага ў час панавання Жыгімонта Вазы, напісаная беларускім навукоўцам і выдадзеная ў Беларусі. У даследчыцы былі шанцы стаць першай, хто на падмурку айчынных першакрыніц, якія не патрапілі ў польскую і расійскую гістарыяграфію, раскрые ролю прадстаўнікоў ВКЛ у міжнародных адносінах ва Усходняй Еўропе. Аднак пры ўсім багацці актавых матэрыялаў Метрыкі ВКЛ, копіі якіх захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, А. Дземідовіч, з яе слоў, выкарыстала толькі чатыры справы, а мяркуючы па спасылках, актыўна працавала толькі з адной – кнігай 596. Праца змяшчае шмат вытрымак з соймавых пастаноў, соймікавых інструкцый, эпісталярных і іншых крыніц, але амаль заўсёды цытуюцца ўжо ўведзеныя ў навуковы зварот польскімі і расійскімі даследчыкамі матэрыялы. Архівы Літвы і Расіі не выкарыстоўваліся. Чытаць далей →

Ірына Раманава. Выйсці з ценю прывідаў*


Грунтоўных прац па гісторыі Беларусі, напісаных за межамі Беларусі, сёння не так і шмат. У сувязі з гэтым можна толькі вітаць чарговую манаграфію, падрыхтаваную даследчыцай з Германіі і выдадзеную ў прэстыжным выдавецтве. Манаграфія выканана на падставе дысертацыі, якую Францыска Эксэлер абараніла ў ЗША пад кіраўніцтвам вядомага даследчыка гісторыі СССР ХХ ст. Стэфана Коткіна, і называецца “Прывіды вайны. Нацысцкая акупацыі і яе наступствы ў Савецкай Беларусі”. Чытаць далей →

Эда. Песні пра багоў / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. ЯЎГЕНА ПАПАКУЛЯ. Мінск: Галіяфы, 2021. 312 с. Эда Сноры Стурлусана / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. ЯЎГЕНА ПАПАКУЛЯ. Мінск: Галіяфы, 2021. 298 с. Эда. Песні пра герояў / уклад., пер. са старажытнаісл., камент. ЯЎГЕНА ПАПАКУЛЯ. Мінск: Тэхналогія, 2022. 380 с.


Выданне на беларускай мове гістарычных крыніц, вядомых ва ўсім свеце, і важных для нашага краю, варта прызнаць падзеяй у айчыннай навуцы. У 2021–2022 г. наша навука атрымала ў сваю скарбонку адны з найбольш вядомых і архаічных тэкстаў еўрапейскай Поўначы – “Эды”. Тры кнігі, пра якія тут гаворыцца, з’явіліся дзякуючы працы полацкага перакладчыка Яўгена Папакуля. Чытаць далей →

MÜHLE, EDUARD. Słowianie. Rzeczywistość i fikcja wspólnoty, VI–XV wiek. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN SA, 2020. 473 s.


Польскі пераклад манаграфіі вядомага спецыяліста па гісторыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы прафесара Эдуарда Мюле выйшаў адначасова з яе арыгінальным нямецкамоўным выданнем [1]. Аператыўнасць стала ўжо звычайнай для польскага рынка навуковай літаратуры. Многія міжнародныя кніжныя навінкі, асабліва канцэптуальна значныя, выходзяць у польскім перакладзе на працягу некалькіх гадоў пасля дэбютнай публікацыі – ці ўвогуле адначасова з ёй. І, вядома ж, асаблівая ўвага аддаецца тут даследаванням, якія ў той ці іншай ступені звязаныя з гісторыяй Польшчы. Чытаць далей →