БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Ганна Харашкевіч. Водгук на рукапіс калектыўнай працы «Белоруссия в ХIII — середине XVI в


Публікацыяй водгуку Ганны Леанідаўны Харашкевіч на рукапіс легендарнай працы, што выклікала столькі размоў у асяроддзі гісторыкаў, але так і не пабачыла свету, рэдакцыя БГА адкрывае новую рубрыку „З архіва гісторыка“, у якой будзе змяшчаць даўнія рэцэнзіі і водгукі з прыватных архіваў вучоных, г.зн. тэксты, якія пісаліся не для публікацыі, але рэальна ўплывалі на ландшафт нашай гістарыяграфіі.

ВОДГУК
на рукапіс калектыўнай працы
«Белоруссия в ХIII — середине XVI в.
(Очерки социально-экономической,
общественно-политической и культурной жизни»

Поспехі савецкай медыявістыкі несумненныя. На аснове крыніц, якія наноў уводзяцца ў навуковы зварот, з дапамогай больш глыбокай методыкі даследавання старых, даўно апублікаваных крыніц савецкія гісторыкі, кіруючыся прынцыпамі гістарычнага матэрыялізму, у новым святле паказваюць гісторыю розных народаў Савецкага Саюза.

Перад аўтарамі рэцэнзаванай манаграфіі стаяла складаная задача — абагульніць вынікі прац буржуазных вучоных у галіне як сацыяльна–эканамічнай гісторыі (за выключэннем прац А.П.Грыцкевіча, М.Ф.Спірыдонава і часткова З.Ю.Капыскага па–даследчыцку перыядам ХIII — першай паловы XVI ст. у Беларусі ніхто не займаецца), так і сацыяльна–палітычнай. Крыху ў лепшым становішчы знаходзіўся аўтар раздзелаў па гісторыі культуры, якой у апошні час быў прысвечаны шэраг даследаванняў (праўда, у асноўным пра матэрыяльную культуру, спецыяльных манаграфій пра духоўную культуру Беларусі эпохі Сярэднявечча няма).

Няма і адзінай канцэпцыі развіцця беларускіх земляў у эпоху станаўлення беларускай народнасці, няма ацэнкі месца гэтых земляў у агульным працэсе эвалюцыі феадалізму ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Цалкам адсутнічаюць параўнальна–гістарычныя працы, у якіх усебакова былі б паказаны своеасаблівасць і агульныя заканамернасці развіцця Беларусі ХIII — першай паловы XVI ст. Ускладняюць становішча аўтараў і тыя абставіны, што за выняткам «Белоруссии эпохи феодализма» сучасных публікацый крыніц па гэтым перыядзе няма. Матэрыял беларускіх і цэнтральных архіваў калі і ўводзіцца ў навуковы зварот, то без удзелу гісторыкаў Беларусі (летапісы выдае М.М.Улашчык, актавы матэрыял амаль не публікуецца).

У рэцэнзаванай манаграфіі, як у люстэрку, адбіліся ўсе моцныя і слабыя бакі сучаснай беларускай гістарыяграфіі перыяду Сярэднявечча: палкае жаданне зрабіць даступным шырокім народным масам уяўленне пра эпоху фармавання беларускай народнасці, энергічная крытыка схемаў эмігранцкай літаратуры (на жаль, толькі беларускай), з аднаго боку, і, з другога, недастаткова выразнае арыентаванне ў розных аспектах таго «жыцця» Беларусі, якое аўтары імкнуцца выявіць, менавіта «выявіць», а не даследаваць (параўн. с.6 «Введения»).

Пачнем з «Уводінаў» (аўтары В.І.Мялешка, З.Ю.Капыскі). На с.6 з’яўляецца згадка пра «дадзеную праблему», якой нібыта будзе прысвечана кніга. Аднак што гэта за «праблема», чытачу застаецца незразумелым пад час чытання не толькі «Введения», але і ўсёй кнігі. На с.1—2 пастулюецца шэраг палажэнняў, якія маглі б служыць высновамі, калі б адпавядалі ісціне — пра ўсталяванне «сталых формаў, уласцівых развітому феадальнаму спосабу вытворчасці», «сістэмы васальнай залежнасці», «завяршэнне фармавання класаў–саслоўяў» і г.д. На аснове гэтых фармулёвак можа скласціся ўражанне, што «сталыя формы … развітога феадалізму» Беларусі ніколькі не адрозніваюцца ад класічнага, якім да сёння лічыцца, напрыклад, французскі. Пра гэта проста сказана на с.3: «улучэнне … беларускіх земляў у Літоўскую … дзяржаву паскорыла (першапачаткова было: «у ім») фармаванне класічных формаў феадальнага грамадства і дзяржавы…». Зноў класічны ўзор феадалізму ў Беларусі і нават болей — у ВКЛ… На жаль, аўтары мінаюць канкрэтныя асаблівасці развіцця Беларусі і не ставяць задачы вывучэння своеасаблівасці гэтага раёна Еўропы перад аўтарамі калектыўнай працы.

У кароткай ацэнцы гістарыяграфіі, прапанаванай аўтарамі «Ўводзінаў», пераважае інтарэс да нацыянальных аспектаў гісторыі дзяржаўнасці, пра класавы ж падыход да гісторыі дзяржавы, узорамі якога могуць быць шэраг прац У.І.Леніна — «О государстве» і інш., яны не згадваюць. Нават крытыка эмігрантаў, у тым ліку і Г.Пашкевіча, вядзецца, у асноўным, з пазіцый нацыянальных (с.6). Істотная, на наш погляд, не столькі этнічная прыналежнасць князёў і феадалаў, колькі класавая — літоўскія і беларускія феадалы разам з украінскімі дзялілі пірог, спечаны народамі беларускім, украінскім і літоўскім. І ва «Ўводінах», і ў раздзеле «Гістарыяграфія» (аўтар А.М.Карпачоў) неабходна выкрыць схемы не толькі адных беларускіх нацыяналістаў–эмігрантаў, але і літоўскіх, і ўкраінскіх. Іх пазіцыі супрацьпаставіць пазіцыю марксісцкіх савецкіх гісторыкаў, паслядоўных інтэрнацыяналістаў.

Гістарыяграфічны раздзел (§ 1 раздзелу I) прысвечаны толькі двум пытанням — характару ўлучэння беларускіх земляў у Літоўскае Княства і ролі іх у ВКЛ. Думаецца, такое звужэнне тэмы неправамернае. І па сутнасці, бо кніга прысвечана асвятленню ўсіх бакоў жыцця беларускіх земляў, і фармальна, бо некаторыя раздзелы ўяўляюць з сябе сістэматызаваны пераказ назіранняў М.К.Любаўскага, М.В.Доўнара–Запольскага, а характарыстыкі іх поглядаў няма. Між тым, погляды М.К.Любаўскага на гісторыю Русі сталі прадметам спецыяльнай увагі Д.У.Карава. Павярхоўна дадзена характарыстыка прац Е.Ахманьскага і М.Космана; С.Александровіч, Л.Калянкоўскі, Ю.Бардах не згаданыя.

Эвалюцыя поглядаў гісторыкаў зусім не звязаная з пашырэннем крыніц базы (апошняй тэме прысвечана спецыяльная праца М.М.Улашчыка) і агульным рухам грамадскай думкі ў перыяд капіталізму і імперыялізму. Розныя паводле храналогіі і ўнутранага сэнсу працы разглядаюцца па–за эвалюцыяй гістарычнай думкі (с.13), а ўзаемасувязі асобных гісторыкаў вызначаюцца няслушна (наўрад ці правамоцны папрок Я.Лялевелю ў тым, што ён не прызнаў Праснякова, які жыў на тры чвэрці стагоддзя пазней, як і не дакладная фармулёўка пра блізкасць пазіцыі Лялевеля да Любаўскага, іх падзяляе яшчэ большы тэрмін) (с.12).

Патрабуюць удакладнення і некаторыя характарыстыкі грамадскіх пазіцый гісторыкаў. Нельга беспадстаўна ганіць нават дваранскую гістарыяграфію, наўрад ці Я.Лялевеля можна залічыць у «манархісты» (с.18). З такім падыходам можна адмаўляць і ролю дзекабрыстаў у вызваленчым руху Расіі.

Патрабуе больш разгорнутай характарыстыкі і шэраг прац савецкіх гісторыкаў — І.Б.Грэкава, А.П.Грыцкевіча і інш. (с.27), тым больш што ў кнізе шмат спасылак на іх, пры гэтым амаль нідзе не паказваюцца іх памылкі. Патрабуе тлумачэння розніца падыходаў да працы Г.Лаўмяньскага на с. 14 і 29, хоць гутарка ідзе, відавочна, пра тую самую працу ў двух ідэнтычных выданнях.

Недаравальны пропуск украінскіх, латышскіх і літоўскіх гісторыкаў, як савецкіх, так і замежных. Першую тэму, якой прысвечаны гістарыяграфічны нарыс, яны не толькі закраналі, але і ўважліва распрацоўвалі.

Шматлікія стылістычныя хібы пазначаны на полі, пра адну з іх варта сказаць асобна: у сучаснай рускай мове тэрмін «публікацыя» ўжываецца выключна пры выданні крыніц. Даследаванні і нават кампіляцыі так не называюцца. Гістарыяграфічны нарыс патрабуе грунтоўнай перапрацоўкі. §2 раздзелу I «Крыніцы» ўвогуле напісаны здавальняюча. Аўтар, відавочна, арыентуецца ў масе крыніц і крыніцазнаўчай літаратуры. Прыемна, што ён далучыў і ўкраінскія, і літоўскія, і польскія публікацыі. Аднак кола крыніц крыху шырэйшае за тое, якім карысталіся даследчыкі. Гутарка ідзе не толькі пра публікацыі XVIII — XIX ст., часткова ўжо састарэлыя, але і пра больш новыя (с.37 сп.2, с.39 сп.2, с.40 сп.1, с.42 сп.3, с.46 сп.1, с.47 сп.2, с.48 сп.2). Не пададзены публікацыі беларуска–літоўскіх летапісаў: ПСРЛ, т.32 і 35 і рускія пераклады Міхалона Ліцвіна (іх 2), як і некаторыя крыніцазнаўчыя працы пра Ліцвіна, Мацвея Мяхоўскага, хроніку Быхаўца, як рускія (пераважна Б.М.Флоры, хоць ёсць і беларускія — Ю.І.Драгуна), так і польскія. Затое названы рускія летапісы, большая частка якіх аўтарамі пазней не прыцягваецца (с.49 сп.1).

Прапушчаны лінгвістычныя, тапанімічныя, анамастычныя матэрыялы, гістарычныя слоўнікі і г.д. Услед за Г.Л.Харашкевіч (с.32, 33 сп.1) пададзена няправільная класіфікацыя актаў — прыватных і публічна–прававых.

§ 2 раздзелу I патрабуе невялікай дапрацоўкі.

§ 1 раздзелу II, сам па сабе напісаны нядрэнна, дае занадта беглы і занадта агульны агляд гісторыі беларускіх земляў у старажытнарускі перыяд. Мяркуецца, у гэтай калектыўнай працы можна было б толькі пашырыць некаторымі археалагічнымі дадзенымі наступны §2, але толькі тымі, якія адносяцца непасрэдна да мяжы ХII — ХIII ст. Тэма ж, узнятая ў гэтым параграфе, павінна быць разгледжана зусім асобна, тым больш што ў цяперашні час назбіраўся вялізны археалагічны матэрыял, які патрабуе навуковага даследавання і абагульнення. Наяўная сёння археалагічная літаратура не зусім задавальняе чытача.

Прапаную §1 раздзелу II зняць.

§ 2 раздзелу II (С.А.Шчарбакоў) увогуле дае рознабаковую характарыстыку перадумоваў улучэння беларускіх земляў у склад Літоўскай дзяржавы. Здаецца, некалькі перабольшана імкненне да моцнай дзяржаўнай улады ў беларускіх феадалаў. ВКЛ стала Вялікім толькі з канца XIV ст. (с.94). Прапаную некаторыя структурныя перастаноўкі (гл. тэкст) і пашырэнне гэтага параграфа за кошт археалагічнага матэрыялу (Э.М.Загарульскі) і гістарычна–геаграфічнай характарыстыкі, выкананай Г.Я.Галенчанкам.

§ 3 раздзелу II — гл. дробныя заўвагі на полі.

Назва § 4 раздзелу II патрабуе дапаўнення: XVI ст., бо гутарка ідзе выключна пра гэтае стагоддзе. Пажаданае папаўненне главы новымі працамі: Б.М.Флоры ў зб. «Куликовская битва», М., 1980. Пажаданае і азнаямленне яшчэ з двума зборнікамі амаль пад той самай назвай — МДУ і Інстытута сусветнай літаратуры, 1982 і 1980 г.

§§ 5 і 6 (А.М.Карпачоў, П.А.Лойка, С.А.Шчарбакоў, З.Ю. Капыскі) па ідэі вельмі падобныя з параграфам А.П.Грыцкевіча, які займаў гэтае месца ў 1978 г. і пазней. Матэрыялам яны ў цэлым паўтараюць М.К.Любаўскага, чым абвяргаецца сцвярджэнне, выказанае ва «Ўводзінах», быццам мае месца «нявывучанасць усіх пытанняў разгляданай праблемы» (с.6), у параграфах зашмат паўтораў, у сувязі з чым, можа быць, варта было б замяніць іх адным параграфам пад назвай «Эволюция государственного строя ВКЛ и роль в нем белорусских земель» (або нечым падобным). Выклад патрабуе строгай сістэматызацыі па этапах, у якасці якіх, на наш погляд, могуць быць вылучаны канец XIV — 30–я г. XV ст., феадальная вайна і яе ўплыў на эвалюцыю дзяржаўнага ладу, канец XV — 20–я г. XVI ст., 20–я — 60–я г. XV — XVI ст. Зрэшты, магчымая і іншая перыядызацыя.

Мяркуецца, важна акцэнтаваць увагу не на беларусізацыі феадалаў ВКЛ, а на складванні адзінага «фронту» рознапляменных або рознанацыянальных феадалаў супраць працоўнага люду ВКЛ. Пры характарыстыцы рэлігійнай палітыкі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, дадзенай Г.Л.Харашкевіч, варта ўлічваць крытыку З.Вайткавяка на яе адрас.

У тым выпадку, калі калектыў аўтараў пагодзіцца з прапановай новай назвы, можна было б матэрыял пра феадальную вайну ўвесь выкласці тут, перанёсшы яго з § 2 раздзелу V, тым больш што частка аўтараў агульная (А.М.Карпачоў, С.А. Шчарбакоў).

Пажадана пазбягаць цытавання крыніц з «чужых рук» (с.152, 188), як і паводле састарэлых публікацый (с.180 сп.2. Відаць, аўтарам засталася невядомай публікацыя «Смоленские грамоты XII—XV в.». М., 1963).

Пажаданыя і некаторыя іншыя структурныя перамяшчэнні. §§ 5—6 былі б вельмі дарэчы пасля раздзелу IV або пасля § 1 раздзелу V. Пажаданы выклад сацыяльна–эканамічнай гісторыі перад палітычнай, нават калі гутарка ідзе пра беларускія землі ў межах ВКЛ.

Раздзел III (М.Ф.Спірыдонаў) у адрозненне ад большасці іншых уводзіць у зварот шмат новых дадзеных. Праўда, пажаданая была б іх статыстычная апрацоўка (ёй паддаюцца дадзеныя попісаў 1528 і 1565 г.), што дазволіла б дакладней паказаць розныя групы феадалаў і асабліва найбуйнейшых, дадзеныя пра землеўладанне якіх найбольш поўна дакументаваныя. На жаль, з тэксту главы незразумела, як фармавалася леннае землеўладанне, характэрнае для класічнага феадалізму, і адпаведна ерархія землеўладальнікаў. Няма характарыстыкі такой своеасаблівай з’явы, як залог, хоць пра яго даўно ўжо пісаў У.І.Пічэта. Надзвычайна істотнае, хоць і вельмі складанае пытанне пра гаспадарскія землі і, у прыватнасці, асабісты дамен Жыгімонта Аўгуста.

У сувязі з тэзісам пра беларусізацыю панавальнага класа (гл. §§ 5—6 раздзелу II) было б цікава даведацца падрабязней пра склад і становішча баярства ў Беларусі. Незразумелая ступень ажыццяўлення Уставы 1557 г.

Незразумела, якім чынам адбывалася ўнутранае асваенне зямлі, хоць у крыніцах шмат звестак пра падараванне лясных угоддзяў на нейкую колькасць бочак пасеву. Сюжэт гэты вельмі істотны, бо, з аднаго боку, паказвае шляхі ўцягвання Беларусі, асабліва ў XVI ст., у сусветны гандаль зернем, лесам і залой (што часткова паказана ў працах В.В.Дарашэнкі і В.П.Павулане), а з другога — драпежнае вядзенне гаспадаркі ў перыяд феадалізму. Увогуле, экалагічныя праблемы ў дачыненні да Беларусі ў працы не паказаны. Пажадана, на прыклад ленінградскіх гісторыкаў (Аграрная история Северо–Запада России, т. I—III) паказаць і панскую, і сялянскую гаспадарку ў лічбах. Пажаданае і параўнанне ўраджайнасці ў Беларусі і іншых раёнах Усходняй Еўропы (с.232), у тым ліку і ў Літве (пажадана прыцягненне літоўскай літаратуры, у прыватнасці, Ю.Юргініса і Э.Гудавічуса).

У § 3 гутарка ідзе пра феадальную эксплуатацыю, аднак дзіўным чынам не ў храналагічнай паслядоўнасці розных яе формаў — дані, грашовага аброку, баршчыны. Пажадана параўнанне эвалюцыі гэтых формаў з суседнімі раёнамі — Літвы, Польшчы, Украіны і Русі (пра апошнюю ў сувязі з палемікай на гэты конт гл. працы А.А.Зіміна, В.І.Карэцкага і інш.). На жаль, высновы § 3 датычацца толькі аграрнай рэформы, а не ўсіх відаў рэнты.

У § 4 невыразна выкладзены мэты барацьбы сялян, хоць думка ўяўляецца вельмі слушнай (с.265). У раздзеле пра чалабіцці варта было б далучыць працу Ю.Бардаха на гэтую тэму. Як заўсёды, хочацца параўнанняў з суседнімі раёнамі (для Русі дзве кнігі А.Д.Горскага і «Очерки русской культуры» выдання МДУ).

У цэлым раздзел патрабуе невялікай дапрацоўкі. Вельмі пажадана яе пашырэнне і выданне асобнай кнігай.

Раздзел V (С.А.Шчарбакоў), прысвечаная гарадам, патрабуе нязначнай дапрацоўкі: на с. 296 недакладная фармулёўка пра склад экспарту — буйнагабарытныя тавары — лес і зерне з’явіліся толькі ў канцы XV ст., а не раней, як можна зразумець з тэксту. Змяненне экспарту сведчыць пра агульныя змены структуры ўсёй эканомікі Беларусі (параўн. для Польшчы працы Б.Зентара, Г.Самсановіча і інш.).

Неабходна падзяліць гарады Беларусі паводле тыпаў: іх геаграфічнага становішча, асноўных эканамічных і сацыяльных характарыстык (параўн. с.306, 315), вылучыць этапы развіцця. Баюся прапаноўваць што–небудзь канкрэтнае, для параўнання можна рэкамендаваць працы А.Ціхамірава і К.Гёрке. Свежы погляд на структуру сярэднявечнага горада выклаў Карлаў В.В. (Русский город, вып. 1, М., МДУ, 1972).

§1 раздзелу V (Г.Я.Галенчанка) перанасычаны агульнымі палажэннямі, якія можна было б скараціць. Няўдалы гістарычна–геаграфічны тэрмін «Маскоўская Русь», цяпер больш прыняты іншы — Паўночна–Усходняя, ён шырэйшы і больш дакладны. С.344 — вельмі цікавы спіс манастыроў, хацелася б толькі ўдакладненняў наконт часу іх утварэння — да ўваходжання ў Літоўскае княства і пасля; с.348 — ці была Крэўская унія мяжой у развіцці праваслаўнай царквы?; с.359 — добра было б улічыць думку З.Вайткавяка пра рэлігійную палітыку ў ВКЛ у канцы XV — пачатку XVI ст. (1978).

У цэлым раздзел патрабуе невялікай дапрацоўкі. Сабраныя Г.Я.Галенчанкам матэрыялы паказваюць, што тэма пра ролю царкоўнага землеўладання і розных цэркваў у грамадзянска–палітычным і сацыяльным развіцці ВКЛ вартая спецыяльнай манаграфіі.

§ 2. Противоречия и борьба внутри господствующего класса (А.М.Карпачоў і С.А.Шчарбакоў). Прапановы наконт аб’яднання з §§ 5—6 раздзелу II былі выказаны раней.

С.388 — сярод саюзнікаў вялікіх князёў літоўскіх няма крымскіх ханаў. Чаму? Добра было б выкарыстаць найноўшую літаратуру па Кулікоўскай бітве — с.390–392, а таксама працу О.Бакуса аб прычынах імкнення часткі феадалаў ВКЛ у Рускую дзяржаву.

Раздзел IV «Культура» (Г.Я.Галенчанка) змяшчае абагульненне ўжо вядомага мятэрыялу, які наноў уводзіцца ў зварот. Крыху зацягнуты § 1 (да с.434), дзе добра было б спаслацца на працы А.Я.Гурэвіча пра сярэднявечную культуру і народную культуру Сярэднявечча. У § 2, як і ў § 4, няма ніякіх, апрача с.460 пра «татараў–баяраў», згадак пра цюркскія элементы ў складванні беларускай культуры і мовы, пра што, у прыватнасці, ёсць змястоўныя працы А.І.Жураўскага і А.Я.Супруна. § 3, можа быць, варта было б дапоўніць працамі Ю.М.Дзмітрыева.

Раздзел VII (Г.Я.Галенчанка) змяшчае гістарычна–геаграфічную характарыстыку беларускіх земляў, больш дарэчную на пачатку кнігі (с.539—540). Стыль адметны вялікай колькасцю занадта навуковых замежных слоў, наўрад ці зразумелых таму шырокаму чытачу, якому адрасавана кніга. У «Заключэнні» (З.Ю.Капыскі, В.І.Мялешка) першыя паўтары старонкі — паўтарэнне «Ўводзінаў». Незразумелая ацэнка тыпу феадальных адносінаў у Беларусі — с.580 супярэчыць с.581.

Усе папярэднія старонкі былі прысвечаны крытыцы недахопаў. Пара пагаварыць і пра вартасці: гэты — трэці, наколькі я магу меркаваць па шматгадовым супрацоўніцтве з аўтарамі, — варыянт, значна лепшы за два першыя. У ім шырэй пададзена літаратура, некаторыя аўтары зрабілі ўдалую спробу творча падысці да даручаных ім тэмаў (у першую чаргу гэта датычыць раздзелаў М.Ф.Спірыдонава і Г.Я.Галенчанкі). У гэтых раздзелах — высакаякасны пачатак для будучых манаграфій. Усебакова асветлены пытанні і роўна напісаны главы і раздзелы С.А.Шчарбакова. Дапрацоўкі — і вельмі значнай — патрабуе гістарыяграфія, эвалюцыя палітычнага ладу, уводныя і заключныя раздзелы.

У сувязі з гэтымі апошнімі зноў даводзіцца вярнуцца да недапрацовак. Якая агульная канцэпцыя развіцця феадалізму ХIII — першай паловы XVI ст. на тэрыторыі беларускіх земляў? Мы маем справу з тыповым, класічным тыпам развіцця або ўласцівым шэрагу краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, такімі, як Польшча, Прыбалтыка (гл. працы Г.Самсановіча, В.В.Дарашэнкі і інш.)? Чым і як абумоўлена развіццё Беларусі?

Якая Ваша пазіцыя наконт дэмаграфічных працэсаў? Ішлі на беларускія землі з усходу і поўдня — у адным месцы, зваротны рух — у другім (с. 320, 335 і інш.). Магчыма, так яно і было, але калі і чаму? Калі прыходзілі, то чаму гэта не прывяло да ўздыму вытворчых сіл, як, напрыклад, на Русі (В.А. Кучкін)?

Асабіста мне ўяўляецца найбольш слушнай прапанова пра некаторую застойнасць развіцця эканомікі гэтага рэгіёну (с.447), але, зразумела, навязваць свой пункт погляду не магу.

Стаўленне да гістарыяграфіі, а таксама Вашай радзімы… У водгуку паказаны шматлікія пропускі ў гістарыяграфіі, але адна праца цытуецца ўдоўж і ўпоперак (Пашута, Флора, Харашкевіч), паводле яе падаюцца і крыніцы, як гэта робяць П.А. Лойка і А.М.Карпачоў. Дарэмна, гэтая кніга — не класіка. Гэта проста першая спроба падысці да адзінага пытання сярод мноства іншых, якія пастаўлены ў Вашай калектыўнай працы.

Вы пішаце пра Вашу радзіму і для Вашых суайчыннікаў, Ваша кніга павінна нараджаць любоў і гонар. Любоў і гонар за сваю краіну, павага да іншых — аснова інтэрнацыяналізму — павінны чырвонай ніткай праходзіць па ўсіх раздзелах кнігі. І беларускія гістарычная і філалагічная навукі поўныя падзвіжнікаў, якія па крупінках збіралі народны фальклор, дадзеныя пісьмовых крыніц. Толькі дзякуючы ім — людзям, якія часта адмаўлялі сабе ў самым неабходным, — мы цяпер можам узнавіць гісторыю Вашай рэспублікі. Такія імёны, як Шэйн і Сапуноў вартыя самых лепшых слоў і нашай вечнай удзячнасці. Вы ж звялі ўсю гістарыяграфію да адной вузкай праблемы, нават калі яна і трагічная, — страта самастойнасці, але ж жыццё — ішло, і Ваша кніга менавіта «Очерки … жизни».

У сувязі з гэтым адно — апошняе — пажаданне: крыху палегчыць стыль, помнячы, што Вы пішаце для Вашых блізкіх — дзяцей і ўнукаў…

Д.г.н. ст.н.с. Інстытута гісторыі СССР АН СССР Г.Л.Харашкевіч

15.01.1986 г.

Наверх

Тэгі: , ,