Патрэба ў размове аб прафесійных хваробах і клопатах нашай гістарычнай навукі наспела даўным-даўно. Хоць у афіцыйных дакладах і публікацыях, як спецыяльных, так і прынагодных, сітуацыя ў сучаснай гістарыяграфіі Беларусі ацэньваецца звычайна наўздзіў пазітыўна, у кожнага, хто сам належыць да супольнасці акадэмічных гісторыкаў, бачыць усё знутры і параўноўвае, яна не магла не выклікаць непакою.
Справа не столькі ў агульных праявах крызіснага стану гістарыяграфіі і гуманітарных навук у цэлым, — такіх, як заняпад гуманітарнай культуры, зніжэнне сацыяльнага статусу навукоўца, камерцыялізацыя навукі і г. д. Хоць і яны ў Беларусі праяўляюцца яшчэ вастрэй. Прыкладам, па ўплывах на масавую гістарычную свядомасць грамадства прафесійныя гісторыкі цяпер у нас, як падаецца, прыкметна саступаюць напору паранавуковага гісторыяпісання, так званай „гісторыі-на-продаж”. Прывычнымі сталі і даўнія недахопы гістарычнай навукі, што раней выклікалі хоць сцішаныя галасы незадаволенасці, — такія, як структурная непаўнавартасць дысцыпліны, ухіленне ад крытычнага агляду яе стану, адсутнасць абмеркавання праблем тэорыі і метадалогіі гісторыі ды інш. Чытаць далей →