Новы нумар


Ірына Раманава. “Лепельская справа”: 1937 год у Беларусі


У другой палове 1937 – пачатку 1938 г. па СССР пракацілася хваля раённых паказальных працэсаў, агульная колькасць якіх склала не менш за некалькі сотняў. Першы быў праведзены ў БССР, у Лепельскім раёне [1].

Суды былі даволі нетыповымі: на лаве падсудных – кіраўнічыя кадры раёнаў, сельсаветаў і калгасаў, усе абвінавачванні будаваліся вакол масавых фактаў злоўжывання і насілля над працоўным сялянствам. “Працоўным сялянствам” у час гэтых падзеяў называлі не толькі калгаснікаў, але і аднаасобнікаў (тых, што не ўступілі ў калгасы); яны яшчэ зусім нядаўна класіфікаваліся выключна як кулакі ці падкулачнікі – рэальныя або патэнцыйныя ворагі савецкай улады, якім не было месца ў сацыялістычным грамадстве.

Выглядала так, што Сталін заступіўся за мужыка… Але фактычна НКУС паралельна праводзіў сваю самую масавую па колькасці ахвяр аперацыю паводле загаду № 00447, асноўнай ахвярай якой сталі “былыя кулакі» і антысавецкія элементы. Адказаць на пытанне адназначна, як суадносіліся дзве гэтыя кампаніі, пакуль немагчыма. Аднак відавочна: яны ішлі разам і падагравалі адна адну.

На Лепельскі раён Масква вымушана была звярнуць увагу, калі адтуль сталі прыходзіць дакладныя аб сабатажы мерапрыемстваў, што папярэднічалі Усесаюзнаму перапісу насельніцтва [2]. Тут яшчэ ў снежні 1936 г. у двух сельсаветах (Стайскім і Пышнянскім) адмовілася адказваць на пытанні перапісчыкаў прыкладна 230 чалавек, практычна ўсе яны былі членамі сямей аднаасобнікаў. Праведзенае расследаванне выявіла, што гэта “сектанты маўчальнікі”, якія лічаць перапіс кляйменнем д’ябла, а таму заклікаюць усімі магчымымі сродкамі пазбягаць яго, як і ўвогуле любых кантактаў з прадстаўнікамі ўлады – улады Чырвонага дракона. НКУС правёў арышты сярод контррэвалюцыянераў-сектантаў; над распаўсюднікамі антысавецкіх чутак адбыўся паказальны суд у райцэнтры. Пра тое, што ў памежным раёне дзейнічае контррэвалюцыйная арганізацыя, якая сабатуе мерапрыемствы ўладаў і праводзіць антысавецкую агітацыю, было паведамлена ў ЦК УКП(б) і асабіста Сталіну [3].

Было цалкам недапушчальна, што такія падзеі адбываліся ў пагранічным раёне, які, у адпаведнасці з раней праведзенымі мерапрыемствамі, павінен стаць узорным савецкім па ўсіх паказчыках [4]. Выявілася, што савецкія і партыйныя органы не правялі належнай падрыхтоўкі напярэдадні перапісу, больш за тое, уся іх праца з насельніцтвам зводзілася да таго, што на бюракратычнай мове таго часу называлася “грубым адміністраваннем”, “масавым парушэннем рэвалюцыйнай законнасці” [5]. Было высветлена, што за 1935 г. у раёне за невыкананне выплат дзяржаве да розных спагнанняў і арыштаў асуджана 630 чалавек, у 1936 г. – 463 чалавекі. Падаткаабкладанне праводзілася без уліку рэальных магчымасцяў сялян, за яго невыкананне накладваліся велізарныя штрафы, нявыплата якіх, у сваю чаргу, вяла да канфіскацыі ўсёй маёмасці і поўнага разбурэння гаспадаркі. Прычым канфіскацыя адбывалася з абразамі, пабоямі, здзекамі і г. д.

Такім чынам замест таго каб зліквідаваць “контррэвалюцыянераў”, улады звярнулі ўвагу на іх жабрацкае становішча з прычыны няправільных дзеянняў раённага кіраўніцтва. Натуральна, гэта давала магчымасць чарговы раз перакласці віну з цэнтра на перыферыю. Справа выглядала так, што насельніцтва байкатавала перапіс галоўным чынам з-за палітыкі мясцовых органаў улады, якія замест правядзення растлумачальнай і выхаваўчай працы сярод насельніцтва звярталі на яго ўвагу толькі з нагоды невыканання падаткаабкладання ці іншых “абавязацельстваў перад дзяржавай”, прычым праводзілі ўсё “з парушэннем рэвалюцыйнай законнасці”. Гэта склала сутнасць таго, што было названа “Лепельскай справай”.

“Лепельская справа” выступіла ў якасці ўзорнай і набыла ўсесаюзную вядомасць. Пра сітуацыю праінфармавалі ўсе раёны СССР, кожны з іх павінен быў неадкладна правесці праверку ў сябе на наяўнасць фактаў, выкрытых у Лепелі, і прыняць адпаведныя меры.

У пастанове ЦК УКП(б) па “Лепельскай справе” ад 8 лютага падкрэслівалася запушчанасць партыйна-палітычнай работы ў пагранічных раёнах БССР. 18 лютага адпаведную пастанову прыняў ЦК КП(б)Б. Адказным за “грубае скажэнне савецкіх законаў і прамое самавольства ў адносінах да шэрагу аднаасобных і калгасных гаспадарак” у Лепельскім раёне было названа вышэйшае кіраўніцтва рэспублікі, адзначалася, што аналагічнае становішча мае месца і ў іншых раёнах. У сувязі з гэтым ва ўсе пагранічныя раёны камандзіраваліся члены і кандыдаты ў члены ЦК КП(б)Б [6], якія павінны былі правесці закрытыя партыйныя сходы з дакладамі аб недахопах у рабоце ЦК КП(б)Б і СНК БССР па кіраўніцтве пагранічнымі акругамі і раёнамі і выяўленне на месцы спраў, выкрытых у Лепелі [7].

Адпаведна з пастановай ЦК УКП(б) ад 22 лютага суду падлягалі старшыня Лепельскага РВК Сямашка, сакратары Лепельскага РК партыі Пацэнгель і Юшкевіч, загадчык фінансавага аддзела Русанаў, раённы ўпаўнаважаны камітэта нарыхтовак пры СНК Міхайлаў, старшыня Стайскага сельсавета Гайсёнак. Рэспубліканскае кіраўніцтва – сакратары ЦК КП(б)Б М. Гікала [8] і Д. Валковіч [9], старшыня Саўнаркама М. Галадзед [10] – абвінавачвалася ў “адсутнасці грамадска-палітычнай працы і палітычнай слепаце”. Кантроль за выкананнем пастановы ад 22 лютага ўскладаўся на намесніка старшыні Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК УКП(б) і адначасова загадчыка сельгасаддзела ЦК Я. Якаўлева [11].

4 сакавіка пачаўся адкрыты паказальны суд у Лепелі. Падзеі ў раёне асвятляліся цэнтральнымі газетамі “Правда” і “Известия”. Публікацыі ў першай з іх выглядалі як інфармацыйнае паведамленне, як сігнал, падстава для арганізацыі выкрывальных спраў у іншых раёнах. Артыкулы ж газеты “Известия” былі ў іншым ключы. Першы з іх насіў гучную назву “К суду преступников!” (4 сакавіка). У артыкуле за 6 сакавіка “За спиной секретаря” быў створаны яркі вобраз сакратара райкама партыі Пацэнгеля:

«Этот бритоголовый человек с выпуклыми кофейными глазами, в золотом пенсне и полувоенном костюме представляет собой законченнейший “образцово-показательный” тип разложившегося коммуниста, на котором можно изучать все незатейливые особенности этой печальной категории людей…” – так пачынаўся артыкул. Далей ішло апісанне распарадку дня сакратара, які ўключаў: прыезд на працу пасля 11 гадзін, абед, пасляабедзенны сон у доме адпачынку, гульню ў більярд і інш. А заканчваўся артыкул так: «Зачем утруждать себя выездами в район, массовой политической работой? – презрительно думали Паценгель и Семашко. Избыток энергии, оставшейся после бильярдных баталий и дружеских встреч (с подачей холодных закусок и хлебного вина) они предпочитали направлять по иному руслу, переключая эти “энергетические резервы” в административный восторг и издевательство над колхозниками и единоличниками» [12].

Аўтары – браты Тур – стварылі цэлую серыю карыкатурных вобразаў савецкіх самадураў-упраўленцаў: задаваліся межы дапушчальнага (а дакладней – іх адсутнасць) усім, хто меў дачыненне да справы.

Сцэнарый суда быў просты: дрэнныя мясцовыя начальнікі парушалі Сталінскую канстытуцыю, злоўжывалі ўладай, пераабкладалі і трэціравалі сялян. Пра гэта даведаўся Сталін і заступіўся за мужыка. Цяпер вінаватыя – мясцовае кіраўніцтва – падлягаюць суду, а ў якасці сведак і асноўных абвінаваўцаў – самі сяляне.

Ва ўсе бюро абкамаў, райкамаў СССР накіравалі інфармацыйныя лісты аб фактах масавых парушэнняў рэвалюцыйнай законнасці ў Лепельскім раёне для інфармацыі і прыняцця адпаведных мераў у сябе.

Па БССР паўтарэнне Лепельскай справы было выяўлена ва ўсіх правераных раёнах.

Зноў пытанне пра “Лепельскую справу” разглядалася на сакавіцкім пленуме ЦК КП(б)Б, на якім таксама было агучана рашэнне ЦК УКП(б) ад 14 сакавіка аб рэкамендацыі ў Беларусь першым сакратаром ЦК В. Шаранговіча. У сваім выступленні Шаранговіч падкрэсліў, што выяўленыя перагібы – гэта не толькі справа мясцовых работнікаў, праверкі патрабуюць і работнікі цэнтральных апаратаў. На гэтым жа пленуме старшыня СНК БССР М. Галадзед [13] і старшыня ЦВК БССР А. Чарвякоў [14] былі абвінавачаны ў праваапартуністычных памылках у мінулым [15].

Для разбору “шкодніцкай” дзейнасці ў Мінск з Масквы прыбылі намеснік старшыні Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК УКП(б) і адначасова загадчык сельскагаспадарчага аддзела ЦК Я. Якаўлеў і загадчык аддзела кіраўнічых партыйных органаў ЦК ВУП(б) Г. Малянкоў.

Менавіта Якаўлева і прызначылі кіраўніком створанай Палітбюро ЦК камісіі па выніках “Лепельскай справы”, дзе ён адказваў за шырокі комплекс мераў, у тым ліку па пераадоленні культурнай адсталасці ў пагранічных раёнах. Прыехаўшы ў БССР, Якаўлеў наведаўся ў Лепельскі раён асабіста.

Пасля васьмі дзён побыту ў Беларусі Малянкоў і Якаўлеў падалі Сталіну праект рашэння ЦК УКП(б) “Аб кіраўніцтве ЦК КП(б) Беларусі”. Праект быў зацверджаны 27 чэрвеня 1937 г. У адпаведнасці з ім як ворагі народа з працы здымаліся першы сакратар ЦК КП(б)Б Шаранговіч, другі сакратар Дзяніскевіч і наркамзем Беларусі Нізаўцаў. Іх справы перадаваліся ў НКУС. У той жа дзень першым сакратаром ЦК КП(б)Б быў прызначаны Якаўлеў [16].

Якаўлеў і Малянкоў правялі расстрэльны чэрвеньскі пленум ЦК КП(б)Б (1937). Недахопы ў развіцці сельскай гаспадаркі, масавыя незадавальненні і пратэсты сялян супраць падатковай палітыкі, невыкананне планаў шэрагам прадпрыемстваў тлумачылася контррэвалюцыйнымі дзеяннямі антысавецкага падполля, якое ставіла сабе за мэту адрыў Беларусі ад Савецкага Саюза, паразу СССР у час будучай вайны.

Само паседжанне пленума ўяўляла сабой допыт сакратароў райкамаў і старшынь акрвыканкамаў, якіх выклікалі на трыбуну для справаздачы. Па сведчанні відавочцаў, Якаўлеў сам называў па спісе, верагодна, ужо прызначаных ахвяр. Малянкоў стаяў тут жа ў прэзідыуме, у позе Напалеона, у ботах, выставіўшы наперад нагу і заклаўшы рукі за борт кіцеля і разам з Якаўлевым атакаваў выкліканых. Ад іх патрабавалі: “Раскажыце самі аб вашых шкодніцкіх справах”. Пасля гэтага забіралі ў сакратароў райкамаў партыйныя білеты; напагатове ў калідоры будынку ЦК стаялі супрацоўнікі НКУС, якія тут жа, на пленуме, арыштоўвалі ўдзельнікаў пленума. З 24 выступоўцаў на пленуме было арыштавана і расстраляна 20 чалавек [17].

Згодна з рэзалюцыяй пленума партыйным арганізацыям прапаноўвалася ў цэнтр сваёй работы паставіць хуткую і рашучую ліквідацыю вынікаў шкодніцтва польскіх шпіёнаў, разгром да канца польскіх шпіёнаў, шкоднікаў і дыверсантаў.

Першым і другім сакратарамі ЦК КП(б)Б Малянкоў прызначыў адпаведна А. Волкава [18] і А. Лявіцкага [19], якія і павінны былі правесці гэтую ліквідацыю.

Пасля пленума пачалася чыстка ЦК, СНК, ЦВК БССР, наркаматаў і г. д., раённых арганізацый.

Па выніках “Лепельскай справы” неабходна было таксама ліквідаваць наступствы перагібаў і парушэння рэвалюцыйнай законнасці ў адносінах да аднаасобнага працоўнага сялянства. Магчыма, гэты крок рабіўся з мэтай заспакаення сялянства, у тым ліку аднаасобнікаў, якія нядаўна былі пазбаўлены кляйма “лішэнцаў” і павінны былі ў самым хуткім часе прыняць удзел у першых тайных усеагульных выбарах, што абяцала ім “самая дэмакратычная» ўсвеце Канстытуцыя 1936 г. Да таго ж, як адзначалася, калектывізацыя да 1937 г. амаль спынілася: неабходна было знайсці дадатковыя аргументы па яе інтэнсіфікацыі.

2 жніўня 1937 г. ЦК УКП(б)Б і СНК СССР прынялі пастанову “Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству БССР і аб ліквідацыі вынікаў шкодніцтва ў справе калгаснага ўпарадкавання”. Згодна з ёю калгаснікаў неабходна было забяспечыць прысядзібнымі надзеламі па вызначаных нормах (да 0,5 га). Выявілася, што больш чым трэцяя частка з іх мела значна менш [20]. Зямля перадавалася ў тым ліку за кошт ліквідацыі “створаных шкоднікамі” саўгасаў (якія крыху раней ствараліся за кошт абрэзкі земляў калгасаў і калгаснікаў) [21].

Ранейшая забарона сялянам карыстацца выпасам у лясах, будаўнічым лесам, дрывамі і г. д. была прыпісана таксама бандзе польскіх шпіёнаў і шкоднікаў [22], як і давядзенне пасяўных заданняў, якія перавышалі наяўныя ў калгасах землі. Выглядала на тое, што цяпер справядлівасць перамагала: калгаснікам, калгасам і аднаасобнікам дазвалялася бесперашкодна пасвіць жывёлу у лясах дзяржаўнага і мясцовага значэння, а пасяўныя заданні на 1938 г. былі скарочаны на 300 000 га. Таксама спісваліся недаборы па мясе, малаку, бульбе, натурплаце МТС. План здачы малака калгасным дваром быў зніжаны ўдвая – да 55 літраў на год ад адной каровы [23]. Істотныя льготы даваліся аднаасобнікам пры ўступленні ў калгас. Па-першае, у такім выпадку з іх спісваліся ўсе запазычанасці на 1 студзеня 1937 г. і яны павінны былі плаціць сельскагаспадарчы падатак па норме для калгаснікаў. Па-другое, на працягу месяца павінны былі атрымаць калгасны прысядзібны надзел. І, акрамя таго, не трэба было выплачваць узнос за каня і насенне, калі сяляне не мелі іх на момант уступлення [24].

Асобна падкрэслівалася: дадзенае рашэнне прынята па ініцыятыве таварыша Сталіна. Усім партыйным і савецкім арганізацыям раёнаў загадалі неадкладна абмеркаваць ва ўсіх калгасах, саўгасах, МТС, сярод аднаасобнікаў і “ўсяго беларускага народа дадзеную пастанову, прыступіўшы неадкладна да яе выканання” [25]. З месцаў, у сваю чаргу, паведамлялі ў цэнтр, што пастанова была “сустрэта працоўнымі масамі Беларусі з вялікім натхненнем і выклікала велізарны вытворчы пад’ём сярод калгаснікаў і прыліў аднаасобнікаў у калгасы і нянавісць да ворагаў народа банды нацыянал-фашыстаў і агентаў замежных фашысцкіх дзяржаў, што арудавалі ў Беларусі” [26].

Відавочна, пастанова павінна была стымуляваць прыліў у калгасы. У БССР усё яшчэ больш за 100 тыс. сялянскіх гаспадарак вялі гаспадарку аднаасобным чынам. Аднак на 1 верасня 1937 г. уступіла ў калгасы толькі 1925 гаспадарак (літаральна па некалькі на раён) [27].

На падставе гэтай пастановы (ад 2 жніўня 1937 г.) перагляду падлягалі ўсе справы асуджаных у 1934–1937 г. за невыкананне дзяржаўных абавязацельстваў па натуральных пастаўках і грашовых плацяжах, а таксама справы аб лесапарушэннях і самаўпраўным захопе зямлі калгаснікамі і аднаасобнікамі. Праводзіўся перагляд спраў і вызваленне з-пад варты няправільна асуджаных “асобаўсельскага ікалгаснага актыву”. З лістапада 1937 г. да траўня 1938 г., паводле дадзеных Вярхоўнага суда, былі перагледжаны 51 882 справы ў адносінах да 72 817 чалавек [28]. У выніку больш чым з 38 тыс. чалавек рашэннем ЦВК БССР была знята судзімасць, у адносінах да 5,6 тыс. прысуды былі адменены [29].

3 жніўня 1937 г. усім сакратарам абкамаў, крайкамаў УКП(б) і ЦК нацкампартый была накіравана дырэктыва (за подпісам Сталіна), у якой паведамлялася аб “шкодніцкай рабоце ворагаў народа ў галіне сельскай гаспадаркі, накіраванай на падрыў гаспадаркі калгасаў і на правакаванне калгаснікаў на незадавальненне Савецкай уладай, шляхам сістэмы здзекаў і глумленняў над імі”. У дырэктыве, у прыватнасці, адзначалася, што мясцовае кіраўніцтва памыляецца, вырашыўшы, што “ліквідацыя шкодніцтва праводзіцца толькі закрытым парадкам па лініі органаў НКУС, а калгаснікі не мабілізуюцца на барацьбу са шкодніцтвам і яго носьбітамі”. У адпаведнасці з гэтай дырэктывай у кожным раёне трэба было арганізаваць па 2-3 судовыя паказальныя працэсы над ворагамі народа, шкоднікамі, якія прабраліся ў раённыя партыйныя, савецкія і зямельныя органы. Асабіста Сталін настойваў на тым, што асуджаныя павінны прысуджацца да расстрэлу. Сталін падкрэсліваў, што шкодніцтва разбурае калгасную эканоміку і настройвае калгаснікаў супраць савецкай улады [30].

Большасць паказальных працэсаў у раёнах праходзіла ў адносна кароткі перыяд: восенню 1937 – зімой 1938 г., што храналагічна супала з пікам аперацыі па загадзе № 00447, якая афіцыйна пачалася 5 жніўня.

Аператыўны загад НКУС СССР № 00447 “Аб аперацыі па рэпрэсаванні былых кулакоў, крымінальнікаў і іншых антысавецкіх элементаў” быў выдадзены 30 чэрвеня 1937 г. на падставе пратакола Палітбюро, асабіста падпісанага Сталіным. Менавіта гэты загад стаў вертыкаллю Вялікага тэрору 1937 г. [31], а асноўнымі яго ахвярамі – сяляне. Згодна з папярэдне (!) вызначанымі лічбамі ўсяго па СССР неабходна было арыштаваць 250 450 чалавек, з іх расстраляць 72 950, астатніх – “менш актыўных, але ўсё ж варожых” – саслаць у лагеры на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. Кожны рэгіён, кожная рэспубліка атрымала свае нормы выпрацоўкі. Для БССР вызначылі наступныя квоты: 2 тыс. па першай катэгорыі (расстрэл) і 10 тыс. па другой (арышт). На правядзенне аперацыі адводзілася 4 месяцы. Аднак яна не скончылася ў тэрмін і цягнулася 14 месяцаў. У выніку ад жніўня 1937 да лістапада 1938 г. па СССР было арыштавана 699 929 чалавек, з іх 376 206 расстраляны, што склала амаль палову арыштаў па СССР 1936–1938 г. і больш за палову смяротных прысудаў [32]. Па БССР было асуджана 24 209 чалавек, з іх 6869 – да смяротнага пакарання [33].

Раённыя паказальныя працэсы сталі неад’емнай часткай масавых аперацый 1937–1938 г., ствараючы палітычны клімат страху і істэрыі на месцах [34].

На пачатку снежня 1937 г. у даведцы аб выкананні рашэння ЦК і СНК ад 2 жніўня 1937 г. па БССР паведамлялася аб высокім уздыме калгасных мас, доказам чаму павінны былі служыць факты выкрыцця ворагаў калгаснага будаўніцтва на калгасных сходах. Сярод выкрытых пры дапамозе сялян, як адзначалася, былі, напрыклад: па Быхаўскім раёне – былы афіцэр Андрэй Самусевіч, былы жандар Рабычын, старшыня калгаса “Ответ вредителям” Пакрашынскі(ужываўфізічныя метады расправы з калгаснікамі). У Крупскім раёне выкрылі і арыштавалі як ворагаў народа двух старшынь калгасаў, знялі з працы за шкодніцтва ветфельчара, двух аграномаў; у Асіповіцкім раёне – былога старшыню РВК Трызну і загадчыка РайЗА Міхалюка і інш. [35].

Аднак раённыя паказальныя працэсы не абмяжоўваліся калгасным і раённым кіраўніцтвам. 10 верасня 1937 г. на месцы была разаслана дырэктыва Сталіна і Молатава аб правядзенні “па вобласці, краі ад двух да трох паказальных судаў над шкоднікамі па захоўванні збожжа” з расстрэльнымі прысудамі [36]. 2 кастрычніка Сталін і Молатаў прынялі дырэктыву “аб шкодніцтве і паказальных працэсах у галіне жывёлагадоўлі”. Высоўвалася патрабаванне “арганізаваць па кожнай рэспубліцы, краі і вобласці ад 3 да 6 адкрытых паказальных працэсаў з прыцягненнем сялянскіх мас і шырокім абвяшчэннем у мясцовым друку” [37].

Гэтыя мерапрыемствы дазволілі сапраўды мабілізаваць сялян на выяўленне ўсіх відаў “ворагаў” (як тых, чыё сацыяльнае становішча ці палітычная арыентацыя ў мінулым не маглі быць праігнараваны ў 1937 г., так і тых, хто, выконваючы спушчаныя зверху заданні, цяпер павінен быў несці адказнасць не толькі за спосабы іх рэалізацыі, але і за саму палітыку) [38].

У аснову паказальных працэсаў лёг дапрацаваны адпаведна патрэбам часу сцэнар “Лепельскай справы” [39].

Пад час гэтай кампаніі і саміх судоў была сабрана велізарная колькасць фактаў насілля ў дачыненні да сялянства: канфіскацыі да поўнага збяднення, прымяненне метадаў фізічнага ўздзеяння (збіццё, катаванні, падвешванне нагамі да столі), прымяненне агнястрэльнай зброі, начныя аблавы і г. д. Але цяпер таксама ў якасці сур’ёзнага абвінавачвання супраць мясцовых органаў фігуравала ігнараванне імі пастановы ад 2 жніўня аб данадзяленні сялян зямлёй.

Мясцовыя кіраўнікі ведалі: аднаасобніку (якога часам па ранейшай звычцы нават называлі кулаком ці падкулачнікам) няма месца ў новым грамадстве. Таксама яны ўсведамлялі: працэнт калектывізацыі расце не толькі за кошт уступлення аднаасобнікаў у калгасы, але і за кошт скарачэння іх удзельнай вагі ў цэлым. А значыць, любыя метады ўздзеяння дапушчальныя.

Вось даволі тыповае апісанне таго, як праводзілася кампанія: “Канфіскацыя маёмасці ў аднаасобнікаў насіла характар форменнага разгрому іх гаспадарак. Папярэдне вопісаў маёмасці ў аднаасобнікаў ніколі не складалі, без пастаноў сельсаветаў у аднаасобнікаў забіралі літаральна ўсю маёмасць, пабудовы, жывёлу, корм, сельгасінвентар, адзенне, абутак, хатняе начынне, бялізну. У асобных выпадках з аднаасобнікаў прымусова здымалі і забіралі абутак, кашулі, здымалі і забіралі дзверы ад жылых хат, зразалі шулы, разломвалі платы… Разламаныя пабудовы, як правіла, без продажу звозілі на калгасны двор і там іх расцягвалі ўсе ахвотныя; жывёла перадавалася калгасам таксама без продажу, а адзенне і прадукты харчавання часткова раскрадваліся, а часткова без усялякага ўліку і вопісу здавалі ў кааператыў і распрадавалі ўсім ахвотным” [40].

Усе абвінавачаныя, як сведчаць матэрыялы спраў, сапраўды былі вінаватыя ў прад’яўленых ім абвінавачваннях. Больш за тое, факты, якія фігуруюць у матэрыялах, дэманструюць незвычайную іх вынаходлівасць у эскалацыі насілля на вёсцы. Раённыя (як правіла прыезджыя), сельсавецкія і калгасныя (часцей за ўсё мясцовыя) кіраўнікі паводзілі сябе ў вёсцы як акупацыйная армія ў варожым стане.

Так, “Бярэзінская справа” выявіла, што, напрыклад, у Пагосцкім сельсавеце аднаасобнікаў, якія не выканалі льнопаставак, сабралі ў хаце члена сельсавета Дзмітрыя Ермаловіча і пасадзілі ў яму для захоўвання бульбы. Месца было мала, таму сядзелі скурчыўшыся на бульбе, а зверху адзін з арыштантаў павінен быў стукаць гірай па падлозе над галовамі астатніх. Адмова калгасніка Трафіма Філічонка выканаць патрабаванне старшыні сельсавета аб продажы дзяржаве 3 цэнтнераў збожжа звыш ужо выкананых ім паставак і плацяжоў стала прычынай разгрому гаспадаркі апошняга. Група работнікаў сельсавета з’явілася да Філічонка ўночы, зламала ўсе замкі і ўчыніла вобшук ва ўсіх пабудовах гаспадаркі. Без усялякіх на тое падстаў забралі 40 кг ільновалакна, 8 кг пянькі, цялячую скуру, 3 мяшкі збожжа, 1½ пуда насення канюшыны. Жонка Філічонка паспрабавала абараніць змесціва куфра, за што была збіта. Па выніках інцыдэнту на гаспадарку Філічонка наклалі яшчэ 900 рублёў падатку, прычым сплаціць яго трэба было на працягу сутак. У тую ж ноч аналагічнае выняцце маёмасці правялі ў калгасніка Цімафея Няхая. Практыкаваліся моцныя пабоі калгаснікаў. Так, калгасніцу Еўдакію Падаляку старшыня калгаса пабіў з такой сілай, што тая “захварэла на хваробу лёгкіх”. Сакратар Дзмітраўскага сельсавета Мікалай Слабко і член сельсавета Нічыпар Слабко збілі да крыві аднаасобніка Сцяпана Жукоўскага за тое, што той адмовіўся ісці з імі ў сельсавет. Старшыня сельсавета Шышанок без усялякіх на тое падстаў пачаў забіраць каня ў аднаасобніка Маркевіча, які вёз на ім дровы. Спробы абараніць сваю маёмасць скончыліся тым, што Шышанок стукнуў Маркевіча абухом па галаве і забраў каня [41]. У канцы 1935 г. у вёсцы Бялавічы для ліквідацыі прарыву па льнонарыхтоўках прыбыў начальнік райаддзела НКУС Федаровіч з 5-6 чырвонаармейцамі, узброенымі вінтоўкамі, і загадаў склікаць усіх аднаасобнікаў. Але ніводны мужчына на сход не прыйшоў, з перапуду яны ўсе пахаваліся ў лесе. Пагрозы і абразы абрынуліся на іх жонак [42].

З матэрыялаў “Глускай справы”: у верасні 1936 г. сакратар РК Канашэвіч, старшыня Казловіцкага сельсавета Серада і народны суддзя Лагун арганізавалі аблаву на аднаасобніка в. Казловічы Максіма Аляхно. Пад час пагоні Лагун страляў з рэвальвера па ўцекачы. Пасля таго як Максіма Аляхно злавілі, Канашэвіч, Серада і Лагун на легкавой машыне паехалі на хутар Сямёна Аляхно, які, заўважыўшы іх, уцёк і схаваўся. Але “тройка” яго знайшла, прычым пагоня іпошукітаксама суправаджалася выстраламіз рэвальвера. Іхоць ніна Максіма, ні на Сямёна не было ніякага следчага матэрыялу, іх арыштавалі. Пасля таго як Сямён падпісаў заяву аб уступленні ў калгас, яго вызвалілі, Максіма ж адправілі ў Глуск, а праз пяць дзён Лагун асудзіў яго на тры гады [43].

Колькасць прыкладаў можна працягнуць як па гэтых, так і па ўсіх іншых раёнах.

У ходзе следства і суда былыя кіраўнікі, а потым абвінавачаныя (якія не былі зломленыя месяцамі жорсткіх допытаў), як правіла, абіралі адну і тую ж лінію абароны: не адмаўляючы злачынстваў, у якіх іх абвінавачвалі (злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, грубасць, вымагальніцтва), яны адмаўляліся прызнаваць, што дзейнічалі з контррэвалюцыйнымі мэтамі, і перакладвалі віну або на сваё непасрэднае начальства (“якое іх да гэтага прымушала”), або на нядбалых выканаўцаў (якія няправільна зразумелі іх устаноўкі і перагнулі пры іх рэалізацыі). Прычым, калі нават абвінавачаныя прызнавалі сябе вінаватымі па шэрагу канкрэтных фактаў, то адмаўлялі варожую змову, прымяненне пабояў, пагрозы зброяй.

Аднак цяпер такія паводзіны прадстаўнікоў раённай, сельсавецкай і калгаснай улады кваліфікаваліся як дзейнасць па заданні шкоднікаў, здраднікаў і польскіх шпіёнаў з мэтай зрыву арганізацыйна-гаспадарчага ўмацавання калгасаў, азлаблення калгаснага і аднаасобнага сялянства супраць савецкай улады. Адначасова выкрываліся сувязі з кіраўнікамі рэспублікі: у справах абавязкова фігураваў прыезд у раёны арыштаваных на той час дзеячоў і найперш нядаўна пасланага для выяўлення фактаў, аналагічных выкрытым у Лепельскім раёне, былога наркама земляробства К. Бенэка [44].

Паколькі ў ходзе следства і судоў лічылася ўстаноўленым, што раённае кіраўніцтва – гэта ворагі, шпіёны, здраднікі, то заканамерным прысудам па такіх справах адпаведна з Крымінальным кодэксам таго часу была вышэйшая мера пакарання – расстрэл (як, дарэчы, і раіў таварыш Сталін у пастанове ад 3 жніўня: 2-3 абвінавачаных у кожным раёне).

Новы статус набыла і “Лепельская справа”. У верасні 1937 г. на тэрыторыі Лепельскай акругі органамі НКУС быў “выкрыты” і арыштаваны “цэлы шэраг шпіёнаў і дыверсантаў”, сярод іх начальнік Лепельскага акруговага аддзела НКУС Ермалаеў. Таксама “было ўстаноўлена”, што «“Лепельскі працэс”, праведзены ў 1937 годзе, не вынік халатнасці з боку былых кіраўнікоў раёна, як гэта было ім інкрымінавана на працэсе, а вынік антысавецкай шкодніцкай працы арганізацыі правых на Беларусі» [45].

Да адказнасці зноў быў прыцягнуты абвінавачаны па “Лепельскім працэсе” былы старшыня Лепельскага райвыканкама Сямашка, які прызнаўся, што ён быў удзельнікам антысавецкай арганізацыі і што ўсе ўскрытыя ў Лепельскім раёне парушэнні савецкага закону і перагібы ў вёсцы ёсць вынік антысавецкай работы, якую ён праводзіў разам з іншымі ўдзельнікамі антысавецкай арганізацыі ў Лепельскім раёне па заданні цэнтра правых на Беларусі. Выкрытых удзельнікаў, у прыватнасці сакратара РВК Сямашку, асудзілі да вышэйшай меры пакарання [46].

У ходзе кампаніі ліквідавалі цэлыя раённыя арганізацыі: у Бялыніцкім і Рудзенскім раёнах упаўнаважанымі ЦК было выключана з партыі і арыштавана ўсё раённае кіраўніцтва, райкамы закрыты на замок, а ключы перададзены ў раённыя аддзелы НКУС, тое ж у Лёзне – ключ аддалі вартаўніку. У Бабруйску адразу пасля паседжання партыйнага актыву горада асабіста другі сакратар ЦК КП(б)Б А. Лявіцкі і НКУС Б. Берман за адну ноч арыштавалі 17 чалавек кіраўнічых раённых работнікаў (у тым ліку пракурора, старшыню РВК, упаўнаважанага па нарыхтоўках) [47]. У шэрагу раёнаў былі арыштаваны не толькі ўсе члены партарганізацыі, але і райвыканкама – у раёнах проста ліквідавалі бальшавіцкую і савецкую ўладу!

Справы вяліся даволі хутка. Так, следства па абвінавачванні кіраўніцтва Дубровенскага раёна пачалося 20 верасня, а скончылася 9 лістапада 1937 г. [48].

Гучныя справы грымелі адна за адной. Цэнтральная, рэспубліканская і раённая прэса паведамляла пра ўсё новыя суды.

У БССР паказальныя суды былі праведзены ў: Старадарожскім (29–31.10.37), Глускім (1–5.11.37), Дубровенскім (28.11–2.12.37), Чавускім (23–29.12.37), Чэрыкаўскім (26–27.01.38), Чэрвеньскім (2–4.01.38), Гарадоцкім (14– 15.02.38), Любанскім (13–15.02.38), Рэчыцкім (12–13.02.38), Пухавіцкім (9–12.02.38), Брагінскім (12–19.02.38), Сірацінскім (10–12.03.38), Грэскім (22–25.03.38), Буда-Кашалёўскім (18–21.03.38), Клічаўскім (20.12–1.01.39) раёнах [49]. Па аналагічных справах розныя прысуды атрымалі таксама кіраўнікі Бярэзінскага, Багушэвіцкага, Глускага, Жлобінскага, Клімавіцкага, Лельчыцкага, Лепельскага, Парыцкага, Старобінскага, Старадарожскага, Тураўскага, Чырвонаслабодскага, Лёзненскага, Лоеўскага, Сенненскага, Бялыніцкага, Рудзенскага, Пухавіцкага, Мазырскага, Аршанскага, Сірацінскага, Кармянскага, Жыткавіцкага, Бешанковіцкага, Петрыкаўскага і, верагодна, іншых раёнаў.

У цэлым за 1934–1937 г. па БССР трапілі пад суд больш за 500 старшынь сельсаветаў і 3 тыс. старшынь калгасаў [50].

Як арганізоўваўся паказальны суд у раёнах, можна меркаваць з матэрыялаў справы па Дубровенскім раёне [51].

Літаральна праз пару дзён пасля арышту сакратара РК Мышалава ў Дуброўна прыехаў былы намеснік пракурора Беларусі Захарын і следчы па асабліва важных справах Альтшулер, якія на месцы вывучылі ўліковыя партыйныя карткі раённых работнікаў і на падставе гэтага падабралі кандыдатуры на паказальнае асуджэнне. Так, Самулевіч быў упаўнаважаным камітэта нарыхтовак 6 месяцаў у 1935 г. і ўжо больш за два гады не працаваў у той сферы, але ён быў добрай кандыдатурай як нараджэнец Польшчы ды яшчэ служыў па мабілізацыі ў польскай арміі [52]. Ва ўліковай картцы дырэктара МТС Радзівіновіча было запісана, што ён паходзіць “з нейкіх патомных грамадзян”. На Бюро РК КП(б)Б былі актуалізаваны матэрыялы па абследаванні МТС, якія ўжо абмяркоўваліся там амаль месяц таму і па выніках чаго Радзівіновіч атрымаў тады толькі вымову [53].

У ходзе следства і суда было прызнана ўстаноўленым, што на працягу 1935–36 г. група контррэвалюцыйных шкоднікаў у асобе былога сакратара Дубровенскага РК КП(б)Б Мышалава, былога ўпаўнаважанага камітэта нарыхтовак і нам. старшыні РВК Самулевіча, былога дырэктара Дубровенскай МТС Радзівіновіча, былога заг. райфо Брагіна з дапамогай старшынь сельсаветаў і калгасаў Дрэбезава, Арлова, Кірпічэнкі і Грышчанкава праводзілі “контррэвалюцыйнае шкодніцтва, накіраванае на разбурэнне аднаасобных гаспадарак, на стварэнне антаганізму паміж калгаснікамі і аднаасобнікамі, на выклік і стварэнне незадавальнення ў адносінах да партыі і ўраду працоўнага сялянства” [54].

Паказальны суд у Дубровенскім раёне праходзіў з 28 лістапада да 2 снежня 1937 г. У якасці сведак выступілі 63 чалавекі [55]. Пад час суда, 1 снежня, быў праведзены мітынг рабочых, служачых і трактарыстаў Дубровенскай МТС. Удзельнікі мітынгу “слалі свае пракляцці ворагам народа, якія праводзілі шкодніцкую контррэвалюцыйную работу на кожным участку сацыялістычнага будаўніцтва” ў раёне і прасілі спецыяльную калегію Вярхоўнага суда БССР прымяніць да “подлых здраднікаў радзімы… расстрэл”, а таксама бралі на сябе абавязацельствы павышэння вытворчасці працы, абяцалі “яшчэ вышэй падняць рэвалюцыйную бальшавіцкую пільнасць на кожным участку працы па выяўленні і выкрыцці рэшткаў контррэвалюцыйных элементаў і ліквідацыі наступстваў шкодніцтва” [56]. Зразумела, што такія прапагандысцкія штампы ўпісваліся натрэніраванай рукой таго, хто пісаў справаздачу. Але відавочна, што факта наяўнасці такіх настрояў адмаўляць не даводзіцца.

Паводле прысуду Спецкалегіі Вярхоўнага Суда БССР ад 2 снежня 1937 г. да расстрэлу былі асуджаны першы сакратар райкама Мышалаў Саламон Мееравіч і ўпаўнаважаны па нарыхтоўках Самулевіч Іосіф Іосіфавіч (абодва па арт. 69 КК БССР – антысавецкая дзейнасць); дырэктар МТС Радзівіновіч Ніканор Аляксандравіч (па арт. 69 КК БССР) – да 20 гадоў пазбаўлення волі з паражэннем у правах на 5 гадоў. Грышчанкаў Т. Ф. (арт. 196.1 КК – злоўжыванне ўладай) да 3 гадоў ППЛ без паражэння ў правах, Кірпічэнка Н. Ф. (арт. 197.б – перавышэнне ўлады – і 196.1. КК БССР) да 5 гадоў ППЛ, з паражэннем у правах на 3 гады пасля адбыцця пакарання; Брагін Н. Н. па арт. 69 КК па суду быў апраўданы, а на падставе арт. 196.1 КК асуджаны да 10 гадоў ППЛ з паражэннем у правах пасля адбыцця пакарання на 5 гадоў; старшыня сельсавета Арлоў Яўхім Аксенцьевіч і Дрэбезаў Е. З. (па арт. 196.1 і 197 б. КК БССР) – да 10 гадоў пазбаўлення волі ў ППЛ кожны з паражэннем у правах пасля адбыцця пакарання на 5 гадоў кожнага. Прысуд быў абвешчаны як канчатковы і абскарджанню не падлягаў [57].

Далей хваля дакацілася і да органаў судавытворчасці і пракуратуры, якія абвінавачваліся, фактычна, у тым жа, што і раённыя кіраўнікі: “праводзілі актыўную антысавецкую работу, што выяўлялася ў прымяненні масавых незаконных рэпрэсій над працоўнымі горада і вёскі”, “парушалі рэвалюцыйную законнасць з мэтай выклікаць незадавальненне з боку працоўных і адначасова змазвалі і спынялі справы аб ворагах і шкодніках” [58]. Была “ўстаноўлена” іх сувязь з трацкістамі і польскай разведкай. За тры месяцы райкамамі і органамі НКУС былі “выкрыты як ворагі народа і звязаныя з імі” 11 райпракурораў, 12 народных суддзяў. Справы кіраўнікоў пракуратуры (Глезераў, Сільверстаў), Наркамюста і Вярхсуда (Кудзельскі і Суханаў) перадаваліся ў НКУС. Ставілася пытанне аб неабходнасці праверкі ўсіх падабраных імі кадраў [59].

Карнавал раённых паказальных судоў быў у разгары, але раптам студзеньскі пленум ЦК УКП(б) (1938) паставіў пытанне аб шкодзе такіх судоў. Пачаўся перагляд спраў, тэрміны зніжаліся, а некаторыя справы, як адзначаў пракурор Новік, “якія страцілі да гэтага часу сваё значэнне”, былі ўвогуле спынены [60].

У лістападзе 1938 г., пасля пастановы СНК СССР і ЦК УКП(б) “Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства”, якое фактычна азначала згортванне масавых рэпрэсіўных акцый, праблема была перафармулявана. У “Вывадах Камісіі ЦК КП(б)Б па прыёмцы і перадачы спраў Пракуратуры БССР” адзначалася: “У Пракуратуры БССР праводзілася правакацыйная практыка ўзбуджэння шэрагу спраў супраць кіраўнічых партыйных і савецкіх работнікаў, якія арыштоўваліся без усялякіх на тое падстаў і абвінавачваліся ў контррэвалюцыйных злачынствах” [61]. Апарат і пракуратуры, і Вярхоўнага суда, а таксама ўся вертыкаль судова-пракурорскай улады патрабавалі, у адпаведнасці з такой устаноўкай, неадкладнай чысткі ад варожых элементаў.

Ці, калі спачатку работнікі суда і пракуратуры прыцягваліся за саўдзел у “парушэннірэвалюцыйнай законнасціз мэтай выклікаць незадавальненне з боку працоўных”, то цяпер іх калегі па цэху абвінавачваліся ў “правакацыйнай практыцы ўзбуджэння спраў супраць кіраўнічых партыйных і савецкіх работнікаў”.

18 чэрвеня 1938 г. сакратаром ЦК КП(б)Б стаў прысланы з Масквы П. Панамарэнка, былы намеснік Малянкова па АРПА ЦК УКП(б). 7 лютага 1939 г. ён напісаў для ЦК УКП(б) дакладную запіску аб працы Вярхоўнага суда і судовых органаў БССР, дзе абвінавачваў Вярхоўны суд і пракуратуру ў тым, што яны праводзілі ў масавым парадку працэсы па правакацыйных матэрыялах над партыйнымі і савецкімі работнікамі (у якасці прыкладу фігуруюць Кармянскі, Сірацінскі, Глускі і іншыя раёны). Адзначаў, што “часта сумленных партыйных і савецкіх работнікаў асуджалі да расстрэлу і расстрэльвалі за перагібы ў адносінах да аднаасобнікаў, на падставе паказанняў аднаасобнікаў, варожая праца якіх была пазней выкрыта” [62]. Вінаватым у неправядзенні мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў шкодніцтва Панамарэнка называў старшыню Вярхоўнага Суда БССР Абушкевіча, у выніку дзейнасці якога апарат Вярхоўнага Суда аказаўся засмечаны варожымі і сумнеўнымі элементамі [63]. Да таго ж, яго намеснікам працаваў арыштаваны Біксан – латыш, замежнік, які “па ўсіх матэрыялах выкрываецца як удзельнік контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі” [64].

26 ліпеня 1939 г. на ЦК КП(б)Б разглядалася пытанне аб пракуроры БССР С. Новіку. Панамарэнка адзначыў, што Новік, які працаваў пры Б. Берману і А. Наседкіну (былыя кіраўнікі НКУС, выкрытыя як ворагі народа), таксама адказны за правакаванне спраў [65]. Але асабліва Панамарэнка падкрэсліваў шкоднасць правядзення паказальных раённых судоў: “…хіба можна праводзіць такія паказальныя працэсы ў момант, калі мы ўзялі курс на ўстанаўленне дзяржаўнай дысцыпліны на вёсцы… Усімі гэтымі паказальнымі працэсамі запалохалі людзей, перабілі велізарную колькасць кадраў з раённага актыву, напужалі людзей такім чынам, што яны перасталі працаваць з аднаасобнікам, не сталі патрабаваць выканання дзяржаўных абавязацельстваў” [66].

У сваю абарону Новік сказаў надзвычай важную рэч: “Масавыя арышты, галоўным чынам, праводзіліся па лініі ваеннай пракуратуры, таму што ў Беларусі арыштоўвалі, галоўным чынам, па 68 арт. – за шпіянаж” [67]. Аднак факт таго, што Новік знаходзіўся на службе ў Бермана і Наседкіна, лічыўся ўстаноўленым [68].

5 жніўня 1939 г. Новік пісаў Панамарэнку, што большасць крымінальных спраў супраць раённых работнікаў пасля знакамітага Лепельскага працэсу была ўзбуджана яшчэ да яго прыезду ў БССР, што нярэдка гэтыя справы ўзбуджаліся па пастановах ЦК КП(б)Б, а яшчэ часцей па матэрыялах, якія друкаваліся ў газетах “Звезда” і “Рабочий” па вывадах абследаванняў раёнаў работнікамі ЦК КП(б)Б, Камісіі партыйнага кантролю і інш. Сярод сваіх памылак Новік адзначыў: кваліфікацыю службовых злачынстваў як контррэвалюцыйных, пераацэнку службовай сувязі некаторых раённых работнікаў з выкрытымі ворагамі народа ў цэнтры [69].

У сваіх дакладных у Маскву, у ЦК УКП(б) П. Панамарэнка даводзіў, што вінавата ў арганізацыі масавага разгрому раённых кадраў былое кіраўніцтва рэспублікі. Так, у дакладной ад 7 чэрвеня 1939 г. ён пісаў, што “так званыя раённыя паказальныя працэсы” ў Беларусі праводзіліся па прамым заданні кіраўніцтва ЦК КП(б)Б [70]. У дакладной ад 3 ліпеня 1939 г. Панамарэнка гэты працэс паказаў як змену тактыкі ворагаў народа з ліку партыйных і савецкіх кіраўнікоў Беларусі: спачатку сваёй палітыкай яны імкнуліся выклікаць азлабленне аднаасобнікаў і сялян (пераабкладанні падаткамі, парушэнне законнасці, разарэнні і г. д.), а пасля рашэння ЦК УКП(б) па Лепельскай справе змянілі тактыку і ўзялі курс на стварэнне прывілеяваных умоў аднаасобніку ў параўнанні з калгаснікам (вяртанне маёмасці, грашовыя кампенсацыі, аднаўленне ранейшых межаў землекарыстання, спісванне недабораў, перавагі пры найме на транспартныя работы, на працу на раённых прадпрыемствах) [71]. Гэта прывяло да таго, што сельскі актыў, баючыся рэпрэсій, увогуле перастаў “працаваць з аднаасобнікамі” [72]. Паводле Панамарэнкі, разлік рабіўся на выклік сярод калгаснікаў настрояў рэстаўрацыі аднаасобнай гаспадаркі. У якасці пацвярджэння ён адзначаў, што на пачатку 1938 г. аднаасобнікі ўмацавалі свае гаспадаркі, а рост калектывізацыі амаль спыніўся [73].

Цяпер Панамарэнка падкрэсліваў, што арыштоўваліся сумленныя і адданыя партыі партыйныя і савецкія працаўнікі, што “ўсялякая памылка ці няўдача ў практычнай рабоце цягнула за сабой абвінавачванне ў шкодніцтве, шпіянажы, дыверсіі і выклікала рэпрэсіі” [74]. Такім чынам, тыя дзеянні, якія крыху раней кваліфікаваліся як “шкодніцкія”, цяпер Панамарэнка называў “памылкамі ці няўдачамі ў практычнай рабоце”.

Далей ён агучыў наступныя лічбы: былі выключаны з партыі і зняты з працы 24 сакратары райкамаў, 33 сакратары райкамаў партыі былі просты зняты з працы з накладаннем розных партыйных спагнанняў, каля 35 сакратароў райкамаў арыштаваны (тут жа ён адзначаў, што пераважная большасць з іх ужо цалкам рэабілітавана). Былі зняты з працы і арыштаваны каля 50 старшынь райвыканкамаў (большай часткай таксама вызвалены і рэабілітаваны). Значна больш было арыштавана загадчыкаў раённых зямельных і фінансавых аддзелаў. Арыштоўваліся аграномы, дырэктары МТС, загадчыкі РайЗА, раённыя ўпаўнаважаныя камітэта нарыхтовак, навуковыя работнікі і г. д.

Упаўнаважаныя ЦК Зямцоў, Аксёнаў і іншыя, якія правялі рэйды па раёнах і арганізавалі правядзенне кампаніі, былі абвешчаны правакатарамі і паклёпнікамі [75].

Далей Панамарэнка апісваў механізм “выкрыццяў”: на паседжаннях Бюро ЦК “камуністам, віна якіх не была ніякім чынам пацверджана, задаваліся наступныя пытанні: Колькі атрымаў ад выведкі? Кім завербаваны? Каго вы завербавалі? Ці даўно знаходзіцеся ў контррэвалюцыйнай арганізацыі?” [76]. І рабіў выснову: ворагі, якія патрапілі у НКУС, “хаваючыся за выкрывальнымі сенсацыямі, тварылі гнюсную работу”, у выніку якой былі рэпрэсаваны невінаватыя [77].

Шэраг спраў супраць раённых кіраўнікоў быў спынены [78], ужо скончаныя справы падлягалі перагляду [79]. Дзеянні, якія раней кваліфікаваліся паводле артыкула 69 КК, цяпер перакваліфікоўваліся на артыкулы 196-1 КК, 197 і г. д.: расстрэл замяняўся турэмным зняволеннем, для арыштаваных тэрміны змяншаліся.

Так, 17 студзеня 1938 г. Судова-Наглядная Калегія Вярхоўнага Суда СССР перагледзела справы кіраўніцтва Дубровенскага раёна Мышалава і Самулевіча, ВМП адмянялася, мера пакарання вызначалася 15 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Справа Радзівіновіча была перагледжана 15 траўня 1938 г. і тэрмін пакарання зніжаны з 20 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

14 снежня 1939 г. паводле пратэсту Пракурора Саюза ССР на прысуд Спецкалегіі Вярхоўнага Суда БССР ад 2 снежня 1937 г. справа была перагледжана Судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Саюза ССР. Было ўстаноўлена, што асуджаныя Мышалаў, Самулевіч і Арлоў “злоўжывалі сваім службовым становішчам… аднак у справе няма ніякіх дадзеных, якія б сведчылі аб тым, што ўказаныя вышэй злачынствы Мышалаў здзяйсняў у к.р. мэтах. Таму яго дзеянні трэба кваліфікаваць па арт. 196-1 КК БССР”. Паводзіны Самулевіча, Арлова, Радзівіновіча цяпер тлумачыліся празмерна цяжкімі абставінамі, у якіх ім даводзілася працаваць, а мера, абраная ў адносінах да іх, была прызнана празмернай. У выніку тэрміны пакарання зноў знізілі: Мышалаву – да 10 гадоў, Самулевічу і Арлову – да 5 гадоў, Радзівіновічу – да 3 гадоў пазбаўлення волі без паражэння ў правах з залікам адбытага імі тэрміну.

Радзівіновіч адбываў тэрмін у Севусходлагу НКУС, Арлоў – Самарлагу [80], Выцегорбуд, Самулевіч – на Беламорска-Балтыйскім камбінаце ППЛ НКУС, г. Мядзвежагорск [81]. Грышчанка – у Самарлагу НКУС (вызвалены на падставе рашэння камісіі па разглядзе заяў аб памілаванні пры Прэзідыуме Вярхоўнага Савета БССР ад 16.04.39 г. [82]). Кірпічэнка – у Анеглагу [83]. Кірпічэнка быў вызвалены 25 чэрвеня 1939 г. датэрмінова (згодна з вызначэннем судовай калегіі па Крымінальных справах Вярхсуда БССР ад 14 чэрвеня 1939 г.) [84]. Адбыў з трох гадоў 1 год і 10 месяцаў [85]. Брагін (ППЛ будаўнікоў 105) быў вызвалены пасля адбыцця тэрміну пакарання 25 кастрычніка 1940 г. [86]. Адпраўлены з мінскім этапам 8 жніўня Мышалаў да Саракалага так і не дабраўся, 28 лістапада 1938 г. ён памёр [87].

У згаданай дакладной у ЦК УКП(б) ад 3 ліпеня 1939 г. Панамарэнка падмацоўваў свае словы спасылкай на лісты камуністаў у ЦК (не канкрэтызуючы), што “былое кіраўніцтва ЦК і практыка работы выклікаюць сур’ёзныя сумненні”, і пісаў, што сур’ёзныя сумненні асабіста ў яго выклікае асоба былога другога сакратара Лявіцкага, на падставе загадаў яго і Бермана, акрамя ўсяго іншага, дзейнічаў Волкаў. “Дастаткова сказаць, што ўсе справы, якія рашаліся Цэнтральным Камітэтам, папярэдне імі ўзгадняліся з б. кіраўніцтвам НКУС” [88].

“Лепельская справа” ў шырокім сэнсе чарговы раз саслужыла сваю службу: Панамарэнку было што прад’явіць сваім папярэднікам па ЦК, а таксама сучаснікам па НКУС. Калі хваля зачыстак дакацілася да органаў НКУС, яго супрацоўнікі таксама былі абвінавачаныя ў тым, што яны неабгрунтавана праводзілі арышты раённых кіраўнікоў, “шляхам прымянення мер фізічнага ўздзеяння да арыштаваных атрымлівалі ад іх выдуманыя паказанні, стваралі яўна правакацыйныя справы”. Так, у абвінавачванні былога начальніка Сенненскага раённага аддзела НКУС Гардзеева І. С. [89] фігуруе арышт ім на падставе такой сфальсіфікаванай справы ўсяго складу кіраўніцтва Сенненскага раёна [90].

Падобна на тое, што кола замкнулася: мясцовыя органы ўлады абвінавачваліся ў тым, што сваю варожую дзейнасць (нават не так важна, у чым яна заключалася: у тым, што яны здзекаваліся з аднаасобнікаў ці стваралі ім прывілеяваныя ўмовы) яны праводзілі па заданні і пад прыкрыццём афіцыйнага Мінска (таксама не так важна: ці ён пакрываў мясцовыя кадры, якія праводзілі сваю варожую дзейнасць, ці перабіў вялікую колькасць невінаватых па сфальсіфікаваных справах).

Пра “Лепельскую справу”, якая пачыналася як байкот маўчальнікамі перапісу 1937 г., а вылілася ва ўсесаюзны разгром нізавых выканаўцаў волі партыі і прывяла да поўнай змены вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, зноў узгадаюць праз дваццаць гадоў. На гэты раз “Лепельскую справу” актуалізуюць у сувязі з арганізацыяй масавых рэпрэсій у БССР і асабістай роляй у гэтай справе Малянкова.

У дакладной запісцы М. Шверніка М. Хрушчову аб удзеле Р. Малянкова ў правядзенні рэпрэсій у Беларускай ССР ад 12 траўня 1958 г. сказана, што па даручэнні ЦК КПСС Камітэт партыйнага кантролю праверыў паведамленні кіраўнічых работнікаў ЦК КП Беларусі аб антыпартыйных дзеяннях Р. Малянкова і факты вынішчэння партыйных і савецкіх кадраў Беларусі Малянковым у 1937 г., у бытнасць яго загадчыкам АРПА ЦК УКП(б), а таксама і ў наступныя гады. Тут жа адзначана: «Аб тым, як Малянкоў любую адмоўную з’яву з жыцця Беларусі выкарыстоўваў для падману партыі, яскрава сведчыць так званая “лепельская справа”, па якой яшчэ ў лютым 1937 года Палітбюро ЦК УКП(б) устанавіла, што ў Лепельскім памежным раёне мелі месца ўшчамленні законных правоў калгаснікаў і аднаасобнікаў у выніку перагібаў мясцовых уладаў, а таксама з прычыны няправільных дырэктыў Наркамфіна і Камітэта нарыхтовак; гэтыя дырэктывы рашэннем Палітбюро былі адменены, сялянам была аказана дапамога, а віноўнікі перагібаў пакараныя. Малянкоў жа, насуперак гэтаму рашэнню Палітбюро, падаў лепельскую справу як вынік варожых дзеянняў польскіх шпіёнаў і на гэтай падставе здзейсніў масавыя арышты ва ўсіх пагранічных раёнах» [91].

Усяго ж ад прыезду ў Мінск Малянкова і Якаўлева і да лістапада 1938 г. НКУС Беларусі арыштавала 54 845 чалавек, з іх больш за 27 391 было расстраляна [92].

Стаўленікамі Малянкова і надзейнымі праваднікамі яго палітыкі на Беларусі названы П. Панамарэнка і Л. Цанава.

Раённыя паказальныя працэсы – гэтая пародыя на правасуддзе – былі толькі вяршыняй айсберга больш глыбокіх працэсаў. Людзям даводзілі, што злоўжыванні і самадурства прадстаўнікоў улады адбываюцца не ад сістэмы высоўвання і бескантрольнасці кадраў, а ад іх варожасці. Шырокамаштабныя працэсы над ворагамі ў абсалютнай большасці насельніцтва выклікалі спадзяванні на лепшае, здавалася, сапраўды, хто, акрамя ворагаў, мог завесці такія парадкі ў краіне. Ды і асобы рэпрэсаваных спачування не выклікалі. Аднак тлумачэнне прычын і размаху ва ўсесаюзным маштабе дадзенай кампаніі толькі спробай Сталіна чарговы раз знайсці казлоў адпушчэння за правалы ў гаспадарчых кампаніях і сыграць на быццам бы ўласцівых сялянству наіўна-манархічных настроях здаецца крыху спрошчаным. Як, дарэчы, і разгляд яе выключна ў межах агульнага шквалу рэпрэсій 1937–1938 г. Уяўляецца, што гэтая кампанія была таксама спробай утаймаваць бязмежнае насілле, што ахапіла вёску ў 1930-я г., устанавіць кантроль над мясцовай уладай. І, цалкам відавочна, сялянства было яшчэ магутнай сілай, якая на 1937 г. у значнай частцы заставалася няскоранай, што вымушала ўлады на пошукі новых формаў узаемадзеяння, у тым ліку з выкарыстаннем перніка і перамоваў.


[1] Да гэтых судоў звярталіся: Fitzpatrick Sh. How the mice buried the cat. Scenes from the Great Purges of 1937 in the Russian provinces // Russian Review. 1993. № 3. Р. 299–320; Fitzpatnck Sh. Stalin’s Peasants Resistance and Survival in the Russian Village after Collectivization. Oxford, 1994. Р. 286–312; Маннинг Р. Массовая операция против “кулаков” и преступных элементов: апогей Великой Чистки на Смоленщине // Сталинизм в российской провинции: смоленские архивные документы в прочтении зарубежных и советских историков / под ред. Е. В. Кодина. Смоленск, 1999. С. 230–254; Manning R. T. The Great Purges in a rural district: Belyi raion revisited // Stalinist terror. New perspectives. Еds. Getty J. A., Manning, R. T. Cambridge. 1993. Р. 168–197; Ellman M. The Soviet Provincial Show Trials Carnival of Terror? // Europe Asia Studies. 2001. Vol. 53, No 8. Р. 1121–1233; Kodin E. Smolenskii naryv. Smolensk, 1999; Трагедия советской деревни. Коллективизация и раскулачивание: в 5 т. Документы и материалы. T. 5: 1937–1939 / под ред. В. Данилова, Р. Маннинг. Mосква: РОССПЭН, 2004. 648 с.; Верт Н. Террор и беспорядок. Москва: РОССПЭН, 2010. 447 с.; Cassidy J. Marble Columns and Jupiter Lights Theatrical and Cinematic Modeling of Soviet Show Trials // Slavic and East European Journal. Vol 42. Issue 4. Winter 1998. P. 656.
[2] Сам перапіс праводзіўся ў ноч з 5 на 6 студзеня 1937 г.
[3] Гл.: Раманава І. Кляйменне Чырвонага дракона. Усесаюзны перапіс насельніцтва 1937 года і яго трактоўка ў сялянскім дыскурсе // Arche. 2012. № 3. C. 246–262.
[4] Пра мерапрыемствы па ўмацаванні памежных раёнаў гл.: Раманава І. “Зона”. Беларускае памежжа па савецкі бок дзяржаўнага кардону ў 30-я гады // Спадчына. 2001. № 1-2. С. 111– 135.
[5] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 983. Арк. 34.
[6] У раёны камандзіраваліся: Бенэк, Балцін, Готфрыд, Галяткоўскі, Дындзін, Конік, Кудзелька, Нізаўцаў, Рыжыкаў, Гваздзецкі, Бурачэўскі, Аўгустайціс, Чарвякоў, Піліпенка, Башмачнікаў, Кудзельскі, Казюк, Ткачэвіч, Задзярнюк, Гераўкер, Тавакалян, Бышкін, Гершон (НАРБ. Ф. 4. Воп. 1 . Спр. 10 979. Арк. 28 адв.). Факт іх прыезду ў раёны пасля быў інтэрпрэтаваны як наладжванне варожых сувязяў.
[7] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 10 979. Арк. 28.
[8] Сакратар ЦК КП(б) з 18 студзеня 1932 да 18 сакавіка 1937 г.
[9] Сакратар ЦК КП(б)Б з 3 жніўня 1934 да 10 чэрвеня 1937 г.
[10] Старшыня СНК у 1927–1937 г.
[11] Якаўлеў быў старшынёй камісіі па тэмпах калектывізацыі (лістапад – снежань 1929 г.), а потым і непасрэдным кіраўніком калектывізацыі ў якасці першага наркама земляробства СССР (са снежня 1929 да красавіка 1934 г.), пасля ўзначаліў сельгасаддзел у ЦК.
[12] Братья Тур. За спиной секретаря // Известия. 1937. 6 марта.
[13] Старшыня СНК у 1927–1937 г.
[14] Старшыня ЦВК БССР у 1924–1937 г.
[15] 14 чэрвеня 1937 г. Галадзед быў выкліканы ў Маскву і арыштаваны, а 21 чэрвеня наркам унутраных спраў БССР Берман дакладваў наркаму ўнутраных спраў СССР Яжову, што Галадзед пад час следства скончыў жыццё самагубствам, выкінуўшыся з акна пятага паверха будынка НКУС. Пасля шэрагу абвінаваўчых выступленняў, арганізаваных супраць яго ў ходзе ХVІ з’езда Кампартыі Беларусі (10– 18 чэрвеня 1937 г.), скончыў жыццё самагубствам 16 чэрвеня 1937 г. А. Чарвякоў (Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы: в 3 т. Т. 2. Февраль 1956 – начало 80-х годов. Москва: МФД, 2003. С. 311–312).
[16] Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы: в 3 т. Т. 2. Февраль 1956 – начало 80-х годов. Москва: МФД, 2003. С. 312–313. Сакратар ЦК КП(б)Б з 29 ліпеня да 8 жніўня 1937 г. 12 кастрычніка пад час працы пленума ЦК ВКП(б) (кастрычніцкага, 1937 г.) Якаўлеў быў арыштаваны.
[17] Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы: в 3 т. Т. 2. Февраль 1956 – начало 80-х годов. Москва: МФД, 2003. С. 314–316.
[18] Сакратар ЦК КП(б)Б з 11 жніўня 1937 да 18 чэрвеня 1938 г.
[19] Сакратар ЦК КП(б)Б з 11 жніўня 1937 да 30 сакавіка 1938 г.
[20] Да 7 кастрычніка таго ж года, паводле афіцыйных звестак, 245 тыс. калгасным дварам было перададзена 38 300 га прысядзібных земляў (Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 11 033. Арк. 144).
[21] Ад 138 саўгасаў 742 калгасы атрымалі 150 тыс. га зямлі (Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 11 033. Арк. 339).
[22] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 11 033. Арк. 341.
[23] Тамсама. Арк. 341–342.
[24] Тамсама. Арк. 342–343.
[25] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 12 099. Арк. 337.
[26] Тамсама. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 12 099. Арк. 337.
[27] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 11 033. Арк. 343.
[28] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1719. Арк. 3.
[29] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14 637. Арк. 174.
[30] Верт Н. Террор и беспорядок. Москва: РОССПЭН, 2010. С. 269.
[31] Юнге М., Бордюгов Г., Биннер Р. Вертикаль большого террора. История операции по приказу НКВД № 00447. Москва: Новый Хронограф, АИРО – ХХІ век, 2008.
[32] Трагедия советской деревни. Т. 5, кн. 1. С. 54.
[33] Юнге М., Бордюгов Г., Биннер Р. Вертикаль большого террора… С. 522.
[34] Р. Манінг сярод прычын арганізацыі паказальных працэсаў называе, па-першае, “мабілізацыю” калгаснікаў на аперацыю № 00447, па-другое, пакаранне кіраўнікоў, якія супраціўляліся яе правядзенню, і запалохванне астатніх, па-трэцяе, прымус раённага кіраўніцтва дапамагаць НКУС (Трагедия советской деревни. Т. 5, кн. 1. С. 56, 59, 61).
[35] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 11033. Арк. 344.
[36] Трагедия советской деревни. Т. 5, кн. 1. С. 452.
[37] Трагедия советской деревни. Т. 5, кн. 1. С. 486.
[38] Пра тое, што раённыя суды сталі спосабам мабілізацыі сялянства на выяўленне ворагаў народа сярод кіраўнічых кадраў раёнаў, саўгасаў і калгасаў, піша Н. Верт (Верт Н. “Провинциальные показательные процессы” в СССР во время “Большого террора” 1937–1938 г. // Верт Н. Террор и беспорядок. Москва: РОССПЭН, 2010. С. 267–293).
[39] Наконт таго, ці можна гэтыя працэсы назваць паказальнымі, гл. даследаванне: Cassidy J. Marble Columns and Jupiter Lights Theatrical and Cinematic Modeling of Soviet Show Trials // Slavic and East European Journal. Vol 42. Issue 4. Winter 1998. P. 656.
[40] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1053. Арк. 6–10.
[41] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 13232. Арк. 19–22.
[42] Тамсама. Арк. 28–29.
[43] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 12 068. Арк. 63
[44] Наркам земляробства ў 1933–1937 г.
[45] НАРБ. Ф 4-п. Воп. 21. Спр. 1410. Арк. 57.
[46] Тамсама. Арк. 57
[47] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14 689. Арк. 5–6.
[48] НАРБ. Ф. 188. Воп. 1. Спр. 3200 б.
[49] НАРБ. Ф. 4-п. Спр. 14 647. Арк. 59–79.
[50] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1015. Арк. 136, 144.
[51] У Нацыянальным архіве рэспублікі Беларусь у фондзе Спецкалегіі Вярхоўнага суда ёсць толькі другі том з пяцітомнай справы па Дубровенскім раёне і асобная справа на сакратара РК Мышалава. Матэрыялаў судоў астатніх раёнаў няма ўвогуле. Аднак наяўныя матэрыялы хоць і абмежаваныя, але даволі рэпрэзентатыўныя (НАРБ. Ф. 188. Воп. 1. Спр. 3200 б. Спр. 3202 а).
[52] НАРБ. Ф. 188. Воп. 1. Спр. 3202 а. Арк. 238–240.
[53] НАРБ. Ф. 188. Воп. 1. Спр. 3202 а. Арк. 235–237.
[54] НАРБ. Ф. 188. Воп. 1. Спр. 3202 а. Арк. 2.
[55] НАРБ. Ф. 188. Воп. 1. Спр. 3202 а.
[56] Тамсама. Арк. 60.
[57] Тамсама. Арк. 145.
[58] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1389. Арк. 304.
[59] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1015. Арк. 136, 144.
[60] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14774. Арк. 11.
[61] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1722. Арк. 3.
[62] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14637. Арк. 175.
[63] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14 637. Арк. 175.
[64] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14 637. Арк. 176.
[65] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1501. Арк. 1.
[66] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1501. Арк. 2.
[67] НАРБ. Ф. 4. Воп. 21. Спр. 1501. Арк. 31. Фактычна адначасова ў СССР ішлі так званыя “нацыянальныя” аперацыі НКУС – серыя масавых рэпрэсіўных кампаній 1937–1938 г., накіраваных у асноўным супраць шэрагу нацыянальнасцяў СССР і замежнікаў (палякаў, немцаў, латышоў, літоўцаў, эстонцаў, фінаў, грэкаў, балгар і некаторых іншых). Са жніўня 1937 да лістапада 1938 г. было асуджана 335 513 чалавек, з іх да расстрэлу 247 157 чалавек, г. зн. 73,66 % агульнай колькасці.
[68] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1501. Арк. 48.
[69] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14 774. Арк. 10.
[70] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1522. Арк. 1, 3, 4.
[71] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14 689. Арк. 1.
[72] Тамсама. Арк. 2.
[73] Тамсама. Арк. 3.
[74] Тамсама. Арк. 4.
[75] Тамсама. Арк. 5.
[76] Тамсама. Арк. 6.
[77] НАРБ. Арк. 6.
[78] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1722. Арк. 3.
[79] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 1. Спр. 14 689. Арк. 3.
[80] НАРБ. Ф. 188. Воп. 1. Спр. 3202 а. Арк. 255–256.
[81] НАРБ. Ф. 188. Воп. 1. Спр. 3202 а. Арк. 313, 314.
[82] Тамсама. Арк. 288.
[83] Тамсама. Арк. 289.
[84] Тамсама. Арк. 296.
[85] Тамсама. Арк. 298.
[86] НАРБ. Арк. 318.
[87] НАРБ. Арк. 303, 306.
[88] НАРБ. Ф. 4-п. Воп.1. Спр. 14 689. Арк. 8.
[89] 11 траўня 1939 г. Гардзееў І. С. быў асуджаны да дзесяці гадоў пазбаўлення волі ў ППЛ.
[90] НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 21. Спр. 1807. Арк. 78–86.
[91] Реабилитация: как это было… С. 312.
[92] Тамсама. С. 319.

Наверх

Tags: