БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Рэпрэсіі'

Артыкулы па тэме ‘Рэпрэсіі’

Ірына Махоўская. Тактыкі ўлады і стратэгіі падначаленых: беларускае грамадства ў другой палове 1930-х гадоў*

*Романова, Ирина Н. Клеймение Красного Дракона: 1937–1939 гг. в БССР. Москва: Политическая энциклопедия, 2021. 215 с. (История сталинизма).

Выхад кнігі Ірыны Раманавай “Кляйменне Чырвонага Дракона: 1937–1939 г. у БССР” – адметная падзея ў беларускай гістарыяграфіі. У даследаванні асвятляюцца тэмы, якім дагэтуль не была аддадзена належная ўвага, базуецца яно на надзвычай шырокім коле крыніц – як архіўных, так і эга-дакументаў. Цікавая праца і ў метадалагічным плане: аўтарка ўжывае мікрагістарычны падыход, але ўпісвае цэнтральную тэму – справу лепельскіх маўчальнікаў – у шырокі гістарычны кантэкст. Кніга выйшла ў знакамітай серыі “Гісторыя сталінізму”, якая аб’ядноўвае публікацыі вядучых даследчыкаў гісторыі СССР эпохі сталінізму, такіх як Ёрг Бабероўскі, Бернд Бонвеч, Лін Віёла, Арч Геці, Шэйла Фіцпатрык і інш.

Першае і найбольш моцнае ўражанне ад чытання кнігі – насычанасць і канцэнтраванасць тэксту. Аўтарка працавала з матэрыяламі, якія ляжаць у аснове даследавання, амаль дваццаць гадоў. І гэта вельмі заўважна: паглыбленне ў тэму і выдатнае валоданне матэрыялам, дакладна прасочаныя і абдуманыя ўзаемасувязі, пільная ўвага да дэталяў – усё гэта вельмі дакладна і пераканаўча ўпісана ў канву гістарычных падзей. Кніга невялікая па аб’ёме, але вельмі насычаная фактурай – толькі спіс імёнаў, якія згадваюцца ў тэксце, займае 9 старонак.
Чытаць далей →

Зміцер Дрозд. Кніга дзесяцігоддзя


* Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады: у дакументах Сакрэтнага аддзела / Асобага сектара ЦК КП(б)Б / cкладальнік, аўтар прадмовы ІРЫНА РАМАНАВА. Вільня: Логвінаў, 2019. 1120 c.

Менавіта такое вызначэнне я даў бы гэтай кнізе. І не толькі таму, што яе храналагічныя рамкі – роўна дзесяцігоддзе. Думаю, што не будзе перабольшаннем сказаць, што за апошнія гадоў дзесяць (а то і больш) у Беларусі не выдавалася нічога падобнага.

Гэта разумееш, як толькі бярэш у рукі зборнік дакументаў “Улада і грамадства: БССР у 1929–1939 гады: у дакументах Сакрэтнага аддзела / Асобага сектара ЦК КП(б)Б”, што выйшаў у 2019 г. Выданне не толькі выглядае салідна (цвёрдая вокладка, фармат 200 × 280 мм, 1120 старонак), але і не расчароўвае сваім зместам. У кнізе апублікавана 803 дакументы з фонду ЦК КП(б)Б, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Да зняцця грыфа “Совершенно секретно” і адкрыцця доступу да іх у архіве большасць з гэтых дакументаў бачылі некалькі чалавек: высокі чын з міністэрства, які адправіў дакумент, ды сакратар ЦК камуністычнай партыі Беларусі. На большасці стаяць штампы «Совершенно секретно. Серия “К”… Подлежит возврату в Секретный отдел ЦК КП(б)Б», часта дадаецца пазнака “Только лично”.
Чытаць далей →

Ірына Раманава. “Лепельская справа”: 1937 год у Беларусі


У другой палове 1937 – пачатку 1938 г. па СССР пракацілася хваля раённых паказальных працэсаў, агульная колькасць якіх склала не менш за некалькі сотняў. Першы быў праведзены ў БССР, у Лепельскім раёне [1].

Суды былі даволі нетыповымі: на лаве падсудных – кіраўнічыя кадры раёнаў, сельсаветаў і калгасаў, усе абвінавачванні будаваліся вакол масавых фактаў злоўжывання і насілля над працоўным сялянствам. “Працоўным сялянствам” у час гэтых падзеяў называлі не толькі калгаснікаў, але і аднаасобнікаў (тых, што не ўступілі ў калгасы); яны яшчэ зусім нядаўна класіфікаваліся выключна як кулакі ці падкулачнікі – рэальныя або патэнцыйныя ворагі савецкай улады, якім не было месца ў сацыялістычным грамадстве. Чытаць далей →

Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Сост. И. Кузнецов, Я. Басин. Т. 1-3 (Минск, 2007) (Вольга Білевіч, Міхась Стралец)

Репрессивная политика советской власти в Беларуси: сб. науч. работ / Сост. И. КУЗНЕЦОВ, Я. БАСИН; науч. ред. В. П. АНДРЕЕВ. Вып. 1. Минск, 2007. 376 с.; Вып. 2. Минск, 2007. 377 с.; Вып. 3. Минск, 2007. 373 с.

Выйшлі з друку тры выпускі зборніка прац беларускіх і замежных аўтараў, прысвечанага гісторыі станаўлення сталінскага таталітарызму ў Беларусі і яго наступствам у пасляваенны перыяд. Зборнікі асвятляюць шырокі спектр праблем і падзей XX ст. ва ўсёй іх складанасці і супярэчлівасці. У прапанаваных увазе чытачоў артыкулах выразна прасочваецца навуковая навізна, што стала магчымым дзякуючы фармуляванню прынцыпова новых падыходаў на аснове прыцягнення велізарнага масіву крыніц, якія раней не ўводзіліся ў навуковы зварот. Аўтары гэтай рэцэнзіі абмежаваныя загадзя зададзеным аб’ёмам і таму будуць канцэнтраваць сваю ўвагу толькі на найбольш значных працах.

Галоўнае праблемнае поле ў артыкуле Ігара Кузняцова — урокі, якія варта здабыць з палітычных рэпрэсій XX ст. Ён згаджаецца з меркаваннем даследчыкаў пра падабенства нацызму і камунізму, асабліва ў метадах дзейнасці (вып. 1, с. 27). Аўтар сцвярджае, што „вывучэнне злачынстваў сталінізму і камунізму ідзе з велізарным спазненнем у параўнанні з вывучэннем нацысцкіх злачынстваў» (тамсама, с. 29).
Чытаць далей →

Diskriminier – vernichtet – vergessen. Behinderte in der Sowjetunion, unter nationalsozialistischer Besatzung und im Ostblock 1917–1991 / Hg. Von Alexander Friedman und Rainer Hudemann . Stuttgart: Franz Steiner Verlag, 2016. 563 S.


20 верасня 2016 г. у нямецкай амбасадзе ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі “Дыскрымінаваныя – знішчаныя – забытыя”. Пад час мерапрыемства яе навуковыя рэдактары выказалі слушную прапанову аб працягу сумеснай працы нямецкіх і беларускіх даследчыкаў над далейшым вывучэннем малавядомых пытанняў, якія адносяцца да гісторыі Беларусі ХХ ст., асабліва да перыяду Другой сусветнай вайны. Як пераканаўча паказваюць вынікі праведзенага даследавання, у беларускай і замежнай гістарычнай навуцы прадметам спецыяльнага вывучэння да апошняга часу не была тэма інвалідаў, псіхічна хворых і іншых пацыентаў бальніц. Таму невыпадкова, што антрапалагічны падыход, які ў апошнія гады стаў адметнасцю ў замежнай гістарыяграфіі, не абмінуў і сучасную нямецкую беларусістыку. У выніку стала магчымым выкананне навуковага праекта, прысвечанага людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў Савецкім Саюзе, у час нацысцкай акупацыі і ва Усходнім блоку з 1917 да 1991 г., у цэнтр якога была вылучана Беларусь. Чытаць далей →

Ірына Раманава. “Вынаходжанне” штодзённасці: як і што мы даследуем*

* Kashtalian, Iryna. The Repreccive Factors of the USSR’s Internal Policy and Everyday Life of the Belarussian Society (1944–1953). Wiesbaden, Harrassowitz Verlag, 2016. XIII, 345 p. (Historische Belarus-Studien 5)

Выхад у свет рэцэнзаванай кнігі Ірыны Кашталян – з’ява знакавая па шэрагу прычын: гэта першае манаграфічнае даследаванне па названых тэме і перыядзе; выканана яна ў даволі новым для беларускай гістарыяграфіі кірунку – гісторыя штодзённасці; базу крыніц склалі матэрыялы вуснагістарычных інтэрв’ю; урэшце, кніга выйшла ў Германіі на англійскай мове. Не меншую цікавасць для гістарычнай навукі, чым сама кніга, уяўляе сабой гісторыя яе напісання. Чытаць далей →

Пушкін, Ігар А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (Захар Шыбека)

ПУШКІН, ІГАР А. Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (20—30–я гады ХХ ст.): дакументы і матэрыялы. Магілёў, 2003. 140 с.

Мой калега гісторык і музейны працаўнік Ігар Пушкін выдаў вельмі важную для беларускай гістарычнай навукі кнігу. Ён упершыню выключна на архіўных дакументах пераканаўча  пацвердзіў наяўнасць масавага руху супраць савецкай улады ў 1920—1930–я г. ва Ўсходняй Беларусі. Гэта робіць гонар аўтару, бо антысавецкі супраціў у афіцыйнай гістарычнай навуцы Беларусі дагэтуль традыцыйна замоўчваецца. Першым з да­следчыкаў на паўстанцкі рух ва Ўсходняй Беларусі звярнуў увагу беларускі гісторык у эміграцыі Юрка Віцьбіч[1]. Замежны статус даследчыка, неда­статковая дакументальная абгрунтаванасць фактаў давалі падставы для недаверу.

Але цяпер мы маем 112 апублікаваных І.Пушкіным архіўных дакументаў, якія яскрава сведчаць — антысавецкі рух у памежных з Расіяй беларускіх землях сапраўды быў і працягваўся амаль да пачатку II сусветнай вайны. Давер да такой важнай інфармацыі, якую пацвердзіў не толькі замежны, але і айчынны гісторык, істотна ўзрос. Публікацыя дакументаў зроблена прафесійна, з выкананнем усіх неабходных да яе патрабаванняў. Ва ўступным аўтарскім раздзеле даецца ўяўленне аб гістарычным перыядзе, адлюстраваным у дакументах, сутнасці ўзброенага супраціву, яго гістарыяграфіі. Тут жа апісваюцца архіўныя фонды, адкуль быў узяты дакументальны матэрыял, а таксама прыводзіцца кароткі аналіз дакументаў. Цяжка ўявіць, але ў канцы 1919 — пачатку 1920 г., калі вялася савецка–польская вайна, толькі ў Гомельскай губерні „вылоўліванню“ падлягалі больш за 170 тыс. дэзерціраў, якія адмаўляліся ад мабілізацыі ў Чырвоную Армію.
Чытаць далей →

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944—56 г. (Якуб Наваградцаў)

Антысавецкія рухі ў Беларусі 1944–56 гг. Даведнік. Архіў найноўшай гісторыі / Пад рэдакцыяй А. Дзярновіча. Менск, 1999.

Сама назва кнігі інтрыгуе, бо перыяд 1944–56 г. у беларускай гісторыі цалкам невядомы. Пра які–кольвечы антыкамуністычны супраціў у Беларусі пасля 1944 г. проста нідзе не пісалася. Мусім пагадзіцца з тым, што ў Беларусі супраціў не быў такі моцны, як у прыбалтыйскіх рэспубліках ці ў Заходняй Украіне. Аднак, як сведчаць матэрыялы кнігі, змаганне з савецкай уладай на тэрыторыі Беларусі ўсё ж вялося, і беларусы не былі сляпой бясформеннай масай, што здаліся на міласць новай уладзе.

У складанні гэтага даведніка бралі ўдзел Сяргей Ёрш, Міхась Чарняўскі, студэнты Беларускага Калегіюма і інш. Кнігу складаюць раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, партыі, фармацыі“, „Акцыі“, „Выданьні“, „Узнагароды“, а таксама спіс літаратуры па тэме. Спецыфіка антысавецкага супраціву ў Беларусі вымушае звярнуцца перш да другой часткі кнігі „Асацыяцыі, асяродкі, рухі, фармацыі“. Паваенны антыкамуністычны рух у даведніку класіфікуецца па наступных крытэрах: па нацыянальнай прыкмеце (беларускі, польскі, украінскі) і па ідэйнай аснове (збройная партызанка, моладзевае падполле, духоўная апазіцыя (рэлігійныя рухі)). Дык вось найбольш пытанняў выклікае „партызанка“ (беларускі партызанскі рух пасля вайны), па якой абсалютную большасць артыкулаў напісаў папулярызатар тэмы Сяргей Ёрш. Можна было чакаць, што ў даведніку нарэшце будзе пададзена і колькасць партызанаў, і арэал іхнай дзейнасці, і акцыі, і наогул, хто ёсць хто ў партызанскім руху. Аднак гэтага няма. „Нацыянальныя партызанскія аддзелы … пад час нямецкай акупацыі дзейнічалі ў многіх раёнах Беларусі“, піша Ёрш (129). Што значыць „многія“? Хацелася б ведаць хоць некалькі канкрэтных раёнаў. Бо можа стварыцца ўражанне, што нацыянальная партызанка была масавай. Чытаем далей: „Звычайна партызаны праводзілі дыверсіі й тэрарыстычныя акты напярэдадні або пад час савецкіх святаў, палітычных мерапрыемстваў: рабіліся напады на выбарчыя участкі, на сельсаветы, знішчалася дакумантацыя, савецкая сымболіка, праводзіўся тэрор супраць савецкіх, партыйных актывістаў, супрацоўнікаў міліцыі, дзяржбяспекі, вайскоўцаў. Нярэдка супраціў набываў формы лякальных паўстаньняў“ (128). Хацелася б пабачыць пералік мясцовасцяў, хаця б тых, дзе адбываліся паўстанні і які быў іхны размах.
Чытаць далей →

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991 г. (Якуб Наваградцаў)

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991.  Пэрсанажы і кантэкст / Даведнік. Пад рэд. А. Дзярновіча. Менск, 1999. 186.

Гэтая кніга выйшла як працяг вышэй рэцэнзаванага даведніка пра апазіцыйныя рухі ў Беларусі 1944—1956 г. Паваеннае падполле было разгромлена, а ягоныя ўдзельнікі, што вярталіся дахаты, мусілі потым выехаць з Беларусі, бо ім савецкая ўлада стварыла невыносныя ўмовы жыцця. Так што многіх проста выключылі з далейшага грамадскага жыцця, і дысідэнцкі рух (калі не лічыць Ларысы Геніюш, айца Віктара Данілава, ксяндза Вацлава Пянткоўскага) фактычна пачынаўся з нуля.

Як і папярэдні том, праца падзяляецца на раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, рухі“, „Выданьні“, „Музычны нонканфармізм і маладзёвыя субкультуры“, „Кроніка дэмакратычнай апазіцыі Беларусі: 1956—1988“. Калі ў кнізе пра „Антысавецкія рухі“ палітра грамадскага жыцця Беларусі характарызуецца найперш раздзелам „Арганізацыі, асяродкі, рухі, фармацыі“, дык у „Дэмакратычнай апазыцыі“ неабходна пачынаць ab ovo, з персаналіяў, бо менавіта асобы вызначалі дух дысідэнцкага жыцця краіны.
Чытаць далей →

Райнэр Лінднэр. Беларускія гісторыкі пад Сталіным (1870–1945)


Калектыўна-бiяграфiчны нарыс нацыянальнай гiстарыяграфii (1870 — 1945)

Адукаваныя слаi пачатку савецкай эпохі былі структурна разнароднымі. Царскiя службоўцы, савецкiя энтузiясты, «буржуазныя спецыялiсты» i вузка адукаваныя выскачкi мусiлi ладзiць між сабою ў настаўнiцкiх вучэльнях, унiверсiтэтах, даследчыцкiх лабараторыях, мiнiстэрствах i партыйных ячэйках. Калi гэта ўдавался, то перадусiм дзякуючы разлiчаным на далёкую перспектыву намерам партыi прымусiць «лёкаяў капiталiзму» — як характарызаваў прафесiйную iнтэлiгенцыю Ленiн — удзельнiчаць у будаўнiцтве савецкай дзяржавы. Асаблiва чуйнымi паказалi сябе бальшавiкi ў сектары iдэалогii i камунiстычнай прапаганды. Паколькі Акадэмii навук у РСФСР, ва Украiне i ў Беларусі былi «арыстакратычнымi» ўстановамi i да канца дваццатых гадоў сапраўды заставалiся «iншароднымi целамi» ў савецкiм грамадстве, яны прыцягвалi да сябе найбольшую ўвагу[1]. Не выключэннем была i гiстарычная навука, пра што сведчыць прыклад Беларускай АН.
Чытаць далей →

Платонаў, Расцiслаў П. Палiтыкi. Iдэi. Лёсы.


ПЛАТОНАЎ, РАСЦIСЛАЎ П. Палiтыкi. Iдэi. Лёсы. Мiнск, 1996. 382.

МIХНЮК, УЛАДЗIМIР М. Арыштаваць у высылцы. Мiнск, 1996. 149.

МИХНЮК, ВЛАДИМИР Н. Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР. Минск, 1997. 203: дадат.

Адным з найважнейшых здабыткаў беларускiх гiсторыкаў у апошнiя гады стала публiкацыя дакументальных матэрыялаў, якiя пралiваюць святло на ролю iнтэлiгенцыi не толькi ў стварэннi iнтэлектуальнага фонду нацыi, але i ў гiстарычным працэсе, у барацьбе за дзяржаўнасць, сацыяльную i палiтычную свабоду народа.

Кнiга Р.Платонава «Палiтыкi. Iдэi. Лёсы» уключае васемнаццаць сюжэтаў. Частка з iх прысвечана палiтыцы КП(б)Б у дачыненнi да iнтэлiгенцыi, iдэалагiчным акцыям партыi, яе метадам i рэальным рычагам (у асноўным органам АДПУ) уздзеяння на пазiцыi iнтэлiгенцыi, а ў канчатковым вынiку — на яе лёс. Асноўная ж маса сюжэтаў кнiгi Платонава — аналiтычны аповед пра трагiчны лёс палiтычнай элiты Савецкай Беларусi.
Чытаць далей →