Новы нумар


Kalamajska-Saeed, Maria. Genealоgia przez obrazy. Barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych (Альбіна Семянчук)

KAŁAMAJSKA-SAEED, MARIA. Genealоgia przez obrazy. Barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych. Warszawa: Instytut sztuki PAN, 2006. — 287 s.

У 2006 г. у Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук у Варшаве выйшла навуковая манаграфія вядомай польскай даследчыцы Марыі Каламайскай-Саід „Генеалогія праз вобразы. Барочная іканаграфія роду Сапегаў на тле старапольскіх партрэтных галерэяў”. Раней пад яе рэдакцыяй і пры актыўным удзеле выходзілі наступныя публікацыі: Ostra Brama w Wilnie (Варшава, 1990); даследаванне спадчыны князеў слуцкіх Portrety i zabytki książąt Olelkowiczów w Słucku. Inwentaryzacja Józefa Smolińskiego z 1904 r. (Варшава, 1996); Materiały do dziejów sztuki sakralnej. Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewуdztwa nowogrуdzkiego. T. 1 (Кракаў, 2003); Т. 2 (Кракаў, 2006); Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego województwa wileńskiego. Т. 1 (Кракаў, 2005). Чарговая праца даследчыцы, вядомай сваёй руплівасцю ўсправе збірання, аналізу і публікацыі культурна-гістарычнай спадчыны беларускіх земляў ВКЛ, прысвечана такому цікаваму мастацкаму феномену, як родавыя партрэтныя галерэі. У цэнтры ўвагі дадзенай публікацыі — партрэтная галерэя роду Сапегаўз Коданя (вёска Кодань, Люблінскае ваяводства, Польшча).

Рэцэнзаваная кніга складаецца з трох частак: 1) „Старапольскія партрэтныя галерэі” (каралеўскія, біскупскія, кляштарныя, фундатарскія, надмагільныя, сямейныя, „славутых мужоў”); 2) сапежынскія генеалогіі (партрэтная генеалогія з Коданя, гравіраваная генеалогія); 3) каталог.

Невялікі першы раздзел служыць своеасаблівым уступам да асноўных другога і трэцяга, дзе сабраны разнастайны архіўны і ілюстрацыйны матэрыял пра ўсе вядомыя сёння партрэты прадстаўнікоў роду Сапегаў. Аднак ён мае і самастойнае значэнне. Для нас уяўляе цікавасць інфармацыя пра галерэі полацкіх і гродзенскіх дамініканаў (с. 23); пра фундатарскую галерэю (7 партрэтаў) кракаўскага кляштара канонікаў латэранскіх, дзе ёсць партрэты Казіміра Льва Сапегі, фундатара касцёла ў Слоніме, Мікалая Вольскага, фундатара касцёла ў Крамяніцы, Яна Караля Хадкевіча — у Быхаве, Міхала Казіміра Паца — у Вільні. Партрэты князёў Алелькавічаў-Слуцкіх, фундатараў манастыра св. Тройцы ў Слуцку (1753), былі раней падрабязна даследаваны Марыяй Каламайскай-Саід (M. Kałamajska-Saeed. Portrety i zabytki książąt Olelkowiczów w Słucku. Inwentaryzacja Józefa Smolińskiego z 1904 r. Warszawa, 1996. 96 s.). У кнізе ўзгадваюцца фундатарскія партрэты з гродзенскага кляштара брыгітак, а таксама факт, што ў касцёле ў Варнянах (1767-1769), фундатаркай якога была Марцьяна з Дзерналовічаў Абрамовічава, існавалі роспісы al-fresco і партрэты сям’і Абрамовічаў (с. 30).

Пра партрэтную галерэю роду Радзівілаў у Нясвіжы Каламайска-Саід піша, што ў ХVІІІ ст. яна налічвала больш за 1000 адзінакі складаласяз партрэтаўнетолькі прадстаўнікоў гэтага роду, але і іншых (з якіх паходзілі жонкі Радзівілаў), збіраліся яны цягам 300 гадоў. Даследчыцу больш цікавілі серыі радзівілаўскіх партрэтаў, якія паўставалі адначасова (133 выявы „ў лаўровым вянку” — на замаўленне Ганны з Сангушкаў Радзівілавай — і 165 партрэтаў, гравіраваных пераважна Лейбам Зыскелевічам і яго сынам Гіршам Лейбавічам). Узгадвае даследчыца і альбом з 42 малюнкаў пяром, выкананых у 1646-53 г. на загад Багуслава Радзівіла, які цяпер знаходзіцца ў Эрмітажы (с. 38). У Нясвіжы былі тэматычныя галерэі: 7 партрэтаў прадстаўнікоў роду Панятоўскіх, 33 партрэты з Вішняўца, у гетманскай зале 32 партрэты гетманаў літоўскіх у поўны рост (с. 41) і г.д. Беларускіх даследчыкаў і музейных супрацоўнікаў павінна зацікавіць інфармацыя пра галерэю Тышкевічаў з Лагойска (36 паясных партрэтаў) з ХVІІІ ст., якая знаходзіцца ў Нацыянальным Музеі ўВаршаве (с. 40). Тамсама зберагаюцца і 72 партрэты viribus illustris з рэзідэнцыі Сапегаў у Дзярэчыне, якія знаходзіліся там да 1832 г. (с. 45). Кніга багата ілюстравана, у ёй больш за 355 малюнкаў.

Пра існаванне партрэтнай галерэі ў Кодані было вядома даўно. У 1857 г. у варшаўскай афіцыне М. Фаянса (дзе, дарэчы, рабіліся гравюры Напалеона Орды) выйшла літаграфія, на якой пададзена генеалагічная табліца роду Сапегаў у выглядзе 75 партрэтаў прадстаўнікоў коданьскай галіны гэтага славутага роду. Арыгінал паходзіў з коданьскага касцёла св. Ганны. Ён уяўляў з сябе каласальны па памерах (11 х 8 м) збор 76 аднолькавых прамавугольных выяваў, размешчаных у 9 шэрагаў, абкружаных адной рамай, увенчанай княскай мітрай і стужкай з надпісам GENEALOGIA SAPIEHARUM. Аўтар твора невядомы, хаця М. Каламайска-Саід называе некалькі мастакоў, якія працавалі на Сапегаў (Ян Самуэль Мок, Мацей Стружыньскі, Шымон Чаховіч, Аўгустын Мірыс, Адам Маныокі, Ян Бенядыкт Гофман, Грыгор Ладзінскі, Мацей Сязевіч) (с. 76). Яшчэ ў 1811 г. партрэтаў было 79, але потым 4 з найніжэйшага шэрагу зніклі. Пасля студзеньскага паўстання, у 1875 г., коданьскі касцёл, дзе знаходзілася партрэтная галерэя, быў зачынены расійскімі ўладамі і перароблены на царкву, а партрэты перавезены ў замак Лявона Сапегі ў Красічыне.

У ХХ ст. многія унікальныя зборы фамільных партрэтаў былі расцярушаныя па свеце. Коданьская партрэтная галерэя таксама надоўга знікла з поля зроку навукоўцаў і мастацтвазнаўцаў і ўпершыню часткова экспанавалася ў Нацыянальным Музеі Перамышльскай зямлі ў 1990 г. У 2003 г. яна вярнулася ва ўласнасць Міхала Сапегі і была пераказана ім у дэпазіт у Каралеўскі замак на Вавэлі ў Кракаве.

Збор партрэтаў прадстаўнікоў роду Сапегаў быў замоўлены Янам Фрыдэрыкам Сапегам (1680-1751), канцлерам літоўскім, у 1709 г. для „пашырэння хвалы Сапежынскага Дому”. У 1731 г. ён замовіў аналагічную гравюру Ёгану Фрыдрыху Мыліюсу. Коданьская Genealogia Sapieharum вылучаецца на тле падобных радаводаў сваёй унікальнасцю. Пра гэта сведчыць арыгінальная фармальна-змястоўная канцэпцыя, паводле якой партрэтная галерэя атрымала структуру генеалагічнай табліцы, што само па сабе з’яўляецца цікавай задумай, але адначасова праз кампазійцыйную схему паасобныхпартрэтаўізмяшчэнне іх усіх у адной агульнай раме набыла форму родавай эпітафіі, падобных да якой проста няма. Пасля смерці заказчыка, які памёр без нашчадкаў, гэтая табліца больш за 100 гадоў пылілася ў коданьскім касцёле. У 1842 г. там яе ўбачыў наш славуты зямляк, былы вучань свіслацкай гімназіі, Ю.І. Крашэўскі. У 1855 г. Юзаф Лоскі перамаляваў табліцу і тэкст да яе. У 1898 г. пра табліцу ўзгадаў Юзаф Прушкоўскі (псеўданім J.K.P. Podlasiak) у манаграфіі „Кодань Сапегаў. Яго касцёлы і старажытны абраз Маткі Боскай Коданьскай (de Guadelupe) з даўніх і сучасных крыніц” (Pruszkowski Józef. Kodeń Sapiehów. Jego kościoły i starożytny obraz Matki Boskiej Kodeńskiej (de Guadelupe) z dawnych i współczesnych zródeł, Кrаków, 1898). Між іншым, Прушкоўскі пераказвае легенду пра таямнічае з’яўленне абраза Маці Божай у Кодані.

Сапраўдным ініцыятарам стварэння родавай галерэі быў не сам Ян Фрыдэрык Сапега, а яго бацька — Казімір Уладзіслаў Сапега, троцкі ваявода (памёр у 1703 г.). Хутчэй за ўсё, ён выдумаў легендарных продкаў, якія выводзіліся ад Пунігайлы, альбо Сунігайлы. Дакладней, гэта Барташ Папроцкі выводзіў віцебскага ваяводу Яна Сапегу ад Сунігайлы, троцкага кашталяна, які быў прыняты ў Гародлі да герба Ліс. У друкаваным казанні на пахаванні Крыштафа Сапегі 27 лістапада 1631 г. аўтарства ксяндза Якуба Альшэўскага з Сунігайлы быў зроблены Пунігайла. Так ён і з’явіўся ў 1643 г. у гербоўніку Шымона Акольскага Оrbіs Pоlonus. І толькі А. Віюк-Каяловіч у адной з версій свайго гербоўніка Nоmеnklator паправіў памылку Акольскага, вярнуў Сунігайлу, дадаўшы, што на хрышчэнні ён атрымаў імя Шымон (Сямён). У іншай версіі гербоўніка (Cоmpеndium) ён назваў яго бацькам Сямёна Сунігайлавіча Сапегі, падляскага ваяводы, які жыў у часы Казіміра Ягелончыка і пакінуўсыноў Багдана і Івана — пратапластаўчарэйскай (ружанскай) і коданьскай ліній. 9 сакавіка 1688 г. на пахаванні канюшага літоўскага Францішка Стэфана Сапегі біскуп Андрэй Хрызастом Залускі сцвярджаў, што „Пунігайла ідзе ад Альгерда і Сапіенцыяй Сапегам названы”. У шлюбным панегірыку Міхала Юзафа Сапегі ў 1700 г. Пунігайла быў названы нашчадкам Скіргайлы, брата караля Ягайлы. У дыпломе імператара Леапольда І ад 14 верасня 1700 г. (якім надаваўся княжацкі тытул прадстаўнікам ружанскай лініі роду) Казімір, віленскі ваявода, Бенядыкт, вялікі літоўскі падскарбі, і іх сыны і пляменнік былі названыя нашчадкамі вялікага князя літоўскага Альгерда Гедымінавіча. Сам Ян Фрыдэрык Сапега лічыў, што Пунігайла быў бацькам Сунігайлы, які ўжо як хрысціянін Сямён даў пачатак Сапегам, перадаючы ім у якасці патранімічнага прозвішча бацькаву мянушку Sophia.

Такі радавод знаходзім у тэксце эпітафіі на надмагіллі ў коданьскім касцёле, які Ян Фрыдэрык прысвяціў бацьку Казіміру Ўладзіславу. Падобны тэкст можна было пабачыць і на надмагіллі першага ўладальніка Коданя, віцебскага, потым падляскага ваяводы Івана Сапегі (памёр у 1517 г.), які першапачаткова быў напісаны „па-руску” і знаходзіўся ў царкве Св. Духа. Дарэчы, М. Каламайска-Саід замала ўвагі аддае першаму рэальнаму продку Сапегаў коданьскай лініі, хаця ён быў у свой час сапраўды значнай постацю: разам з біскупам Эразмам Цёлкам у духу гуманізму выступаў супраць рэбаптызацыі праваслаўныхжыхароў ВКЛ, атрымаў ад папы рымскага Аляксандра VІ дазвол збудаваць святыню, у якой бы адпраўляліся набажэнствы па чарзе па абрадзе „грэцкім і лацінскім” (K. Morawski. Historya Uniwersytetu Jagiellońskiego. Średnie wieki i Odrodzenie. T. 1. Kraków, 1900, s. 77). Магчыма, гэтай святыняй і была коданьская царква Св. Духа.

Княскі тытул быў дадзены толькі прадстаўнікам ружанскай лініі. Коданьскія Сапегі не саступалі ім радавітасцю і амбіцыямі, але іх сацыяльны стан і палітычнае значэнне былі непараўнальна сціплейшымі. Гэта, магчыма, стала прычынай генеалагічных даследаванняў, накіраваных на выяўленне агульных каранёў з чарэйскай (ружанскай) лініяй, якая сягала да Гедыміна. Не надаючы вялікага значэння Скіргайлу, Сапегі лічылі за продка яго дзеда Нарымунта. Ён лічыўся пінскім князем, бацькам 2 сыноў— Юр’я і Пунігайлы, дзедам Сунігайлы. Такім чынам была папраўлена генеалогія.

У генеалагічнай табліцы з касцёла ў Кодані адлюстраваны як гістарычныя, так і легендарныя асобы. Пад час яе стварэння Ян Фрыдэрык Сапега карыстаўся дапамогай прадстаўніка чарэйскай лініі, гетмана ВКЛ Казіміра Яна, які сам моцна ангажаваўся ў стварэнне родавай славы. Ён з дапамогай езуітаў Адама Дэламарса (будаваў калегіум у Берасці) і Антонія Міштаўта стварыў Historia Illustrissimae Domus Sapiehanae, выдадзеную яго ўнукам Антоніем Казімірам Сапегам у 1724 г. (без гравюр).

Ян Фрыдэрык Сапега пазычаў у Юзэфа Францішка для капіявання партрэты Сапегаў, якіх не хапала. Ён быў у цесным кантакце з Юзэфам Аляксандрам Ябланоўскім, аўтарам Трактата пра польскія фаміліі (Traktat o familiach polskich). У 1750 г. да галерэі дадаліся партрэты яшчэ трох Сапегаў, намаляваныя Аўгустынам Мірысам.

У Аддзеле графікі Нацыянальнага Музея ў Кракаве знаходзіцца альбом з праектам рысункаў коданьскай партрэтнай генеалогіі (MNK, sygn.Ew.III/Rys./5803). Ён быў задуманы адпаведна радзівілаўскаму Icones, створанаму ў 1646-53 г. для Багуслава Радзівіла. М. Каламайска-Саід параўноўвае мастацкія вартасці сапежынскага і радзівілаўскага альбомаў і сапежынскі ацэньвае вышэй. З гэтага альбома ў 1709 г. былі зроблены алейныя партрэты коданьскай табліцы.

Цікавасць уяўляе праект тытульнага ліста альбома, на якім пасярэдзіне намалявана калюмна Траяна, базай якой з’яўляецца своеасаблівая версія Пагоні (вершнік трымае ў руцэ шчыт з некалькімі гербамі — Ліліі, Ліса і Ўзброенай рукі). Наверсе яе бачым дзвюхгаловага арла Габсбургаў. Калюмна ўвогуле сімвалізуе „ўзнёсласць хвалы” і два асноўныя вытокі легендарнай генеалогіі Сапегаў — рымскі і княскі (нададзены Леапольдам І). Сімвалічныя выявы кентаўра (Центаўруса) і польскага арла ў кароне, партрэты рымскіх цэзараў з ідэнтыфікацыйнымі надпісамі (Траян паказаны як заснавальнік Калюмнідаў, з якіх меліся паходзіць легендарныя Сапегі) павінны былі сведчыць пра старажытнае і вельмі шляхетнае паходжанне роду. Аднак цэсарскі радавод, прыпісаны аўтарам гравюры, відаць, збянтэжыў нават саміх Сапегаў: апісаная гравюра не публікавалася і захавалася толькі ў праекце альбома. Яна ўяўляе цікавасць як адлюстраванне паноўных у XVIII ст. сярод прадстаўнікоў магнатэрыі рымска-сармацкіх ідэалаў. Самі ж Сапегі, відаць, лічылі больш важнымі сувязі сваіх продкаў з родам Гедыміна праз Альгерда і Нарымунта.

Шмат цікавых звестак прынёс Марыі Каламайскай-Саід аналіз асобных партрэтаў і подпісаў пад імі. Яна зрабіла каталог асобных выяваў паводле іх арыгінальнага размяшчэння ў табліцы, спрабуючы разгадаць першапачатковую задуму заказчыка і выканаўцы. Ян Фрыдэрык Сапега часам свядома перакручваў звесткі або выявы. Таму ў аўтаркі манаграфіі з’явілася думка напрыканцы каталога падаць папраўленую версію коданьскай генеалагічнай табліцы, якая пасля адмаўлення ад пратапластаў з роду Гедыміна і некалькіх фіктыўных постацяў паказвае тол ькі гістарычных Сапегаў— 64 асобы з 76, пададзеных у табліцы.

Асобны раздзел манаграфіі аўтарка прысвячае медзярытавым радаводам („Гравіраваная генеалогія”, с. 82-109), дзе знайшлі адлюстраванне не толькі асобныя гравюры радаводнага дрэва Сапегаў, Палубінскіх, Пацаў, Тарноўскіх, але і каштоўная інфармацыя адносна знаходжання матэрыялаў у расійскіх і польскіх архівах. Гаворка тут вядзецца ўасноўным пра медзярыты аўтарства Ё.Ф. Мыліюса, А.А. Міштоўта, Я.А. Горчына, М. Вайніловіча, А. Тарасовіча і інш. Геральдысты і генеолагі знойдуць тут шмат інфармацыі пра сапраўдны і выдуманы радавод Сапегаў.

На с. 117 пачынаецца каталог прадстаўнікоўроду Сапегаў, у якім выкарыстаны як партрэты з табліцы, так і выявы з іншых крыніц і найноўшыя гістарычна-генеалагічныя звесткі пра іх правобразы. Пад час складання каталога аўтарка манаграфіі цесна супрацоўнічала з аўтарам манаграфіі „Дом Сапежынскі” Яўстахам Сапегам і карысталася яго сямейным архівам. Эпіграмы да партрэтаў, як паказала М. Каламайска-Саід, належаць пяру Казіміра Ўладзіслава Сапегі і ксяндза Казіміра Яна Вайшнаровіча, што апісаў гербы Сапегаў яшчэ раней — да 1677 г.

Такім чынам, табліца, або галерэя партрэтаў viribus celebris роду Сапегаў з Коданьскага касцёла з’яўляецца унікальным радаводам і адначасова пантэонам і эпітафіяй прадстаўнікам роду, выдатным творам сармацкай культуры, які паўставаў тады, калі гэтая эпоха адыходзіла ў мінулае, таму, магчыма, гэты шэдэўр не меў працягу.

Цікавасць да роду Сапегаў узрастае і ў Польшчы, і ў Беларусі, і ў Літве. Існуе сумесны польска-беларускі праект даследавання спадчыны роду па абодвa бакі дзяржаўнай мяжы. Першапачатковы этап 2006-2007 г. скончыўся даследаваннямі рэзідэнцыі Сапегаў, падляшскіх ваяводаў, у Дубне каля Боцек (Rezydencja Sapiehów w Dubnie. Pod red. H. Karwowskiej i A. Andrzejewskiego. Białystok, 2007). У гэтым

годзе вядуцца даследаванні маёнткаў Сапегаў у Чарлёне і Дзярэчыне. Спадчына Сапегаў чарэйска-ружанскай і коданьскай ліній патрабуе далейшых даследаванняў. Таму багата ілюстраваная і вельмі змястоўная кніга М. Каламайскай-Саід спатрэбіцца кожнаму, хто займаецца і цікавіцца дадзенай праблематыкай.

Горадня

Альбіна Семянчук

Tags: ,