БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Том 15 Сшыткі 1-2 (28-29) Снежань 2008

Ад рэдактараў

 

Артыкулы

Віктар Цемушаў. “Вайна пад час міру”. Першая памежная вайна ВКЛ з Масквою (1486–1494). C. 5-48.

Андрэй Янушкевіч. Нявыкарыстаныя шанцы рэваншу: ВКЛ у канцы Інфлянцкай вайны 1558–1570 г. C. 49-66.

Пётр Кролль. Тактыка барацьбы войска Рэчы Паспалітай з казакамі ў 1591–1638 г. С. 67-99.

Генадзь Сагановіч. ВКЛ і вайсковыя канфедэрацыі 1612–1614 г. С. 100-123.

Анджэй Г. Пшэпюрка. Дзеянні войскаў ВKЛ пад Смаленскам у 1614 г. С. 124-148.

Анджэй Рахуба. Мабілізацыйны высілак ВКЛ пад час вайны 1654–1667 г. С. 149-174.

Кшыштаф Касажэцкі. Стаўленне шляхты ВКЛ да шведскага і маскоўскага панавання ў 1655–1656 г. С. 175-209.

Міраслаў Нагельскі. Вайсковая дзейнасць Аляксандра Гілярыя Палубінскага ў 1648–1676 г. С.210-256.

Конрад Бабятыньскі. Кар’ера і вайсковая дзейнасць гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Паца. С. 257-304.

Дзмітры Віцько. Спробы рэспубліканцаў дамагчыся ўлады над войскам ВКЛ у 1697–1698 г. С. 305-328.

Андрэй Мацук. Войска як інструмент усталявання ўлады Аўгуста ІІІ у ВКЛ у 1733–1735 г. С. 329-364.

Яўген Анішчанка. Ваеннае забеспячэнне Расіяй другога падзелу Рэчы Паспалітай. С. 365-374.

 

Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі

Карев, Дмитрий В. Белорусская и украинская историография конца ХVIII – начала 20-х гг. ХХ в. (Алесь Даніловіч) С. 375-386.

Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15.–18. Jahrhundert) (Уладзімір Канановіч) С. 387-396.

Wojny północne w XVI–XVIII wieku. Toruń 2007 (Генадзь Прыбытка) С. 396-400.

Янушкевіч, Андрэй. Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкай вайна 1558–1570 г. (Аляксандр Філюшкін) С. 400-407.

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia (Міхал Дуда) С. 407-411.

Kotljarchuk, Andrej. In the Shadows of Poland and Russia.(Конрад Бабятыньскі) С. 411-421.

Kalamajska-Saeed, Maria. Genealоgia przez obrazy. Barokowa ikonografia rodu Sapiehów na tle staropolskich galerii portretowych (Альбіна Семянчук) С. 422-429.

Никандров, Нил. Иван Солоневич: народный монархист. Москва, 2007; Sołoniewicz, Iwan. Rosja w łagrze. Warszawa, 2007 (Андрэй Ціхаміраў) С. 429-436.

Harvard Ukrainian Studies.V. XXVI (2002–2003): Ukrainian Church History (Валянціна Яноўская, Марына Сакалова) С. 437-439.

Выданні, атрыманыя рэдакцыяй. С. 440-441.

 

Contents.

Набыць на knihi.by.

(PDF)

Ад рэдактараў

15-ы том БГА прысвечаны ваеннай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў шырокіх часавых межах — ад першых войнаўз Маскоўскай дзяржавай да падзелаў Рэчы Паспалітай. Тэматычны і храналагічны выбар невыпадковы. На працягу ХVІ-ХVІІІ ст. землям сучаснай Беларусі належала надзвычай важная роля ў ваенным супрацьстаянні Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы. З самага пачатку заходняй экспансіі Маскоўскай дзяржавы беларускі абшар ваенных дзеянняў набываў што разу большае значэнне для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага, а ад моманту заключэння Люблінскай уніі — і для Рэчы Паспалітай у цэлым. Тут вырашаліся лёсы барацьбы не толькі за лакальнае дамінаванне, але і за гегемонію ў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропе наогул. І хоць большасць войнаў названага перыяду былі для ВКЛ абарончыя, а калі і ініцыяваліся ім, то з мэтай здабычы страчаных раней земляў (інтэрвенцыйная вайна Жыгімонта ІІІ сыходзіла не з урадавых колаў ВКЛ), найбольшую чалавечую і гаспадарчую даніну гэтая барацьба збірала з абшараў, на якіх вялася, і найчасцей — з Беларусі.

Уплывы тых войнаў на дзяржаву і грамадства яшчэ неабходна усебакова вывучаць, аднак пра іх характар і маштабы ўжо можна меркаваць на падставе шэрагу даследаванняў, якія выявілі разбурэнне гаспадаркі і значныя скарачэнні колькасці жыхароў як у зонах ваенных дзеянняў, так і па-за імі. Устаноўлена, напрыклад, што найбольшыя дэмаграфічныя страты (да 2/3 усяго складу і больш) панеслі ўсходнія і паўночныя паветы ВКЛ у выніку вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай у 1654-1667 г. У Літве толькі на 1790 г. узнавілася тая колькасць насельніцтва, якая існавала да сярэдзіны ХVІІ ст. Апрача дэмаграфічнага рэгрэсу войны прыводзілі да зменаў структуры насельніцтва — як у нацыянальным (прыкладам, на Смаленшчыне пасля вайны 1632-1634 г. і пасля 1654 г.), так і ў сацыяльным плане (непапраўныя страты беларускага мяшчанства ў выніку згаданай вайны 1654-1667 г. ды інш.).

Гістарычны досвед памежжа, дзе нішто не гарантавала бяспекі, прымусіў насельніцтва засвоіць свае стратэгіі выжывання. Хоць некаторыя гарады Беларусі пад час непрыяцельскіх нападаў прадэманстравалі ўзорную вернасць сваёй дзяржаве, мясцовая шляхта і мяшчане ў крытычнай сітуацыі часта маглі пераходзіць на бок мацнейшага, дэманструючы лаяльнасць новаму суверэну.

Прэзентаваныя ў томе артыкулы ахопліваюць самае шырокае кола пытанняў — ад вызначэння храналагічных рамак вайны, геаграфічнай лакалізацыі тэатра баявых дзеянняў ды асвятлення канкрэтных войнаў і пытанняў тактыкі барацьбы з пэўным праціўнікам да праблемы мабілізацыйных магчымасцяў і рэалізаваных высілкаў, кар’еры і вайсковай чыннасці асобных выбітных камандзіраў, а таксама такіх не зусім мілітарных аспектаў, як дэструкцыйная дзейнасць жаўнерскіх саюзаў ва ўласным краі, роля войска ў барацьбе партый эліты за ўладу, і да т. п.

Гэты спецыяльны том БГА і паводле складу аўтараў (колькасны парытэт), і паводле спрычыненасці да выдання стаў беларуска-польскім. Чытачы не атрымалі б яго без падтрымкі Гістарычнага Інстытута Варшаўскага Універсітэта, кіраўніцтву якога выказваем шчырую ўдзячнасць.

Міраслаў Нагельскі Генадзь Сагановіч


Віктар Цемушаў. “Вайна пад час міру”. Першая памежная вайна ВКЛ з Масквою (1486–1494)


Сярод памежных войнаў канца XV — першай трэці XVI ст. паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай найбольш нераспрацаванай застаецца першая. Між тым, менавіта пад час той вайны вылучаліся прэтэнзіі маскоўскага ўладара на „рускія» землі ВКЛ і вызначалася далейшая стратэгія паводзінаў Масквы ў адносінах да суседніх дзяржаваў.

Бадай не існуе іншай вайны, у дачыненні да храналагічных рамак якой было б столькі няпэўнасці і розных думак. Пачатак вайны або губляецца недзе ў 80-х г. XV ст., або цвёрда замацоўваецца за 1492 г., хоць апошнюю дату лёгка абвергнуць адной толькі спасылкай на паход 11 маскоўскіх ваяводаў на Варатынск у 1489 г. І канец вайны не ва ўсіх даследчыкаў звязваецца з заключэннем міру (5 лютага 1494 г.). Некаторыя з іх лічаць, што яна закончылася ўжо ў 1493 г.[1].
Чытаць далей →

Андрэй Янушкевіч. Нявыкарыстаныя шанцы рэваншу: ВКЛ у канцы Інфлянцкай вайны 1558–1570 г.


Напрыканцы 60-х г. XVI ст. Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў незайздросным становішчы. З аднаго боку, Інфлянцкая вайна выцягвала ўсе наяўныя сродкі і прыводзіла ВКЛ да комплекснага палітычнага і эканамічнага крызісу, з другога — Польшча, карыстаючыся крызісным становішчам, ціснула на патрэбу хутчэйшага заключэння міждзяржаўнай уніі. У папулярнай літаратуры і ў некаторых працах масцітых гісторыкаў нават вымалевалася просценькая схема, паводле якой перад ВКЛ стаяў выбар: або быць у саюзе з Польшчай, або быць паглынутай Масквой у выніку Інфлянцкай вайны. У якасці суверэннай дзяржавы, самастойнага і актыўнага суб’екта міжнародных адносінаў Княстваўжо не разглядалася… Гэтыя навязаныя, як правіла, нашымі суседзямі погляды саслужылі не найлепшую службу для зразумення сапраўднай сутнасці складаных палітычных працэсаў.
Чытаць далей →

Пётр Кроль. Тактыка барацьбы войска Рэчы Паспалітай з казакамі ў 1591–1638 г.


У 1590-1648 г. войскі Рэчы Паспалітай былі вымушаны некалькі разоў сутыкнуцца з мяцежнымі казакамі. Гэта былі паўстанні Крыштафа Касінскага (1591-1593), Севярына Налівайкі (1595-1596), Марка Жмайлы ў 1625 г., Тараса Федаровіча ў 1630 г., Паўлюка (Павел Міхновіч Бут) у 1637 г., a таксама Яцака Астраніна i Дзімітра Гуні ў 1638 г. Ход і тактыка той барацьбы істотна адрозніваецца ад дзеянняў больш позняга перыяду. На гэта паўплываў новы фактар, які нівеляваў перавагу польскай конніцы над казацкай пяхотай, што існавала да таго часу. Гэта было з’яўленне ў казацкім войску татарскіх лятучых атрадаў (чамбулаў). Тыя атрады выконвалі такую самую ролю, як казацкія і лёгкія харугвы ў каронным войску: разведка, партызанскія баі, прыкрыццё галоўных сілаў, пераслед разбітага праціўніка. Цяпер казацка-татарскія войскі мелі тыя самыя, што і іхні праціўнік, армія Рэчы Паспалітай, два дасканалыя віды войска — конніцу і пяхоту, якія цудоўна дапаўнялі адна адну. Такая сітуацыя склалася ў 1648 г. Раней паўстанцы, пачынаючы барацьбу з Рэччу Паспалітай, вымушаны былі змагацца з яе арміяй без падтрымкі выдатнай татарскай конніцы. Гэтыя змаганні звычайна заканчваліся паразай казакоў, але толькі некаторыя з іх былі сапраўдным паражэннем казацкіх атрадаў. Як жа іх перамагала каронная армія, што пасля вельмі цяжкага, але пераможнага досведу 30-х г. XVII ст. атрымала цяжкую паразу ў 1648 г.? Як працякалі польска-казацкія змаганні ў 1591-1638 г., якую тактыку выкарыстоўвала на палях бітвы каралеўская армія, каб перамагчы праціўніка, што ўмеў абараняцца? Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. ВКЛ і вайсковыя канфедэрацыі 1612–1614 г.


3 вайсковымі канфедэрацыямі, утворанымі ў фармаваннях Рэчы Паспалітай пад час інтэрвенцыйнай вайны супраць Маскоўскай дзяржавы, звязаны адзін з найбольш драматычных перыядаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй дзяржавы „абодвух народаў» у XVII ст. Як справядліва адзначалася ў літаратуры прадмета, па сваіх маштабах яны станавілі зусім новы этап гісторыі канфедэрацый[1], а па адмоўных наступствах далёка перасягнулі ўсё, бачнае раней сучаснікамі.
Чытаць далей →

Анджэй Г. Пшэпюрка. Дзеянні войскаў ВKЛ пад Смаленскам у 1614 г.


Няўдалы паход караля Жыгімонта III Вазы і каралевіча Ўладзіслава на Маскву ў 1612 г., а таксама капітуляцыя польскага гарнізона Крамля перад аддзеламі другога расійскага апалчэння (6-7.XI) перакрэслілі ўсе шанцы пасадзіць каралевіча Ўладзіслава на царскі трон. Праўда, сярод маскоўскай эліты ўсё яшчэ знаходзілася мноства прыхільнікаў гэтай кандыдатуры, а жыхары некаторых гарадоў у паўночна-заходняй частцы Маскоўскай дзяржавы працягвалі прызнаваць яго ўладу, але пазіцыі каралевіча ў распачатым суперніцтве за шапку Манамаха ўвесь час слабелі. Яшчэ ў пачатку 1613 г. з кола кіраўнікоў другога апалчэння і ўдзельнікаў скліканага князямі Дзмітрыем Трубяцкім і Дзмітрыем Пажарскім Земскага сабору пасылаліся сігналы аб магчымасці выбрання Ўладзіслава на царскі трон, але гэта было больш падобна на спробу нейтралізацыі Рэчы Паспалітай пад час планаваных выбараў манарха. Урэшце 3 сакавіка (21 лютага па старым стылі) 1613 г. Земскі сабор выбраў царом Міхаіла Раманава, што канчаткова пахавала магчымасць пасадзіць каралевіча на маскоўскі трон. Перад Рэччу Паспалітай паўстала праблема памыснага заканчэння вайны, якое прадугледжвала б захаванне ранейшых тэрытарыяльных набыткаў, у першую чаргу Смаленшчыны і Севершчыны. Але гэта было не так проста з прычыны пустой скарбніцы і неабходнасці грашовых выплат жаўнерам, ужо пераважна сканфедэраваным[1].
Чытаць далей →

Анджэй Рахуба. Мабілізацыйны высілак ВКЛ пад час вайны 1654–1667 г.


Выбух вайны з Масквой улетку 1654 г. (хоць ён і не быў нечаканым) заспеў Вялікае Княства Літоўскае не надта добра падрыхтаваным да адпору захопнікам. Перш за усё, не была гатова стрымаць імпэтны націск ворага Смаленская крэпасць,якая,якпаказаліранейшыя войны, з’яўлялася ключавым элементам абароны краіны і якую слушна называлі брамай Вялікага Княства Літоўскага [1]. Не лепш выглядала справа з палявой арміяй, што налічвала (напэўна, пад час праведзенага 7 верасня 1653 г. генеральнага перапісу) 12 540 пайкоў i коней [2], або каля 11 200 жаўнераў, a на яе ўтрыманне патрабаваўся 1 604 983 злотых [3]. Гэтую армію складалі 3 харугвы гусараў (374 коннікі) [4], 4 адзінкі рэйтараў (1020 пайкоў) [5], 26 казацкіх харугваў (2274 коннікі) [6], 9 татарскіх харугваў (960 коннікаў) [7],11 адзінак драгунаў (2974 пайкоў) [8], 9 адзінак нямецкай пяхоты (4088 пайкоў) [9], 7 харугваў польскай (венгерскай) пяхоты (850 чалавек) [10]. Аднак, напэўна, гэта не ўсе вайсковыя адзінкі, якія былі ў той час на вайсковай службе, бо нейкая іх колькасць знаходзілася таксама ў гарнізонах дзяржаўных крэпасцяў або не была ўлічана пры перапісе [11]. А паколькі войска было прафесійнае і некалькі гадоў удзельнічала ў баях, то гэтая армія была не толькі сама па сабе значнай вайсковай сілай, але, перш за усё, добрай кадравай школай для нованабраных харугваў. Таму ў сваім пасланні першаму сойму 1654 г. кароль прапанаваў перш за ўсе захаваць без зменаў колькасць войска Вялікага Княства і прызначыць на яго ўтрыманне нявыплачаныя падаткі (рэтэнты), а таксама ўхваліць на гэтую патрэбу новыя падаткі [12]. Чытаць далей →

Кшыштаф Касажэцкі. Стаўленне шляхты ВКЛ да шведскага і маскоўскага панавання ў 1655–1656 г.


Неспадзяванае аслабленне пазіцый Рэчы Паспалітай у 1648 г. i наступных гадах змаганняў з казацкім паўстаннем на Ўкраіне, а потым яе катастрафічнае паражэнне ў першыя месяцы вайны з Масквой у 1654 i на пачатку 1655 г. прывялі да поўнай змены раскладу сілаў у гэтай частцы Еўропы. На ўсё больш нарастальную моц Масквы нядобразычліва глядзелі не толькі татары, яна зрабілася рэальнай пагрозай для балтыйскіх інтарэсаў Швецыі. Яшчэ раней у Стакгольме разглядалі магчымасць удару па аслабленай Рэчы Паспалітай, і поспехі Масквы маглі толькі паскорыць прыняцце такога рашэння. Шведская інтэрвенцыя i яе імклівае разгортванне ў першыя дні вельмі кепска ўспрымаліся ў Маскве. Там добра разумелі варожае стаўленне шведаў, якія не мелі намеру дапусціць на балтыйскае ўзбярэжжа царскія войскі, што накіроўваліся туды з усходу. Цар жа не збіраўся адмаўляцца ад магчымасці абаперціся на гэтае ўзбярэжжа і планаваў такім чынам адкрыць нарэшце для Масквы балтыйскі шлях у Еўропу.
Чытаць далей →

Міраслаў Нагельскі. Вайсковая дзейнасць Аляксандра Гілярыя Палубінскага ў 1648–1676 г.


Аляксандр Гіляры Палубінскі нарадзіўся 6 жніўня 1626 г. Ён быў сынам князя Канстанціна, ваяводы ў Парнаве, і Соф’і з Сапегаў. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, потым у Замойскай, а затым у Кракаве[1]. Ва ўзросце 17 гадоў з’явіўся пры двары Ўладзіслава IV i як стыпендыят караля быў у 1644 г. накіраваны ў Галандыю і Францыю з метай вывучэння моваў і для азнаямлення з вайсковым майстэрствам Захаду. У 1646 г. адбыўся таксама ягоны дэбют на палітычнай арэне — ён быў абраны на слонімскім сойміку дэпутатам вальнага сойму[2]. Вайсковую кар’еру распачаў у 1648 г. у сувязі з выбухам казацкага паўстання Багдана Хмяльніцкага. Яшчэ 22-гадовым юнаком атрымаў ад Януша Радзівіла, палявога гетмана ВКЛ, прыпаведны ліст на фармаванне гусарскай харугвы на 100 коннікаў. На чале гэтай харугвы ўдзельнічаў у зімовай кампаніі супраць казакоў, вылучыўся пры штурме Пінска 9 X 1648 г.[3]. Потым удзельнічаў у бітвах пад Мазыром (22 II1649), а таксама ў крывавай бітве з казакамі пад Лоевам, дзе армія Януша Радзівіла разбіла сілы паўстанцаў пад камандай Міхайлы Крычэўскага (31 VII 1649). У гэтай баталіі вылучылася гусарская рота Палубінскага, якая ўваходзіла ў склад ударнай групы з некалькіх гусарскіх ротаў пад агульнай камандай Паўла Невяроўскага[4]. Пасля заканчэння гэтай ваеннай кампаніі разам з харугвай знаходзіўся ў Слоніме. Вясной 1650 г. за ваенныя заслугі атрымаў пасаду слонімскага падкаморыя, а войска ў 1650 г., пад час рыцарскага кола выбіраючы сваіх дэлегатаў на вальны сойм, запатрабавала для яго ад Яна Казіміра ўзнагароды за праяўленую ім „ахвоту ягоную да служэння Айчыне і кошты, якія [нясе], гусарскую харугву ўзначальваючы»[5].
Чытаць далей →

Конрад Бабятыньскі. Кар’ера і вайсковая дзейнасць гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Паца


Гетман ВКЛ і ваявода віленскі Міхал Казімір Пац належыць да найбольш вядомых (але і найбольш неадназначных) асобаў, якія пакінулі істотны след у гісторыі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у другой палове XVII ст. Але яго вайсковая дзейнасць — вельмі важны элемент біяграфіі — дагэтуль не выклікала ў гісторыкаў надта вялікай зацікаўленасці[1]. Увага даследчыкаў у найбольшай ступені была засяроджана на палітычнай актыўнасці Паца, у асноўным як апазіцыянера з часоў Яна III Сабескага. У польскай гістарыяграфіі і нават у гістарычнай свядомасці замацаваўся адназначна негатыўны стэрэатыпны вобраз Паца — смяротнага ворага пераможцы з-пад Вены, склочніка, баламута, здрадніка і платнага прыслужніка электара брандэнбургскага і імператара аўстрыйскага, які змагаўся супраць запланаваных дзяржаўных рэформаў і ўмацавання цэнтральнай улады. Вынікі палітычнай дзейнасці, ацэнкі якой, зрэшты, не заўсёды знаходзяць пацверджанне ў крыніцах, выразна засланілі справы Паца на іншым полі дзейнасці — як вайсковага камандзіра, заснавальніка многіх рэлігійных фондаў і мецэната мастацтва. Акрамя таго, многія польскія гісторыкі, якія выказалі крытычныя меркаванні на тэму ягонай грамадскай дзейнасці, часта аддавалі перавагу несправядлівым закідам пра адсутнасць у гетмана вайсковых талентаў.
Чытаць далей →

Дзмітры Віцько. Спробы рэспубліканцаў дамагчыся ўлады над войскам ВКЛ у 1697–1698 г.


Працяглыя войны Рэчы Паспалітай з туркамі і татарамі ў апошняй трэці XVII ст. і абавязак утрымліваць не такое ўжо і вялікае, але пастаяннае войска[1] абумовілі нарастанне супярэчнасцяў у адносінах паміж шляхецкім грамадствам і войскам ВКЛ, якія зводзіліся галоўным чынам да нявырашанасці двух асноўных пытанняў — выплаты заробку і жаўнерскіх злоўжыванняў. Абедзве праблемы не былі нечым прынцыпова новым і насілі ў Рэчы Паспалітай характар хутчэй хранічны, аднак сітуацыя на той час набыла сапраўды сур’ёзныя маштабы. У 1698 г. запазычанасць вялікакняскага скарбу перад войскам дасягнула 54 „чвэрцяў» (квартальных ставак заробку), і пагашэння яе не прадбачылася ні ў блізкай, ніўдалёкай перспектыве. У такіх умовах жаўнерскія рабункі выглядалі прынамсі лагічна, як і паблажлівыя да іх адносіны з боку вялікага гетмана. Такая сітуацыя непазбежна вяла да ўмацавання апазіцыі Сапегам, як дамінавальнага ў той час магнацкага дому, што яскрава прадэманстраваў канфлікт вакол кансістэнцый (пастояў) у духоўных уладаннях. Кульмінацыяй яго стала адлучэнне ад касцёла віленскім біскупам Канстанцінам Казімірам Бжастоўскім у 1694 г. роду Сапегаў на чале з вялікім гетманам Казімірам Янам і вялікім падскарбіем Бенядзіктам Паўлам. Наступным буйным выступленнем апазіцыі супраць гегемоніі Сапегаў была канфедэрацыя часткі войска ВКЛ 1696 г., арганізаваная прыдворнай партыяй ужо пасля смерці Яна ІІІ Сабескага[2]. Адначасова рабіліся спробы заканадаўчага ўрэгулявання праблемы.
Чытаць далей →

Андрэй Мацук. Войска як інструмент усталявання ўлады Аўгуста ІІІ у ВКЛ у 1733–1735 г.


Пасля смерці 2 лютага 1733 г. караля Аўгуста ІІ Рэч Паспалітая ўвайшла ў перыяд чарговага бескаралеўя. Пра свае прэтэнзіі на карону заявілі адразу некалькі ахвотнікаў, як з мясцовых магнатаў „пястаў», так і з замежных кандыдатаў. Найбольшай падтрымкай карысталіся кандыдатуры былога караля Станіслава Ляшчынскага і сына памерлага манарха саксонскага курфюрста Фрыдэрыка Аўгуста. У ВКЛ найбольшую папулярнасць сярод шляхты, безумоўна, мела кандыдатура „пяста». Слабасць пазіцый Фрыдэрыка Аўгуста была выклікана некалькімі прычынамі. Па-першае, папулярнасцю сярод шляхты кандыдатуры „пяста» і адмоўным стаўленнем да іншаземца. Па-другое, саксонскімі камісарамі былі вызначаны Юзаф Вакербарт Салмур і Вольф Баўдысін, якія слаба арыентаваліся ў сітуацыі ў Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў ВКЛ. Па-трэцяе, у апошнія гады панавання Аўгуста ІІ у грамадска-палітычным жыцці ВКЛ дамінавала анты карал еўская і антысаксонская апазіцыя, якая і цяпер мела перавагу. Па-чацвёртае, імкненне некаторых магнатаў ВКЛ самім атрымаць карону і прыхільнае стаўленне да гэтага Аўстрыі і асабліва Расіі.
Чытаць далей →