Новы нумар


Раманава Ірына, Махоўская Ірына. Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. Вільня, 2009 (Анджэй Екацерынчук)


РАМАНАВА, ІРЫНА; МАХОЎСКАЯ, ІРЫНА. Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2009. 247 с.

Мір, што фігуруе ў назве кнігі Ірыны Раманавай і Ірыны Махоўскай, — сёння невялікі гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці, які, аднак, мае надзвычай багатую гісторыю. Менавіта яе раскрыццё і паставілі сабе на мэце даследчыцы. Але дасягнуць гэтай мэты яны вырашылі не традыцыйным для гісторыка спосабам — праз даследаванне дакументаў, а пры дапамозе жывых сведак і непасрэдных удзельнікаў колішніх гістарычных падзей.

Названы населены пункт адметны тым, што тут знаходзіцца замак XVI ст., у якім да Другой сусветнай вайны і прыходу савецкай улады жылі прадстаўнікі княскага роду Святаполк-Мірскіх. Наяўнасць у гісторыі Міра замка і княскага роду дагэтуль з’яўляецца прадметам гонару і падставай для пачуцця выключнасці сярод яго жыхароў. Дадавала славы Міру і тутэйшая ешыва (існавала ў 1815–1939 г.), славуты адукацыйны цэнтр для паслядоўнікаў іўдаізму з многіх краін Еўроры, а таксама Амерыкі і Афрыкі. Выключны каларыт наваколля прадвызначаў і этнічны склад мястэчка: тут мірна жылі беларусы, палякі, татары і яўрэі.

Гэтае багацце і з’яўляецца прадметам рэканструкцыі непаўторнай мікрагісторыі Міра аўтаркамі кнігі. Іх мэтай была не чарговая спроба раскрыцця „аб’ектыўнай ісціны”, а пошук рэспандэнтаў, здольных расказаць даследчыку мноства „суб’ектыўных ісцін”. Са статыстычных зводак і дакументаў акцэнт быў перасунуты на простых людзей. У аснове рэцэнзаванай працы ляжыць перакананне, што гэтыя суб’ектыўныя веды з’яўляюцца гістарычнымі фактамі не ў меншай ступені, чым падзеі, якія рэальна мелі месца. Сёння вусная гісторыя — адзін з найбольш папулярных напрамкаў гістарычнай навукі. Аргументам на карысць такой метадалогіі даследаванняў выступае той факт, што вусны слой гісторыі знаходзіцца пад пагрозай незваротнай страты разам з адыходам носьбітаў гэтых ведаў. Узятыя даследчыцамі інтэрв’ю — гэта гісторыя вачыма людзей, якія самі ніколі не перанеслі б яе на паперу. Аўтаркі зафіксавалі ўспаміны непасрэдных сведак і ўдзельнікаў падзей, якія адносяцца сама меней да трох, а то і чатырох перыядаў. Гэта гісторыя, якая ў адваротным выпадку ніколі не была б прадстаўлена шырокаму колу чытачоў. Некаторыя інфарматары не дачакаліся выхаду кнігі.

Кніга стала плёнам навуковых экспедыцый, якія пра водзіліся з ліпеня 2003 да ліпеня 2005 г. з удзелам студэнтаў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Была складзена спецыяльная анкета з выкарыстаннем двух метадаў вывучэння вуснай гісторыі: біяграфічны метад і праца па схеме „пытанне — адказ”. Даследаванне з’явілася камбінацыяй гэтых двух метадаў.

Даследчыкі наведалі кожны дом у гарадскім пасёлку Мір, у выніку чаго былі ўзяты 85 інтэрв’ю. Рэспандэнтамі ў пераважнай большасці сталі людзі, якія нарадзіліся ў 1910–1930 г. Яны далі згоду на публікацыю сваіх прозвішчаў, і гэты спіс можна знайсці ў канцы кнігі. Са браны такім чынам матэрыял няпроста паддаваўся аналізу. Аўтары даследавання распрацавалі віртуальную мадэль такога аналізу, паводле якой інфарматары, ні быта сабраныя ў адным месцы, апавядалі гісторыю мяс тэчка Мір, узаемна дапаўняючы адзін аднаго. На прак тыцы аналіз запісаных інтэрв’ю ажыццяўляўся наступным чынам: браўся фрагмент успамінаў аднаго з рэспандэнтаў і шукаліся дапаўненні ва ўспамінах іншых інфарматараў. Такім чынам быў ажыццёўлены свайго роду мантаж фрагментаў успамінаў паводле тэматычнага крытэрыя. Плёнам такой методыкі стаў зборны (калектыўны) аповед жыхароў Міра, рэканструкцыя прасторы іх штодзённага побыту на працягу некалькіх гістарычных перыядаў.

Заслугоўвае ўвагі тое, як аўтары справіліся з праблемай аналізу яўрэйскай памяці пра жыццё ў Міры. Па аб’ектыўных прычынах даследчыкі не мелі магчымасці апытаць яўрэяў, якія дажылі б у Міры да сёння, бо не ўдалося адшукаць ніводнага прадстаўніка гэтай супольнасці. Жыццё яўрэяў паказана ў кнізе з пункту гледжання беларусаў, палякаў і татараў. Вядома, такое адлюстраванне не можа быць тоесным карціне, намаляванай самімі яўрэямі. Імкнучыся кампенсаваць адсутнасць яўрэйскіх аповедаў пра мінуўшчыну Міра, аўтары кнігі скарысталі ўспаміны, лісты яўрэяў — былых жыхароў мястэчка — і апублікавалі іх у канцы кнігі ў якасці дадаткаў. Без іх праца, несумненна, страціла б каштоўнасць, стала б няпоўнай, фрагментаванай рэканструкцыяй гісторыі Міра.

Кніга складаецца з трох раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму гістарычнаму перыяду. Яны маюць наступныя назвы: I. Мір „за польскім часам”, II. Другая сусветная вайна, III. Пасляваенны Мір. У трох згаданых раздзелах змешчаны аналіз шырокага эмпірычнага матэрыялу, назапашанага пад час экспедыцый. Неад’емную частку публікацыі складаюць таксама першакрыніцы, сабраныя пад адным загалоўкам „Дадаткі. Лісты і ўспаміны аб Міры”. Гэта перш за ўсё карэспандэнцыя і ўспаміны былых яўрэйскіх жыхароў Міра, перакладзеныя Ірынай Махоўскай на беларускую мову з англійскай і рускай.

Раздзел «Мір „за польскім часам”» складаецца з двух падраздзелаў, першы з якіх атрымаў назву „Штодзённае жыццё мястэчка”. Аўтары на падставе сабранага ад рэспандэнтаў матэрыялу здолелі дэталёва рэканструяваць тапаграфію міжваеннага Міра, што ўваходзіў тады ў склад другой Рэчы Паспалітай. Мы даведваемся пра назвы вуліц, месцазнаходжанне храмаў і найважнейшых устаноў — гміннай адміністрацыі, паліцэйскага ўчастка, дома культуры, школ, пра размяшчэнне крам, рэстаранаў, корчмаў, лазні, пра этнічнае паходжанне і прозвішчы іх уладальнікаў.

Аўтаркам кнігі на аснове ўзятых інтэрв’ю ўдалося дэталёва паказаць узаемаадносіны жыхароў Міра з тамтэйшай яўрэйскай грамадой. З гэтай часткі кнігі вынікае, што кожная з этнічных супольнасцей, якія насялялі Мір, спецыялізавалася на канкрэтнай сферы дзейнасці: напрыклад, крамамі, рэстаранамі, корчмамі апекаваліся галоўным чынам яўрэі, а коньмі гандлявалі цыганы. Аўтаркам праекта ўдалося таксама зафіксаваць успаміны жыхароў Міра аб „прафесіях”, якія незваротна адышлі ў нябыт, — бабках-павітухах і шаптухах. Асабліва цяжка пад час палявых даследаванняў здабыць інфармацыю пра апошніх, бо шаптухі знаходзяцца пад аховай своеасаблівага культурнага табу. З аналізу эмпірычнага матэрыялу вынікае, што ў той час асноўнымі заняткамі жыхароў Міра, з якіх яны жылі, былі, у першую чаргу, рамяство і земляробства. З першага падраздзела паўстае таксама маёмасная структура мястэчка і звязаныя з ёй побытавыя ўмовы жыцця насельніцтва. Да цікавых назіранняў адносіцца хоць бы тое, што „простым” людзям жылося ў той час дрэнна, а тым, хто слугаваў князю Святаполк-Мірскаму, — добра.

Асаблівую ўвагу аўтаркі кнігі прысвяцілі міжнацыянальным адносінам у даваенным Міры. Перад намі паўстае мястэчка, дзе яўрэі складалі больш за палову насельніцтва, а на некаторых вуліцах — і пад 90%. Побач з імі жылі беларусы, палякі і татары. Кожная з гэтых супольнасцяў культывавала свае традыцыі, прычым у вачах беларусаў, палякаў і татараў найбольш адрозніваліся ад усіх якраз яўрэі. Яны вылучаліся не толькі адзеннем, але і паводзінамі ды мовай. Вучні Мірскай ешывы між сабой гаварылі на сваёй мове, а з беларускім насельніцтвам — па-беларуску. Бела-русы ўспрымалі яўрэяў праз прызму матэрыяльнага становішча і прафесійных заняткаў апошніх. З прааналізаванага матэрыялу паўстае вобраз яўрэя як чалавека, які займаецца перш за ўсё гандлем ці рамяством і амаль ніколі не працуе на зямлі. У кнізе, аднак, можна знайсці інфармацыю і пра яўрэйскія сем’і, што знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

Неяўрэйскія супольнасці (асабліва беларусы) успрымалі яўрэяў у цэлым пазітыўна, хоць толькі яўрэі былі прадметам жартаў і кпінаў з боку астатніх груп. Яўрэі часцей за ўсё ўспрымаліся як „чужыя”. Заслугоўвае ўвагі той факт, што яўрэйская супольнасць мястэчка была найбольш ізаляваная ад астатніх. З аднаго боку, эмірычны матэрыял сведчыць, што беларускім рэспандэнтам імёны і прозвішчы яўрэяў было прыгадваць цяжэй, чым палякаў. З другога боку, як вынікае з прыведзенай у дадатках перапіскі выпускнікоў Мірскай ешывы, яўрэям найцяжэй запаміналіся прадстаўнікі польскай супольнасці, на чале з князем Святаполк-Мір -скім. У кнізе прыводзяцца прыклады прадузятых меркаванняў і негатыўных стэрэатыпаў пра яўрэяў, якія нібыта маглі быць забойцамі хрысціянскіх дзяцей, хоць тут жа прысутнічаюць і цалкам процілеглыя выказванні.

Зусім па-іншаму апісваюць беларускія жыхары Міра тамтэйшую татарскую грамаду, якая для іх была куды больш блізкая і зразумелая. Гэтыя дзве супольнасці яднала не толькі адна мова, але і род заняткаў ды лад жыцця. Падкрэсліваецца адсутнасць варожасці паміж беларусамі і татарамі, доказам чаго часта былі мяшаныя шлюбы. Татары атаясамліваліся з працавітасцю і з канкрэтнай прафесіяй — агародніцтвам.

Перад чытачом паўстае адметны вобраз беларуска-польскіх узаемадачыненняў, на шкоду якім ішла надта вялікая маёмасная розніца паміж польскім і беларускім насельніцтвам. Шкодзіла тут, на думку бе ла рускіх рэс-пандэнтаў, і тыповая польская пыха, якая ўспрымалася як самаўзвышэнне. З апісання польска-беларускіх узаемаадносін вынікае, што беларусы ў стасунках з палякамі схільныя былі акрэсліваць сябе не як беларусаў, а як „рускіх”. У процілегласць „сваім” татарам палякі ўспрымаліся як прыхадні, „чужыя”. Беларускія жыхары Міра згадваюць і пра ўзмацненне антыяўрэйскіх настрояў сярод часткі палякаў у другой палове 1930-х г.

З гэтага падраздзела мы даведваемся і пра тагачасную сістэму асветы ў мястэчку Мір, а таксама пра багацце культурнага жыцця тамтэйшай шматнацыянальнай грамады. Важную ролю ў культурным жыцці мястэчка выконвала пажарнае дэпо. Ёсць тут і ўспаміны, прысвечаныя рэлігійным, народным і дзяржаўным святам.

Вельмі цікавыя ўспаміны жыхароў Міра датычаць жыцця ў Савецкай Беларусі. Сабраныя матэрыялы дазваляюць аўтаркам меркаваць, што міране досыць добра ведалі пра становішча, якое панавала ва ўсходняй частцы Беларусі, але ж не заўсёды хацелі верыць весткам з-за ўсходняй мяжы. З успамінаў, змешчаных у гэтым падраздзеле, заслугоўваюць увагі фрагменты, што апавядаюць пра дзейнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі падпольных камуністычных арганізацый, якія распаўсюджвалі сярод беларускага насельніцтва станоўчыя меркаванні пра савецкую рэчаіснасць і паджыўлялі негатыўны вобраз палякаў у процілегласць „сваім” рускім. З прааналізаванага матэрыялу вынікае, што камуністычная агітацыя знаходзіла ў Міры дабратворную глебу.

Другая частка першага раздзела атрымала назву „Замак і маёнтак”. Яна цалкам прысвечана русіфікаванаму ў XIX ст. беларуска-польскаму княжацкаму роду Святаполк-Мірскіх, і ў першую чаргу асобе Міхала Святаполк-Мірскага, які сярод жыхароў мястэчка карыстаўся выключнай папулярнасцю. Адмоўна на гэтую папулярнасць уплываў той факт, што шляхі звычайнага жыхара Міра і князя перасякаліся вельмі рэдка. Магчымасць доступу ў маёнтак князя ўспрымалася мясцовымі жыхарамі ў катэгорыях вялікага прэстыжу, нават калі гэта датычыла княскіх слуг або парабкаў. Заўважым, што хоць жыхары Міра і князь жылі нібыта ў двух паралельных светах, але ж ён залічваўся ў катэгорыю „сваіх”. Відаць, гэтаму спрыяла тое, што, нягледзячы на валоданне некалькімі мовамі, з мясцовымі жыхарамі князь кантактаваў па-беларуску. Супольная мова і вера збліжалі князя ды праваслаўнае беларускае насельніцтва ў каталіцкай дзяржаве.

Другі раздзел пачынаецца падраздзелам, які атрымаў назву „Першыя Саветы”. Менавіта так старэйшыя жыхары Заходняй Беларусі яшчэ і сёння называюць перыяд пасля 17 верасня 1939 г. З прыведзеных у гэтай частцы аповедаў мы даведваемся, як выглядала ўступленне ў мястэчка савецкіх войскаў, як рэагавалі на гэтую падзею мясцовыя жыхары. Дзякуючы камуністычнай агітацыі прадстаўнікі савецкага боку ўспрымаліся як „свае”. Рэспандэнты адзначаюць, што савецкія войскі ўвайшлі як вызваленчыя сілы, якіх віталі з кветкамі і непрыхаванай радасцю. Зусім нямногія ўспрымалі гэты момант як пачатак вайны.

Цікавымі выглядаюць каментары рэспандэнтаў, якія апісваюць канфлікт паміж уяўным вобразам Саветаў і „жывым” савецкім войскам. Найбольшае здзіўленне жыхароў Заходняй Беларусі выклікала сціплае адзенне і рыштунак салдат Чырвонай Арміі; гэта было першым сігналам таго, як на самай справе жывецца ва ўяўным „раі” за ўсходняй мяжой. Ахвярамі агітацыі былі і чырвонаармейцы, якія не маглі зразумець, чаму польскае насельніцтва гаворыць на зразумелай рускім мове.

Кніга прыводзіць цікавыя сведчанні пра паводзіны яўрэйскага насельніцтва пасля прыходу Чырвонай Арміі. На думку рэспандэнтаў, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР яўрэі занялі значную долю кіраўнічых пасад на розных узроўнях новай улады. Негатыўнае адценне набыло паўсюдна ўжыванае раней слова жыд. Савецкія ўлады прапагандавалі выкарыстанне замест яго эмацыянальна нейтральнага наймення яўрэй.

Іншай істотнай для рэспандэнтаў з’явай у той час былі рэпрэсіі савецкай улады супраць „варожых элементаў”. З аналізу эмпірычнага матэрыялу вынікае, што ў 1940 г. пачаліся высылкі ў Сібір, якія закранулі не толькі польскіх асаднікаў і чыноўнікаў, але і беларускіх „кулакоў”. Інфарматары таксама падрабязна апісваюць метады прымусовай калектывізацыі. Аўтаркі кнігі падкрэсліваюць, аднак, што большасць рэспандэнтаў пазітыўна паставіліся да змен, якія адбыліся пасля далучэння іх земляў да БССР, асабліва да замены афіцыйнай польскай мовы ў дзяржаўных установах і сістэме адукацыі беларускай ды рускай мовамі.

З другой часткі другога раздзела („Штодзённае жыццё ў часы нямецкай акупацыі”) вынікае, што ў свядомасці большасці беларускіх рэспандэнтаў вайна пачалася толь кі 22 чэрвеня 1941 г. — пасля абвяшчэння Гітлерам вайны СССР і пасля ўступлення ў Мір нямецкіх войскаў 28 чэрвеня таго ж года. Перад гэтым мястэчка зведала бамбардзіроўкі. Змяшчаюцца ўспаміны пра ўзаемаадносіны паміж нямецкімі акупантамі і мясцовым беларускім насельніцтвам. Глыбокі і балючы след у памяці жыхароў Міра пакінулі катаванні, ужытыя супраць мясцовых камуністычных актывістаў. Рэспандэнты падрабязна апісваюць усталяваную немцамі сістэму кіравання ў мястэчку і этапы ўкаранення нямецкай улады.

Перыяд нямецкай акупацыі рэспандэнты ўспамінаюць як час, калі панаваў адносны спакой, што тлумачылася строгасцю ўсталяваных парадкаў. Падкрэсліваецца, што падаткі, якія трэба было плаціць намцам, былі куды ніжэйшыя, чым „за Польшчай”. Апрача таго, немцы не цікавіліся тымі, хто не лез у палітыку. Яны не рабавалі гаспадарак. Вельмі важнай падзеяй, асацыяванай з нямецкай акупацыяй, інфарматары называюць адкрыццё немцамі ў Міры беларускай школы, вучні якой мелі магчымасць наведваць урокі праваслаўнай рэлігіі. Частка беларускай моладзі заахвочвалася да ўступлення ў новаствораны Саюз беларускай моладзі, які будаваўся на ўзор нямецкага гітлерюгенда. На думку рэспандэнтаў, моладзь уступала туды не з уласнага пераканання, а па прымусу, не ўсведамляючы вынікаў, пад пагрозай адпраўкі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. З тэксту кнігі паўстае вобраз немцаў як сілы, якая больш-менш добра абыходзілася з мясцовым насельніцтвам, за выключэннем яўрэяў. Маладыя мужчыны пад прымусам уступалі таксама ў атрады дапаможнай паліцыі. Каб пазбегнуць вывазу на працу ў Нямеччыну, моладзь далучалася і да партызанскіх атрадаў.

Яшчэ адной з’явай, асацыяванай з нямецкай акупацыяй, быў прымусовы вываз жыхароў Міра на работы ў Нямеччыну. Аднак самыя трагічныя ўспаміны ваеннага перыяду ў рэспандэнтаў пакінуў Халакост. Сярод аповедаў мы знаходзім дэталёвыя апісанні вынішчэння яўрэяў, яўрэйскага гета, створанага ў мястэчку, і масавых забойстваў яўрэйскага насельніцтва. З расказаў жыхароў Міра мы даведваемся і пра паўстанне ў яўрэйскім гета. Рэспандэнты звяртаюць увагу на тое, што пад час знішчэння яўрэйскага насельніцтва немцы выкарыстоўвалі паліцэйскія атрады, укамплектаваныя перш за ўсё літоўцамі і латышамі. Ёсць таксама сведчанні аб спробах выратавання яўрэяў ад смерці беларускімі жыхарамі Міра.

Прыгадваючы паўторны прыход Саветаў, рэспандэнты сцвярджаюць, што гэтым разам яны ўспрымаліся без такога энтузіязму, як у 1939 г. З іх прыходам звязваецца неадкладная мабілізацыя ў Чырвоную Армію. Заканчэнне вайны жыхары Міра атаясамліваюць з неапісальнай радасцю.

Трэці раздзел называецца „Пасляваенны Мір”. Першыя гады пасля вайны — гэта, ва ўспрыманні жыхароў Міра, перыяд адбудовы разбураных дамоў, дэфіцыту ежы, адзення і абутку. Тым не менш, яны падкрэсліваюць, што насельнікам Усходняй Беларусі жылося ў гэты час яшчэ цяжэй. Паводле пераканання жыхароў Міра, „за Польшчай” узровень жыцця ў мястэчку быў куды вышэйшы, чым у першыя пасляваенныя гады. У такіх умовах квітнеў нелегальны гандаль, які дзяржавай разглядаўся як спекуляцыя. Гэты гістарычны перыяд у Заходняй Беларусі атрымаў назву „другіх Саветаў”. Паводле сведчанняў, прыведзеных у кнізе, жыхары Міра ўсведамлялі, што новую ўладу ажыццяўлялі людзі прыезджыя, перш за ўсё з Расіі, а шанцы на кар’еру для прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва павялічвала партызанскае мінулае. У кнізе знайшло адлюстраванне стаўленне жыхароў Міра да пасляваеннай калектывізацыі. З успамінаў рэспандэнтаў вынікае, што гэтае стаўленне шмат у чым залежала ад маёмаснага становішча канкрэтнага гаспадара. Інфарматары з роспаччу ўспамінаюць сталінскі перыяд, які атаясамліваецца з вайной, голадам, раскулачваннем, арыштамі і высылкамі. Яны не хаваюць свайго непрыхільнага стаўлення да дзяржаўных улад, якія ўжывалі рэпрэсіі супраць жыхароў, у прыватнасці, за ўдзел у рэлігійным жыцці.

Рэспандэнты больш падрабязна апісваюць пасляваенны перыяд, чым міжваенны ці ваенны. Парадаксальна, што міжваенны і пасляваенны перыяды ацэньваюцца жыхарамі Міра вельмі падобна, хоць на самай справе яны істотна адрозніваліся. Гісторыю XX ст. жыхары гэтага мястэчка, як і іншыя насельнікі Заходняй Беларусі, прывыклі дзяліць на наступныя перыяды: „за царом”, „за Польшчай”, „першыя Саветы”, вайна („за немцамі”) і „другія Саветы”. У гэты час Мір зведаў істотныя сацыяльныя і эканамічныя трансфармацыі, якія закранулі ў першую чаргу маёмасны аспект. У міжваенны перыяд найвялікшым багаццем была зямля. Пасля вайны становішча змянілася, і індывідуальныя гаспадары апынуліся ў цяжкім становішчы. Іншым наступствам ваеннай віхуры стала адзначаная ў кнізе страта шматнацыянальнага характару мястэчка. З пасёлка назаўсёды знікла яго неад’емная частка — яўрэйскі субстрат разам з усім сваім багаццем.

Складанасць і разнастайнасць гісторыі ды традыцый Міра былі па-майстэрску рэканструяваныя ў памянёнай кнізе. Апрача падрабязнага аналізу ўспамінаў беларускіх, польскіх і татарскіх жыхароў Міра ў кнігу былі ўключаны пераклады лістоў і ўспамінаў яўрэйскіх выпускнікоў Мірскай ешывы. Без гэтага раздзела рэканструкцыя мікрагісторыі мястэчка, ажыццёўленая аўтарамі кнігі, была б няпоўнай. Успаміны яўрэяў служаць каштоўным дадаткам да згадак прадстаўнікоў іншых этнічных груп, якія нярэдка свядома ідэалізуюць сябе. Дадатковай вартасцю кнігі з’яўляецца змешчаны ў ёй ілюстрацыйны матэрыял з міжваеннага перыяду. Гэта і фотаздымкі найважнейшых будынкаў, і партрэты прадстаўнікоў княжацкага роду Святаполк-Мірскіх. Кніга „Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары” — гэта праца, важная не толькі для жыхароў Міра і не толькі для жыхароў усёй Заходняй Беларусі. Яе варта ацэньваць і як важкі ўклад у агульнабеларускую гістарыяграфію. Урэшце, фіксацыя такой мікрагісторыі — вуснай гісторыі, расказанай непасрэднымі сведкамі па дзей, — мае вялікае значэнне ў працэсе аднаўлення гістарычнай памяці беларускага народа.

Люблін

Анджэй Екацерынчук

Наверх

Tags: , , ,