БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Cлавамір Юзвяк. Ваеннапалонныя Нямецкага ордэна пасля бітвы пад Карановам 1410 г.


Пад час Вялікай вайны 1409–1411 г., у якой Польшча і ВКЛ процістаялі Тэўтонскаму ордэну ў Прусіі, паміж ваяўнічымі бакамі адбыліся дзве асабліва важныя для ходу ўсяго канфлікту бітвы — Грунвальдская (15 лі пеня 1410 г.) і Карановіцкая (10 кастрычніка 1410 г.). Калі першая з іх, дзякуючы свайму маштабу і вы нікам, дачакалася на працягу апошніх ста гадоў шматлікіх разнапланавых даследаванняў, то па дру гой дагэтуль існуе даволі сціплая гістарыяграфія[1]. Ас ноў ная перашкода пры вывучэнні абедзвюх бітваў заклю чаецца ў тым, што захавалася даволі невялікая коль касць першакрыніц, а сярод тых, якія ёсць у нашым распараджэнні, галоўнае месца, паводле дэталізаванасці апісання і пераканальнасці паказаных падзей, займае напісаная праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля іх хроніка кракаўскага каноніка Яна Длугаша[2]. Вось чаму цяжка прэтэндаваць на дакладную і абсалютна бездакорную рэканструкцыю ходу абе дзвюх бітваў. Асабліва гэта датычыць бітвы пры Ка ра но ве, ход якой вядомы выключна з пераказу польскага храніста; прычым невядома, наколькі гэты пераказ адпавядаў рэчаіснасці. Аднак дзякуючы іншым захаваным крыніцам, асабліва дакументам колішняй канцылярыі вялікага магістра ў Мальбарку, якія апош нім часам інтэнсіўна вывучаюцца, можна пра ліць святло на некаторыя другарадныя, але не менш цікавыя аспекты гэтай бітвы. Адно з іх — пытанне пра стаўленне да ваеннапалонных пераможанага боку, якому і прысвечаны гэты артыкул.

Бітва пры Каранове, дакладная лакалізацыя якой дагэтуль невядомая (за выключэннем таго, што яна разыгралася недзе ў ваколіцах гэтага горада[3]), адбылася 10 кастрычніка 1410 г. Ордэнскае войска на чале з войтам Новай Маркі Міхаэлем Кюхмайстарам склада ла ся пераважна з жэшаўскіх, сілезскіх і чэшскіх наёмнікаў, якія, у прыватнасці, былі прысланы Ордэну на дапамогу яго тагачасным саюзнікам венгерскім каралём Жыгімонтам Люксембургскім. З польскага боку, у сваю чаргу, змагалася прыдворная каралеўская гвардыя, пас палітае рушанне з прыгранічных тэрыторый і ін шыя атрады, характар якіх дакладна не вядомы. Велі чыня абедзвюх армій, нягледзячы на шматлікія прыкідкі розных гісторыкаў (пазбаўленыя, аднак, верагоднай дакументальнай асновы)[4], на самай справе невядомая. Як бы там ні было, большасць ранейшых даследчыкаў прытрымлівалася меркавання, што крыжацкае войска колькасна пераважала[5]. У бітве, якая цягнулася да самага вечара і вялася — калі верыць Длугашу — паводле пэўных прызнаваных абодвума бакамі правілаў, перамога дасталася палякам. Храніст двойчы падкрэсліў, што, хоць гэтая бітва была менш маштабная за Грунвальдскую, паводле сваёй зацятасці і значэння яна магла лічыцца важнейшай за яе[6]. Падаецца, што гэты каментарый Длугаша грунтаваўся не толькі на звычайным для яго перабольшванні. Важнасць перамогі, здабытай палякамі пры Каранове, падкрэсліваюць і іншыя, больш раннія дакументальныя сведчанні. Асабліва цікавыя звесткі ўтрымліваюцца ў напісаным 11 кастрычніка 1410 г. непадалёк ад Торуні вялікім лісце тагачаснага выконваючага абавязкі вялікага маршала — комтура бальгскага Фрыдрыха фон Цолерна, адрасаваным выконваючаму абавязкі вялікага магістра комтуру швэцкаму Генрыху фон Плаўэну. Ордэнскі ўраднік якраз атрымаў данясенне ад нейкага свайго надзейнага інфарматара (з Торуні?), які паведаміў яму, што напярэдадні (10 кастрычніка) нейкія прадстаўнікі тамтэйшай гарадской рады размаўлялі з каралём у Інаўроцлаве, просячы яго аб вайсковай дапамозе (гэта быў перыяд, калі аўтаномныя ўлады Торуні раздумвалі, чый бок заняць у далейшай фазе вайны, якая працягвалася). Манарх нібыта сказаў ім, каб яны пастараліся пратрымацца як належыць адважным людзям. Калі Бог пашле яму перамогу ў гэтай вайне, то ён вызваліць іх з-пад улады Ордэна, калі ж прайграе, тады торунцы няхай робяць што здолеюць і што палічаць патрэбным[7]. Уладыслаў Ягайла нібыта выказаўся так 10 кастрычніка, яшчэ не ведаючы пра перамогу яго войска пад Карановам, і, як вынікае з прыведзенага ўрыўка данясення, усур’ёз разглядаў магчымасць сваёй паразы ў вайне. У кантэксце гэтых звестак цяжка аспрэчваць тое, што памянёны мілітарны трыумф польскага боку меў вельмі важнае значэнне для далейшага ходу канфлікту.

Ужо пад час апісання ходу бітвы пры Каранове кракаўскі канонік мімаходзь упамінаў пра ваеннапалонных; больш шырокую ўвагу гэтаму пытанню ён аддаў пры падвядзенні вынікаў сутычкі. Двойчы храніст згадваў рыцара Кон рада Німпча пры двары Жыгімонта Люксембургскага, які паходзіў з Сілезіі і змагаўся на баку Ордэна. Так, перад пачаткам вырашальнай біт вы ён нібыта выступіў са строю і выклікаў на асабісты бой добраахвотніка з процілеглага боку. Выклік прыняў Ян Шчыцкі герба „Даліва”, які перамог сілезца, зваліўшы яго з каня. Праўда, у гэтым месцы Длугаш не ўдакладняе, ці вы жыў пераможаны, але гэта становіцца зразумела пазней, калі, падводзячы вынікі бітвы, храніст згадвае Німпча сярод ваеннапалонных[8]. Цікавыя звест кі прыводзіць кра каўскі канонік, каменту ючы ча со-вае перамір’е паміж ваяўнічымі бакамі, якое мела месца паміж другім і вырашальным трэцім бо ем. Так, абодва бакі павінны бы лі ў гэты час, у прыватнасці, абмяняцца ваеннапалон ны мі і вярнуць коней праціўніка, захопленых пад час бітвы (да гэтага пытання мы яшчэ звернемся падрабязней)[9]. Паводле слоў храніста з апісання апошняй, перамож най для польскага боку фазы бітвы, ніхто з непрыяцель скіх войскаў не пазбег бы палону, калі б не надыход цемры[10]. Чарговыя цікавыя звесткі наконт ваеннапалонных Длу гаш прыводзіць у сваім досыць аб’ёмным фіналь ным каментарыі, прысвечаным Карановіцкай бітве. Так, ён сцвярджае, што ў палон да палякаў трапіла шмат франконцаў, сілезцаў, баварцаў, цюрынжцаў, чэ хаў, жыхароў Рэйнскай вобласці і Мейсена, саксонцаў і швабаў. Па імені сярод ваеннапалонных храніст на зывае галоўнакамандуючага войскам праціўніка но ва марскага войта Міхаэля Кюхмайстара, памянёнага ўжо Конрада Німпча, а таксама, паводле фармулёўкі Длугаша, іншых прыдворных караля венгерскага Жыгімонта Люксембургскага — Конрада Элькінгера, Конрада Трукльшэша, Бальтазара з Глоўна (ці Слаўна)[11] і Ганнуса Лебеля[12].

Колькі ўсяго крыжаносцаў апынулася ў польскім палоне? „Свентакшыская хроніка” падае, што людзей знакамітага паходжання сярод іх было каля 300[13]. Э. Кутоўскі на базе досыць адвольных падлікаў (беручы пад увагу толькі частку захаваных першакрыніц) сцвярджае, што іх было не менш як 120[14]. У сваю чаргу, З. Спяральскі, спасылаючыся на прыведзеныя вышэй звесткі з польскай летапіснай крыніцы, заняў у гэтым пытанні супярэчлівую пазіцыю[15]. Дбайны аналіз усіх наяўных крыніц, у якіх згадваюцца крыжаносцы, узятыя ў палон пасля гэтай бітвы, дазваляе канстатаваць, што іх было не менш як 200, у тым ліку вядомых пайменна, апрача Міхаэля Кюхмайстара, — 67[16]. Улічваючы, аднак, той факт, што наяўны ў дзвюх крыху адрозных адна ад ад ной копіях складзены ў ліпені 1411 — жніўні 1412 г.[17] пералік сум, выдзеленых вялікім магістрам на падтрымку ва ен напалонных (у ім фіксуюцца кампенсацыі за страчаную зброю і коней, грошы на дарогу да месца выплаты выкупу і г. д.), з’яўляецца найбольш поўным такім спісам, які, аднак, не ўключае ў сябе ўсіх палонных, узятых пад Карановам (нават з ліку наёмнікаў і рыцараў з акружэння Жыгімонта Люксембургскага, якімі гэты спіс абмяжоўваўся)[18], можна з вялікай верагоднасцю дапусціць, што ў суме іх магло быць больш за 300.

Длугаш даволі падрабязна апісаў тое, што здарылася з палоннымі 10–16 кастрычніка 1410 г. Так, паводле яго слоў, 12 кастрычніка палякі даставілі іх у Быдгашч і толькі 15-га — у Інаўроцлаў, дзе ў гэты час знаходзіўся кароль. Некаторыя з іх (магчыма, параненыя[19]) перавозіліся на 60 вазах (прапанаваных манархам), а іншыя ішлі пешкі або ехалі верхам на конях. Уладыслаў Ягайла, паводле сведчання храніста, паставіўся да палонных з вялікай далікатнасцю: іх накармілі вячэрай, аказалі медыцынскую дапамогу, размясцілі на зручных кватэрах, дзе кароль наведаў іх асабіста. Пасля агульнай трапезы манарх доўга размаўляў з палоннымі, апавядаючы ім аб прычынах вядзення вайны з польска-літоўскага боку. Паводле слоў храніста, тым самым ён здолеў пераканаць слухачоў, што яны баранілі несправядлівую справу і занялі ў канфлікце няправільны бок. На наступны дзень (16 кастрычніка) палонных пералічылі, узялі з іх абавязацельства з’явіцца ў пэўны час у прызначаным месцы (мабыць, з выкупам) і адпусцілі. Толькі камандуючага войскамі Тэўтонскага ордэна войта ноймаркскага Міхаэля Кюхмайстара не вызвалілі, а накіравалі ў кайданах у Хэнцінскі замак[20]. Апісаны Длугашам парадак абы ходжання Уладыслава Ягайлы з ваеннапалоннымі пасля Карановіцкай бітвы пацвярджаецца і паведамленнямі з боку Ордэна. У ліс це, напісаным 20 кастрычніка 1410 г. у Тухолі, выконваючы абавязкі тамтэйшага комтура Шыман Лангшэнкель па ведамляў швэцкаму комтуру Генрыху фон Плаўэну (які выконваў у гэты час абавязкі вялікага магістра), што ў Тухолю паступова прыбываюць вызваленыя кара лём палонныя. Так, акурат прыбыў пан Німшэ (відаць, длугашаўскі Конрад Німпч, у іншых дакументах ордэнскай канцылярыі называны Німічам ці Німпчам) разам з іншымі рыцарамі і слугамі („knechte”), якія па дарозе апярэдзілі пана Эркінгера (відавочна, длугашаўскі Кон рад Элькінгер, які сапраўды ўдзельнічаў у бітве і па хо дзіў з даўняга ніжнефранконскага роду Эркінге-раў фон Зайнсхаймаў)[21]. Апошні таксама накіроўваўся ў Тухолю, але часова затрымаўся за мілю ад яе. Усе яны былі вызвалены, за выключэннем войта ноймаркскага, якога кароль не пажадаў адпусціць. Некаторыя вялі з сабой паланёных палякаў, захопленых яшчэ да таго, як яны самі патрапілі ў няволю[22]. Выконваючы абавязкі комтура стараўся выпытаць у прыбылых, што менавіта з імі адбывалася пасля бітвы. На гэта яны адказвалі, што ім забаронена (відаць, польскім бокам) пра гэта гаварыць; тым не менш, ордэнскаму ўрадніку ўдалося сёе-тое высветліць. Так, былыя палонныя казалі, што ніколі не бачылі ўладара, больш заклапочанага справядлівасцю, чым польскі кароль; ён пытаўся, ці мог бы нейкі іншы ўладар з гэтым змірыцца (у тэксце недагаворанасць — відаць, з несправядлівасцю); імкнучыся ж да справядлівасці, ён і сам, маўляў, хоча дзейнічаць па праўдзе. Таму, падкрэсліваў згаданы ўраднік, многія рыцары і наёмнікі прызнаюць рацыю польскага караля, як ён сам ад іх чуў[23]. Гэта пацвярджае аповед Длугаша пра выкладанне польскім каралём сваіх аргументаў перад ваеннапалоннымі, што, паводле сведчання выконваючага абавязкі комтура, пераканала многіх наёмнікаў у польскай рацыі.

Як вынікае з апісання кракаўскага каноніка і іншых досыць шматлікіх сведчанняў з боку Ордэна, палонныя былі адпушчаны Уладыславам Ягайлам пад слова гонару, з абавязацельствам з’явіцца ў пэўным месцы ў пэўны час з выкупам[24]. Некаторыя больш важныя наёмнікі на службе Ордэна заключалі са сваімі гаспадарамі кантракты, якія прадугледжвалі выкуп з магчымай няволі, атрыманне жалавання на працягу знаходжання ў няволі, а таксама выплату кампенсацыі ў кошт страт і выдаткаў на дарожныя расходы[25], у гэтым кантэксце яны былі зарэгістраваныя ў пазнейшых крыніцах крыжацкага паходжання. Праўда, узнікаюць праблемы з дакладным датаваннем гэтых дакументаў, а таксама з іх адназначнай інтэр прэтацыяй. Гэта датычыць, напрыклад, асобы Эркінгера фон Зайнсхайма. Са складзенага ў перыяд паміж Карановіцкай бітвай і Торуньскім мірам[26] спіса польскіх палонных, захопленых у Прусіі, якія меліся быць абменены на крыжацкіх ваеннапалонных[27] (спіс захоў ваўся ў архівах былой канцылярыі вялікага магістра), вынікае, што выкупам за гэтага сваяка Жыгімонта Люксембургскага павінен быў служыць узяты ў палон у Браціяне чашнік добжынскі Ян Краткоўскі[28], чым, відаць, было абумоўлена яго вызваленне. Аднак у далейшай частцы гэтага досыць аб’ёмнага дакумента з’яўляюцца звесткі, што, у сваю чаргу, Эркінгеру і яго людзям былі перададзены некалькі дзясяткаў польскіх палоннікаў разам з іх камандзірам Ярандам[29], узятым у палон у Міламлыне[30]. Напэўна, і гэты крок быў зроблены з намерам ажыццявіць у будучыні нейкі ўзаемавыгадны абмен. Як бы там ні было, крыніцы не даюць уяўлення пра тое, як і калі былі праведзены абодва гэтыя абмены. З захаваных у дзвюх крыху адрозных адна ад адной версіях і датаваных ліпенем 1411 — жніўнем 1412 г.[31] пералікаў сум, якія Ордэн выдзеліў на падтрымку сваіх ваеннапалонных, вынікае, што Эркінгер (які згад ваецца сярод іншых схопленых сваякоў Жыгімонта Люксембургскага як „von der Kronaw”) праз нейкі час пасля Карановіцкай бітвы павінен быў атрымаць ад крыжаносцаў 200 нобіляў, 50 польскіх грыўняў, 100 „шыльдаў” (экю) і 30 фларэнаў (усяго ў пераліку гэта было б каля 340 грыўняў)[32]. Да гэтага 50 фларэнаў (25 грыўняў) было выплачана яго безыменным слугам, а 75 нобіляў, 16 грыўняў і 110 фларэнаў (у суме больш за 150 грыўняў) меліся атрымаць пяць яго згаданых пайменна паплечнікаў[33]. Улічваючы, што ў папярэдняй крыніцы вялася гаворка пра магчымасць абмену на польскіх ваеннапалонных, не зусім зразумела, на што пры значаліся гэтыя грошы, выплачаныя крыжаносцамі Эркінгеру, а таксама ягоным людзям і слугам. У кожным разе гэта яўна не было жалаванне, паколькі Эркінгер і яго паплечнікі, з пункту гледжання Ордэна, не адносіліся да катэгорыі наёмнікаў. Можа, гэтыя сумы хоць часткова прызначаліся на выплату выкупу? Але і гэтага нельга сцвярджаць з усёй пэўнасцю. Вядома, што ўжо неўзабаве пасля заканчэння вайны і вызвалення з палону[34] Эркінгер і яго людзі дамагаліся ад крыжаносцаў (цяжка сказаць, наколькі настойліва) выплаты на леж нага жалавання і кампенсацыі страт, панесеных імі на службе Ордэну ў час апошняга канфлікту[35].

Варта цяпер перайсці да іншых знакамітых ваеннапалонных, схопленых пасля Карановіцкай бітвы, лёс якіх знайшоў сваё адлюстраванне ў крыніцах. Так, згаданы Длугашам рыцар з Сілезіі Конрад Німпч, прыдворны Жыгімонта Люксембургскага, як вынікае з прыведзенага вышэй спіса, складзенага ў кастрычніку 1410 — лютым 1411 г., быў выкуплены разам з двума таварышамі Пятром Ванглем, які трапіў у палон разам са сваімі падначаленымі ў Тчэве[36]. У сваю чаргу, у датаваных ліпенем 1411 — жніўнем 1412 г. пераліках сум, выдзеленых Ордэнам на падтрымку ваеннапалонных, зафіксавана перадача яму 50 прускіх грыўняў, тады як яго паплечнікі (якіх было аж 24 чалавекі[37]) мелі атрымаць 50 грыўняў і 100 фларэнаў (усяго, такім чынам, каля 100 грыўняў — па 4,5 грыўні на кожнага)[38]. У гэтым выпадку таксама дакладна не вядома прызначэнне гэтых грошай, бо Німпч быў не наймітам Ордэна, які ваяваў за грошы, а сваяком Жыгімонта Люксембургскага. Згаданы Длугашам Конрад Трукльшэш — гэта, відаць, прысутны ў ордэнскім пераліку Конрад Трухтсэс (Троксас). Ён атрымаў 30 фларэнаў (ці 15 грыўняў), прычым з другой версіі спіса вынікае, што гэтыя грошы прызначаліся на пакрыццё яго дарожных расходаў — відаць, на паездку ў Кракаў, дзе ён як ваеннапалонны мусіў з’явіцца ў вызначаны тэрмін[39]. Сямёра паплечнікаў і двое слуг з яго акружэння атрымалі ў суме 90 фларэнаў (па 10 на кожнага)[40]. Апошнім з пайменна згаданых Длу га шам нявольнікаў, узятых у палон пасля бітвы пры Каранове, — таксама з ліку сямейнікаў Жыгімонта Люк сембургскага — быў Ганус Лебель (у ордэнскіх кры ніцах — Ганус фон Лобель), які трапіў у палон разам са сваімі сваякамі Мікалаем і Німандам. У той самай фінансавай справаздачы пад яго прозвішчам зна чац ца 35 грыўняў і 155 фларэнаў (што ў пераліку дае 112,5 грыўні), з чаго 135 фларэнаў ён меўся атрымаць у якасці кампенсацыі нейкіх панесеных ім страт (відаць, за ўзбраенне і коней)[41].

Сярод іншых ваеннапалонных Ордэна пасля Карановіцкай бітвы адносна добра прасочваецца ў выбраным намі кантэксце лёс камандзіра найбуйнейшага атрада наёмнікаў Гейнца фон Профена (Профіна). З запісу ў ордэнскай „Кнізе выплат”, зробленым неўзабаве пасля 10 кастрычкніка 1410 г., вынікае, што не ўсе члены яго роты пасля Карановіцкай бітвы трапілі ў палон[42]. З вышэйпамянёных пералікаў сум, выдзеленых Ордэнам на падтрымку ваеннапалонных (за ліпень 1411 — жнівень 1412 г.), вынікае, што пад час першай дакументальна зафіксаванай выплаты ён атрымаў 30 фларэнаў (15 грыўняў). Потым за перыяд знаходжання ў палоне вялікі магістр заплаціў яму 262 грыўні. Магчыма, гэтая сума была выдзелена Ордэнам у якасці кампенсацыі за страчаную ў баі маёмасць, а можа (прынамсі часткова) — і на выкуп яго ды, магчыма, яго людзей з палону[43]. У кожным разе гэта не была выплата пратэрмінаванага жалавання, пра што сведчыць абавязацельства Профена, складзенае, хутчэй за ўсё, на пачатку 1411 г. (пасля 10 студзеня?)[44], паводле якога ён і яго людзі („mit meynen gesellen also andirrn rittern und knechten”) па загадзе вялікага магістра Генрыха фон Плаўэна згаджаліся на ўтрыманне свайго квартальнага жалавання ў кошт 20 коп’яў, ці 60 конных рыцараў, якія разам з Профенам трапілі ў палон перад Карановам[45]. Свэн Экдаль, які апублікаваў гэты дакумент, звярнуў увагу на тое, што камандзір наёмнікаў згадваў пра ўскладзены на яго з гэтай нагоды доўг („schulde”), з чаго рабіў выснову, што да 10 кастрычніка 1410 г. ён ужо атрымаў гэтыя грошы, якія з прычыны пападання ў палон мусіў вярнуць. Магчыма, так і было, хоць у аналізаваным намі абавязацельстве не ідзе гаворка ні пра якія канкрэтныя сумы. Можна таксама небеспадстаўна сумнявацца ў тым, што Профен разам са сваімі людзьмі адразу пасля бітвы таксама быў вызвалены каралём з абавязкам вярнуцца пазней, што са зместу гэтай крыніцы прынамсі адназначна не вынікае.

Паведамленні, якія дайшлі да нас, сведчаць, што ўжо праз некалькі дзён пасля бітвы пры Каранове былі праведзены перамовы на вышэйшым узроўні (пачатыя выконваючым абавязкі вялікага магістра Генрыхам фон Плаўэнам) наконт вызвалення (паводле прынцыпу абмену) польскім каралём ваеннапалонных, узятых у ходзе гэтай бітвы, перш за ўсё войта ноймаркскага Міхаэля Кюхмайстара. Пра гэта вядома з ліста, які манарх загадаў скласці 25 кастрычніка і які быў адказам на выказаныя некалькі дзён таму пісьмовыя просьбы швэцкага комтура. На пачатку ліста Уладыслаў Ягайла выказваў сваё стаўленне да прапановы кіраўніка Ордэна вызваліць вязняў, узя тых у палон 10 кастрычніка, пад слова гонару (з га рантыяй вяртання), узамен чаго Генрых фон Плаўэн абяцаў зрабіць тое самае ў дачыненні да польскіх ваен напалонных, раней захопленых войскам Ордэна. Манарх адказваў, што незалежна ад просьбаў вялікага магістра ён, кіруючыся высакародным хрысціянскім звычаем, які павінен захоўвацца і пад час вайны, вызваліў пад слова гонару ўсіх ваеннапалонных як з гэтай бітвы, так і даўней узятых, вызначыўшы ім пэўны (у лісце не канкрэтызаваны) дзень вяртання з выкупам. Потым кароль вылучаў шэраг абвінавачанняў на адрас крыжацкага боку, адзначаючы, што прадстаўнікі апошняга не толькі не захоўваюць ваеннага звычаю, які прадпісвае адпускаць палонных пад слова гонару, але і наадварот, забіваюць, катуюць ды абражаюць вязняў. Ён патрабаваў, каб такія дзеянні былі спынены. Напрыканцы манарх адказваў на яшчэ адну прапанову, вылучаную Генрыхам фон Плаўэнам. Так, тэўтонскі ўраднік прапаноўваў абмяняць харунжага познаньскага Яраслава з Іўна, які трапіў у палон да тэўтонцаў у баі непадалёк ад Члухава („circa Slochow”)[46], на паланёнага ў ходзе Карановіцкай бітвы войта Новай Маркі Міхаэля Кюхмайстара. Уладыслаў Ягайла заяўляў, што гэта немагчыма, бо Яраслаў за гэты час быў цалкам вызвалены тым, хто ў памянёным баі ўзяў яго ў палон (манарх не ўдакладняў, на якіх умовах), а таму ён больш не звязаны словам і не нясе на сабе ніякіх іншых абавязацельстваў, так ці інакш звязаных з палонам[47].

Тут варта крыху спыніцца на апошнім пытанні, закранутым у гэтым лісце. Познаньскі харунжы і всхоў скі  староста Яраслаў з Іўна быў у той час слыннай фігурай. Пачынаючы з 1406 г. ён быў каралеўскім дыпламатам. У нейкі перыяд да 1409 г. ён падарожнічаў па Заходняй Еўропе і пры гэтым, відаць, удзельнічаў сярод іншага ў баях з маўрамі ў Іспаніі. Непасрэдна пасля 9 верасня 1409 г. ён па загадзе Уладыслава Ягайлы выправіўся ў дыпламатычную місію, у ходзе якой праз Меклембургію, Вестфалію, Клеве, Гельдрыю, Галандыю, Брабант, Курпфальц, Бургундыю і Францыю дабраўся да Англіі. Па дарозе на дварах нямецкіх князёў, караля рымскага Рупрэхта Вітэльсбаха (Гейдэльберг), а таксама каралёў Францыі і Англіі адстойваў пазіцыю польскага боку ў яго канфлікце з Тэўтонскім ордэнам[48]. У Польшчу вярнуўся, мабыць, увесну 1410 г. Длугаш пісаў, што Яраслаў апынуўся ў войску на чале з ваяводам калішскім і старастам накельскім Мацеем з Вансошы, якое 13 ліпеня 1410 г. выступіла на Памор’е. Яно было, аднак, разбіта ў неназваным храністам месцы аддзеламі войта Міхаэля Кюхмайстара, а сам Яраслаў тады трапіў у палон. Пры гэтым кракаўскі канонік падкрэсліваў, што ў другой палове ліпеня ў лагеры арміі саюзнікаў, якая аблажыла Мальбарк, гэтую паразу не ўдалося замаўчаць акурат па прычыне знікнення рыцара Яраслава[49]. Як вы нікае з вышэйпрыведзенага каралеўскага ліста ад 25 кастрычніка, памянёная бітва адбылася недзе не падалёк ад Члухава[50]. Гэтую падзею згадваў і ордэнскі храніст афіцыял памезанскі Ян фон Рэдэн. Так, апіс ваючы паразу крыжацкіх войскаў пры Каранове, ён ад значаў, што войт Новай Маркі быў адважным ча лавекам, паколькі даўней („vor”) нанёс Каралеўству Поль скаму шэраг страт і ўзяў у палон слыннага рыцара пана Яраслава, „які Ордэн у краях нямецкіх на дварах гаспадароў абвінавачваў”[51]. Відавочна, тут мелася на ўвазе дыпламатычная місія харунжага познаньскага, якую ён ажыццяўляў у канцы 1409 — пачатку 1410 г. Невядома, пры якіх абставінах рыцар Яраслаў быў вызвалены з палону, але, як вынікае з каралеўскага ліста ад 25 кастрычніка, гэта адбылося незадоўга да моманту яго напісання і, мабыць, не абышлося без асабістага ўмяшання манарха. Важнасць Яраслава ў якасці ваеннапалоннага падкрэслівае той факт, што Ордэн хацеў абмяняць яго на галоўнакамандуючага тэўтонскімі войскамі ў бітве пры Каранове, войта Новай Маркі (і пазнейшага вялікага магістра) Міхаэля Кюхмайстара. Па згаданых вышэй прычынах гэта аказалася немагчымым, а ордэнскі саноўнік атрымаў свабоду, мабыць, толькі неўзабаве пасля падпісання Торуньскага міру (пасля 1 лютага 1411 г.)[52].

Як сведчыць вышэйпрыведзены прыклад Яраслава з Іўна, некаторыя палонныя маглі быць абменены менш афіцыйным шляхам, але напэўна ж не задарма. Цікавыя звесткі наконт гэтага ўтрымліваюцца ў напісаным 21 снеж ня 1410 г. у Накле лісце, у якім тамтэйшы староста — ваявода калішскі Мацей з Вансошы — вы кладаў вялікаму магістру Генрыху фон Плаўэну ўмо вы, на якіх ён быў згодны вызваліць аднаго з ка ра новіцкіх ваеннапалонных — ордэнскага падданага Каспара, відаць з Нежыховіц[53]. Ягоную свабоду польскі ўраднік ацэньваў у 40 грыўняў. З гэтай сумы палонны за 30 грыўняў павінен быў выкупіць нейкі ліст (даўгавы?) якогась Багумілака (відаць, Мацеевага сваяка) у дэбжненскага мяшчаніна Пашака, землеўладальніка з Бжэзьна[54], тады як астатнія 10 грыўняў мусіў прывезці старосту. Мацей з Вансошы зазначаў, што тэрмін дзеяння зробленай ім узаемавыгаднай прапановы абмежаваны і што наогул ён ідзе на гэта толькі па просьбе вялікага магістра[55]. З прыведзенага тут пераказу вынікае, што польскі ўраднік выкарыстаў факт утрымання ваеннапалоннага для выплаты ранейшых даўгоў свайго сваяка перад падданымі Ордэна. Тым не менш, адзін момант у гэтым лісце выглядае досыць дзіўна. Так, на пачатку Мацей прыгадвае, што памянёнага Каспара ён узяў у палон пад час Карановіцкай бітвы. Але іншыя крыніцы не паведамляюць пра тое, што ён браў удзел у гэтай бітве. Ян Длугаш пайменна пералічыў каля 40 польскіх ры цараў, якія ўдзельнічалі ў гэтым сутыкненні, але ся род іх няма ніякага Мацея з Вансошы[56]. З іншага боку, досыць непраўдападобна (дый гэта супярэчыць тэк сту прыведзенага ліста), што староста накельскі мог атрымаць гэтага вязня ў падарунак ад кагосьці іншага. У дадатак да ўсяго варта заўважыць, што з тэксту ліста не вынікае, што Мацей адразу пасля бітвы адпусціў свайго палоннага пад слова гонару, а гэты факт уваходзіць у супярэчнасць з вядомымі з іншых крыніц паводзінамі караля, які рабіў гэта масава. Магчыма, аднак, што гэта датычылася толькі палонных з ліку наёмнікаў або гасцей Ордэна, якія заставаліся ў распараджэнні манарха, а ў астатнім польскія рыцары захоўвалі свабоду ў дачыненні да ўласнаручна захопленых ваеннапалонных.

Апрача разабраных вышэй нешматлікіх сведчанняў, якія дайшлі да нас, у цэлым няма ніякай дакументальнай асновы для таго, каб больш дэталёва паказаць працэс вызвалення палякамі ваеннапалонных Ордэна, захопленых у бітве пры Каранове. Цікава, што гэтае пытанне не было вычарпальна ўрэгулявана і ў дакументах Торуньскага міру. У так званым аблігацыйным лісце ад 31 студзеня 1411 г. вялікі магістр Генрых фон Плаўэн абавязаўся ад імя Тэўтонскага ордэна выплаціць польскаму каралю 100 000 коп пражскіх грошаў (чатырма роўнымі долямі: 8 сакавіка, 24 чэрвеня, 11 лістапада 1411 г. і 2 лютага 1412 г.) у якасці зборнага выкупу за вызваленне ўсіх палонных[57]. Але ў астатнім гэты дакумент утрымлівае толькі агульныя фармулёўкі. Перш за ўсё, у ім не вызначаецца ніякага канкрэтнага тэрміну вызвалення палонных. Адсутнічаюць і якія-небудзь гарантыі для крыжацкага боку на выпадак парушэння Уладыславам Ягайлам сваіх абавязацельстваў. Палякі тым часам так і не выдалі ніводнага акта, прысвечанага гэтаму пытанню[58]. З пазнейшых крыніц вынікае, што вялікі магістр перад уручэннем аблігацыйнага ліста выказваў занепакоенасць наконт таго, што кароль можа не выканаць свайго абяцання аб вызваленні палонных. У сувязі з гэтым маршалак Збігнеў з Бжэзя і дзесяць польскіх магнатаў павінны былі прынесці вусную прысягу аб тым, што вызваляць палонных, якія ўтрымліваліся непадалёк, на працягу васьмі дзён пасля выплаты першай долі выкупу (да 16 сакавіка), а рэшту вязняў, якія знаходзіліся ў аддаленых мясцовасцях, — на працягу 14 дзён (да 22 сакавіка)[59]. Паручальнікамі[60] аблігацыйнага ліста Ордэна ад 31 студзеня 1411 г. былі, у прыватнасці, узятыя ў палон пры Каранове Эркінгер фон Зайнсхайм і Конрад Трухсэс[61]. Невядома, аднак, ці ў гэты момант яны ўжо былі вызваленыя, ці гэта гарантавалася ім пасля выплаты першай часткі выкупу[62]. Няма затое ніякіх іншых звестак на конт спосабу і тэрмінаў вызвалення польскім бокам ін шых ваеннапалонных Карановіцкай бітвы. Зусім не аба вяз кова гэта павінна было адбывацца згодна з умовамі да гавораў, заключаных у самым канцы студзеня 1411 г., хоць, з іншага боку, у наступныя месяцы пасля падпісання Торуньскага міру ў крыніцах няма згадак аб тым, што ў палоне ў Польскім Каралеўстве і ВКЛ працягвае знаходзіцца нехта з рыцараў Ордэна або вядомых пайменна наёмнікаў ці гасцей, якія змагаліся ў вайне на яго баку. З іншых крыніц затое вядома, што ў канцы 1411 г. у палоне ў межах ВКЛ і Польшчы знаходзіліся прыкладна 600–900 ваеннапалонных Ордэна[63]. Відавочна, што гаворка тут ішла пра тых палонных, якія на далей утрымліваліся на тэрыторыі гэтых дзвюх дзяржаў. Гэта, аднак, яўна былі прадстаўнікі ніжэйшых сацыяльных слаёў, таму яны доўга і не вызваляліся. Прычынай такога становішча маглі быць і затрымкі з выплатай чарговых частак агаворанага выкупу з боку Ордэна. Апроч таго, у літаратуры ўжо звярталі ўвагу на тое, што агульная сума выкупу, прапанаванага вялікім магістрам у аблігацыйным лісце за 31 студзеня 1411 г. (100 000 коп пражскіх грошаў, ці каля 142 000 прускіх грыўняў), была яўна ніжэйшая за тыя сумы, якія палякі маглі выручыць у выпадку атрымання інды відуальнага выкупу за паасобных палонных[64]. Відаць, гэта таксама было адной з прычын пазнейшых уза емных непаразуменняў у гэтай справе (не зважаючы на добрую волю да выканання палажэнняў падпісанага Торуньскага міру)[65].

Падсумоўваючы нашы разважанні, трэба канстатаваць, што, хоць даследаванне самога ходу бітвы, якая адбылася пры Каранове 10 кастрычніка 1410 г., сутыкаецца з сур’ёзнымі цяжкасцямі з прычыны мізэрнасці захаваных крыніц, пэўныя другарадныя ас пекты гэтага канфлікту лягчэй паддаюцца аналізу. Да такіх аспектаў належыць, у прыватнасці, пытанне аб ваеннапалонных Ордэна. Тэўтонскае войска, якое змагалася ў гэтай бітве, складалася пераважна з іншаземных (нямецкіх і сілезскіх) наёмнікаў, а так сама з рыцараў, дваран і сваякоў Жыгімонта Люк сембургскага. У польскі палон трапілі не менш як 300 чалавек, з якіх 68 вядомыя пайменна. Як ад на душна паведамляюць крыніцы, кароль паставіўся да іх з вялікай далікатнасцю. Ён асабіста пастараўся пераканаць іх у слушнасці пазіцыі польскага боку, а праз некалькі дзён яны былі пералічаны і адпушчаны пад слова гонару пры ўмове вяртання з выкупам у пэўнае месца ў пэўны час. Усё гэта, відаць, адносілася толькі да іншаземных наёмнікаў і рыцараў-дваран Жыгімонта Люксембургскага, паколькі ўдзельнікі бітвы з ліку манахаў Тэўтонскага ордэна і яго падданых не былі адпушчаны (гэтыя апошнія, зрэшты, знаходзіліся, хутчэй за ўсё, у распараджэнні не караля, а тых польскіх рыцараў, якія ўзялі іх у палон).

Крыніцы не даюць яснай карціны таго, як, калі і на якіх умовах вызваляліся вязні, узятыя ў палон пасля Карановіцкай бітвы. Апрача патрабавання выкупу, у асобных выпадках палякі спрабавалі таксама ажыццяўляць абмен на сваіх рыцараў, раней узятых у палон войскам Ордэна (перш за ўсё ў верасні 1410 г.). Вынікі такіх спроб дакладна невядомыя. Статус паасобных палонных таксама прыносіў немалыя клопаты крыжацкім уладам. Так, у выпадку наёмнікаў ім даводзілася траціць грошы на кампенсацыі, аплату дарогі да месца прынясення выкупу, а часам і на сам выкуп (але пры адначасовай адмове ад выплаты жалавання за час знаходжання ў няволі), тады як да рыцараў-дваран Жыгімонта Люксембургскага было іншае стаўленне: іх кваліфікавалі як гасцей-добраахвотнікаў і не хацелі выдзяляць ім грошы на выкуп. Гэта вяло да шматлікіх непаразуменняў і — з пункту гледжання ўладаў Ордэна — да неабгрунтаваных патрабаванняў з боку рыцараў. Уяўляецца найбольш праўдападобным, што пераважная большасць ваеннапалонных Ордэна, захопленых пад час бітвы пры Каранове (хоць, пэўна, і не ўсе), атрымалі свабоду на працягу некалькіх месяцаў пасля падпісання Торуньскага міру (г. зн. пасля 1 лютага 1411 г.).

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


[1] У ліку ранейшых артыкулаў пра Карановіцкую бітву гл.: Kujot S. Wojna // Roczniki Towarzystwa Naukowego w Toruniu. 1910. № 17. S. 265–267; Kutowski E. Zur Geschichte der Soldner in den Heeren des Deutschordensstaates in Preussen bis zum ersten Thorner Frieden // Oberlandische Geschichtsblatter. 1912. № 14. S. 486–489; Spieralski Z. Bitwa pod Koronowem 10 X 1410 // Bitwa pod Koronowem 10 X 1410 / Red. Tomczak A. Warszawa, 1961. S. 47–67; Kwiatkowski K. Kontrakcja militarna Zakonu. Napływ kontyngentow pomocniczych i zaciężnych z obszarow Rzeszy // Joźwiak S., Kwiatkowski K., Szweda A., Szybkowski S. Wojna Polski i Litwy z zakonem krzyżackim w latach 1409–1411. Malbork, 2010. S. 572 — 615. У сваю чаргу, крокам назад у вывучэнні бітвы пры Каранове (асабліва з увагі на крайне няпоўнае выкарыстанне крыніц) з’яўляецца апошняя праца на гэтую тэму аўтарства П. Дэрдэя: Derdej P. Koronowo 1410. Warszawa, 2004.
[2] Joannis Dlugossii Annales seu cronicae incliti Regni Poloniae // Ed. Plezia M. Lib. 10–11. Varsaviae, 1997 (далей — Długosz). S. 99–115, 152–156.
[3] Гл. найноўшыя разважанні К. Квяткоўскага пра ход і месца гэтай бітвы: Kwiatkowski K. Op. cit.
[4] На думку З. Спяральскага, узначальванае Міхаэлем Кюх-майстарам войска, якое змагалася пад Карановам, налічвала 3500 чалавек, гл.: Spieralski Z. Op. cit. S. 61. У сваю чаргу, С. М. Кучыньскі ацэньваў яго ў менш як 4000 чалавек, гл.: Kuczyński S. M. Wielka Wojna z Zakonem Krzyżackim w latach 1409–1411 / Wyd. 4. Warszawa, 1980. S. 502–503.
[5] Пра вырашальную перавагу войскаў Ордэна неаднаразова згадваў яшчэ Длугаш. У іншым месцы храніст, яўна перабольшваючы, паведаміў, што ў гэтай бітве з боку тэўтонцаў загінула 8000 чалавек.
[6] Długosz. S. 155–156.
[7] „…Und die von Thorun synt also gestern von Leslaw von im [караля. — С. Ю.] gescheyden, do sie bie im gewest synd bittende umb rettunge; das her czu in gesprachen hat, das sie sich sulden enthalden als bederwe luthe; hilft im got, das her den streyt gewynnet, her welde sie wol von uns macht entseczen, worlust her aber den streyt, so sullen sie thun, wie sie mogen”. Цыт. паводле: Geheimes Staatsarchiv Preußischer Kulturbesitz, Berlin-Dahlem, XX. Hauptabteilung, Ordensbriefarchiv (далей — OBA), № 1355.
[8] Długosz. S. 153, 156. Узяцце Конрада Німпча ў палон знайшло адлюстраванне і ў некалькіх дакументах прускага паходжання — пра гэта будзе ісці гаворка ў наступнай частцы гэтага артыкула.
[9] Długosz. S. 154.
[10] Długosz. S. 155.
[11] Назва вар’іруецца ў розных копіях працы кракаўскага каноніка.
[12] Długosz. S. 156.
[13] „Anno eodem breui interuallo, iterum Poloni cum Cruciferis circa claustrum Corunow bellum fecerunt et Cruciferos vicerunt et 300 notabiles captiuos ad regem in Wladislauiam adduxerunt”. Цыт. паводле: Rocznik świętokrzyski do r. 1490 / Wyd. Bielowski A. // Monumenta Poloniae Historica / Wyd. Małecki A., Kętrzyński W., Liske K. T. 3. Lwow, 1878. S. 84.
[14] Kutowski E. Op. cit. S. 487.
[15] Аўтар, памылкова інтэрпрэтуючы звесткі крыніцы, з аднаго боку заявіў, што сярод палонных не магло быць „300 знакамітых рыцараў”, паколькі такіх ва ўсім Кюхмайстаравым войску было толькі крыху больш, з другога ж — прыняў па ўмаўчанні, што гэтая агульная колькасць ваеннапалонных адпавядае рэчаіснасці, уключыўшы ў яе рыцараў, збраяносцаў, слуг і г. д. Гл.: Spieralski Z. Op. cit. S. 66–67.
[16] OBA, № 1375; Das Soldbuch des Deutschen Ordens 1410/1411. Die Abrechnungen für die Soldtruppen / Bearb. und ediert v. Ekdahl S. Teil I. Köln-Wien, 1988 (далей — Soldbuch). S. 97–98, 102, а таксама Anhang. № 23. S. 177; № 24. S. 184–187, 196–199; Kodeks dyplomatyczny Wielkopolski / Wyd. i oprac. Gąsiorowski A. i Walczak R. T. VII. Warszawa — Poznań, 1985. № 670; Biskup M. Z badań nad „Wielką Wojną” z zakonem krzyżackim // Kwartalnik Historyczny. 1959. № 66. Z. 3. Dodatek, № 7. S. 702–705, 709; Geheimes Staatsarchiv Preußischer Kulturbesitz, Berlin-Dahlem, XX. Hauptabteilung, Ordensfolianten (далей — OF). № 13. S. 553–554; Soldbuch. Anhang. № 24. S. 192, przyp. 16.
[17] С. Экдаль, які падрыхтаваў да друку гэтыя дакументы, устанавіў, што яны былі створаны пасля 15 ліпеня 1411 г., але перад 24 жніўня 1412 г. Гл.: Soldbuch. Anhang. № 24. S. 178, 189 (каментарый выдаўца).
[18] Напрыклад, Длугаш паведамляе, што з кола прыдворных венгерскага караля ў палон трапіў, у прыватнасці, Бальтазар з Глоўна (ці Слаўна): Długosz. S. 156. Такая постаць не фігуруе ні ў адной з вядомых крыніц, якія пайменна пералічваюць ваеннапалонных, узятых пры Каранове. На думку Э. Кутоўскага, кракаўскі канонік проста сказіў гучанне прозвішча гэтага чалавека: Kutowski E. Op. cit. S. 486. Цяжка, аднак, згадзіцца з меркаваннем гэтага даследчыка, паколькі ва ўсіх крыніцах, што дайшлі да нас, дзе карановіцкія ваеннапалонныя згадваюцца пайменна, няма нікога, хто меў бы нават такое імя.
[19] Пра цяжка параненых ваеннапалонных з-пад Каранова (якія, аднак, выжылі) згадваюць і памянёныя вышэй спісы кампенсацый, складзеныя ў ліпені 1411 — жніўні 1412 г.: „Item Lobens czwene gesellen worden gefangen und swerlich gewunth, 8 frankisch kroner” (Soldbuch. Anhang. № 24. S. 185).
[20] Długosz. S. 157. Ордэнскі храніст затое занатаваў, што палякі да ўзятага ў палон Міхаэля Кюхмайстара ставіліся сурова з прычыны таго, што ён быў чалавекам адважным, прычыніў каралеўству шмат шкоды, а раней узяў у палон рыцара Яраслава [з Іўна] — гл.: Johann’s von Posilge, officialis von Pomesanien. Chronik des Landes Preussen / Hrsg. v. Strehlke E. // Scriptores rerum Prussicarum / hrsg. v. Hirsch T., Töppen M., Strehlke E. Bd. III. Leipzig, 1866 (далей — Posilge). S. 323. Існуюць, аднак, дакументальныя сведчанні таго, што войт ноймаркскі быў не адзіным нявольнікам, якога манарх адразу пасля Карановіцкай бітвы не выпусціў пад слова гонару. Іншым быў рыцар Генрых Гарфуст, які ў Грунвальдскай бітве выступаў у якасці слугі комтура торуньскага і трапіў у палон, адкуль пры няясных абставінах, але досыць хутка быў выкуплены. Потым ён апынуўся ў войску Міхаэля Кюхмайстара і зноў, цяпер ужо разам з войтам ноймаркскім, трапіў у палон пад Карановам. Фрагмент з ліста вялікага магістра Паўла фон Русдорфа да архібіскупа калонскага за 20 лютага 1438 г. („und darnach in der Nuwenmarke mit her Michel Kochmeister, unserm vorfar, der uff die czeit voith in der Nuwenmarke was, wart her [Генрых. — С. Ю.] aber gefangen und wart ouch mit em los…” — OF. № 13. S. 553–554) дазваляе меркаваць, што рыцар Генрых разам з крыжацкім войтам таксама апынуўся ў Хэнціне і разам з ім жа быў пазней вызвалены. Уся яго гісторыя стала вядома дзякуючы таму, што праз доўгі час ён, а пасля яго смерці ягоная жонка дамагаліся ад уладаў Тэўтонскага ордэна кампенсацыі за абодва праведзеныя ў няволі тэрміны, у чым тэўтонцы паслядоўна адмаўлялі, настойваючы на тым, што ўсё належнае ўжо было яму выплачана. Больш падрабязна пра гэты эпізод апавядае С. Экдаль: Soldbuch. Anhang. № 24. S. 192, przyp. 16 (каментарый выдаўца).
[21] Длугаш сярод загінулых з боку Ордэна вылучыў знатнага маладзёна Ульрыха Эркінгера, відаць нейкага сваяка Конрада, які нібыта паходзіў з такой багатай сям’і, што калі б выжыў, то за яго можна было б атрымаць 60 000 фларэнаў выкупу (г. зн. у пераліку 30 000 грыўняў). Ён быў пахаваны ў асобнай дамавіне ў Карановіцкім кляштары: Długosz. S. 156. У кантэксце вядомых з іншых крыніц канкрэтных сум, якія выплачваліся тады за вызваленне з палону, інфармацыя Длугаша выглядае значным перабольшаннем.
[22] „…und sy habin etlich gevangen van den Polan mit in gebracht, dy sy gevangen, e das sy gevangen wurden…” — цыт. паводле: OBA. № 1375. Пра такую звышдалікатнасць Длугаш не згадваў. Храніст пісаў толькі пра абмен ваеннапалоннымі пад час узгодненага другога перапынку ў ходзе бітвы: Długosz. S. 154.
[23] „…sunder also vil sagen sy wol, das sy ny keynen herren sich groslicher habin gehort irbyten tzu gerechtykeit, wen den konyng, wen her spricht, wer irneyn herre, der sichs annemen welde; her welde tun, als das her von rechte tun sulde. Hir ummb so gebin im vele rittere und knechte gerecht, als ich von in gehort habe”. Цыт. паводле: OBA. № 1375.
[24] Як дзейнічаў гэты механізм, прыкладна вядома з гісторыі аднаго з найважнейшых камандзіраў крыжацкіх наёмнікаў, які трапіў у польскі палон пад Грунвальдам, — Мікалая фон Катэвіца (у чэрвені 1410 г. ён прывёў у Прусію 150 вершнікаў і шматлікіх арбалетчыкаў). Пасля вызвалення каралём пад слова гонару ён павінен быў з’явіцца ў Кракаве 29 верасня. Там яго свабода была ацэнена ў 200 коп чэшскіх грошаў (ці 250 грыўняў), два даспехі і чатыры арбалеты, пра што вядома з яго ліста да Генрыха фон Плаўэна, напісанага ў Кракаве прыкладна ў кастрычніку 1410 г. Гл.: Ekdahl S. Kilka uwag o księdze żołdu Zakonu Krzyżackiego z okresu „Wielkiej Wojny” (1410—1411) // Zapiski Historyczne. 1968. № 33. Z. 3. S. 126–127, 129 (разам з публікацыяй крыніцы). Паведамляючы пра гэта выконваючаму абавязкі вялікага магістра, Катэвіц, мабыць, разлічваў на тое, што крыжацкія ўлады заплацяць за яго гэты выкуп.
[25] Пра гэта гл.: Ekdahl S. Op. cit. S. 111–130.
[26] Як сцвярджае М. Біскуп, гэтая крыніца датуецца перыядам паміж 20 кастрычніка 1410 г. і 2 лютага 1411 г. — гл.: Buskup M. Op. cit. Dodatek, № 7. S. 701.
[27] Э. Кутоўскі пераказвае ліст, які збярогся ў рукапіснай копіі; даследчык датуе яго 24 траўня 1412 г. Гэты ліст вялікі магістр Генрых фон Плаўэн скіраваў да князя Пржэмка Апаўскага. Кіраўнік Тэўтонскага ордэна паведамляў у ім, у прыватнасці, што незадаволенасць наёмнікаў узнагароджаннем, атрыманым пасля службы, прымусіла яго пасля Карановіцкай бітвы пайсці на саступкі, якія заключаліся ў павышэнні ім жалавання, а ў выпадку іх паланення — прадастаўленні гарантый абмену на ўзятых у палон палякаў (гл. Kutowski E. Op. cit. S. 488, przyp. 1). На жаль, рукапісны збор, якім карыстаўся нямецкі даследчык, загінуў пад час апошняй вайны. Да нашых дзён зберагліся толькі кароткія пераказы ўключаных у яго лістоў і дакументаў. На іх падставе можна толькі скарэктаваць памылкова прыведзеную Э. Кутоўскім дату напісання гэтага ліста вялікага магістра — на самай справе гэта адбылося 27 верасня 1412 г. Гл.: Pelech M. Der verlorene Ordensfoliant 5 (früher Hochmeister-Registrant II) des Hist. Staatsarchivs Königsberg, mit Regesta (nach Rudolf Philippi und Erich Joachim) // Beiträge zur Geschichte des Deutschen Ordens / Hrsg. v. Arnold U. Bd. I. Marburg, 1986. № 102. S. 167. З іншага боку, вядома, што і сапраўды пасля Карановіцкай бітвы крыжацкія ўлады павысілі наёмнікам стаўку жалавання з 11 да 12 грыўняў на кап’ё ў месяц. Гл.: Ekdahl S. Op. cit. S. 119; Soldbuch. S. 25, 98 (заўвагі выдаўца).
[28] Пра асобу Яна Краткоўскага гл.: Bieniak J. Elita ziemi dobrzyńskiej w poźnym średniowieczu i jej majątki // Stolica i region. Włocławek i jego dzieje na tle przemian Kujaw i ziemi dobrzyńskiej / Red. Krut-Horonziak O., Kajzer L. Włocławek, 1995. S. 38; Sławiński T. Kretkowscy i ich dzieje od połowy XIV wieku. Włocławek — Warszawa, 2007. S. 40–42.
[29] Найноўшыя даследаванні сведчаць пра тое, што гаворка тут можа ісці пра дзвюх асоб: пра Яранда з Грабе (Брудзэва), тагачаснага харунжага інаўроцлаўскага, або пра брэcцкага стольніка Яранда з Малой Клобі, які на пачатку 1411 г. атрымаў прызначэнне на месца кашталяна ковальскага. Гл.: Szybkowski S. Postawy polskich i litewskich elit społecznych wobec konfliktu w trakcie wyprawy letniej i kampanii jesienno-zimowej // Joźwiak S., Kwiatkowski K., Szweda A., Szybkowski S. Wojna Polski i Litwy z zakonem krzyżackim. Malbork, 2010. S. 698. Значыць, калі б меўся на ўвазе апошні, то ўжо на пачатку 1411 г. ён мусіў быць вызвалены з палону.
[30] Biskup M. Op. cit. Dodatek № 7. S. 703–704.
[31] Наконт датавання гэтых крыніц гл. спасылку 17.
[32] Згодна з каэфіцыентам, прапанаваным С. Экдалем, 1 венгерскі фларэн быў роўны 0,5 грыўні (ці 12 скойцам), 1 французскае залатое экю адпавядала 14 скойцам, тады як англійскі нобіль быў роўны 26 скойцам і 4 пфенігам. Гл.: Ekdahl S. Einfuhrung // Soldbuch. S. 18.
[33] Soldbuch. Anhang, № 24. S. 186, 197–198.
[34] Пра гэта гл. ніжэй.
[35] OBA. № 1593, № 1628. Яшчэ ў лісце за 8 траўня 1419 г. магістр нямецкай галіны Тэўтонскага ордэна звяртаўся да вялікага магістра Міхаэля Кюхмайстара з просьбай задаволіць фінансавыя прэтэнзіі Эркінгера (мабыць, яшчэ з часоў вайны 1410–1411 г.), паколькі яго далейшае прыязнае стаўленне да Ордэна мае істотнае значэнне. Гл.: OBA. № 2959; Kutowski E. Op. cit. S. 506, przyp. 5.
[36] Biskup M. Op. cit. Dodatek № 7. S. 702. Пра Пятра Вангля вядома няшмат. Магчыма, акурат ён („Petrus Wangel de Brigow”) быў абменены ў ліку іншых прыдворных рыцараў Жыгімонта Люксембургскага ў 1397 г. Гл.: Engel P. Magyar Ország világi archontológiája 1301–1457. T. 1. Budapest, 1996. S. 421; Długosz. S. 271 (каментарый выдаўца).
[37] Што вынікае з другой версіі спіса.
[38] Soldbuch. Anhang, № 24. S. 184–185, 196.
[39] „Iten 30 goldin her Conrado Troksos czerunge sich czu gestellin”.
[40] Soldbuch. Anhang, № 24. S. 198.
[41] Soldbuch. Anhang, № 24. S. 185, 196.
[42] „Item her Heyncze Ol sustulit 315 m. off 21 spyse von her Heyncze Profins gesellen, dy nicht gefangen worden vor der Kronaw”. Гл.: Soldbuch. S. 102.
[43] „Her Heincze von Profin 262 m., dy im unser homeister gab von Nickel Pyskerdorf, in czu manen, als her Hincze gefangen wart, und Niclos Pyskerdorf darvonquam und henusreyth”. Гл.: Soldbuch. Anhang, № 24. S. 186–187, 199.
[44] С. Экдаль датаваў гэты дакумент канцом 1410 — пачаткам 1411 г. Гл.: Soldbuch. Anhang, № 23. S. 177 (каментарый выдаўца). Гэты даследчык, аднак, не ўзяў пад увагу той акалічнасці, якая вынікае з тэксту, што Профен, трапіўшы разам са сваімі людзьмі ў палон, пагадзіўся на ўтрыманне свайго квартальнага жалавання. Між тым гэтая акалічнасць дазваляе меркаваць, што пасля 10 кастрычніка мінула ўжо тры месяцы.
[45] OBA. № 1625; Soldbuch. Anhang, № 23. S. 177.
[46] Эдвард Рачыньскі, які рыхтаваў да друку гэты дакумент, расчытаў гэтую назву як „Slothow”. Гл.: Kodeks dyplomatyczny Litwy / Wyd. Raczyński E. Wrocław, 1845 (далей — KDL). № 6. S. 118. Аднак у арыгінале, які дайшоў да нас, выразна відаць напісанне „Slochow”. Гл.: OBA. № 1383.
[47] OBA. № 1383; KDL. S. 117–118.
[48] Пра Яраслава з Іўна і яго тагачасную дыпламатычную дзейнасць гл.: Szweda A. Na polsko-krzyżackim pograniczu. Działalność starosty nakielskiego Jarosława z Iwna (1413–1423) // Roczniki Historyczne. 2003. № 69. S. 105–126; Idem, Szybkowski S. Aktywność dyplomatyczna stron konfliktu na dworach europejskich // Joźwiak S., Kwiatkowski K., Szweda A., Szybkowski S. Wojna Polski i Litwy z zakonem krzyżackim w latach 1409–1411. S. 192.
[49] Długosz. S. 85.
[50] OBA. № 1383.
[51] Posilge. S. 323.
[52] Хоць дакладныя абставіны і дата яго вызвалення невядомыя, навукоўцы згодныя наконт таго, што гэта ад бы лося ў лютым — сакавіку 1411 г. Гл.: Nöbel W. Michael Küchmeister. Hochmeister des Deutschen Ordens 1414–1422. Marburg, 1969 (Quellen und Studien zur Geschichte des Deutschen Ordens. Bd. 5). S. 33, 43; Kwiatkowski K. Op. cit.
[53] У крыніцы ён завецца „Caspar dictus Szenefelt”, што дае падставы лічыць месцам яго пражывання мясцовасць Шон фельд (Нежыховіцы, за 3 км на паўднёвы захад ад Хойніц). Аднак гэтага нельга сцвярджаць з усёй пэўнасцю, паколькі словы „званы Шэнефельт” маглі з роўным поспехам азначаць і нейкую яго мянушку. З іншага боку, фігураванне ў гэтай крыніцы Пашака „de Brzesna” (Бжэзьна Члухаўскае на захад ад Нежыховіц) гаворыць на карысць інтэрпрэтацыі, звязанай з паходжаннем памянёнага Каспара.
[54] У іншых крыніцах не фігуруе.
[55] „Scire velitis, quia Casparem dictum Szenefelt incaptivavimus dum conflictum ante Corunow habuimus in invicem, quem eciam taxavimus super quadraginta marcas tali condicione, quod literam a Pascone herede de Brzezna concive in Fredelant in triginta marcis exbrigare deberet Bogumilconis et decem marcas secum aportare, ut eum a captivitate dimittemus. Hec facere habet inprotracte, hanc enim taxacionem sic parvam fecimus causa vestri”. Гл.: OBA. № 1424; KDW VII. № 670.
[56] Długosz. S. 157–158.
[57] Pelech M. Der Verpflichtungsbrief des Hochmeisters Heinrich von Plauen bezüglich der Bezahlung von 100 000 Schok böhmischer Groschen an den König von Polen vom 31. Januar 1411 // Preußenland. 1979. № 17. S. 55–58, № 4, а таксама Anhang. S. 59–63, № 1–3.
[58] Мірны дагавор таксама не вызначаў прынцыпаў і тэрмінаў вызвалення ваеннапалонных. У ім толькі агаворвалася, што ўсе неўрэгуляваныя дагэтуль фінансавыя абавязацельствы, якія датычаць выкупу за тых ці іншых палонных, падлягаюць скасаванню. Шырэй пра гэта гл.: Pelech M. W sprawie okupu za jeńcow krzyżackich z wielkiej wojny (1409–1411). Część I // Zapiski Historyczne. 1987. № 52. Z. 1. S. 134; Szweda A. Traktat pokojowy // Joźwiak S., Kwiatkowski K., Szweda A., Szybkowski S. Wojna polski i Litwy z zakonem krzyżackim w latach 1409–1411. S. 712–716.
[59] Pelech M. Der Verpflichtungsbrief. S. 57, а таксама Anhang. № 1. S. 59–62; Idem. W sprawie. S. 135.
[60] Кожны паручальнік з групы „князёў, графаў і шляхты” быў абавязаны выслаць у Кракаў двух райцаў (кожны з чатырма коньмі), у сваю чаргу паручальнікі з асяроддзя „рыцараў, збраяносцаў і мяшчан” павінны былі з’явіцца туды асабіста, кожны таксама з чатырма коньмі. Выезд у Кракаў павінен быў адбыцца не пазней як праз 9 тыдняў пасля інфармавання паручальнікаў пра адмову Ордэна плаціць выкуп; паручальнікі павінны былі заставацца ў сталіцы Польшчы аж да моманту выплаты Ордэнам належных сумаў. Гл. Pelech M. Die Verpflichtungsbrief. Anhang. № 1. S. 59–62; Idem. W sprawie. S. 133.
[61] Pelech M. Die Verpflichtungsbrief. Anhang. № 1–3. S. 59–63.
[62] М. Пелех па-ранейшаму лічыў іх ваеннапалоннымі. Гл.: Pelech M. W sprawie. S. 136. Тым не менш, гэта не з’яўляецца відавочным.
[63] Гэтыя звесткі ўтрымліваюцца ў лістах Жыгімонта Люксембург скага за 30 студзеня і ордэнскага пракуратара пры папскай курыі ў Рыме Пятра з Арнеты за 18 лютага 1412 г. Гл.: Die Berichte der Generalprokuratoren des Deutschen Ordens an der Kurie / Bearb. v. Koeppen H. Bd. II. Göttingen, 1960. № 68. S. 138; Pelech M. W sprawie. S. 137.
[64] Pelech M. W sprawie. S. 137.
[65] Наконт супярэчнасцяў паміж Ордэнам і Польшчай (у тым ліку ў справе вызвалення ваеннапалонных) у 1411 г. гл.: Szwe da A. Po Wielkiej Wojnie. Zjazdy polsko-krzyżackie w 1411 roku // Kancelaria wielkich mistrzow i polska kancelaria krole wska w XV wieku / Red. Trupinda J. Malbork, 2006. S. 267 i наст.

Наверх

Тэгі: