Новы нумар


Валянцiн Калнiн. Зорны шлях Яна Марыi Бернардонi

Сёлета міне чатыры стагоддзі з дня смерці Яна Марыі Бернардоні, італьянскага архітэктара, які працаваў на землях Беларусі. Гэта выдатная нагода для ўшанавання памяці асобы, вельмі значнай у гісторыі нашай культуры і мастацтва. Пра Я.М.Бернардоні вядома даўно, спачатку з польскіх публікацый XIX ст.[1], а ад паловы XX ст. імя яго пачало з’яўляцца ў савецкіх выданнях[2]. Нажаль, дагэтуль у нас няма яшчэ абагульняльнай працы, прысвечанай жыццю і творчасці архітэктара.

У апошнія паўтара дзесяцігоддзя назіраецца павышаная цікаўнасць да італьянскага майстра. Прычынай таму стала адкрыццё ў 1984 г. спецыялістам па беларускім старажытным пісьменстве Георгіем Галенчанкам у Інстытуце манускрыптаў Нацыянальнай Бібліятэкі Ўкраіны імя В.І.Вернадскага (Кіеў) зборніка архітэктурных чарцяжоў XVI—XVII ст., датычных Беларусі[3]. Першыя беларускiя даследчыкi згаданага збору чарцяжоў прафесар Г.Галенчанка і доктар архітэктуры Т.Габрусь даводзяць, што большая частка арыгiнальных чарцяжоў у iм выканана самiм Бернардонi пад час праектавання пабудоў, адлюстраваных на тых чарцяжах[4]. Тады ж збор чарцяжоў атры­маў рабочую назву „Альбом Бернардоні“.

У 1999 г. па iнiцыятыве варшаўскага прафесара Ежы Кавальчыка ў Рыме быў выдадзены зборнiк артыкулаў, цалкам прысвечаны творчасцi Я. М. Бернардонi[5]. У гэтым зборніку, апра­ча асобных артыкулаў вядомых навукоўцаў[6], надрукаваны ўсе старонкi „Кiеўскага альбома“ і грунтоўныя каментары да іх, выкананыя праф. Е. Кавальчыкам. У канцы выдання пададзены бібліяграфія і паказнікі па імёнах і мясцовасцях. Экзэмпляр кнігі праф. Е. Кавальчык прэзентаваў мне, таму што ў тэксце ёсць спасылкі на маё меркаванне па тэме. Давялося вучыць італьянскую мову.

Знаёмства з тэкстамі артыкулаў у зборніку пра Бернардоні яш­чэ больш пацвердзіла слушнасць гіпотэзы наконт пахо­джан­ня „Кіеўскага альбома“, выказанай мною ў 1993 і 1998 г.[7], і дазволіла ўбачыць жыццё самога Бернардоні ў новым святле. Гэта адзiн з падмуркаў прапанаванага ніжэй разбору.

Італьянскі перыяд. Рым

Бернардонi паходзiў з мясцовасцi Кан’ё (Cagno), размешчанай на поўначы Італii паблізу мясцовасці Кома. Ва ўзросце 23 гадоў ён з’явiўся ў Рыме з мэтай уступiць у Ордэн езуiтаў i стаць архiтэктарам. У той зімовы дзень 19 студзеня 1564 г. Бернардонi меў пры сябе „зношаную чорную капу, тры сурвэткі, пару старых жаўнерскіх порткаў, скрутак палатна, малы ліхтарык, шчотачку для валасоў, куфэрак, яшчэ малы куфэрчык з двума ключамі, хрысціянскае вучэнне Тэаціна, духоўнае жыціе брата Керубіні, люстра крыжа, цуды Рыма, кніжачку св.Антонія, старыя нажніцы, прыладу з чарнілам“[8]. Па ягоных словах, выказаных пад час экзамену перад айцамі–езуітамі, ён дзесяць гадоў працаваў мулярам.

60–я гады XVI стагоддзя былі яшчэ пачатковым перыядам пашырэння Ордэна езуітаў, калі стварэнне новых пляцовак і іх забудова мелі надзвычай важнае значэнне. Ужо адчуваўся недахоп прафесійных будаўнікоў. Адразу пасля прыняцця ў Ордэн Бернардоні накіраваўся на будаўніцтва галоўнага храма езуітаў — рымскай царквы іль Джэзу і працаваў тут, не лічачы кароткіх ад’ездаў у іншыя гарады Італіі, на працягу 1564—1571 г. Кіраваў будоўляй вопытны архітэктар Джавані Трыстана (1515—1575), які адначасова быў „інспектарам пабудоў“ (consiliarius aedificorum) пры генерале Ордэна. На будаўнічай пляцоўцы іль Джэзу Бернардоні мог яшчэ ўбачыць (хоць такіх звестак няма) знакамітых майстроў Мікеланджэла і Вінёлу. Мікеланджэла Буанароці памёр у тым самым 1564 г., але вядома, што пад канец жыцця, не патрабуючы ніякай платы, ён выканаў для езуітаў план іх галоўнай царквы, выкарыстаны пазней наступнымі архітэктарамі[9]. Пераемнікам архітэктурных спраў Мікеланджэла ў Рыме стаў Джакоба Бароцы да Вінёла (1507—1573), якога лічаць галоўным творцам царквы іль Джэзу.

Прыняты ў Ордэн „братам прыслужнiкам“, Бернардонi заставаўся такiм да самага ад’езду з Iталii. Аднак не так важны быў для яго ўзровень манаскага статуса — ва ўсіх езуіцкіх запісах ён узгадваецца ў першую чаргу як муляр. Прафесійныя здольнасці Бернардоні, мабыць, адразу былі ацэнены, бо ўжо праз паўгода яго паслалі на некалькі месяцаў у Мілан для прыспешвання працы па рэканструкцыі калегіяльнага будынка, прылеглага да царквы Сан–Фідэле[10].

Неапалітанская правінцыя

У Рыме Бернардоні заставаўся да канца 1571 г. На кароткі тэрмін яго накіроўвалі ў Фларэнцыю, потым ад пачатку 1572 да канца наступнага года ён знаходзіўся ў Чывіта Сан–Анжэла на тэрыторыі Абруца, падпарадкаванай неапалітанскай правінцыі Ордэна езуітаў, дзе меркавалася будаўніцтва новага дома для навіцыяту. Аднак па розных прычынах кіраўніцтва Ордэна адмовілася ад далейшых работ у гэтым мястэчку, а сабраных там манахаў пачалі размяркоўваць па іншых месцах. У лісце генерала Ордэна да віцэ–правінцыяла Неапаля ад 11 кастрычніка 1573 г. па гэтай справе ёсць такія радкі: „Ян Марыя з Вальтэліны будзе накіраваны ў распараджэнне Вашай правінцыі, паколькі мы бачым, што рымская правінцыя моцна перагружана вялікай колькасцю людзей. Калі ж Вы заўважыце, што гэты або хто іншы з манахаў здольны стаць са­крысціянам у Мачэрата, то можаце яго туды высылаць“. Мачэрата — горад у Абруца. У той самай перапісцы генерала з Неапалем, якая захоўваецца ў рымскім архіве Ордэна, пад датай 31 кастрычніка пазначана: „A Macerata Giovan Maria Val­telina“ [У Мачэрату Ян Марыя Вальтэліна].[11]

У прыведзеных вышэй нататках Ян Марыя ўпершыню згадваецца з прыдомкам Вальтэліна, хоць дагэтуль паўсюдна менаваўся як Бернардоні. Звычайна прыдомак у тыя часы даваўся па месцы паходжання. У архіве езуітаў ёсць такі запіс: „Giovan Maria di Bernardoni di Cagno sul Milanese“[12] [Ян Марыя з Бернардоніяў з Каньё каля Мілана). Мястэчка Каньё знахо­дзіц­ца у 15 км на захад ад горада Кома[13]. Сальвіучы цытуе яшчэ дзве занатоўкі з езуіцкага архіва: „nato a Lajno“ [Нарадзіў­ся ў Лайна] і „appido Caino“ [з мясцовасці Кайна] і заўважае пры гэтым, што Lajno і Caino існуюць у рэгіёне Брыанца [Brian­­za]. Гэты рэгіён размешчаны таксама блізу горада Ко­ма, на ўсход ад яго. Што датычыцца Вальтэліна, то гэта працяглая даліна ўздоўж ракі Ада, з галоўным горадам Сондрыа, значна далей ад Кома і Мілана, на поўначы ад Бергама.

Такі падрабязны разбор прыдомка Бернардоні мае прынцыповае значэнне па некалькіх прычынах. З ліста генерала ў Неапаль відаць, што лёс Яна Марыі вісеў на валаску: або вяртацца ў Рым, або выпраўляцца ў Мачэрату і станавіцца сакрысціянам (служкай пры касцёле). А мы памятаем — ён марыў стаць архітэктарам! Таму, каб удакладніць звесткі пра Бернардоні, трэба зрабіць дапушчэнне, што дакументы з рымскага архіва не прачытаны як належыць, што пад прыдомкам Вальтэліна меўся на ўвазе зусім іншы манах, таксама Ян Марыя, але не наш, з–пад Кома. Наш жа ва ўсіх іншых цытатах, перад і пасля падзей у Абруца, мянуецца Бернардоні і ніколі Вальтэліна. Магчыма таксама, што менавіта сам Бернардоні нават і не з’яўляўся ў Абруца. Калі ж гэта не так і Бернардоні ўсё ж быў у Абруца і лёс яго вісеў на валаску, то трэба нанова перагледзець праблему дакладнага месца яго паходжання.

Аднак вернемся да самога Бернардоні. Ад 1573 г. на працягу чатырох гадоў мы знаходзім яго ў правінцыі Неапаль. Тут разгортваліся працы пры будоўлях царквы Джэзу ў самім Неапалі (т.зв. „старой“ царквы, замененай пазней на „новую“ Джэзу), а таксама ў горадзе Леча царквы Джэзу і Марыі і дома езуітаў–прафесаў. Праект царквы ў Неапалі выканаў Дж.Трыстана перад сваім ад’ездам у Рым. Замест яго ў 1568 г. працамі кіраваў іншы архітэктар–езуіт, Джавані Дэ Розіс[14]. Паступова будаўніцтва разгортвалася і набывала большую інтэнсіўнасць. Узнікла неабходнасць мець пры архітэктары вопытнага супрацоўніка. Выбралі Бернардоні. Яго імя пастаянна ўзгадваецца ў спісе тубыльцаў неапалітанскай калегіі: „Ioannes Maria Bernardus coad.temp.“[15].

19 жніўня 1575 г. у Рыме памёр Трыстана і генерал Ордэна запатрабаваў прыбыцця туды Дэ Розіса, каб не перапыняць будаўніцтва галоўнага храма іль Джэзу. Нагляд за ўсімі будоўлямі Неапалітанскай правінцыі даручылі Бернардоні. Яго працай, відаць, былі задаволены. Ужо праз два месяцы пасля ад’езду Дэ Розіса галоўны вікары правінцыі пісаў генералу: „Мы радуемся, што Бог ашчаслівіў нас, даючы такога майстра, які быў так неабходны ў дапамогу айцу Джавані [Дэ Ро­зісу]“[16].

Сардынія

Прайшлі яшчэ два гады. 2 кастрычніка 1577 г. генерал Ордэна Меркурыяна напісаў неапалітанскаму правінцыялу Аквавіа пра сваю ўпэўненасць, што „Я.М.Муляр… не праміне пры першай магчымасці выехаць у Сардынію, у якой, дзякуй Богу, наш Ордэн пачынае ўмацоўвацца“[17]. У наступным лісце ад 26 кастрычніка пра канчатковае прызначэнне Бернардоні ў Сардынію генерал дадаў: „Разам з гэтым дасылаю кнігу Вінёлы для Джавані Марыя Муляра“[18].

Гэтаму рашэнню папярэднічала доўгая падрыхтоўка. Яш­чэ ў студзені 1575 г. візітатар Сардыніі дакладаў, што „ёсць патрэба ў добрай царкве як мага хутчэй. А паколькі на гэтым востраве няма архітэктара і нават асобы, якая б разбіралася ў гэтым мастацтве, якое патрабуецца для такой справы, прашу Вас… даслаць да нас на некалькі месяцаў каго–небудзь з адукаваных нашых братоў“[19]. І толькі 20 жніўня 1577 г., мабыць, пасля таго як справы ў Неапалі пайшлі на лад, генерал даў афі­цыйны адказ: „Муляр, якога Вы патрабуеце, здольны быць карысным не толькі у будаўніцтве…, але таксама ў навучанні іншым мастацтвам, так пільным у Вашым краі“[20].

На Сардыніі езуіты з’явіліся каля 1560 г. У гэтага вострава ці­кавая і складаная гісторыя. У канцы I тысячагоддзя да н.э. ім ва­лодаў Карфаген. Тут здавён часу здабывалі і апрацоўвалі ме­талы, што прыцягвала сюды заваёўнікаў. У выніку барацьбы карфагенцаў з фінікійцамі абарыгены былі выціснуты ўглыб во­страва. Трэба адзначыць, што прырода вострава даволі жорсткая. У асноўным гэта гарыстае плато, слаба залесенае, з не­багатай расліннасцю з–за сухасці і гарачыні вятроў; мала рэ­чак, ды й тыя ўлетку бязводныя. Таму выгнаныя ўглыб во­стра­ва мясцовыя жыхары былі асуджаныя на беднасць. У ча­сы рымскіх заваёў (пасля Пунічных войнаў) востраў служыў ме­сцам ссылкі няўгодных і злачынцаў. Загартаваныя суровы­мі ўмовамі сардынцы пасля распаду Рымскай імперыі здолелі ства­рыць ваярскія дружыны, якія нават дапамагалі Рыму зма­гац­ца супраць арабаў. Пазней Рым здзяйсняў патранат над су­верэнным востравам. У ХI ст. пачалася экспансія генуэзцаў і пізанцаў. Апошнія моцна паўплывалі на мясцовае мастацтва.

На працягу ХIV і ХV ст. за востраў змагалася каралеўства Ара­гон. Пад яго ўладай (пазней іспанскай) аднавіліся феа­даль­ныя адносіны, мясцовым правіцелем быў прызначаны ві­цэ–кароль. Іспанскае праўленне доўжылася да пачатку ХVIII ст.[21] Па гэтай прычыне ўсе дакументы, звязаныя з дзейнасцю Бернар­доні на востраве, напісаны на іспанскай мове. Вядома, што сам Бернардоні валодаў ёю — іспанская блізкая да італьянскай, як беларуская да польскай, да таго ж, тэрыторыя Неа­палі­тан­скага каралеўства ў тыя часы таксама належала Іспа­ніі.

Самыя буйныя гарады вострава — Кальяры на поўдні і Сасары на поўначы. Менавіта ў іх езуіты заснавалі свае першыя пляцоўкі. Планавалася таксама будаўніцтва царквы ў мястэчку Бузакі — гэта самы цэнтр вострава. Бернардоні даручылі праектаванне і зачынанне будаўніцтва ў згаданых мясцовасцях. Першы камень царквы св.Міхала ў Кальяры быў за­кладзены ў канцы 1578 г., а ў сакавіку наступнага Бернардоні выслаў у Рым на зацвярджэнне чарцяжы царквы і калегіума для Сасары.[22] Атрымаўшы назад чарцяжы, прагледжаныя ў Рыме, Бернардоні ў лісце да генерала ад 29 ліпеня 1578 г. выказаў нязгоду адносна некаторых заўваг: „Тое, што мне да­слана, мне не падабаецца, бо будзе не вельмі добра, паколькі капліца занадта вялікая“[23].

Нажаль, праектаў Бернардоні для Сардыніі не захавалася, але танальнасць адказу на заўвагі сведчыць пра яго прафесійную ўпэўненасць, набытую пад час працы на востраве. Вядома, што ён не перапыняў дасканаленне свайго майстэрства. Доказ таму — яго ліст да генерала ў траўні 1579 г.: „Я трохі разбіраюся ў матэматыцы, і таму меў бы за ласку, каб айцец Клавіё дапамог мне трошкі некаторымі кніжкамі па–італьян­ску або па–іспанску, або запісамі, таму што гэтыя рэчы дапамагаюць мне ў архітэктуры, і іх так не хапае на гэтым востраве.“[24]

Спадзяванне Бернардоні на дапамогу Клавія паказвае на іх знаёмства. Хрыстафор Клавій (Christopher Clavius, 1538—1612) — знакаміты вучоны свайго часу, матэматык і астраном. Яго імя, вядомае ўсяму свету, у нас мала хто чуў, мабыць, з–за таго, што ён быў езуітам. Яго называлі „Эўклідам XVI стагоддзя“ за выданне ў 1574 г. Эўклідавых „Пачаткаў“ у 15 кнігах, якія перавыдаваліся па ўсёй Еўропе аж да пачатку XVIII ст., існаваў нават іх кітайскі пераклад[25]. Гэта быў не проста пераказ „Пачаткаў“ грэцкага матэматыка (330—275 г.). Клавій уключыў у сваю працу шырокія каментары і дадаў мноства новых рашэнняў і доказаў, а па сутнасці і форме стварыў узорны падручнік матэматыкі. Аднак галоўнай яго справай лічыцца навуковая падрыхтоўка ўвядзення грыгарыян­скага календара ў 1582 г., па якім мы жывем і цяпер.

Клавій сябраваў з маладым Галілеем і падтрымліваў яго назіранні праз тэлескоп, калі іншыя лічылі гэта ілюзіёнам; у адзінае толькі ён не мог паверыць — што на Месяцы ёсць горы. Між тым, яго імем названы адзін з найбуйнейшых месяцавых кратэраў.

Яшчэ адна асаблівасць навуковай дзейнасці Клавія — яго багатае ліставанне з рознымі асобамі: навукоўцамі, каралямі, князямі, вышэйшымі клірыкамі. У яго асабістым архіве захавалася каля трох соцень доўгіх адказаў або зваротаў да яго. Дацкі астраном Тыха Браге маліў Клавія не пісаць так многа, бо не мае часу адказваць.Чытанне гэтай карэспандэнцыі нагадвае сучасным даследчыкам тэлефоннае падслухоўванне праз стагоддзі[26]. Адзін з лістоў да Клавія належыць Бернардоні, але пра гэта пазней.

Архітэктурная творчасць Бернардоні ў Сардыніі, відаць, была плённай і карыснай, хоць будоўляў там ён і не завяршыў[27], бо 3 лютага 1583 г. ужо ў Неапалі Бернардоні аглядаў працы, выкананыя без яго, а 25 ліпеня ў Рыме прысягаў на вернасць Ордэну як коад’ютар: „Я, Ян Марыя Бернардоні, абяцаю ўсёмагутнаму Богу ў прысутнасці прасвятой Дзевы маці Марыі, і ўсёй нябеснай моцы, і вашай Найсвяцейшасці Айцу Ўсёмагутнаму Генералу ордэна Езусовага, які замяшчае Бога, і вашым паслядоўнікам вечную Беднасць, Цноту i Паслушэнства згодна з правіламі, якія ёсць у апостальскіх кнігах і ў законах Ордэна“[28]. Далей яго чакала падарожжа ў Рэч Паспалітую і Нясвіж, што было вызначана яшчэ на два гады раней.

У Рэчы Паспалітай

Па дарозе ў Нясвiж Бернардонi затрымаўся ў Польшчы на тры гады (1583—86): пабыў некаторы час у Познанi, даўжэй у Люб­лiне з кароткiм выездам у Калiш. Ва ўсіх гэтых месцах ён пра­ектаваў калегіумы, але ў Любліне застаўся пры будоўлі. Рэк­тару люблінскага калегіума Варшэвіцкаму ён адразу заявіў, што „ані фартуха муляра не апране, ані кельмы ў рукі не возь­ме, паколькі ўжо адзінаццаць гадоў, як айцец Генерал вы­зваліў яго ад фізічнай працы і што ён быў запрошаны ў Поль­шчу выключна дзеля праектавання планаў і кіравання працамі ў Любліне і па ўсёй правінцыі“. У Рым быў пасланы ліст са скаргай і нават прапановай вяртання неслуха ў Італію: „Et iam videtur magis animum applicare ad ea quae non sunt coadiu­torum. Videlicet ad lectionem librorum non tantum mathe­ma­ticorum sed etiam aliorum“ [„І відаць вялікія душэўныя памкненні, якія не адпавядаюць коад’ютару. Пэўна і тое, што заняты ён чытаннем кніг не толькі матэматычных, але таксама і іншых“] [29]. Варшэвіцкі спрабаваў пераканаць збунтаванага архі­тэктара, патрабуючы ад яго хоць нейкай ручной працы, можа не такой, якую выконваў яго папярэднік, таксама архітэктар, Джузэпе Брыцыо, што „працаваў за двух добрых майстроў“, але хаця б такой, каб падаваць добры прыклад і дзеля ўласнай пакоры[30].

Канчатковае вырашэнне гэтага канфлікту невядомае. Магчыма, Бернардоні падпарадкаваўся вымогам, а магчыма, рэктар пагадзіўся на вызваленне архітэктара ад працы на рыштаваннях з–за пільнай патрэбы ў праектах і нагляду за будоўлямі[31].

За тры гады працы ў Любліне Бернардоні выканаў некалькі варыянтаў праекта калегіума і дома прафесаў, праект драўлянай капліцы, рэканструкцыю школы, праект касцёла ў Калішы, пачаў будаўніцтва касцёла ў Любліне.

Нясвіж

Пра асабiстае жыццё Бернардонi ў Нясвiжы пiсьмовых свед­­чанняў мала. Пасля шматразовых напамінкаў князя Радзі­ві­­ла Сіроткі ў сярэдзіне 1586 г. Бернардоні з’явіўся ў Ня­сві­­жы і адразу прыступіў да галоўнай працы ў сваёй творчасці — праектавання касцёла езуітаў. Адначасова яму даручылі кі­раваць будаўніцтвам ужо запраектаванага ў Рыме калегіума. Праца вялася вельмі хутка: праект касцёла быў скончаны ў тым жа 1586 г., у наступным закладзены фундамент, а ў 1590–м ужо можна было ўзводзіць купал. Аднак гэтую адказную справу не рызыкнулі даверыць Бернардоні. Праз год прыехаў Джузэпе Брыцыо і, пабыўшы тут некалькі восеньска–зімовых месяцаў, ад’ехаў. Мяркуецца, што ён абмежаваўся толькі парадамі для Бернардоні. 1 верасня 1593 г. у гатовым касцёле справілі першае набажэнства, а 7 кастрычніка 1601 г. адбылося яго ўрачыстае асвячэнне, але ўжо без архітэктара.

Кіраўніцтва будоўляй калегіума Бернардоні здзяйсняў у два этапы. Першы заняў 1586—88 г., потым архітэктар цалкам быў заняты на працах пры касцёле, а з 1593 да 1599 г. (да ад’езду ў Кракаў) зноў займаўся калегіумам. Ужо ў 1596 г. Бернардоні паслаў запыт да генерала Ордэна па новае пры­значэнне, палічыўшы асноўную сваю дзейнасць у Нясвіжы завершанай[32]. Яму прыпісваецца аўтарства яшчэ некалькіх пабудоў у самім Нясвіжы і ў ваколіцах[33], але дакументальных спасылак на гэта няма.

Наконт паслядоўнiкаў, якiх у Нясвіжы Бернардонi навучаў бы архiтэктуры, прамых сведчанняў пакуль не знойдзена. Вядома толькi, што ў Нясвiж з Люблiна архiтэктар з’явiўся разам з памочнiкам Мiхалам Рэганам. Апошнi працаваў тут толькi год, потым яго iмя нiдзе не ўзгадваецца[34]. Пра другога кандыдата на вучня — Яна Франкевiча — вядома, што ён быў пры­сланы езуiтамi да Нясвiжа ў 1594 г. у якасцi пекара, а праз пяць гадоў прызначаны кiраваць будоўлямi пасля ад’езду Бернардонi ў Кракаў. З гэтай пары да канца жыцця ў 1627 г. Франкевiч згадваецца як архiтэктар[35].

Кракаў

Бернардоні з’явіўся ў Кракаве ў траўні 1599 г., каб кіраваць будаўніцтвам вялікага езуіцкага касцёла Пятра і Паўла, які пачынаў Дж.Брыцыо, давёўшы фундаменты да ўзроўню зямлі. Бернардоні заставаўся пры будоўлі аж да смерці 19 лістапада 1605 г. Ёсць меркаванне, што прычынай хуткага сканання (ён хварэў 9 дзён) была яго прафесiйная адказнасць. Да таго часу гатовыя былі сцены, скляпенні і дах, які заставалася толькі пакрыць бляхай, але не было яшчэ купала. На гэтым этапе Бернардоні заўважыў нейкія адхіленні ў падмурках, загадаў іх выкопваць і пачаў нешта выпраўляць. Увесну наступнага года, калі Бернардоні ўжо не было, сабралася рада архітэктараў, але прычыну яго пераробак не вызначыла. Будаўніцтва касцёла Пятра і Паўла ў асноўным было завершана ў 1608 г.[36]

Акрамя працы пры касцёле ў Кракаве Бернардоні падрыхтаваў праекты кляштара з касцёлам для францысканцаў у Кальварыі Зэбжыдоўскай і парафіяльнага касцёла ў Зэбжыдовіцах. Кляштар пазней быў значна перабудаваны, парафіяльны касцёл існуе дагэтуль[37].

Астранамічныя загадкі

Бернардоні пакінуў яшчэ адну спадчыну — эпісталярную. Яна невялікая, усяго два лісты, ад іншых лістоў вядомы толькі кароткія выпіскі[38]. Але і тыя захаваныя два лісты вельмі важныя. Абодва яны напісаны ў 1599 г. у Кракаве. Першы, ад 29 ліпеня, адрасаваны Радзівілу Сіротку і захоўваецца ў радзі­вілаўскім архіўным фондзе ў Варшаве[39]. Копія арыгінала, пераклад і каментары да яго ўжо друкаваліся ў 1998 г.[40] Другі ліст ад 1 лістапада быў накіраваны матэматыку і астраному Хрыстафору Клавію і захоўваецца ў зборы яго карэспандэнцыі ў Рыме[41]. Мы падаем тут тэкст гэтага ліста на мове арыгінала (з артыкула Сальвіучы[42]) і беларускі пераклад (гл. дадатак).

У сваім каментары Сальвіучы заўважае, што даследчыкі Бернардоні яшчэ не разглядалі гэты ліст, у той час як спецыялісты па Клавію ўжо праводзілі яго дэталёвы аналіз[43]. Як піша сама аўтарка, „з ліста праяўляецца тон эрудыта і навуковая падрыхтаванасць Бернардоні“.

Невядома, ці мела Сальвіучы пад час напісання свайго артыкула копію ліста Бернардоні да Сіроткі. Наяўнасць двух эпісталярных арыгіналаў архітэктара дазваляе шляхам пера­крыжаванага аналізу высветліць некаторыя эпізоды і характарыстыкі з яго біяграфіі.

Першае, што кідаецца ў вочы пры параўнанні двух лістоў — характар почырку. Ліст да Сіроткі вызначаецца стараннасцю напісання, роўнасцю радкоў і аднолькава вытрыманага між­радоўя. Ліст да Клавія — паспешлівы, радкі часам адхіляюцца ад гарызанталі, маюць розную шчыльнасць паміж літарамі, прапушчаныя словы ўстаўлены ці зверху радка, ці на палях. Яшчэ адна асаблівасць параўнання — уласны подпіс Бернардоні. У лісце да Сіроткі свае імёны і прозвішча ён пачынае з вялікіх літар, а да Клавія — з маленькіх, але ў абодвух выпадках пададзены скарочаны варыянт першага імя — „Gio“. Апошні факт і аднолькавасць графікі кожнай асобнай літары сведчаць пра тое, што абодва лісты напісаны ўласнай рукой Бернардоні, толькі псіхічны стан іх аўтара ў момант напісання лістоў быў розны. Першы дае нам уражанне спакою, раўнавагі, другі — пачуцця ўзбуджанасці. Гэта па­цвярджаецца і зместам апошняга ліста.

Радкі тэксту і перакладу ліста для зручнасці пранумараваны ў адпаведнасці з арыгіналам. Усяго ў лісце 46 радкоў (акра­­мя першага, зваротнага, які цяжка разабраць па фотакопіі, а ў раздрукоўцы Сальвіучы ён апушчаны). Спачатку кароткае прывітанне і пералік наяўных у Бернардоні кніг па матэматыцы і астраноміі. Ад 10–га радка да 18–га ідзе падрабязны разбор астранамічных вымярэнняў рознымі метадамі, потым тры радкі (19—21) збянтэжанасці ад вынікаў гэтых вымярэнняў, радкі 22—23 паўтараюць сэнс радкоў 13—14. Далей — просьба дапамагчы разабрацца ў вылічэннях і пералік сваіх астранамічных інструментаў, ад радка 28 — зноў прось­ба дапамагчы, потым падаецца апісанне часткі неба, бачнай з яго акна, ад 35–га радка чарговая просьба разабрацца ў вылічэннях. Заключны кавалак тэксту (радкі 39—45) пачынаецца з яшчэ адной просьбы пра тлумачэнне новага спосабу разліку даўгаты, а ад 43–га радка — раптоўны, імклівы пераход да развітальных зваротаў.

Асноўная тэма ліста — астраномія. Яна вельмі хвалюе аўтара, прымушае яго паўтарацца, настойваць. Пры чытанні ліста адчуваецца крык душы чалавека, які апынуўся ў тупіковым становішчы. Міжволі ўзнікае думка, ці не была для Бернардоні астраномія галоўным сэнсам жыцця? Пасля пастаноўкі такога пытання ўсе жыццёвыя падзеі архітэктара пачалі выстройвацца ў паслядоўную сістэму.

Спачатку нам неабходна ўсвядоміць тагачаснае ўяўленне Сусвету. Першае, што прыходзіць на памяць — старажытная гравюра, названая „Сумненне“, дзе чалавек на ўскрайку зямлі прабівае галавой нябесную сферу. Мабыць, такім цікаўным сумніўцам быў і Бернардоні. Яшчэ на радзіме, прыглядаючыся да неба, ён мог пачуць дзіўную назву „Strada di Roma“. Так на поўначы Італіі называлі Млечны Шлях — „Дарога да Ры­ма“[44]. І сапраўды, у познюю восеньскую пару там Млечны Шлях скіраваны на Рым. Бернардоні з’явіўся ў „вечны горад“ 19 студзеня і рушыў да яго, напэўна, недзе ў кастрычніку ці лістападзе — ад Кома да Рыма па сучасных дарогах 650 км.

Але гэта толькі пачатак яго „зорнага шляху“. Знаёмства бу­дучага архітэктара з матэматыкам Клавіем, напэўна, адбы­ло­ся тут, у Рыме і замацавалася адной незвычайнай астра­на­міч­най з’явай. Маецца на ўвазе сонечнае зацьменне 2 чэрвеня 1567 г. –– акурат тады, калі Бернардоні працаваў пры будоўлі іль Джэзу, а Клавій быў кансультантам па разліках гэтай бу­доў­лі. Няцяжка ўявіць уражанне, якое перажыў малады майстар (яму было каля 26 гадоў) пры агляданні чорнага дыска, акай­маванага цудоўным эліптычным ззяннем, слухаючы пры гэ­тым тлумачэнні мудрага знаўцы нябесных спраў. Апісанне за­цьмення вядомае з ліста Клавія да іншага знакамітага аст­ра­нома — Тыха Браге[45]. На падставе гэтага падрабязнага і да­кладнага апісання сучасныя астраномы зрабілі выснову, што сонца сціскаецца, бо пры цяперашніх назіраннях сонечнага зацьмення заўважанай Клавіем эліпснай кароны ўжо няма[46].

Другую нябесную з’яву Бернардоні таксама не мог прамінуць, знаходячыся ў Сардыніі. На гэты раз начное неба ўпрыгожвала вялікая камета, якая расцягнулася са сваім хвастом ад сузор’я Стральца да Казярога. Бляскам яна перавышала Венеру і заставалася бачнай ад сярэдзіны лістапада 1577 г. да сту­дзеня наступнага года[47].

Аднак непасрэднае назіранне незвычайных касмічных з’яў яшчэ не гарантавала спазнання Сусвету. Бернардоні жыў у эпоху нараджэння новых астранамічных паняццяў. Яшчэ па­ўсюд­на панавала геацэнтрычная мадэль сонечнай сістэмы Пта­­ламея. Тэорыя Каперніка хоць пакуль і не забаранялася, але ставілася пад сумнеў. Тыха Браге (1546—1601), знакаміты астраном таго часу, пад цяжарам такога сумневу стварыў сваю, прамежкавую паміж пталамеевай і капернікавай, сістэму, якая толькі заблытвала справу. Павінны былі з’явіцца Кеплер, Галілей і іншыя, каб навесці хоць нейкі парадак у „нябесным царстве“, але гэта адбылося ўжо пасля смерці Бернардоні.

Што датычыцца вызначэння даўгатых зорак, аб чым так тур­баваўся Бернардоні ў сваім лісце, то ўжываныя на тую па­ру прыёмы і табліцы разлікаў (якіх было нямала) грашылі знач­­най недасканаласцю. Пры астранамічных вымярэннях так­са­ма вялікае значэнне мае веданне дакладных геаграфічных каардынатаў месца назірання. Спосаб разліку па экліптыцы Месяца, пра які ўзгадвае Бернардоні, больш дасканалы за ін­шыя, але на той час ён яшчэ не меў значнага распаўсюджання.

Пасля раскрыцця астранамічных памкненняў Бернардоні становяцца зразумелымі яго паводзіны ў Любліне пад час адмовы ўзяць кельму ў рукі. Верагодна, раніцай, пасля начных пошукаў у нябёсах, архітэктар выглядаў не надта бадзёрым. Каб канчаткова яго абудзіць, яму загадалі ісці на рыштаванні і падаваць прыклад іншым працаўнікам. Напэўна, у яго заўважылі кнігі па астраноміі і палічылі іх „непрафесійнымі“, пра што і дакладалася генералу Ордэна езуітаў. Аднак Бернардоні працягваў мужна бараніць свой „нябёсны свет“ ад разбурэння і паўсюдна настойваў, што кнігі па астраноміі і матэматыцы прыносяць яму „molto a caro“ [вялікую карысць].

Ёсць падставы меркаваць пра ўдзел Бернардоні як матэматыка і астранома ў стварэнні знакамітай „Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага“, апублікаванай у 1613 г. і актуальнай на працягу двух стагоддзяў. Вядома сцвярджэнне даследчыкаў старажытнай картаграфіі пра тое, што „ў навуковай падрыхтоўцы карты бралі ўдзел езуіты, пратэктарам і дабрачынцам якіх быў князь Сіротка“[48]. Найбольш інтэнсіўная падрыхтоўка згаданай карты прыпадала на 1596—99 г.[49].  Акурат у 1596 г. Бернардоні далажыў генералу Ордэна пра тое, што асноўную працу ў Нясвіжы ён скончыў і чакае новых прызначэнняў. Але выехаў архітэктар з Нясвіжа толькі праз тры гады. Паўстае пытанне: чым жа ён тады займаўся, калі не архітэктурай? Цяпер мы ведаем, што матэматыка і астра­номія былі ўлюбёнымі заняткамі Бернардоні. І яго ўдзел у падрыхтоўцы знакамітай карты становіцца амаль бясспрэчнай высновай.

„Кіеўскі альбом“ — аўтарская спадчына

Архітэктурных чарцяжоў, выкананых Я.М.Бернардоні, да гэтай пары не выяўлена. У рукапіснай Книге, включающей в себя планы, фасады, детальные чертежи различных зданий конца XVI в., выяўленай праф. Г.Галенчанкам у Кіеве, знайшліся беларускія рэаліі. У „Кіеўскім альбоме“ можна налічыць сем аб’ектаў (касцёл і калегіум езуітаў, замак Радзівілаў, ратуша, семінарыя ў Нясвіжы, палацык у Альбе, касцёлы ў Клецку і Гародні), аўтарства якіх прыпісваецца Бернардоні[50]. Дапаўняюць гэты спіс яшчэ сем культавых пабудоў у Нясвіжы і ваколіцах, вызначаныя па ўскосных дадзеных і аналагах (кляштары бенедыктынак і бернардзінцаў, шпіталь, капліцы Рафала і Лазара ў Нясвіжы, касцёлы ў Новым Свержні і Міры[51].

Аднак пасля знаёмства з новымі біяграфічнымі фактамі цяжка ўявіць, каб італьянскі архітэктар, апантаны пошукамі неба, мог абцяжарыць сябе праектаваннем вялікай колькасці пабудоў рознага характару не толькі ў Нясвіжы і ваколіцах, але і значна далей. Ані перад Нясвіжам, ані пасля яго Бернардоні не працаваў так шматгранна, як яму часам дапіс­ваюць.

Можа, „зоркавая хвароба“ італьянца і не з’яўляецца важкай падставай скарачэння колькасці пабудоў, ім запраектаваных. Аднак трэба ўлічваць таксама іншыя довады і факты. Па–першае, яго значную занятасць і адказнасць пры ўзвядзенні нясвіжскага касцёла Божага Цела, з–за чаго ён нават прыпыніў на некалькі гадоў будаўніцтва калегіума[52].

Па–другое, тэза пра ўдзел Бернардоні ў будаўніцтве ня­свіж­­скага замка Радзівілаў з’явілася на свет з артыкула поль­ска­га даследчыка Ф.Маркоўскага, напiсанага ў 30–я г. мiнулага ста­годдзя, а надрукаванага яшчэ праз трыццаць гадоў[53]. Аднак мала хто спасылаецца на крытычныя заўвагi па гэтым ар­ты­куле А.Грушэцкага, вядомага польскага спе­цыя­лiста па гiс­то­рыi фартыфiкацыi, аб тым, што Бер­нар­донi не меў анi вопыту, анi часу займацца праектаваннем умацаваных комплексаў[54].

Па–трэцяе, выкарыстанне мэтаду аналагаў па планах і асобных дэталях для атрыбуцыі аўтарства мае вельмі хісткія падставы. У разгляданую эпоху трыманне стылю або імкненне да яго было вельмі пашырана. Архітэктары лічылі натуральным і нават неабходным капіяваць дасягненні больш вопытных майстроў. І, як мы бачым на прыкладзе самога Бернардоні, вандраванне будаўнікоў па свеце было даволі інтэн­сіўным. Аднак сустракаюцца раз–пораз у сучасных даследчыкаў паспешлівыя высновы пра аўтарства на падставе падабенства. Так, будаўніцтва касцёла св.Казіміра ў Вільні прыпісваецца таксама таму ж Бернардоні[55], хоць будаваў яго ад пачатку і да канца ў 1604—1616 г. яго вучань Ян Франкевіч[56].

І, нарэшце, па–чацвёртае, запыт самога Бернардоні да генерала Ордэна пра свой далейшы лёс абмяжоўвае магчымасць яго шырокай архітэктурнай дзейнасці, паколькі працу ў Ня­свіжы ўжо ў 1596 г. ён лічыў завершанай[57]. Пасля ад’езду Бернардоні ў Кракаў у 1599 г. завяршальнымі працамі на касцёле і калегіуме езуітаў у Нясвіжы кіраваў Ян Франкевіч. Магчыма, перад гэтым Бернардоні навучаў архітэктуры не толькі Франкевіча, але і іншых здольных мясцовых людзей, якія потым узводзілі пабудовы як у самім Нясвіжы, так і навокал.

„Кіеўскі альбом“ — графалогія

Наяўнасць двух арыгінальных лістоў Бернардоні павінна дапамагчы нам у вызначэнні аўтарства „Кіеўскага альбома“. У свой час мною быў зроблены кароткі лінгвістычны аналіз надпісаў пры чарцяжах альбома. Сутнасць яго зводзілася да таго, што надпісы ў альбоме зроблены на польскай мове з характэрным для ХVI ст. фанетычным запісам, маюць беларускія дыялектныя адхіленні і ніводнага адхілення ў граматыцы, уласцівага іншаземцу[58]. Тут трэба дадаць, што перад з’яўленнем у Нясвіжы (дзе напэўна пачаў стварацца альбом) Бернардоні тры гады (1583—86) знаходзіўся на этнічна польскіх землях (Люблін, Познань, Каліш) і не мог пачуць столькі беларушчыны, каб яе засвоіць. Таксама няма пацверджанняў таго, што ён валодаў польскай мовай — інакш не пісаў бы ліст да Радзівіла Сіроткі па–італьянску. Гэта першы довад таго, што надпісы ў альбоме рабіў не Бернардоні, а нехта іншы, з мясцовых, г.зн. беларус па паходжанні.

Другі довад на карысць аўтарства „Кіеўскага альбома“ за іншай асобай, а не за Бернардоні, выводзіцца з параўнання почыркаў у альбоме і разгляданых лістах. Як ужо адзначалася вышэй, аднолькавасць графікі кожнай асобнай літары сведчаць пра тое, што абодва лісты, нягледзячы на некаторыя структурныя адрозненні, выкліканыя псіхічным станам у момант іх складання, напісаны ўласнай рукой Бернардоні. У надпісах з альбома кідаецца ў вочы больш вертыкальная па­става літар, шыротны абрыс і даволі няпэўная іх графіка ў па­раў­нанні з выпрацаваным, упэўненым почыркам у лістах. Пастаянна адзначаецца адрознае напісанне асобных літар, асабліва „g“, „h“, „p“, „r“, „z“.

Што датычыцца зместу саміх надпісаў пры чарцяжах „Кіеў­скага альбома“, то такія заўвагі, як „tu ma bic obnoga. Alem ya yei nie ułożił“ [тут павінна быць абнога (?), але я яе не памясціў][59], „Ale ya tu risował“ [Але я тут рысаваў][60], „A yam ye risował yako murawone“ [А я яе рысаваў як мураваную][61], то іх пісаў той, хто чарцяжы накрэсліў. І напэўна гэта быў не Бернардоні. Калі б нават дапусціць яго аўтарства, то ўзнікае пытанне — дзеля чаго і для каго складаўся альбом? Для сябе? Нашто тады рабіць надпісы на чужой мове? Для князя Ра­дзівіла? Але той цудоўна валодаў італьянскай мовай. Як справаздача для кіраўніцтва Ордэна езуітаў? Не падобна. Гэта трэці довад таго, што альбом складаў не Бернардоні. Хоць прафесар Е.Кавальчык і лічыць аўтарам альбома Я.М.Бернардоні, ён дапускае і тое, што альбом ствараўся як рукапісны дапаможнік для маладога навучэнца архітэктуры, або выкананы самім вучнем, магчыма, Янам Франкевічам[62].

„Кіеўскі альбом“ — структура

Перад канчатковым вызначэннем прыналежнасцi „Кіеў­скага альбома“ неабходна прааналiзаваць яго структуру. Вялiкую дапамогу тут аказваюць грунтоўны разбор прафесара Г.Галенчанкі па пагінацыі і вадзяных знаках паперы[63], а таксама каментары прафесара Е.Кавальчыка да кожнага чарцяжа разглядага альбома[64].

У альбоме 72 аркушы, не лічачы 2, наклееных на вокладку, вадзяныя знакі ёсць на 35 з іх. Нажаль, ніхто з да­след­чыкаў не прагледзеў, колькі сшытачкаў у альбоме і дзе яны сутыкаюцца. Трэба ўлічваць, што пры сшыўцы альбома зыходны аркуш перагінаўся на 2 меншых і вадзяны знак мог заставацца толькі на адной палове аркуша. Такім чынам, можна сцвярджаць, што ўсе аркушы маюць вадзяныя знакі.

Умоўна альбом падзяляецца на тры часткi. Першая трэць, да аркуша 25, запоўнена чарцяжамі беларускіх помнікаў і перамалёўкамі з трактатаў Паладыё, асноўны вадзяны знак — „Ostoja“. Другая трэць (аркушы 26—51) запоўнена выключна перамалёўкамі з трактатаў Блюма з двума пазнейшымі дамалёўкамі ці ўстаўкамі (а.28v і 50v), большасць аркушаў мае той самы знак „Ostoja“, а ў канцы некалькі аркушаў са знакам „Topór“ і дзве выявы з Вінёлы. Апошняя трэць — гэта перамалёўкі з Вінёлы і Сэрліа, знакі „Topór“ і „Jelita“ з адзінкавымі ўстаўкамі іншай паперы. Уражанне такое, што альбом складаецца з трох сшыткаў: першыя два да ліста 45 уключна з паперы „Ostoja“, трэці — з „Topór“, „Jelita“ і пары іншых.

Згодна з меркаваннем Г.Галенчанкі, папера са знакам „Ostoja“ выраблялася ў Уздзе ў 1591—93 г., „Topór“ датуецца 1575, 1587 і 1589 г., „Jelita“ — 1593 г. Звычайна папера на складах не залежвалася — у першыя два гады каля 70% яе прадавалі[65]. Адсюль ніжняя дата альбома абмяжоўваецца 1593 г. Час стварэння альбома яшчэ больш удакладняецца прысутнасцю ў ім перамалёвак з Блюма, трактат якога ўпершыню быў выдадзены ў 1596 г. у Цюрыху[66]. Малюнкі з гэтага выдання з’яўляюцца ў альбоме на аркушы 26v са знакам „Ostoja“. Таму можна нават удакладніць, што альбом быў пачаты менавіта ў гэтым, 1596, годзе, калі Бернардоні палічыў сваю працу ў Нясвіжы завершанай. Яго паслядоўнік быў ужо вызначаны — Ян Франкевіч. Верагодна, апошнія 3 гады прысутнасці італьянца ў Нясвіжы былі прысвечаны канчатковаму фармаванню здольнага вучня.

„Кіеўскі альбом“ — графіка

На першы погляд „Кіеўскі альбом“ можна акрэсліць як рабочы сшытак архітэктара–прафесіянала канца ХVI ст. Так ён быў успрыняты першымі яго даследчыкамі. Сапраўды, у альбоме прысутнічаюць чарцяжы як мясцовых (г. зн. беларускіх) пабудоў, так і копіі з вядомых архітэктурных трактатаў. Зразумела, што перамалёўкі з трактатаў рабіліся дзеля прафесійнага ўдасканалення.

Аднак чаму ў выпадку прызнання за альбомам рабочага ха­рактару спачатку ідуць праекты і толькі потым дасканаленне? Гэта першае пытанне. Другое: чаму па мясцовых пабудовах пададзены адзінкавыя чарцяжы і калі іх нават некалькі па ней­кім адным будынку, то прадстаўлены яны на розных ста­рон­ках альбома (нясвіжскі замак — а.3v, 4v,15v, 16; касцёл — а.7, 17v, 18, 18v, 21,22; калегіум — а.20, 24)? І, нарэшце, трэцяе: калі мы ведаем, што альбом створаны не раней за 1596 г., а ў Нясвіжы ўжо былі ўзведзены сцены езуіцкага касцёла і калегіума, то нашто было іх праектаваць?

З усіх выказаных пытанняў выводзіцца адзін адказ — чарцяжы ў „Кіеўскім альбоме“ не праектныя, а паўторныя. А паколькі яны размешчаны ўперамежку з прыкладамі з розных архітэктурных трактатаў, то, напэўна, яны навучальныя. Больш за тое, асобныя аркушы проста прамаўляюць пра іх вучнёўскі характар.

У часе прагляду альбома–арыгінала ў Кіеве мною была звернута ўвага на тое, што пад наклейкай аркуша 5 ёсць нейкі чарцёж. Яго ўдалося скапіяваць без адрыву верхняга чарцяжа настолькі дакладна, наколькі дазвалялі ўмовы, каб не нанесці ніякай шкоды альбому (малюнак 1). Там аказаўся план палаца Радзівіла, аналагічны змеш­­чанаму на аркушы 16, нават тэкст надпісу па­добны. Але ёсць два зна­кавыя адрозненні. Па–першае, план пад за­клейкай разгорнуты ўваходам да га­ры, а не да ні­зу, як прынята ў архітэктурных чарцяжах. Па–дру­гое, вуглавыя алькежы–вежачкі звонку не гра­нёныя, як на аркушы 16, а круглыя. Тое, што гэты варыянт плана за­клее­ны, сведчыць — выканаўца чарцяжа меў ад кагосьці заўвагу на памылкі і перара­біў чар­цёж нанова, а памылковы варыянт заклеіў выявамі комінаў.

Другі прыклад вучнёўства маем на лісце 3v з выявай фасада таго ж палаца (малюнак 2). Асабліва выразна праяўляецца непрафесійнасць выканаўцы пры адлюстраванні франтона: няўмела накрэслена цагляная парадоўка (параўнай тое ж з ліс­том 6), адсутнічаюць ніжні і сярэдні кар­нізы, незразумелым застаецца размяшчэнне і форма верхняга акна накшталт мін­далю. Апошняе, на­пэўна, вы­нік перспектыўнай дэфармацыі: калі пазіраць на франтон зблізу, то дэталі знікаюць або скажаюцца — цяжка адасобіць мноства карнізаў; круглае акно ператвараецца ў вуглаваты эліпс.

Нарэшце, трэці прыклад вучнёўства знаходзіцца побач, на аркушы 4. На ім паказаны тры квадраты — адзін у другім і ў трэцім. На вонкавым квадраце па перыметры два ланцужкі лічбаў — знешні парадкавы ад 1 да 73, другі ланцужок пад першым, памножаным на 2. Другі квадрат заштрыхаваны. Унутраны квадрат падзелены на сетку ў 12Ч12 ячэек, якія запоўнены чатырма парамі лічбавых слупкоў. У першай пары размешчана табліца множання лічбы 28 на цотную з паловай арыфметычную прагрэсію (г.зн. 0,5Ч28; 2,5Ч28; 4,5Ч28…), у другой — множанне тых жа 28 на няцотную прагрэсію, у трэцяй — на няцотную з паловай, у чацвёртай — на цотную. У кожным левым слупку пададзены множнікі, палова цэлага па­значана рысачкай (напр. 20 азначае 20,5); у правым слупку — вынік множання.

Вынікі множання запісаны ў табліцы правільна. А вось множ­нікі ў левым слупку кожнай пары маюць збіўку пры канцы слупка. У першай пары прастаўлена 25 замест 22, у другой — 23 і 26 замест 21 і 23, у трэцяй — 23 і 26 замест 21 і 23, у чацвёртай пары — 24 і 27 замест 22 і 24. Відаць, не вельмі пільны, але кемлівы вучань уцяміў, што ва ўсіх парах слупкоў кожны наступны вынік множання адрозніваецца ад папярэдняга на 56. Але яму абрыдла пільнаваць парадак запісу множнікаў і ён пачаў збівацца.

Па ўсім відаць, што тут пададзена матэматычная гульня, прызначаная навучыць множанню лічбаў з дробамі. Сюжэт гульні можна ўявіць як рыцарскі турнір або аблогу замка. Звонку лічбы–гледачы рознага рангу, або войска, потым роў, а за ровам на двары замка б’юцца лічбы–рыцары. У нашым выпадку вучань у канцы кожнага бою не спраўляецца з завяршэннем паядынка і яго чакае кара. А магчыма, тут ставілася іншая задача, напрыклад, разлік прапорцый, і запазычана матэматычная гульня з падручніка Клавія[67] — ніхто гэтага пакуль не правяраў.

Сярод чарцяжоў архітэктурных ордэраў і дэталяў, скапіяваных з трактатаў ХVI ст. Паладыя, Блюма, Вінёлы і Сэрліа, сустракаюцца спрашчэнні ў параўнанні з арыгіналамі (аркушы 54v—59v), вызначаныя прафесарам Е.Кавальчыкам у каментары да альбома як выкананыя або вучнем, або памочнікам Бернардоні[68].

Трэба аднак адзначыць, што вучань, які складаў сшытак, быў даволі таленавітым рысавальшчыкам, пра што сведчыць аркуш 70 з адвольнымі малюнкамі архітэктурных і фігуратыўных матываў, т.зв. „проба пяра“.

Заключэнне

Пры знаёмстве з гэтым артыкулам у некаторых чытачоў можа ўзнікнуць уражанне, нібыта аўтар імкнецца давесці нейкую праўду, аспрэчвае высновы іншых даследчыкаў, настойвае на перамене назвы альбома з чарцяжамі ХVI ст., знойдзенымі ў Кіеве. Але, у рэшце рэшт, не ў назве справа. Больш за тое, прыпісанне альбома Яну Марыі Бернардоні справакавала актыўную цікавасць да асобы італьянскага архітэктара і эпохі, у якую ён тварыў. Розныя погляды і палеміка адносна некаторых з’яваў толькі павялічваюць значнасць тэмы, пашыраюць кола даследчыкаў і поле для іх пошукаў.

Як відаць з папярэдняга аналізу, прапанаванага ў артыкуле, цудоўны італьянскі зборнік артыкулаў пра Бернардоні ўзняў мноства нявырашаных пытанняў. Не менш пытанняў узнікне пры знаёмстве з дадзеным аналізам — ніхто не можа прэтэндаваць на канчатковае слова. Неяк сучаснік Бернардоні, знакаміты астраном Тыха Браге казаў:

„У паветраных прасторах нябеснага свету нічога не мяняецца, нябёсы і нябесныя целы не растуць і не змяншаюцца, яны не падвяргаюцца ніякім зменам ані па колькасці, ані па выгляду, ані па ззянню, ані ў якіх іншых адносінах, не мяняючыся з гадамі“[70].

Яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя такога ўяўлення пры­трымліваўся фізік А.Эйнштэйн. Цяпер мы ведаем, што гэта не так.

Магчыма, Ян Марыя Бернардоні ўглядаўся ў начное неба, каб знайсці сваю зорку і захавацца на ёй назаўжды. Не знайшоў. Ягонаму сябру і настаўніку Хрыстафору Клавію пашанцавала болей — імя яго ёсць на Месяцы. Аднак зорны шлях Бернардоні не быў марны. Ён пакінуў свой след у пабудовах, якія з’яўляюцца зоркамі не апошняй велічыні на небасхіле помнікаў архітэктуры Беларусі і Польшчы. Як выдатны настаў­нік, ён скіраваў на зорны шлях архітэктуры, здаецца, не аднаго толькі Яна Франкевіча, пра што даведаюцца будучыя да­следчыкі. Нарэшце, ён павінен заняць пачэснае месца ў спісе выдатных астраномаў свайго часу, які, хоць і не зрабіў значных адкрыццяў, але напэўна сваёй дапытлівасцю спрыяў пашырэнню і паглыбленню ведаў пра Сусвет.

Напярэдадні 400–годдзя з дня смерці архітэктара, якое прыпадае на 19 лістапада 2005 г., пажадана ўшанаваць яго памяць праўдзівай павагай — такой, якую ён сапраўды заслужыў.

Дадатак

(ліст Бернардоні да Клавія ад 1.10.1599).

1. L’anno passato ho ricevuto una di V R con la quale mi consolai asai

2. per intendere della bona salute di V. R. et se V. R. Desidera

3. di sapere dela mia he asai bona laus deo. Et il simile spero

4. di V. R. Nella letera che V. R. mi scrisi mi promise di mandar-

5. me un libro di giometria opera di V. R. Quando io laverт me sarа

6. molto a caro quanto a libro de astrolabio che io domandavo gio non

7. me ne curo perche giа lo veduto et lo autto per doi setimane;

8. quanto a libro che si ciama radio latino me venuto ale mane in presto de

9. l’architeto del rи et perche eri me lo impresto non lo ancora ben

10. esaminato, giа alcune altre volte ho scrito a V. R. circa la longitu-

11. dine dele Stelle ma mai neo autto vera certezza da niscuno ma io isteso

12. mene sono certificato perche io o fato lo oservatione de alcune stelle delle princi-

13. pali verbi grada larturo nella facia del planisfero ada esere

14. nel 17. gra. della libra ma nella rette delastrolabio ada esere nel 2.

15. grado del la corona nela facia sta nel 5. grado de et nela rette

16. del 20 et 30 minuti del medesimo , cauda cigni nela facia

17. sta nel 5. minuto deli pesci et nela retta ada esere nel 4. grado

18. del — et cosм de molte altre stelle dele quale io ne poso ben far

19. fede per averle io osservate diligentisimamente, per questo io desiderarla molto

20. di sapere perchй queste stelle nela facia del planisferio sono atanti grandi di lon-

21. gitudine et nela rette in altri gradi verbi gratia come ho detto del

22. arturo che nela facia e a 17 gradi dela — et nela rette ali 2.

23. del . Si che mai ho potuto trovare chi me labia saputo dicerare

24. siche se V. R. me decerara questo misterio molto me sarа acaro.

25. Li in Roma viene il fratello Alberto Ciarnacoschi il qual’ dirа da me

26. quello che lui a visto et deli miei strumenti matematici cioи astro-

27. labio comune et il planisferio del giema frisio et uno stromento de

28. tute le longitudine per tutto il mondo. Adeso che vine lanvernata

29.   voglio con la gratia del Signore far di novo la oservatione

30. di alcune stelle perche adeso tengo le finestre dela mia camera verso il mezo di bene

31. evero che la lira et lumero di aurga cioи lirco dificile le potrт oser-

32. vare nela linea meridiana per esere le dette stelle molto alte perche

33. lirco qua a cracovia pasa giusto per il zenit et la lira non si discosta

34. se non 11. gradi et mezo, sia lo che se sia di quele che potrт fare

35. comodamente lo faro di poi lo farа intendere a V. R., et se V. R.

36. sa qualche bel modo per oservare de longitide oltro quelo che

37. io so V. R. melo facia sapere che lo avero molto acaro dico le longitu-

38. dine delle stelle nel zodiaco.

39. Medesmamente per oservare le longitudine delle regioni

40. desiderarei di sapere oltra quelo dele eclipse dela luna

41. perche frate ignatio dante promise de discerire il modo di

42. oservare dette longitudine dele regini per altra via che per

43. le eclipse, ma perche non voglio eser piщ longo con questo facio

44. fine con ricomendarme molto ale orationi et sancti

45. sacrificii di VR di cracovia il primo di

46. octobre 1599.

1. Год мінуў як атрымаў я ад Вас [ліст], якім Вы мяне супакоілі, даючы

2. зразумець пра Вашае добрае здароўе, і калі Вы жадаеце

3. ведаць пра маё, дык я чуюся добра, дзякуй Богу і таго ж спа­дзяюся

4. для Вас. У лісце, які Вы мне напісалі, Вы абяцаеце даслаць

5. Вашую кнігу па геаметрыі, якая ў маёй працы будзе

6. вялікай дапамогай, што датычыцца кнігі па астралябіі, пра якую я пытаўся, то

7. яна мяне ўжо не турбуе, паколькі яе ўжо аглядаў і карыстаю два тыдні;

8. а таксама кнігу пад назвай геаметрыя лацінская мне часцяком выдае на рукі

9. каралеўскі архітэктар, і паколькі мне толькі ўчора яе пазычылі, то яшчэ добра

10. яе не прагледзеў. Ужо нейкім іншым разам чуў — ад Вас тое–сёе пра даўгату

11. зорак, аднак нічога новага ад нікога я не маю і ў гэтым

12. [пытанні] мала ўпэўнены, паколькі я назіраў некалькі зорак па

13. правілах вуглоў: Арктур упрост на нябеснай сферы меў

14. 17 градусаў ад Вагаў, а згодна з астралябіяй 2 градусы

15. ад (Скарпіёна); Карона мае ўпрост 5 градусаў ад , а па разліку

16. 20 і 30 хвілін ад таго ж ; ад Хваста (Дэнеб) Лебедзя наўпрост

17. ёсць 5 хвілін ад Рыбаў, а па разліку было 4 градусы

18. ад (Вадалея); і так па большасці іншых зорак, па якіх я не магу даць

19. рады, між тым я рабіў старанныя назіранні, таму я жадаю добра

20. разабрацца, чаму тыя зоркі на нябеснай сферы маюць такую вялікую

21. даўгату, а па разліку па правілах іншыя градусы, як ужо ўзгадвалася пра

22. Арктур, які наўпрост мае 17 градусаў ад (Вагаў), а па разліку 2

23. ад . А паколькі нікога не знаходжу, хто мог бы мне дапамагчы зразумець,

24. то звяртаюся да Вас патлумачыць гэтую з’яву, што было б мне вельмі карысна.

25. У Рым прыязджае брат Альбэрт Чэрнякоўскі, які раскажа мне

26. пра тое, што ў Вас убачыць і пра мае прыборы, асабліва пра астра­лябію

27. звычайную і нябесную сферу giema frisio і інструмент

28. спецыяльна для даўгаты па ўсім свеце. Як усё высветліцца,

29. жадаю з дапамогай Пана аднавіць назіранні

30. іншых зорак, паколькі зараз маю акно маёй келлі акурат пасярод

31. погляду на сузор’е Ліра і святло Aurga (Вега), г.зн. Лірку з цяжкасцю можна

32. назіраць уздоўж мерыдыяну з–за таго, што тая зорка значна вышэй, таму што

33. ў Кракаве яна праходзіць акурат праз зеніт і Ліра не адыходзіць далей

34. за 11 градусаў з паловай; як той або іншы спосаб, які мог бы палічыць

35. для сябе зручным, будзе зразумела ад Вас і калі Вы ведаеце

36. спосаб вызначэння даўгаты іншы ад таго, які я ведаю,

37. Вам значна лягчэй зразумець, што гэта будзе вялікай дапамогай пры выяўленні

38. даўгаты зорак задыяку.

39. Таксама пры вылічэнні мясцовай даўгаты

40. пажадана зразумець болей пра экліптыку месяца,

41. паколькі брат Ігнацы Дантэ абяцаў паказаць спосаб

42. аблічэння мясцовай даўгаты адрозны ад

43. экліптычнага, але паколькі не жадаю працягваць з гэтай справай,

44. канчаю са словамі бязмежнай падзякі за прыгожыя

45. словы і святую ахвярнасць з Вашага боку з Кракава першага

46. кастрычніка 1599.

Зорны шлях Яна Марыi Бернардонi


[1] Wielewicki J. Dziennik spraw domu zakonnego oo.Jezuitów u Św.Barbary w Krakowie. T. I. Kraków, 1881. S.101, 129—130, 235, 267—268; Załęski St. Jezuici w Polsce T.IV, Kraków, 1905. S.136, 750.
[2] Квитницкая Е.Д. Архитектура (Белоруссии) XVII в. // Всеобщая история архитектуры. Т. 6. Москва, 1968. С.489; Чантурия В.А. История ар­­хитектуры Белоруссии. Дооктябрьский период. Минск, 1969. С. 49, 78.
[3]Книга, включающая в себя планы, фасады, детальные чертежи различных зданий конца XVI в.“ пад шыфрам 721/589. На час знаходкі гэта быў аддзел рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя В.І.Вернадскага Акадэміі навук Украінскай ССР.
[4] Габрусь Т. Архитектурное проектирование в Белоруссии. У истоков //Строительство и архитектура Белоруссии. 1990. №4. С.36—38; Яна ж. Новыя звесткі аб грамадзянскіх пабудовах Нясвіжа канца XVI ст. //Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння. Мінск, 1994. С.169—179; Габрусь Т., Галенчанка Г. Правераная алгебрай гармонія. Пачатак архітэктуры новага часу на Беларусі // Мастацтва Беларусі. 1990. №5. С. 70—75; Тыя ж. Скарбы старажытнага альбома // Навіны Беларускай Акадэміі. 13 і 20 чэрв. 1990. С. 6; Галенчанка Г. Альбом Бернардоні: Новая крыніца да гісторыі архітэктуры і будаўніцтва ў Нясвіжы (канец XVI— пачатак XVII ст.) // Ад Полацка і Нясвіжа да Падуі і Венецыі. Мінск, 1994. С. 79—86.
[5] L’architetto Gian Maria Bernardoni sj tra l’Italia e le terre dell’Europa centro–orientale (a cura di Sante Graciotti e Jerzy Kowalczyk). Roma, MCMIC [1999]. Экзэмпляр кнігі ёсць у Навуковай бібліятэцы НАН РБ імя Я. Коласа ў Мінску.
[6] Змест зборніка падрабязна разгледжаны ў рэцэнзіі Алеся Жлуткі. Гл.: БГА. Т. 7 (2000). Сш. 1(12). С. 257—263.
[7] Kałnin V. Vučnioŭski sšytak // Naša Niva. 1993. №18. S. 6—7; Калнін В. Архітэктар Я.М.Бернардоніпрадвеснік барока на Беларусі // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мінск, 1998. С. 124—139.
[8] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano di Giovan Maria Bernardoni //L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 3.
[9] Всеобщая история архитектуры. Т. 5. Москва, 1967. С. 236; Pevsner N. Historia architektury europejskiej (przekł. z angielskiego). Warszawa, 1976. S. 229.
[10] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 9. Магчыма, што паездка ў Мілан была выклікана затрымкай будаўніцтва рымскай іль Джэзу і по­шукамі новага архітэктара. Вяртанне Бернардоні ў пачатку 1567 г. у Рым Сальвіучы тлумачыць згортваннем прац езуітаў у Мілане з пры­­чыны пераводу калегіі ў Брэду (Salviucci Insolera L., Il periodo ita­liano… P. 10). З другога боку, да выезду з Мілана вымушала аднаў­лен­не будаўніцтва іль Джэзу пасля таго, як аўтарам яе становіцца Вінёла. Ва ўсіх даведніках будаўніцтва царквы датуецца 1568—1584 г.
[11] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 10—11.
[12] Тамсама. P. 2.
[13] Калнін В. Архітэктар Я.М.Бернардоні… С. 127.
[14] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 11.
[15] Тамсама. P. 12.
[16] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 13.
[17] Тамсама. P. 13.
[18] Тамсама. P. 8.
[19] Тамсама. P. 14.
[20] Тамсама. P.15.
[21] Encyclopaedia Britannica. V. 19. London—Toronto, 1962. P. 992—994.
[22] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 15.
[23] Тамсама. P. 17.
[24] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 5—6.
[25] Clavius Chr. „Euclidis Elementorum Libri XV“ (Rome 1574, 1589, 1591, 1603, 1605; Frankfort 1612; Cologne, Frankfort, Amsterdam 1617, 1627, 1654, 1663, 1717). Цытуецца па http://www.faculty.fairfield.edu/jmac/sj/clavius.htm
[26] http://www.faculty.fairfield.edu/jmac/sj/clavius.htm
[27] Poplatek J., Paszenda J. Słownik jezuitów artystów. Kraków, 1972. S. 83.
[28] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 3—4.
[29] Kowalczyk J. Il codice dei disegni del Bernardoni e la loro genesi europea //L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 83.
[30] Paszenda J. Bernardoni in Polonia // L’architetto Gian Maria Ber­nar­doni… P. 26.
[31] Тамсама. P. 27.
[32] Paszenda J. Bernardoni in Polonia… P. 30
[33] Bernatowicz T. Le chiese del Bernardoni nel Ducato di Njasviž // L’archi­tetto Gian Maria Bernardoni… P. 39—55.
[34] Poplatek J., Paszenda J. Słownik jezuitów artystów. Kraków, 1972. S.183.
[35] Paszenda J. Bernardoni in Polonia… P. 36—37.
[36] Paszenda J. Bernardoni in Polonia… P. 31—32.
[37] Тамсама. P. 33.
[38] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 6.
[39] Archiwum Glówne Akt Dawnych, Archiwum Radziwiłłów, dz.V, listy, teka 15, N 590.
[40] Калнін В. Архітэктар Я.М.Бернардоні С.129—130, 139.
[41] Archivio Pontificia Universitб Gregoriana, Fondo Clavio, 529, ff.110—111v.
[42] L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 20—21, ill.1.
[43] Baldini U. — Napolitani P.D. (a curia di), Christoph Clavius: corris­pon­denza, Pisa 1992, IV, 1 Lettere e testi, pp. 92—93, N.156; IV, 2 Note, pp. 49—50. Цытуецца па: Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 6.
[44] Карпенко Ю.А. Названия звездного неба. Москва, 1981. С. 18.
[45] Белый Ю.Н. Тихо Браге. Москва, 1982. С. 28.
[46] http://www.faculty.fairfield.edu/jmac/sj/clavius.htm
[47] Белый Ю.Н. Тихо Браге… С. 134—135.
[48] Alexandrowicz St. Rozwój kartografii Wielkiego księstwa Litewskiego od XV do połowy XVIII wieku. Poznań, 1989. S. 79.
[49] Тамсама. S. 84.
[50] Gabrus’ T. L’architettura in Bielorussia nel XVI secolo alla luce del codice di Bernardoni // L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 58—65.
[51] Paszenda J. Bernardoni in Polonia // L’architetto Gian Maria Ber­nar­doni… P. 27.
[52] Paszenda J. Bernardoni in Polonia // L’architetto Gian Maria Ber­nar­doni… P. 26.
[53] Markowski F. Zamek Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła Sierotki w Nieświeżu. // Kwartalnik architektury i urbanistyki, t.IX, z.2. Warszawa, 1964. S.185—192.
[54] Gruszecki A. Fortyfikacja zamku w Nieświeżu // Kwartalnik architektury i urbanistyki, t. X, z. 2. 1965. S. 141—145.
[55] Adamonis T., Čerbulėnas K. Lietuvos TSR dailės ir architektūros istorija. D. 1. Vilnius, 1987. P. 204.
[56] Poplatek J., Paszenda J. Słownik jezuitów… S. 111.
[57] Paszenda J. Bernardoni in Polonia… P. 30.
[58] Калнін В. Архітэктар Я.М.Бернардоні. С. 132.
[59]Книга, включающая в себя планы…“, а. 3v.
[60] Тамсама, а. 6v.
[61] Тамсама, а. 22v.
[62] Kowalczyk J. Il codice… P. 89.
[63] Galenčanka G. L’„album di Bernardoni“. Descrizione generale // L’archi­tetto Gian Maria Bernardoni… P. 68—71.
[64] Codice Bernardoni. Catalogo dei disegni // L’architetto Gian Maria Bernardoni… P. 96—165.
[65] Galenčanka G. L’„album di Bernardoni“… P. 70—71.
[66] Kowalczyk J. Il codice… P. 84.
[67] Salviucci Insolera L., Il periodo italiano… P. 5—6.
[68] Kowalczyk J. Il codice… P. 85—89.
[70] Максимович Б.А., Комаров В.Н. В звёздных лабиринтах. Москва, 1978. С. 17.

Наверх

Tags: ,