Новы нумар


Юры Туронак. Фабіян Акінчыц — правадыр беларускіх нацыянал–сацыялістаў


Напрыканцы 1933 г. на заходнебеларускай сцэне ўзнікла групоўка, якая абвясціла сябе нацыянал–сацыялістычным актывам. Яе заснавальнікам, ідэолагам і правадыром быў Фабіян Акінчыц, які вопыт палітычнай дзейнасці здабываў у пар­тыі расійскіх эсэраў, у БСР Грамадзе, Цэнтрасаюзе і іншых беларускіх арганізацыях[1].

Пад уражаннем перамогі нацыянал–сацыялістычнага руху ў Нямеччыне Акінчыц канчаткова адмовіўся ад ілюзіі дэма­кратычнага ладу і дайшоў да пераканання, што нацыянальныя і сацыяльныя нягоды беларускага народа можа паспяхова вырашыць ажыццяўленне праграмных прынцыпаў нацыянал–сацыялізму, такіх, як умацаванне нацыянальнай супольнасці, класавая салідарнасць, сацыяльны прагрэс, канфесійная свабода і іншыя.

Акінчыц і яго паплечнікі лічылі, што ўз’яднанне разарваных Рыжскім трактатам беларускіх зямель магчыма толькі ў выніку вайны. Гэты іх погляд асуджаўся гісторыкамі БССР, якія быццам бы не ведалі таго, што ў канцы 1939 г. далучэнне заходнебеларускіх абшараў да Савецкай Беларусі адбылося выключна ў выніку агрэсіі Чырвонай Арміі на Польшчу.

Прэсавым органам беларускіх нацыянал–сацыялістаў быў часопіс „Новы Шлях“, які выдаваўся з лістапада 1933 да лістапада 1937 г. пад рэдакцыяй Уладзіслава Казлоўскага. Часопіс выходзіў у сярэднім раз на два месяцы, у невялікім фармаце, аб’ёмам 8 старонак, а яго разавы наклад не перавышаў 500 асобнікаў.

Беларускія і польскія апаненты нярэдка лічылі групоўку Акінчыца агентурай нямецкіх нацыстаў, якая фінансавалася берлінскімі ўладамі. Магчыма, гэтыя ацэнкі адпавядалі са­праўднасці, аднак сціплы выгляд „Новага Шляху“ і адсутнасць іншай прапагандысцкай літаратуры паказвае, што фінансавая дапамога нямецкіх ідэалагічных саюзнікаў магла быць, хутчэй за ўсё, сімвалічнай.

Прагматычныя немцы не спяшаліся выдаткоўваць грошы. На гэта былі істотныя прычыны: па–першае, слабое зацікаўленне беларускай інтэлігенцыі і сялянства новым ідэалагічным напрамкам і, па–другое, супрацьдзеянне польскіх адміні­страцыйных улад, якія ў кастрычніку 1936 г. забаранілі правядзенне з’езда беларускіх нацыянал–сацыялістаў, а восенню 1937 г. — усю іх дзейнасць у пагранічнай зоне 150 км, г. зн. на большай частцы заходнебеларускай тэрыторыі[2].

На гэтым закончылася дзейнасць юрыдычна неаформленай партыі нацыянал–сацыялістаў. Рэдакцыя „Новага Шляху“ была перанесена ў Ліду, дзе 25 лістапада 1937 г. выпусціла апошні нумар газеты. У снежні 1936 г. Акінчыц абвясціў сябе хворым, вярнуўся ў свае Акінчыцы і чакаў выбуху, які павінен быў разбурыць створаны ў Версалі і Рызе палітычны лад у Еўропе.

Пасля таго як у студзені 1939 г. польскі ўрад адкінуў прапанаваны Гітлерам праект сумеснага паходу на Савецкі Саюз, нямецка–польская вайна ўжо была непазбежнай. Вясной Акін­чыц выехаў у Нямеччыну і прапанаваў дыверсійныя па­слугі беларускіх нацыянал–сацыялістаў у спадзяванай вайне. З такой мэтай у чэрвені 1939 г. у вольным горадзе Данцыг (Гданьск) была арганізавана сустрэча нямецкіх чыноўнікаў з беларускімі нацыстамі[3].

Незалежна ад прынятых пастановаў, пра якія пакуль што не выяўлена дакладных архіўных матэрыялаў, Данцыгская канферэнцыя не мела практычных наступстваў. Пасля жнівеньскага пагаднення  ўрадаў СССР і Нямеччыны аб сумесных дзеяннях Вермахта і Чырвонай Арміі ў Польшчы любая падтрымка беларускіх нацыянал–сацыялістаў ужо не была патрэбная. Больш за тое, кіруючыся карэктнымі адносінамі да новага саюзніка, нямецкія ўлады забаранілі эмігранцкім арганізацыям у Нямеччыне выказваць вусна ці пісьмова варожае стаўленне да Савецкага Саюза[4].

Акінчыц апынуўся ў складаным становішчы і чакаў на ласкавасць лёсу. Аднак нямецкія ўлады, відаць, не спяшаліся з яго выкарыстаннем. Паводле Станіслава Грынкевіча (малодшага), 4 лістапада 1939 г. Акінчыц узначаліў Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне — урадавую ўстанову, у якой не мог разгортваць некантраляваную палітычную дзейнасць[5]. Алесь Вініцкі лічыць, што ў снежні 1939 г. Акінчыцу даручылі выпуск першых нумароў „Раніцы“[6]. Аднак і ў Прадстаўніцтве, і ў рэдакцыі ён працаваў толькі некалькі тыдняў і на пачатку 1940 г. быў накіраваны ў Варшаву для арганізацыі Беларускага самадапамогавага камітэта ў Генералгубернатарстве.

Новая роля, відаць, адпавядала Акінчыцу, які на базе сваіх аднадумцаў у Генералгубернатарстве спадзяваўся стварыць грамадскую апору для беларускай нацыянал–сацыялістычнай арганізацыі. Аднак, калі ў лютым або на пачатку сакавіка 1940 г. ён прыбыў у Варшаву, тут ужо дзейнічаў камітэт, за­снаваны напрыканцы 1939 г. маладым лекарам Міколам Шчорсам. Пачалося змаганне за кіраўніцтва. Акінчыц, карыстаючыся падтрымкай берлінскіх чыноўнікаў, у сакавіку 1940 г. выключыў Шчорса і яго каманду з камітэта, што ў сваю чаргу выклікала абурэнне і супрацьдзеянне яго актывістаў. Спа­трэбілася інтэрвенцыя нямецкай службы бяспекі, якая ў палове 1940 г. ліквідавала скандал — вярнула Шчорса на пасаду старшыні камітэта, а Акінчыца адправіла ў Берлін[7].

Такой трактоўкі Акінчыц не чакаў. Маючы на ўвазе некалькігадовае супрацоўніцтва з нямецкімі нацыянал–сацыя­лістамі, ён спадзяваўся на кіраўнічую ролю сярод беларускіх эмігранцкіх груповак у Нямеччыне і на акупаваных ёю тэрыторыях. Аднак дагэтуль яму не шанцавала і раз–пораз ён быў вымушаны саступаць кіраўнічыя пасады ў Берліне і Варшаве сваім канкурэнтам. Непакоіла яго і дзейнасць лідэра пражскай групоўкі Івана Ермачэнкі, які запрашаўся ў міністэрства замежных спраў у Берліне.

Неўзабаве пасля вяртання ў Берлін Акінчыц разгарнуў змаганне за лідэрства. На гэта паўплывала адна важная прычына: 21 ліпеня 1940 г. Гітлер абвясціў галоўнаму камандаванню Вермахта сваё рашэнне аб паходзе на СССР, якога чакалі ўсе беларускія групоўкі ў Берліне, Парыжы, Празе і Варшаве. Паслядоўна адкрывалася перспектыва дзейнасці ў акупаванай Беларусі, у сувязі з чым змаганне за лідэрства набывала новую якасць, непараўнальную з рэаліямі эміграцыі.

1 лістапада 1940 і 10 студзеня 1941 г. Акінчыц накіраваў ва ўсходняе бюро нацысцкай партыі два мемарыялы з прапановай паслуг беларускіх нацыянал–сацыялістаў у чаканых падзеях[8]. Паводле Акінчыца, заснаваная ў 1940 г. у Варшаве група яго аднадумцаў планавала актывізаваць сваю дзейнасць галоўным чынам у наступных сферах:

— выпуск брашур;

— арганізацыя курсаў па падрыхтоўцы палітыкаў, адміністрацыйных і гаспадарчых службаў, публіцыстаў і журналістаў, між іншым, з ліку ваеннапалонных беларускай нацыянальнасці;

— падрыхтоўка дыверсійных груп для дзейнасці на тэрыторыі Беларускай ССР.

Далей Акінчыц пісаў, што такія задачы маглі выканаць толькі яго аднадумцы, у сувязі з чым ім павінна быць вызначана кіраўнічая роля. „Другая палітычная група, — пісаў ён, — настроена дэмакратычна. Яе адносіны да камуністаў сумніцельныя, яны патаемна сімпатызуюць яўрэям, схільны да панславізму, з скрытым недаверам адносяцца да Нямеччыны. Яна (група. — Ю.Т.) не верыць у перамогу Нямеччыны і, мяркуючы па яе палітычнай пазіцыі, імкнецца не скампраметаваць сябе ні перад палякамі, ні перад камуністамі, або лічыць на тое, што пасля паражэння Нямеччыны камуністы, а разам з імі палякі і яўрэі будуць панаваць у Еўропе. Гэтая група адносіцца да нашай арганізацыі вельмі варожа, пастаянна імкнецца яе знішчыць і ні ў якім разе не дапусціць, каб нямецкія ўстановы лічыліся з яе поглядамі“.

Следам за такой характарыстыкай незалежных ад Акінчыца груповак ішлі яго даносы на іх кіруючых дзеячаў — рэальных і ўяўных канкурэнтаў: Міколу Шчорса, Вінцэнта Гадлеўскага і Янку Станкевіча ў Варшаве, Вітаўта Тумаша ў Лодзі, Анатоля Шкутку ў Берліне, якія, на думку Акінчыца, павінны быць заменены яго аднадумцамі. Крытыкаваліся і беларусы ў Празе, большасць якіх, паводле аўтара мемарыялаў, былі настроены дэмакратычна і лева.

Аднак і гэтым разам намаганні Акінчыца былі безвыніковыя. У сувязі з забаронай дзейнасці ў Нямеччыне і на акупаваных ёю абшарах любых, акрамя NSDAP, палітычных партый, не магла быць заснавана і партыя беларускіх нацыянал–сацыя­лістаў, а яе прыхільнікі выконвалі даручэнні нямецкіх уладаў у індывідуальным парадку.

Не браліся пад увагу і парады наконт разведвальнай і дыверсійнай службы. Галоўнае камандаванне Вермахта і без Акін­чыца ведала як рыхтавацца да вайны і толькі са снежня 1940 да сакавіка 1941 г. заслала ў заходнія раёны СССР 66 шпіёнска–дыверсійных груп, якія складаліся з беларусаў, украінцаў, літоўцаў і іншых[9]. Дарэчы, некаторыя з іх былі арга­ні­заваны не толькі з дапамогай Акінчыца, але і ягоных апанентаў — Шчорса, Гадлеўскага, Тумаша і, магчыма, іншых[10].

Улады не дапусцілі Акінчыца і да афіцыйнай прапагандысцкай дзейнасці. Верагодна, на гэта ўплываў яго бескампрамісны антыбальшавізм, які не адпавядаў тагачасным адносінам Нямеччыны да Савецкага Саюза. Па гэтай прычыне ён быў вымушаны пакінуць рэдакцыю „Раніцы“, а таксама не ўдзельнічаў у прапагандысцкай арганізацыі „Вінета“. Усё ж у першай па­лове 1941 г. Акінчыц і яго людзі выпусцілі ў Берліне рататарнай тэхнікай дзве брашуры пад псеўданімам Усевалада Вераса „Як стварыць нашую сілу“ і „Шляхам барацьбы Беларусі з Масквою“, якія знешне нагадвалі нелегальныя публікацыі[11].

Летам 1941 г., калі служба бяспекі ў Берліне, Варшаве і Лодзі накіроўвала ў акупаваную Беларусь дзесяткі беларусаў для арганізацыі адміністрацыі, Акінчыц надалей заставаўся ў Берліне і сачыў за падзеямі ў Беларусі. Тым часам весткі, якія атрымліваў, не суцяшалі.

Асабліва істотнае значэнне мела кадравае становішча ў першыя месяцы акупацыі. Прывезеныя з эміграцыі кадры (паводле розных ацэнак — ад 30 да 50 чалавек) былі нешматлікія і ў большасці непадрыхтаваныя для выканання патрабаванняў акупацыйных уладаў. Выключна слабы быў удзел беларусаў у арганізацыі службы парадку (дапаможнай паліцыі), таму нямецкія вайсковыя ўлады накіроўвалі ў Беларусь літоўскія, латышскія і ўкраінскія паліцэйскія фармаванні, а ў яе заходніх акругах ахвотна давяралі кіраўніцтва мясцовай адміні­страцыяй і дапаможнай паліцыяй больш вопытным палякам. З пачаткам верасня 1941 г. частка Беларусі з Мінскам была перададзена цывільным уладам, аднак патэтычныя заклікі і лозунгі яе генеральнага камісара Вільгельма Кубэ („Беларусь для беларусаў“ і падобныя) пакуль што не мянялі становішча.

Сярод беларускіх дзеячаў, якія спадзяваліся на падтрымку нямецкімі ўладамі іх нацыянальна–дзяржаўных памкненняў, запанавала расчараванне. Адны лічылі, што немцы не давяраюць беларусам і фаварызуюць палякаў і літоўцаў, а іншыя самакрытычна прызнавалі сваю няздольнасць стварыць нацыянальнае самакіраванне нават у тых сціплых рамках, якія дапускаліся акупацыйнымі ўладамі. У многіх выпадках пачуццё сваёй няпаўнавартасці перапляталася з бязрадаснасцю, што садзейнічала пашырэнню настрояў пасіўнасці і адмаўлення ад грамадскай дзейнасці.

Бадай першы расчараваўся старшыня групоўкі „Цэнтр“ доктар Мікола Шчорс, які ў ліпені — жніўні 1941 г. на чале групы эмігрантаў імкнуўся арганізаваць у Беларусі краёвае самакіраванне пад нямецкім патранатам. Аднак некампетэнтнасць ваенных уладаў і абыякавасць нешматлікіх нацыянальных дзеячаў вымусіла яго адмовіцца ад гэтага намеру і вярнуцца ў Варшаву. Так без ніякіх намаганняў Акінчыца выпаў з палітычнай гульні яго галоўны канкурэнт да ўяўнай улады ў Беларусі. Па іншых прычынах не змог замацавацца ў Мінску і Радаслаў Астроўскі, які ў кастрычніку 1941 г. выехаў у Бранск і пазней — у Смаленск.

Аднак і цяпер не збыліся спадзяванні Акінчыца на ролю беларускага лідэра. У верасні 1941 г. міністр акупаваных усходніх абшараў Альфрэд Розенберг паслаў у Мінск доктара Івана Ермачэнку, які ўзначаліў Беларускую народную самапомач (БНС) — пакуль што адзіную легальную грамадскую арганізацыю. Ермачэнка карыстаўся даверам генеральнага ка­місара Кубэ, яны разам ажыццяўлялі розныя мерапрыемствы, накіраваныя на паступовую беларусізацыю адміністрацыі, арганізацыю антыпартызанскай Самааховы, развіццё школьніцтва і нацыянальнай самасвядомасці народа, на стварэнне ў перспектыве беларускай дзяржавы з Ермачэнкам як прэм’ерам яе ўрада.

Такі кірунак дзеянняў Кубэ і Ермачэнкі, на добры лад, няшмат адрозніваўся ад імкненняў Акінчыца з адным выняткам — ён сам хацеў быць будаўніком беларускай дзяржавы. Цяпер, пасля адыходу з палітычнай сцэны Шчорса і Астроў­скага, яго галоўным праціўнікам стаў Ермачэнка. Аднак змагацца з ім Акінчыцу было няпроста — абодва былі служачымі ведамства Розенберга, таму  ніякія звыклыя дзеянні Акінчыцу не варажылі поспеху і трэба было выяўляць новыя ініцыятывы.

Паколькі партыйная дзейнасць была забаронена нямецкімі ўладамі, летам 1941 г. Акінчыц выпрацаваў альтэрнатыўную канцэпцыю „руху маладых актывістаў“, мэтай якога было ўзгадаванне беларускай моладзі ў духу адданасці акупацыйнаму рэжыму. Паводле яго задумы, моладзь павінна была ўдзельнічаць у змаганні з ворагамі новага ладу, між іншым, ствараць свае атрады СС, а ў перспектыве быць падставай агульнакраёвай беларускай арганізацыі, якая была б надзейнай апорай нямецкага кіраўніцтва. У прыватнасці, беларускія юнацкія атрады СС дазволілі б замяніць літоўскія, латышскія і ўкраінскія паліцэйскія батальёны і паўплываць на рост нацыя­нальнай самасвядомасці народа.

Улічваючы скептыцызм Розенберга і яго чыноўнікаў у вырашэнні беларускага пытання, Акінчыц насуперак спадзяванням беларускіх канкурэнтаў даказваў, што пакуль не існавала магчымасці стварэння беларускай дзяржавы — для гэтага не было належных умоў: народ знаходзіўся ў летаргічным сне, нацыянальная свядомасць — паралізавана. Таму не маглі быць творцамі Беларусі „папяровыя генералы, прафесары і дактары“, якія хацелі б адраджаць яе зверху — беларускае адраджэнне трэба пачынаць знізу пад нямецкім кіраўніцтвам[12].

Усё ж, нягледзячы на зацікаўленне некаторых ваенных камендатур, аднадумцам Акінчыца не ўдалося заснаваць такую арганізацыю моладзі ў краёвым маштабе, але прынамсі ў Глыбоцкай акрузе летам 1941 г. яна была створана. Восенню гэтага ж года яна была ўхвалена акруговым камісарам Паўлем Гахманам і дзейнічала да чэрвеня 1943 г., калі ўлілася ў арганізаваны тады Саюз беларускай моладзі (СБМ)[13]. Магчыма, яе заснавальнікам у Глыбокім быў паплечнік Акінчыца Уладзіслаў Казлоўскі.

Гэтым разам ініцыятыва Акінчыца не была безвыніковай. Праўда, стварэнне „руху маладых актывістаў“ пакуль што не адбылося, але яго канцэпцыя, якая адлюстравалася ў рапартах службы бяспекі, стала вядомай у берлінскіх кіраўнічых колах, зацікаўленых ўзгадаваннем надзейных кадраў для акупацыйнага праўлення ў Беларусі. Стварыць гэтыя кадры Розенберг даручыў Акінчыцу.

Познім летам, пасля атрымання згоды галоўнага камандавання Вермахта, ведамства Розенберга дазволіла Акінчыцу выбраць з лагераў савецкіх ваеннапалонных пэўную колькасць інтэлігентных беларусаў для працы ў якасці перакладчыкаў і прапагандыстаў у нямецкіх установах у Беларусі. Не закраналіся пры гэтым у размовах з Акінчыцам ці беларускімі арганізацыямі ў Берліне палітычныя аспекты гэтых акцый[14]. У верасні 1941 г. была створана камісія, якая прачэсвала лагеры палонных і ацэньвала кваліфікацыю кандыдатаў на падрыхтоўчы курс у мясцовасці Вустраў пад Берлінам. Працай камісіі кіраваў Акінчыц, а яе членамі былі Васіль Камароўскі і Аляксандр Крыт. Неўзабаве да іх далучыўся Генрык Барановіч. З восені 1941 г. яны працавалі як арганізатары і лектары ў Вустраўскай школе прапагандыстаў[15]. Магчыма, працавалі там яшчэ іншыя асобы, пра якіх пакуль што няма пэўных звестак.

Няма дакладных дадзеных і пра колькасць палонных чырвонаармейцаў, якія пагадзіліся з прапановай камісіі і перавыхоўваліся ў Вустраве. Паводле Сымона Шаўцова, сабралася там 80 беларусаў[16]. Іван Касяк ацэньваў іх колькасць на 60 чалавек[17]. Няясныя выказванні Алеся Вініцкага, які піша, што з лагераў было выбрана каля сотні кандыдатаў, аднак курс праслухала ўсяго каля 20 чалавек[18]. Усе гэтыя звесткі выглядаюць неверагодна ў супастаўленні з інфармацыяй Аляксея Салаўёва, паводле якой толькі ў лютым 1942 г. у Мінск на чале з Акінчыцам прыбыла група прапагандыстаў у колькасці 70 чалавек[19]. Магчыма, агульная колькасць дастаўленых у Беларусь гадунцоў Акінчыца перавышала сотню.

Няшмат вядома і пра персаналіі Вустраўскіх курсантаў. Тыя, якім пасля вайны ўдалося пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР, — як Уладзімір Гарэлік (Латушкін) і Язэп Лешчанка (літаратурны псеўданім Міхась Кавыль), — маўчалі, і толькі Сымон Шаўцоў з Аўстраліі напрыканцы жыцця апублікаваў кароткі ўспамін аб Акінчыцавай школе і яе навучэнцах (Мая адысея. Вільня, 1999). Таксама маўчалі на эміграцыі Барановіч, Камароўскі і Крыт, а Вініцкі ў сваіх „Матэрыялах да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне“ прынцыпова пазбягаў называць прозвішчы курсантаў. У апошнія гады крыху персанальных звестак выявілі мінскія даследчыкі СБМ Алег Гардзіенка і Аляксандр Каваленя, якія карысталіся архіўнымі крыніцамі.

На падставе гэтых публікацый можна вызначыць прозвішчы 18 курсантаў: Бабкоў, Язэп Беразоўскі, Сяргей Бузак, Бядрыцкі, Уладзімір Гарэлік, Міхась Ганько, Гарбуноў, Жыркевіч, Мікіта Каляда, Калядка, Караваеў, Язэп Лешчанка, Па­лікарп Манькоў, Зміцер Стэльмах, Георгі Фролаў, Міхась Цікуноў, Сымон Шаўцоў і Фёдар Шпак. Усе яны былі афіцэрамі Чырвонай Арміі і акрамя Міхася Ганька ўсе паходзілі з усходняй Беларусі, дзе атрымалі адукацыю і ўзгадоўваліся ў духу камуністычнай ідэалогіі і савецкага патрыятызму. Палонныя афіцэры былі звыклыя да дысцыпліны і нацыянальнымі амбіцыямі ў большасці не кіраваліся. Відаць, гэтыя якас­ці вырашылі іх дапушчэнне на курс і да службы ў Беларусі.

Заняткі ў Вустраве трывалі каля шасці месяцаў з кожнай групай курсантаў. За гэты час яны павінны былі засвоіць прынцыпы дзеяння нямецкай цывільнай адміністрацыі ў Беларусі, метады змагання з бальшавіцкай ідэалогіяй, вывучалі нямецкую і беларускую мовы, практыкаваліся ў публічных выступленнях. Асаблівую ўвагу Акінчыц звяртаў на азнаямленне слухачоў з сваёй нацыянальнай канцэпцыяй, прычым прышчапляў ім пагарду да — на яго думку — „бесхрыбетных шкурнікаў“, „гнілых дэмакратаў“ і да т. п., якія, карыстаючыся непаслядоўнасцю нямецкага кіраўніцтва, пралезлі ў БНС.

Пасля сканчэння курса Акінчыц дастаўляў падрыхтаваныя групы прапагандыстаў у Мінск і перадаваў іх у аддзел прапаганды генеральнага камісарыята. Там іх накіроўвалі ў паасобныя акруговыя камісарыяты цывільнай зоны Беларусі. У Мін­ску працавалі, між іншым, Бузак, Ганько, Гарэлік, Лешчанка, Стэльмах, Шаўцоў, у Баранавічах — Бядрыцкі, Гарбуноў, Шпак, у Слуцку — Манькоў, у Лідзе — Бабкоў, у Нава­град­ку — Каляда. Прапагандысты выконвалі загады толькі нямецкіх установаў і не ўключаліся ў сферу дзейнасці БНС. Акра­мя некалькіх перабежчыкаў да партызанаў пераважная іх большасць апраўдала давер свайго настаўніка.

Так сфармавалася апазіцыйная да БНС–аўскага кіраўніц­тва нацыянал–сацыялістычная групоўка. Кіравалася яна ідэямі Акін­­чыца, выкладзенымі ў Вустраве і ў яго аб’ёмістым артыкуле „Дум­кі на часе“, апублікаваным у „Беларускай Газэце“ (28.03.—11.04.1943), якія можна рэзюмаваць наступным чынам.

— Вайна вядзецца ў імя будучыні ўсяго культурнага свету. Ад таго, якая сіла пераможа, залежыць лёс усіх народаў. Вайна вядзецца за перабудову Еўропы на новых палітычных і гаспадарчых падставах. Нам, беларусам, не даводзіцца шкадаваць даваенную Еўропу — нічога ў ёй мы не мелі і мець не маглі.

— Мы не павінны глядзець на гэтую вайну толькі з беларускага пункту гледжання. Беларуская справа будзе развязана на нашу карысць пасля таго, як вораг будзе знішчаны і ў Еўропе будзе запачаткаваны новы парадак, абапёрты на выключэнні з грамадскага жыцця бальшавізму і жыдоўства.

— У гэтым змаганні няма месца нейтральнасці. Той, хто супраць бальшавіцкай камуны, можа знайсці разнаякія магчымасці дапамогі фронту. Трэба праводзіць ачышчэнне краю ад бальшавікоў і іх агентаў, выкрываць падрыўныя метады іх дзейнасці, арганізаваць добры тыл для арміі, даць хлеб.

— Сапраўдная народная ўлада павінна быць створана ў выніку грамадскага пераўзгадавання нашага народа пад вы­значальным уплывам яснай цвёрдай ідэалогіі, адпаведнай вымогам жыцця ў агульнаеўрапейскім маштабе.

— Трэба размежавацца з людзьмі, якія інакш думаюць і дзейнічаюць на карысць варожых беларускай справе сіл. Вы­кінуць трэба і тых, хто хацеў бы заняць залатую сярэдзінку. У сучасную часіну ім месца няма. Хто не з намі — той супраць нас. Хто не хоча актыўна змагацца з бальшавізмам і ягонаю спадчынаю, хто чакае на адпаведнае надвор’е, той вораг. Трэба нарэшце зрабіць канчатковы парадак з тым бальшавіцкім ахвосцем, якое засталося і якое свой бальшавіцкі глузд сарамліва прыкрывае рознымі фігавымі лісткамі, як, прыкладам, славянафільствам ці нечым іншым, згатаваным у маскоўскай кухні.

— Ёсць у нас „палітыкі“, якія заклікаюць „ні ў якім выпадку не расцярушваць нашае ўвагі, не адцягваць яе ад сваіх беларускіх спраў“, ды нагадваюць, што „веліч сучасных падзеяў не павінна зацямняць «маласці» нашае справы і перашка­джаць у будаванні нашага заўтра, у збіранні і ўмацаванні нашых беларускіх сілаў“. Такім „палітыкам“ трэба прыгадаць, што лёс беларускай справы залежыць выключна ад лёсу антыбальшавіцкага фронту. Было б вялікім няшчасцем для беларусаў, калі б у гэтую часіну, калі край разбураны і выбіты з каляіны нармальнага жыцця, да ўлады над ім дарвалася нейкая кампанія людзей, якія нічога за сабой не маюць, акрамя хваравітых амбіцыяў і прагі ўлады.

На думку Акінчыца, выказаную ў кастрычніку 1942 г. у Баранавічах, для вырашэння гэтых праблем неабходна стварыць адпаведную палітычную арганізацыю, рэарганізаваць адміністрацыю і замяніць „варожыя элементы“ паслядоўнымі прыхільнікамі нацыянал–сацыялістычнай ідэалогіі. На такую ідэалогію павінны абапірацца ўсе беларускія арганізацыі, паліцыя, школьная адукацыя як зыходны пункт пераўзгадавання ўсяго грамадства[20].

Аднак Кубэ, які па–свойму разыгрываў карту беларускага нацыяналізму, ігнараваў патрабаванні Акінчыца і не дазваляў газетам змяшчаць ягоную крытыку паводзінаў Ермачэнкі і кіраўніцтва БНС. Затое больш прыхільна ставілася да яе Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі ў Берліне і яго мінскія органы. Яны здаўна ставіліся крытычна да палітыкі Кубэ і намагаліся яго скампраметаваць як правадніка нібыта супярэчных інтарэсам Нямеччыны беларускіх нацыянальных ініцыятываў, якія праяўляла кіраўніцтва БНС[21].

Канфлікт паміж кіраўнічымі органамі акупацыйнага праўлення ўспрымаўся Акінчыцам як доўгачаканы шанец: нарэшце службе бяспекі спатрэбіліся доказы злачыннай дзейнасці яго палітычных праціўнікаў. Пад канец 1942 г. ён павёў вострую атаку супраць кіраўніцтва БНС, якое абвінавачваў у бяздзейнасці, няздольнасці, а нават сабатажы такой справы, як актывізацыя грамадства ў барацьбе з партызанскім рухам. Крытыкаваліся і панславістычныя тэндэнцыі ў БНС–аўскім кіраўніцтве і прапартызанскія сімпатыі яго „левага крыла“, сведчаннем чаго меў быць пераход да партызанаў некаторых мясцовых дзеячоў БНС і груп Сама­аховы[22].

Нямецкая служба бяспекі карысталася даносамі Акінчыца і яго групы і няраз на іх спасылалася ў сваіх рапартах. Такім чынам яны паўплывалі на сфабрыкаванне ў снежні 1942 — студзені 1943 г. справы Ермачэнкі, які абвінавачваўся ў найбольшым злачынстве — дзяржаўнай здрадзе. Дзякуючы намаганням Кубэ Ермачэнка пазбег смерці і пакуль што заставаўся ў Мінску. Затое ў атмасферы паліцэйскіх ганенняў былі рэпрэсаваны многія дзеячы БНС у Мінску і на правінцыі, а ў іх ліку ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, арыштаваны і забіты 24 снежня 1942 г.[23]

На пачатку 1943 г. пазіцыя БНС моцна паслабела, і Акінчыц, які цешыўся прызнаннем Готберга, Штраўха і высокіх функцыянераў СС і паліцыі ў Берліне, быў упэўнены ў хуткай перамозе — якраз у тым часе СС–аўскае ведамства здабывала штораз большы ўплыў на дзейнасць Розенберга і цывільнага праўлення на Ўсходзе. Аднак Акінчыц усё яшчэ не ведаў, як будзе вырашаны лёс Ермачэнкі. 11 лютага 1943 г. блізкі су­працоўнік Акінчыца Генрык Барановіч пісаў Міхасю Ганько, што ў найбліжэйшым часе ён (Барановіч) з сваім шэфам і чарговай групай прапагандыстаў прыедуць у Мінск і так настаўляў Ганько супроць Ермачэнкі і яго каманды:

„Аб тым, што датычыць клікі Ермачэнкі (створанай толькі ў Беларусі), будзем з Вамі гаварыць у Мінску. Сёння магу Вам сказаць толькі адно: Вы будзеце здзіўлены рознаму — ёсць на тое падстава. Усё ж Вы не можаце ўявіць, што людзі, якія імкнуцца паказаць сябе знешне надзейнымі і лаяльнымі да Нямеччыны і беларускай справы, якія сумесна маршыруюць і скандуюць, вельмі часта з’яўляюцца найменш паўнацэннымі, лгунамі, вераломнымі і агіднымі суб’ектамі, нягоднікамі, нават свіннямі. Узнікае пытанне, чаму і як доўга такія анучы будуць засмечваць святую зямлю. <…> Калі мы прыедзем у Мінск, узарвецца бомба — у гэтым некаторыя паночкі могуць не сумнявацца. Я абсалютна ўпэўнены, што ваўкоў у авечай скуры паразяць прызначаныя ім асколкі“[24].

Невядома, ці словы Барановіча пра бомбу і асколкі абазначалі планаваны групай Акінчыца замах на жыццё Ермачэнкі, ці нейкую акцыю, якая давяла б яго да палітычнай гібелі. Так ці інакш Акінчыц і яго гадунцы рыхтавалі тады канчатковую расправу з кіраўніцтвам БНС. Аднак справы развінуліся інакш. Ліст Барановіча да Ганька наўрад ці дайшоў да адрасата — яго нечакана перанялі службы генеральнага камісарыята і перадалі Кубэ. 23 лютага 1943 г. ён з абурэннем пісаў Розенбергу пра паводзіны Барановіча і надалей бараніў Ермачэнку як надзейнага супрацоўніка[25].

Дзякуючы гэтай выпадковасці планы Акінчыцавай групы праваліліся. У прыватнасці, яны сталі вядомыя Ермачэнку, які з мэтай самаабароны арганізаваў знішчэнне свайго праціўніка, у чым галоўную ролю адыграў журналіст „Беларускай Газэты“ Алесь Матусевіч. Тым часам нішто не трывожыла Акінчыца ў Мінску, ніякія падазрэнні ў яго не ўзнікалі. Напярэдадні замаху Матусевіч запрасіў Акінчыца, Казлоўскага і Адамовіча на сустрэчу ў сваёй кватэры, пад час якой нібыта ад­крыта абмяркоўвалі тагачаснае палітычнае становішча, узгаднялі тэматыку публікацый Акінчыца ў „Беларускай Газэце“. Тады быццам была зроблена Матусевічам няўдалая спроба атру­ціць Акінчыца[26].

На наступны дзень, 5 сакавіка 1943 г., раніцай Матусевіч прыйшоў на кватэру Казлоўскага, у якога начаваў Акінчыц, забіў яго стрэлам з пісталета і ўцёк да партызанаў. Пахавалі яго на вайсковых могілках у Мінску чамусьці толькі 15 сака­віка — на дзесяты дзень ад смерці. Паводле Адамовіча, аддзел прэсы генеральнага камісарыята забараніў мінскім газетам друкаваць паведамленні пра замах і пахаванні, па гэтай прычыне не прайшоў і некралог, які напісаў Казлоўскі для „Беларускай Газэты“. Выглядае на тое, што ўлады не хацелі высвятляць прычыну замаху, а спроба спісаць яго на „маскоўскіх агентаў“ была б для сучаснікаў занадта неверагоднай.

На заканчэнне працытуем дзве супярэчлівыя ацэнкі нашых суродзічаў з Аўстраліі, без якіх палітычны партрэт Акінчыца быў бы няпоўны, і якія, магчыма, паспрыяюць пошукам адказу на пытанне, кім у сапраўднасці быў гэты чалавек.

Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні (Таронта, 1976, с. 48):

„З даручэння гітлераўцаў Акінчыц з савецкіх палонных выдзяляў беларусаў у адумысловыя перашкольныя табары пад Берлінам, дзе рыхтаваліся кадры людзей, слепа пакорных нацысцкай Нямеччыне, фюрэру і нацысцкім інтарэсам. <…> Гэта быў фанатык, які верыў, што нізкай услужлівасцю гітлераўцам здабудзе ў іх давер і што за гэтым ідзе — уладу ў Беларусі. Ён нават збіраўся ў час вайны рабіць «чыстку» у радах беларускіх актыўных дзеячаў, што ўзяліся за адбудову краю ў жудасных ваенных умовах. <…> Калі я сачыў дзейнасць Акін­чыца, я не мог зразумець, дзе ў ім канчаецца варожы беларускай справе авантурыст, а дзе пачынаецца псіхапат“.

Сымон Шаўцоў. Мая адысея (Вільня, 1999, с. 41—42):

„Памятаю, як ён (Акінчыц. — Ю.Т.) навучаў нас у гэтым лагеры: «Немцы нам не калегі, але мы не маем з кім ісці. Мы пайшлі б з самім чортам, каб толькі здабыць нашую незалежнасць. Немцы паляць вёскі з людзьмі, дзяцьмі, старымі. Партызаны забіваюць немца, падкідваюць бліз вёскі, а немцы паляць тую вёску як партызанскую. І немцы і партызаны забі­ваюць нашую інтэлігенцыю… На вас уся надзея. Я за вас залажыў сваю галаву. Як хто з вас уцячэ да партызанаў, усіх нас пастраляюць немцы. Трымайцеся адзін аднаго, каб вас не спакусілі, не справакавалі. Будзьце мудрыя, як біблейны Саламон, хітрыя, як змеі… Наша бяда, што лёс Радзімы лучыць нас з Нямеччынай. Так ужо было ў 1918 годзе, калі пад акупацыяй кайзераўскіх войскаў паўстала БНР. Ніхто нам незалежнасць не дасць, як самі яе не заваюем. Нам няма выйсця. Францыя, Англія ды Амерыка ў альянсе з СССР. Час пакажа, з кім нам ісці. А цяпер трэба ратаваць наш народ ад генацыду, як ад бальшавіцкага, гэтак і нямецкага… Вам выпала цяжкая праца. На вас будуць паляваць і бальшавікі і немцы. Ні адным, ні другім нашыя ідэі і мэты не пасуюць. Будзьце абачлівыя!» Так настаўляў нас Фабіян Акінчыц“.

Калі погляды накшталт ацэнкі Малецкага даволі пашыраныя ў эмігранцкай літаратуры і часткова пацвярджаюцца дакументацыяй, то выказванне Шаўцова з’яўляецца рэдкім і амаль неверагодным. Усё ж ігнараваць яго нельга, перш за ўсё з увагі на спецыфіку таго часу, калі афіцыйнымі дэкларацыямі няраз прыкрываліся іншыя намеры і дзеянні.

Бадай адзіным несумненным здзяйсненнем Акінчыца бы­ла падрыхтоўка прапагандыстаў, якія неўзабаве стварылі і ўзначалілі Саюз беларускай моладзі. Янка Жамойцін, які ўпер­­шыню сустрэўся з імі на СБМ–аўскіх курсах у Мінску, пісаў:

„Курсантамі былі пераважна крыху старэйшыя за мяне хлопцы з усходняй Беларусі. Пасля аказалася, што гэта былыя афіцэры Чырвонай Арміі, якія папалі ў палон і ўжо адбылі нейкую падрыхтоўку. Цяпер накіравалі іх арганізаваць Саюз беларускай моладзі. Апрача іх было і некалькі «заходнікаў»: з Глыбокага, Вілейкі, Ганцавіч, хіба з Баранавіч і я — з Нава­градка. Былыя афіцэры ставіліся да нас быццам з апякунствам, а мы да іх з недаверам, як да нямецкіх стаўленікаў. Курсы працягваліся нешта два тыдні і ў канцы пачатковая прадузятасць ужо не заўважалася. Як бы тыя былыя ваякі не маскіраваліся, стала ясным, што не немцам служыць яны прыехалі. Не заставалася ні трохі сумнення, што незалежна ад такіх ці іншых поглядаў, завербавала іх любоў да Радзімы, настальгія па культуры, у якой выраслі. <…> Акруговымі кіраўнікамі пасля заканчэння курсаў былі назначаны амаль вы­ключна хлопцы з прывезенай з Нямеччыны групы“[27].

Нягледзячы на выкарыстоўванне моладзі для ваенна–эканамічных патрэбаў Нямеччыны СБМ здолеў выхаваць тысячы юнакоў і юначак у духу нацыянальнай актыўнасці і адданасці сваёй Бацькаўшчыне. Такі быў вынік дзейнасці асуджаных Малецкім Акінчыцавых гадунцоў.


[1] Фабіян Акінчыц нарадзіўся 20 cтудзеня 1886 г. у вёсцы Акінчыцы Новасвержанскай воласці Мінскага паветy ў заможнай каталіцкай сям’і Яна і Эміліі. У 1906 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбугскага універсітэта, які скончыў у 1913 г., працаваў юрыстам. У 1906—1917 г. — дзеяч расійскай Партыі сацыялістаў–рэвалюцыянераў. У 1923 г. вярнуўся на радзіму, настаўнічаў у Засуллі на Стаўбцоўшчыне, са жніўня 1926 г. член кіраўніцтва БСР Грамады, у студзені 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля турэмнага зняволення з верасня 1930 да сакавіка 1931 г. член кіраўніцтва „Цэнтрасаюза“, пазней „Адраджэння“ і Беларускага дабрачыннага таварыства. Аўтар кніг „Чаму гэта так сталася“ (1931), „Правакацыя беларускага народу“ (1933), „Аграрна–кааператыўная палітыка будучыні“ (1936), „Jak Komintern organizował ruch białoruski“ (1938); выдавец газеты „Голас Праўды“ і аднаднёвак „Праўда“ і „Беларуская Праўда“.
[2] Новы Шлях. 25.11.1937. №24.
[3] Пра данцыгскую канферэнцыю польскія ўлады не мелі дакладных звестак. Апублікаваная В.Склубоўскім у беластоцкай „Ніве“ (19.09.1982) інфармацыя польскага міністэрства ўнутраных спраў называе яе „з’ездам беларускага нацыянальнага руху“, які прыняў пастанову, што Беларусь можа атрымаць незалежнасць толькі з дапамогай Нямеччыны. Ніякіх звестак пра ўдзельнікаў гэтага „з’езда“ ўлады не мелі. Усё ж гэта было дастаткова для інспірацыі шуміхі ў польскіх газетах, якія „дапрацоўвалі“ падрабязнасці, патрэбныя для абгрунтавання антыбеларускіх рэпрэсій. „Kurjer Polski“ (22.06.1939) Данцыгскую канферэнцыю назваў „кангрэсам беларускіх дзеячаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Савецкай Расіі і ЗША“. Гэтыя сенсацыі паўтарыў Цанава, па–свойму іх „удакладняючы“. У выніку з ліку ўдзельнікаў зніклі прадстаўнікі савецкіх беларусаў, а саму падзею назваў канферэнцыяй прадстаўнікоў капіталістычных краін з удзелам між  іншых Язэпа Варонкі. Такім чынам Цанава імкнуўся дыскрэдытаваць увесь беларускі незалежніцкі рух як агентуру фашысцкай Нямеччыны — гл.: Цанава Л. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Т.2. Мінск, 1951. С.882; Гл. таксама: Хрысціянская Думка. 1.07.1939.
[4] Косик В. Україна і Німеччина у другій світовій війні. Париж — Львів — Нью–Ёрк, 1998. С.486 (дакумент №35).
[5] Грынкевіч С. Ліст у рэдакцыю // Беларуская Царква. Чыкага, 1965, №28. С.193.
[6] Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Менск, 1994. С.12.
[7] Інфармацыя былых дзеячаў Беларускага камітэта ў Варшаве Міколы Ждановіча і Баляслава Манкевіча з 1983 г.
[8] Die weissruthenische Frage: Bericht ueber die beiden weissruthenischen politischen Gruppen, Архіў Новых Актаў у Варшаве (далей ААН), Александрыйскія мікрафільмы, Т–81, ролік 13, ЕАР–250d–18–10/4. (Матэрыялы Oststelle NSDAP.)
[9] Mader J. Hitlers Spionagegenerale sagen aus. Berlin, 1974. S. 269, 342.
[10] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Менск, 1993. С.255; Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С.35.
[11] Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. 1939—1944. Мінск, 2002. С.22—24.
[12] Ereignismeldung UdSSR Nr 154, 12.01.1941, AAH, Александрыйскія мікрафільмы, Т–175, ролік 234/2723569.
[13] Пасляэвакуацыйная справаздача акруговага камісара ў Глыбокім ад 16.08.1944, тамсама, Т–454, ролік 102/309.
[14] Ereignismeldung UdSSR Nr 190, 8.04.1942, ААН, T–175, ролік 235/2724178.
[15] Генрык Барановіч (1916—2003), нараджэнец Ашмяншчыны, удельнік нямецка–польскай вайны, вызвалены з лагера ваеннапалонных (1940), з восені 1941 г. супрацоўнік Акінчыца ў Вустраўскай школе прапагандыстаў, з лістапада 1943 г. арганізатар і кіраўнік Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне, рэдактар часопіса „Малады Змагар“. Пасля вайны жыў у г. Таронта, Канада.
Васіль Камароўскі (1914—1953), нараджэнец Стаўбцоўшчыны, удзель­­нік нямецка–польскай вайны, пасля вызвалення ў сакавіку 1941 г. з лагера ваеннапалонных сакратар Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне, з восені 1941 г. супрацоўнік Акінчыца. З 1950 г. жыў у г. Таронта, Канада, член замежнага сектара Беларускай народнай грамады, супрацоўнік часопіса „Баявая Ускалось“. Памёр у Таронта.
Аляксандр Крыт (1901—1983),  нараджэнец Стаўбцоўшчыны, верагодна, ўдзель­нік нямецка–польскай вайны, з вясны 1941 г. член управы Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне, з верасня 1941 г. супрацоўнік Акінчыца. Пасля вайны святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Англіі і ЗША (1950—1968), епіскап (1968), архіепіскап (1970), мітрапаліт (1972). Памёр у г. Кліўленд, ЗША.
[16] Шаўцоў С. Мая адысея. Вільня, 1999. С.41.
[17] Найдзюк Я., Касяк І. Назв. твор. С. 281.
[18] Вініцкі А. Назв. тв. С.17.
[19] Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Минск, 1995. С.146.
[20] Раманоўскі В. Саўдзельнікі ў злачынствах. Мінск, 1964. С. 199.
[21] Шырэй пра канфлікт Кубэ — СС гл. у працы Ю.Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй“. Мінск, 1993.
[22] Акінчыц Ф. Не забываць пра галоўнае // Беларуская Газэта. 4.03.1943; таксама Meldungen Nr 38, 22.01.1943, AAH, Александрыйскія мікрафільмы, Т–175, ролік 236/2725415.
[23] Ярмусик Э.С. Католический костёл в Белоруссии в годы Второй мировой войны (1939—1945). Гродно, 2002. С.229—231.
[24] Ліст Барановіча да Ганька ад 11.02.1943, ААН, Александpыйскія мікрафільмы, Т–454, ролік 39/1055.
[25] Ліст Кубэ да Розенберга ад 23.02.1943, тамсама, Т–454, ролік 39/1053.
[26] Інфармацыя Антона Адамовіча аўтару ад 18.04.1985.
[27] Жамойцін Я. З перажытага // Лёс аднаго пакалення. Беласток, 1996. С.88—89.

Наверх

Tags: ,