БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Аляксандар Смалянчук. Гістарычная сьвядомасьць i ідэалёгія палякаў Беларусі i Літвы на пачатку XX стагодзьдзя


У час рэвалюцыі 1905-1907 г. палякі Беларусі й Літвы нечакана для сябе адчулі, што знаходзяцца ў шматэтнічным грамадзтве, значная частка якога ставіцца да ix варожа. Гэта адчуваньне было зьвязана ў першую чаргу з сацыяльнымі i нацыянальна-культурнымі дамаганьнямі беларускага i літоўскага нацыянальных рухаў. У сацыяльным пляне галоўным зьяўлялася патрабаваньне зямлі. Яно было скіравана супраць польскіх памешчыкаў, якія валодалі больш чым паловай усіх прыватных земляў краю. Нацыянальна-культурныя патрабаваньні, якія закраналі польскія пазыцыі, датычылі ўвядзеньня беларускай i пашырэньня літоўскай мовы ў каталіцкім набажэнстве. Прыняць гэтыя патрабаваньні палякі не маглі. Менавіта польскае землеўладаньне i польскасьць каталіцкага касьцёла зьяўляліся краевугольнымі камянямі польскіх пазыцый у Беларусі й Літве.

Акрамя гэтага, пасьля Маніфэсту 17 кастрычніка 1905 г. у Беларусі й Літве хутка пачалі зьяўляцца філіялы расейскіх шавіністычных партый i арганізацый, якія ў 1906 г. аб’ядналіся ў «Рускі акраінны саюз». Разам з чарнасоценным друкам апошні вёў актыўную антыпольскую i антыжыдоўскую агітацыю.

Палякі апынуліся ў становішчы ізгояў. Хоць для большасьці зь ix Беларусь i Літва была зямлёй продкаў, а радаводы мелі мясцовыя карані, у вачох беларускага й літоўскага насельніцтва яны станавіліся чужынцамі.

Сытуацыя вымагала ад палякаў новага асэнсаваньня таго, чым для ix зьяўляецца Беларусь i Літва, якое месца яны займаюць у жыцьці краю, i як павінны ставіцца да беларусаў i літоўцаў? Адказ на гэтыя пытаньні мусіў дапамагчы выпрацаваць новую ідэалёгію польскага нацыянальнага руху i падказаць выхад з сытуацыі. Палякі разумелі, што нельга ісьці на адкрыты канфлікт ні з царскімі ўладамі, ні зь беларускім i літоўскім нацыянальнымі рухамі. Яны шукалі выхад на шляху кампрамісу i з першымі, i з другімі.

У гэты час у публіцыстыцы, праграмных заявах, выступленьнях прадстаўнікоў польскай грамадзкасьці ўсё часьцей сустракаецца праява абвостранага ўсьведамленьня Беларусі й Літвы як сваёй радзімы, свайго роднага краю. Безумоўна, нешта падобнае было й раней. Дастаткова ўспомніць славутыя радкі А.Міцкевіча:

Літва! Айчына мая!

Ты як здароўе…

Але тады, за рэдкім выключэньнем, гэтае пачуцьцё не афішавалася. Цяпер жа ўсё зьмянілася. У 1905 г. у кнізе «Голас мінуўшчыны i патрэба часу» землеўладальнік Менскай губэрні Р.Скірмунт пісаў, маючы на ўвазе сябе й сваіх аднадумцаў: «Акрамя тых, хто ўсімі сіламі імкнецца як да роднай матулі да Польскага каралеўства, i адзінак, якія робяць стаўку на Расею, сярод шляхты ёсьць група людзей, сэрцам i душой адданых сваёй Радзіме — Літве й Русі»[1].

У рэдакцыйным артыкуле першага нумару «Gazety Wileńskiej» (1906. Рэдактар З.Пяткевіч) адзначалася: «Мы грамадзяне Літвы й Беларусі. Наш грамадзянскі абавязак — служыць роднаму краю. Мы ня можам быць польскімі каляністамі. З палітычнага, грамадзкага й эканамічнага пункту гледжаньня нашай Радзімай зьяўляецца Беларусь i Літва. Толькі з культурна-нацыянальнага погляду мы дзеці польскага народу й не адмаўляемся ад яго».

Красамоўны быў адказ старшыні Менскага сельскагаспадарчага таварыства Э.Вайніловіча на папрок, што польскія землеўладальнікі кіруюцца толькі ўласнымі інтарэсамі. На паседжаньні згаданай арганізацыі (сакавік, 1906) ён заявіў: «Сваёй шматгадовай працай на роднай глебе мясцовыя землеўладальнікі ўжо даказалі, наколькі блізкія ім інтарэсы роднага краю й аднаплямённага зь ім карэннага насельніцтва. Сёньня ніхто ня мае права папракаць ix у няшчырасьці й жаданьні абараніць толькі ўласныя інтарэсы»[2]. Зьвяртае на сябе ўвагу тэрміналёгія Э.Вайніловіча. У сялянах ён бачыў «аднаплямённы народ», а замест тэрмінаў, якія б характарызавалі нацыянальную прыналежнасьць, ужыў словы «карэнныя» i «мясцовыя».

Вялікую ролю ў гэтым усьведамленьні адыграла й тое, што дзіцячыя гады многіх палякаў краю прайшлі сярод беларускага й літоўскага сялянства. Яны чулі сялянскую мову, слухалі народныя песьні й казкі. Нянькамі многіх былі вясковыя жанчыны. Для многіх уласныя ўспаміны зьявіліся тым мастом, які злучаў далёкае мінулае й сёньняшні дзень. Э.Вайніловіч у лісьце да памешчыка А.Ельскага, дзякуючы за прысылку беларускіх кніг, заўважыў: «Кожнаму з нас гэтая мова (беларуская. — A.C.) мілая, кожны засынаў у калысцы пад народныя песьні нашых нянек, кожны на гэтай мове знаходзіць узаемаразуменьне зь мясцовым насельніцтвам»[3].

Усьведамленьне краю як Радзімы становіцца настолькі моцным, што частка палякаў Беларусі й Літвы перастае атаясамліваць сябе з палякамі Польскага каралеўства. Прычым гэта датычылася ня толькі паходжаньня, а нават рысаў характару. Вось што пісала, напрыклад, Э.Ажэшка: «Пад уплывам гістарычнага перакрыжаваньня народаў (польскага зь беларускім i карэнным літоўскім) палякі краю здабылі тыя якасьці, якіх ня маюць палякі Каралеўства…. Тут больш разважаньня, спакою, вытрымкі, больш разумовых здольнасьцяў»[4].

Асэнсаваньне таго складанага становішча, у якім апынуліся палякі Беларусі й Літвы з пачаткам рэвалюцыі 1905-1907 г., спрыяла больш глыбокаму ўсьведамленьню імі беларуска-літоўскага краю як сваёй Радзімы. На гэтым паўстала ідэалёгія, якая аб’яднала пад сваім сьцягам большасьць палякаў краю. Ейныя прыхільнікі абвясьцілі інтарэсы рэгіёну вышэйшымі за інтарэсы асобных этнасаў, у тым ліку й польскага. Яны заяўлялі, што ў сваёй палітычнай i грамадзкай дзейнасьці будуць кіравацца нацыянальна-культурньімі, эканамічнымі, рэлігійнымі й гістарычнымі асаблівасьцямі краю й яго інтарэсамі. Адсюль i назва гэтага руху — «краёвы».

Галоўным пастулятам краёўцаў была дэклярацыя адзінства ўсіх жыхароў Беларусі й Літвы. Краёўцы заклікалі насельніцтва ўсьвядоміць, што большая частка краёвых i грамадзянскіх патрэбаў мае агульнае значэньне для ўсіх жыхароў Беларусі й Літвы, што клясавая i нацыянальная барацьба бессэнсоўная й нават злачынная, пакуль не здабытая свабода для ўсяго краю. Б.Ялавецкі адзначаў: «Перш за ўсё мы, грамадзяне краю, нягледзячы на розьніцу сацыяльнага становішча, нацыянальнасьці й веравызнаньня, павінны паціснуць рукі i з узаемнай павагай узяцца за працу»[5].

Вялікае значэньне краёўцы надавалі i нацыянальным адносінам. Праграма краёвай партыі Літвы й Беларусі (1907), напрыклад, гарантавала правы літоўскага народу на культурнае разьвіцьцё. A ў дачыненьні да беларусаў партыя абяцала з павагай ставіцца да паўсталай сярод ix тэндэнцыі да самастойнага нацыянальнага й культурнага разьвіцьця[6].

Імкнучыся фармаваць адпаведную ix сьветапоглядным устаноўкам гістарычную сьвядомасьць, краёўцы заняліся прапагандай i пашырэньнем сярод адукаванай часткі насельніцтва Беларусі й Літвы «краёвай гістарыяграфіі», (калі будзе карэктна ўжываць такі тэрмін).

Падмуркам «краёвай гістарыяграфіі» сталі працы прадстаўнікоў віленскай гістарычнай школы першай паловы XIX ст. Такія гісторыкі як І.Даніловіч, І.Ярашэвіч, І.Анацэвіч, І.Лабойка, М.Баброўскі, а потым Т.Нарбут, А.Кіркор i некаторыя іншыя амаль упершыню зрабілі гісторыю беларуска-літоўскага краю самастойным аб’ектам дасьледаваньняў. Яны адмовіліся глядзець на гісторыю краю вачыма Пецярбурга ці Варшавы. Ix погляд — гэта погляд людзей, дзеля якіх зыходным i канчатковым пунктам былі інтарэсы Радзімы, свайго беларуска-літоўскага краю. Беларуска-літоўскі патрыятызм стаў характэрнай рысай навуковых дасьледаваньняў віленскіх гісторыкаў. Вось што пісаў у адным зь лістоў 1861 г. А.Кіркор: «Ніколі ня зьнікне ўва мне гэтае пачуцьцё. Я люблю маю Радзіму з натхненьнем юнака i самаахвярнасьцю мужчыны. Я маю сэрца i адчуваю сымпатыю да Польшчы настолькі, наколькі яе лёс зьвязаны з нашым»[7].

Навуковыя дасьледаваньні віленскіх гісторыкаў не маглі не спрыяць усьведамленьню шляхтай краю сваіх мясцовых каранёў. Прыкладам, Т.Нарбут у беларускай i літоўскай шляхце XIV ст. бачыў продкаў шляхты XIX ст. Віленскія гісторыкі падкрэсьлівалі самастойнасьць дзяржаўнага разьвіцьця Вялікага Княства Літоўскага пасьля Крэўскай (1385) i Гарадзельскай (1413) уній[8].

Ацэньваючы польскія ўплывы, яны адзначалі вялікую пазытыўную ролю польскай культуры й каталіцкай царквы ў гісторыі краю. А вось уплывы польскага палітычнага жыцьця атрымалі нэгатыўную ацэнку. Т.Нарбут, напрыклад, менавіта на польскіх магнатаў ускладаў галоўную віну за безуладзьдзе, якое аблегчыла кіраўнічым колам Расеі, Прусіі, Аўстрыі зьнішчэньне Рэчы Паспалітай[9].

Ідэі віленскай школы жылі, нягледзячы на тое, што сфэра ix распаўсюджаньня была моцна абмежаваная пасьля ўдушэньня паўстаньня 1863 г. З афіцыйных навучальных устаноў Беларусі й Літвы яе выцясьніў «заходнерусізм», a ў розных нелегальных асьветніцкіх гуртках пашырыліся погляды польскай гістарыяграфіі, якая глядзела на беларуска-літоўскі край як на польскую правінцыю. Напрыклад, такую пазыцыю падзяляў на пачатку XX ст. польскі гісторык З.Глогер. На тле распаўсюджванай гістарычнай літаратуры як выключэньне выглядаў трэці том «Живописной России» (1882), які быў прысьвечаны Беларусі й Літве i напісаны амаль адным А.Кіркорам.

У сваіх публічных выступленьнях краёўцы адраджалі канцэпцыю віленскіх гісторыкаў. Вось што, напрыклад, пісаў Э.Вайніловіч: «Значную частку польскіх землеўладальнікаў у Беларусі… складала шляхта мясцовага паходжаньня, якая некалі спавядала ўсходні абрад, але ўжо ў XVII ст. была паланізаваная й акаталічаная. Яна адчувала адзінства крыві зь мясцовым людам»[10]. Ён жа ў адным зь лістоў нагадваў, што старажытныя фамільныя паперы i ягонага роду, i многіх іншых шляхецкіх радоў напісаныя на беларускай мове[11].

Краёўцы актыўна выкарыстоўвалі галоўны прынцып віленскай гістарычнай школы — разгляд гісторыі Беларусі й Літвы як гісторыі самастойнай i самабытнай. Асэнсоўваючы мінулае, яны зрабілі спробу далейшага разьвіцьця гістарыяграфіі. Аднак шмат у чым ix гістарычныя погляды адыйшлі ад поглядаў віленскіх гісторыкаў. Прычынай гэтага было пачуцьцё прыналежнасьці да польскай нацыі, якое ўзмацнялася пад уражаньнем развіцьця беларускага й літоўскага нацыянальных рухаў.

Ідэю беларуска-літоўскага паходжаньня шляхты паступова выцясьніла ідэя агульных польска-беларуска-літоўскіх каранеў. Б.Ялавецкі сьцьвярджаў, што яшчэ да ўзьнікненьня Вялікага Княства Літоўскага, шматлікія набегі літоўцаў на польскія землі ў XII ст. прывялі да зьяўленьня на абшарах Літвы польскіх асаднікаў-каталікоў. Выкарыстоўваючы аслабленьне Польшчы пасьля сьмерці Баляслава III, літоўскія князі перасялілі на свае землі дзясяткі тысяч палякаў, так што, як пераконваў краёвы публіцыст, у Літве не засталося ніводнага кута, дзе б не было палякаў[12]. А пасьля далучэньня беларускіх земляў да дзяржавы Міндоўга, польская i літоўская кроў зьмяшалася зь беларускай. Б.Ялавецкі заяўляў, што ўжо ў часы Ягайлы на Літве не засталося чалавека, які б не меў у сабе хоць крыху крыві ўсіх трох нацый — літоўскай, польскай i беларускай[13]. Пасьля Крэўскай уніі, далей разважалі краёўцы, i дзяржаўныя лёсы Літвы i Польшчы сталі непадзельныя. Краёўцы былі катэгарычныя ў сьцьверджаньні, што хрысьціянства, асьвета, заходнеэўрапейская культура ішлі на беларускія землі толькі з Польшчы i ператварыліся ў адзіную польска-літоўска-беларускую культуру: «На ўсёй тэрыторыі Літвы панавалі адны й тыя ж звычаі, адна й тая ж нацыянальная этыка… таму што ў жылах цякла адна й тая ж кроў»[14]. Па сутнасьці сьцьвярджалася існаваньне ў часы сярэднявечча на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага агульнага польска-літоўска-беларускага этнасу.

Часы Рэчы Паспалітай разглядаліся новай краёвай гістарыяграфіяй як «залаты век» для ўсіх жыхароў Реларусі й Літвы.

Краёўцы прызнавалі фактар палянізацыі сацыяльных вярхоў літоўскага й беларускага этнасаў. Аднак бачылі ў гэтым заканамерны i пазытыўны працэс, які ніколі, на ix погляд, не адбываўся шляхам гвалту. «У культурнай перамозе нашай мовы над літоўскай, — заяўлялі яны, — ёсьць толькі перавага ведаў, працы й гуманізму ў звычаях»[15]. «Польская культура на Літве не насаджалася полымем i мячом, a распаўсюджвалася праз братэрства народаў»[16] i г.д.

На погляд краёўцаў i сацыяльна-эканамічныя адносіны ў Рэчы Паспалітай перажывалі «залаты век». Яны параўноўвалі становішча сялян у Рэчы Паспалітай i ў Расеі не на карысьць апошняй. Г.Сьвянціцкі ў дакладзе на паседжаньні Менскага сельскагаспадарчага таварыства ў сакавіку 1906 г. намаляваў наступную карціну ўзаемаадносін сялян i памешчыкаў ў Рэчы Паспалітай: памешчык быў дарадцам i апекуном сялян, зацікаўленым у росьце ix дабрабыту, яго жонка лячыла хворых, а дачка вучыла сялянскіх дзяцей. Адначасова падкрэсьлівалася, што ў Расеі селянін поўнасьцю належаў памешчыку i ня мог нават паскардзіцца на яго[17].

Краёўцы ў розных публікацыях праводзілі думку, што магнацтва Беларусі й Літвы на працягу амаль усяго сярэднявечча выступала супраць прыгоннага ладу. Праўда, факты, якія яны прыводзілі, датычыліся ў асноўным апошніх дзесяцігодзьдзяў гісторыі Рэчы Паспалітай. Так, адзначалася, што ў XVIII ст. А.Замойскі, А.Тызенгаўз, I. Храптовіч перавялі сялян на аброк i далі ім самакіраваньне[18], С.Панятоўскі перавёў на чынш 40 тысяч прыгонных[19] i г.д. Указвалася на значэньне ў гэтым сэнсе Канстытуцыі 3 траўня 1791 г.

Гэтая лінія так званай «барацьбы за сялянскі дабрабыт» прасочвалася публіцыстамі-краёўцамі i ў XIX ст. Г.Сьвянціцкі адзначаў, што яшчэ ў 1817 г. шляхецкі сход у Вільні зьвярнуўся да імпэратара з прашэньнем аб сялянскай рэформе, праз 13 гадоў у Вільні ўзьнікла «Таварыства сяброў сялян», a ў 1843 г. віленская шляхта ізноў прыняла зварот да цара аб адмене прыгоннага ладу. Нават сялянская рэформа 1861 г. зьвязвалася з зваротам да Аляксандра II шляхты Ковенскай губэрні[20].

Падзелы Рэчы Паспалітай не знайшлі адлюстраваньня ў публіцыстыцы краёўцаў. Магчыма, яны абходзілі гэтае пытаньне з цэнзурных меркаваньняў. Ацэнка гэтых падзелаў, як i ацэнка расейскага панаваньня ў краі адчувалася ў характарыстыцы сучаснага стану Беларусі й Літвы: «Край дайшоў да страшнага заняпаду, а цемра i беднасьць ахапілі ўсе колы насельніцтва»[21].

Разьвіцьцё краёўцамі гістарычнай канцэпцыі «віленскай школы» зьвялося да падкрэсьліваньня, на ix погляд, выключна пазытыўнай ролі палякаў у гісторыі Беларусі й Літвы. Гістарычна абгрунтоўвалася думка пра тое, што палякі — не нацыянальная меншасьць, a адзін з трох асноўных гістарычна-дзяржаўных i культуратворчых элемэнтаў краю, безь якога немагчыма ўявіць ні яго мінуўшчыну, ні сучаснасьць, ні будучыню.

Падводзячы папярэднія высновы, трэба адзначыць, што суадносіны паміж гістарычнай сьвядомасьцю й ідэалёгіяй краёўцаў не насілі аднанакіраванага характару. Палякі краёвага паходжаньня ніколі не забывалі, што ix Радзімай зьяўляецца беларуска-літоўскі край. Аднак доўгі час гэта амаль не ўплывала на ix грамадзка-палітычную дзейнасьць. Толькі на пачатку XX ст., калі рэвалюцыя 1905-1907 г. i нацыянальна-культурныя рухі беларусаў i літоўцаў паставілі палякаў у становішча ізгояў, усьведамленьне сваёй Радзімы стала адчувальным фактарам ix актыўнасьці. Безумоўна, гэтае усьведамленьне адыграла вялікую ролю ў фармаваньні краёвай ідэалёгіі. Аднак яна не магла быць заснаваная толькі на пачуцьці Радзімы ды яшчэ на ўспамінах дзяцінства. Патрабавалася больш грунтоўная навукова-гістарычная аснова. I тут краёўцы пайшлі па шляху фармаваньня й распаўсюджваньня адпаведнай ix асноўным сьветапоглядным устаноўкам гістарычнай сьвядомасьці. Гэты працэс набыў форму адраджэньня й дапрацоўкі гістарычнай канцэпцыі віленскіх гісторыкаў першай паловы XIX ст. І.Даніловіч, І.Анацэвіч, Ю.Крашэўскі, Т.Нарбут, А.Кіркор i іншыя жылі й працавалі з усьведамленьнем сваёй гістарычнай прыналежнасьці да былога Вялікага Княства Літоўскага. Ix беларуска-літоўскі патрыятызм быў дапоўнены на пачатку XX ст. высокай ацэнкай палякаў у гісторыі Беларусі й Літвы. Гэта невыпадкова. У сьвядомасьці краёўцаў спалучалася пачуцьцё прыналежнасьці да шляхты былога Вялікага Княства з адчуваньнем, што яны зьяўляюцца часткай польскай нацыі. Прычым апошняе (прыналежнасьць да польскай нацыі) паступова ўзмацнялася.

Партыя польскіх нацыянальных дэмакратаў (эндэкаў) разглядала Беларусь i Літву як «усходнія крэсы» Польскай дзяржавы i лічыла палякаў гаспадарамі гэтай зямлі. Пераважная большасьць палякаў краю не прыняла гэтых поглядаў. Хоць відавочна, што разьвіцьцё краёўцамі канцэпцыі віленскай гістарычнай школы ішло менавіта ў гэтым накірунку.

Вернасьць краёвай ідэалёгіі захоўвалася да першай сусьветнай вайны. Яшчэ ў канцы 1915 — пачатку 1916 г. група ўплывовых краёўцаў на чале з Э.Вайніловічам разам з прадстаўнікамі літоўскага, беларускага й жыдоўскага рухаў прынялі Ўнівэрсал Часовай Рады Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, у якім абвяшчалі, што будуць дабівацца «usamodzielniania Litwy i Białorusi w postaci jednostki państwowej z zagwarantowaniem pełni praw wszystkim narodowościom pomienione terytoryum zamieszkującym»[22].

Аднак з канца 1916 г. i асабліва пасьля адраджэньня Польскай дзяржавы погляды пачалі зьмяняцца. Сярод палякаў Беларусі й Літвы хутка пашыралася ідэалёгія, заснаваная на канцэпцыі «ўсходніх крэсаў». У 1921 г. Э.Вайніловіч ужо абураўся вынікам Рыскага міру. Адмову польскай дэлегацыі далучыць да Польшчы ўсю Беларусь ён лічыў здрадай палякаў i здрадай краю, у якім, паводле ягоных словаў, дамінавала польская культура[23]. Гэта было лягічным завяршэньнем эвалюцыі гістарычнай сьведамасьці краёўцаў пад уплывам палітычных перамен.

HISTORICAL CONSCIOUSNESS AND IDEOLOGY OF POLES OF BELARUS AND LITHUANIA IN THE BEGINNING OF THE 20-TH CENTURY

The article examines relations between historical consciousness of the Poles of Belarusan and Lithuanian origin and ideology of so called «krajovaja plyn» («the land flow») of Polish national movement in Belarus and Lithuania in the early 20th century. At that time the «landers» dominated in Polish movement.

Most Poles have never forgotten that their native land is Belarusan-Lithuanian land. In the circumstances of 1905-1907 revolution when the Poles in Belarus and Lithuania had found themselves to be actually out of law this awareness of their Motherland has become a factor of a great influence on that ideology formation. However, system of philosophic and valuable orientations and directions being in process of formation was the heart of ideology and, in its turn, influenced historical consciousness. It occured by means of further development of the conception of historical school of Vilnia in the first half of 20th century.


[1] Romunt (Skirmunt R.). Głos przeszłości i potrzeba chwili. — Lwów, 1905. S.49.

[2] ДГА Літвы. Ф.378, 1907 а/а. Адз. з. 157. А.207.

[3] Цыт. паводле: Туронак Ю. Ваша национальность // Нёман. 1992. 12. С.158.

[4] Orzeszkowa E. Listy. T.2. Cz.2. — Warszawa, 1938. S.144.

[5] J…i В. (Jałowiecki В.). Litwa i jej potrzeby. — Wilno, 1905. S.10.

[6] Kurier Litewski. 1907. 135.

[7] Наш радавод. Кн.5. 4.2. — Горадня, 1993. С.308.

[8] Narbutt Т. Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane. — Wilno, 1847. S.213.

[9] Тамсама. S.235.

[10] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. — Poznań, 1988. S.214.

[11] Цыт. паводле: Туронак Ю. Ваша национальность… С.158.

[12] J…i В. Цыт. пр. S.4-5.

[13] Тамсама. S.5.

[14] Тамсама. S.6.

[15] Kurier Litewski. 1905. 10.

[16] Тамсама. 1906. 38.

[17] Аграрный вопрос. Доклад Г.Свенцицкого Минскому сельскохозяйственному обществу 5 марта 1906 г. — СПб, 1906. С.6.

[18] Kurier Litewski. 1905. 16.

[19] Аграрный вопрос… С.7.

[20] Тамсама. С.8.

[21] J…i В. Цыт. пр. S.W.

[22] Abramowicz L. Litwa podczas wojny: Zbiór dokumentów, uchwał, odezw. — Warszawa, 1918. S.23.

[23] Wojnittowicz E. Wspomnienia. 1847-1928. — Wilno, 1931.

Наверх

Тэгі: