БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Еўрапейскі падручнік па беларускай гісторыі (Лявон Баршчэўскі)


* Handbuch der Geschichte Weißrußands / Herausgegeben von Dietrich Beyrau und Rainer Lindner. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 2001. 543 S.

Падручнік па гісторыі Беларусі на нямецкай мове такога аб’ёму і такой ступені распрацоўкі найважнейшых тэм беларускай гісторыі ад яе пачаткаў да 2000 г. убачыў свет упершыню. Парупіліся пра гэта ўкладальнікі і суаўтары кнігі, прафесар усходнееўрапейскай гісторыі Цюбінгенскага універсітэта Дытрых Байраў і навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі і сацыялогіі універсітэта ў Канстанцы доктар гісторыі Райнэр Лінднэр, ужо вядомы беларускім гісторыкам, найперш дзякуючы яго грунтоўнай манаграфіі „Гісторыкі і ўлада. Утварэнне нацыі і палітыка ў гістарычнай навуцы Беларусі ў ХIХ—ХХ ст.» (Мюнхен, 1999).

У анатацыі, змешчанай на вокладцы калектыўнай працы, укладальнікі пішуць: „Падручнік прапануе грунтоўны агляд сацыяльнай і культурнай гісторыі Беларусі ад Сярэднявечча да пачатку ХХI ст. У шматлікіх раздзелах, створаных нямецкімі і замежнымі аўтарамі, апрацаваныя вынікі даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў і пададзеная тая гістарычная інфармацыя і зробленыя тыя высновы, якія сёння знаходзяцца ў нашым распараджэнні». Распачынаецца кніга „Прадмовай» і „Ўводзінамі», напісанымі тымі ж прафесарам Байраў і доктарам Лінднэрам. У „Прадмове» яны, у прыватнасці, адзначаюць, што „з пашырэннем Еўрапейскага Саюза да ўсходняй мяжы Польшчы новы сусед, Беларусь, у большай ступені, чым гэта было раней, уваходзіць у свядомасць грамадстваў заходніх краін» (9). Ва „Ўводзінах» вядзецца гаворка пра тое, наколькі апраўданым з’яўляецца вывучэнне гісторыі той ці іншай краіны „ад пачаткаў да сучаснасці» ў святле таго, што пытанне пра „радавод» той або іншай сучаснай нацыі ці дзяржавы ўвогуле ўяўляецца спрэчным. Аўтары „Ўводзінаў» адзначаюць асаблівыя цяжкасці вывучэння беларускай гісторыі не толькі таму, што яе можна разглядаць і як рэгіянальную гісторыю, і як гісторыю ўласна-беларускай дзяржаўнасці, але і таму, што, каб асэнсаваць крыніцы па гісторыі Беларусі, „гісторыкі павінны ўмець чытаць па-царкоўнаславянску, старабеларуску (як мясцовай канцылярскай мове Вялікага Княства Літоўскага), на лаціне, на польскай, расійскай, беларускай, стараніжненямецкай мовах, а таксама на ідышы ды іўрыце». Далей праф. Д.Байраў і д-р Р.Лінднэр абагульнена выказваюць свае меркаванні па наступных колах праблем: Беларусь як рэгіён, „малая айчына» і нацыянальная дзяржава; саслоўі і „шляхецкая нацыя на беларускіх тэрыторыях; ад саслоўна-этнічнай структуры да нацыянальнай дзяржавы; неадназначнасць нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў; Беларусь як рэгіён катастрофаў. Напрыканцы ўступнага раздзела даюцца ўводзіны ў гістарыяграфію Беларусі (найперш у заходнюю). Апроч таго, укладальнікі падручніка зазначаюць, што яго аўтары належаць да розных гістарыяграфічных і палітычных традыцый, таму ў ім было немагчыма пазбегнуць пэўнай разбежнасці ў поглядах.

Асноўны тэкст кнігі складаецца з трох раздзелаў: „Гістарыяграфія і геральдыка» (25—68), „Храналогія з Х да пачатку ХХI ст.» (69—198) і „Аспекты сацыяльнай і культурнай гісторыі» (199—490), а таксама „Дадатку», у які ўваходзяць чорна-белыя карты-схемы да гісторыі Беларусі (491—498), храналагічная табліца (499—502), спіс прынятых скарачэнняў (503—504), выбраная бібліяграфія (505—516), паказальнік імёнаў (517—531), паказальнік геаграфіч ных назваў (532—539), нарэшце, падаюцца звесткі пра аўтараў працы (540—543).

Першы раздзел падручніка складаецца з даследаван няў: „Беларусь вачыма сваіх гісторыкаў» (Р.Лінднэр) і „Гербы і дзяржаўная сімволіка беларусаў: ад Сярэднявечча да нашага часу» (Дз.Сямушын). Падраздзел, напісаны Райнэрам Лінднэрам, фактычна ўяўляе сабою вельмі сціслы пераказ найважнейшых палажэнняў яго вышэйзгаданай працы 1999 г. па беларускай гістарыяграфіі. Аўтар разглядае тут такія праблемы, як „Нацыянальная гісторыя і заходнерусізм у Расійскай імперыі апошняга перыяду існавання» (з асаблівым акцэнтаваннем вядомых прац М.Вакара, А.Цвікевіча, М.Доўнара-Запольскага, Я.Карскага, У.Ігнатоўска га, В.Ластоўскага, А.Кіркора), „Нацыянальная гісторыя і савецкі патрыятызм: савецкія версіі гісторыі» (спасылкі на працы У.Пічэты, В.Шчарбакова, І.Трайніна, Ц.Гарбунова, 2-тамовую „Историю Белорусской ССР» 1954 года выдання і інш.), „Гістарычная культура постсавецкага часу: нацыянальная эйфарыя, ранейшыя падзелы» (між іншым, згадваюцца працы В.Сядова, М.Ермаловіча, А.Трубачова, В.Чаропкі, У.Конана, У.Арлова, А.Ростава, А.Грыцкевіча, Р.Гарэцкага і інш.).

Цікавым падаецца даследаванне беларускай гістарычнай сімволікі, зробленае дацэнтам Вышэйшай школы Бержэня (г.Сомбатхей, Венгрыя) Дзмітрыем Сямушыным. Асабліва грунтоўна ён разглядае гістарычныя карані герба „Пагоня» („Вершнік на гербе», „Крыж на гербе», „Распаўсю джанне і ўжыванне герба «Пагоня» з часоў Сярэднявеч ча», „Нацыянальныя эмблемы пасля 1917 г.», „Спрэчкі вакол дзяржаўнай сімволікі пасля 1991 года»). У гэтым падраздзеле ўтрымліваюцца спасылкі не толькі на добравядо мыя ў нас публікацыі геральдыста А.Цітова, дадзеныя Нацыянальнага архіва Беларусі, а і на кнігу В.Леанарда „Вялікая кніга мастацтва гербаў» (Leonard, W. Das große Buch der Wappenkunst), што выйшла ў Мюнхене ў 1976 г. Свае разважанні Дз.Сямушын заканчвае наступным чынам: „Неабходна заўважыць, што ініцыятывы прэзідэнта Лукашэнкі па змене дзяржаўнай сімволікі [маецца на ўвазе правядзенне рэферэндуму ў 1995 г. — Л.Б.] не былі добра прадуманымі. Ён сам аддаў у рукі сваім праціўнікам бела-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня» — сімвалы, якія маюць шматвекавую традыцыю ўжывання. Мора гэтых сцягоў пад час дэманстрацый, што адбываліся пачынаючы з 1996 г., засведчыла той факт, што на гэтым новым гістарычным этапе бела-чырвона-белы сцяг зрабіўся сімвалам змагання за дэмакратычны канстытуцыйны лад». Акрамя таго, у падраздзеле змешчаная досыць багатая падборка ілюстрацый.

Другі раздзел кнігі, „Храналогія з Х да пачатку ХХI ст.», пачынаецца з двух падраздзелаў: „Распад Кіеўскай Русі і Полацкае княства (IХ—ХII ст.)» і „Беларускія тэрыторыі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (ХIII—ХVI ст.)», аўтар якіх — вядомы беларускі гісторык — даследчык Сярэднявечча, загадчык кафедры БДУ Павел Лойка. Наступныя два падраздзелы, „Уваходжанне Вялікага Княства Літоўскага ў склад Рэчы Паспалітай: Беларусь у ХVI і ХVII ст.» і „Беларусь і агонія Рэчы Паспалітай (1648—1795 г.)», напісаныя іншым вядомым беларускім гісторыкам Генадзем Сагановічам, а аўтарам падраздзела „Паўночна-заходнія правінцыі ў Расійскай імперыі (1795—1917 г.)» з’яўляецца доктар гістарычных навук Захар Шыбека. Погляды названых даследчыкаў на асаблівасці развіцця нашай гісторыі ў адпаведныя перыяды добра вядомыя і адлюстраваныя ў шматлікіх публікацыях, даступных нашаму чытачу, у т.л. масаваму, таму няма неабходнасці падрабязна спыняцца на змесце вышэйзгаданых падраздзелаў „Падручніка гісторыі Беларусі» [гл., напрыклад, напісаныя П.Лойкам адпаведныя раздзелы першага тома „Нарысаў гісторыі Беларусі» 1994 г. выдання або адпаведныя раздзелы „Нарыса гісторыі Беларусі (ад старажытнасці да 1795 г.)» Г.Сагановіча, а таксама працягу гэтай кнігі, напісанага З.Шыбекам]. Варта зазначыць толькі, што высновы аўтараў падмацава ныя вялікай колькасцю спасылак на самыя разнастайныя крыніцы, апублікаваныя ў розныя гады ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, ЗША, Аўстрыі, Чэхіі, Францыі, Швейцарыі, Вялікай Брытаніі, Галандыі, Швецыі, Італіі.

Падраздзелы кнігі „Беларуская ССР у 1917—45 г.» і „Беларуская ССР у 1945—91 г.» напісаныя аўтарам дзвюх кніг па гісторыі Беларусі ХХ ст., прафесарам універсітэта правінцыі Альберта (Канада) Дэвідам Марплзам. Першы з названых падраздзелаў складаецца з невялікага ўступу і наступных частак: „Час рэвалюцыі і Беларуская Народная Рэспубліка», „Заснаванне Беларускай ССР», „Беларусіза цыя ў 1920-я г.», „Калектывізацыя сельскай гаспадаркі», „Індустрыялізацыя аграрнай Беларусі», „Уключэнне ў склад БССР Заходняй Беларусі», „Нямецкае ўварванне і акупацыя». Высновы аўтара грунтуюцца найбольш на пункце погляду некаторых аўтараў другога тома „Нарысаў гісторыі Беларусі» (Мінск, 1995), „Эканамічнай гісторыі Беларусі» пад рэдакцыяй В.Галубовіча (Мінск, 1996), працах М.Вакара, Р.Платонава, Ю.Туронка, нямецкіх гісторыкаў Б.К’яры, Р.Лінднэра, успамінах С.Кабыша. Праф. Д.Марплз таксама робіць спробу абагульніць вывучаны матэрыял і даць уласныя ацэнкі ключавым падзеям жыцця Беларусі. Так, аналізуючы прычыны паразы Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918—20 г., ён зазначае, што ў варунках 1918 г. гэтая дзяржава не магла б праіснаваць нейкі працяглы час, бо беларуская эліта была малалікаю, не мела вялікага ўплыву на масы насельніцтва, у той час як увогуле гарады былі занадта слабыя (137). Разважаючы пра вынікі бальшавіцкіх рэпрэсій 30-х г., аўтар падраздзела прыходзіць да высновы, што ў выніку гэтых падзей „датыхчасовае культурнае развіццё БССР, у т.л. развіццё беларускай мовы, былі зведзеныя на нішто» (142). Падсумоўваючы вынікі даваеннай калектывізацыі 20-х—30-х г. у БССР, праф. Д.Марплз выказвае меркаванне, што гэтыя працэсы „настроілі большасць этнічных беларусаў супраць савецкага рэжыму і прывялі да таго, што быў развеяны аптымізм дваццатых гадоў» (144). Адзначаючы пэўныя станоўчыя бакі савецкай індустрыялізацыі ў БССР, канадскі гісторык заўважае, што ў той самы час беларускія рабочыя жылі ў цяжкіх умовах, былі дрэнна забяспечаныя прадуктамі харчавання і таварамі штодзённага спажывання (146). Першыя месяцы нямецкай акупацыі 1941 г. былі, паводле Д.Марплза, адзначаныя тым, што „шмат хто з жыхароў БССР вітаў прыход акупантаў. Шмат хто ўзгадваў нямецкі акупацыйны рэжым 1918 г. і бачыў яго лепшым за тыя рэжымы, якія ўсталёўвалі Саветы або палякі. Людзі, найперш у заходніх рэгіёнах Беларусі, не выказвалі ахвоты наладжваць супраціў акупантам» (149). А вырашальны для вайны 1943 год быў адзначаны сярод беларусаў не толькі агульным усплёскам патрыятызму, але і ажыўленнем — асабліва сярод маладзейшых людзей — спадзяванняў на беларускае адраджэнне (151).

Другі з напісаных Д.Марплзам падраздзелаў пачынаецца з канстатацыі таго факту, што ў пасляваеннай Беларусі паступова пачала прыходзіць да ўлады новая эліта, аснову якой складалі ўдзельнікі і ідэолагі савецкага партызанскага руху часоў Другой сусветнай вайны. Падраздзел утрымлівае такія часткі, як: „Пасляваенныя дзесяцігоддзі: адбудова і індустрыялізацыя (1945—65 г.)», „Гады ўлады Машэрава (1965—80)», „Чарнобыль і эпоха перабудовы» і, нарэшце, „Падсумаванне». У апошняй частцы Д.Марплз, у прыватнасці, піша: „У постсавецкай Беларусі неўзабаве можна было назіраць настальгічнае аднаўленне савецкага мінулага. У 60-я і 70-я г. рэспубліка перажыла надзвычай хуткую урбанізацыю, абумоўленую яе індустрыяльным ростам. Рэспубліка, якая перад вайною ў цэлым была аграрнай краінай, перасялялася з вёсак у гарады ў такім тэмпе, падобны да якога цяжка знайсці ў гісторыі. Да таго ж, Мінск… зрабіўся воссю і ключавым пунктам партыйнай палітыкі і дамінавальным цэнтрам у цэлым… БССР, натуральна, развівалася як камуністычная рэспубліка, у якой шмат хто з вядучых фігур здабыў сабе аўтарытэт дзякуючы працы ў партыйных і дзяржаўных структурах. Трывалага руху за перамены тут не існавала. Беларускі Народны Фронт не быў у стане займець у БССР уплыў, падобны да таго, які мелі „Саюдзіс» у Літве альбо нават „Рух» ва Украіне… БССР была моцна зрусіфікаваная і саветызаваная. Нават ініцыяваная Гарбачовым дэсталінізацыя не набыла тут такога размаху, як гэта мела месца ў іншых саюзных рэспубліках…» (176—177).

Падраздзел „Крэсы. Беларускія землі ў Польскай Рэспубліцы (1921—39 г.)», змешчаны ў кнізе паміж двума вышэйназванымі падраздзеламі аўтарства Д.Марплза, напісаны 37-гадовым доктарам гісторыі Гётынгенскага універсітэта Вэрнэрам Бэнэке. У сваім выкладзе аўтар ў асноўным абапіраецца на вынікі даследаванняў польскіх (Й.Тамашэўскі, К.Гамулка, В.Рашкоўскі, П.Эбэрхарт, В.Арміцкі, Х.Дамінічак) і польска-беларускіх (Я.Мірановіч, А.Бэргман, В.Харужы) гісторыкаў і сацыёлагаў. У цэлым ён прыходзіць да высновы, што беларускі рух на гэтых тэрыторыях — як палітычны, так і культурна-асветніцкі — хоць і меў пэўны ўздым у 1920-я г., пасля пайшоў на спад — што зноў-такі абумоўлена адноснай малалікасцю і слабасцю беларускай культурніцкай эліты. Значэнне беларускага пытання ў другой Рэчы Паспалітай палягала не столькі ў ступені самаарганізацыі тамтэйшага беларускага насельніцтва, колькі ў геапалітычнай сітуацыі, у якой тады апынулася Заходняя Беларусь (165).

Заключны падраздзел другога раздзела „Падручніка гісторыі Беларусі», які мае назву „Ад БССР да Рэспублікі Беларусь (1988—2000 г.)», створаны маладым, але ўжо добра вядомым у нас палітолагам і гісторыкам, доктарам Мангаймскага універсітэта спадарыняй Астрыд Зам. Аўтар дае свае ацэнкі тым падзеям, што адбываліся ў Беларусі перад распадам СССР і неўзабаве пасля яго, разважае пра ролю Беларускага Народнага Фронту ў тых падзеях. У прыватнасці, яна нагадвае, што, паводле сацыялагічных апытанняў, у канцы 1990 г. 61,3 % насельніцтва Беларусі выступала за актыўную рэалізацыю дзяржаўнай праграмы пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы. А ў снежні 1991 г. 69% грамадзян падтрымлівала роспуск Савецкага Саюза (184). „Пашырэння свайго ўплыву, —піша далей А.Зам, — БНФ тады дамогся дзякуючы ўзаемадзеянню розных чыннікаў: сваёй уласнай дзейнасці, ціску на беларускія ўлады з боку тагачаснага маскоўскага кіраўніцтва, патрэбе ў легітымізацыі сваёй улады, якую наменклатура адчувала ў выніку ўвядзення альтэрнатыўных выбараў і эканамічных разлікаў прамысловай фракцыі ўнутры кампартыі Беларусі» (тамсама). Характарызуючы сітуацыю, што склалася ў Беларусі ў першыя гады пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне, Астрыд Зам гаворыць пра „кароткатэрміновы нацыянальны кампраміс паміж наменклатурай і нацыяналь ным рухам». Пры гэтым, відавочна, не ўсе дадзеныя, што прыводзіць аўтар у сваім выкладзе (напрыклад, пра быццам бы 150-тысячную колькасць сяброў БНФ у чэрвені 1991 г. — 179), з’яўляюцца карэктнымі і абгрунтаванымі. На наш погляд, А.Зам пераацэньвае і сілу супраціўлення беларусізацыі сярэдняй школьнай адукацыі, якая мела месца ў 1992—94 г. (185—186). Далейшае развіццё падзей у Беларусі 1990-х г. выкладзена ў частках, назвы якіх гавораць самі за сябе: „Эканамічны калапс і новае збліжэнне з Расіяй», „Паўзучы дзяржаўны пераварот беларускага прэзідэнта», „Нядоўгатрывалая стабілізацыя аўтарытарнага рэжыму», „Рэзюмэ: Парадаксальнасць у пабудове асноў беларускай самастойнай дзяржаўнасці». Прывядзём пераклад фрагмента названага рэзюмэ:

„Для паслядоўнай пабудовы ўласнай дзяржаўнасці і самастойнага вызначэння стратэгіі пераўтварэнняў Беларусі пасля 1991 г. бракавала найперш неабходных для гэтага нацыянальных элітаў і гістарычных пунктаў суаднясення. Таму пад моцным уплывам драматычнага гаспадарчага крызісу тут адбываўся рэгрэс у галіне палітычнай культуры, які меў сваім вынікам усталяванне ў 1996 г. аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Хоць апошні, здаецца, адназначна прытрымліваецца курсу на ўз’яднанне з Расіяй, рэальныя дачыненні з гэтай краінай вызначаюцца шматлікімі парадаксальнымі рэчамі. Хоць бальшыня беларускага насельніцтва і перакананая, што Беларусь не можа існаваць без Расіі, найчасцей тут маюцца на ўвазе ўсё ж такі цесныя кантакты з той самай Расіяй, але не ліквідацыя ўласнай дзяржаўнасці…» (196).

Разгляд праблемнага кола „Сацыяльныя працэсы і эканоміка» трэцяга раздзела кнігі распачынаецца даследаваннем прафесара гісторыі з Варшавы Тэрэсы Зяліньскай „Баяры, князі і магнаты: эліты ў Беларусі ў перыяд да канца ХVIII ст.». У першай частцы гэтага падраздзела гаворка ідзе пра паходжанне княскіх і магнацкіх родаў, далей разглядаюцца правы і абавязкі тагачаснай шляхты, канфесійна-моўныя пытанні ў шляхецка-магнацкім асяроддзі, палітыка датычна шляхецкай маёмасці ў Вялікім Княстве Літоўскім, гісторыя і спосаб ажыццяўлення ўлады магнацкімі родамі. У найбольшай ступені тут выкарыстаны матэрыялы як даўнейшых даследаванняў Ю.Вольфа, Г.Лаўмяньскага, так і прац апошніх дзесяцігоддзяў (Я.Кшыжаняк, Е.Ахманьскі, А.Зімін, М.Кром, Й.Сухоцкі, М.Мальчэўская, А.Рахуба, Л.Кандзеля і інш.). Так, услед за ранейшымі даследчыкамі Т.Зяліньская сведчыць: „У публічным жыцці Вялікага Княства літоўская мова не выкарыстоўвалася — прынамсі ў той час, з якога паходзяць пісьмовыя крыніцы, што дайшлі да нас. Перамагла русінская канцылярская мова, якую таксама называюць „старабеларускай»; прычым яна адрознівалася ад маскоўскай канцылярскай мовы. За часоў панавання Ягелонаў у афіцыйных дакументах выкарыстоўвалася лаціна. Пазней яна мусіла саступіць сваё месца польскай мове. Літоўскія Статуты (1529, 1566, 1588 г.) ствараліся яшчэ на русінскай канцылярскай мове, і яны да сёння з’яўляюцца важным помнікам беларускай культуры і мовы… Пачынаючы з 1697 г., выкарыстоўвалася выключна польская мова… Карэспандэнцыя Радзівілаў, што дайшла да нас, паказвае, што ў 75% выпадкаў яны ўжывалі польскую мову, а ў астатніх выпадках — русінскую. Слядоў літоўскай мовы выяўлена не было» (210). Т.Зяліньская дае кароткі нарыс гісторыі родаў Радзівілаў (213—215), Сапегаў (216—217), Тышкевічаў (217), Агінскіх (217—218), Пацеяў (218), Вішнявецкіх (218—219), а таксама магнацкай групоўкі, якая ўзнікла ў ХVIII ст. і да якой належалі браты Чартарыйскія і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (219). Асобна расказваецца пра ролю Антонія Тызенгаўза (219—220), Ёахіма Храптовіча (220), а таксама родаў Масальскіх і Касакоўскіх (220—221).

Падраздзел, напісаны беларускім даследчыкам кандыдатам гістарычных навук Андрэем Кіштымавым, прысвечаны становішчу шляхты ў Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У якасці галоўных праблем, з якімі сутыкнулася ў гэтай сувязі расійская царская ўлада, называецца тое, што яна мусіла дзеля падтрымання феадальна га парадку даваць правы сваім нядаўнім зацятым праціўнікам, большасць якіх, да таго ж, была рыма-каталіцкага веравызнання, а таксама тое, што беларуская шляхта была шматлікаю; апроч таго, існавала праблема падробак даўнейшых шляхецкіх прывілеяў (223—224). Дзеля гэтага расійскім урадам быў праведзены „разбор шляхты» ў канцы ХVIII—пачатку ХIХ ст. Са спасылкамі на працы расійскіх гісторыкаў В.Дзьякава, В.Зайцава, Л.Абушэнкавай, А.Карэліна, С.Байковай аўтар падраздзела паказвае дынаміку змен у колькасным і якасным складзе шляхты і дваранства „заходнерасійскіх земляў» цягам ХIХ ст. (226—228). Абапіраючыся на высновы В.Панюціча, С.Самбук, П.Заянчкоўскага, А.Смаленчука, тых самых А.Карэліна і В.Зайцава, ён разглядае такія пытанні, як эканамічнае аслабленне беларускай шляхты, змены ў яе саслоўных прывілеях, супраціў і падпарадкаванне сіле царскай улады — г.зн., тыя працэсы, што адбываліся на працягу ХIХ і ў пачатку ХХ ст. (229—234).

Аналізу эвалюцыі беларускага сялянства і прыгоннага права ў Беларусі ў ХVI—першай палове ХIХ ст. прысвечаны наступны падраздзел падручніка, апрацаваны вышэйзгаданым беларускім гісторыкам П. Лойкам. Падраздзел складаецца з наступных частак: уступ (тэрміналагічныя высвятленні), „Сялянскі двор», „Увядзенне Ўставы на валокі», „Прыгоннае права», „Паншчына», „Чынш», „Сацыяльныя супярэчнасці», „Сяляне ў Расійскай імперыі». Галоўныя крыніцы, на якіх будуе свае высновы П.Лойка, — ягоная манаграфія „Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVI—ХVIII ст.» (Мінск, 1991), вядомыя апублікаваныя працы П.Казлоўскага, В.Голубева, М.Спірыдонава, В.Мялешкі, польскага гісторыка А.Каміньскага, нямецкага даследчыка сярэдзіны ХХ ст. В.Концэ.

Працягам папярэдняга падраздзела выглядае напісаны кандыдатам гістарычных навук дацэнтам БДУ Аляксандрам Каханоўскім падраздзел „Эвалюцыя сялянства: ад адмены прыгоннага права да калектывізацыі (1861—1929 г.)». Тут, са спасылкамі на вядомыя даследаванні беларускіх гісторыкаў як савецкага (К.Шабуня, Х.Бейлькін, В.Панюціч, Л.Ліпінскі), так і постсавецкага часу (У.Крук, С.Ходзін, Н.Стужынская), а таксама з выкарыстаннем матэрыялаў расійскіх (С.Караленка, А.Бухавец) і нямецкіх (Д.Зіберт, Р.Марк) даследчыкаў разглядаюцца наступныя праблемы: змены ў сістэме гаспадарання беларускай вёскі пасля адмены прыгоннага права, дзве мадэлі правядзення аграрнай рэформы ў гэты перыяд, класіфікацыя сялянства паводле маёмаснага і праўнага стану, камерцыялізацыя сельскагас падарчых адносін, сыход сялян на свабодныя землі ў эміграцыю і ў аддаленыя рэгіёны Расіі, эвалюцыя і распад сельскай абшчыны, палітычныя пратэсты сялянства, сітуацыя сялянства ў часе рэвалюцый грамадзянскай вайны, першыя пасляваенныя гады і ў перыяд НЭПу.

Аўтарам яшчэ аднаго падраздзела кнігі пад назвай „Адсталасць і працэс індустрыялізацыі ў ХХ ст.» з’яўляецца вышэйзгаданы А. Кіштымаў. Ва ўступе да гэтай часткі падручніка ён вылучае тры этапы індустрыялізацыі Беларусі: 1. Развіццё беларускіх губерняў у складзе Расійскай імперыі (канец ХIХ—пачатак ХХ ст.); 2. Сацыялістычная індустрыялізацыя Беларускай ССР (1920-я—30-я г.); 3. Мадэрнізацыя беларускай эканомікі (1940-я г.—канец ХХ ст.). А.Кіштымаў заўважае, што „пачатак беларускай індустрыялізацыі прыпадае на ХIХ стагоддзе, а не на часы сталінскіх пяцігодак» (259) і прыводзіць даныя пра развіццё прамысловай вытворчасці ў нашай краіне, пашырэнне механізацыі гэтай вытворчасці, пачынаючы з 20-х і асабліва з 60-х г. ХІХ ст. Даючы характарыстыку развіццю індустрыі ў пачатку ХХ ст., аўтар асабліва канцэнтруе ўвагу на рэфарматарскіх задумах і практычных дзеяннях дзеяча ўраду Мікалая II С.Вітэ, у т.л. скіраваных на індустрыялізацыю тагачаснага Паўночна-Заходняга краю. Адзначаны такі факт: пры тым, што беларускія землі складалі не больш за 1% ад агульнай плошчы Расійскай імперыі, перад пачаткам Першай сусветнай вайны працягласць чыгуначнай сеткі складала тут 10% ад агульнарасійскага паказчыка (260). Зроблены акцэнт і на тым, што Беларусь у пачатку ХХ ст. была вельмі прывабнай для замежных інвестараў, якія ўсё больш ахвотна ўкладалі свае капіталы ў развіццё прамысловасці на гэтай тэрыторыі (261). Дадзеныя, прыведзеныя ў табліцы 1 на с.262, сведчаць пра тое, што ў беларускіх губернях у 1900—13 г. назіраўся досыць значны эканамічны рост, асабліва адносна колькасці буйных прадпрыемстваў і аб’ёмаў прадукцыі, што на іх вытваралася. Гаворачы пра развіццё працэсу індустрыялізацыі ў Савецкай Беларусі, А.Кіштымаў зазначае, што аналіз гэтых працэсаў і па сённяшні дзень моцна ўскладнены праз тое, што ў шмат якіх аспектах (напрыклад, вынікі працы ваенна-прамысловага комплексу) дадзеныя статыстыкі адсутнічаюць або моцна сфальсіфікаваныя (264). Грунтуючыся на высновах У.Асмалоўс кага, У.Вышынскага, аўтараў „Эканамічнай гісторыі Беларусі» пад рэдакцыяй В.Галубовіча, ён на канкрэтных лічбах і фактах паказвае рэальныя тэмпы індустрыялізацыі ў даваеннай БССР і пагаджаецца з высновамі названых аўтараў, што ў цэлым яны былі ніжэйшыя за сярэдні паказчык па Савецкім Саюзе (267). У той самы час тэмпы развіцця прамысловасці БССР у першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны былі значна больш высокімі і ў шэрагу галін індустрыі перавышалі сярэднестатыстычныя паказчыкі па СССР. Пры гэтым асаблівая ўвага аддавалася пераструктураванню беларускай індустрыі: удзельная вага машынабудаўніцтва, металаперапрацоўкі, вытворчасці электраэнергіі ў агульным аб’ёме вытворчасці за адносна кароткі час вельмі істотным чынам вырасла (267—268). Даволі значныя тэмпы набыла і індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі. Але ў 70-я г. „савецкая мадэль індустрыяліза цыі дасягнула межаў свайго развіцця» (269). Вынікам гэтага стаў паступовы, але няўхільны спад вытворчасці ў Савецкім Саюзе. Аднак у БССР застойныя працэсы выявілі сябе пазней, чым у большасці іншых былых саюзных рэспубліках, і ў 1988 г. каля 80% ад агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі экспартавалася ў іншыя краіны або вывозілася ў іншыя рэспублікі СССР (270). На момант жа распаду СССР найважнейшыя магутнасці беларускай індустрыі былі зарыентаваныя на перапрацоўку сыравіны або паўфабрыкатаў, а сельская гаспадарка развівалася выключна экстэнсіўнымі метадамі. Усё гэта, на думку аўтара, стала перадумовай сістэмнага крызісу беларускай эканомікі ў постсавецкі перыяд. У табліцы 2 на с.273 аўтар прыводзіць дадзеныя, у якіх параўноўваюцца паказчыкі яе развіцця ў 1990 і 1998 г.: аб’ём валавога нацыянальнага прадукту знізіўся на 21%, прамысловай прадукцыі — на 19%, сельскагаспадарчай прадукцыі — на 28%, рэальнай заработнай платы насельніцтва — на 9% і г.д. Цікавыя звесткі пра дынаміку развіцця асобных галін вытворчасці, у т.л. прамысловасці, утрымліваюцца ў табліцах 3 і 4, змешчаных на с.274—275. У канцы падраздзела аўтар робіць выснову адносна таго, што перспектывы далейшага развіцця беларускай эканомікі цяпер самым непасрэдным чынам залежаць ад правядзення паўнавартасных рынкавых рэформаў.

Наступнае праблемнае кола трэцяга раздзела падручніка прысвечана тэме „Функцыянаванне горада і гарадская культура». Падраздзел „Гарады на беларускіх тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага (XV—XVIII ст.)» апрацаваў прафесар Торуньскага універсітэта (Польшча) Станіслаў Александровіч. У якасці найважнейшых крыніц па гэтай тэме аўтар называе працы польскіх даследчыкаў, такіх як Ю.Бардах, М.Багуцкая, Х.Самсановіч, а таксама манаграфію вядомага беларускага гісторыка А.Грыцкевіча „Прыватнаўласніцкія гарады Беларусі ў XVI—XVIII ст.» (Мінск, 1975, на рус. мове), працы З.Капыскага, М.Ткачова, У.Чантурыі, В.Мялешкі, І.Марзалюка, расійскага гісторыка А.Дварнічэнкі і інш. Праф. С.Александровіч спыняецца на працэсах пашырэння Магдэбургскага права на беларускіх землях, разглядае асаблівасці функцыянавання горада, мястэчка і сяла ў ВКЛ, звяртае ўвагу на ўзаемадзеянне дэмаграфічных фактараў у развіцці гарадоў і мястэчак, на культурныя асаблівасці развіцця беларускіх гарадоў; нарэшце на прыкладзе горада Магілёва ён паказвае асобныя тыповыя рысы і тэндэнцыі развіцця беларускага горада ў вышэйазначаны перыяд.

Несумненную цікавасць для чытачоў кнігі (нягледзячы на пэўныя тэрміналагічныя недакладнасці) павінен уяўляць падраздзел „Эвалюцыя гарадскога рэгіянальнага цэнтра ад часоў феадальнай разробленасці да ўзнікнення шляхецкай рэспублікі (1563 г.): прыклад горада Полацка», напісаны самым маладым удзельнікам аўтарскага калектыву ліцэнцыятам філасофіі з Цюрыха (Швейцарыя) Штэфанам Родэвальдам. У яго матэрыяле выкарыстаныя дадзеныя не толькі такіх добра вядомых у нас прац, прысвечаных гісторыі Полацка, якімі з’яўляюцца публікацыі С.Тарасава, C.Александровіча, Г.Харашкевіч, Дз.Аляксандрава, Дз.Валадзіхіна і інш., але і прац, якія адносна нядаўна ўвайшлі ва ўжытак гісторыкаў. Да іх належаць, сярод іншых даследаванні Э.Мюле (Mühle, E. Die städtischen Handelszentren der nordwestlichen Rus’… Stuttgart, 1991), К.Гёрке і У.Кэлін (Goehrke, C. Unter Mitwirkung von Kälin, U. Frühzeit des Ostslaventums. Darmstadt, 1992), Г.Руса (Rüß, H. Die soziale und politische Mentalität des russischen Adels. 9.—17. Jh. Köln, 1994). Ш.Родэвальд разглядае такія пытанні, як: узнікненне і развіццё горада Полацка да канца перыяду феадальнай раздробленасці, эвалюцыя полацкага грамадства ў перыяд пераадолення наступстваў феадальнай раздробленасці, эвалюцыя грамадскіх інстытутаў Полацка ў 1386—1498 г., ступень радыкальнасці зменаў у арганізацыі гарадскога жыцця пасля надання Полацку Магдэбургскага права (1498), асаблівасці развіцця пісьмовай культуры і рэлігійна-духоў нага жыцця горада, змены ў забудове і архітэктурнай планіроўцы Полацка. Свае высновы да падраздзела аўтар фармулюе наступным чынам:

„Для полацкай гісторыі справядлівай выглядае выснова, што глыбінныя змены тут адбываліся паводле ўсходнесярэдне еўрапейскай мадэлі. Праз гэта да сярэдзіны ХVI ст. Полацк стаў істотна адрознівацца ад гарадоў Маскоўскага царства, хоць калісьці ён таксама з’яўляўся горадам Старажытнай Русі. Пад лацінскім уплывам усё больш і больш мяняліся ўзоры самаарганізацыі і спосабаў дзеяння полацкага праваслаўнага насельніцтва. Асабліва ў апошняй трэці ХV ст. гэта дало адметныя вынікі. Але ва ўсіх сферах жыцця горада і ў 1563 г. можна было выразна заўважыць спецыфічныя ўласцівасці, якія можна растлумачыць уздзеяннем даўнейшай спадчыны. У прыватнасці, у той час сядзіба шляхецкай рэгіянальнай улады па-ранейшаму мясцілася ў цэнтры горада <…> У цэлым жа, гісторыя Полацка арганічна ўпісвалася ў гісторыю рэспублікі многіх народаў: у ім узнікла супольнасць каталікоў, праваслаўных, іудзеяў і вернікаў армянскай царквы, якія знаходзілі формы самаарганізацыі свайго жыцця паводле агульных узораў.

У 1563 г. маскоўскі цар Іван IV напаў на Польска-Літоўс кую дзяржаву і „праз вялікі гвалт узяў Полацк пасля шостага штурму, спаліўшы ўвесь горад датла», як паведамляла лістоўка, выпушчаная ў тым самым годзе ў Аўгсбургу. Натуральна, у тым, што так здарылася, была і доля віны моцнага літоўска-польскага гарнізону: з тактычных меркаванняў ім быў спалены горад наўкол умацаванай часткі. У адрозненне ад таго, як гэта бывала ў ХII і нават яшчэ ў першай палове ХV ст., гарадское жыхарства цяпер, на пачатку ранняга Новага часу, было занадта слабым, каб прадухіліць у сваіх жа інтарэсах разбурэнне места. На выявах, што адносяцца прыблізна да 1579 г., калі Стэфан Баторы адваяваў Полацк, па-ранейшаму няма вялікай часткі даўнейшага горада» (306—307).

Падраздзел Захара Шыбекі „«Стары» Мінск: ад царскага губернскага горада да савецкай сталіцы» складаецца з трох частак. Першая, „Мінск як губернскі і гарнізонны горад», у сваёй сутнасці паўтарае тэзісы аўтара, вядомыя з яго кніг „Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (сумесна з С.Шыбека, 1990, 2-е выд. 1993), „Мінск у канцы ХIХ—пачатку ХХ ст. Нарыс сацыяльна-эканамічна га развіцця» (1995) і „Гарады Беларусі (60-я г. ХIХ—пачатак ХХ ст.» (1997). У другой („Мінск у часы Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў»), трэцяй („Мінск да Другой сусветнай вайны») і чацвёртай („Мінск ваеннага і пасляваеннага часу: нямецкая акупацыя і адбудова») аўтар сцісла выкладае найважнейшыя падзеі з гісторыі Мінска ў цеснай сувязі з падзеямі агульнабеларускай гісторыі, насычаючы свой аповед шматлікімі статыстычнымі дадзенымі і фактамі, некаторыя з якіх да нядаўняга часу знаходзіліся ў спецсховах савецкіх архіваў.

Тэму, распачатую З.Шыбекам, працягвае падраздзел „«Новы» Мінск: пабудова сацыялістычнага горада пасля Другой сусветнай вайны», аўтарам якога з’яўляецца доктар гісторыі з Енскага універсітэта Томас Бон. Актыўна карыстаючыся даследаваннямі і абапіраючыся на ілюстрацыйны матэрыял у асноўным беларускіх аўтараў савецкага часу (М.Асмалоўскі, А.Лысенка, С.Польскі, В.Анікін, А.Собалеў, А.Ясінскі, А.Квачоў, А.Войнаў і інш.), Т.Бон у даволі крытычным духу разглядае праекты забудовы пасляваен нага Мінска і спосабы іх рэлізацыі. Асаблівую ўвагу ён звяртае на няўдалае праектаванне Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы і плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці): архітэктурны праект сённяшняга Палаца Прафсаюзаў называе „скандальным» і да т.п. Аўтар падрабязна аналізуе дынаміку росту насельніцтва Мінска ў пасляваенны перыяд і абумоўленыя гэтым асаблівасці развіцця забудовы горада. На заканчэнне ён піша: „Адказ на пытанне, ці здолеюць праекты новай эпохі — культурны цэнтр альбо рынкавы павільён — калі-небудзь надаць сталіцы Рэспублікі Беларусь выгляд еўрапейскай метраполіі, будзе залежаць ад таго, якім шляхам краіна пойдзе ў будучыню. Урбанізаванасць і ўплыў заходняй культуры тут, без усялякага сумневу, можна адчуць ужо сёння» (333).

Падраздзел „Геаграфія культуры і этнічная эвалюцыя беларусаў у Сярэднявеччы і ў пачатку Новага часу», напісаны вядомым беларускім этнографам кандыдатам гістарычных навук Ігарам Чаквіным, складаецца з наступных частак: 1. Гістарычная прастора засялення і ранні этнагенэз беларусаў; 2. Сацыяльная структура і самаазначэнні беларускага этнасу; 3. Формы вядзення гаспадаркі: 4. Фармаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры; 5. Радыкальныя змены ў дэмаграфічнай, культурнай і сацыяльнай сферах. У цэлым тут адлюстраваныя погляды навукоўца, добра вядомыя з яго папярэдніх публікацый, таму няма неабходнасці спыняцца на іх больш падрабязна. У той жа час, праблему фармавання унікальнай поліканфесійнай сітуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім ў падраздзеле „Беларускія рэгіёны ў эпоху канфесіяналізацыі» разглядае нямецкі аўтар, доктар гісторыі з Франкфурта-на-Майне Юлія Освальт. Пасля ўступу, у якім характарызуецца канфесійная сітуацыя ў Кароне і ў ВКЛ у сярэдзіне ХV ст., гаворка ідзе пра асаблівасці Рэфармацыі на польскіх і беларуска-літоўскіх землях, заключэнне Берасцейскай уніі, далейшае развіццё поліканфесійнасці і звязанае з гэтым пашырэнне адукацыі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц свайго даследавання Ю.Освальт найчасцей называе і цытуе працы заходніх, найперш нямецкамоўных, аўтараў (А.Йобэрт, Й.Маендорф, Н.Дэвіс, Ё.Бальке, А.Штромаер, Г.Шрам, Э.В.Цэдэн, Т.Вочке, Т.Цэрнак, К.Фёлькер, Д.Фрык, К.Х.Фэльмі і інш.), што, напэўна, павінна асабліва зацікавіць нашых гісторыкаў.

„Этнічная эвалюцыя і палітыка ў дачыненні да нацыянальнасцяў у беларускіх губернях (1795—1914 г.) — такую назву мае падраздзел вядомага беларускага даследчыка этналагічных працэсаў кандыдата гістарычных навук Паўла Церашковіча. У падраздзеле разглядаюцца такія пытанні, як: этнічныя змены да сярэдзіны ХIХ ст. (сяляне, дробнае мяшчанства і купецтва, духавенства, шляхта, інтэлігенцыя); этнічная эвалюцыя ў перыяд з сярэдзіны ХIХ ст. да 1914 г.(палітыка ў дачыненні да асобных нацыянальнас цяў паміж 1860 і 1890 г., этнічныя групы паводле перапісу 1897 г., тэндэнцыі і змены палітыкі ў дачыненні да нацыянальнасцяў паміж 1900 і 1910 г., рух за нацыянальнае адраджэнне ў перыяд з 1870 да 1914 г.). Кожная з названых частак утрымлівае багаты статыстычны і лічбавы матэрыял — з выкарыстаннем дадзеных Архіва Расійскай Акадэміі навук, публікацый прэсы адзначанага перыяду, вынікаў перапісу насельцтва 1917 г. у гарадах Мінску і Магілёве, прац такіх даследчыкаў, як І.Зяленскі, А.Гілер, А.Смірноў, І.Карнілаў, С.Шалковіч, С.Самбук, В.Радкевіч, С.Брук і В.Кабузан, а таксама капітальнай працы па аналізе вынікаў усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г., выдадзенай пад рэдакцыяй Х.Баўэра, А.Капэлера і Б.Рот (Штутгарт, 1991). Акрамя таго, тут зробленыя ўводзіны ў гісторыю беларускага нацыянальнага руху ў канцы ХIХ—пачатку ХХ ст. (спасылкі на працы той жа С.Самбук, А.Цвікевіча, Сцяпана Александровіча, Э.Дарашэвіча і У.Конана і інш.).

Тэме „Яўрэі Беларусі ў ХVII—ХVIII ст.» прысвечаны наступны падраздзел „Падручніка гісторыі Беларусі» аўтарства доктара гістарычных навук з Мінска Эмануіла Іофэ. У яго ўваходзяць кароткі ўступ і наступныя часткі: 1. Развіццё яўрэйскіх структураў; 2. Гаспадарчае жыццё яўрэяў; 3. Наступствы падзелаў Рэчы Паспалітай для яўрэйскага насельніцтва; 4. Праўнае становішча яўрэяў у ХIХ ст.; 5. Пытанні рэлігійна-духоўнага развіцця. Гэты падраздзел яшчэ багацейшы, чым папярэдні, удакументаваны лічбамі і фактамі, большасць якіх ужо прыводзілася ў рэдагаванай аўтарам сумесна з С. Асіноўскім працы „Яўрэі. Па старонках гісторыі» (Мінск, 1997), а таксама ў добра вядомых у Беларусі кнігах А.Скіра („Яўрэйская духоўная культура ў Беларусі». Мінск, 1995) і С.Кузняевай („Яўрэйскія абшчыны ў Беларусі ў канцы ХVIII—канцы ХХ ст.». Мінск, 1998, абедзве на рус. мове).

Разгляд гісторыі беларускіх яўрэяў працягваецца ў падраздзеле прафесара універсітэта ў Аполе (Польшча) і супрацоўніка Беларускай рэдакцыі радыё „Свабода» Міколы Іванова „Яўрэйскі свет у Беларусі ад канца ХIХ ст. да халакосту». Выкарыстоўваючы матэрыялы разнастайных статыстычных зборнікаў, публікацый М.Доўнарa-Запольска га, С.Кацэнбогена і інш., праф. М. Іваноў аналізуе колькасны склад яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў азначаны перыяд, закранае праблему самавызначэння яўрэяў-„літва коў», паказвае працэс хуткага пашырэння хасідызму ў асяроддзі беларускіх яўрэяў на працягу ХIХ ст. Аўтар падкрэслівае мірны, а часам вельмі дружалюбны характар супольнага жыцця беларусаў і яўрэяў, адсутнасць больш ці менш значных праяў антысемітызму сярод асноўнай масы беларускага насельніцтва. Асвятляецца вельмі істотны ўклад яўрэяў у развіццё прадпрымальніцтва на беларускіх землях: напрыклад, у 1884—86 г. 91% гандлёвага абароту ў Мінскай, 69% у Віленскай, 66% у Гродзенскай губернях ажыццяўлялася прадпрымальнікамі-яўрэямі (395). Асобна разглядаецца працэс узнікнення яўрэйскіх сіянісцкіх арганізацый (прыкладам, рэлігійнай арганізацыі „Мізрахі» ў г.Лідзе, 1913 г.), сацыял-дэмакратычных партый. Між іншым, адзначаецца, што пасля заснавання ў 1897 г. (Вільня) першай на тэрыторыі Расійскай імперыі палітычнай партыі, „Бунда», напачатку да 90% яе членаў паходзіла з паўночна-заходніх рэгіёнаў (396). У цэлым, да 1917 г. тут былі адносна спрыяльныя ўмовы для развіцця розных формаў яўрэйскага жыцця, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі нават падпольныя дагэтуль палітычныя арганізацыі сталі дзейнічаць адкрыта, выпускаць свае перыядычныя выданні. На гэты момант большасць беларускіх яўрэяў мела прасіянісцкія настроі, з чым адразу ж пасля свайго ўсталявання пачала змагацца бальшавіцкая ўлада (398). Адмяніўшы, аднак, абмежаванні, уведзеныя царскімі ўрадамі для яўрэяў, савецкія дзеячы займелі шмат прыхільнікаў сярод яўрэйскага насельніцтва, што спрыяла значнаму „палявенню» яўрэйскіх арганізацый у Беларусі, нават сіянісцкіх. Да таго ж, Чырвоная Армія была тым войскам, у якім пераследавалася практыка яўрэйскіх пагромаў. Праф. М.Іваноў таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што урад БНР нязменна дэклараваў палітыку салідарнасці з яўрэйскім народам, падтрымкі яго сацыяльных і нацыянальна-культурных памкненняў, але ў тагачасных умовах не мог рэалізаваць сваю палітычную праграму належным чынам. Гаворачы пра яўрэйскае жыццё на беларускіх землях у міжваенны перыяд, аўтар падраздзела паказвае, што яно развівалася на польскіх „Усходніх Крэсах» і ў БССР фактычна ў дыяметральна супрацьлеглых кірунках: калі ў Заходняй Беларусі паступова паляпшаліся варункі для паглыблення самаарганізацыі яўрэяў, развіцця іх культурных і рэлігійных патрэб (нягледзячы на антысеміцкія рэцыдывы „эндэцкай» палітыкі, стварэнне ў 1937 г. т.зв. Лагера нацыянальнага яднання), то ў Савецкай Беларусі напачатку вынішчаліся сінагогі, ліквідаваліся сіянісцкія арганізацыі, а ў 30-я г. надышла чарга і яўрэйскіх адукацыйных устаноў, і яўрэйскага перыядычна га друку. Пасля злучэння абедзвюх частак Беларусі ў 1939 г. такая палітыка паскоранымі тэмпамі пачала ажыццяўляцца Савецкай уладай і на заходнебеларускіх тэрыторыях.

Прафесар Мікола Іваноў таксама з’яўляецца аўтарам падраздзела „Тэрор, дэпартацыя насельніцтва, генацыд: дэмаграфічныя змены ў Беларусі ў ХХ ст.». Са спасылкамі на шматлікія крыніцы (В.Войтка, Б.Урланіс, А.Урублеўскі, Т.Процька, У.Адамушка, М.Касцюк, Р.Платонаў, М.Сташкевіч, А.Хацкевіч, І.Кузняцоў, С.Польскі, С.Мацюнін, І.Арад, Я.Чарнякевіч, шэраг калектыўных прац) ён падае лічбы тых найважнейшых страт, што панесла насельніцтва Беларусі ў час Першай і Другой сусветных войнаў (у т.л. у выніку халакосту), грамадзянскай вайны, савецка-польскай вайны, бальшавіцкіх рэпрэсій. „На завяршэнне гэтага агляду, — піша праф. М.Іваноў, — можна весці гаворку пра катастрафічныя вынікі дэмаграфічных зменаў, якія ў маштабах Еўропы з’яўляюцца унікальнымі. Значэнне гэтых вынікаў не змяншаецца праз тое, што іх выкарыстоўвала ў палітычных мэтах афіцыйная прапаганда, найперш за савецкім часам. Гэта была другая вялікая катастрофа ў новай гісторыі беларускіх земляў. Узгадайма, што ў другой палове XVII ст. у ходзе вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай насельніцтва Беларусі скарацілася напалову, а ў некаторых мясцінах нават на тры чвэрці. Гэты рэгіён і яго насельніцтва ў гэтым сэнсе маюць трагічны гістарычны досвед. З відавочных прычынаў Другая сусветная вайна з яе велізарнымі ахвярамі ўсё яшчэ займае цэнтральнае месца ў нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (436).

Названаму падраздзелу ў падручніку папярэднічае падраздзел „Грамадства Беларусі ў часе Другой сусветнай вайны», напісаны вядомым нямецкім даследчыкам найноўшай беларускай гісторыі доктарам Бэрнгардам К’яры (г.Потсдам). Аўтар даволі дэталёва аналізуе стан грамадства Беларусі на пачатку вайны, называючы яго досыць апатычным і скіраваным на ўласнае фізічнае выжыванне, на магчымасць існавання ва ўмовах штодзённай неабходнасці задавальнення хоць бы самых элементарных чалавечых патрэбаў. Такое становішча, паводле Б.К’яры, склалася ў выніку масавых рэпрэсій апошняга перад вайной дзесяцігоддзя ва Ўсходняй і апошніх менш як двух гадоў у Заходняй Беларусі, з-за поліэтнічнага і поліканфесійнага складу насельніцтва Беларусі і іншых, менш значных прычын. Аўтар не згаджаецца з панавальнай у савецкай гістарыяграфіі тэзай аб быццам бы маналітнасці беларускага народа ў супрацьстаянні нямецка-фашысцкім акупантам. Прыводзячы лічбы і факты, якія сведчаць пра масавыя злачынствы апошніх, аўтар робіць таксама спробу прааналізаваць тыя варункі, якія склаліся на акупаванай беларускай тэрыторыі, тое, якія знешнія і ўнутраныя сілы імкнуліся дасянуць тут сваіх інтарэсаў. Б.К’яры лічыць,што ў Беларусі не існавала такой з’явы, якую можна было б, да прыкладу, супаставіць з польскім „падпольным грамадствам» часоў Другой сусветнай вайны. Адной з прычын гэтага было тое, што пасля свайго прыходу ў Заходнюю Беларусь напярэдадні вайны бальшавіцкая ўлада дазволіла найбольш агрэсіўна настроеным жыхарам гэтых тэрыторый зводзіць асабістыя рахункі, найперш з „класава-чужымі элементамі» (414). У інтарэсах гэтай улады было нацкоўванне людзей адзін на аднаго, пашырэнне даносаў і г.д. Такая практыка фактычна была прадоўжаная нямецкімі акупантамі, якія, не ведаючы рэальнай сітуацыі, адразу ж бачылі сваёй галоўнай мэтай забяспечыць магільны спакой на гэтай, для іх у цэлым маргінальнай, тэрыторыі (415—416). У той самы час вялікая частка беларускага насельніцтва была зарыентаваная на адну мэту — самазахавацца, выжыць. Яўрэі, сагнаныя ў гета, таксама вельмі часта замыкаліся ў сабе, не імкнуліся выбрацца са свайго становішча, да канца не верачы, што абсалютную іх большасць чакае фізічнае вынішчэнне (422—423). А „маштабы забойства яўрэяў можна бачыць на прыкладзе Баранавічаў. Тут 16 тысяч жыхароў-неяўрэяў у 1942 г. маглі назіраць, як за тры хвалі масавых расстрэлаў было забіта 15 тысяч яўрэяў», — піша Б.К’яры са спасылкай на дадзеныя „Невядомай Чорнай Кнігі» (Ерусалім—Масква, 1993) і зборніка „Знішчэнне яўрэяў СССР у гады нямецкай акупацыі» (Ерусалім, 1992). Адзначаючы ахвярнасць і гераізм многіх жыхароў Беларусі ў арганізацыі супраціву акупантам, ва ўратаванні жыццяў іншых людзей, яўрэяў і неяўрэяў, аўтар падраздзела заўважае, што выпадкі ўдзелу жыхароў Беларусі (палякаў, беларусаў, расійцаў, украінцаў) у ажыццяўленні фашысцкага генацыду таксама былі нярэдкімі (423—424). Падсумоўваючы сказанае, Б.К’яры піша пра тое, што шматвектарныя, часам вельмі хаатычныя, тэндэнцыі развіцця беларускага грамадства ў гады Другой сусветнай вайны не дазваляюць зрабіць нейкіх адназначных абагульненняў або прывесці, ці, тым болей, асэнсаваць нейкія абсалютна дакладныя лічбы. Адно выдаецца аўтару бясспрэчным — тое, што вынікі крывавай вайны, безумоўна, паспрыялі ўсталяванню кантролю над беларускім пасляваенным грамадствам з боку таталітарнага камуністычнага рэжыму (424—425).

Вядомы англійскі беларусіст Джым Дынглі напісаў вельмі адметны для падручніка такога кшталту падраздзел „Мовы ў Беларусі да канца ХIХ ст.». Ва ўступе ён адзначае, што пэўная асаблівасць разгляду дадзенага пытання палягае ў тым, што, з аднаго боку, у Беларусі знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы, а з іншага боку, гэты рэгіён здаўна вызначаўся поліэтнічнасцю, поліканфесійнасцю, мноствам пераходных гаворак, што звычайна бывае ўласціва для культурнай перыферыі. Разважаючы пра паходжанне беларускай мовы, аўтар аддае перавагу версіі тых даследчыкаў, што лічаць яе асновай групу гаворак (дыялект) полацка-смаленскай галіны крывіцкага племя, які пазней меў усё большы ўплыў і на палескія дыялекты поўдня сучаснай тэрыторыі Беларусі. Дж.Дынглі пагаджаецца з той думкай, што ва ўзвышэнні гэтага дыялекту да паўнавартаснай мовы з дзяржаўнымі функцыямі вырашальную ролю адыграла станаўленне Вялікага Княства Літоўскага (439). У сваім аналізе вышэйназванага працэсy (частка падраздзела „Ад дыялекту да афіцыйнай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім») аўтар найперш абапіраецца на высновы вядомай працы Кр.Станга (Осла, 1939). Далей Дж.Дынглі аналізуе ўжыванне ў дачыненні да дзяржаўнай мовы ВКЛ тэрмінаў „руская», „старабеларуская», „сярэднебеларуска-ўкраінская», англ. „ruthenian», нямецк. „Ruthenisch» і прыходзіць да высновы, што тэрміны „старабеларуская мова», а таксама „ruthenian» і „Ruthenisch» выглядаюць найбольш удалымі і адэкватнымі (440—441). Асобна ён спыняецца на сітуацыі „чатырохмоўя», якая асабліва была характэрная для Беларусі ў XVII ст. Падаецца аналіз ролі перакладаў Святога Пісьма, ажыццёўленых Ф.Скарынам і В.Цяпінскім, „Катэхізіса» С.Буднага, трох Статутаў ВКЛ, лістоў Ф.Кміты-Чар набыльскага, „Мемуараў» Ф.Еўлашоўскага ў разуменні асаблівасцяў старабеларускай мовы. У наступнай частцы падраздзела, „Мова і моўная палітыка ў Рэчы Паспалітай», Дж.Дынглі гаворыць пра імкненне значнай часткі беларускай шляхты да замены ў афіцыйным ужытку старабеларус кай пісьмовай мовы на лаціну і польскую мову: сярод галоўных прычын гэтага называецца недастатковая ў параўнанні з дзвюма апошнімі мовамі кадыфікацыя старабела рускай мовы таго часу, імкненне часткі шляхты пацвердзіць легенды пра нібыта рымскае паходжанне ліцвінаў (442—444). Аўтар падраздзела адзначае, што наступ „лацінізацыі» і паланізацыі стаў прычынай таго, што ў паслядоўных прыхільнікаў праваслаўя ўзнікла імкненне да архаізацыі старабеларускай мовы, набліжэння яе да мовы царкоўнасла вянскай. Такім чынам беларуская мова апынулася як бы „заціснутай» паміж апошняй, з аднаго боку, і польскай мовай, з другога. Зніжэнню прэстыжу старабеларускай мовы пасадзейнічала тое, што Вільня ўсё ў большай меры рабілася каталіцкім горадам, а цэнтр праваслаўя ў ВКЛ перамяшчаўся ў Кіеў (444—445). Такім чынам, выцясненне старабеларускай мовы з афіцыйнага ўжытку ў цэлым завяршылася да канца XVII ст., хоць у штодзённым побыце шляхта вельмі часта карысталася беларускай мовай і надалей, а сялянства іншай мовы і не ведала. Пазіцыю ўжывання роднай мовы ў цэлым абараняла і yніяцкая царква (446). Пачатак ХIХ ст. стаў пачаткам адраджэння беларускай мовы, чаму, пад уплывам вядомых ідэй Ё.Г.Гердэра, моцна паспрыялі Я.Чачот, А.Міцкевіч, іншыя філаматы і філарэты, а таксама пазнейшыя беларускія этнографы, збіральнікі фальклору (П.Шпілеўскі, І.Насовіч), вядомыя сёння беларуска моўныя пісьменнікі і публіцысты ХIХ ст. (развіццю беларускай мовы і літаратуры ў той час прысвечана асобная частка падраздзела). Асобна Дж.Дынглі спыняецца на моўнай сітуацыі ў асяроддзі яўрэяў і татар Беларусі, адзначаючы ўплывы беларускай мовы на паўночную літаратурную норму мовы ідыш і згадваючы пра „кітабы».

Тэму, пачатую Джымам Дынглі, працягвае прафесар Зальцбургскага універсітэта Герман Бідэр у падраздзеле „Барацьба за мову ў ХХ ст.». Ён вылучае 5 этапаў змагання беларусаў за паўнапраўнасць роднай мовы:

1. „Нашаніўскі» перыяд (1906—15);

2. Этап „беларусізацыі» ў БССР і нацыянальнага руху ва Ўсходняй Польшчы (да пачатку 30-х г.);

3. Этапы рознай інтэнсіўнасці русіфікацыі і т.зв. „набліжэння» беларускай мовы да расійскай у 30-я г. і, у фарсіраваным рэжыме, пачынаючы з 60-х г.;

4. Эфемерная беларусізацыя часоў нямецкай акупацыі ў Першую і Другую сусветныя войны;

5. Спробы створанага ў гады перабудовы руху БНФ „Адраджэньне» забяспечыць годнае месца беларускай мовы і культуры ў грамадскім жыцці.

Апісваючы паслядоўна кожны з названых этапаў, праф. Г.Бідэр актыўна выкарыстоўвае як больш вядомыя ў нас (працы У.Навіцкага, Р.Платонава, А.Жураўскага, А.Падлужнага, Б.Плотнікава, С.Запрудскага, Закон „Аб мовах у беларускай ССР», прыняты ў 1991 г., выдадзены ТБМ імя Ф.Скарыны зборнік „Аняменне», публікацыі „Народнай газеты» ў 1992—94 г.), так і менш вядомыя крыніцы (даследаванні П.Ўэкслера, С.Гайль, самога Г.Бідэра).

Аўтарам заключнага падраздзела кнігі, „Беларусь у сваёй мастацкай літаратуры ХХ ст.», з’яўляецца дацэнт Гомельскага дзяржуніверсітэта Іван Афанасьеў. Падраздзел складаецца з наступных частак: „Набыццё мовы і абуджэнне патрыятызму: дасавецкая літаратура», „Купала, Колас і ранняя савецкая літаратура: падстройванне сябе і адмаўленне», „Другая сусветная вайна як народны боль і боль літаратуры», „Гісторыя ў літаратуры», „Чарнобыль і літаратура». Напісанае ў выглядзе невялікага эсэ даследаванне І.Афанасьева ўяўляе сабою развагі на тэмы: пошукі нацыяналь най тоеснасці ў беларускай літаратуры; пошукі героя; трагізм беларускага светаадчування ў ХХ ст. і інш. Падраздзел утрымлівае бібляграфію асноўных твораў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя (у т.л. рускамоўнай), выдадзенай на нямецкай мове.

На заканчэнне нашага кароткага агляду застаецца толькі дадаць, што ў афармленні вокладкі „Падручніка гісторыі Беларусі» выкарыстаная праца сучаснага беларускага мастака Ігара Кашкурэвіча „Паверхня».

Лявон Баршчэўскі

Мінск

Наверх

Тэгі: , ,