Радзік, Рышард. Беларусы (Погляд з Польшчы) (Юры Вашкевіч)
Радзік, Рышард. Беларусы (Погляд з Польшчы), Мінск, 2002. 132 [Край — Kraj. Polonica — Albarutheniсa — Lithuanica, 5(8) 2002].
У кнігу выбраных прац вядомага польскага навукоўца, прафесара сацыялогіі Люблінскага універсітэта ім. Кюры–Складоўскай Рышарда Радзіка ўвайшлі артыкулы, што былі напісаны ім на працягу 1995—2002 г. Шэсць з іх ужо публікаваліся ў Беларусі і вядомыя калі не шырокаму беларускаму чытачу, дык прынамсі навукоўцам, а два друкуюцца ўпершыню. Дарэчы, гэта толькі малая частка „беларускіх“ публікацый, што выйшлі з–пад пяра аўтара, які займаецца даследаваннем беларушчыны з канца 80–х г. Трэба адзначыць даволі ўдалы тэматычны падбор артыкулаў, дзякуючы чаму беларускі чытач мае магчымасць пазнаёміцца з дыяпазонам зацікаўленасцяў аўтара і глыбінёй вывучэння ім праблем. У сваіх даследаваннях, і перш за ўсё ў грунтоўнай манаграфіі „Między źbiorowością etniczną a wspołnotą narodową“, выдадзенай у Любліне ў 2000 г., Р. Радзік імкнецца ўсебакова разгледзець, апісаць і зразумець працэсы, што адбываліся на Беларусі цягам апошніх двухсот гадоў, а таксама сучасны стан беларускага грамадства. Аўтар робіць гэта, зразумела, з пункту гледжання паляка, але і вучонага, што патрабуе ад яго аб’ектыўнасці, якая, дарэчы, не заўсёды можа падабацца тым, хто з’яўляеца аб’ектам даследавання. Магчыма, гэта і тлумачыць адсутнасць у нас рэцэнзій, абмеркаванняў і дыскусій адносна вышэйзгаданых публікацый, якія, на маю думку, з’яўляюцца найбольш вартаснымі і глыбокімі навуковымі працамі, датычнымі Беларусі, што з’явіліся апошнім часам у Польшчы. Гэта перш за ўсё грунтоўны сацыялагічна–гістарычны аналіз беларускага грамадства, якое аўтар добра ведае (ён адмыслова вывучыў беларускую мову і шматразова наведваў Беларусь) і да якога ставіцца з павагай і разуменнем.
Якія ж асноўныя тэзісы і высновы прафесара Радзіка можна знайсці ў серыі яго артыкулаў, што выйшлі па–беларуску?
Аўтар, безумоўна, не мог пакінуць па–за ўвагай пытанне пачатку беларускага нацыянальнага руху. У гэтым сэнсе, піша ён, беларусы з’яўляюцца выключным грамадствам Еўропы. Векам нараджэння народаў лічыцца ХIХ ст., але беларускі рух паўстаў толькі на пачатку ХХ ст. (больш дакладна — 1905—1906 г.), і ў той час яшчэ не знайшоў масавай падтрымкі сярод беларускага насельніцтва. Пошукам адказу на пытанне, чаму так сталася, Р. Радзік адводзіць шмат месца ў сваіх даследаваннях. У якасці адной з галоўных прычын запозненасці беларускага нацыятворчага працэсу былі, на яго думку, няздольнасць пераважнай большасці беларускага сялянства да ўспрыняцця хоць якой–небудзь нацыянальнай ідэі і адсутнасць у беларускім грамадстве праслойкі, якая была б зацікаўлена ў стварэнні нацыі. Шляхта Беларусі, якая, безумоўна, усведамляла сваё мясцовае паходжанне, не стала такой праслойкай, як не стала яна, дарэчы, базай літоўскага ці ўкраінскага руху. Паланізаваная моўна і культурна, яна даўно ўжо лічыла сябе часткай польскага народа. Беларускасць успрымалася ёю хутчэй не на нацыянальным узроўні, а як лакальная этнічная адметнасць, асаблівасць рэгіянальнай культуры.
Асаблівую цікавасць уяўляюць разважанні пра стан нацыянальнай свядомасці беларусаў у савецкую эпоху, на якую, як вынікае з храналогіі падзей, прыпадае асноўны перыяд фармавання сучаснай беларускай нацыі. Узнікшы пад час прыспешанай індустрыялізацыі і ўрбанізацыі, новыя беларускія эліты перанеслі на гарадскі грунт старыя катэгорыі мыслення, мадыфікаваную звычаёвасць. Яны паўсталі, лічыць аўтар, як частка савецкіх кіраўніча–інтэлектуальных асяродкаў, як іх анацыянальнае правінцыйнае адгалінаванне, якое моцна хілілася да расійскага цэнтра, прывучанае да кіравання зверху. Характэрнай рысай тагачасных беларускіх эліт, ці, як іх акрэслівае аўтар, новага бюракратычна–інтэлектуальнага класа, было маніфестацыйнае адмежаванне ад сваіх грамадскіх і сямейных каранёў. Таму гэты клас уяўляў сабой вельмі падатлівы грунт для камуністычнай ідэалогіі і быў менш здольным да дзейнасці ў агульнанацыянальных інтарэсах за кошт уласных, неахвотна звяртаўся да мінулага і будучыні сваёй краіны, што характэрна для нацыянальнага мыслення. Гэта, між іншым, і прывяло да сітуацыі, якая, у мадыфікаваным выглядзе, існуе дасюль: каштоўнасці, што ў іншых еўрапейскіх краінах традыцыйна прызнаваліся нацыянальнымі, у Беларусі атаясамліваліся з негатыўна зразуметым нацыяналізмам.
Змешчаны ў кнізе артыкул „Хто такія беларусы“ прызначаўся, вядома, перш за ўсё для польскага чытача, але публікацыя яго тут не выглядае лішняй. Варта беларусам яшчэ раз прыпомніць, што гаворка на сваёй радзіме і ў сваёй дзяржаве па–беларуску на публіцы ўспрымаецца атачэннем як маніфестацыя нацыяналізму і выклікае негатыўную рэакцыю, а вялікая частка беларускага грамадства ўважае, што найбліжэй да ідэалу палітыка стаяць для іх Машэраў з Брэжневым (побач з Леніным і Сталіным) ды яшчэ чамусьці Пётр I.
Безумоўна, пытанне пачатку беларускага нацыянальнага руху было наўпростава звязана з працэсам фармавання нацыянальнай свядомасці. Беларускае грамадства пачатку ХХ ст., піша Р. Радзік, у непрапарцыянальна высокай ступені было сфармавана на змесце, які меў карані ў сялянскай культуры. Беларускіх жа сялян гуртавалі не ідэалагічныя паняцці (народ, нацыя), а звычаёвыя сувязі, пры якіх этнічнасць не выяўлялася ў арганізаваных формах. Нацыянальныя паняцці заставаліся чужымі для беларускага селяніна, у лепшым выпадку ён усведамляў сваю адметнасць у сутыкненні з прадстаўнікамі іншых народаў, меў хутчэй этнічную, а не нацыянальную свядомасць. У той час як іншыя народы Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы фармаваліся яшчэ ў ХIХ ст. на падставе такіх вызначальных фактараў, як мова, рэлігія, усведамленне ўласнай гістарычнай традыцыі, беларускі селянін разглядаў сваю мову інструментальна — у якасці сродку зносін, а не як самадастатковую ў нацыянальным вымярэнні вартасць. Таму можна меркаваць, уважае аўтар, што калі Беларусь нацыяналізуецца, яна непазбежна стане больш празаходняй, дзеля вяртання да сваіх заходніх, культурных каранёў і зменлівых адносін з Расіяй. Ці не таму беларушчына ў сваёй уласнай суверэннай дзяржаве сустракае такі ярасны і добра спланаваны, я б нават сказаў, грунтоўна прадуманы супраціў?
У БССР, лічыць Р. Радзік, савецкая ідэалогія развівалася не побач з нацыянальнай, як гэта было ў большасці нацыянальных рэспублік СССР, а замест яе, на яе месцы. Да таго ж Масква не без поспеху прыклала шмат намаганняў, каб беларускасць асацыявалася з этнаграфіяй, фальклорам і рэгіянальнасцю. Такім чынам была моцна аслаблена патрэба фармавання агульнанацыянальных сувязяў. У выніку, піша даследчык, беларусам сёння не хапае сістэмы вартасцяў, якая мабілізавала б іх на грамадскую актыўнасць, падштурхоўвала б да ахвяраў у імя будучай супольнай карысці. „Беларускае грамадства сёння ў сваёй асноўнай масе — гэта сукупнасць асоб, якія змагаюцца галоўным чынам за выжыванне (дасягненне мінімальнай матэрыяльнай стабілізацыі), пазбаўленых як далёкасяжных індывідуальных мэтаў, так і вялікіх групавых ідэалаў, і, што звязана з гэтым, механізмаў іх індывідуальнай і калектыўнай рэалізацыі,“ — робіць выснову аўтар.
Што да чыста этнічнага боку пытанняў, дык тут таксама выяўляецца спецыфіка. Паняцце „я — беларус“ не з’яўляецца адпаведнікам паняцця „я — паляк“ або „я — чэх“, — піша Р. Радзік, бо яно часцей за ўсё вельмі слаба нацыянальна афарбавана. Беларусы ўваходзілі ў бальшавіцкі сацыялізм як грамадства сялянскае, у сваёй масе нацыянальна несвядомае, практычна пазбаўленае ўласнага мяшчанства, з вельмі невялікай групай інтэлігенцыі. Таму замест нацыянальных вартасцяў яны прымалі ідэалогію новага ладу. Сучасная беларускасць найчасцей мае тэрытарыяльнае вымярэнне, постсавецка–рэспубліканскае (наменклатура і звычайныя грамадзяне дасюль ужываюць у дачыненні да сваёй краіны тэрмін „рэспубліка“, разумеючы пад гэтым не форму дзяржаўнага ладу, а адміністрацыйную адзінку былога Савецкага Саюза). Беларусам з’яўляецца той, хто нарадзіўся ў Беларусі і не з’яўляецца выхадцам з–за яе межаў, і калі не лічыць адносна нешматлікую нацыянальна свядомую меншасць грамадства, дык астатняя яго частка трактуе сваю беларускасць у рэгіянальна–культурных катэгорыях моцна развітага лакалізму, які мае сваю моўна–этнаграфічную, ментальную, а таксама слаба акрэсленую гістарычную спецыфіку. Дарэчы, пытанню гістарычнай свядомасці беларусаў у публікацыях Р. Радзіка адводзіцца асобнае месца, бо менавіта яна з’яўляецца адным з вырашальных чыннікаў, якія інтэгруюць сучасны народ. (Нездарма так актывізаваліся на ніве чарговага змянення гісторыі апалагеты „імперыі“ і г. зв. „саюзу з Расіяй“.) Даследчыкі культуры беларускага народа перыяду падзелаў, піша польскі вучоны, адзначалі нізкую гістарычную свядомасць сялянскага грамадства, або нават яе адсутнасць. Дасюль, сцвярджае ён, беларусы — за выключэннем досыць вузкай эліты — не маюць выразна сфармаванага пачуцця гістарызму. У грамадстве адсутнічае пачуццё ўласнай шматвяковай гісторыі. Калектыўная гістарычная памяць гэтага ўсё яшчэ савецкага грамадства рэдка сягае далей за 1917 г., а першапланавай гістарычнай рэфлексіяй застаецца II сусветная вайна. Адсюль амаль поўная адсутнасць у ім ідэалаў, адрозных ад савецкіх. Беларусы ва ўсіх сітуацыях арыентуюцца на сучаснасць. Гэта прыводзіць да мыслення значнай часткі грамадства Беларусі ў катэгорыях моманту і абмяжоўвае магчымасці даўгатэрміновых дзеянняў. Рышард Радзік называе гэта „жыццём тут і зараз“, што адрознівала і цяпер адрознівае беларусаў ад іншых народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, гістарычны час якіх насычаны катэгорыямі нацыянальнага мыслення, якому спадарожнічае моцная гістарычная свядомасць і жыццё паводле глыбока ўкаранёных традыцый.
Для кожнай нацыянальнай супольнасці абсалютнай вартасцю з’яўляецца мова, дзякуючы якой народ не толькі зберагае і перадае наступным пакаленням сваю культурную спадчыну, але і захоўвае сваю адметнасць, што вылучае яго непаўторныя рысы ў сям’і народаў свету. На жаль, у выніку элімінацыі беларускай мовы на карысць расійскай адбыўся распад традыцыйнага культурнага ўкладу беларускага грамадства і разрыў сацыяльна–культурнай пераемнасці. Беларусы, лічыць Р. Радзік, у параўнанні з народамі Цэнтральнай Еўропы не вельмі моцна адчуваюць вызначальную ролю сваёй мовы. Прычыны гэтага, на яго думку, трэба шукаць у іх слабой нацыяналізаванасці, блізкасці моў і культур — беларускай і рускай, а таксама ў адсутнасці моўнай стабільнасці беларускай эліты цягам апошніх стагоддзяў, у пераходзе некалькіх пакаленняў з адной мовы на другую. Такое ж уздзеянне на самаўсведамленне беларусаў аказалі рэлігійныя змены, адносна частая канвертацыя веравызнання цэлых груп насельніцтва. Такім чынам, робіць выснову прафесар Радзік, у ХIХ і ХХ ст. беларуская мова для большасці беларусаў была мовай народнай, рэгіянальнай, мовай этнаграфічнай адметнасці, арыентаванай некалі на Варшаву, а пазней на Маскву. Сёння расійская мова на Беларусі стала носьбітам палітычных і культурных каштоўнасцяў, што яднаюць Беларусь з Расіяй, а не вылучаюць Беларусь у нацыянальнай сістэме, падсумоўвае Радзік. Натуральна, аўтар не мог абысці і пытанне русіфікацыі Беларусі. „Рускасць, раней праваслаўная, а потым савецкая, затрымала нярускія славянскія супольнасці на ўзроўні мадыфікаванай этнічнасці, этнаграфізму, фалькларызму (…). Рускія эфектыўна паўсталі супраць фармавання беларускай нацыі, дайшлі да фізічнага вынішчэння беларускіх нацыянальных асяродкаў, якія развіваліся з 1905 па 1930 г. Яны ўнушылі беларусам, што Вялікае Княства Літоўскае (а тым больш уся Рэч Паспалітая) не было іх дзяржаваю, адцінаючы іх тым самым ад традыцыі, якая адмяжоўвала іх ад рускіх…“. Расійцы, піша Р. Радзік, на працягу ХIХ і ХХ ст. сістэматычна падпарадкоўвалі Беларусь і прыніжалі яе да ўзроўню этнаграфічнага (плебейскага) фармавання, а грамадскай актыўнасцю кіравалі на класавым узроўні. І сёння Расія не зацікаўленая ў хуткім росквіце беларускай эканомікі, моцным эканамічным і палітычным становішчы беларускай дзяржавы, бо з часам гэта магло б прывесці да незалежнасці Беларусі, выхаду яе з расійскай сферы ўплыву.
Тут варта прыгадаць, што нават савецкая гістарыяграфія не вагалася крытыкаваць разбуральны ўплыў царскай Расіі на нацыянальныя рухі ў імперыі — „турме народаў“. Цяперашнія ж прадстаўнікі афіцыйнай гістарычнай навукі ў Беларусі проста абыходзяць гэтае пытанне, або залагоджваюць такім чынам, быццам бы яно не мела ніякага значэння для фармавання сённяшняга грамадства. Ці не спрацоўвае тут застарэлы інстынкт — „гаспадара нельга злаваць“?
Даследуючы эвалюцыю крытэрыяў нацыянальна–культурнай прыналежнасці беларусаў двух апошніх стагоддзяў, аўтар закранае вельмі важны для сучаснай гістарычнай навукі метадалагічны аспект. Гаворка ідзе пра частую памылку, якую робяць даследчыкі, разважаючы пра паняцце нацыянальнасці. Найбольш часта сённяшнія катэгорыі мыслення пераносяцца ў аддаленае мінулае. Апісанне рэалій ХIХ ст. з дапамогай зменлівых паняццяў і катэгорый ХХ ст. (трэба прызнаць, даволі частае ў нашай гістaрыяграфіі) праф. Радзік лічыць навуковай спекуляцыяй, бо, напрыклад, у ХIХ ст. вызначэнне „я — беларус“ выступала ў іншым значэнні, чым тое, якое сёння надаюць яму беларусы. Ды і тэрмін „ліцвін“ таксама меў рэгіянальна–палітычнае значэнне, адрознае ад сённяшняй літоўскасці. Таму ўжыванне гэтых тэрмінаў у дачыненні да тэрыторыі Беларусі ХIХ ст. у іх цяперашнім, нацыянальным значэнні — відавочны агістарызм, уважае даследчык.
У працах Р. Радзіка, датычных нацыятворчых працэсаў, часта ўжываецца тэрмін „плебейскі“, у яго сацыялагічным сэнсе і разуменні. Улічваючы, што ў свядомасці большасці нашых суайчыннікаў (у тым ліку і навукоўцаў) гэты тэрмін чамусьці ўспрымаецца як пеяратыўны (калісьці ў савецкім грамадстве такое адценне надавалася слову арыстакрат), трэба асабліва падкрэсліць яго чыста навуковы і метадалагічны характар. „Плебейскі“ ў дадзеным выпадку ў дачыненні да грамадства азначае не што іншае як пазбаўлены нацыянальных эліт, нацыянальна свядомых сацыяльных слаёў. Незалішне будзе, аднак, заўважыць, што падзел народаў на тых, што маюць эліты і не маюць іх (і, значыць, на плебейскія і неплебейскія) усё ж даволі умоўны і ў значнай ступені суб’ектыўны. Шмат што залежыць ад пункту гледжання і пазіцыі аўтара. Калі беларусы ў ХIХ ст. не мелі ўласных эліт у сучасным разуменні беларускасці, дык гэта не значыць, што тагачасныя эліты працавалі выключна на карысць польскай або расійскай культуры і нацыі. Культурна і моўна паланізаваныя gente Rutheni, канешне, не былі носьбітамі беларускай нацыянальнай ідэі, да таго ж, яна ў тыя часы папросту не існавала, але яны, тым не менш, былі элітай гэтай зямлі, дарэчы, вельмі своеасаблівай у кантэксце агульнапольскай культуры. Менавіта яны рыхтавалі глебу для таго рэгіяналізму, які пазней увасобіўся ў „краёвай“ ідэі і спрыяў развіццю аўтэнтычна беларускага руху.
Вельмі цікавыя ацэначныя заўвагі аўтара адносна сённяшняга стану Беларусі і саміх беларусаў. На ягоную думку, яны заўсёды маюць клопаты з аддзяленнем сферы сімпатый і эмоцый ад сферы палітычнага працэсу, асновай якога звычайна з’яўляецца нацыянальная або дзяржаўная свядомасць. Не кіруючыся нацыянальнымі ідэаламі, беларусы ў непрапарцыянальна вялікай ступені залежныя ад знешніх сілаў. Таму будучыня Беларусі ў значнай ступені залежыць ад раскладу міжнародных сілаў Еўропы, а таксама ад палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Расіі. Прычым усё гэта, адзначае Р. Радзік, з’явілася вынікам пазіцыі саміх беларусаў, прызнання імі самімі той сістэмы каштоўнасцяў, якая, відаць, доўга будзе вызначаць кірунак „беларускага шляху“. Як бы там ні было, свой будучы выбар павінны рабіць самі беларусы — заключае аўтар.
Мінск
Юры Вашкевіч