Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius (Генадзь Сагановіч)
Russische und Ukrainische Geschichte vom 16.—18. Jahrhundert. Hrsg. von Robert O. Grummey, Holm Sundhaussen, Ricarda Vulpius. Wiesbaden, 2001. 336 (Forschungen zur osteuropäischen Geschichte, Bd.58).
„Даследаванні па ўсходнееўрапейскай гісторыі“ (Forschungen zur osteuropäischen Geschichte), што выдаюцца Інстытутам Усходняй Еўропы пры Вольным універсітэце Берліна, былі заснаваны ў 1954 г. Горстам Ябланоўскім і Вернэрам Філіпам. З таго часу ў гэтай серыі штогод выходзілі асобныя манаграфіі або зборы даследаванняў. Цягам дваццаці гадоў рэдактарам серыі быў прафесар Ганс Ёахім Торке, які памёр у 2000 г. Памяці гісторыка і прысвечаны том 58, складзены з артыкулаў яго калегаў і шматлікіх вучняў. Тэматычныя рамкі выдання вызначаны даследчыцкімі інтарэсамі памёрлага — яго „любімым ХVII стагоддзем“ усходнеславянскіх абшараў. Увесь том сапраўды прысвечаны фактычна гісторыі адной Расіі (за выключэннем двух украінскіх сюжэтаў), што ж да храналогіі, то аўтары не абмежаваліся раннім Новым часам і ахапілі перыяд ад Сярэднявечча да ХIХ ст.
Том змяшчае 29 артыкулаў і спіс навуковых публікацый Г.–Ё. Торке. Яго пачынае „The Significance of the Seventeenth Century“ (13—20) — апошні даклад Торке, прэзентаваны ім яшчэ з 1998 г. на канферэнцыі „Ад Масквы да Пецярбурга — шлях Расіі з ХVII у ХVIII ст.“ у Берліне. Торке лічыць, што ў Расіі, у адрозненне ад іншых краін, ХVII ст. яшчэ не дачакалася належнай увагі гісторыкаў. Спаслаўшыся на Ключэўскага, які новымі з’явамі для Расіі таго перыяду называў новую дынастыю, новыя межы, новую сацыяльную структуру і новыя рысы эканомікі (такія думкі выказваліся і пасля Ключэўскага), Торке прапануе свае рэфлексіі наконт гэтых фактараў ды паказвае, наколькі важны быў кожны з іх для трансфармацыі Маскоўскага царства. Прыкладам, калі б працягнулася панаванне Рурыкавічаў, то не было б Смуты, замежнай інтэрвенцыі, а значыць не было б і разрыву з традыцыяй („старыной“), у выніку і вестэрнізацыя Маскоўскай Русі, магчыма, адбывалася б як пабочны прадукт агульных тэндэнцый, а не свядомай палітыкі, якую ўзяўся праводзіць Пётр I. Гаворачы пра межы, аўтар адзначыў, што калі ўсю Еўропу ахапіў палітычны і сацыяльны крызіс, тэрытарыяльная экспансія Расіі часоў другога Раманава прывяла да т.зв. усходняга варыянта „крызісу ХVII ст.“, з якога Масква выйшла з карысцю для сябе, і г.д. Словам, прыклады нямецкага гісторыка яшчэ раз пераконваюць, што сапраўды ХVII ст. канстытуявала пачатак Новага часу (modern times) у Расіі, яно нарадзіла большасць важных феноменаў наступнага, ХVIII ст.
Роберт Грамі вяртаецца да манаграфіі Торке „Die staatsbedingte Gesselschaft im Moskauer Reich. Zar und Zemlja in der altrussischen Herschaftsverfassung, 1613—1689“ (Leiden, 1974), каб верыфікаваць яго аргументы і высновы, параўноўваючы іх з вынікамі найноўшых даследаванняў Маскоўскай Русі ХVII ст. („Die staatsbedingte Gesellschaft revisited“, 21—27). Грамі прыгадвае незвычайную асцярожнасць Торке ў выкарыстанні тэрмінаў, бо і сам стаіць перад праблемай падбору англійскіх эквівалентаў для нямецкіх „Die staatsbedingte Gesellschaft“, „Verfassungsgeschichte“ і інш. У названай працы Торке даказаў неіснаванне ў Расіі станаў у сэнсе карпарацый з юрыдычна замацаванымі правамі, прывілеямі і абавязкамі[1] (т.зв. Земскія саборы нельга лічыць прадстаўнічым органам, яны былі хутчэй інстытутам збору інфармацыі для цара пра фінансавае становішча ў зямлі і рэальныя магчымасці збору падаткаў на войска і вядзенне вайны). Значыць, беспадстаўна называць Маскоўскую дзяржаву станава–прадстаўнічай манархіяй, як рабілася ў савецкай гістарыяграфіі для доказу паралеляў паміж развіццём Заходняй Еўропы і Расіі. Гэта была аўтакратычная манархія, тэарэтычна нічым не абмежаваная, якая ў канцы ХVII ст. эвалюцыянавала ў „аўтакратычны абсалютызм“ (26). Няма падстаў пераглядаць высновы Торке. Яго дэтальнае, глыбока аналітычнае даследаванне і праз чвэрць стагоддзя застаецца падставовым, а яго канцэпт „Die staatsbedingte Gesellschaft“ па–ранейшаму выкарыстоўваецца ў нямецкай гуманістыцы — заключае аўтар.
Вядомы знаўца ўсходнеславянскай гісторыі Карстэн Гёрке, заінтрыгаваны даўнім сцвярджэннем Мікалая Кастамарава пра існаванне вечавога ладу ў Вятцы (той нават ставіў Вятку ў адзін шэраг з Ноўгарадам Вялікім і Псковам — як прататып „севернорусского народоправства“), шукае адказу на пытанне, ці сапраўды Вятка магла быць настолькі ж развітай, як названыя гарады („Die Republik ‘Vjatka’ — Mythos oder historische Realität?“, 63—78). Грунтоўны аналіз грамат і летапісаў не даў для гэтага ніякіх падстаў. Даследчык піша пра рудыментарныя формы палітычнай арганізацыі, якія знаходзіліся толькі на шляху да ўласна дзяржаўнасці (77—78). Так што, як выразна паказаў Гёрке, не можа быць і мовы пра развітыя палітычныя структуры Вяткі, неабходныя для кожнай аўтаноміі.
Артыкул Вальтэра Ляйча прысвечаны таму, як пасля захопу Смаленска Рэч Паспалітая, не маючы дастатковага ваеннага патэнцыялу для працягу вайны, прасіла дапамогі ў Габсбургскай імперыі ды Іспанскага каралеўства (Polnische Propagandatexte über die Smuta, 270—280). Каб атрымаць падтрымку ў Вене, а ў Філіпа III хоць выпрасіць грошы для новага паходу на Маскву, дыпламатыя Жыгімонта Вазы прэзентавала там сваю, даволі тэндэнцыйную інтэрпрэтацыю гісторыі адносін з Масквой, асабліва падзей часоў Смуты. Тым часам маскоўская дыпламатыя на тых жа дварах прапагандавала сваю версію той жа гісторыі, якая была процілеглай польскай. Аўтар знаходзіць, што як польскую, так і маскоўскую версіі Смуты можна лічыць добрым прыкладам адпаведнага прэпаравання гісторыі і выкарыстання яе ў якасці сродку палітычнай прапаганды (277).
Валеры Ківельсон у артыкуле з красамоўнай назвай „Bitter Slavery and Pious Servitude: Muscovite Freedom and its Critics“ (109—119) даследуе канцэпт рабства і халопства ў Маскоўскім царстве. Ад ранняга Новага часу (з апісанняў Герберштайна і Алеарыя) як у народным, так і ў навуковым заходнім мысленні Расія асацыюецца з рабскай пакорай. Еўрапейцаў найбольш уражвала, што самая высокая маскоўская эліта, думныя баяры прыніжалі сябе перад царом, называючыся „царскімі халопамі“. Ківельсон згадвае Маршала По, які нядаўна адкрыў іншую „метафізіку палітычнага жыцця“ Маскоўскай дзяржавы: рабства там было найкаштоўнейшым станам, а свабода азначала хаос. Гэты даследчык дапамог лепш зразумець спецыфіку Расіі, дзе сапраўды „рабству“ надавалі іншае значэнне, яно лічылася там пазітыўным дабром і стала важнай метафарай у рыторыцы маскоўскай эліты, неабходнай для лепшых узаемаадносін з уладаром (112).
Аўтар заключае, што Масква пакінула імідж культуры, у якой тыран бескантрольна пануе над прыніжанымі рабамі, „цар уладарыць над элітамі, якія бессаромна прыніжаюць сябе перад іх суверэнам, а памешчыкі з такой жа бескантрольнасцю пануюць над іх сялянамі“. І хоць ёсць іншыя прыклады, „было б занадта смела спрабаваць замяніць гэты імідж іншым, іміджам свабодалюбівай культуры“, — заключае Ківельсон (118).
З артыкулаў нямецкіх даследчыкаў[2] заслугоўвае ўвагі і канцэптуальная публікацыя Клаўса Цэрнака „An den östlichen Grenzen Ostmitteleuropas“ (323—331). Палітычныя межы бываюць перадумовамі структурных пераменаў, але яны могуць быць і іх наступствам, таму Цэрнак вылучае як эпохі, так і структурныя адрозненні паміж Цэнтральна–Ўсходняй Еўропай, з аднаго боку, ды Расіяй — Усходняй Еўропай, з другога. Першыя прыкметы структурнай канвергенцыі гісторык звязвае з „хрысціянскім дзяржаваўтварэннем“. Для 950—1150 г. усё выглядае проста: палітычная, уладна–структурная і культурная мяжа пралягла тады паміж Польшчай і паганскімі народамі Балтыкі ды праваслаўнай Руссю. У перыяд 1150—1350 г. нямецкая каланізацыя і каланізацыя на нямецкім праве аднеслі гэтую мяжу далей на Ўсход. У перыяд Сярэднявечча „заходнім“ прававым формам (Ius Theutonicum i Ius Polonicum) адкрыўся і праваслаўны свет. Дзякуючы Крэўскай уніі 1386 г. усходнеславянская гісторыя атрымала новыя асновы развіцця. Найдалейшае распаўсюджанне палітычнай культуры польска–цэнтральна–ўсходнееўрапейскага тыпу на Ўсход звязана са стварэннем „федэральнай адзінай дзяржавы“ Рэчы Паспалітай у 1569 г., аднак ужо з канца ХV ст. пачала расці маскоўская супрацьвага гэтай тэндэнцыі. Праграму „збірання рускіх зямель“ Цэрнак вобразна называе маскоўскім „Drang nach Westen“ (326). Пачаткам апошняга перыяду ён лічыць 1648 г.: войны, што пачаліся з паўстання Хмяльніцкага, змянілі расстаноўку сілаў, і Маскоўскае царства ператварылася ў старарускую імперыю, а Рэч Паспалітая стала інструментам у руках моцных суседзяў. Што да структурных адрозненняў, то найвыразнейшай прыкметай прыналежнасці да Цэнтральна–Ўсходняй Еўропы быў горад на нямецкім (Магдэбургскім) праве (па той бок Вялікага Княства, у Маскоўскай дзяржаве панаваў візантыйскі тып горада), характар землекарыстання (на Захадзе — індывідуальнае сялянства, надзеленае зямлёй, а на Ўсходзе — сялянская грамада і калектыўная ўласнасць) і наяўнасць феадалізму. Паводле О.Гінтцэ, для існавання феадалізму як сістэмы мусяць быць такія тры элементы, як сацыяльна–эканамічная база ўтрымання рыцарскага стану, лакальнае панаванне над зямлёй і людзьмі ды ўдзел станаў у дзяржаўным кіраванні. Калі для Беларусі і Ўкраіны наяўнасць гэтага бясспрэчная, дык адносна Расіі гаварыць пра іх вельмі праблематычна, — лічыць К.Цэрнак (330).
Значны блок расійскіх тэкстаў прадстаўлены гісторыкамі Масквы і Санкт–Пецярбурга. Артыкул А.Паўлава „Эволюция государства и общества в России во второй половине ХVI в.“ (29—39) прысвечаны асаблівасцям грамадска–палітычнага ладу ў Маскоўскай дзяржаве. Аўтар пагаджаецца, што высновы Торке прымушаюць адысці ад традыцыйнага для савецкай гістарыяграфіі погляду на Маскоўскую Русь як на станава–прадстаўнічую манархію, аднак даводзіць, што адносіны паміж дзяржавай і грамадствам за тыя стагоддзі не заставаліся нязменнымі. На думку гісторыка, менавіта развіццё пачаткаў станавага прадстаўніцтва і справакавала апрычніну, і толькі праз яе ўлада значна ўзвысілася над грамадствам, што забяспечыла канчатковую перамогу самадзяржаўя (35).
Ганна Харашкевіч у артыкуле „Судьба христианина в царстве Ивана Грозного. Эпизод из жизни И.П.Фёдорова“ (163—174) раскрывае драматычны лёс баярына Івана Фёдарава, які быў ваяводам у Юр’еве пад час Інфлянцкай вайны. Сапраўды, невялікі фрагмент з жыцця Фёдарава ўражвае. Увосень 1562 г., калі надворны гетман ВКЛ Грыгор Хадкевіч звярнуўся да юр’еўскага ваяводы з прапановай устрымацца ад ваенных дзеянняў і намаўляць сваіх манархаў да заключэння міру, паміж імі завязалася перапіска. Фёдараў пагадзіўся і ўзяўся інфармаваць пра ініцыятыву Хадкевіча маскоўскіх баяр і цара, а да іх рашэння сваёй уладай як інфлянцкі ваявода перапыніў ваенныя дзеянні. Праз Хадкевіча ён уступіў у самастойную перапіску і з троцкім ваяводам Мікалаем Радзівілам ды панамі–радаю. Нечуваны для маскоўскай дыпламатыі факт! Праўда, міру Фёдараў не збярог, бо цар даўно ўсё вырашаў сам, і неўзабаве пачаўся паход на Полацк. А яго ініцыятыўнасць і самастойнасць дорага каштавалі прадстаўніку старамаскоўскай знаці: у 1568 г. сам Іван IV пазбавіў яго жыцця.
Смелы агляд эвалюцыі дзяржаўнага апарату Расіі ад рэформаў Пятра I да Кацярыны II прапанаваў Е.Анісімаў („Самодержавие ХVIII века: право править без права“, 53—61). Ён піша, што калі вялікі рэфарматар Пётр I стварыў у Расіі „новую дзяржаўную машыну“, дзеянні якой строга рэгуляваліся сістэмай „інструкцый, рэгламентаў і уставаў“, то толькі адна сфера заставалася па–за рэгламентамі ды інструкцыямі — сфера царскай улады. Даследчык бачыць у гэтым глыбокую супярэчнасць пятроўскіх пераўтварэнняў: Пётр I, з аднаго боку, усталёўваў парадак, заснаваны на законах, а з другога — заканадаўча замацоўваў „беззаконны“ характар самадзяржаўя (55). Самадзержац быў „падсправаздачны“ толькі перад Богам, але гэта ўжо тады ўспрымалася як чыста рытарычная фігура, — зазначае Е.Анісімаў. Цар пастаянна ўмешваўся і ў працу „дзяржаўнай машыны“, бясконца парушаючы і мяняючы ім жа прынятыя законы. Практыка такога ўмяшання засталася і пасляпятроўскім часам. Характарызуючы самадзяржаўе, аўтар цытуе правазнаўчае даследаванне І.Дзіцяціна, які яшчэ ў 1881 г. пісаў, што ў рэальным жыцці ў Расіі „на всем протяжении этих четырех веков начало законности в «государевом царственном и земском деле» вполне отсутствовало“ (59). Расійскае самадзяржаўе ўсталявалася за межамі поля законаў, на праве „правіць без права“, і менавіта ў гэтым пецярбургскі гісторык бачыць прычыну хранічнай палітычнай няўстойлівасці ў Расіі (дварцовыя змовы, перавароты, узурпацыі ўлады).
На акалічнасцях стварэння вышэйшага судовага органа пры Баярскай думе, яго кампетэнцыях і функцыяванні спыняецца П.Сядоў („Создание расправной палаты“, 97—108), а ў дакладзе А. Юрасава характарызуецца гандаль Пскова як аднаго з найважнейшых цэнтраў знешнегандлёвых сувязяў тагачаснай Расіі („Тенденция развития и динамика объема торговли Пскова в ХVII в.“, 301—310).
Украінскай гісторыі, заяўленай у тытуле выдання, непасрэдна прысвечаныя толькі даследаванні Фрэнка Сысына і Андрэаса Капэлера. Фрэнк Сысын спрабуе вызначыць вобраз Расіі ў свядомасці ўкраінцаў на падставе гістарычнага твора „Диіствіе“, напісанага гадзяцкім палкоўнікам Грыгорам Грабянкам у 1710 г.(„The Image of Russia in Early Eighteenth–Century Ukraine: Hrуhorii Hrabianka’s Diistvie“, 243—250). Сысын знаходзіць, што ў гісторыі вайны Хмяльніцкага, якую Грабянка малюе справядлівай, у вобразе слаўнага казацтва з яго правамі і свабодамі, прыхільны да Расіі палкоўнік быццам мадэлюе, як цар павінен ставіцца да Малой Расіі, стварае такі вобраз вялікарусаў, якія жывуць пад тым жа манархам, што і маларосы. Грабянка бачыў Малую Расію пад скіпетрам расійскага цара, хоць і ведаў пра розніцу палітычных культур. Гэта адна з праяў уплыву Расійскай імперыі на культуру ды інтэлектуальнае жыццё Ўкраіны, асабліва адчувальнага пасля рэформаў Пятра I, — лічыць даследчык (244).
Праф. Андрэас Капэлер аналізуе публікацыі часопіса „Киевская старина“ і выяўляе асаблівасці канструявання ім нацыянальнай гісторыі („Die Kosaken–aera als zentraler Baustein der Konstruktion einer national–ukrainischer Geschichte: das Beispil der Zeitschrift Kijevskaja Starina 1882—1991“, 251—262). Даследчык паказвае, што часопіс імкнуўся кампенсаваць набор дэфіцытаў, характэрны для ўсіх народаў, што не мелі сваёй дзяржавы (т.зв. „малых“, „негістарычных“), і рабіў гэта перадусім праз стварэнне галерэі нацыянальных герояў Украіны ды сцвярджэнне наяўнасці высокай украінскай культуры. Кутнім каменем украінскай гісторыі ўжо на старонках гэтага органа стаў міф казацтва, які дазваляў унікнуць супярэчнасці паміж гісторыяй элітаў і сацыяльных нізоў (257—260). Вартая ўвагі сама з’ява: у перыяд рэакцыі і антыўкраінскіх рэпрэсій у Кіеве здолелі выдаваць часопіс, які, лічачыся з цэнзурай, інтэнсіўна займаўся канструяваннем нацыянальнай украінскай гісторыі, канфрантуючы як з польскімі, так і з вялікарасійскімі канструкцыямі.
Не магу не адзначыць, што ўвогуле том „Даследаванняў па ўсходнееўрапейскай гісторыі“, прысвечаны памяці Ганса Торке, надзвычай насычаны інфармацыйнымі, арыгінальнымі даследаваннямі як прызнаных, так і яшчэ малавядомых спецыялістаў па гісторыі Расіі і Ўкраіны. Даводзіцца шкадаваць, што з ландшафту „ўсходнееўрапейскай гісторыі“ гэтага выдання выпала Беларусь і Вялікае Княства Літоўскае ў цэлым.
Мінск
Генадзь Сагановіч
[1] На рускай мове гл.: Торке Х.Й. Так называемые земские соборы в России // ВИ. 1991. №11.
[2] Шэраг артыкулаў, на мой погляд менш істотных, даводзіцца пакінуць па–за аглядам.