Ганна Харашкевіч. Беларуская археагрaфія на новым этапе
* Метрыка Вялікага Княства Літоўскага: Кніга 44: Кніга запісаў 44 (1559—1566)/ Падрыхт. А.І.Груша). Мінск, 2001. 229.
Пра „беларускую“ археаграфію пасля працы М. Улашчыка[1] можна гаварыць толькі з 20–х г. мінулага стагоддзя, калі справай выдання крыніц па гісторыі Беларусі сталі займацца гісторыкі гэтай краіны. Перадумовы для нацыянальнай археаграфічнай школы былі створаны яшчэ да 1917 г. Першым археографам, які пакінуў заўважны след у вывучэнні матэрыялаў Літоўскай метрыкі, выступіў С. Шамбінага (разам з М. Беражковым ён займаўся апісаннем найбольш старажытных кніг запісаў Літоўскай метрыкі[2]). Менавіта гэтыя гісторыкі ўвялі ў зварот шмат якія азначэнні актаў і дакументаў, што сцвердзіліся ў сучаснай дыпламатыцы Вялікага Княства Літоўскага.
Публікацыя Дз. Даўгялы 1928 г. была адзінай на працягу ўсяго савецкага перыяду існавання і Беларусі, і краіны, у якую яна ўваходзіла — Савецкага Саюза. У адпаведнасці з узроўнем дыпламатыкі і археаграфіі свайго часу Дз. Даўгяла даў агульную характарыстыку 8–й кнігі судовых справаў і ўнесеных у яе дакументаў. Кніга была цалкам прысвечана адной з беларускіх земляў — Полацкай — і разам з шматлікімі апісаннямі межаў Полацкай зямлі, зробленымі пад час дыпламатычных перамоваў прадстаўнікоў Рэчы Паспалітай і Расійскага царства 1570 г., дала надзейны матэрыял для меркавання пра некаторыя карэнныя пытанні сацыяльнага, эканамічнага і часткова палітычнага развіцця гэтай зямлі.
Аднак серыя „Беларускі архіў“, у якую была ўключана і публікацыя кнігі судовых справаў ЛМ, ва ўмовах пачатага „антынацыяналістычнага“ тэрору савецкай улады працягу не мела. Гісторыкі загінулі ў ГУЛАГу, публікатарская дзейнасць замёрла надоўга. Толькі пасля вайны з’явілася выданне тэндэнцыйна падабраных дакументаў пра расійска–беларускія дачыненні XVII ст., выкананае Абэцэдарскім. Зборнік Абэцэдарскага, як і ўсе выданні пра нацыянальныя адносіны, ажыццёўленыя пад сцягам „антыкасмапалітызму“, быў просталінейны і пазбаўлены атмасферы рэальнага жыцця з яго супярэчлівымі тэндэнцыямі і плынямі. З археаграфічнага пункту погляду зборнік не ўяўляў цікавасці. Складальнік не абцяжарваў сябе пошукам адэкватных паняццяў для характарыстыкі розных дакументаў, тэксты былі пададзены ў спрошчанай транскрыпцыі, поле іх пошуку звужана да ЦДАСА.
Аднак пасля гэтага зноў надышоў перапынак, на гэты раз ён, здаецца, не суправаджаўся маштабам такога тэрору супраць саміх вучоных, як у канцы 20 — пачатку 30–х г. Тым не менш, найлепшыя ўсё ж пацярпелі. Сярод іх быў і М. Улашчык. Пасля вяртання з трэцяй высылкі ён змог абагульніць досвед папярэдняй археаграфіі гісторыі Беларусі.
Спроба У. Пашуты доказамі ад гісторыі змацаваць распад на асобныя фрагменты цела „адзінага і магутнага Савецкага Саюза“ не знайшла падтрымкі ў афіцыйных акадэмічных колах. Калі манаграфія, прысвечаная старажытнарускім традыцыям і лёсу ўсходняга славянства, была апублікаваная, то другое пачынанне пад яго эгідай — калектыўнае выданне матэрыялаў Літоўскай метрыкі вучонымі Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны і Беларусі — было асуджана на пагібель. Сваю ролю выканаў і трывала замацаваны ў свядомасці акадэмічных вучоных страх перад праявамі „нацыяналізму“ (бо гутарка ішла пра гісторыю дзяржавы, што спаборнічала ў Сярэднія вякі і ў пачатку Новага часу з Расійскім царствам і Расійскай імперыяй), і палітычнае становішча, якое несла сур’ёзны крызіс сацыялістычнай сістэмы ў Еўропе (Салідарнасць у Польшчы прадэманстравала размах антысацыялістычнага і антысавецкага руху).
Ні маскоўскія[3], ні ўкраінскія, ні беларускія афіцыйныя акадэмічныя колы не ўспрынялі савецка–польскай дамовы пра сумеснае выданне матэрыялаў Літоўскай метрыкі як кіраўніцтва да дзеяння. Падрыхтаваны В. Мянжынскім першы з беларускай серыі том Літоўскай метрыкі з цяжкасцю знайшоў выдаўца, і то за межамі Акадэміі навук Беларусі[4]. Ён праклаў шлях падобным заняткам у незалежнай Беларусі. І ў 2001 г. з’явіўся другі том, праўда, зноў пад грыфам не АНБ, а Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі пры фінансавай падтрымцы Гарадзенскага абласнога аб’яднання маладых вучоных. Паколькі зайшла гутарка пра гэтую ўстанову, варта сказаць пра яе хоць некалькі слоў. Гародня дзякуючы намаганням Дз. Карава стала сапраўдным цэнтрам беларусазнаўства ў межах самой краіны, які карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і за яе межамі. У серыі „Наш радавод“ выйшла ўжо 8 тамоў, дзе змешчаны даследаванні па археаграфіі і крыніцазнаўстве айчынных і замежных даследчыкаў.
У 2001 г. была апублікавана 44–я кніга запісаў, дакументы якой прысвечаны пераломнаму ў гісторыі Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы пачатковаму перыяду Лівонскай вайны — 1559—1566 г. Дазволім сабе не пагадзіцца з выдаўцом А.Грушам, які ў анатацыі адрасуе сваё выданне „ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і Беларусі“. Ён занадта сціпла ацэньвае значэнне 44 дакументаў, якія ўваходзяць у кнігу. Без іх немагчыма вывучэнне мінулага ні Расійскага царства, ні Рэчы Паспалітай, ні Латвіі, ні Еўропы ў цэлым. Можна спадзявацца, што на гэты пралік выдаўца звернуць увагу і іншыя рэцэнзенты з сумежных і несумежных з Беларуссю еўрапейскіх і іншых краін.
Задача дадзенай рэцэнзіі значна вузейшая — падысці да выдання 44–й кнігі запісаў з пункту погляду патрабаванняў сучаснай археаграфіі. Нельга адмаўляць таго, што гэтыя патрабаванні бываюць рознымі: расійская археаграфічная школа — максімалісцкая па сваім характары (яе каноны распрацоўваюцца пераважна С.Каштанавым[5]), заходняя ў цэлым адпавядае ўзроўню расійскай археаграфіі пачатку ХХ ст.[6]
Адзначым адразу, што выданне А.Грушы па тыпе найбольш блізкае да выданняў „Актов Русского государства ХVI в.“, „Актов Российского государства XVI в.“[7]. Сам склад тома нагадвае названыя тамы. У аб’ёмных уводзінах чытач знойдзе характарыстыку, праўда, вельмі кароткую, змешчаных у кнізе дакументаў, падрабязнае палеаграфічнае апісанне рукапісу з пазначэннем дакументаў, перапісаных трыма пісцамі, узоры почыркаў якіх пададзены ў дадатках, суадносінамі чатырох розных пагінацый канца XVI— 50–х г. ХХ ст. (што вельмі зручна для даследчыкаў, якія будуць карыстацца працамі класікаў беларусазнаўства ХIХ— пачатку ХХ ст.), вылучэнне асобных дакументаў па гісторыі некалькіх родаў ВКЛ, у тым ліку і роду Корсакаў. Тут жа выдавец выкладае свае ўяўленні наконт паходжання кнігі–копіі. Ён зыходзіць з меркавання, што кніга–копія ўзнаўляе цэлую арыгінальную кнігу пісара і земскага падскарбія Астафія Багданавіча Валовіча. Шкада толькі, што А.Груша не звязаў храналагічнае размеркаванне дакументаў 1561—1562, 1563 і 1566 г. з рэальнымі фактамі біяграфіі пісара, каралеўскім ітынерарыем і паездкамі самога пісара, абмежаваўшыся агульнай заўвагай, што Валовіч рэдка пакідаў краіну ў час доўгіх ад’ездаў караля (XXV).
Правілы перадачы тэкстаў крыху адрозніваюцца ад прынятых літоўскімі калегамі і рэкамендаваных расійскімі ў 1985 г. Аднак па дакладнасці перадачы тэкстаў выданне А.Грушы, бадай, пераўзыходзіць усе папярэднія. Крыху нязвычны, ды і нязручны для чытання выгляд „рваных“ слоў у тэксце, калі лічбавымі пазначэннямі вылучаецца адна ці дзве літары ў слове і менавіта да гэтай літары даецца палеаграфічная заўвага. Больш мэтазгодна ў заўвазе расказаць пра асаблівасці напісання слова, захоўваючы яго цэласнасць у тэксце. Незразумелая прычына адмовы ад літарнага пазначэння палеаграфічных заўваг і выкарыстання ў іх курсіву, які ўжываецца ва ўсім свеце для такіх заўваг. Залішнім здаецца ўзнаўленне кустодый.
Публікацыя 44–й кнігі запісаў Літоўскай меторыкі мае і іншае падабенства з названымі выданнямі рускіх сярэднявечных актаў, ажыццёўленымі ў савецкі і постсавецкі час. Маем на ўвазе забеспячэнне дакументаў складальніцкімі загалоўкамі. Паколькі кнігі–копіі Літоўскай метрыкі ўжо маюць загалоўкі, якія ўзыходзяць да часу іх перапіскі, г. зн. да канца XVI ст., то літоўскія калегі адмовіліся ад складальніцкіх загалоўкаў. Мяркуем, не зусім правамоцна, бо ўяўленні капііста XVI ст. пра дыпламатыку разыходзяцца з сучаснымі. Асэнсаванне ж формы і зместу дакументаў — гэта, на нашу думку, інструмент і шлях да спазнання сярэднявечнага грамадства. Таму, у цэлым падтрымліваючы ідэю ўключэння ў выданне складальніцкіх загалоўкаў, не магу ўстрымацца ад невялікага папроку А.Грушу. На наш погляд, выдавец недастаткова закрануў пытанні дыпламатыкі і вызначэнні тыпу і разнавіднасці дакументаў, якія ў 1988 г., на апошняй канферэнцыі па гісторыі ЛМ, выклікалі вельмі вострыя спрэчкі і справядлівыя папрокі на адрас маскоўскіх складальнікаў „Метадычных рэкамендацый“ 1985 г., перш за ўсё на адрас цяперашняга рэцэнзента.
У цэлым можна пагадзіцца з прапанаванай выдаўцом класіфікацыяй, якая, на наш погляд, уяўляе крок наперад параўнальна з прапанаванай намі ў 1985 г. Аднак суадносіны з аналагічнай класіфікацыяй К. Яблонскіса застаюцца ў выкладанні выдаўца цьмянымі. Ёсць і прыватныя пытанні: незразумела, чаму ў спісе разнавіднасцяў дакументаў пазначаны толькі 17 (c.17), а ў загалоўках іх крыху больш. Пра некаторую няўпэўненасць складальніка ў прапанаванай ім класіфікацыі сведчыць разнабой у вызначэнні разнавіднасцяў дакументаў. У паказальнік унесены 126 нумароў, а ў самой публікацыі толькі 106 дакументаў, якія знаходзяцца ў 44–й кнізе–копіі, плюс два дакументы–копіі, якія захоўваюцца ў Нацыяльнальным архіве Беларусі. Гэты разнабой адбыўся таму, што некаторыя, вылучаныя ў якасці асаблівай разнавіднасці, дакументы залічаны і ў гэтай асаблівай якасці і занесены ў агульную рубрыку „листы“ (так, сярод „листов“ двойчы згаданы „известительные окружные“ — №№ 16, 36, „данный уставной“ № 9, „ввязчие“ №№ 1—6, 10, 63, 80, 83). Аднак паслядоўнасці тут няма — частка „известительных окружных“ у лік „листов“ не трапіла (№№ 34, 43, 59, 72), як і адзін „данный уставной“ №53 і некалькі „ввязчих“ №№ 22, 25, 94, — і ўсё гэта без вытлумачэння прычын.
Вызначэнне некаторых разнавіднасцяў да таго ж выклікае сумненне. Так, вылучаюцца „данины“ ад імя ваяводаў, якія мелі сілу „до воли и ласки господарской“, яны адрозніваюцца ад пацвярджальных караля і вялікага князя і яго ж прывілеяў, аднак тэрмінам „данина“ яшчэ ў першай палове XVI ст., мяркуючы па 6–й кнізе запісаў, пазначаліся і ўсе каралеўскія прывілеі.
Што да навукова–даведачнага апарата, то яго разнастайнасць і якасць можа задаволіць, спадзяюся, амаль кожнага чытача. Гэта слоўнік, каментары, табліца суадносінаў старых і новых шыфраў рукапісу, спіс копій дакументаў, змешчаных у кнізе. З іх толькі копіі двух дакументаў апублікаваны ў дадатку. Выданне мае таксама спіс папярэдніх публікацый і спасылак на дакументы кнігі–копіі № 44. За гэтым спісам змешчаны храналагічны пералік дакументаў, паказальнікі — імянны і геаграфічны. Такім чынам, можна сказаць, што гэтае выданне па паўнаце навукова–даведачнага апарату можа прэтэндаваць на першае месца сярод усіх публікацый Літоўскай метрыкі канца ХХ— пачатку ХХI ст.
Спынімся падрабязней на некаторых частках гэтага апарату.
Тлумачальны слоўнік улічвае ўсе асноўныя дасягненні гісторыкаў і лінгвістаў у гэтай сферы. Можна выказаць толькі шкадаванне, што пераклад даецца, як і ў папярэднім, мінскім, томе Літоўскай метрыкі, толькі на беларускую мову. Рускамоўнаму чытачу, верагодна, можа не хапаць тлумачэння такіх слоў і словазлучэнняў, як вепрь кормный (№80), вгеръский золотый (№67), закло (№109), лой (№107), сажавки (№114), татарка (№67), шпекг (№67). У каментарах тлумачацца спасылкі на розныя падзеі, падаюцца імёны асобаў, названых толькі па займаных пасадах, ёсць біяграфічныя дадзеныя розных асобаў, удакладняецца месцазнаходжанне тых або іншых пунктаў, праводзіцца параўнанне спісаў пінскіх мяшчан, прыведзеных у аднатыпных дакументах 1562 і 1563 г. (44, 71—73).
На заканчэнне хацелася б яшчэ паўтарыць сцвярджэнне, вынесенае ў загаловак рэцэнзіі. З публікацыяй 44–й кнігі запісаў Літоўскай метрыкі беларуская археаграфія не толькі зрабіла вялікі крок наперад параўнальна з дарэвалюцыйнымі выданнямі, але і ўзняла планку патрабаванняў да сучасных археографаў, якія займаюцца ўвядзеннем ў зварот не толькі кніг–копій Літоўскай метрыкі, але і помнікаў рускага і польскага Сярэднявечча.
[1] Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. Москва, 1973.
[2] Книги Литовской метрики / Сост. Н.Г. Бережков и С.К. Шамбинаго //Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. Москва, 1915. Кн. 21.
[3] Сярод якіх пасля смерці Ў.Пашуты першую скрыпку ў пахаванні яго пачынанняў выконваў злы геній расійскай медыявістыкі — намеснік, а пазней дырэктар інстытута (што паслядоўна называўся Інстытутам гісторыі СССР, потым Інстытутам расійскай гісторый) А.Сахараў.
[4] Метрыка Вялiкага Княства Лiтоўскага. Архiў Канцылярыi вялiкага Князя Лiтоўскага. Кнiга 28. (1522—1552). Кнiга запicаў 28 (Копiя канца XVI ст.). Менск, 2000.
[5] Падрабязней гл.: Список печатных трудов Каштанова С.М. / Сост. Г.А. и О.И. Елисеевы, Л.В. Столярова, О.И. Хоруженко // У источника. Сборник статей в честь члена–корреспондента Российской Академии наук Сергея Михайловича Каштанова. Москва, 1997. Ч. 1. С. 26—59.
[6] Гэты ўзровень цягам апошняй трэці ХХ ст. вызначаўся ў асноўным рукапіснымі „Методическими рекомендациями по изданию „Актов Русского государства“ С.М. Каштанава, якія пабачылі свет толькі ў 1998 г. Гл.: Каштанов С.М. Актовая археография. Москва, 1998. С. 143—232
[7] Акты Русского государства. Москва, 1975; Акты Российского государства. Москва, 1999. Пра іх гл.: Хорошкевич А.Л. Акты, акты и еще раз акты… Новые миры средневековой Руси, эдиционная техника и научная традиция // Отечественная история. 2000. № 5. С. 127—138.