Слова пра Улашчыка
Згадкі сучаснікаў і паслядоўнікаў
Мне, на вялікі жаль, не давялося супрацоўнічаць з гэтым выдатным вучоным. Ведаў яго з 1960-х, калі ён, прыязджаючы ў Мінск, некалькі разоў заходзіў у Інстытут гісторыі АН БССР да К.І.Шабуні, загадчыка сектара гісторыі Беларусі перыяда капіталізму, у якім я працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. Пытанні, якімі я займаўся ў той час, здаваліся мне далёкімі ад навуковых інтарэсаў Мікалая Мікалаевіча. У яго ж тады былі свае клопаты, звязаныя з імкненнем перавесціся на працу ў наш інстытут, вярнуцца на радзіму. Ня ведаю, хто і на якім узроўні вырашаў гэтае пытанне, але вырашылася яно ўрэшце не на карысць Мікалая Мікалаевіча і беларускай гістарычнай навукі. Быў, відаць, і супраціў з боку кіраўнікоў інстытута, выхаваных у 30-40-я гады на догмах «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Для іх, артадаксальных бальшавікоў-ленінцаў, былы «нацдэм» Улашчык, рэпрэсаваны ў ліку першых яшчэ ў канцы 1920-х, быў зусім чужы па духу чалавек, які мог парушыць ідылічнае супрацоўніцтва Інстытута з ідэалагічным аддзелам ЦК КПБ у справе гістарыяграфічнага забеспячэння курса партыі на паскоранае зліццё беларускага народа з «старэйшым братам».
Не дапусціўшы Мікалая Мікалаевіча да працы ў Акадэміі навук Беларусі, людзі, якія вырашалі ягоны лёс, нанеслі вялізарную шкоду беларускай гістарычнай навуцы. Найперш у справе падрыхтоўкі кадраў. Няма сумнення, што Улашчык як спецыяліст найвышэйшага класа ў галіне крыніцазнаўства гісторыі Літвы-Беларусі эпохі сярэднявечча і новага часу, як вучоны шырокага кругагляду і высокасумленны чалавек, начыста пазбаўлены кар’ерысцкіх памкненняў, да канца адданы інтарэсам навукі, змог бы стварыць на радзіме моцную і аўтарытэтную навуковую школу. За 20-25 гадоў, якія заставалася пражыць Мікалаю Мікалаевічу, яе прайшлі б дзесяткі аспірантаў і дактарантаў. Сёння яны мелі б сваіх вучняў. І ўзровень гістарычнай навукі, а разам і адукацыі ў нас быў бы значна вышэйшы. Не было б балючай праблемы, звязанай са стварэннем і разгортваннем дзейнасці Археаграфічнай камісіі, якой у Беларусі (на здзіўленне ўсіх суседніх краін) няма да гэтага часу. М.М.Улашчык мог вырашыць яе яшчэ ў 1960-я г. Лепшай кандыдатуры на пасаду старшыні камісіі не было тады, няма, на жаль, і зараз.
13.VІ.1996.
Міхась Біч
* * *
Неацэнная заслуга Міколы Улашчыка мне бачыцца ў тым, што ў час жорсткага таталітарнага рэжыму, калі бязлітасна вынішчалася нашая гістарычная памяць, ён, воляю лёсу адарваны ад роднай беларускай зямлі, але непарыўна духоўна звязаны з ёй, глыбока даследаваў нашую гісторыю і выдаваў нашыя летапісы. Гэтым самым ён адкрываў нам нашую багатую мінуўшчыну, што ў далейшым і стала адным з важнейшых чыннікаў нашага нацыянальнага і дзяржаўнага адраджэння.
10.ІХ.1995
Мікола Ермаловіч
* * *
Успамінаючы Улашчыка, адчуваеш захапленне яго глыбокай, самавітай асобай, яго класічнымі, грунтоўнымі працамі, заўсёднай вострай зацікаўленасцю ў справах роднай культуры. Гэта сапраўдны волат, якому многае было дадзена. Адчуваеш і шкадаванне, нават гаркату, што яму не ўдалося цалкам рэалізаваць свой дар. Як кажуць, даследчык ад Бога, Гісторык з вялікай літары, ён і сам — у сталінскае ліхалецце — трапіў быў пад цяжкое кола Гісторыі, з-пад якога толькі цудам выкараскаўся. На шчасце, яго не расціснула, хоць добра-такі падмяла і адшпурнула ў бок. Але і будучы штучна вырваным з роднай глебы, ён здолеў, як мала хто, быць карысным сваёй Бацькаўшчыне. Як сланечнік цягне голаў да сонца, так і ён, працуючы на водшыбе (дзякуй вучонай Маскве, што падала руку), упарта паварочваў тэмы сваіх даследаванняў у адным кірунку, спачатку яшчэ нібыта пад нейкім прыкрыццём («…у Літве і Заходняй Беларусі»), а потым і зусім адкрыта. 1 ён стаўся адным з лепшых нацыянальных Гісторыкаў, імя якога сёння па праву чытаецца ў адным шэрагу з імёнамі Доўнар-Запольскага, Ластоўскага, Ігнатоўскага.
10.ІХ. 1995
Генадзь Кісялёў
* * *
На маю думку, Мікалай Улашчык прадоўжыў тую традыцыю ў беларускай гістарыяграфіі, якая бярэ свой пачатак ад Мітрафана Доўнар-Запольскага. У іх асабістых лёсах і гістарычных працах можна знайсці многа як прамых, так і ўскосных паралеляў: абодва любілі Беларусь і былі вымушаны жыць, працаваць і памерці далёка ад роднай зямлі; абодва не замыкаліся на асобным перыядзе або гістарычнай тэме, а пакінулі пасля сабе шырокую панараму беларускай гісторыі; абодва, з’яўляючыся гісторыкамі-класікамі, могуць у поўнай меры лічыцца «роднымі» і для этнографаў. Гэта асаблівы стан роднасці — роднасць даследчыкаў.
Я добра памятаю, як пад час нашай апошняй сустрэчы ў маскоўскай кватэры Мікалая Мікалаевіча, на Ленінградскім прашпекце, літаральна побач з Беларускім вакзалам, ён перадаў са мною ў Мінск, у Музей гісторыі Акадэміі Навук Беларусі, арыгінал фатаграфіі часоў Інбелкульту, зроблены на раскопках гарадзішча Банцараўшчына, што на Міншчыне. На ёй яны побач, — студэнт Улашчык з рыдлёўкаю, і прафесар Доўнар-Запольскі. Гэтая фатаграфія была амаль што адзіным матэрыяльным напамінам аб далёкіх 20-х гадах, які Мікалаю Мікалаевічу ўдалося захаваць пад час турмы і высылкі.
Наша сустрэча адбылася за некалькі месяцаў да смерці М.Улашчыка. Ён цяжка хварэў, але ж некалькі разоў на працягу нашай гутаркі звяртаўся да таго, што было яго не цялесным, а душэўным болем. Яго непакоіў лёс асабістага архіву і картатэкі, ён з горыччу ўспамінаў, колькі разоў прасіў даць яму аспірантаў з Беларусі, а ў адказ — адмова.
Сёння для мяне спадчына Мікалая Улашчыка — прыклад узорных гістарычных прац з бездакорнай гістарычнай аб’ектыўнасцю, дасканаласцю даведачнага апарата, строгай логікай навуковага даследавання і метадалогіяй, якая не стаіць побач, а літаральна пранізвае ўсю тканіну гістарычнага даследавання.
Ён валодаў даволі рэдкай для гісторыка, ды і наогул для вучонага, якасцю: гаварыць ня толькі пра тое, што ведаеш, але і смела зазначаць праблемы, абумоўленыя непаўнатою або адсутнасцю крыніц, ці малавывучанасцю тэмы. У яго працах ёсць месца здагадцы і гіпотэзе, аднак няма месца вынаходніцтву гісторыі.
Паўтарыць Міколу Улашчыка нельга, за ім можна толькі пайсці далей.
1995.
Андрэй Кіштымаў
* * *
Мікалай Улашчык у маім усведамленні ня толькі слынны вучоны-гісторык, але і чалавек высокага абавязку, які, будучы шчыра адданым беларускай справе, умеў захапіць патрыятычным гарэннем маладыя навуковыя сілы, каб сумленна служыць сваёй Айчыне праз пазнанне мінуўшчыны.
11.IX.1995.
Леў Мірачыцкі
* * *
Мікалай Мікалаевіч Улашчык — узор мужнасці, адданасці Гісторыі і роднай мове.
12.VI.1996.
Віталь Скалабан.
* * *
Постаць Мікалая Улашчыка бачу ў беларускай гістарычнай навуцы як найбольш адметную, і з гэтай прычыны вельмі драматычную. Фактычна, ён прадоўжыў справу В.Ластоўскага, Ул.Ігнатоўскага, М.Доўнар-Запольскага і іншых беларускіх вучоных, якія бачылі ў гісторыі сваёй зямлі крыніцу яе сілы і велічы, якія імкнуліся давесці свайму народу, што яму ёсць чым ганарыцца, і што ён здатны да самастойнага жыцця, і мае на яго поўнае права.
11.ІХ.1995.
Ганна Сурмач
* * *
Чалавека, які тройчы прайшоў пекла савецкага Гулага і змог ня толькі фізічна і духоўна выстаяць, але і здзейсніць навуковы подзвіг, нельга не назваць Тытанам. Мікола Улашчык быў сапраўдным тытанам беларускага Адраджэння XX ст. Сваёю магутнаю асобаю ён злучыў два яго крылы, дзве эпохі нашай культурнай гісторыі, — першай і апошняй трэці нашага стагоддзя. Ён быў апосталам гістарычнай праўды аб беларускай мінуўшчыне, мужна і годна пераняў яе ад выдатных гісторыкаў М.Доўнар-Запольскага і В.Ластоўскага, У.Ігнатоўскага і У.Пічэты, і перадаў яе нам. Ён захаваў і перадаў нам таксама малады запал, энергію і аптымізм нашаніўцаў, узбагаціўшы іх глыбокім і цвярозым разуменнем складаных рэалій сталага Адраджэння. Можа як ніхто іншы, ён умеў за сухімі фактамі дакументаў бачыць лёсы нашых продкаў, чуць жывыя галасы мінулых эпох. Мікола Улашчык быў вялікім патрыётам нашай Бацькаўшчыны, самаахвярна імкнуўся вярнуць свайму народу яго тысячагадовую спадчыну, адрадзіць яго гістарычную памяць. У беларускай гісторыі, бацькоўскай мове, у роднай зямлі ён, як Антэй, чэрпаў сілы і натхненне. Велічны жыццёвы і навуковы подзвіг Міколы Улашчыка — яркі прыклад жыватворчай моцы і неадольнасці нашага нацыянальнага Адраджэння, невычэрпнасці і нязломнасці беларускага народнага духу.
12.VІ.1996.
Вячаслаў Чамярыцкі
Прэзідэнту Акадэміі Навук БССР
Просім абмеркаваць кандыдатуру доктара гістарычных навук Мікалая Мікалаевіча Улашчыка пры наступных выбарах членаў-карэспандэнтаў АН БССР.
М.М.Улашчык з’яўляецца выдатным савецкім гісторыкам, даследаванні якога прысвечаны пераважна гісторыі Беларусі і Літвы ХVІ-ХІХ стагоддзяў. Асаблівую вартасць мае капітальная манаграфія М.М.Улашчыка «Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии», у якой паказаны складаныя ўмовы эканомікі сельскай гаспадаркі і класавай барацьбы ў Заходняй Беларусі і Літве.
Вельмі вялікія дасягненні мае М.М.Улашчык у галіне вывучэння археаграфіі і гістарычных першакрыніц. Выключнае значэнне набыла манаграфія М.М.Улашчыка «Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода», якая найбольш поўна асвятляе як гісторыю развіцця гістарычнай навукі, так і гісторыю культуры Беларусі.
Шмат зрабіў М.М.Улашчык у выяўленні, даследаванні і публікаванні беларускіх летапісаў — яго навуковая заслуга ў гэтай справе непараўнальная («Хроніка Быхаўца», 32 том Поўнага збору рускіх летапісаў і інш.).
Навуковыя працы М.М.Улашчыка шырока вядомыя як у нашай краіне, так і за яе межамі, значная частка іх перакладзена на польскую мову.
Усё гэта дае нам пэўныя падставы раіць доктара гістарычных навук М.М.Улашчыка для абрання ў члены-карэспандэнты АН БССР.
7.ІІІ.1973
Акадэмікі АН БССР
П.У.Броўка
Г.І.Гарэцкі
Дадаткі:
1. Анатацыя навуковых прац М.М.Улашчыка.
2. Водгук аб працах М.М.Улашчыка, складзены доктарам гістарычных навук АА.Навасельскім.
3. Водгук на манаграфію М.М.Улашчыка «Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода».
4. Да 60-годдзя Мікалая Мікалаевіча Улашчыка. Часопіс «История СССР», 1966.3.
5. Спіс навуковых прац М.М.Улашчыка.
6. Аўтабіяграфія М.М.Улашчыка.
7. М.М.Улашчык — афіцыйны апанент пры абароне доктарскіх дысертацый.