БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Вайда Камунтавічэне. Каталіцкія парафіі слонімскага дэканата віленскага біскупства ў XVII ст.


У XVII ст. каталіцкі касцёл на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага перажываў перыяд росквіту. За час Рэфармацыі ён дабіўся перамогі над пратэстанцкімі плынямі, а пасля Берасцейскай уніі з праваслаўнай царквой разгарнуў актыўную дзейнасць на землях цяперашняй Беларусі. Захады па ўкараненні каталіцкага касцёла ў Вялікім Княстве, яго адносіны з тутэйшымі жыхарамі мала даследаваны ў гістарыяграфіі. Пры комплексным вывучэнні гісторыі каталіцтва ў ВКЛ неабходна перадусім прааналізаваць стан касцельных парафій. У працах, прысвечаных касцёлу ў Княстве, амаль не асвятляецца яго дзейнасць на землях сучаснай Беларусі ў XVII ст. Нядаўна выдадзены беларускі энцыклапедычны даведнік, прысвечаны каталіцкім храмам[1], пакідае непатлумачаным шэраг пытанняў аб стварэнні касцёлаў ды іх развіцці на беларускіх землях.

За мэту гэтага даследавання ўзяты мікрагістарычны ана­ліз слонімскага дэканата віленскага каталіцкага біскупства. У якас­ці галоўнай крыніцы выкарыстаны акты інспектаванняў ка­таліцкіх касцёлаў слонімскага дэканата ад 1633, 1653, 1668 г., што захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага універсітэта[2]. Апрача інспекцыйных актаў, скарыстаны інвентарныя спісы асобных касцёлаў слонімскага дэканата XVII––XVIII ст. Задачамі аўтара было паказаць становішча каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце (акцэнт рабіўся на падтрымку насельніцтвам каталіцкіх парафій і іх грамадскі ўплыў); асвятліць развіццё брацтваў, лякарняў і школ; ахарактарызаваць жыхароў дэканата і каталіцкай касцельнай эліты.

Спіс касцёлаў слонімскага дэканата на працягу XVII ст. мяняўся: пад час асобных інспекцый яны залічваліся то да аднаго, то да другога дэканата. У дадзенай працы вядзецца пра касцёлы, аднесеныя да слонімскага дэканата біскупскім сінодам, зладжаным біскупам Аляксандрам Сапегам у 1669 г. Паводле гэтага спіса, да слонімскага дэканата належалі чатырнаццаць парафій: Слонім, Дарава, Палонка, Мыш, Ляхавічы, Сталовічы, Задзвея, Гарадзішча, Ельня, Усялюб, Дзятлава, Дварэц, Раготна, Моўчадзь[3].

Пры даследаванні гісторыі парафій слонімскага дэканата прыдаліся прысвечаныя віленскаму біскупству працы Яна Курчэўскага і Ежы Ахманьскага[4], карысныя ў вызначэнні этапаў і адметнасцяў уваходу каталіцкага касцёла да названага рэгіёну, а таксама праца Міндаўгаса Пакніса, у якой вядзецца пра касцельных мецэнатаў на землях ВКЛ у XVII ст.[5] Стаўленне каталіцкага касцёла да Рэфармацыі тлумачаць даследаванні Інгі Лукшайтэ[6], пра палітычную сітуацыю можна атрымаць уяўленне з працаў Генадзя Сагановіча[7].

Інспекцыйныя акты з’яўляюцца незаменнай крыніцай даследавання касцельнай гісторыі, аднак іх не стае, каб вы­значыць даты заснавання каталіцкіх храмаў: пробашчы, за адсутнасцю фундацыйных дакументаў, часцяком не помнілі ці памылкова пазначалі дату закладкі касцёла і фундатараў, якія ініцыявалі яго будову ды забяспечвалі землямі ці ін­шымі, неабходнымі для ўтрымання парафіі, прыбыткамі. Даты за­снавання спраўджваліся намі па працах Е. Ахманьскага, Я. Кур­чэўскага, М. Пакніса — тым не менш, наспявае па­трэба адшукаць самі фундацыйныя дакументы, каб дакладней вы­значыць прыведзеныя даты.

Узнікненне парафій слонімскага дэканата

У другой палове XV ст., з ініцыятывы Казіміра Ягайлавіча і шляхты ВКЛ, пачалі засноўвацца каталіцкія парафіі ў наваколлі Слоніма. Да 1492 г. вялікі князь заснаваў касцёлы ў Слоні­ме (у 1493 г. быў асвечаны драўляны храм), Дзятлаве ды Моўчадзі[8].

У XV ст., а таксама ў першай палове XVI ст., шляхта заснавала восем каталіцкіх касцёлаў. У 1437 г. быў закладзены касцёл у Палонцы[9]: у актах інспекцыі ад 1653 г. сцвярджаецца, што яго заснаваў шляхціч Рачко (Raczko)[10] у часы вялікага князя Аляксандра. У 1466 г. быў закладзены касцёл у Раготне[11], спустошаны набегам татараў; 27 кастрычніка 1551 г. яго дзейнасць была адноўлена пробашчам Мацеем Жміеўскім ды віленскім біскупам Паўлам Альшанскім[12]. Касцёл ва Ўсялюбе заснавалі Мікалай Неміровіч і полацкі ваявода Станіслаў Давойна[13]. 28 кастрычніка 1494 г. Нікастратам Валадковічам быў заснаваны першы драўляны касцёл у Гарадзішчы, дзейнасць якога перапыніў татарскі набег[14]. Прыблізна ў 1460 г. паўстаў касцёл у Ельні, заснаваны віленскім ваяводам і канцлерам ВКЛ Міхалам Кязгайлавічам. У 1516 г. Мікалай Кязгайлавіч перадаў касцёлу зямельныя ўладанні[15]. Тым жа актам быў створаны і забяспечаны касцёл у Дварцы, прызначаны філіяй касцёла ў Ельні[16]. Паводле Е.Ахманьскага, касцёл у Дараве закладзены ды забяспечаны начыннем (убраннем) у 1540 г.[17]. У актах інспектавання сцвярджаецца, што ў 1510 г. яго фундаваў Марцін Пянтковіч з жонкай Аленай Алехаўнай[18]. Касцёл у Ляхавічах, згодна з Е.Ахманьскім, заклалі каля 1552 — 53 г.[19], а паводле іншых звестак, ён паўстаў у 1535 г. стараннямі А.М.Гаштаўта і напрыканцы XVI ст. згарэў[20].

Тры наступныя касцёлы закладзены ў першай палове XVII ст. Наваградскі харужы Юры Галаўня, разам з жонкай Рэгінай Кавачынскай–Галаўнёй, заснаваў касцёл у Задзвеі. Драўляны храм быў збудаваны прыблізна ў 1610 г. і надзелены зямельнымі ўладаннямі 9 жніўня 1617 г.[21]. У 1600 г. троцкі ваявода Аляксандар Хадкевіч заклаў у Мышы драўляны касцёл[22]. 7 сту­дзеня 1624 г. на ўтрыманне касцёла пробашчу былі перада­дзе­ны зямельныя надзелы[23]. Каля 1632 г. князь Алыкі і Нясвіжа, кавалер мальтыйскага ордэна Жыгімонт Караль Радзівіл збудаваў драўляны касцёл у Сталовічах[24]. Прыблізна ў 1638 г. побач з касцёлам была закладзена латэранская капліца Святой Панны Марыі[25].

5 студзеня 1632 г., пастановай віленскага біскупа, парафіяльныя правы атрымаў драўляны касцёл у Дварцы, адбудаваны мінскім старастам Крыштапам Завішам[26].

Такім чынам, падмурак слонімскага дэканата закладзены ў XV ст., калі было заснавана восем парафіяльных касцёлаў. У XVI ст., у выніку рэфармацыйных уплываў, працэс распаўсюду каталіцкага касцёла запаволіўся — былі закладзены толькі два касцёлы і адна філія. У першай палове XVII ст. распачалі дзейнасць яшчэ тры парафіяльныя касцёлы, ды філія ў Дварцы здабыла правы самастойнай парафіі.

Развіццё парафій у першай палове XVII ст.

На мяжы XVI і XVII ст. працэс Рэфармацыі запаволіўся, пачалася рэформа каталіцкага касцёла, узнялася цікавасць да стану каталіцкіх парафій. Аднаўленне старых і з’яўленне новых фундацый істотна паспрыяла дзейнасці касцёлаў. Названыя працэсы не прамінулі і слонімскі дэканат.

Віленскі ваявода Леў Сапега апекаваўся парафіяльнымі касцёламі ў Слоніме і Дзятлаве. Ён збудаваў ды забяспечыў сродкамі парафіяльны касцёл св. Андрэя ў Слоніме, заснаванне якога 15 сакавіка 1595 г. абвясціў Жыгімонт Ваза. Аднак, прыблізна ў 1650 г., калі ў Слонім пераехалі аўгустынцы, мураваны храм быў перададзены ім, насуперак пратэстам пробашча Казіміра Паца. На патрэбы парафіі быў пакінуты драўляны касцёл[27]. У 1646 г. у Дзятлаве падканцлер ВКЛ Казімір Лявон Сапега, спадчыннік маёнткаў канцлера Льва Сапегі, збудаваў мураваны касцёл[28].

Іншыя прадстаўнікі шляхты Вялікага Княства таксама апе­ка­валіся каталіцкімі храмамі, дбалі пра паляпшэнне іх фінан­са­вага становішча. На мяжы XVI—XVII ст. Ян Караль Хадкевіч збу­даваў новы касцёл у Ляхавічах, асвечаны ў 1600 г. ві­лен­скім біскупам Бенедыктам Войнам[29]. 8 кастрычніка 1600 г. Бар­таламей Рэміюш (Рэмеш) заклаў касцёл у Раготне[30]. Драў­­ля­­ны храм у Палонцы ў 1623 г. адбудаваў наваградскі харужы, пазнейшы кашталян Ян Рудаміна Дусяцкі[31]. Прыблізна ў 1617 г. віленскі канонік Альберт Сялява ўзвёў касцёл у Дараве[32].

Цяжка сказаць, колькі каталіцкіх храмаў у часы Рэфармацыі было пераведзена ў пратэстанцкія. Паводле І.Лукшайтэ, пад канец XVI ст. у Гарадзішчы дзейнічаў кальвінскі касцёл[33]. Пасля згасання Рэфармацыі ў Гарадзішчы паўстаў мураваны каталіцкі касцёл, заснаваны 20 мая 1632 г. наваградскім падстоліем Крыштапам Камінскім з жонкай Аленай Друцка–Горска–Камінскай (пазней Курчовай). К.Камінскі памёр перад завяршэннем будовы, аднак тастаментам прызначыў грошы на дабудову і загадаў заняцца гэтым жонцы ды сыну Яну Камін­скаму. Волю памерлага здзейснілі: касцёл быў скончаны пад 1642 г.[34]

З актаў інспекцыі бачна, што касцёлы ў Дараве, Усялюбе, Раготне трапілі ў рукі „ерэтыкоў“. Каталіцкі касцёл у Дараве фармальна існаваў да 1633 г., аднак у вельмі занядбаным стане: толькі ў 1640 г., калі за справу ўзяўся пробашч, віленскі канонік Лаўрэнці Мацарскі, храм канчаткова забралі ў рэфарматаў, пабудавалі новы будынак[35]. Каталіцкі касцёл ва Ўсялюбе дзякуючы ўплывам Мікалая Радзівіла ў 1576—1642 г. функ­цыяваў як кальвінскі збор[36]. Пасля працяглых судовых працэсаў у наваградскіх земскіх судах, трыбуналах, а таксама пасля ўмяшання самога Лаўрэнція Мацарскага 16 чэрвеня 1642 г. касцёл быў вернуты каталікам.[37]. Храм у Раготне спа­гналі з рэфарматаў паміж 1634—1653 г., што адбылося спрыяннямі пробашча Ельні і Раготны Тамаша Пячкоўскага. У руках рэфарматаў ён знаходзіўся больш за дзесяць гадоў. Касцёл вярнулі запушчаным, ім заняўся маршалак ВКЛ Крыштап Заві­ша, які адпісаў храму 400 злотых ды зямельныя ўладанні з сялянамі[38].

Дзейнасць занядбанага касцёла ў Ляхавічах узнавіў Лаўрэнці Мацарскі[39]. Як бачым, за той час яго спрыяннямі былі адноўлены тры касцёлы: у Дараве, Усялюбе ды Ляхавічах. Ён застаўся пробашчам ва ўсіх трох і толькі ў 1650 г. перадаў касцёл ва Ўсялюбе сваяку Андрэю Мацарскаму[40].

Пасля спагнанняў касцёлы былі адрамантаваныя, нанова асвечаныя, ім прызначылі дадатковыя фундацыі. У 1642 г. метоньскі біскуп, віленскі суфраган ды канонік Станіслаў Няборскі асвяціў два касцёлы слонімскага дэканата: 23 чэрвеня ў Гарадзішчы і 2 ліпеня ў Ельні[41].

Як бачна з інспекцыйных матэрыялаў, стан каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце да 1653 г. палепшыўся: былі пераадолены страты часоў Рэфармацыі, выправілася фінансавая сітуацыя. Сітуацыя пагоршылася ў сувязі з войнамі 1654–1655 г. Рэчы Паспалітай са Швецыяй і Расіяй, акупацыяй ВКЛ, голадам і маравой пошасцю, якія забралі каля паловы насельніцтва ВКЛ.

Становішча пасля войнаў сярэдзіны XVII ст.

У 1655 г. расійскае войска пустошыла наваколле на сваім шляху да Вільні. Ратнікі Аляксея Трубяцкога спалілі Мыш, Сталовічы, Слонім разам з навакольнымі пасяленнямі. У ваколіцах Слоніма бітвы ўзнавіліся ў 1660 г. Каля Палонкі войска ВКЛ разам з аддзеламі Стэфана Чарнецкага, прыбылымі з Польшчы, разбіла войска Івана Хаванскага, і неўзабаве пачалося адступленне царскай арміі з земляў Княства[42]. У 1660 г., праз шэсць месяцаў, аблогу перацярпелі Ляхавічы. У 1660—1661 г. перамога Рэчы Паспалітай прадвызначыла канец вайны, а ў 1667 г. быў падпісаны Андрусаўскі мір з Расіяй.

Войны сярэдзіны XVII ст. разбурылі дасягнутае каталіцкім касцёлам за апошнія 50 гадоў. У слонімскім дэканаце былі зруйнаваны касцёлы ў Слоніме, Палонцы, Мышы, Дараве, Ляхавічах, Сталовічах, Задзвеі, Ельні, Дварцы і Раготне. Ацалелі толькі тры мураваныя храмы ў Дзятлаве, Усялюбе і Гарадзішчы[43], а таксама драўляны касцёл у Моўчадзі[44].

Пасля вайны паўстала патрэба ўзвядзення пабураных храмаў. Звычайна іх адбудоўвалі на старых падмурках. Новыя касцёлы на месцы зруйнаваных былі ўзведзены ў пяці мясцовасцях: у Дварцы (1667), Ельні (1667), Ляхавічах, Сталовічах i ў Мышы[45]. За адбудову храма ў Дварцы ўзяўся маршалак ВКЛ Крыштап Завіша. Касцёл у Ельні фундавала і пабудавала Зоф’я Мар’яна Адахоўска–Альшэўска[46]. Касцёл у Ляхавічах адбудаваў тамтэйшы пробашч, смаленскі канонік Мельхіёр Такарскі[47]. У Сталовічах новы драўляны касцёл быў узведзены на сродкі, пакінутыя тастаментам наваградскага кашталяна, кавалера мальтыйскага ордэна Мікалая Юдыцкага[48].

З–за недахопу сродкаў чатыры старыя касцёлы (у Слоніме, Раготне, Задзвеі і Дараве) у 1668 г. былі зведзены да капліц[49]. Капліцай ў Дараве апекаваліся манахі–аўгустынцы, а старэйшы прэпазіт слонімскага кляштара Аляксандр Галімскі быў адначасова і пробашчам у Дараве[50]. Яшчэ горшая доля спасцігла касцёл у Палонцы: пасля вайны дзейнасць парафіі не аднавілася. Каталікоў з наваколля Палонкі абслугоўвала парафія Задзвеі[51].

З дадзенага апісання можна зрабіць выснову, што страты, панесеныя за час войнаў сярэдзіны XVII ст., перасягнулі ўзровень стратаў, абумоўленых Рэфармацыяй. Вяртанне былога становішча вымагала вялікіх высілкаў і фінансаў, аднак да 1668 г. гэтага зрабіць не ўдалося. Так, напрыклад, будову касцёла ў Раготне скончылі толькі пад 1673 г., дзякуючы сродкам, дадзеным менскім старастам і сакратаром ВКЛ Андрэем Казімірам Завішам[52].

Каталіцкая духоўная і шляхецкая эліта
ў слонімскім дэканаце

Развіццю каталіцкіх касцёлаў у слонімскім дэканаце спрыялі выдатныя дыгнітарскія роды — уладальнікі дэканацкіх земляў: найперш Сапегі, якія апекаваліся касцёламі ў Слоніме, Ляхавічах, Дзятлаве, а таксама Радзівілы, што ахвяравалі сродкі на дзейнасць касцёлаў у Сталовічах, Усялюбе ды Моўчадзі. У XV—XVI ст. парафіямі дэканата займаліся Кязгайлавічы — фундатары касцёлаў у Ельні і Дварцы. Потым клопат пра храм у Дварцы ўзялі на сябе Завішы, якія апекаваліся таксама і парафіяй у Раготне. Хадкевічы, у сваю чаргу, фінансавалі дзейнасць касцёла ў Мышы. Шляхецкі род Камінскіх дбаў пра касцёл у Гарадзішчы, а Галаўня фінансаваў касцёлы ў За­дзвеі, Рудаміне, Палонцы ды інш.

Адсюль бачна, што каля паловы касцёлаў фінансаваліся са сродкаў дыгнітарскіх родаў. Гэтыя фаміліі найбольш спрычыніліся да ўмацавання пазіцый каталіцкага касцёла ў сло­німскім дэканаце — не толькі будавалі касцёлы, але за­сноў­валі і фінансавалі лякарні ды парафіяльныя школы.

Апрача шляхты — фундатараў і апекуноў каталіцкіх парафій — важную ролю адыгрывалі прадстаўнікі дэканацкага духавенства. Сярод імёнаў пробашчаў, якія працавалі ў дэканаце, варта згадаць двух дактароў тэалогіі: прыблізна ў 1668 г. ельненскім пробашчам служыў доктар тэалагічных навук Юзаф Папуцэвіч[53], у Слоніме з 1618 г. да канца 40–х г. пробашчам быў Ян Забжэскі (Zabrzeski)[54]. Пасля яго ў 1644 г. гэтае месца заняла іншая значная ў святарскім асяродку XVII ст. асоба — Казімір Пац[55], былы смаленскі і віленскі канонік, які ў 1664 г. стаў смаленскім, а ў 1667 г. жамойцкім біскупам.

Як ужо згадвалася, ва ўзнаўленні дзейнасці парафій сло­нім­скага дэканата ў паваенны час адметную ролю адыграў Лаў­рэнці Мацарскі, віленскі канонік у 1648—1657 г. Ві­ленскім канонікам быў і пробашч дзятлаўскай парафіі Адальбэр Млынэцкі[56], парафіяй у Ляхавічах тым часам кіраваў смаленскі канонік Мельхіёр Такарскі. Гэтае кола святароў утва­рала касцельную эліту XVII ст., чыя дзейнасць была асабліва значнай у часы, калі каталіцкі касцёл мусіў чыніць супраціў Рэфармацыі, а таксама пасля вайны, калі прыкладаліся намаганні аднавіць патэнцыял каталіцкага касцёла.

Жыхары слонімскага дэканата

У інспекцыйных актах змешчана інфармацыя пра рэлігіі, вызнаваныя жыхарамі паасобных парафій. У 1633 г. насель­ніц­тва слонімскага дэканата ў веравызнанні было неаднародным. Побач жылі каталікі (latini), уніяты (graeci uniti), права­слаўныя (schizmatici або rutheni) ды рэфарматы (haeretici). Цяжка вызначыць як прапорцыю, так і пераважную канфесію. Найчасцей інспектар акрэсліваў насельніцтва наступным чынам: уніяты грэцкага абраду жывуць мяшана з каталікамі (mixti graeci uniti cum latinis).

У 1633 г. згадваюцца нешматлікія пратэстанты, у некаторых парафіях іх зусім не было. Не згадваючы пра рэфарматаў, апісваюцца парафіі ў Ляхавічах, Мышы ды Задзвеі[57]. У Моўчадзі быў толькі адзін „ерэтык“ Жандкіўскі[58], у Слоніме два[59], у Ельні пратэстанцтва вызнавалі Маклок з жонкай — былы каталік, ды Свайкоўскі — ранейшы праваслаўны[60]; некалькі рэфарматаў шляхецкага стану было ў парафіі Гарадзішча[61], і г. д. Прыведзеныя звесткі пацвярджаюць прынятае ў гістарыя­графіі меркаванне, што ў першай палове XVII ст. на землях ВКЛ пратэстанцтва паступова знікала.

Сярод шляхты ў 1633 г. у слонімскім дэканаце заставалася трохі праваслаўных родаў. Найбольш іх названа ў Гарадзішчы, дзе „схізматыкамі“ былі такія шляхцічы, як Барадзеж, Ту­кала, Свайкоўскі, Пятрашэвіч, Гаціскія, Трызны, Таханоў­скія[62]. У Гарадзішчы жыло больш праваслаўных, чым рэфар­ма­таў. У іншых парафіях згадваецца, што праваслаўных меншасць, або зусім не адзначана іх прысутнасць[63]. Такі стан рэчаў сведчыць, што ў першай палове XVII ст. на тэрыторыі сло­нім­скага дэканата ўжо ажыццявіліся пастулаты Берасцейскай уніі.

Якім чынам суіснавалі жыхары розных канфесій? Пра тое, што канфлікты здараліся, сведчыць выпадак, зафіксаваны ў Моўчадзі. Тамтэйшы пробашч, незадаволены тым, што праваслаўны святар вянчаў каталікоў у царкве[64], зганіў змяшаныя шлюбы каталікоў з праваслаўнымі. Прыведзены кан­флікт, аднак, не перарос у рэлігійную вайну.

Інфармацыя пра канфесійны склад жыхароў дэканата, змешчаная ў інспекцыйных актах 1653 г., значна бяднейшая, чым у актах ад 1633 г. Звесткі па гэтым пытанні знаходзім толькі ў апісаннях чатырох парафій (Ельня, Мыш, Раготна, Слонім). Апісанні сведчаць, што рэлігійнае размежаванне супадала з сацыяльным. Усе прадстаўнікі шляхты былі каталіцкага вызнання, у той час як сяляне звычайна належалі да уніяцкай царквы[65]. Бачна істотная дынаміка веравызнанняў у слонімскім дэканаце ў 1633—1653 г.: на працягу дваццаці гадоў дэканат зазнаваў выразны працэс пераходу шляхецкага насельніцтва ў каталіцтва. Тэндэнцыя распальвалася палітыкай дзяржавы, якая аддавала перавагу адной канфесіі перад астатнімі, абмяжоўваючы прадстаўнікам іншых вызнанняў магчымасць займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Інфармацыя пра status animarum супольнасці, змешчаная ў інспекцыйных дакументах ад 1668 г., значна больш змястоўная. Хоць сярод прадстаўнікоў шляхты дамінавалі каталікі, падкрэсліваецца наяўнасць асоб іншых вызнанняў. У Дварцы жыла лютэранка пані Зелянёва[66], у Ельні пазначана сем каль­вінісцкіх сем’яў, некалькі мусульманскіх — найчасцей татар­скага паходжання[67]. У Раготне быў толькі адзін некаталік — Уладыслаў Зянкевіч (на жаль, інспектар не згадвае ягоную веру)[68].

Параўноўваючы дадзеныя ад 1668 г. са звесткамі папярэдніх інспектаванняў, можна заўважыць змены ў веравы­знанні сялянства. У Дзятлаве i Ўсялюбе яшчэ заставаліся сяляне праваслаўныя[69], аднак у 1668 г. каталіцтва інтэнсіўна пашыралася і ў гэтай грамадскай групе. У інспекцыйных актах пазначаецца, што ва Ўсялюбе, поруч з праваслаўнымі, частка сялян вызнае каталіцтва, а частка належыць да уніяцкай царквы[70], у Задзвеі вядзецца пра сялян — каталікоў ды уніятаў[71], і г.д. Вяртаннем сялян у каталіцтва займаўся не толькі касцёл, але і шляхта каталіцкага вызнання. Сяляне ў Ляхавічах — ritus graeci — на ўзор шляхты ішлі да каталіцкага касцёла і прымалі таемствы[72]. Нявыключана, што шляхта змушала іх да гэтага. Тым не менш, паступова слонімскі дэканат рабіўся ката­ліц­кім, паколькі дзяржаўны статус касцёла адыгрываў істотную ролю ў яго пашырэнні ў неаднародным асяродку. Найхутчэй дадзенай тэндэнцыі скарылася шляхта, якая хацела атры­маць доступ да палітычнага жыцця і дзяржаўнай кар’еры, а следам за ёй скіравалася сялянства.

Дзейнасць касцельных брацтваў

З часоў Трыдэнцкага сабору каталіцкі касцёл стымуляваў стварэнне касцельных брацтваў, прызначаных у дапамогу пробашчам пашыраць веру ў парафіі, набліжаць касцёл да вернікаў, далучаць іх да працы па разбудове касцёла. Касцельныя брацтвы давалі супольнікам пачуццё грамадскай бяспекі, гарантавалі ўратаванне душы. Сябры брацтва мусілі рэгулярна ўдзельнічаць у набажэнствах, брацкіх сходах, абіраць старэйшынаў — тыя адказвалі за дзейнасць брацтва, захоўвалі спісы ды ардынацкія кнігі. Супольнікі ўдзельнічалі ў святах і мелі свае атрыбуты[73].

Касцельнае брацтва св.Ганны ў ляхавіцкай парафіі паўстала ў часы віленскага біскупа Я.Валовіча ў 20–я г. XVII ст. Брацтва рупілася пра каплічны алтар св.Ганны, яго сябры мелі статут, трымаліся яго рэгулаў, вялі кнігу выдаткаў ды ахвяраванняў, а таксама спіс супольнікаў[74]. Інспектар у 1633 г. загадаў дакладней весці рахункі і ўлік брацкай касы, трымаць яе за­мкнёнай на ключ, выкарыстоўваць толькі ў найбольш важных справах, дбайней рэгістраваць прыбыткі з выдаткамі. У жыцці брацтва адметную ролю адыгрывала кіраўніцтва, абавязанае рэгулярна склікаць сходы[75]. Пра дзейнасць брацтва св.Ганны згадваецца і ў дакументах ад 1668 г.[76]

Апрача брацтва св.Ганны ў Ляхавічах, у слонімскім дэканаце дзейнічалі яшчэ два касцельныя брацтвы, мэтай якіх было шанаванне святой Панны Марыі. 14 лістапада 1635 г. у ельненскай парафіі было заснавана брацтва св.Ружанца. Ві­ленскі падкаморы Яраслаў Шэмет з жонкай Ганнай Сапежанкай паклаў трыста злотых на брацкую дзейнасць[77]. У Раготне ў 1652 г. брацтва св.Ружанца стварыў правінцыял дамінікан­скага ордэна (ordinis praedicatorum) Сымон Акульскі, а сродкі на ўтрыманне прызначыў Адам Казімір Гайжэўскі з жонкай Катарынай Гжывеньскай — трыста злотых[78]. Брацтвы св.Ружанца шанавалі культ Марыі, значнасць якога ў ВКЛ асабліва ўзрасла ў сярэдзіне XVII ст. Брацтвы, заснаваныя дзеля ўшанавання Марыі, былі найбольш пашыранымі ў ВКЛ, і слонімскі дэканат не стаў выключэннем.

Значэнне шпіталяў

Дзейнасць шпіталяў ды школ у слонімскім дэканаце ў 1653—1668 г. ужо даследавана ў артыкуле, прысвечаным аналізу агульнага становішча лякарняў і школ на тэрыторыі ВКЛ у другой палове XVII ст.[79] Дзеля пазбягання паўтораў у цяперашняй працы акцэнтуецца папярэдні этап дзейнасці, вядзецца пра стан рэчаў на працягу ўсяго XVII ст.

У 1633 г. у палове дэканацкіх парафій дзейнічалі парафіяльныя лякарні. Найлепшай сітуацыя была ў Слоніме, За­дзвеі і Дзятлаве, дзе лякарні мелі сталыя сродкі, гарантаваныя фундатарамі. Віленскі ваявода, канцлер ВКЛ Леў Сапега пры стварэнні лякарні ў Слонімe 19 лютага 1614 г. прызначыў „na każdy miesiąc beczkę żyta także i beczkę słodu do szpitala Słonim­skie[g]o, a na każdy rok abyś dawał po sześciu beczek jęczmieniu, gryki też sześć beczek, grochu dwie beczki, sześć poł­ciów słoniny, trzy sadła“ [штомесяц бочку жыта і бочку соладу на Слонім­скі шпіталь, а штогод даваць па шэсць бочак ячменю, шэсць бочак грэчкі, дзве бочкі гароху, шэсць полцяў саланіны, тры сала]. 6 верасня 1618 г. Ян Сапега загадаў, каб шпіталь утрым­ліваў дзесяць беднякоў, мужчын і жанчын[80]. Калі мураваны касцёл быў перададзены аўгустынцам, лякарня таксама перайшла пад іх кіраванне, і ў пазнейшых інспекцыях пазначана, што ў Слонімскай парафіі лякарня не дзейнічае.

Віленскі ваявода Леў Сапега аднавіў[81] таксама шпіталь у Дзятлаве, прызначыўшы штогод на яго ўтрыманне 20 польскіх злотых, 20 бочак пшаніцы і штотыдзень па 5 вазоў дроў. У 1633 г. у шпіталі знаходзілася чатырнаццаць чалавек[82]. Пасля пажару ў 1653 г. новы шпіталь пабудаваў пад­канц­лер ВКЛ Казімір Лявон Сапега, які забяспечыў яго такімі ж даходамі, якія калісь выдзеліў Леў Сапега[83]. У 1668 г. у ім трымалася дзесяць чалавек[84].

У шпіталі ў Задзвеі, які заснаваў Юры Галаўня, у 1633 і 1653 г. змяшчалася пяць чалавек, а за 1668 г. лічба апекаваных не падаецца[85]. На ўтрыманне гэтай лякарні было прызначана 20 бочак пшаніцы ды іншых відаў ежы, а таксама 10 злотых на адзенне[86]. Тры апісаныя тут лякарні былі найлепей забяспечаны і, бясспрэчна, амаль бесперапынна працавалі на працягу ўсяго XVII ст. Лякарня ў Гарадзішчы, збудаваная перад 1633 г., мела сродкі на ўтрыманне чатырох беднякоў, прызначаныя курыяй, аднак у 1633 г. ніводны жабрак там яшчэ не знаходзіўся, і пробашчу было загадана ўзяць на сябе гэты клопат[87]. Шпіталь функцыяваў у 1653 г., а ў 1668 г. у ім утрымлівалася сем асоб[88].

Шпіталь у Мышы знаходзіўся далёка ад плябаніі, складаўся з чатырох будынкаў і падлягаў юрысдыкцыі касцёла. Пасля няўдалай спробы Альбрэхта Маклока перад 1653 г. тастаментам гарантаваць яму рэгулярнае ўтрыманне шпіталь за­стаўся без сталых сродкаў, а яго жыхары цяжка жылі з мілас­ціны[89].

Шпіталі ў Дварцы i Ляхавічах, дзейныя ў 1633 г., спынілі існаванне каля 1653 г. Хоць перад 1668 г. яны і аднавілі сваю дзейнасць, з–за войнаў былі страчаны сталыя ахвяраванні, і апекаваныя разлічвалі толькі на міласціну. Так, у 1633 г. пісалася, што ляхавіцкі шпіталь утрымліваецца са сродкаў парафіяльнай курыі, фундаванай маршалкам ВКЛ Станіславам Сапегам, аднак гэтых сродкаў не стае, будынак не мае даху. У 1668 г. пішацца, што „fundatio nulla certa[90].

Пасля вайны, каля 1668 г., былі адбудаваны не толькі дварцоўскі ды ляхавіцкі шпіталі, такія ўстановы пачалі дзей­нічаць у Сталовічах і Ўсялюбе. Лякарня ў Сталовічах была за­снавана кавалерам мальтыйскага ордэна Жыгімонтам Ра­дзі­вілам, аднак не стала дзейнай[91]. На ўтрыманне парафіяльнага шпіталю ва Ўсялюбе было прызначана чатыры валокі зямлі, якую апрацоўвалі сяляне[92].

Увогуле, калі ў 1633 г. у слонімскім дэканаце дзейнічала шэсць шпіталяў, то ў 1653 г. іх колькасць была зменшана да чатырох. А пасля войнаў сярэдзіны XVII ст. назіраецца асабліва актыўны працэс стварэння шпіталяў. У 1668 г. у дэканаце дзейнічалі цэлых восем лякарняў. Іх задачай быў клопат пра самотных, нямоглых, пазбаўленых сродкаў жыцця. Жыхарам лякарняў ставілася ўмова быць шчырымі каталікамі, рэгулярна наведваць касцёл, спавядацца, удзельнічаць у імшы, па магчымасці далучацца да прыбірання касцёла і парафіяльнай гаспадаркі, біць у званы.

Парафіяльныя школы

У XVII ст. было толькі дзве парафіі дэканата — у Мышы і Дзятлаве, дзе парафіяльныя школы працавалі амаль бесперапынна. Школа ў Мышы трымала сад для патрэбаў бакалаўра. У 1668 г. згадваецца, што школу ўтрымліваюць езуіты[93]. У 1633 г. у Дзятлаве вучыліся ажно 50 дзяцей — рэдкая лічба для тых часоў, бо звычайна ў парафіяльнай школе было не больш за 20 вучняў. Школа ў Дзятлаве мела валоку зямлі ў вёсцы Хадаўляны, у якой працавалі бакалаўр, кантар ды два памагатыя[94]. У 1653 г. школа заняпала, будынак пачаў развальвацца, але арганіст, бакалаўр ды кантар працягвалі вучыць дзяцей[95]. У 1668 г. у школе працаваў бакалаўр і кантар[96]. Можна сцвярджаць, што дзятлаўская парафіяльная школа належала да шэрагу самых буйных у ВКЛ, мела найбольшы персанал.

У 1633 i 1653 г. парафіяльныя школы працавалі ў Гарадзішчы i Ляхавічах. Школа ў Гарадзішчы валодала дзвюма валокамі зямлі, у 1633 г. у ёй працавалі бакалаўр i кантар: не ставала арганіста, якога інспектар распарадзіўся знайсці[97]. У 1653 г. у Гарадзішчы быў новы школьны будынак, аднак не згадваецца, хто там працаваў і ці быў бакалаўр[98]. Школа ў Ляхавічах у 1633 г. таксама трымала бакалаўрa, кантарa і арга­ніс­та[99]. Ужо ў 1668 г. у ляхавіцкай парафіі школы не было, а інспектар загадаў аднавіць яе дзейнасць і запрасіць ба­ка­лаўрa[100].

У 1633 г. у Слоніме паўстаў невялікі дом, у якім навучаліся дзеці. У 1653 г. пра школу не згадваецца, а інспектар загадвае набраць кантараў з добрымі галасамі, каб умелі спяваць харалы[101]. Перашкоды ўзнікалі і ў дзейнасці іншых парафіяльных школ. Паводле звестак ад 1633 г., чыніліся спробы стварыць парафіяльныя школы ў Дварцы, Ельні, Задзвеі. У Дварцы быў бакалаўр i кантар, у Ельні трымалі бакалаўра з двума памагатымі. У Задзвеі быў бакалаўр, арганіст і кантар, меўся школьны будынак, аднак дзецей там не вучылі[102]. Магчыма, жыхары не пускалі дзяцей у школу, каб не адрываць ад гаспадарчых прац, або не маглі іх належна апрануць, ці з рэлігійных прычынаў. Варта адзначыць, што парафіяльная школа ў Дварцы працавала толькі ў 1668 г.[103], a парафіяльныя школы ў Ельні ды Задзвеі працу так і не пачалі.

Звестак пра дзейнасць школ у іншых парафіях няма для ўсяго XVII ст. Аднак у Сталовічах ды Ўсялюбе ў 1653 і 1668 г. інспектары патрабавалі стварыць школы, запрасіць бакалаўраў з іншымі касцельнымі служкамі, якія б вучылі дзяцей катэхізісу і асновам пісьма[104]. У Сталовічах, праўда, у 1668 г. быў арганіст і два ягоныя памочнікі, аднак гэтага не хапала, каб распачаць дзейнасць парафіяльнай школы[105].

Увогуле асветніцкія цэнтры слонімскага дэканата знахо­дзіліся ў парафіях Мышы і Задзвеі, дзе стала працавалі школы. Лічба дзейных школ у слонімскім дэканаце ўвесь час мянялася. Калі ў 1633 г. дзеці вучыліся ў пяці парафіях, то ў 1653 г. у чатырох, a ў 1668 г. ужо толькі ў трох. Каталіцкі касцёл выказваў занепакоенасць, настойваў, каб стваралі парафіяльныя школы, запрашалі настаўнікаў. Галоўнай мэтай парафіяльных школ было навучанне дзяцей асновам граматы (чытання, пісьма, лічэння), а таксама далучэнне да асноў каталіцкай веры. Вучняў вучылі касцельным спевам, абавязкам касцельных служкаў.

Заключэнне

1. Падмурак слонімскага дэканата паўстаў яшчэ ў XV ст., калі спрыяннямі ўладара ды шляхты былі заснаваны 8 парафіяльных каталіцкіх касцёлаў. У першай палове XVI ст. узніклі яшчэ 2 парафіяльныя касцёлы, у 1632 г. правы касцёла атрымала філія ў Дварцы. У першай палове XVII ст. былі заснаваны апошнія 3 касцёлы. Найцяжэйшыя часы каталіцтва цярпела тут у другой палове XVI ст., калі частка касцёлаў перастала існаваць пад уплывам Рэфармацыі, а таксама ў другой палове XVII ст.: за гады вайны былі разбураны 10 з 14 парафіяльных касцёлаў.

2. З першай паловы XVII ст. дзейнасць каталіцкіх касцёлаў у дэканаце ўзрасла, у значнай ступені дзякуючы падтрымцы выдатных дыгнітарыяў Льва Сапегі і Казіміра Лявона Сапегі. Дыгнітарыі агарнулі апекай палову каталіцкіх храмаў дэканата, іншымі касцёламі рупілася драбнейшая шляхта. Да духоўнай эліты слонімскага дэканата належалі дактары тэалогіі Юзаф Папуцэвіч і Ян Забжэскі, віленскі канонік Лаўрэнці Мацарскі, Адальбэрт Млынэцкі, Мельхіёр Такарскі, Казімір Пац. Апошні быў пазней прызначаны жамойцкім біскупам. Асобна трэба адзначыць заслугі Лаўрэнція Мацарскага, які ў 30–я і 40–я г. XVII ст. істотна паспрыяў аднаўленню дзейнасці касцёлаў у Дараве, Усялюбе і Ляхавічах.

3. Слонімскі дэканат быў шматканфесійны, населены рэфарматамі, праваслаўнымі, уніятамі, каталікамі, мусульманамі і інш. Канфесійны склад насельніцтва ўвесь час мяняўся. Асноўная вызначальная тэндэнцыя першай паловы XVII ст. — раптоўнае змяншэнне колькасці рэфарматаў і праваслаўных на карысць уніятаў і каталікоў. У XVII ст. большасць шляхты спавядала каталіцкае вызнанне, следам за ёй у другой палове XVII ст. у касцёл скіравалася частка сялянства (большасць, тым не менш, засталася ва уніяцтве).

4. Галоўным кірункам дзейнасці каталіцкага касцёла на тэрыторыі слонімскага дэканата была пастарская, асветная і дабрачынная праца. Для яе вядзення ў дэканаце ад пачатку да 50–х г. XVII ст. былі заснаваны тры касцельныя брацтвы (у Ляхавічах — брацтва св.Ганны, у Ельні і Раготне — брацтвы св.Ружанца). У парафіяльных школах дзяцей вучылі катэхізісу і пачаткам пісьма. Мэтай шпіталяў быў клопат пра бедных, няздольных здабыць ежу і дах. У 1633 г. у дэканаце дзейнічала 6 шпіталяў і 5 школ, у 1653 г. іх было па 4, а ў 1668 г. працавала 8 шпіталяў і толькі 3 школы.

Пераклала Вольга Мазурава

Каталіцкія парафіі слонімскага дэканата віленскага біскупства ў XVII ст.


[1] Кулагiн А.М. Каталiцкiя храмы на Беларусi. Мiнск, 2001.
[2] 1633, 1641, 1645 r. Інспектаванні віленскага біскупства, праведзеныя па даручэнні біскупа А.Войны віленскім канонікам Касперам Залеўскім. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Віленскага уні­версітэта (далей — БВУ). F. 57, P. 53—40; Інспектаванні віленскага біскупства ад 1653—1654 г., праведзеныя па даручэнні біскупа Ежы Тышкевіча Сымонам Адальбэртам Млынецкім. БВУ. F.57, P. 53—42; Інспектаванні ружанскага, ваўкавыскага і слонімскага дэканатаў віленскага біскупства ад 1668 г., праведзеныя віленскім біскупам Аляксандрам Сапегам і віленскім scholiasta пралатам Аляксандрам Катовічам. БВУ. F. 57, P. 53—41. (Далей у спасылках на дадзеныя крыніцы будзе падавацца толькі год інспекцыі.)
[3] Acta synodi diaecesis Vilnensis praesidente Illustrissimo ac Reverendissi­mo Domino D. Alexandro in Macieiow Sapieha Dei et Apostolicae sedis gratia Episcopo Vilnensi. Vilnae, Typis Aca­demicis, 1669.
[4] Kurczewski J. Biskupstwo Wileńskie. Wilno, 1912; Ochmański J. Biskup­stwo wileńskie w średniowieczu. Ustrój i uposażenie. Poz­nań, 1972.
[5] Paknys M. Mecenatystės reiškinys XVII a. LDK. Bažnytinės archi­tektūros užsakymai. Vilnius, 2003.
[6] Lukšaitė I. Reformacija Lietuvos Didžiojoje Kunigaikštystėje ir Mažojoje Lietuvoje. XVI a. trečias dešimtmetis — XVII a. pirmas dešimtmetis. Vilnius, 1999.
[7] Сагановiч Г. Невядомая вайна 1654—1667. Мiнск, 1995; Сагановiч Г. Нарыс гiсторыi Беларусi. Мiнск, 2001.
[8] Ochmański J. S. 64—65.
[9] Ochmański J. S. 66—67.
[10] 1653. K. 452.
[11] Ochmański J. S. 66—67.
[12] 1653. K.370; 1668. L.76.
[13] 1653. K.316; Ochmański J. S. 66—67.
[14] 1653. K.138.
[15] 1668. K.87. Е.Ахманьскі пазначае факт заснавання Кязгайлавічамі касцёла ў Ельні, у 1498 г.: Ochmański J. S. 66—67.
[16] 1668. K.81v. Паводле Е. Ахманьскага, касцёл у Дварцы закладзены ў 1529 г.: Ochmański J. S. 69—70.
[17] Ochmański J. S. 69—70.
[18] 1653. K.255v; 1668. K. 110.
[19] Ochmański J. S. 69—70.
[20] Кулагiн А.М. C. 185.
[21] 1653. K. 464—465.
[22] Інспекцыя парафіяльнага касцёла ў Мышы ад 1651 г. БВУ. F. 57, P. 53—846.
[23] 1653. K. 397—398.
[24] 1633. K. 123; 1653. K. 415—421.
[25] Paknys M. S.187.
[26] 1633. K. 108. У другой палове XVI ст. кіеўскі ваявода Канстанцін Кан­стан­цінавіч Астрожскі збудаваў драўляны касцёл у Дзятлаве: Інвентар­ны спіс дзятлаўскага касцёла і плябані ад 1716 г. БВУ, F.57, P. 53—448.
[27] 1633. K.99—101; 1653. K. 369, 380, 390. Paknys M. S. 191.
[28] 1633. K.114—115; 1653. K. 328; 1668. K.78; Kurczewski J. S. 232.
[29] 1633. K. 142v; 1653. K. 255.
[30] Інвентарны спіс раготніцкага касцёла ад 15.01.1726 г. БВУ. F.57, P.53—952, K. 4.
[31] 1653. K. 452.
[32] Paknys M. S.194.
[33] Lukšaitė I. S. 584–585.
[34] 1633. K. 120—121; 1653. K. 437—439.
[35] 1653. K. 255.
[36] Кулагiн А.М. C.153.
[37] 1653. K. 316; 1668. K.95.
[38] 1653. K. 369.
[39] 1653. K. 255.
[40] 1653. K. 316—317.
[41] 1653. K. 438, 357.
[42] Сагановiч Г. Невядомая вайна… С.51—52; Сагановiч Г. Нарыс… С. 277, 283.
[43] 1668. K. 78, 92, 96.
[44] 1668. K. 79.
[45] 1668. K.80, 84, 104, 111, 115. Інвентарны спіс парафіяльнага касцёла ў Дварцы. БВУ. F.57, P.353—359.
[46] Paknys M. S.209, 177.
[47] 1668. K.104.
[48] 1668. K.111.
[49] 1668. K.73—75, 76, 99, 110.
[50] 1668. K.110.
[51] 1668. K.101v.
[52] Paknys M. S.209.
[53] 1668. K. 93.
[54] 1633. K. 99—101.
[55] 1653. K. 369.
[56] 1668. K. 78v.
[57] 1633. K. 144v, 127, 134v.
[58] 1633. K. 118.
[59] 1633. K. 101.
[60] 1633. K. 112v.
[61] 1633. K. 122.
[62] 1633. K. 122.
[63] 1633. K. 112v, 144v, 127, 101, 134v, 114v.
[64] 1633. K. 118.
[65] 1653. K. 357, 402—403, 371, 382,
[66] 1668. K. 82v.
[67] 1668. K. 91v—93.
[68] 1668. K. 77v.
[69] 1668. K. 79, 95v.
[70] 1668. K. 95v.
[71] 1668. K. 101.
[72] 1668. K. 109.
[73] Jovaiša L. Brolijos // Lietuvos Didžiosios Kunigaikštijos kultūra. Tyri­nėjimai ir vaizdai. Vilnius, 2001. S. 109.
[74] 1633. K. 444—144v.
[75] 1633. K. 146v.
[76] 1668. K. 108.
[77] 1653. K. 359.
[78] 1653. K. 367, 370—371; 1668. K. 76v.
[79] Kamuntavičienė V. Szpitale i szkoły parafialne diecezji wileńskiej i żmudz­kiej w drugiej połowie XVII wieku według danych aktów wi­zy­­ta­cyjnych Kościoła katolickiego // Kwartalnik Historyczny. R.CX. 2003. S. 51—72.
[80] 1633. K. 99v.
[81] 23 верасня 1570 г. Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі за­снаваў шпіталь у Дзятлаве і прызначыў сродкі на яго ўтрыманне: Інвентарны спіс дзятлаўскага касцёла і плябані з 1716 г. БВУ. F. 57, P. 53—448.
[82] 1633. K. 115.
[83] 1653. K. 330.
[84] 1668. K. 78v.
[85] 1633. K. 134; 1653. K. 462; 1668. K. 101.
[86] Гл.: Kamuntavičienė V. S. 64.
[87] 1633. K. 121, 122v.
[88] 1653. K. 438. 1668. L. 98.
[89] 1633. K. 126; Kamuntavičienė V.
[90] 1633. K. 109, 144; 1668. K. 81v, 109.
[91] 1668. K. 114.
[92] 1668. K. 95.
[93] 1633. K. 126; 1653. K. 403; 1668. K. 116.
[94] 1633. K. 114v.
[95] 1653. K. 330.
[96] 1668. K. 78v.
[97] 1633. K. 122v.
[98] 1653. K. 438.
[99] 1633. K. 144; 1653. K. 254.
[100] 1668. K. 109v—110.
[101] 1633. K. 101v; 1653. K. 388.
[102] 1633. K. 108v, 112, 134.
[103] 1668. K. 82v.
[104] 1633. K. 423, 318; 1653. K. 96.
[105] 1668. K. 114v.

Наверх

Тэгі: ,