Новы нумар


Вітаўт Зубкоўскі. Памяці Мікалая Улашчыка

Беларуская гістарычная навука панесла цяжкую страту: на 81-м годзе жыцця памёр гісторык Мікола Улашчык. Памёр далёка ад Менску, у Маскве, як некалі ў Маскве памерлі і Янка Купала, і Ўладзімір Дубоўка. Слушна напісана ў некралогу па нябожчыку ў газэце «Літаратура і мастацтва» за 26 лістапада 1986 г.: «… У асобе Улашчыка беларускі народ атрымаў яшчэ аднаго волата. Сваімі гістарычнымі працамі Мікола Улашчык зрабіў тое, што раней для беларусаў зрабілі класікі нашай літаратуры Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Максім Гарэцкі …».

Так, спадчына Мікалая Улашчыка для беларускай гістарыяграфіі і гісторыі сапраўды піянерская, волатаўская. Волатаўская яшчэ й пад тым поглядам, што працаваць гісторыку давялося далёка не ў спрыяльных абставінах. У некралогу па Улашчыку не даецца некаторых важных дэталяў біяграфіі нябожчыка, а колькі з гэтых дэталяў, канешне, трэба падкрэсліць.

Мікола Улашчык нарадзіўся недалёка ад Менску. Вучыўся ў Беларускім Дзяржаўным універсітэце, якраз у тым часе, калі універсітэт перажываў сваю «залатую пару»: усё тут было беларускае — мова, навучальныя праграмы, даследчыцкая праца, а галоўнае, на універсітэце быў беларускі дух.

Мікола Улашчык, студэнт гістарычнага факультэта, глыбока ўцягнуўся ў навуку, а разам з тым і ў грамадскае жыццё. Ён дапамагаў арганізоўваць краязнаўчыя экспедыцыі, школьна-навучальныя праграмы, бадай сам адзін апрацоўваў матэрыялы для Летапісу Беларускага Друку.

Плённая і шматабяцальная праца маладога беларускага гісторыка, як і сотняў ягоных калегаў, была раптоўна абарваная ў 1930 г. Пагром беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі ў БССР, які ўвайшоў у гісторыю як разгром «нацдэмаўшчыны», перапыніў, а ў шмат чым зусім спыніў беларускую навуковую і грамадскую працу. Сотні людзей былі арыштаваныя, і доля не судзіла ім больш вярнуцца ў Беларусь.

У біяграфічнай нататцы пра Міколу Улашчыка ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі пра 1930 год сказана так: «З 1930 г. працаваў у РСФСР і Сярэдняй Азіі». Вось гэтак каротка, лаканічна, а калі ўдумацца, дык проста трагічна і жудасна несправядліва —» без ніякае віны, людзей вырывалі з карэннем ды разганялі ў розныя часткі вялізарнае Імперыі. А ўдакладніць гэты перыяд можна хоць-бы з аднае крыніцы: Яўхім Кіпель, арыштаваны ў 1930 г. таксама як «нацдэм», пакінуў Беларускаму Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку ўспаміны з тае пары. У гэтых успамінах ёсць такія радкі:

«У горад Налінск нас дабралася трох: я, Мікола Азбукін і Мікола Ўлашчык. Налінск быў месцам нашай высылкі. З бліжэйшых да нас высланых нацдэмаў былі ў горадзе Глазаве Антон Адамовіч, ва Уржуме Жылка, Сасіновіч і яшчэ нехта, а ў горадзе Вятцы было таксама колькі чалавек. Горад Налінск ляжыць далёка ад усіх камунікацыйных шляхоў (да бліжэйшай чыгуначнай станцыі ад Налінску было каля сотні кіламетраў), і выбрацца з Налінску было ня так проста, а ўзімку й наогул немагчыма.

Высланцы ў Налінску — не навіна, сюды высылаў і царскі ўрад. Мы, высланыя беларусы, адразу мусілі зарэгістравацца ў міліцыі і штотыдня рапартаваць аб нашых занятках.

Працу ў Налінску было знайсці няцяжка, але не на кожную працу высланым міліцыя давала дазвол. Мне было лягчэй, бо я ўладзіўся спачатку ў хімічную лабараторыю. Азбукін пачаў працаваць недзе на складзе, а Улашчык даўгавата пахадзіў без працы. Праўда, ня гледзячы на перасцярогі міліцыі “не общаться”, мы адзін аднаму дапамагалі як маглі. Нам дазволілі атрымліваць пачкі з дому. Асабліва крута было з вопраткай, і мы былі вельмі радыя нармальна апрануцца. Тым болей, што надыходзіла зіма.

Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, пагутарыць мы спатыкаліся далёка за горадам. Азбукін далёка хадзіць не любіў, а мы з Міколам Улашчыкам хадзілі доўга і далёка па налінскіх ваколіцах. Аднойчы Мікола выказаў мне свае рогляды на далейшыя планы. Я яго падтрымаў і чым мог дапамог. Хутка мы з ім разлучыліся — ён выехаў, а мяне з Налінску перакінулі ў Вятку, і там, у Вятцы, і мне, і Адамовічу прадоўжылі тэрміны высылкі.

У Вятцы мне было сказана ў НКВД, што я ніколі не змагу вярнуцца ў БССР. Пры спатканні з кімсьці з нацдэмаў мне таксама сказалі, што ніводнаму нацдэму ў Беларусь ня будзе дазволена вярнуцца, а можна будзе пражываць толькі ў Расіі».

Вось-жа зусім ясна, чаму ні Мікола Улашчык, ні Ўладзімір Дубоўка, ні Максім Гарэцкі, ні яшчэ тысячы беларускіх патрыётаў не змаглі вярнуцца на радзіму, а змушаныя былі, як некалі пад царскай уладай паўстанцы 1863 г., навечна жыць у чужой Расіі. Савецкая ўлада пад гэтым поглядам ня розніцца ад царскай, ды нездарма пра яе людзі кажуць: «Савецкая ўлада ніколі і нічога не забывае».[1]

Вітаўт Зубкоўскі


[1] З газеты «Беларус», 332 (Снежань, 1986).