Юрэвіч, Лявон. Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага (Наталля Гардзіенка)
ЮРЭВІЧ, ЛЯВОН. Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага: Гісторыя газэтаў „Бацькаўшчына“ й „Беларус“ (1947—2000). Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006. 256 с. (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 8).
З моманту своеасаблівага „адкрыцця“ тэмы замежжа ў беларускім інтэлектуальным асяроддзі прайшло больш як 15 гадоў. Нібы ўжо мусіць скончыцца эйфарыя першапраходніцтва і надысці час ацэнкі таго, што зроблена ў эміграцыязнаўстве, з вызначэннем перспектываў яго наступнага развіцця.
За адзначаны перыяд у друку з’явілася пэўная колькасць публікацыяў, прысвечаных пераважна літаратурнай спадчыне замежных беларусаў, ды рэдкія гістарычныя даследаванні, засяроджаныя на вывучэнні тых ці іншых аспектаў, асобаў ці краінаў беларускай эміграцыі. Выразнай адметнасцю айчыннага эміграцыязнаўства сёння ёсць перавага крыніцазнаўчага падыходу, фактычна абмежаванага ўвядзеннем у навуковы ўжытак новых крыніцаў інфармацыі па тэме. Акрамя таго, большасць публікацыяў — гэта рэфлексіі самой эміграцыі адносна сваёй гістарычнай ролі, а не даследаванні прафесіяналаў. Як вынік, сучаснаму беларускаму эміграцыязнаўству выразна бракуе аналітыкі, абагульненняў і сістэматызацыяў ужо назапашанага і новазнойдзенага матэрыялу.
Кніга архівіста і літаратуразнаўцы, супрацоўніка Нью–ёркскай Публічнай Бібліятэкі і Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Лявона Юрэвіча ў шэрагу даследаванняў праблематыкі замежжа ёсць яскравым паказнікам дасягненняў і праблемаў гэтага кірунку даследаванняў. Падназва „Гісторыя газетаў «Бацькаўшчына» і «Беларус» (1947—2000)“ дазваляе аналізаваць манаграфію менавіта як гістарычную працу.
Аб’екты ўвагі Лявона Юрэвіча — газеты „Бацькаўшчына“ і „Беларус“ — з’яўляюцца галоўнымі крыніцамі інфармацыі па гісторыі паваеннай беларускай эміграцыі. На іх старонках можна знайсці хроніку падзеяў у розных асяродках беларусаў, перадрук некаторых афіцыйных дакументаў беларускіх арганізацый, палемічныя артыкулы наконт сітуацыі ў БССР і свеце, прыватныя абвесткі, успаміны, некралогі, шмат іншай інфармацыі. У моры беларускага эміграцыйнага перыядычнага друку (у бібліяграфіі Зоры і Вітаўта Кіпеляў названыя болей за 400 назваў) згаданыя газеты былі, напэўна, самымі працяглымі па часе і найбольшымі паводле накладаў і — адпаведна — чытацкай аўдыторыі выданнямі.
У прадмове да кнігі аўтар зазначае, што яго даследаванне — толькі першая прыступка ў вывучэнні эміграцыйнай перыёдыкі, таму ён не робіць спробы дакладнай рэканструкцыі „біяграфіяў“ газет, гэта хутчэй „спроба зразумець супрацоўнікаў рэдакцыяў і людзей, што газеты чыталі. Зразумець у часе і гісторыі, чым былі выданні для тых, хто прайшоў шлях ад ОСТаўцаў, ДПістаў да нацыянальнае меншасці ў Вольным Свеце, шлях ад «Бацькаўшчыны» да «Беларуса»“ (3).
Гісторыю згаданых выданняў Лявон Юрэвіч слушна ўпісвае ў кантэкст гісторыі беларускай перыёдыкі наогул, таму ў раздзеле „Перадгісторыя“ зроблена спроба выявіць адметнасці ролі газет у нацыянальным руху, асаблівасцяў і праблем іх друку. Адзначаецца таксама, што ў эміграцыі перыядычныя выданні наогул маюць большае значэнне, чым у метраполіі. Апошняе відавочна і паводле ўвагі грамады да сваіх перыёдыкаў, і па іх колькасці. У пададзенай аўтарам фрагментарнай гісторыі беларускага друку да 1947 г. у якасці папярэднікаў газет „Бацькаўшчына“ і „Беларус“ у нацыянальным сэнсе падаюцца „Наша Доля“, „Наша Ніва“, „Вольная Беларусь“, а найбліжэй — берлінская „Раніца“, рэдактарам якой некаторы час быў Станіслаў Станкевіч (7—16).
Частка кнігі, прысвечаная газеце „Бацькаўшчына“ (19—66), пачынаецца з пераліку беларускіх перыёдыкаў 1945—1948 г., сярод якіх пераважалі часопісы, а таксама характарыстыкі агульнай сітуацыі з нацыянальным друкам у паваеннай Нямеччыне. Вельмі цікавая пададзеная аўтарам табліца параўнання накладаў прэсы, што выдавалася ў лагерах для перамешчаных асобаў прадстаўнікамі розных нацый (21). Тут прыводзяцца звесткі пра беларусаў, эстонцаў, латышоў, літоўцаў, расійцаў, украінцаў, палякаў, румынаў, венграў, сербаў. Як бачна з табліцы, беларускія перыёдыкі мелі найменшы сумарны наклад. Агульны наклад, прыкладам, эстонскіх газет і часопісаў складаў 8 млн. асобнікаў, беларускіх — 451 тыс. Гэта пры тым, што колькасць эстонцаў і беларусаў, якія апынуліся ў лагерах ДП, была прыкладна роўнай (недзе па 70—75 тыс. чалавек). Але чаму наклад беларускай прэсы быў у некалькі разоў меншы, Лявон Юрэвіч не тлумачыць.
Найбольш увагі аўтар аддаў „рэдакцыйнай кухні“ „Бацькаўшчыны“, матывацыі дзеянняў яе выдаўцоў, што паўстаюць са старонак лістоў, успамінаў, пратаколаў, багата цытаваных у тэксце. „Бацькаўшчына“, якая выдавалася з кастрычніка 1947 г. да снежня 1966 г., да сярэдзіны 1950–х г. стала самым чытаным беларускім выданнем за мяжой. Газета дасылалася ў такія экзатычныя для беларускай прысутнасці краіны, як Венесуэла, Бразілія, Новая Зеландыя, Турцыя.
Дзякуючы архіўным пошукам аўтара становяцца зразумелымі відавочныя з часам карэкціроўкі ў змесце „Бацькаўшчыны“, што суправаджалі спрэчкі ў яе рэдакцыі і змену кіраўніцтва ў 1948 г., калі Антона Адамовіча замяніў Станіслаў Станкевіч, які рэдагаваў газету да 1962 г. З эпісталярнай спадчыны бачныя і галоўныя праблемы „Бацькаўшчыны“, што спрычыніліся да спынення яе выдання: нетрывалае фінансаванне ды недахоп аўтараў і матэрыялаў, што з часам, з адцёкам інтэлектуальных сілаў з Нямеччыны, рабіліся ўсё больш непераадольныя.
Тым не менш намаляваная Лявонам Юрэвічам гісторыя газеты выглядае фрагментарнай. Аўтар часта не выходзіць за межы цытавання дакументаў, амаль не каментуючы прыведзеныя лісты і ўспаміны. Даследнік толькі згадвае асобныя сюжэты–праблемы, але не вычэрпвае іх цалкам, прымушаючы чытача самога дадумваць працягі. Напрыклад, згадваецца пра выразную „крывіцкую“ скіраванасць „Бацькаўшчыны“ і прыведзены прыклад негатыўнай яе ацэнкі з боку прадстаўніка „варожага лагеру“ Юркі Віцьбіча (27), але далейшыя ўзаемадачыненні газеты з „праціўнікамі“, іх адлюстраванне на старонках выдання засталіся па–за ўвагай аўтара манаграфіі. Бяздоказнай выглядае тэза пра сапраўднае аб’яднанне чытачоў–беларусаў вакол газеты (39), бо аўтар не прыводзіць хоць бы прыблізных суадносінаў паміж колькасцю свядомых беларускіх эмігрантаў і накладам газеты (напрыклад, суадносіны паміж колькасцю дасыланых у пэўную краіну асобнікаў з колькасцю мясцовых беларускіх арганізацыяў і іх удзельнікаў). Акрамя таго, няспынныя фінансавыя праблемы газеты таксама не гавораць на карысць масавасці яе падтрымкі.
Фактычна, Лявон Юрэвіч не стварае ўласнай цэласнай канцэпцыі гісторыі „Бацькаўшчыны“, паказвае яе часцей чужымі вачыма, акрэслівае выбраныя праблемы–сюжэты і не спрабуе адказаць на безліч пытанняў „чаму?“, што нараджаюцца ў працэсе даследавання.
Пры канцы часткі аўтар робіць цікавую выснову, што спыненне выхаду „Бацькаўшчыны“ ў 1966 г. было цалкам заканамернае, бо „яна зжыла сябе як газэта эміграцыйная, як газэта эмігрантаў. У сярэдзіне 1960–х пераважная большасць уцекачоў з Беларусі не толькі атабарыліся ў чужых краінах, але і пусцілі карані <…> — словам, былыя эмігранты пераўтварыліся ў амерыканцаў (ангельцаў, канадыйцаў, аўстралійцаў, французаў) беларускага паходжаньня. А новы сацыяльны статус патрабаваў газэты новага тыпу — не эміграцыйнай, а выданьня этнічнага“ (66). Менавіта такім выданнем і стала газета „Беларус“, да выхаду якой часткова спрычыніліся тыя самыя людзі, што стваралі „Бацькаўшчыну“, але ўжо ў іншых умовах і ў іншай краіне. Аднак пытанне, чаму „Бацькаўшчына“ не здолела адпаведна адрэагаваць на статусныя змены ў беларускай эміграцыі і чаму з ёй у Станіслава Станкевіча не атрымалася тое, што потым было дасягнута ў „Беларусе“, так і засталося да канца не вырашанае.
Частка кнігі, прысвечаная газеце „Беларус“ (69—150), большая па памерах і адрозная паводле структуры зместу, што абумоўлена значна лепшай захаванасцю архіваў газеты, а таксама наяўнасцю адмысловых пісьмовых сведчанняў некаторых выдаўцоў і сяброў рэдкалегіі, багата цытаваных у манаграфіі. Важным для сучаснага эміграцыязнаўства момантам з’яўляецца тое, што аўтар імкнецца ўключыць перыёдык у кантэкст гісторыі не толькі беларускага эміграцыйнага друку, але і амерыканскага этнічнага.
Першыя гады выхад газеты каардынаваўся з прэзідэнтам БНР Міколам Абрамчыкам. Рэдактары 1950—1963 г. Леанід Галяк, Наталля Арсеннева, Вітаўт Тумаш, Францішак Кушаль, Міхась Міцкевіч вялікімі намаганнямі імкнуліся наладзіць сталы перыядычны выхад газэты. Спрэчкі вакол фінансавання і зместу выдання добра адлюстроўваюць прыведзеныя ў кнізе вытрымкі з пратаколаў паседжанняў рэдкалегіі, успамінаў Наталлі Арсенневай і Леаніда Галяка ды разнастайнага рэдакцыйнага ліставання.
З прыходам на пасаду рэдактара ў 1963 г. Станіслава Станкевіча, які здолеў усталяваць трывалую перыядычнасць выдання (раз на месяц), геаграфія газеты стала пашырацца за межы ЗША: з’явілася старонка „Весткі з Канады“, рэгулярна друкаваліся допісы пра падзеі ў беларускіх асяродках Еўропы, Аўстраліі, Аргенціны. Станіслаў Станкевіч здолеў стварыць агульнаэміграцыйны беларускі перыёдык нягледзячы на тое, што дзейнасць „Беларуса“ афіцыйна рэгулявалася Рэгулямінам, прынятым Беларуска–Амерыканскім Задзіночаннем, і газета, па сутнасці, успрымалася менавіта як орган БАЗА.
Гісторыя выдання газеты ад 1960–х г. цікавая палемікай вакол таго, якім менавіта мусіць быць ейны змест у колах выдаўцоў. Відавочна, што кожны рэдактар уплываў на выгляд перыёдыка. У часы Станіслава Станкевіча (1963—1980) тут заўсёды прысутнічалі літаратуразнаўчыя матэрыялы, друкаваліся літаратурныя творы (што было працягам аналагічнай практыкі „Бацькаўшчыны“), Янка Запруднік (1980—1995) увёў англамоўныя старонкі, Зора Кіпель (1995—1998) друкавала адмысловыя агляды беларусікі. З часам „Беларус“ стаў адметнай і своеасаблівай з’явай у беларускім эміграцыйным перыядычным друку. Безумоўна, тут быў пэўны масіў ідэалагічных, палітычных тэкстаў, як у любым нацыянальным выданні: разглядаліся пытанні нацыянальнай свядомасці, велічы беларускай гісторыі, змагання з акупантамі, выкрывання бальшавіцкай палітыкі ў БССР, і абавязкова — пытанні захавання беларускай мовы.
Адначасова „Беларус“, праз сваіх рэдактараў, быў уключаны ў амерыканскае палітычнае жыццё. Так, Міхась Міцкевіч быў прыхільнікам дэмакратаў, Станіслаў Станкевіч і Вітаўт Кіпель — рэспубліканцаў, адпаведныя матэрыялы друкаваліся ў часы іх кіраўніцтва на старонках газеты. У адрозненне ад іншых эміграцыйных выданняў „Беларус“ імкнуўся быць у канфесійным сэнсе талерантнай газетай, хоць захаваць гэтыя пазіцыі было даволі складана, асабліва ў часы расколу БАПЦ, падзеі якога не маглі не знайсці адлюстравання на старонках перыёдыка. Аднак ці не самае каштоўнае ў матэрыялах „Беларуса“ — сведчанні своеасаблівай штодзённасці жыцця беларускай паваеннай эміграцыі: паведамленні з розных асяродкаў, сямейная хроніка, падзякі і некралогі.
Газета „Беларус“ — адметная з’ява ў этнічным друку ЗША. Ягоная гісторыя, нягледзячы на непрацяглы перапынак у 2000 г., працягваецца і сёння. Што сталася прычынай такой трываласці выдання: ягоная агульнаэміграцыйная скіраванасць, разнастайнасць зместу ці ўдалы збег абставінаў, у выніку якога ў кіраўніцтва газеты прыходзілі людзі, здольныя добра арганізаваць выданне, або пры патрэбе цягнуць усю працу на сабе? На гэтае пытанне ў кнізе няма выразнага адказу.
У прысвечанай газеце „Беларус“ частцы аўтар у значна большай ступені, чым у папярэдняй, звяртаецца ўласна да зместу выдання, акрэслівае асноўныя падыходы рэдакцыі да яго зместу. Аднак пры гэтым аддае перавагу больш структурнаму аналізу газеты, чым даследаванню адпаведнасці адлюстравання на яе старонках запытаў чытачоў, іх праблемаў і поспехаў і наогул менталітэту свядомага беларуса. Аўтар даводзіць каштоўнасць матэрыялаў газеты для вывучэння розных бакоў жыцця паваеннай эміграцыі і гэтым абмяжоўвае сваю ролю ў даследаванні ўзаемаўплыву „Беларуса“ і эмігранцкага асяроддзя.
„Летапісны звод сусвету Чалавека Сьведамага“ традыцыйна для беларускага эміграцыязнаўства пабудаваны на шматлікіх архіўных матэрыялах. У гэтым і каштоўнасць кнігі, і яе праблема. Прыведзеныя амаль заўсёды цалкам лісты, пратаколы, хоць і значна разбіваюць тэкст, але ўтрымліваюць шмат карыснага матэрыялу да біяграфіяў Антона Адамовіча, Станіслава Станкевіча, Леаніда Галяка, Францішка Кушаля, Міколы Гарошкі, Кастуся Акулы ды іншых. Аднак разам з тым кніга набывае характар больш публікацыі крыніцаў, чым сапраўднага аналітычнага даследавання, на высновы якога змогуць абаперціся наступныя навукоўцы. Згадваючы акрэсленыя самім аўтарам мэты разумення выдаўцоў і чытачоў, пастаўленыя ў прадмове да манаграфіі, можна адзначыць, што калі матывы выдаўцоў дзякуючы архіўным звесткам на старонках кнігі вымалёўваюцца больш–менш выразна, то матывацыя чытачоў, іх стаўленне да газет, іх запыты да зместу выданняў, спробы паўплываць на іх засталіся ў значнай ступені па–за даследаваннем.
Змешчаная акрамя агульнага тэксту ў кнізе бібліяграфія (153—236), якая ўтрымлівае пералік матэрыялаў, прысвечаных гісторыі беларускага эміграцыйнага друку, безумоўна, будзе карысная наступным даследнікам, таксама як і слоўнік эмігранцкіх псеўданімаў (239—242). Цалкам жа кніга Лявона Юрэвіча атрымалася цікавай, часам нават унікальнай, карцінкай з жыцця беларускай паваеннай эміграцыі і своеасаблівай правакацыяй іншых даследаванняў, бо яе перавагі і недаказанасці адлюстроўваюць тыя праблемы, у бок вырашэння якіх мае рухацца сучаснае эміграцыязнаўства.
Мінск
Наталля Гардзіенка