БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Mironowicz Eugeniusz, Tokć Siarhiej, Radzik Ryszard. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko–białoruskim w XX wieku (Аляксандр Пагарэлы)


Mironowicz Eugeniusz, Tokć Siarhiej, Radzik Ryszard. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko–białoruskim w XX wieku. Białystok, Wydawnictwo uniwersytetu w Białymstoku, 2005. 171 s.

Беларуска–польскае памежжа ўсё часцей становіцца прадметам спробаў сур’ёзнага даследчага асэнсавання. У іх шэрагу і калектыўная манаграфія беларускіх і польскіх гісторыкаў і сацыёлагаў, выдадзеная Беластоцкім універсітэтам. Гэтую працу можна без сумневу назваць падвядзеннем некаторых вынікаў у распрацоўцы дадзенай тэматыкі. Аўтары манаграфіі — Сяргей Токць, Яўген Мірановіч і Рышард Радзік — самі жывуць на памежжы і чэрпаюць свае назіранні з непасрэднага вопыту. Гэтая кніга з’яўляецца апісаннем і аналізам не столькі змены, колькі складвання этнанацыянальнай структуры беларуска–польскага памежжа.

У кнізе надзвычай шмат дакладнай і кампетэнтнай інфармацыі па праблеме. Яна ўтрымлівае 75 табліц са статыстычнымі дадзенымі і з гэтага пункту гледжання дастаткова цікавая. Аднак, на жаль, адсутнічаюць карты памежжа, што для такога выдання было б нялішнім.

Вялікі плюс кнігі ў тым, што яна дае магчымасць параўнаць працэсы зменаў у тэрытарыяльным размеркаванні нацыянальных груп па абодва бакі мяжы. Сучасная мяжа, што падзяліла беларусаў і палякаў, з’явілася толькі ў сярэдзіне 40–х г. ХХ ст. Нармальны добрасуседскі modus vivendi праваслаўных і каталікоў, што размаўлялі на розных дыялектах беларускай мовы, на працягу гэтага перыяду разбураўся разам з традыцыйным сялянскім ладам жыцця. Кантакт паміж жыхарамі розных краін на памежжы максімальна ўскладняўся, калі не перарываўся цалкам, адбывалася перамяшчэнне людзей, што карэнным чынам змяняла этнанацыянальную структуру і дэмаграфічны баланс. Сялянскія супольнасці, што складалі асноўную масу насельніцтва памежжа, былі ў сітуацыі, калі яны мусілі выбіраць не проста нацыянальную прыналежнасць, але і далейшы лёс. „Неадпаведная“ нацыянальнасць магла наклікаць на тых, хто яе абраў, самыя злавесныя наступствы (гвалтоўную мабілізацыю ў войска, дэпартацыі, рэпрэсіі, фізічнае знішчэнне).

Можна сумнявацца ў тым, што нешта іншае, апрача адзінага веравызнання, магло мабілізаваць сацыяльна і тэрытарыяльна фрагментаваную польскую супольнасць беларускіх губерняў у канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. Розныя групы насельніцтва па–рознаму разумелі сваю польскасць і мелі больш агульнага з мясцовымі жыхарамі, чым з этнічнымі палякамі з аўстрыйскай Галіцыі ці аддаленых раёнаў Польскага каралеўства (13). Рышард Радзік робіць у гэтай сувязі даволі слушную заўвагу, зазначыўшы, што польскасць у Беларусі на мяжы ХIХ—ХХ ст. мела досыць разнастайны характар і не зводзілася да адной сацыяльна і этнічна гамагеннай групы: у польскіх памешчыкаў (абшарнікаў) яна выступала ў нацыянальнай (хутчэй палітычнай) форме, у каталіцкай беларускамоўнай дробнай шляхты з польскай нацыянальнай арыентацыяй яна інтэрпрэтавалася ў духу традыцый Рэчы Паспалітай, каталіцкі касцёл (святарства) быў антырасійскім і прапольскім па сваёй прыродзе; этнічна польскія „мазуры“ не мелі польскай нацыянальнай самасвядомасці таксама, як і беларускія сяляне–каталікі з польскай культурнай арыентацыяй (153).

Першым катастрафічным вопытам для беларуска–польскага памежжа ў ХХ ст. было масавае бежанства 1915 г. Яно мела велізарныя наступствы для лёсаў праваслаўных беларусаў у наступныя дзесяцігоддзі (25—28).Тэма бежанства, як і ўвогуле міграцый насельніцтва часоў Першай сусветнай вайны, як заўважае Яўген Мірановіч, адносіцца да шэрагу недастаткова асветленых у гістарыяграфіі (25). У іх выніку некаторыя мясцовасці абязлюдзелі на 80—90%[1]. Мірановіч не можа абысці ўвагай факт таго, што слабасць беларускага нацыянальнага руху на акупаваных немцамі тэрыторыях вынікала з адсутнасці там асноўнай масы беларусаў. У гэтай сувязі трэба разглядаць і дадзеныя нямецкага перапісу насельніцтва 1916 г. (27).

Прыклад спробы „выправіць“ структуру насельніцтва паводле польскай raison d’etat, з выкарыстаннем сучасных магчымасцяў (эканамічных разлікаў і прагназавання) быў прадэманстраваны ў міжваеннай Польшчы. Блізкі па мэтах рэалізаваным пазней мерапрыемствам кіраўніцтва СССР па дэпартацыі вялікіх масаў людзей з Беларусі ў аддаленыя раёны быў праект польскага эканаміста Віктара Арніцкага (51—53). Гэтаму плану не было суджана збыцца, але як ні дзіўна, ён быў ажыццёўлены пазней у іншых абставінах і ўжо ў дачыненні да палякаў.

Мірановіч прасачыў, як змянялася савецкая нацыянальная палітыка ў БССР у 20—30–я г.: яе вышэйшая мэтазгоднасць магла зусім і не лічыцца з інтарэсамі адных груп, прыносячы іх у ахвяру іншым, як гэта здарылася ў польскім аўтаномным раёне ў Койданаве (Дзяржынску). Беларусы (у тым ліку і беларусы–каталікі) і яўрэі, што жылі там, вымушаны былі вывучаць польскую мову, паколькі на тэрыторыі раёна яна была абавязковай (58). Супрацьпастаўленне беларускай культуры культурам нацыянальных меншасцяў не было вынаходніцтвам бальшавікоў, але было запатрабавана ў іх палітычным арсенале (57—58). Але і гэта было толькі прэлюдыяй да масавага вынішчэння ўсіх небяспечных для іх груп і нацыянальных эліт (61—66).

Перыядам самых катастрафічных дэмаграфічных стратаў стаў час Другой сусветнай вайны. У выніку халакосту загінула пераважная бальшыня яўрэйскага насельніцтва[2]. Памежжа ў гэты перыяд стала зонай канкурэнцыі і барацьбы за існаванне паміж палякамі і беларусамі (80—81, 86).

Аўтары заўважаюць, што даследаванне праблематыкі перамен структуры нацыянальнага складу насельніцтва памежжа часта сутыкаецца з фальсіфікаванасцю дадзеных, неверагодным і няпоўным характарам савецкіх статыстычных крыніц, асабліва перапісаў насельніцтва (66, 77, 132).

Але даступныя матэрыялы даюць магчымасць прасачыць дзве тэндэнцыі: змяншэнне колькасці каталікоў — этнічных беларусаў і рост колькасці рускіх, якім адводзілася першасная роля ў пабудове савецкай дзяржавы (133, 137). Русіфікацыя і заваяванне культурнай і камунікатыўнай прасторы рускай мовай павялічвалася ў тэмпах якраз пасля вайны[3].

Вельмі невялікі адсотак мясцовых жыхароў сярод кадраў усіх узроўняў у Гродзенскай вобласці як адлюстраванне гэтых тэндэнцыяў, на думку Сяргея Токця, быў звязаны з тым, што мясцовае насельніцтва разглядалася савецкім кіраўніцтвам як элемент патэнцыяльна нелаяльны, а значыць і небяспечны (126—128). У літаратуры адзначаецца, што недавер да мясцовых жыхароў у памежнай паласе і прыцягненне этнічна рускіх кадраў з глыбінных раёнаў СССР былі характэрнай рысай савецкай палітыкі ў памежных раёнах[4], а знаходжанне Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы і нямецкая акупацыя 1941—44 г. зрабілі магчымым пастаянны прыток грамадзянскіх і вайсковых кадраў усіх профіляў, і наадварот, адток мясцовых жыхароў. Дадзеная тэма не даследавалася да гэтае пары падрабязна і сістэматычна, хоць раней і адзначалася, што беларусы, якія выязджалі па–за межы рэспублікі, болей падвержаныя асіміляцыйнаму ціску, чым тыя, што заставаліся ў межах БССР[5].

Няпэўнасць у дачыненні да ўласнай нацыянальнай прыналежнасці, ваганне колькасці польскага насельніцтва ў Беларусі ў 70–я г. С.Токць тлумачыць большай даступнасцю ў другой палове дзесяцігоддзя польскай культуры, у тым ліку кінематографа (133, 136, 138). Думаецца, што адносна шырокі доступ жыхароў Гарадзеншчыны ў канцы 70–х і ў 80–я г. да польскага тэлебачання таксама адыгрываў сваю ролю. Вельмі важна, што польская нацыянальная самасвядомасць у ідэалагічным вымярэнні стала развівацца толькі з канца 80–х г., калі з’явіліся польскія культурна–асветныя арганізацыі і школы, але гэта, як ні дзіўна, суправаджалася змяншэннем колькасці палякаў з 538,9 тыс. чал. у 1959 г. да 395,7 тыс. чал. у 1999 г. Апрача прычын, звязаных з натуральным змяншэннем, можна меркаваць, што гэтая розніца пайшла на карысць беларусаў: шмат хто з моладзі, адарванай ад сваёй мясцовасці, на новым месцы ідэнтыфікавалі сябе як беларусы, ці то робячы добраахвотны выбар, ці то зыходзячы з кан’юнктурных разлікаў. Наўрад ці яны адчувалі нейкі ціск: вялікай была роля школы і асабістага вопыту. Аднак гэтая асіміляцыя ў беларускасць адбывалася пры адначасовай русіфікацыі, пра што сведчаць лічбы рускамоўных палякаў (149 тыс. чал.) (147).

Паколькі значная частка палякаў (58,9%) і беларусаў (60,5%) Гарадзеншчыны выказала пад час перапісу насельніцтва Беларусі 1999 г. беларускую сваёй мовай хатніх стасункаў, трэба адзначыць, што гаворка можа ісці пра вясковае насельніцтва, ва ўзроставай структуры якога дамінуюць людзі пострэпрадуктыўнага ўзросту (148). Менавіта гэтае насельніцтва ў большай ступені, чым маладое пакаленне, што імкнецца да пераезду ў горад, успрымае рускую мову і культуру як нешта чужое.

Адваротны апісанаму ў кантэксце Беларусі працэс паступовага ператварэння беларускамоўных каталікоў у палякаў на тэрыторыі Польшчы, на думку Яўгена Мірановіча, уступіў у сваю фінальную фазу ў 70–я г. ХХ ст. (112—113). Для асіміляваных у польскую культуру праваслаўных па–старому застаецца актуальнай падзеленасць іх культурнага быцця на ўнутраную прастору, звязаную з праваслаўем і ў меншай ступені з беларускай этнічнай культурай, і знешнюю, звязаную з польскай мовай і каштоўнасцямі, закладзенымі ў польскай нацыянальнай ідэалогіі. Гэтая раздвоенасць вельмі хваравітая ў сітуацыях, калі „трэба выбіраць чыйсьці бок“. Гэта датычыць перш за ўсё парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, найважнейшых здарэнняў у грамадскім і палітычным жыцці Польшчы ў 80—90–я г. У такіх сітуацыях праваслаўныя палякі хутчэй з насцярогай, чым з энтузіязмам ставіліся да фігур Леха Валенсы, Караля Вайтылы, Юзафа Пілсудскага, руху „Салідарнасць“, сімпатызуючы Аляксандру Лукашэнку як увасабленню барацьбіта за адзінства і годнасць праваслаўных (116). Цікава ў гэтай сувязі было б параўнаць сімпатыі палякаў Беларусі, іх маральныя аўтарытэты і палітычныя ўпадабанні. На жаль, гэта выпала з увагі аўтараў. Аднак тут можна адзначыць, што дадзеныя групы ў сваіх упадабаннях часцей за ўсё паводзяць сябе ў цэлым аналагічна з астатнім насельніцтвам Беларусі. Хоць часта ў 90–я г. сімпатыі беларускага каталіцкага і польскага насельніцтва аказваліся на баку нацыянальна–дэмакратычнага лагера (БНФ), выказванне лаяльнасці да цяперашняга палітычнага кіраўніцтва рэспублікі і палітычнага рэжыму сёння даволі часта сустракаецца не толькі пад час выбараў, але і ў штодзённым жыцці. Тут гаворка можа ісці пра цалкам прагматычную маўклівую апазіцыю.

Рышард Радзік у заключным артыкуле настойліва паўтарае, што беларусы не ўяўляюць з сябе нацыі (149, 171). Гэтаму пярэчыць той факт, што жыхары Беларусі пад час перапісаў насельніцтва хоць бы на словах дэманструюць сваю прывязанасць да беларускай мовы, успрымаючы яе ў якасці маркера сваёй ідэнтычнасці і адрознення. Натуральна, магчымы спектр уяўленняў пра беларускасць, беларускую ідэнтычнасць у жыхароў краіны самы разнастайны, і гэтыя ўяўленні часцей за ўсё не супадаюць з гістарычнымі міфамі, што сфармаваліся ў перыяды нацыянальнага адраджэння. Але гэтыя ўяўленні ўжо прывязаныя да самога факта існавання незалежнай Беларусі. Вырасла цэлае пакаленне, для якога незалежнасць Беларусі з’яўляецца каштоўнасцю. Дадзенае палажэнне цалкам не супярэчыць выснове аўтараў, што сёння тое, як сябе самавызначаюць у нацыянальным плане жыхары Польшчы і Беларусі, усё больш залежыць ад самога факта іх знаходжання ў рамах адной з гэтых дзяржаваў (9).

Змены ў ідэнтычнасці і нацыянальным самавызначэнні Р.Радзік звязвае з тым, што Беларусь у XIX—XX ст. паступова пераходзіла з кола польскай, звязанай з еўрапейскай і лацінскай, культуры ў кола рускай. Адпаведна з гэтым мяняўся характар памежжа з беларуска–польскай дамінанты на беларуска–рускую (171). Гэта і складала драму гісторыі беларуска–польскага памежжа, а разам з ім і Беларусі.

Мінск

Аляксандр Пагарэлы


[1] Pawluczuk, Włodzimierz. Swiatopogłąd jednostki w warunkach rozpadu społeczności tradycyjnej.Warszawa, PWN, 1972. S.110.
[2] Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations. Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus. 1569—1999. Yale University Press, New Heaven and London, 2003.
[3] Guthier, Steven, L. The Belorussians: National Identification and Assimilation, 1897—1970. Part 2. 1939—70 // Soviet Studies, Vol. XXIX, no 2, April 1977. P. 280—281.
[4] Chandler, Andrea. Institutions of Isolation. Border Controls in the Soviet Union and Its Successor States, 1917—1993. McGill Queens University Press, Montreal&Kingston — London — Buffalo, 1998. P. 5—6, 59, 66
[5] Guthier… P. 277.

Наверх

Тэгі: , , ,