Віктар Буганаў. «Мы з Вамі разам ужо трыццаць»
Памяць пра Мікалая Мікалаевіча Улашчыка, з якім мне пашчасціла працаваць, сустракацца больш за тры дзесяцігоддзі. — самая светлая ў маім жыцці. Пасля заканчэння Гістарычна-Архіўнага інстытуту ў Маскве, дзе я пісаў дыпломную працу ў С.Шмідта, цяперашняга акадэміка РАН, старшыні Археаграфічнай камісіі РАН, мяне залічылі ў Інстытут гісторыі АН СССР, — з 1 верасня 1955 г. Якраз тады акадэмік Міхаіл Мікалаевіч Ціхаміраў, мой Настаўнік, пад кіраўніцтвам якога была напісана кандыдацкая дысертацыя па разрадных кнігах апошняй чвэрці XV — першай паловы XVII ст., выступіў з ініцыятываю, якая мела вялікую ролю ў гісторыі айчыннай навукі, — аднавіў выданне вядомай серыі «Полное собрание русских летописей», перарванае ў 1920-я г. як «неактуальнае».
Міхаіл Мікалаевіч даручыў мне займацца падрыхтоўкаю 26-га тома гэтай серыі (Валагодска-Пермскі летапіс — звод І-й паловы XVI ст., некалькі рэдакцый). Быў я тады ў складзе сектара публікацыі крыніц дакастрычніцкага перыяду, кіраўнік — прафесар А.А.Навасельскі. Астатнія супрацоўнікі выконвалі іншыя археаграфічныя, крыніцазнаўчыя заданні. У іх лік хутка, з 15 кастрычніка таго ж 1955 г., увайшоў і Мікалай Мікалаевіч.
Маладыя супрацоўнікі, і я ў тым ліку, бачылі ў ім старога, вопытнага і мудрага аксакала, нямала ўжо пабачыўшага (яму ў тую пару было пад 50, тады як мне, напрыклад, — каля 27) і зведаўшага. Па ўзросту ён падыходзіў мне ў бацькі. Звярталі на сябе ўвагу ягоная сціпласць, абаяльнасць, «беларуская ціхасць», нават сарамлівасць нейкая. Сыходзіла гэта ад натуры, ад народа, з якога М.М.Улашчык выйшаў. Акрамя таго, мы ведалі, што, апрача іншага, яго, як і шмат каго ў тыя гады і дзесяцігоддзі, крануў халодны і страшны подых сталінскіх рэпрэсіяў (высылка з 1950 па 1955 г.); і гэта не магло не накласці адбітак на характар, манеру паводзін — пэўная стрыманасць, асцярожнасць і інш. У Інстытуце мы маглі назіраць тое ж самае на прыкладзе з Л.В.Чарапніным, будучым акадэмікам, таленавітым вучоным, і іншымі супрацоўнікамі.
У сектары публікацыі крыніц Мікалай Мікалаевіч быў спачатку малодшым, затым (з 1 мая 1961 г.) старэйшым навуковым супрацоўнікам. Потым на базе групы па выданню ПСРЛ і сектара дапаможных гістарычных дысцыплін паўстаў Сектар крыніцазнаўства дакастрычніцкага перыяду (24 лютага 1975 г.), які даручылі ўзначаліць мне (М.М.Ціхаміраў памёр за 10 год да гэтага, у 1965 г.). Сектар пазней ператварылі ў Аддзел, і Мікалай Мікалаевіч прайшоў у Групе, Сектары і Аддзеле ўсе ступені навуковага росту. Праз сямнаццаць гадоў пасля кандыдацкай ён абараніў доктарскую дысертацыю — «Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии» (17 верасня 1964 г.; як манаграфія была выдадзена ў наступным годзе).
Як спецыяліст-крыніцазнавец, археограф, М.М.Улашчык каваў сваё майстэрства ўжо ў гэтых працах на агульнагістарычныя тэмы па сацыяльна-эканамічнай гісторыі заходніх рэгіёнаў Расіі XIX ст. Абедзве яго дысертацыйныя працы заснаваны на «манблане фактаў» з разнастайных крыніц, апублікаваных і архіўных. Уражвае іх разнастайнасць (рэвізіі, губернскія справаздачы, інвентары памешчыцкіх маёнткаў, скаргі сялян і памешчыкаў, дакументы аб сялянскіх хваляваннях і інш.), іх майстэрская перапрацоўка, стараннасць і руплівасць, што асабліва важна адзначыць, выключная абачлівасць у аналізе і высновах. Шэрагу з названых і іншых крыніц прысвечаны спецыяльныя даследаванні Мікалая Мікалаевіча, якія мы абмяркоўвалі на нашых навуковых пасяджэннях; пра іх жа ён рабіў даклады на сімпозіумах па аграрнай гісторыі краін Усходняй Еўропы. I кожны раз Мікалай Мікалаевіч заслугоўваў самую высокую пахвалу спецыялістаў, удзельнікаў абмеркавання. Даклады гэтыя публікаваліся артыкуламі ў розных навуковых зборніках, часопісах, беларускіх і рускіх.
Апрача ўсяго, Мікалай Мікалаевіч вёў вялікую археаграфічную працу — удзельнічаў у падрыхтоўцы сямі тамоў вядомай серыі дакументаў «Крестьянское движение в России» за канец XVIII — XIX ст. (Дружынінская серыя), а таксама серыі «Революция 1905-1907 г. в России»; перакладаў з польскай мовы на рускую дакументы для «Писем и бумаг Петра Великого». Пісаў шматлікія рэцэнзіі на кнігі, дысертацыі, у тым ліку крыніцазнаўчага профілю. Так што ў крыніцазнаўчыя, публікатарскія структуры інстытута М.М.Улашчык прыйшоў узброены адпаведным вопытам. Натуральна і з бачным задавальненнем ўзяўся ён за крыніцазнаўчае, археаграфічнае вывучэнне і падрыхтоўку да друку крыніц па гісторыі роднага краю. Рабіў пра іх даклады, якія шмат чым прыцягвалі слухачоў, удзельнікаў дыскусій. Апрача дасканалага ведання матэрыяла, «дакопваўся» да яго сутнасці, сыходзячы з пастаўленых задач. Падкупала шчырая, сыноўская ўлюблёнасць у бацькоўскую зямлю, яе народ, мову, звычаі. Калі ён казаў пра ўсё гэта, вочы яго свяціліся дабрынёю, любоўю, розумам і гумарам. Стыль яго выступленняў, прамоў, знешне спакойны і мяккі, адразу ж звяртаў на сябе ўвагу чароўнымі «беларускімі» інтанацыямі, зваротамі народнай мовы, простай і незвычайна вобразнай, ёмкай. Слухаць яго было асалодаю. Думаю, і мне, і іншым ягоным калегам ды сябрам, сустрэчы з ім далі вельмі шмат — у сэнсе і новых ведаў, і адкрыцця кранальных асаблівасцяў душэўнага складу самога вучонага-беларуса, яго народа, нашага народа-брата, і маральнага ўплыву гэтага выдатнага чалавека на іншых. Пры гэтым павінен сказаць, што ў пытаннях навуковых, этычных Мікалай Мікалаевіч, нягледзячы на сваю мяккасць і падатлівасць, меў характар цвярды, стойкі, не паступаўся сваімі перакананнямі. Пра гэта сведчылі яго стойкія пазіцыі ў навуковых спрэчках; маўчанне, неўхваляльнае або злёгку іранічнае, у тых выпадках, калі гаворка ішла пра ўчынкі або дзеянні, якія ён не ўхваляў, сумніўныя з дзелавога і маральнага боку. М.М.Ціхаміраў у такіх выпадках гаварыў, пазітыўна і любоўна, аб «ціхай беларускай упартасці» Мікалая Мікалаевіча.
Гэтак ішло наша звычайнае жыццё — у навуковых справах, вучоных «сядзеннях», асабістых стасунках. Галоўнае ў ім — праца над кнігамі, публікацыямі крыніц. Усё гэта жывое ў маёй удзячнай памяці, і вобраз Мікалая Мікалаевіча ў ёй — гэта высакародны воблік вучонага-працаўніка, нашчадка лепшых традыцый айчыннай гістарычнай навукі, яе спадзвіжнікаў з ліку беларусаў, рускіх і іншых вучоных, што працавалі ў цяперашнім і мінулых стагоддзях.
Шмат сілаў, усе свае выдатныя здольнасці і веды Мікалай Мікалаевіч аддаваў вывучэнню і выданню беларуска-літоўскіх летапісаў — помнікаў, значэнне якіх для вывучэння мінулага беларускага і іншых народаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы непераходнае. Перш чым іх друкаваць, ён праводзіў дасканалае крыніцазнаўчае, археаграфічнае вывучэнне тэкстаў. Так было з Ніканораўскім летапісам — першым летапісным помнікам, які ён даследаваў і выдаў[1]. Ён вызначыў узаемазалежнасць спісаў помніка паміж сабою, крыніцы звода, які сам быў пакладзены ў аснову вядомага Валагодска-Пермскага зводу канца XV — пачатку XVI ст. Улашчык жа з’яўляўся рэдактарам выдання дзвюх другіх агульнарускіх летапісаў: Аляксандра-Неўскага і Лебедзеўскага[2].
Галоўнае, зробленае Улашчыкам у гэтай справе, — выданне і даследаванне беларуска-літоўскіх летапісаў. Мікалай Мікалаевіч апублікаваў іх у двух тамах Поўнага збору рускіх летапісаў[3]. У першым з іх надрукаваны Хроніка Літоўская і Жамойцкая, Хроніка Быхаўца, Баркулабаўскі летапіс, Летапіс Аверкі і Панцырнага. Не магу не згадаць вельмі паказальны факт, які характарызуе пазіцыю, воблік Мікалая Мікалаевіча як навукоўца, у дадзеным выпадку як крыніцазнаўца і археографа. Хроніку Літоўскую і Жамойцкую, кампілятыўны помнік сярэдзіны XVIII ст. (які, магчыма, узыходзіць да хранографа Бабалінскага 1699 г. або блізкага да яго зводу), ён падрыхтаваў да друку па Ленінградскаму спісу. Але пад час адной з камандзіровак у Табольск мне ўдалося знайсці новы спіс гэтай хронікі. Звесткі пра яго я перадаў М.М.Улашчыку, і ён, азнаёміўшыся з тэкстам, прыйшоў да высновы, што ў параўнанні з Ленінградскім Табольскі спіс больш дасканалы. Не пашкадаваў зробленай ужо працы і паклаў у аснову выдання той самы Табольскі спіс, г.зн. нанова падрыхтаваў тэкст хронікі. Зайздросная, думаю, для сапраўднага вучонага адказнасць у сур’ёзнай навуковай справе!
Усім спецыялістам запомнілася асобнае выданне Хронікі Быхаўца (Масква, 1966), выдадзенае М.Улашчыкам (у перакладзе на рускую мову, а ў 32 томе ПСРЛ -^»%а мове арыгіналу; у 1971 г. пабачыў свет літоўскі пераклад гэтай хронікі). У прысвечаным ёй даследаванні Мікалай Мікалаевіч робіць шэраг тонкіх крыніцазнаўчых, лінгвістычных назіранняў (напрыклад, у адрозненне ад Т.Нарбута, які пісаў пра «польскае пісьмо XVII ст.», што знайшло адлюстраванне ў помніку, Мікалай Мікалаевіч вызначае, што хроніка напісана на беларускай мове, перададзенай у польскай транскрыпцыі, удакладняе пытанне аб часе яе складання (да 1565 г.,) і крыніцах (перадусім Іпацеўскі летапіс).
Вакол гэтага выдання разгарэлася палеміка, у якую ўключыліся польскія даследчыкі Е.Ахманскі, Ю.Бардах, рускі вучоны Б.М.Флора, літоўскі — М.Ючас і інш. Былі выказаныя розныя погляды на хроніку, якая ўтрымлівала сведчанні пра Літву з легендарных часоў да 1506 г.
Гэтайсама тэме Мікалай Мікалаевіч прысвяціў кнігу «Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання»[4]. Мне, як яе адказнаму рэдактару, было вельмі прыемна атрымаць яе з дарчым надпісам аўтара: «Дарагі Віктар Іванавіч! Мы з вамі разам ужо трыццаць; можа і яшчэ працягнецца. 30.V.1985. Улашчык». У гэтай кнізе асветлены пошукі і знаходкі беларуска-літоўскіх летапісаў, гісторыя іх публікацый, даследавання, вызначаюцца крыніцы летапісаў, у тым ліку іх легендарных звестак. Па-сутнасці ўпершыню разгледжана пытанне пра беларускія гарадскія летапісы XVII — першай паловы XIX ст. Вывучаны і многія іншыя помнікі.
Пашыраючы сферу сваіх інтарэсаў, Мікалай Мікалаевіч задумаў і ажыццявіў серыю прац па публікацыі і вывучэнню крыніц па гісторыі Беларусі. Іх вянчае яго другая выдатная кніга «Нарысы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду»[5]. У ёй даследчыцкая ўвага сфакусавана на пераважна актавым матэрыяле па гісторыі Беларусі, часткова Літвы, Украіны (па археаграфічных выданнях за 1824-1940 г.). Кніга была вельмі цёпла прынята спецыялістамі (больш за 10 водгукаў у айчынных, польскіх, чэшскіх часопісах).і
Яшчэ адна прыкметная, высакародная рыса Мікалая Мікалаевіча як чалавека і вучонага — павага да памяці настаўнікаў, папярэднікаў па гістарычнай навуцы. Ён аддаў нямала часу, сілаў, можна сказаць, уклаў сваю светлую душу ў падрыхтоўку і выданне прац У.І.Пічэты, М.Г.Беражкова. Напісаў да іх артыкулы, прадмовы, рэдагаваў, канешне, вельмі ахайна, тэксты іх даследаванняў.
Мне прыемна згадаць, што мы, калегі і сябры М.Улашчыка, любілі і паважалі яго пры жыцці. Ён быў нам прыкладам ў навуцы, жыцці, ствараў сярод нас асаблівы маральны клімат, мяккі, добразычлівы, чалавечны. Настолькі ж істотна тое, што ён паспеў зведаць прызнанне у навуцы. Да ягонага 70-годдзя выйшаў мой артыкул пра яго ў «Праблемах крыніцазнаўства», пісалі пра яго ў беларускім, маскоўскім друку. У дзень 80-годдзя (1986) у інстытуце адбылося ўшанаванне М.М.Улашчыка. На ім прысутнічала даволі шмат калег, сяброў, прыхільнікаў вялікага вучонага. Было шмат выступленняў са словамі ўдзячнасці слаўнаму сыну беларускага народу. Мы ўсе, і гэта адчувалася па атмасферы, якая панавала ў зале, адчувалі гонар за Мікалая Мікалаевіча і Беларусь, якая нарадзіла такога выдатнага вучонага, чалавека, нашага сабрата, асобу светлую і незабыўную.
Амаль да канца жыцця Мікалай Мікалаевіч заставаўся сярод нас. Пасаду кансультанта ён пакінуў 3 ліпеня 1986 г. У тым жа годзе я разам з маім вучнем Н.М.Рагожыным наведаў Мікалая Мікалаевіча ў нашай акадэмічнай бальніцы на вул. Ляпунова ў Маскве. Ён быў ужо цяжка хворы, голас стаў ціхім, «сеў», але вочы па-ранейшаму свяціліся розумам, мільгалі ў іх нават іскаркі гумару. Калі развітваліся, ён усё ж прамовіў, ціха і сумна: «Можа быць, апошні раз…». Не хацелася ў гэта верыць. Але непазбежнае адбылося… Мікалая Мікалаевіча ня стала. Для будучыні засталіся яго высакародны воблік, памяць пра яго на ўсё астатняе жыццё, яго кнігі, артыкулы, публікацыі крыніц. Засталося і не памрэ ніколі пачуццё, што мы ўсе — браты ў навуцы, у жыцці і, будзем спадзявацца, у памяці нашчадкаў.
Віктар Буганаў, член-карэспандэнт РАН
[1] Гл. артыкулу зб.: Проблемы нсточннковедення. — Москва, 1959. Т.8; тэкст летапісу ў ПСРЛ. Т.27. — Москва-Ленннград, 1962.
[2] ПСРЛ, Т.29. — Москва,1965.
[3] ПСРЛ. Т.32, — Москва, 1975; Т.35, — Москва, 1980.
[4] Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. Москва, 1985.
[5] Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — Москва, 1973.